Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"
Автор книги: Аляксей Гардзіцкі
Жанр:
Справочники
сообщить о нарушении
Текущая страница: 20 (всего у книги 37 страниц)
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1969).
Першы верш апублікаваў у 1925 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Крокі» (1928), «Новая ростань» (1930), «Аднагалосна» (1931), «Галасуе вясна за вясну» (1931), «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!» (1931), «Першамайская вуліца» (1932), «Шырокае поле вайны» (1945), «Моваю сэрца» (1955), «Прасторы» (1958), «Прага крыла» (1974), паэм «Неаплачаны рахунак» (1930), «Галасы гарадоў» (1932), «Як нараджаўся новы свет» (1975), кніжак вершаў і паэм «Поступ» (1950), «Святло Радзімы» (1952), «Росы на коласе» (1973), «Лявоніха» (1977), «Галасы над выраем» (1980), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983), «Вярнуся ветрам» (1987). Выдаў «Вершы для дзяцей» (1948) і паэму-казку «Хто робіць пагоду» (1960). У 1960 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1968-1970 гг. – Збор твораў у 3-х, у 1979 – у 4 тамах.
Працуе і ў галіне прозы, а таксама крытыкі. Выдаў зборнікі «Вачыма часу» (успаміны, артыкулы, эсэ, 1964), «З ранку да вечара» (роздумы, накіды партрэтаў, 1978), кнігі прозы «Колас расказвае пра сябе» (1964), «Дванаццаць вячорных вогнішчаў» (1968), зборнік сатыры і гумару «Сілівон на дачы» (1958), кнігу публіцыстыкі «Рэпартаж з рубцом на сэрцы» (1973), зборнікі аповесцей, апавяданняў, успамінаў «Людзі, птушкі, прастор» (1976), «Песні з леснічоўкі» (1982), «Сустрэчы» (1982), «Трое» (1989). Аўтар сцэнарыяў мастацкага фільма па аднайменнай п'есе Янкі Купалы «Паўлінка» (пастаўлены ў 1952) і дакументальнага – «Народны паэт» (пастаўлены ў 1952), з А.Куляшовым напісаў сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Першыя выпрабаванні» (пастаўлены ў 1960), «Запомнім гэты дзень» (пастаўлены ў 1967).
На беларускую мову пераклаў «Жыццё Кліма Самгіна» М.Горкага (1938), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1949), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (1950) і «Выбраныя творы» М.Гогаля (1952). «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава (1951), «Маладую гвардыю» А.Фадзеева (1953), «Яны змагаліся за радзіму» М.Шолахава (1975), «Пераяслаўскую Раду» Н.Рыбака (1954-1955), паасобныя творы А.Пушкіна, А.Міцкевіча, М.Някрасава, І.Буніна, У.Сыракомлі, Ю.Тувіма, У.Маякоўскага, Я.Смелякова і інш.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1965) за кнігу «Колас расказвае пра сябе».
Лукша Валянцін, нарадзіўся 16.11.1937 г. у горадзе Полацку ў сям'і служачага.
Скончыў Полацкі лясны тэхнікум (1956) і Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС (1976). Працаваў памочнікам таксатара Пензенскай аэрафоталесаўпарадчай экспедыцыі. У 1958 г. – інструктар Полацкага гаркама камсамола, камсорг трэста № 16 «Нафтабуд». З 1961 г. – літсупрацоўнік полацкай газеты «Сцяг камунізма», загадчык аддзела міжраённай газеты «Ленінская іскра» (Полацак), карэспандэнт Беларускага радыё, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва рэспубліканскай газеты «Чырвоная змена», адказны сакратар штомесячніка «На экранах Беларусі», з 1973 г. – старшы рэдактар, з 1975 г. – галоўны рэдактар Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, з 1980 г. – дырэктар выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1978 г.
Узнагароджаны медалём і Ганаровым знакам А.П.Гайдара.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1956 г. (апублікаваны верш у «Віцебскім рабочым»). Выйшлі кнігі вершаў «Гарады нараджаюцца сёння» (1964), «Атава» (1969), «Споведзь» (1973), «Белыя берагі» (паэма-хроніка, 1981), «Радзімыя плямы» (вершы і фельетоны, 1982), «Сляды памяці» (вершы і паэма, 1986), «Агонь і попел» (драматычныя паэмы, 1989), кніжкі вершаў, казак для дзяцей «Аркестр» (1972), «Зялёная бальніца» (1974), «Лета – круглы год» (1978), «Крылаты цэх» (1982), «Чароўны камень» (1987). Выдаў кнігі публіцыстыкі «Наша полацкая прафесія» (1966), «Рамантыкі шасцідзесятых» (1967), «Дзесяць дарог да чароўнага» (1970), «Полацк» (1973).
Аўтар п'ес, пастаўленых на тэатральнай сцэне, тэлебачанні і радыё, «Інтэгралы на цэгле» (1974), «Мая радня» (1975), «Свае крылы» (1976), «Вецер веку» (паводле аднайменнага рамана І.Гурскага, 1977), «Калі вяртаюцца буслы» (1982), «Асоль» (паводле твораў А.Грына, 1984), «Пад шыфрам «Зорачка» (1985), «Чароўны камень» (1985).
Пераклаў п'есы С.Міхалкова «Дарагі хлопчык» (1986), М.Рошчына «Уся Надзея» (1986), Е.Тарахоўскай «Казка пра Ямелю» (1990). Напісаў лібрэта оперы «Барвовы золак» (пастаўлена ў 1979).
Многія вершы пакладзены на музыку.
Лук'янаў Мікалай, нарадзіўся 20.07.1924 г. у вёсцы Лешчанка Кіраўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў сярэднюю школу ў пасёлку Кіраўск (1941). У час Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у партызанскім руху (з кастрычніка 1942 г. па чэрвень 1944 г., партызанскі полк № 537 імя Кірава). Быў паранены. Пасля злучэння з Савецкай Арміяй прымаў удзел у баях на фронце. У ліпені 1944 г. на беластоцкім напрамку быў цяжка паранены і страціў зрок. У 1948-1968 гг. працаваў настаўнікам вячэрняй школы на Бабруйскім прадпрыемстве таварыства сляпых. У 1968-1989 гг. – старшыня Магілеўскага абласнога праўлення таварыства сляпых. Сябра СП СССР з 1990 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалямі.
Заслужаны работнік сацыяльнага забеспячэння БССР (1981).
Першае апавяданне апублікаваў у 1963 г. (бабруйская газета «Камуніст»). Аповесць «І цемра адступіла» (часопіс «Маладосць», 1987) увайшла ў калектыўны зборнік «Дым родных каміноў» (1988).
Лупсякоў Мікола, нарадзіўся 04.03.1919 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і сялян.
У 1921 г. сям'я вярнулася на радзіму – у вёску Папаратнае, што на Жлобіншчыне. Скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1941). З 1941 г. у Савецкай Арміі. Скончыў Смаленскую артылерыйскую навучальню (1942). Удзельнічаў у баях пад Масквой, на Цэнтральным, Варонежскім франтах, пад Харкавам. У сакавіку 1943 г. быў цяжка паранены і пасля лячэння дэмабілізаваны. Працаваў у газеце «Казахстанская правда» (1943-1944), у рэдакцыях часопісаў «Беларусь» (1944-1945), «Бярозка» (1945-1949). Сябра СП СССР з 1944 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 12.02.1972 г.
У друку пачаў выступаць у 1935 г. (альманах «Аднагодкі»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Першая атака» (1946), «Апавяданні» (1947), «Мост» (1947), «Дружба» (1952), «Чырвоны бераг» (апавяданні і нарысы, 1954), «Дняпроўская чайка» (1957, 1988), «Паядынак» (1957), «У вераб'іную ноч» (1958), «Ля пераправы» (1959), «Прырэчча» (аповесць і апавяданні, 1961), «На берагах Дняпра» (1966), Выбраныя творы (1968), «Міхалаў дуб» (1974).
Для дзяцей выйшлі кніжкі апавяданняў «Разведчыкі» (1949), «На вірах» (1974) і аповесць «Я помню...» (1964).
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Дж. Лондана, У.Гаршына, П.Паўленкі, А.Гайдара, У.Курачкіна і інш.
Луфераў Мікола, нарадзіўся 07.01.1929 г. у вёсцы Трубільня Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў філалагічны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1950). Працаваў настаўнікам Старобінскай сярэдняй школы Менскай вобласці. У 1954 г. скончыў аспірантуру пры Менскім педагагічным інстытуце. Працаваў старшым выкладчыкам, дацэнтам Магілеўскага педінстытута, навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1975-1978 гг. – дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук. З 1982 г. настаўнічаў у школах Магілеўскага раёна. Жыве ў Магілеве. Сябра СП СССР з 1971 г.
Выступае ў друку як крытык і літаратуразнавец з 1952 г. Напісаў брашуру «Кузьма Чорны» (1960) і манаграфію «Проза Кузьмы Чорнага» (1961). Сааўтар кнігі «Праблемы сучаснай беларускай прозы» (з П.Дзюбайлам і В.Жураўлёвым, 1967), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964), падручніка для студэнтаў філалагічных факультэтаў педінстытутаў «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. 1917-1940» (1981).
Луцкевіч Антон, нарадзіўся 30.01.1884 г. у горадзе Шаўлі (цяпер Шаўляй, Летува) у сям'і служачага.
З 1897 г. жыў у Менску, дзе вучыўся ў мужчынскай класічнай гімназіі. У 1902 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Пасля васьмі семестраў перавёўся на юрыдычны факультэт Юр'еўскага (цяпер Тартускага) універсітэта, дзе вучыўся шэсць семестраў. Адзін з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады (1903); на першым з'ездзе партыі (1905) абраны сябрам ЦК. У 1905 г. быў арыштаваны, у 1906-1908 гг. знаходзіўся на нелегальным становішчы. У 1916 г. заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу. З 1918 г. – сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Узначальваў Беларускі народны камітэт у Вільні (1916-1919), з'яўляўся старшынёй віленскай Беларускай рады (1918-1919). У сакавіку 1918 г. кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці БНР (Акт 25 сакавіка 1918 г.). З кастрычніка 1918 па люты 1920 г. старшыня Рады народных міністраў БНР, народны міністр замежных спраў. Адстойваў інтарэсы Беларусі на Парыжскай мірнай канферэнцыі, на перагаворах з Ю.Пілсудскім. У верасні 1919 г. быў інтэрніраваны польскімі ўладамі, у час савецкай улады ў Вільні (ліпень-верасень 1920 г.) зняволены. Пасля заключэння Рыжскага трактата – старшыня падпольнага Беларускага дзяржаўнага камітэта і легальных Беларускага нацыянальнага камітэта, Беларускага выдавецкага таварыства, выкладчык Віленскай беларускай гімназіі, заснавальнік і дырэктар Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Двойчы прыцягваўся да судовай адказнасці ў справе Беларускай сялянска-рабочай грамады, быў зняволены, звольнены з працы ў гімназіі, а ўзначаленыя ім Беларускі нацыянальны камітэт і Беларускае выдавецкае таварыства – забаронены польскімі ўладамі. Пасля прыходу ў Вільню Чырвонай Арміі 30.09.1939 г. арыштаваны і вывезены ў Менск. Рэабілітаваны ў 1989 г.
Паводле афіцыйных звестак, памёр у 1946 г. у зняволенні. Паводле іншых звестак, расстраляны ў чэрвені 1941 г. у час эвакуацыі вязняў.
Выступаў як крытык, літаратуразнаўца, публіцыст і перакладчык. Адзін з заснавальнікаў і фактычных кіраўнікоў газет «Наша доля» і «Наша ніва». Пісаў па-беларуску, па-расейску і па-польску. Даследаваў творчасць У.Сыракомлі, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, У.Жылкі, Н.Арсенневай, М.Чарота, У.Дубоўкі, іншых пісьменнікаў. Быў рэдактарам і выдаўцом зборнікаў паэзіі, публіцыстыкі, альманахаў. Асобнымі кнігамі, адбіткамі і брашурамі (частка з іх падпісана псеўданімам Антон Навіна) выйшлі «Белорусы» (СПб, 1908), «На дарозе да новага жыцця» (СПб, 1912), «Эканамічная эвалюцыя і беларускі дух» (Вільня, 1917), «Як правільна пісаць па-беларуску» (Вільня, 1917), «Беларускі правапіс» (з Я.Станкевічам, Вільня, 1918), «Нашы песняры: Літаратурна-сацыяльныя нарысы» (Вільня, 1918), «Польская акупацыя ў Беларусі» (Вільня, 1920), «Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры» (Вільня, 1921), «Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры» (Вільня, 1921), «Вязніца Адама Міцкевіча» (Вільня, 1923), «Як вучыць у новай школе: Увагі для вучыцеляў беларускіх сярэдніх школ» (Вільня, 1923), «Вільня ў беларускай літаратуры» (Вільня, 1925), «За дваццаць пяць гадоў: Успаміны аб працы першых беларускіх арганізацыяў. Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, Беларуская Сацыялістычная Грамада» (Вільня 1928), «Адбітае жыццё: Лекцыі і стацці з беларускае адраджэнскае літаратуры. Кніжка I» (Вільня, 1929), «Янка Купала як Прарок Адраджэння» (Вільня, 1932), «Беларускі музей імені Івана Луцкевіча» (Вільня, 1933), «Галоўныя кірункі беларускай паэзіі» (Вільня, 1933). На польскай мове выйшлі «Праўда аб вязніцы Канрада: У сотую гадавіну працэсу філаматаў» (Вільня, 1923), «Нарадавольцы Беларусі і іх орган «Гомон» (Львоў, 1935).
У яго перакладзе на беларускую мову выдадзены «Элементарная алгебра» А.Кісялёва (Вільня, 1921), «Сусветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» В.Остэрлёфа і Я.Шустэра (Вільня, 1921). Разам з Л.Дзекуць-Малеем пераклаў Новы запавет і Псалмы (Хельсінкі, 1931; Лондан, 1948). У Цэнтральнай бібліятэцы Летувіскай АН захоўваецца рукапіс перакладу «Кнігі джунгляў» Р.Кіплінга.
Лынькоў Міхась, нарадзіўся 30.01.1899 г. у вёсцы Зазыбы Вілейскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.
Скончыў Старасельскую народную навучальню, у 1917 г. – Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў у. Ліпініцкай земскай школе (цяпер Буда-Кашалёўскі раён). У 1919-1922 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у савецка-польскай вайне, у разгроме атрадаў Булак-Балаховіча. Настаўнічаў у вёсцы Свержань Рагачоўскага раёна. У 1925-1928 гг. – адказны сакратар рэдакцыі, намеснік рэдактара, у 1928-1930 гг. – рэдактар бабруйскай акруговай газеты «Камуніст». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1930-1932), сакратаром аргкамітэта (1932-1934), галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1933-1941), старшынёй праўлення СП БССР (1938-1948). Удзельнік паходу ў Заходнюю Беларусь у 1939 г. (рэдагаваў газету «Беларуская звязда» – орган палітупраўлення Беларускага фронту). У 1941-1942 гг. – рэдактар франтавой газеты «За Савецкую Беларусь» (выходзіла на Заходнім, Цэнтральным і Бранскім франтах). У 1943-1946 і 1949-1952 гг. – дырэктар Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР. Абіраўся кандыдатам у сябры ЦВК БССР (1921-1931), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1940-1945). Як сябра дэлегацыі БССР неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.
Народны пісьменнік БССР (1962).
Памёр 21.09.1975 г.
Першы твор (верш) надрукаваў у 1919 г. (смаленская газета «Борьба»), першыя апавяданні – у 1926 г. (бабруйская газета «Камуніст» і зборнік бабруйскай філіі «Маладняка» – «Уздым»). Выйшлі зборнікі прозы «Апавяданні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930), «Саўка-агіцірнік» (1933), «На вялікай хвалі» (1934), «Баян» (1935), «Сустрэчы» (1940), «Астап» (1944), «Апошні зверыядавец» (аповесць, 1930), «За акіянам» (нататкі, апавяданні, нарысы, 1962), раман «На чырвоных лядах» (1934) і раман-эпапея ў 4 кнігах «Векапомныя дні» (1958, 2-е перапрацаванае выданне ў 1969), нарыс «Герой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў» (1944), апавяданне «Агні Танганьікі» (1957), «Выбраныя творы» (1931, 1934, 1952), «Выбраныя апавяданні» (1938, 1941, 1947), Зборы твораў у 4-х (1967-1968) і ў 8 тамах (1981-1985).
Для дзяцей выдадзены кнігі «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1937), «Міколка-паравоз» (1937, аповесць экранізавана ў 1957), «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940), «Апавяданні» (1946, 1948, 1960, 1966, 1973, 1974, 1988).
М.Лынькову належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (1948, на беларускай і расейскай мовах), «Вобраз Сталіна ў беларускай мастацкай літаратуры» (1950), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: Беларускай савецкай літаратуры пяцьдзесят год» (1968), зборнік артыкулаў «Літаратура і жыццё» (1978), кніга «Публіцыстыка» (1980).
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М.Горкага, М.Ціханава і інш.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968) за раман «Векапомныя дні».
Лынькоў Рыгор, нарадзіўся ў 1909 г. на чыгуначнай будцы каля вёскі Старое Сяло Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.
З 1922 да 1925 г. жыў у брата (М.Лынькова) у вёсцы Свержань Рагачоўскага раёна, вучыўся ў сямігодцы, пасля ў сярэдняй школе ў Бабруйску, працаваў у хаце-чытальні ў Бабруйскім раёне. Служыў у Чырвонай Арміі. Дэмабілізаваўшыся, працаваў у рэдакцыі газеты «Камуніст» (Бабруйск), у 1936-1941 гг. – адказны сакратар газеты «Літаратура і мастацтва» ў Менску.
Прапаў без вестак у 1941 г. на фронце.
Першую нізку вершаў надрукаваў у 1926 г. у літаратурным зборніку бабруйскай філіі «Маладняка» – «Уздым». Змяшчаў паэтычныя творы ў штомесячніках «Вясна» і «Ударнік» – літаратурных дадатках да газеты «Камуніст» (1928-1931).
Пераклаў на беларускую мову апавяданне Л.Панцялеева «Пакет» (1938), п'есу М.Святлова «Казка» (пастаўлена ў 1941), паасобныя творы ўкраінскіх, грузінскіх, казахскіх, польскіх, нямецкіх, гішпанскіх паэтаў, удзельнічаў у перакладзе «Выбраных твораў» У.Маякоўскага (1940).
Лютава Вера, нарадзілася 10.08.1912 г. у вёсцы Каськова Дарагабужскага раёна Смаленскай вобласці (Расея) у сям'і саматужніка.
Сярэднюю адукацыю атрымала ў Дарагабужы (1927). Працавала статыстыкам, бібліятэкарам у Смаленску. Пасля заканчэння (завочна) Смаленскага педагагічнага інстытута (1940) настаўнічала на Смаленшчыне, а ў 1941-1942 гг. у Тамбоўскай вобласці. З 1942 г. была на бібліятэчнай рабоце ў Яраслаўлі, з 1943 г. перайшла на журналісцкую працу. У 1944 г. разам з рэдакцыяй ваеннай газеты пераехала ў Менск. Некалькі год узначальвала секцыю расейскай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1946 г.
Памерла 24.05.1954 г.
У друку выступіла ў 1930 г. Пісала на расейскай мове. Вершы друкаваліся ў смаленскіх абласных газетах, у «Комсомольской правде», у часопісах «Смена», «Огонёк». Выйшлі зборнік вершаў «Воля к жизни» (Яраслаўль, 1943) і аповесць «Зарево над лесом» (1951).
Лявонны Юрка (сапр. Юркевіч Леанід), нарадзіўся 29.07.1908 г. у горадзе Чавусы Магілеўскай вобласці ў сям'і служачага.
Скончыў Магілеўскі педагагічны тэхнікум, у 1934 г. – крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Менску. Працаваў у рэдакцыях газет «Магілёўскі селянін», «Звязда», часопіса «Работніца і калгасніца Беларусі», на Беларускім радыё. Восенню 1936 г. арыштаваны. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25.04.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны восенню 1937 г.
Друкавацца пачаў у 1925 г. Выйшлі зборнікі вершаў «Камсамольскія вершы» і «Штурм» (1930), «Жалезныя віхуры» і «Разбег» (1931), «Стала і мужна» (1932), «Выбранае» (1960). Многія вершы пакладзены на музыку.
Выстўпаў і як празаік. У 1931 г. выдаў зборнік нарысаў «Крок пяцігодкі». Разам з С.Грахоўскім пераклаў на беларускую мову раман Ж.Верна «80 000 кіламетраў пад вадой» (1937).
Лялько Хрысціна, нарадзілася 30.03.1956 г. у вёсцы Хадзюкі Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Тарноўскай сярэдняй школы (1973) працавала бухгалтарам у Радзівонішкаўскім сельсавеце Лідскага раёна. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1979). З 1979 г. – навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Янкі Купалы, з 1983 г. – літсупрацоўнік аддзела крытыкі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 1984 г. – рэдактар аддзела літаратуры часопіса «Беларусь». Сябра СП СССР з 1983 г.
У 1971 г. на старонках лідскай раённай газеты «Уперад» змясціла першыя вершы, а ў 1979 г. у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» – апавяданне. Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Дарога пад гару» (1985), «Світанак над бярозамі» (1989), сцэнарыя мастацкага кароткаметражнага фільма «Лёгкі хлеб» (1987).
Ляльчук Сямён, нарадзіўся 25.09.1918 г. у горадзе Калінкавічы Гомельскай вобласці ў сям'і служачага.
Скончыў Менскі педагагічны інстытут (1939). Служыў у арміі. У час Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце.
У ліпені 1941 г. прапаў без вестак на фронце.
Вершы пачаў друкаваць яшчэ да вучобы ў інстытуце ў газеце «Юнгер ленінец» («Юны ленінец»), у 1938 г. стаў друкавацца ў часопісе «Штэрн» («Зорка»). Пісаў на мове ідыш. Разам з маладымі паэтамі І.Баруховічам, Х.Гурэвічам, П.Плоткіным выдаў у 1940 г. калектыўны «Зборнік вершаў». У перакладзе на беларускую мову асобныя творы апублікаваны ў зборніку «Мы іх не забудзем» (1949). У 1985 г. на мове ідыш у Маскве выйшаў зборнік «Ліра».
Ляпёшкін Уладзімір, нарадзіўся 08.02.1928 г. у вёсцы Церабель Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і настаўніка.
Сярэднюю школу канчаў у Рудзенску, у 1951 г. скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Працаваў у школах Менска выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, завучам, дырэктарам. У 1970-1979 гг. – дырэктар выдавецтва «Народная асвета». У 1979-1987 гг. – дырэктар СШ № 23 г. Менска. Сябра СП СССР з 1962 г.
Узнагароджаны медалямі.
Заслужаны настаўнік Беларускай ССР (1976).
Друкавацца пачаў у 1949 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Ранішнія росы» (1961), «Рупнасць» (1966), «Роднае» (1970), «Вусце» (1973), «Перадлецце» (1978). Для дзяцей выдаў кніжку паэзіі «Званкі-званочкі» (1972).
Ляўданскі Ўладзімір, нарадзіўся 07.02.1911 г. у вёсцы Гудавічы Чэрвеньскага раёна Менскай вобласці ў сям'і батрака.
У 1930 г. паступіў у Менскі педагагічны тэхнікум на вячэрняе аддзяленне, адначасова працаваў карэктарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. Служыў у Чырвонай Арміі (1933-1935). Зноў працаваў карэктарам, затым рэдактарам у выдавецтве. Скончыў вячэрняе аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута (1938). У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху, быў сувязным, з сакавіка 1943 г. – камісар атрада «Полымя» на Меншчыне, рэдактар пухавіцкай раённай падпольнай газеты «Партизан Белоруссии». У пасляваенны час рэдагаваў пухавіцкую раённую газету «Сцяг камунізма», а затым загадваў рэдакцыяй у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1945-1949), сектарам перакладаў твораў класікаў марксізма-ленінізма Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ (1949-1963). У 1963-1969 гг. быў дырэктарам выдавецтва «Народная асвета». Сябра СП СССР з 1967 г.
Памёр 18.09.1973 г.
Літаратурную працу пачаў як перакладчык у 1937 г. Першае апавяданне апублікаваў у 1957 г. Аўтар зборнікаў апавяданняў для дзяцей «Адкрыццё сезону» (1960), «На беразе ракі» (1962), «На прывале» (1966), «Ноч над Нёманам» (1969), «Пад старым дубам» (1971), «Яшка прыляцеў» (1973). Сааўтар падручніка для школ дарослых «Буквар і першая кніга для чытання» (1947, 4 выданні). Пераклаў аповесць А.Талстога «Хлеб», зборнікі апавяданняў Л.Талстога, І.Тургенева, М.Салтыкова-Шчадрына, паасобныя творы іншых пісьменнікаў.