Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"
Автор книги: Аляксей Гардзіцкі
Жанр:
Справочники
сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 37 страниц)
Пераклаў на беларускую мову паэмы «Палтава» А.Пушкіна, паасобныя творы Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, А.Міцкевіча, Р.Тагора і інш. Быў адным з рэдактараў «Русско-белорусского словаря» (1953).
Выйшлі Зборы твораў у 7-мі (1952), 12-ці (1961-1964), 14-ці (1972-1978) тамах. Неаднаразова перавыдаваліся Выбраныя творы (апавяданні, вершы і паэмы).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946) за вершы ваеннага часу, Дзяржаўнай прэміі СССР (1949) за паэму «Рыбакова хата».
Конан Уладзімір, нарадзіўся 23.04.1934 г. у вёсцы Вераскава Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1952 г. скончыў Вераскоўскую сярэднюю школу, працаваў камсоргам у школе (1952-1953), затым у мясцовым калгасе. У 1954 г. паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1959) – настаўнік, а з 1960 г. – дырэктар Стражоўскай васьмігадовай школы Вілейскага раёна. Пасля заканчэння аспірантуры пры Інстытуце філасофіі і права АН БССР (1964) – навуковы супрацоўнік, затым загадчык сектара эстэтыкі і сацыяльнай псіхалогіі, з 1986 г. – вядучы навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Доктар філасофскіх навук. Сябра СП СССР з 1982 г.
Даследуе пытанні гісторыі і тэорыі эстэтыкі і літаратуразнаўства Беларусі. Першы артыкул надрукаваў у 1963 г. (часопіс «Весці АН БССР»). Піша на беларускай і расейскай мовах. Аўтар кніг «Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі. 1917-1934 гг.» (1968), «Демократическая эстетика Белоруссии. 1905-1917» (1971), «Очерк истории эстетической мысли Белоруссии» (з Э.Дарашэвічам, Масква, 1972); «Адам Бабарэка: Крытыка-біяграфічны нарыс» (1976), «От Ренессанса к классицизму» (1978), «Эстетическая мысль Советской Белоруссии» (1978), «Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в.» (1985), «Беларуская эстэтыка і мастацкая культура: гістарычныя традыцыі і сучаснасць» (1988), «Ля вытокаў самапазнання: станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору» (1989), брашур «Святло для людзей» (1989), «Боская і чалавечая мудрасць» (1990). У перыядычным друку выступае з артыкуламі пра творчасць беларускіх пісьменнікаў.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1984) за цыкл калектыўных даследаванняў па гісторыі філасофіі і грамадскай думкі Беларусі.
Корбан Уладзімір, нарадзіўся 25.08.1910 г. у пасёлку Барань Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і рабочага.
Працоўны шлях пачаў токарам на аршанскім заводзе «Чырвоны Кастрычнік» у 1926 г. Сярэднюю адукацыю атрымаў у вячэрняй школе (1930). У 1930-1932 гг. – токар на Ленінградскім суднабудаўнічым заводзе. У 1932-1934 гг. – у Чырвонай Арміі. Потым працаваў старшынёй заўкама аршанскага завода «Чырвоны Кастрычнік», старшынёй будкама льнокамбіната. Удзельнічаў у паходзе 1939 г. у Заходнюю Беларусь. Завочна вучыўся ў Менскім юрыдычным інстытуце (скончыў два курсы). У гады Вялікай Айчыннай вайны камандаваў стралковай ротай, працаваў у аператыўным аддзеле штаба дывізіі, удзельнічаў у баях пад Бранскам і Арлом, за вызваленне Беларусі, ва Ўсходняй Прусіі. У 1946 і ў 1948-1952 гг. зноў на заводзе «Чырвоны Кастрычнік» – галоўны механік, начальнік цэха, начальнік апдзеда кадраў. З канца 1946 да студзеня 1948 г. – дырэктар цвікавага завода ў Лідзе. З 1952 г. працаваў у часопісе «Вожык», у 1967-1971 гг. – галоўны яго рэдактар. Сябра СП СССР з 1948 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.
Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1970).
Памёр 30.11.1971 г.
Першыя байкі надрукаваў у рэспубліканскім друку ў 1946 г. Аўтар зборнікаў вершаў, баек і фельетонаў «Мы іх ведаем» (1950), «Байкі» (1953), «З вецярком» (1957), «Дакладныя прыкметы» (1958), «Гарачая прыпарка» (1959), «Дзе гэта вуліца?» (1961), «Сіняк» (1964), «Не на сваім месцы» (1965), «Свінні ў рэпе» (1968), «Дзям'янава юшка» (1970), «Шклянка чаю» (выбранае, 1970), «Закаханы морж» (1972), «Выбранае» (1976), «Жук і мёд» (1980), «Не на сваім месцы» (1990), зборнікаў гумарыстычных апавяданняў «Да цешчы на бліны» (1963), «Дзядзькава крыўда» (1982). Для дзяцей выйшлі кніжкі вершаў і баек «Янка і санкі» (1957), «Пра жывёл і пра звяроў» (1963), «Учора, сёння і заўжды» (1963), «Суседні двор» (1967).
На беларускую мову пераклаў творы І.Крылова, Лесі Ўкраінкі, Т.Масэнкі, Мірмухсіна, А.Юшчанкі і інш.
Корзун Мікола, нарадзіўся 01.05.1934 г. у вёсцы Заўшыцы Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1937-1938 гг. памерлі бацькі. Выхоўваўся ў Слуцкім дзіцячым доме. У 1956 г. скончыў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працаваў на розных пасадах у саўгасах «Бараўляны» (Менскі раён), імя Янкі Купалы (Радашковіцкі раён), у Інстытуце эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі (Менск). Завочна вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце. У 1973-1976 гг. – загадчык філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы, у 1976-1978 гг. – навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Якуба Коласа, у 1978-1981 гг. – дырэктар «Кнігарні пісьменніка», у 1982-1986 гг. – садоўнік, аграном Літаратурнага музея, Янкі Купалы, у 1986-1989 гг. – афаном Аб'яднання літаратурных музеяў БССР. Сябра СП СССР з 1981 г.
Першае апавяданне апублікаваў у 1958 г. (часопіс «Бярозка»). Піша для дзяцей. Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Жывы куток» (1962), «Віця Сітніца» (дакументальная аповесць, 1964), «Тры сонцы» (1971), «Чырвоныя зоркі на танках» (1974), «Навальнічная паласа» (дакументальная аповесць, 1979), «Святло чароўнай зоркі» (1989).
Коршак Аляксей, нарадзіўся 22.02.1920 г. у вёсцы Вуглы Капыльскага раёна Менскай вобласці.
Скончыў Капыльскую сярэднюю школу (1938). Вучыўся на літаратурным факультэце Менскага педагагічнага інстытута (1938-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны жыў у Капылі. У 1944 г. прызваны ў Савецкую Армію. Быў разведчыкам.
Загінуў 27.02.1945 г. на фронце ва Ўсходняй Прусіі пад паселішчам Ласлейндорф.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1937 г. Першыя вершы ў рэспубліканскім друку апублікаваў у 1938 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Зборнік вершаў «Апаленыя пялёсткі» выйшаў у 1963 г. Асобныя вершы змешчаны ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967).
Коўтун Валянціна (сапр. Новік Валянціна), нарадзілася 06.04.1946 г. у вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.
У 1963 г. скончыла Малоткавіцкую сярэднюю школу, працавала піянерважатай у Паршавіцкай (цяпер Бярозавіцкай) сярэдняй школе Пінскага раёна. У 1964 г. паступіла на філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а з 4 курса перавялася ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (скончыла ў 1969). Працавала настаўніцай мовы і літаратуры Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёна (1969-1970), літкансультантам «Сельской газеты» (1970-1976). З 1976 г. – літсупрацоўнік, з 1979 г. – рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1982 г. – загадчык рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва «Юнацтва», з 1990 г. – старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». У 1977-1980 гг. вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1976 г.
У друку выступае з 1966 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Каляровыя вёслы» (1971), «На ўзлёце дня» (вершы і паэмы, 1977), «На зломе маланкі» (1981), «Метраном» (1985), «Лісты да цябе» (вершы і паэмы, 1988), рамана «Крыж міларэрнасці» (1988). Для дзяцей напісала кніжкі вершаў «Мы робім казку» (1983), «Вясёлы заасад» (1986), зборнік апавяданняў «Калінавая гронка залатая» (1988).
Выступае таксама як крытык і літаратуразнаўца. Выйшлі кнігі «Святло народнага слова: Паэтычны лад беларускай народнай песні» (1984), «Крыніца паэзіі: На шляхах эпізацыі» (1987).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1986) за кнігу паэзіі «Метраном».
Крапіва Кандрат (сапр. Атраховіч Кандрат), нарадзіўся 05.03.1896 г. у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў вёсцы Нізок, Уздзенскай народнай навучальні, 4-класнай гарадской навучальні ў Стоўбцах, з якой перавёўся ў такую ж навучальню ў Койданава (цяпер Дзяржынск). Пасля заканчэння (1913) здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. Восенню 1914 г. атрымаў месца настаўніка ў пачатковай земскай школе ў вёсцы Мнішаны на Меншчыне. Адпрацаваў год і быў мабілізаваны ў армію. У сакавіку 1916 г. скончыў школу прапаршчыкаў. Удзедьнічаў у баях на Румынскім фронце. Як настаўнік у лютым 1918 г. дэмабілізаваны. Настаўнічаў у вёсцы Каменка на Ўздзеншчыне. У 1920-1923 гг. – камандзір у Чырвонай Арміі. З 1924 г. зноў настаўнічаў на Ўздзеншчыне ў пасёлку Астравок. У 1925 г. пераязджае ў Менск. Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк» (да 1926), потым «Узвышша». Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ (1930). Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце (1925-1926), загадчыкам аддзела ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1932-1936). Удзельнічаў у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), у савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гг. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у франтавой газеце «За Савецкую Беларусь», у 1943-1945 гг. рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». У пасляваенныя гады – рэдактар часопіса «Вожык» (1945-1947), загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры АН БССР (1947-1952), дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР (1952-1956). У 1946 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце I сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1956 – студзені 1982 гг. – віцэ-прэзідэнт АН БССР. Са студзеня 1982 г. па сакавік 1989 г. – вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Доктар філалагічных навук, акадэмік АН БССР. Неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947-1990), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў і медалямі.
Народны пісьменнік БССР (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).
Памёр 07.01.1991 г.
Пісаць пачаў у 1922 г. Першыя фельетоны і сатырычныя вершы надрукаваў у газетах «Красноармейская правда» і «Савецкая Беларусь» (1922). Аўтар кніг сатыры і гумару «Асцё» (1925), «Крапіва» (1925, 4-е перапрацаванае, дапоўненае выданне ў 1932), «Біблія» (1926), «Байкі» (1927), «Ухабы на дарозе» (1930), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў» (1930), «Хвядос – Чырвоны нос» (1931, вершаваная казка), «Калючы строй» (1932), «Выбраныя байкі» (1932), «Выбраныя вершы» (1935), «Выбраная сатыра» (1938), «Выбраныя творы» (1941, 1947, 1948), «Смех і гнеў» (1946), «Сатыра і гумар» (1954), «Жаба ў каляіне» (1957), «Байкі, вершы, п'есы» (1960), «Сорак баек» (1966), «Вершы і байкі» (1967, 1990), «Байкі і вершы» (1971), «Пучок жыгучкі» (1973), а таксама кніжкі для дзяцей «Загадкі дзеда Кандрата» (1986).
Аўтар п'ес «Канец дружбы» (апублікавана і пастаўлена ў 1934), «Партызаны» (апублікавана і пастаўлена ў 1937), «Хто смяецца апошнім» (апублікавана і пастаўлена ў 1939, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1954 г. аднайменны кінафільм), «Проба агнём» (апублікавана і пастаўлена ў 1943), «Валодзеў гальштук» (1945, пастаўлена ў 1946, аднаактоўка), «Мілы чалавек» (1945, 1956, пастаўлена ў 1946), «З народам» (апублікавана і пастаўлена ў 1948), «Пяюць жаваранкі» (апублікавана і пастаўлена ў 1950, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1953 г. аднайменны кінафільм), «Зацікаўленая асоба» (апублікавана і пастаўлена ў 1953), «Людзі і д'яблы» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), «Брама неўміручасці» (1973, пастаўлена ў 1974), «На вастрыі» (1982, пастаўлена ў 1983).
Выдаў зборнікі прозы «Апавяданні» (1926), «Людзі-суседзі» (1928), «Жывыя праявы» (1930), раман «Мядзведзічы» (кн. 1, 1932), нарыс «Герой Савецкага Саюза Міхаіл Сільніцкі» (1943). Выдадзены Збор твораў у 3-х (1956), 4-х (1963), 5-ці (1974-1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1986).
Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных прац, адзін з навуковых рэдактараў (з Я.Коласам і П.Глебкам) «Русско-белорусского словаря» (1953), навуковы рэдактар «Беларуска-рускага слоўніка» (1962, выданне 2-е перапрацаванае і дапоўненае ў 1988-1989), «Русско-белорусского словаря» (выданне 2-е, перапрацаванае і дапоўненае, 1982), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977-1984) і інш.
На беларускую мову пераклаў асобныя працы К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна, творы Дз.Фанвізіна, І.Крылова, А.Пушкіна, М.Гогаля, А.Астроўскага, А.Чэхава, У.Маякоўскага. А.Твардоўскага, Т.Шаўчэнкі і інш.
К.Крапіве тройчы прысуджаліся Дзяржаўныя прэміі СССР: у 1941 г. – за п'есу «Хто смяецца апошнім», у 1951 г. – за п'есу «Пяюць жаваранкі», у 1971 г. – за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974) за п'есу «Брама неўміручасці».
Краўчанка Ўсевалад, нарадзіўся 14.10.1915 г. у вёсцы Каплічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.
Пасля заканчэння рабфака ў Мазыры (1933) і да 1941 г. працаваў у рэдакцыі раённай газеты «Калгаснік Мазыршчыны» (пазней рэарганізаванай у абласную газету «Бальшавік Палесся»). Адначасова завочна вучыўся на літаратурным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў два курсы). У першы год вайны – супрацоўнік армейскай газеты «Боевое знамя». Потым на журналісцкай рабоце ў Саратаўскай вобласці, з траўня 1943 г. – загадчык аддзела партызанскага жыцця ў газеце «Савецкая Беларусь». З 1945 г. – адказны сакратар часопіса «Полымя». З 1950 г. – адказны сакратар, у 1953-1961 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Бярозка». Сябра СП СССР з 1939 г.
Узнагароджаны орданам «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 27.08.1961 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1933 г. (часопіс «Чырвоная Беларусь»). Аўтар зборнікаў аповесцей, апавяданняў «На крутым павароце» (1937), «Калгасныя навелы» (1940), «Зямля гудзе» (1945), «Станаўленне» (1947), «У імя Радзімы» (1948), «Жыта красуе» (1951), «Вясна на Палессі» (уключаны аднаактовыя п'есы, 1952), «Крыгаход» (1957), «Не поле перайсці» (1958), «Зорка Венера»(1960), «Над хвалямі Прыпяці» (выбранае, 1964), «Крыгалом» (1985). Выйшлі кнігі для дзяцей «Таямніца аднае вышкі» (1935). «Дзве сяброўкі» (1948, 1959), «Падарунак» (1950), «Тэорыя імавернасці» (1958), «Злачынства ля Зялёнай тоні» (1961), «Таямніца вугла альфа» (выбранае, 1973).
Выдаў зборнік аднаактовых п'ес «Апошняя варажба» (1960).
Пераклаў з расейскай і ўкраінскай моў на беларускую «Бялее парус адзінокі» В.Катаева (1949), «Сцяганосцы» А.Ганчара (з І.Мележам, 1949), «Служу Радзіме» І.Кажадуба (1950) і інш.
Кругавых Мікалай, нарадзіўся 12.05.1926 г. у сяле Сярэдні Егарлык Цалінскага раёна Растоўскай вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.
Працоўны шлях пачаў у 1941 г. з улікоўца ў калгасе. У 1943 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вайны служыў на звыштэрміновай службе ў Менску. Скончыў завочна сярэднюю школу (1957), вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1967 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Быў сябрам сцэнарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм» (1973-1976), у 1976-1979 гг. – кансультант СП БССР. Сябра СП СССР з 1964 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Літаратурнай працай займаецца з 1948 г. Піша на расейскай мове. Аўтар раманаў «Честь ярма не приемлет» (1962), «Где не ждут тишины» (1968), «Дорога в мужество» (1971), аповесцей «Не ради славы» (1964), «Ленькина удача» (1978), «Юрка – сын командира» (1979), «Звезды во мгле» (1982).
У сааўтарстве з Ф.Коневым напісаў сцэнарый мастацкага фільма «Абочына» (пастаўлены ў 1978), у сааўтарстве з С.Бадровым – «Юрка – сын камандзіра» (пастаўлены ў 1984).
