355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Гардзіцкі » Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 » Текст книги (страница 31)
Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
  • Текст добавлен: 26 марта 2017, 14:00

Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"


Автор книги: Аляксей Гардзіцкі


Жанр:

   

Справочники


сообщить о нарушении

Текущая страница: 31 (всего у книги 37 страниц)

Перакладаў на беларускую мову творы А.Міцкевіча, І.Крылова і інш.

Ткачоў Васіль, нарадзіўся 01.01.1948 г. у вёсцы Гута Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і вясковых настаўнікаў.

Пасля заканчэння Ільічоўскай сярэдняй школы (1966) працаваў у раённых газетах (г. Івацэвічы і г. п. Карма). У 1967 г. прызваны ў Савецкую Армію. Скончыў факультэт журналістыкі Львоўскай вышэйшай ваенна-палітычнай навучальні (1973). Служыў у Туркменіі ваенным карэспандэнтам. У 1979-1980 гг. працаваў рэдактарам рэкламы камбіната «Туркменгандальрэклама» (Ашхабад). З 1980 г. – карэспандэнт шматтыражкі «Сельмашавец» (Гомель), у 1983-1985 гг. – стыліст, спецыяльны карэспандэнт абласной газеты «Гомельская праўда». У 1989 г. абраны сакратаром Гомельскага абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1989 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1966 г. (часопіс «Вясёлка»). Выдадзены зборнікі апавяданняў для дзяцей «Хітры Данік» (1975) і «Партрэт салдата» (1984), для дарослых – «Дзень у горадзе» (1985), а таксама кніга публіцыстыкі «Пахвалі пражыты дзень» (1988).

Аўтар п'ес «Сівы бусел» (пастаўлена ў 1985), «Вокны» (пастаўлена ў 1985), «Прыгоды з Канапухіным» (пастаўлена ў 1988), «Лесвіца» (пастаўлена ў 1988), «Кветкі-ягадкі» (пастаўлена ў 1990), аднаактоўкі «Дублёр» і інш.

Пераклаў на беларускую мову п'есу Л.Петрушэўскай «Маскоўскі хор» (пастаўлена ў 1989).

Ткачоў Мікола, нарадзіўся 08.03.1918 г. у вёсцы Горанка Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Працоўны шлях пачаў з рабочага мэблевай фабрыкі ў Віцебску ў 1933 г. Адначасова вучыўся на вячэрнім рабфаку. Пасля заканчэння планава-эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі (1939) некалькі месяцаў працаваў у газеце «Піянер Беларусі», пасля ў сістэме кінафікацыі. У 1940 г. прызваны ў Чырвоную Армію – быў інструктарам-літаратарам дывізійнай газеты. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на фронце, у партызанах. Быў кантужаны. З кастрычніка 1943 г. – супрацоўнік магілеўскай абласной газеты «За Радзіму». У 1949-1957 гг. – адказны сакратар часопіса «Полымя», у 1957-1959 гг. – галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1959-1972 гг. – сакратар праўлення СП БССР. У 1972-1979 гг. – дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1967 г. як сябра дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1948 г.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 20.04.1979 г.

Літаратурную працу пачаў у 1938 г. з нарысаў і апавяданняў. Выйшлі раман «Згуртаванасць» (1951), кнігі прозы «Пошукі скарбаў» (апавяданні і нарысы, 1963), «Дыхание агню» (раман, апавяданні, нарысы, 1978, 2-е выданне ў 1988). Пераклаў на беларускую мову зборнік апавяданняў В.Рошкі «Што мае вочы бачылі» (1962) і аповесць М.Прыляжаевай «Жыццё Леніна» (1975).

Ткачоў Павал, нарадзіўся 03.09.1930 г. у вёсцы Скадаінаўка Шахцінскага раёна Растоўскай вобласці (Расея) у сям'і шахцёра.

Пасля заканчэння сярэдняй школы быў дыктарам і літаратурным сакратаром на радыёстудыі ў г. Паўлаўску Варонежскай вобласці. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955). Працаваў у рэдакцыях газет «Зорька», «Піянер Беларусі», часопіса «Бярозка». У 1967 г. скончыў аспірантуру, выкладаў расейскую класічную літаратуру, з 1969 г. загадвае кафедрай расейскай класічнай літаратуры БДУ, адначасова быў дэканам факультэта журналістыкі (1981-1986). Прафесар, доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1964 г.

Узнагароджаны медалямі.

Заслужаны работнік вышэйшай школы Беларускай ССР (1983).

Друкавацца пачаў у 1947 г. (паўлаўская раённая газета «Луч коммуны»). Піша на беларускай і расейскай мовах. Для дзяцей выйшлі кнігі аповесцей, апавяданняў «Мікіткаў падарунак» (1960), «Пра Сяргейку і лясных жыхароў» (1961), «Акцябраты – твае сябры» (1962), «Вішнёвая квецень. Апавяданні пра У.І.Леніна» (1965, 2-е дапоўнёнае і перапрацаванае выданне ў 1971), «Сэрца камунара» (1966), «Самае галоўнае: Штрыхі да партрэта Ільіча» (1977), аповесці «Піліпка з Галубінай слабодкі» (1969), «Граніца была побач» (1972), «Час світальнай зоркі» (выбранае, 1980, 1990), «Як разгаралася полымя» (1982), «У ліпені 1917 года» (1986), «Пралескі яе вясны» (аповесці, нарысы, 1986), «Балада аб партыйным білеце» (1988), «Чатыры дні» (часопіс «Маладосць», 1989), нарысы «Імя Леніна ў сэрцы нашым» (1963), «Люся Герасименко» (Масква, 1968, 2-е дапоўненае і перапрацаванае выданне ў 1980), «Маніфест народнага шчасця» (1987), «Рэвалюцыйны трымаем крок» (1988). Адзін з аўтараў і ўкладальнікаў кніг «Піянеры-героі» (1962), «Напісалі кніжку самі» (1966), «Эстафета пакаленняў» (1967).

Выступае як крытык і літаратуразнавец. Выйшлі манаграфіі «Вечный бой: Памфлетное наследие Я.Галана и традиции М.Горького» (1970), «Иду на «вы»: Заметки о памфлете» (1975), «Границы жанра» (1977), «Сатиры злой звенящая строка...»: Природа смеха в памфлете» (1980), кніга нарысаў і эсэ «Силуэты прошлого» (1983), «Пра самага чалавечнага» (1985).

Трасцянскі Віктар, нарадзіўся 05.12.1924 г. у горадзе Майкопе (Адыгейская аўтаномная вобласць) у сям'і служачых.

У 1941 г. пайшоў на фронт. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі нашай краіны, Польшчы, Румыніі, Вугоршчыны. Службу закончыў камандзірам батальёна марской пяхоты. У 1945 г. прыехаў у Гомель, дзе працаваў намеснікам дырэктара тарфянога завода «Бальшавік», намеснікам загадчыка аддзела ў аблвыканкаме. У 1946-1948 гг. – студэнт юрыдычнага інстытута (Алма-Ата). З 1948 г. – начальнік аддзела кадраў Упраўлення будаўнічых работ Маскоўскай ваеннай акругі, з 1950 г. – начальнік адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела выдавецтва «Литературная газета», з 1953 г. – інспектар Галоўнага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Міністэрства геалогіі і аховы недраў, з 1955 г. – інструктар Галоўнага ўпраўлення распаўсюджвання друку Міністэрства сувязі СССР, з 1956 г. – старшы рэдактар выдавецтва «Физкультура и спорт», з 1958 г. – загадчык аддзела прапаганды, старшы рэдактар выдавецтва «Знание», у 1966-1978 гг. – рэдактар рэдакцыі часопіса «Дружба народов», карэспандэнт. У 1955 г. скончыў Усесаюзны завочны інжынерна-будаўнічы інстытут. З 1978 г. жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1983 г.

Узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, медалямі.

З першым вершам у друку выступіў у 1949 г. (армейская газета «Красный воин» Маскоўскай ваеннай акругі). Піша на расейскай мове. У Маскве выйшлі зборнікі паэзіі «Расстрелянные листья» (1975), «Далеко от войны» (1980), «Расстояния и расставания» (1983), у Менску – «Дальние дороги, дальние...» (1981), «Наследникам» (1985). Кніга паэзіі «Багряные дороги» змешчана ў калектыўным зборніку «Надежность» (Масква, 1986).

Траяноўскі Алесь, нарадзіўся 22.09.1925 г. ва ўрочышчы Ўздымач Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і лесніка.

У час Вялікай Айчыннай вайны з верасня 1942 па ліпень 1944 г. – партызан брыгады імя Чапаева, з ліпеня 1944 г. – на 3-м Беларускім і 3-м Украінскім франтах, быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі (1946) працаваў на розных пасадах у Менску. У 1959 г. скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут. У 1955-1962 гг. – літсупрацоўнік шматтыражнай газеты «Западная трасса» (Беларускае ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі). У 1962-1982 гг. – літсупрацоўнік, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», у 1983-1986 гг. – намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва Беларусі». Сябра СП СССР з 1990 г.

Узнагароджаны медалямі.

Творчую дзейнасць пачаў у 1957 г. артыкуламі на літаратуразнаўчыя тэмы ў перыядычным друку. Працуе ў галіне мастацкага перакладу з 1960 г. Перакладае з верхнялужыцкай, ніжнялужыцкай, кашубскай, польскай і ўкраінскай моў. Адзін з укладальнікаў і перакладчыкаў, аўтар прадмовы і каментарыяў да анталогіі паэзіі лужыцкіх сербаў «Там, дзе Шпрэвя шуміць» 1969). У яго перакладах на беларускую мову выйшлі анталогія кашубскай паэзіі «За даляглядам край Сталемаў» (1980), аповесць Ю.Срэзана «Чорны млын» (1984). Пераклаў шэраг твораў І.Франка, П.Тычыны, Я.Барта-Цішынскага, Ю.Брэзана, К.Лоранца, А.Лаймінг і інш.

Трус Паўлюк, нарадзіўся 06.05.1904 г. у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1923 г. скончыў Уздзенскую сямігодку, у 1927 г. – Менскі беларускі педагагічны тэхнікум. Працаваў у рэдакцыі гомельскай газеты «Палеская праўда» (1927-1928), вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1928-1929). Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк».

Памёр 30.08.1929 г.

З першымі творамі выступіў у друку ў 1923 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Вершы» (1925), «Ветры буйныя» (1927), Збор твораў (1934), «Творы» (1935), кнігі Выбраных твораў (1931, 1940, 1941, 1946, 1949, 1953, 1958, 1967, 1977, 1979), «Новай квадры настаў маладзік» (вершы і паэмы, 1984). Для дзяцей выдадзена кніга паэзіі «Падаюць сняжынкі» (1983).

Трыхманенка Віктар, нарадзіўся 10.05.1923 г. у сяле Гуменцы Камянец-Падольскага раёна Хмяльніцкай вобласці (Украіна) у сям'і служачага.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны прызваны ў Савецкую Армію. Скончыў ваенна-авіяцыйную навучальню (1944), як лётчык-знішчальнік удзельнічаў у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па стану здароўя ў канцы 1946 г. быў звольнены з арміі. У 1947-1949 гг. працаваў у БелТА. Быў зноў прызваны ў кадры Ўзброеных Сіл, у 1963 г. скончыў Ваенна-палітычную акадэмію. Многія гады з'яўляўся ўласным карэспандэнтам газеты «Красная звезда» па Беларускай ваеннай акрузе. У 1974-1979 гг. – адказны рэдактар газеты Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины». Сакратар праўлення Саюза журналістаў БССР (1976-1979). Дырэктар Дома літаратара (1980-1981). Сябра СП СССР з 1962 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «За службу Радзіме ва Ўзброеных Сілах СССР» III ступені і медалямі.

Першыя апавяданні надрукаваў у 1956 г. Піша на расейскай мове. У свет выйшлі зборнікі апавяданняў і аповесцей «Сложный вариант» (Масква, 1958), «Звуковой барьер» (Хабараўск, 1959) і «Наташины зорьки» (Хабараўск, 1960), «Человек расправляет крылья» (Масква, 1961), «Знакомый почерк» (Масква, 1963), «Истинная высота» (1965), «Сестра белой березы» (1979), аповесці «Крылья на вырост» (Масква, 1973), «Сергей Грицевец» (1987), раман «Небом крещенные» (Масква, 1969), кніга прозы «Крылья на вырост» (раман, аповесць, апавяданні, 1984).

Тулупава Нэлі (Лісоўская), нарадзілася 01.02.1938 г. у вёсцы Капань Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.

У 1955 г. скончыла Гомельскую медыцынскую навучальню. Працавала фельчарам і акушэркай у медыцынскіх установах Віцебшчыны, дыктарам Віцебскага абласнога тэлебачання. У 1969 г. скончыла завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1962 г. пераехала ў Горкі Магілеўскай вобласці, дзе працавала інструктарам РДК, медсястрой у бальніцы, загадчыкам агульнага сектара райкама камсамола, рэдактарам газеты «Советский студент» Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1974-1978 гг. – загадчык рэпертуарнага аддзела Белдзяржфілармоніі, у 1979-1988 гг. – старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1990 г. загадчык аддзела літаратуры часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1977 г.

У друку выступае з 1956 г. (аршанская раённая газета «Ленінскі прызыў»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Станцыя надзей» (1971), «Дабрадзея» (вершы і паэмы, 1977), «Босая цішыня» (вершы, паэма, 1980), «Гарывада» (драматычная паэма-бая, 1984), «Сонца ў хату» (выбранае, 1986), «Як павезлі мяне сватаць» (гумарэскі, 1987), «Скажыце ўсім» (лірыка і гумар, 1988), кніжак для дзяцей «Дожджык Мікіта» (вершы, 1979), «Бізоны-рабінзоны» (казкі, 1983), «Пра што думае кіт» (аповесць, 1986).

Перакладае на беларускую мову творы паэтаў народаў СССР.

Турбіна Любоў, нарадзілася 17.07.1942 г. у горадзе Ашхабадзе (Туркменія) у сям'і вучонага.

Пасля заканчэння фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964) – інжынер, аспірант, навуковы супрацоўнік Інстытута генетыкі і цыталогіі АН БССР. У 1980 г. скончыла завочнае аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве. З 1984 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат біялагічных навук. Сябра СП СССР з 1990 г.

З вершамі начала выступаць у друку ў 1974 г. (газета «Знамя юности»). Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў вершаў «Улица детства» (1981), «Город любви» (1988).

На расейскую мову пераклала паасобныя вершы М.Багдановіча, М.Стральцова, Р.Барадуліна, Г.Каржанеўскай, паэтаў Туркменіі і Азербайджана.

Тычына Міхась, нарадзіўся 10.02.1943 г. у пасёлку Ленінскі Алданскага раёна (Якуцкай АССР) у сям'і ссыльнага.

У 1947 г. разам з бацькамі пераехаў на іх радзіму, у вёску Завалочыцы Глускага раёна. Скончыў філалагічны факультэт Берасцейскага педагагічнага інстытута (1964). Кароткі час працаваў настаўнікам на Піншчыне. Служыў у Савецкай Арміі (1964-1965). Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1970) і працуе навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра Беларускага ПЭНцэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1976 г.

Узнагароджаны медалём.

Друкавацца пачаў у 1963 г. з вершаў (берасцейская абласная газета «Заря»), як крытык і літаратуразнавец з 1969 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар манаграфій «Кузьма Чорны: Эвалюцыя мастацкага мыслення» (1973), «Народ и война» (1985), зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў «Змена квадры» (1983), «Час прозы» (1988). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977), калектыўнай працы «Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм» (з В.Жураўлёвым, 1982).

Выступае і ў галіне прозы. Выйшлі «Дажынкі» (аповесць і апавяданні, 1979), «Вяртанне: Аповесць пра Кузьму Чорнага» (1984).

У

Уксусаў Дзмітры, нарадзіўся 15.05.1915 г. у горадзе Янакіева Данецкай вобласці (Украіна) у сям'і рабочага.

Працоўны шлях пачаў у 1932 г. токарам на Янакіеўскім металургічным заводзе. У 1936 г. працаваў сакратаром у раённай газеце «Ленинское знамя» (г. Тосна Ленінградскай вобласці), адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні Ленінградскага інстытута інжынераў камунальнай гаспадаркі. У час Вялікай Айчыннай вайны – баец партызанскага атрада, адказны сакратар абласной газеты «Ленинградский партизан». Пасля вызвалення Тоснянскага раёна (1944) – рэдактар раённай газеты, адказны рэдактар ноўгарадскай газеты «Звязда», адказны сакратар абласной газеты «Новгородская правда». У 1948 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС і накіраваны на працу рэдактарам баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная звязда». Працаваў у рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара (1952-1959), загадчыкам рэдакцыі ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1959-1964), дырэктарам выдавецтва «Навука і тэхніка» (1964-1968), адказным сакратаром часопіса «Служба быту Беларусі» (1968-1975). Сябра СП СССР з 1964 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 19.09.1989 г.

Апавяданні і нарысы пачаў пісаць у даваенныя гады. Пісаў на расейскай мове. Аўтар кніг прозы «Ранний ветерок» (аповесць і апавяданні, 1959), аповесці «Я – твой друг» (1962, 2-е дапрацаванае выданне ў 1965) і публіцыстычнай кніжкі «Постоянно действующий агитпункт» (Масква, 1961).

Усікаў Якуб, нарадзіўся 20.09.1919 г. у вёсцы Кадзіна Магілеўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Магілеўскім палітасветтэхнікуме, затым на літаратурна-лінгвістычным факультэце Менскага педагагічнага інстытута. З трэцяга курса перавёўся на завочнае аддзяленне (скончыў у 1940). Працаваў дырэктарам сярэдняй школы ў Вялікім Сяле Дзяржынскага раёна (1937-1939), выкладчыкам мовы і літаратуры ў Мар'інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. У час Вялікай Айчыннай вайны быў партызанам на Магілеўшчыне, потым – у Савецкай Арміі на 2-м Беларускім фронце. Быў паранены. Пасля вайны вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (1947-1949) і працаваў у газеце «Чырвоная змена» (1945-1949). У 1949-1975 гг. – загадчык кафедры беларускай літаратуры Магілеўскага педінстытута, дацэнт таго ж інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1951 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.

З рэцэнзіямі і артыкуламі пачаў выступаць у 1946 г. Выдаў манаграфіі «Драматургія Кандрата Крапівы: Нарысы аб станоўчым героі» (1953), «Беларуская камедыя: Ля вытокаў жанру» (1964), «Беларуская камедыя» (1973), зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Грамадзянскае сумленне мастака» (1976), «Беларуская камедыя: Літаратурна-крытычныя нарысы» (1979), «Андрэй Макаёнак: Нарыс жыцця і творчасці» (1984). Адзін з аўтараў дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура» (1966), «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (1966), «Гісторыя беларускай літаратуры: XIX – пачатак XX ст.» (1981), «Гісторыя беларускага тэатра» (1983).

Ушакоў Андрэй, нарадзіўся 16.10.1912 г. у вёсцы Рабяткі Чавускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў прафтэхшколу металістаў, працаваў слесарам у дэпо, у майстэрнях авіяпарка, на швейнай фабрыцы «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску. У 1930-1931 гг. вучыўся на крытыка-творчым аддзяленні Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Менску, у 1933-1934 гг. – ва Ўсесаюзным інстытуце кінематаграфіі ў Маскве. Скончыў літаратурны факультэт Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры (1939). З 1939 г. служыў у Чырвонай Арміі, працаваў у рэдакцыі дывізійнай газеты «За Советскую родину» (Гомель).

Загінуў у 1941 г. на фронце.

Вершы пачаў друкаваць у 1928 г. (газета «Чырвоная змена»). Першы зборнік вершаў «Рабочы пульс» выдаў у 1932 г. (з П.Ананьевым). Аўтар зборнікаў вершаў «Праца і маладосць» (Віцебск, 1933), «Зарава вагранак» (1933), «Голас Радзімы» (1938), «Наша маладосць» (выбранае, 1962). Выйшлі напісаныя для дзяцей у сааўтарстве з А.Жаўруком паэмы «Пра майго таварыша» (1939), «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада» (1939) і зборнік вершаў «Пра майго катка» (1950).

Пісаў таксама апавяданні. Сааўтар лібрэта аперэты «Зарэчны барок» (з А.Жаўруком).

Ф

Фамін Сяргей, нарадзіўся 29.04.1906 г. у вёсцы Пепелеўка Мсціслаўскага павета Магілеўскай губерні (цяпер Манастыршчынскага раёна Смаленскай вобласці, Расея) у сям'і настаўніка.

Скончыў Магілеўскі педагагічны тэхнікум (1925). Два гады працаваў настаўнікам на Барысаўшчыне. Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1930). Выкладаў беларускую і расейскую літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Сябра літаратурных аб'яднанняў «Маладняк», БелАПП і інш. 04.01.1934 г. быў арыштаваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Пасля апеляцыі Вярхоўным судом СССР расстрэл заменены пазбаўленнем волі на 10 гадоў. Адбываў зняволенне ў Комі АССР. 29 верасня – 2 кастрычніка 1941 г. адбыўся паўторны суд. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Па першай справе рэабілітаваны Вярхоўным судом СССР ад 27.02.1958 г., па другой – Вярхоўным судом РСФСР ад 25.01.1957 г.

Расстраляны 04.12.1941 г.

З вершамі пачаў выступаць у 1924 г. (газета «Соха и молот»). У 1927 г. асобным выданнем апублікавана паэма «Балота». У 1929 г. была падрыхтавана і здадзена ў выдавецтва кніга вершаў «Дымнае лета», але не выйшла. Асобныя вершы змешчаны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961), зборніку «Універсітэт паэтычны» (1971).

Фатнеў Юры, нарадзіўся 10.02.1938 г. у сяле Акімаўка Краснашчокаўскага раёна Алтайскага краю ў сям'і ваеннаслужачага.

Незадоўга да пачатку Айчыннай вайны з бацькамі пераехаў на Беларусь. Пад час акупацыі жыў у вёсцы Старыя Дзятлавічы на Гомельшчыне, у 1944 г. – у вайсковай часці ў раёне станцыі Сарны (Украіна). У пасляваенныя гады вучыўся ў Новасвержанскай сярэдняй школе Стаўбцоўскага раёна (да 1955). У 1956 г. паехаў у Казахстан, дзе працаваў бібліятэкарам. З 1965 г. жыў у Гомелі, Бранску, Ленінградзе. З 1990 г. жыве ў Гомелі. Сябра СП СССР з 1967 г.

У друку пачаў выступаць з вершамі ў 1955 г. (стаўбцоўская раённая газета «Прамень»). Піша на расейскай мове. Першыя тры зборнікі вершаў апублікаваны ў Алма-Аце: «Любимое» (1962), «Общий вагон» (1964), «Глаза не умеют молчать» (1966). Затым выйшлі кнігі «Поет рожок у Сожа» (1967), «Лирика» (Масква, 1971), «День прозренья» (Масква, 1978), «Лунный час» (Тула, 1983), «Костер на пристани» (Масква, 1983).

Федарэнка Андрэй, нарадзіўся 17.01.1964 г. у вёсцы Бярозаўка Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1983 г. скончыў Мазырскі політэхнікум. Працаваў мулярам будаўнічага ўпраўлення № 63 у пасёлку Мікашэвічы Лунінецкага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1983-1984). Працаваў транспартным рабочым у Калінкавічах. Скончыў бібліятэчны факультэт Менскага інстытута культуры (1990). Працуе загадчыкам аддзела культуры і навукі часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1990 г.

Першыя апавяданні надрукаваў у 1987 г. (часопіс «Маладосць»). У 1989 г. у «Бібліятэцы часопіса «Маладосць» выйшла кніжка прозы «Гісторыя хваробы».

Федасеенка Ўладзімір, нарадзіўся 22.04.1926 г. у пасёлку Бор Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Удзельнічаў у партызанскім руху на Гомельшчыне (1942-1943). Быў паранены. Скончыў Гомельскі рачны тэхнікум (1946), Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1950). Быў інструктарам Гомельскага абкама камсамола (1946-1948), ЦК ЛКСМБ (1950-1951). У 1951-1967 гг. працаваў на розных пасадах у газеце «Піянер Беларусі», часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі», «Настаўніцкай газеце», рэдактарам выдавецтва «Беларусь», у 1969-1979 гг. – старшым інспектарам Упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта СМ БССР па друку, загадчыкам аддзела ў газеце «Літаратура і мастацтва», старшым рэдактарам у рэдакцыі часопіса «Беларусь». Сябра СП СССР з 1972 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Літаратурную працу пачаў у 1951 г. Аўтар раманаў «Дубовая Града» (1965), «Віхры на скрыжаваннях» (1970) і «Пасля смерчу» (1975).

Федзюковіч Мікола, нарадзіўся 22.05.1943 г. у вёсцы Гутава Драгічынскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння сярэдняй школы (1960) працаваў літсупрацоўнікам драгічынскай раённай газеты «Чырвоная зорка», фотакарэспандэнтам лунінецкай міжраённай газеты «Ленінскі шлях» на Берасцейшчыне. У 1962-1965 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1970 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. З 1970 г. быў рэдактарам у выдавецтве «Народная асвета», з 1971 г. – літсупрацоўнікам, потым загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена», у 1975-1976 гг. – рэдактарам у рэдакцыі часопіса «Служба быту Беларусі», у 1979-1983 гг. – зноў у «Чырвонай змене». Сябра СП СССР з 1972 г.

Першыя вершы апублікаваў у 1962 г. (міжраённая газета «Ленінскі шлях»). Аўтар зборнікаў вершаў «Зямля-магніт» (1968), «Мілавіца» (1971), «Птушыны грай» (1976), «Макаў цвет» (1979).

Філімонава Любоў, нарадзілася 12.10.1948 г. у горадзе Менску ў сям'і служачых.

У 1971 г. скончыла аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве. Да 1972 г. працавала на Омскім тэлебачанні, у 1972-1980 гг. – малодшым рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», у 1983-1984 гг. – рэдактарам літаратурна-драматычнай рэдакцыі на Беларускім тэлебачанні. Сябра СП СССР з 1982 г.

Друкавацца пачала ў 1967 г. у перыёдыцы, у тым самым годзе апублікавала ў часопісе «Неман» першую нізку вершаў. Аўтар зборнікаў паэзіі «Стазвоны» (1974), «Гучныя фарбы» (1978), «Імправізацыя» (вершы, паэма, 1988). Выйшаў зборнік апавяданняў «Пад шолах ветразяў» (1981).

Перакладае з ангельскай, польскай, французскай, вугорскай моў. З туркменскай пераклала кніжку вершаў К.Чаліева «Чароўнае шкельца» (1983). Укладальнік і адзін з перакладчыкаў анталогіі дзіцячай туркменскай літаратуры «Кветкі Каракумаў» (1990).

Філіповіч Марыя, нарадзілася 01.01.1947 г. у вёсцы Смётанка Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыла Магілеўскую медыцынскую навучальню (1968), завочна – Літаратурны інстытут у Маскве (1980). Працавала фельчарам у Аршанскім раёне (1968-1971), загадчыцай фельчарска-акушэрскага пункта ў Дубровінскім (1971-1979), Дзяржынскім (1979-1982) раёнах, выхавацелькай у інтэрнаце ў Менску (1982-1983), бібліятэкарам, медсястрой, у 1985-1986 гг. – карэспандэнтам газеты «Трыбуна наватара» ў Воршы. З 1989 г. жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1987 г.

Першае апавяданне апублікавана ў 1978 г. (часопіс «Неман»). Аўтар кнігі апавяданняў «Мадонна з Выселкаў» (1984) і кнігі прозы для дзяцей «Пра Алеся і яго сяброў» (1988). Працуе таксама ў галіне публіцыстыкі.

Фінкель Уры, нарадзіўся 08.10.1896 г. у мястэчку Ракаў Валожынскага раёна Менскай вобласці ў сям'і разніка.

Вучыўся ў політэхнічнай навучальні ў Харкаве (1915-1917), на філалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта (1918-1919). Удзельнічаў у грамадзянскай вайне як палітработнік. Працаваў інструктарам у Наркамасветы РСФСР. З 1921 г. – літработнік выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, з 1922 г. – у рэдакцыях газет у Менску. У 1926 г. здаў экстэрнам экзамены на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта БДУ, у 1931 г. скончыў аспірантуру пры АН БССР. У 1930-1938 гг. выкладаў у Менскім педінстытуце. У час вайны быў эвакуіраваны. У 1949-1953 гг. выкладаў у Ракаўскай дзесяцігодцы расейскую літаратуру. Апошнія гады пражыў у Менску.

Памёр 05.12.1957 г.

Друкавацца пачаў у 1918 г. Пісаў пераважна на мове ідыш. Аўтар біяграфічных кніжак пра класікаў жыдоўскай літаратуры «А.Гольфадэн» (з Н.Айслендарам, 1926), «Шолам-Алейхем» (1938, на беларускай мове ў 1939, 1958), «Мендэле Мойхер-Сфорым» (1939, на беларускай мове ў 1940). Тыраж кніжкі пра М.Гордана знішчаны ў 1941 г. пад час акупацыі.

Аўтар артыкулаў пра М.Дабралюбава, В.Бялінскага, Я.Купалу, Я.Коласа, З.Бядулю, гісторыка-этнаграфічных нарысаў пра П.Шэйна, М.Нікольскага і інш.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю