Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"
Автор книги: Аляксей Гардзіцкі
Жанр:
Справочники
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 37 страниц)
З вершамі ў друку ўпершыню выступіў у 1948 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Паходныя кастры» (1955), «На грэбнях хваль» (1959), «Шчодрасць» (1962), «Ураган» (1966), «Профіль веку» (1969), «Кляновыя лісты» (1971), «Пераклічка» (1973), «Клопат» (1976), «Водсветы» (1978), «Азарэнне» (1980), «Крона» (выбранае, 1981), «Пладаноснасць» (1986), «Званы нябёс» (1988).
Пераклаў на беларускую мову шэраг твораў А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, М.Святлова, А.Пракоф'ева, М.Дудзіна, С.Нараўчатава, Я.Райніса, Я.Судрабкална, І.Харыка, паэму «Ануш» А.Туманяна, «Маабіцкі сшытак» М.Джаліля (з А.Пысіным, 1975), асобныя вершы таджыкскіх, узбекскіх, азербайджанскіх і башкірскіх паэтаў.
Выступаў у друку з рэцэнзіямі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1987) за кнігу вершаў «Пладаноснасць».
Гаўрылаў Леанід, нарадзіўся 02.02.1918 г. у вёсцы Бердыж Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і рабочага-сезонніка.
Вучыўся ў Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме. Паступіў у Інстытут народнай гаспадаркі, а ў 1936 г. перавёўся на літаратурны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння інстытута (1940) прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у танкавых войсках механікам-вадзіцелем. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны – на фронце.
Загінуў у 1941 г.
Першыя вершы з'явіліся ў 1935 г. Друкаваўся ў альманаху «Аднагодкі», у газетах «Гомельская праўда», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя рэвалюцыі». Нізкі вершаў змешчаны ў зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967). У 1961 г. выйшла кніжка паэзіі «Вернасць».
Гаўрылкін Леанід, нарадзіўся 22.05.1935 г. у пасёлку Стэп Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і служачага.
У 1952 г. паступіў на адзяленне філасофіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а праз два гады перавёўся на аддзяленне журналістыкі. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1957) працаваў адказным сакратаром рэдакцыі церахоўскай раённай газеты «Ленінец», а ў 1960-1977 гг. – рэдактарам на Гомельскай студыі тэлебачання. З 1967 г. адначасова з'яўляўся сакратаром Гомельскага абласнога аддзялення СП БССР. У 1977-1979 гг. – галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм», у 1979-1986 гг. – сакратар праўлення СП БССР. У 1986-1989 гг. – загадчык аддзела літаратуры часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1964 г.
Узнагароджаны медалём.
Памёр 05.02.1989 г.
Першыя апавяданні надрукаваў у 1959 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Рукі не здрадзяць» (1963), «Прашу звольніць мяне» (1965), «Пакінутая на досвітку» (1970), «Вясенні разліў» (1973), «Урок без перапынку» (1985), «Ружы для каварнай жанчыны» (1990), раманаў «Не магу без цябе» (1975, адзначаны прэміяй на Ўсесаюзным конкурсе ВЦСПС і СП СССР на лепшы твор пра рабочы клас), «Зямля дзяцей нашых» (1980), «Матчына хата» (1983), «Застаюся з табой» (1986). Выдаў кніжкі гумарыстычных апавяданняў «Мадэльер з Баршчоўкі» (1980), «Як Клава мужа шукала» (1985), «Жыццё Ігната Валуна» (1989). У 1987 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Працаваў і ў галіне драматургіі. Аўтар адна-актовай п'есы «Бо ў пісанні сказана» (1966), п'есы «Выпрабаванне» (пастаўлена ў 1975), радыёп'есы «Жыгулі» ў экспартным варыянце» (пастаўлена ў 1978), камедыі «Хвост паўліна» (пастаўлена на тэлебачанні, 1981). Аўтар кінасцэнарыя дакументальнага фільма пра П.Броўку «Маўчаць ніколі я не буду» (1980).
Гейнэ Аркадзь, нарадзіўся 10.01.1919 г. у гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.
Вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Менску (1938-1941). Працаваў у рэдакцыях газет. У час Вялікай Айчыннай вайны – на фронце, камандзір узвода механізаванай брыгады.
Загінуў 16.12.1942 г. на Сталінградскім фронце.
З 1934 г. выступаў з вершамі, артыкуламі і рэцэнзіямі ў газетах «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя рэвалюцыі». У 1939 г. выйшаў зборнік паэзіі «Шчаслівая зорка». Асобныя вершы змешчаны ў калектыўных зборніках «Камсамол на граніцы» (1939), «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967).
Геніюш Ларыса, нарадзілася 09.08.1910 г. у маёнтку Жлобаўцы Ваўпянскай воласці Гарадзенскага павета (цяпер Ваўкавыскі раён Гарадзенскай вобласці) у сялянскай сям'і.
Ратуючыся ад першай сусветнай вайны, бацькі разам з дачкою пакінулі родныя мясціны. Вярнуліся дадому ў 1919 г. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). У 1937 г. выехала ў Прагу, дзе жыў і вучыўся ва ўніверсітэце яе муж І.Геніюш. Уключылася ў жыццё беларускай эміграцыі, у дзейнасць урада БНР (нейкі час была яго сакратаром). У час нямецкай акупацыі друкавалася ў газетах «Раніца», «Беларускі работнік», у часопісе «Новы шлях» і інш. У 1948 г. арыштавана і перавезена ў Менск. Судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР асуджана на 25 гадоў зняволення ў папраўча-працоўных лагерах. Камісія Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30.05.1956 г. абвінавачванне прызнала абгрунтаваным, але тэрмін пакарання быў зменшаны да 8 гадоў. Пераехала ў пасёлак Зэльву, што на Гарадзеншчыне, дзе жыла, не прыняўшы савецкага падданства. У беларускім савецкім друку выступала з 1963 г.
Памерла 07.04.1983 г.
Дэбютавала ў друку вершамі ў 1939 г. Першы зборнік паэзіі «Ад родных ніў» апублікаваны ў Празе ў 1942 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Невадам з Нёмана» (вершы і паэма, 1967), «На чабары настоена» (1982), «Белы сон» (1990), паэтычныя кніжкі для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972) і «Добрай раніцы, Алесь!» (1976). У часопісе «Спадчына» надрукавана паэма «Маёй бабусі» (1989), у часопісе «Маладосць» – аповесць «Споведзь» (1990).
Герасімаў Мікалай, нарадзіўся 26.10.1903 г. у горадзе Пецярбургу (Расея) у сям'і служачага.
Працоўны шлях пачаў у 1920 г. справаводам у Малаяраслаўскім павятовым выканкоме Калужскай вобласці. З 1921 г. працаваў інструктарам у спартыўных арганізацыях. Служыў у Чырвонай Арміі (1925-1927). Быў рабочым на суднабудаўнічым заводзе, на трыкатажнай фабрыцы, на будаўніцтве ў Ленінградзе. Пасля заканчэння Ваенна-медыцынскай акадэміі ў Ленінградзе (1937) быў ваенным лекарам. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1956 г. звольнены з вайсковай службы, з 1957 г. жыў у Магілеве. Сябра СП СССР з 1956 г.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Памёр 17.09.1977 г.
У друку выступіў у 1924 г. з нарысамі. Пісаў на расейскай мове. Выйшлі аповесці «Где сходятся берега» (Масква, 1931) і «Простуда» (Масква, 1932), раман «Узлы» (Масква, 1933), аповесці «Огонь над Каличевкой» (Чкалаў, 1955), «Завтрашний день принадлежит тебе» (Масква, 1966), «Повести» (1979).
Герцовіч Якаў, нарадзіўся 01.01.1910 г. у вёсцы Сяліба Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў сям'і рабочага.
Працоўны шлях пачаў дванаццацігадовым хлапчуком на лесапільным заводзе «Кастрычнік» у Асіповіцкім раёне, быў конюхам у калгасе. У 1936 г. скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Менску. Працаваў журналістам. У час Вялікай Айчыннай вайны карэспандэнт газет Заходняга, а затым 3-га Беларускага франтоў. Пасля вайны працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда», з 1953 г. – у часопісе «Вожык», у 1967-1970 гг. – намеснік галоўнага рэдактара гэтага часопіса. Сябра СП СССР з 1948 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Памёр 21.04.1976 г.
Літаратурную дзейнасць пачаў з вершаў у 1927 г. З рэцэнзіямі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі выступаў з 1934 г. Аўтар нарыса «Анастасия Мицкевич» (1939), зборнікаў артыкулаў «На перадавых пазіцыях» (1957), «Літаратура і жыццё народа» (1960), «Герой і сучаснасць» (1963), «Пісьменнікі, кнігі, героі» (1966), «Творчае крэда» (1970).
Напісаў кніжку гумарэсак «Не пугай адзінай» (1969). Выдаў франтавыя нататкі «На вайне як на вайне» (1969).
Герчык Міхаіл (таксама Герчык Майсей), нарадзіўся 07.06.1932 г. у горадзе Бабруйску ў сям'і рабочага.
У час Вялікай Айчыннай вайны разам з маці і малодшым братам быў у эвакуацыі ў калгасе імя Мічурына Нова-Пакроўскага раёна Арэнбургскай (тады Чкалаўскай) вобласці, працаваў у сельскай гаспадарцы. Восенню 1944 г. сям'я вярнулася дадому. Скончыў Менскую педагагічную навучальню (1953), аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Працаваў у піянерскай газеце «Зорька», быў рэдактарам на Беларускім радыё. З 1964 г. – рэдактар выдавецтва «Беларусь», з 1972 г. – старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1964 г.
У друку выступае з 1949 г. (верш у газеце «Зорька»). Піша на расейскай і беларускай мовах. Выдаў для дзяцей аповесці «Ветер рвет паутину» (1963), «Портрет Фиделя» (1964), «Повесть о золотой рыбке» (1968), «Солнечный круг» (1970), зборнікі аповесцей і апавяданняў «Земное притяжение» (1965), «Ветка зеленого дерева» (1977), «Дзе жывуць чараўнікі» (1980), «Самое синее небо» (1982). Аўтар раманаў «Отдаешь навсегда» (1970, адзначаны прэміяй на Ўсесаюзным літаратурным конкурсе імя М.Астроўскага), «Обретение надежды» (1976), «Вяртанне да сябе», дакументальна-публіцыстычнай аповесці «Час гаспадароў» (1983), сцэнарыя мастацкага фільма «Научись танцевать» (1985).
Гігевіч Васіль, нарадзіўся 03.01.1947 г. у вёсцы Жыцькава Барысаўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1969 г. скончыў фізічны факультэт Харкаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў выкладчыкам фізікі ў Новааляксандраўскай сярэдняй школе Сахноўшчынскага раёна Харкаўскай вобласці. З 1970 г. – карэспандэнт-радыёарганізатар ашмянскай раённай газеты «Красное знамя». У 1970-1977 гг. – інжынер Барысаўскага шклозавода. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1979). З 1979 па 1981 г. працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1981 г. – у часопісе «Маладосць», з 1988 г. – загадчык аддзела прозы часопіса. Сябра СП СССР з 1977 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1972 г. у часопісе «Полымя». Аўтар зборнікаў прозы «Спелыя яблыкі» (апавяданні, 1976), «Калі ласка, скажы» (аповесць і апавяданні, 1978), «Жыціва» (аповесці, 1980), «Астравы на далёкіх азёрах» (аповесці, апавяданні, 1984), «Доказ ад процілеглага» (раман, 1985), «Мелодыі забытых песень» (аповесці, раман, апавяданні, 1988), «Карабель» (аповесці, раман, 1989), «Марсіянскае падарожжа» (аповесць, раман, 1990).
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за аповесць «Жыціва».
Гілевіч Ніл, нарадзіўся 30.09.1931 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Першыя гады пасля вайны працаваў калгасным паштальёнам. У 1951 г. скончыў Менскую педагагічную навучальню. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Менска. У 1956 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля аспірантуру пры ім. З 1960 па 1986 г. – супрацоўнік кафедры беларускай літаратуры гэтага ўніверсітэта. З 1958 да 1963 г. працаваў таксама літкансультантам газеты «Звязда». З 1980 да 1989 г. – першы сакратар праўлення СП БССР. З 1989 г. – старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. Галоўны рэдактар бюлетэня ТБМ «Наша слова». З чэрвеня 1990 г. – старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990). У 1990 г. выбраны народным дэпутатам БССР. Сябра Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Кандыдат філалагічных навук. Прафесар. Сябра СП СССР з 1954 г.
Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980).
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны і інш., балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай.
Упершыню ў друку з вершамі выступіў у 1946 г. Яму належаць кнігі паэзіі «Песня ў дарогу» (1957), «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, гумар і сатыра, 1979), «Святлынь» (1984), «Повязь» (1987), «Як дрэва карэннем» (1986), раман у вершах «Родныя дзеці» (1985), а таксама зборнікі сатыры і гумару «Званковы валет» (1961), «Да новых венікаў» (1963), «Ці грэх, ці 2» (1970), «Як я вучыўся жыць» (1974), «Русалка на Нарачы» (1974), «Кантора» (1989), «Дыялог на хаду» (1990). Выдаў зборнікі вершаў і паэм для дзяцей «Сцяжок на мачце» (1959), «Сіні домік, сіні дом» (1961), «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Калі рана ўстанеш» (1984), «Добры чалавек» (1987). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1981).
Выдаў зборнік п'ес «Начлег на буслянцы» (1980) і аповесць «Перажыўшы вайну» (1988).
Аўтар кніг па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы «Акрыленая рэвалюцыяй» (Паэзія «Маладняка») (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1970), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Верная вялікім запаветам: Сучасная балгарская паэзія. 1956-1976» (1977), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зборнікаў літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990).
Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983).
Працуе ў галіне перакладу. У яго перакладзе з балгарскай выйшлі аповесць П.Вежынава «Сляды застаюцца» (1960), раман С.Даскалова «Свая зямля» (1961) і яго ж зборнік апавяданняў «Любча-безбілетнік» (1959), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталогія сучаснай паэзіі «Ад стром балканскіх» (1965), кніга вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык» (1968), анталогія класічнай паэзіі «Хай зорыць дзень!» (з А.Разанавым, 1973), анталогія аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень». (1978), кніга лірыкі Н.Вапцарава «Песня пра чалавека» (1982), Хр. Радзеўскага «Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы» (1985), Г.Джагарава «Зямля – як чалавечая далонь» (1984), Л.Леўчава «Мелодыя для флейты» (1990). Пераклаў многія творы Х.Боцева, І.Вазава, П.Яварава, Н.Вылчава, А.Германава, I.Давыдкава, Д.Методзіева, А.Стаянава і інш. У 1978 г. выйшлі выбраныя старонкі славенскай паэзіі XIX-XX ст. «Маці мая, Славенія». У 1970 г. – казкі народаў Югаславіі «Ці страшны страх», у 1980 – зборнік югаслаўскай паэзіі «Па камянях, як па зорах», у 1985 – кніга лірыкі О.Жупанчыча «У вечным дазоры». Перакладае таксама з расейскай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай і іншых моў.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць і Міжнароднай прэміі імя Х.Боцева (1986) за рэвалюцыйную паэзію і публіцыстыку.
Гіль Мікола (сапр. Гілевіч Мікалай), нарадзіўся 15.06.1936 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Працаваў рэдактарам перадач для дзяцей на Менскай студыі тэлебачання (1960-1961), літсупрацоўнікам, а потым загадчыкам аддзела ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1961-1972). Некаторы час загадваў аддзелам у рэдакцыі бюлетэня «Родная прырода» (1972), быў супрацоўнікам аддзела публіцыстыкі часопіса «Маладосць» (1972-1977). З 1977 г. – адказны сакратар, з 1982 г. – намеснік галоўнага рэдактара, з 1990 г. – галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1975 г.
Як журналіст пачаў актыўна выступаць з 1957 г. Першае апавяданне надрукаваў у 1962 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Выдаў кнігі апавяданняў, аповесцей «Ранішнія сны» (1973), «Таццянін чэрвень» (1978), «Пуд жыта» (1982), «Тэлеграма з Кавалевіч» (1984), нарысаў «Пасеянае– узыдзе» (1985), «Камандзіроўка ў Вішанькі» (1987), «Кім і Валерыя» (1988), казку-быль «На лясной вуліцы» (1975), зборнік апавяданняў для дзяцей «Самы галоўны чалавек» (1980) і аповесць у апавяданнях пра лётчыка-касманаўта СССР П.Клімука «Ёсць на зямлі крыніца» (1983).
У літаратурнай апрацоўцы М.Гіля выйшлі кнігі ўспамінаў Р.Мачульскага «Страницы бессмертия» (1972) і «Люди высокого долга» (1975), у літаратурным запісе – кніга П.Клімука «Зоры – побач» (1977).
Пераклаў на беларускую мову раман летувіскага пісьменніка В.Бубніса «Пад летнім небам» (1982), кнігі прозы вугорскага пісьменніка І.Эркеня «Сям'я Тотаў. Выстаўка ружаў» (з Л.Каўрус, 1985) і шведскага пісьменніка П.Лагерквіста «Кат. Карлік» (з Г.Шупенькам, 1986).
Глазырын Уладзімір, нарадзіўся 06.06.1901 г. у Гарадзішчанскім раёне Чаркаскай вобласці (Украіна) у сям'і рабочага.
Пасля вучобы ў рэальнай навучальні працаваў рабочым на чыгунцы. У 1918 г. пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях з войскамі Калчака і польскімі легіёнамі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Жыў і працаваў у Менску і Маскве, у Польшчы. Сябра СП СССР з 1934 г.
Памёр 10.05.1961 г.
Літаратурнай працай пачаў займацца ў 1934 г. Пісаў на расейскай мове. Апублікаваў урыўкі з п'ес «Фронт» (1934-1935), «Огонь» (1935), «Юрий Резлер» (1936) і інш. Аўтар кнігі апавяданняў для дзяцей «В детстве» (1939). У перакладзе на беларускую мову выйшлі драма «Фронт» (1935), «Апавяданні» (1938), аповесць для дзяцей «Коля Гузоўскі» (1936) і апавяданне «Маленькі разведчык» (1938). На расейскую мову пераклаў апавяданні М.Лынькова.
Глебка Пятро, нарадзіўся 06.07.1905 г. у вёсцы Вялікая Ўса Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Ўздзенскай сямігодкі (1923) працаваў сакратаром сельсавета. У 1924 г. паступіў у Менскі педагагічны тэхнікум, з якога ў 1927 г. перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Адначасова быў сакратаром рэдакцыі часопіса «Узвышша» (1928-1930). Пасля заканчэння ўніверсітэта (1930) працаваў у рэдакцыях газеты «Калгаснік Беларусі», часопіса «Полымя рэвалюцыі», кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры СП БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны – у рэдакцыях франтавых газет «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь». Пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя творы ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і ў «Партызанскай дубінцы». У 1943-1945 гг. – рэдактар выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь», галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве. У 1944 г. прызначаны таксама кіраўніком групы па складанню «Руска-беларускага слоўніка» (1953), у 1952-1956 гг. загадваў сектарам лексікаграфіі ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1956-1957 гг. – дырэктар Інстытута мовазнаўства, у 1957-1969 гг. – дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Адначасова ў 1966-1969 гг. – акадэмік-сакратар аддзялення грамадскіх навук АН БССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1955-1967). Як сябра дэлегацыі Беларускай ССР неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН (1955, 1956, 1957, 1964). Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 18.12.1969 г.
Першыя вершы былі надрукаваны ў 1925 г. Аўтар кніжак паэзіі «Шыпшына» (1927), «Урачыстыя дні» (1930), «Арка над акіянам» (паэма, 1932), «Арлянка» (паэма, 1932), «Хада падзей» (вершы, паэмы, 1932), «Чатыры вятры» (1935), «Мужнасць» (вершы, паэмы, 1938), «Пад небам бацькаўшчыны» (вершы, паэмы, 1947), «Нашай славы зара» (вершы, паэмы, 1947), «Размова аб шчасці» (1948), «У тыя дні» (паэма, 1957), «Вершы» (1975), «На спатканні дарог» (1990). Для дзяцей выдадзены зборнікі паэзіі «Пад сцягам перамог» (1952), «Прывітанне Радзіме» (1961), «Вобразы роднай краіны» (1964), «Наш сцяг» (1972), «Наш лес» (1973), «Шчаслівы май» (1985). Выйшлі выбраныя творы (1952). Зборы твораў у 2-х (1958), у 3-х (1969-1971), у 4 тамах (1984-1986).
Напісаў драматычную паэму «Над Бярозай-ракой» (1940, пастаўлена ў 1940), лібрэта оперы «Андрэй Касценя» (пазнейшая назва «Лясное водгулле», 1971, пастаўлена ў 1970), вершаваную драму «Святло з Усходу» (1957, пастаўлена ў 1957).
Выступаў з нарысамі, літаратурна-крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі. Выйшлі кніжка нарысаў «Ураджай» (з П.Броўкам, 1933), зборнік артыкулаў «Паэзія барацьбы і перамогі» (1973), «Пытанні гісторыі, філалогіі і мастацтва» (1975). Аўтар многіх навуковых прац у галіне беларускай лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Ініцыятар і заснавальнік выдання ў АН БССР шматтомнага Збору беларускага фальклору (выходзіць з 1970).
Перакладаў на беларускую, мову творы А, Пушкіна («Барыс Гадуноў», вершы), М.Лермантава, М.Някрасава, А.Чэхава, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, С.Стандэ, М.Горкага, У.Маякоўскага, А.Пракоф'ева, А.Суркова, М.Галоднага, Б.Лаўрынёва, Т.Шаўчэнкі, М.Рыльскага, М.Бажана, П.Варанько, І.Харыка, А.Платнера і інш.
Глёбус Адам (сапр. Адамчык Уладзімір), нарадзіўся 29.09.1958 г. у горадзе Дзяржынску Менскай вобласці ў сям'і пісьменніка.
У 1959 г. з бацькамі пераехаў у Менск. Вучыўся ў Менскай мастацкай навучальні на педагагічным аддзяленні (1973-1977). Пасля заканчэння навучальні паступіў на мастацкае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (скончыў у 1983). Працаваў чарцёжнікам, мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем. З 1987 г. – рэдактар у часопісе «Крыніца» («Родник»). Сябра СП СССР з 1988 г.
Працуе ў галіне паэзіі і прозы. У друку пачаў выступаць з вершамі ў 1981 г. (газета «Літаратура і мастацтва», часопіс «Маладосць»). Аўтар кнігі паэзіі «Парк» (1988) і зборніка апавяданняў «Адзінота на стадыёне» (1989).
Глушакоў Уладзімір, нарадзіўся 07.04.1952 г. у гарадскім пасёлку Давыд-Гарадок Столінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 у Давыд-Гарадку (1969) паступіў у Мар'інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум Пухавіцкага раёна. За паўгода да заканчэння (у траўні 1971) прызваны ў Савецкую Армію. Дэмабілізаваўшыся, працаваў слесарам-зборшчыкам на галоўным канвееры Менскага трактарнага завода (1973-1976), свідравальшчыкам, электракаршчыкам на маторным заводзе (1976-1979). Вучыўся завочна на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1982 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. Працаваў рэдактарам аддзела прозы часопіса «Неман» (1979-1988). Сябра СП СССР з 1986 г.
З першымі публікацыямі ў рэспубліканскім друку выступіў у 1974 г. Працуе ў жанры прозы і публіцыстыкі. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар аповесцей «Семена» (1981), «Капли» (Масква, 1984), дакументальнай аповесці «Тёплые листья тополей» (1984), раманаў «Цветение калины» (1987), «На круги своя» (1990), шэрагу нарысаў, апублікаваных у перыядычным друку.
Гніламёдаў Уладзімір, нарадзіўся 26.12.1937 г. у вёсцы Кругель Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў філалагічны факультэт Берасцейскага педагагічнага інстытута (1959). Служыў у Савецкай Арміі (1959-1961). Працаваў завучам Тамашоўскага дзіцячага дома, настаўнікам Камароўскай сярэдняй школы Берасцейскага раёна. У 1965 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР і быў залічаны навуковым супрацоўнікам гэтага ж інстытута. У 1969-1976 гг. працаваў у апараце ЦК КП Беларусі інструктарам, затым загадчыкам сектара мастацкай літаратуры. З 1976 г. – намеснік дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1977 г. адначасова загадчык аддзела тэорыі літаратуры. Доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1972 г.
Узнагароджаны медалямі.
У друку выступае як крытык і літаратуразнавец з 1962 г. Выдаў брашуры «Лірычны летапіс часу» (1967), «Ленін у сэрцы» (1968), «Сучасная беларуская паэзія» (1969), «Пафас жыццесцвярджэння: Вобраз чалавека актыўнай жыццёвай пазіцыі ў сучаснай беларускай паэзіі» (1985). Аўтар манаграфіі «Традыцыі і наватарства» (1972), «Сучасная беларуская паэзія: Творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс» (1983), «Іван Мележ: Нарыс жыцця і творчасці» (1984), зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў «Упоравень з часам» (1976), «Як само жыццё» (1980), «Ля аднаго вогнішча» (1984), «Класікі і сучаснікі» (1987). Адзін з аўтараў кнігі «У.І.Ленін і Кастрычніцкая рэвалюцыя ў беларускай літаратуры» (з С.Лаўшуком, Л.Савік, 1987).
Голуб Юрка, нарадзіўся 20.10.1947 г. у вёсцы Горна Зэльвенскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970) працаваў рэдактарам на Гарадзенскай студыі тэлебачання. З 1978 г. – загадчык аддзела культуры абласной газеты «Гродзенская праўда», з 1979 г. – загадчык аддзела мастацкага вяшчання Гарадзенскага абласнога тэлерадыё. Сябра СП СССР з 1971 г.
Друкавацца пачаў у раённым друку ў 1963 г., у рэспубліканскім – у 1965 г. Выдаў зборнікі паэзіі «Гром на зялёнае голле» (1969), «Дрэва навальніцы» (1973), «Векапомнае поле» (1976), «Помню пра цябе» (1983), «Сын небасхілу» (1989). Аўтар кнігі для дзяцей «У бары грыбы бяры» (1986).
Грамовіч Іван, нарадзіўся 26.07.1918 г. у вёсцы Закружка Менскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў літаратурна-лінгвістычны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1939). У 1939-1945 гг. – у Савецкай Арміі, служыў у артылерыйскіх часцях як палітработнік і камандзір. Друкаваў нарысы ў франтавых газетах. Працаваў загадчыкам аддзела, адказным сакратаром часопіса «Беларусь» (1946-1953), адказным сакратаром часопіса «Маладосць» (1953-1954). У 1956 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Быў начальнікам сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм» (1956-1957), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» (1957-1958), літкансультантам СП БССР (1958-1969), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Вожык» (1970-1975). Сябра СП СССР з 1946 г.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1978).
Памёр 02.07.1986 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1935 г. (альманах «Аднагодкі»). Аўтар кніг «Апавяданні» (1947), нарысаў «Агні пяцігодкі» (1949), зборніка апавяданняў, аповесцей «Шырокія азёры» (1951), «Да ясных вышыняў» (1952), «У лесе на палянцы» (1957), «Рына-Марына» (1958), «Далі сабе слова» (1970), «Чатыры сантыметры надзеі» (1987), зборнікаў апавяданняў для дзяцей «Першае верасня» (1949), «Сонца скрозь воблакі» (1964), «Як вясну рабілі» (1985). Выдаў зборнікі гумару «Нарасць» (1961), «Вадалей – Гэтакдалей» (1975) і «Залатая бранзалетка» (1977). У часопісе «Полымя» апублікаваў першую частку рамана «Іду з табой, Масква!» (1953). Выйшлі кнігі ўспамінаў «У сховах памяці і сэрца» (1983), нататак «Зялёны долар – чорны забойца» (1985). Выйшлі «Выбранае» (1968, 1988) і Выбраныя творы ў 2 тамах (1978).
Аўтар сцэнарыяў дакументальных і відавых фільмаў «Памяццю сэрца» (1962), «Паэт у дарозе» (1963), «Паўлік і партфель» (1963).
Пераклаў з расейскай і ўкраінскай моў аповесць М.Носава «Дзённік Колі Сініцына» (1955), раман У.Кочатава «Браты Яршовы» (1960), паасобныя творы А.Голубевай, А.Кавінькі.
Грамыка Міхайла, нарадзіўся 12.11.1885 г. у вёсцы Чорнае Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і разначынца.
У час вучобы ў Магілеўскай гімназіі ўдзельнічаў у рабоце нелегальнага гуртка, які знаходзіўся пад уплывам магілеўскай арганізацыі РСДРП. У 1905 г. паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт, затым перавёўся на фізіка-матэматычны па спецыяльнасці геалогія. У 1905 г. удзельнічаў у маскоўскім снежаньскім паўстанні. У 1906-1907 гг. уваходзіў у сялянскую арганізацыю пры Магілеўскім акруговым камітэце РСДРП. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1911) настаўнічаў у Адэсе ў прыватнай камерцыйнай навучальні, у жаночых гімназіях, у 1920 г. быў загадчыкам школы-інтэрната для беларусаў-бежанцаў. У 1921-1930 гг. працаваў у Інбелкульце, выкладаў геалогію ў Белпедтэхнікуме, быў дацэнтам кафедры геалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адным з першых браў удзел у пошуках нафты на Палессі. У 1930 г. рэпрэсіраваны і сасланы ў Іванава-Вазнясенск. Пасля заканчэння тэрміну ссылкі (1936) пераехаў з сям'ёй у Запалярны Кіраўск, дзе працаваў у горным тэхнікуме. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны апынуўся ў г. Чусовым Пермскай вобласці. Праз год пераехаў ва Ўдмурцію. Займаў розныя пасады, у тым ліку дацэнта Ўдмурцкага педінстытута (Іжэўск). У 1948-1952 гг. зноў працаваў у Запалярным горным тэхнікуме. Апошнія гады жыў у г. Хімкі пад Масквой. Рэабілітаваны 15.11.1957 г. Сябра СП СССР з 1965 г.
Памёр 30.06.1969 г.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1907 г. (пісаў спачатку на расейскай мове). У 1922 г. апублікаваў у часопісе «Полымя» паэму «Гвалт над формай», у 1927 г. выйшлі кнігі паэзіі «Плынь» (вершы і паэмы) і «Дзве паэмы». Аўтар п'ес «Змітрок з Высокай Буды» (1918), «Скарынін сын з Полацка» (пастаўлена ў 1926), «Каля тэрасы» (1929, пастаўлена ў 1927, у новай рэдакцыі выйшла ў 1975), «Віно бушуе» (1929), «Над Нёманам» (пастаўлена ў 1927), «Воўк» (1930). У 1967 г. выдадзена «Выбранае», у 1987 г. – «Родная пушча» (п'есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты).
Выступаў як крытык з артыкуламі пра творчасць М.Багдановіча, пра пастаноўку «Цара Максімільяна» і інш.
Апублікаваў на беларускай мове падручнікі «Пачатковая геаграфія» (1923, 4 выданні), «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе» (ч. 1 – Крышталаграфія, ч. 2 – Мінералогія, 1926).
Перакладаў творы Л.Талстога, У.Сасюры.
Граніт Пятрусь (сапр. Івашэвіч Іван), нарадзіўся 24.01.1909 г. у вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1927-1939 гг. працаваў брукаром, у 1930 г. уступіў у рады КПЗБ. Прымаў удзел у нелегальным з'ездзе беларускіх пісьменнікаў у Вільні (1933). За рэвалюцыйную дзейнасць арыштоўваўся ўладамі буржуазнай Польшчы. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР працаваў старшынёй Беліцкага сельсавета (1939-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскай брыгады «Барацьба» на Гарадзеншчыне, выступаў у партызанскім друку з вершамі. Пасля вайны скончыў завочна Наваградскую педагагічную навучальню (1950), працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах (1945-1971).
Памёр 14.01.1980 г.
У друку ўпершыню выступіў з вершам у 1933 г. («Беларуская газета»). Першая кніжка паэзіі «Над хвалямі Нёмана» была падрыхтавана да друку ў 1939 г., але не выйшла ў сувязі з вайной. Аўтар зборніка паэзіі для дзяцей «Сцяжынка» (1978), нізкі вершаў апублікаваны ў зборніках «Сцягі і паходні» (1965), «Ростані волі» (1990).