355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 19)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 38 страниц)

5

З гэтага дня ў Глушакоў зноў узгарэлася вайна.

Не мінала дня, каб Яўхім не лаяў, не біў Ганну, злосна, бязлітасна. Як заўсёды, яна цярпела гэтае біццё моўчкі – толькі вішнёвыя вочы гарэлі ўпартым, нядобрым агнём. Разам рабілі Ганна i Яўхім у гаспадарцы, разам сядзелі за сталом, ляжалі ў ложку, a былі як бы аддзелены непераходнай мяжой. Былі як ворагі скаваныя адным путам.

Цяпер вечарамі Яўхім часта прападаў у Ларывона. Яна тым часам упоцемку клалася спаць, але сон не браў – з цягучай, няўціхнай тугою, як пакуты, чакала, калі затупаюць на ганку яго боты. Не адзін раз паўтаралася адно i тое ж: загадзя ведала, што будзе, калі ён, п’яны, пануры, прыцягнецца.

Яўхім вобмацкам сунуўся да ложка, важка садзіўся, соп, сцягваў боты. Боты не слухаліся, ён нецярпліва мацюкаўся, сцягнуўшы, кідаў водмаш, грымотна, лез пад коўдру.

Ганна чула едкі, дурнотны пах самагонкі – яго цяпер звычайны пах, чула натужнае, злое сапенне, ляжала нерухома, паказвала, нібы спіць. Але яго гэта не толькі не стрымлівала, а злавала больш.

– Сука! – кляў ён. – Гадзіна! – у розныя вечары словы былі розныя, але сэнс ix быў звычайна адзін. – І знайшла каго! Прамяняла на каго! На ету гніду!..

Яна не гаварыла нічога, не толькі таму, што ён не любіў, каб пярэчыла. Не хацела, не магла вінаваціцца, апраўдвацца, не шукала сцежкі да прымірэння. Нават калі ён, звярэючы ад яе маўчання, непадатнасці, пачынаў шалёна гнуць ёй плечы, круціць рукі, трывала боль, не прасіла літасці. Толькі часам, калі цярпення не ставала больш, гразілася, што пойдзе ў раён скардзіцца ці ўцячэ…

– Ткніся толькі туды, у раён! – сіпеў Яўхім. – Толькі папробуй, дак – пабачыш!.. Папробуй уцекці! На вяроўцы прывяду! Як суку паганую!.. – Не адзін раз, як бы ўжо цвёрда надумаў, гразіўся – Заб’ю! Зарэжу, калi што якое!.. Няхай арыштуюць, засудзяць, хоць у Салаўкі сашлюць! Пляваць! A ўсе адно не жыць табе, калi што якое!..

Бачыла, што не пляце попусту, што, калі прыйдзецца, спраўдзіць сваю гразьбу, – то таіла страх у сабе, аж ляжаць спакойна не магла побач, то чула лёгкасць, бясстрашнасць: чаго ёй дрыжаць за такое жыццё, няхай яно прападзе пропадам! Адно не мянялася ў Ганны: хоць ведала, што не толькі злосць i лютасць жывуць у ім да яе, ні на міг не иашкадавала Яўхіма, не зжалілася над яго дурным каханнем. Бы агнём выпаліла ў Ганнінай душы спагаду, шкадаванне да яго.

Чуючы, як ныюць плечы, баліць усё цела ад Яўхімавай "ласкі", цешылася ўспамінамі пра спатканні з Васілём, радасцю сустрэч, i такіх яшчэ блізкіх, чутных, i тых, якія, здавалася, даўно ўжо нібы забыліся.

І весела, горка было ад тых згадак. Што б яна аддала цяпер за тое, каб зноў вярнуць бесклапотнае, неразумнае шчасце, якое некалі само ішло да яе! Каб не Яўхім, a Васіль от так быў побач – няхай маўклівы, хмурны, недавольны якою няўдачай, часам няхай – несправядлівы, недаверлівы да яе, але ўсё ж – жаданы, любы, родны. Адзін – любы, адзін – родны, адзін на ўсім свеце.

У цёмнай, душнай цішыні бяссонных начэй упарта, учэпліва церабілі Ганну думкі-мары: як бы зноў спаткацца, хоць на момант, хоць адным словам перамовіцца! У гарачай, растрывожанай галаве, як сон увачавідкі, узнікалі добрыя, шчаслівыя малюнкі: сустрэліся раптам, калі ішла па загуменню да сваіх. Нікога навокал, толькі ён ды яна; Васіль так рады ёй, што відаць – чакаў, не мог дачакацца. Стаіць, маўчыць, толькі цісне руку, так балюча цісне, што трываць, здаецца, няможна. Але ёй як бы i не баліць, няхай цісне, няхай!.. А вось – на вячорках яна, прадзе з жанкамі кудзелю. Зайшло некалькі мужчын пагаманіць, i ён сярод усіх. Сядзіць, маўчыць, слова ёй не кажа. І яна маўчыць, не зірне нават на міг – ведае, што жанкі сочаць. Не глядзіць на Васіля, а сама ўсё бачыць. Усё разумее, як бы думкі яго чуе. І ён як бы чуе… Узяла прасніцу, пайшла нібы дадому… Ён неўзабаве за ёй… Зноў – удваіх, як калісьці каля плота… Цемра, дождж імжыць, a ім добра-добра…

Думкі-мары раз-пораз спыняў, цверазіў одум – разважная, разумная, ведала: пустыя яе спадзяванні, хваравітыя сны. Пустыя – не таму, што за ёй сочаць, што ў няволі яна, а больш таму – што не вольны ён.

У такія хвіліны здавалася сабе страшэнна, безнадзейна адзінокай. Душу паліла роспач, i з крыўдамі, што поўнілі Ганну, усё часцей упаўзалі, апаноўвалі, трывожылі ліхаманкавыя думкі: кончыць усё разам, у адзін момант! Трохі страху, нядоўга болю – i ні Карчоў, ні пакуты ніякай не будзе! Чортава вока на глінішчанскім возеры супакоіць ураз!..

За хвілінамі безнадзейнасці i адчаю прыходзілі вера i рашучасць: не ўсё яшчэ прапала! Усё можна яшчэ паправіць: свет вялікі, ёсць у свеце месца для яе i Васілёвага шчасця! Ці ж не бачыць яна, што не любіць Васіль сваю Маню!

Пазваць, пайсці з ім хоць на край свету, к шчасцю свайму!..

Як ніколі, нямілая была ёй цяпер Глушакова дамоўка. Як у няволі, у палоне, акружанай з усіх бакоў ворагамі чула сябе Ганна дзень пры дні. Як i раней, рабіла яна, што трэба было, але рабіла нібы заведзеная, поўная ў душы непрыхільнасці i нянавісці да ўсяго, што было Глушаковым дабром, Глушаковай уцехай. Не раз, не два кляла яна ў думках Глушаковы хлявы, Глушакова гумно, Глушаковых свіней, авечак, Глушаковых сабак. Кляла, звала з маўклівага неба пагібель на усё.

Цэлымі днямі, было, не перамаўлялася яна ні з кім хоць бы словам, не глядзела ні на кога. Не спрабавалі загаворваць з ёй i яны, толькі адзін Сцяпан немаведама чаму хіліўся да яе, ліп адданымі вачмі – але яна як бы i не заўважала ні яго прыхільнасці, ні самога яго.

Так i жылі: маўчалі, калі пораліся ў хаце, калі рабілі ў хлявах, у гумне, маўчалі за сталом. Усюды i заўсёды былі чужыя, нядобразычлівыя – непрыяцелі, якіх лёс, нібы на здзек, звёў у адной хаце.

6

У той самы дзень, калі чутка пра сустрэчы Васіля i Ганны ўлезла ў Глушакову хату, прыйшла яна i да Дзятлікаў. Першая даведалася пра гэта Васілёва маці, якой перадала нядобрую навіну Нібыта-Ігнаціха. Занепакоеная, устрывожаная вельмі, Дзятліха i знаку не падала таго, якім важкім каменем легла ёй на сэрца небяспечная бяда.

Не паказвала яна трывогу i сваім; толькі з таго, як паглядвала час ад часу то на Васіля, то на Маню, як сачыла за імі, можна было б здагадацца, што гняце, паліць яе бяда. Тоячы страх свой, як ніколі лагодна хадзіла яна каля Мані, чым толькі магла, старалася памагчы, дагадзіць – нібы старалася пацешыць, парадаваць за крыўду, што зрабіў Васіль.

– Харошы які! – хілілася пры Мані над калыскаю з Васілёвым сынком. – Агу, агу!.. Разумны ж які!.. Такі малы, a ўжэ знае, што да чаго!.. Смяецца! Агу, агу!..

Маня, як заўсёды, паволі, быццам ляніва, рабіла сваё, паволі, быццам ляніва, насіла папаўнелае цела. Васілёва маці, што ўвагі не зводзіла з яе, гонячы трывогу, знарок супакойвала сябе: "Не знае нічого"; супакойвала сябе, але супакаенне не прыходзіла: чула. што блізка тая пара, калі да яе, да Мані, усё дойдзе. Дойдзе, не абміне – i да бацькі, i да яе прыйдзе. У Дзятліхі проста з рук усё валілася.

За цеснай халупай, у якой яны яшчэ туліліся, цюкалі сякеры, был i чуваць мірныя галасы працы: стаўлялі новую хату. Зруб быў ужо складзены, рабілі кроквы: глядзі ды радуйся, здаецца, – от-от можна будзе перабрацца! А тут раптам – такое! І каб стаўляў кроквы іншы хто, а то ж Пракоп сам, Манін бацька, з сынам Пятром – Маніным братам. І лес вазілі, i чысцілі бярвенні разам, разам складалі; i склалі ж – глядзі – не наглядзішся: відная, прасторная, на дзве палавіны, хата, якой век не было б у ix, Дзятлікаў, адных. Нарадавацца не магла з Васіля: дабіўся свайго, дабіўся, чаго хацеў,– у людзі, лічы, выйшаў; сам выйшаў i сям’ю ўсю выцяг! І от – на табе!.. Забыў даўно, думала, Ганну тую, забыў – i ўспамінаць не ўспамінае; аж не, аказваецца – i не забыў i не астыў. Зноў загарэўся, зноў пацягнула да той – як на бяду! То-та смутны быў апошнім часам, усё таіў нешта, усё тупаў без ранейшай ахвоты, хмурыўся, бы ў нейкім одуме! Яна гадала, што за прычына, баялася: захварэў, можа, – аж от яна, тая хвароба!..

Даўно не было ў Дзятліхі такога неспакою, як у гэты дзень. То каля Мані хадзіла, то выбягала на двор паглядзець на Пракопа з Пятром, на Васіля: Пракоп з сынам рабілі, як раней, спакойна, нічога яшчэ не ведалі. Сачыла за вуліцай, за суседнімі дварамі: здавалася, хто ні ішоў міма, вельмі ж цікаўна, усмешліва зіркаў у вокны, на зруб, на якім рупіліся мужчыны.

Як ніколі багатага баршчу наварыла, хлеба наибольшую буханку дала, сала добры кавалак дастала, парэзала на скавародку. Калі ўнесла з каморкі потную бутэльку гарэлкі, абцёршы фартуком, паставіла на стол, Пракоп аж вочы з-пад чорных навісаў-броў упяў здзіўлена.

– Пагрэйцеся бо з холаду! – сказала чула, зычліва.

Пракоп прамаўчаў, a Пятро давольна пакруціў галавою, засмяяўся:

– Расшчадрыліся нешто вы, цётко! Ці не ўлазіны ето рабіць хочаце сягоння?

– Aгe, улазіны! – ледзь не вырваўся ў Дзятліхі сумны подых; яна адразу ж адагнала сум, пажартавала: – Баюся от, штоб гарэлка не усохла! – Дзятліха клапатлівай гаспадыняй захадзіла каля Пракопа i Пятра. – Пагрэйцеся бо, шчырыя вы нашы! Холадно ж нешто стало. І восені, можно сказаць, небагато, a ўжэ гак холадно!.. Ето ж i ўнізу, як дыхне вецер, дак бы працінае холадам!.. А там, угары, дак i скалець, мабуць, нядоўго?..

– Ды не, не вельмі. Няма калі мерзнуць! – весела адказаў Пятро.

– Усё-такі – пагрэцца не лішне!

– Ды, мабуць што, i не лішне…

Толькі ўзялі шклянкі ды кубачкі, як паўз акно праплыла постаць: ляснік Міця. Ляснік не затрымаўся ў цёмных сенцах, прайшоў упэўнена, як у сваіх; упэўнена, як у сваю хату, ускочыў перад ім жоўты абскубаны леснікоў сабака.

Міця ступіў, прыгінаючы галаву, ад парога сказаў: "Памагай Бог!" Не чакаючы запрашэння, паставіў стрэльбу ў сметніку, ахвоча крэкнуў:

– Як чуў! У самы раз!

– Aгe. Угадаў, Міцечко!

Васіль устаў, даў яму месца бліжэй да кута, падсунуў свой кубак. Спакойна, як дома, палез Міця за стол: ледзь не сваім чалавекам стаў з таго часу, калі пачаў нарыхтоўваць Васіль лес на хату.

Спакойна, важна ступаючы, падаўся пад стол i леснікоў сабака.

Другімі разамі Дзятліха, частуючы Міцю, адно дзівілася, як ён п" е – не п’янее, толькі што твар нібы цёмнай крывёю наліваецца; дзівілася, шкадавала потай, колькі гарэлкі, дабра нанішто прападае. Сёння ж яна i на яго глядзела інакш як заўсёды: язык у лесніка дурнаваты, паганы; так i глядзі, сп’яну плясне, чаго баішся!

– Скончыце ўжэ скора! – прамовіў Міця, перакуліўшы кубак, закусваючы хлебам з прэжаным сапам.

– Да ўжэ i небагато, сказаць! Толькі што халады падступаюць, бы на вараных! – адгукнулася жвава Дзятліха.

Трывожачыся, каб Міця не пляснуў чаго, яна як пачала, дык i не спынялася амаль, гаварыла абы-што, абы не маўчаць, абы не даць Міцю развязаць язык. Бывала, яе нямала злаваў жоўты сабака, што ўвесь час то круціўся, тоўкся пад нагамі, то нават станавіўся, чапляўся пярэднімі лапамі за край стала, глядзеў зладзейкавата, што б такое ўпарваць. Пракоп зіркаў на гэтага нахабу i сёння панура, раз нават так даў наском пастала, uiтo сабака ўпаў на бок i грозна запрчаў; Дзятліха ж сачыла за кашлатым госцем з незвычайнай лагоднасцю. І гаварыла яму мірна, i костку кінула, i пахваліла нават: разумны які, маўляў, сабака!..

Пачула сябе трохі лягчэй, калі Пракоп, выцершы бараду, палез з-за стала, валка, няўклюдна патупаў на двор. За Пракопам хутка выбраліся з хаты i Пятро з Васілём. Міцю ж i жоўтага сабаку Дзятліха правяла сама да веснічак.

Радуючыся, што ўсё пакуль абышлося неяк, вельмі ж ахвоча прасіла яна лесніка, каб не крыўдаваў, што гарэлкі было мала, каб заходзіў іншым часам, не мінаў хагы…

Бяда ўсё ж прыйшла неўзабаве. Прыйшла адтуль, адкуль найбольш i баялася Дзятліха – проста з вуліцы, проста да Пракопа. Прыдуркаваты Бугай Ларывон, дыбаючы сярод вуліцы – нудны i нечага злы, стаў супроць зруба, крыкнуў задзірыста:

– Доўга корпаецеся нешто!

– А табе – якое свінячае дзело? – адрэзаў з верху зруба Васіль.

– Мне-то – нічого, – Бугай раптам голасна i з радасцю – знайшоў пацеху! – на ўсю вуліцу аб’явіў: – Ганна – недавольна!

Васіль не чакаў гэтага. Ледзь не кінуўся ашалела са зруба, каб учапіцца ў Бугая, але стрымаўся. Насцярожана сачыў, што будзе далей.

– Якая Ганна? – няцямна запытаў Пятро.

Бугай зарагатаў.

– Якая! Што жыць будзе ў етай хаце! Ну, з якой – любіцца! На гумне з якой па начах мілуецца! Калі жонка спіць!..

– Ах ты, с-сволач! – Васіль схайіў абрэзак паплеціны – Бугай ледзь управіўся адскочыць, як яна ляснула ў вулічную храпу.

– Баішся! – Бугай закрычаў яшчэ зларадней, галасней. – Згаварыліся ж, што – к Васілю пяройдзе скора!

– Ты што брэшаш, Бугай наганы! – напала на яго Дзятліха, стараючыся адвесці бяду. – Не бачыш, што ў яго жонка, што дзіця ў яго!..

– Жонку ету ён выгане, кажуць!

Адгукнуўся ўжо са зруба Пракоп:

– Хто кажа?..

– Усё сяло!..

З кляцьбой i пагрозамі Дзятліхі Ларывон адразу, давольны, падыбаў па вуліцы. Лясун, угкнуўшыся чорнай барадой у грудзі, нейкі час яшчэ моўчкі, панура, як аглушаны, цюкаў сякераю. Потым выпрастаўся, таксама ж моўчкі пасядзеў нерухома, стаў няўклюдна злазіць. Як бы па нячутнай камандзе, палез услед за ім i Пятро.

Васіль астаўся наверсе – усім сваім выглядам паказваў, што не хоча ведаць нічога, жыве клопатам пра хату.

– Не слухайце бо! – кінулася да Пракопа Дзятліха. – Брахня ўсё ето! Гад еты, Бугай, – ад злосці ўсе! Злы на Васіля – от i набрахаў! З’есці б Васіля гатоў, не тое што!.. От i набрахаў! Не верце ні слову! Брахня усе!..

Чуў ці не чуў Пракоп – невядома было: упяўшы некуды ўпарты позірк з-пад навіслых броў, стаяў як скамянелы – хоць бы адна жылка на твары варухнулася! Не сказаўшы ні слова да Дзятліхі, спадылба павёў вачыма на дачку: Маня стаяла неяк па-дзіцячы разгубленая; тоўстыя мокрыя губы крывіліся крыўдаю, белыя вейкі дрыжалі – вось-вось заплача!

Чула ўсё, што казаў Бугай. Чакала падмогі, падтрымкі. Пракоп i ёй не сказаў слова, з тым жа скамянелым, панурым тварам адвярнуўся, паволі, валка пацёгся на вуліцу. Дзятліха яшчэ пайшла побач, яшчэ не траціла надзеі працяць Лесунову нячуласць…

Адарвалася ад Пракопа, пабрыла назад у роспачы. Ужо ў двары схамянулася, стала, глянула туды, куды пайшоў Бугай, паслала наўздагон:

– Штоб табе астатнія мазгі высахлі, гад падкалодны!

Убачыла Маню, што усё стаяла сярод двара, ціха, жаласна хліпала, – захадзілася каля яе:

– Не слухай нікого! Не думай попусту! Ад злосці ўсё. Мало чаго не наплятуць – ад злосці. Не слухай нікого, рыбачко!.. Хадзем бо! Кеб малое не выпало з калыскі, крый Божа!..

Маня адно хліпала, як шчаня. Хліпаючы, бязвольная зусім, нібы ў сне, i падалася з Дзятліхай у хату.

7

Hi Валодзька, ні дзед Дзяніс яшчэ не ведалі пра бяду: абодва былi ў полi, глядзелі пчаліныя кал оды перад зімою.

Калоды, праўда, былі ўжо ўцеплены, але дзеду Дзянісу – ведаў Валодзька – карцела яшчэ паглядзець, праверыць усё: баяўся дзед, каб не забыў чаго, ходзячы першы раз, – памяць старая, тым часам, i падмануць магла! А падмануць было ёй няцяжка: калод меў дзед якніяк сем штук i стаялі яны па ўсёй зямлі – на ўзлессях. на пол i, усе на дрэвах высока. Пакуль даедзеш ад калоды да калоды, пакуль узлезеш!..

Валодзька ездзіў з дзедам не так сабе, не з пустой ахвоты. Памагаў ставіць драбіну да дрэваў – яна была важкая i доўгая! – трымаў драбіну, калi дзед асцярожна лез з папярэчыны на папярэчыну; памагаў дзеду несці яе на воз.

Ехаць было добра, а стаяць, трымаць драбіну – брала нуда i стыл i рукі. Але Валодзя не скардзіўся – ці ўпершыню было цярпець яму нудоту i нядобрае: не адно ж ужо лета з дня на дзень пасвіў свіней, каня нават пасвіў, i мок, i стыў у полі, сцярог – як прывязаны быў пры ix. Спярша цярпець нуду гэту была пакута страшная, а потым – прыцярпеўся, звык: нічога не зробіш, памагаць трэба, зарабляць на хлеб. Не малы ж ужо – не век жа есці хлеб дармовы, сядзець на чужой шыі!

Словам, цяпер гэта быў не той бесклапотны малы, які адно ведаў: хачу гуляць, хачу есці; ведаў Валодзя цяпер, што, акрамя гэтага спакуслівага – хачу, ёсць у чалавека непрыемнае, але неадменнае, абавязковае – трэба. Не заўсёды "трэба" перамагала "хачу", але ён ужо добра чуу, што "трэба" – важнейшае, што не лічыцца з ім няможна…

Так, на выганах i на пашах зазнаў малы чалавек вялікую супярэчнасць чалавечага жыцця. Зазнаў ён i складанасць свету, складанасць становішча чалавека ў ім. Запісаны ў Алешніцкую школу, за тры месяцы ён пасядзеў на лаўцы ў першым класе толькі якіх дзесятак дзён: іншыя дні то памагаў на гаспадарцы, то – у слату, у дождж – сядзеў у хаце (не было ў чым ісці), то гуляў дзе-небудзь з прыяцелямі, аддаўшыся свайму спакусліваму "хачу"…

За тры гады ён вельмі падрос i стаў больш падобны на матку. Як i ў маткі, валасы ў яго былі бялявыя; аднаго колеру – шэра-сіняватага – былі i вочы, не такія, як у Васіля, не хмурныя, падсцярожлівыя, a даверлівыя, лагодныя, з дачаснай задуменнасцю. Гэтая задуменнасць неяк асабліва прыкметна была ў малым, была як знак таго, што чалавек глядзеў на свет сур’ёзна, стала, разважна…

– Дзед, – сказаў ён, калываючыся разам з калёсамі на ямках i купінах, – а ў Жалудка – у настаўніка – вуллі, як хаткі. І – проста па зямлі стаяць, у садку…

– У калодах ім лепей. Зацішней. Не так трывожно…

Валодзя, што кіраваў канём, аб’ехаў яму, памаўчаў, падумаў аб нечым сваім, запытаў ціха:

– Яны – вельмі трывожныя? Болей за людзей?

– Болей!.. – Вочы дзеда бліснулі жвава, весела. – Шчэ якія трывожныя! У ix нутро, тым часам, хоць маленькае, а – чуткае, страх! Далікатнае нутро!.. Усё чуюць! Любіш ты ці не, рады ты ці смутны! Усё, зразу!..

Валодзя не сказаў нічога, адно задуменна пазіраў з-пад раскіслага, падобнага на сабачае вуха казырка.

Дзед памаўчаў трохі, прамовіў, давольны:

– Еты год пчолам зіма не страшная будзе. У калодах цёпло, што ў добрай хаце! Хай ім хоць які холад – баяцца нечаго! І яды, тым часам, хваціць! Да самага лета мёду аставіў – той раз!..

Ехалі ўжо к апошняму – сёмаму – вуллю, калі на дарозе трапіўся Андрэй Руды, які таксама кіраваў некуды на калёсах. Хацелі размінуцца, але Руды спыніў каня, саскочыў, гукнуў дзеда. Падышоў, спытаў, ці даўно ў полі.

– Вы ж, следавацельно, i не знаеце, што ў вас учынілася! – сказаў, нібы радуючыся таму, што выпала паведаміць.

Дзед кінуў позірк з-пад белых броў:

– Што, тым часам, учынілася?

– Учынілася, Дзяніс Ігнатавіч, у вас – та-скаць – асобеннае праісшэствія! – Руды зацягнуўся самакруткай, пусціў носам далікатны дымок. – Праісшэствія – та-скаць – на ўвесь сельскі маштаб! Усё сяло гудзе: раскол у сямЧ Дзятлаў! – Ён перахапіў нецярплівы дзедаў pyx i сказаў: – Маня ідзе да сваіх, a Васіль – ёсць сведзенія – бярэ Ганну Чарнушкаву!

– Як ето – бярэ?..

– Та-скаць, згаварыліся тайно!

Дзед адразу ўзяў ад Валодзі лейцы i, не гаворачы больш нічога, павярнуў каня ў Курані.

Валодзя бачыў, што навіна, пачутая ад Рудога, вельмі ўстрывожыла дзеда: пра пчол нават адразу забыў! Валодзька ж спачатку ўзяў вестку са сталай i спакойнай разважнасцю: ідзе Маня, ну i няхай ідзе! Ён нібы ўбачыў, як яна ідзе на вуліцы, тоўстая, павольная, падумаў ясна: Васіль усё роўна не любіць яе, калі з Ганнай жыць хочацца! А так i Васілю добра будзе, i Ганне, i Мані – бо што ёй за цікавасць з Васілём, як яму другая болей падабаецца! Яна i так колькі наплакалася адтаго, што ён вечна хмурны, недавольны. Цяпер хоць пажыве ціха каля сваіх!.. І ёй добра будзе, i Васілю з Ганнай. Ён тут жа з трывогай падумаў: а з кім жа цяпер астанецца хлопчык – з Васілём ці з Маняю, – i пачуў, што жыццё зноў нагадала пра сваю складанасць. Ён рашыў усё ж, што i гэты вузел развязаць можна так, каб усім добра было: няхай жыве яно трохі ў адных, трохі—у другіх. Яму так яшчэ лепей будзе! За гэтымi клопатамі Валодзю раптам узяла радасць: яны цяпер з Хведзькам – сваякі! Ганна ж – Хведзькава сястра!

Гэта радасць i жыла ў ім найбольш, калі ён ехаў з дзедам к сялу. Яму вельмі не цярпелася хутчэй пабачыцца, падзяліцца вялікай навіной з прыяцелем – Хведзька ж, можа, яшчэ нічога i не знае! Калі ехаў па вуліцы, так i лавіў позіркам, ці не відно знаёмай постаці, так i гнала саскочыць, кінуцца шукаць! Так шкода было, што Хведзька, можа, у Алешніках на ўроках яшчэ!..

Падумаў – зойдзе на хвілінку, пачуе сам на свае вушы ўсё, тады – иабяжыць шукаць, а як Хведзька на ўроках, пабяжыць к фэблі, насустрач! Але калі ўехаў на двор, пабачыў сумную матку, калi ўвайшоў у хату, убачыў заплаканы, няшчасны Манін твар, – пачуў, што радасць ураз выцекла, як вада з далоні між пальцаў. Жаль вялікі ўзяў за Маню: не рада ж яна, вунь як бядуе! І матка – як бы нябожчык у хаце!

Хацеў нават зразу сысці з хаты, але маці заўважыла, пазвала: дала есці.

Адтаго, што Маня сядзела на палацях каля калыскі ды хліпала, яда была не ўсмак. Пасёрбаў баршчу так, для прыліку, каб матка не гаварыла нічога, хутчэй вылез з-за стала, выйшаў на двор. Адышоўшы ж ад двара, стаў на вуліцы, поўны вялікай, цяжкай супярэчнасці.

Было так шкада i Мані, i магкі, што ісці да Хведзькі ўжо не хацелася. Ён i не пайшоў да Чарнушкаў, падаўся на выган, з выгану на ўзболатак, але ад хмызняку павярнуў назад, пацёгся прыгуменнай дарогай. Ішоў сам, не ведаў куды. Не ведаў, што рабіць. Чапавек быў зусім збіты з тропу.

Пастаяў на сваім прыгуменні, залез у гумно, ушыўся ў салому. Сядзеў ціха, моўчкі, з нейкім супакаеннем слухаў, як пахне жытняю саломаю, халодным токам, старым дрэвам. Пад застрэшшам круціліся, ціркалі вераб’і, i гэтае знаёмае цірканне таксама як бы супакойвала. Але сядзець неўзабаве надакучыла. Калi зноў цягнуўся на святло, на прыгуменне, з усіх прыяцеляў успомніў аднаго Хведзьку. Іменна Хведзькі не хапала цяпер яму. Адзін Хведзька патрэбен быў.

Усё ж ішоў на Чарнушкаў двор без ранейшай вольнасці, з невядомай трывогай i асцярожнасцю, як бы чагосьці баяўся. Зусім забаяўся, калі рагітам убачыў не каго іншага, а Хведзькаву матку, калі тая так зіркнула, што ледзь не кінуўся наўцёкі. Хведзькі не было, i ён, самотны, падаўся на выган, потым у хмызняк. Чалавек усё не знаходзіў сабе месца, жыў адно толькі тым, што выглядваў, ці не відно дзяцей на дарозе, ці не вяртаюцца са школы.

Хутка i гэтае выглядванне надакучыла, падаўся насустрач, дайшоў да цагельні. Толькі калi ўбачыў на грэблі купку малых, стаў, цярпліва i хмурна пачакаў. Хмурны ж падышоў i да Хведзькі, моўчкі пацёгся побач, сярод хлопцаў i дзяўчат у світках, у каптанах, з торбачкамі,– адзін унураны, сур’ёзны ў дураслівай, гаманкой чародцы. Ужо ля сяла адвёў Хведзьку ўбок, сказаў са сталай стрыманасцю:

– Знаеш, мы з табой, мабуць, будзем сваякамі…

Хведзька шмаргануў чырвоным з чарнільнай плямай носам.

– Чаму ето?

– Васіль праганяе Маню. Ганну вашу хоча ўзяць за жонку.

Хведзька толькі зірнуў заклапочана:

– А як жа Яўхім яе?

– Яўхіма яна, мабуць, кіне.

– От добра! – сказаў Хведзька.

Валодзя як бы прасіў парады, помачы, прызнаўся нявесела:

– Добра-то добра, ды яна не хоча – Маня! Плача!

– Ну i няхай плача! – проста рашыў Хведзька.

Валодзю не вельмі ўсцешыла гэта рашэнне, але яму ўсё ж стала спакайней. Раптам найшла вялікая любасць да Хведзькі. Абодва любілі адзін аднаго ў гэты момант, як ніколі, пяшчотна, моцна. Шчаслівыя, блізкія, як ніколі, ішлі ў сяло: родныя ужо, можна сказаць, людзі!

Калі Хведзька пайшоў у хату – кінуць торбу з букваром i сшыткам, пад’есці, Валодзька астаўся чакаць на выгане. Баяўся, што матка затрымае прыяцеля, не пусціць, але Хведзька хутка прыбег. Удваіх – поўныя радасці неспадзяванаму свайму сваяцтву – шасталі па хмызняку, па прыгуменнях, пакуль не разлучыла халодная цемра.

Дома ж, калi Валодзька залез пад коўдру, ледзь улавіў Маніны ўздыханні ды хліпы, нядаўняя радасць ураз растала. Узяла зноў вялікая маркота, лёг на душу жаль. Якніяк, шкода вельмі яе, Мані! Спачуваючы ёй шчыра, прагнучы неяк памагчы, Валодзя падумаў разважна: а чаму б не зрабіць так, штоб i яна, Маня, не ішла з ix хаты нікуды, i Ганна штоб жыла тут з Васілём. Калі ўжо ім абедзвюм з Васілём быць хочацца. Услед за гэтым падумаў: чаму канешне ў кожнага па адной жонцы? Уздыхнуў сам сабе: карміць, мабуць, дваіх не накорміш!..

Амаль тады ж, калі сышоў з двара Валодзя, дзед Дзяніс з вінаватым i лагодным выглядам, з лутавым карцом мёду пакльшаў к Пракопу. Вярнуўся ён поцемкам, стомлены i ціхі. Васілёва маці, што чакала яго ля варот, хоць пачула, што невясёлы ён, не ўтрывала:

– Што яны?..

– Што! Яна, тым часам, нічого. Мірно. Ён, Пракоп, як камень, – слова не выціснуць. Злы вельмі!..

Убачыў упоцемках Васілёву постаць, цвёрда пайшоў да яго, заявіў строга:

– Жаніўся, тым часам, дак аднаго дзяржыся! Хваціць бегаць!

Васіль павярнуўся, моўчкі падаўся ад яго…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю