355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Гардзіцкі » Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 » Текст книги (страница 33)
Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
  • Текст добавлен: 26 марта 2017, 14:00

Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"


Автор книги: Аляксей Гардзіцкі


Жанр:

   

Справочники


сообщить о нарушении

Текущая страница: 33 (всего у книги 37 страниц)

Ч

Чабан Тамара, нарадзілася 31.05.1952 г. у вёсцы Чабаны Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыла філалагічны факультет Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1974). Выкладала беларускую мову і літаратуру ў Ветрынскай сярэдняй школе Полацкага раёна. З 1978 г. жыве ў Менску. Працавала старшым карэктарам у выдавецтве «Навука і тэхніка». Скончыла завочна аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ (1980). З 1981 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1988 г.

Памерла 20.03.1992 г.

Выступіла ў друку як крытык і літаратуразнаўца ўпершыню ў 1976 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар кніг пра паэзію «Крылы рамантыкі» (1982), «Сучасная паэзія і фальклор» (з Я.Гарадніцкім, 1988).

Чавускі Міхась (таксама Чавускі Майсей), нарадзіўся 25.12.1904 г. у вёсцы Шапілава Жлобінскага раёна Гомёльскай вобласці ў сям'і вясковага шаўца.

З 1917 г. – наборшчык у друкарні ў Жлобіне, з 1924 г. – у Менску. Служыў у пагранічных войсках (1926-1928). Працаваў у Белспажыўсаюзе, рэдагаваў газету палітаддзела Плешчаніцкай МТС, менскую сельскую раённую газету, быў інструктарам ЦК КПБ, адказным кіраўніком і галоўным рэдактарам БелТА. У 1934-1937 гг. вучыўся завочна ў Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Ленінградзе. У час Вялікай Айчыннай вайны – адказны рэдактар газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1941-1943), затым – сатырычнай газеты Вілейскага абкама «Партызанскае слова» (1943). У пасляваенныя гады – намеснік старшыні Камітэта па радыёвяшчанні пры СНК БССР (1944-1947), галоўны рэдактар, потым загадчык аддзела фельетонаў часопіса «Вожык» (1947-1961), дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР (1964-1970). Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 01.07.1984 г.

З артыкуламі ў рэспубліканскім друку пачаў выступаць у 1937 г. Выдаў зборнікі апавяданняў, фельетонаў, аднаактовак і сцэнак «Крытычны момант» (1954), «Індык на курорце» (1960), «Рука руку мые» (1964), «Чаму ж не смяяцца?» (1969), «Стрэляны Вераб'ёў» (1976), дакументальную аповесць «Фарбамі гневу» (1975, дапоўненае выданне ў 1978).

Чамярыцкі Вячаслаў, нарадзіўся 22.07.1936 г. у вёсцы Рабкі Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Працаваў настаўнікам Слабадской сямігадовай школы Вілейскага раёна (1958-1959), карэктарам маладэчанскай абласной газеты «Чырвоны сцяг» (1959), інспектарам аддзела народнай асветы Маладэчанскага раёна (1959-1962). Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1965). З 1965 г. – навуковы супрацоўнік інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1983 г.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Друкавацца пачаў з вершаў у 1952 г. (наваградская раённая газета «Новае жыццё»). З рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі, даследаваннямі па старажытнай літаратуры выступае з 1959 г. Аўтар манаграфіі «Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў» (1969), брашуры «Беларускі тытан эпохі Адраджэння» (1990), аўтар кнігі «Францыск Скарына» (з Г.Галенчанкам і В.Шматавым, на французскай мове – 1979 і на ангельскай – 1980, Парыж), напісаў даклад на IX Міжнародны з'езд славістаў «Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (з А.Коршунавым, А.Лойкам, 1982), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. I, 1968), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977), «Истории всемирной литературы» (т. 3, 1985; т. 4, 1987), падручніка для ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд» (1985).

Перакладае са старажытнарускай і старабеларускай моў. Прымаў удзел у выданні «Поўнага збору рускіх летапісаў» (т. 32 і 35), складальнік зборніка «Слова пра паход Ігаравы» (1986).

Чапега Ўладзімір, нарадзіўся 18.06.1939 г. у вёсцы Сялец Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1961), Данецкую вышэйшую ваенна-палітычную навучальню інжынерных войск і войск сувязі (экстэрнам, 1973). Працаваў выкладчыкам нямецкай мовы ў Менскім дзяржпедінстытуце замежных моў (1961-1962). У 1962-1988 гг. служыў у Савецкай Арміі. Сябра СП СССР з 1982 г.

Узнагароджаны медалямі.

У друку выступае з 1971 г. Перакладае з нямецкай мовы на беларускую і з беларускай на нямецкую. На нямецкую мову пераклаў раман І.Мележа «Людзі на балоце» (з Г.Чапега і Г.Бярэзкам, 1974), аповесці В.Быкава «Абеліск» (1975) і «Здрада» (1978), А.Кудраўца «Раданіца» (1983, усе з Г.Чапега і Н.Рандавым), кнігі В.Віткі «Ладачкі-ладкі» (1980), У.Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» (1983), асобныя творы Цёткі, Я.Брыля, К.Крапівы, П.Галавача, М.Зарэцкага, В.Каваля, Л.Калюгі, Я.Нёманскага для анталогіі беларускага апавядання «Буслы над балотамі» (1971), Я.Коласа, М.Гарэцкага, М.Зарэцкага, Л.Калюгі, Я.Скрыгана для анталогіі класічнага беларускага апавядання «Малады дубок» (1987), кнігі для дзяцей у апрацоўцы А.Якімовіча «Лісіца-хітрыца» (1980) і «Залатая яблынька» (1981), «Сядзіць мядзведзь на калодзе» (1980), «Кот Максім» (1981), «Андрэй за ўсіх мудрэй» і «Беларускія народныя казкі» (1986, усе з Г.Чапега). З расейскай на нямецкую мову пераклаў кнігу В.Лазарава «Старыя італьянскія майстры» (з Г.Чапега, Н.Рандавым, Берлін, 1990).

На беларускую мову з нямецкай пераклаў раманы Г.Ота «Пара ў дарогу, буслы» (з Я.Семяжонам, 1982). А.Аменды «Апасіяната» (1983), Л.Франка «Ісусавы вучні» (1989, усе з Г.Чапега), асобныя творы Ш.Гермліна, Ш.Цвэйга.

Чаргінец Мікалай, нарадзіўся 17.10.1937 г. у горадзе Менску ў сям'і рабочага.

Скончыў Вышэйшую школу трэнераў Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры (1963). Быў сябрам футбольнай каманды майстроў «Спартак» (Менск), некаторых іншых каманд краіны. Працаваў інструктарам фізічнай культуры на Менскім прыборабудаўнічым заводзе. У 1964 г. накіраваны на работу ў органы міліцыі – у крымінальны вышук. У 1967 г. скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1969 г. – намеснік начальніка Першамайскага, з 1973 г. – начальнік Ленінскага раённага аддзела ўнутраных спраў Менска. З 1975 г. – намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Менскага гарвыканкама, з 1981 г. – начальнік Упраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў БССР. У 1984-1987 гг. быў у Афганістане, удзельнічаў у баявых аперацыях, быў паранены. З 1987 г. – начальнік Беларускага ўпраўлення ўнутраных спраў на транспарце МУС БССР. Генерал-маёр міліцыі. Кандыдат юрыдычных навук. Сябра СП СССР з 1978 г.

Заслужаны работнік Міністэрства ўнутраных спраў СССР (1977).

Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, вышэйшым афганскім ордэнам Чырвоны Сцяг, савецкімі і афганскімі медалямі.

У 1963 г. пачаў выступаць у друку як журналіст. Піша на расейскай мове. Выдаў кнігі прозы «Четвертый след» (1973), «Тревожная служба» (1975), «Следствие продолжается» (1977), «Финал Краба» (1979), «Приказ № 1» (1985), «Служба – дни и ночи» (1981), «Следствие продолжается. Финал Краба» (1986), раманы «Вам – задание» (1982), «За секунду до выстрела» (1983), «Тайна Черных Гор» (1987), «Сыновья» (1989).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Фадзеева (1990) за раман «Сыновья».

Чарказян Ганад, нарадзіўся 18.10.1946 г. у сяле Ерасхаун Акцембяранскага раёна (Арменія).

Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся ў тэхнічнай навучальні № 1 у Ерэване (1967-1968). Працаваў токарам на сударамонтным заводзе ў Туапсе Краснадарскага краю (1968-1969). Служыў у Савецкай Арміі (1969-1971). Працаваў выхавацелем прафесійна-тэхнічнай навучальні № 27 у Эчміадзіне (1971-1973, Арменія). З 1973 г. жыве і працуе ў Менску: старшы тэхнік у Беларускім дарожным навукова-даследчым інстытуце, інжынер-сметчык рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 10, начальнік участка рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 15. Завочна скончыў Ерэванскі індустрыяльны тэхнікум (1974), будаўніча-педагагічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1984). З чэрвеня 1982 г. – інжынер-тэхнолаг менскага ўчастка Слонімскай фабрыкі «Гасцінічная мэбля». Сябра СП СССР з 1988 г.

Першы верш апублікаваў у 1963 г. (часопіс «Пионер», Ерэван). У друку Беларусі выступае з 1977 г. Піша на курдскай і армянскай мовах. У Менску ў перакладзе на расейскую мову выйшлі зборнікі паэзіі «Прочность» (з армянскай, 1980), «Цвет доброты» (з курдскай, 1986), «Пространство и время» (з курдскай, 1990).

Чаркасаў Анатоль, нарадзіўся 28.11.1928 г. у горадзе Светлагорску Кіраваградскай вобласці (Украіна) у сям'і служачага.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў эвакуіраваны ў Паволжа. У 1943-1944 гг. працаваў у ваеннай установе. У час выбуху склада боепрыпасаў быў цяжка паранены. У 1951 г. скончыў Менскі бібліятэчны тэхнікум, у 1956 г. – аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў карэктарам, рэдактарам выдавецтва «Беларусь». З 1972 г. – рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура», з 1981 г. – выдавецтва «Юнацтва», у 1986-1989 гг. – загадчык рэдакцыі гэтага выдавецтва. Сябра СП СССР з 1969 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём.

Літаратурнай працай займаецца з 1957 г. Выйшлі кніжкі нарысаў «Балотны скарб» (1959), «Цудоўны камень» (1963), «Старонкі слаўнага летапісу» (1964), «Магутны твой зямляк» (1969), «Волаты на дарогах» (1974).

Аўтар сцэнарыяў дакументальнага фільма «Мазырскі ліст» (зняты ў 1967) і навукова-папулярнага «Наш завод – наш дом» (зняты ў 1968).

Пераклаў творы расейскіх і ўкраінскіх дзіцячых пісьменнікаў на беларускую мову, на расейскую мову – апавяданні ўкраінскіх празаікаў, балгарскія, чэшскія казкі.

Чарнушэвіч Нічыпар (таксама Чарнышэвіч Нічыпар), нарадзіўся 14.11.1900 г. у гарадскім пасёлку Капыль Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1917-1920 гг. настаўнічаў у Траянаўскай земскай народнай навучальні на Капыльшчыне. У 1920-1922 гг. служыў у Чырвонай Арміі. У 1928 г. скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучобу сумяшчаў з працай у газеце «Савецкая Беларусь» (1924-1929). Сябра літаратурнага аб'яднання «Маладняк». У 1929-1930 гг. – слухач Вышэйшых навукова-педагагічных курсаў пры 2-м Маскоўскім універсітэце. Улетку 1930 г. быў арыштаваны. 10.04.1931 г. прыгавораны да 5 гадоў ссылкі ў г. Вятку. У 1931-1935 гг. – супрацоўнік газеты «Вятская правда» (пазней – «Кировская правда»). У жніўні 1935 г. абвінавачванні былі зняты. У 1935-1941 гг. выкладаў гісторыю ў сярэдніх школах № 379, 395 Масквы. У кастрычніку 1941 г. эвакуіраваўся ў Цюмень, дзе працаваў загадчыкам аддзела рэдакцыі газеты «Тюменская правда». З 1947 г. жыў у Менску.

Працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, начальнікам планавага аддзела Белсельгасзабеспячэння, выкладчыкам гісторыі ў Менскай афіцэрскай школе, старшым інжынерам трэста папяровай прамысловасці, на Беларускім тэлебачанні.

Канчаткова рэабілітаваны 19.09.1960 г. Сябра СП СССР з 1957 г.

Памёр 18.02.1967 г.

Першыя творы надрукаваў у 1923 г. (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў вершаў «Дзіва» (1927), «Нясу надзею» (1962), «Гаворка дум» (1966), «Выбраныя вершы» (1975), п'ес «Шукальнікі вышыні» (прэмія на рэспубліканскім конкурсе, 1947), «Сям'я доктара Чыверса», кінасцэнарыя «Арсенал пачуццяў» (прэміраваны на ўсесаюзным конкурсе на лепшы кінасцэнарый, 1957).

Перакладаў на беларускую мову творы расейскіх, украінскіх, жыдоўскіх паэтаў.

Чарнышэвіч Аркадзь, нарадзіўся 08.08.1912 г. у вёсцы Кулакі Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Па заканчэнні Старобінскай сямігодкі (1928) памагаў бацькам у гаспадарцы. У 1930 г. бацьку раскулачылі і адправілі на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала, а сям'ю вывезлі ў Качоўскі раён Комі-Пярмяцкай акругі. А.Чарнышэвіч працаваў у пасёлку Янчэр рабочым на лесараспрацоўках, загадчыкам мясцовай крамы, настаўнічаў. У 1940 г. завочна скончыў Кудымкарскую педагагічную навучальню. У 1950 г. вярнуўся на радзіму, быў прызначаны дырэктарам Насовіцкай, а потым Свірскай пачатковых школ Мядзельскага раёна. З 1954 г. жыў у Радашковічах, потым пераехаў у Менск. Сябра СП СССР з 1954 г.

Узнагароджаны медалём.

Памёр 18.01.1967 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1927 г. (часопіс «Чырвоны сейбіт»). Сталай літаратурнай працай пачаў займацца з 1940 г., калі апублікаваў у часопісе «Полымя рэвалюцыі» падборку апавяданняў «Лета». Аўтар зборнікаў апавяданняў «Суседзі» (1956), «Марцін Когут» (1958), «Праз зімы і вёсны» (1960), «Новы дом» (1967), «Апавяданні» (1970), раманаў «Світанне» (1957), «Засценак Малінаўка» (1964, ч. 1; 1965, ч. 2), у 1982 г. абедзве часткі выйшлі пад назвай «Засценак Малінаўка». Спачатку выступаў з творамі для дзяцей. Выйшлі аповесці «У адной сям'і» (1951), «На сажалках» (1955), зборнікі апавяданняў «Зосін лужок» (1952), «Апавяданні старога Арцёма» (1958), «Складанец» (1969). У 1979 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Чарняўская Леаніла, нарадзілася 16.11.1893 г. у вёсцы Таргуны Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыла Марыінскую вышэйшую навучальню ў Вільні (1910). З 1911 да 1918 г. працавала настаўніцай пачатковай школы ў сяле Залессе на Дзісеншчыне. У 1919-1923 гг. выкладала беларускую мову ў Віленскай беларускай гімназіі, а ў кастрычніку 1923 г. разам з мужам, пісьменнікам Максімам Гарэцкім, прыехала ў Менск. Затым жыла ў Горках Магілеўскай вобласці. У 1932 г. пераехала ў Кіраў (былая Вятка), куды быў высланы муж, працавала выхавацелькай у дзіцячым садзе, потым жыла ў гарадскім пасёлку Пясочня (цяпер г. Кіраў Калужскай вобласці), у Ленінградзе (з 1947).

Узнагароджана медалём.

Памерла 26.09.1976 г.

Першая праца выйшла ў 1919 г. – зборнік «Дзяціныя гульні» (Вільня). Першае апавяданне «Мікітка» апублікавала ў 1921 г. (газета «Наша думка», Вільня). Аўтар чытанкі «Родны край» для 1, 2, 3, 4 года навучання (1919, перавыдавалася да 1936 г.). Выйшлі кнігі прозы «Апавяданні», «Валуй – камісар часоў Кераншчыны», «Падарожніца», «Бяздзетуха» (усе ў 1930), «Апавяданні» (1983), кнігі для дзяцей «Варка» (1928), «Кот Знайдзён» (1929), «Андрэйка» (1930), «Перамога» (1932), «Лявонка» (1932), «Сталёвы конь» (1933), «Жук» (1960), «Казёл Мэка і Кудла» (1979).

Пераклала на беларускую мову аповесці В.Забайкальскага «Маленькія чырвонаармейцы» (1931), А.Іркутава «Пан Бергер падае ў адстаўку» (1931), Я.Хазіна «Барабаншчык рэвалюцыі» (1932), «Апавяданні старога матроса» С.Заяіцкага (1930), «Рэха» Э.Ажэшкі (Вільня, 1919), «Гісторыю аднаго мядзведзя» Э.Сэтана-Томпсана (1927), «Бунт Моці-Гёджа» Р.Кіплінга (1927), «Прыгоды Фрыдрыха Крона ў Сярэдняй Эўропе. Расстрэл рабочай моладзі ў Радожыне» Г.Краўса (1932), «Тыля Уленшпігеля» Ш. дэ Кастэра (1934), а для чытанкі «Родны край» – урыўкі з твораў А.Чэхава, А.Серафімовіча, У.Гаршына, Г.Караленкі, Д.Маміна-Сібірака і інш.

Чарняўскі Мікола, нарадзіўся 16.01.1943 г. у вёсцы Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1960 г. паступіў на вячэрняе аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і скончыў яго ў 1966 г. Адначасова працаваў рэдактарам Беларускага радыё. У 1966-1988 гг. – літсупрацоўнік, старшы рэдактар аддзела, адказны сакратар часопіса «Бярозка». З 1989 г. – літаратурны рэдактар часопіса «Вясёлка». Сябра СП СССР з 1972 г.

Першы верш надрукаваны ў 1958 г. у газеце «Піянер Беларусі». Выйшлі кніжкі паэзіі для дзяцей «Дзе лета канчаецца» (1963), «Апошні бой» (1967), «Сонца ў хованкі гуляе» (1970), «Кліча горн» (1974), «Адрас наш – дзіцячы сад» (1975), «Парад» (1976), «Залатая ніва» (1977), «Дзе пяцёркі прадаюцца?» (1978), «Я збіраюся на БАМ» (1979), «Хто сябруе з добрым днём?» (1981), «Звініць званок...» (1982), «Зоркі-зорачкі» (1984), «Навечна з сонцам» (1986), «Аб чым пяе крынічка» (1989), а таксама аповесці «Бегунок пачынае думаць» (1965) і «Акадэмія ... на колах, альбо За вясёлкай наўздагон» (1990).

Выдаў зборнікі паэзіі «Чалавечнасць» (1971), «Трывога» (1988) і сатыры і гумару «Казёл-моднік» (1978), «І не косяць, і не жнуць...» (1982), «Камар на матацыкле» (1985), «Нашто бабе агарод?» (1989).

Аўтар шэрагу тэкстаў піянерскіх песень і кантат.

На беларускую мову пераклаў творы пісьменнікаў народаў СССР – Г.Гуляма, М.Міршакара, Т.Уметаліева, А.Тактамушава, М.Мрэўлішвілі, Р.Фархадзі, Н.Джундубаевай, А.Рахманава, Х.Мянд, Г.Сар'яна, Х.Алі, А.Чакану, Ю.Семяндэра, П.Глазавога, П.Рабра, А.Юшчанкі, В.Юхімовіча, В.Маругі і інш.

Чарот Міхась (сапр. Кудзелька Міхаіл), нарадзіўся 07.11.1896 г. у гарадскім пасёлку Рудзенск Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Маладэчанскую настаўніцкую семінарыю (1917). У 1917 г. мабілізаваны ў армію. У 1918 г. вярнуўся на Беларусь, удзельнічаў у партызанскім руху ў час акупацыі Беларусі буржуазнай Польшчай. З 1920 г. – супрацоўнік, у 1925-1929 гг. – рэдактар газеты «Савецкая Беларусь». Ініцыятар стварэння і кіраўнік першай у рэспубліцы літаратурнай арганізацыі «Маладняк» (з 1923). Быў сябрам ЦВ К БССР (1924-1931). У 1937 г. рэпрэсіраваны, асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 08.02.1956 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Расстраляны 29.10.1937 г.

Друкавацца пачаў у 1919 г. Аўтар кніжак паэзіі «Завіруха» (1922), «Босыя на вогнішчы» (паэма, 1922), «Выбраныя вершы» (1925), «Карчма», «Ленін», «Марына» (паэмы, усе ў 1926), «Беларусь лапцюжная» (паэма, 1927), «Чырванакрылы вяшчун» (паэма-фантазія, 1927), «Паэмы» (1928), «Сонечны паход» (1929), «У сонечным паходзе» (вершы і паэмы, 1986), «Выбраныя вершы і паэмы» (1935), Збору твораў у 3 тамах (1933-1936), у 2 тамах (1958), «Выбраныя вершы і паэма» (1967), «Выбранае» (1982).

Выдаў зборнік апавяданняў «Веснаход» (1924) і «Выбраныя апавяданні» (1926).

Апублікаваў п'есы «Мікітаў лапаць» (апублікавана і пастаўлена ў 1923), «Дажынкі» і аднаактоўку «Сон на балоце» (1924), дзіцячыя п'есы «Пастушкі. Данілка і Алеська» (Клімавічы, 1925). Напісаў музычную драму «На Купалле» (адноўлены тэкст апублікаваны ў 1982, пастаўлена ў 1921, кампазітар А.Туранкоў стварыў на тэкст п'есы оперу «Кветка шчасця»).

Па аповесці «Свінапас» стварыў з Ю.Тарычам сцэнарый першага мастацкага фільма «Лясная быль» (пастаўлены ў 1926).

Чарота Іван, нарадзіўся 16.09.1952 г. у вёсцы Лышчыкі Кобрынскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1974). Працаваў настаўнікам у Палецкішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна Гарадзенскай вобласці. З 1977 г. – выкладчык БДУ, з 1988 г. – дацэнт кафедры расейскай савецкай літаратуры. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1985 г.

У друку як крытык, літаратуразнавец і перакладчык выступае з 1978 г.

Сааўтар кнігі «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (з Г.Адамовіч, Л.Казырам, У.Сакалоўскім, 1988).

Перакладае з сербскахарвацкай, славенскай, македонскай, украінскай моў. У яго перакладзе выйшлі кнігі Б.Зупанчыча «Памінкі» (1983), Б.Нушыча «Аўтабіяграфія» (1985), Ё.Юрчыча «Як аднойчы казла судзілі» (1986), П.Воранца «Падарункі» (1986), Д.Янчара «Галернік» (1990), пераклаў п'есу Д.Янчара «Дэдал». Укладальнік, адзін з перакладчыкаў анталогіі «Сербская паэзія» (1989).

Чорны Кузьма (сапр. Раманоўскі Мікалай), нарадзіўся 24.06.1900 г. у маёнтку Боркі Слуцкага павета (цяпер Капыльскі раён Менскай вобласці) у сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1916-1919). У 1920-1922 гг. працаваў у валасным рэўкаме, у Слуцкім павятовым ваенкамаце, настаўнічаў. У 1923 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта (скончыў два курсы). У 1924-1928 гг. працаваў у газеце «Беларуская вёска». Сябра літаратурнага аб'яднання «Маладняк» (з 1923), старшыня «Узвышша» (1926-1931). У 1932-1937 гг. – галоўны літкансультант у кабінеце маладога аўтара пры СП БССР. 14.10.1938 г. быў арыштаваны. Каля 8 месяцаў адседзеў у менскай турме, а затым быў вызвалены. У гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве, працаваў у газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1941-1944), часопісе «Беларусь». Вярнуўся ў Менск. Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і партызанскім медалём. Памёр 22.11.1944 г.

У друку пачаў выступаць з 1921 г. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Апавяданні» (1925), «Срэбра жыцця» (1925), «Па дарозе» (1926), «Пачуцці» (1926), «Хвоі гавораць» (1926), «Вераснёвыя ночы» (1929), «Нянавісць» (1930), «Буры» (1930), «Два апавяданні» (1932), «Брыгадзіравы апавяданні» (1932), «Выбраныя апавяданні» (1932), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» (1941, апавяданні для дзяцей), «Вялікае сэрца» (1945), аповесцей «Лявон Бушмар» (1930), «Вясна» (1931), «Люба Лубянская» (1937), «Насцечка» (1941, апошняе выданне ў 1987), кніжак апавяданняў і аповесцей «Вераснёвыя ночы» (1984) і «Матчына благаславенне» (1984), раманаў «Зямля» (1928), «Бацькаўшчына» (1932), «Трэцяе пакаленне» (1935, апошняе выданне ў 1981), кніжкі фельетонаў «Кат у белай манішцы» (1942), нарыса «Герой Савецкага Саюза Ціхан Піменавіч Бумажкоў» (1943). Гумарыстычныя творы сабраны ў зборніку «Вяселле ў Скіп'ёўскім Пераброддзі» (1971). Выдадзены Выбраныя творы (1934, 1947), Зборы твораў у 6-ці (1954-1955, 1988-1991), у 8 тамах (1972-1975). У Зборы твораў увайшлі раманы «Сястра», «Ідзі, ідзі», «Трыццаць год», «Пошукі будучыні», аповесць «Скіп'ёўскі лес» і многія іншыя творы, якія асобнымі выданнямі да гэтага не публікаваліся (рукапісы раманаў «Судны дзень» і «Вялікае выгнанне» згарэлі пад час вайны ў Менску).

Выступаў і ў жанры драматургіі. Выйшлі п'есы «Бацькаўшчына» (1934, пастаўлена ў 1932), «Базылевічава сям'я» (1938), «Ірынка» (1947, пастаўлена ў 1941).

Пераклаў на беларускую мову аповесці А.Пушкіна «Трунар», «Станцыйны даглядчык», «Паненка-сялянка», «Дуброўскі», «Капітанская дачка» (у зборніку «А.Пушкін: Выбраныя творы», 1949), У.Караленкі «У благой кампаніі» (1930), П.Панчанка «Блакітныя эшалоны» (з Л.Калюгам, 1930), камедыю А.Астроўскага «Гарачае сэрца» (1937), аповесць Я.Гашака «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» (ч. 4, 1931), а таксама п'есы для тэатра «Рэвізор» М.Гогаля, «Апошнія» і «Варвары» М.Горкага, «Позняе каханне» А.Астроўскага і інш.

Чыгрын Іван, нарадзіўся 10.04.1931 г. у вёсцы Чамяры Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1955), працаваў настаўнікам у Дзераўноўскай сярэдняй школе Слонімскага раёна, завучам у Яварскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці (1955-1957), настаўнікам у Кракоцкай сярэдняй школе Слонімскага раёна (1957-1958). Вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (1958-1961). З 1961 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1988 г.

У друку выступае з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі з 1959 г. Аўтар кніжак «Станаўленне беларускай прозы і фальклор: Дакастрычніцкі перыяд» (1971), «Проза «Маладняка»: Дарогамі сцвярджэння» (1985), «Крокі: Проза «Узвышша» (1989). З'яўляецца сааўтарам кніжкі «Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці» (1978), аўтарам асобных раздзелаў «Истории белорусской советской литературы» (1977), «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1981).

Выступае ў друку з вершамі. Пераклаў паасобныя вершы Ф.Цютчава, У.Сыракомлі, Я.Лучыны. Склаў «Выбраныя творы» Ядвігіна Ш. (1976) і зборнік «Веснаход» (апавяданні «Маладняка», 1987).

Чыгрынаў Іван, нарадзіўся 21.12.1934 г. у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1972 г. скончыў Саматэвіцкую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1957) працаваў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва ў выдавецтве Акадэміі навук БССР. У 1965-1975 гг. – рэдактар аддзела публіцыстыкі і нарыса ў часопісе «Полымя». З 1975 г. намеснік старшыні, а з 1976 г. да 1986 г. – сакратар праўлення СП БССР. У 1987 г. абраны старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры. З 1989 г. – галоўны рэдактар часопіса «Спадчына». У 1978 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1986-1990), старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах (1988-1990). Сябра СП СССР з 1964 г.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалямі.

У рэспубліканскім друку дэбютаваў вершам у 1952 г., як празаік – у 1958 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), раманаў «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужыя» (1984), п'ес – «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1986), «Следчая справа Вашчылы» (1988), «Чалавек з мядзвежым тварам» (1988), «Звон – не малітва» (1988), «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989), «Ігракі» (1989), кнігі крытыкі і публіцыстыкі – «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983). У 1984 г. выйшлі Выбраныя творы ў 3 тамах.

Напісаў асобныя раздзелы манаграфіі «Н.Я.Никифоровский» (1960).

Адзін з аўтараў сцэнарыя шматсерыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць...» (пастаўлены ў 1973 г.).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Фадзеева (1979) за раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) як сааўтар сцэнарыя тэлефільма «Руіны страляюць...».

Чыквін Ян, нарадзіўся 18.05.1940 г. у вёсцы Дубічы-Царкоўныя Гайнаўскага павета Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сям'і настаўніка.

У 1959 г. скончыў агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім. У 1964 г. скончыў філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам у ліцэі ў Беластоку, адначасова быў лектарам расейскай мовы ў Інжынерскай вышэйшай школе. З 1969 г. – асістэнт філіяла Варшаўскага ўніверсітэта на гуманітарным факультэце ў Беластоку. З 1985 г. – дацэнт кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. З 1988 г. старшыня Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа». Доктар гуманітарных навук. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1970 г.

Узнагароджаны Залатым крыжам заслугі і медалямі.

Дэбютаваў у друку на беларускай мове ў 1957 г. вершам (газета «Ніва», Беласток). Піша на беларускай і польскай мовах. Аўтар зборнікаў вершаў «Іду» (Беласток, 1969), «Святая студня» (Беласток, 1970), «Неспакой» (Беласток, 1977), «Светлы міг» (Менск, 1989). У 1988 г. выйшла білінгуальнае выданне (на беларускай і польскай мовах) кнігі вершаў «Сонечная вязь» (Ольштын, 1988). У кнізе «На парозе свету» (Варшава, 1983) побач з перакладамі твораў паэта на польскую мову змешчаны вершы, напісаныя ім па-польску.

Працуе таксама як крытык і літаратуразнавец. Напісаў манаграфію «Афанасій Фет: Гісторыка-літаратурнае даследаванне» (Беласток, 1984). Склаў для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў анталогію «Русская поэзия. 1842-1895» (Варшава, 1984). Сааўтар падручніка беларускай мовы для 7 класа беларускіх школ «Крыніцы» (з Л.Раманюк, Варшава, 1990).

Пераклаў з польскай мовы на беларускую асобныя творы Я.Івашкевіча, Т.Ружэвіча, В.Шымборскай, Ч.Мілаша, С.Грахов'яка, С.Бараньчака і інш. На полькую мову пераклаў асобныя творы А.Разанава, Г.Марчука.

Чэрня Хведар, нарадзіўся 10.06.1939 г. у вёсцы Лінкі Валожынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Вішнеўскай сярэдняй школы (1957) працаваў загадчыкам Вішнеўскага сельскага клуба. Вучыўся ў тэхнічнай навучальні № 9 пры Менскім аўтазаводзе і працаваў фармоўшчыкам-ліцейшчыкам (1958). Служыў у Савецкай Арміі (1959-1961). Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1966) і Менскую вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ (1969). Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё (1966-1967), у выдавецтве «Беларусь» (1969-1971). У 1972-1983 гг. – старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1970 г.

Памёр 16.03.1983 г.

Выступаць у друку пачаў у 1955 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Добрай раніцы, людзі!» (1966), «Дабрэе свет» (вершы і паэма, 1968), «Размова з памяццю» (паэма, 1970), «Сады юнацтва» (вершы і паэмы, 1972), «Настрой» (19741, «Ваколіца» (1976), «Ажаніся, не журыся...» (гумарыстычныя вершы, 1979), «Святло рамонкаў» (1981), «На скрыжаваннях памяці» (вершы і паэмы, 1982), «Музыка дарог» (1984), кніжкі для дзяцей «Песня Сабіны» (паэма, 1971), «На сонечнай вуліцы» (1973).


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю