355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 2)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 38 страниц)

4

Ускрай Глушаковага надзелу стаяў малады, ужо моцны дубок. Спыніліся каля дубка.

Неўзабаве Яўхім i Сцяпан з косамі цераз плячо чоўгалі лапцямі к ражку, ад якога меліся пачынаць касіць. Глушак адвёў коней, спутаў, вярнуўся i сказаў старой, каб наглядала.

– Ды біклагу ўкапай у землю. У день, – кінуў ён. Зірнуў на Ганну, як бы хацеў i ёй даць работу, але не прамовіў нічога, з касой падаўся да сыноў.

Ганна, якая пачапіла ўжо калыску на сук, гушкала малую. Малая ляжала разгорнутая, радавалася волі – моманту не магла паляжаць ціха, стрыгла ручкамі, ножкамі, мыляла ружовымі губкамі – штосьці сказаць хацела!

– Ну, што? Ну, што?!. – смяялася, нагінала да яе галаву Ганна. – Што? Ну, скажы!.. Ну, скажы, Верачка!.. А!.. Знаю! Хораша, кажаш!.. Хорашанько!.. Цёпленько! Сонейко! Птушачкі цілікаюць! Цілік, цілік!.. Камарыкі толькі нядобрыя! Укусіць хочуць! А мы ix адгонім! Ідзіце, ідзіце адсюль! Не чапайце Верачку!.. – Зноў смяялася, цешылася: – Хорашанько! Матылькі лятаюць! Жучкі гуцуць! Гу-гу-гу!.. Спяваюць Верачцы! Усе спяваюць Верачцы!..

– Агу-агу! – падышла, тыцнула чорным парэпаным пальцам Глушачыха. Паказытала Верчыну грудку. – Агу-агу!.. – прамовіла, як бы хвалячы: – Яўхім!.. Чысты Яўхім! Як дзве кроплі, падобна!

Малая хутка-хутка застрыгла ножкамi.

– Ну, што? – зноў схілілася да малой Ганна. – Рада?! Пабегаць захацелася!.. Ну, ну, пабегай! Пабегай!.. У, як хутка! Як хутка! А я – даганю! А я – даганю! Даганю!!. Не, не магу! Верачка хутка бегае! Хутка!.. Ніхто Верачку не дагоніць.

Хуткая Верачка схапіла ручкай наіў, пацягнула да рота.

– От, i Яўхім усе браў у рот…

– Ну, куды ты! Куды ты! – не слухала старую, смяялася Ганна. – Бе! Ножку нядобра ссаць! Нядобра!.. Ну, куды ты?!.

Забаўлялася б, дурэла б Ганна з малою цэлы дзень, каб скрыпучы юлас старога Глушака не пазваў грэбці. Загарнула, стала спавіваць малую. Верачка не давалася, усё катурхала спавіўку – не хацела няволі; але што ты зробіш: не спаўеш – выкаціцца, не дай Бог, з калыскі, грымнецца на зямлю. Ганна, шкадуючы малую, адно старалася спавіваць лёітса: няхай усё ж буцзе дачушцы вальней!

– Не плач, не сумуй тут адна! Я скоранько вярнуся! Скоранько!..

Акуратна затуліла калыску полагам ад камароў, ухапіла граблі i хутчэй падалася да пракосаў.

Пераварочвала граблямі сена, a думкі, а душа былі ўсё каля дуба, каля дачушкі: ці не захацела есці, ці не мокранькая, ці не кусаюць камары. Пераставала грэбці, пільна ўслухоўвалася – ці не чуваць плачу.

Плачу не было, шыркалі адно косы наводдаль ды звінела, стрыкала балотная драбната.

Усё ж трывала неспакой нядоўга: уткнуўшы канец фабель у балота, подбегам падалася зноў да дубка.

У калысцы было ціха. Верачка спала. Адно некалькі камароў зашылася пад полаг, адзін – пачырванелы ўжо – сядзеў на шчочцы.

Сагнала, забіла камара, выгнала іншых – супакоеная пабегла да грабель.

Так было ўвесь дзень. То шастала сенам, то бегла к дубку, мяняла, сушыла пялёнку, давала малой грудзей, гушкала, супакойвала, прысынала. Стары Глушак, бачачы гэтае бясконцае беганне, зазлаваў, прасіпеў з папрокам:

– Што ты ето ўсё бегаеш туды! Ляжыць – i няхай ляжыць! Не зробіцца нічого!..

Нарабілася, набегалася за дзень так, што ўвечары, даючы грудзей малой, каб хацела, не магла б стаяць. Сядзела, прытуліўшыся да дубка. Усё ж i ў зморы тлела, жыла пяшчота, радасць. Ціха, санліва, лагодна вяла:

 
Люлі, люлі, Верачка,
Люлі, люлі, маленькая…
 
5

Вечарам на балоце то там, то тут пачалі збірацца купкі: дробныя, большыя, мужчынскія, жаночыя, мяшаныя. Ля калёс, каля вогнішчаў, пад якім-небудзь дубком.

Некалькі жанок сышлося да агеньчыка, ля якога корпалася Дзятліха. Пачалося з таго, што па дарозе аднекуль забегла Сарока, яна i прывабіла да Дзятлішынага агеньчыка цікавасць. Не прайшло i некалькі хвілін, як каля Дзятліхі, што варыла картоплю ў казане, растарэквалі з Сарокаю ўжо Нібыта-Ігнаціха, Чарнушкаў мачыха, Дзятлікавых нявестка Маня, яшчэ некалькі суседак. Захопленыя гамонкаю, яны не зважалі на малога Дзятліхі – Валодзьку, тым больш што гаспадара – Васіля – ля агню не было: ён недзе паіў каня.

Нібыта-Ігнаціха пры спачувальным маўчанні жанок іірамовіла, што, можа, яшчэ нічога такога i не будзе, што, можа, страхі тыя людскія – пустое, i ўсе, хто быў пры агні, зразумелі, аб чым яна. Дзятліха ахвотна падтрымала: добра было б, каб пустое было, каб адумапіся, адступіліся…

Сарока нібы чакала гэтага, рынулася адразу:

– Не адступяцца! Не адступяцца, i не думайце! – Яна ўпэўнена напрарочыла: – От толькі вернемся ў хаты! Пабачыце! Пачуеце, як дома пераначуеце!

– Пэўне, што не адступяцца так, – разважліва згадзілася Васілёва маці.

Куліна, Ганніна мачыха, раптам нецярпліва адрэзала:

– Няма дурных!

– Е ці няма, a толькі так не кончыцца. Не для таго гаворано, штоб кінуць няворано!..

Куліна аж гарэла:

– Ето ж дадумаліся! Аддай свае ўсё, усё, што нажываў век мазалём сваім! Адцай чорту лысаму, а сам – астанься як ні з чым! Як усе адно голы!

– Коніка, кароўку, воз, усё! – падтрымала Нібыта-Ігнаціха. – Землю – аддай, насенне – аддай, усё аддай! Усё, што з дня на дзень набываў, агораў, жывучы!..

– Ад бацькі, ад маткі што асталося! – дадала сваю долю Васілёва жонка Маня, што карміла з грудзей малое.

– Дзе ето відано, – кіпела Ганніна мачыха, – кеб усё сяло – як адна сям’я була! Тут i ў сям’і грызешся вечно, брат брата за горло бярэ! А то кеб з чужым – мірно! Смех, дый го дзе!

– І ўсё-такі – не адступяцца! Не так завязалі, штоб добра й так сказалі! Ждуць толькі час, штоб павесці ў кал гас!

– Не даждуцца!

– А от жа ў Апешніках, тым часам, жывуць неяк! – адгукнуўся дзед Дзяніс, які дасюль нібы i не слухаў нічога: сушыў адно лапці, анучы.

– Жывуць?! Не дай Бог жыць каму так!..

Дзед перавярнуў анучу, падблізіў зноў к агню, прамовіў спакойна:

– Жывуць, тым часам. Не паелі адзін аднаго…

– Жняярку прывезлі! – ускочыў у гаворку Валодзька, радуючыся, што ведае такую навіну. Ён здзівіўся: ніхто на яго навіну не абазваўся словам, нібы не чулі; нават дзед.

– Алешнікі – то шчэ віламі па вадзе пісано! Пажывем, пабачым: па-людску ці па-сабачым!

– Алешнікі – не Вадавічы! – дастаючы казан з агню, зазначыла Дзятліха.

– A Вадавічы – што?! Була я там, у тых Вадавічах, к залвіцы хадзіла. Бачыла! – Нібыта-Ігнаціха пакруціла галавою.

Дамеціха, што падышла пазней за іншых, запярэчыла:

– Вадавічы – то Вадавічы! Пра Вадавічы няма чаго казаць!

– Aгe! Няма чаго! – Сарока апярэдзіла Ганніну мачыху, гатовую рынуцца ў бой, захапіла гаворку: – Добра ім камуну сваю рабіць було на ўсём гатовенькім! І дом гатовы, i ўсе друпя асновы! І хлявы, i свірні: жывіце, коні i свінні. Усё гатовенькае! І сад шчэ етакі! На цэлую вярсту сад!..

– І ўсе адно – толку з таго! – перабіла Сароку Ганніна мачыха. – Радасць з таго каму, як яно ўсё чужое! І хлеў – не твой! І свірань – не твой, i хата – чужая! І конікі, i кароўкі – усё чужое! Не возьмеш сам! І ўсё – па камандзе! Зрабі тое, зрабі другое – хочаш не хочаш! Як пры пане!

– Што па камандзе, то шчэ не страшно! Було б што есці, давалі б што ў рот несці! На ўсём гатовенькім, панскім – то легко! Да шчэ й з помаччу ад казны! Мало што пан аставіў здароў, дак шчэ й казна – коней ды кароў!

– Дак i ў калгас еты, казалі, помач даваць будуць! – ціха згадала худая, адны косці, Зайчыха.

– Памогуць! Дадуць калі крыхотку, дак патом забяруць пудам! Налог дзяржаве, скажуць!..

– Кеб сваё пры сабе, – зноў перабіла Сароку Ганніна мачыха, – дак можно було б шчэ падумаць! А то – сам усе дай ды дай ім! Дай ім – а ад ix табе, можа, дуля!

– A няўжэ ж што другое!..

– Алешніцкім памагаюць непагано, казалі! Коней прыгналі надысь добрых! З якогось заводу!.. Грошай даюць! І налог з ix не вельмі бралі…

– Aгe, памагаюць! Пакуль не запрагуць добра!

– У Глінішчах ускочылі, цяпер круцяцца, як ад заразы! Выпісацца хочуць каторыя, дак ix i слухаць не хочуць!

– Hi коней, ні зямлі не даюць назад! – уламалася мачыха. – Ідзі голы ў свет! Васіль, брат мой, упісаўся – дак каецца не перакаецца! А вярнуцца назад няма як!..

– Eтo i я чуў, тым часам, ад глінішчанскіх… – пацвердзіў дзед Дзяніс.

– A алешніцкія i туманоўскія – дзержацца! Дзержацца – i не бядуюць.

– Хто не бядуе, а хто – i бядуе, пра сваё добрае шкадуе! A толькі як хто ў пельку ўскочыў – дак канечне i нам? У ix свая, a ў нас свая галава!

– Ето правільно, – кіўнуў дзед Дзяніс, перакідваючы з рукі ў руку бульбіну, што пякла пальцы.

– Я думаю, як сабяруць шчэ на сход, так i рэзаць трэба: не хочам! Не пойдзем! – твар Ганнінай мачыхі быў рашучы, непахісны. – Хоць пяць, хоць дзесяць разоў сабіраць будуць! Усе адно рэзаць трэба: не хочам! Не жалаем!

– Не хочам! Так i сказаць трэба! – загаманілі жанкі.– Няма чаго тут! Не хочам i не хочам! І ўсё!..

Зайчыха i Дамеціха маўчалі, таілі сваё, асобнае. Але ix не заўважалі: іншыя жанкі былі поўныя сваёй рашучасцю, ад якой стала зноў лёгка, ясна на душы. Трывожыцца як бы не было чаго, усё проста было: не хочам! Не пойдзем, i ўсё!.. Стал i гаварыць весела, без запалу, пра розныя дамашнія дробязі.

6

Амаль у той жа час ля другога агню – непадалёк – сышлося некалькі мужчын. І групка была выпадковая, i выпадковы агонь, раскладзены маткай Алёшы Губатага. Вячэра ўжо скончылася, матка пайшла да воза ладавацца на ноч; сабіралася спаць i Алёшава сястра Арына, што дашкрабала чыгун ад прыгарэлага куляша, i сам Алёша, які нешта санліва плямкаў, бы іграючы. Тады прыйшоў Хоня. Звонкі Хонеў голас умомант абудзіў i Алёшу, i яго бацьку, што ўжо ў сне ссаў сваю векавечную люльку. За Хонем вельмі хутка прыбіліся жвавы Зайчык, пануры Міця-ляснік, ціхі, сумны Чарнушка. Ужо Зайчык i Хоня памеркавалі, чаго гэта паклікалі ў сельсавет Міканора, калі з цемры за агнём вырас Васіль, у белай кужэльнай адзежы, расхрыстаны, з вуздэчкай у руках. У святле ад агню добра акрэслівалася моцная, мужчынская шыя, загрубелы, абветраны твар, хіб неслухмяных, шорсткіх валасоў над закланочаным i лбом. За гэтыя гады валасы яго прыкметна пацямнелі, але, як i раней, пшанічна жаўцелі на кончыках – над самым ілбом i на скронях, яшчэ выгаралыя на летнім сонцы.

Васіль з хмурнаватым, цвёрдым позіркам, са стала", паважнай дужасцю ў рухах, пастаяў трохі, акінуў вачыма ўсіх, хто быў каля агню, падышоў бліжэй, стомлена апусціўся на траву. Усе глянулі на яго, прымоўклі на момант, сталі адно смаліць цыгаркі.

Першы заварушыўся Зайчык:

– Робіш, ліхо яго матары, а для каго – чорт лысы знае!..

Васіль нібы ўздыхнуў:

– Трава ж дабрэнная, як скажы ты!

– Калі тая вайна пачалася, такое сено добрае було… – успомніў чамусьці Алёшаў бацька, стаў зноў санліва ссаць люльку.

– Сено – годнае! – абазваўся звонка Хоня. – Дзякуй скажуць!

– Скажуць!.. – нібы пашкадаваў зноў Васіль.

Зайчык жвава заёрзаў:

– Чаго вы, хлопчыкі! У цябе дабрэннае, дык i ў мяне не паганае. Мой конь тваё з’есць, дак твой – маё! Адзінакая выгада!

– Не будзе ні твайго, ні майго! – прахрыпеў Міцяляснік.

– Aгe! Напужаў! – Зайчык узрадаваўся. – Такую здыхляціну, як у мяне, дзетачкі, я – хоць з кім! Заплюшчыўшы вочы!.. – Яшчэ весялей заёрзаў.– Тады ж Карча Халімончыка, братачкі, коні будуць усе адно як мае! Eтo – непагано, ей-бо!

Без меры давольны, тоненькім галаском захіхікаў; смяяўся які міг, раптам ускочыў, нецярпліва, гарэзна затупаў:

– A мо б шчэ, хлопчыкі, й жонкі абагульніць?! – Ён весела зіркнуў на Хоню, на Алёшу, фыркнуў смехам: – Штоб, скажам, маю старую – Васілю, а Васілёву Маню – мне! Прымерам – на тыдзень!

– Што б ты рабіў з ёй – пасля Васіля!.. – зарагатаў Хоня.

– Aгe! Што! Найшоў бы што, з маладой!.. Толькі – штоб ненадоўга! На тыдзень, не болей!..

Мужчыны, не зважаючы на Алёшаву сястру, з радасцю ўхапіліся за смешкі; маўчаў толькі Чарнушка, які за ўвесь вечар слова не выціснуў. Хоня i Міця сталі падбіваць Васіля на спрэчку, але ён толькі хмурыўся: знайшлі час плясці дурную гаворку! Свет, можна сказаць, ламаецца, а яны – хаханькі!

– Не будзе з етаго нічого! – сказаў панура, цвёрда, калі мужчыны сціхлі.

Зайчык пырснуў дурасліва:

– Унь, бач, хлопчыкі, не хоча мяняцца!

Васіль, поўны свайго клопату, зноў перамаўчаў яму.

– Як хто, а я – па-свойму! – Голас яго аж дрыжаў – так, чулася, хвалявала тое, што выказваў: – Я – сам па сабе! – Як канчатковае, непахіснае, адрэзаў: – Не пайду! Скажу: не! І ўсё!

У вачах, празрыстым, светлым, i карым, што глядзелі спадылба, з-пад хмурных броў, гарэла адна безбаязная ўпартасць. Быў так усхваляваны, што не адразу заўважыў, як падышоў к агню Нібыта-Ігнат, можна сказаць, прыяцель яго.

– Скажаш! А мо – падумаеш шчэ?! – як бы пакпіў Хоня. – Не трэба зразу так заракацца!

– Aгe! Скажу: не! – падхапіў з насмешачкай i Зайчык. – Скажаш! Скажаш, ды толькі, хлопчыкі, паслухаем – што! Як возьмуцца добра! Як стануць прасіць вельмі!

– Запяеш шчэ! – буркліва напрарочыў Васілю Міця.

– Не запяю! – Васіль заўважыў прыязны, падахвотлівы позірк Нібыта-Ігната, дадаў: – Сказаў i скажу!

– Усе скажуць, нібыто! – падтрымаў Ігнат.

Хоня міг маўчаў – не хацелася зноў заядацца з Хадосьчыным бацькам, – але не ўтрываў:

– Вы, дзядзько, за ўсіх не кажыце! У кажнаго свой язык е! Не аджавалі!

Ігнат зіркнуў на яго злосна:

– І ты за другіх – не вельмі, нібыто!

– Я за сябе кажу!

– І я, нібыто!

Усе ведалі, што Хоня заляцаецца да Ігнатавай Хадоські, жаніх, можна сказаць; але нікому i ў галаву не прыйшло падсмяяцца цяпер са спрэчкі абодвух.

Зайчык зноў насеў на Васіля:

– От адбяруць голас ды прыпаяюць, як Халімончыку, цвёрдае заданне!

– Не прыпаяюць! Няма такога закону!

– Знайдуць! – прароча запэўніў Міця.

Васіль не думаў сыходзіць з пазіцыі: гатоў быў на ўсё.

– A i прыпаяюць – усе адно!

– Што – усе адно?

– Усе адно! Як такое – што жыць, што не – усе адно!

– Жыць будзеш! – звонка заявіў Хоня. – Нідзе не дзенешся! І ў калякціў пойдзеш!

– Не пайду!

– Пойдзеш! Усе пойдуць! І ты са ўсімі!

– Пойдзеш! Пойдзеш, дзетачкі! – падтрымалі Хоню Міця i Зайчык.

– Не пайду! – Васіль запыніўся: як даказаць яшчэ сваю рашучасць, непахіснасць сваю. – Калі на тое – не прывязаны тут!

– У свет пойдзеш? Кінеш усё?..

Васіль перамаўчаў. Што тут сказаць: i так ясна.

– І чаго ето страшыць так калякціў еты! – падумаў уголас Хоня. – Жывуць жа людзі ў калгасах! Унь алешнікаўцы ці туманоўскія! Багато хто – дак лепей як дасюль!

– Бандарчук з Алешнікаў – дак смяяўся: нічого, весялей шчэ, кажа, у купе! – памог Хоню Алёша.

– Весялей i лягчэй: жнейку з Мазыра унь прыгналі! Насенне адборнае, сартавое выдзелілі. Нарады з воласці прыйшлі ўжэ…

– Ну, от i ідзі ў еты свой рай! А мы, нібыто, так пажывем! Нам i так непагано!

Хоня стрымаў сябе. Міця, не здзіўляючыся, не судзячы, адзначыў проста:

– Хоня гатоў ужэ хоць цяпер…

– Пайду.

Хоня зацягнуўся, прымоўк раздумліва; не тоячыся, пашкадаваў:

– Я-то гатоў, а старая ўсё божкае… Баіцца…

– Дзіва што! – заступілася за Хоневу матку Арына.

Зайчык узрадаваўся, хіхікнуў:

– А мая, родненькія, не! Сама рвецца ў калякціў! І дабра не шкода ёй, што нажылі!..

– Якое там у цябе дабро!

– Aгe! Якое! A дзеці! Усіх хоць зараз гатова абагульніць!

– От ето – сазнацельная! – пахваліў Алёша.

Мужыкі пасмяяліся трохі i зноў замоўклі. Маўчалі доўга, адно смакталі цыгаркі. Дзіўны быў настрой: i гаварыць не хацелася, i не хацелася разыходзіцца. Як бы не ўсё было сказана, а гаварыць ніхто не мог.

Васіль i Нібыта-Ігнат, як i ў друпя разы, падаліся ад агню ўдваіх. Калі дайшлі да Васілёвага надзелу, сталі, Ігнат сказаў, бы мудрасць:

– Як там яно ні будзе, а трэба рабіць, нібыто. Запасацца на зіму трэба…

– Карова не захоча знаць нічого, – з гаспадарскай сталасцю згадзіўся Васіль.

Раздзел другі
1

Многае з таго, як бачыцца тая ці іншая падзея, мяняецца з гадамі, з тым разуменнем, якое прыходзіць з часам. Ці дзіва, што падзеі, якія хвалявалі Курані, намі бачацца багата ў чым інакш; што падзеі гэтыя маглі падавацца i куранёўцам зусім інакш, як нам.

Час потым прасеяў усё, паставіў усё на сваё месца. За грандыёзнымі падзеямі, якія гісторыя ўвекавечыла для нашчадкаў, прыціхла, а часам i прапала з увагі тое, што было немаштабным, абыдзённым, што хвалявала аднаго чалавека. Як бы само сабой забылася, што людзям у той час – як i ва ўсе часы – даводзілася штодня жыць абыдзённасцю; што тое дробнае, можа, нікчэмнае, на нашу думку, было для ix у аснове сваёй i важным, i вялікім, – бо без яго не было як жыць. Свет у куранёўцаў – гэта праўда – найбольш быў нешырокі, невялікі: гумно, хата, вуліца, але ў гэтым невялікім свеце было сваё вялікае: урэшце, чалавек мерыць усё мерай свайго розуму i свайго сэрца. Можна сказаць, у малых Куранях было сваё вялікае. Важнымі i вялікімі былі клопаты, важнымі i вялікімі былі няўдачы, загадкі, вузлы, якія завязвала дзень за днём жыццё. Яны былі такімі вялікімі, што за імі часта не быў добра чуцен гул вялікіх перамен у краіне, прыціхала чуццё перамен нават у саміх Куранях. Тым больш што багата хто i не хацеў чуць ix, не хацеў глядзець далей за свой плот, сваю мяжу…

Для ix усё, што вяла ім доля, малое i вялікае, было жывым жыццём, карэнні якога перапляталіся густа, моцна i блытана. Ім не было відаць тое, што мы бачым за сабой, для ix усё было наперадзе. Ім трэба было ісці няходжаным полем непражытага жыцця…

Ад самага світання, ледзь пачынала шарэць балота, хапаліся хутчэй нанава накруціць анучы, падсілкавацца абы-чым трохі – ды за косы, па вадзе, па мяккай пакошы, да мокрай, з шызым важкім бляскам травы. Жанкам пакуль было вальней; але скора i ім, i падлеткам перадыху не было з граблямі, з насілкамі: хутчэй знесці на сухое, хутчэй паварушыць, каб дасыхала, хутчэй скласці ў копы, у стагі. Да самага вечара, пакуль не напаўзалі густа поцемкі, балота было ў клопаце, у руху, у вялікай, няспыннай гонцы: мужчыны i жанкі, старыя i малыя рупіліся з радамі, з копамі, ca стагамі…

2

На другі дзень пад поўдзень стала вельмі парыць. Калі сабраліся пад дубком i возам папалуднаваць, стары Глушак прамовіў неспакойна:

– На сон хіліць нетто… Кеб дождж не прыгнало…

Да Ганны голас яго дайшоў як бы здаля. Недачула ўсяго: змора, сон наваліліся на яе адразу – умомант сцерлі ўсе гукі, усе думкі. Але калі стары разбудзіў усіх, клопат зноў падвёў Ганну да калыскі. Невясёлая, нямоцная была сёння Верачка.

Яшчэ доўга да вечара захмарыла ўсё, пацямнела навокал; завуркатаў наводдаль гром. Глушак падганяў усіх – прыбраць хутчэй падсохлае сена, скапіць.

Сярод шалёнага гону Ганна похапкам адбегла ад іншых, кінулася к дубку – грудзі занылі ад трывогі: Вера была гарачанькая. Тварык, цельца пачырванелі. Дыхала часцей, цяжэй, як бы змораная.

Ганна сказала пра свой неспакой Яўхіму. Той выцер пачарнелыя, сасмяглыя губы, зморана супакоіў:

– Духата. От i дыхае так… Тут сам як не задыхнешся…

Праўда, душна было вельмі. Аж млосна станавілася ад задухі, у руках, у нагах – ва ўсім чулася слабасць. З вялікім намаганнем падымала насілкі з сенам, цераз сілу цягнулася да капы.

Але дачушцы не стала лягчэй i калі па ўсім балоце, гнучы лозы i гонячы жмуткі сена, пайшоў свежы, шырокі вецер. Стала лепш, здаравей, а Верачка ўсё млела i хапалася дыхаць. Не палягчэла ёй, не астыла малая i ўвечары: лобік зрабіўся яшчэ гарачэйшы, грудка, ножкі гарэлі.

– Прастудзілася, ці што? – У голасе старога Глушака Ганне пачуўся папрок: не ўберагла!

Далі папіць малой чабаровага настою, i неўзабаве ва ўсім Глушаковым табары чуліся сапенне ды храп. Даўжэй другіх не лажыўся, хадзіў каля Ганны, што гнулася пры калысцы, Сцяпан; але змора нарэшце ўзяла i яго. Толькі Ганне не спалася. Хілілася над калыскай, услухоўвалася, як малая дыхае, асцярожна дакраналася да лобіка, усё хацела пачуць, што гарачыня ў Верачцы ападае.

Укрывала, затульвала сабой ад ветру. Вецер быў неспакойны, халодны, як крынічнай вадою абліваў шыю – прыйшлося ўсцягнуць на сябе посцілку. Амаль увесь час нядобра, трывожна шумеў дуб. Пахла навальніцаю.

Чаканне яе таміла душу. Але зіхала i грымела ўсё наводдаль, нібы навальніцы хацелася больш памучыць яшчэ, падыходзячы. Няхутка набліжаліся бліскавіцы, паволі раслі, мацнелі грамы, a ўсё ж падступаліся, гразіліся. Вось ужо сталі заходзіць збоку, як бы акружаць. Вецер таксама нібы цешыўся людскім неспакоем – то ўціхаў на хвіліну, то налятаў з новым шалам, біў вільгаццю i холадам. Старыя даўно не спалі, гнуліся побач з Ганнаю, хрысціліся на кожны бляск, кожную грымоту.

У водбліску маланак Вераччын тварык здаваўся белым-белым, без крывіначкі. Малая таксама не спала, але вочы, ледзь расплюшчаныя, глядзелі неяк безуважна, як бы поўныя сваёй турботы.

– Не бойся… Ето Ілля катаецца… Ілля-прарок… – туліла малую, ласкава i трывожна шаптала ёй Ганна. – Ён добры… Ён малых не чапае… Ён толькі здаецца такі – страшны… A напраўду ён – добры… Добры…

І ў громе чула, як цяжка, часта дыхае Верачка, – хоць словам, хоць чым-небудзь хацела памагчы малой!

Ужо блізка да раніцы прарваўся, загуў вакол дождж – спорны, але нядоўгі. Калі ж ён сціх, бліскала i грымела далека.

Раніцай усё паравала. Усё балота было як у дыме, прасветленым сонечнай яснасцю. Блішчала зоркамі раса на траве, вада на дубах, на кустах лазы. Усё, здаецца, зіхцела, зычыла радасць.

Дзень ішоў пагодны. У сонечнай весялосці Глушакі хутка як бы забылі нра бяду: косы Сцяпана i Яўхіма ўядаліся ў мокрую траву са смакам, Глушачыха i Халімон, нібы памаладзелыя, разварушвалі i разварушвалі копы, пераварочвалі рады. Стары, сухенькі, мітуслівы, хапаўся сам i падганяў іншых – усё баяўся ўпусціць час, божкаў, каб пратрымалася надвор’е.

У Ганны ж граблі валіліся з рук. Раз-пораз кідала ix і, стомленая, важкая ад бяссоння i трывогі, праставала да дубка, да калыскі: усё чакала, што Верачцы палягчэе. А дачушцы было горш i горш. Дыхала часцей i цяжэй, аж задыхалася.

За ёй падышоў, пастаяў са спачуваннем каля Ганны, каля малой Сцяпан. Не сказаў нічога, толькі ўздыхнуў, патупаў да воза, падняў біклагу напіцца. Падбегла, пабедавала старая, але праз хвіліну кінулася да грабель, баючыся трапіць на Халімонаў гнеў. Падышоў быў на момант i Яўхім. Ганна чакала, што падтрымае неяк, параіць што-небудзь – ёй так патрэбны былі цяпер добрае слова, падтрымка, – але Яўхім адно прамовіў:

– Перахварэе – здаравей будзе…

Поўная адзінокасці i непадзеленай трывогі, Ганна раптам кінулася да сваіх. Калі бацька, уткнуўшы кассё ў купіну, у змакрэлай на грудзях i пад пахамі сарочцы, стаў побач, яна пачула сябе малою, бездапаможнаю, ледзь утрымалася, каб не заплакаць. Але не заплакала.

З дзіцячай надзеяй i давер’ем павяла мачыху i яго да Верачкі.

– Абы гарлавой не було, – сказала мачыха, прыгледзеўшыся да малой, якая аж роцік раскрыла, хапаючыся дыхаць. Яна як бы пашкадавала Ганну: – Але, здаецца, не павінно…

У гэты момант Ганна чула ў ёй сваю добрую, шчырую маці. У горы яны раптам сталі блізкімі i родным i…

Бацька параіў Ганне:

– Як не палягчэе, трэба па знахарку…

– У Юравічы трэба, – адгукнуўся Андрэй Руды, спрактыкавана зазіраючы пад полаг. Ніхто не заўважыў, калі ён падышоў, i ніхто не ведаў, як ён мог дачуцца, што тут можа спатрэбіцца яго парада, але ніхто i не здзівіўся таму, што ён тут, што ён раіць. Ці многа было ў Куранях спраў без Андрэевых парад. – У Юравічы, – паўтарыў ён павучальна. – Доктар Янушкевіч там е такі. Та-скаць – свяціло на ўвесь свет. У Мозыры знаюць…

– Можно i к дохтару, – згадзіўся бацька. – Коні ў Яўхіма добрыя, умент занясуць i ў Юравічы…

– Занясуць-то занясуць, – пакруціла з нейкай загадкай мачыха. – A толькі – ці на дабро… Знахарка – дзело пэўнае… Усякі знае…

– Цемната наша! Выдумляем чорт знае што! – Андрэй стаў гарачыцца. Горача сказаў Ганне: – Едзь, не сумнявайся! Ад любой хваробы ўраз вылечыць! Толькі, следавацельно, штоб не позно прыехала!

Стары Глушак, які таксама падышоў, слухаў, адгукнуўся строга:

– Не апознімся, калі трэба будзе!

Было чуваць, стары ледзь хаваў злосць на Рудога: прыпёрся, настаўнік галапузы, уткнуў свой нос! І на Чарнушкавых глядзеў не вельмі каб ветліва, i Ганнай быў недавольны: сама рабіць не робіць ды яшчэ ўсякіх падказчыкаў водзіць!

І Чарнушкі i Руды, чуючы гэту Глушакову непрыхільнасць, хутка пачалі моўчкі, няёмка разыходзіцца. Адна Ганна не паддалася вяленню старога, як бы нават i не лічыла вяленне гэтае вартым увагі: жыла толькі сваёй трывогаю, якая была вышэй за ўсё, адна меркавала i загадвала, што рабіць.

Паспрабавала накарміць малую, але тая грудзей не ўзяла. Захінуўшы полаг, поўнячыся неспакоем, рашучая, Ганна падалася не да грабель, а да Яўхіма, што занята вымахваў перад сабой касою. Стала перад ім, колючы сухімі, нядобрымі вачыма, выціснула, як бы патрабавала:

– Гарлянка, можа, у яе!

Яўхім стомлена павёў плячыма, перагнуўся трохі назад – хацеў разварушыць здзервянелую спіну.

– Шчэ што выдумает!..

– Пабачыў бы, якая яна!

– Бачыў ужэ… Няма ў яе ніякай гарлянкі… Застудзілася, потная – от i ўся гарлянка…

– Задыхаецца ж!

– Прастудзілася, от i дыхае так…

Ён правёў рукой па касе, сцёр прыліплыя мокрыя травінкі. Яму, бачыла Ганна, хацелася кончыць гэту гаворку. Але яна як загадала:

– К дохтару ў Юравічы трэба павезці! Там е, кажуць, добры дохтар!

– Трэба – дак трэба, – раптам згадзіўся ён. Тут жа павёў позіркам у бок старога, дадаў: – Падажджэм толькі да вечара…

– Чаго ждаць!

– Падажджэм! – цвёрда сказаў ён. – Пабачым…

Яўхім апусціў касу ў траву, як бы даў знак, што гаворка скончана. Няма калі тут растарэкваць попусту…

Вечарам дачушцы не было лягчэй і, калі пасёрбалі баршчу ўпоцемку, Яўхім сказаў старому, што трэба нешта рабіць. Сцяпан адразу ўхапіўся за Яўхімавы словы – заявіў, што трэба зараз жа ў Юравічы ці ў Загалле.

– "У Юравічы ці ў Загалле"! – Стары з крэктам падняўся, кінуў нелагодна, з папрокам: – Сено унь гніе!..

– Да ранку можно вярнуцца…

– Вернешся! Пусцяць яны!.. Месяц патом дзяржаць будуць! Ды скажуць шчэ: адну малую не можам, i матку яе трэба. Штоб даглядала! А матцы, скажуць, вазіць трэ есці, кажын дзень!..

– Не скажуць! Абыдуся я, калі на тое…

– Я магу збегаць, – сказаў Сцяпан. – Дарога недалёкая!..

Бацька нават не зірнуў на яго.

– "Абыдзешся!" – У старога ўсё расло раздражненне. – Ето цяпер гаворыш: абыдзешся, a пасядзіш, выгуляешся…

– Дзе ето я выгульвацца буду?! Што вы гаворыце!

– Знаю, што кажу! "Дзе, дзе буду?" Ведамо, дзе – там, куды везці просіш! Куды ехаць саветуюць саветчыкі ўсякія…

– Божа мой, ці вы не бачыце нічого! – Ганну брала роспач. Вішнёвыя вочы сталі вільготныя. Ca страхам, з горам выпаліла: – Ці вам – усё адно, што… што будзе!

– Ето табе – усё адно! – ускіпеў Глушак. – От прыдбаў нявестку на сваю галаву. Ето ты не бачыш нічого!

– Задыхаецца ж саўсім! – трацячы рэшткі надзеі, што стары злітуецца, крыкнула Ганна.

– Не задыхнецца! – крыкнуў i стары.

– Вы ўсё як знаеце – загадзя, – запярэчыў Сцяпан.

"От жа дзіцятка: няма таго, каб шанаваць, падтрымліваць бацьку, – таксама на бацьку кінуцца рад!"

– Знаю! – злосна зіркнуў на Сцяпана стары. Ён тут жа стрымаў сябе, з годнасцю i мудрасцю чалавека, які ведае, як усё павінна ісці, прасіпеў разважна: – Бог захоча – дак будзе жыць… А як не ўпадабаецца Богу – то ніякі дохтар не паможа…

Халімон стаў мармытаць малітву, хрысціцца. Ганна, слухаючы гэтае мармытанне, падумала са злосцю: малітва адна, пэўна, – каб пагода добрая была заўтра!..

Яна знарок не глядзела на Яўхіма, які, абапіраючыся аб калёсы, пабліскваў цыгаркаю, – паліла крыўда на яго. Хоць бы словам адгукнуўся, падтрымаў! Цяжка было загаварыць з ім, але ўсё ж не вытрывала:

– А ты, ты – што ж маўчыш? Ці табе ето… абы-што?

Ён не спяшаўся адказваць. Агеньчык цыгаркі зазырчаў i раз i другі, перш чым ён загаварыў, спакойна, роўна, як з меншаю:

– А я не люблю плясці попусту.

– Дачка… памірае, а табе ўсё – попусту!..

Цыгарка зноў зазырчала, перш чым ён прамовіў:

– Не памірае i не памрэ. І няма чаго тут – трэсціся ды кідацца на ўсіх!..

– На вас кінешся! Вельмі вы заварушыцеся! Вам – абы сено не папрэло!.. – Ганна загаварыла парывіста, рашуча: – Адна пайду! На руках панясу! І – не трэба мне нічого вашаго! Ніякіх вашых клункаў не трэба!

– Пляцеш немаведамо што! – Яўхім, недавольны, кінуў цыгарку, плюнуў.– Ужэ чорт знае чаго ўбіла ў голаву сабе! Загадзя ўжэ малое ў магілу кладзе!

– А вам i страху мало! Вам аб адном страх!.. – душачыся слязамі, напала яна зноў на Яўхіма. Не скончыла.

Глушак-стары перапыніў малітву, загадаў люта:

– Ціхо ты! Не бачыш – малюся!.. – Ён памаўчаў, прасіпеў разгублена: – Збіла саўсім, паганка! – Закрычаў: – Волі багато ўзяла!

– Aгe, "багато"! У вас возьмеш яе!..

– Як гаворыш са мной! – Глушак быў ужо, здавалася, гатоў кінуцца на яе з кулакамі.

Яна сказала зацята:

– Так, як i вы са мною.

Ён, можа б, i кінуўся, калі б за Ганну не ўступіўся Сцяпан. Гнеў старога Глушака пайшоў i ў другім кірунку: зноў гэты смаркач утыкае нос свой куды не трэба! У той жа момант Халімон учуяў нядобрае Яўхімава маўчанне: чорт яго ведае, што выкіне гэты, толькі крані яго жонку! А тут Халімоніха ўперлася ў Фудзі старога, начала вярзці штосьці супакойлівае, прымірэнчае. Глушак адно злосна ўпікнуў Яўхіма:

– Прывёў дабро ў хату! Прыдбаў роднаму бацьку!..

Усе перамаўчалі яму.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю