355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Гардзіцкі » Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 » Текст книги (страница 9)
Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
  • Текст добавлен: 26 марта 2017, 14:00

Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"


Автор книги: Аляксей Гардзіцкі


Жанр:

   

Справочники


сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 37 страниц)

Грахоўскі Сяргей, нарадзіўся 25.09.1913 г. у сяле Нобель Пінскага павета Менскай губерні (цяпер Зарэчненскі раён Ровенскай вобласці, Украіна) у сялянскай сям'і.

Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў мястэчку Глуск Магілеўскай вобласці. Працаваць пачаў у 1930 г. рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1935 г. скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута, працаваў рэдактарам на Беларускім радыё.

У 1936 г. быў рэпрэсіраваны, 10 гадоў знаходзіўся ў лагеры (Горкаўская вобласць). Пасля вызвалення выкладаў расейскую мову і літаратуру ва Ўрэцкай сярэдняй школе Слуцкага раёна (1946-1949). Быў паўторна арыштаваны і па ранейшым абвінавачванні высланы на вечнае пасяленне ў Новасібірскую вобласць, дзе працаваў настаўнікам. Пасля рэабілітацыі (19.10.1955) працаваў на Беларускім радыё (1956-1957 гг.), загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Бярозка» (1957-1959). Быў літаратурным кансультантам СП БССР (1959-1960), літаратурным рэдактарам часопіса «Вясёлка» (1960-1973), у 1973-1974 гг. – адказны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Сябра СП СССР з 1956 г.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983).

Узнагароджаны медалямі.

Першы верш надрукаваў у 1926 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Дзень нараджэння» (1958), «Чаканне» (1960), «Табе зайздросціць сонца» (1963), «Памяць» (1965), «Тры вымярэнні» (1967), «Вершы» (1968), «Паэма дарог» (1970), «Зазімак» (1976), «Лірыка» (1978), «3ачараванасць» (1978), «Асеннія гнёзды» (1982), «Кругі надзеі» (1985), «Верую» (1987), «І радасць і боль» (1988).

Выдаў нарыс «Горад маладосці» (1960), зборнік апавяданняў «Які вялікі дзень» (1966), дакументальныя аповесці «Рудабельская рэспубліка» (1968, паводле аповесці пастаўлены спектакль у 1968, твор экранізаваны ў 1972), «Суровая дабрата» (1977), аповесці «Ранні снег» (1975), «Гарачае лета» (1974), «Сустрэча з самім сабою» (1988), «Споведзь» (вершы, аўтабіяграфічныя аповесці, 1990), кнігу ўспамінаў «Так і было» (1986). Выйшлі кнігі вершаў для дзяцей «Ад вясны да вясны» (1959), «Сёння і заўтра» (1961), «Гарыць касцёр» (1966), «Сонечная сцежка» (1980), «Знаходка» (1985), апавяданняў «Агеньчык у акне» (1972). У 1973 і ў 1983 гг. выдаваліся Выбраныя творы ў 2 тамах.

Выступае і як публіцыст. Выдаў кнігу «Мінск» (1971) і нарыс на маральна-этычную тэму «Бацькі і дзеці» (1972).

На беларускую мову пераклаў «80 000 кіламетраў пад вадой» Ж.Верна (1937, з Ю.Лявонным), аповесць «Ваенная тайна» А.Гайдара (1936), раман «Крушэнне» Р.Тагора (1958), «Выбраныя вершы і паэмы» А.Блока (1980), кнігу лірыкі М.Дудзіна «Пасля спаткання» (1984), асобныя творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, Я.Райніса, С.Ясеніна, Лесі Ўкраінкі, П.Варанько, М.Забалоцкага, А.Твардоўскага, М.Ціханава, М.Ісакоўскага, Р.Гамзатава, А.Венцловы, Т.Масэнкі, М.Нагнібеды, У.Сасюры, Я.Судрабкална і іншых паэтаў.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1983) за зборнік «Асеннія гнёзды».

Грачанікаў Анатоль, нарадзіўся 08.09.1938 г. у вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і служачага.

Пасля заканчэння ў 1960 г. Гомельскага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту працаваў на Гомельскім рамонтна-механічным заводзе (1960-1962), намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гомельскага абкома камсамола (1962-1965), першым сакратаром Гомельскага гаркома камсамола (1965-1967). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1969). У 1969-1971 гг. – загадчык аддзела літаратуры газеты «Літаратура і мастацтва», а ў 1971-1976 гг. – намеснік старшыні праўлення СП БССР. З 1976 г. – галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», з 1978 г. – часопіса «Бярозка», з 1982 г. – часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1965 г.

Памёр 07.03.1991 г.

Упершыню выступіў у друку ў 1957 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Калі далёка ты...» (выбраная лірыка, 1979), «Палессе» (вершы і паэмы, 1983), «Верасень» (1984), «Я вас люблю» (1986), «Жнівень-45» (1990). Выданы на расейскай мове зборнік паэзіі «Звезды и курганы» (Масква, 1976) адзначаны прэміяй на Ўсесаюзным літаратурным конкурсе імя М.Астроўскага (1978). Напісаў кніжку сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988). Выдаў кніжкі для дзяцей «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Валерка і лятаючая талерка» (1983), «Жывая вада» (казкі, 1985), «Зорны палёт» (вершы, казкі, легенды, 1988). У 1988 г. выйшла «Выбранае».

Пераклаў на беларускую мову зборнік паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з Э.Агняцвет, 1985), кнігі вершаў для дзяцей сучасных афганскіх паэтаў «Ватан – значыць Радзіма» (1987), М.Пацхішвілі «Рагатун і рагатуха» (1989), а таксама асобныя творы расейскіх, украінскіх, малдаўскіх, летувіскіх, сярэднеазіяцкіх паэтаў і паэтаў замежных славянскіх краін.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) за зборнік вершаў «Грыбная пара», Дзяржаўнай прэміі БССР (1984) за кнігі вершаў «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка», «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара».

Гроднеў Мікола, нарадзіўся 25.10.1929 г. у вёсцы Старая Алешня Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Гомельскім тэхнікуме фізкультуры. У 1953 г. скончыў гістарычны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. Быў школьным інспектарам у Вілейскім райана, дырэктарам Куранецкай сярэдняй школы рабочай моладзі (1954-1956). Працаваў у радашковіцкай раённай газеце «Сцяг Ільіча» (1957-1959), быў уласным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». З 1961 г. – у аддзеле фельетонаў рэдакцыі часопіса «Вожык», у 1968-1984 гг. – рэдактар аддзела нарысаў часопіса «Беларусь», у 1984-1989 гг. – адказны сакратар бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Сябра СП СССР з 1964 г.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1954 г. Выйшлі зборнікі апавяданняў і аповесцей «За бацькоўскім парогам» (1960), «Цяжкае шчасце» (1963), «Вясна была...» (1968), «Заручыны» (1972), «Высокі поўдзень» (1974), «Зоркаўкі» (1975), «Што скажуць людзі» (1975), «Салодкі боль» (1977), «Крок да тайны» (1983), «Нязведаная даль» (1989), зборнік гумарыстычных апавяданняў «Клін клінам» (1979).

Грыневіч Клім, нарадзіўся 18.02.1912 г. у вёсцы Шасцёраўка Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы – Магілеў – Рослаў (1929-1930). Вучыўся ў Рагачоўскім педагагічным тэхнікуме (1930-1931). У 1931 г. пераехаў у Менск. Працаваў на будаўніцтве, карэктарам у друкарні, літсупрацоўнікам газет «Рабочий» і «Сельгасрабочы», сакратаром рэспубліканскага ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. З верасня 1932 г. вучыўся на літаратурна-творчым аддзяленні Менскага Вышэйшага педагагічнага інстытута. Вясной 1933 г. быў рэпрэсіраваны і высланы ў Чымкенцкую вобласць, г. Сарыагач, дзе працаваў настаўнікам у мясцовай школе, пасля – інспектарам райана (1933-1935). Служыў у радах Чырвонай Арміі. У 1937-1941 гг. – настаўнічаў у школах г. Балагое Калінінскай вобласці і адначасова вучыўся на літаратурным факультэце Ленінградскага педагагічнага інстытута.

Памёр 03.03.1941 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1929 г. (газеты «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена»). Аўтар зборніка паэзіі «На бераг» (1932).

Грынчык Мікола, нарадзіўся 01.08.1923 г. у вёсцы Быцень Івацэвіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

З сакавіка 1943 г. – агентурны разведчык партызанскага атрада «Савецкая Беларусь» Берасцейскага злучэня, з ліпеня 1944 г. – у Савецкай Арміі, на фронце. Быў цяжка паранены. Пасля вайны працаваў загадчыкам Быценьскага раённага аддзела сацыяльнага забеспячэння. У 1952 г. скончыў літаратурны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута. Настаўнічаў на Гарадзеншчыне. Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1957), затым – навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. З 1970 г. – загадчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова ў 1973-1985 гг. – галоўны рэдактар рэспубліканскага навуковага міжведамаснага зборніка «Беларуская літаратура». З 1980 г. – загадчык кафедры літаратуры Менскага інстытута культуры. Доктар філалагічных навук. Прафесар. Сябра СП СССР з 1971 г.

Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1977).

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалямі.

Выступае як крытык і літаратуразнавец з 1957 г. Аўтар манаграфій «Максім Багдановіч і народная паэзія» (1963), «Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрачніцкай паэзіі» (1969), «Шляхі беларускага вершаскладання» (1973), крытыка-біяграфічнага нарыса «Аркадзь Куляшоў» (1964), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977), падручнікаў для студэнтаў філфака педінстытутаў «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. 1917-1940» (1981), «Гісторыя беларускай літаратуры. XIX – пачатак XX ст.» (1981) і «Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд» (1985).

Грышановіч Валер, нарадзіўся 03.03.1947 г. у гарадскім пасёлку Халопенічы Крупскага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.

У 1973 г. скончыў факультэт журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях крупскай раённай газеты «Ленінскім курсам», клецкай раённай газеты «Да новых перамог». У 1969 г. абраны сакратаром Крупскага райкома камсамола, у 1972-1973 гг. працаваў у Менскім абкоме камсамола. Служыў у Савецкай Арміі (1973-1974). у 1974-1977 гг. – інструктар, намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК ЛКСМ Беларусі, у 1977-1979 гг. – намеснік рэдактара, рэдактар газеты «Знамя юности», у 1979-1983 гг. – загадчык аддзела рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия», у 1983-1987 гг. – інструктар сектара газет і часопісаў ЦК КПБ. З 1987 г. – дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1990 г.

З вершамі выступіў упершыню ў рэспубліканскім друку ў 1968 г. («Сельская газета»). Піша на расейскай мове. Аўтар зборніка паэзіі «Стронций в капле росы» (1990), адзін з аўтараў кнігі нарысаў «Дальние дороги» (1983).

Губарэвіч Кастусь, нарадзіўся 05.01.1907 г. у вёсцы Радучы Чавускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1927 г. скончыў Магілеўскі педагагічны тэхнікум. Настаўнічаў на Гомельшчыне. Скончыў сцэнарнае аддзяленне Дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве (1932). Працаваў у газеце «Палеская праўда», рэдактарам на кінафабрыцы Белдзяржкіно ў Ленінградзе, на Беларускім радыё ў Менску. У час Вялікай Айчыннай вайны – рэдактар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь». У пасляваенныя гады загадваў аддзелам літаратурна-драматычных перадач на Беларускім радыё, аддзелам мастацтва ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў сябрам рэпертуарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». У 1966-1974 гг. – галоўны рэдактар рэпертуарнай калегіі Міністэрства культуры БССР. Сябра СП СССР з 1947 г.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1966).

Памёр 03.07.1987 г.

Выступаць у друку пачаў у 1926 г. з вершамі і апавяданнямі (газета «Чырвоная змена», часопіс «Маладняк», альманах «Дняпроўскія ўсплескі»). Першая кніга – зборнік апавяданняў «Гайда туды і Жывыя шрубы» (1930). Працаваў пераважна ў галіне драматургіі, тэатра і кіно. Аўтар п'ес «Цэнтральны ход» (з І.Дорскім, пастаўлена ў 1948), «Брэсцкая крэпасць» («Цытадэль славы», 1952, пастаўлена ў 1953, аднайменны спектакль Берасцейскага абласнога драмтэатра атрымаў у 1967 г. прэмію Ўсесаюзнага Ленінскага камсамола), «Простая дзяўчына» (1953, пастаўлена ў 1953), «На крутым павароце» (1956, пастаўлена ў 1956), «Галоўная стаўка» (1957, пастаўлена ў 1957, новы варыянт пад назваю «Брэсцкі мір» – у 1969), «Далёкая песня» (1961, пастаўлена ў 1962), «А куды ж нам падзецца» (пастаўлена ў 1963), «Першы ўрок» («Дзеля жыцця», пастаўлена ў 1967), «Салодкі месяц» (пастаўлена ў 1968), «Партызанская зона» (пастаўлена ў 1976), «Даруй мне» (пастаўлена ў 1980). Выйшлі зборнікі «П'есы» (1954), «П'есы» (1963), «П'есы» (1969), «Драмы і камедыі» (1981), кніга кінааповесцей «Анютина дорога» (1980).

У кінадраматургіі дэбютаваў сцэнарыем «Баям насустрач» («Пераможцы», з Е.Гезіным і К.Мінцам, 1932). Па яго сцэнарыях пастаўлены мастацкія фільмы «Дзяўчынка шукае бацьку» (з Я.Рысам, 1958), «Анюціна дарога» (1968), «Паланез Агінскага» (1971), «Неадкрытыя астравы» (1973), «Дрэвы на асфальце» (1984), некалькі дакументальных фільмаў, а таксама тэлефільмы «Галоўная стаўка», «Далёкая песня».

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972) за сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Дзяўчынка шукае бацьку» (з Я.Рысам), «Анюціна дарога» і «Паланез Агінскага», лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968) за сцэнарыі фільмаў «Дзяўчынка шукае бацьку» і «Анюціна дарога».

Гурло Алесь, нарадзіўся 31.01.1892 г. у гарадскім пасёлку Капыль Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Капыльскую чатырохкласную навучальню (1908). Працаваў чорнарабочым на лесапільні, зарабляў падзённай работай. У 1909 г. уступіў у рады Капыльскай арганізацыі РСДРП. Пасля працаваў на заводзе «Вулкан» у Пецярбургу. З 1913 г. служыў на Балтыйскім флоце – спачатку матросам на крэйсеры «Богатырь», а ў першую сусветную вайну – унтэр-афіцэрам на мінаносцы «Забияка». Быў цяжка паранены. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый і грамадзянскай вайны. З атрадам рэвалюцыйных матросаў прымаў удзел у штурме Зімняга палаца, у падаўленні эсэраўскага мяцяжу ў Яраслаўлі, у барацьбе з калчакаўцамі. У 1921 г. вярнуўся на Беларусь. Працаваў у Інбелкульце, у Інстытуце мовы АН БССР. Быў сябрам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк», «Полымя», «Пробліск». У 1930 г. рэпрэсіраваны. Высланы на 5 гадоў у Самару. Вярнуўся ў Менск. Рэабілітаваны ў лістападзе 1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памёр 04.02.1938 г.

Першы верш надрукаваў у 1907 г. у газеце «Наша ніва». Аўтар зборнікаў паэзіі «Барвёнак» (1924), «Спатканні» (1925), «Сузор'і» (1926), «Зорнасць» (1927), «Межы» (1929), «Выбраныя творы» (1950), «Вершы» (1953), «Вершы» (1972). У 1947 г. выйшла кніжка вершаў для дзяцей «Нашы птушкі». У 1912 г. напісаў сямейна-бытавую драму «Любоў усё змагае».

Перакладаў на беларускую мову творы расейскіх пісьменнікаў А.Аўдзеенкі, Ф.Гладкова, У.Стаўскага і інш.

Гурскі Ілья, нарадзіўся 26.04.1899 г. у вёсцы Замосце Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1914 г. у пошуках работы пераехаў у Петраград – спачатку батрачыў у памешчыцкім маёнтку ля станцыі Любань, у 1916 г. стаў качагарам на Абухаўскім заводзе. Удзельнічаў у Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайне. Быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі (1924) працаваў у Галоўліце БССР, затым старшынёй Галоўрэперткома БССР, начальнікам Галоўмастацтва БССР. Адначасова вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні (скончыў у 1932). Займаўся ў аспірантуры АН БССР (1932-1935). Быў рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва» (1935-1941). Удзельнік паходу ў Заходнюю Беларусь. У Вялікую Айчынную вайну – адказны сакратар франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», рэдактар газеты «За свабодную Беларусь», рэдактар сатырычнага часопіса «Партызанская дубінка». У 1944-1960 гг. рэдагаваў часопіс «Беларусь». Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1969).

Памёр 11.08.1972 г.

Дэбютаваў у друку рэцэнзіямі ў 1926 г. Як драматург пачаў выступаць у 1928 г. Аўтар п'ес «Новым шляхам» (1928), «Дрыгва» (1928), «Сварка» (1929), «Качагары» (1932, пастаўлена ў 1931), «Бальшавіцкая вясна» (1930), «Новы горад» (1933, пастаўлена ў 1931), «На крэсах усходніх» (1933), «Маці» (1934), «Сваты» (1935, пастаўлена ў 1936), «На варце» (1938), «Валодзя Вярбіцкі» (апублікаваны ўрыўкі ў 1937, пастаўлена ў 1941), «Патрыёты» (1939), «Хлеб» (1949), «Свае людзі» (апублікавана і пастаўлена ў 1950), іншых аднаактовак. У 1936 г. выйшлі «Драматычныя творы».

Выдадзены кнігі апавяданняў «Над Нёманам» (1945), «На родных гонях» (1948), «Зары насустрач» (1949), «Неспакойныя характары» (1955), «У вялікай дарозе» (1958), «Родная дарога» (1961), зборнік апавяданняў для дзяцей «На берагах Нявы» (1977), аповесць «Лясныя салдаты» (1945; у 1979 – аповесць і апавяданні), раман «У агні» (1952), раман-хроніка «Вецер веку» (у 3-х ч. – 1966, у 4-х – 1974), раман-памфлет «Чужы хлеб» (1971). У 1951 г. выдадзены Выбраныя творы, у 1989 г. кніга аповесцей і апавяданняў «Расцвілі вішні».

Гурэвіч Эсфір (таксама Гурэвіч Эся), нарадзілася 22.11.1921 г. у мястэчку Татарск Мсціслаўскага павета (цяпер Манастыршчанскі раён Смаленскай вобласці, Расея) у сям'і шаўца.

Скончыла літаратурны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1941). У час Вялікай Айчыннай вайны – медыцынская сястра ў ваенным шпіталі Заходняга, а затым 3-га Беларускага франтоў. У 1946-1949 гг. вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. З 1950 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1977 г.

Узнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

У друку выступае з 1948 г. Аўтар манаграфій «Творчая гісторыя раманаў М.Астроўскага» (1957), «Беларуская дзіцячая літаратура (1917-1967)» (1970), «Пафас гераізму» (1979), «Детская литература Белоруссии» (Масква, 1982), «Янка Маўр: Нарыс жыцця і творчасці» (1983), «Боль и тревога наши» (1986). У сааўтарстве з Л.Гарэлік, Т.Грамадчанка і інш. напісала кнігу «Сучасная літаратура і чытач» (1988). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977), «Гісторьгі беларускай савецкай літаратуры» (1981-1982).

Гусак Сяргей, нарадзіўся 02.04.1930 г. у вёсцы Іванкаўшчына Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1955 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам Жалудоцкай сярэдняй школы на Гарадзеншчыне (1955-1956). У 1956-1958 гг. – выкладчык беларускай мовы і літаратуры Воўчынскай, завуч Малазводскай сярэдніх школ Высокаўскага раёна (цяпер Камянецкага), з 1958 г. – загадчык Высокаўскага райана. У 1959 г. залічаны ў аспірантуру пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Быў навуковым супрацоўнікам Інстытута педагогікі (1960-1962), начальнікам навучальна-метадычнага аддзела Міністэрства асветы БССР (1962-1965), выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ (1965-1968). З 1967 г. – намеснік дэкана філалагічнага факультэта БДУ, у 1968-1969 гг. – рэктар Берасцейскага педагагічнага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1968 г.

Памёр 20.12.1969 г.

У друку як крытык пачаў выступаць у 1961 г. Аўтар крытыка-біяграфічнага нарыса «Аляксей Кулакоўскі» (1967) і кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Пафас праўды» (1973).

Гусеў Сілан (таксама Гусеў Сіла), нарадзіўся 14.08.1897 г. у вёсцы Калясянка Чавускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Быў батраком у памешчыка, з 1913 г. працаваў на суконнай фабрыцы ў Пецярбургу. За распаўсюджанне рэвалюцыйных пракламацый у 1914 г. высланы этапам на радзіму. Працаваў на пабудове чыгункі, служыў на Балтыйскім флоце. У пачатку кастрычніка 1917 г. прыкамандзіраваны на крэйсер «Аўрора». Прымаў удзел у штурме Зімняга палаца. Служыў у Чырвонай гвардыі і Чырвонай Арміі, а таксама на Чарнаморскім флоце. Удзельнічаў у грамадзянскай вайне і ў барацьбе з інтэрвентамі. Быў паранены. З 1921 да 1930 г. быў на партыйнай і савецкай рабоце ў Беларусі. У 1933 г. у Менску скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі. Працаваў рэдактарам літаратурнага альманаха «Атака», рэдактарам літаратурнага аддзела Радыёкамітэта, дырэктарам Дома творчасці, кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР, дырэктарам Беларускага аддзялення Літфонду СССР (1933-1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай Арміі. Двойчы быў паранены. У пасляваенны час працаваў ва ўстановах культуры, друку Беларусі. Сябра СП СССР з 1940 г.

Памёр 31.03.1986 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступеняў і медалямі.

Першае апавяданне было надрукавана ў 1933 г. (часопіс «Полымя рэвалюцыі»). Выйшлі зборнік апавяданняў «За жыццё» (1934) і аповесць «Шлях юнака» (ч. 1, 1938), працяг якой у фрагментах друкаваўся ў часопісе «Полымя» за 1969 г.

Гутараў Іван, нарадзіўся 15.04.1906 г. у вёсцы Воўкаўка Мсціслаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Выхаванец Леменскай школы-камуны на Магілеўшчыне. Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1928). Выкладаў расейскую літаратуру ў Магілеўскім палітасветным і педагагічным інстытутах, у БДУ. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай Арміі, прымаў удзел у партызанскім руху. У 1945-1947 гг. – сакратар партбюро СП СССР. У 1947 г. скончыў дактарантуру пры Інстытуце сусветнай літаратуры. Працаваў у ЦК КПБ загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва Ўпраўлення прапаганды і агітацыі, а пасля рэарганізацыі намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі. З 1951 г. – загадчык кафедры расейскай літаратуры БДУ, У 1957-1967 гг. – загадчык сектара фальклору Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1946 г.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.

Памёр 08.02.1967 г.

У друку выступаў з 1930 г. Літаратурна-навуковую дзейнасць пачаў у 1932 г. з выдання ў Магілеве працы «Бальшавізм і літаратуразнаўства». Аўтар даследаванняў «К.Маркс і Ф.Энгельс пра сутнасць і спецыфіку мастацкай літаратуры» (Магілеў, 1933), «Борьба и творчество народных мстителей» (1949), «Поэтическое мастерство В.В.Маяковского» (Масква, 1950), «Эстетические основы советской литературы» (1950), «Введение в литературоведение» (1954), «Философско-эстетические взгляды А.С.Пушкина» (1957), «Вопросы литературоведения» (метадычны дапаможнік для студэнтаў-завочнікаў, 1958), «Основы советского литературоведения» (1967). Адзін з аўтараў кнігі «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1968).

Склаў хрэстаматыю «Вуснапаэтычная творчасць беларускага народа» (1959, з С.Васілёнкам), зборнік «Сучасны беларускі фальклор» (1963).

Гутковіч Аляксандар, нарадзіўся 20.12.1920 г. у вёсцы Аскеры (цяпер у складзе вёскі Вярхоўе) Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і каваля.

Працоўны шлях пачаў у 1938 г. з артыста дапаможнага складу Вялікага драматычнага тэатра ў Ленінградзе. У 1939 г. вучыўся на рэжысёрскім факультэце Ленінградскага тэатральнага інстытута, адкуль быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны (Калінінскі, Заходні, 3-ці Беларускі і 3-ці Прыбалтыйскі франты). У 1945 г дэмабілізаваўся і паступіў на акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Пасля заканчэння інстытута (1949) восем год працаваў акцёрам Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, з 1957 г. – педагогам Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. З 1959 г. – рэжысёр студыі Беларускага тэлебачання. Сябра СП СССР з 1961 г.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1981).

Памёр 09.09.1989 г.

Літаратурнай працай займаўся з 1954 г. Разам з У.Хазанскім напісаў п'есу «Юныя мсціўцы» (1960, пастаўлена ў 1957), з Ф.Казоўскай – п'есы «Правда и счастье» (1960, пастаўлена ў 1959), «Дело ее жизни» (1962, пастаўлена ў 1961), «И завтра...» (1967), інсцэніроўкі «Андрэй Лабанаў» (паводле рамана Д.Граніна «Шукальнікі», пастаўлена ў 1955) і «Уласнасць» (паводле рамана К.Чорнага «Трэцяе пакаленне», пастаўлена ў 1964). Аўтар сцэнарыяў тэлефільмаў «Уся каралеўская раць» (па аднайменным рамане Р.Уорэна, пастаўлены ў 1971), «Атланты і карыятыды» (з І.Шамякіным, пастаўлены ў 1980), тэлеспектакляў «Калі зліваюцца рэкі» (па аднайменным рамане П.Броўкі, пастаўлены ў 1961), «Трывожнае шчасце» (з І.Шамякіным, пастаўлены ў 1968), «Сцяг брыгады» (па аднайменнай паэме А.Куляшова, пастаўлены ў 1975), «Чужая бацькаўшчына» (па аднайменным рамане В.Адамчыка, пастаўлены ў 1983), «Алімпіяда» (па аднайменным рамане І.Пташнікава, пастаўлены ў 1984), аднаактовых п'ес «Кветкі для Алесі» (пастаўлена ў 1988) і «Устаць! Суд ідзе» (паводле нарысаў Я.Богата, пастаўлена ў 1988).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1966) за пастаноўку на тэлебачанні спектакля-трылогіі «Людзі на балоце» паводле аднайменнага рамана І.Мележа.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю