355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 37)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 37 (всего у книги 38 страниц)

3

Адразу на гэтым яны разышліся. Ганна падапася назад у Курані амаль не бегам. Ногі яе, здавалася, ледзь дакраналіся вымачанай дажджамі, схаладнелай зямлі; у руках, ва ўсім целе чула яна нецярплівую, радасную дужасць, нястрымнае імкненне.

Але не прайшла Ганна i паўвярсты, як раптам з бегу-лёту стала, азірнулася. Неспакойны позірк ляцеў ужо туды, з тугою, з нецярплівасцю лавіў далеч дарогі. Параскі не было відаць. Тырчалі адно сосны ды вербы на могілках.

Вецер біў у твар, у грудзі, i Ганна хілілася насустрач яму i хіліла галаву ўперад; вельмі было падобна, што яна намерылася кінуцца за Параскаю. Ад ветру вочы жмурыліся, i гэта яшчэ дадавала твару рашучасці.

"Куды я іду? Чаго іду?! – мітусіліся ў ёй думкі.– Бацьку сказаць? Нашто? Паможа хіба чым! Ці ўсцешыць ето яго? Прыйдзе час, дазнаецца пра ўсё!.. Скажаш зараз – шчэ да мачыхі дойдзе! Шуму-ляманту нагоніць!.. Дабро пайсці забраць? Шкода мне таго дабра цяпер! Што леташняга снегу! Хай яно згарыць, прападзе пропадам! Разам з Карчамі!.. Не, забраць трэба! Якое яно ні е, там – матчыны ж чаравікі! Штоб яны ў Карчоў прападалі!.. Ды i то – кохту хоць ды спадніцу чыстую б мець! Пераадзецца ў нешто ж трэба будзе!.. Забраць трэба!.. Мог бы, канешне, i бацько ўзяць! Але толькі i не хапае яму такого клопату! Вельмі рады будзе паказацца ён там, пасля ўсяго! Ды i вырвеш у ix патом!.."

Калі ішла к сялу, што нібы цікавала панурымі акенцамі, дварамі, стрэхамі хат i хлявоў, чула, як у грудзі паўзе i паўзе трывога. Трывога заныла i калі зірнула на родную хату, на купку чорных ігруш, на двор, па якім з хлява ішла мачыха. Трывога яшчэ памацнела, калі пайшла загуменнай дарогай, бліжэй i бліжэй да Карчоў.

"Трэба выбрацца так, кеб i не заўважыў ніхто. Штоб i падазрэння не було ніякаго… Канешне, штоб на дарозе ні старого не було б, ні Яўхіма. От, можа, зараз i зрабіць, Яўхім, пэўне, яшчэ не вярнуўся!.. Забраць матчыны чаравікі, андарак, кохту, – i ўсё. І нічога болей!.. І сысці хутчэй, нікому нічого не сказаўшы!.. Лесам сысці, штоб не бачыў ніхто! Штоб не ўчаніліся зразу!.. Патом, канешне, знайдуць! Але няхай патом грозяцца, калi не адна буду! Калі пад аховай, з Параскай!.."

"А прыбяжыць! Прыбяжыць жа! – падумала пра Яўхіма. – Не саступіць так! – У грудзі папоўз страх. – Прыляціць туды, як звер ашалелы! Што яму тая школа, што Параска!.. – Супакоіла сябе – Прыляціць – няхай прылятае! Няхай! Не вельмі ўкусіць!.. A i ўкусіць – усё адно! Усё адно ўжэ цяпер!.. Горай не будзе!.."

Яна была ўжо на Глушаковай сядзібе. Вочы дзіўна чула лавілі ўсё, што праходзіла каля яе, адзначалі. Гумно зачынена, стары, мабыць, у свірне. Не, i ў свірне нікога; i хлявы зачынены. Яшчэ ад свірна выглядвала, хто на двары; каб Яўхім, не дай Бог, не тырчаў ужо. Не прыпёрся не ў час.

Сцяпан пад павеццю калоў дровы, выпрастаўся, глядзеў на яе. Яна нібы не заўважыла, нібы з заўсёдным спакоем прайшла міма. Каля хаты стары закопваў падпірку к слупу; слуп у зямлі згніў, i плот валіўся. Корч на момант адвярнуўся, трымаючы жалязняк, востра зіркнуў. Прамаўчаў.

Ганна цвёрда ступіла на свой ганак. Хацела адразу падацца на сваю палавіну, але тут выткнулася з вядром свякруха, пераняла:

– Дзе ето гайсала?

Ганна ледзь стрымалася, каб не адрэзаць у адказ нянавісцю; але сцярпела: нашто заядацца, насцярожваць лішне!

– З Хведзькам дома пасядзела…

Не чакаючы, што скажа старая, узялася за клямку дзвярэй. Калі зачыніла ix, падумала: тырчаць, як сычы абое, бы назло! То тупала па пакоі, нібы штосьці робячы, то садзілася на ложак, то зноў усхоплівалася, тупала, – што б ні рабіла, неспакой, нецяргілівасць не аціхалі ні на момант… З неспакоем, нецярплівасцю гэтымі, якія часам апаноўвалі так, што, здаецца, не было як ужо стрымлівацца, паглядвала на двор, на вуліцу, слухала, лавіла гукі з суседняга пакоя. Стары ўсё корпаўся ля слупка, свякруха не вярталася. Яшчэ трохі от так, – i – чаго добрага – суджаны ля варот паявіцца, вернецца ў хату, а гэтыя тырчаць i тырчаць на дарозе!

Нецярплівасць раптам перайшла ў злосць, у рашучасць! Тырчаць, i – няхай тырчаць! Ці канешне асцерагацца ix, туляцца перад імі! Калі на тое, i Яўхіма яна не баіцца! І Яўхім не астановіць яе! Няма ў яе страху!

Проста шуму, гаворкі лішняй не хацелася! Калі ж так няхай тырчаць там сычы старыя! Пройдзе яна i так!.. Ганна разаслала на ложку хустку, паклала матчыны чаравікі, андарак, кофту. Пройдзе i так!

Пачула – хтосьці ўвайшоў у Карчовы сенцы, пазнала – старая. Выглянула ў акно – стары ўсё корпаўся пры плоце…

Старая нешта рабіла ў сенцах, перастаўляла, грымела начоўкамі, вядром.

Ужо калі завязвала моцным вузлом хустку-клунак, пабачыла – старога няма ўжо ля плота. Пачула – стукнула клямка, патупаў па сваёй палавіне. Апранаючы каптан, мімаволі слухала, лавіла – клямка раптам бразнула зноў Стары падаўся некуды! Падбегла да акна: на двары не было, пазнала – ляпнула клямка ў веснічках. Паплёўся на вуліцу! Старая адна ў сенцах. Сенцы перагароджаны, але як толькі Ганна выйдзе у ix, старая пачуе, вытаркнецца на ганак. Быць іншага не можа! Уздыме лямант на ўсё сяло!.. Няхай уздыме!.. І ўсё ж момант чакала, як бы набіралася духу. Перавязала нанава клунак…

Вось жа шчасце: старая ўвайшла ў хату, пашаргала па падлозе. Сціхла. Палезла – здагадалася Ганна – на печ! Падрамаць захацела, карыстаючыся тым, што стары сышоў!.. У чула праз забітыя дзверы важкае сапенне…

На дарозе к гумну, к лесу, толькі Сцяпан! Але Сцяпан – не страшыць. Дарога к гумну амаль вольная!.. Пачула, як часта, быццам падганяючы, закалацілася сэрца.

Можа, удала зусім абыдзецца ўсё. Ганна асцярожна, стараючыся не стукаць, не рыпець падлогай, пайшла праз пакой. Краем увагі адзначыла: на палавіне старых было ціха. Старая адно сапла. Чуючы, як сэрца калоціцца ўсё часцей, усё весялей, як уся становіцца незвычайна імклівая, лёгкая, ступіла на ганак.

У той жа момант замерла: на двор праз веснічкі ўваходзіў Яўхім. За варотамі быў конь, i Яўхім, мабыць, ішоў адчыніць вароты. Яна пачула, як адразу пацяжэла ўсё ў ёй, аж нагам стала нядобра; але адолела гэты свой цяжар. Важка сышла з ганка, падалася дваром к хлявам, к гумну. Не думала, не разважала нічога. Не было чаго думаць. Толькі чакала.

Ён, мабыць, трохі сачыў услед, не мог зразумець, што да чаго. Але варот не адчыняў, сачыў, значыцца. Потым за некалькі шырокіх скачкоў падляцеў да яе, пераняў. Стаў наперадзе: твар у твар.

– Куды?

Так, абы не маўчаць, яна адказала:

– От… схаджу… Праведаю сваіх…

– А ето?

Ён пацягнуў клунак, хацеў паглядзець, што там.

– Ето – не тваё…

– Дай!

– Не тваё, кажу!

Ён тузануў за клунак, з клунка высунуўся чырвоны насок чаравіка.

– Ідзі ў хату, – загадаў Яўхім.

Яна не кранулася.

– Ідзі! Не ўводзь у гнеў.

Ганна хоць бы варухнулася.

– Чуеш?! – закрычаў Яўхім. Каля вачэй яго скура нядобра пачырванела.

– Не крычы! – Ціха, цвёрда яна прамовіла: – Не пайду!

– Не пойдзеш?..

Раптам голас яго заціх. Вочы пакруглелі, пранізліва, восгра закалолi яе. Калолі нязводна, няўхільна.

– А!.. – дзіўна пракаўтнуў ён.

Толькі цяпер дайшло да яго ўсё. Губы яго скрывіліся, задрыжалі, ён на момант разгубіўся.

– От яно што!..

Ён памаўчаў. Штосьці быццам растала ў ім. Цішэй, мякчэй, нібы з вінаватасцю, сказаў ён:

– Ідзі ў хату!

– Не пайду.

Ён пачакаў, перапьггаў, спадзеючыся яшчэ:

– Не пойдзеш?

– Не.

Зноў змоўк. Але тады, як маўчаў, проста ўвачавідкі – бачыла Ганна – мяняўся: цвярдзелі губы, халаднеў, наліваўся злосцю гюзірк.

От, было чаго хавацца, чакаць зручнага моманту! Лес усё-такі звёў, паставіў твар у твар! Не ўхілішся! І – няма чаго ўхіляцца! І так доўга гнулася, баялася! Хопіць ужо!

– Ну от, усё! – сказала дзіўна спакойна. Ступіла, хацела пайсці.

– Усё?!

Ён хапіў яе за плячо. Рука была як жалезная, i позірк шалеў ад нянавісці. "Зараз – ударыць. Зараз…" яна не дадумала, што можа быць зараз. Можа быць, зараз заб’е. Але дзіўна – страху не было… Усё адно! Чым так жыць…

– Пусці!

Мелькам заўважыла: ад павеці, набычыўшы галаву, важка ідзе Сцяпан.

– Усё?!! – Яўхім раптам ухапіў яе за шыю, дужа, з нянавісцю тузануў уніз, люта, са ўсёй сілы ўдарыў наском па назе.

Ганна ледзь устаяла. У другі раз Яўхім ударыць не ўправіўся: на яго, як рысь, увесь падаўшыся ўперад, рынуўся Сцяпан, нецярплівымі рукамі рвануў ззаду за каўнер. Ірвануў так, што Яўхіму ўмомант перахапіла, здушыла горла.

Яўхім крутнуўся, вырваўся, апе Сцяпан рынуўся, насеў зноў.

– Пусці яе! – крыкнуў Яўхіму неяк віскліва, запалены.

Яўхім прасіпеў з лютасцю, з пагрозай:

– Не суйся, смаркач!

– Пусці!!!

Яўхім кінуў Ганну, вырваўся, згарача даў кулаком Сцяпану ў сківіцу – так, што той, ускінуўшы галаву, адляцеў к плоту. Момант які ляжаў, упіраючыся локцямі, нібы цямячы, потым ускочыў, плюючыся крывёю, з гразьбою кінуўся на Яўхіма зноў. І зноў паляцеў к плоту, ды так, што грукнуў аб штыкеціны патыліцаю.

– А-а! – закрычаў ён з болю, злосці, бяссілля.

Ускочыў зноў, намерыўся быў рынуцца к Яўхіму, няцямна выцер далонню рот, зірнуў на яе, убачыў кроў. У вачах яго, рахманых звычайна, паявілася лютасць, штосьці звярына-глушакоўскае; поўны помслівага шалу, Сцяпан шыбануў к павеці.

Ганна, што была ўжо наводдаль, убачыла, як ён ухапіў ля дроў сякеру, трымаючы яе перад сабою, набычаны, нястрымны ў сляпой адвазе, важка, валка рушыў на Яўхіма.

Яўхім, гатовы ўжо кінуцца да Ганны, таксама ўбачыў Сцяпана. Трывожна, нават разгублена стаў. Ступіў некалькі крокаў назад.

– Ах ты, байструк!.. – пагразіўся дзіўна няўпэўнена.

Чуючы, як халадзее ўсярэдзіне, бачачы ўвесь час Сцяпана, павёў вачыма поблізу: каб які-небудзь друк! Кінуўся раптам – пахапліва, як да адзінага ратунку, к плоту, штосілы рвануў штыкеціну.

– Сцяпанко!!! – уварваўся неспадзявана крык жаху.

Глушачыха, узняўшы спуджана рукі, зляцела з ганка. Выцягнуўшы рукі да ix, задыхаючыся ад страху i бегу, з раскудлачанымі на вятры валасамі, без хусткі, з лямантам кінулася да сыноў.

– Сцяпанко!!! Яўхімко! Божачко!.. Сцяпанко!!

Убегла, стала між абодвух, раскінула дрыготкія рукі, нібы аберагаючы аднаго ад другога.

– Сцяпанко! Яўхімко! – пераводзіла зжаханы позірк ад аднаго да другога.

Хутка спакайнела, вяртала моц сваю. З папрокам, загадваючы, выгаварыла абодвум:

– Пакруціліся!.. – Яна падышла к Сцяпану, які стаў ужо нерашуча, узяла сякеру. Тады агледзелася на старэйшага, што трымаў штыкеціну. – Кінь! – крыкнула Яўхіму…

Ганна, што анямела сачыла, чым скончыцца бойка Сцяпана з Яўхімам, як бы схамянулася. Скінула здранцвенне, подбегам пайшла з двара к свірну, к загуменню. Управілася яшчэ ўлавіць увагай, што на двор павалілі людзі…

Неўзабаве то подбегам, то бегам, раз-пораз ускідваючы клунак, які непаслухмяна з’язджаў з пляча, дабралася яна да лесу, пабегла мокраю сцежкаю. Там i тут яна асклізвалася на траве, раз упала, ступіўшы на слізкае карнявішча, выцялася моцна бокам, падрапала скроню аб нешта, але не стала i выцірацца.

Пайшла цішэй толькі тады, калі дабегла да балота. Далей сцежка павяла яе між чэзлага балотнага алешніку i бярэзніку. Вада тут не заўсёды перасыхала i летам, цяпер жа асеннія дажджы яшчэ падбавілі яе. Пад лапцямі спачатку ўгіналася ды хлюпала, потым ногі сталі ўжо раз-пораз правальвацца, усё часцей, усё глыбей; чорная ліпкая гразь, як халодным жалезам, абцяла голы я калені. Ісці хутка, без перадыху станавілася ўсё цяжэй: начала зусім выбівацца з сілы. Сэрца аж заходзілася, ногі падгіналіся, рукі дрыжалі – восьвось выпусцяць клунак.

Але не спынялася. Не магла спыніцца. Хоць знарок падалася па гэтай малаходжанай сцежцы, напрасткі на Глінішчы, усё ўслухоўвалася, ці не чуваць ззаду хлюпання, трэску ламачча, ці не гоняцца ўслед.

Толькі як перабралася на другі бок балота, перадыхнула момант. Нібы гнаў хто, скора перайшла астравок, падалася зноў у гразь, у дрыгву. Вымаклая, знясіленая зусім, дабралася яшчэ да аднаго астраўка, ужо недалёка ад глінішчанскай грэблі. Удзень з гэтага астраўка былі добра відны вербы на глінішчанскіх могілках i нават крайнія стрэхі, але цяпер хутка цямнела. Недалёкая грэбля i тая ўжо толькі ўгадвалася.

У яе ледзь хапіла сілы, каб перабрацца цераз гэту рэшту балота. Часам думала, што ўжо i не выйдзе на сухое: так i ўпадзе ў твань, застыне.

Глінішчанская фэбелька здалася як цуд. Адкуль толькі сілы дадалося, калі пайшла па ёй, цераз масток, паўз пусты выган, паўз чорныя вербы могілак.

Падалася па загуменню. Пайшла тут не таму, што баялася трапляцца на людскія вочы, – не хацела зноў лезці ў гразь на вуліцы.

Школа была на другім канцы сяла, сярод вялікага абгароджанага пляца. Ганна некалькі разоў бачыла яе зводдалеку, калі ехала паўз Глінішчы. Цяпер у школе было цёмна, толькі збоку, заўважыла Ганна, падыходзячы, яснела паска зямлі. Там, за рогам будынка, i праўда, свяцілася акно, завешанае белай фіранкай. Яна знайшла ўпоцемку ганак, ступіла на парог, пацягнула за клямку дзвярэй. Дзверы адчыніліся. У калідоры яна ўбачыла нітачку святла ўнізе, намацала яшчэ клямку.

Ганна адчыніла гэтыя дзверы i ўбачыла Параску, якая сядзела каля стала са сшыткамі.

– От i я…

Клунак выпаў з яе рук.

Толькі ўранку стала як бы прыходзіць у прытомнасць. Хоць i нібы праз туман, стала бачыць, чуць навакольнае.

Усё тут было нязвычна. І вокны вялікія, светлыя, i пляц шырокі за вокнамі, i выгляд балота іншы, як у Куранях. І дом сам быў такі вялікі, са столькімі дзвярыма i пакоямі, што дзіву можна было дацца. Пасярод дома ад ганка ішоў калідор, з якога ў адзін бок жаўцела двое дзвярэй, a ў другі трое. Двое дзвярэй, што налева, вялі ў два праеторныя пакоі, сярод якіх стаялі радамі чорныя, з карычневымі бакамі столікі для вучняў, стаялі на падстаўках чорныя з белаватымі языкамі ад крэйды дошкі. У адным з гэтых пакояў была шафа, поўная кніг i сшыткаў; у другім, на сцяне, вісела карціна з нейкімі зялёнымі i жоўтымі плямамі, з блакігнымі вілюжынамі. Карціна гэта чамусьці называлася картаю i нібы паказвала зямлю нашу, Беларусь…

З другога боку былі яшчэ тры пакоі, у большых з якіх жылі Параска i яшчэ адна настаўніца, Галіна Іванаўна, худая, кучаравая, мабыць, злая; пасярод гэтых двух пакояў ціснулася вузенькая кухня з печчу…

Ганна ледзь управілася з цёткай Агапай, што прыбягала раней кожны ранак сюды, выпаліць печы, як i двор, i калідор, i пакоі сталі поўніцца дзіцячымі галасамі. Дзеці так шумелі, што Галіна Іванаўна некалькі разоў выходзіла са свайго пакоя i крычала, каб сціхлі. Але сціхлі галасы надоўга толькі тады, калі адзвінеў званок i настаўніцы са сшыткамі i кніжкамі зніклі ў класах. Так было ўвесь дзень: дом то аціхаў, то поўніўся такім вірам гоману i крыкаў, што здавалася, як шыбкі трымаюцца. Як каму, а Ганне падабаўся гэты галас, гэтае кіпенне, ён весяліў, бадзёрыў яе. Калі пачыналіся заняткі i з-за дзвярэй класаў чутны былі адно ціхія галасы каго-небудзь з малых ці настаўніц, ёй хацелася крыкаў дзіцячых, ix весялосці.

Сярод гэтага нязвычнага жыцця Ганне больш верылася, што от i для яе пачынаецца інакшае, нязнанае, добрае жыццё. Гэта вера свяцілася ў душы, калі з ахвотай i ўдзячнасцю да Параскі мыла пакой, калі ўпраўлялася на кухні, калі з дзецьмі выцірала столікі, прыбірала пасля заняткаў…

Усё ж радасць i веру ледзь не ўвесь час хмарыла трывожнасць. Ці мыла падлогу, ці поралася на кухні, ці чула, як ціхнуць галасы ў калідоры i на двары, трывожна паглядвала на пляц, прыслухоўвалася да крокаў. Усё чакала: прыбяжыць Яўхім…

Ён прыбег на трэці дзень. Пад вечар, важкі, рашучы, уваліўся ў Парасчын пакой.

– Вам чаго? – пачула Ганна з кухні.

– Ганна – у вас?

Ганна пазнала: ён. Выведаў, знайшоў… Не здзівілася: каб ён ды не знайшоў, ды адступіўся так адразу!

– А вы – хто? – запыталася Параска.

– Чалавек я. Мужык яе, калі не знаеце!

– А! Цяпер знаю. – Параска гаварыла спакойна, аж дзіва. – Вы, мусіць, хочаце, каб яна вярнулася к вам? – Не дала яму сказаць, заявіла непахісна: – Дык я магу перадаць: яна да вас не вернецца!

– Вернецца ці не, ето мае дзело! – абрэзаў яе ён.

Ганна магла б не выходзіць. Але ёй было няёмка туліцца ў схоўцы, даваць такі клопат адной Парасцы, хавацца за чужой спіною.

Дзіўна, ніякай трывогі, ніякага страху не было, калі ўвайшла ў Парасчын пакой, яму на вочы.

– Чаго явіўся? – сказала яму жалезным голасам.

– Квацеру паглядзець захацелася! – Ён стаяў сярод пакоя, чырвоны ад ветру i злосці, у ботах, у паддзёўцы, з пугаю ў руцэ.

"На калёсах прыехаў…" – прайшло ў яе галаве.

– Квацеру жончыну паглядзець захацелася! – паўтарыў ён, выдзяляючы асабліва: "жончыну".

– Паглядзі…– У яе гол асе, ва ўсёй паставе был i кплівасць, ганарыстасць.

– Бачу. Багато жывеш!..

– Непагано!

Ён павёў вачыма па пакоі, непрыхільна зіркнуў на Параску, важка пераступіў з нагі на нагу.

– Дак, можа, пара ўжэ кончыць ету камедзію! – сказаў раптам мякчэй, згаворліва.

– Дак я ўжэ кончыла.

Ён пранізаў яе позіркам.

– Ето ты цвёрдо, насаўсім?

– Хопіць ужэ. Паспытала шчасця!

– Ну, глядзі! – У яго голасе зноў пачулася пагроза. – Штоб не пакаялася!

– Ето ўжэ мой страх! Толькі не бойся – не пакаюся!

– Я покуль – па-добраму! – Ён, як раней, гразіўся, a толькі – чула Ганна – сам не ведаў, што рабіць далей; але не паказваў выгляду.

– А потым – што? Прымусіце? – заступілася за Ганну Параска.

– Ето ўжэ наша дзело – што! – Яўхім люта зіркнуў на Параску. – Вам бы, барышня, лепей не сунуць носа сюды!

– Вы ўламіліся ў мой пакой ды яшчэ смееце абражаць мяне!

– Не пужайце! A толькі – не раю лезці ў нашае дзело! – Ён зноў, ужо цвёрда, зірнуў на Ганну. – Сабірайся!

– Зараз жа пабягу! Падажджы! – Ганна хоць бы варухнулася.

– Покуль не позно!

– Кончано усё. Значыць – позно не будзе!

– Ну, глядзі ж! – грозна сказаў ён. Хацеў ужо ісці, але затрымаўся. Чамусьці паведаміў: – Сцяпана бацько выгнаў. Не паяўляўся шчэ?

– Не…

– Паявіцца, канешне. У Юравічах бачылі ўжэ!..

Пастаяў, памаўчаў, раптам апаліў злосцю, нянавісцю:

– Ну, глядзі ж! Усё адно – без мяне табе не жыць! Знай!

Ён стукнуў дзвярыма, важка затупаў у калідоры.

Людзі хавалі мёртвых, біліся ў горы над імі; бедавалі пра любых сваіх, жаніліся з імі; людзі жалі i малацілі, снедалі i вячэралі. Да людзей ішлі нязвыклыя, нязведаныя перамены, якія павінны былі зрабіць усё такім, якім яно не было ніколі. Людзі жылі, як i дзесяць, i сто гадоў, i жылі, як не жыў яшчэ ніхто, ніколі…

Даўняе i новае, дробнае i вялікае – усё было ў гэтым жыцці разам, злівалася, перамешвалася, лілося адной вірлівай, шырокай, няспыннай ракою…

У Куранях багата, па-рознаму гаварылі пра Ганнін учынак, пра Яўхіма, па-рознаму – з трывогай i злараднасцю – гадалі, чым усё скончыцца. Гэтыя гаданні яшчэ пабольшалі, калі ў Куранях пайшлі чуткі, што Яўхім хадзіў у Глінішчы, гразіўся, што ёй без яго ўсё адно не жыць i што Ганна не толькі не збаялася, а насмяялася з яго. Сярод гаворак пра Ганну былі такія, што старыя, казалі, не помнілі, каб у Куранях калінебудзь якая-небудзь жонка кідала чалавека, ды яшчэ такога, як Яўхім…

У адзін з гэтых дзён Васіль, які i радаваўся i трывожыўся за Ганну, выправіўся ў Юравічы. Нельга было так проста адступіцца ад нядаўняй несправядлівасці: Васіль не ўмеў адстумацца, пакуль была хоць нейкая надзея, – карцела Васілю паспрабаваць знайсці заступку ў Апейкі. Ішоў ён у гэты сухі i халодны дзень ужо спакайней i не з такой гарачай надзсяй: сплятаючыся з неспакойнымі, заваблівымі думкамі пра Ганну, таміла Васіля прадчуванне, што i Апейка наўрад ці заступіцца, паможа чым-небудзь. Але Васіль iшоў. І дайшоў, i дачакаўся, пакуль Апейка аднекуль не вярнуўся ў кабінет, i выгаварыў сваё набалелае, як мог. Хоць гаварыў ён ірвана, гарачымі, блытанымі словамі, Апейка ківаў яму, бачыў Васіль, разумеючы, шчыра спачуваючы. Потым ужо Васіль расчаравана адчуў, што Апейка зразумеў, чаго ён, Васіль, хоча, але не зразумеў, што Васілю баліць недарэмна, што з такой несправядлівасцю не можна мірыцца; што зямлю трэба вярнуць. Паслухаўшы зычліва i шчыра, Апейка стаў угаворваць Васіля ўступіць у калгас. Нібы згаварыўшыся з Міканорам, "пацешыў": "Уступіш – будзе тваёй не толькі нікчэмная палоска, уся зямля. Самая лепшая зямля, якой адзін ты ніколі не меў бы!.."

Васіль выйшаў з будынка, узняўся глінянаю дарогай на гapy з той жа цвёрдасцю, што з ім абышліся несправядліва i, што яшчэ горш, – справядлівасці няма ўжо адкуль чакаць. Раней была хоць якая надзея на Апейку, цяпер жа i такой, i няпэўнай, не было ні на кога. "Будзе твая ўся – самая лепшая". Сказаў, парадуваў!.. Усіхняя – ето не твая… І як не чужая саўсім, a i не твая! Нічыя ето!.." – падумаў ён, прыпыніўшыся на гары, гледзячы на дарогу перад сабой, над якой віліся першыя белыя мухі. Ён так пашкадаваў, што не сказаў гэтай простай i яснай развагі Апейку, што яму раптам захацелася вярнуцца назад, дагаварыць…

Васіль пайшоў дадому. Пайшоў невясёлы, але i не з такой балючай роспаччу, як мінулы раз: нібы прывыкаў ужо да бяды. Быццам адчуваў ужо, што страчанага, – як ні кідайся, не вернеш: з воза ўпала – прапала, – трэба прымяркоўвацца да новага стану. Можа ж, i на новай зямлі, калі папапяцца добра, дабіцца чаго-небудзь можна. Няхай не ўдосталь, але i з тою, перабіваючыся, пражыць неяк можна. A калі крута будзе, то i ў прыработкі якія-небудзь падацца…

І зырчала зноў у клопатнай маркоце неспакойная i заваблівая памяць пра Ганну: зноў нібы звала Ганна яго ў недаступны свет, i зноў здавалася – вось-вось Васіль разарве ўсё, што аблытала яго; прападзі яно пропадам, – i пойдзе, вольны, шчаслівы. Здавалася часам, нібы ён ужо вольны ідзе, не ў думках, а папраўдзе. Тады па цвёрдай, камякаватай дарозе ногі неслі весялей, лягчэй. І не чуу ужо халоднага ветру, што пранізваў зрэбныя штаны, што шыўся пад світу. І вочы нават цешылі гэтыя першыя, нясмелыя сняжынкі, што мітусліва прыхарошвалі зямлю блізка i ўдалечы, у якой ён угадваў купы дрэваў ля Глінішч, ля таго сяла, дзе была Ганна.

"Зіма пачынаецца. Зіма, як трэба…" Калі ішоў полем паўз Глінішчы, выбраў з няроўнага рада стрэх i дахаў гонтавы верх школы, ледзь стрымаў сябе, каб не збочыць. Не ведаў, як пасля ўсяго сустрэне Ганна, чуючы вялікую вінаватасць перад ёю, толькі ўсхвалявана, растрывожана глядзеў зводдалек. Павольна, няцвёрда ішоў ад сяла, нялёгка адольваў непаслухмянае жаданне, што спыняла, цягнула назад. Ужо за грэбляй, каля Куранёў, апанавала іншае: проста не мог глядзець на цагельню, на сваю паласу, здзеклівую чарнату якой падбельваў снег. Нават стаў, доўга, пацямнелы, стаяў, не гледзячы туды i не маючы сілы скрануцца. Пайшоў тады, калі ззаду, з Алешнікаў, стаў пад язджаць хтосьці…

У той час, калі Васіль вяртаўся з мястэчка, Апейка ў тым кабінеце, дзе гаварыў з Васілём, чытаў i перачытваў надрукаваную на машынцы паперу. Папера была знешне падобна на ўсе іншыя паперы, якія прыходзілі старшыні райвыканкома; але даўно ні адну паперу не чытаў, не вывучаў Апейка з такім роздумам: на паперы было надрукавана рашэнне, якое дзяліла рэспубліку па тэмпах i тэрмінах калектывізацыі на некалькі зон. З гэтага рашэння раён быў уключаны ў зону, дзе калектывізацыю завяршыць поўнасцю трэба было ўжо не ў два-тры гады, а за вясну, можна лічыць, за тры месяцы. Апейка чытаў, неспакойна хадзіў па пакоі, не мог адолець трывогі, супярэчлівасці: тое, што яму здавалася празмерным у некаторых выступленнях, было ўжо рашэннем; a рашэнні ён павінен быў выконваць. Звыклы браць цяжар працы на свае плечы, адказваць за раён, за людзей, ён з прыкрасцю адчуваў, што задача гэта – проста непасільная, што гэта, як ён ні будзе старацца, не зробіць, бо зрабіць гэта немагчыма за такі час, пры тых умовах, якія былі вядомы яму з бясконцых паездак. Але рашэнне ёсць рашэнне, трэба было рабіць, што магчыма i – больш таго. І Апейка хадзіў з краю ў край пакоя, думаў, думаў…

З гэтага дня на змену імжы i макрэчы прывалілі маразы. Скамянела гразь на дарогах, зацвярдзелі пацямнелыя балоты, скавала вясёлым лёдам канавы, копані. Васіль не памыліўся: лесам, балотамі, палямі ішла зіма. У Куранях сталі белымі, звонкімі раніцы, шэрымі, пякучымі ночы. У адзін з такіх звонкіх ранкаў Хоня над’ехаў з вясёлай гаманою да Хадосьчынай хаты. Шумліва, з галасам каціла з вуліцы, праз грэблю, да царквы вясельная чарада, у якой на двух вазах сядзелі прыбраныя, заружавелыя маладыя – Хоня i Хадоська. Хадоська глядзела стрымана, сур’ёзна, як, лічыла яна, трэба было ў такі дзень; Хоня ж рагатаў, галёкаў: здалёк было відаць, як давольны сваёй удачы, сваёй долі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю