355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 19)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 30 страниц)

5

Натачу з бацькам знайшлі за кіламетраў пяць ад Кампонга на какосавай плантацыі. Гэта кіламетры чатыры па той дарозе, па якой ішлі на балота шукаць свабодныя землі, і яшчэ ўлева з кіламетр. Здалёк пачулі пах дыму і саладжава-прытарны дух гарачай, толькі што з печы копры. Убачылі на краі плантацыі і павець з пальмавых і бананавых лісцяў – доўгую, не такія буданчыкі, як рабілі ў іх на Біргусе над ямкамі-жароўнямі. Каля павеці стаяла двухколка-павозка, запрэжаная вослікам. Вусаты дзяцюк у капелюшы скідаў з павозкі падвезеныя арэхі.

Падышлі бліжэй і пазналі: першы мужчына за павозкай Амат, Натачын бацька. Бярэ па арэху і дзяўбе ім аб востры, увагнаны ў зямлю кол, аблузвае з арэха валакністую лупіну – койру. Голенькія арэхі, без кашуль, з касцяным гукам падаюць пад ногі другому мужчыну. А той узмахвае з-за вуха шырокім і доўгім, важкім парангам – сячэ, коле голыя арэхі напалам, падкідвае палавінкі да павеці.

Паздароўкаліся горача, Амат і Радж нават абняліся, прычым Амат смешна адтапырваў далоні, клейкія ад лупіны, – каб хоць не запэцкаць госця. А з Янгам Амат паздароўкаўся смешна – прытуліўся лбом да лба, нібы хацеў зрабіць «букі-букі», убароць рагамі, а потым выставіў пальцы літарай «V» і ўкалоў імі Янгаў жывот. Добры настрой быў у дзядзькі Амата!

– А дзе Натача, дзядзька? – папытаў Янг, выкручваючыся, ратуючы жывот.

– А вунь, пад кустамі. Там і маці… Копру выкалупваюць.

Янг пакінуў Раджа размаўляць з дзядзькам Аматам, які зноў ухапіў арэх і пачаў абдзёўбваць яго аб кол, а сам павярнуў за павець.

Натача з маці сядзелі пад разложыстым кустом бугенвіляў і выкалупвалі з яшчэ гарачых палавінак шкарлупін сухія рудыя зморшчаныя кавалкі ядраў – тую самую копру. Натача і так цёмная, негрытка, а тут яшчэ замурзалася… Не вытрываў Янг, разрагатаўся.

– О-ой, Я-янг?! – нібы праспявала Натача. – Ты хіба з неба зваліўся? – і засвяцілася ўся, засаромелася. – Мама, глядзі, а Янг вырас! Дальбог, вусікі нават пазначыліся.

Тут ужо і Янг засаромеўся: ну але, яшчэ што выдумала. А ўголас сказаў:

– Мне дванаццаць гадоў сёння.

І лепш не гаварыў бы: гэтая круцёлка падхапілася на ногі і… цмок Янга ў шчаку, цмок у… Не, у другую не паспела, Янг адхінуўся – і яшчэ больш засаромеўся.

– Я віншую цябе!.. Мы з мамаю віншуем. Толькі падарыць табе няма чаго. На, хоць копры пагрызі… Мо яшчэ не снедаў сёння.

– Калі тое было… Але я не хачу есці,– сказаў Янг, а сам падставіў прыгаршчы, узяў Натачын пачастунак. Апусціўся каля іх на траву, памалу супакойваючыся. Не думаў, што гэтак расхвалюе сустрэча з Натачай!

– Ну, расказвай, Янг, дзе вы цяпер і што парабляеце, – папрасіла лагодным голасам Прэма, Натачына маці.– А мы во, бачыш, дзе апынуліся. Буданы тут парабілі з галля – недалёка. Малыя там спяць… А пачнуцца дажджы, то не ведаю, як будзе. Але дзякуй Вішну, хоць гэтае месца знайшлі. Плацяць толькі бацьку нашаму і во таму мужчыну, што сячэ на палавінкі… Ну і зборшчыкам. А мы ўжо так тут памагаем бацьку, бо запарка ў іх. Трэба і арэхі рыхтаваць для сушкі, і агонь глядзець, і варочаць-сушыць, і выкалупваць са шкарлупін, запакоўваць у мяхі. Ад тоны копры плацяць, а на тону трэба тысяч сем-восем арэхаў. Без рук астацца можна.

Янг слухаў прыгожую Натачыну маці, думаў, што Прэма1616
  Прэма – каханне (сінгал.).


[Закрыть]
– вельмі падыходзіць для яе імя. Крадком любаваўся і Натачаю, параўноўваў іх твары і бачыў, што Натача і кропелькі матчыны пабрала. Ён адчуваў, што пасля Раджа яны самыя блізкія і дарагія яму людзі. На пытанні адказваў паволі, стараўся гаварыць самавіта, як дарослы. Нават пахваліўся, што цяпер працуе ў дэльфінарыі і Судзір-дрэсіроўшчык не можа без яго абысціся. Натача шчыра рагатала над фокусамі Бобі, яна ўжо завочна палюбіла гэтае хітранькае дэльфіня.

– Ідзі ўжо, дачушка, адпачні трохі, пабегай з Янгам, – адпусціла іх Прэма.

Натача ўзрадавалася.

– Піць хочаш? – спытала ў Янга: убачыла, як цяжка ён плямкае губамі, варочае языком, жуючы копру. І не дачакалася адказу, ухапіла ў зубы свой нож, задрала галаву: на якую пальму залезці б? Ага, вось на гэту, крыху нахіленую… І ламанула цераз кусты да пальмаў. Неўзабаве Янг убачыў яе паўзверх кустоў – караскалася на пальму спрытна, як малпа. Праз колькі хвілін на зямлю загупалі арэхі. А хутка і сама з'явілася з кучаю арэхаў на руках, задыханая, вочы гараць.

– Калена вунь… абдзёрла, – не знайшоў што сказаць Янг.

– А-ат… – абыякава махнула рукою і пабегла з арэхамі да дзядзькі з парангам. – Ссячыце ім макаўкі!

Дзядзька ссякаў, а Натача раздавала: Раджу… бацьку… самому рубшчыку… А тры ўскрытыя прынесла да кустоў, самы вялізны працягнула Янгу.

– Дачушка, ты гэтак больш не рабі. Не дай бог, плантатар убачыць… Распараджаешся, як на сваёй плантацыі.

– Дык што ж нам – смагнуць? Ды не збяднее ён з-за шасці арэхаў! – адмахнулася Натача. Дачакалася, пакуль Янг высмакча свой арэх, ухапіла яго за руку: – Пабеглі!

– Пачакай, – засупраціўляўся Янг. – Я пагляджу, як у вас тут зроблена… – і завярнуў пад павець.

Пакуль глядзелі, Натачына маці выграбла пад кустом велікаватую ямку, пазносіла туды выпітыя арэхі, прысыпала зямлёю і лісцем. Так будзе спакайней.

Янг убачыў, што прынцып сушылкі такі самы, як яны рабілі і на Біргусе. Толькі тут размах – не параўнаеш. Не нейкая ямка з вугалямі, перакрытая бамбукавымі палкамі, а доўгая канава… На дне гараць сухія шкарлупіны арэхаў, адзін жар, дыму амаль няма, над канаваю не памост з палак, а жалезная рашотка з тоўстага дроту. За раз можна раскласці мо тону арэхаў.

– Ну, пабеглі,– адарваўся Янг ад агледзін. – А куды?

– Куды вочы глядзяць!

Як гэта цудоўна – бегчы куды вочы глядзяць! І яны беглі спачатку ўздоўж какосавай плантацыі, блытаючыся ў зарасніках травы і кустоў. Дзе трапляліся сінія кветкі бугенвіляў ці чырвоныя махрастыя гібіскусы з доўгімі песцікамі, падобнымі на «ёршыкі», бутэлькі мыць, Натача зрывала і ўтыкала сабе ў кучары. Пад канец прагулкі галава яе нагадвала дзівосны, чароўны букет. Трохі і заблудзілі былі ў кустах, потым разабраліся, павярнулі назад. Янгава сэрца ажно дрыжала ад замілавання і любасці – такою прыгожаю ён Натачу яшчэ ніколі не бачыў.

Натачына светла-ружовая сукенка на грудзях зашнуроўвалася і завязвалася банцікам. Але пакуль лазілі па кустах, ён развязаўся, і кончыкі белага вітага шнурка целяпаліся.

– Давай я табе завяжу… – сказаў Янг і, не чакаючы згоды, узяўся вязаць. Вузялок атрымаўся як кветка з трох пялёсткаў. Схіліў галаву набок, палюбаваўся: ён адчуваў сябе шчаслівым, хоць яшчэ не разумеў, што з ім робіцца.

– Падабаецца?

– Ага… – усміхалася Натача. – Навучы і мяне. Янг і яе навучыў завязваць «кветкаю».

У парыве шчырасці расказаў ёй, як надумалі з Абдулою абследаваць з аквалангам возера на Горным, пашукаць на дне залатых самародкаў. Здзівіўся толькі, чаму Натача не загараецца гэтак, як некалі Абдула, а нават спужалася крыху.

– Янг, гэта ж вельмі небяспечна! А раптам што з аквалангам зробіцца? З вамі ж Раджа не будзе, не ведацьмеце, што рабіць, патопіцеся.

– Я адзін палезу, Абдула будзе наверсе. А я ўжо ведаю, як з аквалангам упраўляцца.

– А раптам тыя, што шукалі золата, нападуць? Яны ж, мабыць, узброеныя! Яны ж перастраляюць вас!

– Я цябе не запрашаю, калі баішся. А знойдзем самародкаў, то і з табою падзелімся.

– Не, я – пайду! – цвёрда заявіла Натача. – Вы ж там без мяне нічога не зробіце. Або ўлезеце ў якую шкоду, ведаю вас… Я вам абеды варыць буду!

– Ты думаеш, мы месяц там прабудзем? Дзень – не больш. Мы ж занятыя на рабоце, а ў містэра Крафта не вельмі вырвешся.

– Усё роўна без мяне вам не абысціся. Што трэба падрыхтаваць, узяць з сабою? Не будзеце ж усё з Рая валачы.

– Трэба вядро старое, дзірачак часта напрабіваць у дне цвіком. А тазік цынкавы – яшчэ лепш.

Натача спытала:

– А калі вы прыбудзеце? Я ж тут усяго не знайду, у Кампонг трэба будзе наведацца. Я там і прыхаваю, у Кампонгу, што дастану. Адтуль бліжэй несці будзе.

– Не ведаю калі. Буду старацца, каб хутчэй. Янг нават уявіць не мог, што ўсё адбудзецца вельмі хутка. Не мог уявіць і таго, што можа здарыцца ў дэльфінарыі.

Раздзел сёмы1

Яшчэ здалёк убачылі: каля варот дэльфінарыя стаіць запрэжаны двума муламі вялізны брызентавы фургон. На паўкруглым перадзе буды на белай пляме намаляваны чырвоны крыж і чырвоны паўмесяц. Нават не паўмесяц, а так – нібы аблузаны банан. Мулы дружна скубуць з тоўста напакаванай сеткі траву, сетка важка пагойдваецца на дышле. З варот быў паказаўся паліцэйскі, за ім дзядзька ў белым халаце, пра нешта пагаварылі, азіраючыся на вароты. Дзядзька з фургона выцягнуў складзеныя насілкі – два бамбукавыя шасты з прымацаваным да іх брызентам, узяў іх наперавес і пайшоў у вароты, паліцэйскі – за ім.

Радж сунуў у рукі Янгу цяжкую сумку, паскорыў крок. Янг – за ім.

За варотамі каля прахадной убачылі нямала народу. Крыху наводшыбе на вынесеным з прахадной табурэце сядзеў, як арыштаваны, Абрахамс – рукі на каленях, галава гаротна ўгнута. За яго спінаю, абапіраючыся на мётлы, як на стрэльбы, нібы ў ганаровай варце, стаяць дзве жанчыны-дворнічыхі. Янг бачыў іх упершыню, мабыць, яны прыбіраюць зялёную зону дэльфінарыя.

Бліжэй да прахадной двое паліцэйскіх, каля ног у іх сакваяж. Адзін, у мундзіры, штосьці запісвае ў блакнот, другі, у цывільным, мо большы начальнік, штосьці дыктуе і раз-пораз паглядвае на дзверы прахадной. Там двое дзядзькоў у белым, абодва трымаюцца за пастаўленыя тарчком насілкі і заглядваюць у сярэдзіну будынінкі.

– Што здарылася? – Радж у непаразуменні абводзіць усіх вачыма, позірк запыняе толькі на паліцэйскіх і на Абрахамсе. Незнаёмыя паліцэйскія, не тыя, што прыязджалі па Пуола.

Цывільны працягваў размерана дыктаваць вынікі агляду месца здарэння, не звяртаў на яго ўвагі.

– Ой, Радж!.. Ой, Радж! – нібы чакаў хлопцаў, каб паскардзіцца, Абрахамс. – Няшчасны Малу! Бедныя дэльфіны! О, што мне скажа містэр Крафт?! Я ж яму служыў вераю-праўдаю!.. Лепш бы мне на свет не нараджацца!

– Памаўчыце вы! – з прыціскам кінуў Абрахамсу цывільны. – А вы чаго тут рот разявілі? Тэатр знайшлі… А-а, вы – Радж Сінх? Упаміналі тут такога… Стойце, калі з'явіліся, і маўчыце. Дойдзе чарга і да вас.

Янг нагнуўся пад руку дзядзьку ў белым, зазірнуў у прахадную. На падлозе хтосьці ляжаў скурчыўшыся. У яго цэліўся фотаапаратам то гэтак, то так лысенькі стараваты малаец, раз-пораз асляпляльна бліскала ўспышка. Мяняючы месцы для чарговага здымка, лысенькі ўсё падтузваў і адкідваў сабе за зад важкую сумку з батарэяй. Быў у прахадной і доктар, стаяў у глыбіні спінаю да выхаду і звякаў інструментамі ў сумцы. Янг зноў зірнуў на ляжачага і ў яркім святле ўспышкі разгледзеў яго сіне-счарнелы твар. Янгу зрабілася нядобра, перавёў вочы на стол, дзе стаяла пачатая бутэлька віна «Дрымз сэйл» («Ветразь мары»), валяліся кавалкі ляпёшкі і варанага ямсу. Фатограф два разы шчоўкнуў і тое, што было на стале, два разы – зашклёны стэнд з ключамі – і павярнуўся выходзіць. Пакіраваў да дзвярэй і доктар, што збіраў сумку.

– Можаце забіраць, – кінуў ён санітарам з насілкамі.

Янг адступіў убок, учапіўся Раджу ў руку.

– Пан афіцэр, па ўсіх прыкметах – атручванне, – коратка сказаў доктар таму, што ў цывільнай вопратцы. – Яд хуткадзейны, смерць наступіла гадзіны чатыры назад. Атрута была ў віне… Зрэшты, патолагаанатамічнае даследаванне пакажа.

Санітары пранеслі насілкі з трупам. Твар у мёртвага не быў прыкрыты.

– Малу-у?! – усклікнулі Радж і Янг. Пазналі, урэшце, вартаўніка.

Доктар тым часам частаваў цыгарэтамі фатографа, паліцэйскіх. Радж пазнаў яго: той самы, што быў у дэльфінарыі, калі загінула Джэйн, з клінікі Энтані Рэстана.

Афіцэр зайшоў у прахадную, згроб на паперку тое, што ляжала на стале, а бутэльку вынес, засунуўшы ў рыльца мезены палец.

– Коркам трэба заткнуць. Хай і змесціва бутэлькі даследуюць, і дактыласкапічныя адбіткі здымуць, – сказаў паліцэйскі-пісар.

Афіцэр з бутэлькаю аддаў яму ў рукі папяровы згортак, а сам вярнуўся ў прахадную пашукаць корак. І знайшоў, вынес бутэльку ўжо інакш – указальным пальцам правае рукі трымаў пад донца, а такім жа пальцам левай рукі націскаў на корак. І згортак, і бутэльку схавалі ў сакваяж, што стаяў каля ног.

– Ну, як вы сябе адчуваеце? – звярнуўся афіцэр да Абрахамса. – Зможаце весці нас да басейна?

– А я, мабыць, там ужо не патрэбен? – спытаў доктар і нібыта пажартаваў: – Спадзяюся, больш трупаў не будзе? Пратакол судмедэкспертызы я завязу вам.

– Усяго добрага, – кіўнуў афіцэр, адпускаючы яго.

Абрахамс стаяў каля табурэткі на дрыжачых паўсагнутых нагах, божкаў і гараваў уголас:

– А я ж і душою не вінен… За што ж вы мяне трымаеце як арыштанта? Я ж першы ўбачыў, што дэльфінаў няма. Прыплыў з рыбаю да шлюза, гляджу – а што ж гэта дэльфіны не плюхаюць, не сустракаюць мяне? Тыя разы дык чуюць рыбу, хвалююцца, на хвост становяцца, за шлюз заглядваюць, на бераг дзюбы кладуць… А гэта ж – ціха-ціха… – Абрахамс гаварыў усё, мабыць, для Раджа, нібы шукаў у яго ратунку і падтрымкі, бо паліцэйскія слухалі няўважліва, з іроніяй. Мо не першы раз ужо? – Бягу да Малу… Ногі – як ватныя… Што ж гэта такое, як гэта ён не ўкаравуліў дэльфінаў? Я ж не думаў, што іх пакралі, думаў – шлюз хто адчыніў, а яны і паўцякалі… Прыбягаю, а там і Малу ляжыць нежывы… Я ж першы пазваніў вам, а за што ж вы мяне заарыштавалі? Чаму нікуды не пускаеце? У мяне ж рыбы стаіць поўная лодка, пратухне на сонцы. Можа, хто яшчэ купіў бы… хоць не ўсю… І то меншыя былі б страты.

– Памаўчы, стары. Зняўшы галаву, па валасах не плачуць, – кінуў афіцэр. – Тэпай хутчэй… От як будзем цябе дапытваць для пратакола, тады і раскажаш усё па парадачку.

– Алі прыйшоў! – звонка выкрыкнуў Янг, азірнуўшыся, паставіў сумку. – На змену прыйшоў, а Малу няма…

Усе спыніліся, паглядзелі ў бок прахадной. На тварах паліцэйскіх нават загулялі ўсмешкі, пабачылі, як Алі разгублена топчацца каля прахадной, разводзіць рукамі, урэшце крычыць ім: «Э-эй!»

Афіцэр загадаў Раджу:

– Бягом туды, бягом назад… У двух словах растлумач, што адбылося. Скажы, каб нікуды не адлучаўся з паста. З ім яшчэ будзе асобная гаворка.

Радж хутка збегаў і зразу далучыўся да групы. Усе ішлі запаволена, чакаючы яго.

– А містэр Крафт – дзе? – гэта спытаў у Абрахамса другі паліцэйскі.– Вы ж гаварылі, што ў такую пару звычайна і ён з'яўляецца.

– На Галоўны паехаў, у Свійттаўн. Справы ў яго… Абяцаў сёння вярнуцца, а калі – хто ведае?

– Ясна. Памаўчы, стары.

– Божа, я ж маўчу як рыба.

Падышлі да перакіднога мосціка, пасталі, водзячы позіркамі па басейне, па берагах, па трыбунах.

– Што змянілася ў параўнанні з учарашнім днём? – спытаў старшы паліцэйскі ў Абрахамса.

Загадчык гаспадаркі закруціў галавою то ў адзін, то ў другі бок, паціснуў плячыма. Радж і Янг таксама глядзелі на ўсе вочы. Адно новае заўважылі: за мосцікам справа, на беразе рукава стаіць на чатырох колах перасоўная помпа. Адзін тоўсты, як далонямі абхапіць, гафрыраваны рукаў апушчаны ў ваду, другі, даўжэйшы, адведзены і перакінуты за шлюз. Але ж гэтая навіна ні пра што асаблівае не гаворыць.

– Нічога, дальбог, нічога… – прамовіў, урэшце, Абрахамс. – Я толькі там, дзе ялік стаіць, на беразе, слядоў многа бачыў на пяску.

Пайшлі цераз мосцік, адпіхнуўшы з дарогі варотцы. Ад мосціка ўлева па беразе і каля «рэзідэнцыі» Судзіра – асфальт. А ўправа – пясок-ракушачнік з галькай, такое покрыва было і на пляцоўцы каля душаў, і каля Раджавай каморы і трэціх дзвярэй, дзе склад Абрахамса, і на дарожках паміж газонамі з кустамі. Здаецца, можна было пазнаць на пяску каля мосціка і на дарожцы, што вяла за шлюз, мужчынскія сляды.

Прайшліся берагам уздоўж парэнчаў, пад вышкаю. Прайшліся – і нічога падазронага таксама не заўважылі. Вярталіся назад, і Радж звярнуў увагу на тое, што край памоста нібы ў крыві – засохлай, пабурэлай. Пачалі больш прыглядацца і паліцэйскія, згледзелі бурыя плямкі і на асфальце, і на пяску. Афіцэр паказаў рукою, каб і плямкі, і сляды не затоптвалі, а фатограф пачаў бліскаць успышкаю. Павярнулі на дарожку ўправа і заўважылі, што сляды сталі глыбейшыя (пясок быў мякчэйшы), у адным месцы нават вывернута бамбукавая дужка з плоціка-загародкі. Відаць, людзі ішлі нагружаныя. Фатограф яшчэ некалькі разоў бліснуў, зняў і вывернутую дужку.

– Каб панесці дэльфіна, колькі чалавек трэба? – спытаў цывільны ў Раджа. Мо палічыў, што ён больш разбіраецца ў гэтай справе.

– Малога Бобі ўдвух можна падняць. А такога, як Дзік, то і чатыром як панесці,– адказаў Радж.

– Без вады колькі яны могуць пражыць? – зноў спытаў той.

– Некалькі гадзін. Але паліваць трэба… А лепш за ўсё іх перавозіць у вялізных ваннах з вадою.

Каля яліка з рыбаю фатограф пакруціўся больш. Бо і слядоў тут відаць больш, выявілі нават умяціны ад двух сходняў, іх клалі, відаць, на адлегласці крока адны ад другіх, каб можна было падымацца на борт адразу групаю.

– Якая тут глыбіня? Катэр можа падысці? – спытаў афіцэр, выцягнуўшы шыю да вады.

– Можа. Наш «Нептун» сюды заходзіць, – разам адказалі Абрахамс і Радж.

– Значыць, падплывалі на катэры… Дэльфінаў неслі па двух сходнях. Аднаго паранілі, як вылоўлівалі. А як вы іх ловіце – сеткамі? – старшы паліцэйскі спытаў гэта ў Абрахамса.

– Ага… Толькі трэба вельмі асцярожна з імі, а то і ўтапіць можна, – ахвотна растлумачыў Абрахамс.

– Я думаю, іх не сеткамі вылоўлівалі,– сказаў Радж. – Не вельмі лёгка сеткамі… Іх проста бралі аднаго за адным з памосту. Яны ў нас любяць на памост выскокваць. Трук нават такі ёсць: выскокваюць, укладваюцца, як дровы. Ну, а ім за гэта рыбку даюць. Хтосьці ведаў пра гэта ці бачыў і скарыстаў такі шанц.

– І яны абы-каго слухаюць? Любы можа загадаць, паманіць? – спытаў той, што пісаў.

– Судзіра лепш за ўсё слухаюцца, дрэсіроўшчыка, – сказаў Радж.

– Бобі сам любіць вылазіць, без каманды, – усунуўся ў гаворку Янг. – Убачыць мяне, і першы – шморг на памост, разяўляе рот… – голас Янга задрыжаў, яму раптам стала да слёз шкада Бобі. Гэтак мала разам паплавалі – і на табе! Злыя людзі разлучылі. «Бедны Бобі… Дзе ён цяпер? Ці жывы хоць? Чыя гэта кроў была на памосце і на дарожцы?»

– Дык вы казалі, што чулі, як ноччу грукаў матор? – звярнуўся афіцэр да аднае дворнічыхі. Цёткі паціху падыходзілі следам за ўсімі.

– Ага!.. Я каля малое арэны была. І чула, якраз у гэтым баку – ду-ду-ду-ду, – ажыла тая.

– Чаго ж вы не падышлі, не пацікавіліся? – не вытрываў той, што пісаў.

– Я падумала… Ды тут жа шмат чаго лётае па вадзе, мо хто заблудзіўся.

– Дворнікі дзяжураць кожную ноч? – папытаў у Абрахамса афіцэр.

– Не, яны зрэдку. Яны толькі ў тыя ночы, як няма на месцы Раджа. А ў гэтую ноч яго не было, адпрасіўся з хлопчыкам на суткі.– Абрахамс пачаў ужо трохі ажываць, цяміць сёе-тое.

– У колькі гадзін прыходзіць на работу дрэсіроўшчык… Судзір, ці як яго? – распытваў афіцэр.

– Ага, Судзір. Павінен падысці ўжо. Учора ён толькі завінуўся ў дэльфінарыі і пайшоў. А сёння ж нармальны рабочы дзень, – сказаў Абрахамс і нібы спахапіўся – Хаця які ж ён нармальны? Божа, божа…

– Прыкладная карціна ўжо вымалёўваецца… Нікому нікуды не адлучацца, будзем яшчэ разбірацца з кожным паасобку, – павярнуўся ісці з берага афіцэр. – Свабоднае памяшканне ў вас ёсць? – звярнуўся да Абрахамса.

– Няма. Кабінет Крафта замкнуты, я не магу без яго пусціць вас туды. І Судзіра няма яшчэ… А ў Раджа каморка, склад, там нават стала добрага няма.

– Ладна, стары… Мы ў прахадной прыладзімся. Пачнём з вас, містэр Абрахамс.

– Маці божая, святая дзева Марыя… Не абмінай мяне сваёю літасцю… – зашаптаў малітву Абрахамс– А я ж думаў, што ўжо ўсё!

2

Ляжалі пад кустамі насупраць прахадной, марнелі. Цёткі прыладкаваліся асобна, развязалі вузельчыкі з ядою. Алі, чорны і вялікі, як бяссонная ноч, моўчкі курыў. З роспытамі да Раджа не лез, бо ніхто не ведаў, як тут усё парабілася, Радж – тым больш: быў далёка адсюль, на Горным.

А вось дзе быў Судзір? Пахаджвае ўжо нервова па дарожцы каля прахадной, хаця стараецца мець выгляд незалежны і ганарысты. Хацеў ён схадзіць у сваю «рэзідэнцыю», паглядзець, мо зноў там што пакралі, але паліцэйскія не дазволілі.

Абрахамса яшчэ мучылі мо гадзіну. Выйшаў з прахадной мокры што мыш, паплёўся як не сваімі нагамі ў бок галоўнай арэны. Мо думаў пра рыбу.

– Вас хоць не білі? – папытаў Радж наўздагон моцным шэптам.

– Не-е… Божа, як усё перажыць? – гараваў стары, брыдучы. – Што мне містэр Крафт скажа?

Паклікалі Судзіра, а не Раджа і не тую цётку, што дзяжурыла ноччу каля малое арэны.

– Радж, а як цяпер будзе? – Янг ляжаў патыліцаю на яго назе, руку трымаў на сумцы – у ёй урна з прахам продкаў, некалькі арэхаў.– Дэльфінарый зачыніцца?

– Не ведаю. Калі не знойдуць дэльфінаў, то ўсё можа быць. А мо новых Крафт раздабудзе.

– А дзе яны прадаюцца?

– Не ведаю. Гэтых, што прапалі, налавілі… Мо зноў нойме людзей, каб лавілі.

– За грошы?

– А хто табе за так што зробіць?

– А раптам у Крафта не хопіць на гэта грошай? Ён жа ледзь прытомнасць не страціў, як запіску ад трыяды атрымаў… Казаў – няма чым плаціць выкуп.

– Адстань! Прыліп… Хай Крафту і баліць галава, а не мне.

Але і Раджу ўжо балела. У такой сітуацыі лёгка застацца без работы. Аднымі надводнымі і падводнымі прагулкамі не будзе займацца Крафт, скажа – нявыгадна… А дзе тады дзецца? Ісці шукаць месца якога пасудамыйніка? Страшны гэты крадзеж і дзіўны. Зладзеі ведалі, што ў гэтую ноч у дэльфінарыі не будзе Раджа. Хто ім падказаў пра гэта? Толькі той, хто ведаў напэўна. А напэўна мог ведаць той, хто працуе ў дэльфінарыі. Падказаць ці нават удзельнічаць у крадзяжы мог толькі зацікаўлены чалавек, а то і падкуплены… Абрахамс адпадае, Малу мёртвы – атруцілі віном. «Ага, яшчэ штрышок! Той, хто ўчаставаў вартаўніка, ведаў яго слабасць. Ды ад чужога, незнаёмага Малу і не ўзяў бы бутэльку, не скаціўся ён яшчэ да такога стану…»

Чым больш думаў Радж, тым больш напрошваўся вывад: ублытаны Судзір. Адны яго практыкаванні з дэльфінамі могуць у любога выклікаць падазрэнні. А размовы з Пітам? Нават з таго, што падслухана, можна зрабіць вывад: падазраваць можна і Судзіра. «Няма прамых доказаў? Хай здабываюць гэтыя доказы… На тое яны і паліцэйскія, следчыя… А калі ў мяне спытаюць, каго падазраяце, што адказаць? А скажу тое, што ведаю напэўна».

– Радж, а калі паліцэйскія і мяне будуць дапытваць, што мне гаварыць? – перапыніў яго думкі Янг.

– А што ты можаш сказаць? Ты нічога не ведаеш… Разумееш? Нічога… Ты ў дэльфінарыі нядаўна. А гэтыя суткі мы былі на Горным. У каго былі, з кім туды плылі, з кім назад, можаш гаварыць. Гэта ты ведаеш. У нас поўнае алібі, не бойся.

– А ў Судзіра няма гэтага алібі?

– Судзір няхай сам выкручваецца. Галоўнае – лішняе не балбатаць.

На здзіўленне, Судзіра трымалі на допыце не вельмі доўга. Выйшаў, пастаяў каля дзвярэй, шукаючы позіркам Раджа. А ўбачыў, то прыплюснуў ненавісна вочы.

– Ты што гэта наплёў пра мяне? Ты бачыў, што я камандаваў, каб дэльфіны выскоквалі на памост? Каб іх бралі гатовенькіх?

– Радж Сінх, зайдзіце! – выкрыкнуў паліцэйскі, прачыніўшы дзверы.

Радж пайшоў проста на Судзіра, ішоў і гаварыў:

– Гэта я бачыў на рэпетыцыях, а не сёння ноччу. На прадстаўленнях… І я сказаў, што цябе дэльфіны слухаюцца больш, чым каго. Дык хіба гэта няпраўда?

Судзір гмыкнуў, падцяў і без таго вузкія губы. Але адступіў улева, даў дарогу Раджу. Радж не бачыў, як паволі апусціўся на траву Янг, той ужо быў зрыхтаваўся кінуцца на дапамогу брату, калі зачнецца бойка.

Паліцэйскія сядзелі за маленькім столікам каля акна, нос у нос. Больш табурэтак не было, дый ніхто і не збіраўся запрашаць яго сесці. Радж стаў пад шафачкай з ключамі, рукі заклаў за спіну, нібы арыштаваны.

– Я мушу зрабіць заяву, пратэст, – сказаў рашуча. – Для пратакола… Я не сцвярджаў, што Судзір удзельнічаў у крадзяжы, памагаў браць дэльфінаў. І прашу ў гэтым на мяне не спасылацца!

– А хіба я на цябе спасылаўся? – нявінна спытаў афіцэр. Паглядзеў на Раджа знізу ўгору, але ўсё роўна атрымалася, нібы зверху. Верхнія павекі паліцэйскага апусціліся гэтак, што, здавалася, закрывалі і зрэнкі.– Мы ўстанавілі… амаль устанавілі, што ў містэра Судзіра алібі. Ен даў адрас, дзе быў гэтую ноч, засталося толькі пераправерыць, – сказаў той, што вёў пратакол.

– Лепш скажы, што ты ведаеш пра Піта Уілсана, – нібы мімаходзь, кінуў афіцэр.

Радж ажно ўздрыгнуў. «От яно як… Я вагаюся, ці гаварыць, а яны ўжо ведаюць. Сам Судзір сказаў?»

– Я яго добра не бачыў. Голас – чуў… Па голасу мог бы пазнаць. Гэты чалавек некалькі разоў прыходзіў да Судзіра. Мабыць, па просьбе Піта Судзір апошнім часам вучыў дэльфінаў чэрпаць з дна пясок, пераносіць яго ў другое месца. З размовы іх… незнарок падслухалася… я зразумеў, што дэльфінаў хочуць скарыстаць недзе на вялікай глыбіні каля Горнага, штосьці пашукаць з іх дапамогаю.

– Гэта ўсё рыхтавалася з ведама містэра Крафта? – спытаў афіцэр. Умеў ён вылушчваць галоўнае.

– Не ведаю. Быццам бы збіраўся Судзір увесці Крафта ў курс справы. Такі намёк я чуў у размове Судзіра з Пітам.

– Гэты ваш Малу… Ён добра ведаў Піта? – падкінуў пытанне той, што пісаў.

– Думаю, што ведаў. Ён жа некалькі разоў пускаў яго да Судзіра.

– Так, так… Значыць, Піт мог выведаць пра сітуацыю ў дэльфінарыі ад Малу. Ад Піта ён мог і бутэльку з віном атрымаць… – разважаў сам з сабою афіцэр і глядзеў у нізкую столь.

«Не паладзіў Судзір з Пітам… Сам сказаў пра яго паліцэйскім. Хоча ўсе падазрэнні навесці на яго? А якая Судзіру ад гэтага карысць? Без карысці ён жа нічога не зробіць…» – думаў Радж.

– Мы ведаем, што ты быў з братам на Горным, вярнуўся толькі раніцаю, – сказаў той, што пісаў.– З кім туды ехаў і назад, у каго быў там?

Радж сказаў усё.

– Як вы думаеце, кража магнітафона ў Судзіра, кража дэльфінаў і падкінутае Крафту пісьмо не маюць сувязі? – афіцэр загаварыў на «вы». – Судзір казаў, што вы чыталі тую запіску. Не памятаеце, які там указаны тэрмін выплаты? Можа, прайшоў ужо гэты тэрмін? Пагроз у запісцы не было ніякіх?

– Былі пагрозы, здаецца… – Радж сказаў, што ведаў, зноў дзівячыся: «Судзір і пра запіску ім сказаў?! Крафт баяўся нават заікнуцца пра яе, каб не раззлаваць тую трыяду». – Вам лепш з Крафтам пра гэта пагаварыць, – дадаў асцярожліва.

– Пагаворым з Крафтам, пагаворым… Ну, добра, можаце ісці.

Паліцэйскія выклікалі яшчэ да сябе Алі і тую жанчыну, што дзяжурыла ноччу. Доўга іх не трымалі, мабыць, запаўнялі пратакол для фармальнасці.

Хуценька і самі выбраліся з дэльфінарыя. Выгляд у іх быў заклапочаны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю