Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"
Автор книги: Аляксей Гардзіцкі
Жанр:
Справочники
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 37 страниц)
Г
Гайдук Мікола, нарадзіўся 29.05.1933 г. у вёсцы Кабылянка Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям'і.
У 1951 г. скончыў агульнаадукацыйны ліцэй у мястэчку Міхалова. Два гады працаваў у гміннай управе. З 1953 г. вучыўся ў СССР на філалагічным факультэце ва ўніверсітэтах Растова-на-Доне, Ленінграда, Менска. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959) працаваў у агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім спачатку як настаўнік беларускай і лацінскай моў, а з 1965 г. – дырэктарам ліцэя. У 1959-1964 гг. адначасова выкладаў беларускую літаратуру на беларускім аддзяленні завочнай настаўніцкай студыі ў Беластоку. У 1971-1986 гг. – публіцыст, у 1986-1988 гг. – намеснік галоўнага рэдактара газеты «Ніва» (Беласток). Сябра Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа» з 1958 г. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1985 г.
Узнагароджаны ордэнамі Кавалерскі крыж ордэна Адраджэння Польшчы, Залатым крыжам і Сярэбраным крыжам заслугі і медалямі.
Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1986).
У друку выступіў з вершам на беларускай мове ў 1957 г. (газета «Ніва»). Выдаў на беларускай мове зборнік вершаў «Ціш» (Беласток, 1988). Піша апавяданні, на польскай мове выдаў «Белавежскія паданні» (Беласток, 1990). Выступае як публіцыст, літаратуразнаўца і перакладчык паэзіі з польскай на беларускую мову. Апублікаваў каля 600 уласных запісаў беларускіх песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік. Сабраў у наваколлі Белавежы і апрацаваў зборнік беларускіх народных казак, легенд і паданняў «Аб чым шуміць Белавежская пушча» (1982). Сааўтар (з Л.Гайдук) падручнікаў па беларускай мове для 3, 4, 5 класаў (1962-1987) (па 3 выданні) і «Граматыкі беларускай мовы для 5-8 класаў беларускай пачатковай школы» (1975).
Галавач Платон, нарадзіўся 18.04.1903 г. у вёсцы Пабокавічы Бабруйскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Застаўшыся без маці, з сямі год наймаўся за пастуха. У 1922-1923 гг. – інструктар Барысаўскага павятовага камітэта камсамола. У 1926 г. скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі ў Менску і стаў працаваць загадчыкам аддзела ЦК ЛКСМБ, з 1928 г. быў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ і рэдактарам газеты «Чырвоная змена». З лістапада 1929 да сакавіка 1930 г. – намеснік наркома асветы БССР. Адзін з кіраўнікоў літаратурных арганізацый «Маладняк», БелАПП. У розны час рэдагаваў часопісы «Маладняк», «Полымя». Абіраўся сябрам ЦК КПБ (1927-1930) і сябрам ЦВК БССР (1927-1935). У 1937 г. рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны 25.07.1956 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 29.10.1937 г.
Пачаў друкавацца з 1921 г. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Дробязі жыцця» (1927), «Хочацца жыць» (1930), «Апавяданні» (1934), аповесцей «Вінаваты» (1930), «Спалох на загонах» (1930), «Даляры» (1931), «Носьбіты нянавісці» (1936, часопіс «Полымя рэвалюцыі»), «Яны не пройдуць!» (1937, часопіс «Полымя рэвалюцыі»), рамана «Праз гады» (1935, перавыданы ў 1936, 1984), нарыса пра будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» (1934). У 1958 г. выйшаў Збор твораў у 3 тамах. У 1963 г. часопіс «Полымя» надрукаваў «Пісьмы Платона Галавача».
Галаўчынер Віктар, нарадзіўся 28.06.1905 г. у г. Менску ў сям'і настаўніка.
У 1926 г. скончыў Беларускую драматычную студыю пры Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва ў Маскве. Працаваў у Менску рэжысёрам і акцёрам Дзяржаўнага жыдоўскага тэатра (1926-1938), Беларускага рабочага тэатра імя ЦС ПСБ (1930-1932). У 1938-1939 гг. – выкладчык тэатральнай навучальні ў Менску, у 1939-1942 гг. – рэжысёр Беларускага тэатра імя Янкі Купалы, у 1942-1946 гг. – мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага жыдоўскага тэатра БССР, у 1946-1948 гг. – галоўны рэжысёр Дзяржаўнага расейскага тэатра БССР. З 1949 г. – галоўны рэжысёр у тэатрах Іркуцка, Ташкента, Вільні.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Народны артыст БССР (1944) і Летувіскай ССР (1959).
Памёр 15.07.1961 г.
У 1925 г. апублікаваў першы твор – п'есу «Гаўрош» па матывах рамана В.Гюго. Аўтар п'ес «Велікадушнасць» (пастаўлена ў 1935), «Урок жыцця» («Жыццё вучыць», пастаўлена ў 1942), «Да вяршынь» (1946), «Прафесар гісторыі» (1948). Выступаў і як тэатральны крытык.
Галіноўская Ніна, нарадзілася 18.12.1935 г. у вёсцы Вялікія Лазіцы Шклоўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1955 г. скончыла Магілеўскую дашкольную педагагічную навучальню. Працавала выхавацелькай дзіцячага сада торфапрадпрыемства «Калпеніца» Берасцейскай вобласці, дзіцячага дома ў мястэчку Лунна Гарадзенскай вобласці (1955-1958), карэктарам газеты «Мінская праўда» (1962-1963), карэктарам друкарні выдавецтва «Звязда» – затым выдавецтва ЦК КПБ (1963-1967). У 1967-1968 гг. – рэдактар мастацкіх фільмаў газеты «Кинонеделя Минска». Сябра СП СССР з 1985 г.
Першы верш апублікавала ў 1958 г. (скідальская раённая газета «Красное знамя»). Аўтар кніжак вершаў для дзяцей «Давайце пазнаёмімся» (1962), «Лясная зарадка» (1965), «Размова сняжынак» (1968), «Сяргейкаў параход» (1972), Кніжчыны сябры» (1975), «Мой дзень» (1977), «Зай прагназіст» (1979), «Незвычайны карагод» (1986), «Восень едзе ў магазін» (1990), калектыўнага зборніка «Калі ветрык спачывае» (1985).
Галубовіч Леанід, нарадзіўся 12.08.1950 г. у вёсцы Вароніна Клецкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Грыцэвіцкай сярэдняй школы Клецкага раёна (1967), затым слуцкай прафесійна-тэхнічнай навучальні № 97 (1969) працаваў электрыкам на Жабінкаўскім цукровым заводзе. Служыў у Савецкай Арміі (1970-1972). Працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі, Клецка. У 1989 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1989 г. – рэдактар літаратурна-драматычных праграм на Беларускім тэлебачанні. Сябра СП СССР з 1984 г.
У друку выступае з 1967 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Таемнасць агню» (1984) і «Споведзь бяссоннай душы» (1989).
Галубок Уладзіслаў (сапр. Голуб Уладзіслаў), нарадзіўся 15.05.1882 г. на станцыі Лясная Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.
Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе, здаў экстэрнам экзамены за курс Менскай гарадской навучальні (1906), скончыў у Менску мастацкія курсы. Працаваў грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам у магазіне, слесарам у Менскім дэпо. У 1917-1920 гг. – акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. З 1920 да 1922 г. – загадчык мастацкага аддзела ў Народным камісарыяце асветы БССР. Адзін з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра. У 1920 г. стварыў беларускі вандроўны тэатр, які называўся «Трупа Галубка», а ў 1932 г. атрымаў назву БДТ-3. У 1937 г. рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны 26.08.1957 г. Вярхоўным судом БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Народны артыст БССР (1928).
Расстраляны 28.09.1937 г.
У 1906 г. пачаў выступаць у перыядычным друку як паэт і празаік. Выдаў зборнік «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). З 1917 г. выступаў як драматург. Напісаў каля 40 п'ес. «Апошняе спатканне» (Вільня, 1919, пастаўлена ў 1917), «Пісаравы імяніны» (1927, пастаўлена ў 1917), «Бязвінная кроў» (пастаўлена ў 1918), «Залёты дзяка» (пастаўлена ў 1918), «Бязродны» (пастаўлена ў 1919), «Суд» (Вільня, 1924, пастаўлена ў 1920), «Душагубы» (пастаўлена ў 1921), «Ганка» (1929, пастаўлена ў 1920), «Пан Сурынта» (1930, пастаўлена ў 1923), «Плытагоны» (пастаўлена ў 1923), «Фанатык» (пастаўлена ў 1922), «Пінская мадонна» (пастаўлена ў 1927), «Белы вянок» (1929, пастаўлена ў 1921), «Ветрагоны» (1930, пастаўлена ў 1919), «Краб» (1930, пастаўлена ў 1927), «Белая зброя» (1933, пастаўлена пад назвай «Рыкашэт» у 1935), «Ліпавічок» (1962) і інш. У 1968 г. выйшаў зборнік «П'есы», у 1982 г. – «Творы». Аўтар публіцыстычных і тэатразнаўчых артыкулаў. Вядомы як мастак-дэкаратар і пейзажыст.
Гальпяровіч Навум, нарадзіўся 14.01.1948 г. у горадзе Полацку ў сям'і рабочага.
Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў на Полацкім шклозаводзе (1966-1967), у полацкай аб'яднанай газеце «Сцяг камунізму» (1967-1977). Вучыўся завочна на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1979 г. скончыў завочна Віцебскі педагагічны інстытут. У 1977-1980 гг. – рэдактар радыёвяшчання вытворчага аб'яднання «Палімір» у Наваполацку, у 1980-1981 гг. – супрацоўнік наваполацкай гарадской газеты «Химик», з 1981 г. – уласны карэспандэнт Дзяржтэлерадыё БССР па Віцебскай вобласці. Сябра СП СССР з 1990 г.
Першы верш надрукаваў у гарадской газеце Наваполацка «Химик» у 1967 г. Адзін з аўтараў калектыўнага зборніка паэзіі «Сцяжына» (1983). У 1990 г. выйшаў зборнік вершаў «Брама».
Выступае таксама з літаратурна-крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі.
Гамолка Мікола, нарадзіўся 11.03.1922 г. у вёсцы Брынёў Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1939-1940, завочна ў 1948-1952). У 1940-1946 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1947 г. паступіў на працу рэдактарам у Дзяржаўнае выдавецтва БССР, у 1948-1949 гг. – літсупрацоўнік рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», з 1949 г. загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», у 1951-1962 гг. – адказны сакратар часопіса «Бярозка». З 1967 г. – адказны сакратар Камісіі па Дзяржаўных прэміях БССР пры Савеце Міністраў рэспублікі. У 1970-1980 гг. і ў 1982-1986 гг. – літкансультант СП БССР, у 1980-1982 гг. – дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1946 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 03.05.1992 г.
Першыя вершы надрукаваў у 1937 г. (бабруйская газета «Камуніст»). Аўтар зборнікаў вершаў «Зварот шчасця» (1946) і «Б'юць куранты» (1950). Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Працаваў пераважна ў жанры прозы. Выйшлі аповесці для дзяцей «Лета ў Калінаўцы» (1950, дапоўненае выданне ў 1956), «Добры дзень, школа!» (1953), «За вялікую трасу» (часопіс «Полымя», 1954), а таксама раман «Шосты акіян» (1959), аповесці «Лясная крэпасць» (1980), «Сокалы-сакаляняты» (1987), «Партызанскія сёстры» (1989), зборнік апавяданняў «Шлях адкрыты» (1960). На расейскай мове выдаў аповесць-хроніку «Девушка шла по войне» (1972). У 1982-1983 гг. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Напісаў п'есу «Бітва ў космасе» (пастаўлена ў 1963).
Пераклаў на беларускую мову п'есу-казку Я.Шварца «Чырвоная шапачка» (пастаўлена ў 1967).
Гарбацэвіч Васіль, нарадзіўся 19.04.1893 г. у вёсцы Дукарка (цяпер увайшла ў склад вёскі Дукора) Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1913 г. скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам Лютаўскай земскай школы пад Сянно (1913-1915). Скончыў Менскі настаўніцкі інстытут (1918). Настаўнічаў у Дукорскай школе (1918-1924), выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Магілеўскім педагагічным тэхнікуме (1924-1929). Арганізатар і кіраўнік Магілеўскай філіі «Маладняка». У 1932 г. скончыў Менскі вышэйшы педагагічны інстытут. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1943 г. пад Каневам быў цяжка паранены. Настаўнічаў з перапынкамі ў вёсцы Дукора на Меншчыне (1933-1957). Сябра СП СССР з 1981 г.
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені і медалямі.
Заслужаны настаўнік БССР (1947).
Памёр 17.09.1985 г.
Вядомы як драматург. Аўтар п'ес «Вяселле» (пастаўлена ў 1921), «Чырвоныя кветкі Беларусі» (апублікавана і пастаўлена ў 1923, асобнае выданне ў 1959), «Пад вішнёвымі садкамі» (апублікавана ў 1927), «Песні нашых дзён» (1930). У 1983 г. выйшаў зборнік п'ес «Чырвоныя кветкі Беларусі». Аўтар успамінаў пра сустрэчы з М.Багдановічам у Яраслаўлі («Шлях паэта», 1975).
Гарбук Вісарыён, нарадзіўся 24.11.1913 г. у вёсцы Шкілякі Полацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1933 г. скончыў Лепельскі педагагічны тэхнікум. Выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў Дварэцкай няпоўнай сярэдняй школе (1933-1935), адначасова вучыўся завочна на літаратурным факультэце Менскага педінстытута. У 1935 г. перайшоў на стацыянарнае аддзяленне інстытута. У красавіку 1936 г. рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў на Калыме. Вярнуўся ў Беларусь у 1940 г. Поўнасцю рэабілітаваны ў 1961 г. З 1940 г. – настаўнік і загадчык навучальнай часткі Мехаўскай сярэдняй школы на Віцебшчыне (1940-1941). У ліпені 1941 г. прызваны ў армію. Удзельнічаў у абароне Масквы, вызваленні Беларусі, Польшчы, узяцці Берліна. У 1946 г. цяжка захварэў на поліартрыт і быў прыкаваны да ложка. Жыў у Пяцігорску. Сябра СП СССР з 1963 г.
Узнагароджаны медалямі.
Заслужаны работнік культуры БССР (1979).
Памёр 08.08.1986 г.
Пісаць пачаў у шпіталі. У 1957 г. надрукаваў першае апавяданне. Пісаў на беларускай і расейскай мовах. Аўтар кніг прозы «Не шукаю спакою» (1963), «Лицо в полоску» (1967, па аднайменным апавяданні ў 1971 г. пастаўлены тэлефільм). Для дзяцей выйшлі кнігі «Танюшкины рассказы» (Стаўрапаль, 1964), «Алачка-забывалачка» (1964), «На маім акне. Таніны апавяданні» (1966), «Незнарок і знарок» (1969), «Такіх кветак не бывае» (1971), «Хто такія мы» (1973), «Мышки и Мишки» (Стаўрапаль, 1974), «Са мной здарылася неверагоднае» (1977). Пераклаў і апрацаваў для дзяцей казкі народаў Паўночнага Каўказа «Напітак волатаў» (1969). У 1983 г. выйшла кніга выбраных твораў «Горад без папугайчыкаў».
Гардзей Віктар, нарадзіўся 19.08.1946 г. у вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Круговіцкай сярэдняй школы (1964) працаваў у калгасе, а ў 1965-1966 гг. быў літсупрацоўнікам ляхавіцкай раённай газеты «Будаўнік камунізму». З 1966 г. – у ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе» (загадчык аддзела пісем, адказны сакратар, намеснік рэдактара). З пераездам у Менск (1983) працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларусь», «Родная прырода», з 1989 г. – старшы літсупрацоўнік аддзела прозы часопіса «Маладосць». Завочна скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1984). Сябра СП СССР з 1979 г.
Узнагароджаны медалём.
Літаратурную працу пачаў у 1963 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Засевак Радзімы» (1983), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988) і кніжак вершаў для дзяцей «Чырвоны грабеньчык» (1976), «На арэхавай палянцы» (1982), «Коцікі на вярбе» (1988), «Мой тата – трактарыст» (1989).
Выдаў кнігі прозы «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984) і «Карані вечнага дрэва» (1988).
Гардзіцкі Аляксей, нарадзіўся 02.05.1934 г. у вёсцы Пугачова (з 1979 г. у межах Берасця) Берасцейскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Берасцейскага педагагічнага інстытута (1956). Быў завучам Мікашэвіцкага дзіцячага дома, на камсамольскай працы, журналістам на Берасцейшчыне. У 1959-1962 гг. – аспірант, у 1962-1966 гг. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Працаваў старшым рэдактарам Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку. З 1972 г. – літкансультант СП БССР. Сябра СП СССР 1970 г.
З рэцэнзіямі і артыкуламі пачаў выступаць у 1953 г. (берасцейская абласная газета «Заря»). Аўтар кніг дыялогаў, інтэрв'ю, гутарак пра літаратуру «Дыялогі» (1968), «Сустрэчы» (1972), «Зразумець як сваё» (1977), «Вачыма сяброў» (1977), «Сябрына» (1986), «Гутаркі» (1988). Напісаў літаратуразнаўчую працу «Пра майстэрства дэталі» (1969) і брашуру «Творчасць Івана Шамякіна» (1971). Выступае і як аўтар празаічных мініяцюр і літаратурных эцюдаў.
Складальнік зборніка «Беларускія савецкія паэты» (на грузінскай мове, Тбілісі, 1978), біябібліяграфічнага даведніка «Пісьменнікі савецкай Беларусі» (1981).
Гародня Алесь (сапр. Функ Аляксандар), нарадзіўся ў горадзе Пярмі (Расея) у 1899 г. у сям'і чыноўніка.
Часта з бацькамі наведваў Пружаншчыну, дзе былі дзедаў і матчын маёнткі. Рэвалюцыю 1917 г. сустрэў у Фінляндыі. Далучыўся трывала да беларускай культуры ў Маскве, куды пераехаў у 1917 г. на вучобу. Там стаў сябрам маскоўскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады. Быў тэхнічным рэдактарам часопіса «Чырвоная Беларусь». У 1930 г. арыштаваны, у 1931 г. асуджаны да зняволення. У 1942 г. зноў яму інкрымініравана справа і Самаркандскі абласны суд прыгаварыў яго да вышэйшай меры пакарання, якая была заменена на 10 год зняволення.
Памёр 12.09.1944 г. у зняволенні.
У друку з празаічнымі творамі пачаў выступаць з 1925 г. (часопіс «Полымя»). У Менску выйшлі аповесці «На крэсах» (1927) і «Варта на Рэйне» (1930). Выступаў таксама з апавяданнямі і артыкуламі.
Гартны Цішка (сапр. Жылуновіч Зміцер), нарадзіўся 04.11.1887 г. у гарадскім пасёлку Капыль Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1905 г. скончыў двухкласную навучальню ў Капылі. Працаваў у гарбарнай майстэрні. Прымаў удзел у рэвалюцыйных падзеях 1905-1907 гг. У пошуках працы аб'ехаў Беларусь, Украіну і Летуву. У 1910 і 1911 гг. прыязджаў у Капыль і браў удзел у рабоце мясцовай арганізацыі РСДРП, у выданні рукапісных часопісаў. У траўні 1913 г. стаў працаваць на заводзе «Вулкан» у Пецярбургу. Газета «Правда» ў 1912-1913 гг. змясціла шэраг яго вершаў і нарыс пра гарбароў. Быў сябрам рабочага культурна-асветнага таварыства «Знанне». У 1914 г. перайшоў працаваць на завод «Айваз». Вёў у Петраградзе прапагандысцкую і арганізацыйную работу сярод бежанцаў-беларусаў. Пасля Кастрычніка – сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята пры ўрадзе РСФСР, рэдактар газеты «Дзянніца». З дня ўтварэння БССР (01.01.1919) да 03.02.1919 г. быў старшынёй Часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўрада Беларусі. З сакавіка 1919 г. – рэдактар-выпускаючы і сакратар газеты «Красная заря» (Харкаў), а з чэрвеня 1919 г. – палітработнік у штабе 14-й арміі, Працаваў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», часопіса «Полымя», дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР і Дзяржаўнага архіва БССР, загадчыкам Галоўмастацтва і намеснікам народнага камісара асветы БССР. Быў сябрам Інбелкульта (Інстытута беларускай культуры), а ў 1928 г. абраны акадэмікам АН БССР. Працаваў у Інстытуце гісторыі і загадваў выдавецтвам АН БССР. Быў сябрам ЦВК БССР (1920-1931). 15.11.1936 г. арыштаваны. Знаходзячыся ў турме, быў абвешчаны псіхічна хворым, у сувязі з чым пераведзены ў Магілеўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе памёр (па іншых звестках – скончыў жыццё самагубствам). 15.10.1955 г. рэабілітаваны ў грамадска-прававых адносінах, у 1988 г. адбылася поўная палітычная рэабілітацыя. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Памёр 11.04.1937.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1908 г. на старонках «Нашай нівы». Выдаў зборнікі паэзіі «Песні» (1913), «Песні працы і змагання» (Берлін, 1922), «Урачыстасць» (1925). У 1967 г. выйшлі «Вершы».
Актыўна выступаў як празаік. Аўтар кніг апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924), «Прысады» (апавяданні і п'есы, 1927), «Гаспадар» (1930), «Гоман зарніц» (1932), «Наступ на горны» (апавяданні, нарысы і вершы, 1932), аповесцей «На новым месцы» (1930), «Зялёны шум» (1931), рамана «Сокі цаліны» (ч. I-III, 1922-1930). У 1929-1932 гг. выйшаў Збор твораў у 4 тамах, у 1987-1989 гг. – тры тамы Збору твораў у 4 тамах. У 1926 і 1962 гг. – «Выбраныя апавяданні», у 1978 г. – кніга выбраных апавяданняў «Насустрач сонцу».
Аўтар драм «Хвалі жыцця» (1918), «Сацыялістка» (1924), «Дзвё сілы» (1927), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў «Узгоркі і нізіны» (1928), крытыка-біяграфічнага нарыса «Янка Купала – пясняр вызвалення» («Янка Купала ў літаратурнай крытыцы», 1928).
Пераклаў на беларускую мову раман А.Фадзеева «Апошні з удэгэ» (1932).
Гарулёў Мікола, нарадзіўся 06.11.1919 г. у вёсцы Баева Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і настаўніка.
Скончыў аддзяленне расейскай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Магілеўскага педагагічнага інстытута (1941). На пачатку Вялікай Айчыннай вайны – баец 1-га камуністычнага знішчальнага батальёна пры ЦК КП Беларусі, потым – баец, афіцэр-палітработнік у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі (1947) – адказны сакратар рэдакцыі магілеўскай абласной газеты «За Радзіму». У 1949 г. пераехаў у Менск, працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, у рэдакцыі часопіса «Советская Отчизна», загадчыкам літаратурнай часткі Расейскага драматычнага тэатра, на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1970-1979 гг. – адказны сакратар часопіса «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Сябра СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1979).
Памёр 07.05.1980 г.
Першы верш апублікаваў у 1938 г. (газета «Камунар Магілёўшчыны»). Пісаў на расейскай і беларускай мовах. У 1949 г. выдаў нарыс «Шлях рацыяналізатара». Выйшлі зборнікі аповесцей і апавяданняў «Друзья-товарищи» (1954), «Новы настаўнік» (1974), «Прощайте, любимые» (1977), «Кібернетычная жонка» (1979), раманы «Прощайте, любимые» (1979), «После разлуки» (1981). Зрабіў літаратурны запіс кнігі М.Каралёва «Сыновья народа» (1955).
Выдаў зборнікі вершаў «Сверстники» (1950), «В пути» (1956), «Признание» (1976).
Выступаў і як драматург. Аўтар п'ес «Выбух» (з М.Алтуховым, 1959, пастаўлена ў 1958), «Второе знакомство» (1961, пастаўлена ў 1960), «Если любишь» («Призвание», 1963, пастаўлена ў 1962), «Моя дочь» (1966, пастаўлена ў 1965), «Друг или враг» («Кровью скрепленная», 1967, пастаўлена ў 1966), «Месть Половинкина» (пастаўлена ў 1968), «Москвич-408» (1971), тры апошнія п'есы ўвайшлі ў зборнік «Наследники» (1971). Напісаў кінааповесць «Наследники Матвея Марковича» (1963) і сцэнарыі трох дакументальных фільмаў.
Пераклаў на расейскую мову раманы М.Паслядовіча «Святло над Ліпскам» (1950) і М.Зарэцкага «Вязьмо» (1965), а таксама паасобныя творы Я.Коласа, Э.Самуйлёнка, П.Галавача, М.Танка, П.Панчанкі, А.Бялевіча, У.Краўчанкі, Я.Скрыгана, І.Мележа і інш.
Гарун Алесь (сапр. Прушынскі Аляксандар), нарадзіўся 11.03.1887 г. у фальварку Новы Двор (цяпер у межах Менска) у сям'і чорнарабочага.
Скончыў гарадскую прыходскую навучальню ў Менску (1897), вучыўся ў рамесніцкай навучальні. З 1902 г. працаваў сталяром у розных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Менску. У 1904 г. уступіў у партыю эсэраў і актыўна ўключыўся ў падпольную рэвалюцыйную дзейнасць. У 1907 г. арыштаваны і высланы на пасяленне ў Сібір, дзе займаўся сталярнай і цяслярнай працай. Ссылку адбываў у Кірэнскім павеце Іркуцкай губерні. У 1914 г. працаваў на Лене вадалівам. З 1915 г. – на залатых капальнях у Бадайбо, дзе сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю. Там быў абраны дэпутатам Савета Ленінскай золатапрамысловай акругі. У Менск вярнуўся ў верасні 1917 г., у 1918 г., у час нямецкай акупацыі, рэдагаваў газету «Беларускі шлях». У 1919 г., пасля захопу Менска палякамі, стаў сябрам так званай Беларускай вайсковай камісіі. У 1920 г. цяжка хворы вывезены ў Кракаў.
Памёр 28.07.1920 г.
Пісаць вершы пачаў змалку. У друку дэбютаваў вершам «Маці-Беларусі» ў 1907 г. (газета «Наша ніва»). Вершы, апавяданні публікаваліся ў газетах «Наша ніва», «Беларус», «Вольная Беларусь», у калектыўных зборніках і календарах. Выйшаў зборнік паэзіі «Матчын дар» (1918, 1929, факсімільнае выданне ў 1988), у 1920 г. – зборнік «Жывыя казкі», куды ўвайшлі тры п'есы для дзіцячага тэатра: «Хлопчык у лесе» (ставілася ў Вільні ў 1921), «Шчаслівы чырвонец» і «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць». У Вільні асобным выданнем выйшла паэма «Мае коляды» (пад псеўданімам А.Сумны, 1920). Выступаў у друку і як публіцыст.
Гарэлікава Таццяна, нарадзілася 28.11.1947 г. у вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Патапаўскай сярэдняй школы (1964) паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыла завочна ў 1970). З 1968 г. працавала бібліятэкарам у Менску, з 1972 г. – старшай піянерважатай, з 1975 г. – арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы Трасцянецкай, з 1976 г. – дырэктарам Раўкуцевіцкай сярэдняй школы, з 1978 г. – інспектарам Менскага райана. З 1979 г. – намёснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі, з 1980 г. – сакратар Менскага райкома КПБ. З 1985 г. – рэдактар аддзела прозы часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1979 г.
З першым апавяданнем выступіла ў друку ў 1962 г. (газета «Піянер Беларусі»). Выйшлі зборнікі аповесцей і апавяданняў «Дзе лес шуміць» (1978), «Пры святле расстанняў» (1985).
Гарэцкі Максім, нарадзіўся 18.02.1893 г. у вёсцы Малая Багацькаўка (у 1976 г. аб'яднана ў вёску Багацькаўка) Мсцілаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Горацкую каморніцка-агранамічную навучальню (1913). Працаваў каморнікам у Летуве. Улетку 1914 г. прызваны ў армію. У час першай імперыялістычнай вайны быў на фронце, ва Ўсходняй Прусіі. Пад Сталупененам паранены. У 1916 г. скончыў Паўлаўскую ваенную навучальню. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі жыў у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета», у газеце «Звязда», з рэдакцыяй якой у пачатку 1919 г. пераехаў у Вільню. Займаўся выдавецкай і навуковай дзейнасцю, працаваў настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі. Быў рэдактарам і выдаўцом газет «Наша думка» (1920-1921) і «Беларускія ведамасці» (1921-1922). За сувязь з віленскімі камуністамі трапіў у 1922 г. у Лукішскую турму. У 1923 г. вярнуўся ў БССР. Чытаў лекцыі на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, загадваў кафедрай беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, займаўся літаратурнымі даследаваннямі ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у АН БССР. У 1931-1935 гг. жыў у Кіраве (былая Вятка), куды быў высланы. Працаваў чарцёжнікам, тэхнікам. З верасня 1935 г. жыў у пасёлку Пясочня (цяпер г. Кіраў) Калужскай вобласці, дзе працаваў выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе, у 1938 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў лагер у Комі АССР. Справа па абвінавачаню М.Гарэцкага адменена і спынена ў 1957 г. Вярхоўным судом БССР. 07.02.1959 г. Калужскім абласным судом поўнасцю рэабілітаваны.
Расстраляны 10.02.1938 г. у Вязьме.
Друкаваўся з 1912 г. (допісы, карэспандэнцыі). Першае апавяданне надрукаваў у 1913 г. у газеце «Наша ніва». У 1914 г. выдаў у Вільні зборнік апавяданняў «Рунь», у 1919 г. – драматызаваную аповесць «Антон». Выйшлі кнігі прозы: зборнік апавяданняў «Досвіткі» (1926), аповесці «Дзве душы» (Вільня, 1919), «Ціхія песні» (1926, другое, дапрацаванае і пашыранае выданне пад назвай «Ціхая плынь» у 1930), дакументальна-мастацкія запіскі «На імперыялістычнай вайне» (1926, перавыдадзены ў 1987), раман «Віленскія камунары» (1965), «Камароўская хроніка» (часопіс «Полымя», 1966). Выпушчаны ў 1960 г. – «Выбранае», у 1973 г. – Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1984-1986 гг. – Збор твораў у 4 тамах, у 1990 г. – «Творы».
Працаваў і ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства, а таксама мовазнаўства. Напісаў першую «Гісторыю беларускае літаратуры» (Вільня, 1920, 4-е выданне, Менск, 1926). Аўтар літаратурна-крытычнай працы «Маладняк» за пяць гадоў. 1923-1928» (1928), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век – 1905 г.» (Вільня, 1922), «Руска-беларускага слоўніка» (з Г.Гарэцкім, Смаленск, 1918, 2-е выданне, Вільня, 1920), «Беларуска-расійскага слоўнічка» (3-е выданне, 1925), «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка» (з М.Байковым, 1924, 2-е выданне, 1926). Выдаў зборнік «Народныя песні з мелодыямі» (запісаныя ад маці, мелодыі запісалі А.Ягораў і М.Аладаў, 1928).
Напісаў драматычныя абразкі, якія ставіліся самадзейнасцю, «Атрута» (1913), «Мутэрка» («Вучыцель Мутэрка», 1920), «Чырвоныя ружы» (1923), «Жартаўлівы Пісарэвіч» (1925), «Не адной веры» (1928), «Гапон і Любачка» (1929) і інш.
Пераклаў на беларускую мову паасобныя працы Ў.І.Леніна (пад псеўданімам А.Мсціслаўскі), творы Ю.Лібядзінскага «Камісары» і «Тыдзень», А.Фадзеева «Разгром», апавяданні М.Горкага «Зброднік», «Канавалаў» і «Чалкаш», «Слова аб палку Ігаравым».
Гаўрук Юрка, нарадзіўся 06.05.1905 г. у горадзе Слуцку Менскай вобласці ў сям'і рабочага.
У 1921 г. скончыў слуцкую школу другой ступені, у 1925 г. – Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В.Брусава ў Маскве. Быў дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі (1925-1931), чытаў курс зарубежнай літаратуры і літаратур народаў СССР у Магілеўскім педагагічным інстытуце. 08.02.1935 г. рэпрэсіраваны. Асуджаны на высылку з Беларусі. Больш за 20 гадоў працаваў на розных работах у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР. Рэабілітаваны ў 1956 г. У 1957-1967 гг. – памочнік галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Сябра СП СССР з 1934 г.
Памёр 18.02.1979 г.
Працаваў у галіне перакладу з французскай, ангельскай, нямецкай, польскай, расейскай, украінскай на беларускую мову. Першая публікацыя – у 1925 г. (верш Г.Гейнэ «Ткачы»). Пераклаў п'есы Ў.Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, пастаўлена ў 1926), «Гамлет» (1935, 1964, пастаўлена ў 1946), «Атэла» (1954), «Канец – справе вянец» (пастаўлена ў 1964), «Кароль Лір» (1974), «Антоній і Клеапатра» (1982). У яго перакладзе ставіліся п'есы «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага (1957), «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэда (1957), «Забыты ўсімі» Н.Хікмета (1958), «Тысяча франкаў узнагароды» В.Гюго (1962), «Мяцеліца» Л.Ляонава (1965), «Дзядзька Ваня» А.Чэхава (1965), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1967), «Улада цемры» Л.Талстога (1969), «Залатая карэта» Л.Ляонава (1971), «Багна» А.Астроўскага (1972), «Доктар філасофіі» Б.Нушыча (1972).
Напісаў зборнік краязнаўчых апавяданняў «Вясковыя рыскі» (1926). Аўтар першай на Беларусі кніжкі паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў» (1928). У 1969 г. выйшаў зборнік арыгінальных вершаў і перакладаў «Іскры з крэменя», у 1975 г. – зборнік выбра-ных перакладаў паэзіі «Агні ў прасторах», у 1990 г. – «Выбранае» (вершы і пераклады).
Пераклаў асобныя творы А.Пушкіна, Ф.Шылера, А.Міцкевіча, Дж.Байрана, Лесі Ўкраінкі, У.Сасюры, П.Варанько, асобнымі выданнямі выйшлі раман А.Сціля «Любіць будзем заўтра» (1960), зборнік А.Маруа «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы» (1974), раманы Э.Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976) і К.С.Прычард «Дачка ўрагану» (1977). На расейскую мову пераклаў аповесць «Люба Лук'янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К.Чорнага і «Серадзібор» (1966) П.Пестрака.
Аўтар артыкулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасці» (1986).
Гаўрусёў Сцяпан, нарадзіўся 10.05.1931 г. у вёсцы Нова-Аляксандраўка Дрыбінскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Магілеўскую педагагічную навучальню (1951). Служыў у Савецкай Арміі. У 1954-1957 гг. быў супрацоўнікам рэспубліканскай газеты «Звязда», у 1964-1965 гг. – рэдактарам выдавецтва «Беларусь». Сябра СП СССР з 1955 г.
Памёр 12.03.1988 г.