355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Подых навальніцы » Текст книги (страница 11)
Подых навальніцы
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:05

Текст книги "Подых навальніцы"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 38 страниц)

Устаў, сабраўся ісці. Задумаўся чагосьці, неспадзявана сур’ёзна сказаў:

– Такі i праўда, пайшоў бы. Усе адно жыць не жывеш. А там – хто знае. Mo i будзе нешто… Толькі ж, – зноў прамовіў з насмешкай, – не просяць! А лезці – калі б’юць – не люблю!

– Наплёў! – пакруціў галавою стары, калi Яўхім бразнуў сенечнай клямкаю.

Стары ў гэты вечар быў нязвыкла маўклівы i пануры. Так i бавілі рэшту вечара: адзін корпаўся з граблямі, другі толькі час ад часу шалёна варушыў брывамі ды жаваў чорную пасму вусоў.

Думны i розны быў куранёўцам гэты вечар.

4

Пад вечар Зайчыха i Вольга падаілі кароў, сталі раздаваць малако калгасаўскім жанкам. Пад прыглядам старшыні, які явіўся асабіста праверыць, як будуць выконваць яго ўказанне, Вольга карцом мерала малако, налівала ў гладышкі, якія йрынеслі жанкі.

– Строго па колькасці едакоў! – нагадваў важны, цвёрды Міканор Вользе, што зачэрпвала з вядра. – Штоб – па справядлівасці!..

Ён казаў не так для Вольгі, якая ўсё ўжо ведала i якая, канешне, будзе рабіць так, як трэба, – новы старшыня казаў для тых, што цікаўна тоўпіліся навокал, назіралі.

– Па справядлівасці штоб. Пароўну. А не так – каму густо, каму – пусто!

Міканор быў давольны: чуў, што кожнае слова яго ловяць, панясуць па хатах, будуць абмяркоўваць, думаць над кожным словам. Давольны быў, што ўсе бачылі: калгас жыве, ён, Міканор, недарэмна біўся; ужо не словамі, справаю можна было паказваць прыклад, як трэба жыць i тым, што стаялі ўбаку, глядзелі. Няхай глядзяць, думаюць, можа, таксама за розум возьмуцца!

Блізка была матка, перахапіў нейкі маркотны i чакальны позірк яе, але не падаў знаку, што заўважыў: не месца для сямейных спраў, не сын тут, а старшыня. Сам, можна сказаць, бацька.

– Ну, дак – як першы дзень рабілася? – павярнуўся старшыня да Зайчыкавай, што, склаўшы рукі на жываце, глядзела, як Вольга дзеліць малако. Была, прыкмеціў Міканор, узрушаная, шчаслівая, але шчасце стрымлівала, таіла. І нібы ніякавела пад людскімі позіркамі.

– Да чаго ж. Рабілася добра. – Яна ўзрадавалася, даўгаваты, худы твар засвяціўся, ніякавасць прапала. – Рабілася весело… Толькі Алёшава, – зноў узрадавалася нібы, – не даецца! Не прызнае быццам! Я i так, i так да яе – не хоча! Адну Арыну падпусціла!

– Яна i дома адну мяне прызнавала! – сказала Арына.

– Не прывыкла. Старыя прывычкі! – уставіў хтосьці з жанок.

– Прывыкне! – заявіў Міканор спакойна i паважна. З той жа паважнасцю загадаў Хведару, даяркам:

– Давайце корму нанач. І можно – дадому. Заўтра штоб рано, як паложано па рэжыму.

– Не бойся. Не апознімся, – паабяцаў Хведар.

– Ну, дак я – пайду, – сказаў заклапочана. – Трэба шчэ паглядзець, што там на канюшні!

Мерна, упэўнена ступаючы, прайшоў паўз цікаўных, падаўся вуліцаю. Па тым, як ішоў, у шэрым, у пасачку, пінжаку, у картовых святочных, першы раз надзетых, штанах, у добра намазаных дзёгцем ботах, у кепцы, насунутай на лоб, было відаць, што ідзе чалавек заклапочаны, чалавек, на якога паклалі нялёгкі абавязак. Мерна, дзелавіта выйшаў з двара, па-гаспадарску стала рушыў вуліцаю. Востра заўважаў позіркі з-за платоў, з вокнаў.

На Хоневым двары, каля хлява, таксама купчылася чародка. Як i ўдзень, чародка была з мужчын, каля якіх круціліся, шнырылі дзеці; з жанок тырчала адна Сарока.

– Пара ўжэ, не сакрэт, i разыходзіцца! – нібы распарадзіўся Міканор; не прыпыняючыся, дзелавіта падаўся ў хлеў.

– Не гані! Прыйдзе пара – самі пойдзем да двара! – пачуў услед, але не стаў, не адказаў нічога.

У хляве было ўжо цемнавата, упоцемак, вылучаючы Хоневу i Зайчыкаву постаці, бадзёра кінуў:

– Як тут у вас, канюхі?

– А так што, – нібы рапартуючы, звонка адгукнуўся Хоня, – можно сказаць: служба ідзе!..

– Усё як трэба, братко!

– Не братко, а – старшына! – паправіў Зайчыка Хоня. – Адказуваць не знаеш як!

– Малады шчэ! Не навучыўся! – захіхікаў Зайчык.

Далі коням сена, Міканор прайшоў, праверыў, як прывязаныя. Разам з Хонем i Зайчыкам выйшаў з хлява.

– Не вельмі, старшына, пабагацелі! – пачуў Міканор з чарады злараднае.

Стаў, рэзка адказаў:

– Не радуйся, дзядзько! Будзем – багацей! Пародзістых скора прывядзем з Юравіч!

– Ждуць вас там!

– Ждуць! Прывесці павінны скора! З коннаго завода!

– Занудзіліся там, ждучы вас!

– Ето паглядзім, як прыйдуць!

Міканор з Зайчыкам i Хонем пайшлі ад хлява. Следам паслухмяна рушыў i натоўп. Хоня зачыніў вароты за ўсімі, вярнуўся к Зайчыку i Міканору, што курылі перад ганкам.

Міканор ужо збіраўся падацца дадому, але Зайчык сказаў:

– Такі дзень грэх пускаць сухім, братко, ей-бо!

– Не Мікола святы, дзядзько Іван, – штоб піць канешне! – запярэчыў Міканор.

Зайчык кінуў вачыма да Хоні, што ішоў да ix, загаварыў жвавей, гарачэй:

– Не кажы, старшына! Свято шчэ большае, дак i выпіць больш трэба б!

– Ето праўда! – падхапіў Хоня. – Дак давайце ў хату! Mo знайдзем слязу якую!

У хаце было цёмна, у цемру, туды, дзе ляжала звычайна Хонева матка, далі "добры вечар". Хоня запаліў лямпу, i Міканор з Зайчыкам убачылі добрыя, уважлівыя вочы старой, дзяцей, якія стаялі пры стале, сачылі з палацяў, з печы. Хоня адчыніў скрыню, дастаў пляшку самагонкі, паставіў на стол тры чарачкі, адну з адбітай ножкай палажыў. Пад вясёлае крыўлянне i жартачкі Зайчыка выпілі, разам з Хоневай маткай. Хоня падаў старой чарку перш, чым выпіў сам, – памог падняць галаву. Толькі калi матка выпіла, калi даў закусіць гурка з хлебам, вярнуўся зноў да сяброў.

Сядзелі ўтраіх за сталом, чвякалі гуркамі, сёрбалі расол, дружныя, пажвавелыя, гаманілі, як браты.

– Перагародкі рабіць, няйнакш, трэба! – меркаваў дзіўна гаспадарліва Зайчык. – Штоб не пакалечылі адзін аднаго!

– Канюшню трэба! Як паложано! – Міканор чуў, як ад выпітай гарэлкі мацнее ў ім задзірыстая ахвота спрачацца, выстаўляць сваё. – На трыццаць коней! З кармушкамі i ca станкамі! Як у Вадавічах!

– Не пагано б! – засмяяўся Хоня. – Толькі што малаціць трэба да араць!

– Аранне адложым покуль! Землеўпарадкаванне наўперад правядзём! Штоб адзіны масіў адрэзапі! Да кеб землі, не сакрэт, як паложано калгасу! Лепшай! Што каля цагельні, я трэбую!

– Непагано! Нагледзеў! – засмяяўся Хоня.

– Выбраў! – пахваліў i Зайчык. – Калі б адрэзалі ето, анігадкі булі б, ей-бо!

– Адрэжуць! Я трэбую! Пад калгас – па закону папожано – лепшую павінны!

– Лепяцца там ужэ на лепшай! Гвалт падымецца на ўсё сяло! – разважліва сказаў Хоня.

– Як муравейнік, забегаюць! Калі кіем разварушыш! – Зайчык пакруціў галавою. – У самы муравейнік уткнем кій, браткі!

– Дзятлік Васіль вытаргаваў там палоску ад Лесуна, – згадаў, быццам спачуваючы, Хоня.

– Будзе галасу! – радаваўся Зайчык.

– Е такія, што i так зубы точаць! – пану pa сказаў Міканор. – Кеб далі рады – з’елі б!

– З’елі б, кеб зубы такія мелі! Ето праўда, Міканорко! – весела падтрымаў Зайчык.

– Багацеі смяюцца: "Галадранцы сышліся!.." Няхай смяюцца! – Міканор стукнуў кулаком па стале. – Пабачым, хто потым смяяцца будзе! Хто смяяцца, а хто – плакаць!

Калі выпілі яшчэ па чарцы, Хоня пакруціў галавою, з дружбацкаю, шчыраю ўсмешкай прызнаўся:

– Адвярнулася ад мяне прысуха мая! З сягонняшняга дня любоў мая дала трэшчыну! – Не так ужо весела дадаў: – Наперакор ёй зрабіў!

– Правільно зрабіў! – заявіў голасна, ні трохі не вагаючыся, Міканор. – Даўно трэба було ламаць ето з ёю! Кулацкае, не сакрэт, нутро ў яе, у Хадоські! Точно такое, як i ў бацькі яе!

– Пра бацьку не скажу нічога, а на яе ты – дарэмно, – ціха, але ўпэўнена сказаў Хоня.

– Недарэмно! Нібыто-Ігнат – стопрацэнтны кулак па нутру! І яна – недалёко ад яго! Ты правільно ето, што – паламаў! Канчаць трэба зразу!

Хоня памаўчаў трохі, не тоячыся, прызнаўся:

– Не магу! От сягоння – як успомню, кошкі душу шкрабуць! Сам сабе не рады!

– Цвёрдасці ў цябе мало! – сказаў з папрокам Міканор. – Ніякай пралетарскай стойкасці!

– Мало! – ахвотна згадзіўся Хоня. Неспадзявана, са звычайнай сваёй бесклапотнасцю зарагатаў.– Да яе – праўда – мало!

Міканор ад гэтага рогату нахмурыўся больш: не таіў, што яму не падабаецца неразумны Хонеў смех. Зайчык раптам заўважыў, кіўнуў Хоню на палаці:

– Матка штось сказаць хоча…

Хоня ўстаў, схіліўся над палацямі.

– Усё сваё! – прамовіў, давольны, вярнуўшыся. – Харошая, кажа, Хадоська! Штоб – жаніўся!.. – Засмяяўся. – От, а ты гаворыш!.. – Са смехам, нібы з адчаем, рашыў: – Жанюся!

– Як ето! – у Міканоравым голасе былі здзіўленне i абурэнне.

– Не знаю сам! – перавёў усё на жарт Хоня. – Ажанюся! Праўда!..

Зайчык ускочыў у гаворку, смешачкамі адвёў яе з небяспечнага кірунку…

Рэшта вечара ішла зноў у добрым ладзе, у агульным клопаце. Гаманілі зноў, як браты. І разышліся прыхільныя, таварыскія, не нагаварыўшыся, здавалася, удосталь.

Калі Міканор вярнуўся дахаты, матка i бацька яшчэ не спалі. Бацька, што сядзеў разуты, у споднім на палацях, зірнуў насустрач з радасцю i гонарам:

– Дзе ето заседзеўся, старшына? – У тым, што ён назваў не "Міканор", а "старшына", у тым, як сказаў гэта, чуўся таксама гонар сынам.

Матка адразу дастала з печы чыгун, насыпала ў місу картоплі, паставіла скавародку з салам. Звычайна ў вячэру падавалі гуркі ці капусту, i Міканор гэта адзначыў таксама як знак павагі да сённяшняй яго працы. Можа быць, што зрабіць гэта параіў матцы бацька…

– Тато, пойдзеце заўтра на канюшню, – сказаў бацьку. – Кармушкі рабіць i перагародкі…

Бацька кіўнуў: "Добра" – паслухмяна i з радасцю.

Міканор еў ахвотна, са смакам, i прычынаю гэтаму бьші не толькі гарэлка ды бедная Хонева закуска, a i вясёласць, што зноў поўніла ўсяго. З-за гэтай вясёласці не бачыў, якім маркотным йозіркам глядзела матка, што сядзела па другі бок стала, цярпліва склаўшы на грудзях рукі.

– Як ето будзе, Міканорко? – не вытрывала, запытала нясмела.

– Што – як? – глянуў, нібы здалёк, Міканор.

– Голо, пусто. У хляве. Як вымерло ўсё. Сумота.

Міканор выцер скавародку кавалачкам хлеба, даеў, спакойна, дасведчана параіў:

– Забуваць трэба, мамо, на старое.

Устаўшы з-за стала, дадаў:

– A калі ўжэ ў хлеў канешне глядзець, то ідзіце глядзець у калгасны. Там не пусто.

У цемры, на палацях, яму зноў згадаліся насмешлівае: "Пабагацелі!" – спрэчка з Хонем пра Хадоську, але яны хутка адступілі перад шырокай, клопатнай радасцю, ад якой усярэдзіне было цёпла i хораша. Нават пра бяду сваю, што, прыхаваная ад людскіх вачэй, ныла, шчымела неадольна ў сэрцы, пра недасяжную прысуху сваю – глінішчанскую настаўніцу, думаў без заўсёднага шкадавання аб няскладнасці жыцця. Думкі, якія весяліла неўтаймоўнае адчуванне вялікай перамены, жвава беглі наперад. "Веялку скарэй прывезці б – каторую абяцалі. А шчэ б – малатарню дабіцца б! Да i трактар паспробуваць бы дабіцца! Хоць на дзень, кеб паказаў – што такое калгас! Дадуць не дадуць, а паспробуваць трэба!.. A галоўнае – не сакрэт – штоб упарадкаваць землю скарэй! Штоб каморніка прыслалі, не зацягваючы доўго! Штоб з араннем не апазніцца!.. Упарадкаванне зямлі – галоўнае! Самую добрую землю, тую, што каля цагельні, канешне! Ніякую другую! Будзе зямля добрая – будзе ўсё!.. Няхай пасмяюцца тады ўсялякія карчы ды ігнацікі! Паглядзім, як смяяцца будуць!.. І кароў пародзістых дабіцца трэба!.. І будавацца канешне! Кароўнік, канюшню, свіран – як паложано!.. Але наўперад канешне – з зямлёй упарадкавацца! І канешне тую, што каля цагельні!.. Зямля – галоўнае!.."

5

І наступнымі днямі нямала сыходзілася цікаўных на Хведаравым i Хоневым дварах. Але больш пільна збіраліся тыя, чые стаялі ў хлявах каровы ды коні. Асаблівай настойлівасцю, было прыкметна, вылучаліся жанкі. Жанкі, праўда, быццам памагалі карміць, даіць, але старанне гэтае больш давала адзін вынік: кожная, як магла, замінала Хведару, даяркам. Хведар нярэдка лаяў жанок, адганяў, але, непаслухмяныя, яны лезлі i лезлі ў хлеў. Патроху прывыкалі к іншым рукам каровы, i не касавурыліся, i малака больш давалі, не таілі, a жанкі ўсё не хацелі адвыкаць ад сваіх рагуль.

Управіўшыся з каровамі ды коньмі, даяркі i канюхі ішлі ў гумны: Зайчык i Хоня браліся за цапы, з прымаўкамі, са смешкамі, выпярэджваючы адзін аднаго, білі па снапах. Цапы ў калгасных гумнах, як i ў іншых, цупалі з рання да позняга вечара. Малацілі Міканораў бацька, Алёша, Хведарава Вольга, сам Міканор.

Намалочанае збожжа звозілі ў Хведараў свіран. Кульгавы Хведар зважваў усё, запісваў у кніжку, стукаючы па падлозе драўлянай нагой, памагаў ссыпаць у засекі. Хведар не толькі памагаў жанкам у хляве, але i быў упраўным кладаўшчыком. Ён i замыкаў свіран, сачыў за ім – быў, можна сказаць, яго вартаўніком.

Неяк ранкам, прыкладна так з месяц пасля таго, як звялі дабро разам, запрог Міканор коней, з бацькам пакаціў у Юравічы. Калі паявіліся зноў, усе, хто трапіўся на дарозе, на загуменні, дзівіліся: на калёсах, пабліскваючы фарбай, круглячыся коламі, стаяла машына. Нібы аддаючы пашану ёй, Міканор i бацька пачціва ішлі побач яе. Бацька асцярожна кіраваў коньмі, а Міканор падтрымліваў машыну, каб не ўпала. Калі знялі веялку, паставілі на прыгуменні, Міканор сам паказаў Зайчысе i Алёшавай сястры, як трэба абыходзіцца з ёю, паказваў з радасцю i годнасцю – ледзь не паў-Куранёў глядзела на яго i на яго радасць – веялку. З таго дня каля веялкі ледзь не ўвесь час быў хто-небудзь з цікаўных, хоць бы з дзяцей; багата каму хацелася ўзяць за ручку, пакруціць колы. Міканор i сам нярэдка падыходзіў да яе, памагаў жанкам веяць.

Каля веялкі Міканор асабліва шкадаваў, што не ўдалося дабіцца пакуль малатарні. А як добра было б, каб хоць ненадоўга прыслалі трактар. Але ў Міканоравым шкадаванні была i надзея, i веялка яе нібы падмацоўвала: ёсць веялка, раней ці пазней будзе i малатарня, i, не сакрэт, i трактар. Усякая тэхніка будзе. Веялка – гэта пачатак. Усе разумець павінны.

Нязвыклае паволі станавілася звыклым. Дзень за днём, кожны ранак, выпаліўшы ў печы, паснедаўшы, калгасаўцы сыходзіліся каля Міканоравай хаты, гаманілі, курылі. Тут уведвалі ўсе, дзе каму рабіць, куды каму ісці. У цэнтры гурту звычайна быў Міканор – ён прыходзіў амаль заўсёды з гатовымі планамі: перад тым, бачылася, вымеркаваў, што трэба, разважыў сам з сабою. Было часам i так, што яму пярэчылі, раілі, асабліва Хоня, Хведар кульгавы, Хведарава Вольга, i ён, хоць i спрачаўся, нярэдка прыслухоўваўся, мяняў свае рашэнні. Праўда, рабіў ён гэта неахвотна i з няёмкасцю, нібы гэта прыніжала яго, выяўляла яго нявартасць. Тут вельмі памагаў Хоня, які цудоўна ўмеў прыйсці ў час на падмогу, ператварыць непрыемнае ў вясёлае, жартаўлівае. Часам i на бязрыбным балоце спаймаць нешта можна, дык, маўляў, глядзець усюды не шкодзіць; да ўсіх прыслухоўвацца!..

Як бы там ні было, Міканор усяму быў кіраўнік галава быў; як потым зразумелі, i брыгадзір, i бухгалтар, i старшыня. Што помніў, а што запісваў у сшытак: i колькі чаго намалочана, i хто намалаціў, i хто дзе рабіў. Сам асабіста ставіў кожнаму за дзень "палачку", па якіх, казаў, будзе відаць, колькі хто рабіў…

З прычыны асаблівага значэння Міканора цемнаватая i цесная Міканорава хата ўсё больш станавілася як бы цэнтрам тых, хто пайшоў у калгас. Сюды збіраліся на сходы, на нарады, нярэдка збіраліся i проста так. Пайсці ў Міканораву хату рабілася ўжо як бы прывычкай. Вечарамі ў Міканоравай хаце цяпер век свяціліся вокны, век гаманілі, меркавалі пра нешта калгасаўцы; іншы раз – было так – без Міканора: калi Міканору даводзілася прападаць вечарамі ў Алешніках ці Юравічах.

Раз ці два гэтымі вечарамі няпрошаны заходзіў у Міканораву хату Глушакоў Сцяпан. Сядзеў ён звычайна моўчкі, амаль увесь час глядзеў толькі ды слухаў. Міканору не даспадобы былі гэтыя яго наведванні, але старшыня неяк прамаўчаў: у хату прыходзіла нямала іншых пабочных, ды i сакрэтаў якіх-небудзь у тыя вечары не было. Так што праганяць хлопца не было i прычыны.

Але праз некалькі дзён хлопец паявіўся на двары ўранку, стукнуў дзвярыма, улез у хату. Міканор яшчэ не ўправіўся вочы працерці пасля сну, санліва сапучы, нацягваў сухія, абпыленыя боты, зіркнуў спадылба, недавольна.

– Чаго прыйшоў? – не адказаў на прывітанне.

Хлопец нібы няёмка – прыдурваецца! – стаў каля дзвярэй, пачаў мяць у руках шапку.

– У калгас… прасіць хочу…

– У калгас?! – Міканор паглядзеў на яго, нібы хацеў зразумець: што ён удумаў. Пацікавіўся непрыязна: Чаго ето?

– Як усе. Жыць.

Міканор устаў, націснуў на бот. Зноў глядзеў пранікліва.

– Хто ето навучыў цябе? Бацько ці Яўхім?

Сцяпан збянтэжыўся больш, пачырванеў.

– Сам я…

– Сам! – Міканораў позірк паказваў: думаў знайсці дурня! Сказаў спакойна, насмешліва: – Ідзі скажы свайму бацьку ці брату… Скажы: мы не такія дурныя, як ён думае!

– Чаго? – не зразумеў Сцяпан. На твары яго паявілася нешта разгубленае i дурнаватае.

– Скажы: няхай сам прыйдзе! – жорстка сказаў Міканор.

– Чаго? Ён i мяне… не пусціць…

Міканор сабраўся ісці мыцца.

– Вы мне… не верыце?

Міканор зазлаваў:

– Не верыце? Не верыце? Знаю я вас! Твой бацько таксамо – сіратою ўмее! Слязу пусціць!..

– Мне бацько не ўказ. У мяне свая галава. – У Сцяпанавым голасе пачулася ўпартасць. – І Яўхім мне не пара!

– Пара не пара, аднаго поля!

– На адным полі рознае расці можа. Не канешне, як бацько такі, дак i я…

– Не для вас ето! Ясно? – узяла нецярплівасць Міканора.

– Дак… як жа мне?.. – Сцяпан стуліўся, нібы прасіў аб літасці.

Міканору стала шкада яго. Ён i злаваў таму, што ўвесь час лезла агіднае шкадаванне. Якога не павінна было быць. Адужаў чуласць, адрэзаў:

– Не блытайся пад нагамі! От як!

Зачэрпнуў карцом вады i нахіліўся над начоўкамі. Ужо за спіной пачуў недарэчнае:

– Дак… бувайце здаровы!..

Добра, не было на гэты час у хаце маткі. Калі ўвайшла, запыталася, чаго прыходзіў Сцяпан, Міканор толькі махнуў рукою. Ведаў, што матцы лепей не гаварыць пра гэта.

Увесь дзень было дзіўна ніякава: лезла, тачыла непаслухмяная вінаватасць, як бы несумленна, пагана абышоўся са Сцяпанам. Гнаў развагі, што Сцяпан i стары яго – розныя зусім, што са Сцяпана – не сакрэт – мог толк быць. Падтрымліваў ранішнюю цвёрдасць: тое, што можа быць, яшчэ не значыць, што так канешне i будзе, што Сцяпан не можа – калі захоча стары – стаць за яго, за Яўхіма, за ўсё кулацкае кодла. І Іераконваў сябе: правільна зрабіў, так i трэба. Стараўся не прызнаваць, што злаваў на Сцяпана, нецярплівы быў асабліва таму, што Глушакі, гэта ужо не раз чапляла матка, хоць i няблізкія, a сваякі. Ён i матцы казаў i сам думаў, што лічыць такіх сваякамі можна толькі на здзек яму, але, як там ні кажы, сваяцтва усё ж нейкае было i што ні думай, нейкі цень на яго кідала. І ад гэтага ў яго была асаблівая злосць на Глушакоў, як бы яны хацелі падкапацца да яго такім спосабам. Таму лічыў, што з імі трэба быць асабліва цвёрдым, бязлітасным. Таму не хацеў, каб пра гаворку яго са Сцяпанам ведала матка…

Нярэдка бавіў вечары ў Міканоравай хаце Андрэй Руды. Ссаў свае далікатныя папяросы-люлечкі, пускаў ноздрамі далікатныя струменьчыкі дыму, слухаў іншых, улазіў са сваімі меркаваннямі, парадамі. Тым, як ён слухаў іншых, – прыжмурыўшы вочы, з паблажлівай усмешачкай, як гаварыў, павучальна, тонам старэйшага, мудрага, ён як бы паказваў, што ведае i ў гэтым даволі, вельмі можа быць – больш за іншых. Ён так трымаўся, нібы быў тут не госцем, якога ніхто не прасіў, а ледзь не галоўнай асобай, ва ўсякім разе, другой пасля Міканора. Міканор, якога Руды не раз дапаўняў, а аднойчы ўзяўся нават папраўляць, ускіпеў:

– Дзядзько, чаго вы лезеце ўсюды! Куды вас не просяць! Без вас разбяромся! Прыйшлі, дак сядзіце ціхо – ясно?

– Ты чаго кідаешся? – не хацеў траціць годнасці Андрэй. – Яжэлі савет даюць, так сказаць, дзякуваць трэба. Што памагаюць разумным словам. А не гырчаць!

– Я не гырчу! Я папярэджую, штоб не разводзілі тут сваю агітацыю i штоб не падрывалі аўтарыцет! Ясно?

– Я толькі хацеў памагці! Штоб аўтарыцет буў, следавацельно, большы! – Руды ўстаў, не хаваючы, а нават знарок паказваючы, што яго неразумна, няўдзячна абразілі: за яго ж добрае! З годнасцю заявіў:—Я думаў ужэ, так сказаць, далучыцца. Сабраўся ўжэ напісаць прашэніе. Але як ты так кідаешся, то, следавацельно, падажду.

Ён паважна пайшоў да дзвярэй, стукнуў дзвярыма. На другі дзень ён падсцярог Міканора каля Хведаравага свірна, паздароваўся з той велікадушнасцю, якая паказвала, што як ні вінаваты Міканор перад ім, ён гатоў забыць крыўду.

– Я напішу прашэніе, – сказаў, як бы хацеў супакоіць Міканора. – Толькі штоб мне, следавацельно, інцілігентную работу. Штоб бугалцерам, напрымер. Ці кладаўшчыком…

– Зразу вы, дзядзько, выгаду шукаеце, – папракнуў Міканор.

– Ета выгада найперш, так сказаць, для калгаса, – паправіў Міканора Руды. – Патом ужэ для мяне… – Дадаў, вучачы: – Трэба цаніць грамату! І скарыстоўваць граматнаго як кадраваго спіцыліста!..

Міканор мірна сказаў, каб падаваў заяву; паабяцаў падумаць аб просьбе…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю