355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Гардзіцкі » Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 » Текст книги (страница 1)
Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
  • Текст добавлен: 26 марта 2017, 14:00

Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"


Автор книги: Аляксей Гардзіцкі


Жанр:

   

Справочники


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 37 страниц)

Аляксей Гардзіцкі
Беларускія пісьменнікі: 1917-1990

Беларускія пісьменнікі: 1917-1990. Менск: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X


А

Авечкін Аляксандар, нарадзіўся 22.06.1913 г. у горадзе Чудаве Ноўгарадскай вобласці (Расея) у сям'і служачага.

Працаваў рабочым на мясцовай запалкавай фабрыцы (1929-1931). Служыў у Савецкай Арміі (1931-1936), быў інструктарам чудаўскага аэраклуба. У час Вялікай Айчыннай вайны – лётчык, камандзір эскадрыллі. Скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1949), аддзяленне журналістыкі Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС (1960). Працаваў уласным карэспандэнтам газеты «Калгасная праўда» па Берасцейскай вобласці (1950-1955), загадчыкам аддзела культуры берасцейскай абласной газеты «Заря» (1955-1959), рэдактарам газеты «Красноярский пилот» (1959-1961), старшым рэдактарам берасцейскай абласной студыі тэлебачання (1963-1976). Сябра СП СССР з 1958 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 07.11.1980 г.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1949 г. Пісаў на расейскай мове. Аўтар аповесцей для дзяцей «Соломка» (1951), «Ошибка «Дикого зубра» (Краснаярск, 1960), «У Дивных гор» (1965), «Происшествия в конце каникул» (1982), зборнікаў прозы «Подвиг сигналиста» (1958), «Рассказы» (Краснаярск, 1961), «Особое заданне» (1979).

Агіевіч Уладзімір, нарадзіўся 26.09.1910 г. у вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Настаўнічаў у сельскай школе (1929-1933). Скончыў літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1937). Выкладаў у Слуцкай педагагічнай навучальні (1937-1939), вучыўся ў аспірантуры пры АН БССР (1937-1941). Некаторы час выкладаў гісторыю беларускай літаратуры ў вышэйшых навучальных установах Менска. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Быў паранены. У 1943-1946 гг. – вучоны сакратар аддзялення грамадскіх навук АН БССР. Працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў Менскім педагагічным інстытуце, літкансультантам у СП БССР, рэдактарам аддзела часопіса «Беларусь». Сябра СП СССР з 1946 г.

Памёр 02.10.1952 г.

Дэбютаваў вершамі ў 1928 г. Як крытык пачаў выступаць у 1941 г. Вылучаюцца яго артыкулы пра творчасць Я.Купалы і Я.Коласа, пра пасляваенную беларускую паэзію. Склаў падручнікі (разам з І.Кудраўцавым): «Кніга для чытання ў 2 класе школ рабочай і сельскай моладзі» (1952), «Кніга для чытання ў 3 класе школ рабочай і сельскай моладзі» (1952). Лепшыя крытычныя працы сабраны ў кнізе «Літаратура і жыццё» (1954).

На беларускую мову пераклаў аповесць М.Прыляжаевай «З табой таварышы» (1950).

Агняцвет Эдзі (сапр. Каган Эдзі), нарадзілася 11.10.1913 г. у горадзе Менску ў сям'і служачых.

Пасля заканчэння сямігодкі працавала на менскім заводзе «Камунар» (1930), год правучылася ў менскай будаўнічай прафтэхшколе. Скончыла крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута (1934). Завочна вучылася на педагагічным аддзяленні літфака педінстытута (1934-1936), працавала рэдактарам Беларускага радыё (1934-1938), кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР (1939), у аддзеле паэзіі часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1940-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны жыла ва Ўзбекістане. У 1945-1946 гг. працавала ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. Сябра СП СССР з 1937 г.

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Першыя вершы надрукавала ў 1929 г. Піша пераважна для дзяцей. Выдала зборнікі паэзіі «Маё пакаленне» (1935), «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Край мой родны» (1945), «Дарога ў будучыню» (1949), «Беларуская рабіна» (1959), «Лірыка» (1965), «Круглы год: Выбранае» (1966), «Жаданне» (1971), «Спадзяванне калыханак» (1983), «Закаханым» (1986), паэму «На беразе Волгі» (1940). Выйшлі кнігі паэзіі для дзяцей «Васількі» (1947), «Ля піянерскага кастра» (1952), «Твае таварышы» (1957), «Госць з далёкай зямлі» (1958), «Незвычайныя канікулы» (1962), «Першы ліст» (1966), «Падарожнік» (1969), «Піянерская гама» (1970), «Краіна маленства» (1975), «Мы сур'ёзныя, мы вясёлыя» (1976), «Доктар Смех» (1977), «Ад зярнятка да вясёлкі» (1981), «Хто пачынае дзень?» (1982), «На двары алімпіяда» (1984), «Буду настаўнікам» (1990), паэмы «Песня пра піянерскі сцяг» (1949), «Мы будзем сябраваць» (1955, дапрацаванае выданне ў 1979), кніга для чытання ў 4 класе «Роднае слова» (з Я.Івашуціч, 1989). У 1976 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Аўтар лібрэта опер для дзяцей «Джанат» (1962, ставілася ў 1944, 1947, 1974), «Марынка» (урыўкі ў 1958, пастаўлена ў 1956).

Пераклала на беларускую мову паасобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, У.Маякоўскага, М.Ушакова, Г.Ахматавай, В.Шэфнера, А.Барто, Л.Украінкі, М.Бажана, Я.Судрабкална, С.Карыма і інш., кнігу Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з А.Грачанікавым, 1985), зборнікі паэзіі для дзяцей Я.Османіса «Сабака з рагаткай» (1976), Г.Сулейманавай «Сорак косак» (1982), М.Джаліля «Я гляджу на зоры» (1985). З французскай мовы пераклала кнігі П.Ж.Беранжэ «Выбраныя песні» (1960), «Краіна Паэмія» (анталогія французскай паэзіі для дзяцей, 1962), А.Экзюперы «Маленькі прынц» (1969), Г.Апалінэра «Зямны акіян» (1973), П.Элюара «З табою» (1980).

У 1986 г. узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х.К.Андэрсена за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей «На двары алімпіяда».

Адамовіч Алесь, нарадзіўся 03.09.1927 г. у вёсцы Канюхі Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.

З 1928 г. сям'я пражывала ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна. У 1942 г. ён, вучань сярэдняй школы, – сувязны, з 1943 г. – баец партызанскага атрада імя Кірава Менскага злучэння. У 1944-1945 гг. – студэнт Ленінагорскага горна-металургічнага тэхнікума (Алтайскі край). У 1945-1950 гг. вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1953 г. скончыў аспірантуру пры ўніверсітэце і працаваў там жа на кафедры беларускай літаратуры. У 1954-1962 гг. і з 1967 г. – навуковы супрацоўнік, у 1976-1983 гг. – загадчык сектара літаратурных узаемасувязей Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1962-1966 гг. вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве, у 1964-1966 гг. выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным унівесітэце. З 1966 г. зноў працаваў у Інстытуце літаратуры. У 1982 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXXVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1987 г. – дырэктар навукова-даследчага Інстытута кінамастацтва ў Маскве. Народны дэпутат СССР (1989). Член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» і медалямі.

Як крытык і літаратуразнавец выступае ў друку з 1950 г. Піша на беларускай і расейскай мовах. Аўтар навуковых прац «Шлях да майстэрства: Станаўленне мастацкага стылю К.Чорнага» (1958), «Культура творчасці» (1959), «Беларускі раман» (1961), «Становленне жанра: Белорусский роман» (Масква, 1964), «Маштабнасць прозы» (1972), «Горизонты белорусской прозы» (Масква, 1974), «Здалёк і зблізку: Беларуская проза на літаратурнай планеце» (1976), «Кузьма Чорный: Уроки творчества» (Масква, 1977), «Лев Толстой и белорусская литература: Война и человек» (1978, даклад на VIII Міжнародны з'езд славістаў), «Літаратура, мы і час» (1979), «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1980), «О современной военной прозе» (Масква, 1981), «Война и деревня в современной литературе» (1982), альбома «Сказ пра Івана Мележа» (1984), брашуры «Литература и проблемы века» (Масква, 1986), кніг літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі «Выбери – жизнь» (1986), «Ничего важнее» (Масква, 1985), «Додумывать до конца» (Масква, 1988), «Отвоевались!» (Масква, 1990).

Выйшлі раман «Война под крышами» (1960), які разам з раманам «Сыновья уходят в бой» склалі дылогію «Партизаны» (1963, па сцэнарыю пісьменніка пастаўлена аднайменная кінадылогія, 1970), «Хатынская аповесць» (Масква, 1972; на беларускай мове ў 1976, інсцэніравана ў 1977), аповесці «Асия. Последний отпуск» (1975), «Каратели: Радость ножа, или Жизнеописание гипербореев» (1981), «Последняя пастораль» (часопіс «Новый мир», 1986). У 1985 г. на кінастудыі «Мосфильм» пастаўлены двухсерыйны мастацкі фільм «Иди и смотри» (сцэнарый А.Адамовіча і Э.Клімава, апублікаваны ў 1986, у аснову якога пакладзены «Хатынская аповесць» і «Каратели...»). Фільм заняў першае месца на Сусветным кінафестывалі ў Маскве (1985), узнагароджаны залатым прызам. У 1987 г. выйшла кніга апавяданняў і эсэ «Моление о будущем». Адзін з аўтараў дакументальных кніг «Я з вогненнай вёскі...» (з Я.Брылём, У.Калеснікам, 1975) і «Блокадной книги» (з Д.Граніным, Масква, 1979, 2-е, поўнае выданне, у перакладзе на беларускую мову ў 1985). У 1977 г. выйшаў Збор твораў у 2-х, у 1981-1983 гг. – у 4 тамах.

Лаўрэат прэміі Міністэрства абароны СССР (1974) і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1976) – за «Хатынскую аповесць».

Адамчык Вячаслаў, нарадзіўся 01.11.1933 г. у вёсцы Варакомшчына Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння сямігодкі (1949) працаваў грузчыкам на станцыі Наваельня і вучыўся ў вячэрняй школе. У 1952-1957 гг. займаўся на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у газетах «Знамя юности» (1957-1958), «За вяртанне на Радзіму» (1958-1960), рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1960-1962), рэдактарам аддзела публіцыстыкі часопіса «Полымя» (1962-1963). У 1965 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры СП СССР у Маскве. Быў літсупрацоўнікам часопіса «Неман» (1965-1967), загадчыкам рэдакцыі часопіса «Полымя» (1967-1969), рэдактарам аддзела прозы, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» (1969-1977), галоўным рэдактарам сцэнарнай майстэрні пры кінастудыі «Беларусьфільм» (1977-1980), намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1980-1982). З 1982 г. – галоўны рэдактар часопіса «Бярозка». Прымаў удзел у рабоце XXXVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1983). Сябра СП СССР з 1960 г.

Дэбютаваў вершамі ў 1952 г. У 1957 г. апублікаваў першае апавяданне. Аўтар зборнікаў прозы «Свой чалавек» (1958), «Млечны шлях» (1960), «Міг бліскавіцы» (1965), «Дзікі голуб» (1972), «Дзень ранняй восені» (1974), «Раяль з адламаным вечкам» (1990) і раманаў «Чужая бацькаўшчына» (1978, паводле рамана зняты мастацкі фільм, 1982 і тэлеспектакль, 1983), «Год нулявы» (1983), «І скажа той, хто народзіцца...» (1987). Напісаў сцэнарыі дакументальных фільмаў «Іван Мележ» (зняты ў 1977), «Валянцін Таўлай» (зняты ў 1978), «Дзядзька Якуб» (зняты ў 1981), п'есу «Раіса Грамычына» (1989).

Пераклаў кнігу балгарскіх народных казак «Незвычайны асілак» (1961), паасобныя творы М.Прышвіна, Ю.Казакова, С.Залыгіна і інш.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І.Мележа (1980, за раман «Чужая бацькаўшчына») і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1988, за раманы «Чужая бацькаўшчына», «Год нулявы», «І скажа той, хто народзіцца...»).

Аколава Валянціна, нарадзілася 25.07.1954 г. у вёсцы Мазуршчына Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Полацкай музычна-педагагічнай навучальні імя Ф.Скарыны працавала настаўніцай у Ветрынскай школе-інтэрнаце Полацкага раёна (1973-1977), метадыстам наваполацкага Палаца культуры нафтавікоў (1977), карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Знамя новостройки» трэста № 16 «Нафтабуд» (1977-1978), у рэдакцыі радыёвяшчання Наваполацкага вытворчага аб'яднання «Палімір» (1979-1980). У 1980 г. завочна скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1981-1986 гг. працавала ў выдавецтве «Юнацтва», у 1987-1988 гг. – літкансультантам газеты «Знамя юности». Сябра СП СССР з 1986 г.

Першыя вершы надрукавала ў 1968 г. (салігорская газета «Шахцёр»). Адзін з аўтараў паэтычнага зборніка «Сцяжына» (1983). Аўтар зборнікаў паэзіі «За тым лугам зеляненькім» (1987), «Вяртанне ў заўтра» (1990), «Я люблю сваю Белую Русь» (1990), а таксама паэмы-п'есы «Палачанка Інгрэна, альбо Вяртанне Скарыны» (1990). Паасобныя вершы пакладзены на музыку.

Выступае як перакладчык з расейскай, украінскай і славацкай моў.

Аксельрод Зэлік, нарадзіўся 30.12.1904 г. у горадзе Маладэчна ў сям'і саматужніка.

Вучыўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В.Брусава (1922-1925). Скончыў літаратурны факультэт Маскоўскага педагагічнага інстытута (1928). Працаваў у дзіцячым доме, рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, у Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. З 1931 па 1941 гг. – адказны сакратар жыдоўскага часопіса «Штэрн» («Зорка»). Арыштаваны органамі НКДБ 30.05.1941 г. У сувязі з пачаткам вайны следства не закончана. Крымінальная справа на яго спынена 07.06.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Расстраляны 26.06.1941 г.

Першыя вершы надрукаваны ў 1921 г. Пісаў на мове ідыш. Аўтар зборнікаў паэзіі «Трапятанне» (1922), «Вершы» (1932), «І зноў вершы» (1935), «Сам-насам» (1937), «Вершы» (1938), «Чырвонаармейскія вершы» (1939), «Вершы» (Нью-Ёрк, 1961), «Утренний свет» (Масква, 1963), «Вершы» (Масква, 1980).

Пераклаў на мову ідыш паэму М.Някрасава «Чыгунка», кнігу выбраных вершаў Я.Купалы (1936), паэму П.Броўкі «Прамова фактамі» (у кнізе «Паэзія БелАПП», 1931) і п'есу французскага драматурга Лябіша «Труадэк» (з Ізі Харыкам, пастаўлена Маскоўскім дзяржаўным жыдоўскім тэатрам).

Александровіч Андрэй, нарадзіўся 22.01.1906 г. у горадзе Менску ў сям'і рабочага.

Пасля заканчэння Менскага педагагічнага тэхнікума (1925) працаваў рэдактарам акруговай газеты «Наш працаўнік». Вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1925-1930), адначасова рэдагаваў часопіс «Малады араты». Адзін з арганізатараў літаратурнага аб'яднання «Маладняк». З 1932 г. – намеснік старшыні аргкамітэта, у 1934-1937 гг. – намеснік старшыні праўлення СП БССР. Прымаў удзел у падрыхтоўцы рэформы правапісу беларускай мовы (1933). Абіраўся сябрам ЦВК БССР. У 1938 г. быў рэпрэсіраваны. Тэрмін адбываў на Крайняй Поўначы, працаваў на будаўніцтве Нарыльскага металургічнага камбіната (1938-1947). З 1947 г. – літсупрацоўнік шматтыражнай газеты Менскага трактарнага завода, з 1948 г. – брыгадзір «Белтрактарабуда». У 1949-1955 гг. – у ссылцы ў Краснаярскім краі. Пасля рэабілітацыі (1955) жыў у Менску. Член-карэспандэнт АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памёр 06.01.1963 г.

Першы верш апублікаваў у 1921 г. Выйшлі зборнік вершаў «Камсамольская нота» (з А.Вольным, 1924), зборнік апавяданняў «Сутарэнне» (1925), а таксама раман «Ваўчаняты» (з А.Вольным і А.Дударом, 1925). Аўтар зборнікаў паэзіі «Па беларускім бруку» (1925), «Прозалаць» (1926), «Угрунь» (1927), «Фабрыка смерці» (1929), «Устаноўка» (1930), «Гудкі» (1930), «Вершы і паэмы» (1931), «Нараджэнне чалавека» (вершы і паэма, 1931), «Узброеныя песні» (1936), «Вершы» (1970), «Галубінае крыло» (1976), паэмы «Цені на сонцы» (1930), «Паэма імя Вызвалення» (1930), «Напор» (1933). Аўтар кніг для дзяцей «Рыбак» (1928), «Горад раніцой» (1930), «Калыханка» (1930), «Хлопчык і певень» (1930), «Як дзеці памагалі будаваць самалёт» (1931), «Шчаслівая дарога» (1935), «Казка пра пана Жываглота» (1935), «Падарунак дзеткам-малалеткам» (1936, 1973) і інш. Выйшлі Выбраныя творы (1934), «Выбранае» (1958), Збор твораў у 2 тамах (1981).

Пераклаў на беларускую мову «Інтэрнацыянал», паэму А.Пушкіна «Руслан і Людміла» (1938), шэраг твораў расейскіх, украінскіх, летувіскіх паэтаў і празаікаў.

Александровіч Сцяпан, нарадзіўся 15.12.1921 г. у гарадскім пасёлку Капыль Менскай вобласці ў сям'і рабочага.

У 1939 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і быў прызваны ў Чырвоную Армію. Скончыў універсітэт у 1950 г. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Наваельненскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна і ў Наваградку (1944-1953), у Менскім бібліятэчным тэхнікуме (1953-1958). У 1958-1963 гг. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры Імя Янкі Купалы АН БССР. З 1963 г. – дацэнт, з 1974 г. – прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1955 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені і медалямі.

Памёр 01.05.1986 г.

Літаратурную працу пачаў у 1946 г. з крытычных артыкулаў і краязнаўчых нарысаў. Выдаў кнігі нарысаў «Незабыўнымі сцежкамі» (1959; 2-е, дапоўненае выданне 1962), «Па слядах паэтычнай легенды» (1965), «Тут зямля такая» (1974), «Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі» (1975), зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў «Старонкі братняй дружбы» (1960), «Гісторыя і сучаснасць» (1968), «Кнігі і людзі» (1976), «Слова – багацце» (1981), манаграфію «Пуцявіны роднага слова» (1971). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964).

Аўтар аповесцей пра жыццё Якуба Коласа «Ад роднае зямлі...» (1962), «На шырокі прастор» (1972), «Крыжавыя дарогі» (1985), а таксама аповесці «Далёкія зарніцы» (1967).

Падрыхтаваў для выдання творчую спадчыну Ф.Багушэвіча («Творы», 1967), А.Паўловіча («Выбранае», 1975), Цёткі («Творы», 1976), К.Каганца («Творы», 1979).

Складальнік вучэбнага дапаможніка «Беларуская літаратура XIX – пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытычных матэрыялаў» (з В.Александровіч, 1978).

Алексіевіч Святлана, нарадзілася 31.05.1948 г. у горадзе Івана-Франкоўску (Украіна) у сям'і ваеннаслужачага.

Пасля заканчэння Капаткевіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна (1965) працавала выхавацелькай Асавецкай школы-інтэрната, а затым настаўніцай гісторыі і нямецкай мовы Белажэвіцкай сямігадовай школы Мазырскага раёна. У 1966 г. працавала ў нараўлянскай раённай газеце «Прыпяцкая праўда». У 1972 г. скончыла аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Накіравана ў бярозаўскую раённую газету «Маяк камунізма». У 1973-1976 гг. працавала ў рэспубліканскай «Сельской газете», у 1976-1984 гг. – загадчык аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса «Неман». Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1983 г.

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны».

Літаратурную дзейнасць пачала ў 1975 г. Піша на расейскай і беларускай мовах. У перыядычным друку выступае з нарысамі. Аўтар дакументальных кніг «У войны – не женское лицо» (1985), «Апошнія сведкі» (1985), «Цинковые мальчики» (часопіс «Дружба народов», 1990). Паводле кнігі «У войны – не женское лицо» напісала п'есу (пастаўлена ў 1985 г. у многіх тэатрах краіны і за мяжой) і сцэнарыі аднайменнага цыкла дакументальных фільмаў (1983, адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР у 1985 г. і «Сярэбраным голубам» на міжнародным кінафестывалі ў Лейпцыгу), дакументальных стужак «Бацькоўскі дом», «Партрэт з вяргіняй», «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» і інш. (усяго пятнаццаць фільмаў). Аўтар п'есы «Марутка» (пастаўлена ў 1988).

Лаўрэат літаратурных прэмій СП СССР імя М.Астроўскага (1984), імя К.Федзіна (1985) і прэміі Ленінскага камсамола (1986) за кнігі «У войны – не женское лицо» і «Апошнія сведкі».

Алешка Антон, нарадзіўся 01.02.1913 г. у вёсцы Балотчыцы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў у 1931 г. двухгадовыя педагагічныя курсы пры Слуцкім педагагічным тэхнікуме і да 1935 г. настаўнічаў у мястэчку Лапічы Асіповіцкага раёна. Скончыў Ваенна-медыцынскую акадэмію (1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны – на фронце, спачатку на Заходнім, а потым на 3-м Беларускім. Пасля вайны служыў ваенным лекарам у ваенна-паветраных сілах. Дэмабілізаваўся ў 1963 г. Жыў у Менску. Сябра СП СССР з 1951 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 13.09.1971 г.

Першыя апавяданні надрукаваў у 1932 г. У 1938-1939 гг. часопіс «Полымя» змясціў некалькі апавяданняў і аповесць «Маладосць». Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Раніца» (1949), «Іх першых вітае сонца» (1957), «Пяць сутак» (1959), «Над намі мільён вышыні» (1965), раман «Дарогі без слядоў» (1969), «Неба на замку» (выбранае, 1974, 1984).

Аляксееў Мікалай, нарадзіўся 17.12.1898 г. у горадзе Пецярбургу (Расея) у сям'і дворніка.

Рана асірацеў, у дзесяць гадоў стаў вучнем, падручным, потым працаваў электраманцёрам у тэхнічных канторах Пецярбурга, на трыкатажнай фабрыцы «Керстэн» і Абухаўскім заводзе. У жніўні 1915 г. прызваны ў армію. На Заходнім фронце быў паранены. Прымаў удзел у Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыях і грамадзянскай вайне. У 1918-1958 гг. у Савецкай Арміі. Генерал-маёр інжынерных войск (1942). Скончыў Акадэмічныя курсы вышэйшага каманднага саставу пры Ваенна-інжынернай акадэміі (1935). Удзельнічаў у баях на Хасане. У час Вялікай Айчыннай вайны – начальнік аддзела кадраў Заходняга і 3-га Беларускага франтоў. Пасля звальнення ў запас з пасады начальніка Далёкаўсходняй сувораўскай навучальні (1958) жыў у Менску. Сябра СП СССР з 1947 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, пяццю ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кутузава II ступені, Айчыннай вайны I і II ступеняў, «Знак Пашаны», крыжам Грунвальда III класа і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980).

Памёр 12.08.1985 г.

Выступаў у друку з 1939 г. Пісаў на расейскай мове. Аўтар раманаў «Яков Железнов» (Масква, 1946), «испытание» (Курск, 1957), «По зову сердца» (1974), аповесцей «Вот так-то, Николай!» (зборнік «Людй высокого долга», 1964), «Сухарь» (1971), дакументальнай кнігі «Навстречу Победе» (з Н.І.Крыловым і I.Г.Драганом, Масква, 1970) і дакументальнай аповесці «Осколком оборванная жизнь» (Масква, 1978). Напісаў п'есу «Сестра Варвара» (пастаўлена ў 1960).

Аляхновіч Мікола, нарадзіўся 21.04.1903 г. у горадзе Барысаве Менскай вобласці ў сям'і служачага.

У 1920 г. скончыў восем класаў Барысаўскай мужчынскай гімназіі. Прымаў удзел у барацьбе з замежнымі інтэрвентамі на тэрыторыі Беларусі. Вучыўся на медыцынскім факультэце (1921-1924), а ў 1930 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, настаўнічаў (1925-1930). У 1925-1927 гг. – кіраўнік Барысаўскай філіі «Маладняка». у 1930-1932 гг. – аспірант, у 1932-1934 гг. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. Адначасова працаваў выкладчыкам Менскага вышэйшага педінстытута (1933-1936). У 1936 г. быў рэпрэсіраваны. Адбываў ссылку на Калыме (1938-1942). На пасяленні ў Іркуцкай і Карагандзінскай абласцях працаваў лекарам. У 1957 г. рэабілітаваны. Жыў у Ленінградзе.

Памёр 09.04.1959 г.

Друкавацца пачаў у 1919 г., як крытык выступаў з 1926 г. Аўтар артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць А.Александровіча, М.Багдановіча, М.Зарэцкага, Я.Коласа, Р.Мурашкі, П.Труса, Я.Скрыгана, А.Пушкіна, М.Горкага і інш.

Аляхновіч Францішак, нарадзіўся 09.03.1883 г. у горадзе Вільні ў сям'і музыканта.

Вучыўся ў віленскай гімназіі, хіміка-тэхнічнай школе, Драматычнай школе (Кракаў), школе Музычнага таварыства (Варшава). З 1904 г. ездзіў па Польшчы з вандроўнай тэатральнай трупай. У 1908 г. вярнуўся ў Вільню, працаваў рэпарцёрам у польскіх газетах. Выдаваў гумарыстычны часопіс «Пэркунас», у якім змясціў антыцарскі артыкул. Быў прыцягнуты да адказнасці, але ўцёк у Галіцыю, дзе іграў у розных тэатрах. У 1913 г. (пасля амністыі з нагоды святкавання 300-лецця дома Раманавых) вярнуўся ў Вільню. Але за антырэлігійны выпад у тым жа артыкуле быў прыгавораны да года турэмнага зняволення. Выйшаўшы на волю, працаваў мулярам, пажарным, настаўнікам, наладжваў тэатральныя прадстаўленні. У 1918 г. прабраўся праз лінію фронту ў Менск. У 1919-1920 гг. – дырэктар і галоўны рэжысёр менскага «Беларускага тэатра». З 1920 г. жыў у Вільні. У 1921-1923 гг. рэдагаваў газету «Беларускі звон». У 1926 г. нелегальна перайшоў у БССР і хутка быў арыштаваны і сасланы на 10 год на Салавецкія астравы. У 1933 г. быў абменены ўладамі на заходнебеларускага палітвязня Б.Тарашкевіча. Вярнуўся ў Вільню, выступаў у польскай газеце «Слова» з артыкуламі аб беларускім тэатры і драматургіі.

У час фашысцкай акупацыі рэдагаваў калабарацыянісцкі тыднёвік «Беларускі голас» (1942-1944).

3.03.1944 г. забіты невядомымі на кватэры ў Вільні.

У друку пачаў выступаць з 1917 г. (газета «Гоман»). Драматург, празаік, паэт, публіцыст. Супрацоўнічаў таксама ў газетах і часопісах «Беларускае жыццё», «Грамадзянін», «Рунь». Асобнымі выданнямі выйшлі п'есы «Калісь», «На вёсцы», «Страхі жыцця» (усе – Вільня, 1919, апошняя пастаўлена ў 1918), «Цені» (1920, пастаўлена ў 1919), «Заручыны Паўлінкі» (Вільня, 1921, пастаўлена ў 1918), «Няскончаная драма» (Вільня, 1922), «Птушка шчасця» (пастаўлена ў 1920), «Шчаслівы муж» (Вільня, 1922), «Пан міністар» (Вільня, 1924), «Дрыгва» (Вільня, 1925), казка ў 1 акце для дзяцей «У лясным гушчары» (Рыга, 1932, пастаўлена ў 1917). У зборніках, перыядычным друку апублікаваны п'есы, драматычныя абразкі «Манька», «Чорт і баба» (пастаўлена ў 1918), «Базылішк», «Перад святам», «На Антокалі» (усе ў 1918), «Дзядзька Якуб», «На вёсцы» (абедзве ў 1919), «Лес шуміць» (1920), «Бутрым Няміра» (1918, пастаўлена ў 1918), «Круці ні круці, а трэба памярці» (пастаўлена ў 1943). Напісаў аповесці «Пісьмы да яе» (газета «Гоман», 1918), «Страшны суд» (часопіс «Новы шлях», 1944). Даследаванне «Беларускі тэатр» (Вільня, 1924), кнігу ўспамінаў «У кіпцюрох ГПУ» (Вільня, 1937).

Андраюк Серафім, нарадзіўся 10.03.1933 г. у вёсцы Градзялі Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям'і.

У 1945 г. разам з бацькамі пераехаў у вёску Бербашы Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці. Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1957). Працаваў выкладчыкам у Крываносаўскай сярэдняй школе Старадарожскага раёна Менскай вобласці. У 1965 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1966-1981 гг. – навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. З 1981 г. – галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1972 г.

Выступае ў друку як крытык і літаратуразнавец з 1964 г. Выдаў манаграфіі «Жыццё. Літаратура. Героі» (1973), «Традыцыі і сучаснасць» (1981), зборнікі крытычных артыкулаў «Вывяраючы жыццём» (1976), «Жыць чалавекам» (1983), нарыс творчасці І.Пташнікава «Чалавек на зямлі» (1988). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1984, за кнігу «Жыць чалавекам»).

Анісковіч Уладзімір, нарадзіўся 25.10.1932 г. у вёсцы Гасцілавічы Лагойскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў рамесную навучальню ў Менску (1950). Працаваў токарам і наладчыкам на Менскім трактарным заводзе (1950-1958). Служыў на Балтыйскім ваенна-марскім флоце (1952-1956), пасля працаваў вадзіцелем тралейбуса ў Менску (1958-1969). Скончыў завочна факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё (1969-1971). У 1971-1975 гг. – літсупрацоўнік аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Неман», у 1975-1982 гг. – загадчык аддзела крытыкі і бібліяграфіі газеты «Літаратура і мастацтва», у 1982-1984 гг. – супрацоўнік часопіса «Родная прырода». З 1985 г. – рэдактар выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1979 г.

Узнагароджаны медалём.

У 1965 г. апублікаваў першы нарыс. Пераклаў з балгарскай мовы на беларускую раманы І.Давыдкава «Белы конь за акном» (1981) і А.Гуляшкі «Вандроўнік блукае па свеце» (1988), аповесці С.Страціева «Кароткае сонца» («Далягляды», 1979), Г.Мішава «Зроблена ў правінцыі» («Далягляды», 1981), П.Вежынава «Вышэй за ўсё» і «Бар'ер» (1983), П.Незнакомава «Таямнічы карабель» (зборнік «Такая любоў», 1987), паасобныя творы іншых аўтараў. Выйшлі таксама ў перакладзе з балгарскай мовы творы для дзяцей «Жыў-быў хлопчык» А.Стаянава (1970), «Незвычайныя прыгоды Ліска» Б.Апрылава (1977), «Цмок» Н.Хайтава (1978), «Неверагодныя прыгоды Жыўкі» М.Лакатніка (1981), «Маленькі вадалаз» Д.Цончава (1982), «Мы, верабейкі» І.Радзічкава (1983), «Пан Трымай Мой Парасон» І.Мілева (1986).

Аношкін Іван, нарадзіўся 21.01.1928 г. у вёсцы Антонаўка Чавускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Суражскую педагагічную навучальню Бранскай вобласці (1947). Працаваў выхавацелем Далісіцкага дзіцячага дома на Браншчыне, адказным сакратаром рэдакцыі суражскай раённай газеты «Маяк коммуны». У 1948 г. пераехаў на Берасцейшчыну, дзе працаваў загадчыкам Мышчыцкай пачатковай школы Жабінкаўскага раёна, адказным сакратаром рэдакцыі жабінкаўскай раённай газеты «Ленинский путь», карэспандэнтам абласной газеты «Заря». У 1956 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, у 1964 г. – завочна гістарычны факультэт Магілеўскага педінстытута. Рэдагаваў чэрыкаўскую раённую газету «Сацыялістычная перамога». З 1959 г. – літсупрацоўнік, з 1968 г. – загадчык аддзела абласной газеты «Магілёўская праўда», а з 1981 г. – сакратар Магілеўскага абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1965 г.

Узнагароджаны медалём.

Літаратурнай працай займаецца з 1951 г. Першую кніжку апавяданняў і гумарэсак «Лішні мінус» выдаў у 1959 г. Затым выйшлі зборнікі аповесцей і апавяданняў «Старыя знаёмыя» (1963), «Брантазаўр» (1973), «Компас паказвае на захад» (1976), «Землякі» (1979), «Херувім з чорнымі крыламі» (апавяданні і гумарэскі, 1984), «Курам не да смеху» (апавяданні і гумарэскі, 1985), «Чырвоная каліна стаяла...» (1985). Аўтар кніг для дзяцей «Навічок» (1966), «Алёнчын сакрэт» (1969), «Антонаў ясень» (1981).

Арабей Лідзія, нарадзілася 27.06.1925 г. у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.

У час Вялікай Айчыннай вайны жыла ў Шчучыне Гарадзенскай вобласці (1942-1944). Пасля вызвалення (1944) – супрацоўнік рэдакцыі шчучынскай раённай газеты «Чырвоны сцяг». З 1945 г. жыве ў Менску. Працавала ў часопісе «Вожык», у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», настаўнічала. У 1951 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1954 г. – аспірантуру пры Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР. Была старшым рэдактарам выдавецтва «Беларусь» (1955-1967), літсупрацоўнікам часопіса «Полымя» (1967-1974). Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1958 г.

Літаратурную працу пачала ў 1945 г. Выступае як празаік, крытык, літаратуразнавец. У 1956 г. выдала даследаванне «Цётка (Алаіза Пашкевіч)», у 1959 г. – крытыка-біяграфічны нарыс «Хвядос Шынклер». Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Мера часу» (1962), «Экзамен» (1963), «Ларыса» (1964), «Ваўчкі» (1972), «Сярод ночы» (1968), «На другой зіме вайны» (1968), «Мне трэба ехаць» (1974), «Паласа дажджу» (1984), «Пошукі кахання» (1987), дакументальных аповесцей пра Цётку «На струнах буры» (1967) і «Стану песняй» (1977), раманаў «Іскры ў папялішчы» (1970) і «Сузор'е Вялікай Мядзведзіцы» (1980), кнігі сатыры і гумару «Кватэра № З» (1961). Выдала зборнікі апавяданняў для дзяцей «Калібры» (1960), «Ісці ў разведку» (1989) і аповесць «Сіні бор» (1972). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1985).


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю