Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"
Автор книги: Аляксей Гардзіцкі
Жанр:
Справочники
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 37 страниц)
Пераклала раман эстонскага пісьменніка А.Хінта «Бераг вятроў» (з А.Раманоўскай, 1960).
Арабейка Іван, нарадзіўся 26.03.1942 г. у вёсцы Хмелева Жабінкаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1964 г. скончыў хіміка-тэхналагічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Тры гады працаваў на шклозаводзе «Нёман». З 1968 г. у Берасці – майстар змены на заводах зборнага жалезабетону (1968-1969), газавай апаратуры (1971-1973), выкладчык інжынерна-будаўнічага інстытута (1969-1970), галоўны інжынер спецкамбіната камунальна-бытавога абслугоўвання (1973-1975). З 1975 г. – старшы эксперт Берасцейскага аддзялення Гандлёва-прамысловай палаты БССР. Сябра СП СССР з 1979 г.
Першы верш надрукаваў у 1963 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Услед за сонцам» (1972), «Асенні ранак» (1978).
Арлоў Уладзімір, нарадзіўся 25.08.1953 г. у горадзе Полацку ў сям'і служачых.
Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975). Выкладаў гісторыю ў школе ў Наваполацку (1975-1976). З 1976 г. працаваў у рэдакцыі гарадской наваполацкай газеты «Хімік» – карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара. З 1988 г. – рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1986 г.
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
У друку выступае з 1976 г. Першыя творы змясціў у самвыдатаўскіх альманахах «Блакітны ліхтар» і «Мілавіца». Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Добры дзень, мая Шыпшына» (1986), «Дзень, калі ўпала страла» (1988), навукова-папулярнай кнігі «Асветніца з роду Ўсяслава» (1989).
Пераклаў з расейскай мовы гісторыка-этнаграфічны нарыс М.Улашчыка «Была такая вёска» (1989).
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1986) за кнігу «Добры дзень, мая Шыпшына».
Арол М. (сапр. Пяцельскі Сцяпан), нарадзіўся каля 1890 г. у мястэчку Гарадок Беластоцкага павета Беластоцкага ваяводства (цяпер Польшча) у сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння царкоўна-настаўніцкай школы ў Ялоўцы (Беласточчына, 1909) вучыў дзяцей у Ялоўцы, Гарадку, пазней у Струзе (цяпер Мастоўскі раён, 1910-1912) і Парэччы на Гарадзеншчыне. У 1913-1914 гг. жыў на Ковеншчыне. На пачатку першай сусветнай вайны мабілізаваны ў армію. Прымаў удзел у баявых дзеяннях. У верасні 1917 г. знаходзіўся са сваёй часцю на Ўкраіне.
Узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.
Памёр у канцы 1917 г. ці ў пачатку 1918 г. ад тыфу.
З першым вершам выступіў у друку ў 1909 г. (газета «Наша ніва»). Паэтычныя і публіцыстычныя творы пісьменнік публікаваў у «Беларускім календары «Нашай нівы», часопісе «Лучынка» і іншых беларускіх выданнях. Падрыхтаваў кніжку паэзіі «Лірнік» і ў 1913 г. паслаў у Віленскае выдавецкае таварыства, але выхаду яе перашкодзіла першая сусветная вайна. Асобныя творы змешчаны ў кнігах «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» (Вільня, 1927), «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1967), у «Беларускім календары» (Беласток, 1979).
На беларускую мову перакладаў творы В.Бялінскага.
Арочка Мікола, нарадзіўся 10.12.1930 г. у вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1951 г. скончыў Азярніцкую сярэднюю школу Слонімскага раёна і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1956) працаваў у часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі» (1956-1960) і ў газеце «Літаратура і мастацтва» (1962). У 1966 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1966 г. – навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Доктар філагічных навук. Сябра СП СССР з 1958 г.
У друку з вершамі пачаў выступаць з 1949 г. (баранавіцкая абласная газета «Чырвоная звязда»). Аўтар кніжак паэзіі «Не ўсе лугі пакошаны» (1958), «Ветраломная паласа» (1962), «Крылатае семя» (1967), «Кветкі бяссмертніка» (1972), «Матчына жыта» (1978), «Колас на ржышчы» (1980), «Бяздоннае» (1985), «Падземныя замкі» (1986), драматычных паэм «Курганне. Крэва» (1982), «Судны дзень Скарыны» (1990), кніжкі вершаў для дзяцей «У птушынай вёсцы» (1964) і аповесці «Хай расце маладая таполя» (1964).
Выдаў крытыка-літаратуразнаўчыя кнігі «Валянцін Таўлай» (1969), «Галоўная служба паэзіі» (1974), «Беларуская савецкая паэма» (1979), «Саюз часу і майстэрства» (1981), «Максім Танк: Жыццё ў паэзіі» (1984), «Поэзия и война» (1987). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977).
Выступае як перакладчык з расейскай, латышскай, польскай, ангельскай моў.
Арсеннева Наталля, нарадзілася 20.09.1903 г. у горадзе Баку (Азербайджан) у сям'і служачага.
Пасля заканчэння 1-й Віленскай беларускай гімназіі (1921) паступіла на гуманістычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. У сувязі з пераводам мужа ў Хелмно (Польшча) у 1922 г. вымушана была пакінуць вучобу. У 1939 г. апынулася ў БССР, працавала ў вілейскай абласной «Сялянскай газеце». Як жонка польскага афіцэра з двума сынамі выслана на пачатку 1940 г. у Казахстан. Працавала там у калгасе. Паводле хадайніцтва СП БССР, вярнулася ў траўні 1941 г. у Беларусь. У час Вялікай Айчыннай вайны апынулася пад акупацыяй, працавала ў «Менскай (Беларускай) газэце». У 1944 г. кіравала аддзелам літаратуры Беларускага культурнага згуртавання. У сувязі з наступленнем Савецкай Арміі (1944) выехала з мужам у Германію, дзе знаходзілася нейкі час у лагеры для перамешчаных асоб. З 1950 г. жыла ў ЗША.
Першы верш у беларускім друку апублікавала ў 1920 г. (газета «Наша думка»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Пад сінім небам» (Вільня, 1927), другі зборнік «Жоўтая восень» не паспеў выйсці з-за вайны, «Сягоньня» (Менск, 1944), «Між берагамі» (Нью-Ёрк – Таронта, 1979).
Апублікавала п'есу «Сваты» (1955), шэраг абразкоў. Напісала лібрэта да опер М.Шчаглова «Лясное возера», «Усяслаў Чарадзей» і да яго ж аперэты «З выраю», шэраг тэкстаў для песень.
Пераклала на беларускую мову драму Г.Гаўптмана «Затонуты звон» (1948-1954, пастаўлена ў 1943 у Менску), «Евангельскі хрысціянскі сьпеўнік» (Менск, 1943), лібрэта опер «Вяселле Фігаро», «Чарадзейная жалейка» В.А.Моцарта, «Вольны стралец» К.М.Вэбера, «Кармэн» Ж.Бізэ, «Цыганскі барон» І.Штраўса, тэксты арый да «Яўгенія Анегіна» П.Чайкоўскага, пралог да «Рамэо і Джульеты» У.Шэкспіра, раздзелы з «Дзядоў», «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, асобныя вершы І.В.Гётэ і інш.
Артымовіч Надзея, нарадзілася 18.02.1946 г. у вёсцы Аўгустова Бельска-Падляшскага павета Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сям'і служачага.
У 1964 г. скончыла Беларускі ліцэй у Бельску-Падляшскім. У 1965-1967 гг. вывучала русістыку ў Настаўніцкай студыі ў Беластоку, затым – беларускую філалогію ў Варшаўскім універсітэце. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1972) працавала як расейска-польскі перакладчык у Інстытуце прамысловага дызайну (Варшава). У 1979 г. вярнулася ў Бельск-Падляшскі. Да 1983 г. працавала ў мясцовым Доме культуры. Сябра літаратурнага аб'яднання «Белавежа». Кандыдат у сябры Саюза польскіх пісьменнікаў з 1986 г.
Дэбютавала як паэт у 1970 г. (газета «Ніва», Беласток). Першы зборнік вершаў «У сне, у болю слова» (1979) выйшаў у перакладзе на польскую мову ў Беластоку. Там жа выйшлі зборнікі паэзіі «Роздумы» (1981), «Сезон у белых пейзажах» (1990).
Асіпенка Алесь, нарадзіўся 07.09.1919 г. у вёсцы Пушкары Віцебскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся на гістарычным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута (1939-1940). Настаўнічаў у Рудаках пад Віцебскам (1940-1941). У 1942 г. – партызан, памочнік камісара па камсамолу партызанскага атрада № 7 брыгады Аляксея Данукалава на Віцебшчыне. У снежні 1942 г. адпраўлены за лінію фронту – лячыўся ў шпіталі, вучыўся ў школе партызанскага руху, на партыйна-савецкіх курсах. У 1943 г. накіраваны на камсамольскую работу ў Горацкі раён Магілеўскай вобласці. З 1944 г. – карэспандэнт, літсупрацоўнік, загадчык аддзела, намеснік рэдактара, з 1952 г. – рэдактар газеты «Чырвоная змена». У 1955 г. завочна скончыў Менскі педагагічны інстытут. У 1953-1972 гг. – загадчык аддзела, адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». У 1972-1976 гг. – галоўны рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», у 1976-1980 гг. – галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1957 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» і медалямі.
Заслужаны работнік культуры БССР (1979).
Першае апавяданне надрукаваў у 1945 г. Выйшлі ў свет зборнікі апавяданняў і аповесцей «Лёд растае» (1958), «Подых кветак і працы» (1960), «Дарога ў даль» (1962), «Крокі» (1971), «Парогі» (1973), «Абжытыкут» (1964), «Жыта» (1968), «Канец бабінага лета» (1975), «Два дні і дзве ночы» (1977), «Пяцёра адважных» (1985), раманы «Вогненны азімут» (1966), «Непрыкаяны маладзік» (1974, поўнае выданне ў 1982), «Святыя грэшнікі» (1988). У 1979 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2-х, у 1989-1990 гг. – у 3 тамах.
Зрабіў літаратурны запіс кнігі А.Дзенісевіча «Орлиное племя» (1970). Аўтар сцэнарыяў мастацкіх фільмаў «Пяцёра адважных» (1971), «Канец бабінага лета» (1982), «Трывогі першых птушак» (1986). Сааўтар сцэнарыяў мастацкіх фільмаў «Ясь і Яніна» (з С.Паляковым, 1974), «Трэцяга не дадзена» (з І.Балгарыным і М.Пяцігорскай, 1980), «Кожны трэці» (з Н.Сафаравым, 1980).
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) за літаратурны запіс кнігі А.Дзенісевіча «Орлиное племя», Літаратурнай прэміі імя І.Мележа (1981) за раман «Непрыкаяны маладзік».
Астапенка Алесь, нарадзіўся 14.07.1920 г. у вёсцы Сырская Буда Кармянскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Да Вялікай Айчыннай вайны скончыў тры курсы літаратурнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута. Адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда». У час Вялікай Айчыннай вайны – рэдактар і дыктар беларускай рэдакцыі Ўсесаюзнага радыёкамітэта (Масква), удзельнічаў у баях на Заходнім і Бранскім франтах. Улетку 1943 г. пад Арлом быў цяжка паранены. З восені 1943 г. зноў працаваў на радыё ў Маскве. Вярнуўшыся ў Менск, загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена» (1946-1947), аддзелам піянерскага жыцця часопіса «Бярозка» (1947-1953). Сябра СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Памёр 20.07.1970 г.
У 1940 г. выступіў з рэцэнзіямі і артыкуламі. Першы верш апублікаваў у 1942 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Выпрабаванне» (1947, дапоўненае выданне ў 1980), «Дзень маёй Радзімы» (1952), «Выбранае» (1957), «Сэрца спявае» (1960). Паасобныя вершы пакладзены на музыку.
Перакладаў на беларускую мову творы расейскіх, украінскіх, летувіскіх, латышскіх, нямецкіх паэтаў, а таксама грузінскія казкі.
Астапенка Змітрок, нарадзіўся 10.11.1910 г. у вёсцы Калеснікі Мсціслаўскага павета Магілеўскай губерні (Цяпер Хіславіцкага раёна Смаленскай вобласці) у сям'і настаўніка.
У 1929 г. скончыў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў. Пасля жыў у Маскве, працаваў выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры ў 252-й школе. У 1936 г. арыштаваны і асуджаны на 8 год пазбаўлення волі. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны – на фронце.
Загінуў 07.10.1944 г. у Карпатах.
Першыя вершы надрукаваў у 1926 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «На ўсход сонца» (1931), «Краіне» (1931), «Абураныя» (1932), «Выбранае» (1957, уключана паэма «Эдэм»), «Вершы і паэмы» (1968), кніжка-малюнак для дзяцей «Трактар» (1933), зборнік «Як шум дажджу» з друку не выйшаў, захаваліся толькі гранкі.
Пісаў апавяданні. Аўтар навукова-фантастычнага рамана «Вызваленне сіл» (часопіс «Маладняк», 1932).
Пераклаў раманы М.Горкага «Маці» (1932), Л.Первамайскага «Ваколіцы» (1931, разам з М.Багуном), аповесці П.Голубева «Завіруха» (1930), М.Дончанкі «Ударны атрад» (1932), творы іншых расейскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.
Асташонак Алесь, нарадзіўся 01.06.1954 г. у Менску ў сям'і рабочых.
Скончыў перакладчыцкі факультэт Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў (1976). Працаваў перакладчыкам на будоўлі металургічнага камбіната ў пасёлку Эль-Хаджар (Алжыр). У 1978-1979 гг. служыў у Савецкай Арміі, у 1980-1981 гг. – інспектар дэканата па працы з замежнымі навучэнцамі і выкладчык французскай мовы Беларускага політэхнічнага інстытута, у 1981-1982 гг. – выхавацель у тэхнічнай навучальні будаўнікоў № 31, у 1982-1984 гг. – рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Ўпраўлення тэатраў і музычных устаноў Міністэрства культуры БССР, у 1984-1986 гг. – рэдактар у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі імя П.Броўкі. З 1988 г. – старшы рэдактар часопіса «Крыніца» («Родник»). Сябра СП СССР з 1986 г.
Друкавацца пачаў у 1981 г. Аўтар кнігі прозы «Фарбы душы» (1989), п'ес «Іскры ўначы» (пастаўлена ў 1982, апублікавана ў 1986), «Камедыянт, ці Ўзнёсласць сумнай надзеі» (пастаўлена ў 1984, апублікавана ў 1985), сцэнарыяў тэлевізійных мастацкіх фільмаў «Камедыянт» (1987), «Сон» (кароткаметражны паводле ўласнага апавядання «Чарга», 1989; прыз Саюза кінематаграфістаў СССР на XIII Усесаюзным фестывалі тэлевізійных фільмаў, 1989; першае месца ў конкурсе ў рамках Тыдня міжнароднага кіно ў Тэруэлі, 1989, Гішпанія).
Перакладае з французскай, ангельскай, летувіскай моў. Пераклаў раманы «Порт туманаў» Ж.Сіменона («Сучасны замежны дэтэктыў», 1988), «Планета малпаў» П.Буля («Сучасная замежная фантастыка», 1990), п'есы «Улюбёнец публікі» С.Палякова (пастаўлена ў 1985), «Жаночы стол у паляўнічай зале» В.Мярэжкі (пастаўлена ў 1988), «Матылёчак, матылёчак...» А.Нікалаі (пастаўлена ў 1988), аповесць Веркора «Маўчанне мора» («Далягляды», 1987), аповесці Ж.Сіменона «Пад страхам смерці» (часопіс «Беларусь», 1988), «Дзяўчына і бясхвостыя парсючкі» («Далягляды», 1989) і іншыя творы замежных пісьменнікаў. Сумесна з В.Грыгалюнасам пераклаў з летувіскай мовы асобныя апавяданні Б.Радзявічуса, М.Слуцкіса, С.Шальцяніса.
Астрэйка Анатоль (таксама Астрэйка Акім), нарадзіўся 24.07.1911 г. у вёсцы Пясочнае Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў двухгадовыя настаўніцкія курсы пры Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме (1930), вучыўся на літаратурным факультэце Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута (1932-1934). З 1930 г. працаваў у газетах Полацка, Воршы, Горак, Менска. У час Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Двойчы (1942, 1943) накіроўваўся на акупіраваную тэрыторыю Беларусі. У 1946-1948 гг. – старшыня Гарадзенскага аддзялення СП БССР, у 1948-1953 гг. – адказны сакратар часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1939 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 23.08.1978 г.
Вершы пачаў друкаваць у 1929 г. Першы зборнік вершаў «Слава жыццю» выдадзены ў 1940 г. Рукапіс другога зборніка – «Квецень» згарэў у час вайны ў Менску. У 1943 г. друкарня слуцкай падпольнай газеты «Народны мсцівец» выпусціла зборнік «Слуцкі пояс». У пасляваенныя гады выйшлі кнігі паэзіі «Крамлёўскія зоры» (1945), «Добры дзень» (1948), «Зямля мая» (1952), «Песня дружбы» (1956), «Бацька мой Нёман» (1961), «Сэрца насцеж» (1965), «Цвіціце, верасы» (1975), «Зямная Случчына» (1977), «Ураджай цяпла» (1978), «Памяць дарог» (1980), а таксама вершаваная казка «Елка» (1949) і паэма для дзяцей «Прыгоды дзеда Міхеда» (1956). Выдадзены Выбраныя творы ў 2 тамах (1970, 1981).
Перакладаў творы пісьменнікаў народаў СССР на беларускую мову. Аўтар тэкстаў многіх беларускіх песень.
Астрэйка Сяргей, нарадзіўся 09.07.1912 г. у вёсцы Каласаўшчына Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Менскі беларускі педагагічны тэхнікум (1930). Быў рэдактарам у Беларускім навукова-даследчым інстытуце прамысловасці, а ў 1932-1933 гг. – навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (працаваў у слоўнікавай камісіі). У 1933 г. арыштаваны і асуджаны да пяці гадоў высылкі. Пакаранне адбываў у г. Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. Працаваў бухгалтарам матэрыяльнага аддзела Ірбіцкага падшыпнікавага завода. У 1937 г., не адбыўшы тэрміну, арыштаваны паўторна. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г.
Расстраляны 14.09.1937 г.
Першыя паэтычныя творы апублікаваў у 1928 г. на старонках газеты «Чырвоная змена». Вершы друкаваліся ў часопісах «Полымя» (1930, 1931, 1965), «Чырвоная Беларусь» (1931, 1932), зборніку «Дзень паэзіі» (1965). Рукапіс першага зборніка «Смарагды кроз» не ўбачыў свету з-за арышту, рукапіс паэмы «Бенгалія» загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны.
Аўрамчык Мікола, нарадзіўся 14.01.1920 г. у вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1938 г. паступіў на філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі». У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Пры акружэнні ў чэрвені 1942 г. быў узяты ў палон і вывезены фашыстамі ў Рур на каменнавугальныя шахты. Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949). Працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя», у 1953-1980 гг. – рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980).
Першыя вершы апублікаваў у 1937 г. у бабруйскай газеце «Камуніст». Аўтар кніг паэзіі «Пярэдні край» (1949), «Шляхамі дружбы» (1952), «Ключы жураўліныя» (1960), «Сустрэча былых канагонаў» (1963), «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Агледзіны» (1969), «Як надалоні» (1970), «Дрэва дружбы» (1973), «Вадовішча» (1976), рамана «У падзямеллі» (1986), «Анкета: Выбранае» (1990). Выдаў зборнік вершаў для дзяцей «Дружба» (1950). Выйшлі «Выбранае» (1976) і Выбраныя творы ў 2 тамах (1980).
Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А.Міцкевіча, Л.Украінкі, І.Франка, М.Джаліля, Г.Эміна, зборнікі вершаў С.Міхалкова «А што ў вас?» (1950), В.Бычко «Тры сястры» (1953), паэму М.Нагнібеды «Васілёк» (1961) і інш.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за зборнік «Сустрэча былых канагонаў».
Б
Бабарэка Адам, нарадзіўся 14.10.1899 г. у вёсцы Слабада-Кучынка Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сям'і беззямельнага селяніна.
Скончыў Менскую духоўную семінарыю (1918). Настаўнічаў у школах Случчыны. У час белапольскай акупацыі ўдзельнічаў у падпольнай барацьбе, быў пасаджаны ў астрог (1920). Пасля вызвалення Случчыны працаваў настаўнікам, быў сябрам рэўкома Пукаўскай воласці і загадваў валасным аддзелам народнай асветы. Служыў у Чырвонай Арміі (1921-1922). У 1927 г. скончыў этнолага-лінгвістычнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова з вучобай працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», настаўнічаў. Адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб'яднання «Маладняк» (1923). Пасля ўтварэння «Узвышша» (1926) – сакратар аб'яднання. У 1926-1929 гг. працаваў у Камуністычным універсітэце Беларусі выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, а з 1928 г. – асістэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ. У 1930 г. рэпрэсіраваны. Год знаходзіўся ў менскай турме. З 1931 г. жыў у ссылцы ў гарадскім пасёлку Слабадское (Вятчына), з канца 1934 г. – у Вятцы (цяпер г. Кіраў), працаваў бухгалтарам. У ліпені 1937 г. зноў быў арыштаваны і засуджаны тройкай НКУС на 10 гадоў выпраўленча-працоўнага лагера. За першую справу рэабілітаваны ў 1957 г. Вярхоўным судом БССР, за другую – у 1959 г. Кіраўскім абласным судом.
Памёр 10.10.1938 г. у лагернай бальніцы.
З 1920 г. пачалі з'яўляцца на старонках рэспубліканскага друку вершы, апавяданні. У 1925 г. выдаў кнігу «Апавяданні». Распрацоўваў пытанні літаратуразнаўства і эстэтыкі, даследаваў літаратурны працэс (артыкулы змяшчаліся ў часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Чырвоны сейбіт», «Радавая рунь» і інш.). Шэраг прац прысвечаны творчасці Я.Коласа, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, М.Чарота, З.Бядулі і іншых беларускіх пісьменнікаў.
Багданаў Юры, нарадзіўся 08.08.1944 г. у горадзе Горкім (цяпер Ніжні Ноўгарад, Расея) у сям'і служачых.
У 1945 г. разам з бацькамі пераехаў у Баранавічы. Скончыў Менскую музычную навучальню (1964). Працаваў выкладчыкам у Баранавіцкай музычнай школе. Пасля заканчэння Літаратурнага інстытута ў Маскве (1974) працаваў у Дзяржаўным камітэце БССР па кінематаграфіі інспектарам, намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення кінафікацыі і кінапракату. Адначасова на працягу пятнаццаці год быў рэдактарам кінабюлетэня «На экранах Беларусі». У 1988-1990 гг. працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1990 г. – вядучы рэдактар у Міністэрстве культуры БССР. Сябра СП СССР з 1989 г.
Узнагароджаны медалём.
У друку выступае з 1964 г. Піша на расейскай мове. Выйшлі кнігі вершаў «Признак счастья» (1974), «Река времени» (1977), «Взлетное поле» (1981), «Берег вселенной» (1988), а таксама паэма «Красная соль» (альманах «Истоки», Масква, 1983).
Перакладае творы беларускіх паэтаў на расейскую мову.
Багдановіч Ірына, нарадзілася 30.04.1956 г. у горадзе Лідзе Гарадзенскай вобласці ў сям'і служачых.
Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1983). З 1983 г. – навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1989 г.
Друкуецца з 1973 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Чаравікі маленства» (1985), «Фрэскі» (1989). Выступае і як крытык, літаратуразнавец. У 1989 г. выйшла манаграфія «Янка Купала і рамантызм».
Багун Міхась (сапр. Блошкін Міхаіл), нарадзіўся 08.11.1908 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.
У 1928 г. скончыў курсы пры Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме. Настаўнічаў у вёсцы Рожна Лепельскага раёна (1929-1930). З 1931 г. працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына», а ў 1932-1936 гг. – у Дзяржаўным выдавецтве БССР і ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». У 1936 г. рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна Вярхоўным судом БССР 29.12.1954 г.
Памёр 17.02.1938 г. (па сведчанні відавочцаў – у снежні 1937).
Першы верш апублікаваў у 1925 г. у газеце «Беларуская вёска». Выйшлі кнігі паэзіі «Рэха бур» (1931), «Рэвалюцыі» (1932), «Выбранае» (1961). Асобным выданнем выйшла апавяданне для дзяцей «Жэнька» (1934).
Пераклаў на беларускую мову раманы Л.Первамайскага «Ваколіцы» (1931, разам з З.Астапенкам), Ф.Панфёрава «Брускі» (1932, разам з Т.Кляшторным), М.Астроўскага «Як гартавалася сталь» (1936), асобныя творы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, Э.Багрыцкага, Я.Гашака, Р.Альберці. На словы М.Багуна напісана шэраг песень.
Багушэвіч Юры, нарадзіўся 05.05.1917 г. у горадзе Воршы ў сям'і чыгуначніка.
У 1941 г. скончыў факультэт мовы і літаратуры Менскага педагагічнага інстытута. Адначасова працаваў у газеце «Сталинская молодежь». У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі на Калінінскім і Беларускім франтах, з 1943 г. – ваенны карэспандэнт. З 1945 г. – у вайсковай газеце на Далёкім Усходзе (Карэя, Кітай). Пасля дэмабілізацыі (1949) працаваў у рэдакцыях газет «Піянер Беларусі», «Мінская праўда», «Фізкультурнік Беларусі», быў карэспандэнтам газеты «Советский спорт», літкансультантам СП БССР, галоўным рэдактарам Менскай кінастудыі навукова-папулярных і дакументальных фільмаў. Сябра СП СССР з 1954 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі, у тым ліку медалём КНДР.
Памёр 18.05.1983 г.
Першыя творы апублікаваў у 1938 г. Пісаў пераважна на расейскай мове. Выйшлі аповесці «Побратимы» (1955), «Дерево дружбы» (1959), «Повести и рассказы» (1970), «В городке над Неманом» (1973), «Дырэктар «зялёнай школы» (1975), «Юность пришла» (1977, 1987). Прымаў удзел у напісанні гісторыі заводаў станкабудаўнічага і Менскага аўтамабільнага.
Напісаў некалькі сцэнарыяў кароткаметражных кінафільмаў, у сааўтарстве з В.Зубам – п'есу «Сябры» (1960, пастаўлена ў 1958).
Пераклаў на расейскую мову асобныя творы П.Пестрака, А.Рылько, П.Кавалёва, аповесць Р.Няхая «Сарочы лес», зборнік «Піянеры-героі» (з Б.Бур'янам).
Бадак Алесь, нарадзіўся 28.02.1966 г. у вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і рабочых.
У 1983 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў у Савецкай Арміі (1984-1986). Зноў вучыўся ва ўніверсітэце, які скончыў у 1990 г. Сябра СП СССР з 1990 г.
З першымі вершамі выступіў у друку ў 1979 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборніка паэзіі «Будзень» (1989).
Выступае ў перыядычным друку з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.
Бажко Алесь, нарадзіўся 22.10.1918 г. у вёсцы Даўгінава Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў музычным інстытуце імя С.Манюшкі ў Наваградку (1936-1938), у Варшаўскай кансерваторыі (1938-1939). Працаваў дырэктарам мірскага РДК (1940). У гэтым жа годзе прызваны ў Савецкую Армію. Пасля ранення пад Ельняй (1942) працаваў на абаронным будаўніцтве. Удзельнічаў у стварэнні першых адзінак Войска Польскага на тэрыторыі СССР у якасці генеральнага інструктара прапаганды Валагодскага акружнога ўпраўлення Саюза польскіх патрыётаў. З чэрвеня 1945 г. – інструктар Баранавіцкага абкома камсамола, першы сакратар Дзятлаўскага райкома камсамола. Са снежня 1945 г. – на журналісцкай рабоце: літсупрацоўнік баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная змена», на абласным радыё, у рэдакцыях рэспубліканскіх газет «Савецкі селянін», «Чырвоная змена», у маладэчанскай абласной газеце «Сталінскі шлях». У 1955 г. завочна скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. З 1956 г. – карэспандэнт, загадчык аддзела пісем газеты «Літаратура і мастацтва». З 1959 г. – намеснік рэдактара газеты «Голас Радзімы», з 1962 г. – загадчык рэдакцыі мастацкай літаратуры выдавецтва «Беларусь», з 1970 г. – намеснік галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». У 1973-1977 гг. працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы, у 1977-1978 гг. – галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі і намеснік начальніка Ўпраўлення па справах мастацтваў Міністэрства культуры БССР. Сябра СП СССР з 1957 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1977).
У друку выступіў упершыню з нарысамі і нататкамі ў 1945 г. Першыя вершы апублікаваў у 1947 г. Выйшлі аповесці «Перад вераснем» (1959), «Позняе ворыва» (1963), «Лясныя крушні» (1981), «Жывыя прывіды» (1986), зборнік нарысаў і памфлетаў «Татальнае банкруцтва» (1973), кніга аповесцей «Перад вераснем. Позняе ворыва» (1979).
Выдаў паэмы: «Карвіга пакідае хутар» (1961), «Татры» (1964), «Паэмы» (1968), зборнікі вершаў «Блакітныя вербы» (1973), «Суладдзе» (1975), «Каласы і скалы: Выбранае» (1978). У 1987 г. выйшлі Выбраныя творы (паэмы і вершы). Выступае як перакладчык з польскай і славацкай моў.
Бандарына Зінаіда, нарадзілася 11.10.1909 г. у горадзе Горадня ў сям'і настаўніка.
Скончыла Менскі беларускі педагагічны тэхнікум (1927), літаратурна-сцэнарны факультэт Інстытута кінематаграфіі ў Маскве (1933), аспірантуру пры Дзяржаўнай акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе (1937). Настаўнічала ў беларускай школе для перасяленцаў у сібірскім пасёлку Медзякова (1927-1928), загадвала аддзелам літаратуры ў газеце «Палеская праўда» (1928-1929, Гомель), сцэнарным аддзяленнем у Віцебскім кінатэхнікуме (1933-1934), працавала ў тэатрах і на кінастудыях Масквы, Архангельска, Горкага. У час Вялікай Айчыннай вайны служыла санінструктарам у дывізіі Панфілава. У пасляваенныя гады была супрацоўніцай часопіса «Бярозка» і карэспандэнтам Беларускага радыё (1945-1946), дырэктарам Дома народнай творчасці ў Горадні (1946-1948), загадвала філіялам музея Янкі Купалы ў Вязынцы (1948-1950), працавала ў газетах «Зорька», «Літаратура і мастацтва» (1950-1956). Сябра СП СССР з 1957 г.
Узнагароджана медалямі.
Памерла 16.04.1959 г.
Літаратурную дзейнасць пачала ў 1926 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Вершы» (разам з Н.Вішнеўскай і Я.Пфляўмбаўм, 1926), «Веснацвет» (1931).
Выступала і ў жанры прозы. На расейскай мове напісала аповесці «Дипломная работа» (альманах «Советская Отчизна», 1953) і «Галина Ильина» (1959), на беларускай – аповесць «Шуміць тайга» (часопіс «Маладняк», 1928), аповесць пра дзіцячыя і юнацкія гады Янкі Купалы «Ой, рана на Івана...» (1956, апошняе выданне ў 1979), зборнік апавяданняў для дзяцей «Лясныя госці» (1960).
Пераклала з расейскай мовы «Апавяданні пра Пакістан» (1954) М.Ціханава.
Баравікова Раіса, нарадзілася 11.05.1947 г. у вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і служачага.
Пасля заканчэння Бярозаўскай сярэдняй школы (1965) пачала працаваць у быхаўскай раённай газеце «Маяк Прыдняпроўя» літсупрацоўнікам. Скончыла аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Працавала рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» (1971-1972). У 1972-1977 гг. – карэспандэнт газеты «Літаратура і мастацтва», у 1983-1988 гг. – літкансультант рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». Сябра СП СССР з 1977 г.
У друку выступае з 1960 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987), «Пад небам першага спаткання» (1990).
Напісала аповесць «Кватарантка» (1980). Выйшла кніжка казак і апавяданняў для дзяцей «Галенчыны «Я», альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1990). Перакладае з расейскай, украінскай і польскай моў.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1988) за кнігу лірыкі «Каханне».
Барадулін Рыгор, нарадзіўся 24.02.1935 г. на хутары Верасоўка Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і рабочага.
У 1954 г. скончыў Ушацкую сярэднюю школу, у 1959 г. філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях газеты «Советская Белоруссия», часопісаў «Бярозка», «Беларусь», «Полымя», з 1969 г. у выдаведтве «Беларусь», з 1972 г. рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі ў «Мастацкай літаратуры». У 1984 г. у складзе дэлегацыі Беларускай ССР прымаў удзел у рабоце XXXIX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1989 г. – прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра. Сябра СП СССР з 1958 г.
Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, «Знак Пашаны», медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.
Першыя вершы апублікаваны ў 1953 г. (газета «Чырвоная змена»). Выдаў зборнікі паэзіі «Маладзік над стэпам» (1959), «Рунець, красаваць, налівацца» (1961), «Нагбом» (1963), «Неруш» (1966), «Адам і Ева» (1968), «Лінія перамены дат» (1969), «Вяртанне ў першы снег» (1972), «Рум» (1974), «Свята пчалы: Выбранае» (1975), «Абсяг» (1978), «Вечалле» (1980), «Амплітуда смеласці» (1983), «Маўчанне перуна» (1986), «Самота паломніцтва» (1990), паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1975). Творы гумару і сатыры – у кніжках «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Журавінка» (1973), «Прынамсі» (1977), «Бервенізацыя» (1988), «Мудрэц са ступаю» (1988). Разам з мастаком М.Лісоўскім выдаў альбом сяброўскіх шаржаў і эпіграм «Няўрокам кажучы» (1971), а разам з К.Куксом – «Абразы` без абра`зы» (1985). Выйшлі кніжкі паэзіі для дзяцей «Мех шэрых, мех белых» (1963), «Красавік» (1965), «Экзамен» (1969), «Ай! Не буду! Не хачу!» (1971), «Суровая вымова» (1976), «Што было б тады, калі б?» (1977), «Ці пазяхае бегемот?» (1981), «Азбука не забаўка» (1985), «Індыкала-кудыкала» (1986), «Кобра ў торбе» (1990). У 1984 г. выйшлі выбраныя творы ў 2 тамах.