Текст книги "Подых навальніцы"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 38 страниц)
Усю ноч Ганна праляжала як нежывая. Не было ў яе думак, не было, здавалася, ніякіх пачуццяў. Паўзлі толькі, паволі, нячутна, як нежывыя, згадкі-малюнкі, паўзлі адзін за адным, спыняліся, вярталіся, блыталіся.
То бачыла, як малая стрыжэ ножкамі, як камары апаноўваюць кволы тварык… То бачыла, як ківаецца яна на руках, беленькая, нібы заснула, – калі везла з лугу. Як нерухома ляжала ў начовачках, калі мылі апошні раз, калі адзявалі сарочачку… Чула, як скрыпала кола, калі ехалі на могілкі, як, асыпаючыся, шархацеў на труну пясок… І раз, i другі, i безліч разоў, адводзячы друпя згадкі, наилываючы на ix, бачылася беленькая, спакойная галоўка Верачкі на падушцы ў труне… Усё, што ні ўзнікала, ні паяўлялася ў памяці, праходзіла дзіўна спакойна, як бы не адгукалася ў Ганнінай душы, не чапала яе, не трывожыла, не вярэдзіла болем. Нібы не было ні болю, ні гора, нібы перастала раптам чуць ix. Усё бачылася, бралася як нежывою. Да ўсяго была нячуласць. Нячулая галава, нячулае сэрца, сама ўся нячулая…
У яе нячуласці непрыкметна для Ганны цвярдзела, камянела нячуласць да Глушакоў. У гэту ноч перасталі што-небудзь значыць ёй глушакоўскія хата, двор, хлявы, самі Глушакі, датлела, спапялілася тoe, што жыло да ix – пакора, цярплівасць, старанне дагадзіць…
Толькі на світанні, калі ў паяснелыя вокны глянуў звычайны, такі знаёмы свет, які ўсё шырэў, прасторнеў, пачынаў праменіцца, штосьці варухнулася, ажыло i ў ёй. Калі на раме зіхатнула, зайграла сонца, як бы льдзінка нейкая бліснула ў Ганне, стала таяць. Начны каменны цяжар раптам сиаў, Ганне палягчэла. Але так было толькі міг, зразу ж за гэтым ажылае сэрца пранізала тугою.
Дзень вяртаў да рэальнасці. Зноў рушылі згадкі, але ўжо не ціха, не паволі, a імкліва, неспакойна. Праява за праявай ажывалі зноў у памяці. Усё, што было на балоце, у навальнічныя ночы, душныя дні, апошнія дні Верачкі. Ад успамінаў ужо балела – чым далей, тым больш. Заныла, запякла думка: а можна было б дачушку ўратаваць! Магла б Верачка не ў труне ляжаць, пад важкай зямлёй, а жыць, жыць! Стрыгчы ножкамі, смяяцца, радавацца, расці, дужэць! Магла б – калi б не глушакоўская прагавітасць, не ненажэрнасць праклятая! Калі б не свая віна: што слухалася ix, сядзела – тады, як трэба было хутчэй бегчы па ратунак! Не ўратавала, дала загубіць маленькую! Загубіла, можна сказаць, сама!..
"Бог – даў, Бог – узяў", – успомніла свёкравы словы. Сэрца заліла нянавісць: загубілі малую, ды i вінаватых няма! На Бога ківаюць, нібы трэба Яму гэта згуба!.. Hi сэрцаў, ні літасці, ні сораму! 3-за нейкай жмені сена чалавечка, дачушачку давялі да згубы, ды i хоць бы падумалі, грэх узялі на сябе!.. "Бог – даў, Бог – узяў!"
Божа мой, калі Ты ёсць, калі Ты бачыў усё, – няўжо Ты не адгукнешся неяк, даруеш ім? Няўжо даволі адной малітвы старога, каб Ты забыў на усё? Не, не можа быць, што ім так абыдзецца гэта! Не можа ж быць, праўда?..
Не было дзе дзецца ад думак, што i сама вінавата. Вінавата больш за каго-небудзь! Хіба ж не магла б кінуць усё i пайсці, пабегчы з малой на руках! К бацьку пабегчы, бацька даў бы каня, калі ўжо такое! Нашто ж сядзела, чакала, марнавала дачушачку! Нашто слухалася старога ненажэру!.. Сама вінавата, сама!.. Даруй мне, маленькая! Даруй, кветачка мая нерасцвілая!
Думкі віхурыліся, пяклі, каралі. Не магла ўжо трываць ix, як хворая, узнялася з пасцелі. Трэба было нешта рабіць. Кволая, амаль без сілы, ледзь цягнучы ногі, патупала па пакоі. Не думала, што рабіць, ні аб чым не думала. Не магла думаць. Як заведзеная, выйшла ў цемнаватыя сенцы, у куток, дзе на лаўцы стаяла вядро з вадою, напілася i зноў, як заведзеная, пацягнулася ў хату.
Убачыла раптам на падаконніку забытую сінюю паўрозу, якой спавівала Верачку апошнімі днямі,– сэрца аж зайшлося тугою, такой балючаю, што захацелася застагнаць. Усё, што ні трапляла на вочы, нагадвала пра Верачку, пра бяду, пякло тугою: коўдра, у якую дачушка была загорнута, калі везлі сюды, канапа, на якой пад абразамі малая ляжала ў тру не…
Калі пачула, што пастух крычыць, гоніць кароў, выйшла на двор. Каля павеці туга зноў заныла, запякла: на яшчэ мокрай чарнаватай зямлі рэзка бялелі свежыя абрэзкі дошчак, трэскі, пілавінне. Тут рабілі Верачцы труну.
Свет быў поўны тугі i пусты. У свеце не было самага дарагога чалавечка. Усё было нямілае, чужое.
Калі выгнала кароў, сярод вуліцы, хістаючыся, пацягнулася да могілак. На свежай горцы пясчаністай зямлі пад зараснікам маладзенькіх акацый быў яшчэ халаднаваты цень – села каля ўзгорачка, гарбацілася нерухомая, як раней, перад калыскай, калі малая спала.
Чула i не чула: станавілася цяплей, пахлі завялыя кветкі, гулі, звінелі камары i жучкі. За могілкамі час ад часу скрыпелі, лескаталі калёсы – людзі ехалі на сенажаць.
Тут знайшлі яе Хведзька i бацька. За імі падышла мачыха.
– Добрае месцечко выбралі! – сказала мачыха, азіраючы магілку, акацыі.– Анігадкі месцечко! Зелено ўсё, як прыбрано! І ёй, мабуць, хораша, што ў таком спіць! Бачыць жа ўсё, бачыць адтуль, толькі што голас падаць не можа… – Яна ступіла да Ганны. – Пасядзела, пабула – можно ўжэ i ехаць! На луг паедам.
– Паедам! – папрасіў i бацька.
Хведзька глядзеў моўчкі, спалоханымі вачыма. Яна ўстала, між крыжоў i сосен падалася к калёсам. Калі паехалі, мачыха гаманіла, аб чым прыйдзецца, старалася адагнаць ад Ганны паганыя думкі, бацька ж маўчаў, адно ўважпіва i сумна паглядваў на дачку. Ужо ў лесе ён аддаў лейцы Хведзьку, развязаў торбу.
– Пад’ела б мо? – Чарнушка даў Ганне хлеб, крышанок сала.
Ганна ўзяла, але ела так, нібы не чула ніякага смаку. Маўчала, аж пакуль не даехалі да сенажаці. І рабла, памагала сваім таксама моўчкі, з такім выглядам, нібы не помніла, не ведала, што робіць. На Глушакоў нават i не зірнула, быццам ix не было тут, на балоце.
Толькі пад поўдзень мачыха завяла яе да Глушакоў. Ганна пайшла без ахвоты, але усё, можа, абышлося б мірна, калі б ля дубка яна не убачыла калыску дачушкі. Калыска вісела, як раней, затуленая полагам, нібы там была яшчэ Верачка. Ганна, калі убачыла гэта, упала перад калыскай, зайшлася рыданнем.
Тут падышоў да яе Яўхім. Потны, абгарэлы на сонцы, пастаяў трохі, хацеў супакоіць:
– Ну, хваціць ужэ! Будуць шчэ дзеці, не зломкі ж самі! Не старыя!.. – Думаў, так хутчэй пераб’е плач, пазваў: – Хадзем! Дабро прападае!..
Ганна раптам ускінулася, вочы – лютыя, гараць. Як пракляла:
– Няхай яно згарыць, ето ваша дабро!
Раздзел трэці
1Гора, якое было Ганне такім вялікім, багата каго з куранёўцаў не вельмі засмуціла.
Нямала хто падзею гэту зусім не палічыў за вартую нейкай увагі: ёсць бедаваць пра што – памерла малое, бы якое дзіва, бы рэдка ідуць яны на той свет! Якраз жа ў гэту пару найбольш i косіць ва ўсіх старая ведзьма людскі прыбытак! Кaлi хто i адгукнуўся на Ганніна гора, то амаль адны жанкі; але i яны жалкавалі не вельмі, ледзь не кожная зазначала са сталым жыццёвым спакоем: не суджана, значыцца, на раду ўжо так напісана. Доля ўжо такая…
Вялікі павяліцель – клопат пра гаспадарку, які вымеў у адзін дзень Курані, выгнаў усіх на сенажаць, – сам па сабе не даваў бедаваць пра нечае гора, гнаў з душы, як непатрэбшчыну, усё пабочнае. З чужых гэтую вестку блізка да сэрца ўзялі, можа, толькі Васіль ды Хадоська. У абаіх Ганніна бяда адгукнулася незвычайна, складанай супярэчлівасцю пачуццяў. Няпроста было цяпер усё ў абаіх з Ганнаю. У шчырае Васілёва шкадаванне пра Ганніна няшчасце ўвесь час улазілі ўспаміны пра карчоўскія крыўды…
Хадосьцы вестку пра Ганніна гора прынёс брат Іванка: яны з бацькам касілі ўжо; седзячы каля воза, чакаючы шчаўя, якое налівала матка ў місу, сказаў Іванка спакойна, без здзіўлення ці спачування – проста паведаміў, што ёсць такая навіна. Хадоська ад неспадзеўкі аж дыхаць не стала, стаілася: не толькі таму, што навіна была такая, а больш таму, што яна кранула чулае, балючае ў душы.
З нейкай, ужо звычайнай пры такой гаворцы, пільнасцю чакала, што зробяць, што скажуць бацька i матка. Матка адно ўздыхнула, з папрокам зірнула на Іванку: чула, мабыць, ужо ад некага; бацька ж строга буркнуў:
– Еж.
Іванка i бацька хутка пасёрбалі шчаўя, забеленага малаком, моўчкі пашаргалі лапцямі да кос; Хадоська памагла матцы: з міскай, з лыжкамі схадзіла да лужынкі пры кустах, перамыла, выцерла ўсё. Накрыўшы памытае ручніком ад усякай балотнай нечысці, Хадоська ўзяла граблі. Ветрык хадзіў яшчэ ранішні, свежы, але чуўся ўжо i подых недалёкай гарачыні. Хоць i нямоцна, пякло шыю i рукі; трава вяла, i кусты i стажкі наводдаль пачыналі брацца смугою, дрыжаць. Сонца зіхцела па ўсёй шырыні балота, калі Хадоська ўзяла рупіцца побач з маткаю – пераварочваць, варушыць яшчэ не падсохлае сена; ад сонца гэтага, ад ранішняй дужасці ў руках, ад звыкласці клопату забылася, сышла з душы прыкрасць, супярэчлівая няёмкасць, якую дала Іванава вестка. Не думала ні аб чым, варушыла толькі граблямі, поўнілася толькі ціхім клопатам працы, сонечнай цеплынёй, ранішняй свежасцю. Праўда, вочы як бы самі сабой беглі то туды, дзе за кучарамі лазы былі ўсе дні Ганна, Карчы, то к дарозе, што паўз лес ішла к сялу. Яшчэ здалёк заўважыла калёсы, пазнала Іанну, Яўхіма, старую Глушачыху; калі наблізіліся, бачыла: Ганна прыпала амаль да калень, трымала малую на руках, як жывую. Вялікае гора было відно нават у тым, як яна курчылася над малой, нават зводцалек.
Хадоська вострым позіркам бачыла ўсё, усё разумела, але як бы нічога не адчувала; хоць бы на міг паявілася спачуванне ў яе зеленаватых, халодных, як ільдзінкі, вачах. Стаяла, не варухнуўшыся, прыціскаючы востры канец грабільна да грудзей, хвіліну, другую не зводзіла вачэй i чула ў сабе непарушны спакой. Быў спакой, хоць там сядзела Ганна, хоць побач груганом горбіўся той, хто даў ёй, Хадосьцы, столькі гора, хто, можна сказаць, скалечыў ёй усё жыццё. Хадоська глядзела спакойна, можа, упершыню за гэтыя гады так спакойна: Бог пакараў ix! Заступіўся за яе: пакараў за усе!
Прасачыла, як калёсы схаваліся ў лесе, i – заварушыла звыкла граблямі. Рабіла ўсё так, бы i не было блізка гора. Бачанае, праўда, трохі яшчэ жыло ў памяці, але не вяло ў душу жалю.
Не думалася. Чула толькі Бога; поўнілася яго праўдаю, яго сілаю.
Хутка i зусім забыла ўсё, чула адно ў руках цёплае грабільна. Бы i не было нічога, акрамя грабель, акрамя шаматкога сена, спрыту, дужасці ў руках.
Зацятая, шчырая Хадоська ў працы: не стане, каб i пот сцерці з твару, загарэлага да чырвані, як бы распаленага спекай; толькі вочы, памутнелыя ад утомы, з белымі, выгаралымі ад сонца вейкамі прыжмурыць, калі пот наплыве, нецяргіліва махне рукою. Праўда, каса часам развяжацца, закоўзаецца па плячах, па спіне – тады прыпыніцца, хуценька прывяжа, накрые хусткай – ды зноў за граблі. Валасы, што бялюткімі кудзеркамі выбіваюцца з-пад хусткі ля шыі, пацямнелі, мокрыя, аж вада цячэ з ix; цячэ вада па гарачай шыі, па твары з крапінкамі-канаплянкамі, салоніць губы, але Хадоська ганяе i ганяе граблі. Калі-нікалі яшчэ похапкам вытра асмяглыя, пачарнелыя ў куточках губы: страшэнна сушыць смага. Як мара, успамінаецца біклажка пад возам. Толькі Хадоська не бяжыць да яе, трывае. Умее трываць Хадоська!
Харошая яна сабою стала, красуня-канапляначка! Невялічкая, "акуратная", як казаў Хоня, яна яшчэ пакруглела, здаецца, уся налілася дужасцю. Дужая стала яе шыя, дужыя паўнаватыя рукі i пругкія ногі, поўныя грудзі напіналі высока палатняную кофтачку. І хадзіла, i стаяла Хадоська прама – заўсёды i ў паставе, i ў рухах яе чуліся пругкасць i дужасць, хараство не абы-як здаровай дзяўчыны ў самай пары спеласці. І яшчэ чулася ў Хадосьцы нязнаная калісыді годнасць, строгасць: строгія былі вочы, строгія губы, што, здавалася, не маглі смяяцца. Харошая была Хадоська асабліва цяпер, у заўзятасці працы, з пацямнелымі, як бы хмарнымі, вачыма, з гарачымі губамі, з гарачым подыхам; у тым, як яна рабіла, бачылася, колькі ў ёй i дужасці, i маладога агню. Прыгожая яна была сярод куп сена i лазняку, сярод зіхотнай, залітай сонцам сенажаці. Толькі не было каму любавацца ёю, усе, нават Хоня, жылі сваім клопатам, рабілі; адна маці раз-пораз паглядвала, але не так з любаваннем, як ужо са звыклым жалем за немаведама чаму няўдалы дзявочы лёс яе. Тут, на балоце, матчына жаласць часта была не толькі пра Хадосьчын лёс: шкадавала маці – няхай бы перадыхнула трохі! Шкадавала, але не гаварыла Хадосьцы: ведала, што тая ўсё роўна не паслухаецца!
Нарэшце, дзякуй Богу, уткнула граблі ў купіну. Падалася да воза, набгом п’е з біклагі. Паставіла біклагу зноў у ямку пад возам; магла б сесці, пасядзець хоць трохі. Дык не ж – зразу ж рупліва прастуе да грабель. Ідучы, касу перавязвае, выцірае твар…
Увесь дзень, да позняга вечара, да цемры, шчыравала Хадоська: зграбала сена, зносіла з Іванкам копы, з бацькам, з маткаю, з Іванкам складвала стог. Нарабілася так, што ішла цёмным балотам к свайму агеньчыку як не сваімі нагамі. Усё цела было як не сваё. Ледзь сагнула спіну, каб памыцца з лужы каля куста. Але яшчэ ўзялася памагаць матцы падаць вячэру, зноў памыла потым посуд, лыжкі.
Павалілася спаць, не чуючы нічога. Думала, засне зараз жа; санлівая дрымотнасць i праўда агарнула ўмомант, ухапілася звыкла закалыхваць. Але не закалыхала зразу, сон не ўзяў; невядома адкуль у зморанай санлівасці паявілася, затрывожыла незразумелая, але – чула яна – нядобрая клопатнасць. Потым – як бы неспакойны вецер прайшоў; чамусьці заныла ў грудзях. Стала чагосьці жалліва, чагосьці стала браць горнасць. Бы ў балотны след чорная тарфяная вада, палезлі ў душу нядобрыя, раптам неяк асабліва ясныя, пякучыя ўспаміны. Як стаяла над процьмай глінішчанскага возера, як кружылася галава, як аб’язджаў беражок; як ішла да знахаркі, як сядзела, чакала, як ішла ад яе; нібы нанава вярнулася чорная, халодная, страшная ноч; нанава, з большай, неадступнай сілаю, вярнуліся, узялі адчай, страх, боль, сорам. Згадала, нібы толькі ўчора выйшла з яе, баковачку ў юравіцкай бальніцы; умомант як бы нанава вярнуліся тыя нямілыя сцены, той нямілы ложак, той брыдкі бальнічны пах, усё, з чым было тады нямілае, нясцерпнае жыццё. Нібы нанава вярнуўся шалёны вецер, гарачы снег той ночы, калі хацела кончыць усё; беспрытульнасць таго няласкавага дня, калі ехала дадому; нібы нанава пачула, як забрахалі раптам Карчовы сабакі, калі сані паўзлі вуліцаю.
Каб адагнаць злыя згадкі, стала знарок думаць пра лепшае, пра Хоню: што ж рабіць з ім? Злуецца ўжо на яе, i ці дзіва – столькі ходзіць! "Mo i праўда – пайсці?.. Любіць жа, што ні думай, любіць! Кеб не любіў, хіба б хадзіў столькі? І хлопец добры, на ўсё сяло адзін такі… Бязбожнік адно. Не шануе Бога. Але ето перамяніць можно… І матка яго – хоча…" Успомніла нядаўнюю сустрэчу: сама пазвала яе, Хадоську; ляжала на ложку з поцемку ўглядалася. Хоць слова спачатку не сказала, Хадоська пачула: спадабалася ёй. Хонева матка заплюшчыла вочы, памаўчала яшчэ, потым вінавата паварушыла губамі: "Страшная, мабуць, я стала…" Хадоську ўзяў жаль, супакоіць захацелася: "Не страшная, саўсім не страшная, от сказалі! Няшчасная толькі! А што няшчасная, хіба вы вінаваты ў етым!" Старой, было відно, спадабаліся яе словы. А ад Хадоські не адступаў жаль: шкода было Хоневу матку, шкода Хоню, шкода малых, што спачатку дзівіліся на Хадоську, а потым разбегліся з хаты кудысьці… Яшчэ два разы заходзіла Хадоська да Хоневай маткі, сядзела на ўслончыку ля ложка; няшчасная сама, чула ў ёй як бы прыяцельку сабе. З ёй было Хадосьцы ціха i спакойна. Адно нядобра было: даводзілася асцерагацца, каб не наплялі языкі, што да Хоні чапляецца… "Хоня – добры, – сказала неяк матка яго. – Не думай нічога вельмі…" Добры… Хіба яна не знае, што добры!.. Але хіба ад таго лягчэй? Бяда ж не ў Хоню, бяда ў ёй! V ёй!.. Хадоську ўзяла горнасць: захацелася плакаць. Яна стрывала, але ўсярэдзіне ныла, балела. З гэтым болем зноў успомніла Ганну на возе, падумала пра яе бяду – i не толькі не пачула жалю, a i нават спакою, які быў удзень. Узяла нават вастрэй, як зазвычай, непрыхільнасць: от i ў ix бяда. Тут жа падумала, што нядобра помсціцца чужой бядзе, але памяць злосна напомніла, як першы раз твар у твар напаткала Яўхіма, калі вярнулася з Юравіч. Нібы зноў прайшла паўз яго. Нават калі зноў згадала Ганну, нядаўняе i, здавалася, ціхае ўжо – як сышліся раптам, беручы шчавель, – за напамінкам пра Яўхіма, i гэта было непрыязнае. І ці дзіва: i там, на полі, хоць былі блізка з Ганнаю, слова не сказала. Бы сцяна між ix была!..
От i яна зазнала гора! От i ў яе… Тут Хадосьчыны думкі нібы наскочылі на другую, большую, агромністую – увайшла, уламілася раптам, не першы раз згадка пра сваё малое! Яе, Хадосьчына, малое! Яе у якога яна ніколі не бачыла i не ўбачыць! Яе, якому цяпер быў бы трэці год, якое магло б абдымаць за шыю, туліцца да фудзей, зваць! Яе, якому сама не дала жыць! Яе, якое – запякло адчайнае, няўцешнае, – якое сама, сама загубіла!!!
2Мінулае ішло заўсёды побач. Яно то мацнела, то слабела, але не знікала; на ўсім, чым жыла цяпер, быў яго цень. Яно прыходзіла ноччу, ішло ўдзень, было ў думках, у настроі, ва ўчынках…
У той дзень, калі збялелую, спакутаваную Хадоську бацька павёз у бальніцу, бяда яе не асталася ў Куранях. У чыстай баковачцы юравіцкай бальніцы Хадосьцы не стала весялей, сорам, адчай пяклі, тачылі Хадоську ў ціхай бальнічнай баковачцы яшчэ горш.
У першы ж дзень у бальніцы, бы знарок, узяліся нагадваць ёй тое, што так хацелася забыць; ледзь унеслі Хадоську на насілках у доктарскі пакой, доктарка стала выпытваць, пра што i думаць было страшна; i была доктарка не адна, акрамя яе яшчэ дзве ў белым стаялі побач, хацелі ведаць, бачыць Хадосьчыну ганьбу. Не расчапіла Хадоська губ, як увайшоў нейкі дзядзька ў белым, намерыўся, здалося, таксама слухаць, глядзець; Хадоська, амаль непрытомная, бы ажыла, заматала галавою, дзіка закрычала: "Не, не!.." Яна ўсё крычала, ірвалася ўстаць з насілак i калі дзядзька пайшоў, i калі доктарка штосьці гаварыла супакойліва – крычала, пакуль зусім не аслабела ў моцных руках жанок у белым, страціла прытомнасць.
Нямілае, ненавіснае было з таго дня Хадосьцы ўсё – i белыя дактары, i гаваркія, назойлівыя жанкі-суседкі, i блізкі ельнічак за акном. Ёй чулася, што ўсе ведаюць пра яе, здавалася, што i глядзяць не абы-як, а з патайным! нядобрымі думкамі, як бы смеючыся з бяды яе, з яе сораму. Асабліва ненавідзела яна таго дужага, нахабнага дзядзьку ў белым, пра якога казалі – галоўны ўрач i які ледзь не кожны дзень абыходзіў усіх, пасміхваючыся, распытваў, аглядаў. Спачатку хацеў ён падысці i да Хадоські, але Хадоська ледзь убачыла гэга, яго – здалося – брыдкую ўсмешачку на сытым чырвоным твары, затрэслася, як вар’ятка, закрыла вочы рукамі, закрычала. З таго дня дзядзька не падыходзіў больш да яе, i калі быў ля суседакжанок, то трымаўся асцярожна, далікатна. Не радавалі ў тыя дні Хадоську бацькі, што часта, вельмі ж часта прыязджалі з дамашнімі гасцінцамі. Хоць ні бацька, ні матка словам не прагаварыліся, чула Хадоська, што яны ведаюць, якая бяда ў яс, гарэла ад сораму, ад вінаватасці, ад крыўды, маўчала непрыхільна, хвіліны дачакацца не магла, калі яны паедуць ад яе. Пасля сустрэч з бацькамі Хадоську асабліва даймала трывога пра тое, што, мабыць, ужо багата хто ведае ў Куранях пра яе грэх, ведаюць, можа, усе хлопцы, дзяўчаты ведаюць, смяюцца. Яна часам так ясна ўяўляла, як гавораць, як смяюцца з яе, што, здавалася, чула галасы, бачыла ўсіх увачавідкі. Хадоська камянела ад адчаю.
Доўга-доўга, шкадуючы, згадвала Хадоська бездань азярца каля Глінішчаў: чаму тады збаялася, не кінулася, не кончыла усё адразу; не адзін дзень, не адну ноч строіла думкі, як загубіць сябе. За акном гулі вятры. лютавалі сіберныя стужы – вылезь ноччу ў віхурнае поле ці ў лес, i ўсё кончыцца ўраз. Можна сесці, скурчыцца, заснуць; сны, кажуць, сніцца будуць толькі. Не страшна i не балюча, i зразу стане легка. Канец усёй пакуце зразу… Пад поўнач ціха выбралася ў калідор – санітарка спала на састаўленых табурэтках; асцярожліва, на пальчыках абмінула яе – дзверы былі замкнёны, але тырчаў ключ; хапатліва крутнула ім i, нічога ўжо не цямячы, рынулася ў сенечкі, за імі – у ветраную цемень, у сівер. Санітарка потым гаварыла: бразнулі дзверы, моцна пайшоў холад; Хадоську здагналі за агародкаю, у хвойніку, у снезе – можна сказаць, у ад ной сарочцы.
На другі дзень прыехала маці, адразу ж дачулася пра Хадосьчыну ноч; i ці дзіва – уся бапьніца гула пра гэта. Чулае матчына сэрца ўміг зразумела, што задумала дачка; глядзела на Хадоську вачыма, поўнымі болю i слёз, божкала, жахалася, благала: "Рыбачко Хадосечко!.. Што ж ето ты, галовачко, удумала!.. Бацьку, матку не шкадуючы, брацікаў, сястрычак!.. Ці ж мы не глядзелі цябе, як вока сваё! Не любілі, не шкадавалі хіба?! Як жа ж ты ўдумала такое!.." Хадоська слухала, але нібы не разумела нічога; не было ў ёй ні шкадавання аб сваім учынку, ні жалю да маткі – да ўсяго яна чула, як нешта сціскае, ломіць яе, поўніць усю такім холадам, што вось-вось не ўтрываеш, закалоцішся, бы ў трасучцы. Яна заплюшчыла вочы, паказала матцы, што спіць. У нястрымнай ліхаманцы яна не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Увечары холад раптам прапаў, цела яе стала гарэць, зрабілася так душна, што не было як дыхнуць. Праз нейкі гарачы туман бачыла яна доктара, якога паднялі сярод ночы, абыякава, бы з далёкай далі, чула, як ён мацаў ёй лоб, ставіў градуснік. Доўгую, бясконцую вечнасць, у якой не было ні днёў, ні начэй, не было нічога зразумелага, кідалася яна ў нясцерпным агні, у нейкіх блытаных, жахлівых відовішчах, стагнала, мармытала, крычала нешта; дактары казалі потым, што была ўжо трохі не на тым свеце.
Апрытомнела яна сонечнай, вясёлай раніцай – на марознай шыбе зіхцелі радасныя іскрачкі-зоркі. Ачнулася з дзіўнай, нечуванай лёгкасцю, бясхмарнасцю – ляжала, здавалася самой, лёгкая, бы тая пушынка: шапні вецер – i паляціць! Яна той раз ляжала так нядоўга, бо непрыкметна ўзяў сон, такі ж лёгкі, як i ява. Наступнымі днямі тая ж лёгкасць была ў ёй, не адыходзіла: ні аб чым не думала, нічым не турбавалася. Як бы іншы свет стаў: i марознае святло праз шыбы, i белая баковачка, i дактары, нават той, галоўны, з чырвоным тварам. Інакш спаткала яна i шчаслівых бацьку i маці: пачула нешта цёплае, святочнае, мілае. Бацька больш маўчаў, адно вачэй давольных не зводзіў, a маці гаварыла-гаварыла, аж захліпалася з радасці: "Не пушчалі нас! Не можно, маўляў, к ёй! Дохтар не вялеў, каторы галоўны, маўляў. A адзін раз я ўпрасіла самого, каторы галоўны. Плачам умаліла, штоб пусцілі. Прыйшла. А ты – i спіш i не спіш, губкамі ўсё мыляеш, як бы піць хочаш. Губкі – відно – гарачыя, сухія. І так голаву павернеш, i так – бы ляжаць нядобра, нязручно. І як пабачыла я – горно мне стало так, аж глядзець не магу. Слёзы так i бягуць. "Хадосько!" – кажу ціхо так i аж заходжуся. А ты як пачула, ці што, вейкі задрыжалі, расплюшчыла трохі вочы. Глядзіш кудысь угору, а вочы – няцямныя, змучаныя. "Донечко, рыбачко мая!" – кажу. А ты – як глухая. Бы не пазнаеш, бы я чужая! Вачмі не павядзеш – няцямныя, як нежывыя! "Мамко ж я твая! – кажу. – Мамко твая, чуеш?!" – а ты хоць бы знак які! Паглядзела трохі i саўсім заплюшчылася зноў! Губкамі замыляла, як бы ў роце перасохла, бы вады табе трэба! А там раптам – як застогнеш, як загамоніш – часто-часто! Не разабраць што!.." Маці зноў зайшлася горкімі слязамі, слова не магла больш вымавіць; здалася Хадосьцы нейкай кволай, няшчаснай, аж жаль узяў. Бацька не вытрываў, папракнуў: "От завяла! Па нябожчыку – нібыто!.. Дачка паправілася, а яна!.." Маці ўраз нерастала хліпаць, ражком хусткі выцерла вочы: "Па нябожчыку! A ці ж не была – усё адно што нябожчык! Я ж, можа, i ўспамінаю, i плачу – што рада! Што дочачка усё адно як з таго свету вярнулася!.."
З ахвотаю слухала Хадоська дробныя, але, цяпер здавалася, такія цікавыя, мілыя дамашнія навіны – пра сястрычак i брацікаў, пра матчыны клопаты, ласавалася бацькоўскімі гасцінцамі. Але калі матка з бацькам паехалі, калі падумала, як яны едуць змерзлымі санямі, як выпаўзуць з поцемкаў насустрач ім куранёўскія стрэхі, калі ўбачыла, нібы ўвачавідкі, стрэхі, вуліцу, родны двор, у Хадосьцы разам з прыціхлай радасцю шчаслівай сустрэчы стаў ныць сум. Быў гэта не толькі сум па бацьках – іншае, нядобрае аднекуль улівалася ў яго, захмарвала нядаўнюю бесклапотнасць. Нібы ажываў стары, забыты боль. У той вечар смутнае гэтае прайшло, як далёкая хмара; падступіла, прапаўзло трывожным ценем i прапала. Хадоська заснула без прыкрых думак. Але на другі дзень хмара зноў упаўзла ў яе адзіноту. Нядобрае, нежаданае, якое не хацелася i заўважаць, чаплялася за яе, брала ўсё мацней, усё назольней, нагадвала, малявала, прымушала разважаць. Зноў вярталася з небыцця Захарыха, вяртаўся сцюдзёны, страшны дзень, ажывалі, білі Яўхімавы словы. Згадкі паўзлі блытана, шматкамі, у тумане, такім халодным, пранізлівым, што ў Хадоські ўсё ледзянела, брала прыкрае бяссілле. Спачатку ёй як бы не хацелася верыць згадкам, бы нядобраму сну. Але ўспаміны, наперакор ёй, лезлі i лезлі, усё больш ярчэлі, шырэлі, усё больш хмарылі, трывожылі. Ca скрухай, праз засень неадольнай трывогі бачылася ёй зноў сонечная ядраная чырвань на шыбах, на сцяне; нярадасна, холадна глядзела ў куточку верхняй чыстай шыбы абмерзлая калючая лапа хваіны. Сумна, маўкліва назірала Хадоська за жанкамі-суседкамі, слухала ix нецікавыя гамонкі. Жанкі побач былі ўсё "новыя": тыя, што ляжалі раней, паразыходзіліся па сваіх хатах, але перамена гэтая не супакойвала Хадоську; i да гэтых была ў яе асцярога.
Цяпер Хадоська ўжо не шкадавала пра чорную процьму глінішчанскага азярца, не строіла сабе думак, як уцячы, загубіць сябе. Ёй цяпер нават успамінаць пра тое, як яна ледзь не замерзла, было страшна; немаведама куды прапала нядаўняя рашучасць.
Хадоська чула ў сабе дзіўную аслабеласць, кволасць. Ад гэтай кволасці, ад бездапаможнасці сваёй перад бядою, якая не адыходзіла i дзень i ноч сцерагла яе, Хадоську часта браў адчай: накрыўшыся з галавой коўдраю, уткнуушы твар у падушку, яна душылася ціхім, горкім плачам. Пякучымі слязамі аплаквала Хадоська бесклапотную радасць сваю i даверлівасць, сваю няўдалую маладосць, з якой яна нібы развітвалася назаўжды. У першыя дні, заўважыўшы, што яна плача, жанкі звалі яе, супакойвалі, але яна не адгукалася; тады яе перасталі чапаць, не гаварылі пустых слоў, не назалялі, далікатна, разумна маўчалі. Выплакаўшыся ўволю, яна звычайна спакайнела сама i засынала пад коўдрай.