355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Гардзіцкі » Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 » Текст книги (страница 19)
Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
  • Текст добавлен: 26 марта 2017, 14:00

Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"


Автор книги: Аляксей Гардзіцкі


Жанр:

   

Справочники


сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 37 страниц)

Л

Лазарук Міхась, нарадзіўся 05.07.1926 г. у вёсцы Ўшаловічы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля вызвалення Случчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (1944) прызваны ў Савецкую Армію. Дайшоў да Берліна. У 1951 г. скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута і паступіў у аспірантуру пры гэтым інстытуце. Пасля заканчэння аспірантуры (1954) – выкладчык, потым дацэнт кафедры беларускай літаратуры, з 1968 г. – дэкан філалагічнага факультэта, з 1971 г. – прарэктар Менскага педінстытута. Паўтара года (1959-1960) працаваў на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. У 1978 г. прызначаны дырэктарам навукова-даследчага Інстытута педагогікі Міністэрства народнай адукацыі БССР. Акадэмік АПН СССР. Доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1972 г.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Выступае ў друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1949 г. Аўтар даследаванняў і манаграфій «Пімен Панчанка» (1959), «Пытанні тэорыі літаратуры» (з А.Ленсу, 1964), «Станаўленне беларускай паэмы» (1968), «Беларуская паэма ў другой палавіне XIX – пачатку XX стагоддзя» (1970), зборніка крытычных артыкулаў «Часу непадуладнае» (1981), навучальных дапаможнікаў і падручнікаў для філалагічных факультэтаў ВНУ «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (з А.Ленсу, 1970, 2-е выданне, 1982), падручніка для 9 класа «Беларуская літаратура ў школе» (з В.Івашыным, 1979, 8-е выданне, 1990), дапаможнікаў «Тэорыя літаратуры» (1967, 2-е выданне, 1971), «Слоўніка літаратуразнаўчых тэрмінаў» (з А.Ленсу, 1983). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры» (ч. 1-2, 1981, ч. 3, 1983, ч. 4, 1985), працы «Изучение русской литературы во взаимосвязи с белорусской» (1988).

Займаецца таксама даследаваннем пытанняў методыкі выкладання літаратуры, гісторыі школы і педагагічнай думкі ў Беларусі.

Ламан Пятро, нарадзіўся 11.07.1949 г. у вёсцы Маласельцы Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1966 г. скончыў Ярэміцкую сярэднюю школу, працаваў трактарыстам у калгасе імя Чарняхоўскага Карэліцкага раёна. У 1967 г. паступіў на акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Пасля заканчэння інстытута (1971) – акцёр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску. Сябра СП СССР з 1983 г.

Першыя вершы ў рэспубліканскім друку апублікаваў у 1970 г. (часопіс «Маладосць»). Першая кніжка вершаў «Споведзь агню» надрукавана ў калектыўным зборніку «Нашчадкі» (1979). Аўтар зборнікаў вершаў «Зерне імгненняў» (1983), «Стары млын» (1988), кнігі аповесцей «Астравы» (1989). Напісаў тэлеп'есу «Мая душа як ястраб дзікі» (пастаўлена ў 1990).

Ларчанка Міхась, нарадзіўся 14.11.1907 г. у вёсцы Хварасцяны Слаўгарадскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Княжыцкай школе сялянскай моладзі, у Магілеўскім беларускім педагагічным тэхнікуме. У 1929 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (у 1931 г. педфак пераўтвораны ў Вышэйшы педагагічны інстытут). Скончыў яго датэрмінова (1932). З 1935 г., пасля заканчэння аспірантуры пры АН БССР, – супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Бранскім фронце, улетку 1942 г. быў цяжка паранены. З 1943 г. – загадчык кафедры і дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1952-1955 гг. – дактарант Інстытута сусветнай літаратуры АН СССР, у 1955-1971 гг. – зноў загадчык кафедры беларускай літаратуры і адначасова (да 1957) дэкан філалагічнага факультэта БДУ. Доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1939 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1977).

Памёр 31.07.1981 г.

Як крытык і літаратуразнавец выступаў з 1932 г. Выйшлі манаграфіі «На шляхах да рэалізму» (1958), «Па шляху рэалізму» (1959), «Сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі суседніх славянскіх народаў у другой палове XIX ст.» (1958), «Жывая спадчына» (1977), зборнікі літаратуразнаўчых прац «Славянская супольнасць» (1963), «Яднанне братніх літаратур» (1974), «Літаратурнае пабрацімства славян» (1984), а таксама брашуры «Творчасць М.Багдановіча» (1949), «А.М.Горкі і беларуская літаратура» (1951), «Гогалеўскія традыцыі ў беларускай літаратуры» (1952).

Складальнік хрэстаматыі для сярэдняй школы «Беларуская літаратура» (1945), адзін з аўтараў дапаможнікаў для ВНУ «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), «Беларуская вуснапаэтычная творчасць» (1966), «Старажытная беларуская літаратура» (1968), «Беларуская народна-паэтычная творчасць» (1979).

Ласкоў Іван, нарадзіўся 19.06.1941 г. у горадзе Гомелі ў сям'і рабочага.

У 1953-1958 гг. выхоўваўся ў Магілеўскім спецыяльным дзіцячым доме. Скончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964). Працаваў у г. Дзяржынску Горкаўскай вобласці. У 1966-1971 гг. вучыўся ў Літаратурным інстытуце (Масква). У 1971-1977 гг. – літсупрацоўнік, загадчык аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газеты «Молодежь Якутии», старшы рэдактар аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва. З 1977 г. – старшы літаратурны рэдактар часопіса «Полярная звезда» (Якуцк). Сябра СП СССР з 1979 г.

Першыя вершы апублікаваў у беларускім рэспубліканскім друку ў 1956 г. (газета «Чырвоная змена»). Піша на беларускай і расейскай мовах. На расейскай мове выдаў зборнікі паэзіі «Стихия» (1966), «Белое небо» (1969), «Хромец» (паэма, Якуцк, 1975), зборнік апавяданняў «Ивановы» (Якуцк, 1979), на беларускай – зборнік вершаў «Кружное лета» (1973), паэму «Кульга» (1985), зборнікі апавяданняў для дзяцей «Андрэй-Эндэрэй – справядлівы чалавек, або Беларусь на полюсе холаду» (1978), «Чароўны камень» (1983).

Ластоўскі Вацлаў, нарадзіўся 01.11.1883 г. у засценку Калеснікі Міёрскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і беззямельнага шляхціца.

Скончыў на радзіме Пагосцкую пачатковую школу. Працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай лаўцы ў Вільні, канцылярыстам у Шаўляі (Летува), бібліятэкарам у студэнцкай бібліятэцы ў Пецярбургу, дзе наведваў лекцыі ва ўніверсітэце. Уступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Летуве. Рабіў канторшчыкам на таварнай станцыі ў Рызе. Далучыўся да беларускага нацыянальнага грамадскага і культурнага руху. У 1906-1908 гг. уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. З 1909 г. – сакратар рэдакцыі «Нашай нівы» і загадчык першай беларускай кнігарні (Вільня), у 1916-1917 гг. – рэдактар газеты «Гоман», у 1918 г. выдаваў газету «Крывічанін» (Вільня). У канцы 1918 г. узначаліў Беларускае прадстаўніцтва ўрада БНР пры летувіскай буржуазнай Тарыбе, быў беларускім аташэ пры летувіскім пасольстве ў Берліне. З 1919 г. – у партыі беларускіх эсэраў, са снежня ўзначальваў Раду міністраў БНР. Быў зняволены польскімі буржуазнымі ўладамі, у 1920 г. яму дазволена вярнуцца ў Летуву. У красавіку 1923 г. выйшаў з урада БНР і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Выдаваў у Коўні літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч» (1923-1927). У 1927 г. урад БССР дазволіў яму вярнуцца ў Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, у Інстытуце беларускай культуры, у АН БССР. У 1930 г. пазбаўлены звання акадэміка і высланы на 5 год у Саратаў, дзе працаваў загадчыкам аддзела рэдкай кнігі ва ўніверсітэцкай бібліятэцы. У 1937 г. зноў рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны 10.06.1988 г.

Расстраляны 23.01.1938 г.

Выступаў у друку як крытык і літаратуразнавец. Аўтар першай «Кароткай гісторыі Беларусі» (Вільня, 1910), «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (Коўна, 1926). Склаў «Руска-беларускі слоўнік» (Коўна, 1924). Ім напісаны ўспаміны пра нашаніўскі перыяд. Выступаў як паэт, празаік, публіцыст. Выйшлі «Творы» («Мюнхен, 1956).

Лаўшук Сцяпан, нарадзіўся 28.07.1944 г. у горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і рабочых.

Пасля заканчэння Васілевіцкай сярэдняй школы № 2 (1961) працаваў рабочым у Пермскай вобласці і ў Васілевічах. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1967). Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара ў Дзятлавіцкай, Лахвенскай сярэдніх школах, загадчыкам аддзела арганізацыйна-камсамольскай работы райкама камсамола, дырэктарам Бродніцкай васьмігодкі Лунінецкага раёна. У 1970-1973 гг. займаўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, пасля заканчэння якой працуе навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1982 г.

З 1972 г. выступае як крытык, літаратуразнавец. Даследуе праблемы развіцця беларускай драматургіі. Аўтар кніг «Сучасная беларуская драматургія» (1977), «Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я – пачатак 30-х гг.)» (1984), «Кандрат Крапіва і беларуская драматургія» (1986), «На драматургічных скрыжаваннях» (1989), брашур «З думкай пра сучасніка: Агляд сучаснай беларускай драматургіі» (1977), «Першы народны артыст БССР» (1982) і «Высокія арбіты грамадзянскасці» (1984). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977), «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1-2, 1981-1982), калектыўных даследаванняў «Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці» (1978), «У.І.Ленін і Кастрычніцкая рэвалюцыя ў беларускай літаратуры» (1987).

Складальнік кнігі «Беларуская дакастрычніцкая драматургія» (1978), зборніка Ў.Галубка «Творы» (1983), зборнікаў «П'есы» (1984), Збору твораў у 5 т. А.Макаёнка (1986-1990), фотаальбома «Кандрат Крапіва» (1989).

Левановіч Леанід (таксама Лявонаў Леанід), нарадзіўся 14.09.1938 г. у вёсцы Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Магілеўскую культасветнавучальню (1956). Працаваў ва ўстановах культуры Дзяржынскага і Касцюковіцкага раёнаў (1956-1958). У 1957 г. паступіў на завочнае аддзяленне факультета журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў на Балтыйскім флоце (1958-1961). Пасля дэмабілізацыі перавёўся на стацыянар і скончыў універсітэт у 1963 г. Працаваў у рэспубліканскіх газетах «Знамя юности», «Сельская газета», «Літаратура і мастацтва» (1963-1971). У 1971-1974 гг. – рэдактар аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Неман». З 1974 г. – адказны сакратар, з 1975 г. – рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». У 1980-1982 гг. – галоўны рэдактар літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. З 1984 г. – старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1975 г.

Выступае ў друку з 1963 г. Аўтар кніг нарысаў «Гаспадар зямлі» (1971), «Зялёны трохкутнік» (1973), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Мадонна з кветкаю» (1976), «Якар надзеі» (1979), «Валанцёр свабоды» (1983), раманаў «Шчыглы» (1986), «Паводка сярод зімы» (1989), зборніка публіцыстыкі «Хлеб і мужнасць» (1987).

Напісаў сцэнарый дакументальнага фільма «Дом майстроў» (пастаўлены ў 1973); аднаактовую п'есу «Ці любіце вы грэчку?» (1972), драму «Пасля разводу» (1980, пастаўлена на радыё ў 1981).

Левановіч Павал, нарадзіўся 03.11.1914 г. у вёсцы Мазалава Мсціслаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Удзельнік паходў Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939). Пасля заканчэння ўніверсітэта (1940) працаваў у часопісе «Іскры Ільіча». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны трапіў у палон. Уцёк з Крычаўскага лагера ваеннапалонных, удзельнічаў у мсціслаўскім падполлі. У 1943 г. прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях, быў паранены.

Памёр ад ран 20.12.1943 г.

Нарысы і апавяданні пачалі з'яўляцца ў друку ў 1934 г. Выступаў таксама з вершамі. У 1938 г. выйшла кніга апавяданняў для дзяцей «Дружба». У 1940 г. падрыхтаваў зборнік апавяданняў, рукапіс загінуў у вайну. Восенню 1943 г. змяшчаў матэрыялы ў франтавым друку.

Летка Іван, нарадзіўся 14.06.1935 г. у былым маёнтку Масаляны Гарадзенскага павета (цяпер Бераставіцкага раёна Гарадзенскай вобласці) у сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Масалянскай сярэдняй школы (1954) вучыўся ў медыцынскай навучальні ў Маскве. Служыў у Савецкай Арміі. Дэмабілізаваўшыся (1955), працаваў грузчыкам на бетонавым заводзе № 5 у Маскве, маляром-дэкаратарам у Цэнтральным тэатры Савецкай Арміі. У 1967 г. скончыў завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1960-1985 гг. працаваў на аўтазаводзе імя Ліхачова кавалём, майстрам, намеснікам начальніка цэха па вытворчасці, начальнікам участка, інжынерам па кадрах. Жыве ў Маскве. Сябра СП СССР з 1978 г.

Першы верш апублікаваў у 1959 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Тры крокі да сонца» (1967), «Тры верасні» (1970), «Грамы на зімоўцы» (вершы і паэма, 1974).

Леўчык Гальяш (сапр. Ляўковіч Ілья), нарадзіўся 20.07.1880 г. у горадзе Слоніме Гарадзенскай вобласці ў сям'і селяніна, які прыехаў у горад шукаць працу.

Скончыў Слонімскую павятовую навучальню і працаваў пісарам у міравога суддзі, пазней – у каморніка. З 1904 г. жыў у Варшаве. Да 1920 г. працаваў чарцёжнікам у магістраце. Памёр у верасні 1944 г. у Варшаве. Друкавацца пачаў у 1908 г. у газеце «Наша ніва». Выдаў зборнік вершаў «Чыжык беларускі» (Вільня, 1912), зборнік вершаў «Беларускі жаваранак» надрукаваць не ўдалося. Друкаваўся ў заходнебеларускіх газетах і часопісах. Некаторыя вершы змешчаны ў «Хрэстаматыі беларускай літаратуры» І.Дварчаніна (1927). У 1980 г. выйшла кніга выбраных твораў «Доля і хлеб».

Лецка Яўген, нарадзіўся 20.04.1944 г. у вёсцы Пабрэззе Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1968 г. скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. У час вучобы працаваў на Менскім шарыкападшыпнікавым заводзе (1961-1962), настаўнікам нямецкай мовы Ўшанскай СШ Бярэзінскага раёна. Пасля заканчэння ўніверсітэта – карэспандэнт-арганізатар раённага радыёвяшчання. У 1969-1971 гг. вучыўся ў аспірантуры пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1971-1986 гг. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1986 г. – старшы рэдактар, з 1987 г. – загадчык рэдакцыі крытыкі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Кіраваў школай юнага літаратара пры СП БССР (1984-1986). У 1990 г. абраны старшынёй Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1977 г.

Выступае ў друку з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і даследаваннямі з 1971 г. Напісаў брашуры «Беларуская літаратура за гады Савецкай улады» (1973), «Вялікая Айчынная вайна ў беларускай прозе» (1979), манаграфію «Выхаваўчая роля літаратуры» (1980), нарыс творчасці В.Адамчыка «Хараство і боль жыцця» (1985).

Аўтар аповесцей «Па цаліку» (1977), «Дарога ў два канцы» (1981). Перакладае з польскай, нямецкай, украінскай, расейскай моў.

Ліманоўскі Янка, нарадзіўся ў 1886 г. на Дзісненшчыне ў сялянскай сям'і.

Скончыў рэальную навучальню. Вучыўся на агранамічных курсах. У 1915 г. прызваны ў армію. У 1918 г. уступіў у РСДРП(б). Удзельнічаў у баях Чырвонай Арміі з нямецкімі і белапольскімі войскамі як ваенны камісар дывізіі. У мірны час працаваў на розных пасадах у арміі і ўстановах, у тэатры. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў БелАПП. Быў намеснікам дырэктара Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. У час нямецкай акупацыі працаваў у Менску ў беларускім тэатры. Разам з адступаючымі нямецкімі войскамі выехаў у 1944 г. у Германію. Адтуль пераехаў у ЗША. Працаваў лесарубам, кіраваў управай Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Некаторы час быў сябрам урада БНР, але выйшаў з яго. Некалькі разоў наведваў СССР, Менск.

У друку пачаў выступаць у 1920 г. Першае апавяданне надрукаваўу 1925 г. (часопіс «Полымя»). Аўтар аповесцей «Знойдзены клад» (часопіс «Полымя», 1925), «Два шляхі» (часопіс «Полымя», 1926), «Вецер з Усходу» (1929), кнігі прозы «Над абрывам» (1929).

Выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі (аб творчасці М.Зарэцкага, К.Чорнага).

Ліпнёвы Алесь (сапр. Ашаровіч Абрам), нарадзіўся ў 1909 г. у горадзе Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс, Латвія) у сям'і служачага.

З 1927 г. жыў у Менску. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет «Чырвоная змена», «Звязда», адказным сакратаром часопіса «Напагатове».

Памёр 31.03.1933 г.

З нарысамі і апавяданнямі пачаў выступаць у 1930 г. Друкаваўся ў газетах «Чырвоная змена», «Звязда», часопісах «Заклік», «Чырвоная Беларусь», «Напагатове», у калектыўных зборніках.

Ліпскі Ўладзімір, нарадзіўся 06.05.1940 г. у вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1960 г. скончыў Менскі тэхнікум харчовай прамысловасці. Працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе (1960-1964), у нясвіжскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» (1964-1967). Завочна скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1966). У 1967-1968 гг. – першы сакратар Нясвіжскага райкама камсамола, у 1968-1976 гг. – у апараце ЦК ЛКСМБ, у 1976-1978 гг. – адказны сакратар праўлення СП БССР. З 1978 г. – галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», з 1988 г. адначасова – старшыня праўлення Беларускага аддзялення Савецкага дзіцячага фонду. Сябра СП СССР з 1979 г.

Узнагароджаны медалём.

У рэспубліканскім друку выступае з 1964 г. Аўтар кніг публіцыстыкі «Райкомаўскія будні» (1971), «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), «Якое яно, шчасце?» (1977), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакументальных аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пастаўлена радыёп'еса ў 1978), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Невядомы» (1990), зборнікаў прозы «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988), кніг для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974) і «Марынчына казка» (1977), «Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска» (1982), «Лаўрэнавы працадні» (1984). З украінскім пісьменнікам Б.Чалым напісаў кнігу «Люби меня при всякой доле» (1982).

Ліс Арсень, нарадзіўся 04.02.1934 г. у вёсцы Вётхава Смаргонскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе на Віцебшчыне, адначасова загадваў педагагічным кабінетам Шаркаўшчынскага рана. У 1957-1959 гг. працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. З 1962 г. – навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1967 г.

У друку па пытаннях беларускай культуры пачаў выступаць у 1955 г. Выдаў кнігі «Браніслаў Тарашкевіч» (1966), «Мікола Шчакаціхін» (1968), «Петра Сергіевіч» (1970), «Купальскія песні» (1974), «Пякучай маланкі след» (1981), «Вечны вандроўнік» (1984), «Песню – у спадчыну» (1989), «Валачобныя песні» (1989). Даследчык фальклору, адзін з аўтараў вучэбнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Беларуская народна-паэтычная творчасць» (1979).

Укладальнік зборнікаў «Беларускія народныя песні» (1970), «Жніўныя песні» (1974), «Восеньскія і талочныя песні» (1981), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы» (з Я.Саламевічам, 1984).

Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Песня на ўсё жыццё» (з І.Цішчанкам, зняты ў 1984) і «Прысады жыцця» (з А.Вялюгіным, зняты ў 1985).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986) за ўдзел у падрыхтоўцы і выданні акадэмічнага збору беларускай народнай творчасці.

Лісіцын Пётар, нарадзіўся 09.03.1927 г. у горадзе Полацку Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.

З канца траўня 1942 па ліпень 1944 г. – у партызанскім атрадзе «Няўлоўны» Полацкага злучэння. Быў паранены. У 1950 г. здаў экстэрнам экзамен за сярэднюю школу і паступіў у Рыжскі філіял Усесаюзнага юрыдычнага інстытута, а праз два гады перавёўся ў Латвійскі дзяржаўны ўніверсітэт (скончыў у 1955). Рабіў у сістэме народнай гаспадаркі Латвіі – старшым інжынерам на Рыжскім электралямпавым заводзе, вядучым інжынерам праектна-канструктарскага бюро Ўпраўлення мясцовай прамысловасці, лабарантам Упраўлення эксіндыцыйнай лоўлі рыбы, інжынерам Рыжскай нарматыўна-даследчай станцыі транспартнага будаўніцтва СССР. Працаваў у органах МУС Латвіі, затым БССР, юрыскансультантам Гарадзенскага абласнога вытворчага аб'яднання бытавога абслугоўвання. У 1978-1985 гг. – упаўнаважаны Ўсесаюзнага агенцтва па аўтарскіх правах па Гарадзенскай вобласці. З 1968 г. жыве ў Горадні. Сябра СП СССР з 1981 г.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны I ступені, медалямі, польскім Крыжам партызанскім.

У 1962 г. у газеце Прыбалтыйскай ваеннай акругі «За Родину» апублікаваў першыя апавяданні, у 1969 г. – у часопісе «Неман». Піша на расейскай мове. Аўтар кніг прозы «Февральский наст» (1978), «Росные травы» (Хабараўск, 1981), «Трое разных» (1985). У часопісе «Неман» апублікаваў аповесць «Самаволка» (1990).

Лісіцын Уладзімір, нарадзіўся 13.04.1944 г. у фашысцкім канцлагеры Флігегорт. Паходзіў з сялянскай сям'і.

У вайну маці і старэйшы брат вывезены ў канцлагер. Пасля вызвалення сям'я вярнулася ў вёску Пагосцішча Лёзненскага раёна.

Працоўны шлях пачаў шахцёрам у Данбасе. У 1965 г. скончыў Лісічанскую педагагічную навучальню (Украіна). Настаўнічаў на Лёзненшчыне, супрацоўнічаў у раённай газеце «Сцяг перамогі». Завочна скончыў тэатразнаўчае аддзяленне Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (1970). Апошнія гады жыў у Джанкоі (Украіна) – працаваў дырэктарам Палаца культуры, настаўнічаў у школе.

Памёр 12.07.1973 г.

Выступаць у друку з вершамі пачаў у 1964 г. Пісаў на беларускай і расейскай мовах. Аўтар кніг вершаў і паэм «Жураўлінае вясло» (1974), «Беларусь – мая калыска» (1990).

Ліхадзіеўскі Сцяпан, нарадзіўся 09.05.1911 г. у вёсцы Баславічы (цяпер Барок) Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме (1926-1930), у Беларускім дзяржаўным універсітэце (1930-1931), у Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце (1931-1933). Скончыў Томскі педагагічны інстытут (1939). Быў сябрам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк», БелАПП. Працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». У 1933 г. быў рэпрэсіраваны і высланы на 3 гады на поўдзень Казахстана ў Сарыагачскі раён. Настаўнічаў у сярэдніх школах. У 1939 г. паступіў у аспірантуру Ташкенцкага педінстытута. Працаваў выкладчыкам гэтага інстытута, быў дэканам факультэта, а з 1963 г. загадваў кафедрай зарубежнай літаратуры Рэспубліканскага педагагічнага інстытута расейскай мовы і літаратуры. Рэабілітаваны ў 1956 г. Доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1948 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 13.02.1979 г.

Першы верш надрукаваў у 1925 г. (часопіс «Беларускі піянер»). Пісаў на беларускай, расейскай і ўзбекскай мовах. Выйшлі зборнікі паэзіі «Чырванеюць вішні» (1931), «Рокаты дальняй прыстані» (1931), «Крыкавыя знічкі на снезе» (1932), «Мы – маладая гвардыя» (1932), кніжкі вершаў і перакладаў «Берасцянка жывых трывог» (выбраныя вершы і пераклады, 1962), «Поиски сердолика» (вершы, пераклады, Ташкент, 1973), «Вянкі камунарам» (1974), «Чырвоныя макі» (1981).

Вядомы і як крытык і літаратуразнавец. Аўтар кніг «Анатоль Франс: Краткий очерк творческого пути» (Ташкент, 1954), «Анатоль Франс: Очерк творчества» (Ташкент, 1962), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў «Радость встреч» (Ташкент, 1977).

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы французскіх, нямецкіх, узбекскіх паэтаў.

Лобан Мікола, нарадзіўся 27.10.1911 г. у вёсцы Чаплічы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1931 г. скончыў двухгадовыя педагагічныя курсы ў Слуцку. Настаўнічаў у вёсках Пласток, Таль на Любаншчыне (1931-1934), у мястэчку Шацк Пухавіцкага раёна, у вёсцы Пярэжыр Рудзенскага раёна. У 1939 г. паступіў на філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, а праз год перавёўся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Волхаўскім фронце. Быў двойчы паранены і ў 1942 г. – дэмабілізаваны. Адзін год выкладаў расейскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў пасёлку Келераўка (Казахстан), зноў вучыўся ў БДУ (скончыў у 1945). У 1944-1967 гг. – навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, у 1967-1968 гг. – загадчык рэдакцыі выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1968-1978 гг. – зноў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа – загадчык сектара, навуковы супрацоўнік. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1950 г.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Заслужаны работнік культуры БССР (1974).

Памёр 28.12.1984 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1930 г. Аўтар аповесці «Іркуцянка» (1953), раманаў «На парозе будучыні» (1964), «Гарадок Устронь» (1970), «Шэметы» (1981). У 1984 г. выйшла кніга артыкулаў і эсэ «Пяць раніц тыдня». У 1986 г. Выбраныя творы ў 3 тамах.

Адзін са складальнікаў «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.Р.Суднікам, 1948, 1961, 6-е выданне перапрацаванае і дапоўненае ў 1990), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), кіраваў падрыхтоўкай «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977-1984).

Пераклаў аповесць М.Горкага «У людзях» (з Э.Агняцвет, 1952).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа за кнігу «Пяць раніц тыдня» (1985, пасмяротна).

Лойка Алег, нарадзіўся 01.05.1931 г. у горадзе Слоніме Гарадзенскай вобласці ў сям'і фельчара.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1953), аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта (1956). З 1956 г. – выкладчык беларускай літаратуры, з 1985 г. – загадчык кафедры ўніверсітэта. Кіраваў універсітэцкім аб'яднаннем «Узлёт» (1964-1989). Член-карэспандэнт АН БССР. Доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1960 г.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны, іншымі медалямі і польскім медалём «Заслужаны перад польскай літаратурай».

Першыя вершы надрукаваў у 1943 г. («Баранавіцкая газета»). Аўтар зборнікаў паэзіі «На юначым шляху» (1959), «Задуменныя пералескі» (1961), «Дарогі і летуценні» (1963), «Блакітнае азерца» (вершы і паэмы, 1965), «Каб не плакалі кані» (1967), «Дзівасіл» (1969), «Калі ў дарозе ты...» (выбранае, 1971), «Шчырасць» (1973), «Пачуцці» (вершы і паэма, 1976), «Лінія жыцця» (1978), «Скрыжалі» (выбранае, 1981), «Няроўныя даты» (1983), «Грайна» (1986), «Пралескі ў акопах» (1987), «Балады вайны і міру» (1989), «Талая вясна» (вершы і паэмы, 1990). Для дзяцей выйшлі кніжкі вершаў «Як Тоня рэха шукала» (1962), «Карагод дзівосных прыгод» (1966), «Каля млына» (1972), «Дзе хто начуе?» (1977), «Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй» (1984).

Напісаў раманы-эсэ «Як агонь, як вада» (1984) і «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» (1990), аповесць «Скарына на Градчанах» (1990), сцэнарый дакументальнага фільма «Максім Багдановіч» (зняты ў 1990).

Выступае і як крытык, літаратуразнавец. Выдаў манаграфіі «Адам Міцкевіч і беларуская літаратура» (1959), «Новая зямля» Якуба Коласа: Вытокі, веліч, хараство» (1961), «Максім Багдановіч» (1966), «Сустрэчы з днём сённяшнім» (1968), «Беларуская паэзія пачатку XX стагоддзя» (1972), зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў і творчых партрэтаў «Паэзія і час» (1981), даклады на V Міжнародны з'езд славістаў «Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.» (з Н.Перкіным, 1963), на IX з'езд – «Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры» (з В.Чамярыцкім, А.Коршунавым, 1982), вучэбны дапаможнік для студэнтаў ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (ч. I – 1977, ч. II – 1980, 2-е дапрацаванае выданне ч. I і II – 1989). Аўтар праграм па старабеларускай літаратуры і беларускай літаратуры XVIII – пачатку XX стагоддзяў. Адзін са складальнікаў хрэстаматыі для вышэйшых навучальных устаноў «Беларуская літаратура XIX стагоддзя» (з С.Александровічам і В.Рагойшам, 1971, 2-е дапрацаванае выданне з В.Рагойшам, 1988).

Працуе і ў галіне перакладу. На беларускую мову пераклаў кніжку выбраных твораў П.Верлена «У месяцавым ззянні» (1974), І.В.Гётэ «Спатканне і ростань» (1981), асобныя творы расейскіх, украінскіх, летувіскіх, латышскіх, польскіх і іншых паэтаў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1990) за раман-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае».

Лось Еўдакія, нарадзілася 01.03.1929 г. у вёсцы Старына Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1948 г. скончыла Глыбоцкую педнавучальню, у 1955 г. – філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Працавала літработнікам у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Зорька», рэдактарам Вучэбна-педагагічнага выдавецтва БССР. У 1960 г. скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, зноў працавала ў Вучэбна-педагагічным выдавецтве БССР, літработнікам газеты «Звязда», адказным сакратаром часопіса «Работніца і сялянка», у 1975-1977 гг. – галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка». Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалём.

Памерла 03.07.1977 г.

Выступіла ў друку ў 1948 г. (полацкая газета «Большевистское знамя», часопіс «Работніца і сялянка»). Аўтар зборнікаў вершаў «Сакавік» (1958), «Палачанка» (1962), «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Яснавокія мальвы» (1967), «Вянцы зруба» (выбранае, 1969), «Перавал» (вершы і паэмы, 1971), «Галінка з яблыкам» (1973), «Лірыка» (1975), «Лірыка ліпеня» (вершы і паэмы, 1977), «Валошка на мяжы» (выбранае, 1984). Для дзяцей выйшлі кніжкі вершаў «Абутая елачка» (1961), «Казка пра Ласку» (1963), «Вяселікі» (1964), «Зайчык-выхваляйчык» (1970), «Дванаццаць загадак» (1974), «Смачныя літары» (1978), апавяданняў «Дзесяць дзён у Барку» (1984). У 1979 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Напісала кнігі прозы «Пацеркі» (1966) і «Травіца брат-сястрыца» (1970). У 1977 г. у часопісе «Полымя» надрукаваны цыкл «Навелы пятага паверха».

Пераклала на беларускую мову кніжку вершаў С.Баруздзіна «Краіна, дзе мы жывём» (1977).

Лужанін Максім (сапр. Каратай Аляксандар), нарадзіўся 02.11.1909 г. у вёсцы Прусы Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Менскі беларускі педагагічны тэхнікум (1928), вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1928-1930). Быў сябрам літаратурных арганізацый «Маладняк», «Узвышша». Працаваў у рэдакцыі часопіса «Узвышша» (1930-1931), на Беларускім радыё (1931-1933). Быў рэпрэсіраваны ў 1933 г. і высланы ў Сіблаг. У 1935-1941 гг. знаходзіўся на выдавецкай рабоце ў Маскве. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны прызваны ў Савецкую Армію. Пасля заканчэння Падольскай пяхотнай навучальні (1942) удзельнічаў у баях пад Сталінградам. Дэмабілізаваўшыся з арміі (1944), працаваў у рэдакцыях газеты «Звязда», часопісе «Вожык», у АН БССР. З 1959 г. – сябра сцэнарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм», у 1967-1971 гг. – галоўны рэдактар студыі. У 1968 г. удзельнічаў у рабоце XXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1967-1985 гг. Сябра СП СССР з 1943 г.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю