Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"
Автор книги: Аляксей Гардзіцкі
Жанр:
Справочники
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 37 страниц)
Напісаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987).
На беларускую мову пераклаў кнігі – Я.Райніс «Ветрык, вей!» (1965), Ф.Г.Лорка «Блакітны звон Гранады» (1975), С.Ясенін «Выбранае» (з А.Куляшовым, 1976), С.Паптонеў «Беларусь – белая балада» (з В.Нікіфаровічам, 1979, 1985), А.Вазнясенскі «Небам адзіным» (1980), І.Драч «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), К.Шэрман «Дождж у Каралішчавічах» (1984), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), «Беларусь – маё слова і песня (паэты свету пра Беларусь)» (1987), А.Хаям «Рубаі» (1989), М.Шагал «Паэзія» (з Л.Бярынскім, 1989), Б.Пастарнак «Гарэла свечка...» (1990). Паасобныя творы Шэкспіра, Байрана, Кітса, Кіплінга, Рэмбо, Бёрнса і іншых паэтаў свету ўвайшлі ў кнігу перакладчыка «Кахаць – гэта значыць...» (1986). Пераклаў п'есы Лесі Ўкраінкі «Каменны гаспадар» і Мальера «Тарцюф».
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976) за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і кнігу перакладаў выбранай лірыкі Ф.Г.Лоркі «Блакітны звон Гранады».
Баранавых Сымон (таксама Баранаў Сымон), нарадзіўся 01.09.1900 г. у вёсцы Рудкова Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Юнаком парабкаваў у багатых гаспадароў. У 1920-1923 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў у роднай вёсцы ў сельсавеце, загадваў хатай-чытальняй. У 1925-1928 гг. вучыўся ў Менску на рабфаку. У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у Беларускім радыёцэнтры, затым адказным сакратаром часопіса «Беларусь калгасная», у бібліятэцы Дома пісьменніка. У 1936 г. арыштаваны. Асуджаны на 10 год зняволення. Рэабілітаваны ў 1954 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Памёр 10.11.1942 г.
Выступіў у друку спачатку як селькор з карэспандэнцыямі. У 1927 г. апублікаваў першае апавяданне (газета «Чырвоная змена»). Выдадзены зборнік апавяданняў «Злосць» (1930), аповесці «Чужая зямля» (1930), «Межы» (1930), «Новая дарога» (1936), аповесць для дзяцей «Пастка» (1935), раман «Калі ўзыходзіла сонца» (1957), «Дзве аповесці» (1967), «Новая дарога» (апавяданні, аповесці, раман, 1989).
Барашка Ілары, нарадзіўся 25.07.1905 г. у горадзе Менску ў сям'і рабочага.
З 1924 г. – адказны сакратар рэдакцыі часопіса «Полымя». З 1925 г. – рэдактар часопіса «Малады араты», з 1927 г. – намеснік адказнага рэдактара газеты «Чырвоная змена», з 1929 г. – намеснік рэдактара часопіса «Маладняк». Адначасова вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (скончыў у 1930). У 1932-1936 гг. працаваў рэдактарам на студыі Белдзяржкіно ў Ленінградзе. У 1938 г. скончыў Кінаакадэмію і быў прызначаны начальнікам Упраўлення навучальных устаноў Камітэта па справах кінематаграфіі пры СНК СССР. У 1941-1944 гг. – палітработнік у Палітупраўленні Ціхаакіянскага, затым Чарнаморскага ваенна-марскога флоту. Пасля вайны працаваў у Міністэрстве культуры СССР, Міністэрстве культуры РСФСР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 03.06.1968 г.
У Друку выступіў у 1923 г. з апавяданнямі і нарысамі. Выйшлі зборнікі апавяданняў «У прасторы» (1926), «Камунары» (1931), «На розныя тэмы» (1931), аповесць «Рыгор Галота» (1929), казка «Залатыя арэхі» (1930), вершаваны нарыс «Асінстан» (1931), апавяданне для дзяцей «Газета Ганначкі Хаваначкі» (1932) і зборнік апавяданняў «Блізкія далі» (1959).
Выдаў таксама брашуры палітычнага і літаратуразнаўчага зместу: «Шляхам змагання і перамог» (1928), «11 ліпеня – дзень вызвалення ад белапалякаў» (1930), «Буржуазныя плыні ў сучаснай літаратуры» (1930).
Аўтар п'есы «Раманы Зора» (1932) і інш. Разам з Р.Кобецам напісаў сцэнарый мастацкага кінафільма «Дняпро ў агні» (пастаўлены ў 1937), аўтар сцэнарыяў шэрагу дакументальных фільмаў, у тым ліку пра Я.Коласа і Ф.Скарыну.
Пераклаў на расейскую мову паасобныя творы К.Крапівы, К.Чорнага, П.Галавача і на беларускую – «Паэмы» У.Сасюры (1930).
Бароўскі Анатоль, нарадзіўся 12.05.1942 г. у вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.
Пасля заканчэння Асавецкай сярэдняй школы Мазырскага раёна (1960) працаваў у калгасе, потым на заводзе жалезабетонных вырабаў у Мазыры, настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Турбінка Мазырскага раёна. У 1961-1962 гг. – студэнт Мазырскага педагагічнага інстытута (скончыў завочна ў 1967). У 1962-1964, 1968-1970 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў у мазырскай раённай газеце «Камуніст Палесся» адказным сакратаром гарадскога таварыства «Веды», інструктарам гаркома партыі, намеснікам дырэктара навучальні геалогіі (Мазыр). З 1975 г. – уласны карэспандэнт газеты «Чырвоная змена» па Гомельскай і Берасцейскай абласцях. Сябра СП СССР з 1990 г.
Друкуецца з 1963 г. Аўтар кнігі аповесцей і апавяданняў «Каліна пад акном» (1987), аповесці «Тросніца» (калектыўны зборнік «Знаёмства», 1982). Асобнымі выданнямі выйшлі нарысы «Надзейная змена» (1976), «Мікалай Пушкар» (1985), «Цветут над Припятью сады» (з Ю.Герасіменкам, 1987).
Барскі Алесь (сапр. Баршчэўскі Аляксандар), нарадзіўся 02.11.1930 г. у вёсцы Бандары Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям'і.
Скончыў аддзяленне расейскай філалогіі філалагічнага факультэта Лодзінскага ўніверсітэта (1955). З 1956 г. працуе на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, з 1975 г. – загадчык гэтай кафедры. У 1959-1980 гг. – старшыня праўлення Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа». З 1984 г. – старшыня Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. Доктар філалагічных навук. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1962 г.
Узнагароджаны ордэнамі Залаты крыж Адраджэння Польшчы, Кавалерскі крыж Адраджэння Польшчы і медалямі.
Выступіў упершыню ў друку ў 1956 г. (газета «Ніва», Беласток). Аўтар зборнікаў вершаў «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Менск, 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Менск, 1987).
Апублікаваў цыкл навукова-папулярных артыкулаў «Беларуская літаратура і беларускі фальклор» (газета «Ніва», 1965-1988). Аўтар універсітэцкіх падручнікаў «Гісторыя беларускай літаратуры – фальклор» (Варшава, 1976), «Гісторыя беларускай літаратуры – пісьменнасць Кіеўскай Русі і Вялікага Літоўскага Княства» (1981), падручніка для 7 класа «Дружба і праца» (з В.Шведам, Варшава, 1967), «Насустрач жыццю» (з В, Шведам, Варшава, 1974), навуковых кніг «Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны» (Беласток, 1990), «Ігнат Дварчанін – палітык і вучоны» (з А.Бергман, Е.Тамашэўскім, Варшава, 1990).
Пераклаў на польскую мову зборнікі казак М.Федароўскага «Д'яблава скрыпка» (1973), казак Меншчыны, Гарадзеншчыны і Магілеўшчыны «Невычэрпны збан» (1976), расейскіх казак «Асілкі-чарадзеі» (Варшава, 1984), украінскіх казак «Зачараваныя колеры стэпу» (Варшава, 1986), зборнікі паэзіі В.Лукшы «Лета круглы год» (1983), «Дрэва дружбы» (1990), В.Віткі «Тосі-тосі ладкі» (1985), А.Пысіна «У сонейку» (1985). Пераклаў паэму Янкі Купалы «Яна і я», шматлікія яго вершы ўвайшлі ў складзеныя ім «Выбраныя творы» Я.Купалы (Варшава, 1984). Складальнік і адзін з перакладчыкаў зборніка «Янка Купала і Якуб Колас: Да 100-годдзя з дня нараджэння» (Варшава, 1982).
Барсток Марына (таксама Барсток Марыя), нарадзілася 15.04.1916 г. у вёсцы Наркавічы Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1935 г. скончыла Полацкі педагагічны тэхнікум. Два гады настаўнічала ў мястэчку Ветрына на Віцебшчыне. Вучылася завочна ў Магілеўскім педагагічным інстытуце, з 1937 г. – студэнтка Менскага педагагічнага інстытута. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі была накіравана працаваць загадчыкам аддзела культуры берасцейскай абласной газеты «Заря». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны выехала ў Горкаўскую вобласць. У 1945 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым аспірантуру пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1959-1979 гг. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1951 г.
У друку пачала выступаць з 1934 г. Напісала кнігі «Вобраз станоўчага героя ў творчасці Якуба Коласа» (1951), «Пятро Глебка» (1952), «Вывучэнне творчасці Кузьмы Чорнага ў школе» (1959; другое, дапоўненае выданне ў 1973), «Максім Багдановіч» (1961; другое, дапоўненае выданне ў 1974), «Адзінства і разнастайнасць сучаснай беларускай паэзіі» (1973), «Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна» (1984). Выдала брашуры «Пятрусь Броўка» (1955), «Віднейшы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр» (1958), «Максім Танк» (1962), «Вялікі Кастрычнік і беларуская літаратура» (1977) і інш. Адна з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1966), «Истории многонациональной советской литературы» (Масква, 1970), «Истории белорусской советской литературы» (1977), дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура» (1966). Выступае ў перыядычным друку з вершамі.
Баршчэўскі Лявон, нарадзіўся 04.03.1958 г. у горадзе Полацку ў сям'і служачага.
Пасля заканчэння сярэдняй школы № 10 Полацка (1975) паступіў у Менскі педагагічны інстытут замежных моў на спецыяльнасць нямецкая і ангельская мовы (скончыў у 1980). Працаваў выкладчыкам нямецкай і ангельскай моў у роднай школе. З 1981 г. – выкладчык кафедры замежных моў Наваполацкага політэхнічнага інстытута. У 1987 г. скончыў аспірантуру пры Менскім педінстытуце замежных моў. Кандыдат філалагічных навук. Народны дэпутат БССР з 1990 г. Сябра СП СССР з 1989 г.
У друку выступае з 1973 г. Працуе ў галіне мастацкага перакладу з нямецкай, польскай, чэшскай, нідэрландскай на беларускую мову. Пераклаў кнігу Б.Брэхта «На шалях праўды» (1988), п'есу С.Мрожака «Танга» (пастаўлена ў 1989), паасобныя творы Я.Врхліцкага, Ф.Кафкі, Г.Ахтэрберга, В.Тэўса, А.Шміт-Заса, А.Кухгофа і інш.
Выступае з артыкуламі па праблемах мастацкага перакладу.
Барысенка Васіль, нарадзіўся 25.04.1904 г. у горадзе Барысаве Менскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.
Працоўны шлях пачаў чорнарабочым на чыгунцы. У 1924 г. скончыў Барысаўскі педагагічны тэхнікум. Два гады працаваў настаўнікам у пачатковай школе. У 1929 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучыўся ў аспірантуры пры АН БССР (1929-1932). У 1931-1941 гг. і пасля вайны да 1966 г. выкладчык Менскага педагагічнага інстытута. Адначасова з 1934 г. – навуковы супрацоўнік, а з 1937 г. – дырэктар Інстытута мовы і літаратуры АН БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны ў дзеючай арміі ў якасці карэспандэнта армейскай газеты. У 1946-1973 гг. – дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1974 г. – старшы навуковы супрацоўнік-кансультант гэтага ж інстытута. Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1937 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.
Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1974).
Памёр 26.07.1984 г.
Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1932 г. Напісаў літаратуразнаўчыя працы «Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1957), «Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.» (1963, разам з В.Івашыным), артыкулы пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, В.Дуніна-Марцінкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Сааўтар (з В.Івашыным) падручніка для 8 класа «Беларуская літаратура» (1959-1978, 19 выданняў), хрэстаматыі для 10 класа «Родная літаратура» (14-е выданне, 1961), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977). Складальнік зборнікаў «Беларуская дакастрычніцкая проза» (1965), «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1967).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы».
Барычэўскі Яўген, нарадзіўся 17.12.1883 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.
Скончыўшы Менскую гімназію, у 1903 г. паступіў у Берлінскі ўніверсітэт, праз год перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы (1910) пакінуты пры ўніверсітэце, выкладаў расейскую літаратуру ў сярэдніх навучальных установах Масквы, займаўся навукова-літаратурнай дзейнасцю: у маскоўскіх часопісах і газетах друкаваў артыкулы і даследаванні. З восені 1918 г. прызначаны вучоным сакратаром Музейнага аддзела Наркамасветы. У пачатку 1922 г. быў запрошаны на працу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў у Менскай цэнтральнай партыйнай школе (1924-1927), у Інбелкульце, потым у Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР (1927-1933). Быў рэпрэсіраваны. Пасмяротна рэабілітаваны. Прафесар.
Памёр 12.09.1934 г.
Пісаў на беларускай і расейскай мовах. У 1922 г. у Маскве выйшла складзеная Я.Барычэўскім кніжка «Мир искусств в образах». У 1927 г. у Менску выдадзены працы «Тэорыя санету» і «Паэтыка літаратурных жанраў». Артыкулы і даследаванні па пытаннях паэтыкі і эстэтыкі, прысвечаныя творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, расейскіх, нямецкіх, французскіх пісьменнікаў, друкаваліся ў «Працах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», у часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Полымя». Аўтар дапаможніка для студэнтаў-завочнікаў «Паэтыка. Курс для завочнага педфаку» (1929-1930). Прымаў удзел у падрыхтоўцы Збору твораў М.Багдановіча ў 2 тамах (1927-1928).
Барэйша Міхась, нарадзіўся 04.01.1950 г. у вёсцы Новы Лад Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Наваполацкі нафтавы тэхнікум (1969). Працаваў машыністам, апаратчыкам на Полацкім хімічным камбінаце (цяпер вытворчае аб'яднанне «Палімір»). У 1971-1973 гг. служыў на Балтыйскім флоце. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на камбінат. Скончыў завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1981). З 1980 г. – карэспандэнт полацкай аб'яднанай газеты «Сцяг камунізму», з 1983 г. – намеснік рэдактара. Сябра СП СССР з 1989 г.
Памёр 13.08.1990 г.
У друку пачаў выступаць з 1973 г. Першая кніга прозы ўвайшла ў калектыўны зборнік «Сустрэча» (1985). Другая кніга прозы «Крыніца, чыстая вадзіца» выйшла ў 1988 г.
Басуматрава Святлана, нарадзілася 22.11.1946 г. у горадзе Мазыры Гомельскай вобласці ў сям'і служачых.
Дзяцінства прайшло на Магілеўшчыне. У 1958 г. сям'я выехала на цалінныя землі ў пасёлак Паспеліна Алтайскага краю, у 1962 г. пераехала ў Баранавіцкі раён. Пасля заканчэння школы (1964) працавала старшай піянерважатай Вольнаўскай васьмігадовай школы пад Баранавічамі. У 1966-1969 гг. вучылася ў Літаратурным інстытуце ў Маскве (скончыла завочна ў 1986). Працавала ўлікоўцам у саўгасе «Савіцкі» Баранавіцкага раёна, выкладала беларускую і нямецкую мовы ў Крывошынскай і Федзюкоўскай сярэдніх школах Ляхавіцкага раёна. З 1972 г. у Бабруйску – швачка-матарыстка швейнай фабрыкі, паштальён, укладчыца камбіната будаўнічых матэрыялаў, карэспандэнт-арганізатар радыёвяшчання, карэспандэнт шматтыражнай газеты «Рабочы», кантралёр вытворчага аб'яднання «Беларусьгуматэхніка». Сябра СП СССР з 1982 г.
Першы верш надрукаваны ў 1960 г. (паспелінская раённая газета «За урожай» Алтайскага краю). Аўтар кніг паэзіі «Белая Бярэзіна» (1981), «Кветкі палявыя» (1985), «Званы чалавечнасці» (1988).
Бачыла Алесь, нарадзіўся 02.03.1918 г. у вёсцы Лешніца Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1934 г. скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум і выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Каралішчавіцкай і Сінілаўскай школах на Меншчыне. Завочна скончыў Менскі настаўніцкі інстытут (1939). Восенню 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію, служыў да 1945 г. Удзельнічаў у паходзе ў Іран, у баях на Крымскім, Паўночна-Каўказскім (Чарнаморская група войск), Варонежскім, 2-м Беларускім і 1-м Прыбалтыйскім франтах. Пасля вайны працаваў у «Настаўніцкай газеце», потым у газеце «Літаратура і мастацтва» – загадчыкам аддзела, адказным сакратаром (1946-1951), намеснікам галоўнага рэдактара (1952-1957). У 1951-1952 гг. – уласны карэспандэнт «Литературной газеты», рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР. У 1957-1972 гг. – адказны сакратар часопіса «Полымя», у 1972-1978 гг. – старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1946 г.
Памёр 03.01.1983 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», Дружбы народаў і медалямі.
Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1967).
Першы верш надрукаваў у 1934 г. Выйшлі кніжкі паэзіі «Шляхі» (1947), «Подых вясны» (1950), «Зоры вясеннія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Калючая ружа» (1962), «Асенняя аповесць» (паэма, 1965), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Снежная балада» (выбранае, 1968), «Тры багіні» (1973), «Вершы» (1974), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981) і зборнік гумарыстычных вершаў «Кавалер Мікіта» (1967), кніжка вершаў для дзяцей «Мне купілі самакат» (1981). У 1978 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2-х, у 1986-1987 гг. – Збор твораў у З тамах.
Аўтар нарыса пра жыццёвы шлях М.Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971), кнігі «Крыло неспакою» (пошук, роздум, палеміка, успаміны).
Аўтар лібрэта опер «Яснае світанне» (надрукавана і пастаўлена ў 1958), «Вернасць (надрукавана ў 1959), «Калючая ружа» (пастаўлена ў 1960, надрукавана ў 1962), «Калі ападае лісце» (пастаўлена ў 1968), «Зорка Венера» (пастаўлена ў 1970) і лібрэта аперэты «Паўлінка» (па аднайменнай камедыі Янкі Купалы, пастаўлена ў 1973). Песні на яго вершы ўвайшлі ў зборнік «Я сэрцам з табою» (1988).
Пераклаў на беларускую мову «Тараса Бульбу» М.Гогаля (з М.Паслядовічам, 1954), «Брэсцкую крэпасць» С.Смірнова (1967), «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога (1952), а таксама асобныя творы расейскіх, украінскіх і латышскіх пісьменнікаў.
Башлакоў Міхась, нарадзіўся 27.04.1951 г. у пасёлку Станцыя Церуха (цяпер вёска Баштан) Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.
У 1967 г. скончыў Грабаўскую сярэднюю школу і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы (1973) працаваў настаўнікам у Нісімкавіцкай СШ Чачэрскага раёна (1973-1974), Цеменіцкай СШ на Браншчыне (1974-1975), Пракопаўскай васьмігадовай школе Гомельскага раёна (1975-1978). Затым выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школах Гомеля (1978-1985). З 1985 г. – карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР па Гомельскай вобласці. Сябра СП СССР з 1988 г.
У 1968 г. надрукаваў першы верш. Аўтар кнігі паэзіі «Касавіца» (зборнік «Нашчадкі», 1979) і «Начны паром» (1987).
Беляжэнка Барыс (таксама Беліжэнка Барыс), нарадзіўся 05.06.1937 г. у вёсцы Промыслы Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.
Пасля заканчэння школы працаваў старшым піянерважатым Навікоўскай сярэдняй школы Шумілінскага раёна (1955-1957). Служыў на Балтыйскім ваенна-марскім флоце (1957-1958). Пасля настаўнічаў, быў дырэктарам Дома піянераў і школьнікаў, супрацоўнікам бешанковіцкай раённай газеты «Зара», сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса «Герой працы», інструктарам райкома партыі, дырэктарам Пуськаўскай васьмігодкі. У 1965 г. скончыў завочна філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Загадваў Чашніцкім райана (1965-1967), працаваў намеснікам старшыні Чашніцкага райвыканкома (1967-1968). У 1970 г. скончыў Менскую вышэйшую партыйную школу. З 1970 г. – інструктар, з 1972 г. – лектар, а з 1975 г. – загадчык сектара друку, тэлебачання і радыё Віцебскага абкома КПБ. У 1980-1986 гг. – загадчык аддзела абласной газеты «Віцебскі рабочы». Сябра СП СССР з 1979 г.
Узнагароджаны медалямі.
Друкуецца з 1958 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Крыгалом» (1973), «Жытнёвае поле» (1977). У 1977 г. у часопісе «Маладосць» апублікаваў паэму «Свята пумы», у 1988 г. у газеце «Віцебскі рабочы» – скарочаны варыянт аповесці-дэтэктыва «Каляровыя фотакарткі».
Бечык Варлен, нарадзіўся 25.06.1939 г. у вёсцы Астрашыцкі Гарадок Менскага раёна Менскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.
Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960) выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў Пліскай сярэдняй школе Смалявіцкага раёна. У 1962-1966 гг. – аспірант кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1966 па 1971 гг. – літсупрацоўнік рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» і часопіса «Неман». З 1972 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1981 г. – намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура». Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1971 г.
Памёр 13.11.1985 г.
Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1959.г. Выйшлі яго кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Свет жывы і блізкі» (1974), «Прад высокаю красою» (1984), кніга пра паэзію А.Куляшова «Шлях да акіяна» (1981), «Выбранае» (1989). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977). У сааўтарстве з М.Ярошам выдаў манаграфію «Беларуская савецкая лірыка» (1979). Напісаў брашуру, прысвечаную памяці беларускіх паэтаў, загінуўшых на Вялікай Айчыннай вайне «Радзіме – радок і жыццё» (1986).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1987, пасмяротна) за кнігу «Прад высокаю красою».
Бірала Захар, нарадзіўся 15.02.1906 г. у вёсцы Раўнаполле Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1928-1931 гг. вучыўся на рабфаку пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут (1934). Выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў Лагойску (1934-1936). У 1936 г. рэпрэсіраваны. Знаходзіўся ў зняволенні ў Горкаўскай (цяпер Ніжагародскай) вобласці. 24 верасня 1940 г. быў вызвалены. Працаваў настаўнікам у Сенніцкай сярэдняй школе Менскага раёна. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў з бацькамі, працаваў на ўласнай гаспадарцы ў вёсцы Астравы Рудзенскага раёна. Пасля вызвалення Беларусі (1944) прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, быў цяжка паранены. У 1945-1974 гг. выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў Мар'інагорскім сельгастэхнікуме. Рэабілітаваны ў 1958 г. Сябра СП СССР з 1980 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалямі.
Друкуецца з 1925 г. Выступае пераважна ў жанры сатыры і гумару. Аўтар кніжак гумарыстычных вершаў «Смех і радасць вёскі» (1929), «Цвітуць кветкі» (1963), «У пажарным парадку» (1968), «На светлым чорнае» (1974), «Прыляцела птушка» (1977), зборніка лірыкі, сатыры і гумару «Розы і крапіва» (1986).
Бітэль Пятро, нарадзіўся 19.06.1912 г. у гарадскім пасёлку Радунь Воранаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і паштовага служачага.
У 1931 г. скончыў настаўніцкую семінарыю ў Вільні. Працаваў настаўнікам пачатковых школ у Нясвіжскім і Стаўбцоўскім раёнах (1931-1939). Служыў у польскай арміі (1933-1934). За перыяд 1935-1939 гг. скончыў завочна Вышэйшыя настаўніцкія курсы ў Вільні (гістарычна-філалагічны аддзел). У 1939 г. удзельнічаў у польска-нямецкай вайне, а пасля аб'яднання Беларусі працаваў у Валожыне настаўнікам і школьным інспектарам. У час нямецкай акупацыі вывезены ў Германію (1944) і там, пасля вызвалення (1945), прызваны ў Савецкую Армію. У 1946-1947 гг. працаваў настаўнікам Забрэжскай сярэдняй школы Валожынскага раёна. Пасля звальнення з настаўніцкай працы (1947) і немагчымасці ўладкавацца на ніякую дзяржаўную працу стаў праваслаўным свяшчэннікам. У 1950 г. арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення. Адбываў тэрмін у Альжарасе Кемераўскай вобласці, у Омску і Джэзказгане. У 1956 г. звольнены датэрмінова са зняццем судзімасці. Да 1963 г. зноў, не могучы нідзе ўладкавацца, служыў у царкве. У 1963-1974 гг. выкладаў у Вішнеўскай сярэдняй школе Валожынскага раёна беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову і маляванне. Скончыў завочна беларускае аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута (1970) і Дзяржаўныя цэнтральныя курсы завочнага навучання «Ин-яз» у Маскве (1970). Рашэннем Вярхоўнага суда БССР ад 28.11.1978 г. па справе арышту і зняволення поўнасцю рэабілітаваны. Сябра СП СССР з 1985 г.
Памёр 18.10.1991 г.
Друкавацца пачаў у 1939 г. (часопіс «Настаўніцкія справы» на польскай мове, Вільня). У 1968 г. выйшла паэма «Замкі і людзі», у 1984 г. – «Паэмы», у 1990 г. – вершаваныя аповесці «Дзве вайны».
Перакладаў з расейскай, украінскай, польскай, нямецкай моў. Пераклаў усе буйныя творы А.Міцкевіча («Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод», «Гражына», «Крымскія санеты», «Дзяды»), польскамоўныя паэмы і п'есы В.Дуніна-Марцінкевіча, раман Ю.І.Крашэўскага «Хата за вёскай» (1989), паасобныя творы Б.Брэхта, І.Р.Бехера, І.В.Гётэ, М.Канапніцкай, М.Лермантава, У.Маякоўскага, Э.Межэлайціса, М.Някрасава, Б.Пруса, А.Пушкіна, Ю.Славацкага, Г.Сянкевіча, А.Твардоўскага, К.Тэтмаера, І.Франка, Т.Шаўчэнкі, Ф.Шылера, С.Ясеніна.
Бічэль-Загнетава Данута, нарадзілася 01.01.1938 г. у вёсцы Біскупцы Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1957 г. скончыла Наваградскую педагагічную навучальню, а ў 1962 г. – аддзяленне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. З 1962 г. выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Горадні. З 1982 г. працуе загадчыцай Дома-музея Максіма Багдановіча ў Горадні. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1964 г.
Узнагароджана медалём.
У друку выступае з 1958 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Дзявочае сэрца» (1961), «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Доля» (1972), «Ты – гэта ты» (1976), «Браткі» (1979), «Дзе ходзяць басанож» (1983), «Загасцінец» (1985), «Даўняе сонца» (1987), «А на Палессі» (1990). Напісала паэмы і кніжкі вершаў для дзяцей: «Перапёлка» (1968), «Грыб-парасон» (1969), «Дзічка» (1971), «Рыжая палянка» (1971), «Дагані на кані» (1973), «Лузанцы» (1982), «Габрынька і Габрусь» (1985).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1984) за зборнік вершаў «Дзе ходзяць басанож».
Блакіт Валянцін (сапр. Болтач Валянцін), нарадзіўся 07.10.1938 г. у вёсцы Вострава Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Скідзельскай сярэдняй школы (1956) быў прыняты на работу літсупрацоўнікам у рэдакцыю шчучынскай раённай газеты «Чырвоны сцяг». Служыў у Савецкай Арміі (1957-1960). У 1966 г. скончыў завочна Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў у шчучынскай, затым у жалудокскай раённай газеце «За Радзіму» (1962), у міжраённай газеце «Савецкая вёска» (Шчучын), у 1963-1967 гг. – адказным сакратаром воранаўскай раённай газеты «Ленинское знамя», у 1967-1968 гг. – уласным карэспандэнтам абласной газеты «Гродзенская праўда». З 1968 г. загадчык сектара друку, радыё і тэлебачання, у 1971-1972 і 1974-1978 гг. – намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гарадзенскага абкома КПБ. У 1974 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС у Маскве. У 1978-1987 гг. працаваў загадчыкам сектара тэлебачання і радыё ЦК КПБ. З 1987 г. – галоўны рэдактар часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1981 г.
Узнагароджаны медалямі.
Вершы і нататкі публікаваў яшчэ ў школьныя гады ў раённай і абласной газетах. Першае апавяданне надрукавана ў 1960 г. (часопіс «Вожык»). Аўтар зборніка гумарыстычных апавяданняў «Вынаходнік» (1974), аповесцей «Час прылёту журавоў» (1979), «Шануй імя сваё» (1981), «Усмешка Фартуны» (1984), «Вырай» (1986), «Аповесці» (1988).
Блатун Сымон, нарадзіўся 10.05.1937 г. у вёсцы Кавака Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959) працаваў літсупрацоўнікам у газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», літкансультантам у «Чырвонай змене».
Памёр 03.04.1970 г.
Першы верш надрукаваў у 1956 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборнікаў вершаў «Раўнавага» (1968), «Радаслоўнае дрэва» (1970), «Чысціня» (вершы і пераклады, 1979). У 1971 г. выйшаў зборнік гумарэсак, вершаў і мініяцюр «Калючая шаткаванка».
Перакладаў вершы расейскіх, летувіскіх, латышскіх, армянскіх, узбекскіх паэтаў.
Блісцінаў Міхась, нарадзіўся 19.10.1909 г. у вёсцы Іванкава Масальскага раёна Калужскай вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.
У 1910 г. з бацькамі пераехаў у Беларусь. Вучыўся ў Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме. У 1928 г. пачаў працаваць вясковым настаўнікам. У 1930-1932 гг. – студэнт Менскага педагагічнага інстытута. У 1933-1936 гг. – адказны сакратар рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Скончыў сцэнарны факультэт Кінаакадэміі ў Маскве (1938). Працаваў рэдактарам на кінастудыі «Савецкая Беларусь». У час Вялікай Айчыннай вайны быў на штабной і палітрабоце ў 53-й арміі Паўночна-Заходняга і Стэпавага франтоў, з 1943 г. – у дывізійнай газеце 2-га Ўкраінскага і Забайкальскага франтоў. У пасляваенны час працаваў ва ўстановах кінематаграфіі ў Менску. Сябра СП СССР з 1939 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 24.12.1982 г.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1926 г. з вершаў. З 1929 г. пісаў апавяданні і нарысы. Аўтар п'ес «Агні Палесся» (1931), «Трактар» (1931), «Мох» (1932), інсцэніровак «Ленінцы» і «Кастрычнік» (1932), «Грунт» (пастаўлена ў 1934), аповесці «Хітрасць» (альманах «Бальшавіцкая моладзь», 1934).
Напісаў сцэнарый мастацкага фільма «Строгая жанчына» (пастаўлены ў 1959), а таксама васемнаццаць сцэнарыяў дакументальных і навукова-папулярных фільмаў (фільм «Каларадскі жук» у 1965 г. адзначаны на Міжнародным кінафестывалі ў Браціславе дыпломам).
У перыядычным друку выступаў з рэцэнзіямі і артыкуламі па пытаннях кіно. Адзін з аўтараў кнігі «Мінскі аўтамабільны» (1972).
Пераклаў на беларускую мову «Крэнкебіль» А.Франса (1936), «Пятра Першага» А.Талстога (1940, скарочанае выданне для дзяцей), п'есу «Як гартавалася сталь» (паводле рамана М.Астроўскага, 1937), паасобныя п'есы А.Бруштэйн, Б.Тур, В.Любімавай і інш.
Бобрык Янка, нарадзіўся 21.07.1905 г. у мястэчку Глуск Магілеўскай вобласці ў сям'і каваля.
У 1929 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Настаўнічаў у Мілаславіцкай сямігодцы Клімавіцкага раёна. У 1931 г. паступіў у аспірантуру Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Пасля заканчэння вучобы (1934) быў навуковым супрацоўнікам акадэміі, працаваў рэдактарам кінастудыі Белдзяржкіно, рэдактарам Упраўлення па справах мастацтваў Ленінградскага гарвыканкома. Удзельнік абароны Ленінграда.