Круль Міхаіл, нарадзіўся 17.02.1943 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і служачых.
З 1945 г. жыве ў Менску. Скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1961). Працаваў майстрам на будоўлі, старшым тэхнікам у інстытуце «Белпрампраект», інжынерам у органах кіраўніцтва сельскім будаўніцтвам рэспублікі. З 1964 г. працуе на інжынерных пасадах у трэсце «Аўтарэмбудмантажтэхніка». У 1968 г. скончыў вячэрняе аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сябра СП СССР з 1989 г.
У 1963 г. пачаў выступаць з артыкуламі, нарысамі, карэспандэнцыямі. Піша на расейскай мове. Аўтар кніг аповесцей «Лунная лошадь» (1980) і «День Юпитера» (1987).
Крупенька Яўген, нарадзіўся 20.08.1936 г. у вёсцы Саськаўка Шклоўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў літсупрацоўнікам у рэдакцыі шклоўскай раённай газеты «Чырвоны барацьбіт» (1954-1955). Служыў у Савецкай Арміі (1955-1958). З 1958 г. – літсупрацоўнік газеты «За вяртанне на Радзіму» (цяпер «Голас Радзімы»), з 1959 г. – часопіса «Блакнот агітатара», з 1961 г. – загадчык аддзела часопіса «Бярозка». У 1970 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. Пасля заканчэння інстытута – супрацоўнік газеты «Чырвоная змена». Сябра СП СССР з 1980 г.
Памёр 04.02.1990 г.
Першыя вершы ў рэспубліканскім друку апублікаваў у 1956 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў вершаў «Салаўі» (1969), «Нядзеля» (1972), «Бусліны човен» (1975), «Слон пад мікраскопам» (вершы, байкі, мініяцюры, 1978), «Стрэчанне» (1981), «Юбілейныя бліны» (гумар і сатыра, 1984), «Карэнні» (вершы, байкі, паэмы, 1986), «Гекзаметр баразны» (1988), а таксама кніжак паэзіі для дзяцей «Малінавы год» (1971), «Колеры» (1973), «Нашы святы» (1975), «Усе работы добрыя» (1977), «Хто нам дом пабудаваў» (1978).
Перакладаў на беларускую мову творы расейскіх і грузінскіх паэтаў. Выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.
Крывец Сяргей, нарадзіўся ў 1909 г. у вёсцы Дубна Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Быў пастухом, цесляром. Займаўся самаадукацыяй. Вучыўся ў Беластоцкім педагагічным інстытуце (1940-1941). У 1930-1933 гг. жыў у Горадні, у 1933-1944 гг. – у Беластоку. Удзельнічаў у рэвалюцыйным руху, трапіў у астрог. У час Вялікай Айчыннай вайны (1944-1945) служыў у Савецкай Арміі.
Загінуў 28.04.1945 г. пад час штурму Гдыні.
Друкаваўся ў прагрэсіўных заходнебеларускіх выданнях. У 1928 г. у часопісе «Заранка» апублікаваў першы верш. Пісаў на беларускай, расейскай, польскай і нямецкай мовах. Вершы змешчаны ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Сцягі і паходні» (1965), «Крывёю сэрца» (1967), «Ростані волі» (1990). У 1972 г. выйшла кніжка вершаў «Дубок», укладзеная Р.Шырмам.
Крыга Алесь (сапр. Асіпенка Аляксандар), нарадзіўся 01.05.1943 г. у горадзе Менску ў сям'і пісьменніка.
Пасля заканчэння дзесяцігодкі (1960) працаваў на Менскім заводзе аўтаматычных ліній фрэзероўшчыкам. Вучыўся на вячэрнім, потым на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1989). У 1962-1966 гг. служыў на Ваенна-Марскім Флоце. З 1967 г. – літсупрацоўнік рэдакцый рэспубліканскіх газет «Чырвоная змена», «Физкультурник Белоруссии», «Піянер Беларусі». У 1971-1972 гг. плаваў матросам траўлера на Поўначы. З 1972 г. – літсупрацоўнік іванаўскай раённай газеты «Чырвоная звязда» Берасцейскай вобласці, у 1989-1990 гг. – загадчык аддзела пісьмаў брагінскай раённай газеты «Маяк Палесся». З 1990 г. – стыльрэдактар газеты «Вячэрні Мінск». Сябра СП СССР з 1975 г.
Першую аповесць «Я вернусь к тебе, море!» апублікаваў у 1965 г. (газета «На страже Заполярья»). Аўтар аповесцей «Паўночны фарватэр» (1971), «Порт прызначэння» (1974), «Чайкі над полем» (часопіс «Маладосць», 1978), «Марзянка для нелюбімых» (аповесць і апавяданні, 1988), кнігі для дзяцей «Медзведзяня шукае сяброў» (1987), мастацка-публіцыстычнай кнігі «Выбух над Прыпяццю» (часопіс «Полымя», 1990).
Кудзінаў Уладзімір, нарадзіўся 27.05.1935 г. у горадзе Бранску (Расея) у сям'і рабочага.
У 1958 г. скончыў горны факультэт Маскоўскага горнага інстытута. Працаваў майстрам, тэхнаруком рудніка, начальнікам кар'ера ў Курскай і Ардоўскай абласцях (1958-1960), майстрам, прарабам на будаўніцтве газаправодаў на Беларусі (1960-1964), старшым майстрам, намеснікам начальніка Менскага механізаванага кар'ера. З 1967 г. – старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1969 г.
Памёр 21.08.1990 г.
Літаратурную працу пачаў у 1961 г. У рэспубліканскім друку першыя апавяданні надрукаваў у 1962 г. (газета «Знамя юности»). Пісаў на расейскай мове. Аўтар кніг прозы «Разделение радости» (1968), «Предчувствие перемен» (1972), «Сполохи» (1978), «Ольховатская история» (1984), «Первоосень» (1987).
Пераклаў на расейскую мову асобныя творы В.Адамчыка, А.Бялевіча, А.Карпюка, П.Місько, І.Пташнікава і інш.
Кудравец Анатоль, нарадзіўся 01.01.1936 г. у вёсцы Аколіца Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Слуцкую педагагічную навучальню (1955). Кароткі час настаўнічаў у Віркаўскай сямігадовай школе Клічаўскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1955-1958). У 1958-1963 гг. вучыўся на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова (з 1961) працаваў у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда». Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў рэдактарам на Беларускім радыё (1963-1965), літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1965-1966), рэдактарам выдавецтва «Беларусь» (1966-1970), адказным сакратаром часопіса «Маладосць» (1970-1972), галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1972-1974), інструктарам, загадчыкам сектара мастацкай літаратуры ЦК КПБ (1974-1978). З 1978 г. – галоўны рэдактар часопіса «Неман». У 1979 г. удзельнічаў у рабоце XXXIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1969 г.
Першыя апавяданні апублікаваў у 1960 г. (газета «Калгасная праўда», часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «На зялёнай дарозе» (1968), «Раданіца» (1971), «Дзень перад святам» (1975), «Зімы і вёсны» (1976), «На балоце скрыпеді драчы» (1979), «За чужымі далямі» (падарожныя нарысы, 1981), «Сачыненне на вольную тэму» (раман, апавяданні, 1985), «Блакітны вярблюд» (1990). У 1986-1987 гг. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. Напісаў сцэнарыі тэлефільма «Восеньскія яблыкі» (1975, пастаўлены ў 1977), кінафільма «Раданіца» (з Ф.Конёвым, пастаўлены ў 1985).
У яго перакладах на беларускую мову выйшлі «Падарожжы Гулівера» Дж. Свіфта (1974), «Сібірскія апавяданні» У.Іванава (1975), раманы Н.Нурпеісава «Змрок» (1978), «Нягоды» (1981), аповесць К.Сіманава «Дні і ночы» (1979), «Аповесці» А.Тамсаарэ (1980), У.Караленкі «Апошні прамень» (выбранае, 1984), асобныя творы расейскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.
Кудраўцаў Анатоль, нарадзіўся 01.01.1947 г. у вёсцы Вусць-Дзёміна Ельнінскага раёна Смаленскай вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Мархоткінскай дзесяцігодкі (1963) працаваў настаўнікам Чашчоўскай пачатковай школы, інструктарам Ельнінскага райкома камсамола, карэспандэнтам раённай газеты «Знамя». У 1965-1971 гг. вучыўся на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова працаваў спецыяльным карэспандэнтам смаленскай абласной моладзевай газеты «Смена» (1967-1968), літсупрацоўнікам газеты «Вячэрні Мінск» (1968-1972). З 1972 г. – адказны сакратар газеты «Вячэрні Мінск», з 1977 г. – галоўны рэдактар творчага аб'яднання «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм», у 1982-1985 гг. – сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1986 г.
Літаратурнай працай займаецца з 1965 г. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар зборніка «Минск и минчане» (1973), кнігі апавяданняў і аповесцей «Бессонница» (1990), п'ес «Иван» (1985, пад назвай «Иван и Мадонна» апублікавана ў зборніку п'ес «Вдоль деревни», Масква, 1986, пастаўлена ў 1986), «Мар'я» (урывак апублікаваны ў 1987, пастаўлена ў 1986), «Как цари жили» (1988, пастаўлена ў 1989), «Суд» (1989, пастаўлена ў 1990), «Донати промазала» (1990), сцэцарыяў мастацкіх фільмаў «Зачем человеку крылья» (1984), «Затянувшийся экзамен» (1985), «Іван» (1982), «З юбілеем пачакаем» (1985), «Чалавек, які браў інтэрв'ю» (1986) і некалькіх дакументальных фільмаў.
Кудраўцаў Іван, нарадзіўся 28.06.1922 г. у вёсцы Сыцянец Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
За 2 гады да Вялікай Айчыннай вайны паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На пачатку вайны эвакуіраваны з Менска, настаўнічаў у Саранскім раёне (Мардовія). Быў прызваны ў Савецкую Армію, ваяваў на Заходнім, Варонежскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскім і Ленінградскім франтах. Дэмабілізаваны ў 1945 г. У 1948 г. скончыў БДУ. Займаўся завочна ў аспірантуры. Быў літработнікам, загадчыкам літаратурнага аддзела газеты «Літаратура і мастацтва», адказным сакратаром часопіса «Беларусь». У 1965-1970 гг. – навуковы супрацоўнік навукова-даследчага Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР, у 1971-1974 гг. – загадчык літаратурнай часткі Белдзяржфілармоніі. З 1975 г. да 1988 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1950 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
У друку з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі выступае з 1947 г. Аўтар манаграфіі «Кузьма Чорны: Ідэі і вобразы ў творчасці» (1956), літаратуразнаўчага нарыса «Кузьма Чорны: Жыццё і творчасць» (1968), склаў з У.Агіевічам падручнікі «Кніга для чытання ў 2 класе школ рабочай і сельскай моладзі» (1952), «Кніга для чытання ў З класе школ рабочай і сельскай моладзі» (1952).
Аўтар рамана «Разгневаная зямля» (1984). У 1948-1949 гг. працаваў над перакладам 18-га т. Збору твораў У.І.Леніна (1950).
Кузьмічоў Анатоль, нарадзіўся 20.05.1923 г. на станцыі Ўзлавая Тульскай вобласці (Расея) у сям'і чыгуначніка.
У сувязі з набліжэннем фронту восенню 1941 г. накіраваўся на ўсход, працаваў рабочым на базе заготзбожжа ў Пугачоўскім раёне Саратаўскай вобласці. На пачатку 1942 г. – літсупрацоўнік рэдакцыі чыгуначнай газеты «Углярка» (г. Узлавая). З траўня 1942 г. – у арміі. Удзельнічаў у баях як мінамётчык, служыў у карпусной газеце «В бой за Родину!». Ваяваў на Бранскім, Паўднёва-Заходнім і 3-м Украінскім франтах. Працаваў у газеце Закаўказскай ваеннай акругі «Ленинское знамя» (1947-1956), быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Литературная Грузия» (1957-1959). Скончыў два курсы завочнага аддзялення Літаратурнага інстытута ў Маскве (1955). З 1967 г. жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1952 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Друкавацца пачаў у 1940 г. Піша на расейскай мове. Аўтар п'ес «В нашем полку» (пастаўлена ў 1951), «Возвращение» (пастаўлена ў 1953), «Орлиный перевал» (пастаўлена ў 1958).
Выступае і ў жанры прозы. Выйшлі ў Тбілісі, Маскве аповесці «По свежему следу» (1955), «Смена караулов» (1967), «Первые советские гвардейцы» (1971), раманы «Так наступает весна» (1958), «Юго-Запад» (1962, перавыдадзены ў Менску ў 1976), «Тревога» (1964), «Дети становятся взрослыми» (1965), «Одиннадцатый класс» (1967), «Год службы» (1979). У Менску выйшлі раманы «Поле боя» (1979), «Подпольная кличка – Янош» (1987), кнігі прозы «Час переклички» (дакументальная аповесць, 1981), «Ночная проверка» (аповесці, 1982), «Тревога» (раман, аповесці, 1983), «Запечатленные навек» (дакументальная аповесць, 1984).
Кузьмянкоў Уладзімір, нарадзіўся 27.06.1936 г. у вёсцы Ўстаннае Слаўгарадскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння сярэдняй школы (1955) працаваў у калгасе. Восенню 1955 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. У 1957 г. дэмабілізаваны. Працаваў адказным сакратаром казлоўшчынскай раённай газеты «Сцяг перамогі» (1957-1958). Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1963). Быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела, адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». У 1971-1974 гг. – адказны сакратар часопіса «Политинформатор и агитатор». З 1974 г. – загадчык аддзела, адказны сакратар рэдакцыі газеты «Звязда», з 1980 г. – рэдактар «Настаўніцкай газеты», з 1987 г. – намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Беларуская мова і літаратура ў школе». З 1989 г. – старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПВ. Кандыдат гістарычных навук. Сябра СП СССР з 1974 г.
Узнагароджаны медалём.
Першае апавяданне апублікаваў у 1966 г. (часопіс «Полымя»). Піша на беларускай і расейскай мовах. Выдаў зборнік апавяданняў «Ішла вясна» (1972), кнігу «Восславляя дружбу народов» (1981).
Кулакоўскі Аляксей, нарадзіўся 24.12.1913 г. у вёсцы Кулакі Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1931 г. скончыў Рагачоўскую прафтэхшколу і некаторы час загадваў дрэваапрацоўчай арцеллю ў Касцюковічах на Магілеўшчыне. З гэтага ж года перайшоў на журналісцкую работу – адказны сакратар шматтыражкі, загадчык аддзела клімавіцкай раённай газеты «Камуна», адказны сакратар жлобінскай раённай газеты «Шлях сацыялізма», а са жніўня 1934 г. – намеснік загадчыка аддзела газеты «Чырвоная змена». У 1936-1939 гг. вучыўся ў Менскім настаўніцкім інстытуце, пасля заканчэння выкладаў у Цяцерынскай сярэдняй школе на Магілеўшчыне. У канцы 1939 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны – камандзір узвода, камандзір роты (Сталінградскі, Украінскі франты). Быў тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі (1945) працаваў загадчыкам аддзела ў газеце «Сталинская молодежь», у часопісе «Беларусь», адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва». У 1953-1958 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». Быў намеснікам адказнага сакратара, адказным сакратаром праўлення СП БССР (1965-1976). У 1977-1986 гг. – дырэктар Літаратурнага музея Янкі Купалы. У 1972 г. у складзе дэлегацыі БССР прымаў удзел у рабоце XXVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны», Дружбы народаў і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1974).
Памёр 09.04.1986 г.
Да вайны выступаў як журналіст. Першае апавяданне надрукаваў у 1945 г. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Сад» (1947), «Гартаванне» (1949), «На возеры» (1950), «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956), «Да ўсходу сонца» (1957), «Дабрасельцы» (аповесць, 1958, часопіс «Маладосць»), «Тут я жыву» (1960), «Зоркі салігорскія» (нарысы, 1960), «Салігорцы» (нарысы, 1964), «Першае чаканне» (1965), «Расце мята пад акном» (1966), «Чыстая мураўка» (апавяданні і гумарэскі, 1968), «Твой шлях перад табою» (1968), «Родныя шыроты» (1978), «Аповесці і апавяданні» (1979), «Белы сокал» (1985), «Тры зоркі» (1988), раманаў «Расстаёмся ненадоўга» (1955), «Сустрэчы на ростанях» (1962), «Васількі» (1981). У 1970-1971 гг. выйшаў Збор твораў у 4 тамах, у 1984 г. – Выбраныя творы ў 2 тамах. Для дзяцей выдаў зборнік апавяданняў «На возеры» (1950), кнігу аповесцей «Белы сокал» (1985). Па матывах аповесці «Нявестка» А.Макаёнкам напісаны сцэнарый мастацкага фільма «Шчасце трэба берагчы» (пастаўлены ў 1958).