355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Гардзіцкі » Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 » Текст книги (страница 14)
Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
  • Текст добавлен: 26 марта 2017, 14:00

Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"


Автор книги: Аляксей Гардзіцкі


Жанр:

   

Справочники


сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 37 страниц)

Перакладае творы расейскіх, украінскіх, ангельскіх, польскіх паэтаў на беларускую мову.

Каган Сара, нарадзілася 03.07.1885 г. у вёсцы Максімавічы Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і служачага.

Загадвала гарадской бібліятэкай у Бабруйску. У 1935 г. пераехала ў Менск, дзе працавала ў бібліятэчным калектары, вучылася на вячэрнім аддзяленні філалагічнага факультэта педагагічнага інстытута.

Загінула ў 1941 г. у менскім гета. Першыя вершы апублікавала ў газеце «Акцябэр». Сістэматычна стала выступаць у друку з 1929 г. Пісала на мове ідыш. Аўтар кніг паэзіі «У дарозе» (1934), «Мая радзіма» (вершы і паэмы, 1938), «Нашы людзі» (1940), прозы «Першая прэмія» (1938), «Скрыпач» (аповесць, 1941). У перакладзе З.Бядулі на беларускай мове выйшлі «Апавяданні» (1940).

Каган Эля, нарадзіўся 10.02.1909 г. у горадзе Менску ў сям'і настаўніка.

Вучыўся ў прафтэхшколе абутнікоў. У 1936-1939 гг. працаваў у рэдакцыі жыдоўскага часопіса «Штэрн» («Зорка»). У гады Вялікай Айчыннай вайны – супрацоўнік франтавога друку.

Загінуў 22.06.1944 г. на фронце.

У друку выступіў з першым апавяданнем у 1926 г. Пісаў на мове ідыш. Празаічныя творы ўвайшлі ў зборнікі «Апавяданні і мініяцюры» (1932), «Горад без цэркваў» (1935), «Дзіцячыя апавяданні» (1936). У 1932 г. выдаў зборнік «Вершы». У 1940 г. у перакладзе на беларускую мову выйшла асобным выданнем апавяданне для дзяцей «Дружная сямейка», у 1979 г. – зборнік апавяданняў «Маем зялёным».

Аўтар п'есы «Роднае поле» (1932). Разам з З.Аксельродам зрабіў інсцэніроўку «Маленькі чалавечак» па матывах твораў М.Мойхер-Сфорыма (пастаўлена ў 1938).

Перакладаў творы А.Пушкіна, М.Гогаля, Э.Самуйлёнка і інш.

Кажадуб Алесь, нарадзіўся 27.09.1952 г. у горадзе Ганцавічы Берасцейскай вобласці ў сям'і служачых.

У 1969-1974 гг. вучыўся на аддзяленні расейскай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння настаўнічаў у вёсцы Крайск Лагойскага раёна. У 1975-1977 гг. – навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, у 1977-1981 гг. – рэдактар літаратурна-драматычных прафам рэспубліканскага тэлебачання, з 1981 па 1983 гг. – літсупрацоўнік аддзела публіцыстыкі часопіса «Маладосць». У 1985 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1990 г. жыве ў Маскве. Сябра СП СССР з 1981 г.

Першае апавяданне апублікаваў у 1976 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Гарадок» (1980), «Размова» (1985), «Лесавік» (1987), «Дарога на замчышча» (1990).

Казанаў Барыс (сапр. Лапіцкі Барыс), нарадзіўся 26.12.1938 г. у вёсцы Расна Горацкага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і музыканта.

У гады Вялікай Айчыннай вайны выхоўваўся ў міяскім дзіцячым доме на Ўрале. У 1946 г. вярнуўся на радзіму. Скончыў філалагічны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1962). З 1964 г. жыве ў Менску. Працаваў спецыяльным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва», на Беларускім радыё (1964-1966), старшым рэдактарам на Беларускім тэлебачанні (1968-1971). Працаваў на Далёкім Усходзе на зверабойных, рыбалоўных, вадалазных, навуковых суднах (1962-1964, 1966-1968, 1971), стаў прафесійным мараком. З 1982 г. працуе на суднах замежплавання Ціхаакіянскага ўпраўлення прамысловай разведкі навуковага флоту. Сябра СП СССР з 1987 г.

З 1962 г. пачынае выступаць у рэспубліканскім і саюзным друку. Піша на расейскай мове. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Прописан в Тихом океане» (1966), «Антоновские яблоки» (1968), «Осень на Шантарских островах» (Масква, 1972), «Лунный корабль» (Уладзівасток, 1990), рамана «Полынья» (Масква, 1984).

Па сцэнарыях пісьменніка знята дванаццаць дакументальных і тэлевізійных фільмаў. Дакументальны фільм «Паляванне са старым сабакам» атрымаў прыз «Сярэбраны алень» на Міжнародным кінафестывалі ў Венецыі (1968), тэлефільм «Прыцяжэнне вады» стаў лаўрэатам Міжнароднага фестывалю «Чалавек і мора» ў Юрмале (1985). Напісаў сцэнарый мастацкага тэлефільма «Прызыўнікі» (пастаўлены ў 1987).

Казбярук Уладзімір, нарадзіўся 29.08.1923 г. у вёсцы Бандары Беластоцкага ваяводства (цяпер Польшча) у сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949) працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Любчанскай сярэдняй школе, а ў 1951-1952 гг. – выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры Нягневіцкай сярэдняй школы Наваградскага раёна. Вучыўся ў аспірантуры пры Менскім педагагічным інстытуце (1952-1955), працаваў выкладчыкам Полацкага педагагічнага інстытута. У 1959-1964 гг. – вучоны сакратар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1964 г. – навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1977 г.

Узнагароджаны медалямі.

У друку выступае з рэцэнзіямі і крытычнымі артыкуламі з 1954 г. Аўтар манаграфій «Якуб Колас у школе» (1967 і 1975), «Ступені росту» (1974), «Паэма Якуба Коласа «Новая зямля» (1979), «Рамантычны пошук» (1983), нарыса «Якуб Колас (жыццё і творчасць)» (1962), дакладаў на VII Міжнародны з'езд славістаў «Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX ст.» (1972) і на IX Міжнародны з'езд славістаў «Славянскія літаратуры і праблемы беларускага параўнальнага літаратуразнаўства (дакастрычніцкі перыяд)» (1982). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), кнігі «Старонкі літаратурных сувязей» (1970).

Для беларуска-польскага зборніка «Малыя героі вялікай вайны» (Менск – Лодзь, 1986) пераклаў успаміны маладых польскіх удзельнікаў другой сусветнай вайны. Пераклаў «Клад» З.Бядулі (на расейскую мову, 1986), «Хітры мангуст» (ангольскія казкі, 1987), «Комбле» (грузінскія казкі, 1990), паасобныя казкі і апавяданні пісьменнікаў народаў СССР.

Для серыі «Школьная бібліятэка» падрыхтаваў (склаў і напісаў уступныя артыкулы) зборнікі «Беларуькая літаратура XIX – пачатку XX стагоддзя» (1977), «Вытокі» (1988), «На ўсходзе сонца» (1990), кнігі Я.Коласа «На прасторах жыцця» (1986), «Голас зямлі» (1988), Я.Купалы «Спадчына» (1988).

Казека Янка, нарадзіўся 31.08.1915 г. у вёсцы Кострычы Кіраўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

З верасня 1931 г. працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у 1933-1934 гг. – у рэдакцыі шматтыражнай газеты «За ўдарныя тэмпы». Адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні лесатэхнікума. У 1938 г. скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дукорскай сярэдняй школе Пухавіцкага раёна. У 1939-1954 гг. служыў у Савецкай Арміі. У час Вялікай Айчыннай вайны – армейскі палітработнік. Пад Ельняй, у 1941 г., быў паранены. Пасля вайны працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1954-1957), галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (з 1963 – «Беларусь», 1957-1967). З 1967 г. – загадчык рэдакцыі народнай асветы і друку, з 1969 па 1979 гг. – намеснік галоўнага рэдактара, з 1980 г. – старшы навуковы рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. Сябра СП СССР з 1954 г.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1975).

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.

З рэцэнзіямі і артыкуламі пра беларускую прозу ў друку выступіў упершыню ў 1935 г. Напісаў зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў і літаратуразнаўчых прац «З невычэрпных крыніц» (1958), «Беларуская байка» (1960), «Натхненне і майстэрства» (1963), «Кандрат Крапіва» (1965), «Няходжанай дарогай» (1973), «Голас часу» (1975), «Кузьма Чорны: Старонкі творчасці» (1980), «Гартаванне слова: Выбранае» (1985).

Склаў і падрыхтаваў да друку кнігі аўтабіяграфічных матэрыялаў беларускіх пісьменнікаў «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Казловіч Анатоль, нарадзіўся 16.09.1946 г. у вёсцы Горск Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Малецкай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна (1964) працаваў памочнікам экскаватаршчыка ў Сігневіцкім будаўніча-мантажным упраўленні меліярацыі. Каля года працаваў фотакарэспандэнтам бярозаўскай раённай газеты «Маяк камунізма». Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1969). Служыў у Савецкай Арміі (1969-1971). Працаваў у рэспубліканскай «Сельской газете» карэспандэнтам, рэдактарам аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса «Неман». З 1977 г. – загадчык карэспандэнцкага пункта «Литературной газеты» ў БССР. Сябра СП СССР з 1981 г.

Дэбютаваў у рэспубліканскім друку ў 1964 г. вершамі. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў нарысаў «Дыханне» (1977), «Что открывает «колумбик». Цеховые будни» (1977), «Пора идти» (1979), «Красный остров» (Масква, 1988), кніг дакументальных аповесцей «Далеко впереди» (1981), «Дитя мое золотое» (1984), «Трудно любить» (1985), «Рассвет» (1986), «На моей ладони линия реки» (1987), «Место под солнцем» (1988), «Собственный корреспондент» (1989). Аўтар літаратурных сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Зачем нужны контролеры» (1979), «Испекли мы каравай» (1980), «Взлететь бы!» (1990).

Казлоўскі Віктар (таксама Казлоўскі Вінцэсь), нарадзіўся 06.09.1905 г. у вёсцы Мрочкі Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Менскі беларускі педагагічны тэхнікум, а ў 1931 г. – літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне БДУ. Працаваў у рэдакцыях газет і часопісаў, Беларускім дзяржаўным выдавецтве. Да вясны 1945 г. – карэспандэнт газеты «Звязда». З-за хваробы пераехаў у вёску.

Памёр 24.02.1975 г.

Упершыню выступіў з вершамі ў друку ў 1925 г. (газета «Савецкая Беларусь»). Выдаў у 1932 г. зборнікі вершаў «Слова аб юнай краіне», «Музыка працы» і паэму «Рахіль».

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы М.Асеева, М.Ісакоўскага, І.Уткіна.

Казыра Леанід, нарадзіўся 12.09.1949 г. у вёсцы Негрымава Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння сярэдняй школы (1966) працаваў слесарам-мантажнікам Наваградскага раённага аб'яднання «Сельгастэхніка». Скончыў перакладчыцкі факультэт Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў (1972). Працаваў рэферэнтам-перакладчыкам з французскай і ангельскай моў у навуковых установах Менска і Масквы, служыў у Савецкай Арміі (1976-1977), быў перакладчыкам бюро «Загрантэхдапамога» пры Менскім электратэхнічным заводзе (1977-1978). З красавіка 1978 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БСССР. Сябра СП СССР з 1986 г.

Узнагароджаны медалём.

У друку выступае з артыкуламі і рэцэнзіямі па пытаннях мастацкага перакладу і літаратурных узаемасувязей з 1979 г. Аўтар кнігі «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (з Г.Адамовіч, У.Сакалоўскім, І.Чаротам, 1988).

Перакладае з французскай, ангельскай, польскай і расейскай моў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі раманы Ф.Марыяка «Тэрэза Дэскейру» і «Клубок гадзюк» (1985), а таксама апавяданні і навелы А.Вюрмсэра, М.Друона, В.Кандрацьева, Б.Клавэля, А.Маруа, Ф.Саган, М.Эме і інш.

Казько Віктар, нарадзіўся 23.04.1940 г. у горадзе Калінкавічы Гомельскай вобласці ў сям'і рабочага.

Выхоўваўся ў вільчанскім і хойніцкім дзіцячых дамах на Палессі. Пасля заканчэння васьмі класаў (1956) паехаў у Кузбас, дзе паступіў вучыцца ў горнапрамысловую навучальню. Скончыў Кемераўскі індустрыяльны горны тэхнікум (1962). Працаваў на шахце, у геолагаразведцы праходчыкам (Кемераўская вобласць). З 1962 г. на журналісцкай рабоце – загадчык аддзела прамысловасці таштагольскай гарадской газеты «Красная Шорня» (Кемераўская вобласць), карэспандэнт абласнога радыё, літсупрацоўнік абласной газеты «Комсомолец Кузбасса». У 1970 г. скончыў завочна Літаратурны інстытут у Маскве. З 1971 г. жыве ў Менску. Быў літсупрацоўнікам газет «Чырвоная змена», «Советская Белоруссия», у 1973-1976 гг. – літсупрацоўнік аддзела прозы часопіса «Неман». У 1986-1988 гг. – сакратар праўлення СП БССР. У 1986 г. у складзе дэлегацыі Беларускай ССР удзельнічаў у рабоце ХL сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1973 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».

Друкуецца з 1962 г.

Першыя апавяданні ў друку Беларусі апублікаваў у 1971 г. Спачатку пісаў на расейскай, затым на беларускай мове. Выдаў аповесці «Високосный год» (1974), «Здравствуй и прощай» (Масква, 1976), «Две повести» (1977), «Суд у Слабадзе» (аповесць і апавяданні, 1978), раманы «Неруш» (1983), «Хроніка дзетдомаўскага сада» (1987).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола (1977) за кнігу «Здравствуй и прощай», Дзяржаўнай прэміі БССР за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей (1982) – за аповесць «Суд у Слабадзе».

Калачынскі Міхась, нарадзіўся 12.01.1917 г. у гарадскім пасёлку Крупкі Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1934 г. скончыў Крупскую сярэднюю школу і пачаў працаваць у мястэчку Бобр старшым піянерважатым, потым літработнікам у крупскай раённай газеце «Камуністычны шлях». Скончыў курсы пры Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С.М.Кірава ў Менску (1936), у 1937-1938 гг. быў адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». У 1938-1953 гг. – у Савецкай Арміі. Удзельнік савецка-фінляндскай вайны 1939-1940 гг., у Вялікую Айчынную вайну – армейскі журналіст на Закаўказскім, Стэпавым, 2-м і 3-м Украінскіх франтах. У пасляваенныя гады працаваў спецкарэспандэнтам акруговай ваеннай газеты «Защитник Родины» (Адэса, 1945-1947), літаратурным сакратаром газеты Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины» (Менск, 1947-1953). Пасля дэмабілізацыі прызначаны галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна». З 1954 г. – адказны сакратар, а з 1958 г. – намеснік старшыні праўлення СП БССР. У 1960-1978 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Беларусь». У складзе дэлегацыі БССР у 1971 г. удзельнічаў у рабоце XXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1940 г.

Памёр 10.08.1990 г.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені і «Знак Пашаны», медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1974).

Першы верш апублікаваў у 1932 г. (часопіс «Іскры Ільіча»). У даваенны час выдаў паэмы для дзяцей «Косця-чэкіст» (1938) і «Пакет» (1940). Рукапіс зборніка вершаў «На Выбаргскай дарозе» згарэў у час вайны ў Менску. Пасля вайны выйшлі зборнікі паэзіі «Сонца ў блакіце» (1949), «У вялікім паходзе» (1952), «Прыпар» (1956), «Сосны і дзюны» (1960), «Гронка рабіны» (выбранае, 1964), «Паясы» (1968), «За палямі, за лясамі» (1969), «Докшыцкі каравай» (1974), «Кніга дружбы» (1975), «Суквецце» (выбранае, 1977), «Ля берагоў запаветных» (1983). Аўтар кніжак паэзіі для дзяцей «Насустрач жыццю» (1951), «На лясным паўстанку» (1955), «Прыгоды Патапкі» (1958), «Лясныя казкі» (1967), «Мая мазаіка» (1971), «Рэха зямлі» (1978), «Снежная казка» (паэма, 1986). У 1971 г. і ў 1982 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. Шэраг вершаў пакладзены на музыку.

Перакладаў творы расейскіх, украінскіх, летувіскіх, балгарскіх і мангольскіх паэтаў.

Калеснік Іван, нарадзіўся 09.10.1932 г. у вёсцы Грычына Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1954 г. скончыў Менскую педагагічную навучальню. Працаваў загадчыкам аддзела газеты «Чырвоная змена» (1954-1961), адначасова завочна вучыўся на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1954-1958). Быў літсупрацоўнікам часопіса «Бярозка» (1962-1963), старшым рэдактарам на Беларускім радыё (1963-1965, 1967-1968), літсупрацоўнікам часопіса «Маладосць» (1968-1972). У 1967 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. У 1972-1979 гг. – рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1962 г.

Памёр 10.06.1979 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1951 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборнікаў вершаў «Белыя каштаны» (1959), «Пяць сузор'яў» (1963), «Калі разам мы» (1967), «Інтэрнат» (1971), «Юнацтва» (1975), «Падарожнае» (вершы, пераклады, 1982).

Перакладаў творы А.Суркова, М.Ціханава, М.Рыльскага, М.Нагнібеды, З.Нуры, М.Ханінава і іншых паэтаў.

Калеснік Уладзімір, нарадзіўся 17.09.1922 г. у вёсцы Сіняўская Слабада Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1936 г. паступіў у польскую Наваградскую гімназію. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі працягваў вучобу ў Наваградскай педагагічнай навучальні. З ліпеня 1941 г. прымаў удзел у стварэнні падпольных антыфашысцкіх арганізацый і баявых дружын у верхнім Наднямонні. Летам 1942 г. у складзе адной з баявых дружын уступіў у партызанскі атрад імя Чапаева. Дыверсійная група, у якой быў мінёрам, стала заснавальніцай новага атрада «Камсамольскі». З восені 1942 г. камандаваў узводам, праз год стаў начальнікам штаба атрада «2-гі Камсамольскі» брыгады «Камсамолец» Баранавіцкага злучэння. У 1943 г. Мірскім падпольным райкомам быў прыняты кандыдатам у сябры КП(б)Б. Скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1949), аспірантуру пры гэтым інсуытуце (1952). З 1952 г. – загадчык кафедры літаратуры Бабруйскага настаўніцкага інстытута, з 1956 г. – загадчык кафедры беларускай літаратуры Берасцейскага педагагічнага інстытута, узначальваў Берасцейскае абласное літаратурнае аб'яднанне (1956-1970), быў сакратаром аддзялення СП БССР (1981-1983). Кандыдат філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1960 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, медалямі.

Заслужаны работнік вышэйшай школы Беларускай ССР (1979).

У друку з літаратурна-крытычнымі, літаратуразнаўчымі і дакументальнымі творамі выступае з 1953 г. Выдаў кнігі «Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк: Нарыс жыцця і творчасці» (1981), «Лёсам пазнанае: Выбраныя літаратурныя партрэты» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці» (1990). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964), «Истории советской многонациональной литературы» (1971), «Истории белорусской советской литературы» (1977), а таксама вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для педінстытутаў і ўніверсітэтаў. Напісаў дакументальныя творы «Аповесць пра Таўлая» (часопіс «Полымя», 1964-1965), «Пасланец Праметэя» (1984), сумесна з А.Адамовічам і Я.Брылём кнігу «Я з вогненнай вёскі...» (1975). Склаў зборнікі паэзіі Заходняй Беларусі «Сцягі і паходні» (1965) і «Ростані волі» (1990).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у напісанні двухтомнай «Истории белорусской дооктябрьской литературы» і «Истории белорусской советской литературы».

Каліна Клаўдзія (Лукашэвіч), нарадзілася 01.11.1925 г. у вёсцы Блювінічы Берасцейскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і настаўніка.

Скончыла Берасцейскую музычную навучальню (1953). Працавала настаўніцай спеваў у школах Берасця, Кобрына, Віцебска, а ў 1960-1977 гг. – Менска. Сябра СП СССР з 1975 г.

Першыя апавяданні і казкі пачала друкаваць у дзіцячых часопісах у 1962 г. Аўтар аповесцей, апавяданняў і казак для дзяцей «Хлопчык-пакідайчык» (1969), «Забароненая песня» (1972), «Каляровыя месяцы» (1975), «Маці і сын» (1977), «Світанак» (1983), «Бабуля Насця, дзед Адам, Петрык і каза Рагуля» (1985), «Крылаты конь» (1989).

Калінковіч Мікалай (таксама Калянковіч Мікалай), нарадзіўся 15.01.1951 г. у вёсцы Цна Лунінецкага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і рабочага.

Пасля заканчэння Лунінецкай сярэдняй школы № 2 (1968) кароткі час выкладаў нямецкую мову ў Гаўрыльчыцкай васьмігадовай школе Салігорскага раёна. З кастрычніка 1968 г. – літсупрацоўнік лунінецкай раённай газеты «Ленінскі шлях». У 1969-1971 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1976) – карэспандэнт аддзела ідэалогіі берасцейскай абласной газеты «Заря», у 1976-1978 гг. – намеснік рэдактара лунінецкай раённай газеты. У 1978 г. прызваны на тэрміновую афіцэрскую службу. Служыў у Менску, Ашхабадзе, Маскве, у Грузіі. У 1984-1987 гг. вучыўся ў аспірантуры пры Вышэйшай школе КДБ СССР. Кандыдат гістарычных навук. Сябра СП СССР з 1984 г.

Узнагароджаны медалямі.

24.07.1990 г. загінуў пры выкананні службовых абавязкаў у Грузіі.

Упершыню выступіў у друку ў 1968 г. (лунінецкая раённая газета). Пісаў на беларускай і расейскай мовах. Аўтар гісторыка-дакументальнага нарыса «Лунинец» (1981, 1989), кніг дакументальных аповесцей, апавяданняў, нарысаў «Не обрывается земная связь» (Ашхабад, 1982), «Имя мое – Свобода» (Ашхабад, 1984), «Палескія дні Аляксандра Блока» (1985), «Возвращение рассветной рани» (Ашхабад, 1987), «Не должен неизвестным быть солдат» (Ашхабад, 1987), адзін з аўтараў кнігі «На рубежах тайной войны» (Ашхабад, 1985).

На Туркменскім радыё пастаўлены п'есы «Ліпенскае зарыва» (1982), «Камісар Закаспія» (1985).

Калодзежны Леанід, нарадзіўся 28.02.1935 г. у вёсцы Солаўе Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Віцебскай мастацка-графічнай педнавучальні (1951-1953), служыў у Савецкай Арміі (1954-1957). У 1958-1960 гг. – супрацоўнік аршанскай раённай газеты «Ленінскі прызыў», з 1961 г. – мастак-афарміцель на Аршанскім ільнокамбінаце. Сябра СП СССР з 1977 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1958 г. (літаратурна-мастацкі альманах «Дзвіна»), у 1967 г. газета «Літаратура і мастацтва» апублікавала падборку апавяданняў. Аўтар кніг апавяданняў «Аўсяны звон» (1975) і «Бярозы ў жыце» (1981).

Калюга Лукаш (сапр. Вашына Канстанцін), нарадзіўся 27.09.1909 г. у вёсцы Скварцы Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1931 г. скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум. Працаваў стыльрэдактарам у навукова-даследчым Інстытуце прамысловасці ВСНГ, на Беларускім радыё. Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Узвышша». У студзені 1933 г. рэпрэсіраваны, асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у Ірбіце Свярдлоўскай вобласці. Паўторна арыштаваны 02.10.1937 г. Рэабілітаваны 24.08.1956 г. Вярхоўным судом БССР, па справе другога арышту – 22.12.1965 г. Чэлябінскім абласным судом.

Расстраляны 02.10.1937 г.

Першыя апавяданні надрукаваў у 1927 г. (часопіс «Чырвоны сейбіт»). У 1928 г. часопіс «Узвышша» змясціў аповесць «Ні госць, ні гаспадар», у 1929 г. – шэраг апавяданняў. У часопісе «Полымя» за 1931 г. была надрукавана першая частка аповесці «Нядоля Заблоцкіх» – «Прыгоды і летуценні». У 1974 г. выйшаў зборнік апавяданняў і аповесцей «Ні госць, ні гаспадар». Падборку апавяданняў змясціў часопіс «Полымя» ў 1988 г.

Пераклаў аповесць П.Панча «Блакітныя эшалоны» (з К.Чорным, 1930), раман Ю.Алешы «Зайздрасць» (1931), раман Я.Гашака «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» (ч. 4, 1932).

Камароўскі Алесь, нарадзіўся 01.03.1947 г. у вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сям'і рабочага.

Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970). Служыў у Савецкай Арміі камандзірам узвода (1970-1971). Быў загадчыкам аддзела Менскай абласной бібліятэкі імя А.С.Пушкіна (1971-1973), навуковым супрацоўнікам Літаратурнага музея Якуба Коласа (1973-1976), працаваў загадчыкам аддзела ў Рэспубліканскім праўленні аматараў кнігі БССР (1976-1979), на Беларускім тэлебачанні (1979-1990). З 1990 г. – загадчык аддзела крытыкі і мастацтва часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1988 г.

З вершамі ўпершыню ў друку выступіў у 1961 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар кніг «Пачатак» (1975), «Зямля маіх надзей» (вершы і паэмы, 1988), аповесцей для дзяцей «Адкрытая тайна» (1979) і «Заварожаны мяч» (1989).

Камейша Казімір, нарадзіўся 04.12.1943 г. у вёсцы Малыя Навікі Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў завочнае беларускае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970). Служыў у Савецкай Арміі (1963-1966), быў літсупрацоўнікам валожынскай раённай газеты «Працоўная слава» (1967-1968). З 1968 г. – старшы рэдактар на Беларускім радыё, у 1979-1981 гг. працаваў у часопісе «Полымя», з 1981 – у часопісе «Вясёлка». З 1988 г. – рэдактар аддзела паэзіі ў часопісе «Маладосць». Сябра СП СССР з 1971 г.

У рэспубліканскім друку выступіў з вершамі ў 1961 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Восеньскія позвы» (1969), «Мембрана» (1972), «Нектар» (1974), «Тут мае вёсны прычалены» (вершы і паэмы, 1977), «Сябрына» (1978), «Плёс» (1982), «Галоўная вярста» (вершы і паэма, 1985), «Пярэймы дня» (вершы і паэмы, 1988).

Выдаў кнігі паэзіі для дзяцей «Гаёўка» (1975), «Буслянка» (1985), «Дзятлава кузня» (1987), «Добры дзень, шафёр» (1988) і кнігу прозы «Духмянае дзіва» (1984).

Перакладаў творы расейскіх, украінскіх і славацкіх пісьменнікаў на беларускую мову.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1989) за зборнік паэзіі «Пярэймы дня».

Камянецкі Гірш, нарадзіўся 15.12.1895 г. у вёсцы Чарняўка Крупскага раёна Менскай вобласці ў сям'і рабочага.

Вучыўся ў хедэры, ешыбоце (жыдоўскія духоўныя школы). Працаваў цырульнікам у Барысаве (1916-1919, 1921-1928). Служыў у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у грамадзянскай вайне (1919-1921). Вучыўся на літаратурным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1928-1930). У 1937-1941 гг. – адказны сакратар жыдоўскай секцыі СП БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Бугуруслане. Быў рэдактарам мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1948-1949). У 1950 г. рэпрэсіраваны. Адбываў тэрмін у лагерах Іркуцкай вобласці да 1956 г. Вярнуўся адтуль інвалідам. Рэабілітаваны ў 1956 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памёр 25.04.1957 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1924 г.

Пісаў на мове ідыш. Аўтар зборнікаў вершаў «Простай дарогай» (1934), «Заказ на маладосць» (1940), «Мацней за жалеза» (1948), «Вершы» (1948). У 1960 г. у перакладзе на беларускую мову выйшлі «Выбраныя вершы».

Канапелька Ала, нарадзілася 14.02.1960 г. у вёсцы Небытаў Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1978 г. скончыла Лоеўскую педагагічную навучальню і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1983) працавала метадыстам, з 1988 г. – загадчыкам сектара метадычнай працы Дома літаратара СП БССР. З 1990 г. – загадчык арганізацыйна-прапагандысцкага аддзела Беларускага фонду культуры. Сябра СП СССР з 1985 г.

Першыя вершы апублікавала ў 1974 г. (хойніцкая раённая газета «Ленінскі сцяг»), у рэспубліканскім друку выступіла ў 1977 г. (часопіс «Маладосць»). У 1985 г. выйшаў зборнік вершаў «Цвет алешыны».

Перакладала творы ўкраінскіх, курдскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў.

Кандраценя Ўладзімір, нарадзіўся ў сакавіку 1917 г. у вёсцы Смалічы Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1935 г. скончыў рабфак у Бабруйску, у 1939 г. – літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута, быў накіраваны настаўнікам у Чырвонаслабадскую сярэднюю школу, але быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у Заходняй Беларусі, быў супрацоўнікам армейскай газеты. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны вайсковая часць трапіла ў акружэнне, і ён апынуўся ў палоне. Уцёк з лагера і вярнуўся дадому. Па некаторых звестках па прапанове камандавання партызанскага атрада ўладкаваўся настаўнікам у Чырвонаслабадскую школу. У верасні 1942 г. перабраўся ў Слуцак, працаваў дворнікам у сірочым прытулку, дзе стварыў падпольную групу, якая ў снежні 1942 г. была выдана правакатарам. Сябра СП СССР з 1938 г.

Расстраляны немцамі 23.02.1943 г. у Слуцку, пахаваны ў в. Смалічы.

У 1932 г. мазырская газета «Палеская праўда» змясціла апавяданне «Спаганяюць падаткі». Выступаў на старонках часопісаў «Полымя рэвалюцыі», «Полымя», «Штэрн». Асобным выданнем выйшла кніга апавяданняў «Любоў» (1938, 1939).

Кандрусевіч Аркадзь, нарадзіўся 10.09.1929 г. у вёсцы Ламачы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1947 г. скончыў Мазырскую педагагічную навучальню, працаваў настаўнікам у Тульгавіцкай сярэдняй школе Хойніцкага раёна. У 1948 г. паступіў у Ленінградскую мастацка-графічную педагагічную навучальню. Пасля заканчэння яе (1951) быў выкладчыкам малявання і чарчэння ў школах Мазыра, Пскова, Калінкавіч. З 1954 г. перайшоў на журналісцкую работу. Быў літсупрацоўнікам нараўлянскай, хойніцкай раённых газет. У 1960-1967 гг. працаваў мастаком-рэтушорам рэдакцыі абласной газеты «Магілёўская праўда». У 1967-1968 гг. – загадчык аддзела ілюстрацыі рэспубліканскай газеты «Звязда». Затым вяртаецца ў магілеўскую газету, дзе працуе намеснікам адказнага сакратара (1969-1978), загадчыкам аддзела інфармацыі (1979-1983), загадчыкам аддзела савецкай работы і народнага кантролю (1983-1986). З 1989 г. – літкансультант гэтай газеты. У 1978 г. завочна скончыў філалагічны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута. Кіраваў абласным літаратурным аб'яднаннем «Прыдняпроўе» (1972-1984). Сябра СП СССР з 1970 г.

Дэбютаваў у друку вершам у 1956 г. (газета «Гомельская праўда»), у рэспубліканскім – выступіў у 1960 г. (часопіс «Вожык»). Аўтар зборнікаў прозы «Чарпак Вялікай Мядзведзіцы» (1969) і «Кругі на Белай паляне» (1977). Зрабіў літаратурную апрацоўку кнігі ўспамінаў партызанаў і падпольшчыкаў Магілеўскай вобласці «Вела нас партия» (1984).

Канэ Юлія, нарадзілася 21.08.1931 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і інжынера.

У 1945 г. разам з бацькамі пераехала ў Менск. Скончыла аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1954). У 1954-1955 гг. – літсупрацоўнік, стыліст у рэдакцыях газет Летувы. У 1955-1959 гг. працавала на Менскім аўтазаводзе рэдактарам у аддзеле галоўнага канструктара, у газеце «Піянер Беларусі» (1959). Сябра СП СССР з 1961 г. З 1992 г. жыве ў Ізраілі.

Пачала друкавацца з 1951 г. Як літаратурны крытык выступае з 1958 г. Выдала кнігі «Дзень сённяшні» (1962), манаграфію «Янка Брыль» (Масква, 1964), «Плынь» (1983), «Як паветра і хлеб: Жыццёвы і творчы шлях Янкі Брыля» (1988).

Працуе таксама ў галіне перакладу і перакладазнаўства. Пераклала на беларускую мову творы М.Галшаяна, С.Ханзадзяна, А.Айвазяна і іншых армянскіх пісьменнікаў. На расейскую мову пераклала аповесці К.Каліны «Маці і сын», «Бурштынавыя пацеркі» («Тяжелая палата»), «Крылаты конь», шэраг апавяданняў В.Хомчанкі і інш.

Капусцін Аляксандар, нарадзіўся 12.02.1924 г. у вёсцы Старая Рудня Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У чэрвені 1942 г. арганізаваў у роднай вёсцы камсамольска-моладзевую падпольную групу, з красавіка 1943 г. – у партызанах. З лістапада 1943 г. – на фронце, быў кантужаны і тройчы паранены. У 1945 г. абраны сакратаром Жлобінскага райкома камсамола. З 1946 да 1965 г. працаваў у органах юстыцыі. Скончыў завочна Менскую юрыдычную школу (1950) і гістарычны факультэт Гомельскага настаўніцкага інстытута (1955), а таксама Вышэйшыя юрыдычныя курсы ў Маскве (1959). У 1965 г. прызначаны загадчыкам аддзела абласной газеты «Гомельская праўда», з 1971 г. працаваў старшым рэдактарам, потым загадчыкам рэдакцыі навукі і культуры БелТА. У 1973 г. працаваў адказным сакратаром штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», у 1974-1980 гг. – намеснікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка. Сябра СП СССР з 1974 г.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю