355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Гардзіцкі » Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 » Текст книги (страница 29)
Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
  • Текст добавлен: 26 марта 2017, 14:00

Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"


Автор книги: Аляксей Гардзіцкі


Жанр:

   

Справочники


сообщить о нарушении

Текущая страница: 29 (всего у книги 37 страниц)

Напісаў кнігі ўспамінаў, партрэтаў, нататак і артыкулаў па праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы «Ранішнія росы» (1965), «Некалькі хвілін чужога жыцця» (1979, 1990). Пераклаў на беларускую мову кнігі і асобныя творы А.Астроўскага, М.Горкага, І.Буніна, Ф.Гладкова, К.Федзіна, І.Бабеля, а таксама ўкраінскіх, летувіскіх, латышскіх, эстонскіх пісьменнікаў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Скрыпка Міхась, нарадзіўся 26.11.1907 г. у вёсцы Месціна Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум (1930). Настаўнічаў у Рагачоўскім раёне. У 1940 г. скончыў завочна літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны быў у партызанах, у 1944-1945 гг. – у Савецкай Арміі. Пасля вайны настаўнічаў у школах Магілеўшчыны і Меншчыны. У 1965-1971 гг. працаваў намеснікам дырэктара бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР.

Памёр 08.10.1991 г.

У друку ўпершыню выступіў у 1927 г. Выдаў зборнікі баек, вершаў, мініяцюр «Сатыра і гумар» (1958), «Сатырычны калаўрот» (1967), «Ад смеху не ўцячэш» (1975), зборнікі аповесцей, апавяданняў і гумарэсак «Мая хата не з краю» (1959), «Пад корань» (1962), «Усяк бывае...» (1963), «Шануючы вас» (1982), кніжку антырэлігійных нарысаў «Сцеражыся цемрашалаў!» (1964), «Дзіва ў кошыку» (1983), «Злазьце – прыехалі!» (1985), «З сэрцам і перцам» (1987), кніжку апавяданняў для дзяцей «Дзіва ў рэшаце» (1963) і вершаваны зборнік «Пад смешнай вясёлкай» (1971). У 1977 г. выйшла кніга выбраных твораў «І з перцам і з сэрцам».

Выступаў і як драматург. Напісаў сцэнарый кароткаметражнай тэлекамедыі «Акадэмік» (пастаўлена ў 1963). Аўтар звыш трыццаці аднаактовых п'ес, камедый для мастацкай самадзейнасці «Дадому» (1958), «Тэлеграма» (1959), «Землякі» (1962), «Чорт дапамог» (1963), «Навагодняя сустрэча» (1963), «Небяспечны госць» (1964), «На сваю галаву» (1966) і інш.

Перакладаў з расейскай і ўкраінскай моў. Пераклаў асобныя вершы А.Твардоўскага, С.Маршака, С.Міхалкова, А.Барто, С.Алейніка, А.Вішні, П.Глазавога і інш.

Скурко Іосіф, нарадзіўся 24.02.1938 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1956 г. скончыў Пастаўскую сярэднюю школу № 2 і стаў працаваць піянерважатым. Служыў у Савецкай Арміі (1957-1960). У 1965 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у ЦК ЛКСМБ (1965-1967), дырэктарам Бюро міжнароднага моладзевага турызму «Спадарожнік» (1967-1971), рэферэнтам у Савеце Міністраў БССР (1971-1974), палітычным аглядальнікам, каментатарам, загадчыкам аддзела, намеснікам галоўнага рэдактара літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання (1974-1989). Сябра СП СССР з 1986 г.

Узнагароджаны медалём.

Памёр 02.07.1989 г.

З вершамі ў друку выступіў у 1962 г. («Настаўніцкая газета»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Бацькоўскі парог» (1973). Асобныя вершы, пакладзеныя на музыку, сталі вядомымі песнямі («Верасы», «Бацькоўскі парог» і інш.).

Перакладаў творы расейскіх, украінскіх і польскіх паэтаў. Напісаў сцэнарый дакументальнага фільма «Драўгістэ – дружба».

Слаўковіч Даір, нарадзіўся 21.09.1932 г. у горадзе Менску ў рабочай сям'і.

Хлапчуком быў паранены, кантужаны і ў выніку гэтага ў 1944 г. цяжка захварэў. Восем гадоў праляжаў, прыкаваны да ложка, самастойна вучыўся. Скончыў Уздзенскую сярэднюю школу (1954). Працаваў бібліятэкарам, потым загадчыкам уздзенскай раённай дзіцячай бібліятэкі, настаўнікам у школе. У 1960 г. завочна скончыў факультэт бібліяграфіі і бібліятэказнаўства Менскага педагагічнага інстытута. З 1977 г. жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1970 г.

Выдатнік культуры СССР (1968).

Дэбютаваў вершамі (1946). Першае апавяданне надрукаваў у 1947 г. (часопіс «Затейник», Масква). Выдаў для дзяцей і юнацтва кнігі апавяданняў і аповесцей «Каласавічок» (1969), «Сцежкаю мужных» (1971), «Хвядоскавы канікулы» (1972), «Пачым фунт ліха» (1975), «Я вярнуся, мама» (1977), «Я ў рабочыя пайду» (1978), «Алесік едзе ў Красабор» (1981), «Алея Невядомага салдата» (1981), «Гвардзейскі знак» (1982). Аўтар зборніка гумару і сатыры «Фірменны сродак» (1976), кнігі нарысаў «Библиотекарь» (1983).

Напісаў п'есы «Крутадух» (1980), «Барацьба за градус» (1983), «Беражыце мужчын» (1984), «Даеш хуткасны!» (1985).

Пераклаў з нямецкай кнігу В.Гаўфа «Маленькі Мук» (1977).

Слесарэнка Аляксей, нарадзіўся 07.03.1919 г. у горадзе Кіеве (Украіна) у сям'і служачага.

У 1924 г. бацькі вярнуліся на Беларусь. Вучня Брагінскай сярэдняй школы, яго запрасіла кінафабрыка Белдзяржкіно ў Ленінградзе здымацца ў ролі Мірона ў фільме «Палескія рабінзоны» (1934). Пасля гэтага яго накіравалі на вучобу ў Маскоўскую студыю кінаакцёраў. Здымаўся ў фільмах «Бежын луг» (рэжысёр С.Эйзенштэйн), «Вясёлыя хлопцы» (рэжысёр Р.Аляксандраў), «Аэраград» (рэжысёр А.Даўжэнка). У час Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце, камандаваў стралковым узводам. Ад Вялікіх Лук дайшоў да Берліна. Служыў у арміі да 1953 г. У 1954-1956 гг. працаваў дырэктарам бюро прапаганды мастацкай літаратуры пры СП БССР. Тры гады вучыўся на завочных курсах мастацкага чытання пры Ўсесаюзным доме народнай творчасці. Выступаў як чытальнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі, адначасова (1962-1974) быў навуковым супрацоўнікам Літаратурнага музея Якуба Коласа. Сябра СП СССР з 1969 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I і II ступеняў і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1960).

У друку пачаў выступаць у 1940 г. Аўтар літаратурнай кампазіцыі «Народны паэт БССР Якуб Колас» (1956) і шэрагу кампазіцый для мастацкага чытання, кніг нарысаў «Дарогі і песні» (1965) і партрэтаў дзеячаў літаратуры і культуры «Дарагія абліччы» (1967), «Жыццё ў мастацтве» (1977). У Кіеве выйшла на ўкраінскай мове кніга «Аляксандр Даўжэнка. Шлях да слова» (1974), у кнігу «Продолжение радости» (1981) уключаны, акрамя перакладных, арыгінальныя працы аўтара.

Пераклаў на беларускую мову кнігу А.А.Маякоўскай «Дзіцячыя і юнацкія гады Уладзіміра Маякоўскага» (1957).

Смагаровіч Марк, нарадзіўся 28.02.1927 г. у вёсцы Забалацце Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У час Вялікай Айчыннай вайны падлеткам пайшоў у партызанскі атрад імя Чапаева. Бацькі загінулі ў канцэнтрацыйным лагеры. У 1944 г. быў цяжка паранены, лячыўся ў шпіталі, знаходзіўся ў Бабруйскім доме інвалідаў (1945-1952), дзе скончыў сярэднюю школу. Некаторы час жыў у Астрашыцкім Гарадку на Меншчыне, з 1964 г. жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1955 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалямі.

Літаратурнай працай займаецца з 1949 г. Першую кніжку вершаў «Мой таварыш» выдаў у 1955 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «На крыллях песні» (1958), «Маё выступленне» (1961), «Пачастунак» (1963), «Крокі» (1966), «Разводдзе» (вершы і паэмы, 1973), «Сплаў» (1976), «Жорны віру» (1980), «Бляск крышталю» (вершы і паэмы, 1983). Для дзяцей напісаў кніжкі паэзіі «Каля кастра» (1959), «Жураўліная труба» (1968), «Паглядае Дзіма ў неба» (1978), «Гартаванне» (1987). Сатырычныя вершы змешчаны ў калектыўным зборніку «Са свайго пункту гледжання» (з М.Макаевым, І.Шуцько, 1966).

Сокалаў-Воюш Сяржук (сапр. Сокалаў Сяргей), нарадзіўся 16.10.1957 г. у вёсцы Астроўшчына Полацкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачых.

Працаваў слесарам на заводзе жалезабетонных вырабаў (1974-1976), на Наваполацкім вытворчым аб'яднанні «Палімір» (1979). Служыў у Савецкай Арміі (1976-1978). У 1979 г. паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а пасля трох курсаў перавёўся на завочнае аддзяленне (скончыў у 1985). Настаўнічаў у сярэдняй школе № 5 Наваполацка (1982-1984, 1985-1988), быў навуковым супрацоўнікам філіяла Літаратурнаіа музея Якуба Коласа ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна (1984-1985), загадваў літаратурнай часткай лялечнай трупы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску (1988-1990). З 1973 г. жыве ў Наваполацку. Сябра СП СССР з 1990 г.

У друку выступае з 1973 г. (наваполацкая газета «Хімік»). Аўтар зборніка паэзіі «Кроў на сумётах» (1989). Часта выступае як аўтар і выканаўца сваіх песень.

Напісаў п'есу-казку «Свецяць, свецяць зорачкі...» (пастаўлена ў 1989).

Пераклаў на беларускую мову п'есы А.Андрэева «Манумент», «Любоў да бліжняга», асобныя творы ўкраінскіх, польскіх пісьменнікаў.

Сопат Аляксандар, нарадзіўся 23.02.1936 г. у вёсцы Партызанская Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў рабочай сям'і.

Працоўную дзейнасць пачаў у Архангельску ў 1950 г. на рыбалоўным сейнеры. У 1952-1955 гг. працаваў качагарам, матросам на судах Мурманскага тралавага флоту. Служыў у Савецкай Арміі (1955-1958). Зноў быў матросам, боцманам, памочнікам капітана на судах Арктычнага параходства (Мурманск). У 1965 г. пераехаў у Гомель. Працаваў памочнікам экскаватаршчыка трэста «Гомельсельбуд», затым на Поўначы машыністам экскаватара, шафёрам у трэсце «Саюзтрубапровад» (Надым), вышкамантажнікам Беларускага ўпраўлення буравых работ на нафтапромыслах Саматлора, Пагранічнага (Ніжнявартаўск, Наябрск). Сябра СП СССР з 1984 г.

Літаратурнай працай займаецца з пачатку 60-х гадоў. Піша на расейскай мове. У беларускім друку выступае з 1965 г. (апавяданне ў газеце «Гомельская праўда). Аўтар кніг аповесцей «Трасса» (1982), «Самотлор» (1987), «Корабли» (1989).

Спрынчан Браніслаў, нарадзіўся 16.08.1928 г. у вёсцы Каніж Новаміргарадскага раёна Кіраваградскай вобласці (Украіна) у сям'і служачага.

Пасля заканчэння Кіраваградскага машынабудаўнічага тэхнікума (1949) працаваў на заводзе «Гомсельмаш» майстрам кавальскага цэха, літсупрацоўнікам завадской шматтыражнай газеты «Сельмашавец». Скончыў завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута ў Маскве (1959). У 1962-1964 гг. – літсупрацоўнік газеты «Советская Белоруссия». Пасля заканчэння Менскай вышэйшай партыйнай школы (1966) – загадчык аддзела паэзіі часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1985 г.

Узнагароджаны медалём.

Друкуецца з 1949 г. Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў паэзіі «Над кручами Сожа» (1957), «В центральном пролете» (1961), «Ветер на откосах» (1964), «Плавка» (1968), «Черты лица» (1970), «Ясень» (1973), «Вечная страда» (выбраныя вершы і пераклады, 1978), «Стремнина» (1982), «Сотворение» (1983), «Надежды нежные ростки» (1986), «Свет любви» (выбранае, 1988), «Жизни вечные круги» (1990), «Васильки на белом полотне» (1990).

Перакладае творы беларускіх, украінскіх паэтаў на расейскую мову. Выйшлі зборнік П.Макаля «Прикосновение к земле» (1977), кніга вершаў беларускіх паэтаў «Стожары» (1984), М.Багдановіча «Венок» (1985).

Спрынчан Вадзім, нарадзіўся 14.01.1950 г. у горадзе Гомелі ў сям'і паэта.

У 1963 г. з бацькамі пераехаў у Менск. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1972). Працаваў рэдактарам, у 1982-1989 гг. – загадчыкам рэдакцыі паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1982 г.

Дэбютаваў у друку перакладамі паэзіі ў 1976 г. (часопіс «Неман»). Аўтар кнігі лірыкі «Земля и звезды» (1981).

Пераклаў на расейскую мову вершы беларускіх паэтаў А.Пысіна. М.Стральнова. Я.Янішчыц, Р.Барадуліна, Г.Пашкова, А.Канапелькі і іншых.

Ставер Алесь, нарадзіўся 10.08.1929 г. у вёсцы Маргавіца Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вясной 1944 г. пад час блакады партызанскага краю згубіў бацькоў, быў вывезены фашыстамі ў Германію.

Вярнуўся дамоў у 1945 г. У 1949 г. скончыў Барысаўскую педагагічную навучальню. Працаваў старшым піянерважатым і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Бягомльскай сярэдняй школе. У 1954 г. скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Працаваў інспектарам школ Лагойскага рана, літсупрацоўнікам газеты «Калгасная праўда», рэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР, загадчыкам літаратурнай часткі Белдзяржфілармоніі, навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1975-1984 гг. – карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1962 г.

З вершамі выступіў у друку ў 1949 г. (барысаўская раённая газета «Бальшавіцкая трыбуна»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Золак над Бярозай» (вершы і паэма, 1959), «Ластаўкі перад дажджом» (1967), «Жураўлі ляцяць» (вершы і песні, 1972), «Лірнік» (1975), «Жнівеньскі вырай» (выбранае, 1979), «Зоры зямныя» (паэмы, вершы, песні, 1989).

Выйшлі кнігі паэзіі для дзяцей «Касцёр не гасне» (1961), «Пад вясёлкавай дугой» (1984), рамана «Пад канвоем» (1969), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Да сваіх» (1974), «Лясныя аповесці» (1986).

Напісаў лірычную камедыю «Алімпіяда Салодкая» (пастаўлена ў 1977) і п'есу «Слова – не верабей» (пастаўлена ў 1977). На многія вершы напісаны песні («Жураўлі на Палессе ляцяць», «Беларусачка» і інш.).

У 1983 г. выдадзены зборнік песень «Мой край беларускі».

Стадольнік Іван, нарадзіўся 30.09.1941 г. у вёсцы Янкі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Докшыцкай сярэдняй школы (1959) працаваў у мясцовым калгасе імя А.Суворава, на асваенні цалінных зямель у Казахстане, дзе на станцыі Купрыянаўка Рузаеўскага раёна Какчатаўскай вобласці быў качагарам. У 1959 г. вярнуўся з цаліны, працаваў у родным калгасе, пасля бібліятэкарам Бярозаўскай бібліятэкі Докшыцкага раёна. Скончыў зубалекарскае аддзяленне Полацкай медыцынскай навучальні (1963). Працаваў выконваючым абавязкі галоўнага лекара, зубным лекарам Мосарскай сельскай бальніцы Глыбоцкага раёна (1963-1967), вучыўся завочна на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1971). У 1967-1971 гг. – адказны сакратар, у 1971-1980 гг. – загадчык аддзела сельскай гаспадаркі полацкай аб'яднанай газеты «Сцяг камунізму». З 1980 г. – рэдактар аддзела літаратуры, з 1984 г. – адказны сакратар часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1980 г.

Першы верш апублікаваў у 1960 г. (докшыцкая раённая газета «Ленінская трыбуна»), першае апавяданне ў рэспубліканскім друку ў 1971 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Хачу табе шчасця» (1979), сатыры і гумару «Як тут не смяяцца» (1985), «Лістапад на пачатку лета» (1987).

Станкевіч Адам, нарадзіўся 05.01.1892 г. у вёсцы Арляняты Смаргонскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Ашмянскай гарадской навучальні, у Віленскай духоўнай семінарыі. У 1914 г. паступіў у Каталіцкую духоўную акадэмію ў Пецярбургу і ў той самы год высвечаны на святара. У 1918 г. пераехаў у Вільню, адкуль на кароткі тэрмін быў высланы польскімі духоўнымі ўладамі ў Драгічын-над Бугам. З 1919 г. у Вільні вёў беларускую душпастырскую дзейнасць, супрацоўнічаў у Беларускім нацыянальным камітэце, камітэце дапамогі ахвярам вайны, у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, Таварыстве беларускай школы, выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. У 1922 г. абраны паслом у польскі сейм, дзе бараніў інтарэсы беларусаў. У 1926 г. заснаваў Беларускую друкарню імя Ф.Скарыны, у 1928 г. – Беларускае каталіцкае выдавецтва. Выдаваў і рэдагаваў газету «Беларуская крыніца», часопіс «Хрысціянская думка». З ягонай дапамогай выходзілі часопісы «Шлях моладзі», «Самапомач», «Калоссе». У 1938 г. за нацыянальную беларускую дзейнасць высланы польскімі ўладамі ў Слонім. З 1939 г. зноў у Вільні, старшыня «Беларускага цэнтру ў Літве», дырэктар Беларускай дзяржаўнай прагімназіі (да ўсталявання савецкай адміністрацыі ў Летуве). Пад час другой сусветнай вайны працаваў у Беларускай гімназіі ў Вільні і вёў душпастырскую дзейнасць у віленскай беларускай парафіі пры касцёле св. Міхала. Пасля кароткатэрміновага арышту савецкімі ўладамі ў снежні 1944 г. працягваў святарскую дзейнасць у Вільні. Увесну 1949 г. зноў быў арыштаваны і адпраўлены этапам у Іркуцкую вобласць, у лагер непадалёку ад станцыі Віхараўка. Кандыдат кананічных навук.

Памёр 29.11.1949 г. (па некаторых звестках – на пачатку 1950 г.).

Упершыню ў друку выступіў з допісам у 1909 г. (газета «Наша ніва»). Аўтар кніг (усе выйшлі ў Вільні) «Доктар Францішак Скарына, першы друкар Беларусі (1525-1925)» (1925), «Беларуская мова ў школах Беларусі XVI-XVII ст.» (1928), «Родная мова ў святынях» (1929), «Францішак Багушэвіч: Яго жыццё і творчасць (у трыццатыя ўгодкі смерці (1900-1930)» (1930), «Вітаўт Вялікі і беларусы» (1930), «Казімір Сваяк: Нарыс аб ягонай ідэалогіі (у пятыя ўгодкі смерці)» (1931), «Кастусь Каліноўскі. «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі» (1933), «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення» (1935), «Праф. Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцця і працы» (1935), «З жыцця і дзейнасці Казіміра Сваяка (у дзесятыя ўгодкі яго смерці)» (1936), «Магнушэўскі, Паўлюк Багрым, Баброўскі (да вытокаў беларускага адраджэння)» (1937), «Божае слова ў нядзелі і святы» (1938), «Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня» (1938), «У чэсць 950-годдзя хрышчэння Беларусі» (1938), «Беларускі хрысціянскі рух» (1939), «Вучыся маліцца» (1940), «Хрысціянства і беларускі народ» (1940), «На сьвята маткі: Увагі аб дастойнасці і значэнні маткі» (1940).

Станюта Аляксандар, нарадзіўся 17.10.1936 г. у горадзе Менску ў акцёрскай сям'і.

Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960). Працаваў у рэспубліканскай газеце «Знамя юности» літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела інфармацыі, літаратуры і мастацтва (1960-1970). Вучыўся ў аспірантуры пры кафедры расейскай класічнай літаратуры БДУ (1971-1973), з 1973 г. выкладае там гісторыю літаратуры. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1985 г.

З літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі выступае з 1960 г. Піша на беларускай і расейскай мовах. Аўтар манаграфіі «Постижение человека. Творчество Достоевского 1840-1860-х гг.» (1976).

Напісаў шэраг апавяданняў, а таксама аповесць «Мост» (часопіс «Маладосць», 1984), сцэнарый дакументальнага фільма «Такі характар» (зняты ў 1984).

Стары Ўлас (сапр. Сівы-Сівіцкі Ўладзіслаў), нарадзіўся 22.03.1865 г. у горадзе Валожыне на Меншчыне.

Асірацеўшы ў десяць год, пайшоў працаваць памочнікам кухара да пана. Быў кухарам, аб'ездчыкам, ляснічым у маёнтку Сужаны на Віленшчыне. Жыў у вёсцы Варняны Астравецкага раёна, у Вільні. У 1920 г. пераехаў у вёску Сужаны, а пазней у Шашэльгішкі Віленскага павета, дзе займаўся земляробствам.

Памёр 30.09.1939 г.

Друкаваць вершы пачаў у 1907 г. у «Нашай ніве». У беларускіх дакастрычніцкіх і заходнебеларускіх календарах змяшчаў вершы і вершаваныя апавяданні. Выступаў і як публіцыст. Шэраг вершаў надрукаваны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961) і ў зборніку «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1969). У 1990 г. выйшла кніга вершаў і публіцыстыкі «Год беларуса».

Стаховіч Алесь, нарадзіўся 03.07.1907 г. у вёсцы Кашына Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў сярэднюю школу ў Воршы (1923), быў на камсамольскай рабоце ў Воршы, Мсціслаўлі, загадваў аддзелам культуры і прапаганды ў Крупскім, Талачынскім, Жлобінскім райкамах партыі, працаваў начальнікам палітаддзела ў саўгасах «Горкі-Апчак», «Старчыцы», інструктарам ЦК КПБ. З 1938 г. адказны сакратар часопіса «Полымя». У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у армейскім друку. Сябра СП СССР з 1938 г.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 07.02.1956 г.

У друку выступіў у 1928 г. з нарысамі, першае апавяданне апублікаваў у 1930 г. (часопіс «Беларуская работніца і сялянка»). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Шумяць лясы» (1944), «Пампей Шчупак» (1946), «Неспакойны гарадок» (1946), «Аповесці і апавяданні» (1952), раманаў «Пад мірным небам» (1948) «Шырокія гарызонты» (1954) і кніжак апавяданняў для дзяцей «Маленькія героі» (1939), «Залаты карп» (1951). У 1947 г. выйшлі Выбраныя творы.

Пераклаў на беларускую мову «Аповесць аб сапраўдным чалавеку» Б.Палявога (1951), асобныя творы расейскіх пісьменнікаў.

Сташэўскі Васіль, нарадзіўся 23.03.1895 г. у вёсцы Лугавая Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1914). Удзельнік першай сусветнай вайны. У час грамадзянскай вайны прымаў удзел у барацьбе супраць войск буржуазнай Польшчы. У 1918-1920 і ў 1923 гг. настаўнічаў, у 1920-1921 гг. – ваенкам і загадчык аддзела асветы Магільнянскага валаснога рэўкама, сакратар Нясвіжскага павятовага ваенкамата, загадчык беларускага пададдзела Менскага павятовага аддзела народнай асветы. Вучыўся ў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве (1921-1922). Пасля заканчэння Менскага настаўніцкага інстытута (1924) выкладаў гісторыю і літаратуру на настаўніцкіх курсах і рабфаку ў Воршы, узначальваў культаддзел Аршанскага акруговага Савета прафсаюзаў. З 1927 г. – адказны сакратар літаратурнага аб'яднання «Маладняк», з 1929 г. – аб'яднання «Полымя». У 1928-1929 гг. працаваў у газеце «Савецкая Беларусь». У 1937 г. рэпрэсіраваны. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 08.06.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Расстраляны 29.10.1937 г.

Друкаваўся з 1923 г., першую п'есу «На другі дзень» апублікаваў у 1926 г. («Аршанскі маладняк»). Надрукаваў п'есы «Бацька і сын», «Кацярына», «Сашка-будаўнік», аднаактоўкі «Беспрытульныя», «У цемры» (усе ў 1927), «Музыка Цвілеўскі», «Спявай, вясна!» (абедзве ў 1928), «Архангелы з крэсаў» (1929), «Прысяга ў лесе» (1930), «Гарачы віхор» («Віхор», 1930), «На варце» (1932), «На платформу» (урывак у 1934), «Самсон і Людміла» (1936) і інш. П'еса «Мікола Гоман» пастаўлена ў 1936 г.

Выйшлі кнігі прозы «Па сонечным шляху» (эскізы, 1930), «Пад местачковым месяцам» (аповесць, 1931), «Шуміць бярэзінка» (аповесць, 1933), нарысы «Гаворыць Асінстан...» і «Чырвоны сцяг» (1930), «Койданаўская МТС» (1931), «Каласіцца зямля» (1932), зборнік выбраных празаічных твораў «Шуміць бярэзінка» (1963).

Стральцоў Міхась, нарадзіўся 14.02.1937 г. у вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўніка.

Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» (1959-1961, 1969-1972), часопісах «Полымя» (1961-1962), «Маладосць» (1962-1968), з 1984 г. – загадчыкам аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1962 г.

Памёр 23.08.1987 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1957 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Блакітны вецер» (1962), «Сена на асфальце» (1966), аповесці «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970), кнігі прозы «Падарожжа за горад» (апавяданні, аповесць, 1986), кніг выбраных твораў «На ўспамін аб радасці» (1974), «Выбранае» (проза, паэзія, эсэ, 1987).

Выйшлі зборнікі вершаў «Ядлоўцавы куст» (1973), «Цень ад вясла» (1979), «Яшчэ і заўтра» (1983), «Мой свеце ясны» (1986).

Выдаў кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Жыццё ў слове» (1965), «Загадка Багдановіча» (1968), «У полі зроку» (1976), «Пячатка майстра» (1986).

Пераклаў на беларускую мову раман Ч.Айтматава «Буранны паўстанак» (1987), асобныя творы расейскіх, украінскіх, італьянскіх, лацінаамерыканскіх паэтаў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (пасмяротна, 1986) за кнігу вершаў «Мой свеце ясны».

Стрыгалёў Міхась, нарадзіўся 25.05.1938 г. у вёсцы Недайка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Недайскай сярэдняй школы (1955) год працаваў у мясцовым калгасе імя Ф.Энгельса, скончыў энергетычны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1961). Быў старшым інжынерам-электрамеханікам вайсковай часці (Уральская ваенная акруга, 1961-1965), інжынерам трэста «Уралмантажаўтаматыка», старшым інжынерам лабараторыі трэста «Пермгаррамбуд» у Пярмі (1965-1969). Скончыў завочна Літаратурны інстытут у Маскве (1969). Працаваў літкансультантам Пермскай абласной пісьменніцкай арганізацыі СП РСФСР (1970-1971), загадчыкам фальклорна-выдавецкага аддзела пермскага Дома народнай творчасці (1971-1972), рэдактарам шматтыражнай газеты трэста «Будтэрмаізаляцыя» «За коммунистический труд». З 1978 г. жыве ў Барысаве. У 1980-1982 гг. – сцэнарыст кінастудыі «Беларусьфільм». З 1980 г. кіруе літаратурным аб'яднаннем «Бярэзіна» пры барысаўскай аб'яднанай газеце «Камуністычная праца». Сябра СП СССР з 1988 г.

У друку выступіў упершыню ў 1956 г. (шматтыражная газета Беларускага політэхнічнага інстытута «Советский инженер»). Спачатку пісаў на расейскай мове, з 1961 г. – і на беларускай. У Пермі выйшлі зборнікі паэзіі «Хмель» (1966), «Цвет времени» (1971), кніга перакладаў «Четыре ветра: Поэзия народов Прикамья» (1970), у Менску – кнігі паэзіі «Белая Русь» (1967), «Ростань» (1974), «Чырвоныя казармы» (1978), «Колафартуны» (1981), «Дзевяты кардон» (вершы і паэма, 1990).

Стэльмах Уладзімір, нарадзіўся 15.12.1907 г. у вёсцы Бушмічы Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

З 1927 г. вучыўся ў Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме, у 1929 г. паступіў у драматычную студыю Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Віцебску. Пасля заканчэння студыі (1931) працаваў у тэатрах рабочай моладзі і юнага гледача ў Менску акцёрам, дырэктарам, загадчыкам літчасткі. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях пад Смаленскам, з 1942 г. – загадчык ваеннага аддзела і аддзела прапаганды і агітацыі Рудаўскага райкама партыі Тамбоўскай вобласці. З 1943 г. – дырэктар БДТ-2 у Віцебску, з 1945 г. – Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР, з 1947 г. – Беларускага тэатра імя Янкі Купалы, з 1955 г. – Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, у 1952-1955 гг. – начальнік аддзела тэатраў Міністэрства культуры БССР. Скончыў завочна Маскоўскі дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва (1954). У 1966-1971 гг. – намеснік старшыні прэзідыума Беларускага тэатральнага аб'яднання. Сябра СП СССР з 1965 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1961).

Памёр 27.01.1974 г.

Першая п'еса «Шляхі» апублікавана ў 1930 г. (пастаўлена ў 1931). Аўтар п'ес «Крушэнне рэнегатаў» (1931), «Фантан» (1932, пастаўлена ў 1933), «Тры крыжы» (1932, пастаўлена ў 1933), «Канец маскараду» (сумесна з Ю.Рудзько, пастаўлена ў 1938). Выдаў нарыс «Народны артыст СССР Г.П.Глебаў» (1954) і кнігі пра тэатр «Шляхі беларускага тэатра» (на ўкраінскай мове, Кіеў, 1964), «Кранаючы чуткія струны душы» (1966), «Вечна жывая крыніца» (1970), «Тэатр і час: Запіскі дырэктара тэатра» (1973).

Стэфановіч Пятро, нарадзіўся 28.06.1922 г. у вёсцы Сёмкаў Гарадок Менскага раёна ў сям'і рабочага і сялянкі.

Скончыў гімназію ў Ашмянах (1939). На пачатку 1941 г. пачаў працаваць літсупрацоўнікам ашмянскай раённай газеты «Знамя свободы». У час вайны скончыў курсы малодшых лейтэнантаў у Забайкальскай ваеннай акрузе і курсы «Выстрел» Міністэрства Ўзброеных Сіл СССР. Удзельнічаў у баях на Паўднёвым фронце. У 1943 г. быў паранены. Восенню 1944 г. адкліканы з Карэльскага фронту і накіраваны ў Войска Польскае, дзе служыў начальнікам аддзела штаба 10-й дывізіі пяхоты. З 1950 г. працаваў на будоўлях – прарабам, начальнікам участка, галоўным інжынерам, начальнікам аддзела капітальнага будаўніцтва, у 1969-1979 гг. – інжынер Беларускага аддзялення Літфонду СССР, у 1979-1984 гг. – літаратурны рэдактар часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1990 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім медалём «Заслужаны перад польскай культурай».

У друку выступае з 1941 г. Перакладае з польскай на беларускую і расейскую мовы, з беларускай на польскую. На польскую мову пераклаў кнігі для дзяцей А.Лойкі «Дзе хто начуе» (1981), П.Марціновіча «Паспяшайся ў наш звярынец» (1981), А.Вольскага «Еду ў госці да слана» (1981) і «Сцяпан – вялікі пан» (1983), І.Бурсава «Казкі, поўныя цудаў» (1983), беларускія народныя казкі «Лісіца-хітрыца» (1982), «Удовін сын» (1985). На беларускую мову пераклаў асобныя творы Я.Бжэхвы, Я.Гушчы, В.Жукроўскага, З.Кабатца, У.Махэека, Г.Марцінка, Ю.Озгі-Міхальскага, Я.Парандоўскага, Е.Путраманта, У.Рэйманта, Т.Ружэвіча і інш., на расейскую – З.Сафяна, Г.Гаворскага, Е.Адыгея.

Склаў анталогіі «Ад Буга да Одры» (апавяданні сучасных польскіх пісьменнікаў, 1969) і «Вясёлы калейдаскоп» (гумар і сатыра сучасных польскіх пісьменнікаў, 1979).

Сульянаў Анатоль, нарадзіўся 03.09.1927 г. у сяле Аксіньіна Адзіноцкага раёна Маскоўскай вобл. (Расея) у сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння сямігадовай школы ў сяле Вялікія Вяземы залічаны ў Маскоўскую спецшколу Ваенна-паветраных сіл (1943-1946). У 1946-1950 гг. – курсант Тамбоўскай, Арвамірскай авіянавучальняў, у 1950-1951 гг. – слухач Вышэйшых лётна-інструктарскіх курсаў. Служыў лётчыкам-інструктарам, камандзірам звяна. У 1962 г. скончыў Ваенна-палітычную акадэмію ў Маскве. У 1962-1969 гг. быў намеснікам камандзіра па палітычнай часці авіяпалка, начальнікам палітаддзела палка дывізіі, затым інспектарам, начальнікам аддзела Галоўнага Палітупраўлення Савецкай Арміі (Масква, 1969-1976). З 1976 г. у Менску – сябра Ваеннага Савета, начальнік палітаддзела арміі (1976-1980), намеснік начальніка Палітупраўлення БВА (1980-1987). Генерал-маёр авіяцыі (1978), ваенны лётчык I класа. Сябра СП СССР з 1981 г.

Заслужаны работнік культуры БССР (1985).

Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам «За службу Радзіме», медалямі.

Літаратурнай дзейнасцю займаецца з 1957 г. Піша на расейскай мове. Аўтар рамана «Расколотое небо» (1981), зборніка аповесцей і апавяданняў «Хождение за седьмое небо» (1985), «Только одна ночь» (раман, аповесці, 1987), рамана «Голубые снега» (1990) і кнігі для дзяцей «Посеешь ветер» (1984).

Супрунчук Віктар, нарадзіўся 07.12.1949 г. у вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Сялецкай сярэдняй школы (1967) працаваў грузчыкам на Нова-Бярозаўскім вапнавым заводзе, вучыўся ў Белаазёрскай прафесійна-тэхнічнай навучальні № 82 электратэхнікі (скончыў у 1968). У 1968-1970 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў электрамантажнікам і электразваршчыкам у трэсце «Электрацэнтрмантаж». Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1976). Працаваў карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Электрон» завода ЭВМ імя Арджанікідзе. З 1977 г. – спецыяльны карэспандэнт «Сельской газеты», з 1981 г. – рэдактар аддзела літаратуры Беларускага тэлебачання, з 1983 г. – загадчык аддзела нарыса, з 1986 г. – старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». З 1990 г. – намеснік старшыні СП Беларусі. Сябра СП СССР з 1985 г.

Друкуецца з 1977 г. Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Страсці» (1983), «Недзе баліць ля сэрца» (1986), «Набат» (1989), аповесці «Банальны дэтэктыў» (1989), раманаў «Жывеш толькі раз» (1988) і «З плоці і крыві» (часопіс «Полымя», 1990).


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю