355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 21)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 21 (всего у книги 38 страниц)

2

Белы выклікаў к сталу камісіі Апейку. Калі Апейка ўзышоў, Белы спакойна, будзённа зірнуў, папрасіў расказаць біяграфію.

Апейка павярнуўся i ўбачыў звыклае: залу, людзей, што чакалі яго слоў. І ад гэтага звыклага адчуў сябе раптам вельмі спакойна. Спакойна, роўна расказваў пра жыццё сваё, адказаў на пытанні.

Яго трохі здзівіў тон, штосьці нядобрае, незразумелае ў тым тоне, з якім Галенчык сказаў:

– Я прапаную прачытаць кампрамеціруючыя матэрыялы, якія паступілі на таварыша Апеньку.

Тады Апейка надумаў быў, што Галенчык незнарок перайначыў яго прозвішча; Апейку больш кінуўся на ўвагу нядобры, нібы зларадны бляск у чорных, пранізлівых вачах. Па гэтым бляску Апейка зразумеў, што яму грозіцца небяспека. Здагадаўся, што небяспека – ад запісак.

Ён з насцярожанасцю глядзеў, як Белы выбіраў з папкі, перачытваў паперкі. Падрыхтаваўся мімаволі да паганага. Але першыя ніякай небяспекі не зычылі. Хтосьці нават пісаў, што "камплімеціруюшчых мацерыялаў пра таварыша Апейку можна напісаць багата", бо ён "такі парціец, што ў яго няхай бы ўсе вучыліся". Другі пісаў, што яго няма чаго чысціць, таму што ён свой i ўсе яго i так ведаюць. Былі запіскі, у якіх наракалі на парадкі ў раёне. Дзве з ix былі напісаны, мабыць, тымі ж людзьмі, якія пісалі на Башлыкова: у адной скардзіліся, што не хапае солі i карасіны, у другой – што прыцясняюць веруючых. Потым ужо адна – вось яно! – пэцнула брудным намёкам: "Чаму таварыш Апейка скрывае, што сапраўднае яго прозвішча не Апейка, а Апенька? Ці не таму, што вядомы міраед-кулак Апенька – яго родны брат?" Тады яшчэ адна, такая ж дурная i злая: "Няхай скажа, сколькі з’еў кулацкага сала?" Але самая паганая была апошняя: "У парційную камісію. Прашу заявіць на сходзе: ці можа займаць важны савецкі пост такі чалавек, як Апейка, які зросся з кулакамі i сам факцічаскі яўляецца ix пасобнікам i заступнікам?"

У зале, калі Белы чытаў апошнія запіскі, захадзіў гоман такі, што Белы пасля кожнай прыпыняў чытанне i паглядваў у гаманлівы прыцемак. Хтосьці крыкнуў хрыпла i моцна: "Брахня!" Яго падтрымапі, між мужчынскіх, стрыманых, – некалькі абураных, жаночых. Апейку гэтыя галасы супакойвалі i падтрымлівалі. Але i з ix падтрымкаю стаяць спакойна было няпроста: удар быў важкі, небяспечны. І ўсё ж Апейка стараўся не паказваць хвалявання: не толькі таму, што на яго глядзела столькі вачэй. Недзе там, сярод добрых, прыязных, помніў ён увесь час, цікавалі вочы, якія прагнулі яму бяды, болю.

– Чаму я Апейка, а не Апенька, – гаварыў ён як мог спакойна, з годнасцю, – пра гэта лепш запытацца ў таго п’янага папа, які запісваў мяне ў метрычную кнігу… – Нехта засмяяўся, іншыя падтрымалі прыхільным гаманком. Апейка адчуў, што тон узяў правільны; загаварыў зноў з той жа спакойнай насмешлівасцю: – А як я скрываў, хто мой брат i хто мой бацька, дык гэта, мабыць, невядома толькі таму, хто пісаў запіску… Хоць, – Апейка нібы задумаўся, – ён, мусіць, знае гэта лепш за іншых…

Зноў засмяяліся, хтосьці крыкнуў, не весела, нават пагрозна: "Знае!"

Апейка перачакаў i сказаў коратка, цвёрда:

– Сала братавага я не браў. Не браў i, значыцца, не еў. Hi аднаго фунта. І браць не думаю. – Гэтыя словы яго таксама ўхвалілі гоманам. Ён памаўчаў, падумаў.– Што да трэцяга пытання, то, – Апейка глянуў на Белага, – яно, можна сказаць, – не да мяне. Гэта пытанне – да камісіі.

Белы кіўнуў, што згодны з адказам. Запытаў у залу, якія да таварыша Апейкі пытанні. Пастаяў, павёў позіркам па зале.

– Чаго тут пытацца! Знаюць усе.

– Свой чалавек!..

Белы цярпліва пачакаў. Пастукаў алоўкам па графіне. Гоман прыціх.

– Хто хоча выступіць аб таварышу Апейку?

– Выступленне тут простае! Добры чалавек!

– Справядлівы!

Белы, жмурачы вочы, прыгледзеўся: хто там гаворыць? Устаў дзядзька, здаровы, шырокі, у расхрыстанай паддзёўцы.

– Ето я казаў! – Апейка пазнаў: "Сопат, рабочы з млына". Белы папрасіў яго выйсці к стану, але Сопат толькі варухнуў плячом. – І тут добра. Сярод народу. Лаўчэй… Дак от, кажу: добры чалавек! Добры, абыходлівы!.. Словам, парцейны!.. От i ўсё!

Дзядзька зірнуў на Белага, на Апейку, важна, з годнасцю чалавека, які выканаў неадменны абавязак, сеў. Белы зноў пытаўся, хто яшчэ скажа; зноў быў гоман, чулася: "Чаго туг казаць попусту!", "Ясно ўсё!", "Свой чалавек!" Тады паднялася, момант пастаяла, потым ціха пайшла к сталу Міхаленка Вольга, смуглявая, чорная, як цыганка, швейніца з арцелі. Апейка быў добра знаёмы з ёй: яна была сакратаром камсамольскай ячэйкі арцелі, не раз прыходзіла да яго. Зусім нядаўна абурапася ў яго кабінеце, што загадчык арцелі i кладаўшчык рознымі хітрыкамі нажываюцца на чужой працы, крадуць, п’янствуюць. Была яшчэ – таксама нядаўна зусім – з просьбай: дабівапася грошай на ленінскі куток. Ціхая, яна запомнілася Апейку i нейкай незвычайнай, пры гэтай ціхасці, цвёрдасцю, упартасцю. Нясмелая нібы, цыганаватая дзяўчына гэтая суцзіла ўсё строгай, нязменнай меркай патрабавальнага сумлення.

Яна i тут загаварыла ціха, як бы нясмела, апе з той верам у сваю праўду, якая прымусіла ўсіх прыціхнуць:

– Тут чыталі запіскі, у якіх таварыша Апейку ўсё роўна як вінавацяць у тым, што ў яго наганы брат. Яшчэ i робяць такі намёк, што, маючы такога брата, не можно займаць месца ў райвыканкоме. Я не знаю, хто гэта пісаў, але па том, што напісаў, відно: чалавек ён паганы. Злы. Чалавек, каторы глядзіць, за што ўхапіцца, штоб утаптаць нашага старшыню ў гразь. Утаптаць ні за што ні пра што! – Яна як бы не чула добрага гоману ў зале: жыла адно сваім хваляваннем – выказаць усё, да канца. – Канешне, яблыкі з адной яблыні i не далека падаюць. Ето праўда. Але людзі кожны жыве сваім розумам, у кожнаго свая дарога. Брат брату, кажуць, па няшчасцю прыяцель. Ето ўсе адно як сказано да сягонняшняго сходу: такі брат, як у нашага старшыні,– ето, праўда, няшчасце. Да яшчэ калі пра етаго брата напамінаюць табе; калі яго як усё роўна прывязваюць на шыю, штоб утапіць. – Яна перачакала гоман, заявіла непахісна: – Трэба не шукаць, каго б яшчэ прывязаць, а трэба паглядзець – хто сам той, каго сабраліся чысціць. Якая ў самога яго душа, ці душа ето бальшавіка, ці – кулака, спекулянта. У нашага старшыні – душа бальшавіка. Сам ён увесь – бальшавік сапраўдны, правераны. Правераны народам, які яго знае. Знае ўжэ не адзін год.

– Значыць, вы лічыце, што таварыша Апейку няма чаго i абмяркоўваць? – бліснуўшы вачыма да залы, падчапіў яе Галенчык. – Можа быць, вызваліць яго ад чысткі?

– Можна было б i вызваліць, – сказала яна цвёрда. Гледзячы проста ў вочы Галенчыку, дадала яшчэ цвярдзей: – Чышчаны ён. Не адзін ужэ год чышчаны.

Яна ціха i ўпэўнена сышла ўніз, не зважаючы ні на тое, як пакруціў галавою насмешлівы Галенчык, ні на тое, як глыбакадумна штосьці запісваў ён у блакнот. Ужо тады, калі ён зноў павёў позіркам па зале, папрасіў слова малады, звонкі голас. Яшчэ па голасе Апейка пазнаў: Кудравец, сакратар райкома камсамола. Папраўляючы на хаду пояс, абцягваючы складкі на гімнасцёрцы, рашучай хадою Кудравец пайшоў насустрач яму, к сталу.

Па тым, як ён ішоў, як стараўся не сустракацца позіркам, Апейка адчуў, што Кудравец выйшаў не абараняць яго. Кудравец стаў край сцэны, ускінуў галаву, нагадваючы раптам плыўца, што зараз кінецца ў ваду. Набраўшы паветра, ён i кінуўся ў спрэчку: перш за ўсё напаў на камсамолку Міхаленка за яе ідэйна непрадуманую заяву, нібы чыстка партыі неабавязковая для ўсіх партыйцаў. У партыі ўсе роўныя, сказаў ён, i чыстку абавязаны прайсці ўсе, знізу да самага верху. Таму заява гэта Міхаленкі – памылковая, i райком камсамола ў прынцыпе асуджае яе. Апошнія словы Кудравец казаў ужо Галенчыку, i Галенчык слухаў яго з сур’ёзнай мінай; стрымана кіўнуў, што прыме заяву гэту да ведама.

– Цяпер – пра таварыша Апейку… – Голас яго апаў, ён перавёў дыханне, гатовы, здаецца, уздыхнуць. Хоць Кудравец быў наперадзе i Апейку бачылася толькі патыліца ды трохі шчака, ён заўважыў, што той няёмка шукае некага. Вось – знайшоў. Башлыкова. Цяперашняга свайго настаўніка. Апейка востра сачыў, неспакойна i як бы раўніва: Кудравец быў яго вучнем. Не хто іншы, ён, Апейка, заўважыў, прапанаваў вылучыць Кудраўца ў райком, ён падказаў паслаць яго на вучобу. Сам вучыў яго, дзяліўся ўсім, што было ў душы; вучыў, пакуль не паявіўся іншы настаўнік. Цяперашні. "Kaгo ж ты вылучыў i вывучыў?.." – прайшло раптам цяпер у галаве. Кудравец зноў набраў паветра i як бы нырнуў: – Таварыш Апейка… ніхто не стане адмаўляць… зрабіў нямала. Ніхто не сабіраецца скрываць: таварыш Апейка – чалавек працавіты i… старанны. Тут я магу далучыцца да таварыш Міхаленка. Таварыш Апейка стараецца працаваць. Як на сваёй пасадзе старшыні райвыканкома, так i ў бюро райкома. Ён выконвае даручэнні, якія яму даюць як члену бюро. – Усё гэта, асцярожлівае, нясмелае, Апейку чулася, нібы прадмова да іншага, галоўнага, якое Апейка чакаў з раптоўнай, пільнай цікаўнасцю. Ён не памыліўся. Адразу за гэтым тон Кудраўцовага голасу пацвярдзеў: – Мы не сабіраемся скрываць тое добрае, што было. Але – мы i не павінны заплюшчваць вочы на тыя недахопы, якія ёсць. А яны ёсць у таварыша Апейкі. І – немалыя. І тут трэба сказаць гэта не тоячыся. Бо чыстка – гэта не бяседа за сталом са ўсякімі пачастункамі, дзе сябры хваляць адзін аднаго ды абдымаюцца. На чыстцы трэба чысціць, счышчаць усялякія наросты. І тут мы павінны, не тоячыся, сказаць, што ў таварыша Апейкі ёсць вялікія недахопы. Перш за усё, трэба сказаць адкрыта, у таварыша Апейкі не заўсёды хапае бальшавіцкай прынцыповасці. Таварыш Апейка, трэба прама сказаць, нярэдка траціць класавы крытэрый у рабоце.

– У чым гэта выражаецца? – ухапіўся Галенчык узняў галаву.

Кудравец азірнуўся: Галенчык патрабаваў суровага смелага адказу.

– Ён, таварыш Апейка, вельмі добры… – Кудравец хацеў схаваць ніякавасць, адвярнуўся к зале, загаварыў знарок голасна: – Мы жывём у вялікі, але суровы час. Нас акружаюць i справа i злева ворагі, i нам трэба быць пільнымі i бязлітаснымі. Нам нельга папускацца, быць добрымі. Нам трэба быць бязлітаснымі. Каб вораг здалёк нас баяўся, адчуваў нашу непахіснасць…

– Чаму ж ён, таварыш Апенька, добры такі? – зноў перабіў Кудраўца Галенчык. Перабіў строга, непрыхільна; з нейкім пагрозным, улавіў Апейка, намёкам. Тон быў такі, што Галенчык ведаў прычыну "дабраты": "добры" – ён вымавіў моцна, насмешліва; Галенчык пытаўся, каб падказаць прычыну другім.

– Ён добры, па-мойму, проста… ад прыроды… – сказаў Кудравец.

– Ад прыроды!.. Гледзячы што разумець пад гэтаю – пры-родаю! – Галенчык насмешліва, бліскуча-халоднымі вачыма павёў па зале. – Пры-рода розная бывае!..

– Радзіўся такі…

Галенчык вельмі зразумела – наіўнае дзіця! – пакруціў галавою. Кудравец зноў загаварыў, спачатку няёмка: Апейку былі відны чырвоная шчака i чырвонае вуха; потым – смялей, галасней, як бы стараючыся вярнуць сабе годнасць. Ужо рэзка напаў на Апейку за тое, што заступіўся за былога афіцэра Гарошку, дабіваўся вярнуць яго ў школу; патрабаваў, каб Апейка неадкладна парваў усялякія сувязі з братам, паказаў i тут цвёрдасць i прынцыповасць…

Голасна закончыўшы гаварыць, ён знарок бадзёра хацеў сысці, але Галенчык яшчэ затрымаў яго:

– Што вы прапануеце наконт таварыша Апенькі?

– Я прапаную!.. – голасна i бадзёра сказаў Кудравец, мімаволі павёў гюзіркам на Башлыкова. Як бы шукаў парады. – Я прапаную, – яшчэ павысіў голас Кудравец, хаваючы кволасць, – указаць таварышу Апейку… што ён павінен канчаткова парваць са сваімі сваякамі ўсялякія сувязі!.. А на пасту займаць цвёрдую класавую, бапьшавіцкую лінію!..

– А як вы лічыце – можна аставіць таварыша Апеньку ў радах членаў КП(б)Б?

"Унь як!" – не так здзівіўся, як адзначыў сабе Апейка. Ужо даўно чуў ён, што небяспека тоіцца там, дзе Галенчык, чакаў адтуль пагрозы. Праз гэта ён менш, як трэба было б, дзівіўся таму, як паводзіў сябе Кудравец. Ён проста нібы адкрываў сабе новае ў характары Кудраўца. Дзіўна, заўважыў на Кудраўцовай патыліцы пот. "Нялёгка хлопцу…"

– Я так думаю, – не паказаў кволасці Кудравец. – Трэба, каб таварыш Апейка даў слова. Што ён у далейшым будзе цвёрда весці бальшавіцкую лінію. Ba ўсім. Папярэдзіць яго.

3

Яшчэ Кудравец не дайшоў да лаўкі, як з радоў ускочыў, імкліва рушыў да сцэны Гайліс. Хударлявы, жылаваты, у расшпіленым шынялі, ускочыў на сцэну, крута павярнуўся к зале.

– Не можно так, таварыш Кудравец! – зазвінеў высока, востра галасок. – Не можно! Bi – молады большавік! Bi – кіраўнік райкома камсамола! Bi должны паказваць прымер усёй моладзі! Трэба мець свой характэр! Свой цвёрды прынцып!

– Я гаварыў прынцыпова! – устаў, крыкнуў з залы Кудравец.

– Ві говорылі без прынцып! – абрэзаў яго Гайліс. – Ві говорылі прынцып: "Чэго ізволітэ!" Вот какой говорылі ві прынцып!..

– Таварыш Гайліс! – упэўнена, уладна спыніў латыша Галенчык. – Вам ніхто не даў права абражаць людзей. І заціскаць ім рот. Kani яны гавораць тое, што вам не падабаецца.

– Я не заціскаю рот! Но надо говорыць праўду! Говорыць, не аглядваючысь!

– Не забывайце, дзе вы знаходзіцеся. Не забывайце, што вы на пасяджэнні камісіі па чыстцы.

Белы пастукаў алоўкам па графіне, тонам загаду сказаў: "Таварыш Галенчык!" Галенчык зіркнуў неда вольна, але змоўк, стаў штосьці запісваць у блакнот.

– Я не забываю, што тут ідзёт чыстка. Тут рашаецца судзьба таварыша Апейка. І надо говорыць чэсно. Дажэ калi это непрыятно некоторым на вухо! Надо говорыць праўду, товарыш Кудравец!

– Кажыце пра таварыша Апейку, – папрасіў спакойна Белы.

– Это тожэ імеет отношэніе до товарыша Апейко. Товарыш Апейко – сапраўдны большэвік. Настояшчый. Он усе сілы оддаёт, штоб парційнае дзело перамагало Он не баіца, як некаторыя, ездзіць у самыя глухія сёлы. У балото i ў лес не баіца лезці. Он усяго сябе оддаёт для працоўных людзей. І людзі любят яго. Яго не любят только нехарошые людзі, которые хочуць яго запэцкаць! Ківаюць на брата! Но он с братом не імеет нічого брацкого! Он брат усім працоўным людзям, а не міраеду. З которым радзіўся разам случайно!..

Захапіўшыся, гарачы латыш расказаў, як памагаў Апейка будаваць школу ў Мокуці, ладзіць дарогі, як прыязджаў аж на луг арганізоўваць калгас у Куранях; спыніўся раптам, коратка, непахісна заявіў зноў, што таварыш Апейка – "сапраўдны, настояшчый большэвік". Ужо ступіў са ецэны, калі стаў, павярнуўся да камісіі: – А вам, товарыш Галенчык, не надо подказваць, што говорыць. У кожного ёсць свой голова! Свой розум. Ясно?

Не чакаючы, што Галенчык скажа, рашуча пайшоў у залу, якая зноў ахвотна, ухвальна загаманіла, запляскала.

Ніколі за ўсе гады не перабіралі так Апейкава жыццё, як у гэты вечар. Успаміналі, спрачаліся, папраўлялі адзін аднаго, гаварылі, крычалі да хрыпаты. І смалілі, смалілі цыгаркамі: дым вісеў над людзьмі хмараю. Амаль не зачынялі дзвярэй, часта расчынялі вокны, каб выцягвала дым; тады чуваць было, як па нагах паўзе халадок, халадок цёмнай асенняй ночы. Людзі то выходзілі, то заходзілі, стаялі ў сенцах, гаманілі пад вокнамі; к поўначы трохі разышлося, але ў зале было i цяпер амаль што поўна. Што далей, то часцей сталі пакрыкваць, што пара канчаць, – пра Апейку ўсё ясна; але Белы не слухаўся, даў выказацца ўсім. Было ўжо далека за поўнач, калі старшыня запытаў у членаў камісіі, ці няма ў ix пытанняў.

Зала зноў глядзела на Галенчыка. Той, ссунуўшы строгія бровы, хвіліну думаў, перш чым выказаць сваё права i ўладу. Ці даўно бачыліся з братам? У якіх адносінах вы з былым настаўнікам i афіцэрам Гарошкам? Якія адносіны ў вас з кулаком Глушаком? Падрыхтаваны ў думках, што ад Галенчыка можна чакаць усяго, Апейка адказваў спакойна, з годнасцю; не абураўся нават тым, што Галенчык на ўсё недаверліва крывіць губы. Апейку як бы падтрымлівалі i разумная ўвага Белага i спачуванне залы.

Галенчык не вельмі насядаў на Апейку з пытаннямі. Ён неўзабаве заявіў, што пытанняў больш няма. Але як толькі Белы пацікавіўся, ці не хоча хто з членаў камісіі выступіць, Галенчык глыбай падняўся за стадом.

Ён адразу заявіў, што некаторыя з тых, якія выступалі, не паказалі належнай палітычнай спеласці. Больш таго, некаторыя, як таварыш Гайліс, паспрабавалі заціснуць рот тым, хто адважваўся крытыкаваць Апеньку. Больш таго, стараліся выставіць Апеньку як нейкага святога, якога i падазраваць у грахах не дазволена.

– Паглядзім, ці такі ён святы, таварыш Апенька, як тут стараліся некаторыя даказаць. Паглядзім, узважым усё строгай, бальшавіцкай меркай. – Галенчык акінуў вачыма залу. Непахісны, бязлітасны. – Узважым… Бальшавіцкай меркай! – Памаўчаў, загаварыў цішэй, мякчэй, паблажліва: – Таварыша Апеньку тут называлі добрым. Справядлівым. Чулым. Хвалілі, што таварыш Апенька ўсіх прымае. Усіх выслухоўвае. Памагае ўсім. – Галенчык нібы пахваліў таксама: – Памагае, правільна. Правільна!.. – Голас яго дзіўна зацяўся. У голасе штосьці таілася, абяцала: – Памагае. Але – давайце паглядзім, – Галенчыкаў голас падужэў,– як Апенька памагае i – каму памагае! Вот што давайце паглядзім!.. Адна справа – калі памагаюць працоўнаму чалавеку, бедняку, які шукае парады i падтрымкі ад роднай савецкай улады, які просіць, каб савецкая ўлада абараніла яго ад заклятага яго ворага i ворага савецкай улады – кулакаміраеда. Гэта адна справа. І тут мы можам цапкам ухваліць такога кіраўніка як сапраўднага прадстаўніка савецкай улады на месцы! Сапраўднага савецкага кіраўніка! – Галенчык зноў акінуў залу. Зала сачыла за кожным яго рухам, чакала. – А другая справа, – загаварыў ён з нейкай уедлівасцю, яхіднасцю, – калі ў кабінет старшыні савецкага выканкома прыходзіць лішэнец, цвёрдазаданец, былы царскі афіцэр! Калi яны размазваюць па твары кракадзілавыя слёзы толькі для таго, каб затуманіць нашу голаву, усыпіць нашу бальшавіцкую пільнасць! Гэта – другая справа!.. Адна справа – гэта наш друг, працоўны чалавек, а другая – вораг, класава чужды вораг, з якім трэба быць заўсёды напагатове, якому нельга даваць ніякага спуску! Па таму, як адносіцца чалавек да класава чуждага ворага, праяўляецца перш за ўсё бальшавіцкая стойкасць i загартоўка!.. – Галенчыкаў голас пацішэў, i зноў пачулася ў ім яхіднасць: – І вот тут адкрываюцца нашым вачам, проста сказаць, дзіўныя рэчы! Партыец з такім вялікім стажам, пастаўлены на адказны пост старшыні райвыканкома, сплош i радам губляе простую i чоткую класавую лінію! Замест таго каб цвёрда праводзіць генеральную лінію, ён сам сваёй рукою выцірае ворагу кракадзілавыя слёзы!..

Апейка чуў, як штосьці важкае, гарачае залівае ўсяго, б’е нецярпліва ў скроні, тлуміць галаву. "Унь куды гне!" Хацелася ўскочыць, перабіць, усёй зале сказаць, чаго варты гэтыя паганыя подступы, гэтыя брудныя закіды. Але ён стрымліваў сябе, падбадзёрваў: няхай гаворыць, няхай усё выказвае! Ён адкажа яму!..

У зале амаль не гаманілі. Амаль усе маўчалі, чакалі… У цішыні гэтай вельмі чутна вырвалася: "Што ён пляце, людзі!" Шчырае, здзіўленае, жаночае…

Галенчык не тое што не збянтэжыўся: па твары прайшла нават давольная, задзірыстая ўсмешачка. Ён упэўнена стаяў за сталом, член камісіі таварыш Галенчык, ён абводзіў залу позіркам, у якім былі i смеласць i разуменне ўсяго, недаступнага многім з тых, якія ў зале. Можа быць, нават усім недаступнага. Разуменне i цвёрдасць, яка я толькі мацнела ад розных выкрыкаў…

– Вам трэба факты? – сказаў ён, як бы радуючыся. Голас яго зноў дзіўна падужэў.– Калі ласка! Усе вывады, якія я зрабіў гут, аснованы на фактах. Усе факты – правераныя, дакладныя. Я пачну з таго, на што даволі асцярожна, намёкам нацэліў таварыш Кудравец. На факт заступніцтва таварышам Апенькам за былога афіцэра Гарошку. Падумайпа член партыі, старшыня райвыканкома сам дабіваецц?.. І каб аднавілі на рабоце настаўнікам былога афіцэра. Каб даверылі выхоўваць наша маладое савецкае пакаленне, нашу надзею, дзяцей – беламу афіцэру, заклятаму ворагу савецкай улады! Трэба дадаць: гэта таксама важны момант, вельмі важны! – сваёй цэлі Апенька дабіваецца пасля таго, калі партыйная ячэйка, райком камсамола i райана разаблачылі гэтага ворага i вырвалі яго, як шкодную траву, з асяроддзя нашых савецкіх дзяцей. Аб чым гэта гаворыць, падумайце, таварышы! Але гэты факт – не адзіночны. Такіх фактаў вельмі многа, ix можна прывесці дзесяткі, а можа, i сотні з дзейнасці Апенькі на пасту старшыні райвыканкома! Не далей як тыдзень таму, ужо тады, як работала камісія, таварыш Апенька ўзяў пад сваю апеку ашуканца цёмных нашых людзей – папа! Як i прыйшоў да яго ў райвыканком з казкамі, нібы ён усвядоміў шкоду рэлігіі, якой ён служыў усё жыццё! А цяпер рашыў астрыгціся! Захацеў быццам бы пачаць жыць сумленным жыццём! Таварыш Апенька, вопытны работнік, немалады партыец, "паверыў" на слова гэтаму прайдзісвету, Богаваму служку! Які прыкінуўся толькі для таго, каб замаскіравацца пад нашага савецкага чалавека! Каб уладзіць у наш савецкі інстытут свайго папоўскага сынка! Больш таго, Апенька – гэта факт, правераны факт! – даў указанне гэтаму папу, каб той вёў агітацыю супроць рэлігіі! І ўзяў слова, што той будзе агітаваць! Гэта – не выдумка! Факт!.. У той жа самы дзень Апенька ўзяў пад сваю апеку яшчэ аднаго пакрыўджанага савецкай уладай – сынка крыважэрнага кулака з вёскі Курані – Глушака Сцяпана! Гэты кулацкі выкармак устроіў Апеньку спектакль, нібы бацькаў кулацкі хлеб дзярэ яму горла i ён кінуў бацьку! І ён просіць, каб дал i яму месца працаваць у камуне! І Апенька паверыў кулацкаму сынку, паверыў! І памог ушыцца ў камуну!

У зале там-сям шумелі, раз-пораз выляталі крыкі: абураліся Галенчыкавай гаворкай, радаваліся ёй; Апейка не дзівіўся, проста адзначаў сабе: былі i такія, што радаваліся. Але большасць, прыкмячаў ён, маўчала; маўчала i чакала, што будзе яшчэ. Было штосьці i ў саміх прыкладах, i ў тым, як гаварыў Галенчык, нешта такое, што прымушала людзей слухаць, маўчаць, чакаць. Рукі Апейкі дрыжалі; важкае, тлумнае ўсё поўніла галаву, нецяргіліва ўздымала з табурэткі. "Няхай гаворыць, няхай выкладвае ўсё!.. – як бы загадваў ён сабе. – Спакайней, спакайней слухай! Трымайся з годнасцю: людзі глядзяць на цябе! Няхай бачаць, ты ведаеш: праўда твая! Трэба слухаць усё, запамінаць! Каб не прапусціць потым чаго-небудзь, адказваючы!.."

– Што гэта такое? Як гэта назваць? – уядаўся ў Апейку галасок. – Ёсць людзі, якія называюць гэта "дабратою". – Галасок быў поўны іроніі.– Вы, таварыш Кудравец, называеце гэта дабратою, a бальшавікі, сапраўдныя бальшавікі, называюць гэта інакш. Сапраўдныя бальшавікі называюць гэта – патураннем класава чуждаму ворагу. Змычкай з класава чуждым ворагам! Па сапраўднаму бальшавіцкаму азначэнню – гэта не што іншае, як скрыўленне класавай лініі бальшавіцкай партыі! IIa бальшавіцкаму азначэнню гэта не што іншае як правы ўхіл. Вот што гэта такое, калі глядзець глыбока i адкрыта!.. Правы ўхіл, з якім бальшавіцкая партыя пад кіраўніцтвам таварыша Сталіна вяла i будзе весці бязлітасную барацьбу! – Галенчык ледзь не сарваў голас, але прымусіў замерці ўсю залу. Ён кіпеў гневам, у ім чулася вялікая сіла. Апейку раптам узяла кволасць: "А што, калi i Белы ці Беразоўскі так жа?!. Калі яны паддадуцца гэтаму?!." – ён хацеў знайсці слова, як назваць Галенчыка, але не знайшоў. Пачуў раптам ва ўсім целе нядобрую млоснасць. "Спакайней, спакайней трэба!" – нагадаў сабе. Але спакою не было…

– У чым прычына ўсяго гэтага? – гаварыў цішэй, хрыпавата, але з цвёрдасцю, настойлівасцю Галенчык. – Чаму Апенька такі "добры" – ці, па нашаму азначэнню, – такі няўстойлівы? Прычына тут простая. Шукаць доўга не трэба. Толькі сляпыя могуць не бачыць яе! Тут невыпадкова, i ў матэрыялах камісіі i ў некаторых выступленнях, касаліся асобы некаторых сваякоў Апенькі, у прыватнасці асобы яго брата Апенькі Савасцея! Падабаецца ці не падабаецца некаторым, мы не можам заплюшчыць вочы на тое, што сам Апенька, сам састаіць у родственнай сувязі з класава чуждымі элементамі! Ён звязаны з імі адным ланцугом. Таму ён i абараняе ix, сплош i радам служыць ім! Служыць i тайна i адкрыта!.. Яблыка падае не толькі блізка ад яблыні, але i блізка ад другога яблыка! Яны ляжаць радам! У гэтым i ўся прычына Апенькавай "дабраты"! І калі тут, у матэрыяле, які паступіў у камісію, пытаюць, ці можа такі чалавек займаць адказны савецкі пост, то я на гэта магу заявіць: не можа! – Галенчык адужаў гоман у зале, яшчэ цвярдзей заявіў: – Не можа!.. Я лічу, што камісія павінна таксама сур’ёзна узважыць усе даныя i зрабіць свае сур’ёзныя вывады пра тое, ці дастойны такі чалавек быць у бальшавіцкай партыі. Партыі, якая павінна быць у абстаноўцы бязлітаснай класавай барацьбы згуртаванай, як адзін чалавек, i непахіснай!.. Я асабіста лічу, што Апеньку ў такі адказны момант астаўляць у парты i не трэба! І, – заявіў ён праз гоман i крыкі,– галасаваць буду супроць!

У Апейкі грымела ў скронях. Цяпер, калі трэба была яснасць у думках, ён пачуў, што галава яшчэ налілася тым гарачым, важкім: абвалакло, заняволіла думкі. Толькі грыміць у скронях. Ды лезе непаваротлівае, упартае, нястрыманае: "Няўжо? Няўжо можа быць?.."

Астатняе было недзе за думкамі, апе ён чуў яго ўсёй істотай: няўжо могуць вычысціць? Усё раптам страціла рэальнасць, даходзіла да яго як штосьці незразумелае, недасяжнае розуму.

"Спакайней, спакайней трэба!.." – загадаў ён, але спакой не прыходзіў. Праз гарачую завалоку чуу ён гоман у зале, бачыў, як ускочыў нехта. Здзіўлена, голасна кінуў:

– Людзі, што ж ето ён плёў! Усё ж ето… Брахня ўсё ето! – ад стала – Белы, мабыць, – пачуўся звон алоўка аб графін. – Якое ж тут скрыўленне лініі!.. Поп прыходзіў, кулацкі сын! Ахвіцэр! Дак к яму ж усе прыходзяць! Усе к яму ідуць! Я пяць разоў была! Чаму ён не ўпамянуў! Дак якое ж тут скрыўленне!.. Па-мойму, савецкая ўлада такая i павінна быць! Як Іван Анісімавіч!.. Выгнаць з парціі! Вы чулі! Ды яму "дзякуй" трэба сказаць! Сказаць, штоб у парціі ўсе былі, як ён!

Жанчыне запляскалі; хтосьці крыкнуў: "Правільна!", "Маладзец!" – i на Апейку найшла неспадзяваная хваля расчуленасці.

Некалькі чалавек цягнулі рукі, прасілі слова; блізка ад сцэны з паднятай рукой стаяў Гайліс, чакаў дазволу, але Белы стукаў па графіне, пакуль не прыціхла.

– Таварышы, камісія абмяркуе таварыша Апейку ўсебакова i аб’ектыўна, – спакойна загаварыў ён. – Рашэнне наша будзе справядлівае. Я прашу весці сябе дысцыплінавана i вытрымана, каб камісія магла працаваць з поспехам… Слова мае таварыш Беразоўскі, член камісіі.

Беразоўскі, як i седзячы, калі стаў, таксама горбіўся, важкая галава выдавалася ўперад; у стол упіраліся моцныя кароткія рукі. Вочы глядзелі спадылба, i збоку здавалася, што яны нядобрыя, злыя, i сам ён здаваўся хмурным, жорсткім.

– Я хачу ўказаць тут на некаторыя маменты, – сказаў ён важка, глуха. – З каторымі я не згодны. Антон Аляксеевіч тут асвятліў так, што Апейка звязан з варожымі элементамі i састаіць у радстве з імі. Ён гаварыў пра брата Савасцея. І не сказаў, што ў Апейкі ёсць яшчэ брат i тры сястры. І што яны – беднякі ці маламоцныя сераднякі. І не атмеціў, што бацькі Апейкі зноў жа – самай што ні на ёсць пралетарскай крыві. Гэта ён упусціў. Па-другое, ты, Аляксеевіч, упусціў, што за ахвіцэра Апейка хадатайстваваў не сам, а таму, што к яму прыходзілі дзеці са школы. От што. Паслухай, потым скажаш! – не даў ён перабіць сябе Галенчыку. – І я папутно хачу сказаць – шчэ раз, што ахвіцэры таксамо – розныя былі. Я табе расказваў ужэ пра штабс-капітана Карабкова, каторы шчэ пры царском рэжыме агіціруваў нас за бальшавікоў. І пайшоў пад суд за ето. Або вазьмі Тухачэўскаго – зноў жа ахвіцэр, да шчэ i з дваран. A Ленін не пабаяўся назначыць яго камандуюшчым. Пастой, паслухай! Я ж цябе не перабіваў!.. А тут жа гэты Гарошко – хто? Не тое што не дваранін, a i селянін – бацько яго – не асаблівы. Серадняк. Вывучыў яго, выбіваючыся з сілы. У людзі хацеў вывесці. Вывучыў, зрабіў настаўнікам. І з-за таго Гарошку етаму i начапілі залатыя пагоны. От які гэто ахвіцэр! І зноў жа людзі, як ты чуў, гаварылі: супроць савецкай улады – нічого не рабіў. За савецкую ўладу гаварыў!.. Не пішы, паслухай ды падумай… Дак які ж гэто, як ты кажаш, закляты вораг!.. І к таму ж дзеці прасілі Апейку за яго! Так што тут твая крыціка – пустая! І пра хлопца таго, пра Глушака, папутно– тое ж скажу. Kani ён хоча жыць па савецкаму закону – няхай жыве! І правільно – што Апейко памог яму! Няхай жыве! Што ж яго, як тое кацяня: яно на бераг, задыханы ўжэ, лезе, а мы яго зноў у раку: тапіся! Тут зноў тваё ўпушчэнне! І папутно зноў адкажу пра самого Апейку. Ты няправільно стараешся завесці яго ў тупік! Няправільно! Ён, канешне, чалавек, не святы, ето правільно: жывучы на зямлі, усяго набярэшся. Як той куст пры пуцях – i пылу, i шлаку. Але ён, Апейко, – харошы чалавек. Бальшавік. Не перабівай, слухай! Аб етом гавораць усе факты, усе надзейныя людзі пацвердзілі гэто, з якімі мы гаварылі. А ты ўхапіўся за мацер’ял, каторы падкінуў, можа, які-небудзь прахадзімец. "Ці можа быць такі чалавек на савецкім пасту!" І яшчэ падпяваеш яму: "Не можа!"

– Я не падпяваю, – абурыўся Галенчык. – Я даказаў гэта пераканаўча!

– Нічога ты не даказаў! – загарэўся i Беразоўскі.– Нічога! – гаварыў, як лажыў важкія, чыгунныя пліты – Ты кажаш: "Не можа!" А я кажу: можа! І ў партыі – можа быць! Такая мая думка! От што!..

Апейка, які пасля Галенчыка не вельмі верыў У гэтага не зусім зразумелага, прытоенага маўчуна, слухаў яго i з раптоўнай уцехай i з вінаватасцю. От, чакаў ад яго паганага, не верыў, а ён – глядзі ты, цвёрда сказаў сваё слова. І якое слова, якое разумнае, цвярозае; Апейка быў поўны неспадзяванай удзячнасці. Раптам перастала біць у скроні, пасвятлела ў галаве. Пачуў сябе лягчэй: як бы ўбачыў наперадзе прагаліну…

Спакайней, з давер’ем слухаў Белага, які, відаць, хацеў ужо канчаць абмеркаванне.

– Час позні, таварышы. А мы хацелі б абмеркаваць яшчэ аднаго таварыша… Таму я яшчэ раз прашу: быць дысцыплінаванымі. Памагаць нам працаваць… Не шумець у зале… – Ён памаўчаў, i Апейка зразумеў: зараз пачне гаварыць пра яго. Белы загаварыў так жа роўна, спакойна, але разважліва: – Чыстка… Што такое – чыстка?.. Чыстка – здаецца – вельмі простае: чысціць… Бяры мятлу – лепей густую ды пацвярдзей – i мяці… Чысці, шаруй. Пакуль не стане чыста. Чым мятла цвярдзей, чым шаруеш цвярдзей, тым лепей… Проста… – Памаўчаў зноў, заявіў: – Проста i– няпроста!.. Проста – калі падлога, i няпроста – капі людзі! Няма такой мятлы, якая чысціла б проста людзей. Няма i – не будзе! От у чым закавыка! Тут штука – тонкая! Тут не размахнешся! Тут дзесяць разоў трэба прыгледзецца, вывучыць усё! Каб рашыць сйравядліва, па-бальшавіцку!.. Яно ж – i гаспадыня добрая, метучы, не асабліва размахнецца мятлой… Глядзіць, як бы са смеццем не вымесці i лыжкі ці лапця… А як жа камісія павінна глядзець, каб не аставіць у партыі смецця. І каб, – Белы загаварыў з націскам, – каб не вымесці таго, чаго вымятаць не трэба! Што патрэбна ў гаспадарцы, што трэба партыі бальшавікоў!.. От што такое, калі падумаць, чыстка! Вымесці смецце i аставіць усё добрае!.. Той, хто вымятае не толькі смецце, a i добрых партыйцаў, той робіць не меншае зло, чым той, хто пакідае смецце!.. От з гэтага давайце i паглядзім на ўсю гэту гісторыю з таварышам Апейкам… Давайце паглядзім, хто такі таварыш Апейка!.. Таварыш Беразоўскі гаварыў, хто яго бацькі. Правільна гаварыў. Тут карціна ясная, i няма чаго паўтараць тое, што вядома. Давайце паглядзім на жыццёвую дарогу самога Апейкі!.. Дзіця бедных бацькоў. Пастух, касец… Навабранец… Салдат у акопах… Чырвонаармеец… Тут вельмі важна, што ў Чырвонай Арміі ён не адбываў службу, a служыў, не шкадуючы сябе!.. Быў ранены!.. За савецкую ўладу чалавек праліў кроў!.. Для савецкай улады ён стаў камандзірам. Агітатарам!.. – Год за годам перабіраў Белы Апейкава жыццё, пакуль не падвёў да вываду: усё, чаго дабіўся Апейка, ён дабіўся, дзякуючы савецкай уладзе i таму, што па-сыноўняму служыў ёй. Само Апейкава жыццё, якое нядаўна пад недаверлівым, зняважлівым позіркам Галенчыка выглядала нікчэмным, бруднаватым, цяпер разгортвалася, як няхай i не выдатнае асабліва, адкрытае людскім вачам віднае ад краю да краю поле. – Такое жыццё таварыша Апейкі…– нібы падвёў рысу Белы. – На ім – адна вялікая, паганая пляма. Брат. Кулак. Родны брат – кулак!.. Кулак i па свайму етановішчу, i, як мы ведаем, па свайму духу. Скажу проста, такое сваяцтва насцярожвае i прымушае нас больш уважліва прыглядацца да таварыша Апейкі. І я тут разумею недаверлівасць таварыша Галенчыка, – раптам прыкра адгукнулася ў Апейку. Насцярожыла. – Я i сам з асаблівай увагай вывучыў гэтую частку Апейкавай біяграфіі. Гэта вельмі важна для высвятлення асобы таварыша Апейкі,– трывожыў Апейку Белы. – Па тым, якія адносіны ў Апейкі з братам, мы можам меркаваць, хто такі сам Апейка… Таварыш Галенчык сказаў, што з адной яблыні яблыка ад яблыка падае недалёка. Сказаў нават, што ляжаць радам… Гэта правільна. Што да яблык. Але людзі – не яблыкі. Людзі могуць быць i радам, i могуць быць па розныя бакі барыкад… Таму мы ўважліва праверылі, блізка ці далека адзін ад аднаго браты Апейкі. Праверылі, еў ці не еў Апейка, як тут пісалі, кулацкае сала. Я магу ўпэўнена сказаць цяпер: не еў. Браты, можна сказаць, ідуць зусім рознымі дарогамі… Але, разам з тым, камісія ўказвае таварышу Апейку, што ён вінаваты, што не спыніў своечасова брата. Што даў яму вырасці ў такога вырадка, у кулака!.. Гэта віна ёсць на таварышу Апейку, i мы ўказваем яму!..


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю