355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Гардзіцкі » Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 » Текст книги (страница 32)
Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
  • Текст добавлен: 26 марта 2017, 14:00

Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"


Автор книги: Аляксей Гардзіцкі


Жанр:

   

Справочники


сообщить о нарушении

Текущая страница: 32 (всего у книги 37 страниц)

Х

Хадановіч Ігар, нарадзіўся 10.06.1940 г. у вёсцы Шпількі Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сям'і настаўніка.

У 1957 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1962 г., пад канец вучобы, быў залічаны на працу ў рэдакцыю газеты «Чырвоная змена». З 1963 г. працаваў у Менскім абкаме камсамола, у 1964-1966 гг. – у газеце «Літаратура і мастацтва».

Трагічна загінуў 09.01.1966 г.

Друкавацца пачаў у 1957 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў апавяданняў і нарысаў «За акном дождж» (1967), «На досвітку» (1986).

Хадкевіч Тарас, нарадзіўся 07.03.1912 г. у вёсцы Шайцерава Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Полацкім педагагічным тэхнікуме (1927-1929), у Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце (1931-1933). Працаваў у газетах «Чырвоная Полаччына» (1929-1931), «Чырвоная змена» (1933-1934), «Звязда» (1936-1941). Служыў у Чырвонай Арміі (1934-1936). У час Вялікай Айчыннай вайны ў якасці камандзіра ўзвода прымаў удзел у баях пад Вялікімі Лукамі, Тарапцом. У канцы верасня 1941 г. быў паранены і трапіў у палон. Удзельнічаў у інтэрнацыянальным руху Супраціўлення на тэрыторыі Германіі. Тройчы ўцякаў з палону (апошні раз, на пачатку траўня 1945 г., паспяхова). Працаваў у газетах «Звязда» (1945-1950), «Літаратура і мастацтва» (1950-1951), літкансультантам СП БССР (1953-1972). Сябра СП СССР з 1947 г.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1972).

Памёр 14.08.1975 г.

У 1925 г. выступіў у друку з вершамі (часопіс «Малады араты»). Выдаў зборнік паэзіі «Смялей, таварыш!» (1932). Першае апавяданне апублікаваў у 1945 г. Выйшлі кнігі апавяданняў і аповесцей «Братэрства» (1948), «Вяснянка» (1949), «Рэха ў гарах» (1951), «Сяброўства» (1952), «На новым месцы» (1954), «Спеюць яблыкі» (1959), «Сад у квецені» (апавяданні і нарысы, 1966), «За акном дождж» (1967), раманы «Даль палявая» (1959), «Песня Дзвіны» (1975), брашура «Прыгажосць душэўная» (1963), нарысы «Шлях да першынства» (1939), «Мая Беларусь» (1961), «Нафтагігант на Дзвіне» (1963), даведнік «Мінск» (1962). Сааўтар кніг «Беларуская ССР» (1958), «Мы раскажам пра Мінск» (1964). Для дзяцей напісаў кніжкі апавяданняў «За сінім лесам» (1951), «На новым месцы» (1954), «Спеюць яблыкі» (1959), «Жыла-была казка» (1967), «Дзвіна пайшла» (1968), «Крынічка» (1983). У 1970 г. выдадзена «Выбранае», у 1982 г. – Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1987 г. – кніга выбраных аповесцей «Братэрства. Рэха ў гарах. Вяснянка».

Пераклаў на беларускую мову «Апавяданні» (1955), «У Амерыцы» М.Горкага (1952) і раман А.Чайшвілі «Лело» (1953).

Хадыка Ўладзімір, нарадзіўся 03.01.1905 г. у вёсцы Цітва Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

З 12 год працаваў парабкам. У 1923 г. скончыў агульнаадукацыйныя курсы ў Менску. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Асака Дудзіцкага сельсавета. Два гады служыў у Чырвонай Арміі, а потым стаў сакратаром Дудзіцкага сельсавета. З 1929 г. жыў у Менску. Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк». 26.11.1936 г. арыштаваны, 05.10.1937 г. асуджаны на 10 год пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Іванаўскім і Марыінскім лагерах. Рэабілітаваны Прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 29.12.1954 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Загінуў 12.05.1940 г. на будоўлі чыгункі каля Ўлан-Удэ.

З вершамі выступіў у 1926 г. (часопіс «Чырвоны сейбіт»). Выйшлі зборнікі вершаў «Суніцы» (1926), «Выбраныя вершы» (1932, 1956), «Радасны будзень» (1935), «Вершы» (1969), «На ўзвеях дзён» (1986).

Пераклаў на беларускую мову аповесць К.Гарбунова «Ледалом» (1932), кнігу выбраных твораў У.Бахмецьева «Людзі і рэчы» (1934), творы М.Горкага («Мяшчане», «На дне», «Чалавек», «Дачнікі», «Дзеці сонца», «Варвары» і інш. склалі 5 і 6-ты тамы Збору твораў М.Горкага на беларускай мове, 1935), раман М.Шолахава «Ціхі Дон» (1935) і інш.

Харкоў Пётар, нарадзіўся 15.08.1922 г. на станцыі Хацень Сухініцкага раёна Калужскай вобласці (Расея) у сям'і чыгуначніка.

Скончыўшы Маскоўскую тэатральна-тэхнічную навучальню (1939), працаваў светлатэхнікам у Маскоўскім тэатры оперы. Восенню 1939 г. паступіў у Літаратурны інстытут у Маскве. Па заканчэнні вучобы (1943) накіраваны на Стэпавы фронт у армейскую газету «На штурм». Франтавымі дарогамі прайшоў ад Арлоўска-Курскай дугі да Ўсходняй Прусіі. З 1947 г. у акруговай газеце «Во славу Родины», у 1963-1965 гг. – уласны карэспандэнт газеты «Советская культура» па Беларусі. З 1966-1983 гг. – сябра рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР. Сябра СП СССР з 1962 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў і медалямі.

Памёр 10.01.1983 г.

У друку выступіў у 1940 г. з апавяданнямі. Пісаў на расейскай мове. У газетах і часопісах выступаў з нарысамі. Аўтар п'ес «От имени поколения» (1962, пастаўлена ў 1957), «Вечный огонь» (1967, пастаўлена ў 1963), «Репортаж из преисподней» (аперэта, музыка Я.Глебава, пастаўлена ў 1972), «Цветы на пепле» (пастаўлена ў 1978). Выйшлі кінасцэнарый «Пока бьется сердце» (1957), кніга «Подвиг без награды» (кінааповесць, п'есы, 1983).

Аўтар тэкстаў шэрагу песень, слоў да кантаты «Неизвестный солдат» (выканана ў 1970), цыкла вакальных паэм «Раздумье о любви» (апублікаваны ў 1973 пад назвай «Три вокальные поэмы»).

Харык Ізі (таксама Харык Ісак), нарадзіўся 17.03.1898 г. у вёсцы Зембін Барысаўскага раёна Менскай вобласці ў сям'і шаўца.

Вучыўся ў хедары, затым у расейскай народнай школе ў Зембіне. У юначыя гады працаваў рабочым на фабрыках і заводах Менска, Барысава, Гомеля. У 1917 г. пераехаў у Менск на пастаяннае жыхарства. Быў бібліятэкарам, загадчыкам агульнаадукацыйнай школы. У 1919 г. пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Прымаў удзел у баях на тэрыторыі Беларусі. Вучыўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В.Брусава, у 1927 г. скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. Пасля вяртання ў Менск у 1928-1937 гг. быў рэдактарам жыдоўскага часопіса «Штэрн» («Зорка»). Старшыня секцыі жыдоўскіх пісьменнікаў СП БССР. У верасні 1937 г. рэпрэсіраваны. 28.10.1937 г. Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 13.06.1956 г. Сябра ЦВК БССР у 1931-1934 гг. Член-карэспандэнт АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Расстраляны 29.10.1937 г.

Першыя вершы апублікаваў у 1920 г. (часопіс «Камуністычны свет», Масква). Пісаў на мове ідыш. Аўтар зборнікаў паэзіі «Трапятанне» (1922), «Мінскія балоты» (1924), «На зямлі» (Масква, 1926), «Душой і целам» (паэма, 1928), «Вершы і паэмы» (Кіеў, 1930), «Хлеб» (паэма, Харкаў, 1930), «Круглыя тыдні» (1932), «Ад полюса да полюса» (1934), «Наша бадзёрасць» (Кіеў, 1934), «Вершы і паэмы» (1935), «Пяць паэм» (1936), «На чужым балі» (паэма, 1936), «Душой і целам» (выбранае, Масква, 1970). У перакладзе на беларускую выйшлі Выбраныя творы (1958), «Выбранае» (1969), на расейскую «Стихи» (1935), «Стихи и поэмы» (Масква, 1958), «От полюса к полюсу» (Масква, 1971).

Хаўратовіч Віктар, нарадзіўся 21.06.1934 г. у вёсцы Стары Сінін Магілеўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1954-1956 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1957 г. скончыў Магілеўскі будаўнічы тэхнікум. У 1957-1958 гг. – майстар на будаўніцтве ў Самаркандзе (Узбекістан). Затым вярнуўся на Магілеўшчыну, дзе працаваў прарабам у саўгасах Горацкага, Краснапольскага, Слаўгарадскага раёнаў, майстрам, старшым інжынерам у будаўнічых арганізацыях Касцюковіч, Крычава, Слаўгарада, Краснаполля, настаўнікам Мхініцкай васьмігадовай школы Краснапольскага раёна, старшым тэхнікам «Белдзяржпраекта» ў Магілеве, у 1966-1968 гг. вучыўся ў Магілеўскім педінстытуце. У 1982-1989 гг. працаваў начальнікам прарабскага ўчастка ў Бялынічах. Сябра СП СССР з 1985 г.

Памёр 17.10.1991 г.

У друку выступаў з 1961 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Сонца на кельме» (1983), «Зямныя кодеры і гукі» (1990).

Хацкевіч Рыгор, нарадзіўся 01.02.1911 г. у вёсцы Ратуцічы Барысаўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Барысаўскі педагагічны тэхнікум (1930). Настаўнічаў у Барысаўскім раёне. Працаваў у чэрвеньскай раённай газеце (1931-1933), настаўнічаў у Крупках. У 1937 г. быў рэпрэсіраваны. Асуджаны на 5 год лагерных работ і сасланы на Поўнач, дзе працаваў у геалагічных партыях. У 1945 г. вярнуўся на Беларусь. Рэабілітаваны ў 1959 г. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школах Барысаўскага і Крупскага раёнаў. Вучыўся завочна ў Менскім педагагічным інстытуце. Каля дваццаці год выкладаў расейскую мову і літаратуру ў Днепрапятроўску.

Памёр 09.08.1979 г.

З вершамі ў друку выступіў у 1930 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборніка паэзіі «Налівайся, колас» (1932), кніжак вершаў для дзяцей «Наш пяты клас» (1962), «Бяроза на ўзлеску» (1977). Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці «На золку» (1972) і «Хмары над лесам» (1980).

Хвалей Яўген, нарадзіўся 01.01.1947 г. у вёсцы Белькаўшчына Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы (1965) працаваў будаўніком, у рэдакцыі стаўбцоўскай раённай газеты «Прамень». Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Настаўнічаў, працаваў у выдавецтве «Народная асвета», Менскім абласным Доме народнай творчасці, на Беларускім радыё і тэлебачанні. З 1985 г. – старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1989 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1963 г. (раённая газета «Прамень»). Аўтар кніг паэзіі «Ярына» (калектыўны зборнік «Нашчадкі», 1979), «Прычасце» (1983), «Зялёны прамень аеру» (1987), вершаванай казкі для дзяцей «Насціны гасціны» (1989).

У перыядычным друку выступае і як крытык. Перакладае вершы паэтаў народаў СССР. Укладальнік зборнікаў «Вершы» Якуба Коласа (1987), «Гары, агонь Кастрычніка» (1987) і інш.

Хведаровіч Мікола (сапр. Чарнушэвіч Мікалай), нарадзіўся 06.04.1904 г. у гарадскім пасёлку Капыль Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У часы першай сусветнай вайны як бежанец жыў у Калузе, у дзіцячым прытулку для дзяцей-бежанцаў. Займаўся ў гарадской навучальні. У 1918 г. вярнуўся дамоў і паступіў у Цімкавіцкую гарадскую навучальню. З прыходам немцаў працаваў батраком. Пасля прыходу Чырвонай Арміі (1919) – удзельнік прадатрадаў і часцей асобага прызначэння (ЧОН), адзін з арганізатараў камсамольскіх ячэек на Случчыне. У 1924 г. – камісар ваенкамата па дапрызыўнай падрыхтоўцы. У 1928 г. скончыў рабфак у Менску, а затым літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1931). Працаваў у часопісах «Партыйны работнік» і «Бальшавік Беларусі» (1929-1932), рэдактарам часопіса «Чырвоная Беларусь» (1932-1933), загадчыкам кабінета маладога аўтара СП БССР (1933-1934), адказным сакратаром часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1934-1937). У жніўні 1938 г. арыштаваны. Некалькі гадоў прабыў на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска. З 1941 г. знаходзіўся ва Усцьвытлагу (Комі АССР). З 1946 г. працаваў у г. Каршы (Узбекістан) загадчыкам планава-эканамічнага аддзела, з 1949 і да моманту рэабілітацыі (1955) жыў у г. Енісейску Краснаярскага краю, з 1956 г. – у Менску. Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 20.08.1982 г.

У друку пачаў выступаць з 1924 г. Выйшлі кніжкі паэзіі «Настроі» (1929), «Рытмы» (1930), «Баявыя песні» (1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932), «Ха» (жарты, пародыі, 1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Пасля навальніцы» (выбранае, 1965), «Зоркі на камені» (1968), «Крынічка» (1978), «Любістак» (выбранае, 1984). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1974). Для дзяцей выдаў кніжкі «Сонечны зайчык» (1961), «Лясныя званочкі» (1968), «Крылы» (1973), «Светлы дзянёк» (1984).

Выдаў кнігі ўспамінаў «Памятныя сустрэчы» (1960, 3-е выданне перапрацаванае ў 1977), «Незабыўнае» (1976) і аповесць «Споведзь перад будучыняй» (1978).

Пераклаў паэмы А.Пушкіна «Каўказскі нявольнік» (1937), «Бахчысарайскі фантан» (1938), «Казку пра цара Салтана» (часопіс «Полымя рэвалюцыі», 1937), раман А.Фадзеева «Апошні з удэге» (з А.Звонакам, 1935), паэмы З.Багрыцкага «Дума пра Апанаса» (часопіс «Маладняк», 1930) і Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» (з А.Звонакам, 1966), раман У.Кочатава «Браты Яршовы» (з І.Грамовічам, 1960), кнігу паэзіі Ш.Пецёфі «Ліра і меч» (1971).

Лаўрэат прэміі вугорскага агенцтва па літаратуры і мастацтву «Артысіуз» (1981) за прапаганду вугорскай паэзіі на беларускай мове.

Хейдарава Людміла, нарадзілася 11.02.1952 г. у пасёлку Ялізава Асіповіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і рабочага і настаўніцы.

Скончыла факультэт прыкладной матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1974). Працавала старшым інжынерам навукова-даследчага Інстытута электронных вылічальных машын. У 1980-1985 гг. – вядучы канструктар Беларускага навукова-даследчага і праектна-тэхналагічнага інстытута арганізацыі і кіравання будаўніцтвам пры Дзяржбудзе БССР, у 1985-1987 гг. – вядучы інжынер Менскага навукова-даследчага праектнага інстытута. З 1987 г. – старшы рэдактар, з 1990 г. – намеснік галоўнага рэдактара літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання. Сябра СП СССР з 1985 г.

Першая падборка вершаў апублікавана ў 1980 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар зборнікаў вершаў «Адведзіны рамонкавай паляны» (1985), «Тваё святло» (1988), драматычнай паэмы «Можна і Нельга» (1987) – усе выйшлі пад псеўданімам Людміла Паўлікава. З 1989 г. выступае пад прозвішчам Хейдарава. У перыядычным друку публікуе апавяданні, навелы.

Перакладае творы расейскіх, украінскіх паэтаў на беларускую мову.

Хомчанка Васіль, нарадзіўся 12.01.1919 г. у вёсцы Канічы Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Менскім хіміка-тэхналагічным тэхнікуме (1934-1935), на рабфаку пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. 05.04.1937 г. быў рэпрэсіраваны. Адбываў тэрмін на Далёкім Усходзё да красавіка 1941 г. у Ніжне-Амурскім лагеры. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР у 1969 г. У 1941-1968 гг. – у Савецкай Арміі. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях як камандзір мінамётнага ўзвода. У 1944 г. скончыў Буйнакскую пяхотную навучальню, у 1951 г. – Ваенна-юрыдычную акадэмію ў Маскве. У 1972-1985 гг. – загадчык рэдакцыі прозы выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1960 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Памёр 04.11.1992 г.

У 30-я гады выступіў у друку з вершамі (газета «Піянер Беларусі», часопіс «Іскры Ільіча»). Першыя кнігі апавяданняў выйшлі ва Ўладзіміры на расейскай мове – «Куда исчез гриб» (1957), «Жаворонок» (1958), «Рассказы» (1959). Піша пераважна для дзяцей. У Менску на беларускай мове выдаў зборнікі апавяданняў «Наша вячэра» (1959), «Рукавіцы генерала Даватара» (1960), «Аднойчы майскім днём» (1962), «Суседзі» (1962), «Чырвоны мак» (1964), «Верны рыцар» (1965), «Тваё чэснае слова» (1965), «Зімовы дождж» (1968), «Сустрэча з цудам» (1969), «Паляванне на львоў» (гумарэскі, 1970), «Цёплая зямля» (1971), «Я ўжо вялікі» (1972), «Уначы пад сонцам» (1974), «Паклон» (1976), «Лёгкая рука» (гумарэскі, апавяданні, 1979), аповесці «Чырвоныя хвалі» (1968), «Я прынёс вам радасць» (1981), «Пры апазнанні – затрымаць» (1983), кнігі аповесцей і апавяданняў «Бацькава шабля» (1982), «Чэкістам стала вядома» (1985), «Стрэл у акно» (1988) і раман «Вяртанне ў агонь» (1978). У 1975 г. выдаў «Выбранае», у 1979 г. – Выбраныя творы ў 2-х тамах.

Аўтар сцэнарыяў мастацкага фільма «Ветразі майго дзяцінства» (пастаўлены ў 1982) і тэлевізійнага «Незнаемая песня» (пастаўлены ў 1983). Пераклаў на беларускую мову казку Р.Кіплінга «Чаму ў слоніка доўгі нос» (1974).

Хромчанка Кузьма, нарадзіўся 25.10.1929 г. у пасёлку Калінаўка Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1951). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дзятлаўскай сярэдняй школе (Гарадзенскай вобласці, 1951-1953). Вучыўся ў аспірантуры (1953-1956), працаваў навуковым супрацоўнікам, вучоным сакратаром Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1956-1966). З 1966 г. на выкладчыцкай рабоце ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дацэнт кафедры беларускай літаратуры. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1983 г.

У друку выступае з рэцэнзіямі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі з 1957 г. Аўтар манаграфій «Піліп Пестрак: Жыццё і творчасць» (1960), «Беларуская мастацкая проза (канец XIX – пачатак XX ст.» (1979), навукова-папулярнай кнігі «За шчасце зямное» (1966).

Хурсік Сымон, нарадзіўся 13.02.1902 г. у вёсцы Снусцік Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Менскага беларускага педагагічнага тэхнікума (1925) настаўнічаў у мястэчку Валынцы, у Полацку. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына». У 1930 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 10.04.1931 г. быў арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Йашкар-Алу. Працаваў настаўнікам у школах Марыйскай і Чувашскай АССР, Казахскай ССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на 4-м Украінскім і 1-м Беларускім франтах, двойчы кантужаны. Пасля вайны зноў настаўнічаў. 13.10.1958 г. рэабілітаваны. З 1964 г. жыў у Карагандзе.

Памёр 31.03.1972 г.

Упершыню выступіў у друку з апавяданнем у 1924 г. (газета «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Першы паўстанак» (1925), «Шляхамі навальніц» (1930) і аповесці «Чорны мост» (1929-1930, часопіс «Маладняк»).

Пераклаў на беларускую мову аповесць А.Серафімовіча «Горад у стэпе» (1930).

Ц

Цвірка Кастусь, нарадзіўся 28.03.1934 г. у вёсцы Зялёная Дуброва Старадарожскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). У 1958-1959 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Труханавіцкай сярэдняй школе Капыльскага раёна. Быў літсупрацоўнікам раённай газеты «Рудзенская праўда», рэдактарам на Беларускім радыё, старшым метадыстам рэспубліканскага Дома народнай творчасці, старшым інспектарам Упраўлення па распаўсюджванні друку Міністэрства сувязі БССР. У 1972 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР і з таго часу – навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. З 1981 г. – старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва», з 1984 г. – рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Полымя». Кандыдат гістарычных навук. Сябра СП СССР з 1961 г.

Першы артыкул у рэспубліканскім друку з'явіўся ў 1951 г., першы верш – у 1953 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Такія сэрцы ў нас» (1959), «Бягуць раўчукі» (1962), «Чарназём» (1967), «Каласы» (1975), «Сцежка дадому» (1980), «Рэха дарог» (1982), «Хат вячысты дар» (вершы і паэма, 1982), «Зялёная Дуброва» (1987), «Лодка долі тваёй» (1988), а таксама кніжак вершаў і казак для дзяцей «Зайчыкаў хлеб» (1966), «Дарункі лесу» (1969), «Як Алесь згубіўся ў лесе» (1986), «Добрыя суседзі» (1988).

Выйшлі мастацкія нарысы, звязаныя з літаратурнымі мясцінамі Беларусі, – «Дарога ў сто год» (1974), «Той курган векавечны» (1985), а таксама манаграфія «Слова пра Сыракомлю» (1975).

Прыняў удзел у напісанні кнігі «Беларуская фалькларыстыка эпохі феадалізму» (1989) (з Г.Каханоўскім, Л.Малаш, 1989). Складальнік тома «Вяселле. Абрад» (1978), кнігі ўспамінаў пра З.Бядулю (з Я.Садоўскім, 1988), зборніка твораў Я.Чачота «Наваградскі замак» (1989).

Цітоў Канстанцін, нарадзіўся 26.10.1905 г. у сяле Сачкавічы Клімаўскага раёна Бранскай вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.

Скончыў Нова-Ропскую прафтэхшколу (Бранская вобласць, 1922), вучыўся на літаратурным факультэце Ленінградскага ўніверсітэта. Пасля трэцяга курса (1927) быў прызваны ў Чырвоную Армію. У 1937 г. здаў экстэрнам экзамены за ўніверсітэт. Працаваў у газетах «Советская Белоруссия» (1937-1938), «Літаратура і мастацтва» (1938-І 939), кансультантам СП БССР (1939-1940). У час Вялікай Айчыннай вайны служыў камандзірам эскадрона, карэспандэнтам армейскага і франтавога друку. Быў паранены. У пасляваенныя гады – на творчай працы ў Менску. Сябра СП СССР з 1939 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I і II ступеняў і медалямі.

Памёр 13.04.1972 г.

З вершамі ў друку выступіў у 1930 г., у беларускім – з 1934 г. Пісаў на расейскай мове. Аўтар зборнікаў паэзіі «Выступление в путь» (1941), «Мы поклялись» (Свярдлоўск, 1942), «Солдатские строки» (1947), «Искатели» (1956), «Сердце земли» (вершы і паэма, 1958), «Локоть друга» (вершы і паэма, 1961), «Ручеек» (1966), «Просто про любовь» (1970), «Следы на отмели» (1972), «Солнце загорается за Сожем» (1978), «Возвращение» (1986) і зборніка вершаваных казак для дзяцей «Якубова каша» (1960).

Працаваў і ў галіне прозы. Выйшлі нарыс «За честь заводской марки» (Варонеж, 1947), «Невыдуманные рассказы» (1967), кніжкі апавяданнў для дзяцей «Лесной маршрут» (1959, 2-е дапоўненае выданне ў 1975), «Изумрудный гусь» (1967).

Пераклаў на расейскую мову зборнік вершаў М.Смагаровіча «Снежинка» (1962), трылогію Р.Сабаленкі «Иду в жизнь» (1963), асобныя творы беларускіх паэтаў.

Цулукідзе Тамара, нарадзілася 19.12.1903 г. у горадзе Тбілісі (Грузія) у сям'і настаўніка.

У 1924 г. скончыла Тбіліскі дзяржаўны тэатральны інстытут і была прынята ў трупу Акадэмічнага тэатра імя Ш.Руставелі. Як «жонка ворага народа» (яе муж, вядомы рэжысёр А.Ахметэлі, быў расстраляны) з 1937 да 1946 г. знаходзілася ў турмах, лагерах, на лесапавале, на земляных работах, працавала санітаркай, медсястрой у Краснаярскім краі. У Сыктывкары (Комі АССР) арганізавала тэатр лялек. У 1946 г. была вызвалена, а праз два гады пераехала ў Курск, дзе працавала рэжысёрам абласнога тэатра лялек. Тут паўторна арыштавана па ранейшай справе і выслана ў Краснаярскі край, дзе пазнаёмілася з рэпрэсіраваным пісьменнікам А.Пальчэўскім (у 1948-1955 гг. жыў у Краснаярскім краі), стала яго жонкай. Рэабілітавана ў 1956 г. Зноў працавала ў тэатры імя Ш.Руставелі. З 1958 г. жыла ў Менску. Сябра СП СССР з 1967 г.

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалём.

Заслужаная артыстка Грузінскай ССР (1934).

Памерла 09.02.1991 г.

Літаратурную працу пачала з рэцэнзій і артыкулаў пра тэатр у 1933 г. у расейскай і грузінскай перыёдыцы. З 1959 г. выступала ў беларускім друку. Пісала на расейскай, беларускай і грузінскай мовах. Выдала кнігі для дзяцей «Театр кукол в школе» (1957), «Когда поднимается занавес» (1963), «К детям пришел вожатый» (1967), зборнікі пазнавальных нарысаў «Голубой факел» (1965, 2-е дапоўненае выданне ў 1970), аднаактовых п'ес – «Твое честное слово» (1973). У Тбілісі выйшла кніга мемуараў «Всего одна жизнь» (1983) і напісаны па-грузінску зборнік апавяданняў «Вяртанне» (1989).

Пераклала з грузінскай мовы на беларускую раман Ц.Данжашвілі «На Алазані» (з А.Пальчэўскім, 1959), асобныя творы іншых празаікаў.

Цяжкі Артур, нарадзіўся 23.07.1943 г. у вёсцы Лылойці Смаргонскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Свірскай сярэдняй школы Мядзельскага раёна (1963) працаваў у смаргонскай раённай газеце «Светлы шлях» літсупрацоўнікам. У 1963-1967 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1967-1968 гг. – літсупрацоўнік раённай газеты. З 1969 г. – карэспандэнт газеты «Чырвоная змена», з 1971 г. – уласны карэспандэнт гэтай газеты па Берасцейскай вобласці, у 1972-1975 гг. і ў 1978 г. – карэспандэнт берасцейскай абласной газеты «Заря». У 1974 г. скончыў завочнае аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1975-1977 гг. – карэспандэнт раённай газеты «Астравецкая праўда», з верасня 1978 г. – адказны сакратар Гарадзенскага абласнога таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, у 1979 г. – карэспандэнт газеты «Голас Радзімы», са снежня 1979 г. – карэспандэнт газеты «Знамя юности», у 1981-1984 гг. – рэдактар Гарадзенскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці. Сябра СП СССР з 1982 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 05.04.1984 г.

Першыя апавяданні апублікаваў у 1966 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Сустрэча пасля вясны» (1980), «Пара блакітных дажджоў» (1982), «Дзе мой дом?..» (1986).


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю