355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксей Гардзіцкі » Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 » Текст книги (страница 27)
Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
  • Текст добавлен: 26 марта 2017, 14:00

Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"


Автор книги: Аляксей Гардзіцкі


Жанр:

   

Справочники


сообщить о нарушении

Текущая страница: 27 (всего у книги 37 страниц)

Рудзько Юры, нарадзіўся 27.06.1913 г. у горадзе Бабруйску ў сям'і служачага.

Пасля заканчэння сярэдняй школы (1929) працаваў настаўнікам Старарусевіцкай пачатковай школы на Случчыне. Скончыў літаратурны факультэт Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута (1933). Загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена» (1933-1935), служыў у Чырвонай Арміі (1935-1937), быў супрацоўнікам, загадчыкам аддзела мастацтва газеты «Літаратура і мастацтва». У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у палітупраўленні Заходняга фронту, 50-й арміі, адказным сакратаром газеты 2-га Беларускага фронту, 50-й арміі, адказным сакратаром газеты 2-га Беларускага фронту. Сябра СП СССР з з 1947 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 04.02.1948 г.

У 1931 г. выступіў у рэспубліканскай прэсе з нарысамі, артыкуламі, апавяданнямі. Выйшлі зборнік нарысаў «Размова па шчырасці» (з Іл. Дуброўскім, 1935) і кніга «Слава дружбе» (апавяданні, аповесці, п'есы, 1950).

У сааўтарстве з У.Стэльмахам напісаў п'есу «Канец маскараду» (пастаўлена ў 1938).

Рудкоўскі Міхась, нарадзіўся 17.04.1936 г. у вёсцы Востраў Ганцавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Пінскую педагагічную навучальню (1955), настаўнічаў у Кукаўскай сямігодцы Ганцавіцкага раёна. У 1960-1962 гг. – літсупрацоўнік ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда». Скончыў завочна філалагічны факультэт Берасцейскага педагагічнага інстытута (1961). У 1962-1981 гг. працаваў старшым рэдактарам літаратурна-драматычных і музычных праграм Берасцейскай студыі тэлебачання. Сябра СП СССР з 1966 г.

Памёр 07.07.1991 г.

У рэспубліканскім друку выступаў з вершамі з 1959 г. Выйшлі зборнікі вершаў «Першыя вёрсты» (1963), «Сінія Брады» (1967), «Позвы» (1971), «У краі тым...» (1975), «Векавечная бацькаўшчына» (1976), «Трыгор'е» (1981), «Засцярога» (1984), «Залатазвон» (1986).

Вядомы і як перакладчык з украінскай, расейскай і польскай моў.

Рунец Пятро, нарадзіўся 04.05.1911 г. у вёсцы Азярычына Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння курсаў пры Барысаўскім педагагічным тэхнікуме (1930) настаўнічаў у вёсках Глінішчы і Сяліба Бярэзінскага раёна. У 1937 г. паступіў вучыцца, а ў 1940 г. скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М.Кірава ў Менску. Увосень 1940 г. прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях у Летуве, на Волхаўскім, Сталінградскім франтах. Двойчы паранены. У траўні 1943 г. дэмабілізаваны. Працаваў у эвакашпіталі, а затым у рэдакцыі новакузнецкай газеты «Большевистская сталь». У 1945 г. вярнуўся на радзіму. У 1946-1953 гг. – загадчык аддзела рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі», у 1953-1962 гг. – літсупрацоўнік часопіса «Бярозка», у 1963-1971 гг. – рэдактар-стыліст на Беларускім радыё. Сябра СП СССР з 1955 г.

Узнагароджаны медалямі.

Першае апавяданне апублікаваў у 1932 г. (часопіс «Іскры Ільіча»). Піша пераважна для дзяцей. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Юныя змагары» (1940), «У веснавыя дні» (1954), «Бярозавы конь» (1956), «Гіпсавая маска» Ц958), «Канец казкі» (1960), «Заламаны ражок» (1961), «Вясёлыя здарэнні» (1962), «Алёшка-верхалаз» (1963), «Аб чым шэпчацца аер» (1966) – абедзве аповесці ў 1971 г. выдадзены асобнай кнігай «Алёшка і яго сябры», «Важнае задание» (1968), «Белы васілёк» (1971), «Добрая душа» (1977), «Незвычайны збор» (1981), «Незвычайны наведвальнік» (1985), «Апошняе шчасце» (гумарэскі, 1984). Апублікаваў аднаактоўку «Сіні пясок» (1959).

Склаў зборнік успамінаў дзяцей пра вайну «Ніколі не забудзем» (з Я.Маўрам, 1948). У 1979 г. выдаў брашуру пра Я.Маўра «Чалавек з крылатай фантазіяй».

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы С.Міхалкова, Б.Емяльянава, Дж. Радары, Ж.Грывы, Л.Талвіра і інш.

Русак Адам, нарадзіўся 24.05.1904 г. у вёсцы Пясочнае Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Беларускі музычны тэхнікум (1930), Ленінградскую кансерваторыю (1934). У 1932-1949 гг. – саліст аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра (у час Вялікай Айчыннай вайны разам з тэатрам быў эвакуіраваны ў Арэнбург), у 1949-1959 гг. – саліст аркестра Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Сябра СП СССР з 1939 г.

Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1964).

Памёр 21.03.1987 г.

У друку з вершамі пачаў выступаць у 1927 г. (часопіс «Чырвоны сейбіт»). Аўтар зборнікаў вершаў і песень «На родных палетках» (1946), «Песні і вершы» (1951), «Песні» (1954), «Пад голас баяна» (1957), «Толькі з табою» (1960), «Звонкія крыніцы» (1965), «Выбранае» (1972), «Песні на словы А.Русака» (1975, 1980), «Закрасуйся, Неман» (1978), «Засцілайце сталы» (выбранае, 1984), «Дружбакі» (1987), а таксама кніжак вершаў для дзяцей «У Буслаўцы» (1967), «Добра ведаю ўрок» (1981). Песні А.Русака «Бывайце здаровы», «Лясная песня» і іншыя сталі народнымі. Многія песні выходзілі асобнымі выданнямі.

Русецкі Аляксей (Бурдзялёў), нарадзіўся 04.12.1912 г. у сяле Студзянец Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Маскоўскі зааветэрынарны інстытут (1935), служыў у Чырвонай Арміі. З 1936 г. працаваў ва ўпраўленні саўгасаў у Мінусінску, у бактэрыялагічных лабараторыях Масквы і Менска. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на Калінінскім, Заходнім, 3-м Прыбалтыйскім франтах. Прымаў удзел у разгроме імперыялістычнай Японіі. У 1947 г. дэмабілізаваны. Працаваў літкансультантам СП БССР (1947-1952, 1960-1967), загадчыкам аддзела публіцыстыкі часопіса «Беларусь» (1952-1960), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» (1967-1973), старшым рэдактарам рэдакцыі часопіса «Беларусь» (1973-1980).

Сябра СП СССР з 1947 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Заслужаны работнік культуры БССР (1983).

З першымі вершамі выступіў у друку ў 1934 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «У заўтрашні свет» (1951), «Святло акон тваіх» (1959), «Усход і Захад» (выбранае, 1962), «Яго вялікасць» (паэма, 1965), «Служба святла» (1967), «Вершы і паэма» (1969), «Зямля гаворыць зорам» (паэмы і вершы, 1971), «Два колеры жыцця» (выбранае, 1973), «Позірк» (вершы і паэмы, 1977), «Паэмы» (1979), «Крокі сэрца» (1980), «Хвала жыццю» (1987). У 1982 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Куляшова (1981) за кнігу паэзіі «Крокі сэрца».

Руцкая Алена, нарадзілася 11.01.1950 г. у вёсцы Дзякаўцы Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і служачых.

У 1961 г. з бацькамі пераехала ў Слонім. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). У 1971-1977 гг. працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Сценявіцкай васьмігадовай школе Слонімскага раёна, у Судзілаўскай сярэдняй школе Клімавіцкага раёна, у Сянькоўшчынскай сярэдняй школе Слонімскага раёна. С 1977 г. працуе ў сярэдняй школе № 2 у Слоніме. Сябра СП СССР з 1985 г.

З першым вершам выступіла ў 1966 г. (газета «Голас Радзімы»). Аўтар зборніка паэзіі «Роздум» (1988).

Перакладае з украінскай мовы.

Рыбак Алесь, нарадзіўся 07.11.1934 г. у вёсцы Макаўчыцы Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Рана застаўся без бацькоў – загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. У 1958 г. скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях радашковіцкай, дзяржынскай і бягомльскай раённых газет (1958-1959), часопісе «Вожык», газеце «Калгасная праўда» (1959-1962), на Беларускім радыё (1962-1963), у часопісе «Бярозка» (1963-1964). З 1966 да 1972 г. жыў у Маскве – працаваў старшым карэктарам у Аддзеле апублівання Актаў Вярхоўнага Савета СССР, рэферэнтам у сакратарыяце Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Па сумяшчальніцтве выкладаў беларускую мову ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. З 1972 г. – намеснік адказнага сакратара праўлення СП БССР, з 1978 г. – старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП БССР з 1973 г.

Узнагароджаны медалём.

Дэбютаваў вершамі ў рэспубліканскім друку ў 1953 г. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Дарогі бываюць розныя» (апавяданні і гумарэскі, 1972), «Што пасееш...» (1982), «Апошняя камандзіроўка» (1985), рамана «Трэба было жыць» (1990). Выдаў кніжку апавяданняў для дзяцей «Сёння прыедзе тата» (1976).

Рылько Алесь (сапр. Рылько Аляксей), нарадзіўся 27.03.1923 г. у вёсцы Рыдамля Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыўшы 9 класаў Рыдамлянскай сярэдняй школы, а затым педагагічныя курсы ў Воршы (1939), настаўнічаў у Лявонаўскай пачатковай школе на Аршаншчыне. Першы год Вялікай Айчыннай вайны працаваў на сельскай гаспадарцы, са жніўня 1942 г. – партызан атрада «Перамога» брыгады К.Заслонава, з верасня 1943 г. – мінёр у спецгрупе «Непераможныя». Быў паранены. У 1944-1946 гг. працаваў адказным сакратаром баранавіцкага абласнога спартыўнага таварыства «Дынама», настаўнічаў на Пастаўшчыне. Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1951), працаваў у газетах «Савецкі селянін», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Вожык», «Полымя», літаратурным кансультантам СП БССР. Сябра СП СССР з 1952 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 16.04.1967 г.

Друкавацца пачаў у 1946 г. Выйшлі кнігі апавяданняў «Мае сустрэчы» (1952), «Цвіце чаромха» (апавяданні, п'есы, 1957), «Стуканок у аблавушцы» (гумарыстычныя апавяданні, 1959), «Ты прыгожая, Арынка» (апавяданні, нарысы, 1960), «Напрадвесні» (выбранае, 1984), аповесць для дзяцей «Мядовыя краскі» (1959, 1983), аднаактовая п'еса «Гром з яснага неба» (1953), «Колькі вяровачку не віць...» (аднаактовая камедыя і сцэнкі, 1958). У 1969 г. выйшла «Выбранае».

Рэйзін Рува, нарадзіўся ў горадзе Лондане (Англія) у 1911 г. у сям'і рабочага, які выехаў туды на заработкі.

У дзяцінстве застаўся сіратой і выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Слуцку. Васемнаццацігадовым прыехаў у Менск, працаваў мулярам, а потым паступіў на рабфак. У 1937 г. скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. У 1940 г. быў прызваны ў армію.

Загінуў у 1942 г. на фронце.

Першыя вершы апублікаваў у 1929 г. Пісаў на мове ідыш. Выступаў у газетах «Юнгер арбайтэр» («Малады рабочы»), «Акцябэр» («Кастрычнік») і ў часопісе «Штэрн» («Зорка»). Выйшлі «Вершы і апавяданні» (1929), зборнікі вершаў «Нялёгкай працай» (1934), «Вершы» (1940) і паэма «Вялікая хартыя» (1935). Асобныя творы апублікаваны ў перакладзе на беларускую мову ў зборніку «Мы іх не забудзем» (1949).

Рэлес Рыгор, нарадзіўся 23.04.1913 г. у горадзе Чашнікі Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.

Скончыў Віцебскі педагагічны тэхнікум (1933), вучыўся на жыдоўскім аддзяленні літаратурнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута. У 1937-1941 гг. працаваў выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры ў сярэдніх школах Слуцка і Наваградка. З чэрвеня 1941 г. – у Савецкай Арміі, з 1942 г. – адказны сакратар шматтыражнай газеты «Строитель» (Грамячынск). У 1945-1947 гг. літработнік у рэдакцыях берасцейскай абласной газеты «Заря», рэспубліканскай піянерскай газеты «Зорька», часопіса «Вожык», у 1947-1973 гг. выкладаў расейскую мову і літаратуру ў вячэрніх школах рабочай моладзі ў Менску. Сябра СП СССР з 1936 г.

Узнагароджаны медалём.

Упершыню выступіў у друку з вершам у 1931 г. (газета «Юнгер арбайтэр» – «Малады рабочы»). Піша на ідыш і расейскай мовах. Выдаў зборнікі вершаў на мове ідыш «Пачатак» (1939), «Вершы» (1941) і кнігу апавяданняў «Пад мірным небам» (Масква, 1983). У перакладзе на беларускую мову выйшла кніга вершаў «Бяроза пад акном» (1961), на расейскую – «Стихи» (Масква, 1974). Пастаянна друкуецца на старонках жыдоўскага часопіса «Саветыш Геймланд» («Савецкая Радзіма», Масква).

Выступае і ў галіне прозы. Першая аповесць «Пра тое, чаго не ведаюць вучні» надрукавана ў 1955 г. у перакладзе на беларускую мову (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Записки моего коллеги» (1960), «Друзья и знакомые» (1963), «За тесными партами» (1966), «В родном уголке» (1972), «Через трудный порог» (1976), «Под каждой крышей» (1979), «Не розами устлан твой путь» (1984). Выйшлі «Аднаактовыя п'есы (з Х.Мальцінскім, 1964).

С

Сабаленка Раман, нарадзіўся 15.10.1907 г. у вёсцы Сабалі Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Гомельскі педагагічны тэхнікум (1929), вучыўся ў Гомельскім педагагічным інстытуце (1933-1935). У 1929 г. пачаў працаваць у рэспубліканскай газеце «Звязда», але праз паўгода быў прызваны ў Чырвоную Армію. У 1930-1941 гг. працаваў у рэдакцыі абласной газеты «Палеская праўда» (з 1938 г. «Гомельская праўда»). Двойчы арыштоўваўся (1933, 1937), але справы закрывался. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў асуджаны Ваенным трыбуналам да 10 год пазбаўлення волі, але прыгавор быў адменены з-за адсутнасці складу злачынства. Удзельнічаў у баях на Калінінскім і 2-м Прыбалтыйскім франтах. У 1945-1953 гг. – загадчык аддзела культуры, намеснік галоўнага рэдактара баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная звязда». У 1953 г. пераехаў у Менск, дзе працаваў у рэдакцыях газеты «Калгасная праўда», часопісе «Маладосць». У 1957-1966 гг. – намеснік галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1939 г.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 13.05.1975 г.

Дэбютаваў вершам у 1927 г. (газета «Звязда»). У 1935 г. апублікаваў паэму «Брагінь» (часопіс «Полымя»). Выдаў зборнікі вершаў «З родных крыніц» (1950) і «Мая эстафета» (1954). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Жменя зярнят» (апавяданні і нарысы, 1957), «Сустрэчы (1958), «Юнацтва ў дарозе» (1958), «Блакітнае ззянне» (1959), «Каралінцы» (1960), «Іду ў жыццё» (1961), «З пройдзеных дарог» (1962), «Паляўнічыя боты» (гумарыстычныя апавяданні, 1962). «Незамужняя ўдава. Былое застаецца ў сэрцы» (1905). «Пад дажджом і сонцам» (апавяданні, партрэты, 1966), «Спатканне пасля разлукі» (1971), «Роздум у дарозе» (1973), кнігі нарысаў аб дзеячах беларускай літаратуры і культуры «Колерамі вясёлкі» (1975). Аповесці «Юнацтва ў дарозе», «Выпрабаванне сталасці» («Іду ў жыццё») і «Былое застаецца ў сэрцы» склалі трылогію «Іду ў жыццё». Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1967-1968), «Выбранае» (1977), «Творы» (1983).

Сабалеўскі Анатоль, нарадзіўся 27.05.1932 г. у вёсцы Андрыеўшчына Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1953 г. скончыў Менскую педагагічную навучальню і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Апошнія два гады вучобы ва ўніверсітэце сумяшчаў з працай у аддзеле мастацтва рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». У 1958-1961 гг. вучыўся ў аспірантуры пры Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва ў Маскве. Пасля заканчэння аспірантуры – навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Адначасова выкладаў гісторыю тэатра ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. У 1972-1990 гг. – загадчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтва, мовы і літаратуры, у 1974-1979 гг. – рэктар Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. З 1990 г. загадвае аддзелам міжнацыянальных культурных працэсаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Доктар мастацтвазнаўства. Прафесар. Сябра СП СССР з 1964 г.

Як тэатральны крытык пачаў выступаць у 1952 г. Піша на беларускай і расейскай мовах. Выдаў кнігі пра тэатр і драматургію «Рампай асветленае» (1962), «Уладар дум чалавечых» (1964), «Ад п'есы – да спектакля» (1965), «Театр открывает занавес» (1570), «Беларуская савецкая драматургія і яе сцэнічнае ўвасабленне» (1971). «Белорусская драматургия в театрах народов СССР» (1972), «Беларуская савецкая драма» (у 2 кнігах, 1969, 1972), «Жыццё тэатра» (1980), «Образ В.И.Ленина на белорусской сцене» (1980), «Белорусско-молдавские театральные связи» (1984), «Сучаснасць і гісторыя» (1985), «Барыс Платонаў» (1989), «Кандрат Крапіва: Нарыс жыцця і творчасці» (1989). Укладальнік «Хрэстаматыі па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» для ВНУ ў 2 тамах (1975), аўтар раздзелаў у «Гісторыі беларускага тэатра» (1983).

Напісаў аповесць «Жылі-былі хлопцы...» (1961, часопіс «Маладосць») і шэраг апавяданняў.

Савіцкі Алесь, нарадзіўся 08.01.1924 г. у горадзе Полацку Віцебскай вобласці ў сям'і рабочага.

З 1942 г. – партызан атрада «Смерць фашызму», з 1943 г. – камандзір падрыўной групы атрада «Бальшавік» брыгады імя Варашылава на Віцебшчыне. У 1944-1945 гг. – у Савецкай Арміі, удзельнічаў у вызваленні Летувы, Польшчы, у баях за ўзяцце Берліна. Быў тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі (1945) працаваў у рэдакцыі полацкай газеты «Бальшавіцкі сцяг» (пазней «Сцяг камунізму»). У 1958 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве, у 1961 г. – аспірантуру пры гэтым інстытуце. У 1961-1962 гг. – загадчык рэдакцыі выдавецтва «Ураджай», у 1962-1969 гг. – вучоны сакратар Літаратурнага музея Якуба Коласа. У 1969-1973 гг. загадваў сектарам мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. Ганаровы грамадзянін г. Полацка (1987). Сябра СП СССР з 1961 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», Айчыннай вайны I ступені і медалямі.

Друкуецца з 1943 г. (ветрынская раённая газета «Чырвоная звязда»). Першае апавяданне апублікаваў у 1948 г. (полацкая абласная газета «Бальшавіцкі сцяг»). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Кедры глядзяць на мора» (1960), «Пасля паводкі» (1962), «Белы гарлачык» (1965), «Самы высокі паверх» (1969), дакументальнай аповесці «След пракладае першы» (1971), «Белая знічка» (1984), раманаў «Жанчына» (1963), «Палын – зелле горкае» (1967), «Верай і праўдай» (1976), «Толькі аднойчы» (1979), «Зямля раскажа» (1980), «Літасці не чакай» (1982), «Памерці заўсёды паспееш» (1983), «Верасы» (1987), «Обаль» (1989), кнігі нарысаў «На посту у тишины» (1987), зборніка апавяданняў для дзяцей «Шкляная нітка» (1970). У 1982 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1970) за аповесць «Самы высокі паверх».

Савіцкі Ўладзімір, нарадзіўся 28.06.1914 г. у вёсцы Добасна Кіраўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1930 г. працаваў сакратаром Дабаснянскага сельсавета. У 1937 г. скончыў Ленінградскі тэкстыльны інстытут. Служыў у Савецкай Арміі (1937-1939). Працаваў зменным майстрам, начальнікам цэха Смаленскага льнокамбіната. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце – камандзір мінамётнага ўзвода, камандзір агнявога ўзвода, палкавой артылерыйскай батарэі. Удзельнічаў у баях на Калінінскім, Паўночна-Заходнім, 2-м Прыбалтыйскім, 1-м Беларускім франтах. Быў паранены. Са снежня 1944 г. – ваенны журналіст. Дэмабілізаваны ў 1957 г. Жыў у Барысаве. Сябра СП СССР з 1972 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 14.02.1989 г.

У 1942 г. у франтавым друку змясціў першыя карэспандэнцыі. Літаратурнай працай стала займаўся з 1946 г. Пісаў на расейскай мове.

Выйшлі зборнікі аповесцей і апавяданняў «Люди переднего края» (Масква, 1956. Ч. 1. 1958. Ч. 1-2), «Шли солдаты» (Масква, 1961), «Ночь перед парадом» (Масква, 1970), «Ни минуты покоя» (1973), «Не сотвори зла ближнему» (1974), «Улька» (Масква, 1981), «А годы идут...» (1984), «Радость жизни» (1987), «Аленушка из Долгих Нив» (1989), «Опаленные выходы» (1989), раман «И придет твой день» (1977). Аўтар зборнікаў вершаў «После боя» (Масква, 1963), «Сполохи на горизонте» (1985).

Садковіч Мікола, нарадзіўся 21.01.1907 г. у вёсцы Вусце Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Дзяржаўны тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). Да 1945 г. працаваў рэжысёрам на кінастудыях Масквы, Адэсы, Кіева, Ташкента. У 1942-1945 гг. кіраўнік Беларускай кінагрупы на Цэнтральнай студыі дакументальных фільмаў у Маскве, з якой выязджаў да партызан і на франты. У 1946-1947 і з 1950 г. – міністр кінематаграфіі БССР, у 1953-1956 гг. – намеснік міністра культуры БССР. Узначальваў расейскую секцыю СП Беларусі. У 1948-1950 гг. быў галоўным рэдактарам і рэжысёрам Цэнтральнай студыі дакументальных фільмаў у Маскве. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947-1959). Сябра СП СССР з 1947 г.

Заслужаны дзеяч мастацтва Беларускай ССР (1944).

Памёр 16.08.1968 г.

У беларускім друку выступіў у 1948 г. Пісаў на расейскай мове. Аўтар гістарычнага рамана «Георгий Скорина» (з Я.Львовым, 1951, папраўленае і дапоўненае выданне ў 1957), «Повести о ясном Стахоре» (1956), дзённіка назіранняў «Человек в тумане» (1960), рамана «Мадам Любовь» (Масква, 1966), апавяданняў, нарысаў. У 1987 г. выйшаў аднатомнік «Мадам Любовь. Человек в тумане. Повесть о ясном Стахоре».

Сцэнарыст і пастаноўшчык фільмаў «Майская ноч» (паводле М.Гогаля, пастаўлена ў 1940), «Тры гвардзейцы» (зняты ў 1942), «Беларускі кінаканцэрт» («Жыві, родная Беларусь!»). «Вызваленне Савецкай Беларусі» (абодва з У.Корш-Сабліным, зняты ў 1944). Сцэнарыст фільмаў «Міколка-паравоз» (з М.Лыньковым, пастаўлены ў 1957), «Так мы жывём» (зняты ў 1958), «Наша зямля» (зняты ў 1960), «Ахвяры абвінавачваюць» (зняты ў 1962), «Доля жаночая» (зняты ў 1967) і інш. Рэжысёр мастацкіх і дакументальных фільмаў «Шчаслівыя кольцы» (1929), «Песня пра першую дзяўчыну» (абодва з Л.Голубам), «Шумі, гарадок» (1939), «Дэмакратычная Германія» (сумесна з «Дэфа», 1950).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951) за дакументальны фільм «Дэмакратычная Германія».

Садоўскі Яфім, нарадзіўся 04.01.1908 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.

Вучыўся ў сталярнай майстэрні (1924-1925), у прафтэхшколе (1926), скончыў агульнаадукацыйныя курсы (1927). Быў супрацоўнікам газет «Савецкая Беларусь», «Рабочий», «Советская Белоруссия». У 20-я гг. – сябра групы расейскіх літаратараў «Звенья». Служыў у Савецкай Арміі (1930-1931). У першыя гады Вялікай Айчыннай вайны – ваенны журналіст на Заходнім і Цэнтральным франтах. У 1943-1970 гг. – супрацоўнік газеты «Советская Белоруссия». Сябра СП СССР з 1935 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і Чырвонай Зоркі, медалямі.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1923 г. з вершаў. Піша на расейскай і беларускай мовах. У 1927 г. апублікаваў зборнік вершаў «Полустанок» (з Г.Ладным). Выйшлі зборнікі апавяданняў «Скрыпка і ордэн» (1935), «Я вижу» (1939), «Ясные дали» (1951), «Жизни и судьбы» (1962), а таксама нарысы і брашуры «Рукамі ўдарнікаў» (1931), «У барацьбе за паліва» (1931), «Дзесяць дзён, якія прынеслі перамогу цэхам» (1931), «Записки молодого бойца» (Смаленск, 1932), «Раўняцца па героях» (1932), «Герой Савецкага Саюза Аляксандр Ісачанка» (1946), «Чэмпіён краіны» (з Ю.Багушэвічам, 1953), «Гістарычныя помнікі Беларусі» (1958), «Люди и подвиги» (1965), «Их именами названы улицы Минска» (1965, апошняе перавыданне пад назвай «Герои не умирают» у 1974), «По историко-революционным местам Минска» (1981). Склаў зборнікі «Маякоўскі ў Беларусі» (1957) і «Успаміны пра Змітрака Бядулю» (з К.Цвіркам, 1988).

Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Наваселле» (пастаўлены ў 1945), «Па малых рэках» (пастаўлены ў 1947) і казкі для лялечных тэатраў «Выспа мудрасці» (пастаўлена ў 1952).

Салавей Алесь (сапр. Радзюк Альфрэд), нарадзіўся 01.01.1922 г. у вёсцы Крысава Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачага.

Вучыўся ў Менскай педагагічнай навучальні (1937-1938). Вучобу пакінуў з-за арышту бацькоў (трэба было ўзяць на сябе клопат пра малодшых братоў і сястру). У час акупацыі працаваў вярстальшчыкам у «Менскай (Беларускай) газэце», затым пісарам ва ўправе гарадскога пасёлка Ілья. З кастрычніка 1942 г. – сакратар часопіса «Новы шлях» (Рыга). Пад час наступления Савецкай Арміі (1944) з'ехаў у Берлін, затым у Прагу, потым у Вену. У 1949 г. выехаў у Аўстралію, дзе працаваў на фабрыцы, займаўся літаратурнай дзейнасцю.

Памёр 22.01.1978 г. у Мельбурну (Аўстралія).

Першыя вершы апублікаваў у 1937 г. (часопіс «Піянер Беларусі», раённая газета «Ударнік Дзяржыншчыны»). Аўтар кніг паэзіі «Мае песні» (вершы і паэма, Рыга, 1944), «Сіла гневу» (вершы, паэма, Аўстрыя, 1948), «Нятускная краса» (Нью-Ёрк – Мельбурн, 1982).

Салавей Леў, нарадзіўся 21.10.1925 г. у горадзе Менску ў сям'і рабочага.

Да вайны скончыў адзін курс Менскага будаўнічага тэхнікума. Пасля вайны працаваў на чыгунцы. У 1950 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У час вучобы працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», у Галоўным упраўленні па справах літаратуры і выдавецтваў пры Савеце Міністраў БССР. З 1950 г. – рэдактар, з 1968 г. – загадчык рэдакцыі перавыданняў і перакладаў выдавецтва «Беларусь». У 1972-1983 гг. – загадчык рэдакцыі перакладной літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1954 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 03.01.1988 г.

У друку выступаў з 1950 г. Пісаў літаратурна-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі. Працаваў пераважна ў галіне мастацкага перакладу. У яго перакладзе на беларускую мову апублікаваны аповесці Г.Леберэхта «Святло ў Каордзі» (1952), А.Купрына «Алеся» (1970), Г.Маркава «Наказ» (1976), У.Цендракова «Вясеннія пярэваратні» (1977), Ч.Айтматава «Пасля казкі» («Белы параход», 1978), раманы А.Рыбакова «Вадзіцелі» (1953), Дзін Ліна «Сонца над ракой Сангань» (1954), С.Спасэ «Афэрдзіта зноў у вёсцы» (1960), Ф.Дастаеўскага «Белыя ночы» (1971), І.Грыгуркі «Канал» (1975), А.Ганчара «Бераг любові» (часопіс «Полымя», 1977), А.Кешокава «Зламаная падкова» (1981), М.Шундзіка «Белы шаман» (1983), аднатомнік выбраных твораў М.Садавяну (1954), аповесці і апавяданні Л.Талстога (1977), «Выбранае» А.Купрына (1985) і іншыя творы пісьменнікаў народаў СССР і замежных краін; у перакладзе на расейскую мову выйшлі раманы Р.Мурашкі «Салаўі святога Палікара» (1970) і «Сын» (1973), М.Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі» (1971), М.Ткачова «Дыханне агню» (1983), аднатомнікі выбраных твораў А.Марціновіча «Накцюрн» (1969), В.Каваля «Выбранае» (1975), М.Гарэцкага «Чырвоныя ружы» (1976), М.Ваданосава «Надзеі і здзяйсненні» (1979), аповесці Р.Няхая «Туман над стэпам» і «Алёшка-атаман» (1974), «Аповесць пра добрае сэрца» П.Кавалёва (1976), І.Навуменкі «Апошняя восемь (1977), М.Гроднева «Што скажуць людзі» (1978), М.Парахневіча «Маленства мае і тваё» (1978) і інш.

Салагуб Алесь (сапр. Салагуб Аляксей), нарадзіўся 18.10.1906 г. у вёсцы Зарудзічы Смаргонскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Віленскую беларускую гімназію (1927). За рэвалюцыйную дзейнасць двойчы быў зняволены польскімі ўладамі ў турму (1924, 1927). У 1928 г. нелегальна перайшоў польска-савецкую граніцу, жыў у Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1931). Вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР (1931-1933). Арыштаваны органамі АДПУ БССР 10.08.1933 г. і па пастанове пазасудовага органа ад 09.01.1934 г. асуджаны да выключнай меры пакарання. Рэабілітаваны 16.08.1956 г.

Расстраляны 17.05.1934.

Свой першы цыкл вершаў напісаў у 1924 г. у турме. Друкаваўся з 1925 г. у прагрэсіўных заходнебеларускіх выданнях. У Менску выйшаў зборнік вершаў «Лукішкі» (1929). Шэраг вершаў апублікаваны ў калектыўных зборніках «Сцягі і паходні» (1965), «Ростані волі» (1990).

У газеце «Звязда», часопісе «Полымя рэвалюцыі» змяшчаў артыкулы, у якіх асвятляў літаратурны рух у Заходняй Беларусі і Польшчы. Выступаў таксама і як публіцыст. Часопіс «Полымя» надрукаваў у 1961 г. «Лукішскі дзённік», які паэт вёў у зняволенні.

Саламаха Ўладзімір, нарадзіўся 24.03.1949 г. у вёсцы Бераснёўка Кіраўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і рабочага.

Пасля заканчэння Скачкоўскай сярэдняй школы Кіраўскага раёна (1966) быў залічаны на працу карэктарам у рэдакцыю раённай газеты «Кіравец». У 1968-1970 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975) працаваў старшым рэдактарам Дзяржаўнага камітэта БССР па кінематаграфіі. З 1983 г. працуе ў рэдакцыі часопіса «Маладосць» – літсупрацоўнікам, цяпер загадчык аддзела публіцыстыкі. Сябра СП СССР з 1982 г.

У друку пачаў выступаць як журналіст з 1966 г. Першыя апавяданні апублікаваў у 1977 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг прозы «На ўзмежку радасці» (1980), «Заўтра ў дарогу» (1985), «Кавалёк – лесавая былінка» (1988), «Цяпло чужога сэрца» (1990).

Па яго сцэнарыях зняты шэраг дакументальных і мультыплікацыйных фільмаў.

Саламевіч Янка, нарадзіўся 29.10.1938 г. у вёсцы Малая Кракотка (у 1969 г. аб'яднана ў вёску Вялікая Кракотка) Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960). Працаваў карэктарам, тэхнічным рэдактарам выдавецкага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (1960-1962), рэдактарам у выдавецтве Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі (цяпер «Вышэйшая школа»). У 1967 г. скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1968 г. працуе ў Галоўнай рэдакцыі БелСЭ (з 1980 г. – выдавецтва БелСЭ імя П.Броўкі) – старшым навуковым рэдактарам, з 1976 г. – загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1989 г.

Упершыню ў друку выступіў у 1955 г. (слонімская раённая газета «Вольная праца»), у рэспубліканскім – у 1957 г. Аўтар манаграфіі «Міхал Федароўскі» (1972), «Слоўніка беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў XVI-XX стст.» (1983).

Склаў бібліяграфічны даведнік «Беларускі фальклор. 1926-1963» (1964), вучэбны дапаможнік для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура: Хрэстаматыя» (з А.Налівайкам, М.Пятровічам, 1966), анталогію «Беларуская балада» (1978), выбраныя творы «Доля і хлеб» Г.Леўчыка (з Н.Ляшковіч, 1980), зборнікі «Беларускія загадкі (1982, 1989), «Мама Мышка сушыла шышкі» (беларускія народныя скорагаворкі, 1983), зборнік «Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы» (з А.Лісам, 1984), адзін са складальнікаў беларускага літаратурна-мастацкага календара «Кола дзён» (1987, 1988).

Перакладае з расейскай, украінскай, польскай моў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Салаўёў Аляксандар, нарадзіўся 15.02.1932 г. у сяле Старашашмінск Ніжнякамскага раёна (Татарская АССР) у рабочай сям'і.

Скончыў Чыстапольскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі (1949), Казанскую ваенна-авіяцыйную навучальню (1951), Ленінградскую Чырванасцяжную Ваенна-паветраную акадэмію (1961). Служыў у Забайкальскай, Туркестанскай, Сярэднеазіяцкай, Прыкарпацкай венных акругах. У 1982 г. звольнены ў запас. З 1983 г. жыў у Менску. Сябра СП СССР з 1983 г.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю