355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 27)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 27 (всего у книги 38 страниц)

Раздзел другі
1

І вось Апейка ў інтэрнаце універсітэта, на старой, пазелянелай ад старажытнасці Нямізе. І зноў хвалюе тое, студэнцкае – неперажытае, завабнае: аб’явы пра сходы, пра заняткі, нейкі загад. Запіска, прыколатая шпількай: "Хлопцы, ёсць лішні білет на "Паўлінку". Галёрка, самы высокі рад! Самая танная цана! Спецыяльна для студэнтаў! Спяшайцеся! Пакой № 9". Яшчэ адна: "Хто ўкраў канспект па Замоціну?! Неадкладна вярніце!!!"

Прыбіральшчыца ці дзяжурная, добрая, з выгляду зусім вясковая цётка, што спаткала яго ля дзвярэй, жаласліва зірнула на Апейку, уздыхнула, паківала галавой: быў тут, жыў такі, у трэцім пакоі. Цяпер – няма, выселілі. Дзе жыве – не пыталася; але са студэнтаў павінен нехта ведаць. Паклікала аднаго, другога з тых. што паяўляліся на калідоры; ніхто з ix не ведаў. Цётка загадала ім пашукаць, хто ведае; пачалася бегатня па пакоях, і, нарэшце, прыйшоў рудаваты, з рабаціннем на носе, хлопец i сказаў:

– Я знаю, дзе ён.

Яны ідуць удваіх, студэнт трохі наперадзе, Апейка за ім: тратуарчык такі вузенькі, што ўдваіх ісці побач не ўдаецца. Ды i вуліца, старая Няміга, такая вузкая, цесная, што, ідучы тратуарам, сцеражыся ўвесь час, каб не зачапілі вазок ці каляска, што яшчэ коцяць па слабенькім снезе. Адліга, што зранку ледзь чулася, цяпер налезла настырней: i вецер, мокры, стылы, i пад нагамі слізгота.

– Вы разам вучыліся? – Пайшлі ужо іншай вуліцай, таксама вузкай, але цішэйшай; можна было ступаць побач.

– Разам. На адным курсе.

– Як жа дайшло да ўсяго гэтага?

– Ён i раней казаў так. Спрачаўся з тым, што пісалі. Пра Пушчу i Дубоўку.

– З чым спрачаўся?

– Ну, з тым, што яны нацдэмы, ворагі. Казаў, што ім перашкаджае сялянская стыхія i арыгінальнічанне. Але што яны з часам выхаваюцца ў добрых пралетарскіх паэтаў. І што ім трэба памагчы, а не адштурхоўваць…

– І як ты лічыш – няправільна ён казаў?

– Ды мы i самі багата хто так думалі… Толькі – не вельмі гаварылі. Так, хіба ў кампаніі сваёй, сярод таварышаў… А яму гэтага мала. У яго што наўме, тое i на языку. На сходах яго дык асабліва цягнула на спрэчку.

– Гэта пагана, што ён на сходах – адкрыта?

– Не, хто кажа… – Хлопец на момант запыніўся, загаварыў разважліва: – Казаць можна. Але неабавязкова лезці з усім тым, што ты думаеш. Не тое што скрываць трэба, але трэба перш падумаць, які будзе толк з таго. І тое яшчэ знаць трэба: што калі прыходзяць на сход i гавораць нейкія рэчы, то, значыцца, гэта ўсё праверана i абдумана таксама. Людзьмі, у якіх ёсць фактаў пабольш, якія знаюць пабольш… І наогул не трэба лезці на сцяну, без толку!..

– Яго выключылі не на літфаку?

– У нас амаль усе галасавалі супраць выключэння. Яго выключылі потым – на бюро. A ў нас сабрал’ япічэ адзін сход: аб прынцыповасці i аб шкодных праявах на літфаку. Аб ім, можна сказаць. Праўда, яго ужо не было…

– Ён што – не перамяніў сваёй думкі?

– Перамяніў? – Хлопец хмыкнуў: – Ён потым знарок паказваў стойкасць сваю! – Па-юначы шчыра як бы пахваліўся сваёй практычнасцю: – Я яму казаўтрэба прызнаць памылку. Прызнаў бы – i ўсё было б добра. Інакш было б!

– Значыць, ён быў перакананы.

– Перакананы не перакананы, a калі трэба – то трэба было прызнаць. А ён – не! Усё па-свойму, дабіваўся ўсё сваёй праўды. І – дабіўся!

Больш Апейка не пытаўся. І спрачацца не стаў: адчуваў, што спрэчка прападзе попусту. Моўчкі, асклізваючыся, ішоў па крывых вулічках з ямамі, між драўляных, касабокіх хат з зялёным i чорным гонтам, з аканіцамі; вулічках, якія былі як сёстры юравіцкім, самай нязграбнай местачковай глухамані. Як i на юравіцкіх, амаль нідзе не было тратуараў. Каля аднаго, падобнага на іншыя, крывабокага дома хлопец адчыніў веснічкі, першы пайшоў на двор. Апейка мімаволі глянуў у акно: убачыў за цёмнай шыбай лапушысты вазон i свой цьмяны адбітак на шыбе.

На ганку патупалі, абабіваючы наліплую снегавую, з гразёю макрэчу, сумленна выцерлі боты. Увайшлі ў сенцы, ступілі ў хату.

– Дома Алесь? – звонка i весела сказаў хлопец, павітаўшыся.

Сухаватая, не вельмі ветлівая гаспадыня, што знарок перастаўляла табурэтку ля стала, з увагай акінула Апейку, як бы рашаючы: варта ці не варта казаць. Незычліва адказала: дома. Але хлопец яе не чуў; ён, не пытаючыся, расчыніў дзверы, уваходзіў у другі пакой.

– Забраўся чорт знае куды! – усё з той жа звонкасцю папракнуў ужо некага іншага. – Ледзь дацягліся! Прымай гасцей!

Убачыўшы Апейку, Алесь ад неспадзеўкі зніякавеў. Момант яшчэ сядзеў за сталом, потым схамянуўся, устаў, ніякава паціснуў руку. Павёў вачыма па пакоі – ці ўсё да ладу. Мітусліва падаў табурэтку, такую ж, як у тым пакоі, дзе гаспадыня, узяўся папраўляць кніжкі i сшыткі на стале, прыгладзіў не вельмі паслухмяную русявую чупрыну.

– Вуліцы, брат, – што коўзанкі! Коўзаешся ўвесь час – як кот на лёдзе!.. Што парабляеш? Вершы?

Хлопец нахіліўся над сталом. – Ага. Руская літаратура дзевятнаццатага стагодцзя. Вучымся, значыць! Пр-равільна!

Ён яўна строіў з сябе бывалага, баявога хлопца. Алесь не папраўляў яго i не падладжваўся: як бы i не заўважаў таварыша, які нібы не хацеў нічога разумець.

Сеўшы зноў за стол, Алесь зірнуў насцярожана на Апейку i ўжо не ўздымаў вачэй.

Але, чуў Апейка, жыў нялёгкім хваляваннем сустрэчы.

Таварыш яго, якім ні ўдаваў сябе бесклапотным, усё ж хутка ўлавіў, што Алесю не да яго балбатні, бадзёра аб’явіў:

– Што ж, я сваю функцыю выканаў

Ён весела паціснуў руку Алесю, са сталай стрыманасцю развітаўся з Апейкам. Праз момант звонкі голас яго прыбіўся з суседняга пакоя, хвацка стукнулі дзверы…

І калі асталіся адны, доўга яднала абодвух маўчанне. Апейка глядзеў з пяшчотаю, са спачуваннем, з увагаю: збоку здавалася – Алесь не змяніўся вельмі. Было ў твары, у постаці тое ж юнацка мілае, далікатнае, сарамяжае, з-за якога не зусім i верылася, што гэта ён, гэты далікатны юнак, так цвёрда трымаўся сумлення свайго, стаяў так перад небяспекаю. Можа, хіба толькі – цвёрдасць у падбародку, у шчаках, новая, не бачаная раней ці не заўважаная; ды i позірк недаступны, затоены. Не такі, як там, на полі…

Апейка глядзеў i глядзеў; Алесь усё не ўздымаў галавы: не зразумець было – ці чуў сябе вінаватым, ці не хацеў папрокаў.

Апейка першы пачаў:

– Што вучышся – добра. Малайчына…

Ён кіўнуў: прымаю да ведама. Галавы ж не ўзняў. Памаўчалі зноў. Раптам як бы ўспомніў штосьці, устаў, выйшаў у суседні пакой. Пра нешта ціха пагаварыў з гаспадыняю. Вярнуўся. Сеў.

– Пра што ты там?

– Так… Гаспадарчыя дробязі…

– Не трэба нічога.

Ён не адказаў. Чакаў, відаць, насцярожана гаворкі пра няўхільнае, балючае i важкае.

Апейка спытаў:

– Працуеш?

– Пакуль – не…

– Таксама… знялі?

– Знялі…

Апейка здагадваўся аб прычыне, але запытаў, хацеў высветліць усё:

– Чаму?

– Выключылі з камсамола – выгналі з работы… Не ўтаіў крыўду. На міг зірнуў на яго, сустрэўся гарачым позіркам, тут жа адвёў вочы ад Апейкі. Зноў сядзеў, схіліўшы галаву.

– Як будзеш цяпер?..

– Рабіць буду…

– Дзе?

– Ды хоць дзе. Хоць грузчыкам на станцыі.– Зноў зіркнуў горача, адвёў вочы.

– А мо – к нам?

– Чаго?

– У школу. Настаўнікам.

– Не дазволяць. Выхаванне дзяцей…

– Я даб’юся.

– Вас абвінаваціць могуць…

– За мяне не турбуйся!

– П-падумаю…

Увайшла гаспадыня. Унесла спачатку пляшку гарэлкі. Потым – закуску: трохі парэзанай каўбасы, талерку квашанай капусты з гуркамі i яркімі кроплямі журавінак. Пайку парэзанага чорнымі пліткамі хлеба.

Прынесла ўсё, выйшла. Алесь наліў у Апейкаву чарку, потым – у сваю. Моўчкі дакрануліся чаркамі, выпілі. Сталі закусваць. Апейку павяло на гаворку: пачаў расказваць навіны з юравіцкага жыцця. Алесь слухаў моўчкі, задуменна. Няхутка Апейка зачапіў самае чулае, балючае. Асцярожна, як да балючага, дакрануўся:

– З-за чаго ўсё гэта?

Алесь устаў, выйшаў да гаспадыні. Зноў пагаварыў пра нешта. Вярнуўся, наліў у чаркі. У хаце стукнулі дзверы, потым – у сенцах. За акном прайшоў абрыс гаспадыні.

– Цікаўная дужа… Аж лішне…

Апейка здагадаўся: гэта – пра старую. Алесь зноў маўчаў, еў паволі, сур’ёзна. Выціснуў нарэшце:

– З-за веры ўсё…

Ён як бы іранізаваў з сябе.

– Якой веры?

– Звычайнай. Сказаў, што веру аднаму чалавеку. Якому не трэба верыць…

– Хто гэты чалавек?

– Пісьменнік. Цішка Гартны. – Іранічная усмешка прапала. Зірнуў проста, сумна, задумаўся раптам зноў.– Быў сход у нас… Дакладчык быў з райкома… Гаварыў пра міжнароднае становішча… Пра тое, што класавая барацьба абвастраецца. Што вораг ідзе на ўсё. Што патрэбна пільнасць… Правільна, адным словам, гаварыў…

– З-за чаго ж спрэчка?

– Ён сказаў, што ворагі хочуць зацягнуць у свае сеці студэнтаў. Што закідвае вудачкі ўсякая нечысць – нацдэмы розныя, розныя гартныя. З яго слоў выходзіла, што ў літаратуры гэтай нечысці болей, як жаб у балоце. Што ледзь не ўсе ў літаратуры – людзі падазроныя… Я i выступіў. Сказаў, што нельга без падстаў абкідаць усіх гразёю…

– А ён – што?

– Ён пачырванеў. Нават – пасінеў. Але стрымаў сябе. Заявіў з абурэннем, што ён не абкідае нікога гразёю. Што абвінавачвае таго, хто заслужыў гэтага. Прадажных нацдэмаў – Гартных, Зарэцкіх i ix кампанію. І як ні шкода некаторым цяперашнім гімназісцікам ix – факты ёсць факты… Я выступіў зноў i сказаў, што калі ёсць факты, што Зарэцкі i Гартны – ворагі, то чаму ён ix не назваў. Што тое, што ён казаў,– адна лаянка. Што лаянка, якая яна ні ёсць, не замяняе фактаў… Ну, студэнты сталі крычаць, падтрымліваць мяне. А некаторыя з кіраўніцтва – дакладчыка. Сталі даказваць тым, што пра гэта i газеты пісалі. Што – ворагі. А я на тое – што i газеты – без дастатковых фактаў! Тады i – пачалося!

– А чаму ты так упэўнен, што не памыляешся? Што ты ведаеш дастаткова?

– Чаму ўпэўнен? – Хлопец проста на Апейкавых вачах перайначваўся: ужо i знаку не было нядаўняй сарамяжасці, ніякавасці. Усхваляваны, з чырвонымі плямамі на твары, ён зірнуў так горача, цвёрда, што Апейка раптам адчуў: як ён, настаўнік, не малады i не сляпы нібы чалавек, так мала ведаў яго. – Чаму ўпэўнен? Хоць бы таму, што ён пасылаў свае допісы ў "Правду" тады, калі бальшавікоў на катаргу ссылалі. Ці таму, што ён сам падпісваў дэкрэт гipa абвяшчэнне савецкай улады ў Беларусі. Хіба гэтага ўжо аднаго мала, – каб верыць чалавеку?

– Так, гэта… нямала…

– Нямала… A ў яго ж ёсць i такі "дробны" доказ як дзесятак кніг. Ён першы ў нашай літаратуры – яшчэ да рэвалюцыі – выбраў сваім героем рабочага. Не дзеля выгады ж, так я сваім "дурным" розумам мяркую, – выгаду гэта ў той час, здаецца мне, наўрад ці давала. Значыць, выбраў ад душы? Ад духоўнага братэрства? Сам рабочы, ён i выбраў сабе ў героі такога ж рабочага. І гаварыў аб ім i ад яго. Так мне "здаецца". Па адных кніжках, здаецца, можна было б зрабіць вывад, што за чалавек!.. А я ж яшчэ ведаю яго трохі i, можна сказаць, асабіста. Ведаю, як прыхільна прымаў ён кожную кніжку такіх, як я…

– Але ж у яго былі "грахі". Памылкі – i сур’ёзныя…

– Былі,– згадзіўся Алесь. Зноў зірнуў горача, ясна. – А як ix магло не быць, Іван Анісімавіч, – памылак? Былога гарбара паставілі раптам кіраваць цэлай рэспублікай, цэлай, можна сказаць, дзяржавай! Паставілі даваць новыя ацэнкі ў такой складанай гісторыі народа! Як можна было не памыліцца ні разу, жывучы ў такі незвычайны, такі бурны час! Для гэтага трэба было – я не ведаю, кім быць? Геніем – дык i геніі ж рабілі памылкі – ды яшчэ якія! Вазьміце хоць бы Талстога!.. А ён жа – не геній. Ён – да ўсяго – не вельмі i граматны. Ён у нечым i астаўся на ўзроўні гарбара. Я сам чуу, як некаторыя, больш адукаваныя, пісьменнікі падсмейваліся з яго. З капыльскай мовы, з манеры гаварыць… Яго адукацыя – капыльскія вечары над кнігамі. Гутаркі з рабочымі, з салдатамі – у Рызе, у Пецярбурзе. Трохі пабыў каля вопытных партыйных кіраўнікоў у Маскве. Вось i ўвесь яго "універсітэт", перад тым, як яму трапілася стаць у першы рад народа. Дык хіба ж дзіўна, што ён i нямала зрабіў добрага, i нямала – наблытаў? – Хлопец быў так усхваляваны, гаварыў так шчыра, што Апейка сам хваляваўся, паддаваўся i яго шчырасці, i ўзрушэнню, i разумнасці,– проста дзіўнай для такога зялёнага юнака разумнасці, сталасці яго разваг. Быў ужо не толькі жаль аб ім, a i гонар, неспадзяваны, невыказны гонар за яго, як бы недарэчная радасць. З роздумам, даверліва, як сябру, Алесь сказаў: – Папраўдзе, Іван Анісімавіч, яго трэба было б паслаць на добрыя паліткурсы! Пабачылі, што памыляецца часта, – папрасіце, каб вызваліў крэсла. І каб не траціць добрага чалавека, які яшчэ можа спатрэбіцца, пашліце павучыцца! У свой час яму не было калі вучыцца!.. Калі ўжо на тое – памыліўся асабліва сур’ёзна, зрабіў асаблівае глупства – наківайце строга! Суровую вымову ці яшчэ што дайце!.. Я так мяркую сваёй "дурной" галавою… Дык не ж: зразу – нацдэм, нацыянал-дэмакрат! Прыслужнік буржуазіі! Вораг!.. Ды яшчэ не смейце сумнявацца!

Ён быў увесь перад Апейкам: са сваёй крыўдай. сваім роздумам, сваімі перакананнямі. Было ў ім нешта вельмі юнае, амаль дзіцячае, бездапаможнае: у тым, як ён гаварыў, з якою крыўдай, – i было разам надзіва сталае, дарослае: у тым, як ён разважаў. Апейка дзіўна чуў, што, няхай хоць бы ў тым, што ён казаў, ён ведае не менш, а больш за яго, немаладога ўжо чалавека. Ад гэтага ў Апейкі было дваістае пачуццё да Алеся: i як бы бацькі i – таварыша. І дваістасць была яшчэ адтаго, што ён бачыў, што хлопец не вінаваты, што ўсё тое, што напісана было, паклёп, i Апейка рад быў гэтаму: не памыліўся ў ім! Але разам быў яшчэ i боль за тое, што на добрага савецкага хлопца навалілі такую няпраўду, што абышліся так чэрства i так несправядліва.

Што Апейка мог сказаць яму? Іван Анісімавіч, як рэдка калі, адчуваў, што яму цяжка гаварыць, цяжка падбіраць патрэбныя думкі i словы. Ён не хацеў вярэдзіць крыўду хлопца, i без таго балючую; адтаго, што было па-бацькоўску шкода яго i трывожна за яго, за тое, што ўсё гэта можа збіць хлопца з тропу, хацелася супакоіць: каб глядзеў навокал без такога болю. Каб бачыў, як усё ў жыцці ix няпроста…

– Уся бяда, што не так-то проста выявіць, хто вораг, а хто – не вінаваты, – сказаў ён па-бацькоўску. – Сам ведаеш – абстаноўка якая!

Гэта Алеся не толькі не супакоіла, a запаліла яшчэ больш.

– Дык не трэба так проста i вешаць ярлыкі! І не трэба крычаць на чалавека, калі ён хоча дакраць, што не вінаваты!.. – Губы яго па-дзіцячы смыкнуліся. – Абараняць от цяжка, a абвінавачваць – легка!.. Цяпер жа той, хто абвінавачвае, часта выглядае – як герой! І чым з-злей крычыць, т-тым – б-большы герой!

Што Апейка мог запярэчыць на гэта? Мімаво; згадаў Галенчыка, яго пагрозы на сходзе…

– Нічога, гэтыя, як ты кажаш, "героі" хутка зла маюць сабе галаву! Гэта – героі на хвілінку! Пакуль – шумна!..

Алесь не адказаў: быў, відаць, нязгодны. Апейка ўспомніў, што чыстка Гартнага ў наркамасветы ішла чатыры дні i што там некалькі чалавек заступаліся за яго.

– Заступаліся, – ахвотна, але нявесела кіўнуў Алесь. – Паспрабавалі абараніць. Дык што ж выйшла! Што потым напісалі, як падалі гэта! "Арганізаваная вылазка раз’юшанай нацыянал-дэмакратыі!" "На бязлітасную барацьбу з нацдэмакратызмам – дапаможнікам сусветнага сацыял-фашызму!.." То ні за што навесілі знак напдэма, то ўжо гатовы аб’явіць ні мала ні многа – фашыстам! І заадно – людзей, якія сказалі, што гэта – няпраўда! Што ён пры ўсіх сваіх "грахах" – савецкі чалавек, бальшавік!.. І дзе сказалі – на адкрытым партыйным сходзе!

Алесь, як бы штосьці раптам успомніўшы, стаў хутка корпацца ў паперах. Дрыготкімі ад хвалявання пальцамі выцягнуў лісток, спісаны яго почыркам. Дрыготкім ад узрушэння голасам загаварыў:

– У нас некаторым варта было б напомніць, што казаў гipa такія рэчы Ленін. Хоць кожны дзень напамінаць! – Ён стаў чытаць, выразна, як бы ўрачыста: – "Точные факты, бесспорные факты – вот что особенно… необходимо… если хотеть серьезно разобраться в сложном и трудном вопросе…" От што казаў Ленін! Нібы спецыяльна для такіх дзеячаў! – Ён з пашанай разгладзіў паперку, раптам зноў задумаўся: на чыстым юнацкім твары зноў паявілася клопатнасць. Потым зноў сказаў трывожна: – Аж страх бярэ – як легка цяпер некаторыя вешаюць людзям усялякія ярлыкі. Скажа – "вораг", "нацдэм", "прыслужнік фашызму", – i яму хоць бы што! Таму, хто хоча заступіцца за невінаватага, могуць так даць, што не рад будзе! А таго, хто ні за што абзаве ворагам нашага ж чалавека, – ледзь не хваляць!

– Калі цячэ рака, нясе яна i пену, – сказаў разважна Апейка. – І бруд таксама нясе. І ламачча гнілое. Усякага трапляецца ў ёй, сам знаеш… – Апейка стаў расказваць яму пра сваю чыстку, пра Галенчыка, пра Белага, Беразоўскага, Гайліса.

Алесь слухаў яго моўчкі i нібы няўважліва, думаючы пра нешта сваё. Яшчэ да таго як Апейка скончыў, за акном праплыла гаспадыня: хустка, плечы. Стукнулі дзверы, спачатку ў сенцах, потым у хаце.

Алесь загаварыў так, быццам думаў уголас:

– Хтосьці казаў: самае важнае – паставіць у час кропку. Гэта правільна. Самае важнае заўсёды – пачуццё меры. Любую разумную справу можна давесці да абсурду. Да злачынства нават… Асабліва ў такі час, калі ўсё ў заўтрашнім дні…

Гаспадыня прынесла, паставіла яшчэ бутэлечку гарэлкі, капусты i хлеба. Апейка сказаў, што піць больш не будзе; папракнуў Алеся за тое, што п’е. Той адказаў знарок бесклапотна:

– Гэта не часта…

– Трымацца трэба.

– Стараюся…

Яны яшчэ нямала гаварылі, найбольш ужо аб родных мясцінах, знаёмых людзях, успаміналі сустрэчы, перажытае. Між гэтых успамінаў Апейка па-бацькоўску параіў напісаць матцы i сястры – супакоіць ix. Пра што ні гаварылі, жыў у Апейку, не адступаў неспакой пра Алесеў лес: сказаў яму напісаць заяву ў ЦК камсамола – папрасіць пераглядзець усю гісторыю.

– Я напісаў…

– Не адказапі яшчэ?..

– Не…

Алесь правёў яго да гасцініцы. З гасцініцы Апейка адразу пазваніў Беламу, але таго не было. Ён пазваніў другі раз i таксама не застаў. Толькі на трэці раз Апейка пачуў голас Белага. Белы адазваўся прыхільна, але сказаў, што цяпер заняты вельмі i сустрэцца можа толькі праз паўтары гадзіны.

Роўна праз паўтары гадзіны Апейка сядзеў у пакоі Белага. Белы i тут трымаўся спакойна i проста: без якой-небудзь важнасці ці насцярожанасці, i разам з тым без той гасціннасці, якой іншыя кіраўнікі паказвалі свой дэмакратызм i якую Апейка вельмі не любіў. Ён пацікавіўся, як Апейка ўладзіўся ў гасцініцы. Сустрэўшыся з ім позіркам, Апейка чакаў ужо, што ён зараз захоча даведацца аб прычыне візіту яго, калі Белы раптам запытаў, ці чытаў Апейка рашэнні лістападаўскага пленума ЦК. Стаў расказваць пра тое, што Апейка ведаў пакуль толькі па чутках, пра справу Бухарына. Пленум, сказаў Белы, абмеркаваў новую заяву Бухарына, Рыкава i Томскага ад І2 лістапада, ацаніў яе як фракцыйны манеўр, падобны да трацкісцкіх.

– Бухарына вывелі з Палітбюро. Рыкава i Томскага папярэдзілі. Пры самай малой спробе зноў працягваць барацьбу супраць ЦК будуць прыняты аргмеры.

Ён не стаў тлумачыць значэння падзеі, ведаў, Апейка ўсё разумее. Апейка заклапочана памаўчаў, нібы паказваючы, што i не трэба тлумачыць. Правая апазіцыя зноў рашыла даць бой i пацярпела паражэнне. У маўчанні было i разуменне таго, што ўсе тры правыя лідэры – члены Палітбюро, кіруючыя дзеячы: Рыкаў – старшыня Саўнаркома, Бухары и – рэдактар "Правды", Томскі – старшыня ВЦСПС. Правыя зноў спрабавалі павярнуць партыю на свой лад…

Ён зірнуў на Апейку, нібы пытаючыся: які клопат прывёў сюды. Уважліва слухаў, пакуль Апейка расказваў пра Алеся, пра бяду яго.

Калі Апейка скончыў, стрымана, дзелавіта сказаў:

– Добра, я займуся гэтай справай. Што змагу, зраблю.

Ён запісаў прозвішча, імя, запытаў, каму ў ЦК камсамола напісана пісьмо. Апейка заўважыў, што аловак трымае ён у руцэ цвёрда i піша цвёрда, i падумаў, што ён, праўда, зробіць усё, што можа.

Белы зірнуў засяроджана, раптам загаварыў павольна, важка:

– Тут яшчэ з адным пісьменнікам гісторыя была. З Міхасём Зарэцкім. Тым, каторы напісаў раман "Сцежкі-дарожкі". Зарэцкі, як кажа ваш паэт, таксама нямала наблытаў. Яго моцна пакрытыкавалі. І не толькі пакрытыкавалі. Той-сёй з партыйных кіраўнікоў рашыў, што яму наогул не месца ў партыі. Далі такую параду ў пярвічную ячэйку, дзе быў Зарэцкі. У ячэйку Дзяржаўнага выдавецтва. Там разабралі яго справу i, хоць за Зарэцкага некаторыя моцна заступаліся, выключылі. Дзевяць было за выключэнне, сем – супроць. Фактычна – выключылі пад націскам зверху. Зарэцкі напісаў заяву ў ЦКК. ЦКК разабралася як мае быць i рашыла, што падстаў дастатковых для таго, каб выключаць яго з партыі, няма. І аднавіла ў партыі. Тут бы, здаецца, канец справе. Дык не ж. На адным партактыве выходзіць на трыбуну газетны дзеяч – Бухімовіч, вы яго, можа, ведаеце. І апошнімі словамі крые ячэйку за Зарэцкага. За патуранне ворагу, за страту класавага пачуцця. За палітычную слепату. Мала таго, адважна выпнуушы грудзі, крые ЦКК.

Тымі ж самымі словамі. Громіць усіх. Ён – адзін класава чулы, палітычна прынцыповы, непахісны! Яго асабістая думка вышэй думкі ўсіх іншых, думкі партячэйкі, ЦКК!..

– Я з адным такім пазнаёміўся ўжо, – адазваўся Апейка. – На чыстцы ў Юравічах…

– Галенчык не адзін… Модна сгановіцца выкрываць, крычаць, лупіць – пад маркай прынцыповасці! Модна i выгадна. І рызыкі ніякай, i смелым паказаць сябе можна! Лепшым за ўсіх! Архібарацьбітом, архібальшавіком!

– Мне здаецца, што гэта падобна на спекуляцыю, – горача падхапіў думку Белага Апейка. – Спекуляцыя на цяжкасці моманту…

– Спекуляцыя, – згадзіўся Белы. – У аснове якой вельмі часта – кар’ерызм. Імкненне пагрэць рукі на сітуацыі, выскачыць на чужой бядзе. Зрабіць кар’еру… – Ён дадаў раздумліва: – Па сутнасці ж, гэтыя дзеячы часта выступаюць як правакатары. Падбіваюць на падазронасць, нецярпімасць…

Апейка адчуў у голасе яго трывогу, падумаў, што Белы, мабыць, не першы раз думае пра гэта i, можа, не першы раз гаворыць.

– Адзін чалавек – можна сказаць, звычайны, абмежаваны, з неабмежаванай хіба амбіцыяй – ставіць сябе над дзесяткамі партыйцаў, над цэнтральнай партыйнай камісіяй! Выбранай з’ездам! І ніхто там не выступіў супроць яго! Усе палічылі гэта нібы нармальным!

– Слухалі яго, можа, таму, што ён усё ж не радавы камуніст. З павагі да пасады…

– Можа быць… – Белы раптам прамовіў: – Нягоднік з пасадай – гэта нягоднік у квадраце. У кубе.

Ён устаў, як бы паказваючы, што гаворку канчае. Ужо каля дзвярэй затрымаўся, перад тым як падаць руку, сказаў:

– А Галенчык спраўдзіў пагрозу. Напісаў. Тлумачыць прыходзіцца… – Не выпускаючы руку, дадаў: Але вы не хвалюйцеся. Я растлумачу ўсё. Як належыць. – Белы вымавіў "растлумачу" спакойна, з годнасцю…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю