Текст книги "Подых навальніцы"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 22 (всего у книги 38 страниц)
"Вінаваты, век буду вінаваты! – падумаў Апейка. – Век будуць чапляць!" Узяло расчараванне: разумны чалавек, а гаворыць такое! Але Белы не цікавіўся яго пачуццямі, Белы спакойна, незласліва i бязлітасна вёў сваю гаворку, мераў усё сваёй меркай. Вось пачаў ужо новае: "А цяпер паглядзім, як праявіў сябе таварыш Апейка на рабоце. Работа – самая дакладная праверка бальшавіка…" Апейка не прапусціў слова да тых апошніх, якія сказаў Белы:
– І калі найлепш пра чалавека меркаваць па рабоце, па справах, то таварыш Апейка – наш, савецкі работнік. Бальшавік… Ca сваімі заслугамі перад партыяй… Такія людзі патрэбны партыі.
Калі Апейку далі слова, ён раптам пачуў, што не ведае, з чаго пачаць. У душы было яшчэ поўна трывогі, неастылага хвалявання. І разам з тым жыла надзея, адчуванне, што усё кончыцца добра. Адзін будзе супроць, але магло б быць i горш. Ён бачыў перад сабою твары: яснейшыя ў кругах святла, цьмяныя – далей. Твары, вочы, вочы, што чакалі. Што ж казаць? Можна гаварыць многа, але нашто? Беразоўскі i Белы сказалі… І трэба – падумаць, разабрацца ва ўсім. Але – гэта потым… Як цяжка гаварыць, капі столькі адразу асела ў галаве, столькі перажыта!.. Трэба коратка. Самае галоўнае…
– Жыццё – штука складаная… – Ён здзівіўся, які ў яго хрыплы голас. Загаварыў галасней: – Не заўсёды зразу можна знайсці правільнае рашэнне… Я, канешне, не раз памыляўся. Але я ніколі,– голас Апейкі пацвярдзеў,– не патураў ворагу. І тым больш не змыкаўся з ім, як тут стараўся пераканаць таварыш Галенчык. Такім жа безадказным лічу я i абвінавачванне мяне ў правым ухіле, якое таксама ж блізка да ісціны, як i іншыя. Калі я памагаў каму-небудзь з тых, у кім сумняваецца таварыш Галенчык, то таму, што лічыў, што гэтыя людзі могуць быць карысныя нам. І лічыў подлым таптаць людзей, якія хочуць жыць пановаму. Нават калі гэтая дарога была для ix не простая… Я ведаў, што знойдуцца дзеячы, якія прычэпяць адзін з тых ярлыкоў, якія тут начапілі, але лічыў трусасцю рабіць наперакор свайму партыйнаму сумленню… Я i далей буду рабіць так, як падказвае мне партыйнае сумленне. Не азіраючыся на выкрыкі тых, у каго кульгаюць ці разважнасць, ці, можа быць, сумленне…
– Вы каго маеце на ўвазе? – загарэўся Галенчык.
– Я сказаў усё, – зірнуў Апейка на Белага.
– Будзем галасаваць… – Белы ўстаў, як бы даючы зразумець важнасць хвіліны, памаўчаў.– Хто за тое, каб таварыша Апейку Івана Анісімавіча аставіць у партыі? – Ён сам, першы ж, падняў руку. За ім падняў руку Беразоўскі.– Двое… Хто – супроць?.. Адзін… Такім чынам, большасць – "за"…
Ледзь Белы аб’явіў рашэнне камісіі, не чакаючы, калі сціхнуць воплескі, Галенчык папрасіў слова:
– Я лічу гэтае рашэнне няправільным. Лічу, што камісія ў даным выпадку праявіла палітычную блізарукасць i апартунізм. Я пераканаўся ў гэтым яшчэ раз, слухаючы выступленне Апенькі,– у якім ён не толькі не прызнаў сур’ёзных палітычных памылак, a заявіў, што будзе так жа дзейнічаць i далей. І ў якім ён назваў усіх, хто ідзе прама, трусамі i дурнямі… І я далажу пра гэта вышэйстаячым інстанцыям. Для адпаведнага вываду. – Ён зноў абвёў залу, перш чым сесці. Ён быў упэўнены, што не ўсё кончылася.
4Поўны хвалявання, думак, Апейка нібы праз завалоку бачыў, як чысцілі трэцяга, Харчава. Паўнацелы, шыракагруды – аж гімнасцёрка як не трашчала, ён стаяў прама, па-вайсковаму, гаварыў коратка, голасна, трымаўся вельмі спакойна. Спакой на яго бураватачырвоным твары, ва ўсёй моцнай постаці быў i тады, калі пачалі чытаць запіскі. Запісак было нямала, i большасцю – нядобрыя. Што п’е часта; што грубы з людзьмі; што без прычыны арыштоўвае людзей.
Харчаў гаварыў: "Што выпіваю часам – гэта праўда. Не адмаўляюся. Але ніякіх парушэнняў па службе з-за гэтай прычыны не было i не будзе. Я выпіваю ў свабодны ад службы час. Калі б я ні піў, я ніколі не прапіваў памяць. І тым больш – сумленне. Я заўсёды помню пра свой абавязак i заўсёды магу выканаць любое паручэнне… Я адмятаю, як паклёп, – голас яго падужэў, пацвярдзеў,– што я – грубы з людзьмі.– Ён перасіліў гоман у зале. – Я, канешне, рассусольваць не люблю, але з людзьмі невінаватымі я гавару вытрымана i ветліва. Я грубы з тымі, з кім трэба быць грубым. Са ўсякай контррэвалюцыйнай сволаччу i спекулянцкай нечысцю. У мяне такая работа… Мне даручана глядзець за ўсякай нечысцю, ахоўваць ад яе савецкую ўладу ў раёне. І савецкі парадак. І я ахоўваю. Не цырымонячыся з тымі, хто падкопваецца пад наш парадак. Я не цырымоніўся i цырымоніцца не буду!.."
"Ну, а што вы скажаце на тое, што вас абвінавачваюць у незаконных арыштах?" – нагадаў Белы.
"Я скажу так, што незаконных арыштаў не было. – Харчаў адужаў гоман у зале: – Гэта паклёп. Калі трэба, я гатоў хоць сягоння даць поўны адказ адпаведнай камісіі. На кожны факт арышту, на кожную меру Аб усіх мерах я дакладваю ў адпаведныя органы. Ніякага самаўпраўства я не дапускаю. – Мабыць, таму, што ў зале гаманілі нядобра, ён дадаў яшчэ цвярдзей: – Усе арышты былі таму, што былі контррэвалюцыйныя дзействія! І пакуль яны, такія дзействія, будуць, мы будзем прымаць неабходныя меры!.."
Гайліс дапёк Харчаву так, што бура-чырвоны твар Харчава стаў барвовы. Спачатку за выпіўку: "Піць на такім пасту ёсць самае вялікае злачынство!", "Чалавек, каторый п’ёт, не можэт не згубіць совесць! І не можэт заўсёды віконаць любое заданне!". Потым за грубасць: "Товарыш Харчэў не верыт іншы раз не толькі простый селянін, але i савецкі актыў, партыйцам не верыт. Сам сабе толькі верыт!.. Поэтому ў товарыш Харчэў ёсць памылкі! Незаконныя арышты! Ві жэ незаконно арыштовывалі грамадзянку Сарока з Курані! Bi выпусцілі скоро, но ві жэ – арыштавалі! Почэму жэ ві гаворыце: незаконных арыштаў не біло!"
За Гайлісам выскачыў ліслівы Зубрыч, заступіўся за Харчава: Харчаў выключна адданы справе, прынцыповы бальшавік!
Потым падтрымаў Харчава Башлыкоў, які зноў трымаўся з гаспадарскай упэўненасцю. Заявіў, што Харчаў працуе ў самым цесным кантакце з райкомам, ніякіх фактаў злоўжывання сваімі правамі не дапускаў. Пахваліў Харчава як члена бюро: справядлівага, сумленнага, актыўнага. У самых складаных i важных справах ніколі не быў убаку, удзельнічаў заўсёды адкрыта, прынцыпова, па-партыйнаму…
Доўга, крыкліва тлумачыў значэнне працы Харчава Галенчык, які, аказалася, мог быць i шчодры на хвальбу. Горача маляваў ён тым, якія сядзелі ў зале, воблік адданага, строгага, але справядлівага бальшавіка, якому выпала на долю такая цяжкая i слаўная праца. Апейка бачыў, як Харчаў, па-свойму праўдзівы, непрыхільны да напышлівых слоў, няёмка крывіўся ды адварочваўся ад Гапенчыка…
Выйшлі на вуліцу пад раніцу. Неба шарэла. Было вельмі холадна: гразь узялася храпаю. Апейка разы тры спатыкаўся. "Пара б ужэ снегу быць… Штоб не пашкодзіла азімыя…" Ішло спачатку побач некалькі чалавек, потым асталіся ўдваіх. Харчаў, які таксама маўчаў, раптам плюнуў:
– Ну i гніда ж гэты крыкун! Ці ганіць, ці хваліць – бляваць хочацца…
Апейка не сказаў нічога. Разам дайшлі да хаты, разышліся кожны на свой ганак.
Па тым, як хутка адчыніла дзверы жонка, Апейка зразумеў, што яна не спала. Можа, таксама была на сходзе…
– Была? – стомлена зірнуў ён на яе, навячэраўшы.
– Была… Усё, як трэба было чакаць… – здагадалася яна.
Калі лёг, пачуў, як стаміўся. Пачуў, якую небяспеку перажыў. "А што, калі б – не Белы, не Беразоўскі?.. Хто-небудзь яшчэ… пад Галенчыка… ці – без характару… Ды i так – ці ўсё яшчэ кончылася?.. Гразіўся – у "вышэйстаячыя інстанцыі"!.. Гніда, праўда!.. Прыпомнілася: "Ці можа займаць адказны савецкі пост чалавек, які звязаны з кулакамі?.." Хто гэта пісаў? Ці мала ix, мала каму ён насаліў!.. І вось жа, таксама ўзяў удзел у чыстцы!.. A Гайліс! Гайліс! Упарты латыш!.."
Разам – дужасцю – адагнаў думкі. Што б ні было i што ні будзе – трэба працаваць! Працаваць, працаваць!.. Час пакажа, чыя праўда! Праўда скажа сваё!..
Раздзел пяты
1Збоку паглядзець: звычайнае жыццё ішло ў хаце. Яшчэ далека да золаку саскоўзвала з ложка матка, пачынала корпацца пры печы. У водсвеце чырвонага полымя з печы мыла картоплю, ссыпала ў чыгун, налівала вады. Лупіла картоплю на дранікі, спраўна, мерна чыркала па тарцы. Дзед таксама не спаў; доўга, душачыся, кашляў на печы, спусціўшы ногі, курыў люльку, думаў нейкую вечную сваю думу. Пакурыўшы, даставаў падсохлыя, цвёрдыя лапці, цёплыя анучы, з крэктам абуваўся. Стукалі дзверы, i дзед надоўга прападаў на двары: Васілю можна было паляжаць трохі, калi дзед уставаў
Але Васіль не залежваўся. Не так клопат, як звычка i сумленне ўздымалі – таксама абуваўся i выходзіў у сцюдзёную ранішнюю цемрадзь глядзець гаспадарку. Рыпеў журавель, плёскалася ядраная вада ў вядры, i хроп цяплом конь, радуючыся сустрэчы. Пачынаў нязменна з каня, потым ужо ішоў у загарадкі да каровы, да авечак, паіў, падкідваў сена, саломы. Часта вядро свежай вады прыносіў у хату, зачэрпваў першы карцом, плюхаў на рукі, апалоскваў твар… Рана, яшчэ поцемку, будзіла матка Валодзю: дарога чакала няблізкая, пакуль дападзе да тых Алешнікаў, да школы. Калі яна катурхала, Валодзя найчасцей толькі скурчваўся ды залазіў глыбей пад коўдру; тады матцы памагаў нецярплівы i строгі Васілёў загад:
– Ну, гультай! Цацкаюцца, як з малым!
У хісткім святле лучыны Валодзя санліва глытаў бульбу, надзяваў торбу з кніжкаю i сшыткам, сунуўся на вуліцу, з якой нярэдка ўжо зваў яго гоман таварышаў.
– Не забуў хоць чаго, глядзі! – вечна ішла ўслед матка.
Пазней за ўсіх, калі не будзіла дзіця, уставала Маня. Седзячы на ложку, доўга спала, пазяхала ўголас, чухалася – ніяк не магла прачнуцца. Матка ледзь не кожны раз пры гэтым пачынала яшчэ больш завіхацца; лагодным голасам раіла паляжаць яшчэ: няма чаго ўставаць ні свет ні зара, адна тут управіцца. Зноў жа – малое не давала паспаць па-людску. Маня сапла, крывілася недавольна i часта лажылася зноў. Здаралася, што Васіль i не бачыў, калі яна ўставала…
Удзень Васіль найбольш быў у гумне: малаціў. Зняўшы з шула цэп, размахваўся, біў i біў па разасланым жыце, па ячменю, пад якімі чулася цвёрдасць тока; зграбаў салому, падмятаў зерне; зноў зносіў, рассцілаў снапы, мерна, звыкла цупаў бічом. Часам прыходзіў дзед: памагаў веяць збожжа. Заходзіла матка: ці звала абедаць, ці прыносіла чаго-небудзь пад’есці; памагала адграбаць салому. Вярнуўшыся са школы, зазіраў Валодзя; калі аднойчы Васіль, спатнелы, зморана варушачы плячыма, выйшаў з гумна, малы ўзяў важкі, доўгі цэп, натужваючыся, размахнуўся. Біч мала не зачапіў галавы, a калі Валодзя выцяў па снапах, балюча рванула рукі; але Валодзя не адступіўся. Сапучы, падняў цэп другі раз, трэці… Васіль хутка вярнуўся, хмурна папракнуў:
– Вырас пад жаніха, а цэпам выцяць не можаш!
– От зараз, глядзі! – загарэўся Валодзя.
Ён, чырвоны ад натугі, ударыў бічом штосілы: канешне, як сам Васіль; але Васіль быццам i не заўважыў, строга загадаў адцаць цэп. Стаў моўчкі малаціць, як бы Валодзі тут i не было…
Дзятліха i дзед Дзяніс найбольш гаспадарылі на двары, у хляве: паілі жывёлу, кармілі, падкідвалі падсцілку. У хаце дзед то лез на печ, то рэзаў на лаўцы тытунь. Маці паліла ў печы, Маня гушкала дзіця, памагала свякрусе; тая, акрамя ўсяго, пільна сачыла за меншым, прымушала садзіцца за стол, чытаць i пісаць урокі, што зададзены на дом… Усё нібы ішло як заўссды, але пад усім гэтым заўсёдным няўціхна жыло, не знікала ні ўдзень, ні ўночы іншае, якое, хоць яго i стараліся не паказваць, не заўважаць, было пры тым самым чутным, самым вярэдлівым кожнаму. Тая нягода, якая неспадзеўкі для ўсіх, акрамя Васіля, укацілася ў хату, калі Бугай на ўсё сяло раскрычаў пра тайныя Васілёвы ды Ганніны спатканні, не забывалася, не ціхла ніколі; яна была, чулася, турбавала ўвесь час. Нікому не было вядома, чым яна гразілася. Усе адчувалі гэта, i ўсе жылі ўжо не так, як жылі яшчэ нядаўна.
І раней невялікі весялун, Васіль цяпер ледзь не цэлымі днямі хмурна маўчаў. Сам ён амаль не пачынаў гаворкі i адказваў неахвотна, рэзка, коратка. Асабліва маўклівы, нелагодны быў ён з Маняю: здаралася, што за суткі не перамаўляўся з ёю словам. Ён не таіў, што не хоча сустракацца з ёю, стараўся да ночы не заходзіць у хату. Калі даводзілася сысціся за сталом, аберагаючыся яе позіркаў, хутчэй сёрбаў боршч i глытаў гарачыя камы – хутчэй вырываўся на волю.
Удзень i яна гаварыла мала: толькі слязілася часам ды смаркалася. Яна нібы чакала ночы. Цяпер, у цемры, пад адной коўдрай, яна ўжо не хліпала моўчкі, як першыя ночы; з кожным разам да слёз дадавала ўсё больш папрокаў. Васіль, як бы адгароджваючыся, лажыўся спіною да яе; за спіною чуў, нудна, назольна гугніла: "Пайшла, дурная… За такого… Казалі: "Не ідзі"… "Hi кала ні двара"… "Чаго ты пойдзеш?"… Пайшла. Не паслухалася, дурная… Пашкадавала. Думала: бедны ды няшчасны, любіць болей будзе… А бяду агораем: прынясу сёе-тое. Скрыню поўную, карову… Хату бацько паможа… Дак от, аддзячыў… Аддзячыў за мае добрае… Адцзячыў. Загубіў жызню маю маладую!.. Асарамаціў на ўвесь свет!.. На вуліцу паказацца не можно!.." Яна доўга хліпала, смаркалася, потым зноў вяла, цягуча, паныла, нейкім сырым голасам: "Казалі: "Не ідзі за яго"… "Hi кала ні двара"… "Чарнушкава ета, голая, i то адвярнулася"… "А ў цябе дабра столькі", казалі. "Любы возьме"… Не паслухалас я, дурная!.. Сама ў пельку налезла…" Зноў за Васілёвай Спіною хліпала, смаркалася. Сапла важка. "Хведар з Алешнікаў наказуваў бацьку: "Аддай за Аўсея…" Не захацела, кручаная… Лепшага трэба було!.. Ад шчасця свайго сама адказалася!.. Сама… Пайшла б за Аўсея – жыла б прыпяваючы! На ўсе Алешнікі гаспадары, не тое што!.. Дак не ж, не паслухалася! "Кульгавы, крывы – Аўсей, не даўпадобы!.." Сама сабе загубіла жызню!.. Знайшла шчасце! На вуліцу хоць не вытыркайся!.." Зноў слязліва сцепалася, смаркалася. "Дабра столькі бацькаваго перабраў… Азалаціўся бацькавым дабром… Карову, землю такую забраў. Хату паставілі… Усе мало! Усе забуў, толькі пазвала ета… – яна памаўчала, шукаючы вартага слова, але не знайшла. – Я тут кручуся ўвесь дзень, корпаюся ў егым гнаі, свету не бачачы. А ён, – у голасе яе штосьці забулькала, крыўднае, злое, – а ён – па разорах качаецца з етаю!.. Ёй захацелася свежаго, яна крутнула хвастом, дак ён i пабег да яе! Па разорах качацца, покуль жонка корпаецца ў гнаі!.. Жарабец, кныр паганы!"
Маня быццам бачыла, з кім ён думкамі, душою, хоць i ляжыць пры ёй. Адтаго, што ён на ўсё маўчаў, яна ўсё больш злавала; усё больш чула, як бы ні хацела, не зможа нічога зрабіць, каб адхіліць бяду. Не раз i не два штоночы згадвала яна Ганну з такой нянавісцю, што не магла вымавіць яе імя; не знаходзіла, здавалася, вартых слоў. Тoe, што яна ўсё больш разумела, што змяніць нічога не здолее, што бяссільная, яшчэ распальвала яе нянавісць. "Знайшоў каго!.. Ету с-сучку!.. Якая шчэ ў дзеўках лезла пад усякаго!.. Якой толькі адно наўме!.. Толькі адно – штоб склешчыцца!.. Абы з кім! Абы – жарабец!.. Абы – кныр!.. Абы – склешчыцца!.. Ету… ету… Якая век па завуголлях бегае!.. Суку завугольную!.. Якая ля кожнага вугла! Ля кожнага плоту!.. Абы з кім!.. Абы – кныр!.."
– Маўчы ты! – не вытрываў Васіль. Ён сказаў з такім гневам, што яна ад неспадзеўкі анямела.
Азвалася са злой радасцю:
– А, не даўпадобы!.. Шкода стало!..
Васіль павярнуўся да яе так раз’ятрана, што яна замерла. Ведала гэтыя раптоўныя прылівы гневу. Ён i праўда гатоў быў учапіцца ў горла ёй. Колькі хвілін ледзь утрымліваў дыханне.
Яна адсунулася да сцяны, ляжала моўчкі, прыслухоўвалася. Калі ён паспакайнеў, захліпала:
– І не скажы нічого!.. Слова не скажы!.. Сама вытварае такое!.. А не скажы!..
Васіль мацюкнуўся. Адкінуў коўдру, поцемкі стаў шукаць апоркі. Сарваўшы світу з крука, накінуў на плечы, стукнуў дзвярыма. Доўга сядзеў на халодным ганку, не мог астыць.
З гэтага вечара Маня пабоивалася клясці каля яго Ганну Сцепалася толькі ў плачы, упікала, гразілася пайсці; ён, як i раней, ляжаў, адвярнуўшыся ад яе, маўчаў, думаў сваё. За ўсе ночы ні адным словам не павінаваціўся ён жонцы. Слухаючы яе, нанава ўспамінаючы ўсё, што было з Ганнай, Васіль не адчуваў ні сораму, ні вінаватасці перад Маняй. Не трывожылі Васіля яе пагрозы: "Пайду! Кіну ўсё. Як так мучыцца… Жыві, цешся з етай сваёй!.. Пайду! Лепей ужэ адной! Як такое…" Часам было i так, што Васіль, лежачы побач, не чуў ні скарг яе, ні пагроз; тады, калі яна хліпала, гразілася, ён думкамі, успамінамі як бы вырываўся з цемры, з хатняй задухі на волю, бачыў поле, прыгуменне, Ганну. Чуў Ганнін голас, бачыў Ганніна аблічча; цешыўся, ладзіў удваіх з ёю нязнанае шчасце…
Яму было шкода маткі, няёмка было перад дзедам; хата адна, ведаў: яны не спяць, чуюць усё. Нярэдка лавіў слыхам, як матка стрымлівае невясёлы ўздых, як дзед варочаецца на печы. Павяртаўся да жонкі тварам у твар, жорсткім, лютым шэптам загадваў:
– Сціхні!.. Зараз жа!..
Яго нелагоднасць да жонкі пераходзіла ў жорсткасць: ні разу не памкнуўся Васіль супакоіць Маню хоць словам; не толькі таму, што не ўмеў, a i таму, што не хацеў Аднойчы ноччу яна прытулілася да яго спіны, пяшчотна пагладзіла. Потым нават пацалавала. Васіль, які i раней не любіў "лізання", непрыхільна варухнуў плячом, як бы загадваючы адкаснуцца. "Выдумала! Знайшла час!.." – падумаў як пра недарэчнае. Але яна не адхінулася, зноў стала туліцца да спіны, лашчыць яго. "Не було нічого, – пачуў ён неспадзеўкі гарачы, дзіўна вясёлы шэпт. – Не було! Матка его праўду кажа!.. Выдумал i ўсё, нагаварылі!.. Бугай сам выдумаў i пусціў па сялу. Пусціў, a друпя – ухапіліся!.. Ім даўно хацелася етаго!.. Завідно було, што хату такую ставім! Што разжываемся! Не тое што некаторыя!.. От Бугай i выдумаў! A ўсе ўхапіліся! Ca зла, з зайздрасці!.." Яна раптам абхапіла яго рукою за грудзі, прыціснула так, што яму цяжка стала дыхаць; ён, можа, упершыню адчуў, што яна такая дужая. Яна павярнула яго да сябе: "Васілько, харошы! Ніхто нас не разлучыць!.. Я цябе буду шанаваць, штоб там ні казалі!.. Не буду слухаць нікого!.. Аднаго цябе!.. Аднаго!.. – Яна стала лашчыць яго, цалаваць так хапатліва, ашалела, што ён нібы не пазнаваў яе. Што раптам здзеелася з ёй, такой лянівай, няўклюднай, якая, здавалася, часта на хаду драмала!
– Ну чаго! Чаго ето ты! – недавольна адвёў Васіль яе руку.
Маня прыціхла. "Ты не зліся! – папрасіла яна паслухмяна, лагодна. – Я ето з радасці… Думала ўжэ, што – канец. Ісці ўжэ думала дадому…" Акурат заплакала малое, яна устала, забрала яго, лежачы, стала карміць. "Ссе, як п’яўка!.. – прамовіла давольна. – Покуль усё не выцягне, не адарвеш!.. Здаровы, як бык!.." Накарміўшы хлопца, палажыла між сабой i Васілём. "Паляжы от тут, з бацькам!.. Пацешся!.. Даўно не ляжалі разам! – Сказала Васілю – Думаеш, – ён, малы, не чуе, з кім ляжыць! Бацько ці хто другі. Чуе ўсё, разумее…"
Калі хлопец заснуў, палажыла яго ў калыску, зноў пачала лашчыць Васіля. Васіль не адводзіў яе рукі, не гаварыў ёй нядобрага, але на пяшчоты, як i раней, не адгукаўся. Яна хутка перастала песціць яго i ляжала ўжо моўчкі; таксама думала пра нешта.
Што можа зрабіць адзін дотык ціхага, цёплага цельца дзіцяці. Васіль чуў, як у хмурную непрыхільнасць яго ўвайшлі, зашчымелі жаласць да малога i вінаватасць. Паявілася ў душы штосьці чулае, кволае; з-за гэтага прыслухоўваўся ўжо да Мані, прыйшло ў галаву раптам: пра што яна думае? Яна доўга маўчала. "Не було нічого?.. Праўда? – прамовіла яна ціха i ўжо з сумненнем, як бы разгублена. – Не було?.. Матка праўду казала?.. Не було?.. Праўда?.."
Ён ведаў, што яна рада была б i хлусні яго, але маўчаў. Яна чакала, спадзявалася, а ён маўчаў; быццам гаварыў: што было, тое было, чаго тут хаваць.
Яна сама адсунулася, уткнула галаву ў падушку. Васіль улавіў, як матка на палацях пры печы важка ўздыхнула…
2У тым прытоеным, няпэўным жыцці, якое хавалася пад звыклай, зманлівай абыдзённасцю клопатаў, што ўздымалі яшчэ поцемкі ўсіх у хаце, найбольш няпэўнасці, нязлагаднасці было ў Васіля.
Ішлі дзень за днём, a Васіль усё не мог дайсці да якой-небудзь цвёрдасці. Усё нібы круціўся на раздарожжы.
Былі, праўда, i цяпер хвіліны, калі сэрца поўніла адвага. Калi чулася незвычайная, узнёслая лёгкасць. Усё важкае, блытанае рвалася. Былі толькі дзівосная лёгкасць i шчасце. Ён нібы зноў быў з Ганнай, i Ганна была – яго. І нікога не было між ix, i нікога навокал. Былі, бачылася ўжо, чалавекам i жонкай. Не збягаліся потай, крадком, a жылі разам, у адной хаце. Ішлі разам у поле, разам дбалі пра гаспадарку. Васіль проста ўвачавідкі бачыў, як яна нясе зелле парасятам, як доіць карову. У поцемку душных начэй мроілася, як яна падыходзіць да ложка, кладзецца побач. Як ляжыць, дакранаючыся да яго грудзямі. Як ён пальцамі абцінае гарачую кругласць яе пляча; як рука бяжыць за спіну ёй – як ён туліць яе. Ён чуў, што ў яго – ад адных думак – усё ўсярэдзіне гарэла пякучым, нецярплівым полымем. Тады помсліва, зларадна ўспамінаў: "Праўду казала: якое ето жыццё, калi не любячы мучышся! Нашто i жыць так! Хто мяне прывязаў канешне – хадзіць век пры етай, не любячы! Жаніўся, дак можно i разжаніцца! Не тыя, не старыя часы. Цяпер – не тое, што ў старыя часы!.."
Але вось жа бяда, i лёгкасць, i яснасць неўзабаве кудысьці прападалі. І прападала рашучасць. З галавы як бы выходзіў, выветрываўся хмель. Лез халодны, нядобры роздум; усё зноў пачынала бачыцца хісткім, блытаным, цьмяным. Куды ні падайся – гушчар i гушчар: чапляецца за ногі, за рукі, коле твар. "Хто прывязаў канешне? A хіба – не прывязаны? Прывязаны, ды шчэ не адной вяроўкай!.. І прывязаны, i звязаны па руках i нагах!.." Чым далей адыходзілі тыя вечары, ночы, калі ўпершыню адчуў сябе на безвыходным раздарожжы, тым менш гаркаты было ў думках, менш пякло. Нібы прыцярпеўся к бядзе. Нявесела плёўся не раз ужо ходжанымі разорамі разваг, кожны раз спатыкаўся, аб адно i тое ж. І ўсё больш безнадзейна бачыў, што выхаду няма, што ўсё звязалася ў вузел, які не развязаць. Толькі – рэзаць: рэзаць па сваім сэрцы…
Днём амаль не было гарачкавых відовішчаў. І думкі бьші больш важкія, павольныя, i ўсё навокал малявалася яшчэ горш блытаным, неразвязным. Усё, куды б ні павёў вачыма, нагадвала пра тое, што жыве на зямлі, сярод людзей; щ бачыў дзеда, матку, дзіця, ці ішоў па двары, нёс вядро вады каню, ці з прыгумення бачыў, як ходзяць па згалелых агародах, едуць па пустым полі людзі, ці проста бачыў даўнія, замшэлыя стрэхі,– грудзі ціснула адчуванне няпростасці ўсяго ў свеце, трываласці векавечных парадкаў.
Ніколі яшчэ ён столькі не думаў, як у гэтыя дні, i ніколі не было ў яго думках столькі няроўнасці, супярэчлівасці. То ён гатоў быў ужо змірыцца з тым, што ёсць: "Як склалася, так склалася, не пераменіш. Позно мяняць. Раней трэба было думаць, пачынаючы…" Тады часам папракаў у думках Ганну: "Не захацела разам, калі можно було. Глушаковаго шчасця паспытаць захацелася. Спахвацілася цяпер, як усё так завязалася!.." То раптам з адчаем находзіла рашучасць: "Пайду! Кіну ўсё! Прападзі яно пропадам! Штоб век за яго мучыцца!.."
Ужо ішоў, каб аб’явіць усім. Ішоў рашуча, потым запавольваў хаду, зусім спыняўся. Як ён кіне ўсё: такую зямлю, хату, каня; лепшую долю таго, што нажыў! Лепшы свой набытак!
Ён нібы спрачаўся з сабою. Ледзь не ўвесь час, ледзь цверазеў ён, лезла да яго, гняло разуменне нейкай неправамернасці, недазволенасці гэтага шчасця. Нібы ніякага права не меў ужо ён на гэта – любоў, Ганну. Нібы ён хацеў браць тое, што ўжо не дазволена было браць. Нібы пераступаў закон. "Не вольны, не малады ўжэ!" – вярэдзіў заўсёды хтосьці разважны ў Васілёвых думках. Дадаваў нязменна, неадчэпліва:
"Ганна па душы?! Мало, што па душы! Мало, што хочацца! Прайшла пара, калі рабіў, як хацелася! Не хлопец ужэ! Чалавек сталы, гаспадар! Дак i рабі – як сталы, як гаспадар!.." Прызвычаены ўвесь век цярпець, перакананы, што жыццё – цярпенне, ён i тут адчуваў: трэба цярпець. Лес бы наканаваў: тое, што некалі вяло Ганну к Яўхіму, цяпер не пускала да яе Васіля!
І вось жа, бы знарок: Ганна, узлаваная, даўно не пільнавалася гэтага закону-абавязку, a Васіля ён трымаў, звязваў яго i ўчынкі i думкі. Глядзі гаспадарку, гаруй, цярпі. Любіць – не любі. Не хлопец… Толькі ж чаму так цяжка было адагнаць недазволенае гэтае? "Як жа я без яе? Як яна?.." – усё вярэдзіла яго.
Сярод гэтай зменлівасці адна думка шчымела заўсёды: малое. У тыя дні яно часта аж заходзілася з крыку: нечага балеў жывоцік. Ашалелая ад дзіцячага плачу, ад страху, роспачы, Маня раптам закалацілася:
– Крычы, крычы!.. Штоб табе немач! Як ты слухаць не хочаш нічого!.. Крычы, крычы! Покуль бацько твой цешыцца са ўсякімі!.. Крычы! Mo i ён пачуе, што табе баліць! Mo пабачыць, што не ўсім так соладко, як яму!.. Крычы, крычы! Штоб ты выпруцілася! Як ты не ў час выйшло, на маю бяду!..
Васіль ледзь не кінуўся на яе. Хацеў адабраць дзіця, але яна ўчапілася ў малое. Залямантавала яшчэ горш:
– Не чапай! Ідзі к етай! Ідзі!.. Не дам!
Васіль, таксама ашалелы, ужо не мог адступіць. Невядома, чым скончылася б, каб не ўбегла маці. Ухапіла Васіля за локаць, замалілася:
– Васілько! Сынко! Саступі!..
Ён не адразу i неахвотна адышоў. Стаў шукаць нешта ў прыпечку: сам не ведаў што. Краем увагі адзначыў, што Маня стала гушкаць дзіця. Калі малое прыціхла, загаварыла спакойней:
– Не плач!.. Не пачуе ён!.. Яму абы самому цешыцца!.. – напрарочыла малому, стараючыся ўкалоць Васіля: —Наплачашся шчэ, накрычышся! Такога бацьку маючы!.. Сіратою ходзячы! Пры жывым бацьку!.. Покуль ён будзе цешыцца!..
Матка перахапіла Васілёў позірк, дала знак вачыма: не чапляйся, саступі! Ён выбег на двор, доўга тупаў у хляве, у павеці – не мог супакоіцца.
Васіль ніколі раней не думаў, што можа быць да некага такая жаласнасць. Ён i раней не вельмі песціў сынка, цяпер i зусім не падыходзіў, як бы не было яму нейкага неадменнага права; a ў душы заўсёды – асабліва пасля той сутычкі – чуў незвычайную, чулую жаласнасць да малога. З ёй амаль кожны раз ажывала нешта сарамлівае, вінаватае; асабліва калі выпадала сустрэцца з круглымі, цікаўнымі вачыма; калі малы паказваў усмешкаю першыя зубкі…
Як i ўсё кволае, пяшчотнае, Васіль хаваў сваю жаласнасць; але Маня добра разумела, чым яму можна мацней дадзець. Аб’яўляючы, што пойдзе да бацькоў, н i кол i не забывала сказаць, што возьме сына; не дасць на згубу гэтай "душагубцы". Хліпала ўсё над малым, вярэдзіла Васіля: "Сірата, пры жывым бацьку!"
Такі ж зменлівы, як у думках, быў Васіль у гаспадарчым клопаце. Хвіліны весялосці, жвавасці ўсё часцей змяняліся хмурнай марудлівасцю, нават абыякавасцю. Ён часта зранку хадзіў стомлены, з важкай галавою, з нязвыклай млявасцю ў нагах, руках. Тады i зносіў на ток снапы, i малаціў, i падмятаў вяла, як бы хворы. Апусціўшы цэп, раптам спыняўся, згорблена стаяў, нібы слухаў сябе. Кідаў цэп, садзіўся на агароджу застаронка, доўга ўнурана сядзеў. Хоць бы зварухнуўся.
Не раз падоўгу стаяў як здранцвелы, калі карміў каня. Стоячы пры кані, Васіль цяпер іншы раз не бачыў як ён цягне галаву к сену, як знаёма туліць чуйныя вушы к грыве, не чуў, як ён шчыра хрустае сенам. Не заўважаў таго, што, бывала, век цешыла. Іншы раз конь, здзіўлены такой няўважнасцю гаспадара, пераставаў жаваць, паварочваў мяккую храпу, спачувальна ўглядваўся вілы отнымі вачыма, дыхаў цёпла ў самы Васілёў твар. Васіль, здаралася, ажываў, гладзіў Канчаку шыю, але весялеў рэдка. Валокся старэча з хлява.
Як i не было нядаўніх запалу, напорлівасці, нястомнай працавітасці. За ўсе гэтыя дні Васіль толькі раз зайшоў у новую хату, што, як i раней, выстаўляла голыя рабрыны крокваў. Паплёт з аднаго боку так i быў прыбіты толькі да паловы. Столь таксама была недаложана: у пройму між бэлек шарэла нізкае, каламутнае неба.
Васіль прывёў Валодзю. Паспрабаваў рабіць: мераючы алехавай меркаю, адрэзаў з братам некалькі дошак на столь. Паставіў адрэзкі пры сцяне на козлы, каб можна было браць зверху. Загадаўшы брату астацца, палез на гару, пачаў усцягваць дошкі. Хацеў залажыць пройму. Рукі, усё цела пагана слухаліся: цягнучы адну дошку, ён няўдала павярнуўся, ледзь утрымаўся, каб не зваліцца долу, – дошка, ужо высока ўзнятая, крутнулася i паляцела ўніз. Рабром тарца коса прайшла паўз Валодзю, грукнула аб падваліну.
– Трохі не па плячы! – азваўся хлопец дзіўна весела.
Васіля ўзяла злосць. Гонячы мімалётны страх за Валодзю, кінуў няласкава:
– А ты не стой там!
– Дак яна ж не выцяла!
– Не стой! – узвысіў голас Васіль.
Ён сеў, згарнуў цыгарку. Закурваючы, хмурна загадаў:
– Ідзі дадому.
– Саўсім?
– Сказано… Саўсім.
– Болей рэзаць не будзем?
– Ідзі!
Васіль дакурыў, пасядзеў яшчэ моўчкі, стомлена плюнуў раптам злосна i стаў злазіць. Больш у хату ён ужо не заходзіў.