Текст книги "Беларускія пісьменнікі: 1917-1990"
Автор книги: Аляксей Гардзіцкі
Жанр:
Справочники
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 37 страниц)
Пераклаў на расейскую мову шэраг вершаў і паэм М.Аўрамчыка, А.Астрэйкі, Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, С.Гаўрусёва, С.Грахоўскага, А.Грачанікава, Е.Лось і некаторых іншых беларускіх паэтаў. У 1988 г. выйшла кніга выбраных перакладаў з беларускай мовы «Журавлиная стая».
Дранько-Майсюк Леанід, нарадзіўся 10.10.1957 г. у горадзе Давыд-Гарадку Столінскага раёна Берасцейскай вобласці ў рабочай сям'і.
Пасля заканчэння Давыд-Гарадоцкай сярэдняй школы № 2 (1974) працаваў на мясцовым заводзе слясарна-мантажных інструментаў. У 1975 г. паступіў на завочнае аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1976-1978 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі перавёўся на стацыянарнае аддзяленне Літінстытута, які скончыў у 1982 г. З 1982 г. – рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1984 г.
Першыя вершы надрукаваў у столінскай раённай газеце «Навіны Палесся» ў 1972 г., у рэспубліканскім друку выступіў у 1975 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў вершаў «Вандроўнік» (1983), «Над пляцам» (1986), «Тут» (вершы, паэмы, эсэ, 1990).
Дубінка Вячаслаў, нарадзіўся 17.12.1941 г. у горадзе Слуцку Менскай вобласці ў сям'і рабочага.
Скончыў Чарнавіцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту (1961). Працаваў брыгадзірам комплекснай брыгады, прарабам, начальнікам будаўнічага ўчастка ў Слуцку (1961-1964), фотакарэспандэнтам раённых газет «Будаўнік камунізма» (Любань, 1964-1965), «Шахцёр» (Салігорск, 1965-1966), рэспубліканскіх газет «Звязда» (1966-1971), «Чырвоная змена» (1972-1974), у студыі «Фота і жыццё» Саюза журналістаў Беларусі (1974-1976), фатографам рэстаўрацыйнай майстэрні Міністэрства культуры БССР (1979-1981). З 1981 г. – у часопісе «Беларусь». Сябра СП СССР з 1988 г.
Аўтар фотанарысаў, фотаальбомаў «Бабруйск» (1967), «Нясвіж» (1968), «Магілёў» (1971), «Брэст» (1979) і інш. Выйшлі кнігі публіцыстыкі, прозы «Паплач ля роднае крынічкі» (1981), «Не плач, душа мая» (1983), «Ой, зялёны дубочак» (1983), «Браты святой ночы» (1986), «Развітальная песня» (1989).
Дубоўка Ўладзімір, нарадзіўся 15.07.1900 г. у вёсцы Агароднікі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (1918). Настаўнічаў у Тульскай вобласці (1918-1920), служыў у Чырвонай Арміі (1920-1921). Пасля дэмабілізацыі працаваў метадыстам і інспектарам беларускіх школ Наркамата асветы РСФСР і займаўся на творчым аддзяленні Вышэйшага літаратурна-мастацкага інстытута імя В.Брусава, які скончыў у 1924 г. Быў сябрам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк», «Узвышша», першым рэдактарам часопіса «Беларускі піянер» (цяпер «Бярозка»). Працаваў рэдактарам беларускага тэксту «Весніка ЦВК, СНК і СПА Саюзу ССР» (1922-1925), адказным сакратаром пастпрэдства БССР пры ўрадзе СССР (1923-1924), выкладчыкам беларускай літаратуры Камуністычнага ўніверсітэта народаў Захаду (1924-1927), рэдактарам «Збору законаў і загадаў рабоча-сялянскага ўраду Саюза ССР» (1926-1930). У 1930 г. рэпрэсіраваны. Зняволенне, высылку адбываў у Кіраўскай вобласці, Чувашыі, на Далёкім Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Пасля рэабілітацыі (1957) жыў у Маскве. Сябра СП СССР з 1958 г.
Памёр 20.03.1976 г.
Першы верш надрукаваў у 1921 г. у газеце «Савецкая Беларусь». Выйшлі зборнікі вершаў «Строма» (Вільня, 1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (Масква, 1927), «Палеская рапсодыя» (1961), «Вершы» (1970), паэмы «Там, дзе кіпарысы» (1925), «І пурпуровых ветразей узвівы» (Вільня, 1939), кніжкі вершаваных казак для дзяцей «Цудоўная знаходка» (1960), «Кветкі – сонцавы дзеткі» (1963), «Казкі» (1968), «Залатыя зярняты» (1975), а таксама казкі «Як сінячок да сонца лётаў» (1961), «Дзівосныя прыгоды» (1963), «Мілавіца» (1964). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1959, 1965).
Аўтар аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967), «Ганна Алелька» (1969), «Як Алік у тайзе заблудзіўся» (1974) і кнігі апавяданняў-успамінаў «Пялёсткі» (1973). Выступаў з крытычнымі, публіцыстычнымі і навуковымі артыкуламі па пытаннях беларускай мовы, літаратуры, культуры.
Вядомы і як перакладчык твораў У.Шэспіра («Санеты», 1964), Дж. Байрана (паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін» у зборніку «Выбранае», 1963), вершаў В.Брусава, А.Пракоф'ева, П.Тычыны, Ю.Яноніса, С.Шырвані, М.Ардубады, К.Каладзе, Е.Чарэнца, У.Бранеўскага, Ю.Славацкага, У.Сыракомлі, Ду Фу і інш.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за зборнік вершаў «Палеская рапсодыя».
Дубровіч Алесь (сапр. Рэдзька Аляксей), нарадзіўся ў 1910 г. у вёсцы Каралевічы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў вясковую школу, займаўся самаадукацыяй. Удзельнік рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. У 1933 г. прымаў удзел у першым нелегальным з'ездзе пісьменнікаў, які ўтварыў Літаратурны фронт сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. У 1934 г. быў зняволены ў Лукішскую турму, дзе адбыў два гады. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (1939) працаваў у валасным рабоча-сялянскім камітэце, выбіраўся старшынёй сельсавета. Быў дэлегатам Народнага сходу ў Беластоку (1939). Перад Вялікай Айчыннай вайной працаваў у Вілейскай раённай газеце. З пачатку вайны – падпольшчык.
Расстраляны фашысцкімі акупантамі 07.11.1942 г.
Друкаваўся з 1928 г. у прагрэсіўнай газеце «Доля працы», у перыядычных выданнях «Беларуская газета», «Літаратурная старонка», «Беларускі летапіс», «Калоссе». Нізкі вершаў змешчаны ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Сцягі і паходні» (1965), «Крывёю сэрца» (1967), «Ростані волі» (1990).
Дуброўскі Ігнат (сапр. Чарняўскі Ігнат), нарадзіўся 04.09.1906 г. у вёсцы Дуброва Смалявіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння сярэдняй школы (1925) працаваў загадчыкам магазіна спажывецкай кааперацыі ў сваёй вёсцы, справаводам сельсавета, загадчыкам аддзела прапаганды, затым сакратаром райкома камсамола ў Астрашыцкім Гарадку. У 1928-1929 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках (1931) і аспірантуру пры Ўсесаюзным інстытуце эканомікі сельскай гаспадаркі ў Маскве (1937). Працаваў намеснікам дырэктара гэтага інстытута па навучальнай частцы. З 1937 г. – загадчык сектара аграрных праблем Інстытута эканомікі АН БССР. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны пайшоў на фронт, камандаваў батарэяй. Быў цяжка кантужаны і паранены пры абароне Масквы. Быў вязнем фашысцкага канцлагера (Франкфурт-на-Майне). У 1945-1976 гг. – зноў загадваў сектарам аграрных праблем Інстытута эканомікі АН БССР. Кандыдат сельскагаспадарчых навук. Сябра СП СССР з 1951 г.
Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Дружбы народаў, Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1981).
Першыя вершы надрукаваны ў 1927 г. У пасляваенны час пачаў пісаць празаічныя творы, нарысы. Аўтар аповесцей «Зямля маладзее» (1952), «Зямныя вузлы» (1967), зборнікаў апавяданняў «Радня» (1954), «Паўз самыя вокны» (1961) і нарысаў «Светлы шлях» (1959), «Да долі чалавечай» (1970), «Гамоніць Палессе» (1977), «На новыя кругі» (1980), «Час сеяць і час жаць» (1982), «Красна хата не толькі пірагамі» (1988).
Напісаў таксама шэраг навуковых прац па праблемах развіцця сельскай гаспадаркі, крытычнае даследаванне аб нарысе «Нялёгкі хлеб» (1990).
Дуброўскі Міхась, нарадзіўся 03.10.1897 г. у вёсцы Казелле Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Працаваў паштальёнам у Харкаве (1915-1916), быў прызваны ў армію. Прымаў удзел у падзеях Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Смаленску і на Клімаўшчыне. Служыў у Чырвонай Арміі. У 1925 г. скончыў творчае аддзяленне Вышэйшага літаратурна-мастацкага інстытута імя В.Брусава ў Маскве і быў накіраваны на працу ў Менск – навуковым супрацоўнікам літаратурнай камісіі Інбелкульта. З 1926 да 1945 г. жыў у Маскве, працаваў упраўдомам ва Ўсесаюзным радыёкамітэце, настаўнічаў (у 1941-1942 гг. працаваў у Башкірыі). Скончыў аспірантуру пры Маскоўскім інстытуце гісторыі, філасофіі і літаратуры (1941). З 1945 г. – старшы выкладчык Берасцейскага настаўніцкага інстытута, у 1949-1950 гг. – Літаратурнага інстытута (Масква), у 1950-1957 гг. – Гарадзенскага педінстытута. Сябра СП СССР з 1959 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 11.09.1983 г.
Выступаў у перыядычным друку з вершамі, п'есамі, артыкуламі з 1918 г. У 1926 г. у яго перакладзе на беларускую мову выйшла асобным выданнем паэма О.Уайльда «Балада Рэдынгскай турмы».
Адзін з аўтараў (з П.Шастаковым) п'есы-лібрэта «Уласнай рукой» (газета «Гудок», 1928-1929, пастаўлена ў 1919).
Дубянецкі Міхаіл, нарадзіўся 04.03.1927 г. у вёсцы Востраў Пінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1944 г. скончыў кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Пінску. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў Лемяшэвіцкай няпоўнай сярэдняй школы Пінскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1945-1951). У 1951-1952 гг. – прапагандыст Пінскага райкома КПБ, у 1952-1956 гг. – слухач Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ (у 1960 г. скончыў завочна Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС па спецыяльнасці журналістыка), у 1956-1957 гг. – загадчык аддзела Ганцавіцкага райкома КПБ, у 1958-1961 гг. – намеснік рэдактара ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда», у 1961-1964 гг. – рэдактар выдавецтва «Беларусь», у 1964-1968 гг. – загадчык рэдакцыі, галоўны рэдактар выдавецтва «Ураджай», у 1968-1975 гг. – інструктар сектара друку ЦК КПБ, у 1975-1979 гг. – адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, у 1979-1986 гг. – дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1984 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 03.09.1990 г.
Публікаваць мастацкія пераклады пачаў у 1964 г. Перакладаў з расейскай, украінскай, польскай моў. Выйшлі зборнік украінскіх апавяданняў «Сцяжынка без канца» (1980), «Жыві і помні» В.Распуціна (1982), «Клімко» Г.Цюцюнніка (1982), «Гэта дзіўнае жыццё: Аповесці і апавяданні» Д.Граніна (1983), «Блакадная кніга» А.Адамовіча і Д.Граніна, «Стэфан, Верная рака» С.Жэромскага (1984). Аўтар брашуры «Савецкая Беларусь» (1973).
Дудар Алесь (сапр. Дайлідовіч Аляксандар), нарадзіўся 24.12.1904 г. у вёсцы Навасёлкі Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і селяніна.
Пасля атрымання ў Менску сярэдняй адукацыі (1921) вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб'яднання «Маладняк». 31.10.1936 г. арыштаваны. Прыгавор Ваеннай калегіі ад 28.10.1937 г. у адносінах да яго адменены Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР (1957), і справа спынена. Рэабілітаваны пасмяротна 21.09.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 29.10.1937 г.
Першыя вершы надрукаваў у 1921 г. Выдаў зборнікі вершаў «Беларусь бунтарская» (1925), «Сонечнымі сцежкамі» (1925), «І залацісцей, і сталёвей» (1926), «Вежа» (1928), паэмы «Шанхайскі шоўк» (1926), «Слуцак» (1935), зборнік апавяданняў «Марсельеза» (1927). У 1959 г. выйшлі Выбраныя творы, у 1984 г. – зборнік вершаў і паэм «Вежа».
Разам з А.Александровічам і А.Вольным напісаў раман «Ваўчаняты» (1925).
Выступаў і як крытык. Пад псеўданімам Т.Глыбоцкі выдаў зборнік артыкулаў «Пра літаратурныя справы» (1928).
Пераклаў некаторыя творы А.Пушкіна, «Дванаццаць» А.Блока, урыўкі з «Фаўста» І.В.Гётэ, творы С.Ясеніна, Б.Пастарнака, М.Ціханава, Г.Гейнэ, Э.Вайнерта і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі «Выбраныя вершы» С.Стандэ (1932), аповесць Ф.Гладкова «Новая зямля» (1932), раман У.Кузьміча «Крыллі авіяспіралі» (1932), «Апавяданне пра кайданы» М.Ляшко (1933), «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера (1934), «Жаніцьба Фігара» П.Бамаршэ (1936).
Дудараў Аляксей, нарадзіўся 06.06.1950 г. у вёсцы Кляны Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1968 г. скончыў Наваполацкую прафесійна-тэхнічную навучальню нафтавікоў. Працаваў слесарам на Полацкім нафтаперапрацоўчым заводзе. Служыў у Савецкай Арміі (1968-1970), зноў працаваў на нафтаперапрацоўчым заводзе (1970-1972). У 1976 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Быў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача (1976-1979). У 1979-1983 гг. сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі «Тэлефільма» (Менск). Сакратар Саюза тэатральных дзеячаў БССР (з 1987). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1979 г.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём.
У друку выступае з 1973 г. Выдаў зборнік апавяданняў «Святая птушка» (1979), казку для дзяцей «Сінявочка» (1981). Найбольш вядомы як драматург і кінадраматург. Па яго сцэнарыях пастаўлены кароткаметражныя фільмы «Кола» (1977), «Дэбют» (1978), «Буслянё» (1980) і мастацкія – «Суседзі» (1979), «Купальская ноч» (1982), «Белыя росы» (1984), «Восеньскія сны» (1986). Аўтар п'ес «Выбар» (пастаўлена ў 1979), «Парог» (пастаўлена ў 1981), «Апошні ўзлёт» (пастаўлена ў 1982), «Вечар» (пастаўлена ў 1983), «Радавыя» (пастаўлена ў 1984), «Злом» (пастаўлена ў 1988), «Вежа» (з У.Някляевым, пастаўлена ў 1990). Інсцэніраваў раманы М.Астроўскага «Як гартавалася сталь» (пастаўлена ў 1980) і М.Булгакава «Майстар і Маргарыта» (пастаўлена ў 1987). У 1987 г. выйшаў зборнік п'ес «Дыялог».
Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за зборнік апавяданняў «Святая птушка» і п'есу «Выбар», Ленінскага камсамола (1984) за творы апошніх год, Дзяржаўнай прэміі СССР (1985) за спектакль «Радавыя».
Дудзюк Зінаіда, нарадзілася 29.03.1950 г. у вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і рабочага.
Пасля заканчэння Белаазёрскай сярэдняй школы (1966) працавала тынкоўшчыцай у Белаазёрску. У Берасці скончыла тэхнічную навучальню будаўнікоў (1970). Працавала чарцёжніцай, тэхнікам, інжынерам інстытута «Брэст-грамадзянпраект», адначасова вучылася ў Берасцейскім інжынерна-будаўнічым інстытуце на вячэрнім факультэце (скончыла ў 1977). Працавала інжынерам на Бярозаўскай ДРЭС, метадыстам Бярозаўскага бюро экскурсій і падарожжаў. З 1983 г. – карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1986 г.
Першы верш надрукавала ў 1967 г. (бярозаўская раённая газета «Маяк камунізма»). З 1976 г. друкуецца ў рэспубліканскіх выданнях. Аўтар зборнікаў паэзіі «Праводзіны птушак» (1983) і «Абрысы лета» (1988). Піша вершы і казкі для дзяцей. Напісала п'есу для лялечных тэатраў «Канёк-гарбунёк» (паводле аднайменнай казкі П.Яршова, 1984, калектыўны зборнік «Крынічка»), аднаактоўку «У абдымках вятроў» (1985), радыёп'есу «Дудка-самагудка» (пастаўлена ў 1989).
Пераклала на беларускую мову п'есу Т.Амосавай і І.Пятровай «Славутае качаня Цім» (пастаўлена ў 1990).
Дудо Пятро, нарадзіўся 04.09.1911 г. у вёсцы Забалацце Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
З 1935 г. служыў у Чырвонай Арміі. У 1940 г. скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Менску. У 1940-1941 гг. – намеснік рэдактара газеты «Вольная праца» (Беласток), у гады Вялікай Айчыннай вайны – палітработнік, супрацоўнік армейскага друку. З 1949 г. – карэспандэнт газеты «Во славу Родины» (Менск).
Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.
Памёр 23.02.1958 г.
Выступаў у перыядычным друку з нарысамі і апавяданнямі з 1934 г. Аўтар аповесці «Першы салют» (1958), сатырычнай камедыі «Чортаў тузін» (1963).
Дукса Мар'ян, нарадзіўся 05.04.1943 г. на хутары каля вёскі Каракулічы Мядзельскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1958-1960 гг. займаўся ў Свірскай навучальні механізацыі, закончыўшы яе, працаваў у калгасе ўлікоўцам трактарнай брыгады, адначасова вучыўся завочна ў сярэдняй школе. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1969). У 1969-1987 гг. настаўнічаў у Сольскай сярэдняй школе на Смаргоншчыне. Сябра СП СССР з 1969 г.
Першы верш апублікаваў у мядзельскай раённай газеце ў 1960 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Станцыя» (1974), «Прыгаршчы суніц» (1976), «Забытыя словы» (1979), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989). Аўтар кніг для дзяцей «Зялёны акварыум» (1980) і «Світаюць сосны» (1987).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя А.Куляшова (1990) за кнігу вершаў і паэм «Заснежаныя ягады».
Дунец Хацкель, нарадзіўся ў студзені 1897 г. у горадзе Слоніме Гарадзенскай вобласці ў сям'і рамесніка.
Атрымаў сярэднюю педагагічную адукацыю. У 1918-1919 гг. працаваў загадчыкам сталовай, затым на партыйнай рабоце ў Віцебску. З 1926 г. жыў у Менску, быў намеснікам рэдактара газеты «Акцябэр» («Кастрычнік»). З 1933 г. да лютага 1935 г. – намеснік наркома асветы БССР, затым – культработнік на заводзе імя Кірава. Арыштаваны 07.07.1936 г. і па пастанове пазасудовага органа 27.08.1936 г. зняволены ў выпраўленча-працоўны лагер тэрмінам на 5 год. Зняволенне адбываў ва ўхтпячорскіх лагерах. Паўторна арыштаваны ў красавіку 1937 г. і Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР ад 28.10.1937 г. асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па справе 1936 г. – 24.01.1967 г. Судовай калегіяй Вярхоўнага суда БССР, 1937 г. – 02.02.1967 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 29.10.1937 г. у Менску.
Першы артыкул апублікаваў у 1927 г. у часопісе «Штэрн» («Зорка»). Пісаў на мове ідыш. Разглядаючы жыдоўскую літаратуру, выказваўся і пра творчасць беларускіх пісьменнікаў. Асобнымі выданнямі выйшлі публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя працы «Аб масавай рабоце на яўрэйскай мове» (1929), «Дасягненні нацыянальнай палітыкі ў БССР» (1930), «Тэорыя паэзіі Літвакова» (1931), «У змаганні» (1931), «За Магнітабуд літаратуры» (1932), «Пра пісьменнікаў і творы» (1933), «На літаратурныя тэмы» (1934).
Дыла Язэп, нарадзіўся 14.04.1880 г. у горадзе Слуцку ў сям'і служачага.
Скончыў Слуцкую гімназію ў 1898 г. На наступны год паступіў у Юр'еўскі (цяпер Тартускі) ветэрынарны інстытут, з якога на трэцім курсе за ўдзел у антыўрадавых выступленнях быў выключаны. У 1903-1904 гг. працаваў у рэдакцыі менскай газеты «Северо-Западный край». У 1905 г. вёў нелегальную работу сярод сялян па заданні Менскага камітэта РСДРП. Працаваў у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы (1906-1918). Быў сябрам Часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўрада Беларусі – камісарам працы (студзень-люты 1919). У 1921-1923 гг. – старшыня Цэнтрабелсаюза. Пасля працаваў старшынёй Дзяржаўнай планавай камісіі БССР. У 1924 г. – намеснік старшыні Камісіі па раяніраванні БССР. З лістапада 1924 г. – сапраўдны сябра і вучоны сакратар Інстытута беларускай культуры, у 1925-1927 гг. – дырэктар Першага беларускага дзяржаўнага тэатра, дырэктар Інстытута па вывучэнні мастацтва пры Інбелкульце, намеснік загадчыка Белдзяржкіно па літаратурнай частцы. Быў сябрам ЦВК БССР. У 1931 г. рэпрэсіраваны, асуджаны на высылку з Беларусі. Жыў і працаваў у Саратаве. Рэабілітаваны ў 1957 г.
Памёр 07.04.1973 г.
Як пісьменнік дэбютаваў у 1912 г. у «Нашай ніве». Аўтар п'ес «Панскі гайдук» (1926, пастаўлена ў 1924), «Юнак з Крошына» (часопіс «Полымя», 1965), гістарычнай аповесці «Настасся Мякота» (часопіс «Маладосць», 1968, пазнейшая назва «У імя дзяцей»), шэрагу твораў для дзяцей. У 1981 г. выйшла кніга «Творы».
У перыядычным друку публікаваў апавяданні, крытычныя артыкулы, рэцэнзіі. Пераклаў на беларускую мову паасобныя вершы М.Канапніцкай, працы аб тэатральным жыцці Беларусі ў канцы XIX – пачатку XX стст., успаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Райніса.
Е
Егарэнкава Галіна, нарадзілася 13.05.1942 г. у горадзе Горкім (зараз Ніжні Ноўгарад, Расея) у сям'і рабочага.
У 1965 г. скончыла філалагічны факультэт Горкаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выкладала расейскую мову і літаратуру ў школах Горкага (1965-1967). Скончыла аспірантуру пры Літаратурным інстытуце ў Маскве. З 1972 г. – асістэнт, з 1978 г. – дацэнт кафедры расейскай і зарубежнай літаратур Менскага педагагічнага інстытута. Па сумяшчальніцтве выкладала расейскую літаратуру ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1972-1978). З 1980 г. працавала дацэнтам кафедры літаратуры Педагагічнага інстытута ў Горкім. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1979 г.
Памерла 09.02.1989 г.
Выступаць у друку пачала ў 1964 г. Літаратурна-крытычныя артыкулы і літаратуразнаўчыя працы прысвечаны творчасці А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, М.Гогаля, М.Лермантава, сучасных беларускіх пісьменнікаў І.Шамякіна, А.Адамовіча, Г.Далідовіча, В.Казько, І.Пташнікава, І.Чыгрынава і інш. Аўтар кніг «Духовная жажда» (Горкі, 1983), «Земная основа» (літаратурна-крытычныя артыкулы, Горкі, 1987). У 1990 г. у Менску выйшаў зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў аб беларускай прозе 70-80-х гадоў «Звено связующее».
Емяльянаў Алесь, нарадзіўся 20.03.1952 г. у вёсцы Забалацце Чавускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі (1969-1971). У 1971-1973 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў электрыкам у Менску, а ў 1977 г. перайшоў на журналісцкую працу (газеты «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі»). Скончыў завочна філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1983). У 1983-1986 гг. – рэдактар на Беларускім тэлебачанні. З 1986 г. – літкансультант СП БССР. Сябра СП СССР з 1986 г.
Першы верш апублікаваў у 1968 г. (часопіс «Бярозка»). Аўтар кніжак вершаў і паэм «Ранак поўніцца жыццём» (1977), «Нязжатае поле» (1982), «На падкове дарог» (1987).
Ермаловіч Мікола, нарадзіўся 29.04.1921 г. у вёсцы Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1938 г. паступіў на беларускае аддзяленне літаратурнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута. Да вайны скончыў тры курсы. У 1941-1943 гг. працаваў настаўнікам у Мардоўскай АССР. У 1943-1944 гг. на педагагічнай працы ў Суражы Віцебскай вобласці, у 1944-1946 гг. – у Дзяржынску Менскай вобласці. У 1946 г. аднавіў вучобу ў педінстытуце. Пасля заканчэння (1947) быў залічаны ў аспірантуру пры педінстытуце. З 1948 па 1955 гг. працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў Маладэчанскім настаўніцкім інстытуце, а пасля яго закрыцця быў загадчыкам метадычнага кабінета Маладэчанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У канцы 1957 г. па стану здароўя выйшаў на пенсію. Жыве ў Маладэчна. Сябра СП СССР з 1989 г.
Сталую літаратурную працу пачаў у 1948 г. Выступае ў друку як аўтар крытычных і літаратуразнаўчых артыкулаў і гістарычных нарысаў. У 1970 г. выйшла кніга «Дарагое беларусам імя», у 1989 г. – кніга «Па слядах аднаго міфа», у 1990 г. – гістарычнае даследаванне «Старажытная Беларусь».
Ермаловіч Якуб, нарадзіўся 07.08.1910 г. у вёсцы Вяшэўка Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння двухгадовых педагагічных курсаў у Мсціславе (1931) настаўнічаў у вёсцы Ўсушак Чавускага раёна, а ў 1932-1933 гг. быў літработнікам чэрвеньскай раённай газеты «Калектывіст». У 1933-1936 гг. вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце (скончыў завочна літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута ў 1959 г.). Рэпрэсіраваны ў 1936 г. Вызвалены ў 1941 г. Рэабілітаваны 26.07.1967 г. У 1944-1970 гг. працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы ў вёсцы Пагост Бярэзінскага раёна. Сябра СП СССР з 1961 г.
Памёр 12.04.1987 г.
Дэбютаваў у друку ў 1929 г. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Над Бярозай» (1960), «Душа чалавека» (1962), «Родная зямля» (1967), «Твар у твар» (1970), «След на зямлі» (1977), «Сіняя птушка» (1980), «Акопы не пазарасталі» (1985).
Есакоў Алесь, нарадзіўся 18.12.1911 г. у вёсцы Новікава Галіцкага раёна Кастрамской вобласці (Расея) у сям'і рабочага.
Працоўны шлях пачаў на Менскай шчотачнай фабрыцы імя Н.К.Крупскай у 1928 г. Быў артыстам і загадчыкам літаратурнай часткі Тэатра рабочай моладзі. Вучыўся на рабфаку, у Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва імя А.В.Луначарскага (1932-1935). Служыў у Чырвонай Арміі (1935-1936). З 1936 г. – загадчык аддзела мастацтва ў газеце «Літаратура і мастацтва», з 1938 г. – дырэктар Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1940 г. – начальнік аддзела тэатраў Упраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР. Удзельнічаў як ваенны журналіст у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь і ў савецка-фінляндскай вайне. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі, потым у партызанскім атрадзе на Меншчыне. Быў паранены. Пасля вайны працаваў начальнікам Галоўрэперткома БССР (1944-1945), загадчыкам аддзела ў газеце «Літаратура і мастацтва» (1945-1951), літкансультантам у СП БССР (1951-1960). У 1960-1974 гг. – вучоны сакратар Літаратурнага музея Янкі Купалы. Сябра СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 13.06.1985 г.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1928 г. Адзін з аўтараў п'есы «Першы штандар» (1930, пастаўлена ў 1929). Выдаў манаграфічны нарыс «Уладзімір Крыловіч» (1956), нарысы «Калгасны хор сяла Азершчына» (з Б.Смольскім, 1953) і «Старэйшы самадзейны калектыў» (1958), манаграфію «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), брашуру «Янка Купала і беларускае мастацтва» (1972). У 1977 г. выйшла кніга «Зерне да зерня: Абразкі з жыцця Янкі Купалы».