355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Гардзіцкі » Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 » Текст книги (страница 16)
Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
  • Текст добавлен: 26 марта 2017, 14:00

Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"


Автор книги: Аляксей Гардзіцкі


Жанр:

   

Справочники


сообщить о нарушении

Текущая страница: 16 (всего у книги 37 страниц)

Выдаў кнігі аповесцей і апавяданняў для дзяцей «Сум і радасць дзеда Рэпкі» (1967), «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Алесева кніжка» (1972), «Вандроўнае шчасце: Рыбацкая паэма» (1977), кнігі публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971) і «Заўсёды з Радзімай» (успаміны, эсэ, нататкі, 1980).

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Ў.Маякоўскага, М.Ісакоўскага, Я.Смелякова, А.Пракоф'ева, Я.Райніса, М.Рыльскага, У.Сасюры; С.Алейніка, М.Бажана, П.Тычыны, М.Нагнібеды, Т.Масэнкі і інш. У яго перакладзе выйшлі асобнымі выданнямі зборнікі апавяданняў В.Біянкі «Хто чым спявае» (1954), Л.Падвойскага «З Леніным у аўтамабілі» (1971), аповесць Л.Смілянскага «Сашко» (1959), зборнік вершаў Я.Шпорты «Явар» (1976), раманы Й.Дарваша «П'яны дождж» (1975), І.Друцэ «Цяжар нашай дабрыні» (1977), К.Шавялёвай «Аляксандраўскі сад» (1979).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за кнігу вершаў «Смага» і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1972) за зборнік вершаў «Кніга ста песень».

Кіслік Навум, нарадзіўся 26.09.1925 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і рабочага.

Да Вялікай Айчыннай вайны жыў і вучыўся ў школе ў Віцебску, у пачатку вайны працаваў рознарабочым, дахаўшчыком на элеватары, матарыстам-лябёдчыкам у Набярэжных Чаўнах (Татарыя). З канца 1942 г. – у Савецкай Арміі. Удзельнічаў у баях на Курска-Арлоўскай дузе. Быў двойчы паранены. Пасля дэмабілізацыі (1944) некаторы час працаваў рабочым на станкабудаўнічым заводзе ў Арэнбургу, вучыўся ў Арэнбургскім педагагічным інстытуце, з 1946 г. – на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1950) працаваў настаўнікам расейскай і беларускай мовы і літаратуры ў Дрысенскай сярэдняй школе. Быў літсупрацоўнікам у газеце «Літаратура і мастацтва» (1952-1958), потым – часопіса «Полымя» (1958-1959). Сябра СП СССР з 1954 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені і медалямі.

Першыя вершы апублікаваў у 1944 г. (газета Паўднёва-уральскай ваеннай акругі «Сталинец»). Піша на расейскай мове. Выдаў кнігі паэзіі «Разговор с друзьями» (1956), «Поиск» (1959), «Позывные земли» (1961), «Повесть о прессованном порохе» (вершы, паэма, 1964), «Ветви» (вершы, паэмы, пераклады, 1969), «Праздник снегопада» (1972), «Воспоминание о вокзалах» (Масква, 1976), «Сентябрьская река» (вершы і паэма, 1978), «Первоснежье» (1980), «Разные годы» (вершы і паэма, 1984), «Зимний свет» (Масква, 1985). Кнігі выбранай паэзіі выйшлі ў 1975 і 1985 гг.

Пераклаў на расейскую мову раман І.Мележа «Людзі на балоце» (1964), аповесці А.Карпюка «Данута» (1963), «Пушчанская Адысея» (Масква, 1966) і яго кнігу прозы «На лясных сцежках» (Масква, 1964), У.Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), зборнік паэзіі Я.Купалы (1979), творы Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, С.Дзяргая, А.Куляшова, У.Караткевіча, П.Панчанкі, А.Пысіна, А.Русецкага, М.Стральцова, М.Танка, Ю.Таўбіна і інш. У 1982 г. выдаў кнігу перакладаў беларускай паэзіі «Спелый бор».

Кісялёў Генадзь, нарадзіўся 19.03.1931 г. у горадзе Каломне Маскоўскай вобласці (Расея) у сям'і служачых.

Сярэднюю школу скончыў у Віцебску (1948). Пасля заканчэння Маскоўскага гісторыка-архіўнага інстытута (1953) працаваў у архіўных установах Летувы. У 1956-1959 гг. вучыўся ў аспірантуры пры Маскоўскім гісторыка-архіўным інстытуце. У 1960-1971 гг. – навуковы супрацоўнік Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Летувіскай ССР. З 1971 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат гістарычных навук. Сябра СП СССР з 1964 г.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1958 г. Выдаў зборнікі гісторыка-літаратурных нарысаў «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Героі і музы» (1982), даследаванні «Загадка беларускай «Энеіды» (1971), «Пошукі імя» (1978), «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча» (1988), літаратуразнаўчую дылогію «Разыскивается классик...» (1989), гістарычныя нарысы «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 года на Міншчыне» (1990). Склаў зборнікі гісторыка-літаратурных матэрыялаў «Пачынальнікі» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981), «З жыццяпісу Якуба Коласа» (1982), «Шляхам гадоў» (1990). Адзін са складальнікаў зборнікаў дакументаў «Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі 1861-1862 гг.» (1964), «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863-1864» (1965).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1990) за кнігі гісторыка-літаратурных даследаванняў «Разыскивается классик...» і «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча».

Клаз Ілья, нарадзіўся 17.03.1922 г. у горадзе Магілеве ў сям'і рабочага.

У 1939 г. паступіў на літаратурны факультэт Педагагічнага інстытута. З першых месяцаў вайны – у Савецкай Арміі. Удзельнік баёў на Паўночна-Заходнім, 2-м Прыбалтыйскім і 1-м Беларускім франтах. Тройчы паранены. У пасляваенныя гады быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела літаратуры і культуры ў газеце «Сталинская молодежь», у вайсковых газетах. У 1956-1966 гг. загадваў аддзелам інфармацыі ў газеце «Літаратура і мастацтва», аддзелам прапаганды ў музеі Янкі Купалы. З 1974 г. – літсупрацоўнік у бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 22.12.1980 г.

У 1940 г. надрукаваў першы верш (газета «Сталинская молодежь»). Пісаў на расейскай і беларускай мовах. На расейскай мове выйшлі аповесці «Жарцы» (1955), «Подснежники» (1958), «Вор» (1960), «Разбег» (1961), «Заря вишневая» (1973), раман «Белая Русь» (1977) і зборнік нарысаў «Потомству в пример» (1978), на беларускай – «Машыніст Анатоль Шыбуняеў» (1961), «Каменных спраў майстар» (1971), «Па Дзвіне на вёслах» (1975).

Клебановіч Міхась, нарадзіўся 14.03.1934 г. у вёсцы Грэск Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1957) працаваў рэдактарам на Беларускім тэлебачанні. У 1967 г. пераведзены ў галоўную рэдакцыю па вытворчасці тэлевізійных фільмаў, у 1972 г. прызначаны сябрам рэдакцыйна-сцэнарнай калегіі гэтай рэдакцыі, з 1977 г. – галоўны рэдактар сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага тэлебачання. Сябра СП СССР з 1981 г.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1985).

Празаічныя творы пачаў пісаць у канцы 60-х гг. У 1971 г. часопіс «Полымя» змясціў першую падборку апавяданняў. Аўтар кнігі апавяданняў і аповесцей «Ранішняе сонца» (1981).

Асноўная творчая праца звязана з тэлебачаннем. У 1960 г. пастаўлена п'еса «Аплявуха». Знята некалькі дакументальных фільмаў. Тэлефільм «Размова пра зямлю» (пастаўлены ў 1971) адзначаны прызам на III Усесаюзным фестывалі.

Клімашэўская Ірына, нарадзілася 30.08.1928 г. у горадзе Менску ў сям'і чыгуначніка.

Вучылася на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949-1952). Была літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» (1952-1954, 1957-1966). У 1954-1957 гг. вучылася ў Літаратурным інстытуце ў Маскве, скончыла яго завочна ў 1960 г. Працавала ўласным карэспандэнтам газеты «Советская культура» па Беларускай ССР (1966-1968). У 1969-1979 гг. – літсупрацоўнік бюлетэня «Строительство и архитектура Белоруссии». Сябра СП СССР з 1964 г.

З першым апавяданнем выступіла ў 1952 г. (альманах «Советская Отчизна»). Піша на расейскай мове. Аўтар кніжак прозы «Синий Бор» (1960), «Ключики и ключ» (нарысы, 1976), «На долгую память» (1978), «Пятое время года: Письма о любви» (1980), «Пора любви» (1984), «Счастье и смысл жизни» (публіцыстыка, 1986), «Письма о счастье» (публіцыстыка, 1989).

Пераклала на расейскую мову кнігу С.Майхровіча «Жыццё і творчасць Ф.Багушэвіча» (1961), аповесці І.Навуменкі «Вайна каля Цітавай копанкі» (з В.Міхайлавай, 1963), П.Кавалёва «Лёнька Гром» (1963), У.Шахаўца «Насустрач...» (1973).

Выступае і як крытык.

Клімковіч Міхась, нарадзіўся 20.11.1899 г. у вёсцы Сялітранка Барысаўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1915 г. скончыў Барысаўскую вышэйшую чатырохкласную навучальню. Здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. Настаўнічаў на Барысаўшчыне (1915-1921). Служыў у Чырвонай Арміі (1921-1923). Настаўнічаў на Лагойшчыне. Працаваў на партыйнай і прафсаюзнай рабоце. У 1932-1934 гг. – старшыня аргкамітэта, у 1934-1939 гг. – старшыня праўлення, у 1947-1954 гг. – літкансультант СП БССР. У 1943-1947 гг. быў галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве, потым у Менску. Сябра ЦВК БССР (1931-1938). Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны медалём.

Памёр 05.11.1954 г.

Друкаваўся з 1928 г. Аўтар драматцчных паэм «Кацярына Жарнасек» (1938, пастаўлена ў 1938), «Адплата» (1952), «Уся ўлада Саветам!» (1957), драматычнай трылогіі «Георгі Скарына» (1946, 1947, 1955), лібрэта опер «Апошні вечар на хутары» (1940), «Кастусь Каліноўскі» (1959, пастаўлена ў 1947), «Песня аб шчасці» (1952), балета «Князь-возера» (пастаўлены ў 1949), аднаактовак «На віленскім шляху» (1939), «На скрыжаванні дарог» (1945), «Маленькая хмарка» (1946). У 1947 г. выйшаў зборнік «Драматычныя паэмы». Аўтар тэксту Дзяржаўнага гімна БССР (1944).

Напісаў кнігу апавяданняў «Лясное возера» (1946), апрацаваў зборнік «Беларускія народныя казкі» (1946). У 1959 г. выдадзены Збор твораў у 2 тамах.

Даследаваў беларускую літаратуру. Выйшлі працы «Літаратура Савецкай Беларусі за 15 год» (1934), «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру» (1953), «Літаратурна-крытычныя артыкулы» (1962).

Клімковіч Святлана, нарадзілася 26.08.1935 г. у горадзе Менску ў сям'і пісьменніка.

Скончыла аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Працавала карэктарам, літработнікам, адказным сакратаром газеты «Голас Радзімы» (1958-1970), літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1970-1972), рэдактарам у часопісе «Народная асвета» (1972-1974), рэдактарам рэдакцыі праграм для моладзі на Беларускім тзлебачанні. У 1977-1990 гг. – адказны рэдактар бюлетэня Беларускага тэатральнага аб'яднання (з 1987 г. Саюза тэатральных дзеячаў) «Тэатральны Мінск». Сябра СП СССР з 1986 г.

Выступае ў друку з 1958 г. У перыядычным друку публікуе апавяданні, нарысы, казкі, тэатральныя рэцэнзіі і артыкулы. Асобным выданнем выйшла казка «Лалі-Лаль» (1974, на аснове яе створаны тэле– і радыёспектаклі).

Аўтар п'ес для тэатра лялек «Дар ляснога цара» (пастаўлена ў 1978), «Балада пра белую вішню» (апублікавана ў зборніку п'ес «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» ў 1984, пастаўлена ў 1984 і на Беларускім радыё ў 1988), «Казка пра цара Юрыка і каваля Рымшу» (апублікавана ў 1981, Масква, і ў зборніку «Радзіма мая дарагая», 1989), п'есы «Вясновая песня» (пастаўлена на Беларускім радыё, 1985). Напісала лібрэта опер «Дзікае паляванне караля Стаха» (пастаўлена ў 1989) і «Францыск Скарына» (пастаўлена на Беларускім тэлебачанні ў 1990). Зрабіла пераклад з польскай мовы, рэстаўрацыю і сцэнічную рэдакцыю оперы XVIII ст. «Апалон-заканадаўца, альбо Парнас рэфармаваны» (апублікавана і пастаўлена ў 1989).

Клімянкоў Іван, нарадзіўся 05.01.1947 г. у вёсцы Хляўно Кармянскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1970 г. скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Настаўнічаў у Баяніцкай васьмігодцы Любанскага раёна, працаваў сакратаром камсамольскай арганізацыі Смілавіцкага СПТВ-23 Чэрвеньскага раёна. З 1971 г. пачаў выязджаць на сезонныя работы (пасёлак Тазаўскі Ямала-Нянецкай нацыянальнай акругі, г. Пячора Комі АССР, г. Варкута (Расея), пасёлак Сангары Якуцкай АССР, пасёлак Рочыгда Архангельскай вобласці). Быў выхавацелем у рабочым інтэрнаце Менскага аўтамабільнага завода, працаваў у калгасах Валожынскага і Кармянскага раёнаў, у Касцюковіцкім сельгасбудзе. З 1988 г. – будаўнік калгаса «Перамога» Валожынскага раёна. Сябра СП СССР з 1988 г.

Літаратурнай працай займаецца з 1976 г. Аўтар кнігі апавяданняў «Сеанс гіпнозу» (1987).

Клішэвіч Уладзімір, нарадзіўся 12.03.1914 г. у вёсцы Краснадворцы Старобінскага раёна Менскай вобласці.

Пасля заканчэння педагагічных курсаў у Слуцку працаваў настаўнікам. У 1933 г. паступіў на літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. У 1936 г. быў рэпрэсіраваны і сасланы на Калыму. У жніўні 1940 г. вернуты на даследаванне ў Менск, дзе і застала яго вайна. У час акупацыі жыў у Слуцку, рэдагаваў «Газэту Случчыны». У 1944 г. выехаў у Германію. З 1948 г. жыў у ЗША, рэдагаваў ратапрынтны часопіс «Беларусь» (1949), працаваў выкладчыкам у коледжы ў штаце Індыяна. Некалькі разоў прыязджаў у БССР.

Памёр 14.11.1978 г. у г. Лос-Анжэлес, ЗША.

Друкаваць вершы пачаў у 1931 г. Выступаў у акруговай і раённай перыёдыцы, у час вайны друкаваўся ў акупацыйных газетах. Удзельнічаў у калектыўных зборніках «Песняры Случчыны» (Слуцак, 1943) і «Ля чужых берагоў» (Мюнхен – Нью-Ёрк, 1955). У 1964 г. выдаў зборнік паэзіі «Далячынь» (Саўт-Рывер, ЗША), у 1965 г. – паэму «Васіль Каліна» (Лондан), у 1973 г. – зборнік «Сняцца сны мне залатыя» (бібліятэка газеты «Голас Радзімы», Менск). У 1970-1975 гг. шмат вершаў апублікаваў у газеце «Голас Радзімы».

Клышка Анатоль, нарадзіўся 16.04.1935 г. у вёсцы Данейкі Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Наваградскай педагагічнай навучальні (1949-1952). Працаваў карэктарам у наваградскай гарадской газеце «Звязда», адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Фізкультурнік Беларусі». Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Быў супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958 г. працаваў інструктарам па друку ЦК ЛКСМБ, са снежня 1958 г. вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1960 г. – у рэдакцыі часопіса «Полымя». З 1961 па 1963 гг. – старшы рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», пасля зноў у «Полымі» – літработнік аддзела крытыкі, рэдактар аддзела навукі і мастацтва. З 1971 г. – загадчык лабараторыі навучання грамаце, а потым аддзела навучання літаратуры Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981-1983 гг. – загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва», у 1986-1990 гг. – загадчык аддзела крытыкі часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1960 г.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.

У 1950 г. у наваградскай газеце апублікаваў першы верш. З літаратурна-крытычнымі артыкуламі выступае з 1953 г. У 1967 г. выйшла кніга літаратурна-крытычных артыкулаў «Права на верш».

Аўтар «Буквара» (1969, 23 выданні), «Пропісаў да «Буквара» (1969, 4 выданні), «Пропісаў для 1 класа» (1973, 18 выданняў), дапаможніка для 1 класа «Верасок» (1978, 3 выданні), «Чабарок» (1989, чытанка для 4 класа школ з расейскай моваю навучання). Напісаў кніжкі для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983), «Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А.Клышка» (казкі, 1983), «Святло праз стагоддзі» (пра Ф.Скарыну, выдадзена на ангельскай, нямецкай, французскай мовах, 1990).

Пераклаў на беларускую мову Новы запавет (асобныя раздзелы апублікаваны ў часопісе «Спадчына», 1989-1990).

Кляўко Генадзь, нарадзіўся 01.05.1932 г. у вёсцы Варонічы Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Рудзенскай сярэдняй школы (1950) паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. За год да заканчэння ўніверсітэта (з 1954) стаў адначасова працаваць у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда». У 1961-1973 гг. – літсупрацоўнік, адказны сакратар часопіса «Вожык», у 1973-1979 гг. – намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1964 г.

Узнагароджаны медалём.

Памёр 21.08.1979 г.

У рэспубліканскім друку з вершамі выступіў у 1950 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Абветраныя далягляды» (1962), «Сто крокаў» (1967), зборнікаў вершаў і паэм «Прыстань» (1974), «Плуг» (1978), «Вязьмо» (1984), зборнікаў гумарыстычных вершаў і мініяцюр «Лайдак і кнопкі» (1964), «Каб не сурочыць» (1971), «Што праўда, то не грэх...» (1971), «Падкова над парогам» (выбранае, 1979). Для дзяцей выдаў кніжку вершаў «Першы салют» (1964).

Перакладаў на беларускую мову творы пісьменнікаў народаў СССР. У 1975 г. у яго перакладзе выйшаў зборнік паўднёваасецінскай паэзіі «Трубіць алень».

Кляшторны Тодар, нарадзіўся 11.03.1903 г. у вёсцы Парэчча Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся на рабфаку ў Воршы. У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў на радыё, у рэспубліканскіх газетах і часопісах. Быў сябрам «Маладняка», «Узвышша», БелАПП. Восенню 1936 г. арыштаваны. 29.10.1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Расстраляны 30.10.1937 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1925 г. (часопіс «Аршанскі маладняк»). Выйшлі зборнікі вершаў «Кляновыя завеі» (1927), «Светацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Праз шторм на штурм» (1934), паэма «Палі загаманілі» (1930) і кніжка-малюнак для дзяцей «Пра зайца, ваўка і мядзведзя» (1935). У 1960 г. выдадзена кніга паэзіі «Залатое вязьмо», у 1970 г. – Выбраныя творы.

Пераклаў на беларускую мову раман Ф.Панфёрава «Брускі» (з М.Багуном, ч. 1, 1932), асобныя творы Ў.Маякоўскага, М.Асеева, А.Безыменскага, М.Галоднага, А.Лахуці, Л.Первамайскага.

Кобец-Філімонава Алена (таксама Кобец Алена), нарадзілася 13.10.1932 г. у гарадскім пасёлку Круглае Магілеўскай вобласці (паводле пашпарта – у Менску) у сям'і пісьменніка.

Скончыла Менскую музычную школу-дзесяцігодку (1952). З 1953 г. працавала выкладчыцай у музычных школах Менска, Выбарга, Стаўрапаля. У 1954-1955 гг. вучылася ў Ленінградзе ў Музычнай навучальні. Некаторы час жыла ў Грэцыі (1964-1966), вучылася ў Афінскай кансерваторыі. Скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу раяля (1969), Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1971). Працавала рэдактарам на кінастудыі «Беларусьфільм» (1971-1972), рэдактарам выдавецтва «Юнацтва» (1981-1983). Сябра СП СССР з 1965 г.

З першым літаратурным творам выступіла ў 1959 г. Піша на расейскай і беларускай мовах, пераважна для дзяцей. На беларускай мове выйшлі зборнікі вершаў для дзяцей «Казка пра месяц» (1963) і «Залаты ручнік» (1972), аповесці «Жаваранкі над Хатынню» (1977), (расейскае выданне Масква, 1973), «Блакітны экспрэс» (1981), «Агні за перавалам» (1985; гэтыя дзве аповесці перапрацаваны ў раман «Агні за перавалам», 1987), казкі «Вянок дзівосаў» (1986). На расейскай – зборнік казак «Читайка и гуляйка» (1963), «Семь художников» (1965), кніга нарысаў «В королевстве... но не сказочном» (1968), «Сказки старого Янниса» (1969). Па матывах аповесці «Блакітны экспрэс» у 1978 г. пастаўлены аднайменны спектакль. Аўтар сцэнарыя мультфільма «Вася Буслік і яго сябры» (зняты ў 1974).

Пераклала на беларускую мову з навагрэчаскай зборнік вершаў Я.Рыцаса «Макронісас» (1973).

Укладальнік зборніка беларускай паэзіі «Земля с лазурными очами» (Масква, 1979).

Кобец Рыгор (сапр. Мусіевіч-Сандыга Міхаіл), нарадзіўся 24.07.1898 г. у вёсцы Малыя Рагачыкі Кіраваградскай вобласці (Украіна) у сям'і рабочага.

Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе, у народнай рамеснай, у рэальнай навучальнях. У першую сусветную вайну служыў у царскай арміі, удзельнічаў у баях у Галіцыі (1914-1916). Быў паранены. Працаваў токарам у Елісаветградзе, рабочым на Херсонскім заводзе сельгасмашын кампаніі «Эльворці» (завод «Чырвоная звязда»), маркіроўшчыкам на станцыі Елісаветград – Таварная (1916-1918). У час Лютаўскай рэвалюцыі ўвайшоў у федэрацыю анархістаў групы «Набат». У грамадзянскую вайну служыў у Чырвонаармейскім Брацкім палку (Елісаветград). Затым уступіў у рады Чырвонай гвардыі (1-шы інтэрнацыянальны батальён рэвваенсавета Паўднёвага фронту), перайшоў у армію Дзянікіна, працаваў у міліцыі. У 1919 г. ваяваў у асобным кавалерыйскім дывізіёне 1-й Коннай арміі С.М.Будзённага. Пад Варшавай быў цяжка паранены. Зноў трапіў пад уплыў анархістаў. Удзельнічаў у контррэвалюцыйным мяцяжы ў арміі С.М.Будзённага. Пасля хаваўся ад органаў ЧК (пад рознымі прозвішчамі, апошняе – Р.Кобец). Працаваў качагарам у бальніцы, на Менскім дражджавым заводзе «Пралетарый» (1922-1928), на піўзаводзе «Беларусы» (1928-1929). Скончыў тры курсы Менскага вячэрняга рабочага тэхнікума (1928). Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Звенья» «Маладняка», у 1929-1930 гг. – загадваў сельгасаддзелам рэдакцыі газеты «Рабочий». Потым кансультант, загадчык сцэнарнага аддзела кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе (1931-1937). У 1935 г. прызнаўся старшыні Саўнаркома БССР М.Галадзеду ў сваіх ранейшых сувязях з анархістамі, тады ж пастановай НКУС СССР быў амнісціраваны. У 1933, 1935, 1937 гг. ездзіў у творчыя камандзіроўкі ў Бірабіджан. Супрацоўнічаў у газетах «Биробиджанская правда», «Тихоокеанская звезда» (Бірабіджан). У 1938 г. рэпрэсіраваны ў Бірабіджане. У 1939 г. апраўданы. Пераехаў у Хабараўск, дзе працаваў рэдактарам студыі кінахронікі (1939-1941). У 1941 г. быў зноў арыштаваны, у 1942 г. рашэннем Асобай нарады прыгавораны да 10 год зняволення ў лагерах. Адбываў пакаранне на будоўлях чыгункі ў Тайшэце, Манголіі, у Забайкаллі. З 1951 г. – на пажыццёвым пасяленні ў Кіргізіі. Працаваў у саўгасе «Чалдавар» Фрунзенскай вобласці вартаўніком на вінаградніках, памочнікам пчаляра (у гарах Цянь-Шаня), загадчыкам хаты-чытальні, клуба, гаспадаркі ў школе. У 1958 г. вярнуўся ў Менск. Справа перагледжана 19.10.1960 г. Хабараўскім краявым судом, і Пастанова Асобай нарады СССР ад 04.10.1942 г. адменена. У 1963 г. быў пазбаўлены персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння за прыналежнасць да анархістаў. Сябра СП СССР з 1935 г.

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1935).

Памёр 09.09.1990 г.

У беларускім друку выступіў у 1923 г. з вершамі і апавяданнямі (часопіс «Прафрух»). Пісаў на расейскай і беларускай мовах. Апублікаваў п'есы «Гута» (1929, пастаўлена ў 1930), «Ратуй, божа!» (з А.Вольным, 1932), «А ўсё ж заспяваю» (1932), «На заставе» (1935), «Мигрень» (Хабараўск, 1940), аднаактоўкі «Цяжкі выпадак» (1961), «Катавасія брата Гервасія» (з А.Астрэйкам, 1962), «Нішто сабе жарты» (1962), «Святая тайна» (1965), «Піражкі з чырвонцамі» (1965). Напісаў кінасцэнарый «Паўстанне гневу» (з А.Вольным, газета «Літаратура і мастацтва», 1936). Па яго сцэнарыях пастаўлены мастацкія фільмы «Ураган» (з Б.Брадзянскім, 1932), «Двойчы народжаны» (1933), «Шукальнікі шчасця» (з І.Зэльцарам, 1936, апублікаваны ў 1988, у 1987 г. выпушчаны відэафільм), «Дняпро ў агні» (з І.Барашкам, 1937), музычная камедыя «Счастливый берег» (з С.Бытавым, 1940). Выдаў кінааповесці «Герои Балтики» (Хабараўск, 1939), «Трофим Бутан» – новы варыянт «Паўстання гневу» (Хабараўск, 1940). У 1925 г. напісаў верш «Паравоз», які стаў папулярнай камсамольскай песняй.

У 1989 г. часопіс «Нёман» апублікаваў аповесць «Ноев ковчег» (напісана ў 1964).

Козел Іван, нарадзіўся 21.05.1928 г. у вёсцы Канчаны Маладэчанскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Маладэчанскую сярэднюю школу № 1 у 1949 г. Настаўнічаў у Віткаўшчынскай пачатковай (1949-1959), Ермакоўскай сямігадовай (1959-1960) і Красненскай сярэдняй (1960-1963) школах Маладэчанскага раёна. Адначасова завочна скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955). Быў навуковым супрацоўнікам Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР (1963-1964), у 1964-1966 гг. – рэдактар Менскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, затым старшы рэдактар Камітэта па друку пры Савеце Міністраў БССР. У 1969 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Сябра СП СССР з 1961 г.

Памёр 30.01.1970 г.

Выступаў як драматург з 1957 г. Аўтар п'ес «Папараць-кветка» (1958, пастаўлена ў 1957, асобнае выданне ў 1959), «Канчане – суседзі мае» (апублікавана і пастаўлена пад назваю «Над хвалямі Серабранкі» ў 1961, асобнае выданне ў 1963).

Колас Георгі, нарадзіўся 26.02.1929 г. на хутары Куцень Чэрвеньскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

30.03.1930 г. у сувязі з калектывізацыяй і раскулачваннем сасланы разам з бацькамі на спецпасяленне ў Гаінскі раён Комі-Пярмяцкай нацыянальнай акругі. Вызвалены 14.09.1945 г. У 1947 г. скончыў філалагічны факультэт Кудымкарскага настаўніцкага інстытута, у 1951 г. – акцёрскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральнага інстытута. Два гады працаваў акцёрам Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра ў Менску. Затым быў супрацоўнікам газеты «Сталинская молодежь», аспірантам Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1955-1960 гг. – галоўны рэдактар па рэпертуары драматычных тэатраў у Міністэрстве культуры БССР. Працаваў загадчыкам метадычнага кабінета культасветработы Белсаўпрофа. У 1961-1964 гг. – літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», у 1967-1971 гг. – рэдактар аддзела крытыкі, бібліяграфіі і мастацтва часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1964 г.

З артыкуламі пра тэатральнае мастацтва і драматургію пачаў выступаць у 1953 г. Выдаў брашуры «Тэатры Беларускай ССР у 2-й Прыбалтыйскай тэатральнай вясне» (1957), «Спектаклі юбілейнага сезона» (1958), «Николай Еременко» (Масква, 1968). Аўтар кнігі «Современник в гриме и без грима» (1963), зборніка артыкулаў «Диалог через рампу» (1967), шматлікіх артыкулаў аб старажытных беларускіх інтэрмедыях, аб творчасці драматургаў К.Марашэўскага, Я.Купалы, К.Губарэвіча, А.Маўзона, А.Макаёнка, А.Вярцінскага, І.Чыгрынава, А.Дударава, М.Матукоўскага, А.Дзялендзіка, Я.Шабана і інш.

Аўтар звыш дваццаці пяці сцэнарыяў дакументальных, навукова-папулярных кіна– і тэлефільмаў «Беларуская сюіта» (1966), «Я чую вестку» (1967), «Купалаўцы» (1970), «Мы – сіняблузнікі» (1971), «Жывая ніць» (1973), «Ларыса Александроўская» (1975), «Тры тысячы песень» (1976), «Мінск – пра час і пра сябе» і «Лепей за тое, што ёсць» (1977), «Ігра без ігры» (1978), «Іван Шамякін» (1979), «Паклон мой народу за песні» і «Янка Купала» (1982), «Старажытныя паркі» (1989) і інш.

Колас Якуб (сапр. Міцкевіч Канстанцін), нарадзіўся 03.11.1882 г. у засценку Акінчыцы (цяпер у межах горада Стоўбцы) Менскай вобласці ў сям'і лесніка.

Раннія дзіцячыя гады прайшлі ў лесніковых сядзібах Ласток і Альбуць, што недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). Настаўнічаў у вёсках Люсіна Ганцавіцкага раёна (1902-1904), Пінкавічы Пінскага раёна (1904-1906), Верхмень Смалявіцкага раёна (1906). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе быў звольнены (1906). Зімой 1906-1907 гг. жыў ва ўрочышчы Смольня, вёў прыватную школу. У 1907 г. працаваў у газеце «Наша ніва» ў Вільні, у 1908 г. – у прыватнай школе ў вёсцы Сані Талачынскага раёна. 15.09.1908 г. за ўдзел у настаўніцкім з'ездзе і нелегальную работу быў асуджаны на тры гады, адбываў пакаранне ў менскім астрозе. У 1912-1914 гг. працаваў настаўнікам у 3-й прыходскай навучальні ў Пінску. У час першай імперыялістычнай вайны разам з сям'ёй эвакуіраваўся ў Дзмітраўскі павет Маскоўскай губерні, настаўнічаў у сяле Старыкава. Быў мабілізаваны ў армію (верасень 1915). Скончыў Аляксандраўскую ваенную навучальню (Масква, 1916). Служыў у запасным палку ў Пермі. Летам 1917 г. накіраваны на Румынскі фронт, але цяжка захварэў і быў эвакуіраваны ў горад Абаянь. Па дэкрэце Савецкага ўрада ў пачатку 1918 г. звольнены з войска як настаўнік. Працаваў на Куршчыне настаўнікам, школьным інструктарам. Па выкліку ўрада БССР у траўні 1921 г. пераехаў у Менск. Выкладаў у Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі на курсах настаўнікаў, займаўся навуковай дзейнасцю ў Інстытуце беларускай культуры. З дня ўтварэння АН БССР (1 студзеня 1929 г.) быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам. У 1935 г. удзельнічаў у рабоце Кангрэса ў абарону культуры ў Парыжы. У Вялікую Айчынную вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жнівень 1941 – лістапад 1943), Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадскай дзейнасцю. У снежні 1944 г. вярнуўся ў Менск. Быў сябрам ЦВК БССР (1929-1931, 1935-1938), дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1946-1956) і БССР (1938-1956), з'яўляўся старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, орданамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.

Народны паэт БССР (1926). Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1944).

Памёр 13.08.1956 г.

Пісаць пачаў на расейскай мове. У друку дэбютаваў вершам, напісаным па-беларуску «Наш родны край» (14 верасня 1906 г. газета «Наша доля»). У 1910 г. у Вільні выйшаў першы зборнік вершаў «Песні-жальбы» (факсімільнае выданне ў 1982), затым – кнігі прозы «Апавяданні» (1912), «Родныя з'явы» (1914). У Пецярбургу ў 1913 г. асобнымі выданнямі выйшлі апавяданні «Тоўстае палена» і «Нёманаў дар», апавяданні вершам «Прапаў чалавек. Паслушная жонка. Грушы сапяжанкі» і «Батрак. Як Юрка збагацеў». У савецкі час выдадзены кніга апавяданняў «Казкі жыцця» (1926, 1-е выданне – Коўна, 1921), зборнік вершаў «Водгулле» (1922), паэма «Новая зямля» (1923), аповесць «У палескай глушы» (1923), зборнікі апавяданняў «Крок за крокам», «На рубяжы», «Першыя крокі», «У ціхай вадзе», паэма «Сымон-музыка» (усе ў 1925), аповесць «На прасторах жыцця» (1926, экранізавана ў 1929; уключаны і апавяданні, 2-е дапоўненае выданне ў 1928), аповесці «У глыбі Палесся» (1927), «Адшчапенец» (1932), «Дрыгва» (1934), зборнікі вершаў «Нашы дні» (1937), «Адпомсцім» (1942), «Голас зямлі» (1943), паэмы «Суд у лесе» (Масква, 1943), «Адплата» (1946), зборнік вершаў «Мой дом» (1946), паэма «Рыбакова хата» (1947), трылогія «На ростанях» (1955, інсцэніравана пад назвай «Навальніца будзе» ў 1958; экранізавана ў 1960-1961 гг.), зборнік вершаў «Жыве між нас геній» (1952) і інш. Многія вершы Я.Коласа пакладзены на музыку. Аўтар твораў для дзяцей – паэмы «Міхасёвы прыгоды» (1935), вершаванай казкі «Рак-вусач» (1938), зборнікаў вершаў «На рэчцы зімой» (1941), «Вершы для дзяцей» (1945), зборнікаў апавяданняў «У старых дубах» (1941), «Раніца жыцця» (1950). Апрацаваў шэраг беларускіх народных казак.

Аўтар п'ес «Антось Лата» (1917, пастаўлена ў 20-х гадах), «Забастоўшчыкі» (1925), «Вайна вайне» (1927, канчатковая рэдакцыя ў 1938, пастаўлена ў 1937), «У пушчах Палесся» (1938, пастаўлены ў 1937), аднаактоўкі «На дарозе жыцця» (1917).

Выступаў у галіне публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі. У 1957 г. выйшаў зборнік «Публіцыстычныя і крытычныя артыкулы». Выдаў падручнікі «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» (Пецярбург, 1909) і «Методыка роднае мовы» (1926).


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю