355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Гардзіцкі » Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 » Текст книги (страница 36)
Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
  • Текст добавлен: 26 марта 2017, 14:00

Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"


Автор книги: Аляксей Гардзіцкі


Жанр:

   

Справочники


сообщить о нарушении

Текущая страница: 36 (всего у книги 37 страниц)

Ю

Юдэлевіч Міхась, нарадзіўся 20.04.1914 г. у гарадскім пасёлку Смалявічы Менскай вобласці ў сям'і саматужніка.

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Менску (1929) працаваў рабочым на гуце. Быў акцёрам у Менскім тэатры рабочай моладзі (1929-1931), студэнтам Дзяржаўнага інстытута мастацтва ў Маскве (1931-1935). У 1935-1940 гг. – супрацоўнік рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», загадчык аддзела тэатра Ўпраўлення па справах мастацтва пры Саўнаркаме БССР. З 1940 г. у Савецкай Арміі, удзельнічаў у савецка-фінляндскай і ў Вялікай Айчыннай войнах.

Загінуў у 1941 г. на фронце.

Літаратурную працу пачаў у 1929 г.

Адзін з аўтараў калектыўнай п'есы «Першы штандар» (апублікавана і пастаўлена ў 1930). У 1932 г. напісаў п'есу «Зямля гарыць», якая ставілася на радыё. Аўтар інсцэніроўкі «Як гартавалася сталь» паводле аднайменнага рамана М.Астроўскага (1937), лібрэта оперы «Паўка Карчагін» (музыка П.Падкавырава, ставілася пасля вайны ў кансерваторыі як студэнцкі спектакль). Перакладаў на расейскую мову асобныя творы беларускай драматургіі, у тым ліку п'есу І.Гурскага «Сваты» (1937), склаў зборнік «Аднаактовыя п'есы» для самадзейнай сцэны (1937).

Пісаў вершы, прыпеўкі, якія змяшчаліся ў перыядычным друку.

Юдэльсон Арон, нарадзіўся 17.07.1907 г. у горадзе Рызе (Латвія) у сям'і настаўніка.

Сярэднюю адукацыю атрымаў у Рызе. З 1928 г. жыў у Менску. Працаваў у рэдакцыі жыдоўскай газеты «Акцябэр» («Кастрычнік»), на Беларускім радыё. З 1930 г. адначасова вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў тры курсы). У 1937 г. рэпрэсіраваны. Асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 09.04.1957 г.

Расстраляны 29.10.1937 г.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1923 г. з выступленняў у нелегальным камуністычным друку Латвіі. Пісаў на мове ідыш. У 1929 г. апублікаваў паэму «Негарэлае» ў часопісе «Штэрн» («Зорка»). Выдаў паэму «Камбінат» (1931), кнігу вершаў «Граніца» (1934), зборнікі нарысаў «У нас у краіне» (1934), «Чырванасцяжны калгас «Колас» (з Х.Шынклерам, 1934). У перакладзе на беларускую мову выйшла кніжка паэзіі «Прывітанне» (1961).

Выступаў як перакладчык на мову ідыш.

Юрчанка Георгі, нарадзіўся 31.01.1928 г. у вёсцы Кудрычы Мсціслаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1951 г. скончыў Магілеўскі настаўніцкі інстытут. Выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў школах Дзятлаўскага і Воранаўскага раёнаў на Гарадзеншчыне. У 1959 г. завочна скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута і паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1961 г. – рэдактар, у 1962-1988 гг. загадчык рэдакцыі літаратуры, мовы і мастацтва, затым рэдакцыі філалогіі ў выдавецтве «Навука і тэхніка». Сябра СП СССР з 1975 г.

Узнагароджаны медалём.

Друкавацца пачаў з 1959 г. (воранаўская раённая газета «Путь социализма».) Выйшлі кнігі літаратурных пародый і эпіграм «Распрэжаны Пегас» (1965), «Вярхом на вожыку» (1968), «Немеладычныя мелодыі» (1974), «Парнаскія ўхабы» (1979), «У натхнёнай паграбеньцы» (1983), «Негабляваная пегасня» (1989), навукова-папулярная праца «На мсціслаўскай зямлі ўзгадаваны: Нарыс жыцця і навуковай дзейнасці П.П.Кабекі» (1986), дыялектныя слоўнікі «Дыялектны слоўнік: З гаворак Мсціслаўшчыны» (1966), «Народная сінаніміка» (1969), збор дыялектнай фразеалогіі Мсціслаўшчыны ў 3-х кнігах – «І коціцца і валіцца» (1972), «І сячэ і паліць» (1974), «Слова за слова» (1977), «Народнае вытворнае слова: З гаворкі Мсціслаўшчыны» ў 3-х кнігах (1981, 1983, 1985), «Сучаснае народнае слова: З гаворкі Мсціслаўшчыны» (1988).

Юрэвіч Уладзімір, нарадзіўся 22.07.1916 г. у вёсцы Дуброва Смалявіцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

Скончыў Менскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум (1934), будаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1941). Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1939-1941). У 4932-1947 гг. працаваў дыктарам Беларускага радыё (у гады Вялікай Айчыннай вайны – радыёстанцыя «Савецкая Беларусь», Масква). У пасляваенныя гады загадваў аддзелам літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё (1948-1951), быў галоўным рэдактарам мастацкага радыёвяшчання (1952-1954). Працаваў уласным карэспандэнтам «Литературной газеты» па Беларускай ССР (1954-1959), адказным сакратаром часопіса «Маладосць» (1959-1970), дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы (1970-1972), палітычным аглядальнікам Беларускага тэлебачання (1972-1974), рэдактарам аддзела, сябрам рэдкалегіі часопіса «Коммунист Белоруссии» (1974-1979), літкансультантам СП БССР (1979-1985). З 1985 г. – адказны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР. Сябра СП СССР з 1953 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1976).

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1942 г. з публіцыстычных і літаратуразнаўчых выступленняў на радыё. Друкуецца з 1949 г. Выйшлі кнігі літаратурнай крытыкі «Слова і вобраз» (1961), «Шматгалоссе жыцця» (1965), «Погляд» (1974), «Абрысы» (выбранае, 1976), «Янка Купала: Нарыс жыцця і творчасці» (1983), «Выбранае» (1987), брашура «Янка Купала – наш сучаснік» (1972).

Выдаў кніжкі апавяданняў для дзяцей «Тараскавы турботы» (1966), «Дзе начуе сонца» (1970), «Дожджык на колах» (1977), «Нястрашны страх» (1986), публіцыстычныя нарысы: «Першая неабходнасць» (1963), «Мінск. Учора, сёння, заўтра» (1982), «Синьоока сестра Украины» (Кіеў, 1985). У яго літаратурным запісе выйшла дакументальная аповесць М.Новікава «Пять шагов жизни» (1970).

На Беларускім радыё распачаў у 1963 г. штомесячную перадачу для школьнікаў – радыёклуб «Жывое слова», нязменным старшынёй якога з'яўляецца.

Юхнавец Янка, нарадзіўся 03.11.1921 г. у вёсцы Забродак Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

З прыходам на Беларусь немцаў быў арыштаваны СД, летам 1944 г. вывезены ў Германію. Атрымаў юрыдычную адукацыю ў Вольным універсітэце ў Мюнхене па спецыяльнасці заходнеэўрапейскае права (1949). З 1949 г. жыве ў ЗША.

Вершы і прозу пачаў пісаць у эміграцыі (першыя творы надрукаваны ў эмігранцкіх часопісах «Шыпшына» і «Сакавік», 1948). Аўтар зборнікаў паэзіі «Шорах моўкнасці» (Нью-Ёрк, 1955), «Новая Элэгія (Баварыя, 1964), «Калюмбы» (Нью-Ёрк, 1967), кнігі выбранай паэзіі «Творы» (Нью-Ёрк, 1989-1990).

Я

Ягоўдзік Уладзімір (таксама Ягаўдзік Уладзімір), нарадзіўся 14.02.1956 г. у вёсцы Кастровічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай, Зэльвенскай школах-інтэрнатах, у 1978 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1978-1982 гг. працаваў карэспандэнтам Берасцейскай абласной газеты «Заря», рэдактарам Берасцейскай абласной студыі тэлебачання. З 1982 г. жыве ў Менску. У 1982-1990 гг. – супрацоўнік штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 1990 г. – рэдактар газеты «Дзеці і мы». Сябра СП СССР з 1985 г.

Дэбютаваў у друку вершамі ў 1972 г. (газета «Гродзенская праўда»). Выдаў кнігі прозы «Стронга» (1984), «Вочы Начніцы» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989), «Прыручэнне птушкі» (1989), зборнік казак «Сонейка, свяці!» (1988). Аўтар мастацкага альбома «Алена Кіш» (1990).

Напісаў для дзяцей п'есы, што ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах краіны, на Беларускім радыё і тэлебачанні, «Залатое зярнятка» (пастаўлена ў 1983), «Сонейка, свяці!» (надрукавана і пастаўлена ў 1985), «Пякла баба калачы» (з А.Шкілёнкам, пастаўлена ў 1987), «Сакрэты Вогніка» (пастаўлена ў 1987), «Усміхніся, прынцэса...» (надрукавана і пастаўлена ў 1990).

Выступае ў перыядычным друку як літаратурны крытык, а таксама з мастацтвазнаўчымі артыкуламі пра самадзейных і прафесійных мастакоў рэспублікі.

Пераклаў з расейскай і ўкраінскай моў асобныя творы Л.Лявонава, В.Астаф'ева, Ю.Бондарава, М.Віграноўскага.

Ядвігін Ш. (сапр. Лявіцкі Антон), нарадзіўся 04.01.1869 г. у былым маёнтку Добасна (цяпер у складзе вёскі Добасна) Кіраўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і ўпраўляючага маёнткам.

Вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, у 1890 г. за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў арыштаваны і выключаны з універсітэта. Сядзеў у Бутырскай турме. Вярнуўся на Беларусь, працаваў памочнікам правізара ў Радашковічах, потым у краме-кааперацыі. Па стану здароўя пакінуў працу і пераехаў з сям'ёю ў бацькоўскі фальварак Карпілаўка, што пад Радашковічамі, дзе і правёў большую частку жыцця. У 1909-1910 гг. жыў у Вільні, працаваў некаторы час сакратаром, затым загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы». У 1913 г. – у рэдакцыі газеты «Беларус». З лістапада 1913 г. да студзеня 1915 г. – тэхнічны рэдактар беларускага сельскагаспадарчага часопіса «Саха» і беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» ў Менску.

Памёр 24.02.1922 г. у Вільні.

Літаратурную дзейнасць пачаў у турме: пераклаў на беларускую мову апавяданне Ў.Гаршына «Сігнал» (выдадзена ў Маскве ў 1891). У 1892 г. напісаў камедыю «Злодзей» (пастаноўка забаронена паліцыяй, рукапіс загінуў). Першае апавяданне на беларускай мове «Суд» апублікаваў у 1906 г. (газета «Наша доля»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Бярозка» (Вільня, 1912, 1923), «Васількі» (Вільня, 1914), «Апавяданні» (1940, 1946), падарожнага нарыса «Дзед Завала» (Вільня, 1910), кнігі «Успаміны» (Вільня, 1921), няскончанага рамана «Золата», шэрагу рэцэнзій і літаратурна-крытычных артыкулаў. У 1976 г. выйшлі Выбраныя творы.

Якавенка Васіль, нарадзіўся 05.05.1936 г. у вёсцы Пажыхар Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1956 г. скончыў Беларускі індустрыяльны тэхнікум па спецыяльнасці геолаг. Служыў у Савецкай Арміі (1956-1958). Працаваў майстрам, тэхнікам, інжынерам у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах рэспублікі, рэдактарам на Беларускім радыё. У 1966 г. завочна скончыў БДУ. У 1972-1977 гг. – рэдактар аддзела навукі і мастацтва, аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса «Полымя». У 1977-1978 гг. – сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР. З 1990 г. – прэзідэнт Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза «Чарнобыль». Сябра СП СССР з 1977 г.

У друку выступае з 1957 г. (газета «Гомельская праўда»), з мастацка-публіцыстычнымі творамі з 1962 г. (газета «Калгасная праўда»). Піша на беларускай і расейскай мовах. Аўтар кніг нарысаў «Земля, открытая нами» (1971), «Пробны камень» (1974), «Пакуль сонца ў зеніце» (1977), «Дайсці да ладу» (1985), падарожнага эсэ «Вясковыя дыспуты» (1987), «Другой зямлі не будзе» (1989).

З М.Місюком напісаў п'есу «Вер таму, хто выпакутаваў» (першапачатковая назва «Персона нон грата», пастаўлена ў 1981).

Якімовіч Алесь, нарадзіўся 17.01.1904 г. у вёсцы Чурылава Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум (1926), у 1930 г. – літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1924 г. працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларускі піянер», «Іскры Ільіча». Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк». У першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны выкладаў у адной з сярэдніх школ г. Чыстапаля (Татарыя), быў адказным сакратаром раённай газеты ў Казахстане. З кастрычніка 1942 г. – у Савецкай Арміі, камандзір стралковага ўзвода, затым роты, пад Харкавам быў цяжка паранены (1943). Жыў у Маскве, займаўся рэдактарскай працай (1943-1944). Быў старшым рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1944-1945, 1948-1954), адказным рэдактарам часопіса «Бярозка» (1945-1948), літкансультантам СП БССР (1955-1960). Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968).

Памёр 15.01.1979 г.

Друкавацца пачаў у 1923 г. (часопіс «Маладняк»). Першая кніжка «Вершы» (1925). Пісаў пераважна для дзяцей. Выдаў кнігі апавяданняў, аповесцей «Гул бубна» (1925), «Перамога» (1932), «Незвычайны мядзведзь» (1934), «Выпадак на чыгунцы» (1938), «Помета» (1946), «Сябры» (1948), «Аповесці і апавяданні» (1949), «Гаворыць Масква» (1951), «Арляняты» (апавяданні, аповесці, казкі, 1952), «Я – юны піянёр» (1952), «Базылёў курган» (1954), «Новы год» (1958), «Смелыя людзі» (1960), «Адкуль ліха на свеце» (1963), «Прыгоды хлопчыка Іларыка» (1965), «Канец сервітуту» (1968), «Светлы дзень» (апавяданні і казкі, 1969), «Кастусь Каліноўскі» (1971), «Цяжкі год» (1976), нарысы «Коска» (1935), «У нашай сталіцы» (1954), літаратурныя казкі ў вершах і прозе «Каваль Вярнідуб» (1936), «Казка пра смелага вожыка» (1937), «Браты Лазоўскія» (1965), зборнік паэзіі «Улетку» (1947). У 1967 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2-х, у 1978-1980 гг. – у 3 тамах.

У яго апрацоўцы асобнымі выданнямі выйшла шмат беларускіх казак, а таксама зборнікі «Каток – залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «З рога ўсяго многа» (1959), «Андрэй за ўсіх мудрэй» (1983). Сааўтар «Чытанкі» для 2 класа (з Е.Тародкінай, 1933), аўтар падручніка для 2 класа «Роднае слова» (1932), кніг для чытання «Слухай – запамінай: Азбука ў вершах і малюнках» (1948), «Звяры нашых лясоў» (1951).

На беларускую мову пераклаў асобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, П.Яршова, І.Крылова, І.Тургенева, Д.Маміна-Сібірака, Л.Талстога, А.Чэхава, У.Маякоўскага, М.Горкага, К.Чукоўскага, С.Маршака, С.Міхалкова, А.Гайдара, М.Носава, І.Франка, М.Рыльскага, П.Тычыны, Н.Забілы, Г.Х.Андэрсена, Дж. Лондана, Г.Мапасана і інш.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) за аповесці «Адкуль ліха на свеце», «Канец сервітуту» і «Кастусь Каліноўскі».

Якімовіч Аляксей, нарадзіўся 15.10.1949 г. у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1972 г. скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам на Слонімшчыне – у Кастровіцкай васьмігадовай школе, Жыровіцкай сярэдняй школе, арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы ў Жыровіцкай сярэдняй школе, дырэктарам Дзеравянчыцкай васьмігадовай школы. З 1982 г. – выхавацель групы падоўжанага дня, з 1983 г. – настаўнік Касцянёўскай няпоўнай сярэдняй школы. Сябра СП СССР з 1990 г.

Упершыню выступіў у друку ў 1967 г. Аўтар кніжак апавяданняў для дзяцей «Гордзіеў вузел, альбо Нявыдуманыя гісторыі з жыцця Алеся Пятрашкі (1987), «Эльдарада просіць дапамогі» (1989).

Якубовіч Леанід, нарадзіўся 21.03.1948 г. у вёсцы Радкава Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Працаваў паштальёнам, аператарам у аддзяленні сувязі вёскі Чапялі, пасля заканчэння Любанскай завочнай сярэдняй школы (1965) – машыністам на другім Салігорскім калійным камбінаце. У 1967 г. залічаны ў штат рэдакцыі салігорскай раённай газеты «Шахцёр». Завочна вучыўся на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1969-1970 гг. працаваў у шахце. Трагічна загінуў у шахце 08.06.1970 г. Першы верш надрукаваў у 1965 г. (газета «Чырвоная змена»). Вершы ўключаліся ў калектыўныя зборнікі «Рунь» (1970), «Універсітэт паэтычны (1971). У 1979 г. выйшаў зборнік вершаў «Я з вамі, вёсны...».

Якутаў Уладзімір, нарадзіўся 05.11.1926 г. у вёсцы Ранькава Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1942-1944 гг. – у партызанскім атрадзе брыгады «Неуловимые». З 1944 г. – у дзеючай арміі. У 1945 г. быў паранены і дэмабілізаваны. У 1945-1946 гг. працаваў сакратаром Булаўскага сельсавета Полацкага раёна. У 1946-1961 гг. у Летуве – сакратар Швенгіонеляйскага валаснога камітэта камсамола, інструктар, загадчык парткабінета райкама партыі. Скончыў юрыдычны факультэт Віленскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1954). З 1961 г. працаваў у Менску адказным сакратаром таварыства «Веды» Ленінскага раёна, намеснікам дырэктара па культрабоце тэхнічнай навучальні № 53, навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі пры ЦК КПБ. З 1973 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР. З сакавіка 1990 г. – прэзідэнт культурна-творчай фірмы «Русь Белая». Кандыдат гістарычных навук. Сябра СП СССР з 1984 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Літаратурнай працай займаецца з 1962 г. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар кніг «А.Г.Червяков: Страницы биографии» (1978), «Н.М.Голодед: Страницы биографии» (1981), дакументальных аповесцей «Віхурны досвітак» (1983), «Всегда с Лениным» (нарысы, 1983), «Александр «Червяков» (1986), «Вровень с веком» (1989), «Приговор века» (1990).

Ялугін Эрнест, нарадзіўся 19.11.1936 г. на станцыі Асінаўка Аршанскага (цяпер у складзе Дубровенскага) раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.

Дзіцячыя гады прайшлі на радзіме бацькоў – у Крычаве. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1954) стаў літсупрацоўнікам пры крычаўскай раённай газеце «Шлях сацыялізма», з 1955 г. – літсупрацоўнік гэтай газеты. Працаваў у мсціслаўскай раённай газеце «Калгасная праўда» (1957-1960), у шматтыражцы «За коммунистический труд» (Салігорск). Скончыў завочна аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1962). З 1961 г. – літсупрацоўнік, загадчык аддзела, адказны сакратар газеты «Знамя юности», з 1966 г. – раз'язны карэспандэнт «Сельской газеты», у 1969-1972 гг. – карэспандэнт газеты «Літаратура і мастацтва». З 1976 г. – супрацоўнік часопіса «Неман», у 1978-1984 гг. – намеснік галоўнага рэдактара. З 1990 г. – рэдактар газеты «Наша слова». Сябра СП СССР з 1972 г.

Першы нарыс надрукаваў у 1955 г. (газета «Советская Белоруссия»), першае апавяданне ў 1966 г. (газета «Знамя юности»). Піша на расейскай і беларускай мовах. Выйшлі аповесці «Камни Млечного Пути» (1969), «Мстиславцев посох» (1971), «Сіндбад вяртаецца» (1988), «Последний князь» (асобным выданнем у кнізе «Острова. Последний князь», 1986), «Без эпітафіі» (1989), «Только камни» (аповесць і эсэ, 1989), кніга нарысаў «Соленая планета» (1973), раманы «Острова» (1975), «Год-другой в Алжире» (часопіс «Неман», 1986). Аўтар сцэнарыяў дакументальных тэлефільмаў «Мсціслаў: звенні часу» (1984), «Без эпітафіі» (1990).

Янішчыц Яўгенія, нарадзілася 20.11.1948 г. у вёсцы Рудка Пінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Працавала загадчыцай бібліятэкі ў ЦК ЛКСМБ (1971). З 1976 г. – літкансультант «Сельской газеты», у 1983-1988 гг. загадвала аддзелам паэзіі часопіса «Маладосць». У 1981 г. як сябра дэлегацыі БССР удзельнічала ў рабоце XXXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1971 г.

Памерла 25.11.1988.

Выступіла з вершамі ў рэспубліканскім друку ў 1964 г. (часопіс «Бярозка»). Аўтар зборнікаў вершаў «Снежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987), кнігі вершаў і паэм «У шуме жытняга святла» (1988).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978) за кнігу лірыкі «Дзень вечаровы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1986) за кнігу лірыкі «Пара любові і жалю».

Янкоўскі Фёдар, нарадзіўся 21.09.1918 г. у вёсцы Клетнае Глускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1936 г. скончыў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум. Працаваў настаўнікам Буцавіцкай школы Менскага раёна. Скончыў завочна Менскі настаўніцкі інстытут у 1939 г. Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гг., быў паранены. У час Вялікай Айчыннай вайны – разведчык, начальнік разведкі атрада «Грозны» на Меншчыне. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў два гады (1944-1946) працаваў адказным сакратаром рэдакцыі глускай раённай газеты «Сацыялістычная вёска» і настаўнічаў у Глускай сярэдняй школе. У 1948 г. скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Радашковіцкай сярэдняй школе, вучыўся ў аспірантуры пры Менскім педагагічным інстытуце. З 1953 г. – выкладчык беларускай мовы, у 1956-1982 гг. – загадчык, з 1983 г. – прафесар кафедры беларускага мовазнаўства гэтага інстытута. Доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1968 г.

Заслужаны дзеяч навукі БССР (1972).

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.

Памёр 13.11.1989 г.

Першае выступленне ў рэспубліканскім друку датуецца 1936 г. (нарыс у часопісе «Работніца і калгасніца Беларусі»). Аўтар кніг «Дыялектны слоўнік» (вып. 1-3, 1959-1970), «Беларускае літаратурнае вымаўленне» (1960), «Пытанні культуры мовы» (1961), «Вусная мова і выразнае чытанне» (з У.Калеснікам, 1962), «Роднае слова» (1967, 2-е выданне ў 1972, 3-е пад назвай «Беларуская мова» ў 1978), «Беларуская фразеалогія» (1968, 1981), «Беларускія народныя параўнанні» (1973), «Гістарычная граматыка беларускай мовы» (ч. I – 1974, ч. II – 1977), «Сучасная беларуская мова» (1984), «Само слова гаворыць» (1986). Выдаў «Фразеалагічны слоўнік» (з Н.Гаўрош і Я.Лепешавым, 1973). Складальнік зборнікаў крылатых слоў і афарызмаў, прыказак і прымавак, параўнанняў, фразеалагізмаў «З беларускіх літаратурных крыніц» (1960), «Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі» (1957), «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» (1962). Адзін з аўтараў дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў «Сучасная беларуская літаратурная мова» (1976, 1984), «Практыкум па беларускай мове» (1980) і інш.

Выйшлі кнігі прозы «Абразкі» (1975), «Прыпыніся на часінку» (1979), «І за гарою пакланюся» (1982), «Радасць і боль» (1984), «З нялёгкіх дарог» (выбранае, 1988).

Яновіч Сакрат, нарадзіўся 04.09.1936 г. у мястэчку Крынкі Беластоцкага ваяводства (цяпер Польшча) у сям'і шаўца.

У 1955 г. скончыў Беластоцкі электратэхнікум. Працаваў брыгадзірам электраманцёраў на баваўняным камбінаце пад Беластокам. З 03.02.1956 г. працаваў у новастворанай рэдакцыі газеты «Ніва» – перакладчыкам, потым журналістам. У 1960 г. скончыў завочнае аддзяленне беларускай філалогіі Настаўніцкага інстытута ў Беластоку. У 1959-1962 гг. загадваў арганізацыйным аддзелам Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Пасля звальнення ў 1970 г. з работы ў «Ніве» па палітычных матывах (за так званы беларускі нацыяналізм) застаўся беспрацоўным. Нейкі час рабіў грузчыкам, тэхнікам бяспекі працы. У 1973 г. скончыў завочны факультэт польскай і славянскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. У другой палове 70-х гг. – паўштатны інструктар-метадыст Беластоцкага гарадскога Дома культуры, у першай палове 80-х гг. – тэхнічны рэдактар «Нівы». Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1970 г. З'яўляўся старшынёй Клуба Саюза польскіх пісьменнікаў у Беластоку (1976-1981). Старшыня Беларускага Дэмакратычнага аб'яднання – першай беларускай палітычнай партыі ў пасляваеннай Польшчы (утворана на пачатку 1990 г.).

Узнагароджаны Сярэбраным Крыжам заслугі.

Першае апавяданне апублікавана ў 1956 г. («Ніва», Беласток). Піша на беларускай і польскай мовах. Аўтар зборніка апавяданняў і мініяцюр «Загоны» (Беласток, 1969), «Не пашанцавала» (Беласток, 1978). Наступныя кнігі выйшлі ў перакладзе на польскую мову: «Вялікі горад Беласток» (Варшава, 1973), «Забыцці» («Вроцлаў, 1978), «Сцяна» (Ольштын, 1979), «Самасей» (Варшава, 1981), «Малыя дні» (Варшава, 1981), «Трэцяя пара» (Варшава – Беласток, 1983), «Сярэбраны яздок» (Варшава, 1984), «Беларусь, Беларусь» (Варшава, 1987). У Менску выйшла кніга прозы «Сярэбраны яздок» (1978), у Лондане – білінгуальнае выданне (па беларуску і па-ангельску), «Мініяцюры» (1984). Пераклаў на польскую мову «Вітражы» Я.Брыля (Варшава, 1979), п'есу Я.Шабана «Шрамы» (для Драматычнага тэатра імя Я.Вянгеркі ў Беластоку).

Янчанка Мікола, нарадзіўся 22.06.1931 г. у вёсцы Забалацце Магілеўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і каваля.

Скончыў гістарычны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1956). Настаўнічаў у Брожскай сярэдняй школе на Бабруйшчыне (1956-1961), у Дварэцкай сярэдняй школе (1965-1966), быў выхавацелем у Гарадзецкай школе-інтэрнаце (1961) Рагачоўскага раёна. Працаваў у раённых газетах у Рагачове, Жлобіне, Калінкавічах, Карме. З 1972 г. – адказны сакратар рагачоўскай раённай газеты «Камунар». Сябра СП СССР з 1979 г.

Дэбютаваў у друку вершам у 1958 г. (бабруйская раённая газета «Камуніст»). Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Разнотравье» (1971), «Кросны» (1980), «Жыцейка-жыта» (1990), кніжак апавяданняў для дзяцей «З людзьмі добра» (1973) і «Зраблю сонейка» (1978), «Жменька жалудоў» (1989), кніжкі-маляванкі «Лета ў серванце» (1981) і зборніка вершаў «Залаты вулей» (1986). На беларускую мову пераклаў кнігу вершаў Д.Кавалёва «Вечназялёная Ветка» (1990).

Ярац Віктар, нарадзіўся 23.10.1948 г. у пасёлку Красны Мост Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1966 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, У 1968 г. перавёўся ў Гомельскі педагагічны інстытут, на базе якога ў 1969 г. быў адкрыты ўніверсітэт (скончыў у 1970). Быў некалькі месяцаў загадчыкам сельгасаддзела рагачоўскай раённай газеты «Камунар». У 1970-1971 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў на Гомельскай студыі тэлебачання. У 1975 г. скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта. Працуе выкладчыкам гэтага ўніверсітэта, з 1978 г. – дацэнт. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1980 г.

Першыя вершы апублікаваў у газеце «Піянер Беларусі» ў школьныя гады. Актыўна пачаў выступаць у друку з 1966 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Уваходзіны» (1976), «Добрыца» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989).

Выступае ў перыядычным друку па праблемах развіцця сучаснай беларускай паэзіі. Напісаў вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў-філолагаў «Беларускія паэты – лаўрэаты Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР» (Гомель, 1983).

Перакладае творы балгарскіх, летувіскіх, расейскіх, украінскіх паэтаў на беларускую мову.

Ярашэвіч Эдуард, нарадзіўся 28.08.1937 г. у горадзе Бабруйску ў сям'і служачага.

У 1954 г. скончыў Смілавіцкую сярэднюю школу Менскай вобласці. З-за цяжкай хваробы не змог вучыцца далей. Сябра СП СССР з 1970 г.

Памёр 06.10.1986 г.

У 1956 г. у рэспубліканскім друку было змешчана першае апавяданне (газета «Чырвоная змена»). Выйшлі зборнікі апавяданняў і аповесцей «Прызнанне» (1969), «Дзень далёкі і блізкі» (1973), «Практыка ў Вербічах» (1975), «Белыя Лугі» (1978), «Пражыць дзень» (1983), «Чакаю цябе, раніца» (1987), а таксама зборнік гумарыстычных апавяданняў «Вішанькі Восіпа Міхеевіча» (1969).

Яромушкін Мікалай, нарадзіўся 17.12.1904 г. у горадзе Арэхава-Зуеве Маскоўскай вобласці (Расея) у рабочай сям'і.

Скончыў два курсы літаратурнага аддзялення 1-га Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1929). У 1929-1930 гг. жыў у Ленінградзе, працаваў літкансультантам часопіса «Резец». Вярнуўшыся ў Арэхава-Зуева, працаваў у раённай газеце, у Палацы культуры. З 1932 г. жыў у Маскве, працаваў загадчыкам літаддзела часопіса «Рост», рэдактарам выдавецтва ЦДРАМ, намеснікам адказнага рэдактара часопіса «Мурзилка». У 1941-1942 гг. – намеснік загадчыка аддзела агітацыі і прапаганды Арэхава-Зуеўскага райкама партыі. Вучыўся ў Вышэйшай ваеннай педагагічнай навучальні ў Ташкенце (1942-1943). З 1943 г. – адказны сакратар дывізійнай, затым карпусной газет. У 1946-1949 гг. – рэдактар газеты «За торф» (Арэхава-Зуева). У 1950-1964 гг. – літсупрацоўнік газеты Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины». Кіраваў літаб'яднаннем вайсковых пісьменнікаў. Сябра СП СССР з 1960 г.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 10.06.1983 г.

Друкаваўся з 1925 г. (часопіс «Красная нива»). Пісаў на расейскай мове. У Маскве і Ленінградзе выдадзены яго кнігі прозы «Гитара» (1927), «Гостья» (1929), «Молодой человек» (1930). У 1938 г. некалькі нарысаў увайшлі ў кнігу «Волшевцы» (Масква). У часопісе «Неман» надрукаваны аповесці «Государева награда» (1968), «Конец двора его величества» (1969).

Пераклаў на расейскую мову асобныя апавяданні Ў.Краўчанкі, І.Пташнікава, А.Карпюка і інш.

Ярош Міхась, нарадзіўся 10.01.1929 г. у вёсцы Межная Слабада Клецкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1948). Вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1953-1956). У 1956-1987 гг. – навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1968 г.

Памёр 10.07.1987 г.

Друкавацца пачаў у 1955 г. Выступаў як крытык і літаратуразнавец. Аўтар кніг «Драматургія Янкі Купалы» (1959), «Міхась Чарот: Нарыс жыцця і творчасці» (1963), «Янка Купала і беларуская паэзія» (1971), «Беларуская савецкая лірыка» (з В.Бечыкам, 1979), «Пятрусь Броўка» (1981), «Пясняр роднай зямлі: Жыццё і творчасць Янкі Купалы» (1982), «Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз жыцця і творчасці» (1988), брашур «Міхась Чарот» (1966), «Пятрусь Броўка» (1975), «Янка Купала і современность» (1981), «В памяти народной» (1982). З'яўляецца адным з аўтараў двухтомнай «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964-1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), «Истории советской многонациональной литературы» (Масква, 1972), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» и «Истории белорусской советской литературы» (1977).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» и «История белорусской советской литературы».

Яскевіч Алесь, нарадзіўся 12.06.1934 г. у вёсцы Ўшакі Чэрыкаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1953). Працаваў у газеце «На страже Октября» (Менск). У 1961-1964 гг. займаўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1964 г. – навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1966 г.

З крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі выступае з 1958 г. Выйшлі зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў і даследаванняў «Карані маладога дрэва» (1967), «Ад слова да вобраза» (1968), «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (з В.Каваленкам і М.Мушынскім, 1972), «Пытанні паэтыкі» (з В.Жураўлёвым і Я.Шпакоўскім, 1974), «Грані майстэрства» (1974), «У свеце мастацкага твора» (1977), «Нараджэнне новага мастацтва» (з Л.Гараніным і А.Матрунёнкам, 1980), «Выхад за круг» (1985), «Становление белорусской художественной традиции» (1987).

Яўменаў Леанід, нарадзіўся 22.07.1932 г. у вёсцы Халмы Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

Скончыў аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955), аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1961). У 1954-1958 гг. – сакратар Менскага гаркама камсамола. У 1961-1970 гг. – дацэнт Менскага педагагічнага інстытута замежных моў. У 1970-1971 гг. – лектар ЦК КПБ. З 1971 г. – міжнародны чыноўнік у дэпартаменце сацыяльных, гуманітарных навук і культуры ЮНЕСКА, з 1975 г. – загадчык кафедры этыкі, эстэтыкі і навуковага атэізму БДУ, з 1979 г. – загадчык сектара Інстытута філасофіі і права АН БССР. З 1982 г. – загадчык аддзела навуковай інфармацыі АН БССР. Доктар філасофскіх навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1981 г.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю