355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 29)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 29 (всего у книги 38 страниц)

2

Калі, стомленыя, вярталіся – спачатку дарогай, потым вуліцай, ціснучыся да платоў,– пачынала вечарэць.

Праз якую-небудзь паўгадзіну па Куранях хадзілі пад вокнамі пасыльныя, загадвалі збірацца ў хату Андрэя Рудога на сход. Вельмі скора паўз платы, па агародах, загуменнях куранёўцы пачалі брацца да таго двара, дзе жыў Руды. Збіраліся з рэдкай для апошніх дзён упраўнасцю: разумелі – у гэты вечар нельга адседжвацца дома, як тады, калi сход збіралі пра калгас; сёння можна было, чаго добрага, прасядзець дома найбольшае багацце сваё – зямлю. Ішлі, неслі трывогу, блытанасць чутак, ваяўнічасць i страх, надзеі i нецярплівыя здагадкі – што дасць гэты сход.

Быў нейкі час пасля змяркання, калі дзверы амаль не зачыняліся ў хаце Рудога, амаль няспыннай чарадою праходзілі куранёўцы паўз асветленыя вокны, тупалі на ганку, увальваліся, жмурачыся, аглядваючыся, у хату. Хутка абселі ўсе лаўкі, скрыню, ложак, палаці, пачалі ціснуцца каля дзвярэй, каля печы. Неўзабаве перасталі ўжо зачыняць дзверы: патроху набівалася народу i ў сенцы. Гамонка гула ціхая, стрыманая, мужчыны найбольш смакталі папяросы. Дымілі так дружна i так занята, што яшчэ да таго, як сышліся ўсе, папяровыя фіраначкі з выразанымі дасціпнымі ўзорамі, малюначкі з газет i часопісаў, наклееныя на сцены, лямпа пад столлю былі ўжо нібы за туманам. Жанкі папракалі, лаялі, прасілі, але нішто не памагала. Дым поўз i поўз з усіх куткоў.

Як заўсёды, большасць жанок трымаліся купкамі; у цэнтры адной з ix былі Сарока i Чарнушкава Куліна, якая горача махала рукамі, штосьці даказвала, нечым абуралася. Сарока i слухала, i гаварыла спакойна, разпораз нецярпліва паглядваючы, што робіцца між іншых, сярод мужчын. Каля скрыні, на віду i блізка ад стала, мірна гаварыў штосьці Міканораву бацьку стары Глушак, без шапкі, у кажусе; Дамецік, было відаць, слухаў неахвотна, хацеў адысці, але не адыходзіў i ўсё ж слухаў. Побач са старым, як нейкі страж, гарбаціўся затоены, звераваты з выгляду Пракоп Лясун, з-пад ілба, з-пад чарнаты броваў таропіўся кудысьці нязводна. Яўхім стаяў таксама на віду, каля камінка, абапёршыся плячом аб печ, нудліва вадзіў позіркам па хаце, час ад часу кідаў адно-другое слова дружбаку Ларывону, які гаварыў у адказ ці рагатаў так, што не толькі блізкія аглядваліся на ix. Яўхім найбольш маўчаў, смаліў папяросу за папяросай, не таіў: таміўся чаканнем i нецярплівасцю. Збоку ад дзвярэй стаяў Чарнушка; ён, як увайшоў, агледзеўся, зірнуў на Глушака ў роздуме: падыходзіць ці не, – не пайшоў, так i астаўся каля дзвярэй. На лаўцы між двума вокнамі, пад партрэтам Някрасава, вырваным з нейкай кнігі, сядзеў з Нібыта-Ігнатам Васіль, даўно не стрыжаны, не голены, з рэдкай, але моцнай, мужчынскай ужо, агністай шчацінаю на барадзе. Васіль таксама амаль не гаварыў, зацята смактаў цыгарку з газеціны. Вочы былі неспакойныя, панурыя, нават у светлым, празрыстым, бляск быў хваравіта-насцярожаны. Сярод маўклівасці іншых вылучаўся гарэзнай гаварлівасцю Зайчык, што чапляў не всльмі ахвочую ў гэты вечар да жартаў Сароку, падсмейваўся асцярожліва з нецярплівай Ганнінай мачыхі, круціўся кавалерам каля дзяўчат. Весела паглядваў на іншых, пасміхаўся разам з Алёшам з хлопцаў i дзяўчат – "аднаасобнікаў", "багацеяў" – Хоня, – у расхрыстанай сарочцы, у бесклапотнай кепачцы на макаўцы, з зухаватай папяроскай на губе. Вельмі вылучаўся яшчэ Андрэй Руды: ахвочы быць на людской увазе, ахвочы паказваць i ўказваць, ён з радасцю карыстаўся тым, што давала для гэтага яго становішча гаспадара хаты: заклапочана здароваўся з тымі, што ўваходзілі, распараджаўся, дзе каму сесці, камандаваў, каму пасунуцца, пацясніцца. Усе, па тым, як ён заклапочаны, маглі бачыць, што гэта не такі просты абавязак – уладзіць усіх, што ён зробіць усё, што можна, не пашкадуе ні вопыту свайго, ні свайго практычнага спрыту. І яшчэ – па тым, як распараджаўся ён весела, – было відаць, што адчувае ён сябе на асобым становішчы i як чалавек, якому ўжо няма чаго бедаваць гipa перадзел, які ўжо вырашыў сваю будучыню, выйшаў наперад i вышэй за іншых…

Калі Міканор, Гайліс i каморнік пачалі адзін за адным уцісквацца ў хату, гул стаў адразу аціхаць. Усе адно глядзелі на ix. У хаце запанавала напружаная, насцярожаная ўвага. Там i тут перасталі дыміць папяросамі i люлькамі, некаторыя ўздымаліся, каб лепш разглядзець нярослага, загадкавага каморніка. Шчуплы, нявідны, ён дзівіў маладосцю: амаль хлапчук, дзівіў i насцярожваў тым, як спакойна, цвёрда ішоў. Кінулася ўсім: трапіўшы ў такую грамаду, на пільную ўвагу столькіх – чужых зусім – людзей, ні трохі не збянтэжыўся ідучы, не зірнуў ні на каго, як бы ніхто яго не толькі не трывожыў, a i не цікавіў. Ішоў, спакойна адціскаў тых, якія заміналі, не гаворачы ні слова, не здымаючы шапкі.

Міканор прапусціў першага за стол Гайліса, потым нязграбна залез сам, даў месца каморніку. Гайліс сеў на куце, прыгладзіў акуратна бялявыя валасы, – блакітныя вочы дзелавіта, дапытліва пабеглі па хаце. Каморнік i за сталом не глядзеў ні на каго i трымаўся так, быццам увага такая нічога яму не значыла. Міканор, што быў пасярод ix, не сеў, стоячы, дакранаючыся пальцамі да стала, акінуў хату, i губы разышліся ад усмешкі:

– Народу сабралася!.. – Усе зразумелі i усмешку, i гэтае нядобрае "сабралася", у якім чуўся помслівы папрок за іншыя сходы, папрок, які не зычыў лагоднасці. Адны няёмка, вінавата засмяяліся, друпя мацней задымілі. Усе чакалі далейшага. Нядобрая усмешка усё не сыходзіла з плоскага, пакляванага Міканоравага твару. – Дружно – не сакрэт – сабраліся! – прамовіў ён зноў помсліва.

– Дзісцінліна! – зарагатаў Хоня.

– Заскачаш, як у кадрылі, калі баішся, штоб чаго не намудрылі! – асцярожна, як бы просячы літасці, адгукнулася з жаночай купкі Сарока.

Міканор прапусціў міма ўвагі, што загаварьші за Сарокай жанкі i той-сёй з мужчын, перачакаў ix, сказаў ужо дзелавіта, без усмешкі:

– Дак, мабуць, можно ўжэ пачынаць?.. – Ён перачакаў гоман згоды. – Е адно пытанне ў сягонняшні сход. Аб землеўпарадкаванні ў вёсцы Курані ў сучасны момант. – Ён для прыліку запытаў: – Другіх пытанняў няма?

– Е адно. Нашто ето ўпарадкаванне! – крыкнуў Нібыта-Ігаат.

– Aгe! – падтрымала яго адразу некалькі галасоў, найбольш жаночых. – Упарадковано ўжэ!.. Даўно!..

– Падзелено i перадзелено!..

– Надзяліліся ўжэ!

– Падзелено – не сакрэт – па-старому, – перачакаў гоман Міканор. – Некаторым цяпер паложано ўдзяліць лепей!.. – Ён хацеў даць слова Гайлісу, але яго перабілі, горача, нецярпліва:

– Каму ето?!

Па хаце зноў загуло.

– Е такая лічнасць, – Міканор памаўчаў хвіліну, дадаў пераможна: – Калгас!

Па хаце пайшло: "Е ўжэ – нібыто – у ix!", "У кажнаго зямля була!", "З зямлёй ішлі!", "Абагульнілі!..".

Міканор заўважыў: Гайліс павярнуў галаву к яму, строга i патрабавальна чакае, – у гомане, што не хацеў ападаць, аб’явіў:

– Слова па данаму пытанню мае старшыня сельсавета таварыш Гайліс.

Гайліс як па камандзе ўстаў, зграбны, акуратны, у туга перапаясаным, зашпіленым шынялі, з ясным, ад крытым позіркам блакітных вачэй. Стаяў, чакаў, пакуль не сціхлі ўсе. Толькі калі запанавала непарушная цішыня, са звычайнай сваёй акуратнасцю i дакладнасщо ўзяўся тлумачыць:

– Землеўпарадкаванне, который праводзіцца цяпер, не есць прастой фокус, як думаюць некаторый людзі’ Землеўпарадкаванне праводзіцца не потому, што камуто няма чаго рабіць i он выдумал зноў пераразаць зямлю. Нет, землеўпарадкаванне есць сер’ёзный i неабходный кампанія, які мает важное палітычное значэнне. Землеўпарадкаванне праводзіцца потому, што цяперашняе палажэнне з зямлёй не одповедает новаму становішчу ў сяле. Старый палажэнне з зямлёй был установлен пры старым становішчы, который цяпер змяніўся. Новое становішча трэбует i нового землеўпарадкавання. Цяпер на змену аднаасобніцкім гаспадаркам прышол калектыўная гаспадарка – калгас. На змену мужыцкім палоскам павінна прыйсці шырокае калгаснае поле. Калгас будзе работаць на трактарах, сеялках, жнейках, – яму необходно шырокае поле! На вузкіх палосках калгас работаць не можэт! Это землеўпарадкаванне i павінно даць калгасам шырокае поле, прастор для тэхнікі, для шчаслівай i культурнай жызні! Это мае важнае значэнне для ўсяго сяла i для ўсяго народа, потому што ў этом адзіная дарога мужыка к культурной жызні. Потому што калгас павінен паказаць усім, як трэба ісці па этой дарозе!..

Адразу за гэтым Гайліс павёў гаворку ў практычным кірунку, сказаў, што для землеўпарадкавання сельсавет i партячейка стварылі камісію, што камісія i будзе ўсім кіраваць. Ён апярэдзіў гоман, расшпіліў шынель на фудзях, дастаў акуратна складзеную паперку, пачаў чытаць, з каго складаецца камісія. Людзі пільна слухалі: ён чытаў выразна, стараючыся вымаўляць як найлепш, прыпыняючыся пасля кожнага прозвішча; былі ў камісіі Гайліс, Міканор, Хоня, Чарнушка, Грыбок. Калі ён згарнуў лісток, па хаце пайшоў гоман нездавальнення, галасы ўхвалы. "Ето – камісія: адны калгасаўскія!.." "А калгасаўскія што – не людзі?.." "Аднаго Чарнушку– ад усяго сяла!.." "Правільная камісія!.." "Хітро складзено!.." "Такая надзеліць, чорта!.."

Гайліс спакойна перачакаў гоман, сказаў, што камісія будзе працаваць разам з землеўпарадчыкам, які спецыяльна прысланы з раёна; ён паказаў на каморніка, што сядзеў так, нібы гаворка ішла пра кагосьці іншага.

Камісія, аб’явіў Гайліс, пачне працаваць заўтра i будзе старацца зрабіць усё хутка i добра. Усе матэрыялы падрыхтаваны, неабходны інструмент прывезены, усё гатова, каб пачынаць.

– А якое поле пад калгас? – не вытрываў, крыкнуу ад печы Яўхім.

Яўхіма падтрымаў дружны, нецярплівы гоман: чулася, што гэта найбольш хвалюе многіх у хаце.

– Зараз скажу. – Гайліс мімаволі зірнуў у той бок, адкуль крыкнулі, папракнуў нецярплівага – Не надо спешыць паперад бацько. Усяму свой чарга. – Гледзячы ўжо на іншых, сказаў з сяброўскай адкрытасцю: – Мы это пытанне думалі. Для калгас будзе адведзена поле, каторае называецца Піліпаў рог.

– Aгe! – вырвалася адразу ў кагосьці з жанчын. Едкае, нястрымнае.

Умомант хата загула, завіравала бязладнымі, гарачымі галасамі: усе ў сяле па чутках ведалі ўжо пра гэта; многія прыйшлі на сход з цвёрдым намерам – перашкодзіць, зберагчы сваё; увесь час чакалі гэтага моманту. Гаварылі, крычалі так, што спачатку ўсё танула ў адным імпэтным гуле. Вырываліся толькі асобныя воклічы: "Выбралі!..", "Знайшлі!..", "А другім – што?!", "Рашылі!..", "Другіх – на пясок!..", "Правільно!..", "Дулю!..", "Не дадзім!..".

Гразіўся, гатовы рынуцца ў бойку, Яўхім. Гарланіў, памагаў Яўхіму, нібы хвалячыся дужасцю голасу, Бугай. Кіпеў злосцю, аж ускокваў з лаўкі нецярпліва Нібыта-Ігнат. Важка, як у бочку, бухаў Пракоп Лясун, чыста, спрытна сыпала нядобрымі прымаўкамі Сарока. Чарнушчыха махала рукамі, круціла галавою да жанок: крычала таму, здавалася, што крычалі Сарока i іншыя. З сяброўскага абавязку. Стары Глушак, хваравіта трасучы галавою, сіпеў ціха, стрымана, – помніў сябе i тут, пабойваўся; але аж пырскаў слінаю: злосць брала такая, што, каб мог, разарваў бы латыша, рабога.

У галасы нязгоды, абурэння ўрываліся крыкі, якія ўхвалялі перадзел зямлі,– крыкі калгаснікаў: Хоні, Хведара крывога, Зайчыка, Зайчыхі. Ix распальвала шаленства тых, хто абураўся: яны, як тыя байцы, што трапілі ў бойку, біліся ўсё больш зацята, чым больш на ix навальваліся. Можа быць, крычалі гэтыя яшчэ гарачэй, галасней: ix было ўсё ж менш, а перакрычаць – перамагчы – яны павінны былі!..

Крычаў i Васіль: гарачы гул, вір крыкаў узняў, вырваў з грудзей трывогу i злосць, што даўно мучылі яго. Не адступіўся рабы – лепшы Васілёў кавалак, забраць хоча! Адзіны людскі кавалачак, які так трудна дастаўся! На які ўся надзея! З якога толькі i жывеш!

– А нам чым жыць! – уплятаў Васіль у іншыя свой крык, у якім былі разам i ўпартасць i страх. – Нам – зубы на паліцу?!!

– Не дадзім! – лямантаваў побач, чырвоны ад злосці, ад крыку, Нібыта-Ігнат.

– Хваціць вам адным! Напанаваліся ўжэ! – віскліва ўцінаўся лямант Зайчыхі.

– Прывыклі – на добрай зямлі адны!

– Няма такога закону – адбіраць!..

– І другім трэба жыць! Усе хочуць жыць!..

– Пажылі ўжэ!

– Ідзіце ў калгас! Дак i ў вас будзе! Добрая зямля!.. – прабіўся звонкі Хонеў голас.

Яму адказаў хтосьці ў злым запале:

– У… ідзіце! З вашым калгасам!

– Дак не разяўляйцеся! Маўчыце!

– Не будзем!.. Не пусцім!..

– Судзіцца будзем!

– Не аддадзім!..

Амаль адразу, як пачаўся гэты вэрхал, Гайліс сеў. Не першы раз быў на сходах, не першы раз сутыкаўся з бязладным, запальным гоманам. Розныя галасы чуў, i добрыя, ухвальныя, i злыя, поўныя лютасці i нянавісці. Усяго пачуў i пабачыў на сходах не толькі ў Куранях i Алешніках, у многіх, блізкіх i далёкіх, за лясамі, балотамі, вёсках сельсавета. Але не толькі таму, што "абстрэлены" быў даўно, спакойна сеў, цярпліва чакаў, калі ападзе лямант; не ў характары цвёрдага латыша было крычаць, неразумна адказваць на крык крыкам. Гайліс адказваў на крык спакоем, вытрымкай. Гайліс вытрымкай, непарушным спакоем паказваў, што ніякія крыкі яго не збіваюць з кірунку i не саб’юць. Паклаўшы цвёрдыя, абветраныя рукі на стол, зграбны, сабраны, прамы, нібы вытачаны з моцнага дубу, глядзеў ён у хату i быццам не чуў нічога. Hi адна рыска не варухнулася на абветраным, хударлявым твары.

Каморнік цяпер сядзеў не так абыякава, чыстыя, празрыстыя юначыя вочы бегалі па хаце з зацікаўленасцю. Ён лавіў абліччы тых, хто крычаў, углядваўся з нейкай прытоена-вясёлай жвавасцю; яго быццам цешыў гэты лямант. Міканор стаяў, стукаў далонню па сталу, надрываючы да хрыпаты голас, загадваў сціхнуць.

Нарэшце выкрычаліся, расчырванелыя, потныя, пачалі сціхаць.

– Товарышы, – нетаропка падняўся Гайліс, – этот шум не дает ніякой карысці. Это точно. Есць рашэнне, i райком партыі i райвыканком этот рашэнне адобрылі. Яны есць ужэ – закон… Это рашэнне – законнае. Яно не выдумано самоўпраўно. Яно прынято на основанні рашэння ўрада, штоб выдзяляць кожнаму калгасу адзіны поле…

– Дак канешне етае поле, сказано?! – нецярпліва перабіў Васіль.

– Согласно ўказанням урада, калгасам рэкамендуецца выдзяляць лепшую землю. Этот указанне одповедает тому, што совецкая ўлада хоча оказаць дапамогу калгасам добрай зямлёй. Штоб калгасы змаглі хутчэй стаць на ногі.– Ён пачакаў, калі ўціхне недавольны гоман, цвёрда павёў далей: – Это рашыла совецкая ўлада, i ніякія крыкі нічога не пераменіт! Не дадут ніякой карысці!.. А некаторых, – которыя будут крычаць асабліво i не будут уціхнуць, – можно будзет заставіць помоўчат! Штоб подчынялісь совецкі закон. Поважалі совецкі закон!

Цвёрдасць i рашучасць яго падзейнічалі; калі ён сеў, у хаце стаяла цішыня. Толькі ў сенцах гаманіў хтосьці, як бы пераказваў. Тады за сталом узняўся Міканор. Разважліва, памяркоўна загаварыў:

– Прыразаць землю – не сакрэт – будуць i на тых, каторыя цяпер уступяць. Дак, калі каму ўжэ так хочацца етай зямлі,– тут правільно сказаў Хоня, – давайце да тых, што ўжэ ўступілі. І вам будзе ўдзелено! Не абідзім! Як у добрай сям’і, падзелімся! Дарога нікому не перагароджана. Завем, можна сказаць, усіх, – каторыя гібелі i гібеюць сягоння! – Ён, давольны, што знайшоў добры лад у гаворцы, гаварыў лагодна, паблажліва: – Штоб адразу планіруваць па-новаму! Не перарабляць патом!.. Запішацеся ў калгас – i заўтра адрэжуць у калгаснае i вашу долю зямлі. Самай добрай… Дзядзько Андрэй, – згадаў, кіўнуў ён на Рудога, – надумаўся ўжэ. Падаў заяву. Дак, можа, шчэ хто хоча? Возьме прыклад?

Ён, трохі горбячыся, як заўсёды, нібы ніякавеючы за тое, што такі вялікі, грамозны, лагодна акідваў хату, з надзеяй чакаў. Ніхто не ўставаў, адводзілі вочы, каб не сустракацца з яго. Круцілі папяросы, дымілі. Хтосьці з жанок крыкнуў, што не пра гэта – не пра калгас гаворка.

Міканор увачавідкі мяняўся: паблажлівасць знікала, пакляваны, амаль бязбровы твар шарэў, стражэў.

– Не хочаце? – прамовіў нейрыхільна, помсліва. – Не хочаце, дак – маўчыце!

За ім выступіў Хоня: акружаны хлопцамі, дзядзькамі, з таго месца, дзе стаяў, заявіў, што Міканор правільна кажа: каму хочацца добрай зямлі, дак давайце! Усіх прымем! Нікога не абдзелім! Кончыўшы, Хоня задзірліва зірнуў на Нібыта-Ігната.

Доўга, вучона гаварыў Андрэй Руды – тлумачыў значэнне землеўпарадкавання, значэнне калгасаў, ix перавагі над аднаасобніцкімі гаспадаркамі, заклікаў "асазнаць" цяперашні момант, узяць з яго, Андрэя, прыклад. Надакучыў нецікаваю прамоваю, збіў зусім гаворку.

Ніхто не запісаўся новы. Быў толькі бязладны гоман. З гэтым гоманам i разыходзіліся.

3

Доўга не маглі ўціхнуць Курані ў гэту ноч. Пасля сходу курылі, гаманілі купкамі на агародах, каля хат, не маглі расстацца, не выгаварыўшыся. Купкі былі розныя, i розныя былі гаворкі: радасна клопатныя, спакойныя, амаль абыякавыя, трывожныя, з бедаваннем, са злосцю, з пагрозамі Гайлісу, Міканору i іншым, з кляцьбою.

З агародаў, з двароў гутаркі разыходзіліся па хатах. Гаманілі, лежачы на палацях сярод дзятвы, Зайчыкі: старая цешылася, як яно будзе; Зайчык хіхікаў, згадваючы сход: як круціўся Нібыта-Ігнат, як сіпеў, пырскаў слінаю Корч. Вольга i Хведар гаспадарліва меркавалі, як можна засеяць тую зямлю, што яна можа даць. Дамеціха, падаўшы Міканору, старому i каморніку познюю вячэру, не ўтрывала, параіла сыну не вельмі заядацца з людзьмі, сказала, трэба па-добраму. Нібыта-Ігнат упоцемку, дымячы папяросаю, кляў апошнімі словамі ўсё на свеце, гразіўся, не хацеў слухаць жонку, якая супакойвала, раіла не браць так блізка да сэрца. І не кідацца на Міканора, на начальства, бо гэта можа вельмі пагана кончыцца; час цяпер такі, што трэба асцярожным быць. Матку падтрымала Хадоська, але бацька загадаў i ёй сціхнуць, не ўтыкаць нос туды, куды не просяць. Глушаку таксама не спалася; разышоўшыся з Яўхімам на двары, ён доўга тупаў у хляве, пад павеццю, не мог ніяк умерыць злосць, сціхнуць душою. Люта – аж заенчыў той – бацнуў наском сабаку, што не ў час падлез пад нагу. Раздзеўшыся, доўга варочаўся ў цемры з боку на бок, пляваўся: адчуванне вялікай бяды паліла ўсё больш, чым больш думаў пра тое, што здзеелася. Гады, слізь падкалодная, – што ўдумалі! Мало ўжэ i налогаў, мало таго, што дыхнуць не даюць, душаць цвёрдымі заданнямі! Дак ужэ i ето: землю адабраць, якую ты нажыў! Усё адабраць, лічы, – корань самы вырваць!.. Гайня ненажэрная, жывого з’есці гатовы!.. З бяссільнай лютасці гатоў быў закрычаць: "Дулю вам! Дулю, а не землю! Дулю вашаму калгасу! Штоб вы ўсе падохлі!"

Васіля тачыла нездавальненне. Яно шчымела, калі разышоўся з Нібыта-Ігнатам, які лаяў i сябе, i яго, Васіля, што маўчалі на сходзе, не ўсталі i не сказалі, як трэба; Ігнат растрывожыў Васіля яшчэ i тым, што заявіў: заўтра ён так сабе не саступіць, як бы там Гайліс ці Міканорчык ні гразіліся! Як саступаць так раз за разам, нядоўга зусім без нічога астацца! Успамін нра гэта паліў Васіля, што чуў, як кашляе на печы дзед, як дражліва храпе тоўстая калода Маня, якой клопату ніякага да таго, што яму баліць. Праўду казаў Ігнат, паліў сябе Васіль: не сказаў, як трэба, на сходзе, дзёр толькі горла, калі ўсе крычалі; a калі ўсе прыціхлі, i сам маўчаў. Збаяўся, не заступіўся, як трэба, за сваё; за адзіны людскі свой кавалачак зямлі, які так трудна дастаўся, на які, лічы, уся надзея! З якога толькі i жывеш, лічы! Хвіліны злосці змяняліся хвілінамі роздуму, разважнасці, i тады бралі Васіля няўпэўненасць, страх, роспач: цвярозым розумам сваім прадчуваў, што – як ні будзе біцца за сваё – нічога, відаць, не даб’ецца. Не ўтрымае нічога. Не такія Міканорчык гэты i латыш упарты, i не так паварочваецца ўсё ў жыцці, каб можна было дабіцца чаго-небудзь. Акрамя таго, што самі яны такія, што не саступяць, i закон, i ўлада за ix, за свае калгасы! Ад роспачы яшчэ горш пякла злосць на Міканора: зараза рабая, ён больш за ўсіх стараўся i стараецца, каб сагнаць Васіля з зямлі. З адзінага кавалачка, які Васілю так трудна дастаўся, якім 2 лічы, ён толькі i жыве!..

Ён успамінаў, з якой зайздрасцю глядзеў калісьці на тых, у якіх была зямля ля цагельні, як біўся смяротным боем з Яўхімам Карчом, як люта зычыў ім, ненавісным багацеям, каб зямлю гэтую ім спапяліла, як радаваўся, што з году на год сталі ix прыціскаць падаткамі, цвёрдымі заданнямі, як прадчуваў нецярпліва, што нядоўга-нядоўга ўжо засталося панаваць ім на мілай, аблюбаванай даўно зямлі ля цагельні. От калі б яшчэ карчоўскай, – не раз цешыўся, марыў: "Дзесяціну ці хоць – паўдзесяціны! Зажыў бы ўжэ зусім непагано!.. І от жа – як усё павярнулася. І ад Карча, i ад яго – разам! Нібы знарок, нібы на насмешку!"

Ён амаль не спаў у гэту ноч. Яшчэ ўпоцемку, стараючыся не разбудзіць нікога, раз-пораз паглядваючы на палаці, дзе спала з Валодзькам матка, ён ціха адзеўся, абуўся, выйшаў на ганак. Было блізка да дня, i нібы збіралася на дождж. 3-за вуліцы, з балота, лез, лізаў твар мокры вецер. "Макрэча усё ды холад… – адзначылася звыкла, без хвалявання. – Снегу ды марозу i не чутно… Як i не будзе зімы…" Млява, без радасці паплёўся ў хлеў да каня. Зазірнуў поцемку ў закутак, дзе чула заварушыліся авечкі. Патупаў пад павеццю, не ведаючы, за што ўзяцца. Стаяў, важка думаў: пайсці хіба ў гумно – дамалаціць тое, што асталася. Запаліць ліхтар i ўзяць з сахі цэп… Не было ахвоты… У хаце – новай – багата чаго рабіць. Ён паглядзеў: стаяла ў цемры чорнай зданню, кроквы ледзь значыліся на панурым, хмарным небе… І туды не было ахвоты ісці… І ў старую – на палаці, спаць – не хацелася…

Пра што б ні думаў, куды б ні глядзеў, не знікала даўкае адчуванне пагрозы, блізкай бяды. Як тут будзеш драмаць спакойна на палацях ці хадзіць па двары, у гумне з заўсёдным, звычайным, сёння, здаецца, – нямілым клопатам, – калі блізка, усутыч падступалася такое важнае, поўнае нядобрай, грознай невядомасці? Калі блізкае, нядобрае гэтае грозіцца самаму галоўнаму, на чым трымаецца ўсё на свеце, уся гаспадарка, з чаго жывеш?! З гэтым адчуваннем ныла ў Васілю здзіўленне, што ўсё навокал такое, як i ўчора, i пазаўчора, звычайнае; што сяло спіць так, як бы нічога не здарылася i здарыцца не можа. Гэта здалося такім недарэчным, што ён не паверыў спакою, які панаваў на куранёўскіх дварах: не можа быць, каб спалі ўсе, гэта няйраўда, так толькі здаецца. Ён прыслухаўся вострым слыхам у сціснутай, мокрай цішыні, радуючыся, улавіў неспакой: не спяць! Унь недзе – падобна: у Чарнушкаў – рыпнулі вароты, – значыць, таксама не дрэмлецца… Гэтым-то, праўда, можна не бедаваць асабліва: у ix каля цагельні – нічога. Хіба што за сваякоў, за Карчоў, якім не толькі пабедаваць, a i паиарваць валасы ёсць чаго. Думаючы пра Карчоў, ён, аднак жа, не адчуў уцехі,– хоць збывалася тое, пра што некалі так нецярпліва, горача марыў; да горкага адчування сваёй бяды прымяшалася няёмкая, вінаватая думка пра Ганну. Адступіўся ад яе, не памог выбавіцца, кінуў адну ў бядзе – усё з-за гэтай зямлі, з-за палоскі, якую цянер адбяруць. Усё жыццё сваё спаганіў – з-за зямлі гэтай, а яе – адрэжуць…

Яшчэ недзе рыпнулі вароты, бразнула клямка. Дзесьці далей зарыпеў журавель – у тым баку, дзе Карчы, дзе Ганна. Можа, i яе паднялі,– можа, яна якраз i бярэ ваду. Ганна – век будзе яна побач з ім, у душы яго, у якой усё i так заблыталася, а з ёй, з Ганнай, здаецца, яшчэ больш заблытанае. "Няма чаго, – стрымаў ён сябе, як бы папракнуў за недазволенае. – Була пара – прайшла! Не кавалер! Пра дзело думаць трэба!.." Але думка пра "дзело" шчымела адна: адбяруць, адрэжуць!..

Ужо ж не так i рана, а такая цемра. Каб i ісці кудынебудзь, дык які толк. Усё адно нічога не пабачыш. Але i так стаяць– толку небагата, – калі карціць, точыць трывога. Яна не толькі карцела, вярэдзіла трывогаю, зямля, палоска ля цагельні, якую сёння хочуць адрэзаць; яна цягнула да сябе, неадольна, сумотна-балюча, – зямля яго, бяда яго. Ён толькі хацеў стрымаць сябе, разумеў: ні да чаго тое, што ён пойдзе туды, развярэдзіць адно сябе лішне. І Васіль выдумляў сабе гэтае: i рана, i цёмна. Але яго, наперакор разважнасці, усё ж цягнула туды; цягнула, як к хвораму каню, як к дарагой, у бядзе, істоце, – каб – як ні балюча – у апошні раз зірнуць, сйравіць неадменны, сардэчны абавязак. Разам пабалець душою.

У сенцах бразнула клямка, – Васіль прытуліўся да хлява: хтосьці выйшаў, шарэў у цемры белым адзеннем… Закашляў, тонка, сіпла. "Дзед…" Дзед санліва, з асцярогаю саступіў з ганка, апоркамі пашаргаў да плота. Пастаяў трохі ля плота, санліва пацёгся на ганак. Зноў бразнула клямка… "Скора ўжэ матка ўстане…" – прыйшла неспакойная думка. Устане, заўважыць, што яго няма, кінецца шукаць. Не адчэпішся… Трэба ісці.

З двара, паўз агарод за хлевам, падаўся да гумна, адчыніў варотцы, выйшаў на загуменне. Гумны маўкліва чарнелі, знаёмыя, нібы затоеныя; зачыненыя, з зачыненымі варотамі платоў. Нідзе не было чуваць цэпа… Вось яно, таксама ціхае i чорнае. Чарнушкава гумно, – Ганніна гумно, – каля якога яны калісьці не раз стаялі, удваіх, абняўшыся. Тут гумно, а там – грушы, – цёмныя грушы, што зычылі калісьці радасць… Ганна, Ганна…

За Чарнушкавым гумном – ужо роўная разлегласць, поле. У полі здалося трохі святлей, дарога шарэла больш відна. Ён не ўглядаўся ў дарогу, яму не трэба было ўглядацца; каб i нічога не было відаць, каб сляпы быў, ён ішоў бы не запыняючыся. Звыклая, вядомая да кожнай ямкі, кожнага камячка дарога. Колькі разоў хадзіў ён тут, i ўранні, i ўдзень, i вось так – на досвітку, хадзіў у летнюю спёку i ў лютую сцюжу, чапляючыся босымі нагамі за траву i грузнучы лапцямі ў гурбах снегу, – але даўно-даўно не нёс ён у сабе такую бяду. Даўно-даўно не балела так душа; з таго вечара – як ён даведаўся, што былі змовіны, што Ганну прапівалі, прапілі, што яна – не яго, Карпова. Тады таксама вельмі балела, i от цяпер баліць. Як i тады, на душы цяпер так, што i жыць, здаецца, не хочацца. Глядзець на свет не хочацца.

Мокры вецер тут насядаў дужэй, легка працінаў зрэбную сарочку, абліваў цела такім холадам, што бралі дрыжыкі,– Васіль надзеў накінутую на плечы світу, зашпіліўся, пайшоў спарней. Было холадна галаве, ён толькі цяпер заўважыў, што забыў шапку…

Раптам яму здалося, што наперадзе нехта ідзе. Васіль пайшоў хутчэй, угледзеўся: перад ім, хоць i цьмяна, значылася чалавечая постаць. Чалавек ішоў туды ж, куды i ён. Васіль пайшоў цішэй, з асцярогай, назіраючы зводцалек, пачаў гадаць зацікаўлена: хто б гэта? Прасачыўшы трохі, рашыў – Нібыта-Ігнат; постаць у цемры, праўда, добра разабраць не можна было, але здалося – надобная на Ігнатаву. Ён, яшчэ не зусім упэўнены, узрадаваўся: так хацелася, каб быў іменна Ігнат, што падахвоціў сябе: канешне – Ігнат; каму яшчэ можа балець так, як не яму, не Ігнату Васіль падбавіў хады.

Чалавек пачуў яго, стаў. Васіль намерыўся ўжо весела загаварыць, калі той засіпеў насустрач:

– Каму ето шчэ не спіцца?

Васіль аж здрыгануўся: нібы неспадзеўкі засычэла гадзюка. Корч! Стары Корч!.. Умомант стаў. Хвіліну стаялі абодва. Глушак таксама не падыходзіў, углядаўся. Не пазнаваў… Васіль крануўся першы; моўчкі i хутка пайшоў насустрач старому. Праходзячы паўз яго, прыкмеціў, як той прыглядаецца. Слова не гаворачы яму, абмінуў.

Корч, відаць, нарэшце пазнаў,– пастаяў яшчэ трохі, моўчкі паплёўся ўслед. Васіль ішоў хутка, прыкмячаў, што аддаляецца i аддаляецца ад старога. Як i тады, калі быў блізка, i тады, калі Корч адставаў усё далей, Васіль увесь час чуў яго за сабой, слыхам сцярог кожны шоргат адтуль. У той асаблівай чуласці, што ўзнікла, калі праходзіў паўз Карча, неяк незвычайна ясна, блізка прыпомнілася колішняя бойка. Нібы нанава пачуў Васіль, як ён, старая, быццам нездаляшчая, зараза, дужа ламаў яму тады шыю, – памагаў гэтаму свайму гаду Яўхіму. Ажыла даўняя крыўда, запякла злосць: убярог тады, стары ліс, землю, на адну далонь не страціў добрай зямлі. Усё, што было ля цагельні, так i асталося. А яму, Васілю, удзялілі кавалачак – абы прырэзаць, далі, можна лічыць, дулю!.. Паявілася злараднае: убярог тады, а цяпер от – не ўберажэ. Разануць яго, i не на якую там паўдзесяціну, а – усяго. Усю раскошу яго ля цагельні!.. Тут жа да злараднасці прымяшалася цвярозая асцярога: уберажэ ці не ўберажэ, – шчэ не паручыцца ніхто. Можа, шчэ – i уберажэ, – ад гэтага гада ўсяго чакаць можна. Гэты гад вылузнецца там, дзе другому i думаць няма чаго. І заступку знайдзе, насуперак усякім законам… А от ён, Васіль, век без заступкі, хоць i закон за такіх, як ён, за бяднейшых. Hi на кога, калі падумаць, надзеі няма. На аднаго сябе. А што ён, адзін, цёмны куранёўскі лапаць, зробіць. Калі ён, як прыедзе ў Юравічы, павярнуцца не знае як. Не тое што падступіцца, a i слова якое сказаць – не знае… Васіль пачуў сябе страшэнна адзінокім, – адзіноцтва чамусьці асабліва чулася заўсёды, калі рабілася скрутна.

Там, наводдаль, павінна быць купа дрэваў, асіны i хвоі. Цагельня. А от i паласа яго. Поцемку, не бачачы, Васіль пазнаў бы яе сярод тысячы іншых. Поцемку рунь ледзь была відна, але ён бачыў яе. Ён акінуў яе позіркам; тую, што не відна была вачам, ён бачыў памяццю. Ён бачыў усю. Ён чуў, як яго напаўняе звыклая, любасная цеплыня. У гэтай цеплыні была памяць пра тое, як ішоў за плугам, як сеяў, як радавала яна ўжо не адзін год. Але так было толькі хвіліну, у радаснай цеплыні яшчэ вастрэй зашчымела адчуванне бяды. Ён зварухнуўся, наўгад пайшоў разораю, успамінаючы, як зусім нядаўна вёў яе. У памяць улезла нібы нанава ўбачыў,– як паявіўся Міканор, як, кінуўшы калёсы, стаяў наперадзе, чакаў, калі ён падыдзе з плугам. Як гразіўся. "Не сей!.. Насенне попусту загубіш!.." – успомнілася Васілю… Гразіўся, i от – спраўдзіў гразьбу. Запякла крыўда, а з крыўдай злосць. Не сей! На сваёй зямлі не сей! Сваёй зямлёй не распараджайся!.. За гэтым прыйшло: сваю зямлю так просто – аддай! Хочаш не хочаш – аддай! І пытацца ніхто не пытаецца! Так просто – аддай, i ўсё!.. A заўпарцішся – сілаю забяруць! Забяруць, i ўсё – цырымоніцца не будуць! Сіла ў ix, сіла i – закон. І закон знайдуць, калі трэба ім!.. Робяць усё, што хочуць! І выходзіць – па-законнаму!..

Усё мацней уціналася мокрая стыласць. "Мокро i холадно. А снегу няма… – Узяло звыклае, трывожнае: – Не дай Бог ціскане мароз зразу. Без снегу!.." Ён тут жа схамянуўся, цвяроза, з жалем падумаў: ні да чаго яму цяпер гэты страх. Мабыць, адтаго, што яму так цяжка, амаль немагчыма было прымірыцца з тым, што бяда здарылася, што паправіць нічога не можна, ад прыроднай, звыклай да цяжкай хады ў жыцці ўпартасці, ён усё ж дзіўна не траціў зусім надзеі. Зацятая немагчымая надзея яшчэ не рвалася ў ім, як танюсенькая, жывучая нітачка. Яна, гэтая надзея, падказала яму: "Трэба было гаварыць – што пасеяно ўжэ! Што жыто ўжэ расце!.. Не павінно ж быць такого, – штоб пасеянае браць! Трэба было б дабіцца, штоб абышлі цяпер; а там – можа – так бы ўжэ i асталося!.. Дабіцца б, штоб цяпер абышлі! Патом – канешне – не сталі б вяртацца!.. Трэба было гаварыць: пасеяно!.. – Ён раптам зазлаваў сам на сябе: – "Пасеяно не пасеяно!" Будуць яны глядзець на ето! Не адзінакі ім чорт – што пасеяно, што не пасеяно! Шкода ім твайго насення, твайго труда!"


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю