355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Гардзіцкі » Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 » Текст книги (страница 24)
Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
  • Текст добавлен: 26 марта 2017, 14:00

Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"


Автор книги: Аляксей Гардзіцкі


Жанр:

   

Справочники


сообщить о нарушении

Текущая страница: 24 (всего у книги 37 страниц)

У перыядычным друку выступае з празаічнымі творамі (аповесць «Вежа», часопіс «Полымя», 1988, аднайменная п'еса, з А.Дударавым, пастаўлена ў 1990), літаратурнымі эсэ, крытычнымі артыкуламі.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1979) за кнігу «Вынаходцы вятроў» і паэму «Дарога дарог».

Няфёд Уладзімір, нарадзіўся 27.01.1916 г. у горадзе Шахты Растоўскай вобласці (Расея) у сям'і рабочага.

Працоўны шлях пачаў у 1931 г. слесарам на шахце, з 1933 г. – у гарадской радыёгазеце. Вучыўся на рабфаку (1933-1934). Скончыў тэатразнаўчае аддзяленне Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры (1940). У 1940-1941 гг. – намеснік, у 1942-1947 гг. – начальнік аддзела тэатраў Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР, у 1941-1942 гг. – выкладчык літаратуры і дырэктар Уцёўскай сярэдняй школы Куйбышаўскай вобласці. Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР (1951), быў навуковым супрацоўнікам (1951-1954), загадчыкам сектара гісторыі мастацтваў (1954-1957) гэтага інстытута. У 1957-1970 гг. – загадчык сектара тэатра і кіно, у 1970-1977 гг. – збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, з 1977 г. – сектара тэатра, з 1988 г. – галоўны навуковы супрацоўнік аддзела тэатра Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. З 1947 г. працуе па сумяшчальніцтве ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Член-карэспандэнт АН БССР, доктар мастацтвазнаўства, прафесар. Сябра СП СССР з 1946 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі.

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1975). Літаратурную дзейнасць пачаў у 1940 г. як тэатральны крытык. Піша на беларускай і расейскай мовах. Аўтар прац па гісторыі беларускага тэатра «Шлях беларускага савецкага драматычнага тэатра» (1954), «Народны артыст БССР. У.І.Уладамірскі» (1954), «Народны артыст СССР Павел Сцяпанавіч Малчанаў» (1958), «Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі» (1959), «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр» (1961), «Становление белорусского советского театра 1917-1941» (1965). У 1970 г. выдаў кнігі «Размышления о драматическом конфликте» і «Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы», у 1976 г. – «Беларуси тэатр імя Якуба Коласа», у 1982 г. – вучэбны дапаможнік «Гісторыя беларускага тэатра». Напісаў раздзелы «Белорусский театр» для «Истории советского драматического театра» (Масква, 1966-1971), раздзелы «Гісторыя беларускага тэатра» ў 3 тамах (1983-1986).

У 1990 г. апублікаваў кнігу «Николай Ковязин: Жизнь и творчество».

З 1942 г. пачаў пісаць п'есы, пераважна аднаактовыя. Асобнымі выданнямі выйшлі «Кто первый» (Масква, 1950), «На парозе жыцця» (1951), «Ля разбітага карыта» (1957), «Ошибка Веры Игнатьевны» (1964), «Одноактные пьесы» (1955), «Маленькие комедии и драмы» (1967).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1966) за кнігі «Тэатр у вогненныя гады», «Сучасны беларускі тэатр» і «Становление белорусского советского театра».

Няхай Рыгор, нарадзіўся 05.12.1914 г. у вёсцы Сяліба Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1935 г. скончыў Менскі педагагічны тэхнікум, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Калодзішчанскай сярэдняй школе пад Менскам. Завочна скончыў літаратурны факультэт Менскага настаўніцкага інстытута (1939). У 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях на Паўднёвым, 1-м Украінскім франтах. У 1942-1943 гг. выконваў заданні Галоўнага разведупраўлення Савецкай Арміі ў тыле ворага (Кіеў – Чаркасы – Чарнігаў). Быў начальнікам асобага аддзела партызанскага злучэння Ю.Збанацкага. Прайшоў ваеннымі дарогамі Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Вугоршчыны. Закончыў вайну на Эльбе. З 1946 г. працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва». У 1952-1954 гг. – загадчык аддзела крытыкі і публіцыстыкі часопіса «Полымя», у 1956-1957 гг. – рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Сябра СП СССР з 1946 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 25.07.1991 г.

Друкавацца пачаў у 1935 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў вершаў «Па сонечных узгорках» (1939), «Мае пакаленне» (1950), «Вялікі мой і ціхі акіян» (1954), «Размова з восенню» (1961), «Асеннія пракосы» (выбранае, 1973), «Слова сябрам» (1982), зборніка апавяданняў і аповесцей «Навальнічнае рэха» (1958), «Героі не адступаюць» (1965), «Сарочы лес» (1966), «Алёшка-атаман» (1967), «Туман над стэпам» (1971), «Шлях на Эльбу» (1976), нарыса «Минская область» (1968, 2-е дапоўненае і перапрацаванае выданне ў 1974). Для дзяцей напісаў кніжкі «Пра храбрага хлопчыка» (вершы, 1962), «Як расцвітае кветка» (апавяданні, 1968), «Я з табою, гвардыя» (аповесць, 1983). У 1984 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

На беларускую мову пераклаў «Дзень айца Сойкі» С.Тудора (1952), «Над Чарамошам» М.Стэльмаха (1955), «Памфлеты» Ю.Мельнічука (1961), асобныя творы А.Твардоўскага, М.Рыльскага, П.Тычыны, А.Малышкі, Ю.Збанацкага і іншых расейскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.

Зрабіў літаратурны запіс кніг «Партызанскі край» В.Лівенцава (1950), «Браты па зброі» І.Вятрова (1962), «Палескія былі» І.Шубітыдзе (1969).

П

Палескі Вячаслаў (сапр. Станкевіч Вячаслаў), нарадзіўся 03.11.1912 г. у вёсцы Астрагляды Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў дзевяцігодку з педагагічным ухілам (1929). Настаўнічаў у вёсцы Лазараўка Рэчыцкага раёна. У 1930-1932 гг. працаваў у гомельскай абласной газеце «Палеская праўда». З 1932 г. у Менску – у газетах «Савецкая Беларусь», «Калгаснік Беларусі», «Советская Белоруссия», на Беларускім радыё. У 1941-1944 гг. – на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» (Масква). З 1944 г. адказны сакратар, намеснік рэдактара газеты «Звязда». З 1961 г. – намеснік старшыні, у 1965-1971 гг. старшыня Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па радыёвяшчанню і тэлебачанню. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1971). Сябра СП СССР з 1949 г.

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1967).

Памёр 18.06.1971 г.

Дэбютаваў у 1928 г. вершам. У 1930 г. выйшла кніжка вершаў «Разгон» (з Р.Казаком, С.Ракітам, Гомель). Аўтар п'ес «Песня нашых сэрцаў» («Што пасееш, тое і пажнеш», надрукавана і пастаўлена ў 1949), «Калі зацвітаюць сады» (надрукавана і пастаўлена ў 1950), «Гарачыя пірагі» (1958, ставілася Бугурусланскім тэатрам). У 1976 г. выйшла кніга «П'есы».

Пераклаў на беларускую мову п'есы «Палата» С.Алёшына, «Ноч памылак» О.Голдсміта.

Палітыка Апанас, нарадзіўся 05.02.1935 г. у вёсцы Бродак Крычаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1951 г. скончыў у Кіеве рамесную навучальню. Працаваў на машынабудаўнічым заводзе «Бальшавік» (1951-1954). У 1954 г. паехаў на асваенне цалінных зямель у Акмолінскую вобласць (Казахстан). Рабіў прыцэпшчыкам на ферме Балкашынскага племсаўгаса, трактарыстам зернесаўгаса «Калінінскі» (1954-1955). Служыў у Савецкай Арміі (1955-1957). Быў электраслесарам шахты «2-Паўднёвая» (город Шахты, Растоўская вобласць). З 1959 г. жыў у Крычаве, працаваў слесарам на птушкакамбінаце, цесляром у саўгасе «Вялікі Кастрычнік». У 1960 г. скончыў сярэднюю школу рабочай моладзі, у 1967 г. філалагічны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута. Працаваў выхавацелем школы-інтэрната ў Крычаве (1967-1969), загадчыкам сельгасаддзела крычаўскай раённай газеты «Ленінскі кліч». З 1975 г. карэспандэнт-арганізатар, загадчык аддзела інфармацыі і радыёвяшчання газеты «Ленінскі кліч». Сябра СП СССР з 1981 г.

Першы верш апублікаваў у 1960 г. (газета «Магілёўская праўда»). Аўтар кніг «Маўчанне навыперадкі» (гумар і сатыра, 1980), «Свой хлопец» (сатырычныя аповесці і апавяданні, 1985), «Праверка» (сатырычныя апавяданні, 1990).

Палітыка Дзмітры, нарадзіўся 15.05.1915 г. у вёсцы Гарывец Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Менскім, Лепельскім педагагічных тэхнікумах (1930-1932). Настаўнічаў у пачатковай школе ў вёсцы Капцэвічы Чашніцкага раёна. У 1935 г. скончыў літаратурны факультэт Магілеўскага педінстытута. Працаваў у літаратурным кабінеце гэтага інстытута, у Полацкай педнавучальні. Служыў у Чырвонай Арміі (1936-1937). Выкладаў расейскую літаратуру ў Магілеўскай педнавучальні (1937-1941), у педінстытуце (1944-1945), быў на педагагічнай рабоце ў Башкірскай АССР (1941-1944). У 1950 г. скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. З 1950 г. загадваў кафедрай расейскай і беларускай мовы і літаратуры Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1954 г.

Памёр 18.04.1965 г.

Дэбютаваў вершамі ў 1933 г. З 1946 г. пачаў выступаць як крытык. Пісаў на беларускай і расейскай мовах. Выйшлі брашуры «О значении советской литературы в коммунистическом воспитании трудящихся» (1952), «Великий русский писатель-сатирик М.Е.Салтыков-Щедрин» (1955) і «Беларуская пасляваенная проза» (1958), літаратуразнаўчыя кнігі «Янка Купала – перакладчык» (1959, дапоўненае выданне ў 1986), «Роман А.И. Гончарова «Обрыв» (1962) і зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Сляды часу» (1967).

Палтаран Вера (сапр. Ляпеская Вера), нарадзілася 28.03.1919 г. у вёсцы Бабунічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучылася ў Менскім педагагічным інстытуце (1937-1941). На пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіравалася ў Горкаўскую вобласць і працавала на Барміна-Вянецкім заводзе. У 1945 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала стыльрэдактарам газет «Чырвоная змена», «Літататура і мастацтва». У 1953-1973 гг. – рэдактар аддзела крытыкі часопіса «Маладосць». З 1973 па 1986 г. загадвала рэдакцыяй крытыкі і літаратуразнаўства выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1966 г.

Узнагароджана медалём.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1979).

Памерла 28.03.1989 г.

Выступаць у друку пачала ў 1949 г. Аўтар кніг нарысаў «Ключы ад Сезама» (1967) і «Дзівасіл» (1974), зборніка крытыкі і публіцыстыкі «Чалавек на вятрах часу» (1989).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя П.М.Лепяшынскага (1970) за зборнік «Ключы ад Сезама» і нарыс «Дзівасіл».

Пальчэўскі Алесь, нарадзіўся 16.01.1905 г. у вёсцы Прусінава Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў педагагічны факультэт (творчы цыкл) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1931). Працаваў адказным сакратаром рэдакцыі часопіса «Кааперацыя БССР», у 1931-1936 гг. – у рэдакцыі часопіса «Іскры Ільіча». 26.11.1936 г. рэпрэсіраваны. 01.10.1937 г. прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі. У 1937-1946 гг. працаваў лесарубам у Горкаўскай вобласці. У 1946 г. вярнуўся на Беларусь, выкладаў мову і літаратуру ў Пухавіцкай, Рудзенскай сярэдніх школах. У 1948 г. быў зноў асуджаны да высылкі (на пасяленне). Жыў у Краснаярскім краі, працаваў цесляром (1948-1955). Рэабілітаваны 18.12.1954 г. У 1955-1957 гг. працаваў у газеце «Зорька», рэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР, з 1957 г. – літсупрацоўнікам, У 1961-1971 гг. – адказным сакратаром рэдакцыі часопіса «Вясёлка». Сябра СП СССР з 1956 г.

Узнагароджаны медалём.

Памёр 26.04.1979 г.

Першыя вершы і апавяданні надрукаваў у 1925 г. Аўтар п'ес «З чырвоным сцягам» (1932), «Зломаная іголка» (1934), «Суседка» (Беласток, 1956), зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Родныя берагі» (1958), «Жнівеньская раніца» (1963), «Разбітае люстэрка» (1965), «Былі ў маці сыны» (1968), «Запознены пасаг» (1973), «Ноч на вахце» (1979). Для дзяцей выдаў кніжкі «Беражанкі» (1958), «Ты не адзін» (1960), «Аля і Галя» (1961), «Дым над лесам» (1964), «Данеўцы – нашы знаёмыя» (1965), «Таемная крушня» (1969), «Тайна аднаго звяна» (1971), «Аднавокі сом» (1974), «Сцежкі» (1977). У 1966 г. выйшла кніга выбраных твораў «Мора на камені», у 1975 і ў 1980 г. – Выбраныя творы ў 2 тамах.

Пераклаў на беларускую мову раман П.Данжашвілі «На Алазані» (з Т.Цулукідзе, 1959), асобныя творы расейскіх, украінскіх і грузінскіх пісьменнікаў.

Панамароў Валянцін, нарадзіўся 05.07.1923 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і інжынера-эканаміста.

Скончыўшы сярэднюю школу (1941), паступіў у Маскоўскі авіяцыйны інстытут, які неўзабаве быў эвакуіраваны ў Алма-Ату. У 1942 г. прызваны ў армію. Вучыўся ў Ваенна-паветранай Акадэміі імя Жукоўскага (1942-1944), у Маскоўскім інстытуце міжнародных адносін (1944-1945). Быў літсупрацоўнікам газеты «Правда» (1945-1949). З 1949 г. у Менску, – карэспандэнт «Правды» па Беларускай ССР (1949-1951), часопіса «Огонёк» (1951-1959, 1961-1965), газеты «Известия» (1959-1961), «Литературной газеты» (1974-1976). Працаваў памочнікам першага сакратара ЦК КПБ (1965-1971), кіраўніком групы палітычных аглядальнікаў Дзяржтэлерадыё БССР (1971-1974). Удзельнічаў у рабоце сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1966, 1968, 1970). Сябра СП СССР з 1965 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Літаратурнай дзейнасцю займаецца з 1945 г. Піша на расейскай мове. Выйшлі кнігі нарысаў «Партизанские годы Кирилла Орловского» (Масква, 1958), «На волнах жизни» (1961), «Суд спасает убийц» (1963), «Расскажи моим девочкам» (нарысы і апавяданні, Масква, 1969), «Мятежное сердце» (дакументальная аповесць, Масква, 1970), «К.П.Орловский» (1977), «Все так и было» (1984), «Своими глазами» (1989).

Аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма «У агні жыцця» (зняты ў 1969).

Панізнік Сяргей, нарадзіўся 10.05.1942 г. у вёсцы Бабышкі Міёрскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Магілеўскую медыцынскую навучальню (1962). Працаваў фельчарам Княжыцкай бальніцы каля Магілева. У 1962-1975 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі Львоўскай вышэйшай ваенна-палітычнай навучальні СА ВМФ (1967) быў ваенным журналістам. У 1976 г. працаваў фельчарам траўмабрыгады на станцыі «Хуткай дапамогі» ў Менску. У 1977-1978 гг. – стыльрэдактар у газеце «Вячэрні Мінск», з 1980 г. – рэдактар Дзяржтэлерадыё БССР, з 1982 г. – рэдактар, а з 1984 г. – загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва», з 1989 г. – вядучы рэдактар гэтай рэдакцыі. Сябра СП СССР з 1967 г. Узнагароджаны медалём.

Першы верш надрукаваў у 1959 г. (міёрская раённая газета «Зара камунізму» – цяпер «Сцяг камунізму»). Аўтар зборнікаў вершаў «Кастры Купалля» (1967), «Палявая пошта» (1972), «Крона надзеі» (1975), «Чало і век» (1979), «Слова на дабрыдзень» (1982), «Мацярык» (1985), «Стырно» (1989). Для дзяцей выйшлі кніжкі паэзіі «Адкуль вясёлка п'е ваду» (1981), «Жыцень» (1986), «Мы – грамацеі!» (1989), дакументальныя аповесці «Браніслава» (1985), «Освейская трагедия» (1990). Выдаў кніжку публіцыстыкі «Пасля вогненных вёсак...» (1980).

Панчанка Іван, нарадзіўся 24.05.1928 г. у вёсцы Тарапаева Прачысценскага раёна Смаленскай вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.

Працоўны шлях пачаў у 14 год машыністам паравой машыны на льнозаводзе ў вёсцы Велісто Прачысценскага раёна (1942-1944), машыністам на дрэваапрацоўчым камбінаце ў вёсцы Жаркі Калінінскай вобласці (1946-1948). Служыў у Савецкай Арміі (1948-1952). Пасля дэмабілізацыі – літсупрацоўнік у рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия», у 1957 г. у ліку трыццацітысячнікаў паехаў у вёску, працаваў старшынёй калгасаў імя М.Кутузава Стаўбцоўскага і калгаса «Камсамолец» Юрацішкаўскага (цяпер Іўеўскага) раёнаў. Быў карэктарам, загадчыкам аддзела пісем смалявіцкай раённай газеты «Ленінскі заклік», карэспандэнтам Менскага абласнога радыё, радыёарганізатарам вузла сувязі ў Смалявічах, супрацоўнікам шматтыражнай газеты «Белорусский автозаводец» (г. Жодзіна). Пасля заканчэння завочнага аддзялення факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1965) вярнуўся на пасаду загадчыка аддзела пісем газеты «Ленінскі заклік». Жыве ў Смалявічах Менскай вобласці. Сябра СП СССР з 1981 г.

Першае апавяданне ў рэспубліканскім друку апублікаваў у 1955 г. (газета «Сталинская молодежь»). Піша на расейскай мове. Аўтар кніг нарысаў «Жодинские богатыри» (1971), «Люди высокого долга» (1973), «Жодинская хроника» (1977) і апавяданняў «Порванные струны» (1975), «Уйдут метели зимние» (1980), «Новые знакомые» (1983), «...И вечной будет музыка» (дакументальная аповесць, 1986), «Доброе соседство» (1988).

Панчанка Пімен, нарадзіўся 23.08.1917 г. у горадзе Таліне (Эстонія) у рабочай сям'і.

Бацькі – бедныя сяляне, у пошуках заробку выехалі ў Прыбалтыку. У 1920 г. сям'я вярнулася ў Бягомль. У 1934 г. скончыў педагагічныя курсы ў Бабруйску. У 1934-1935 гг. – загадчык Алянскай пачатковай школы Бабруйскага раёна, у 1935-1936 гг. – настаўнік Казуліцкай няпоўнай сярэдняй школы Кіраўскага раёна, у 1938-1939 гг. выкладаў мову і літаратуру ў Кіраўскай сярэдняй школе Магілеўскай вобласці. Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Менскага настаўніцкага інстытута (скончыў у 1939). З верасня 1939 г. да студзеня 1946 г. у Савецкай Арми – спецыяльны карэспандэнт, пісьменнік у армейскіх і франтавых газетах. Прымаў удзел у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 г., у баях на Бранскім, Заходнім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім франтах, у 1944-1945 гг. знаходзіўся з часцямі Савецкай Арміі ў Іране. З 1946 г. працаваў у рэдакцыях часопіса «Вожык», газеты «Літаратура і мастацтва», быў галоўным рэдактарам часопісаў «Советская Отчизна» (цяпер «Неман», 1954-1958), «Маладосць» (1958-1966), сакратаром праўлення СП БССР (1966-1971). Як сябра дэлегацыі БССР у 1958 г. прымаў удзел у рабоце XIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Абіраўся депутатам Вярхоўнага Савета БССР (1957-1967, 1971-1975), старшынёй Рэспубліканскага камітэта абароны міру. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1938 г.

Узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума – «Знак Пашаны», Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны II ступені, медалямі.

Народны паэт БССР (1973).

Першыя вершы з'явіліся ў 1934 г. у кіраўскай раённай газеце «Кіравец» і альманаху «Ударнікі». Аўтар зборнікаў паэзіі «Упэўненасць» (1938), «Вераснёвыя сцягі» (1940) (зборнік «Трывожныя зарніцы» быў падрыхтаваны да друку і згарэў у час вайны), «Тебе, Беларусь!» (апублікаваны ў Маскве ў перакладзе на расейскую мову, 1942), «Дарога вайны» (Масква, 1943), «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (вершы і паэмы, 1947), «Вершы» (1948), «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950), «Вершы і паэмы» (1952), «Шырокі свет» (1955), «Выбраныя творы» (1956), «Гарачы лівень» (гумар і сатыра, 1957), «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Йоркскія маланкі» (1960), «Тысяча небасхілаў» (1962), «Чатыры кантыненты» (вершы і паэмы, 1964), «Пры святле маланак» (1966), «Размова з наследнікамі» (вершы і паэма, 1967), «Снежань» (1972), «Вершы» (1973), «Выбранае» (1975), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977), «Лірыка» (1980), «Млечны Шлях» (1980), «Маўклівая малітва» (1981), «Дзе начуе жаўранак» (1983), «Сіні ранак» (1984), «Лясныя воблакі» (1985), «І вера, і вернасць, і вечнасць» (1986), «Прылучэнне» (вершы і паэма, 1987), «Горкі жолуд» (1988), «Неспакой» (1988). Многія вершы пакладзены на музыку. Выйшлі Зборы твораў у 2-х (1959), у 3-х (1967-1971), у 4-х тамах (1981-1983).

Выдаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў «На паэтычным небасхіле» (1977).

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Ф.Шылера («Разбойнікі»), А.Міцкевіча, Я.Райніса, А.Пракоф'ева, А.Суркова, Т.Масэнкі, Б.Чалага, паэму М.Нагнібеды «Матулям з Расой» і інш.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1959) за «Патрыятычную песню», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1967) за кнігу вершаў «Пры святле маланак», Дзяржаўнай прэміі СССР (1981) за кнігу вершаў «Где ночует жаворонок» (Масква, 1979).

