Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"
Автор книги: Аляксей Гардзіцкі
Жанр:
Справочники
сообщить о нарушении
Текущая страница: 35 (всего у книги 37 страниц)
Шумаў Міхаіл (сапр. Шульман Міхаіл), нарадзіўся 17.10.1923 г. у горадзе Магілеве ў сям'і служачых.
У 1940 г. паступіў на літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута. У складзе камсамольскага знішчальнага батальёна прымаў удзел у абароне Магілева ў 1941 г. Удзельнічаў у баях на Паўднёва-Заходнім і Заходнім франтах. Пасля цяжкага ранення (1943) дэмабілізаваны. У 1944-1945 гг. працаваў мантажнікам і кантрольным майстрам на заводзе «Кінап» у Самаркандзе. У 1945 г. вярнуўся ў Магілеў, завочна працягваў вучобу ў педінстытуце (скончыў у 1949). З 1946 г. – мантажнік на Менскім радыёзаводзе, з 1947 г. – завуч Магілеўскага абласнога Дома піянераў, з 1948 г. – выкладчык культасветнавучальні, у 1950-1979 гг. – выкладчык расейскай і беларускай мовы і літаратуры ў сярэдніх школах Магілева. Сябра СП СССР з 1967 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі.
Літаратурную працу пачаў у 1959 г. Першую аповесць надрукаваў у 1960 г. (часопіс «Неман»). Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар аповесцей «Жизнь зовет» (1962), «Печеные яблоки» (1963), «Придет и твое время» (1980), «Хроника улицы Грушевой» (1982), «Вечный шах» (1986), «Повести» (1983), «Аккорды древних тревог» (выбранае, 1984). Зрабіў літаратурны запіс успамінаў партызан З.Хаўранковай «Шесть сестер» (1971), Н.Храпко, Ф.Папова «По зову сердца» (1982).
Шупенька Генадзь, нарадзіўся 06.04.1936 г. у вёсцы Падбярэззе Мядзельскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1955 г. паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У час вучобы цяжка захварэў, таму ўніверсітэт скончыў толькі ў 1965 г. Вучыўся ў аспірантуры пры кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта. У 1969-1979 гг. – старшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР, з 1979 г. – рэдактар, з 1982 г. – загадчык рэдакцыі серыйных выданняў выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1975 г.
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Выступае ў друку з 1969 г. як крытык і літаратуразнавец. Выдаў кнігі крытычных нарысаў, літаратурных партрэтаў і артыкулаў «Цеплыня чалавечнасці» (1977), «Галоўнае – талент» (1987).
Пераклаў на беларускую мову кнігу «Мілы ба-пэр!..» Ц.Дзеры (1983), аповесць «Кат» П.Лагерквіста (1986), паасобныя апавяданні пісьменнікаў народаў СССР.
Шутэнка Гаўрыіл, нарадзіўся 24.06.1924 г. у сяле Арзгір Арзгірскага раёна Стаўрапольскага краю (Расея) у сялянскай сям'і.
У 1940 г. скончыў школу фабрычна-заводскага навучання пры швейнай фабрыцы імя В.Валадарскага ў Баку, працаваў рабочым. У 1942 г. прызваны ў Савецкую Армію. Быў разведчыкам, пасля цяжкага ранення на Паўночным Данцы (1943) – камісаваны. Працаваў старшынёй касы ўзаемадапамогі калгаса «Парыжская камуна» на Стаўрапольшчыне, ва ўстановах Таварыства сляпых – культработнікам, дырэктарам вучэбна-вытворчага прадпрыемства, інспектарам. Жыве з 1946 г. у Наваградку. У 1964 г. скончыў паэтычныя курсы ў Маскве пры Інстытуце павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Усерасейскага таварыства сляпых. Сябра СП СССР з 1970 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі.
Першыя вершы апублікаваў у 1939 г. (газета «Стахановец» палітаддзела Мар'іна-Зольскай МТС Георгіеўскага раёна Стаўрапольскага краю). Піша на расейскай мове. У друку Беларусі выступае з 1952 г. (газета «Гродзенская праўда»). Аўтар кніжак паэзіі «Мои глаза» (1961), «Память» (1969), «Жажда» (1974), «Солнце на десницах: Строки разных лет» (1984), «Горит костер воспоминаний» (1990), кніжкі для дзяцей «Наш котенок Димурлы» (1978).
Шуцько Іван, нарадзіўся 20.12.1925 г. у вёсцы Гаць Крупскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Да вайны скончыў восем класаў у Крупках. Працаваў у Крупскім раённым камітэце радыёінфармацыі (1940-1941). У 1943 г. разам з аднавяскоўцамі вывезены фашыстамі ў канцэнтрацыйны лагер (пад Гданьск). У 1944 г. уцёк з лагера. У 1944-1946 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў брыгадзірам калгаса ў роднай вёсцы. У 1958-1961 гг. – літсупрацоўнік крупскай раённай газеты «Голас калгасніка». У 1963 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. У 1963 г. – літсупрацоўнік, у 1964-1984 гг. працаваў фотакарэспандэнтам крупскай раённай газеты «Ленінскім курсам». Сябра СП СССР з 1954 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 31.08.1984 г.
Друкавацца пачаў у 1940 г. Выдаў кніжкі для дзяцей «Мой мяч» (вершы, 1953), «Чужая хатка» (казкі, 1958), «Лепшая сяброўка» (вершы, 1959), «Дзедава рэліквія» (апавяданні, 1960), «Першае слова» (вершы, 1964), «Дзіма хоча быць героем» (апавяданні, 1965) і зборнік вершаваных баек, мініяцюр «Са свайго пункту гледжання» (1966).
Шушкевіч Станіслаў, нарадзіўся 19.02.1908 г. у вёсцы Бакінава Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сям'і беззямельнага селяніна.
Вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме ў Менску (1926-1928). Працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, загадваў бібліятэкай навукова-даследчага Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі (1928-1931). Быў сябрам літаратурных арганізацый «Маладняк», БелАПП. Скончыў крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Менску (1934). Працаваў у рэдакцыях газет «Літаратура і мастацтва», «Калгаснік Беларусі», «Звязда». 15.11.1936 г. быў арыштаваны, асуджаны да 8 год пазбаўлення волі. Знаходзіўся ў турме, лагеры, ссылцы. Працаваў шахцёрам, цесляром, бухгалтарам у лагеры МУС Кемераўскай вобласці, пасля вызвалення (1944) – вольнанаёмным бухгалтарам саўгаса. У 1946-1949 гг. настаўнічаў у Данілавіцкай сярэдняй школе Дзяржынскага раёна. У 1949 г. арыштаваны паўторна і высланы на спецпасяленне ў Краснаярскі край, дзе працаваў лесарубам, у геалагічных партыях і экспедыцыях. У 1956-1958 гг. – супрацоўнік газеты «Мінская праўда», у 1958-1970 гг. – загадчык аддзела газеты «Літаратура і мастацтва». Канчаткова па абедзвюх справах рэабілітаваны 26.09.1975 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983).
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 01.01.1991 г.
Друкаваўся з 1924 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Вершы» (1934), «Дарогаю вясны» (1959), «Услед за марамі» (1961), «Навальніца» (1966), «Сябрам» (1972), «Дарога ў залатую восень» (1983), «Рэха маладосці» (1984), «Сонца над маім асеннім садам» (1987), кнігі ўспамінаў «Вяртанне ў маладосць» (1968), зборніка сатыры і гумару «Грушы на вярбе» (1969), кніжак вершаў, апавяданняў і казак для дзяцей «Звярыны баль» (1936), «Лясная калыханка» (1958), «Сарочы церамок» (1959), «Мы на змену ідзём» (1961), «Гара Марата Казея» (1963), «Будзільнік» (1966), «Апавяданні пра Марата Казея» (1968, 1988), «Вясёлыя дзятлікі» (1970), «Колькі кіпцікаў у кошкі» (1972), «Дванаццаць пасланцоў» (1973), «Барадаты камар» (1977), «Красавік» (1977), «Ліса з магнітафонам» (1979), «Казачны церам» (1983), «Едзе страшная Яга» (1985), «Казёл на верталёце» (1987). У 1978 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1988 г. – «Выбранае».
Шчарбатаў Георгі, нарадзіўся 07.05.1919 г. у вёсцы Рэкатка Горацкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Магілеўскую педагагічную навучальню (1938). Настаўнічаў у Бярэзінскім раёне, завочна вучыўся ў Магілеўскім педагагічным інстытуце. Працаваў у рэдакцыях газет «Камунар Магілёўшчыны» (1939-1940), «Советская Белоруссия» (1940-1941). На пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Куйбышаў. У 1942 г. знаходзіўся ў тыле ворага як карэспандэнт газеты «Савецкая Беларусь», у 1943-1944 гг. працаваў у газеце «Звязда», якая выдавалася падпольна на акупаванай тэрыторыі. Пасля вайны працаваў у газеце «Звязда», карэспандэнтам газеты «Известия» па Беларускай ССР, загадчыкам аддзела, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1949 г.
Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і медалямі.
Памёр 02.02.1957 г.
Літаратурныя матэрыялы за подпісам Г.Шчарбатаў з'явіліся ў 1941 г. (магчыма, да гэтага выступаў пад псеўданімам). Аўтар запісак «Партызанскія агні» (1950), нарысаў «Камсамол Беларусі ў баях за Радзіму» (1950, 2-е дапоўненае выданне ў 1957), «Неспакойныя сэрцы» (1951), кніжак прозы «Шумелі пушчы» (1957), «Лясны фронт» (аповесць, апавяданні і нарысы, 1961), «Лясны фронт» (1970), «Партызанскія агні» (1979).
Пераклаў на беларускую мову «Слова перад пакараннем смерцю» Ю.Фучыка (1953).
Шыловіч Георгі, нарадзіўся 07.01.1924 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.
Да вайны скончыў першы курс Менскага будаўнічага тэхнікума. Са снежня 1941 г. удзельнік Менскага падполля, а з сакавіка 1943 г. – партызан у брыгадзе імя Жалезняка на Бягомльшчыне, з 1944 па 1945 гг. служыў у Савецкай Арміі. Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1951). Працаваў у рэдакцыях газет «Мінская праўда» (1951-1953), «Зорька» (1953-1964). З 1965 г. – адказны сакратар, а ў 1978-1985 гг. – намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Беларусь». Сябра СП СССР з 1961 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.
Першыя апавяданні надрукаваў у 1948 г. Выйшлі кнігі нарысаў, апавяданняў і аповесцей для дзяцей «Твая дарога» (1957), «Запіска на шыбе» (1960), «Школа ля крэпасці» (1962), «Піянерская адвага» (1962), «Праз полымя вайны» (1963), «Сшытак у чорнай вокладцы» (1965), «Чарапаха без панцыра» (1966), «Святло далёкага Алькора» (1973). Напісаў аповесці «Туман ідзе па следу» (часопіс «Беларусь», 1963-1964), «Сустрэча з сонейкам, альбо Аповесць пра Пецьку-флібусцьера і некаторых яго сяброў» (1981), «Падарожжа сярод лета» (1983). У 1986 г. выдадзены аднатомнік выбраных твораў «Школа каля крэпасці».
Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Родныя бярозы не спяць» (1965), «Зялёны патруль» (1966), «Трэба марыць» (1967).
Перакладае з расейскай і ўкраінскай моў.
Шымук Віктар (таксама Шымук Вікенцій), нарадзіўся 02.04.1933 г. у вёсцы Змяёўцы Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння васьмі класаў працаваў адказным сакратаром дзятлаўскай раённай газеты «За новую вёску» (1949-1951). Адначасова вучыўся ў вячэрняй сярэдняй школе. У 1951 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў завочна ў 1957). Адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда», потым – літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты «Звязда» (1967-1971), адказным сакратаром штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1974-1977). З 1977 г. – намеснік галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання на Беларускім радыё. Сябра СП СССР з 1964 г.
Літаратурную працу пачаў у 1949 г. Для дзяцей напісаў паэму «Каля Броннай гары» (1960), зборнікі вершаў «Мы вясне дапамагалі» (1962), «Дочкі сіняга Немана» (1964), «Марылі пра шчасце хлапчукі» (паэмы, 1981). Аўтар зборнікаў вершаў «Свіцязянскія хвалі» (1968), «Світанне» (1972), «Святло красавіцкіх бяроз» (1983), «Спелы жнівень» (1990), сатырычных вершаў «Ад хаты да хаты» (1983).
Выдаў кнігі нарысаў «Добрай раніцы, поле» (1964), «Сын каваля» (1970), «Коля Гойшык» (1971), «Леў Даватар» (1973), «Пасля працы рупнай» (1974), «Дыханнем ліпеньскім сагрэтыя» (з Л.Смілавіцкім, 1971), «Рэха Аўроры» (1979) і зборнік апавяданняў «Помняць пушчы і паляны» (1969).
На шэраг вершаў напісаны песні.
Шынклер Хвядос, нарадзіўся 22.09.1903 г. на станцыі Ізяслаўль Менскага раёна Менскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.
Вучыўся ў Менскай рэальнай навучальні (1914-1920). З 1919 г. працаваў на чыгунцы тэлеграфістам, пасля – бібліятэкарам, загадчыкам клуба ў Рудзенску. Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк». У 1929-1931 гг. – супрацоўнік бабруйскай газеты «Камуніст», са снежня 1931 г. – сакратар рэдакцыі раённай транспартнай газеты «Ударнік» (Жлобін). У 1935-1941 гг. працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» і часопісе «Полымя». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Свярдлоўск. У 1942 г. пайшоў добраахвотнікам у Савецкую Армію. Чатыры месяцы вучыўся ў вайсковай навучальні ў г. Кыштым Чалябінскай вобласці.
Загінуў 25.10.1942 г. на фронце пад Сталінградам.
Пісаць пачаў у 1922 г. (допісы ў газеты). Першае апавяданне надрукаваў у 1928 г. Асобнымі выданнямі выйшлі апавяданне «Ічэ» (1929), зборнік апавяданняў «Стрэлачнік Мігай» (1930), апавяданне «Блок» (1933), аповесці «Сонца пад шпалы» (1933), «Запіскі інструктара Томана» (1934), «Пульс жыцця» (1950, выходзіла на расейскай мове ў 1942 г. у Маскве). Аўтар аповесці для дзяцей «Петрык-завадатар» (1935). У 1960 г. выйшлі Выбраныя творы, у 1984 г. – кніга апавяданняў, аповесцей, успамінаў «Апошні рэйс».
Напісаў п'есу «Пачэсны рэйс» (апублікавана ў 1939), кінасцэнарый «Шчаслівы шлях» (з Ю.Рудзько, 1940). Выступаў з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі.
Шырко Васіль, нарадзіўся 31.08.1948 г. у вёсцы Чурылава Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1972). Служыў у Савецкай Арміі (1972-1973). У 1973-1978 гг. працаваў карэспандэнтам «Сельской газеты», у 1973-1986 гг. – рэдактар, загадчык аддзела галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. З 1986 г. – рэдактар аддзела нарыса часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1990 г.
Першыя падборкі вершаў надрукаваў у 1968 г. (часопіс «Маладосць», газета «Чырвоная змена»). Выйшлі кнігі «Зямлі бацькоўскай прыцягненне» (нарысы, 1987), «Сцяжына да людзей» (дакументальныя аповесці, нарысы, 1989). У 1990 г. выйшла кніга казак «Дзед Манюкін не салжэ». Аўтар інсцэніровак паводле твораў М.Гарэцкага, Н.Гілевіча (1987), сцэнарыя дакументальнага фільма «Песня пшанічнага поля» (1984).
Шырма Рыгор, нарадзіўся 20.01.1892 г. у вёсцы Шакуны Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў двухгадовыя настаўніцкія курсы ў Свянцянах (1912), працаваў у Гануцкай пачатковай двухгадовай школе Свянцянскага павета. У 1918 г. скончыў Седлецкі настаўніцкі інстытут (Польшча), які на той час быў эвакуіраваны спачатку ў Маскву і Яраслаўль, а потым у Варонеж. Пасля працаваў у школе сяла Навагольскае Варонежскай вобласці. У чэрвені 1922 г. вярнуўся на радзіму. З 1926 г. – настаўнік Віленскай беларускай гімназіі. Быў сакратаром Галоўнай управы культурна-асветніцкай арганізацыі рэвалюцыйна-дэмакратычнага характару Заходняй Беларусі – Таварыства беларускай школы (1928-1937), адным з выдаўцоў часопіса «Беларускі летапіс». Спрыяў творчаму станаўленню маладых заходнебеларускіх рэвалюцыйных паэтаў. Выдаў першыя зборнікі М.Васілька, М.Танка, пазней – С.Крыўца. За рэвалюцыйна-прапагандысцкую і культурна-асветніцкую дзейнасць быў двойчы зняволены буржуазнымі ўладамі Польшчы, сядзеў у вядомай турме «Лукішкі».
Збіральнік і прапагандыст беларускай народнай песні, у 1924 г. арганізаваў у Пружанах беларускі народны хор. У 1926 г. – хор у Беларускай гімназіі, у 1931 г. – Вялікі беларускі хор пры Беларускім студэнцкім саюзе ў Вільні. У 1940 г. на аснове хароў, якімі кіраваў Р.Шырма, быў створаны Беларускі дзяржаўны ансамбль песні і танца, у 1955 г. перайменаваны ў Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу Беларускай ССР. Узначальваў капэлу да 1970 г. У 1966-1978 гг. – старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР, сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1955-1978). Сябра СП СССР з 1966 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія II ступені, медалямі.
Народны артыст БССР (1949).
Народны артыст СССР (1955).
Герой Сацыялістычнай Працы (1977).
Памёр 23.03.1978 г.
Друкавацца пачаў у 1925 г. Першыя зборы народнага меласу выдаў у Вільні: «Беларускія народныя песні» (1929), «Наша песня» (1938). У пасляваенныя гады надрукаваны «Беларускія народныя песні, загадкі, прыказкі» (1947), «Беларускія народныя песні» (т. 1, 1959; т. 2, 1960; т. 3, 1962; т. 4, 1976), «Беларускія народныя песні (для хору)» (т. 1, 1971; т. 2, 1973). Аўтар зборніка публіцыстычных, літаратуразнаўчых і музыказнаўчых артыкулаў «Песня – душа народа» (1976).
Лаўрэат Дзяржаўных прэмій БССР (1966) за канцэртна-выканаўчую дзейнасць і (1974) за «Беларускія народныя песні для хору».
Шырын Лявон, нарадзіўся 01.01.1930 г. у вёсцы Працавічы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся завочна ў Слуцкай, затым у Менскай педагагічнай навучальні (скончыў у 1954). У 1951-1957 гг. выкладаў маляванне, чарчэнне, замежную мову, беларускую мову і літаратуру ў школах Любанскага раёна (в. Таль, Асавец, п. Барыкоў, г. Любань). Завочна скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1962). З 1957 г. – загадчык аддзела рэдакцыі старобінскай раённай газеты «Савецкі патрыёт». З 1958 г. – загадчык Старобінскага раённага педкабінета, з 1960 г. – дырэктар Жабінскай васьмігадовай школы, з 1962 г. – загадчык аддзела народнай асветы Старобінскага райсавета, з 1963 г. – дырэктар Жабінскай сярэдняй школы. У 1968-1982 гг. – намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Салігорскай завочнай сярэдняй школы. З красавіка 1982 г. – дырэктар Мяцявіцкай сярэдняй школы Салігорскага раёна. У 1982-1989 гг. – дырэктар Гоцкага вучэбна-вытворчага камбіната Салігорскага раёна. Сябра СП СССР з 1986 г.
Узнагароджаны медалём.
Першы верш надрукаваны ў 1956 г. (любанская раённая газета «Кліч Радзімы»). У абласным і рэспубліканскім друку выступае з 1974 г. Аўтар зборнікаў вершаў для дзяцей «Мы дзеці шахцёраў» (кніжка-маляванка, 1978), «Песні ручая» (1980), «Ясь, жалейка і вясна» (1989).
Шыцік Уладзімір, нарадзіўся 31.08.1922 г. у горадзе Шклове Магілеўскай вобласці ў сям'і рабочага.
Вучыўся ў Маскоўскім электратэхнічным інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту (1940-1943), у Куйбышаўскім індустрыяльным інстытуце. У снежні 1944 г. вярнуўся ў Шклоў і працаваў тэхнікам-канструктарам на папяровай фабрыцы «Спартак». У 1949 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1949-1952 гг. працаваў у рэдакцыі газеты «Сталинская молодежь», у 1953-1964 гг. – у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда» (у 1962-1990 гг. – «Сельская газета»), у 1965-1966 гг. – адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва», у 1978-1983 гг. – карэспандэнтам «Сельскай газеты». Сябра СП СССР з 1962 г.
Узнагароджаны медалём.
Першае апавяданне апублікаваў у 1952 г. (газета «Сталинская молодежь»). У 1958 г. у часопісе «Полымя» надрукаваў аповесць «Назаўсёды». Аўтар аповесцей «Сосны адшумелі свае» (1960), «Апошняя арбіта» (1962), «Майская раніца» (1963), зборнікаў фантастычных апавяданняў і аповесцей «Зорны камень» (1967), «Парсекі за кармой» (1970), «У час не вярнуліся» (1975), «Масткі над абрывам» (1977), кніг фантастыкі і дэтэктываў «Другая версія» (1979), «Трансплутонавыя афеліі» (1982), «Левы рэйс» (1983), «Ускосныя доказы» (1985), «Камандзіроўка ў сваім горадзе» (1989), «Падстаўка» (1990), апавядання для дзяцей «Як малако на стол прыйшло» (1979).
Шэлехаў Міхась, нарадзіўся 01.11.1954 г. у вёсцы Плотніца Столінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і служачых.
Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1976) і Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў пры Дзяржкіно СССР (1984). У 1976-1980 гг. – літсупрацоўнік часопіса «Рабочая смена», у 1980-1982 гг. – рэдактар студыі дакументальных фільмаў «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм», у 1984-1987 гг. працаваў паводле ўмовы на кінастудыі «Саюзмультфільм» студыі імя М.Горкага (Масква), у 1987-1988 гт. быў рэдактарам тэлефільма Дзяржтэлерадыё БССР. З 1988 г. – галоўны рэдактар студыі мастацкіх фільмаў «Кадр» кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1988 г.
Выступае ў друку з 1968 г. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Слово ненастное, слово лазурное» (Масква, 1987) і «Сын яблыні» (1990).
Напісаў сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Сын чайкі» (1987), «Мост» (паводле аповесці «Круглянскі мост» В.Быкава, пастаўлены ў 1988), «Люк» (пастаўлены ў 1988), «Метэарыт» (пастаўлены ў 1988), шэрагу мультыплікацыйных фільмаў.
Шэрман Карлас, нарадзіўся 25.10.1934 г. у горадзе Монтэвідэо (Уругвай) у сям'і рабочага – выхадца з Заходняй Беларусі.
Вучыўся ў Нацыянальным інстытуце імя М.Марэна (Буэнас-Айрэс, Аргенціна, 1951-1956) па спецыяльнасці філалогія. Працаваў у аргенцінскіх газетах. У 1956 г. прыехаў на Беларусь. У 1964-1980 гг. – загадчык рэдакцыйна-выдавецкага сектара Фундаментальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР. З 1989 г. – віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра. Сябра СП СССР з 1979 г.
Пачаў друкавацца ў 1952 г. у аргенцінскім перыядычным друку, у расейскай перыёдыцы Беларусі – з 1964, на беларускай мове – з 1975 г. З гішпанскай мовы на расейскую пераклаў раман М.Сапата Алівельі «Чорны загон» (часопіс «Неман», 1967), раман Г.Гарсія Маркеса «Восень патрыярха» (з В.Тарасам, Масква, 1978), на беларускую мову пераклаў паасобныя творы Н.Гільена, Г.Гарсія Маркеса, Ф.Піта Радрыгеса, О.Фернандэса, У.Дзітаранта, С.Ібаргоена, К.Кастэльотэ, З.Кардэналя, Д.Алонса і інш., а таксама выбраную лірыку А.Тэхада Гомеса (1987). У перакладзе з беларускай на гішпанскую выйшлі «Мая Бесядзь» А.Куляшова, «Конь і леў» М.Танка, «Чырвоны мак» В.Хомчанкі, народныя казкі ў апрацоўцы А.Якімовіча (усе ў 1976), «Шлюбная ноч» І.Шамякіна (1980), «Дажыць да світання» (1980), «Абеліск» (1984) і «У тумане» (1989) В.Быкава, выбранае Я.Купалы і Я.Коласа «Папараць-кветка» (1982), выбранае Р.Барадуліна «Чорны вол маёй трывогі» (1985), «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава (1988), «Загад № 1» М.Чаргінца (1990).
Аўтар кніг паэзіі «Дождж у Каралішчавічах» (на гішпанскай мове, у перакладзе на беларускую Р.Барадуліна, 1984) і «Сны» (у перакладзе з гішпанскай Р.Барадуліна і В.Сёмухі, 1989).
Склаў зборнікі выбранай лірыкі Ф.Гарсія Лоркі (1975), П.Нэруды (1976), Н.Гільена (1977), Габрыэлы Містраль (1984), а таксама анталогію сучаснай кубінскай паэзіі «Тытунёвая кветка» (1986).