Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"
Автор книги: Аляксей Гардзіцкі
Жанр:
Справочники
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 37 страниц)
Узнагароджаны медалём.
Першы верш апублікаваў у 1956 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў для дзяцей «Камандзір зялёнага патруля» (1967), «Загадка без адгадкі» (1972), «Бі, барабан!» (1972), «Хто каго?» (1978), «Пераправа» (1987), «Сакрэт тэлепата» (1989).
Зарэцкі Міхась (сапр. Касянкоў Міхаіл), нарадзіўся 20.11.1901 г. у сяле Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і дзяка.
Дзяцінства прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам. У 10 год аддадзены ў Аршанскую духоўную навучальню, а затым – у Магілеўскую духоўную семінарыю, якую пакінуў, калі пачалася рэвалюцыя. Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часці. З лютага 1919 г. настаўнічаў на Магілеўшчыне, потым прызначаны загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы. У 1920-1926 гг. – палітработнік Чырвонай Арміі. Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», з 1927 г. – у аб'яднанне «Полымя». Да лістапада 1936 г. працаваў у АН БССР. 03.10.1936 г. арыштаваны. Прыгавор Ваеннай калегіі ад 28.10.1937 г. адменены Вярхоўным судом БССР 07.12.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 29.10.1937 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1922 г. у газеце «Савецкая Беларусь». У 1925 г. выйшлі з друку два зборнікі апавяданняў «У віры жыцця» і «Пела вясна». Услед за імі – «Пад сонцам» (1926), «42 дакументы і Двое Жвіроўскіх» (1926), «На чыгунцы» (1928), «Ракавыя жаронцы» (1930, уключаны і п'есы «Віхор на балоце» і «Белыя ружы»), апавяданне «Бацькаў сын» (1932), аповесць «Голы звер» (1926), раманы «Сцежкі-дарожкі» (1928), «Вязьмо» (1932), кніжкі нарысаў «Падарожжа на новую зямлю» (1929), «Лісты ад знаёмага» (1931). Аўтар п'ес «Сымон Карызна» (1935), «Ная» (1936) і інш., а таксама кінасцэнарыя «Пачатак шчасця». У 1975 г. выдадзены зборнік выбраных апавяданняў «Пачатак шчасця», у 1989-1991 гг. выйшаў Збор твораў у 4 тамах. Выступаў і як крытык.
Пераклаў на беларускую мову раман «Цэмент» Ф.Гладкова (1930), «Прыгода ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака (ч. 1, 1931).
Засім Мікола, нарадзіўся 19.11.1908 г. у вёсцы Шані Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Працаваў па найме, на Пружанскім лесапільным заводзе. У 1924 г. уступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, затым у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. За ўдзел у рэвалюцыйным руху польскія ўлады яго не раз арыштоўвалі. У 1925 г. зняволены ў пружанскую турму. Пасля ўз'яднання (1939) абраны старшынёй Шанеўскага сельсавета. У час Вялікай Айчыннай вайны – партызан, інструктар Берасцейскага абласнога антыфашысцкага камітэта. У 1944-1946 гг. – загадчык аддзела Пружанскага райвыканкома. Пасля заканчэння Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ (1948) працаваў у берасцейскай абласной газеце «Заря» (1948-1957), затым – у раённай газеце «Заря над Бугом». Кіраваў абласным літаб'яднаннем. Сябра СП СССР з 1945 г.
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.
Памёр 19.07.1957 г.
Вершы пачаў друкаваць у 1928 г. у часопісах «Маланка», «Літаратурная старонка», «Асва», газетах «Наша воля», «Наша праца», у Айчынную вайну – у падпольных газетах «Заря», «За Родину». Выйшлі зборнікі паэзіі «Ад шчырага сэрца» (1947), «Вершы» (1954), «Выбранае» (1960), «Вершы» (1973), «А за намі Белавежа» (вершы і паэма, 1984).
Звонак Алесь (сапр. Звонак Пётар), нарадзіўся 14.02.1907 г. у горадзе Менску ў сям'і рабочага.
Выхоўваўся ў дзіцячым доме. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі (1925) накіраваны адказным сакратаром газеты «Чырвоная Полаччына». Узначальваў полацкую філію «Маладняка». З 1927 г. працаваў на Беларускім радыё, з 1929 г. – у часопісе «Маладняк». У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1934 г. – аспірантуру Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Працаваў у АН БССР (1934-1935), у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1935-1936). У лістападзе 1936 г. арыштаваны, у 1937 г. асуджаны на 10 год зняволення, якое адбываў у лагерах Магаданскай вобласці. Пасля адбыцця тэрміну працаваў геолагам аб'екта, галоўным геолагам прадпрыемства (Магаданская вобласць). 29.12.1954 г. Вярхоўным судом рэабілітаваны. З 1955 г. жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1936 г.
Узнагароджаны медалём.
З вершамі ў друку выступіў у 1925 г., а ў 1926 г. разам з Я.Бобрыкам і Я.Туміловічам выдаў зборнік «Пунсовае ранне». Аўтар зборнікаў вершаў «Буры ў граніце» (1929), «На лінію агню» (1932), «Мая Радзіма» (1935), «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961, вершы і паэмы), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (вершы і паэма, 1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), паэм «Каршун» (1930) і «Загай» (1931). У 1977 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1987 г. – «Сябрына: Выбраныя творы».
Выступае ў галіне крытыкі, драматурпі тэатра і кіно. Аўтар п'есы «Навальніца будзе» па матывах трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» (1960, пастаўлена ў 1959), сцэнарыяў навукова-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). У 1973 г. выдаў кнігу артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы».
Пераклаў на беларускую мову «Дуэль. Іоныч» А.Чэхава (1931), «Апошні з удэге» А.Фадзеева (з М.Хведаровічам, 1935), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі (з М.Хведаровічам, 1966), зборнік лірыкі Д.Кугульцінава «Святло жанчыны» (1975), асобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, М.Святлова, У.Лугаўскога, А.Пракоф'ева, Я.Смелякова, М.Галоднага, М.Рыльскага. М.Бажана, П.Тычыны, А.Малышкі, У.Сасюры, Т.Масэнкі, Р.Гамзатава, А.Туманяна, І.Бехера, У.Кавальскага, Ю.Славацкага і інш.
Знаёмы Сяргей (сапр. Клопаў Сяргей), нарадзіўся 27.06.1909 г. у вёсцы Звоня Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Падлеткам працаваў рабочым на запалкавай фабрыцы «Чырвоная Бярэзіна» ў Барысаве. Быў рабкорам, затым рэдактарам шматтыражнай газеты «Чырвоны Бярэзінец». У 1930 г. скончыў літаратурна-крытычнае аддзяленне літаратурна-лінгвістычнага факультэта Вышэйшага педагагічнага інстытута. Выкладаў расейскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 11 у Барысаве. З вясны 1936 г. працаваў літаратурным рэдактарам на Беларускім радыё. Арыштаваны 26.11.1936 г. 04-05.10.1937 г. асуджаны на 8 год зняволення ў лагеры. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 29.12.1954 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
20.01.1944 г. уцёк з Паўночна-Усходняга лагера, і звестак пра яго далейшы лёс няма.
У друку выступаў з 1929 г. Аўтар кнігі падарожных нататак «Відагоршчы» (1930), зборнікаў нарысаў «Дом № 31» (1930), «За дамбаю» (1931), «Лес гарыць» (1932), аповесцей «Ганчары» (1933) і «Біяграфія майго героя» (1935).
Запісваў і даследаваў беларускі фальклор. Займаўся мастацкім перакладам з расейскай, украінскай і іншых моў.
Зуб Валянцін, нарадзіўся 09.01.1915 г. у горадзе Менску ў сям'і рабочага.
Пасля заканчэння Менскага хіміка-тэхналагічнага тэхнікума харчовай прамысловасці (1935) працаваў на хлебазаводзе ў г. Вялікі Ўсцюг Валагодскай вобласці, затым у Менску ў трэсце «Галоўхлеб». У 1939 г. паступіў на сцэнарны факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве, які скончыў у 1943 г. У першы ваенны год быў у народным апалчэнні. Працаваў сцэнарыстам на сцэнарнай студыі ў Маскве (1943-1944), старшым рэдактарам на кінастудыі «Беларусьфільм» (1944-1946), фельетаністам, загадчыкам аддзела рэдакцыі часопіса «Вожык» (1946-1975). Сябра СП СССР з 1952 г.
Памёр 11.08.1980 г.
Узнагароджаны медалямі.
Першае апавяданне надрукаваў у 1938 г. (часопіс «Полымя рэвалюцыі»). Аўтар аповесці для дзяцей «Таямнічы надпіс» (1953), зборнікаў апавяданняў «Сапернікі» (гумарыстычныя творы, 1958), «Пад вясновым сонцам» (1960), «Як Толік праславіўся» (1962), «Чорны кот» (гумарыстычныя творы, 1973). У 1985 г. выйшла кніга аповесцей і апавяданняў «Таямнічы надпіс».
Выступаў і ў галіне драматургіі. Выйшлі зборнікі п'ес «Дружная сям'я» (1955), «Злавацца не трэба» (1961, аднайменная п'еса пастаўлена ў 1960), «Аперацыя «Шафа» (1967), «П'есы» (1972), «Нарада ў загсе» (1972), «Не спяшайцеся караць» (1975), «Тыдзень вечнага кахання» (1982), «Надзейная апора» (1985), п'есы «Сябры» (1960, з Ю.Багушэвічам, пастаўлена ў 1958), «Марат Казей» (1963, пастаўлена ў 1964), «Нечаканае знаёмства» (1963, пастаўлена ў 1962), «Юнацтва рыцара» (1972, пастаўлена ў 1970), «Тыдзень вечнага кахання» (1976, пастаўлена аперэта на музыку Ю.Семянякі ў 1975), шэраг аднаактовак. Напісаў некалькі сцэнарыяў навукова-папулярных фільмаў (фільм «Фіноз» атрымаў дыплом на Міжнародным фестывалі дакументальных фільмаў у Чэхаславакіі ў 1964 г.).
Зуёнак Васіль, нарадзіўся 03.06.1935 г. у вёсцы Мачулішча Крупскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1954 г. скончыў Барысаўскую педагагічную навучальню і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1959) працаваў у рэдакцыі газеты «Рабочае юнацтва» (Менск), з 1960 да 1966 г. – у газеце «Піянер Беларусі». Быў галоўным рэдактарам часопіса «Бярозка» (1972-1978). У 1966-1972 гг. – намеснік галоўнага рэдактара, у 1978-1982 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». У 1982-1989 гг. – сакратар, у 1989-1990 гг. – першы сакратар, з 1990 г. – старшыня СП Беларусі. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1966 г.
Выступае ў друку з вершамі з 1954 г. Аўтар кніжак паэзіі «Крэсіва» (1966), «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980), «Час вяртання» (1981), «Світальныя птушкі» (1982), «Лукам'е» (1984), «Жніўны дзень: Выбранае» (1985), «Вызначэнне» (1987), «Лета трывожных дажджоў» (1990), зборніка гумарыстычных вершаў «Качан на п'едэстале» (1973), кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Лінія высокага напружання» (1983). Напісаў кніжкі нарысаў і замалёвак для дзяцей «Любіць прыроду – любіць Радзіму» (1962), «Працай славіцца чалавек» (1963) і паэтычныя зборнікі «Вясёлы калаўрот» (1965), «Жылі-былі пад вадой» (1969), «Сонечны клубочак» (1972), «Будзем сілы набірацца» (1974), «Шапка-ўсёвідзімка» (1983), «Хата, поўная гасцей» (1987).
Перакладае з расейскай, украінскай, балгарскай, польскай, славацкай, сербскай і іншых моў. Разам з Р.Барадуліным пераклаў кніжку вершаў У.Лучука «Возера-Бульдозера» (1978).
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) за кнігу вершаў «Сяліба», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1982) за паэму «Маўчанне травы».
Зьніч (сапр. Бембель Алег), нарадзіўся 16.12.1939 г. у горадзе Менску ў сям'і скульптара.
Вучыўся на энергетычным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (1956-1959). Скончыў Менскую музычную навучальню (1963) і Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (1969) па спецыяльнасці фартэпіяна. Працаваў выкладчыкам у музычных школах Менска, у гарадах Глыбокім Віцебскай вобласці і Тарусе Калужскай вобласці. У 1971-1974 гг. – аспірант Інстытута філасофіі і права АН БССР, у 1974-1983 і 1984-1987 гг. – навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Сябра СП СССР з 1989 г.
У друку з вершамі пачаў выступаць у 1979 г. Аўтар кніг паэзіі «Рэха малітвы» (Нью-Ёрк, 1988), «Саната ростані» (Беласток, 1988). У Беларусі вершы друкаваліся ў калектыўным зборніку «Крыло» (1984), у «Днях паэзіі» (1982, 1983, 1984), у газетах «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Маладосць», «Беларусь», «Крыніца».
Выступае з філасофска-эстэтычнымі даследаваннямі, прысвечанымі праблемам нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў мастацкай культуры. Напісаў працу «Н.Г.Чернышевский и проблемы национального в духовной культуре» («Н.Г.Чернышевский и его наследие». Новасібірск, 1980). У 1985 г. у Лондане выйшла філасофска-сацыялагічнае даследаванне «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс».
І
Іваноў Анатоль, нарадзіўся 15.11.1914 г. у сяле Зямлянск Сямілукскага раёна Варонежскай вобласці (Расея) у сям'і каваля.
У 1932 г. скончыў аднагадовыя курсы па падрыхтоўцы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і паступіў у Варонежскі медыцынскі інстытут. Пасля заканчэння яго (1937) – ваенны лекар. Служыў на Далёкім Усходзе. Удзельнічаў у 1938 г. у баях ля возера Хасан, а ў 1945 г. – у разгроме японскай Квантунскай арміі. З 1946 г. служыў у Беларускай ваеннай акрузе. У 1963 г. дэмабілізаваўся. Жыве ў Бабруйску. Сябра СП СССР з 1954 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.
У 1933 г. у інстытуцкай шматтыражцы апублікаваў першыя вершы. Піша на расейскай мове. Аўтар апавяданняў, рамана «На Дальнем Востоке» (1954, апошняе перавыданне ў 1986) і аповесці «Под нами цель» (1976).
Івашын Васіль, нарадзіўся 09.05.1913 г. у вёсцы Ляхавічы Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1933 г. скончыў Менскі транспартна-эканамічны тэхнікум. Адзін год працаваў тэхнікам-эканамістам Белкааппрамсавета. У 1934 г. паступіў на літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння інстытута (1938) выкладаў мову і літаратуру ў Віцебскай педнавучальні. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1946-1948 гг. выкладаў мову і літаратуру ў Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КПБ. Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры АН БССР (1949). Быў навуковым супрацоўнікам, а ў 1954-1967 гг. загадваў сектарам беларускай савецкай літаратуры гэтага інстытута. У 1967-1978 гг. – дырэктар навукова-даследчага Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР, з 1978 г. – старшы навуковы супрацоўнік-кансультант гэтага інстытута. Акадэмік АПН СССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1954 г.
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
У друку з літаратурна-крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі выступае з 1949 г. Аўтар манаграфій «Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905-1907 гг.» (1953), «М.Горький и белорусская литература начала XX века» (1956), «У истоков социалистического реалнзма» (1963), «Да вышынь рэалізму» (1983), «Выверанае жыццём» (1988), брашур «Янка Купала – вялікі народны паэт» (1952), «Рэвалюцыя 1905-1907 гг. і развіццё беларускай літаратуры» (1955), дакладаў на Міжнародных з'ездах славістаў «Асноўныя асаблівасці развіцця сучаснай беларускай літаратуры» (з Н.Перкіным, 1958), «Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.» (з В.Барысенкам, 1963). Сааўтар падручнікаў для 8 класа «Беларуская літаратура» (з В.Барысенкам, 1959-1978), для 9 класа «Беларуская літаратура» (з М.Лазаруком, 1979-1990), кнігі «Изучение русской литературы во взаимосвязи с белорусской» (з М.Лазаруком, А.Ленсу, 1988) і іншых прац па метадалогіі і методыцы выкладання літаратуры ў школе.
Іверс Анатоль (сапр. Міско Іван), нарадзіўся 15.05.1912 г. у вёсцы Чамяры Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
За ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху быў выключаны з Віленскай (1928), Клецкай (1929) і Наваградскай (1931) гімназій. Пасля ўз'яднання Беларусі працаваў літаратурным работнікам слонімскай раённай газеты «Вольная праца» (1939-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны – адзін з арганізатараў падпольнага антыфашысцкага руху, з лістапада 1943 г. – партызан брыгады імя Ракасоўскага, у сакавіку 1944 г. абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта. Выдаваў антыфашысцкую газету «Беларусь». У пасляваенныя гады працаваў у Слонімскім гарсавеце, у рэдакцыі раённай газеты «За перамогу камунізму», у лесахімічнай прамысловасці. У 1976-1984 гг. – сакратар слонімскага раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Жыве ў Слоніме. Сябра СП СССР з 1940 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Выступаць у друку з вершамі пачаў у 1934 г. У 1939 г. у Вільні выйшаў зборнік вершаў «Песні на загонах». Апублікаваў зборнікі паэзіі «З пройдзеных дарог» (1970), «Жыву ў бацькоўскім краі» (вершы і паэмы, 1982), «Я пайшоў бы ўслед за летам» (1987).
Іпатава Вольга, нарадзілася 01.01.1945 г. у гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.
Пасля смерці маці выхоўвалася ў дзіцячым доме (1956-1961). У 1961 г. скончыла ў Горадні сярэднюю школу № 7 і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1963 г. перавялася на завочнае аддзяленне (скончыла ў 1967). Настаўнічала ў вёсцы Руба на Віцебшчыне, працавала таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі (1964), інструктарам, загадчыкам сектара ў Гарадзенскім гаркоме камсамола (1965-1968), рэдактарам на абласной студыі тэлебачання (1968-1970). У 1970-1973 гг. – літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», затым літкансультант газеты «Чырвоная змена». У 1975-1978 гг. – аспірантка Літаратурнага інстытута ў Маскве. Зноў працавала літкансультантам у «Чырвонай змене» (1978-1979). У 1985-1989 гг. – галоўны рэдактар літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання. З 1989 г. – загадчык аддзела, з 1990 г. – намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына». Сябра СП СССР з 1970 г.
Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалём Францыска Скарыны.
Друкуецца з 1959 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Раніца» (1969), «Ліпеньскія навальніцы» (1973), «Парасткі» (1976), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Вецер над стромай» (1977, расейскае выданне, Масква, 1980, адзначана на Ўсесаюзным конкурсе імя М.Горкага, 1981), «Дваццаць хвілін з Немезідай» (1981), «Перакат» (1984), «За морам Хвалынскім» (1989), кніжак для дзяцей «Снягурка» (1974) і «Казка пра Паўліна» (1983). Напісала тэлеп'есу «Давыд Гарадзенскі» (пастаўлена ў 1988).
К
Кабаковіч Ала (сапр. Кабаковіч-Тычына Ала), нарадзілася 07.03.1943 г. у в. Гутава Драгічынскага р-на Берасцейскай вобл. у сялянскай сям'і.
Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964), аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). У 1964-1966 гг. – рэдактар на Беларускім радыё, у 1971-1985 гг. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук.
Памерла 11.02.1985 г.
У друку выступіла ў 1970 г. з вершамі (часопіс «Неман»). Аўтар кніг па крытыцы і літаратуразнаўству «Паэзія Максіма Багдановіча: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага» (1978), «Беларускі свабодны верш» (1984), «Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі» (1989). Сааўтар манаграфіі «Паэзія абнаўлення свету» (з І.Шпакоўскім, Н.Шукліной, 1981). Перакладала на расейскую мову творы беларускіх паэтаў.
Кабржыцкая Таццяна, нарадзілася 15.08.1941 г. у горадзе Кіеве (Украіна) у сям'і служачых.
У час Вялікай Айчыннай вайны была эвакуіравана ў Алма-Ату. У 1946 г. сям'я пераехала ў Львоў. Скончыла філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964). Працавала завучам Вязаўскай сярэдняй школы на Львоўшчыне (1964-1966), рэдактарам выдавецтва Львоўскага ўніверсітэта (1966-1967), вучылася ў аспірантуры пры гэтым універсітэце (1967-1971). У 1971-1980 гг. – навуковы супрацоўнік навукова-даследчага Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР, з 1980 г. – дацэнт кафедры расейскай савецкай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1990 г.
У друку выступае з рэцэнзіямі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі з 1963 г. З В.Рагойшам выдала кнігі «Карані дружбы: Беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку XX ст.» (1976), «Слядамі знічкі: Пра Сяргея Палуяна» (1990) і падрыхтавала да публікацыі кнігу С.Палуяна «Лісты ў будучыню» (1989).
На ўкраінскую мову пераклала творы М.Багдановіча, У.Караткевіча, асобным выданнем выйшлі аповесці В.Быкава «У тумане», «Аблава», раман «Мёртвым не баліць» (Кіеў, 1990). З украінскай мовы пераклала кнігу для настаўнікаў Д.Тхаржэўскага і Ў.Гекта «Праблемнае навучанне...» (1986).
Каваленка Віктар, нарадзіўся 21.07.1929 г. у вёсцы Сакаўшчына Валожынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1948 г. скончыў Лідскую педагагічную навучальню. Працаваў настаўнікам Дабравольскай сямігадовай школы на Гарадзеншчыне. У 1949-1953 гг. вучыўся на факультэце мовы і літаратуры Менскага педагагічнага інстытута. Працаваў у Свірскім раёне выкладчыкам мовы і літаратуры Сырмежскай СШ, дырэктарам Кемелішскай СШ. У 1955 г. паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Пасля заканчэння аспірантуры (1958) – навуковы супрацоўнік, з 1982 г. дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1962 г. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1981). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.
У друку выступае з 1952 г. як крытык і літаратуразнавец. Выдаў кнігі «Пошукі і здзяйсненні» (1963), «Давер» (1967), «Голас чалавечнасці» (1970), «З пазіцый сучаснасці» (1975, 2-е выданне 1982), «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць» (1975), «Прага духоўнасці» (літаратурна-крытычныя артыкулы, 1975), «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1977), «Жывое аблічча дзён» (1979), «Иван Шамякин: Очерк творчества» (Масква, 1979, на беларускай мове ў 1980), «Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры» (1981), «Общность судеб и сердец: Белорусская проза о Великой Отечественной войне в контексте русской и других литератур» (1985), «Покліч жыцця» (1987), «Веліч праўды: Выбранае» (1989). Напісаў на VIII Міжнародны з'езд славістаў даклад «Некаторыя асаблівасці параўнальнага вывучэння славянскіх літаратур запозненага развіцця» (1973). З'яўляецца сааўтарам кнігі «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (з М.Мушынскім, А.Яскевічам, 1972), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), «Истории советской многонациональной литературы» (1974), «Истории белорусской советской литературы» (1974).
Аўтар рамана «Падвышанае неба» (1978). Лаўрэат прэміі СП СССР (1976) за кнігу «Прага духоўнасці», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у стварэнні даследавання «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы».
Кавалёў Дзмітры, нарадзіўся 17.06.1915 г. у горадзе Ветка Гомельскай вобласці ў сям'і каваля.
У 1939 г. скончыў вячэрні рабфак у Нова-Беліцы (цяпер Нова-Беліцкі раён Гомеля), працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Раманавіцкай сярэдняй школе Гомельскага раёна і адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Ленінградскага ўніверсітэта. У студзені 1941 г. прызваны служыць на Паўночны флот. У час Вялікай Айчыннай вайны – стралок марской пяхоты, падводнік, адказны сакратар газеты брыгады падводных лодак «Боевой курс». Пасля дэмабілізацыі (1946) дзевяць год жыў у Менску, працаваў у рэспубліканскім друку. У 1957 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1956 г. жыў пастаянна ў Маскве. Быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Смена», загадчыкам рэдакцыі расейскай прозы і паэзіі выдавецтва «Молодая гвардия», выкладчыкам і кіраўніком паэтычнага семінара ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. Сябра СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 05.03.1977 г.
Першы верш апублікаваў у 1937 г. (газета «Палеская праўда»). Пісаў на расейскай мове. Выдаў у Менску зборнікі паэзіі «Далекие берега» (1947), «Стихи» (1950), «Мы не расстаемся» (1953), «Рябиновые ночи» (1958), «Кому что дорого» (выбранае, 1982), аповесць «О мальчике Женьке из села Нижние Деревеньки» (1955). У Маскве выйшлі кнігі вершаў «Солдатские думы» (1958), «Тишина» (1958), «Студеное солнце» (1961), «Солнечная ночь» (1963), Молчание гроз» (1964), «Рожь» (1964), «Ветреный день» (1967), «Зеленый дым». (1968), «Озимь» (1968), «Тревожный мир» (1970), «Зябь» (1971), «Годы» (выбранае, 1971), «Чуткая глубина» (1973), «Тревожная совесть» (1975), «Мечты н память» (выбранае, 1977), «Мое время» (выбранае, 1977), «Лирика» (1979), «Дороги жизни и любви» (выбранае, 1985). У Мурманску выйшаў зборнік вершаў «Море, море!..» (выбранае, 1976). Выйшла кніга крытыкі і публіцыстыкі «Наедине с жизнью» (Масква, 1979).
Пераклаў на расейскую мову зборнікі паэзіі Н.Гілевіча «Песню бярыце з сабою» (1959), А.Лойкі «Мая планета» (1971), М.Сурначова «Адна любоў» (1971), А.Грачанікава «Зоркі і курганы» (1976), С.Данілава і С.Джуры, раман І.Мележа «Подых навальніцы» (1967), кнігі прозы Я.Брыля «Жменя сонечных промняў» (1968), «Акраец хлеба» (1977), дакументальную кнігу А.Адамовіча, Я.Брыля і Ў.Калесніка «Я з вогненнай вёскі...» (1977), паасобныя вершы беларускіх паэтаў.
Кавалёў Павал, нарадзіўся 18.11.1912 г. у вёсцы Склімін Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1930 г. скончыў педагагічныя курсы і настаўнічаў у пачатковай школе ў вёсцы Пожар. З 1931 г. быў сакратаром рэдакцыі клімавіцкай, затым смалявіцкай раённых газет. У 1936 г. скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі імя. С.М.Кірава ў Менску. Працаваў у газетах «Звязда» (1936-1941), «Савецкая Беларусь» (1941-1943), у Цэнтральным штабе партызанскага руху (1943-1944), памочнікам сакратара ЦК КПБ (1944-1946). З 1946 г. – адказны сакратар праўлення СП БССР, з 1955 г. – галоўны рэдактар часопіса «Вожык», у 1967-1972 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Полымя». У 1966 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1945 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1978).
Літаратурную працу пачаў з нарысаў у 1929 г. Выйшлі нарысы «Герой Савецкага Саюза Аляксей Антоненка» (пад псеўданімам Павал Віхроў, 1943), «Герой Савецкага Саюза Уладзімір Лабанок» (1945), «Калгас імя Янкі Купалы» (1948), «Сярод людзей калгасных» (1959). Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Прага бою» (апавяданні і нарысы, 1945), «Аповесці пра добрае сэрца» (1950), «У новы дзень» (1952), «Каб шчасліва жыць» (1953), «Апавяданні» (1956), «Сонца ў вокны» (1962), «Падзенне Хвядоса Струка» (1967), «Пакінь нас, трывога» (1977), зборнікаў гумарыстычных апавяданняў «Пісьмо ў два адрасы» (1959), «Павер, кахаю...» (1969) і «Як здароўе, доктар?» (1972), а таксама аднаактовых п'ес «Подзвіг. Родная кроў» (1945).
Выдаў для дзяцей кнігі прозы «Андрэйка» (1948), «Згублены дзённік» (1954), «Сябры мае, дзеці» (1959), «Лёнька Гром» (1961), «Малы мужчына» (1966), «Чырвоны лядок» (1969), «Жыві сабе, зайчык» (1975). У 1972 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1987 г. – «Выбранае».
Выдаў брашуры «Беларуская савецкая літаратура ў пасляваенны перыяд» (1950), «Беларуская савецкая літаратура ў барацьбе за мір» (1951).
Пераклаў на беларускую мову раман А.Гуляшкі «МТ станцыя» (1955), аповесці С.Шляху «Таварыш Ваня» (1957), С.Баруздзіна «Пажарная дружына» (1982), п'есы А.Гоў і д'Юссо «Глыбокія карэнні» (1948), В.Мінко «Не называючы прозвішчаў» (1954), паасобныя апавяданні А.Чэхава, М.Горкага, А.Аверчанкі, Г.Рыкліна, В.Ардава, А.Вішні, І.Ле, Ю.Збанацкага. М.Ібрагімава, І.Шыхлы, Мірмухсіна, Х.Назіра, Б.Каюмава, А.Тодарава, А.Нэнсіна, Д.Джуравіча, І.Потрч і інш.
Кавалёў Сяргей, нарадзіўся 20.06.1963 г. у горадзе Магілеве ў сям'і рабочых.
Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1985), аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта (1988). З 1988 г. там жа выкладае гісторыю старажытнабеларускай літаратуры, Сябра СП СССР з 1989 г.
У друку выступае з 1980 г. як крытык, паэт, аўтар твораў для дзяцей. У 1988 г. выдаў падборку вершаў «Шыпшына» ў калектыўным зборніку «Лагодны промень раніцы», кнігу казак «Мэва». Аўтар кнігі пра маладую беларускую паэзію 80-х гг. «Як пакахаць ружу» (1989).
У 1989 г. на Беларускім тэлебачанні пастаўлена п'еса «Падарожжа з Драўляным Рыцарам».
Каваль Васіль (таксама Кавалёў Васіль), нарадзіўся 17.08.1907 г. у вёсцы Сава Горацкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1925 г. вучыўся на агульнаадукацыйных курсах пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і восенню паступіў у Магілеўскі педагагічны тэхнікум, але неўзабаве вярнуўся ў родную вёску. Вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1926-1927, 1928-1929). Працаваў у рэдакцыі часопіса «Маладняк». Службу ў Чырвонай Арміі праходзіў як ваенны журналіст у Смаленску. У 1936 г. рэпрэсіраваны. Асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 29.10.1937 г.
У друку пачаў выступаць у 1926 г. з вершамі і апавяданнямі. Выйшлі зборнікі апавяданняў «Як вясну гукалі» (1927), «На загонах» (1928), «Крыніца» (1929), Выбраныя творы (1932) і «Выбранае» (1959), а таксама аповесці для дзяцей «Санька-сігналіст» (1936) і «Следапыты» (1961).
Кавальскі Ўладзімір, нарадзіўся 21.10.1912 г. у сяле Варонеж Карукаўскага раёна Чарнігаўскай вобласці (Украіна) у сям'і служачага.
Пасля смерці бацькі (1925) працаваў на цукровым заводзе, у фасфарытных шахтах (Ярмолінскі раён), кур'ерам у банку (г. Хмяльніцкі), сакратаром сельсавета (вёска Зарэчча Праскураўскага раёна). У 1929-1930 гг. вучыўся ў польскай тэатральнай студыі ў Кіеве. З 1930 г. – загадчык польскага сектара Камітэта радыёвяшчання пры Саўнаркоме БССР. Адзін з арганізатараў і кіраўнік польскай секцыі СП БССР. У лістападзе 1937 г. рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны 18.09.1979 г. ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 28.12.1937 г.
З першымі публікацыямі выступіў у 1929 г. у газеце «Орка» («Ворыва»). Пісаў на польскай мове. Друкаваўся ў цэнтральных польскіх газетах СССР і ў часопісе «Культурная Масква». Аўтар зборнікаў «Паэзія» (1934), «Дзве паэмы» (1934), «Дарога на Поўнач» (1935), «Вершы пра Грузію» (1936).
Напісаў п'есы «Штурм чарнаводаў» (пастаўлена ў польскім тэатры ў Кіеве, 1931), «Сям'я Варанцовых» (рыхтавалася да пастаноўкі ў польскім тэатры ў Менску, 1935).
Кавыль Міхась (сапр. Лешчанка Язэп), нарадзіўся 01.11.1915 г. у вёсцы Покаршаў Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Грэскую сямігодку. Вучыўся на пазашкольным аддзяленні Беларускага педагагічнага тэхнікума ў Менску (1930-1933). Быў сябрам «Маладняка». 23.02.1933 г. арыштаваны і асуджаны на 3 гады няволі. Адбываў пакаранне на Далёкім Усходзе (чацвёртае аддзяленне Дальлага). У канцы кастрычніка 1935 г. датэрмінова вызвалены «за ўдарную працу і добрыя паводзіны». Жыў у Варонежы (1935-1938), вучыўся ў педагагічным інстытуце на літаратурным факультэце (1936-1938), працаваў настаўнікам у пасёлку Ваўчок Варонежскай вобласці (1938-1941). З першых дзён вайны – на фронце. Ваяваў на Ўкраіне, у траўні 1942 г. трапіў у акружэнне. З 1944 г. – у Германіі. У 1950 г. выехаў у ЗША, дзе жыве і цяпер.
Першы верш апублікаваў у 1929 г. (газета «Беларуская вёска»). Друкаваўся ў «Піянеры Беларусі», у дадатку да бабруйскага «Камуніста» – «Вясне», у часопісе «Маладняк». У эміграцыі выдаў зборнікі паэзіі «Ростань» (Рэгенсбург, 1947), «Пад зоркамі белымі» (Нью-Ёрк, 1954), «Першая рана» (Манчэстэр, 1960), «Цяжкія думы» (ЗША, 1961), «Міжагнёўе» (Нью-Ёрк, 1990).