355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Гардзіцкі » Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 » Текст книги (страница 21)
Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
  • Текст добавлен: 26 марта 2017, 14:00

Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"


Автор книги: Аляксей Гардзіцкі


Жанр:

   

Справочники


сообщить о нарушении

Текущая страница: 21 (всего у книги 37 страниц)

М

Маеўская Ніна, нарадзілася 04.12.1938 г. у горадзе Любань Менскай вобласці ў сям'і служачага.

Пасля заканчэння Любанскай сярэдняй школы (1956) працавала старшай піянерважатай у Сасноўскай сярэдняй школе Любанскага раёна (1956-1958). Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1963). Была літсупрацоўнікам менскай раённай газеты «Шлях камунізма» (1963-1965), адказным сакратаром шматтыражнай газеты «За технический прогресс» (Менскі падшыпнікавы завод, 1965-1967), загадчыкам аддзела, адказным сакратаром часопіса «Промышленность Белоруссии» (1968-1978). У 1980 г. скончыла Менскую вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ. Працавала ў газеце «Літаратура і мастацтва» (1980-1981), старшым рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва» (1981-1985). З 1985 г. – рэдактар аддзела публіцыстыкі часопіса «Беларусь». Сябра СП СССР з 1983 г.

У друку выступае з 1955 г. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Ляці, верабейка» (1969), «Агата» (1970), «Надзеевіч» (1983), «Такая позняя вясна» (1984), «Холад доннай вады» (1989).

Мазго Ўладзімір, нарадзіўся 05.03.1959 г. у гарадскім пасёлку Зэльва Гарадзенскай вобласці ў сям'і рабочага.

У 1964-1968 гг. разам з бацькамі жыў у Сібіры. У 1976 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў завочна ў 1985 г.). Служыў у Савецкай Арміі (1979-1981), быў карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Інтэграл», выхавацелем у рабочым інтэрнаце, супрацоўнікам рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. З 1984 г. – рэдактар выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1984 г.

Друкавацца пачаў у 1972 г. Аўтар паэтычных кніг «Пад спеў крыніц» (1982), «Вершаліна» (1987). Выдаў кнігу вершаў для дзяцей «Калі спрачаюцца маланкі» (1989).

Працуе і ў галіне перакладу.

Майхровіч Сцяпан, нарадзіўся 21.06.1908 г. у вёсцы Старэва Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і рабочага.

З дзіцячых год працаваў на гуце. У 1929-1930 гг. – інструктар Бабруйскага акруговага камітэта камсамола. Скончыў завочна Менскі педагагічны інстытут (1941). Працаваў рэдактарам раённай газеты (г. Камарын), загадчыкам сектара Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, рэдактарам органаў ЦК КП Беларусі – газет «Орка» і «Штандар вольносці» (на польскай мове). У час Вялікай Айчыннай вайны – інструктар палітаддзела арміі, затым галоўны рэдактар Цэнтральна-беларускага радыёвяшчання ў Маскве. З 1943 г. па асабістай просьбе накіраваны ў тыл, да партызан, рэдагаваў газету «Белостокская правда». У 1944-1948 гг. – дырэктар Дзяржаўнага выдавецтва БССР, потым – журналіст, у 1952-1954 гг. – галоўны рэдактар Вучэбна-педагагічнага выдавецтва БССР. Скончыў аспірантуру пры Менскім педінстытуце (1957), у 1959-1970 гг. – навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1947 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім ордэнам Віртуці мілітары.

Памёр 02.07.1981 г.

Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца ў 1930 г. Аўтар манаграфічных прац і нарысаў па гісторыі савецкай і дакастрычніцкай беларускай літаратуры «Янка Лучына: Жыццё і творчасць» (1952), «В.І.Дунін-Марцінкевіч» (1955), «Нарысы беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1957), «Максім Багдановіч: Жыццё і творчасць» (1958), «Жизнь и творчество Ф.Богушевича» (1961), «Янка Брыль: Жыццё і творчасць» (1961), «Георгій Скарына» (1966), «Слова аб палку Ігаравым» (1968), «Прыказкі і прымаўкі: Гістарычны нарыс» (1976), «Іван Шамякін: Нарыс жыцця і творчасці» (1978), «Нарыс гісторыі старажытнай беларускай літаратуры XIV-XVIII ст.» (1980).

Макаёнак Андрэй, нарадзіўся 12.11.1920 г. у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Журавіцкай сярэдняй школы (1938) працаваў масавіком у раённым Доме культуры. У 1939 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Крымскім фронце. Пасля цяжкога ранення (1942) дэмабілізаваны. Працаваў у Акаурцкай сярэдняй школе Грузіі (1942-1943), сакратаром Журавіцкага райкама камсамола (1944, цяпер у складзе Рагачоўскага раёна), Гарадзенскага гаркама камсамола (1945), загадчыкам партыйнага кабінета Магілеўскага чыгуначнага вузла (1945-1946), памочнікам сакратара Журавіцкага райкама партыі (1946-1947). У 1949 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. У 1949-1953 гг. – загадчык аддзела прозы часопіса «Вожык», у 1966-1978 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Неман». Як сябра дэлегацыі БССР у 1965 г. удзельнічаў у рабоце XX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1971-1982). Сябра СП СССР з 1949 г.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Кастрычніцкай Рэвалюцыі і медалямі.

Народны пісьменнік БССР (1977).

Памёр 16.11.1982 г.

Друкуецца з 1946 г. Аўтар п'ес «На досвітку» (1951, пастаўлена ў 1952), «Выбачайце, калі ласка!» (апублікавана і пастаўлена ў 1953), «Каб людзі не журыліся» (1958, пастаўлена ў 1959), «Лявоніха на арбіце» (апублікавана і пастаўлена ў 1961), «Зацюканы апостал» (1969, пастаўлена ў 1971), «Трыбунал» (1970, пастаўлена ў 1970), «Таблетку пад язык» (апублікавана і пастаўлена ў 1973), «Святая прастата» (1974, пастаўлена ў 1976, асобнае выданне пад назвай «Кашмар» у 1979), «Верачка» (1979, пастаўлена ў 1979), «Пагарэльцы» (апублікавана і пастаўлена ў 1980), «Дыхайце ашчадна» (1982, пастаўлена ў 1984). Напісаў аднаактовыя п'есы «Добра, калі добра канчаецца» (1946), «Перад сустрэчай», «Жыццё патрабуе» і «Першае пытанне» (1950), «Крымінальная справа» і «Аксеніна цялушка» (1951), «На шырокія прасторы» (1958), а таксама сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (па матывах аповесці А.Кулакоўскага «Нявестка», пастаўлены ў 1958), «Рагаты бастыён» (па п'есе «Лявоніха на арбіце», пастаўлены ў 1964), тэлефільма «Пасля кірмашу» (пастаўлены ў 1973), дакументальных фільмаў «У адзінай сям'і» (зняты ў 1957), «Кандрат Крапіва» (зняты ў 1961). Выйшлі зборнікі п'ес «Перад сустрэчай. Жыццё патрабуе» (1951), «Камедыі» (1961), «Трыбунал. Зацюканы апостал» (1971), «П'есы» (1974), «Кінасцэнарыі» (1989). Выдадзены Выбраныя творы ў 2-х (1980), Збор твораў у 5 тамах (1987-1990).

Пераклаў п'есы «Дабракі» Л.Зорына, «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Г.Лордкіпанідзе, «Чацвёрты» К.Сіманава і інш.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за п'есу «Лявоніха на арбіце», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974) за п'есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык».

Макаль Пятрусь, нарадзіўся 25.08.1932 г. у вёсцы Крушыняны на Беласточчыне (цяпер Польшча) у сялянскай сям'і.

У 1947 г. паступіў у Гарадзенскі будаўнічы тэхнікум, правучыўся два гады. Скончыў Гарадзенскі педагагічны інстытут (1953). Быў супрацоўнікам абласной газеты «Гродзенская праўда». Служыў у Савецкай Арміі (1954-1956). Працаваў рэдактарам аддзела культуры і навукі часопіса «Маладосць» (1957-1960), вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах пры СП СССР (1960-1962), загадваў аддзелам літаратуры ў газеце «Літаратура і мастацтва» (1962-1963), быў рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР (1965-1966), памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача (1966-1975). З 1975 г. – літкансультант СП БССР. З 1978 г. – старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1980-1983 гг. – рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1953 г.

Узнагароджаны медалямі.

У друку выступае з 1949 г. (газета «Гродзенская праўда»). Выйшлі зборнікі паэзіі «Першы след» (1955), «Вятрам насустрач» (1958), «Вечны агонь» (1960), «Круглы год» (1964), «Акно» (1967), «Вершы» (выбранае, 1968), «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978), «Заручыны» (выбранае, 1979), «Смак яблыка» (1981), «Калыска долі» (1984), «Асенняя пошта лістоты» (1987), «Азбука любві» (1989). Для дзяцей выдаў кніжкі «Хлопчык будзіць сонца» (1966), «Песня згоды» (вершы, паэмы, казкі, 1983), «Чарадзейная скарбонка» (вершы, казкі, загадкі, 1987), «Я гатую абед» (паэма, 1989). У 1982 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Сумесна з А.Вольскім напісаў п'есы «За лясамі дрымучымі» (1959, 1961, пастаўлена ў 1958) і «Марынка-крапіўніца» (пастаўлена ў 1963). Аўтар п'ес «Адчыніце, казляняткі!» (1972, пастаўлена ў 1970), «Дай вады, калодзеж!» (1974, паста ўлена ў 1971), «На ўсіх адна бяда» (1977, пастаўлена ў 1976), а таксама лібрэта араторыі «Запрашэнне ў краіну маленства» (музыка Я.Глебава, 1974).

Займаецца перакладамі са славянскіх моў. Пераклаў зборнік сучаснай славацкай паэзіі «Татры пяюць» (1976) і зборнік вершаў М.Валека «Крылы» (1978).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1980) за зборнік паэзіі «Поле», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1984) за зборнік «Смак яблыка».

Макарэвіч Алесь, нарадзіўся 30.08.1918 г. у вёсцы Шэлегі Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння літаратурна-лінгвістычнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута (1939) кароткі час настаўнічаў у Хойніцкай сярэдняй школе на Гомельшчыне. У лістападзе 1939 г. прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, пад Ельняй быў цяжка паранены і трапіў у канцлагер. Вызвалены ў сакавіку 1945 г. Да снежня 1945 г. у дзеючай арміі. З 1946 г. зноў настаўнік, загадчык навучальнай часткі Талькаўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна. З 1947 па 1949 гг. – аспірант кафедры беларускай літаратуры Менскага педагагічнага інстытута. У 1949-1967 гг. выкладаў беларускую літаратуру ў Магілеўскім педінстытуце (з 1959 г. – дацэнт, быў загадчыкам кафедры, дэканам філалагічнага факультэта). Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1960.

Памёр 30.12.1967 г.

У друку пачаў выступаць у 1951 г. Выйшлі літаратуразнаўчыя кнігі «Сатыра Кандрата Крапівы» (1962), «Кароткі літаратуразнаўчы слоўнік» (1963, 2-е дапрацаванае і дапоўненае выданне ў 1969), «Ад песень і думак народных» (1965), «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы (1969).

Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура» (1966), «Беларуская вуснапаэтычная творчасць» (1966).

Макарэвіч Васіль, нарадзіўся 15.07.1939 г. у вёсцы Купленка Крупскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1957 г., пасля заканчэння сярэдняй школы, працаваў на лесараспрацоўках на Поўначы, з 1958 г. – у калгасе «Ухвала» Крупскага раёна. Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964) чатыры гады працаваў у газеце «Чырвоная змена». З 1979 г. – спецкарэспандэнт Беларускага радыё. Сябра СП СССР з 1976 г.

Першы верш апублікаваў у 1956 г. (газета «Чырвоная змена»).

Аўтар зборнікаў паэзіі «Вогненная камета» (1963), «Мерыдыяны і паралелі» (1966), «Ліставей» (паэма і вершы, 1971), «Вечнае дрэва» (вершы і паэма, 1974), «Радоўка» (вершы і паэма, 1977), «Праталіна» (1983), «Відушчы посах» (вершы, паэма, 1987), «Сумежжа» (вершы, паэмы, 1989) і вершаванай казкі «Лясныя вандраванні» (1967).

Напісаў кнігі нарысаў «Палын і медуніца» (1976), «Зямное сузор'е» (1980) і нарыс «Старт у будучыню» (1982).

Мальдзіс Адам, нарадзіўся 07.08.1932 г. у вёсцы Расолы Астравецкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956). Працаваў сакратаром радашковіцкай раённай газеты «Сцяг Ільіча». У 1962 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1962 г. – навуковы супрацоўнік, з 1981 г. – загадчык аддзела беларускай дакастрычніцкай літаратуры. У 1990 г. як сябра дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце ХLV сесіі ААН. Доктар філалагічных навук. Прафесар. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1965 г.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі, чатырма польскімі ганаровымі адзнакамі.

У друку з артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у 1954 г. У 1966 г. выйшла даследаванне пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі «Творчае пабрацімства», зборнік нарысаў «Падарожжа ў XIX стагоддзе» (1969), даследаванні «Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1972), «Таямніцы старажытных сховішчаў» (1974), «На скрыжаванні славянскіх традыцый» (1980), «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя» (1982), «З літаратуразнаўчых вандраванняў» (1987), «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988), нарыс «Астравеччына, край дарагі...» (1977), аповесць «Восень пасярод вясны» (1984), эсэ «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (1990). Падрыхтаваў зборнік А.Міцкевіча «Зямля навагрудская, краю мой родны» (1969), «Творы Я.Дылы (1981), «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (пераклад Б.Тарашкевіча, 1981). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы».

Перакладае з польскай і балгарскай моў.

Мальцінскі Хаім, нарадзіўся 07.08.1910 г. у горадзе Панявежысе (Летува) у сям'і рамесніка.

Вучыўся ў Віцебскім жыдоўскім педагагічным тэхнікуме (1927-1929). Скончыў Кіеўскі інстытут народнай адукацыі (1931). Працаваў у жыдоўскіх газетах «Юны ленінец» (1932-1933) і «Акцябэр» (1935-1937) у Менску. Служыў у Чырвонай Арміі (1933-1934). У 1939 г. накіраваны ў Пінск, дзе працаваў у абласной газеце. З 1940 г. зноў у Менску, у газеце «Чырвоная змена». З пачатку Вялікай Айчыннай вайны на фронце. Удзельнічаў у Сталінградскай бітве, у вызваленні Беларусі, Польшчы, над Берлінам быў цяжка паранены. Пасля вайны быў рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва (1946-1947), выдавецтва Жыдоўскай аўтаномнай вобласці (Бірабіджан, 1947-1951). У 1951 г. рэпрэсіраваны. У 1956 г. рэабілітаваны. Жыў у Намангане (Узбекістан), з 1960 г. – у Менску. У 1975 г. выехаў у Ізраіль. Сябра СП СССР (1934-1974).

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, Чырвонай Зоркі, медалямі. Памёр 08.02.1986 г. (Тэль-Авіў, Ізраіль).

У рэспубліканскім друку выступаў з 1929 г. Пісаў на мове ідыш. Аўтар зборнікаў паэзіі «Як жыццё, дарагое» (Кіеў, 1931), «Бадзёрым крокам» (1936), «Без ценю» (1936), «Гады, гады мае» (Масква, 1973), кніг драматургіі «На вышцы» (1934), «Наш фарпост» (1935), «Каля саду» (1936), апавяданняў для дзяцей «Дзеці» (1933), кніжак вершаў для дзяцей «Наш хор» (1933), «Юны ленінец» (1934), «Брацікам і сястрычкам» (1939, 1962). На беларускай мове выйшлі кнігі вершаў і паэм «Поплеч з сынам усталі» (1963), «Родны дом» (1965), вершаў «На сонечным баку» (1967), «Мой добры голуб» (1970), паэма «Ёлка пад акном» (1967), «Аднаактовыя п'есы» (1964), кніжкі паэзіі для дзяцей «Навагодняя ёлка» (1939, 1948), «Вясёлыя вароты» (1972), «Кола дружбы» (1973).

Мальчэўская Яўгенія (сапр. Крыжаноўская Яўгенія), нарадзілася 25.08.1949 г. у вёсцы Замошша Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1969 г. скончыла Бабруйскі тэхнікум гумавай прамысловасці. Працавала ў рэдакцыях аб'яднанай газеты «Камуніст» і чашніцкай раённай газеты «Чырвоная змена». Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978), настаўнічала ў Рованіцкай сярэдняй школе Чэрвеньскага раёна, з 1980 г. – у талачынскай сярэдняй школе № 2, з 1989 г. – у віцебскай сярэдняй школе № 40. Сябра СП СССР з 1990 г.

Выступаць у друку пачала ў час вучобы ў тэхнікуме. Першая кніжка паэзіі «Святло асенняе зярнят» уключана ў калектыўны зборнік «Нашчадкі» (1979). У 1989 г. выйшаў зборнік вершаў «Залежнасць».

Маляўка Мікола, нарадзіўся 13.12.1941 г. у вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы (1958) два гады працаваў на лесанарыхтоўках у Карэліі. У 1965 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Настаўнічаў у Воранаўскім і Крупскім раёнах, служыў у Савецкай Арміі, працаваў у рэдакцыі нясвіжскай раённай газеты «Чырвоны сцяг», старшым рэдактарам на Беларускім радыё. З 1969 г. – старшы рэдактар рэспубліканскага метадычнага кабінета Міністэрства культуры БССР, з 1976 г. – старшы рэдактар галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. З 1980 г. – супрацоўнік часопіса «Вясёлка». Сябра СП СССР з 1970 г.

Друкавацца пачаў у 1957 г. (газета «Чырвоная змена»). Выйшлі зборнікі паэзіі «Едуць маразы» (1966), «Жалеза» (1970), «Лотаць» (1973), «Круг» (1977), «Эстакада» (вершы і паэма, 1982), «Дар» (вершы і паэма, 1985), «Аднавякоўцы» (вершы, балады, байкі, 1988). Для дзяцей выдаў кніжкі вершаў і казак «Дзед і ўнучка» (1983), «Салодкі лядзяш» (1986), «Як дом будавалі» (1987).

Маракоў Валер, нарадзіўся 27.03.1909 г. у вёсцы Акалонія (цяпер у межах Менска) у сям'і рабочага.

Працоўны шлях пачаў мулярам. Вучыўся ў Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме, у 1934 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута. Два гады працаваў настаўнікам у Бабруйску. Быў сябрам «Маладняка». У 1937 г. рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25.04.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Расстраляны 29.10.1937 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1925 г. Выйшлі зборнікі вершаў «Пялёсткі» (1926), «На залатым пакосе» (1927), «Вяршыні жаданняў» (1930), «Права на зброю» (1933), «Лірыка» (1959), «Вяршыні жаданняў» (вершы і паэмы, 1989).

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М.Галоднага, А.Новікава-Прыбоя, П.Тычыны.

Марук Уладзімір, нарадзіўся 06.01.1954 г. у вёсцы Гута Ганцавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1970 г. скончыў Маўчадскую сярэднюю санаторную школу-інтэрнат і паступіў у Магілеўскі бібліятэчны тэхнікум. Пасля заканчэння тэхнікума працаваў ва ўстановах культуры Ганцавіцкага раёна – у Шашкоўскай сельскай, раённай дзіцячай бібліятэках, загадчыкам аўтаклуба. У 1980 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 106 у Менску. З 1981 г. – карэспандэнт, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», з 1986 г. – рэдактар, загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1984 г.

Першыя вершы апублікаваў у 1972 г. (газета «Магілёўская праўда»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Зоркі ў кронах» (1982), «Лістрабіне» (1987).

Мархель Уладзімір, нарадзіўся 28.03.1940 г. у вёсцы Жыгалкі Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.

Пасля заканчэння сярэдняй школы імя Якуба Коласа ў в. Мікалаеўшчына (1957) працаваў малатабойцам у калгасе, рабочым ачышчальнага забою (мае кваліфікацыю 6 разраду) на шахце ў Навашахцінску Растоўскай вобласці. У 1964 г. скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1964-1969 гг. выкладаў расейскую мову і літаратуру ў школах – у вёсцы Стадолічы Лельчыцкага раёна, Валожыне, Менску, працаваў у газеце «Мінская праўда», старшым рэдактарам у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа АН БССР, малодшым навуковым супрацоўнікам у Аддзеле навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках. З 1978 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1988 г.

Друкавацца пачаў у 1954 г. (вершы ў стаўбцоўскай раённай газеце «Голас селяніна»). З 1957 г. выступае ў рэспубліканскім друку як паэт і літаратуразнавец. Выдаў кнігі «Лірнік вясковы: Сыракомля ў беларуска-польскім літаратурным узаемадзеянні» (1983), «Вяшчун славы і волі» (1989), «Крыніцы памяці» (1990). Уклаў «Творы» В.Каратынскага (1981) і «Творы» Я.Лучыны (1988).

З польскай на беларускую мову пераклаў вершы Я.Купалы, асобныя творы В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, В.Каратынскага, Я.Лучыны, Я.Каханоўскага, Л.Стафа, Ю.Тувіма, Р.Дабравольскага, Б.Драздоўскага і інш.

Марціновіч Алесь, нарадзіўся 18.08.1946 г. у вёсцы Казловічы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

У 1964 г. паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (з трэцяга курса перавёўся на факультэт журналістыкі, скончыў у 1968). Працаваў у драгічынскай, капыльскай і слуцкай раённых газетах, служыў афіцэрам Савецкай Арміі. З 1972 г. – карэспандэнт аддзела літаратуры. З 1981 г. – загадчык аддзела інфармацыі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1987 г.

Выступіў у друку спачатку як журналіст. З 1966 г. пачаў публікаваць рэцэнзіі, літаратурна-крытычныя артыкулы. Выдаў брашуры «Мастацкі летапіс сучаснасці» (1983), «Сказаць сваё слова» (1990). Аўтар зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў «Далучанасць» (1990), «Пад небам вечнасці» (1990).

Склаў кнігі публіцыстыкі «Свабоднае грамадства зблізку» (1984), паэзіі «Мы і яны» (1985) і «Слова міру і праўды» (1987).

Марціновіч Аркадзь, нарадзіўся 10.03.1920 г. у вёсцы Барбарова Глускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1939 г. скончыў Менскую педагагічную навучальню. Працаваў у Турэцкай і Цітвянскай сямігадовых школах на Меншчыне. У 1939-1946 гг. служыў у Савецкай Арміі. Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гг., у Вялікай Айчыннай вайне. Быў тройчы паранены. З 1946 г. – літсупрацоўнік, потым загадчык аддзела рэдакцыі газеты «Савецкі селянін». У 1950 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, у 1955 г. – завочна філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях газет «Калгасная праўда» (1950-1957), «Літаратура і мастацтва» (1957-1964), у выдавецтве «Беларусь» (1964-1971). У 1971-1972 гг. – адказны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры і мастацтва, у 1972-1974 гг. – літаратурны кансультант СП БССР. У 1974-1981 гг. – галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1959 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Заслужаны работнік культуры БССР (1980).

Першыя вершы ў рэспубліканскім друку былі апублікаваны ў 1938 г. Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Надзея» (1960), «Водгулле» (1963), «Прасека» (1967), «Панарама» (1970), «Няхай ідзе дождж» (1973), «Сцюжа» (1976), раманы «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1986), зборнік вершаў «Чырвоныя ветразі» (1965), аповесць для дзяцей «Неадкрыты востраў» (1966). У 1974 г. выйшла «Выбранае», у 1980 г. – Збор твораў у 2 тамах.

Пераклаў на беларускую мову кнігі «Самы чалавечны чалавек» Н.Ходза (1968), «Прыгоды Гугуцэ» С.Вангелі (1971), «Вецер у галаве» Х.Мянд (1971), «Месяц і сонца» С.Баруздзіна (1972), «Белая вясёлка» К.Паўстоўскага (1976).

Марціновіч Павал, нарадзіўся 27.06.1954 г. у горадзе Менску ў сям'і пісьменніка.

У 1971 г. паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля трэцяга курса перавёўся на завочнае аддзяленне (скончыў у 1976) і адначасова пачаў працаваць памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Рэспубліканскага тэатра юнага гледача. У 1978-1979 гг. – літсупрацоўнік рэдакцыі часопіса «Вясёлка». Сябра СП СССР з 1976 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1969 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Прадвесне» (1975), «Час бурштыну» (1977). Выдаў кніжкі вершаў для дзяцей «Паспяшайся ў наш звярынец!» (1978), «Жыў-быў воўк» (1979), «Дзядзька Сон» (1980), «Сталёвы бусел» (1989).

Перакладае з ангельскай, летувіскай, польскай, чэшскай моў на беларускую. У яго перакладзе асобнымі выданнямі выйшлі аповесць В.Стыблавай «Мой брацік» (1977), зборнік чэшскіх народных казак «Кубачак, вары!» (1977), аповесці В.Бубніса «Белы вецер. Рамунас» (1978), зборнік вершаў «Рамоначак-рамунеле» (1979), раман Я.Козака «Гняздо бусла» (1979), аповесць А.Крысці «Нябожчыкава люстэрка» (зборнік «Замежны дэтэктыў», 1988).

Марчанка Святлана, нарадзілася 15.05.1942 г. у вёсцы Папоўцы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і служачага.

Працавала на будоўлі, у рэдакцыі касцюковіцкай раённай газеты «Сцяг камунізма» (1958-1959). Адначасова вучылася ў сярэдняй школе рабочай моладзі. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі была старшай піянерважатай у школе № 1 у Касцюковічах. Скончыла Магілеўскі педагагічны інстытут (1964). У 1964-1966 гг. – загадчык школьнага аддзела Касцюковіцкага райкама камсамола. Працавала ў рэдакцыях газет «Літаратура і мастацтва» (1966-1967), «Чырвоная змена» (1967-1968). У 1969-1972 гг. – кіраўнік гуртка «Юныя сябры паэзіі» Дома піянераў у Слуцку, педагог у дзіцячых садах № 10, 14 (1973-1978). Працавала ў часопісах «Вожык» (1978), «Работніца і сялянка» (1980-1983). З 1984 г. – рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1985 г.

Дэбютавала вершамі ў «Магілёўскай праўдзе» (1960). З літаратурна-крытычнымі матэрыяламі выступае ў друку з 1965 г. Аўтар кнігі «Васіль Вітка: Нарыс жыцця і творчасці» (1985).

Марчук Георгі, нарадзіўся 01.01.1947 г. у горадзе Давыд-Гарадок Столінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і шаўца.

Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 у Давыд-Гарадку (1965) працаваў у мясцовым клубе, затым у Столінскім раённым клубе на розных пасадах: ад кіраўніка драматычнага гуртка, метадыста да мастацкага кіраўніка. У 1973 г. скончыў завочнае аддзяленне па спецыяльнасці тэатразнаўства Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. З 1969 г. у Менску – асістэнт кінарэжысёра кінастудыі «Беларусьфільм». У 1975-1977 гг. – слухач Вышэйшых курсаў сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве. З 1980 г. – кінарэжысёр на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1980-1982 гг. – загадчык літаратурнай часткі тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1983 г.

У друку пачаў выступаць з гумарэскамі, замалёўкамі ў 1966 г. (столінская раённая газета «Навіны Палесся»). Першая аднаактовая п'еса «Выкраданне Алёны» (1971) адзначана прэміяй на рэспубліканскім конкурсе драматургіі. Аўтар пятнаццаці аднаактовых п'ес, сярод якіх «Новыя прыгоды Несцеркі» (пастаўлена ў 1980), «Магіла Чынгісхана» (надрукавана і пастаўлена ў 1981), «Дыскатэка» (пастаўлена ў 1981), п'ес-казак «Чаканне сабакі Тэафіла» (пастаўлена ў 1979), «Загадка каралевы Аварыі» (1980), «Ці кормяць ваўка ногі» (1982), «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1986). Напісаў камедыі «Люцікі-кветачкі» (пастаўлена ў 1974), «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (пастаўлена ў 1985), «Вясёлыя, бедныя, багатыя» (пастаўлена ў 1986), «Альдона, Анета, Анфіса» (пастаўлена ў 1986), «Дарога ў рай», «Калі заспявае певень» (абедзве пастаўлены ў 1990). Па сцэнарыях пісьменніка пастаўлены тэлефільмы «Вясковы эрудзіт» (1985), «Запрашэнне» (1988). Адзін з аўтараў сцэнарыя дакументальнага кінафільма «Вяртанне Забэйды-Суміцкага» (зняты ў 1990).

Працуе і ў галіне прозы. Выйшлі кнігі казак «Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына» (1986), раманы «Крык на хутары» (1983), «Прызнанне ў забойстве» (1985), «Кветкі правінцыі» (1986), «Вочы і сон» (1990), «Сава Дым і яго палюбоўніцы» (1990).

Масарэнка Алесь, нарадзіўся 12.04.1938 г. у вёсцы Ходарава Слаўгарадскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Целяшоўскай сярэдняй школы (1956) працаваў інструктарам Слаўгарадскага райкама камсамола, у 1957-1960 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1960 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з трэцяга курса перавёўся на вячэрняе аддзяленне і да заканчэння ўніверсітэта (1966) быў выхавацелем у школе-інтэрнаце № 13 у Менску. Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, загадчыкам аддзела газеты «Чырвоная змена», інструктарам па прамысловым адлове рачнога бабра Летувіскага заацэнтра, літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве «Беларусь», адказным сакратаром часопіса «Полымя», у геадэзічнай экспедыцыі Забайкалля рабочым I разраду. З 1977 г. – рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць», з 1978 г. – сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм», у 1982-1985 гг. – загадчык аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1989 г. – літкансультант літаб'яднання «Крыніцы» пры штотыднёвіку «Чырвоная змена». Сябра СП СССР з 1972.

Літаратурную працу пачаў з вершаў. З апавяданнямі ў рэспубліканскім друку выступіў у 1962 г. Аўтар аповесці «На бабровых тонях» (1971), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Журавіны пад снегам» (1976), «Сонца майго дня» (1988), рамана «Баргузінскае лета» (1982).

Пераклаў на беларускую мову аповесць бурацкага пісьменніка Б.Мунгонава «Чорны вецер» (1973).

Матукоўскі Мікалай, нарадзіўся 12.09.1929 г. у вёсцы Калюціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Тродавіцкай сярэдняй школы (1950) працаваў загадчыкам аддзела кадраў і аргработы Расонскага райкама камсамола, літсупрацоўнікам раённай газеты «Сацыялістычная праца». Скончыў завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956). У 1952-1960 гг. – літработнік, потым загадчык аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», у 1960-1964 гг. – галоўны рэдактар літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, у 1964-1966 гг. – галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР. З 1966 г. – уласны карэспандэнт, з 1970 г. – загадчык Беларускага аддзялення рэдакцыі газеты «Известия». Сябра СП СССР з 1971 г.

Узнагароджаны медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1977).

Літаратурную працу пачаў у 1952 г. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар п'ес «Мужчына, будзь мужчынам!» (пастаўлена ў 1966), «Тры дні і тры ночы» (пастаўлена ў 1967), «Амністыя» (1971, пастаўлена ў 1970, асобнае выданне ў 1972, аднайменны кінафільм у 1982), «Апошняя інстанцыя» (1976, пастаўлена ў 1974), «Наследны прынц» (1976, пад назвай «Наследнік» пастаўлена ў 1976), «Мошенник поневоле» (паводле рамана М.Ларні «Чацвёрты пазванок», пастаўлена ў 1978), «Паядынак» (1985, пастаўлена ў 1985), «Мудрамер» (апублікавана і пастаўлена ў 1987). Аўтар зборнікаў «П'есы» (1979) і «Мудрамер» (1989). Напісаў сцэнарый мастацкага кінафільма «Сын старшыні» (пастаўлены ў 1976), тэлефільмаў «Траянскі конь» (пастаўлены ў 1980), «Мудрамер» (пастаўлены ў 1989), а таксама некалькіх сцэнарыяў дакументальных тэле– і кінафільмаў.

Выдаў дакументальную аповесць пра Менскае падполле 1941-1944 гг. «Мінск» (1982), кнігу публіцыстыкі, эсэ «Чужая беда» (1987).

Лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР (1984) і Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за п'есу «Мудрамер».

Матэвушаў Васіль, нарадзіўся 06.03.1915 г. у вёсцы Княжыцы Магілеўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1937). Настаўнічаў у Обальскай сярэдняй школе на Віцебшчыне (1937-1939). Служыў у Савецкай Арміі (1939-1946). У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у чыгуначным палку, працаваў на ваенных курсах. У 1946-1948 гг. – выкладчык Омскага фінансавага тэхнікума, у 1948-1971 гг. – супрацоўнік абласной газеты «Магілёўская праўда». Апошнія гады жыцця працаваў сакратаром Магілеўскага абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1948 г.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю