Текст книги "Грот афаліны"
Автор книги: Павел Мисько
Жанр:
Детские приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 30 страниц)
– Янг… Я-янг! – хтосьці паклікаў яго шапялявым голасам. Потым пачуўся стук кія па парозе. – Ты яшчэ спіш?
Янг пазнаў голас старасты Ганеша, і сон яго адразу знік. Такога яшчэ не бывала, каб сам стараста звяртаўся да яго, нейкага хлапчука.
– Я ведаю, што не спіш… Збяры сяброў, і бяжыце купацца. Даўжэй сёння купайцеся… І добра было б, каб увесь час хтосьці плюхаўся ў лагуне – па чарзе. І калі што ўбачыце новага, пасылайце дакладчыка. Янг, будзеш камандзірам разведкі.
Хлопец не верыў сваім вушам. Яму давяраюць такую важную справу?! Усхапіўся так, што затрэслася хаціна.
– Цішэй гарцуй… А то раней часу разваліш, – сказала маці кволым голасам. Яна і бацька яшчэ не ўставалі, нібы ўраз і назаўсёды страцілі цікавасць да жыцця. – Насячы арэхаў, кінь свінцы, а тады ўжо ляці. Курэй выпусці.
Іх хаціна, як і ўсе ў вёсцы, збудавана на высокіх палях. Пад бамбукавай падлогай-насцілам можна хадзіць угнуўшыся. Тут і загародка для свінкі, і клетка для курэй. Тут і камора, дзе яшчэ ёсць крыха какосавых арэхаў папярэдняга ўраджаю.
Янг працаваў і прыслухоўваўся да таго, пра што перагаворваюцца Ганеш з бацькам. Адзін стаіць каля парога, другі – у дзвярах.
– …дык толку ж няма з зялёных. Сок, малачко… Хіба што бражку рабіць. Дык на бражку ж можна і з самой пальмы соку наспускаць! – гаварыў бацька. – Але ж на ліха яна, і без яе горка!
– А я раю пассякаць арэхі, хоць зялёныя. Усё ж нейкая карысць будзе, – гаварыў Ганеш. – А то можа стацца – не паспеем і такія спажыць. Спляжаць усё бульдозерамі… Я чуў, што сюды, на Біргус, будуць вялікія самалёты садзіцца, караблі ваенныя прыплывуць.
– Божа міласэрны! Такую навалу паслаць…
– Трэба нам усім трымацца разам. Мо прыйдуць амерыканцы ўшчуваць, то будзем у адно гаварыць: мы толькі маліліся, гналі злых духаў. І што Раджа не было з намі, паехаў на Рай. Я ўсім так скажу, папярэджу… (Янг падумаў: «Ну і добра, што сам стараста скажа»)…А салдат першы напаў на нас… І трэба рыхтавацца да пахавання Япа і Раты… – Ганеш пайшоў, пастукваючы кіем.
– Вялікі Вішну! – усхліпнула маці.– Яны ж цэлую ноч ляжалі на беразе. Крабы вочы павыядалі… Як я цяпер буду раджаць? Бома няма, не будзе каму адганяць злых духаў.
– Ты не перажывай… Дасць бог, усё будзе добра, – уздыхнуў бацька.
– А Лі Сунь і сёння пайшоў да амерыканцаў. Павалок мех большы за сябе – ледзь носам зямлю не рыў.
– Гандаль мо наладжвае, чуе – пажывіцца можна, – адказаў бацька.
Янг выбраўся з-пад хаціны.
– Я ўсё зрабіў. Наце вам па яечку… – паклаў у шурпатую бацькаву руку яйкі, знойдзеныя ў курыным гняздзе. – Я пабег!
Галапузікаў, што бегаюць без штонікаў ці трусікаў, Янг не будзе браць у памочнікі. І дзяўчынак не возьме… Хаця адну то і можна было б – Натачу. Яе назвалі так у гонар савецкай дакторкі. Добра, што якраз у той час, як нараджалася Натача, стаяла непадалёку савецкае даследчае судна. І цяпер людзі памятаюць, што над ім развяваліся два сцягі – чырвоны і сіне-белы. Каб не прыехала з судна дакторка, то магло б не быць ні Натачы, ні яе маці, людзі ўжо маліліся Вішну, каб забраў сабе іх душы. Баявітаю расла Натача, спрытнаю. Але Янг не будзе клікаць сёння і яе, у яго чыста мужчынскае заданне.
Перш за ўсё Туна пакліча. Звычайна, калі спадала дзённая спякота і ў вёсцы пачынаўся хоць нейкі рух, Янг будзіў Туна так: падлазіў пад памост яго хаціны і востраю тонкаю патырчакаю соўгаў спадыспаду паміж бамбукавых жэрдак. Янг ведаў, у якім кутку спіць Тун, і звычайна пацэльваў калі не з першага, то з другога разу. А сёння прабраўся Янг… Раз кальнуў, другі…
– Ой, што гэта?! – пачуўся спалоханы мужчынскі ўскрык. Хтосьці падскочыў, хаціна затрэслася, як ад землетрасення: – Нячысты дух! Нячысты дух!
Янг даў лататы з-пад хаты. У тую ж хвіліну пачуўся Тунаў смех:
– Янг, гэта ты? Ха-ха, чуць жывот бацьку не прапароў!
– Я-а… Выходзь хутчэй!
– Чаго ты падхапіўся так рана?
– Даручэнне нам ёсць! Баявое! – І Янг расказаў, што да чаго. Ужо ўдвух памчаліся да Мансура.
Мансурава хаціна стаяла ў той палавіне вёскі, што была бліжэй да лагуны. Знайшлі яго на пальме – ссякаў арэхі. Увесь дол ужо быў укрыты імі, зялёнымі, шурпатымі. Мансур і слухаць не хацеў, што яму выкрыкваюць знізу хлопцы, пакуль не сталі цаляць у яго палкамі, а Янг прыгразіў, што залезе да яго і сцягне за нагу. Памаглі Мансуру сабраць арэхі ў мяшок, завалаклі дахаты. Памаглі і ўгаворваць яго суровага бацьку, бо таму не падабалася, што сын не выканаў яго распараджэння, а ўжо зрываецца недзе бегчы. «Пакупайцеся і бягом назад. Калі праз паўгадзіны не прыйдзеш, можаш увогуле не вяртацца!» – прыгразіў Мансуру бацька.
Пабеглі да лагуны навыперадкі з худым Мансуравым сабакам, арыентаваліся на дзіўныя гукі: там нешта прарэзліва звінела, трашчала і выла.
Выбеглі – і вачам сваім не паверылі: такім незнаёмым стаў бераг! Голы, чужы: упярэкрыжку і ўмітусь, а то і покатам ляжалі ўсе прыбярэжныя пальмы, нібы пранёсся шалёны ўраган. Яшчэ каля двух дрэў завіхаліся двое белых дзядзькоў у шортах. У іх руках і вылі тыя штуковіны, увачавідкі падгрызалі дрэвы. Трэці дзядзька, такі ж незагарэлы і амаль голы, чыкрыжыў ствалы на кавалкі.
– Чаго раты паразяўлялі? Бензапіл не бачылі? Марш адсюль! – закрычаў на іх, нібы ён тут быў гаспадаром, кітаец Лі Сунь.
Хлопцы аглянуліся. Крамнік назносіў пад вялікі банан кучу арэхаў, расклаў там на рагожцы сякі-такі тавар і вёў гандаль. То пільшчыкі, то салдаты, што распакоўвалі скрыні і складалі з металічных частак нейкія механізмы, падыходзілі да Лі Суня, і ён ім ускрываў арэхі, даваў піць сок. Каму не падабалася, тым успорваў бляшанкі з кансерваваным сокам ці півам. Лі Сунь рабіў свой бізнес.
– Чужыя пальмы абабраў! Я пабягу раскажу Ганешу! – Тун гатовы быў сарвацца з месца.
– Чакай, а там што? – спыніў яго Янг.
Каля ўваходу ў лагуну, які вельмі звужвалі рыфы і атольчыкі, нерухома застыў той пантон, што перапраўляў з баржы на бераг машыны і грузы. На ім стаяла і дадахкала прамавугольная глыба на колах. На пантоне завіхалася некалькі чалавек. Штосьці рабілі, штосьці падавалі з пантона ўніз, да вады. Вось на пантон ускараскаўся амаль голы чалавек з ластамі на нагах і аранжавымі балонамі за плячыма. Твару чалавека не было відаць, бліскала толькі шкло маскі. Вось ён сцягнуў маску на лоб, пацерабіў пальцам у вушах…
Пантон сёння быў упрыгожаны рознакаляровымі сцяжкамі – і чорнымі, і чырвонымі, і жоўтымі, і сінімі. Казаў неяк Радж, што калі вядуцца падводныя работы, то выстаўляюць такія сцяжкі.
– Па астраўках падбяромся бліжэй да пантона, разведаем, што яны робяць! – Янг кінуўся ўніз.
Пясок каля вады быў стаптаны – засталіся ўчарашнія сляды людзей. Сям-там валяліся факелы. А дзе ж бома Яп? Дзе старая Рата? Колькі ні ўглядаліся ў той бок, дзе завіхаліся каля скрынь салдаты, трупаў не заўважылі. А мо іх не забілі? Мо яны ўсталі ноччу і цішком вярнуліся дадому?
Імчаліся паласой прыбою, а сабака весела брахаў і стараўся то аднаго, то другога цапнуць за пятку. Дабеглі да мыса і адразу плюхнулі ў ваду – белапеністую, бурлівую ў вузкай пратоцы. Сабака павішчаў, патупаў на беразе і палез асцярожна ў ваду, задзіраючы галаву, паплыў за імі.
Каля апошняга астраўка хвалі былі большыя, усе пенілася і бурліла. Прытаіліся за скаламі, панаглядалі… І зразумелі, што тут людзі сапраўды штосьці робяць пад вадою. Ад той чатырохкутнай машыны на колах клубамі валіў смярдзючы чорны дым. Ад яе ішлі пад ваду чорныя гумавыя шлангі. Раз-пораз да пантона падплываў чалавек з балонамі за плячыма і ў масцы, і яму падавалі зверху то нейкія цяжкія пакеты, то правады.
– Хлопцы! Штосьці так грукоча пад вадою! Так б'е па вушах – аж баліць! – паспеў нырнуць і тут жа выскачыць Мансур.
Спусціліся ў пратоку паміж трэцім і чацвёртым астраўкамі. Янг з Тунам нырнулі і тут жа вынырнулі. Праўда!
– Не вытрываць! Галава расколваецца!
І тут іх заўважылі з пантона: закрычалі, замахалі рукамі, каб выбіраліся з вады і ўвогуле вымяталіся прэч. Але хлопцы толькі заплылі за астравок і зноў пачалі цікаваць са схованак, глядзець, што робіцца на пантоне, каля пантона і рыфаў.
Вось з вады адзін за адным вынырнулі двое ў масках і з балонамі за плячыма. Ім памаглі ўзлезці на пантон, зняць балоны. А маскі пазрывалі яны самі і цяжка дыхалі, размашыста церлі па перакрыўленых, як ад болю, губах, церабілі пальцамі вушы. Сабака нецярпліва павіскваў, хочучы забрахаць на незнаёмых, і яму Мансур заціскаў пысу, прыгінаў да скалы. Рабочыя, што завіхаліся на пантоне, выцягвалі з вады чорныя шлангі, нарэшце завіслі на шлангах нейкія жалезныя штуковіны з вострымі наканечнікамі.
– Мо які клад схавалі, золата?! – у Мансура загарэліся вочы.
– Дурня такога, як ты! – сплюнуў Тун.
– Я падплыву туды пад вадою, пагляджу. Я ўмею глядзець пад вадою! – Мансур папоўз са скалы нагамі ўніз.
– Ціха, яны адплываюць! – паказаў Янг на карму пантона, дзе затарахцеў рухавік, узбурліла бурунам вада.
Пантон адплываў паціху, каля борта стаяў чалавек у шортах і прапускаў праз далоні драты, якія вялі пад ваду.
– Гууд! Стоп! – прагучала каманда на пантоне.
– Я ныраю! Потым не знойдзеш гэтага месца! Сабаку патрымайце! – Мансур адпіхнуў сабаку, што збіраўся лезці за ім, і нырнуў. Спыніць яго не паспелі.
У той жа момант на пантоне адзін з дзядзькоў узмахнуў рукою, і глухі гул-выбух страсянуў наваколле. На месцы рыфаў і атольчыкаў, што перагароджвалі ўваход у лагуну, паўсталі агромністыя белыя слупы вады і абломкаў каралаў. Апалі, заплёхалі цяжка ў ваду абломкі рыфаў.
– Мансур!!! – закрычалі спалохана Янг і Тун, ластаўкамі ўзвіліся ў паветра, боўтнуліся ў ваду. Скокнуў за імі і сабака.
Мансур усплыў сярод рознакаляровых рыб неяк ненатуральна, перакручваючыся на бок, потым паказаў жывот і перавярнуўся на другі бок, пачаў апускацца на дно. І тут яго падхапілі Янг і Тун, павалаклі да астраўка. Павярнуў за імі і сабака.
З Мансуравых вушэй і носа цякла кроў. Яго трохі патармасілі, паціскалі, і ён закашляўся, выплёўваючы ваду. Жывы!
– Мансур! Хоць слова скажы! Мансур! – упрошвалі хлопцы. Сабака паціху заскавытаў.
А Мансур толькі стагнаў і скрыгатаў зубамі, вачэй не расплюшчваў.
– Дык што ж гэта робіцца?! – закрычаў Тун. – Учора двух забілі, і сёння… Што нам бацька яго скажа?!
– Хутчэй у вёску, мо хто паможа яму… Павярні тварам уніз! Прыпадымі! – калі Тун падняў Мансура, Янг падлез пад яго так, каб галава і адна рука Мансура былі на адным плячы, а другая рука – на другім. Ступіў, сагнуўшыся, у ваду. – Збоку плыві, будзеш страхаваць.
Цяжкі быў Мансур. Пакуль дабраліся да трэцяга астраўка, а потым да другога, Янг сам наглытаўся вады. Далей ужо цягнулі Мансура ўдвух, пад руку, паклаўшы на ваду дагары. Янг гроб леваю, Тун – праваю рукою.
На мысе-паўвостраве адсапліся – не доўга, каб толькі крыху вярнулася сіла. Зноў пагнялі, паціснулі Мансура ў спіну, паклаўшы жыватом на калена Янгу, бо хлопец, пакуль валаклі, зноў захапіў вады.
Сяк-так пасадзілі Мансура на сплеценыя ў замок чатыры рукі, панеслі ў вёску.
Вішчаў, бегаў вакол іх кругамі сабака.
Было і плачу, і крыку.
І не толькі ў Мансуравай хаціне, а і па ўсей вёсцы. «Людзечкі, ды што ж гэта робіцца?!» – на розныя лады галасілі жанкі. Сціскалі сківіцы хмурыя мужчыны – у бяссіллі і гневе. Каму паскардзішся? Хто дапаможа? Да бога – высока, да султана – далёка. Дый хадзілі ж да султана, скардзіліся і прасілі літасці. Ну, а што з таго? Не бацька ён свайму народу, не… Добра, што яшчэ хадакоў жывымі адпусцілі.
Некаторыя пабеглі на бераг лагуны. Калі не ўратуюць свае пальмы, то хоць зялёныя арэхі збяруць. Не было ўжо ў людзей ні боязі, ні павагі да Лі Суня. І адлупцавалі яго, і раскідалі ўсе яго шмоткі, адабралі арэхі. Асабліва стараўся Амара.
– А вам гэта прыпомню… Я вам прыпомню!.. – гразіўся Лі Сунь.
На амерыканскім катэры ён патарахцеў на Горны.
З'явіўся ён пад поўдзень з пяццю паліцэйскімі і чыноўнікам з папкаю пад пахаю. Паліцэйскія былі ў чалмах, з карабінамі і крывымі цесакамі, большымі, чым крысы-кінжалы. Чыноўнік быў апрануты, як індыец – у чорнай шапачцы, падобнай на пілотку, у белым сурдуце і белых штанах. Катэр з імі ўвайшоў у лагуну, не зніжаючы скорасці, з разгону ткнуўся ў белы пясок. Скінулі сходні, і ўсе пяцёра паліцэйскіх, чыноўнік і кітаец сышлі на бераг.
Пайшлі адразу не ў вёску, а да палатак, у якіх размясціліся амерыканскія салдаты і афіцэры. Шапталіся, размаўлялі там мо гадзіну, пра нешта дамаўляліся.
Зоркія вочкі ў Лі Суня…
– Эй, вы! – заўважыў ён Янга і Туна, якія залеглі пад кустамі і наглядалі, што робіцца ў лагуне і на беразе. – Паклічце сюды Ганеша! І хутка: адна нага тут, другая там!
Янг і Тун высалапілі яму языкі, перакрывілі і… зніклі ў гушчэчы.
– Не паклічуць. Але я сам ведаю, дзе Ганеш жыве і дзе той разбойнік. Калі ласка, хадзіце за мною! – паклікаў ён паліцэйскіх.
Амару злавілі, прывялі пад Дрэва Сходаў. Прывялі і старасту.
– Ад імя Яго Вялікасці султана!.. За замах на свяшчэнную і недатыкальную прыватную ўласнасць!.. – выкрыкваў высокім, ледзь не зрываўся, голасам чыноўнік, нібы выступаў перад шматлюдным натоўпам.
Амару паліцэйскія распласталі на зямлі і адлупцавалі бамбукавымі палкамі. Гэтак жа адлупцавалі і Ганеша – за тое, што распусціў ушчэнт сваіх сяльчан, не сочыць за парадкам. Добра адлупцавалі – не змог устаць.
– Не прыкідвайся, нягоднік! – пачалі штурхаць яго нагамі. – Скажы дзякуй, што не арыштавалі і не аддалі пад суд!
Але Ганеш не ўставаў.
– Лепш зусім дабіце… Я не перажыву гэтага сораму… – стагнаў ён.
Зноў падручыўся склікаць усіх крамнік Лі Сунь.
Пакуль людзі збіраліся, паліцэйскія пакутавалі ад гарачыні. То адзін, то другі бралі какосавыя арэхі, ссякалі адным ударам ім макаўкі, нібы галовы ворагаў султаната, смакталі сок. Падносілі і амерыканцу-афіцэру, які абыякава глядзеў, стоячы тут, і на экзекуцыю, і на ўсё, што выраблялі паліцэйскія і чыноўнік.
Прыйшло зусім нямнога людзей – мо трэцяя частка ад тых, што былі ўчора на сходзе.
Высокім брахлівым голасам чыноўнік гаварыў, што часу на роздум у людзей было многа. Цяпер даецца на зборы ўсяго дзве гадзіны. У лагуне пры беразе чакаюць іх катэр і вельботы, амерыканцы ўсіх бясплатна даставяць на Горны.
– Хто галава сям'і, будзеце падыходзіць сюды па дапамогу. Кожнаму будзе ўручаны чэк на прад'яўніка, па чэках можна на Горным ці на Галоўным у канторах банка атрымаць пяцьдзесят долараў.
У адказ чуліся толькі плач-скуголенне, нібы ў людзей ужо і сілы не было, каб заплакаць на ўвесь голас. Не пераставаў стагнаць і Ганеш.
Потым гаварыў афіцэр, а чыноўнік перакладаў. Амерыканцы не будуць нікога вінаваціць, што паранілі іх салдата.
– Адбылося непаразуменне, якога больш, я спадзяюся, астравіцяне не дапусцяць, – голас афіцэра быў ледзь не бацькоўскі.
– А як жа… А як жа тады… – застагнаў, закашляўся кроўю Ганеш. – Ваш салдат двух застрэліў!.. Нашых! І яму нічога за гэта не будзе?!
Чыноўнік хуценька перашаптаў афіцэру, што сказаў стараста.
– Гэтага не можа быць, таму што быць такога не можа! – адказаў афіцэр.
– Такія факты і мне невядомыя, – дадаў ад сябе чыноўнік, перакладаючы. – А вам мы маглі б яшчэ дабавіць за гэты паклёп. Але вы мне трэба жывы… Называйце кожнага галаву сям'і. Складзём спісы, акт на выдаткі.
Паліцэйскія падцягнулі Ганеша да баньяна, пасадзілі пад дрэва, прыхіліўшы спінаю да ствала.
Плач і галашэнне луналі над вёскаю, над усім Біргусам.
Людзі не ведалі, што браць, што кідаць. Можа, дзе ў вялікім цывілізаваным свеце, на Галоўным, на Раі, бляшанка з-пад кансерваў, што служыла за конаўку, не варта была выедзенага чарапашынага яйка. А біргусаўцам у іх бядоце ўсё было дорага, усё міла.
Прайшла гадзіна, прайшла другая, а ніхто не быў гатовы пакінуць сваю хаціну. Людзі нешта звязвалі, перавязвалі, кідалі і зноў бралі. А хто і быў гатовы, то не вытыркаўся наперад, аглядваўся на іншых. Раней людзі ішлі за бомам, ішлі за старастам, а цяпер іх не было. І ў разгубленасці шыліся ў цёмныя куткі, у кусты, думалі адседзецца, уратавацца.
Бацька нагрузіў на Янга столькі ўсяго – ішак не панёс бы. Сам узяў на абярэмак свінку, цераз плячо перакінуў звязкі курэй, і яны трапяталіся, спрабавалі ляцець, драпалі кіпцюрамі і дзюбамі за спіну і ногі. У маці быў толькі адзін клуначак з адзеннем і лямпа без шкла і газы (каштоўная рэч, хоць ёю ніколі не карысталіся). Маці немагчыма было выцягнуць з хаты, яна цалавала кожную бамбучыну, кожнае бярвенца. А выйшла, то ўплялася за крывую пальму, што схілілася каля хаціны, і загаласіла на ўвесь голас. Заплакаў за ёю і Янг, хоць дасюль толькі крадком выціраў то адно вока, то другое. Злізваў слязіны з дрыжачых губ бацька, ён усё паддаваў свінцы каленам знізу, каб не спаўзала з рук. Потым бацька апусціў свінку на дол, заціснуў яе нагамі і паклікаў Янга. Пакорпаўся ў яго клунішчу, што гнуў хлопца, як цыклон пальму, дастаў вяроўку, завязаў свінку за пярэднімі нагамі, па грудзях, канец наматаў на кулак.
– Ну – хадзем… Хадзем жа памалу… – гладзіў ен плячо маці свабоднаю рукою, угаворваў. А яна толькі хісталася з боку ў бок, як пад ветрам, спрабавала рваць на сабе валасы.
Тым часам у вёсцы пачало рабіцца штосьці жахлівае. Маторы зараўлі зусім блізка, сярод хацін. Бульдозеры ішлі шчыльна адзін пры адным – пабудовы рассыпаліся і клаліся пад гусеніцы з сухім трэскам і пылам. А пальмы паддаваліся не адразу. То адзін, то другі бульдозер страшна, з натугай роў маторам, пальма, у якую ўпіраўся нож, сутаргава дрыжала. І вось… сакавіты крэкт-трэск, дрэва з шумам гахае, ажно ўздрыгвае зямля. А бульдозер яшчэ і прапаўзе па пальме, нібы хочацца яму ўпляскаць дрэва ў зямлю.
Янгу здалося, што з аднаго бульдозера скаліў зубы Пуол. Прыгледзеўся – ён! Пуол сам трушчыў сваю хаціну!
– Вырадак! Каб ты маленькім здох!.. Праклінаю цябе! Праклінаю навек! – трос кулакамі яго бацька Джыва.
Усплёскі-выбухі плачу ўспыхвалі то там, то тут. У вэрхале, сярод машын і людзей мітусіліся і паліцэйскія, выцягвалі з хацін людзей – як не з-пад самых гусеніц, лупілі палкамі па спінах, па галовах. Некаторыя спрабавалі адбівацца, а жанчыны пускалі ў ход кіпцюры і зубы. І паліцэйскія тады зусім раз'юшваліся.
Бацька ўвесь калаціўся, даваў Янгу канец вяроучыны і не мог пацэліць у хлопцаву далонь. Але аддаў урэшце, каб Янг і свінку-рабуху вёў. А сам яшчэ пакорпаўся ў Янгавым клунку, дастаў партрэцік бога Вішну. За рамку абразка сям-там трымаліся ўсохлыя кветкі ліян і архідэй, папяровыя кветкі. (Янг любіў Вішну на гэтым партрэціку: тры твары ў яго – і ўсе такія светлыя, добрыя; шэсць рук, і ў кожнай што-небудзь трымае; каля бога рахманыя сабакі, прыгожы і сыты буйвал). А бацька тым часам падпаліў сернікам свяшчэнную духмяную палачку для акурвання, пачаў хадзіць з абразом і палачкай вакол хаціны і бліжэйшых пальмаў. Потым стаў каля пальмы, якую ўсё абдымала і цалавала маці, задыміў направа і налева і на іх. А грозныя, страшныя машыны з нажамі-адваламі ўжо зусім блізка, ужо кіруюць у іх бок…
– Эй, марш адсюль, пакуль цэлыя! – надрывалі горла паліцэйскія. Твары ў іх спацела-брудныя, чалмы пазбіваліся на патыліцы, а то і паразвязваліся.
– Не-е-е!!! – закрычала раптам маці немым голасам. Кінула свой клуначак і лямпу, пакарабкалася на пальму. – Не аддам ніко-ому! Не аддам!!!
Хоць і нахіленая была пальма, але ацяжэлай маці лезці было нязручна. І ўсё ж лезла, абдзіраючы ногі, вышай і вышай. Вось ужо засталася толькі тая частка ствала, якая, выпрастаўшыся, імкнула ўгору.
– Марш, марш! Ідзіце па разлік! – крычалі паліцэйскія ўсё бліжай. – Чаго тут стаіце? Прэч! – накінуліся яны на Янга і бацьку. – А ты?! Злазь зараз жа, тоўстая малпа! – затрос кулаком на маці паліцэйскі з вусамі.
– Не злезу! Не адда-ам!!! – крычала зверху маці.– Людзі! Залазьце на дрэвы! Яны не пасмеюць нас…
Але яе ніхто мо не чуў у рове матораў, у трэску, у людскім галашэнні. Страх за маці скаваў Янга, ён не мог скрануцца з месца.
– Імем Яго Вялікасці султана Муту – злаазь!!! – вусаты паліцэйскі, схапіўшы нейкі пакалак, папусціў у маці.– Атрымаеш трыццаць удараў папруцінамі! Злазь!
– Люд-цы!!! – крычала маці сваё. – Не паддавайцеся!
– Ану – падкалупні яе, патрасі трохі! – крыкнуў вусач вадзіцелю бульдозера і яшчэ штосьці дабавіў па-англійску.
Бульдозер раўнуў пагрозліва, крутнуўся на адной гусеніцы, зайшоў збоку: па нахілу і супраць нахілу не вельмі старую пальму патрасеш. Нож-адвал у гэтага бульдозера быў не роўны, а складаўся нібы з двух, пастаўленых пад вуглом адзін да аднаго, утварыўся нібы тупы рог з вострымі кантамі. Бульдозер роў-газаваў, расхістваў нажом пальму. Янг бачыў, як матлялася ўверсе маці, ашчаперыўшы ствол рукамі і нагамі, крычучы што ёсць моцы. Бачыў, як скаліўся ў дурной ухмылцы вадзіцель-бамбіза, высунуўшыся з кабіны, мабыць, забаўка яму падабалася.
– Мамачка, не трэба! Мамачка, зла-азь! – крычаў, голасна плакаў Янг.
– Стойце, душагубы! – зайшоў наперад і з усёй моцы ўпёрся ў адвал бульдозера бацька. – Яна злезе! Яна ўжо злазіць! – і зноў выставіў для абароны абразок Вішну.
Але што было вадзіцелю да іх бога, калі ен, відаць, і свайго не паважаў.
І раптам… жахлівы трэск, пальма зламалася ў тым месцы, дзе ўпіраўся бульдозер. Махрастая верхавіна, апісаўшы вялікую дугу, грымнула вобзем. Бацька ледзь паспеў адхіліцца: канец дрэва, самы яго гузыр таксама вільнуў у паветры, бухнуў на зямлю.
Янг закрычаў прарэзліва, ажно самому вушы заклала, кінуўся да маці…
І хай бы ён лепш не бачыў яе такою!..
Няхай бы навекі яна засталася ў яго памяці з жывым і чыстым, такім добрым і родным тварам.
– Ма-а-а-а… а-а-а!!! – Янг баяўся падступіцца да таго, што засталося ад маці, што відаць было з-пад пальмавага ствала. А бацька, падбегшы, збялеў і знямеў, у яго зрабіліся мутныя вочы вар'ята…
Бульдазерыст высунуўся з кабіны ўжо да пояса, выцягваў шыю, углядаўся ўперад, у тое месца, дзе ляжала размазджэраная жанчына, дурнавата міргаў белымі павекамі. Вусаты паліцэйскі скрануўся з месца, патаптаўся, паклікаў да сябе яшчэ аднаго. Закідалі маці пальмавымі лістамі і паштурхалі Янга і бацьку ў спіны: «Вы ёй ужо нічым не паможаце… Сама вінаватая… Бог пакараў яе за непаслушэнства…»