Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"
Автор книги: Аляксей Гардзіцкі
Жанр:
Справочники
сообщить о нарушении
Текущая страница: 30 (всего у книги 37 страниц)
Сурначоў Мікола, нарадзіўся ў снежні 1917 г. у вёсцы Слабада Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Гомельскага сельскагаспадарчага тэхнікума працаваў аграномам на Рагачоўшчыне. Потым перайшоў у раённую газету «Камунар». У 1937-1939 гг. вучыўся на літаратурным факультэце Гомельскага педагагічнага інстытута. У 1939 г. перавёўся ў Менскі педагагічны інстытут. Вучобу сумяшчаў з працай у рэспубліканскіх газетах «Звязда» (1939-1940) і «Чырвоная змена» (1940-1941). З 1941 г. – у Савецкай Арміі, удзельнічаў у абароне Каўказа, у вызваленні Беларусі, Украіны, Румыніі, Польшчы.
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.
Загінуў 20.04.1945 г. пад Берлінам.
Друкавацца пачаў у 1933 г. (рагачоўская раённая газета «Камунар»). Выйшлі зборнікі паэзіі «На сурмах баравых» (1946), «Барвовая зара» (1959), кніга вершаў, лістоў і ўспамінаў «Акопны спеў» (1986). Выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.
Сурская Вера, нарадзілася 15.04.1899 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і інжынера.
Пасля заканчэння жаночай гімназіі (1916) вучылася ў мастацкай студыі І.Машкова і музычнай навучальні Селіванавых. Была артысткай у тэатрах Сочы, Сухумі, Батумі, Тбілісі (1917-1926), мастаком-карыкатурыстам і літсупрацоўнікам у газетах (Тбілісі). Скончыла Грузінскую акадэмію мастацтваў (1928). У 1945 г. працавала карэспандэнтам газеты Закаўказскай ваеннай акругі «Боец РККА». З восені 1945 г. жыла ў Берасці, працавала педагогам у абласным Палацы піянераў, стварыла першы ў Беларусі дзіцячы тэатр лялек, дзе была драматургам, мастаком і рэжысёрам. Сябра СП СССР з 1952 г.
Памерла 19.05.1952 г.
Выступаць у друку пачала ў 1937 г. (газета «Заря Востока»), у беларускім друку з 1946 г. Пісала на расейскай мове. У Тбілісі выйшлі кніжкі вершаў для дзяцей «Про Мишек» (1939), «Бобкин зуб» (1940), «Будь смелым», «Налёт», «Встреча», «И я помогаю» (усе ў 1943), «Я не так уж мал» (1944), у Менску – «Пионерское лето» (1950), «Звёздный поход» (1954) і зборнік казак «Новый дом» (1966). Аўтар шэрагу інсцэніровак і п'ес для дзяцей («Мороз-Снеговик», «Про лентяя» і інш.). Пераклала на расейскую мову асобныя творы азербайджанскіх, армянскіх і грузінскіх паэтаў.
Сушко Павал, нарадзіўся 20.11.1909 г. у вёсцы Сушкі Міёрскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Перад кайзераўскай акупацыяй разам з маці і старэйшым братам падаўся ў бежанцы. Вярнуўшыся дадому, працаваў на сельскай гаспадарцы і адначасова займаўся самаадукацыяй. Быў на вайсковай службе ў Вільні (1930-1931). Пасля ўз'яднання Беларусі (1939) стаў старшынёй мясцовага сельсавета. У Вялікую Айчынную вайну – спачатку ў падпольным атрадзе «Масква», потым у 4-й Беларускай партызанскай брыгадзе. Мабілізаваны як нестраявы на працоўны фронт, з восені 1944 да вясны 1947 г. працаваў на адной з шахт Чарамхоўскага вугальнага басейна ў Сібіры. Адпушчаны па стану здароўя, працаваў будаўніком, печніком, кіраваў паляводчай брыгадай у калгасе «Баявы партызан».
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 26.09.1974 г.
Друкавацца пачаў у 1938 г. у заходнебеларускіх выданнях. Творы змешчаны ў калектыўных зборніках «Сцягі і паходні» (1965), «Партызаны, партызаны...» (1985), «У паходзе» (1985), «Ростані волі» (1990).
Сушко Пятро, нарадзіўся 01.01.1937 г. у вёсцы Сушкі Міёрскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і паэта-селяніна.
Пасля заканчэння Міёрскай сярэдняй школы (1956) працаваў выхавацелем у Аляксандраўскім дзіцячым доме. У 1959-1961 гг. служыў у Савецкай Арміі. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1966), працаваў загадчыкам аддзела міёрскай раённай газеты «Сцяг працы» (1966-1967), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Віцебскі рабочы» (1968-1969), літсупрацоўнікам газет у Менску «На страже Октября» (1969-1970) і «Звязда» (1970-1973), рэдактарам аддзела літаратуры часопіса «Вожык» (1973-1980), адказным сакратаром штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1980-1987). З 1989 г. – старшы рэдактар выдавецтва «Полымя». Сябра СП СССР з 1984 г.
Узнагароджаны медалём.
Першы верш надрукаваны ў 1954 г. (міёрская раённая газета «Сцяг працы»). Аўтар зборнікаў баек і мініяцюр «Ганарлівы сучок» (пад псеўданімам Цімох Дзераза, 1975), лірыкі «Пратока» (1976), вершаваных фельетонаў і гумарыстычных вершаў «Восці напагатоў» (1978), пародый і эпіграм «Парнаская кузня» (1981), кніжак для дзяцей «Вясёлы Бай» (1980), «Чмялёва гушкалка» (1986), «Ехаў кот у лес па дровы» (1990).
Перакладае з польскай і ўкраінскай моў. Пераклаў асобныя творы В.Брудзінскага, Т.Паляноўскага, Ю.Кругляка, І.Неміровіча, П.Рабра і інш.
Сыс Анатоль, нарадзіўся 26.10.1959 г. у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1982 г. скончыў аддзяленне расейскай і беларускай мовы і літаратуры гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1982-1984 гг. служыў у Савецкай Арміі, потым працаваў карэспандэнтам веткаўскай раённай газеты «Перамога Кастрычніка». З 1985 г. – старшы тэхнік на Рэспубліканскім радыётэлецэнтры. Сябра СП СССР з 1988 г.
У друку выступае з вершамі з 1974 г. (рэчыцкая раённая газета «Дняпровец»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Агмень» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1988) і «Пан Лес» (1989).
Сяднёў Масей, нарадзіўся 01.09.1915 г. у вёсцы Мокрае Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Саматэвіцкай сямігодкі вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме (1930-1932). У 1933 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута, але на апошнім курсе (кастрычнік 1936) быў арыштаваны. Высланы на Калыму, дзе адбыў 5 год у лагерах. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны прывезены ў Менск на перагляд справы, пад час акупацыі апынуўся на волі. Жыў у вёсцы Мокрае. У 1943 г. выехаў у Беласток, затым у Берлін. Спачатку жыў у Германіі, настаўнічаў у беларускай гімназіі ў Міхельсдорфе, у 1950 г. перасяліўся ў ЗША, дзе выкладаў расейскую мову ў адным з універсітэтаў штата Індыяна. У 1969-1983 гг. працаваў на радыёстанцыі «Свабода» (Мюнхен, ФРГ). Жыве ў горадзе Глен-Коў (ЗША).
З першымі вершамі і апавяданнем выступіў у друку ў 1933 г. (часопіс «Работніца і калгасніца Беларусі», газета «Чырвоная змена»). Змяшчаў творы ў часопісе «Полымя рэвалюцыі», газетах «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», альманаху «Аднагодкі» (1936). У час вайны – у акупацыйных выданнях: часопісе «Новы шлях», газетах «Раніца», «Новая дарога», «Беларускі работнік» і інш. У Беластоку быў падрыхтаваны зборнік вершаў «Ад сына твайго, Беларусь» (меўся выйсці ў Кёнігсбергу, але згарэў там пад час пажару). Аўтар кніг паэзіі «У акіяне начы» (Рэгенсбург, 1946), «На край света» (Міхельсдорф, 1947), «Спадзяванні» (Рэгенсбург, 1947), «Цень Янкі Купалы» (Ватэнштат, 1947), «Ля ціхай брамы» (Нью-Ёрк, 1958), «Патушаныя зоры» (Мюнхен – Нью-Ёрк, 1975), «Ачышчэнне агнём» (Глен-Коў – Нью-Ёрк, 1985), «А часу больш, чым вечнасць» (Глен-Коў – Нью-Ёрк, 1989), раманаў «Раман Корзюк» (Нью-Ёрк, 1985), «І той дзень надышоў» (Глен-Коў – Нью-Ёрк, 1987). Напісаў успаміны пра Янку Купалу і Якуба Коласа (калектыўны зборнік «Янка Купала і Якуб Колас», Нью-Ёрк, 1982).
У 1989-1990 гг. газеты «Знамя юности», «Літаратура і мастацтва», часопісы «Маладосць», «Крыніца» змясцілі яго падборкі вершаў.
На беларускую мову пераклаў асобныя творы І.В.Гётэ, «Плач Яраслаўны» («Слова аб палку Ігаравым») і інш.
Сямашка Мікола, нарадзіўся ў 1914 г. у вёсцы Барылы (пазней злілася з вёскай Катушанкі) Полацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння сямігодкі працаваў у ветрынскай раённай газеце. У 1939 г. мабілізаваны ў Савецкую Армію, удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны – на фронце.
Загінуў у 1941 г. пры абароне Воршы.
Першы верш апублікаваў у 1926 г. (газета «Чырвоная Полаччына»). Аўтар зборніка паэзіі «Шчырасць» (1939). Паасобныя вершы друкаваліся ў зборніках «Мы іх не забудзем» (1949) і «Крывёю сэрца» (1967).
Сямашка Сцяпан, нарадзіўся 27.07.1898 г. у вёсцы Барылы (пазней злілася з вёскай Катушанкі) Полацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1920 г. пайшоў у Чырвоную Армію, удзельнічаў у грамадзянскай вайне. У 1921-1926 гг. – на партыйнай і савецкай рабоце ў Полацку. У 1926-1929 гг. працаваў рэдактарам акруговай газеты «Чырвоная Полаччына», потым – у часопісе «Шляхі калектывізацыі», у газеце «Звязда». Вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Менску (1932). У гады Вялікай Айчыннай вайны – палітработнік у Савецкай Арміі. У 1945-1946 гг. – адказны сакратар камісіі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, з 1947 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 23.09.1965 г.
Першы празаічны твор надрукаваў у 1925 г. У 1927 г. у газеце «Чырвоная Полаччына» апублікаваў некалькі ўрыўкаў з аповесці «Пад панскай няволяй». Аўтар кнігі апавяданняў «Пералом» (1932).
Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна.
Сямёнава Ала (таксама Сямёнава Альбіна), нарадзілася 09.08.1938 г. у сяле Бальшарэцкае Бальшарэцкага раёна Камчацкай вобласці ў сям'і служачых.
У 1944 г. сям'я вярнулася на радзіму ў Наваградак. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960) працавала рэдактарам і старшым рэдактарам выдавецтва «Навука і тэхніка». У 1968-1972 гг. літсупрацоўнік у прэс-бюлетэні «Служба быту Беларусі», у 1972-1986 гг. – рэдактар, старшы рэдактар рэдакцыі крытыкі, літаратуразнаўства і драматургіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1986 г. – літсупрацоўнік, з 1987 г, – рэдактар аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1982 г.
Узнагароджана медалём.
З рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі і эсэ выступае з 1966 г. Аўтар кніг «Гарачы след таленту» (1979), «Слова сапраўднага лад» (1986).
Сяркоў Іван, нарадзіўся 04.01.1929 г. у вёсцы Пакалюбічы Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
З 1948 г. служыў у Савецкай Арміі. Скончыў артылерыйскую навучальню (1952). Пасля дэмабілізацыі (1955) працаваў у гомельскай раённай газеце «Маяк». Завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1962). З 1960 г. – старшы рэдактар, у 1961-1989 гг. – галоўны рэдактар Гомельскай абласной студыі тэлебачання, з 1977 г. адначасова сакратар Гомельскага абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1970 г.
Узнагароджаны медалём.
Літаратурную працу пачаў у 1962 г. з вершаваных гумарэсак і кароткіх гумарыстычных апавяданняў (часопіс «Вожык»). Аўтар аповесцей «Мы з Санькам у тыле ворага» (1968), «Мы – хлопцы жывучыя» (1970), «Мы з Санькам – артылерысты...» (1989).
Напісаў сцэнарый тэлевізійнага мастацкага фільма «Мы – хлопцы жывучыя» (пастаўлены ў 1974).
Т
Талалай Леў, нарадзіўся ў 1906 г. на Магілеўшчыне.
У 1925-1926 гг. працаваў настаўнікам Вендарожскай пачатковай школы Магілеўскага раёна, у 1926-1928 гг. вучыўся ў Віцебскім педагагічным тэхнікуме. Быў прызваны ў Савецкую Армію. З 1932 г. – супрацоўнік жыдоўскай газеты «Юнгер арбайтэр» («Малады рабочы»). У 1936-1941 гг. выкладаў расейскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў Менску. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны – у арміі.
Загінуў у 1942 г. на фронце.
Першы верш апублікаваў у 1924 г. Пісаў на мове ідыш. Аўтар зборнікаў «Мой першы сноп» (1932) і «На маршы» (1940). Асобныя творы апублікаваны ў перакладзе на беларускую мову ў зборніку «Мы іх не забудзем» (1949).
Танк Максім (сапр. Скурко Яўген), нарадзіўся 17.09.1912 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў пачатковую польскую школу, вучыўся ў Вілейскай расейскай і ў Радашковіцкай беларускай гімназіях, з апошняй быў выключаны за ўдзел у школьнай забастоўцы. Потым вучыўся ў віленскіх беларускай, расейскай гімназіях. У 1927 г. уступіў у камсамол і пачаў актыўна ўдзельнічаць у падпольным руху. Працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі (1932-1933), вёў рэвалюцыйную дзейнасць на Віленшчыне і Наваградчыне. З траўня 1933 да траўня 1934 г. і з верасня да снежня 1934 г. сядзеў у віленскай турме «Лукішкі». Працаваў у легальным і падпольным камуністычным друку. Пасля далучэння Заходняй Беларусі быў супрацоўнікам абласной газеты «Вілейскай праўда» (1939-1940). У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у газеце «За Савецкую Беларусь» (Бранскі фронт), у агітплакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1945-1948 гг. – літаратурны рэдактар часопіса «Вожык», у 1948-1966 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Полымя», з 1966 г. – першы сакратар, а ў 1971-1990 гг. – старшыня праўлення СП БССР. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1969-1989) і БССР (1947-1971), сакратар праўлення СП СССР (з 1966), сябра Савецкага камітэта абароны міру, старшыня Беларускага аддзялення савецка-польскай дружбы (з 1958 г.). Старшыня Вярхоўнага Савета БССР VI-VII скліканняў. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1940 г.
Герой Сацыялістычнай Працы (1974). Ганаровы грамадзянін г. Менска (1987). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыйнай вайны II ступені, Дружбы народаў і медалямі, а таксама афіцэрскім крыжам Адраджэння Польшчы, ордэнамі Заслугі ПНР.
Народны паэт БССР (1968).
Памёр 07.08.1995 г.
Друкавацца пачаў у 1932 г. у часопісе «Пралом» (выдаваў з паэтам Я.Гарохам), «Часопісе для ўсіх», газетах-аднадзёнках «На пераломе» і «Беларускае жыццё» (апошняя выдадзена ў Львове, у ёй змешчаны першы, падпісаны псеўданімам Максім Танк, верш «Заштрайкавалі гіганты-коміны»). Першыя кніжкі паэзіі выдаў у Вільні: «На этапах» (1936, факсімільнае ў 1983, Менск), «Журавінавы цвет» (1937), «Пад мачтай» (1938), паэма «Нарач» (1937). У Менску выдадзены «Выбраныя вершы» (1940), рукапіс наступнага зборніка і сцэнарыя «Бура над Нараччу» загінулі ў час вайны, «Янук Сяліба» (паэма, 1943), «Вастрыце зброю» (вершы і паэмы, 1945), «Праз вогненны небасхіл» (1945), «Выбраныя вершы» (1947), «Вершы» (1947, 1948), «Каб ведалі» (1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «Выбраныя творы» (1952, 1954), «У дарозе» (1954), «След бліскавіцы» (1957), «Мой хлеб надзённы» (1962), «Лірыка» (1963), «Глыток вады» (1964), «Селядцы з вершамі» (гумар, 1966), «Вершы» (1967), «Ключ жураўліны» (1972), «Хай будзе святло» (1972), «Дарога, закалыханая жытам» (1976), «Вершы» (1979), «Прайсці праз вернасць» (1979), «Лірыка» (1982), «За маім сталом» (1984), «Лірыка» (1987), «Дарога і хлеб» (1988), «Збор калосся: Вершы 1983-1988» (1989), «Паслухайце, вясна ідзе» (1990). Для дзяцей напісаў кніжкі вершаў «Галінка і верабей» (1946), «Кніжка пра мядзведзя» (1947), «Вершы» (1948), «Урачыстае абяцанне» (1949), «Сярод лясоў наднёманскіх» (1951, 1987), кніжкі казак «Ехаў казачнік Бай» (1955, 1984), «Конь і леў» (1955), «Казкі. Легенды» (1960), «Светлячок» (1970), «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні» (1979). Аўтар кнігі-дзённіка «Лісткі календара» (1970). У 1958 г. выйшаў Збор твораў у 2-х, у 1966-1967 гг. – у 4-х, у 1978-1981 гг. – у 6 тамах.
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, П.Тычыны, М.Рыльскага, А.Венцлавы, Я.Судрабкална, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, Ю.Тувіма, У.Бранеўскага, Р.Дабравольскага, Т.Ружэвіча, А.Германава і інш.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1948) за зборнік паэзіі «Каб ведалі», Літаратурнай прэміі Янкі Купалы (1959) за зборнік «След бліскавіцы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1966) за зборнік «Мой хлеб надзённы», Ленінскай прэміі (1978) за зборнік «Нарочанские сосны» (Масква, 1977), Літаратурнай прэміі імя А.Фадзеева (1980) за кнігу «Прайсці праз вернасць». Атрымаў у Польшчы прэмію аўтарскага аб'яднання «ЗАІКС» (1971) за пераклады твораў польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі.
Тарас Валянцін, нарадзіўся 09.02.1930 г. у горадзе Менску ў сям'і мастака.
У час Вялікай Айчыннай вайны трынаццацігадовым хлапчуком пайшоў у партызаны, быў байцом атрада «За Савецкую Радзіму» брыгады імя Чкалава (Баранавіцкае партызанскае злучэнне). З канца 1944 г. працаваў шліфавальшчыкам у Беларускай рэспубліканскай літаграфіі ў Горадні і адначасова вучыўся ў вячэрняй школе рабочай моладзі. На пачатку 1948 г. вярнуўся ў Менск, быў рознарабочым на Менскай бісквітнай фабрыцы і працягваў навучанне ў вячэрняй школе. У 1955 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда» (1955-1962), у 1964-1968 гг. – рэдактар аддзела прозы часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1961 г.
Узнагароджаны орденам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.
Першыя вершы апублікаваў у 1948 г. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Минска улицы родные» (1959), «Доверие» (1960), «Тревожная земля» (1963), «Две тетради» (1982), «Пазіцыя» (1987) і кніг аповесцей і апавяданняў «Первая молния» (Масква, 1973) «Ни минуты раскаяния» (1947), «Под созвездием Льва» (1978), «Прощальные костры» (выбранае, 1980), «Размышление» (1984), «Дань времени» (выбранае, 1990).
Аўтар літаратурна-драматычнай кампазіцыі і тэкстаў большасці песень для канцэртнай праграмы «Праз усю вайну» ансамбля «Песняры» (кампазітар У.Мулявін, 1984). Апавяданне «Незвычайная смерць» экранізавана на Кіеўскай кінастудыі імя А.Даўжэнкі ў 1974 г. На кінастудыі «Беларусьфільм» па яго сцэнарыях зняты дакументальныя стужкі «Жаўрукі ляцяць на Палессе» (1975), «Праз усю вайну» (на падставе аднайменнай праграмы «Песняроў», з П.Якубовічам, 1985), «Зорка Максіма» (кінаэсэ пра М.Багдановіча, 1980), «Наш Пімен» (да 70-годдзя П.Панчанкі), «Вяртанне ў першы снег» (пра Р.Барадуліна, 1985), некалькі мультыплікацыйных фільмаў. У 1974 г. на Беларускім тэлебачанні пастаўлена тэлевізійная п'еса «Не загасі свечку».
Для тэатра імя Янкі Купалы пераклаў п'есы І.Жаміяка «Мес'е Амількар» (пастаўлена ў 1983) і «Дракон» Я.Шварца (пастаўлена ў 1988).
У яго перакладах на расейскую мову выйшлі кнігі Ў.Нядзведскага «Хлопцы из второго корпуса» (1966), С.Гаўрусёва «Отправление в полет» (Масква, 1967), Г.Г.Маркеса «Осень патриарха» (з К.Шэрманам, Масква, 1978), апублікаваны асобныя пераклады паэзіі Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, У.Хадыкі, Р.Барадуліна, М.Стральцова, прозы К.Чорнага, Я.Брыля, В.Быкава, М.Стральцова, А.Асіпенкі і інш. Лепшыя пераклады беларускай паэзіі змешчаны ў зборніку «Запах меда» (1986). На беларускай мове выступае ў перыядычным друку як паэт, крытык і перакладчык з расейскай мовы.
Тарас Ніна, нарадзілася 15.05.1916 г. у вёсцы Заполле Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучылася ў Наваградскай беларускай гімназіі (1930-1934), затым у Віленскай (скончыла ў 1936). Удзельнічала ў рэвалюцыйным руху. У 1937 г. вярнулася ў родную вёску, у 1938 г. пераехала ў Ліду. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі працавала ў лідскай раённай газеце «Уперад». У 1942-1944 гг. – сувязная лідскай спецгрупы партызанскай брыгады імя С.М.Кірава і партызанскага атрада імя Р.І.Катоўскага брыгады імя Ф.Э.Дзяржынскага Баранавіцкай вобласці. Зноў працавала ў райгазеце «Уперад» (1944-1945), была стыльрэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1945-1946), літработнікам рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі» (1951-1953), літкансультантам пры рэдакцыі газеты «Звязда» ў Менску. У 1957 г. скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1940 г.
Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.
Выступаць у друку пачала з 1936 г. (у віленскіх перыядычных выданнях). Аўтар зборнікаў вершаў «На ўсход ідучы...» (1940), «Суніцы» (1946), «Вершы» (1952), «Кветка шчасця» (выбранае, 1958), «Пад белым яварам» (выбранае, 1966), «У тапаліную замець» (вершы і паэма, 1976), «Праметэю прыйду пакланіцца» (1981), «Праз вятры-завеі» (выбранае, 1986). Напісала кніжкі паэзіі для дзяцей «Казкі пра абавязкі» (1955), «Наш бор» (1968). Паасобныя вершы сталі папулярнымі песнямі («Сонца за хмарамі ўранні...»).
Перакладае з расейскай, украінскай, польскай моў.
Тарасаў Кастусь, нарадзіўся 10.10.1940 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.
Пасля заканчэння сярэдняй школы (1957) на працягу трох год працаваў слесарам-зборшчыкам на Менскім механічным заводзе, калектарам у Паўночна-Заходняй геолага-разведачнай экспедыцыі, слесарам-мантажнікам у арганізацыі «Спецэлеватармельбуд». Вучыўся на хімічным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (1960-1965). Па заканчэнні інстытута працаваў майстрам шкловарэння на шклозаводзе «Неман», тэхнолагам на віцебскім заводзе «Маналіт». Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве «Вышэйшая школа» (1967-1975), журналістам па дагаворы і загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі газеты «Знамя юности» (1975-1977), рэдактарам аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Неман» (1977-1983), спецыяльным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва» (1986-1988). З 1990 г. – адказны сакратар часопіса «Спадчына». Сябра СП СССР з 1982 г.
У друку з мастацкім творам выступіў упершыню ў 1976 г. (аповесць «Следственный эксперимент», часопіс «Неман»). Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар кніг аповесцей «День рассеяния» (1980), «В час Стрельца» (1981), «Странствие в тесном кругу» (1986), «Погоня на Грунвальд» (Масква, 1986), зборніка гісторыка-літаратурных эсэ «Памяць о легендах» (1984, пашыранае выданне на беларускай мове ў 1990).
Тарасюк Люба, нарадзілася 07.12.1953 г. у вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і рабочых.
Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975) і аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры (1978). З 1978 г. выкладае гісторыю беларускай літаратуры ў БДУ. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Сябра СП СССР з 1981 г.
Першыя вершы надрукавала ў 1966 г. (газета «Піянер Беларусі»). Выдала кнігу паэзіі «Смага ракі» (1983).
Выступае ў друку таксама як крытык і літаратуразнаўца. Аўтар манаграфіі «Вернасць вытокам: Фальклорныя традыцыі ў сучаснай беларускай паэзіі» (1985).
Тарашкевіч Браніслаў, нарадзіўся 20.01.1892 г. у засценку Мацюлішкі (цяпер Віленскі раён, Летува) у сялянскай сям'і.
У 1916 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Петраградскага ўніверсітэта і быў пакінуты пры кафедры расейскай мовы і літаратуры. Працаваў і як прыват-дацэнт грэчаскай і лацінскай моў. У 1917 г. – адзін з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1918 г. загадваў культурна-асветным аддзелам Белнацкама, яго Петраградскага аддзялення. У 1919 г. – выкладчык беларускай і грэчаскай моў у Менскім педагагічным інстытуце. У 1920 г. – загадчык беларускага сектара дэпартамента асветы т.зв. Сярэдняй Літвы. З 1921 г. – дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 г. быў абраны паслом (дэпутатам) у польскі сейм, належаў да левага крыла Беларускага пасольскага клуба, якое цесна зблізілася з камуністычнымі сіламі. Заснавальнік і старшыня Беларускай сялянска-рабочай грамады (1925-1927). Удзельнічаў у III канферэнцыі КПЗБ як сябра кампартыі (1925). У студзені 1927 г. быў арыштаваны польскімі буржуазнымі ўладамі, а ў траўні 1928 г. засуджаны на 12 год зняволення. У 1930 г. выпушчаны з астрога. У лютым 1931 г. арыштаваны, у лістападзе 1932 г. засуджаны на 8 год катаржнай турмы. З верасня 1933 г. у выніку абмену палітзняволенымі жыў у СССР. Працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце (Масква). 06.05.1937 г. арыштаваны. Пастанова НКУС ад 05.01.1938 г. адменена Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР ад 26.01.1957 г. Акадэмік АН БССР.
Расстраляны 29.11.1938 г.
У беларускім друку выступаў з 1914 г. Выдаў у Вільні «Беларускую граматыку для школ» (1918, вытрымала 6 выданняў). Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера (урывак змешчаны ў часопісе «Полымя рэвалюцыі», 1935), «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча (1981; Ольштын, 1984). Апублікаваў брашуры «Заходняя Беларусь – плацдарм імперыялістычнай інтэрвенцыі (1931), «Как живут крестьяне за границей» (Масква – Ленінград, 1935), «Дифференциация крестьянства в Польше во время кризиса» (у зборніку «Польская деревня во время кризиса», Масква, 1935).
Вядомы як публіцыст і выдатны прамоўца часоў нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі.
Тармола Раман, нарадзіўся 04.04.1936 г. у гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і рамесніка.
У 1960 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Працаваў старшым рэдактарам, загадчыкам літаратурна-мастацкага аддзела, галоўным рэдактарам літаратурна-драматычных праграм, каментатарам па літаратуры і мастацтву Беларускага тэлебачання. З 1977 г. сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі мастацкіх фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм», з 1980 г. – сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі тэлевізійных фільмаў Беларускага тэлебачання. Сябра СП СССР з 1964 г.
Першыя творы апублікаваў у 1957 г. («Настаўніцкая газета», «Чырвоная змена»). Аўтар кніг паэзіі «Асколкі і росы» (1964), «Поўня» (1966), «Абнаўленне» (1968), «Міранка» (1971), «Побач» (1974), «Павага» (1976), «Зямное – зямному» (выбранае, 1979), «Вобразы вечара» (1982), «Толькі б дагаварыць» (1986), «Спрадвечнасць» (выбранае, 1989). Выдаў кнігі для дзяцей «Каго баяцца ў лесе» (1973), «Казкі-падказкі» (1984).
Напісаў сцэнарыі дакументальных фільмаў «Людзям сябе пакажы» (зняты ў 1973), «Я не самотны... Максім Багдановіч» (зняты ў 1982), тэлеспектакля «Зачараваны Валерка» (пастаўлены ў 1976).
Татур Мікола, нарадзіўся 03.03.1919 г. ва ўрочышчы Застар'і Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
З 1931 г. выхоўваўся ў Бабруйскім дзіцячым доме. Скончыў факультэт мовы і літаратуры Менскага настаўніцкага інстытута (1937), да 1941 г. настаўнічаў у гарадах Сянно Віцебскай вобласці і Друскеніках (цяпер Летува). У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху. Быў цяжка паранены і доўга лячыўся ў шпіталях. З 1944 г. – рэдактар, загадчык рэдакцыі Дзяржаўнага выдавецтва БССР, выдавецтва «Полымя». У 1966-1970 гг. – дырэктар Беларускага аддзялення Літаратурнага фонду СССР, у 1970-1979 гг. – дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1953 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Літаратурную працу пачаў у 1948 г. Пераклаў з расейскай мовы «Кладоўка сонца» М.Прышвіна (1948), «Школа» А.Гайдара (1948), «Стажары» А.Мусатава (1950), «Паўночная Аўрора» М.Нікіціна (з В.Зубам, 1953), «Журбіны» У.Кочатава (1955), «Далёка ад Масквы» В.Ажаева (з У.Шахаўцом, 1951), «Запіскі майго калегі» Р.Рэлеса (1960), з польскай – «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай (часопіс «Полымя», 1958), «Грамадзяне» К.Брандыса (з Я.Міско, 1958), Я.Івашкевіча, Я.Гушчы і інш.; з украінскай – апавяданні А.Вішні, п'есу В.Шчогалева «Бярозка» (1958). У яго перакладзе выйшлі раманы «Дзень нараджэння» А.Венцлавы (з С.Дзяргаем, 1961), «Трэція пеўні» А.Лупан (1971), «Чародка белых варон» З.Бээкман (1973), «Зялёная зорка» У.Умарбекава (1976), «Скалакі» А.Ірасека (з Я.Васілёнкам, 1974), пастаўлены п'есы «Гросмайстарскі бал» І.Штэмлера, «Дзівак» Н.Хікмета, «Вясёлы тракт» Б.Васільева, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «Пэпі – Доўгая Панчоха» (інсцэніроўка па аповесці А.Ліндгрэн), «Восем лялек і адзін мядзведзік» І.Юргялевіч і інш.
Пераклаў на расейскую мову п'есу І.Козела «Папараць-кветка» (Ленінград, 1960).
Аўтар эпіграм і мінібаек у перыядычным друку.
Таўбін Юлі (таксама Таўбін Юдаль), нарадзіўся 15.09.1911 г. у горадзе Астрагожску Варонежскай вобласці (Расея) у сям'і аптэкара.
У 1921 г. з бацькамі пераехаў у Мсціслаў. Скончыў педагагічны тэхнікум. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (1931-1933). 25.02.1933 г. арыштаваны і 10.08.1933 г. пазасудовым органам прыгавораны да двух гадоў высылкі ў Цюмень. 06.12.1936 г. арыштаваны другі раз (відаць, пасля вяртання ў Менск) і Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР ад 29.10.1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па першай справе – Судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 24.08.1956 г., па другой – Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 29.07.1957 г.
Расстраляны 30.10.1937 г.
Друкавацца пачаў у 1926 г. (часопіс «Маладняк Калініншчыны», газета «Чырвоная змена»). Выйшлі зборнікі паэзіі «Агні» (1930), «Каб жыць, спяваць і не старэць...» (1931), «Тры паэмы» (1931), «Мая другая кніга» (1932), паэма «Таўрыда» (1932), «Выбраныя вершы» (1957) і «Вершы» (1969).
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Г.Гейнэ, У.Маякоўскага, а таксама ангельскамоўных паэтаў.
Таўлай Валянцін, нарадзіўся 08.02.1914 г. у горадзе Баранавічах у сям'і чыгуначніка.
Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне. У 1927 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1929 г. быў выключаны за ўдзел у вучнёўскай забастоўцы. Летам 1929 г. арыштаваны польскімі ўладамі, а восенню 1930 г. асуджаны на 2 гады зняволення. У кастрычніку 1930 г. камуністычнае падполле накіравала яго ў БССР. Працаваў у Рэчыцы інструктарам райкама камсамола, у газеце «Звязда», вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У канцы 1932 г. прыняты ў сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і адкліканы ЦК КПЗБ на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь. Сябра цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ (Варшава), супрацоўнік легальнага органа КПЗБ «Беларуская газета» (Вільня), прадстаўнік ЦК КПЗБ у Цэнтры нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. Адзін з арганізатараў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў (1933). У 1934 г. зноў арыштаваны і асуджаны да 8 гадоў турмы. У верасні 1939 г. вызвалены з гарадзенскай турмы Чырвонай Арміяй. Працаваў у лідскай раённай газеце «Уперад» (1939-1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада імя Р.І.Катоўскага брыгады імя Ф.Э.Дзяржынскага Баранавіцкага злучэння (1942-1944), разведчыкам, кіраўніком наваградскай агентурнай сеткі спецгрупы «Буравеснік» (студзень – ліпень 1944). У 1944-1945 гг. працаваў адказным сакратаром наваградскай раённай газеты «Звязда», у 1945-1947 гг. – старшы навуковы супрацоўнік і намеснік дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. Сябра СП СССР з 1941 г.
Памёр 27.04.1947 г.
Друкавацца пачаў у 1928 г. (газета «Сіла працы», Вільня). Аўтар паэмы «Непераможная» (выдадзена на шапірографе, Вільня, 1928), зборнікаў паэзіі «Выбранае» (1947), Выбраныя творы (1951, 1958), «Вершы і паэмы» (1955, 1979), «Творы» (1961), «Выбраныя вершы і паэмы» (1967), «Пілую вершам краты» (выбранае, 1984).
Пісаў літаратурна-крытычныя (пра творчасць Я.Купалы, П.Пестрака, Я.Брыля) і публіцыстычныя артыкулы.