Текст книги "Грот афаліны"
Автор книги: Павел Мисько
Жанр:
Детские приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 30 страниц)
Каля таго пад'езда, дзе кітаец завязваў Пуолу вочы, сядзела на прыступках яго маці – нібы кучка жабрацкіх лахманоў. Падышлі, і яна адразу ўстала, выцягнула з-за пазухі цёмныя хусцінкі, прапахлыя потам і даўно не мытым целам, завязала вочы Пуолу і аптэкару. Пуол ухапіўся за аптэкара, а старая – за аптэкараву сумку і павяла.
Зноў паўтарылася блытаніна нейкіх пераходаў і лесвіц. Толькі ў свае дзверы старая не грукала ўмоўным стукам, а адамкнула ключом. Для чаго пасылалі яго, Пуола, ён так і не зразумеў добра: магла аптэкара прывесці сама бабуля. Мо хіба паранены не хацеў, каб яна лішні раз паказвалася на людзях, мазоліла ім вочы?
Кітаец, чуваць было, канчаў тэлефонную размову:
– …а правучыць не шкодзіла б! Не нам гуляць у паддаўкі! Гэтых даблаў толькі біццём можна чамусьці навучыць! – і спахапіўся, пачуўшы старэчы кашаль у калідоры: – Маці, ты?! Заходзіш, адразу знак падавай, а то я магу ўсю абойму ўсадзіць! – з бразгатам паклаў тэлефонную трубку.
– Мы гэта, мы, дарагі Чжан. Прывітанне! – выйшаў на святло, якое падала з пакоя ў калідор, аптэкар.
І з гэтага часу камандаваў у пакоі, распараджаўся ён. Гатавалі на спіртоўцы ваду, раскручвалі павязку на параненай назе, разрэзвалі штаніну, абмывалі нагу вакол раны. Потым загадаў заслаць белым стол (бабуля пасля гэтага знікла), усклаў на яго Чжанаву нагу. Урэшце, старанна памыў свае рукі і пачаў мацаць нагу вакол раны, тыкаць у рану пінцэтам, ад чаго паранены кітаец закочваў вочы пад лоб і цягнуў: «Уу-у-у!»
– Не забыў яшчэ маё імя? Правільна. У мяне зваць, проста У. Я так думаю, што закранута крыху костка, бядро. Куля каўзанула, зрыкашэціла… Дзе ж яна? А-а… вось яна, убок звярнула крыху, тырчыць, як гуля… Зробім маленькі надрэз, вышчалукнем… Замест сляпой раны будзе скразная. Скарэй загоіцца, не так будзе гной затрымлівацца. Ну во… Вось яна, можаце на памяць сабе ўзяць.
– Вазьму… на памяць… – Чжан працягнуў руку. – Я пра гэтую кулю ніколі не забуду. І не дарую яе.
– Ну во… А цяпер апрацуем рану. Праз месяц будзеш танцаваць.
– У, даражэнькі, я не магу так доўга. Тыдзень, не больш.
– Ну, тыдзень не тыдзень, а два – абавязкова. – У прамыў раны нейкімі вадкасцямі, і ў пакоі запахла рэзка і непрыемна – аж у носе засвярбела. – Травак табе прапішу, напар, унутр будзеш прымаць… Для агульнага тонусу мышанятак трэба пакаўтаць. Жывенькіх… Па дзесятку ў суткі… Маленькія такія, чырвоненькія… Арганізм амалоджваецца. Больш карысці, чым ад парашкоў і таблетак.
– Ну – не! Гэта ты ўжо сам каўтай!
– А банкір Ду Шань толькі аблізваецца, разумее, што гэта на карысць яму ідзе. Для яго аднаго цэлую ферму трымаю… Ах, каб ты бачыў, якія беленькія самкі! Як снег на гарах… Не паспяваюць размнажацца… Нікога не цікавіць, колькі маеш асновы, ім падавай максімальны выхад чыстага тавару. А калі будзе папаўненне базы? І цэлафан канчаецца, і пластмаса…
Апошнія фразы гаварун У сказаў упрытык да ўсёй сваёй гаворкі, і Пуол спачатку думаў, што і яна адносіцца да мышэй. Але Чжан тут жа сурова абарваў У:
– Ціх-х… Усё будзе ў свой час і на сваім месцы. – Чжан кінуў быстры позірк на Пуола.
А Пуол знарок пільна глядзеў, як аптэкар бінтуе Чжану нагу. «Хай думаюць, што я нічога не чую, нічым не цікаўлюся…» А ў самога, здаецца, ажно вушы варушыліся і займала дух ад усіх гэтых таямніц і сакрэтаў.
І адчуваў Пуол, што з сённяшняга вечара ён пачаў хадзіць па вастрыі ляза ці па тонкім канаце над бяздоннем.
Раздзел пятыЗбруя шэрага осліка і каламажка на двух вялізных колах, якую ён цягнуў, былі ўпрыгожаны гірляндамі папяровых і жывых кветак. З аброці каля вуха осліка тырчаў квяцісты парасончык, прыкрываў ослікаву галаву і ківаўся ў такт хадзе. У двуколцы ляжалі вялізны барабан і літаўра, і ў іх то па чарзе, то адначасова бабухалі булавешкамі правы і левы барабаншчык. На кожны ўдар булавешак у осліка ўздрыгвала шкура на баку, ён круціў хвосцікам з прывязаным ружовым банцікам. Ба-бух! – круць-верць, ба-бух! – круць-верць…
– Уох-ха-ха! Авох-ха-ха! – ажно даходзілі хлапчукі. Прытанцоўвалі, штосьці выкрыквалі, мітусіліся. Назбіралася іх за аркестрам цэлая плойма – усякіх: і добра адзетых, і амаль голых, і абадраных.
– Глядзі – толькі ўправа круціць хвастом! Во, круць – зноў управа… Ха-ха-ха, і не зблытаецца! – асабліва пацяшаўся адзін, шыракароты і худы, гнуткі, як гумавы. Хлапец нават спрабаваў хадзіць на руках, падрыгваючы ў паветры нагамі.
Для Янга ўсё было такім дзівам, што ён нібы знямеў. То ішоў за двуколкай з дзіўным ослікам, то забягаў збоку музыкантаў. Якія дзівосныя ў іх трубы і дудкі: і белыя, і жоўтыя, і чорныя, малыя і вялікія, тоўстыя і тонкія. Адна такая шырокая, што раве, як слон, – галаву ў раструб можна засунуць! Усе музыканты – еўрапейцы, усе ў белых пальчатках, у белых касцюмах, пад пахамі і між лапатак папраступалі цёмныя плямы поту, пот струменіць па тварах з-пад стаўбунаватых шапак з султанчыкамі над казырком. Спераду ідзе задам да музыкантаў кіраўнік аркестра, на аркестрантаў не глядзіць, а ўсё ўзмахвае бліскучым кіем, нібы таўчэ пшано ў ступе. На кіі матляюцца нейкія шарыкі-бомы і залатыя кутасы. Дырыжор адзеты трохі мудрэй, чым астатнія аркестранты: шапка з такім пышным султанам, як і ў астатніх, але цераз плячо перакінута плямістая леапардава шкура.
Янг адстае, прапускае аркестрантаў міма сябе – і зноў да осліка, па-свойску казыча яго пальцамі за бок. Ослік адказвае адным – круць-верць хвастом! Хлапчукі рагочуць, весела і Янгу. Толькі адзін барабаншчык нахмурыў бровы і кіўком барады паказаў – «Не замінай, а то…». – І ўзважыў булавешку ў руках, пагразіў ёю.
Весела Янгу, ён ужо як свой сярод хлапчукоў, як герой. Яго па-сяброўску ўзнагароджваюць кухталямі, ляпаюць па плячы. Ён зноў прабіраецца паўз гледачоў-разявак, абганяе аркестр, каб яшчэ крыху палюбавацца на дырыжора. Смешны гэты дырыжор з рыжымі вусамі-кольцамі. Ён ужо не таўчэ пшано ў ступе, а забаўляецца сваім бліскучым кіем – то ківае ў бакі, то круціць яго млынком.
З-за ўпрыгожаных дамоў вырываюцца апошнія промні сонца, зырка адбіваюцца ад зіхоткіх труб… Масць осліка здаецца незвычайнаю, нібы гэта вялізны і стомлены пальмавы пацук… Янгу ўжо шкада яго, прапускаючы аркестр міма сябе, ён пагладзіў осліка па крыжы і адступіў, каб не трапіць пад кола, вышэйшае за яго.
– Уй, а ўчора што было! Ты быў учора на прашпекце? – звярнуўся да Янга той хлапчук, што хадзіў на руках.
– Не, мы толькі сёння прыехалі з Горнага, – Янг не сказаў, што яны біргусаўцы.
– Мяне Абдула зваць, а цябе?
– Янг.
– Ой, тут учора шэсце было са сланамі… Карнавал!.. Феерверкі! Факелы!.. Сланы ў залатых папонах, з залатымі балдахінамі на спінах, капыткі на кожным пальцы пазалочаныя!.. Адзін слон на факел наступіў – што тут пачалося! Ашалеў, мабыць: будкі-латкі папераварочваў, людзей патаптаў… Махаўта33
Махаўт – пагоншчык сланоў.
[Закрыть] схапіў хобатам і як гакне аб зямлю! Такая паніка пачалася, людзі самі сябе сталі таптаць, душыць, разбягацца. А я на пальму ўзлез, і ўсё-ўсё было відаць. Слана паліцэйскі застрэліў, у вуха прама – бабах! Слана бензапілкаю распілоўвалі, цэлую ноч вывозілі… Тое месца цяпер не пазнаць, пяском зашаравалі – я бегаў глядзець раніцаю.
– І ты ўсё гэта бачыў?! – Янг уяўляў усё, што расказваў Абдула, і ад хвалявання ажно язык прысыхаў да нёба.
– Бачыў! Я такі! Я ўсюды паспяваю… Давай яшчэ да султанскага палаца збегаем, пакажу, як варта мяняецца каля варот. Вой, жывоцікі надарвеш!
– Не… Мне няма калі! – раптам спахапіўся Янг. І так забавіўся з гэтым аркестрам, там ужо мо шукаюць яго.
– А дзе вы спыніліся, у якім гатэлі? – у голасе Абдулы не было ніякай іроніі.
– Гатэлі?! Хіба мы буржуі? Каля прыстані нашы… І бацька.
Янг не хацеў расказваць, у які «гатэль» яны ўплішчыліся: нейкі склад-паднавесік без акон, без дзвярэй. Там нават сядзець было цесна, а не то што ляжаць.
– То я адзін пабег. Бывай! – Абдула нібы яшчарка-сцынка шмыгнуў у натоўп і знік.
Янг павярнуў да прыстані. Ішоў і ўздыхаў: як шкада, што яны не прыехалі на Галоўны раней, скажам, адразу, як іх выгналі з Біргуса. Тады гэта было б і танна, і ён столькі б усяго пабачыў. Свята каранацыі пачалося ўчора, адзначалася трэцяя гадавіна царавання султана Муту. Больш заможныя архіпелагаўцы з'ехаліся на Галоўны за дзень, за два да свята. Пра гэта Янгавы землякі не маглі і марыць: уладальнікі баркасаў (шырачэзных і мелкіх, са стрэхамі-балдахінамі, вельмі падобнымі на засланыя настольнікамі сталы) дралі з пасажыраў сем скур. Нажываліся, як маглі, і ўладальнікі маторак і парусных джонак. Лодкаю было б і танней, але ў адну ўсе дзесяць біргусаўцаў, якіх выбралі везці ахвяру Вішну, не змаглі б умясціцца, а разлучацца яны баяліся: хаця б не пагубляцца на Галоўным!
Не маглі паехаць і ў першы дзень свята, бо кошт праезду зменшыўся толькі на трэць. Выбраліся на другі і плылі паўдня – за палавінную цану: бог з ёю, з гэтай каранацыяй, галоўнае, каб трапіць на храмавае свята. Янг аддаў трыццаць пяць долараў – дваццаць за бацьку і пятнаццаць за сябе. На зваротную дарогу засталося ў яго няпоўных дзевяць долараў – на двух! Але пра тое, як будуць вяртацца назад, ніхто нічога не гаварыў, быццам яно зробіцца само сабою.
…Янг абмінаў шматлюдныя групы людзей, якія трымаліся зямляцкага прынцыпу ці каставага, цераз кагосьці пераступаў, аб чыесьці ногі спатыкаўся. Не паменшала народу на прыстані, пакуль ён бегаў за аркестрам: вірлівая і гаманкая чалавечая маса запоўніла не толькі ўсю набярэжную, але і драўляныя прычалы-пірсы, і бетонныя, што ўрэзваліся далёка ў мора. Каля іх стаялі вялікія баркасы, лапочучы ветразямі, вялікія і малыя катэры і нават акіянскі, падобны на белую гару ці шматпавярховы дом, цеплаход-лайнер. Некаторыя, не хінду, каго не цікавіла заўтрашняе храмавае свята, ужо грузіліся на баркасы і катэры, адбывалі да сваіх астравоў. Людзі тоўпіліся, штосьці абмяркоўваючы, або сядзелі ці ляжалі, дрэмлючы. Толькі не пад какосамі: грукне па галаве арэх, можа забіць. Некаторыя нешта варылі ці смажылі на маленькіх раскладзеных агеньчыках. Шныпарылі, спрытна лавіруючы між людзей, латочнікі, прапаноўвалі бетэлеву жуйку, смажаныя арэхі, піражкі і цукаты, усялякую садавіну, гародніну, драўляных бажкоў, маскі, сандалавыя палачкі для акурвання багоў, ахвярнае малако. Дым і чад, усялякія пахі кружылі галаву. Асабліва рэзка пахла нечым кіслым і прыгарэлым.
З цяжкасцю Янг прабраўся ў паднавес да сваіх. Дзесяць старэйшых мужчын у іх групе, у тым ліку стараста Ганеш, дзед Амос і Натачын бацька Амат – жанчын не было ніводнай. А чаму было б не выбраць у гэтую групу і Амару? Было б хоць да каго Янгу прыхіліцца.
– Дзе ты бадзяешся? – накінуўся на яго Амос. Дзядзькі Амата не было відаць, а Ганеш ляжаў, прыкрыўшы твар хусцінкай, хваравіта стагнаў.– Сядай каля бацькі і не давай яму выкалупваць чарвей з ран. А то звяжам яму рукі… Ты ж не хочаш, каб вязалі яму рукі? – голас старога зрабіўся ласкава-саладжавым.
Не, Янг гэтага не хацеў.
«Добранькім прыкідваецца… А за што ж ён, усе яны бацьку катуюць? Паспрабуй вытрывай гэты сверб…» – Янг з жахам глядзеў на бацькавы пакуты, на тое, як ён з нейкай асалодай і ашалелай раз'юшанасцю раздзірае балячкі, паласуе сябе. «Мала ім ран… Бачыце, трэба, каб і чэрві былі, каб больш усіх уражвала… Каб самога Вішну прабрала да пячонак, калі будзе глядзець на бацькавы пакуты». Янг дакараў сябе: не трэба было ўцякаць адсюль, а сядзець з бацькам. А то кінуў-рынуў усё, захацелася, бач ты, паслухаць музыкі, павесяліцца. І гэта яму весяліцца? Яму, які згубіў усё ў жыцці?!
«Да Раджа трэба было падавацца, яму паказаць бацьку. Радж лепш паклапаціўся б пра яго…»
– Татачка, не трэба! Татачка, пацярпі! – хапаў бацьку за рукі, не даваў раздзіраць язвы, калупаць іх. А той вырываўся, мычаў, як без'языкі, кусаў заструпелыя губы, наравіў пакачацца па зямлі, пачухацца спінаю аб стойку-слуп ці аб сцяну. Хоць і саслабеў ён, але хіба параўнаеш сілу дарослага і сілу хлапчука? Вырываючыся, бацька некалькі разоў добра трэснуў сыну – раз у вуха, раз па шчацэ, – вока пачало падплываць і запухаць. Янг моўчкі плакаў ад крыўды на бацьку, на Амоса, на ўвесь свет…
– Ды не хныкай ты! Гэтакі вялікі хлопец, а горш за малога. Трэба, каб у бацькі такі выгляд быў. Трэба! – з'явіўся аднекуль і апусціўся на калені каля Янга дзядзька Амат.
– Такі ды не такі…– незадаволена бурчаў Амос. – Ужо не пакажаш Хангаву цярплівасць і пакору. Наадварот атрымліваецца – нецярпенне. І бунт плоці, пачуццяў! Каб ён хоць месяц пасціў, пакутаваў, а то…
– Што маем… Наварылі кашы з маніёкі, а хочам есці рысавую… Значыць, так, Янг: вартуй, каб бацька нікуды не ўцёк. Заўтра ўсе пакуты скончацца, яго палечаць. – Амат як стаяў на коленцах, так і заваліўся на бок і хутка заснуў.
«Палечаць… Хіба можна ўжо вылечыць гэтыя страшэнныя язвы? Якія кругі сінюшныя вакол кожнай – божа, божа… У бацькі гарачка, увесь трасецца, палае. Мо якое заражэнне крыві пачалося? А хто розум яго вылечыць? Хто?!» – пакутныя думкі душылі хлопца.
Нечакана апала трапічная ноч. І амаль адразу густа задыхалі, засаплі, захраплі наўкола людзі. А Янг не спаў, ён баяўся заснуць. Прывязаў бацькаву нагу да сваёй нейкім абрыўкам аборкі – хай тузае, абы не заснуць ненарокам, не ўпусціць бацьку.
Толькі на прыстані і ў гавані яшчэ не было спакою. Па вадзе снавалі рознакаляровыя агні, сяды-тады раўлі і чмыхалі, глохнучы, маторы баркасаў, чуліся нейкія прыцішаныя гудкі і свісткі. Дзесьці далёка, мо на тым беласнежным цеплаходзе-прыгажуне, задзынкалі ў звон-рынду – адбівалі склянкі. Але Янг не мог зразумець – што гэта.
Янг гатоў быў паклясціся, што не спаў. Ну, мо звёў трохі павекі, прыхіліўшыся спінаю да слупа, каб даць адпачыць вачам. Прахапіўся ад грукату тамбурынаў і тамтамаў, шчанячага віску флейты. Памацаў каля сябе… Тут бацька, не ўцёк! Во – стогне-дыхае.
– Уставайце хутчэй! – катурхаў біргусаўцаў дзед Амос.
– Піць! Вады-ы!.. – ачнуўся бацька і пачаў чухацца, скрэбціся.
Янг перавязаў вяроўку – ужо за пояс, а не за нагу.
– Пацярпі, пацярпі… Мы і так награшылі. Людзі па месяцу посцяць, у апошнія дні нават сліну не каўтаюць, а мы… У ручаі нап'ёмся… Вядзіце яго, мужчынкі, а то не праб'ёмся, – распараджаўся дзед Амос.
– Вядзіце… – прашапялявіў стараста Ганеш, нібы даў згоду.
Трэск і грукат барабанаў гусцелі. Было яшчэ цёмна, рэдкія лямпачкі на слупах мала памагалі, і хто-ніхто пачаў запальваць факелы і зыркія, іскрыстыя бенгальскія агні на доўгіх, паўметровых драцінах. Вакол гэтых агнёў пужліва завірылі, абпальваючыся, начныя мошкі і матылькі.
Біргусаўцы ішлі шчыльна, выстраіўшыся клінам, – каб лягчэй прабівацца праз натоўп. Першы, на вастрыі кліна, ішоў бацька Туна, ён быў самы здаровы. За ім, абняўшыся, а свабоднымі рукамі ўчаперыўшыся яму ў пояс, Ганеш і дзед Амос. Пасля іх трое – дзядзька Амат і бацька Пуола – Джыва, трымалі пад рукі Янгавага бацьку. У патыліцу за бацькам, схапіўшыся за аборку яго пояса, тупацеў Янг. Астатнія замыкалі шэсце.
Мабыць, яны зрабілі памылку, не трэба было перціся на «прашпект», як назваў галоўную вуліцу Янгаў знаёмы Абдула. Па абходнай, што ішла ў тым жа напрамку, было б хутчэй, хоць і адлегласць большая. Але ўсе чамусьці перліся на «прашпект», на скрыжаваннях з вуліцамі і завулкамі ўтварыліся магутныя завіхрэнні-людавароты. Адолець іх было цяжка, біргусаўцаў загнала было ў бакавую вуліцу. Біргусаўцы, што замыкалі шэсце, згубіліся. Не сталі супраціўляцца плыні, і яна зноў вынесла іх на «прашпект». «Чапляйцеся мацней адзін за аднаго!» – крычаў хрыпла Ганеш. І дзядзька Амат і Джыва ўчапіліся за старасту і Амоса. Як ні крычалі – і па адным, і ўсе разам, – не маглі дагукацца, згубленыя так і не абазваліся. А мо і тыя крычалі, згубіўшыся, але ў гэтым людскім вэрхале і гаме, барабанным грукаце пазнаць іх галасы было цяжка. Многія гукалі, нібы блудзілі ў джунглях. Янгаў бацька не ішоў, а ледзь ногі перастаўляў, і яго давялося валачы пад рукі.
Чым бліжэй падыходзілі да цэнтра, тым рабілася святлей. Але не ад сонца, сонца яшчэ толькі думала ўзыходзіць. Над вуліцай звісалі ад слупоў да слупоў гірлянды рознакаляровых электрычных лямпачак, такімі ж гірляндамі былі апавіты самі слупы, ствалы пальмаў. На макаўках слупоў бліскалі дзівосныя зоркі, вырабленыя з каляровых шкляных трубачак. Святло ў гэтых трубачках дрыжала, як жывое, і нібы пералівалася сюды-туды. На вялізных дамах розных кантор, офісаў, банкаў, магазінаў, гатэляў скакалі, бегалі ўсялякія надпісы, заклікі, аб'явы. На высознай глухой сцяне нейкага небаскроба вогненны чалавек усё наліваў з бутэлькі ў зялёную шклянку пепсі-колу, падносіў да губ і выпіваў – рот усміхаўся да вушэй ад прыемнай смакаты.
Янг тупацеў за бацькам, наступаў яму на пяткі, спатыкаўся, не цямячы, куды брыдуць, а сам усё круціў галавою направа – налева – угору, каб нічога не прапусціць. І ў гэтым неверагодным, тлумным свеце жывуць людзі?! І ім не страшна?! Але чаго ім баяцца – прывыклі. Ім цікава, ім весела, сытна… Не, не спіць Янг, усё гэта наяве.
Міналі цэнтр горада, і пачало світаць. Хутка, разам – як заўсёды ў тропіках, і ўся вакханалія агнёў пачала сціхаць, тухнуць, пакуль не прапала зусім.
Сонца падымалася ўгору імкліва, сям-там, дзе пракідаліся прамежкі паміж гмахамі ці дамы былі нізкія, двухпавярховыя, гарачыя праменні ўжо прарываліся на вуліцу. Яшчэ далёка было да канца горада, а там трэба будзе брысці да святога ручая-крыніцы, рабіць абмыванне, а потым падымацца ўгору, да храма. Як яны дойдуць, калі бацьку не трымаюць ногі? І не душна яшчэ, а па ім ужо цякуць пацёкі – потна-крывавыя і брудныя.
Але ўсё на свеце мае канец, праплюхалі па лужынах памыяў на ўскраінных завулках, прабраліся праз трушчобы за горад. Ручай угадваўся ў нізовіне, там хмара людзей – пярэстая і даўжэзная, як акінуць вокам. Шмат дзе гэтую хмару закрывалі плямы кустоў, крушні вялізных камянёў, чорна-жоўтыя дымы рытуальных вогнішчаў. Адтуль далятаў густы гул, як з базару ў Кампонгу, і гэты гул пранізвалі трэск барабанаў, віск флейтаў.
У ручаі кішэла. Хто раздзяваўся дагала, абмываў свае балячкі і язвы, хто плюхаўся ў адзенні ці ў адной набедранай павязцы-вешці. Многія набіралі ваду ў далоні, акуналі туды твар, потым пілі гэтую ваду – ускаламучаную, брудную і, пэўна ж, заразную. Дзед Амос дазволіў Янгаваму бацьку толькі напіцца, памыў яму рукі, змачыў шыю і грудзі, каб трохі ачуняў, сабраў сілы на самы адказны ўчастак шляху. Цяпер ужо яму не забаранялі раздзіраць сябе кіпцюрамі, і хутка па спіне, грудзях, па карку бацькі заструменілі крывавыя пацёкі.
Хто скончыў абмыванне, прытанцоўваючы набліжаўся да вогнішчаў. Каля іх з подскакам тапталіся голагаловыя манахі і прапаведнікі ў доўгіх жоўта-шафранавых хітонах. У божых служак трэба было атрымаць бласлаўленне. Прайшлі і біргусаўцы каля свяшчэннаслужыцеляў, шэпчучы малітвы, склаўшы далонямі рукі каля грудзей. Кожнаму манахі насыпалі на галаву шчопаць попелу, малявалі на лбе паміж брывамі аранжавую плямку – знак спазнанай мудрасці. Амос пашаптаўся з манахам, і той пранізаў Янгаваму бацьку шчокі доўгім серабрыстым прутком, прысыпаў раны попелам. На плечы бацьку начапілі драўляную раму, падобную на дзве злучаныя каромыслам літары «А», – кавадзі. Кавадзі было абвешана цяжкімі какосамі і меднымі" сасудамі з малаком – ахвярай для Вішну, кветкамі какосавай пальмы, падобнымі на вялізныя пшанічныя каласы. Цяжар неймаверны, а для знясіленага чалавека – проста невыносны.
Выйшлі ўсе разам на камяністую дарогу, што вяла ўгору, да храма. Пякло сонца, з-пад соцень і тысячаў ног узвіваўся белы едкі пыл. Кожны стараўся яшчэ і прытанцоўваць, не перастаючы выкрыкваць словы малітваў. Натоўп усё гусцеў… Са страхам і немым здзіўленнем Янг наглядаў, як нейкі паломнік у адным вешці коціцца па дарозе бокам. Цела бруднае, абдзёртае, у сіняках, вочы заплюшчаныя… А во ідзе маладая маці, на руках хлопчык са сляпымі, белымі вачыма… Паўзуць на каленях, на карачках, тэпаюць на дошчачках, стоячы на вострых цвіках, і кожны след на камянях – крывавы. За біргусаўцамі сунецца барадаты здаравяк… Калі трошкі адстаць і зазірнуць за яго, то ўбачыш, як за барадачом цягнецца маленькая калясачка, на ёй скурчаны стары з падагнутымі рукамі і нагамі, суставы распухлі, як булавешкі. Калясачка злучана са спінай барадача вяровачкамі, кожная вяровачка з кручком… Кручкі паўпіваліся ў спіну, скура на тых месцах павыпіналася конусамі, з кожнай ранкі цурчыць кроў.
Шныпараць між людзей, трапляюць пад ногі аблезлыя, паршывыя сабакі. Сноўдаецца, як п'яная, замінае людскому патоку худая карова. Святая жывёліна, ніхто яе не асмеліцца прагнаць.
Абапал дарогі сядзяць на сонцы голыя і чорныя, як галавешкі, святыя – садху. Хто-ніхто падыходзіў да іх, кідаў у бляшанкі манетку: святыя таксама не адным духам святым жывуць. Янг чуў шэпт людзей, шапталіся з павагай і зайздрасцю: «О-о, вунь той быў у Бенарэсе, у Індыі… Піў ваду са свяшчэннай Гангі… А той – у Рышыкешы… А той – у Хардвары…» Дзе тая Індыя, дзе горад Бенарэс? Янг меў цьмянае ўяўленне. Можа, гэта ўвогуле казка-легенда, у якую можна верыць, а можна і не.
Мабыць, вецер крыху павярнуўся, бо дым ад вялізных вогнішчаў, што палалі паблізу храма, пачало закручваць і гнаць якраз на паток людзей. Людзі кашлялі, плакалі ад дыму – едкага, ажно хапала ўдушша ад паленага мяса. Недзе жудасна і надрыўна раўла карова. На вогнішчах спальвалі нябожчыкаў. Быць спаленым у час такога храмавага свята – вялікі гонар, заплаціць за такі гонар маглі толькі багатыя людзі. Пра ўсё гэта Янг таксама пачуў у натоўпе.
Янгаў бацька, мабыць, быў ужо непрытомны. Галава абвісла на грудзі, ногі валачыліся па камянях, як нежывыя. Але яму не давалі ўпасці, не знімалі кавадзі з яго плячэй. Памагалі несці і бацьку, і кавадзі незнаёмыя мужчыны, не біргусаўцы: ахвяра павінна быць данесена да Вішну, інакш усе намаганні будуць дарэмныя, малітваў і просьбаў бог можа і не пачуць.
Пляц каля самага храма скрозь застаўлены нейкімі не то званамі, не то маленькімі храмікамі, вакол іх у чашах з пяском гараць сандалавыя палачкі, кураць кнаты ў плошках з алеем. Цясноцце і штурханіна неймаверныя… Манахі спрабуюць надаць людскому вэрхалу нейкі парадак, дзеляць паток людзей на ручаі – да галоўнага ўваходу і да бакавога, спрабуюць нават стрымліваць людскі напор, прытарможваць. Хто абуты, збочвалі пад сцяну, разуваліся, скідвалі з сябе ўсё, што было з натуральнай скуры, і зноў спяшаліся да ўваходу. Кожны імкнуўся да Вішну трапіць чым раней, пакуль той не стаміўся выслухоўваць людскія скаргі і просьбы.
Абапал уваходу стаялі велізарныя белыя скульптуры каровы і льва – і манах паказаў Янгу на бакавы ўваход, ісці паўз сцяну. Рынуўся туды, каб хутчэй дагнаць сваіх, але натыкаўся толькі на чужыя спіны. «Мам!.. – нейкі страх працяў душу. – Тата-а! – шыўся ўсё глыбей у храм, прабіраўся то ўправа, то ўлева, абліваючыся потам, хоць у храме было халадней, чым звонку. – Дзядзька Амат! Дзед Амос!» Біргусаўцаў у людской гушчэчы не было, яны, мабыць, зайшлі праз галоўны ўваход і ціснуліся да алтара ў іншым патоку. Туды, дзе над людскімі галовамі ўзвышаецца шасцірукі бронзавы Вішну з рахманай, ласкава-дзіцячай усмешкай на твары. Сядзіць ён у позе лотаса, а гэтак узвышаецца над усімі… Грукат і плюхат чуваць адтуль, ад Вішну, – гэта разбіваюць людзі какосы, выліваюць малако, высыпаюць рыс. І ўжо не гул галасоў стаіць, а нібы шолах лісця ў джунглях – людзі спяшаюцца прашаптаць самае галоўнае, выказаць самае набалелае…
– Дзядзечка, падыміце мяне, я пагляджу! Дзядзечка, падыміце! – тузаў Янг за рукавы, за кашулі мужчын. Але яны нібы паглухлі ці былі ў трансе, нічога не хацелі чуць, нічога не заўважалі, акрамя Вішну. Урэшце адзін як прачнуўся, падхапіў Янга пад пахі: «Глядзі… І маліся, маліся!..» Янг круціў галавою ва ўсе бакі, выглядваў сваіх, шукаў бацьку. Каля самага Вішну ў гэты час адбылася нейкая заварушка, мільганула знаёмая кавадзі. Але ніводнага біргусаўца не пазнаваў Янг, толькі мітусіліся там людзі ў жоўтых доўгіх хітонах з бліскуча-чорнымі галовамі. Каго яны выносяць адтуль нагамі ўперад? Чаго схіляецца над тым, павержаным, жанчына ў белым халаце і белай касынцы?
– Ну – нагледзеўся? – мужчына апусціў яго на дол.
– Дзякую… – Янг выкаўзнуўся з яго рук, паплішчыўся да Вішну, да тых манахаў, што коўзаліся на мокрым, праштурхоўваліся да выхаду, кагосьці несучы. Янг спрабаваў апусціцца на дол, прапаўзці пад нагамі, але адтоптвалі рукі, і давялося выпрастацца, устаць… Вунь ужо тыя манахі, каля самага выхаду – другога бакавога выхаду. Лез туды асатанела – каго яны нясуць?! Такое знаёмае да кожнай драпіны-кровападцёку цела, такія знаёмыя разадраныя язвы…
– Тата!!! – вырваўся крык нялюдскага болю.
У бацькі абы-як целяпаліся рукі, хісталася адкінутая ўніз галава. Вочы былі прыплюшчаныя і нібы з мутнага шкла. Не адгукнуўся бацька, ніводным словам не абазваліся манахі.
Вось ужо двор, тут крыху свабадней. Янг забягаў то з аднаго, то з другога боку бацькі, падхопліваў яго рукі – «Абдзярэ аб камяні… Яму ж баліць!..» І чуў, што рукі былі халодныя.
Занеслі бацьку ў паднавес, збіты са свежых дошак. Там ужо ляжала некалькі доўгіх і кароткіх цел, прыкрытых прасцірадламі. Бацьку паклалі ў адзін рад з імі.
– Ідзі, хлопчык, адсюль… Ты сын яму? Усё роўна – ідзі. На вось, панюхай – і ідзі…– жанчына ў белай касынцы з чырвоным крыжыкам над ілбом дастала з брызентавай сумкі бутэлечку, адаткнула і сунула корак Янгу пад нос.
Забіла дыханне, сыпанулі з вачэй слёзы…
– Во… Паплач – і ідзі. У бацькі твайго харошая смерць. Ты ганарыся ім – ён не пашкадаваў жыцця для Вішну. Яго спаляць на самым галоўным ахвярніку – як знатнага чалавека. Ты ганарыся ім… Ну – ідзі! – паспешліва паштурхала ў плечы да выйсця. Хапала ў яе сёння работы.
Не бачачы з-за слёз свету, Янг брыў уніз да ручая разам з іншымі паломнікамі. А паток тых, хто падымаўся да храма, усё яшчэ не радзеў.
Ніхто з біргусаўцаў яго не шукаў. Каму ён быў патрэбны?
За два крокі ззаду кульгаў за ім, матляючы доўгім языком, бяздомны руды сабака.