Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"
Автор книги: Аляксей Гардзіцкі
Жанр:
Справочники
сообщить о нарушении
Текущая страница: 18 (всего у книги 37 страниц)
Зрабіў літаратурны запіс кнігі В.Казлова «Людзі асобага складу» (1952). Пераклаў раманы Ш.Рашыдава «Мацней за буру» (з П.Кавалёвым, 1963) і Р.Файзі «Яго вялікасць Чалавек» (1978).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986, пасмяротна) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей, за кнігу аповесцей «Белы сокал».
Кульбак Майсей, нарадзіўся 20.03.1896 г. у горадзе Смаргоні Гарадзенскай вобласці ў сям'і служачага.
Вучыўся ў Валожынскім ешыбоце (1909-1914). Здаў экстэрнам экзамен на званне настаўніка і працаваў у школах і гімназіях Смаргоні, Менска, Вільні. У 1920-1927 гг. жыў у Вільні, у 1928 г. вярнуўся ў Менск. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, у АН БССР. 11.09.1937 г. быў арыштаваны. 28.10.1937 г. асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Рэабілітаваны 15.12.1956 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 29.10.1937 г.
Друкавацца пачаў у 1916 г. Пісаў на мове ідыш. Аўтар зборнікаў «Вершы» (Вільня, 1920), «Новыя вершы» (Варшава, 1922), «Паэмы і вершы» (1929), раманаў «Месія сын Эфроіма» (Берлін, 1924), «Панядзелак» (Варшава, 1926). Творы пісьменніка ў 1929 г. выдадзены ў Вільні ў 3 тамах. У Менску выйшлі «Вершы і паэмы» (1929), раман «Зельманцы» (кн. 1, 1931; кн. 2, 1935), паэма «Дзісенскі Чайльд Гарольд» (1933), «Выбранае» (1934), у Маскве – «Чалавек добры» (1979). Для дзяцей напісаў казку «Вецер, што быў сярдзіты» (Вільня, 1931).
Аўтар драмы «Якаў франк» (Вільня, 1929), п'ес «Разбойнік Бойтра» (пастаўлена ў 1936), «Беньямім Магідаў» (пастаўлена ў 1937).
Пераклаў на мову ідыш паасобныя вершы Я.Купалы, Я.Коласа, п'есу М.Гогаля «Рэвізор» (1933), раман М.Астроўскага «Як гартавалася сталь» (1935).
Куляшова Валянціна, нарадзілася 27.01.1936 г. у горадзе Менску ў сям'і пісьменніка.
У 1958 г. скончыла філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала ў Беларускім таварыстве дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. З 1960 г. жыла ў Сафіі (Балгарыя), працавала настаўніцай сярэдняй школы, вучылася ў аспірантуры (па беларускай мове і літаратуры) Сафійскага ўніверсітэта, была рэдактарам-перакладчыкам на Балгарскім радыё. У 1967 г. вярнулася ў Менск. У 1967-1982 гг. – выкладчык кафедры расейскай мовы БДУ, старшы рэдактар на Беларускім тэлебачанні, загадчык творчага аддзела Рэспубліканскага Дома работнікаў мастацтва.
Літаратурнай працай займаецца з 1967 г. Перакладае з балгарскай, польскай на расейскую і беларускую мовы, а таксама з беларускай на расейскую. У 1983 г. часопіс «Неман» апублікаваў пераклад рамана П.Вежынава «Весы». Пераклала на беларускую мову асобныя творы Х.Васілева, Я.Конюша, А.Сятэцкага, на расейскую – Х.Дэбрэцінава, Г.Алексіева, Х.Васілева. Аўтар літаратуразнаўчай аповесці-эсэ пра А.Куляшова «Лясному рэху праўду раскажу...» (1989) і сцэнарыя дакументальнага фільма пра А.Куляшова «Край крынічны» (1972).
Склала «Анталогію беларускага апавядання» (на балгарскай мове, Сафія, 1968), фотаальбом «Аркадзь Куляшоў» (1985), кнігу «Маналог» А.Куляшова (1989), Збор твораў А.Куляшова ў 2 тамах (Масква, 1989).
Куляшоў Аркадзь, нарадзіўся 06.02.1914 г. у вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.
У 1928 г. паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, а ў 1931 г. перайшоў на першы курс літаратурнага факультэта Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе правучыўся да вясны 1933 г. Быў сябрам БелАПП. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1934), на Беларускім радыё (1934-1936), літкансультантам у кабінеце маладога аўтара пры СП БССР (1936-1937). У 1941-1943 гг. – на фронце ў армейскай газеце «Знамя Советов», у 1943-1945 гг. – у Беларускім штабе партызанскага руху. У 1945-1946 гг. – рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958-1967 гг. – начальнік сцэнарнага аддзела, галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». У 1961 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947-1978). Сябра СП СССР з 1934 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.
Народны паэт БССР (1968), заслужаны работнік культуры Ўкраінскай ССР (1973).
Памёр 04.02.1978 г.
Першы верш надрукаваў у 1926 г. у клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік». У рэспубліканскім друку першыя вершы з'явіліся ў 1927 г. у часопісе «Чырвоны сейбіт». Выйшлі кнігі паэзіі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» (1932), «Медзі дождж» (1932), паэмы «Аманал» (1933), «Гарбун» (1935), зборнікі «Мы жывём на граніцы» (1938), «Радзіме і правадыру» (1938), «У зялёнай дуброве» (1940), «Добры чалавек» (1941), паэмы «Баранаў Васіль» (1941), «Сцяг брыгады» (паэма і вершы, Масква, 1943), «Прыгоды цымбал» (1945), зборнікі «На сотай вярсце» (1945), «Вершы» (1946), «Паэмы» (1947), «Выбраныя вершы і паэмы» (1948), «Камуністы» (1949), паэмы «Простыя людзі» (1949), «Выбраныя творы» (1947, 1951), паэма «Новае рэчышча» (1951, на расейскай мове апублікавана ў зборніку «Коммуннсты», 1949), «Вершы і паэмы» (1954, 1966), «Граніца» (1954), паэма «Грозная пушча» (1956, 3-е дапрацаванае выданне ў 1963), «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970), паэма «Далёка да акіяна» (1972), «Мая Бесядзь» (1973), «Хуткасць» (1976), «Крылы» (1985), «Профілі» (1987), вершы і паэмы «Маналог» (1989). Выдадзены Зборы твораў у 2-х (1957, 1964), 4-х (1966-1967), 5-ці тамах (1974-1977).
Сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (з А.Кучарам, пастаўлены ў 1958), «Першыя выпрабаванні» (па трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», з М.Лужаніным, пастаўлены ў 1960-1961) і «Запомнім гэты дзень» (з М.Лужаніным, пастаўлены ў 1967).
У яго перакладах выйшлі раман Г.Эрыксана «Валацужная Амерыка» (1932), паэма А.Пушкіна «Цыганы» (1937) і раман у вершах «Яўгеній Анегін» (1949), паэма А.Парніса «Сказанне пра Белаяніса» (1959), «Выбраная паэзія» М.Лермантава (1969), паэма «Энеіда» І.Катлярэўскага (1969), «Спеў аб Гаяваце» Г.Лангфела (1969), зборнік вершаў К.Куліева «Кніга зямлі» (1974), «Выбранае» С.Ясеніна (з Р.Барадуліным, 1976), асобныя творы Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф'ева, М.Рыльскага, А.Малышкі, М.Нагнібеды, Р.Гамзатава і інш.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946) за паэму «Сцяг брыгады», Дзяржаўнай прэміі СССР (1949) за паэму «Новае рэчышча», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1970) за пераклады вершаў і паэм М.Лермантава, «Энеіды» І.Катлярэўскага і «Спева аб Гаяваце» Т.Лангфела, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968).
Куляшоў Фёдар, нарадзіўся 18.06.1913 г. у вёсцы Вялікія Стралкі Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Рана застаўшыся без бацькоў, быў пастухом і парабкам. У 1925-1930 гг. выхоўваўся ў дзіцячых дамах у Бабруйску і Пірэвічах. У 1931-1933 гг. – літаратурны супрацоўнік газеты «Камунар» (Рагачоў) і ўласны карэспандэнт газеты «Савецкая Беларусь». Пасля заканчэння Ленінградскага абласнога настаўніцкага інстытута (1935) працаваў у школе выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры. Адначасова вучыўся завочна ў Ленінградскім педінстытуце (скончыў у 1944). У 1938 г. быў рэпрэсіраваны. Адбываў зняволенне пад Варкутой. Пасля вызвалення (1943) выкладаў расейскую мову і літаратуру ў Кундравінскай сярэдняй школе Міяскага раёна Чэлябінскай вобласці, з лютага 1944 г. – у Чэлябінскім механіка-машынабудаўнічым інстытуце, у 1945-1950 гг. – у Кустанайскім педінстытуце. Адзін год загадваў кафедрай расейскай літаратуры Кзыл-Ардынскага педінстытута. У 1951-1955 гг. – выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1955-1961 гг. – Сахалінскага педінстытута. З 1961 г. – зноў у БДУ (у 1966-1969 загадваў кафедрай расейскай класічнай літаратуры), у 1985-1990 гг. – кансультант пры гэтай кафедры. Доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1955 г.
Літаратурнай дзейнасцю займаецца з 1932 г. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар літаратурна-крытычных прац, артыкулаў і рэцэнзій. Выдаў крытыка-біяграфічныя нарысы «Жизнь и творчество Л.Н.Толстого» (1953), «Сатирическая поэзия Н.А.Некрасова» (1954), «Жизнь и творчество А.П.Чехова» (1954), «Антон Павлович Чехов» (Паўднёва-Сахалінск, 1959), «Буревестник революции» (1968), манаграфіі «Міхась Лынькоў» (1961, перапрацаванае выданне ў 1974 і 1979), «Творческий путь А.М.Куприна» (1963, перапрацаванае выданне ў 2 тамах у 1983 і 1987), «Іван Мележ» (1968), «Подвиг художника: Литературный путь И. Мележа» (2-е выданне дапоўненае і перапрацаванае ў 1982), зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Эцюды аб прозе» (1964), «Літаратурныя партрэты» (1983), «У дарозе» (1988), нарыс «Современная белорусская проза» (Масква, 1970), вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў-філолагаў «М.Ц.Лынькоў: Семінарый» (1963), «Лекции по истории русской литературы конца XIX – начала XX в.» (ч. 1, 1976, ч. 2, 1980), «Л.Н.Толстой: Из лекций по русской литературе XIX века» (1978).
Склаў зборнікі «А.П.Чехов о литературе и искусстве» (1954), «Максім Горкі і Беларусь» (1968), «А.И. Куприн о литературе» (1969), «Леў Талстой і Беларусь» (1980), а таксама кнігі прозы А.Купрына «Листригоны», Л.Андрэева «Красный смех», І.А.Буніна «Избранное», В.Верасаева «К жизни», Г.Караленкі «Избранное», двухтомніка «Повести о любви» і інш.
Куніцкі Сымон, нарадзіўся 19.11.1902 г. у вёсцы Гарані Менскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў вясковай школе, на рабфаку ў Менску. Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1931). Працаваў вучоным сакратаром Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (1931-1936). Быў сябрам БелАПП. 26.11.1936 г. Арыштаваны, асуджаны на 10 год зняволення. Рэабілітаваны 18.12.1954 г.
Памёр, верагодна, на Калыме 14.10.1940 г. У друку выступіў упершыню з апавяданнямі ў 1928 г. (газета «Чырвоная змена»). З 1929 г. пачаў выступаць як крытык. У калектыўных зборніках, у часопісах «Маладняк», «Полымя рэвалюцыі» і іншых перыядычных выданнях змяшчаў рэцэнзіі, нарысы і літаратурна-крытычныя артыкулы пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, А.Александровіча, С.Баранавых, В.Каваля, М.Лынькова, Б.Мікуліча, Я.Скрыгана, Х.Шынклера і інш.
Купала Янка (сапр. Луцэвіч Іван), нарадзіўся 07.07.1882 г. у фальварку Вязынка Вілейскага павета (цяпер Маладэчанскі раён Менскай вобласці) у сям'і арандатара.
У 1898 г. скончыў Беларуцкую народную навучальню. Пасля смерці бацькі (1902) год працаваў на гаспадарцы, потым – хатні настаўнік, пісар у судовага следчага ў Радашковічах (1903), малодшы прыказчык у памешчыка ў Сенненскім павеце Магілеўскай губерні (1904), практыкант і памочнік вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Менскам, на бровары ў Яхімоўшчыне на Маладэчаншчыне, у маёнтку Дольны Сноў Наваградскага павета (1905-1908), супрацоўнік «Нашай нівы» і адначасова бібліятэкар бібліятэкі «Веды» Б.Л.Даніловіча (Вільня, 1908-1909). У 1909-1913 гг. вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А.С.Чарняева ў Пецярбургу. З кастрычніка 1913 г. зноў у Вільні, супрацоўнік «Беларускага выдавецкага таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914-1915). У верасні 1915 г. выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Народным універсітэце. У студзені 1916 г. прызваны ў армію. Служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Менску, Полацку, а таксама ў Смаленску, дзе сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю. У 1919 г. пераехаў у Менск, дзе і жыў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнічаў у стварэнні нацыянальнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі навук БССР, у разгортванні выдавецкай справы. У гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве, у пасёлку Пячышчы каля Казані. Абіраўся кандыдатам у сябры ЦВК БССР (1927-1929), сябрам ЦВК БССР (1929-1931, 1935-1938), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (з 1940 г.). Акадэмік АН БССР, АН УССР. Сябра СП СССР з 1934 г. Народны паэт БССР (1925). Узнагароджаны ордэнам Леніна. Трагічна загінуў 28.06.1942 г. у Маскве. Урна з прахам перавезена ў Менск у 1962 г.
Пісаць пачаў на польскай мове. Першы вядомы беларускі верш «Мая доля» датаваны 1904 г. Першы надрукаваны верш на беларускай мове – «Мужык» (15 траўня 1905 г. у менскай газеце «Северо-Западный край»). У 1908 г. пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» выпусціла першы зборнік паэта «Жалейка» (факсімільнае выданне ў 1982), у 1913 г. – зборнік «Шляхам жыцця». Зборнік вершаў «Гусляр» (1910) выдадзены ў Пецярбургу А.Грыневічам. У савецкі час выйшлі кнігі паэзіі «Спадчына» (1922), «Безназоўнае» (1925), «Апавяданні вершам» (у 2 кнігах, 1926), паэмы «Магіла льва» (1927), «Над ракою Арэсай» (1933), «Курган» (1987), зборнікі «Адцвітанне» (1930), «Песня будаўніцтву» (1936), «Беларусі ардэнаноснай» (1937), «Ад сэрца» (1940), «Беларускім партызанам» (вершы і артыкулы, Масква, 1942), кнігі выбраных вершаў, паэм (1930, 1935, 1936, 1946, 1947, 1948, 1952, 1958, 1967, 1970, 1972 – малафарматнае выданне, 1978, 1980, 1981, 1982 (4 выданні), 1987, 1988 (3 выданні), 1989 (2 выданні) і Зборы твораў у 6-ці (1925-1932), 3-х (1928-1932), 6-ці (1951-1954, 1961-1963), 7-мі (1972-1976) тамах. Многія вершы пакладзены на музыку. Для дзяцей неаднаразова выдаваліся вершы «Хлопчык і лётчык», «Алеся» і інш.
Аўтар драматычных паэм «Адвечная песня» (Пецярбург, 1910, пастаўлена ў 1921) і «Сон на кургане» (Пецярбург, 1912, пастаўлена ў 1928), п'есы «Паўлінка» (Пецярбург, 1913, пастаўлена ў 1913, у 1952 па спектаклю тэатра імя Я.Купалы створаны аднайменны кінафільм, у 1973 г. – аперэта), драматычнай паэмы «На папасе» (1913, ставілася самадзейнасцю), драмы «Раскіданае гняздо» (Вільня, 1919, пастаўлена ў 1917, аднайменны кінафільм – у 1982), сцэнічнага жарту «Прымакі» (1920, ставіўся самадзейнасцю ў 20-я гады, у тэатры пастаўлены ў 1936), п'есы «Тутэйшыя» (1924, пастаўлена ў 1926), драматычнага абразка «На Куццю» (Вільня, 1928, ставіўся ў самадзейных гуртках). У 1989 г. выйшлі «Паэмы. Драматычныя творы» (уключаны трагікамедыя «Тутэйшыя», паэмы «Калека», «На Куццю» і іншыя творы, якія доўгі час былі забаронены).
Выступаў як публіцыст і літаратурны крытык. У 1972 г. выйшла кніга «Публіцыстыка».
Пераклаў на беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым» (прозай і вершам), міжнародны пралетарскі гімн «Інтэрнацыянал», польскі тэкст у п'есах В.Дуніна-Марцінкевіча «Ідылія» і «Залёты», лібрэта оперы «Галька» С.Манюшкі, паэму А.Пушкіна «Медны коннік», шэраг вершаў і паэм Т.Шаўчэнкі, асобныя творы М.Някрасава, І.Крылова, А.Кальцова, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Крашэўскага, У.Бранеўскага, Е.Жулаўскага, П.Панча і інш.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941) за зборнік «Ад сэрца».
Курдзін Дзмітры, нарадзіўся 13.10.1899 г. у Пензенскай вобласці (Расея) у сям'і настаўніка.
У 1925 г. скончыў Саратаўскі ветэрынарны інстытут. Служыў у Чырвонай Арміі. У 30-я гады служыў у Віцебску старшым ветэрынарным лекарам артылерыйскага палка. У 1937 г. рэпрэсіраваны. Асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 12.12.1937 г.
Творчую працу пачаў пад псеўданімам А.Сапёлка ў 1925 г. з вершаў. Аўтар п'ес «Міжбур'е» (другі акт апублікаваны ў кнізе «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі», 1975, пастаўлена ў 1929), «Контратака» (апублікаваны ўрыўкі ў 1932), «Чалавек вырашае» (пастаўлена ў 1934), «Азеляненне цэха» (апублікаваны ўрыўкі ў 1934-1935).
Курто Яўген, нарадзіўся 07.07.1924 г. на хутары Рачыборак Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў Магілеўскім настаўніцкім інстытуце (1940-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнік камсамольскага падполля ў Багушэвічах, а з 1943 г. – партызан. Быў цяжка паранены (1944). Працаваў бухгалтарам Бярэзінскага райпрамкамбіната, загадваў Капланецкім млыном. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949). У час вучобы працаваў у газетах «Сталинская молодежь» (1946), «Зорька» (1948-1960). З 1960 г. – рэдактар, потым старшы рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР (пазней – «Беларусь»), у 1972-1987 гг. – старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1962 г.
Узнагароджаны орданам Айчыннай вайны I ступені, медалямі.
У друку выступіў у 1949 г. Напісаў для дзяцей кнігі апавяданняў «На начлезе» (1958), «Шэсць кароткіх гісторый» (1965), «Лясны ўрок» (1973), нарыс «Падарожжа трох сяброў» (1963), аповесці «Ён быў піянерам» (1960), «Дарога бяжыць насустрач» (аповесці і апавяданні, 1964), «Над ярам» (1966), «Шумеў Нягневіцкі лес» (аповесць і апавяданні, 1968, 1989), «Над ціхай Свідаўкай» (1972), кнігу аповесцей «Насустрач жыццю» (1974).
Пераклаў на беларускую мову казкі народаў СССР, паасобныя творы К.Чапека, Э.Раўда, Ш.Бейшаналіева, Т.Цыруліса, Л.Імерманіса і іншых пісьменнікаў.
Курылёва Святлана, нарадзілася 25.04.1928 г. у горадзе Жытоміры (Украіна) у сям'і ваеннаслужачага.
Скончыла расейскае аддзяленне філалагічнага факультэта Харкаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1950). Працавала выкладчыцай расейскай мовы і літаратуры ў школе гарадскога пасёлка Камянец Берасцейскай вобласці (1950-1983). Жыве ў Камянцы. Сябра СП СССР з 1980 г.
У друку пачала выступаць у 1950 г. (берасцейская абласная газета «Заря»). Піша на расейскай мове. Друкавацца пачала з 1960 г., калі ў часопісе «Юность» (Масква) было апублікавана апавяданне «Дорога». Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Жаворонки на улице» (1965), «И нелегко и непросто» (1975), «Формула успеха» (нарысы, 1979), «Доброта» (1983), «Самый короткий день» (1987) і кнігі-дыялога «Совхоз-комбинат «Беловежский»: сегодня и завтра» (з Ю.Марозам, 1990).
Кусянкоў Мікола, нарадзіўся 11.02.1935 г. у вёсцы Перарост Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.
У 1953 г. скончыў Буда-Кашалёўскі лясны тэхнікум. Працаваў у лясгасах Калінінградскай вобласці, лесаўпарадчыкам на Беларусі і ў Сібіры. У 1969 г. паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы пры СП СССР. Пасля заканчэння курсаў (1971) – намеснік адказнага сакратара абласной газеты «Гомельская праўда». З 1977 г. – рэдактар дакументальных фільмаў на кінастудыі «Беларусьфільм». У 1980-1985 гг. – рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». З 1985 г. – загадчык рэдакцыі прозы выдавецтва «Мастацкая літаратура», з 1986 г. – намеснік галоўнага рэдактара гэтага выдавецтва. Скончыў завочна факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1982). Сябра СП СССР з 1967 г.
Першы верш надрукаваў у 1955 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Жывіца» (1966), «Без прывалу» (1969), «Дуброва» (1990). Выдаў кнігу апавяданняў «Завязь» (1987).
Кухараў Сцяпан, нарадзіўся 31.07.1919 г. у вёсцы Стайкі Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1939 г. скончыў Гомельскую педагагічную навучальню. Да жніўня 1941 г. працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Горскай сярэдняй школы Краснапольскага раёна. З 1942 г. – партызанскі сувязны, з 1943 г. – на фронце. Прайшоў баявы шлях ад Беларусі да Берліна. Дэмабілізаваны ў 1945 г. У 1946-1950 гг. быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». У 1950 г. скончыў завочнае аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута. Працаваў у рэдакцыях газет «Мінская праўда», «Рудзенская праўда», «Настаўніцкая газета». З 1955 г. – літсупрацоўнік, у 1957-1981 гг. – рэдактар аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1972 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980).
Першы артыкул апублікаваў у краснапольскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» у 1934 г. Аўтар зборнікаў нарысаў «Незабыўныя сустрэчы» (1959), «Людзі крылатага ўзросту» (1961), «Ад вашага карэспанданта» (1966), «Жыццё-легенда» (1971), «Светлая пара» (1978), аповесці «Бацькавічы» (1974), зборнікаў аповесцей, апавяданняў і нарысаў «Бацькавічы» (1980), «Суніцы для сына» (1986), «Сцішанае поле» (1986).
Кучар Алесь (сапр. Кучар Айзік), нарадзіўся 27.06.1910 г. у вёсцы Прудзішча Смалявіцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачага.
Працоўны шлях пачаў у 1926 г. у Смалявіцкім райвыканкоме справаводам. У 1927-1929 гг. вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме, у 1929-1932 гг. – студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Менску. У 1932-1936 гг. працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, на Беларускім радыё. Вучыўся ў Маскоўскім інстытуце гісторыі, філасофіі і літаратуры (1937), У 1938-1940 гг. – старшы выкладчык Менскага педінстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны – пісьменнік франтавых газет. З 1945 г. – намеснік галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва», з 1948 г. – загадчык аддзела ў «Настаўніцкай газеце», з 1951 г. – рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР, з 1960 г. – літкансультант СП БССР. У 1960-1968 гг. – сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1934 г.
Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
З рэцэнзіямі і крытычнымі артыкуламі выступае з 1928 г. Выйшлі кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Вялікая перабудова» (1933), «Літаратурна-крытычныя артыкулы» (1953, 2-е выданне, 1980), «Аб мастацкай прозе» (1961), «Аблічча часу» (1971), а таксама брашуры «Творчасць М.Багдановіча» (1939), «Янка Купала» (1948). У 1943 г. выдаў кнігу нарысаў «На партызанскай зямлі» (Масква).
Аўтар п'ес «Заложнікі» (1946, пастаўлена ў 1944), «Гэта было ў Мінску» (1950, пастаўлена ў 1949), «Неспакойныя сэрцы» (1953, пастаўлена ў 1952). Напісаў сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Чырвонае лісце» (з А.Куляшовым, 1958), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (з М.Фігуроўскім, 1958), «Лісты да жывых» (1963), «Усходні калідор» (з В.Вінаградавым, 1968), а таксама дакументальнага фільма «Мы жывём у Мінску» (1968). У 1962 г. выйшаў зборнік выбраных п'ес і кінасцэнарыяў «Над Дзвіной, Нямігай, Віліяй».