Папковіч Уладзімір, нарадзіўся 25.03.1935 г. у вёсцы Дварэц Вілейскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1958), выкладаў у гэтым інстытуцё нямецкую мову (1958-1962). Працаваў інжынерам-перакладчыкам патэнтнага бюро Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і прапаганды пры Савеце Міністраў БССР (1962-1963), старшым выкладчыкам кафедры замежных моў Менскай вышэйшай інжынерна-радыётэхнічнай навучальні (1963-1964), інжынерам-перакладчыкам аддзела тэхнічнай інфармацыі Менскага оптыка-механічнага завода. У 1966-1970 гг. настаўнічаў у школе № 20 у Віцебску, у Віцебскім педінстытуце. Зноў працаваў інжынерам-перакладчыкам. З 1973 г. выкладчык нямецкай і ангельскай моў Віцебскага індустрыяльнага тэхнікума, з 1982 г. – старшы выкладчык Віцебскага педінстытута. Сябра СП СССР з 1981 г.

У друку выступае з 1962 г. з вершамі і апавяданнямі. Аўтар зборнікаў вершаў «На досвітку» (1978), «Зерне» (1982), «Самы кароткі цень» (1988).

На беларускую мову перакладае творы нямецкіх і польскіх паэтаў. У яго перакладзе выйшлі кнігі І.Р.Бехера «Вяртанне да сябе» (1988), Р.Крафта «Востраў без маяка» (1987), «Закаханы вандроўнік: Паэзія нямецкага рамантызму» (1989).

Папова Алена, нарадзілася 12.10.1947 г. у горадзе Легніца (Польшча) у сям'і савецкага ваеннага журналіста.

У 1950 г. прыехала ў Менск. У 1967-1968 гг. працавала карэспандэнтам Сургуцкага радыёвяшчання (Цюменская вобласць, Расея), у 1969-1970 гг. – сакратаром-машыністкай ва ўстановах Менска. Скончыла Літаратурны інстытут у Маскве (1973). Працавала рэдактарам-кінадраматургам, асістэнтам рэжысёра на кінастудыі «Беларусьфільм» (1973-1975, 1976-1977), памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага тэатра імя Янкі Купалы (1975). Сябра СП СССР з 1979 г.

У друку дэбютавала ў 1967 г. апавяданнем (газета «Советская Белоруссия»). Піша на расейскай мове. Аўтар п'ес «Дом на берегу моря» (1973), «Скорые поезда» (1979, пастаўлена ў 1978), «Такая пристань» (апублікавана і пастаўлена ў 1979), «Площадь Победы» (1984, пастаўлена ў 1985), «Объявление в вечерней газете» (1985, пастаўлена ў 1982), «Маленькие радости живых» (апублікавана і пастаўлена ў 1990). Выйшаў зборнік п'ес «Объявление в вечерней газете» (1989).

Выдала аповесць для дзяцей «Галочка едет в Африку» (1973).

Папоў Георгі, нарадзіўся 03.05.1918 г. у вёсцы Прыганка Круціхінскага раёна Алтайскага краю (Расея) у сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Анжэра-Суджанскай фельчарскай школы (Кемераўская вобласць, 1938) працаваў загадчыкам Патрушэўскага медпункта. Праз паўтара года заняўся журналістыкай – стаў загадваць аддзелам культуры і быту ў газеце «Борьба за уголь» (Анжэра-Суджанск). Адначасова вучыўся завочна ў Новасібірскім педагагічным інстытуце (1940-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны – ваенны медык на Калінінскім, Заходнім, Цэнтральным, 1-м і 4-м Украінскіх франтах. З 1946 г. – ваенны журналіст, з 1950 г. – у газеце Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины» (Менск). У 1956-1959 гг. – супрацоўнік рэспубліканскай газеты «Калгасная праўда». З 1959 г. – адказны сакратар, у 1966-1978 гг. – намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1959 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1977).

Літаратурную працу пачаў у 1938 г. У беларускім друку першае апавяданне апублікаваў у 1952 г. (альманах «Советская Отчизна»). Піша на расейскай мове. Першы зборнік апавяданняў «В родном полку» выйшаў у 1956 г. у Маскве. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Половодье» (1958), «Клок сена» (1965), «Гуси-лебеди» (1968), «За тридевять планет» (1976, перапрацаванае выданне ў 1990), «Поездка в Тростёну» (1977), «Память» (1978), «Низкий поклон» (1981), «Первое лето» (1985), «На том, на волжском берегу» (1986), «На дороге» (1989).

Пераклаў на расейскую мову паасобныя празаічныя творы Я.Коласа, З.Бядулі, Б.Мікуліча, А.Алешкі, Я.Брыля, А.Савіцкага, Л.Гаўрылкіна і інш., вершы М.Багдановіча.

Парахневіч Міхась, нарадзіўся 20.08.1934 г. у вёсцы Мінкавічы Старадарожскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння школы фабрычна-заводскага навучання (1952) працаваў электраманцёрам у Менску. У 1953-1956 гг. служыў у Савецкай Арміі. Потым супрацоўнічаў у старадарожскай, парыцкай раённых газетах, у 1958-1961 гг. – у ерментаўскай раённай газеце Цалінаградскай вобласці. З 1962 г. – супрацоўнік газеты «Мінская праўда», у 1966-1967 гг. – газеты «Літаратура і мастацтва». Скончыў завочна філалагічны факультэт БДУ (1965), Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС у Маскве (1969). З 1971 г. – інструктар аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, з 1978 г. – намеснік рэдактара газеты «Вячэрні Мінск». Сябра СП СССР з 1973 г.

Узнагароджаны медалём.

Літаратурнай працай займаецца з 1950 г. Выйшлі кнігі для дзяцей «Мы майструем самалёт» (1963), «Толікаў гай» (1965), «Дзядзька Толя – трактарыст» (1968), «Чырвоны аўтобус» (1973). Аўтар кніжак прозы «Грыбны дождж» (1969), «Зара-зараніца» (1975), «Абяцанне» (1976), «Модны гальштук» (гумарэскі, 1977), «Мае і тваё маленства» (1978), «Прыгарадная камандзіроўка» (1979), «Марыніка» (1983), «Чаромхавы ранні цвет» (1984), «Белыя цені бяроз» (1989), зб. вершаў «Жыццё» (1972).

Пархута Яраслаў, нарадзіўся 08.03.1930 г. у вёсцы Мілейкі Івацэвіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949-1952). Быў на журналісцкай працы ў Гарадзенскай вобласці (1952-1953). Служыў у Савецкай Арміі (1953-1956). З 1956 г. – літсупрацоўнік, загадчык аддзела поразаўскай раённай газеты «Ленінскі шлях», з 1959 г. – намеснік рэдактара ружанскай раённай газеты «Заветы Леніна», з 1961 г. – рэдактар гарадзішчанскай раённай газеты «Советская Родина», з 1962 г. – намеснік рэдактара, загадчык аддзела міжраённай газеты «Знамя коммунизма» (Баранавічы), з 1965 г. – старшы рэдактар Берасцейскай студыі тэлебачання, у 1965-1969 гг. – загадчык аддзела, намеснік рэдактара маларыцкай раённай газеты «Сельскае жыццё». У 1973 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ (Менск). У 1973-1977 гг. – намеснік рэдактара і рэдактар аддзела часопіса «Вожык». У 1978-1982 гг. – рэдактар аддзела часопіса «Родная прырода». Сябра СП СССР з 1982 г.

Узнагароджаны медалём.

У друку выступае з 1946 г. Першы верш апублікаваў у 1949 г. (берасцейская абласная газета «Заря»). Аўтар вершаваных казак «Казка зялёнай дубровы» (1960), «Перапёлачка» (1979), кніг прозы «Ты пайшла ў сонца» (1973), «Мудрая цялушка» (1976), «Там, дзе жыве Юлька» (1978), «Жаваранак над полем» (1985), «Зямля бацькоў нашых» (1988), «Пад высокім сонцам» (1988), «Дарогамі надзеі і трывог» (1989).

Паслядовіч Макар, нарадзіўся 21.08.1906 г. у вёсцы Караваева Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.

Пасля заканчэння сямігодкі (1924) вучыўся на падрыхтоўчых курсах у ВНУ. У 1926 г. як актыўны селькор газеты «Беларуская вёска» запрошаны на штатную працу ў гэтую газету. Быў адказным сакратаром часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1935-1939). У час Вялікай Айчыннай вайны – кіраўнік мар'інагорскай падпольнай групы і сувязны асобага партызанскага атрада імя Сталіна ў Пухавіцкім раёне. Па падазрэнні ў сувязі з партызанамі ў 1943 г. быў арыштаваны і адпраўлены на катаржныя работы ў Германію. Пасля вызвалення працаваў спецыяльным карэспандэнтам газеты «Звязда» (1945-1948). Сябра СП СССР з 1936.

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.

Памёр 30.12.1984 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1927 г. (часопіс «Паляўнічы Беларусі»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Зруйнаваныя межы» (1930), «Людзі вясны» (1930), «Чатырнаццаты нумар» (1934), «Снайпер» (1937), «Чырвоныя струны» (1988), аповесцей «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933), «Магістральны канал» (1947), «З табою побач» (1960), раманаў «Цёплае дыханне» (1948), «Святло над Ліпскам» (1950, у 1988 г. абодва раманы выйшлі ў адной кнізе). Асобным выданнем выйшлі нарысы «Аляксандра Шаплыка» (1949), «Мяцежнае сэрца» (1959), «Салігорскае дзіва» (1963) і шэраг апавяданняў. Выдаў кніжкі апавяданняў для дзяцей «Вучоны верабей» (1938), «Зялёны канверт» (1964) і дакументальную аповесць «Па воўчых сцежках» (1958), зборнікі гумарыстычных апавяданняў «Пад дзвюма дойнымі каровамі» (1963), «Двайное дно» (1964), кніжку літаратурных пародый «Наравісты Пегас» (1968), «Аповесці. Апавяданні» (выбранае, 1970). У 1961 г. выйшаў Збор твораў у 2 тамах, у 1986 г. – Выбраныя творы.

Аўтар п'ес «Гонар» (1934), «Гарачае сэрца» (1938) і «Шалёная рысь» (1939).

Пераклаў на беларускую мову некаторыя творы А.Пушкіна, А.Чэхава, аповесць М.Гогаля «Тарас Бульба» (з А.Бачылам), раман Р.Джаваньёлі «Спартак», аповесць П.Бажова «Зялёны конік», раман М.Астроўскага «Народжаныя бурай», нарыс М.Горкага «У.І.Ленін», расейскія казкі, творы ўкраінскіх, польскіх і інш. пісьменнікаў.

Паўлаў Уладзімір, нарадзіўся 25.10.1935 г. у вёсцы Замошша Любанскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1954 г. скончыў Дарасінскую сярэднюю школу і працаваў літработнікам любанскай раённай газеты «Кліч Радзімы». Служыў у Савецкай Арміі (1954-1957). У 1962 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў загадчыкам літаратуры і мастацтва, адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1962-1967), адказным сакратаром кінабюлетэня «На экранах Беларусі» (1967-1971), літкансультантам СП БССР (1971-1972, 1986-1988), загадваў рэдакцыямі паэзіі, затым збору твораў і выбраных твораў выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1972-1985). З 1990 г. – намеснік старшыні СП Беларусі. Сябра СП СССР з 1962 г.

Першы верш надрукаваў у 1954 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Узлётная паласа» (1960), «Далягляд» (вершы і паэма, 1964), «Светацені» (1967), «Начная балада» (вершы і паэма, 1971), «Сонца купаецца» (вершы, паэма, 1976), «Каласы радкоў» (1979), «Сляза на вейцы» (1982), «Гадавое кальцо» (1986).

Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Годы нашы – птушкі» (1970), «Ад агню і мяча» (1973), для дзяцей «Пажарніца» («Тайна бункера № 7», аповесць, 1968), «Чуж-чужаніца» (аповесць, 1979), «Радзімкі» (1989). У 1987 г. выдадзены Выбраныя творы ў 2 тамах.

Пераклаў раманы Я.Фельдэака «Чужая дачка» (1979), У.Багамолава «Момант ісціны» («У жніўні сорак чацвёртага», 1984), асобныя творы пісьменнікаў народаў СССР.

Паўловіч Альберт, нарадзіўся 11.11.1875 г. у горадзе Менску ў сям'і мешчаніна.

Скончыў чатырохкласную гарадскую навучальню ў Менску (1894). Працаваў канторшчыкам, бухгалтарам ва Ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі (Менск). У 1932-1941 гг. жыў у Маскве, ад пачатку вайны да 1945 г. – на Ўрале, у 1945-1951 гг. – у Курску. Працаваў бухгалтарам у розных установах.

Памёр 17.03.1951 г.

Літаратурную дзейнасць пачаў у канцы XIX стагоддзя, у друку ўпершыню выступіў у 1907 г. у «Нашай ніве». Аўтар зборнікаў вершаў «Снапок» (Вільня, 1910), драмы «Васількі» (Вільня, 1919), вершаваных жартаў, вершаў для дзяцей, якія друкаваліся ў розных перыядычных выданнях дарэвалюцыйнага часу («Наша ніва», «Маладая Беларусь», «Беларусь», «Лучынка» і інш.). Рукапіс зборніка гумару «Перавясла» свету не пабачыў і пакуль не знойдзены. У 1975 г. выйшаў зборнік «Выбранае».


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю