355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 3)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 30 страниц)

6

Пад Дрэвам Сходаў ішоў разлік. Ланцужком, нагружаныя хатнім скарбам і жыўнасцю, праходзілі людзі. Чыноўнік у чорнай шапачцы выдаваў тым, каго называў Лі Сунь, чэкі.

– А гэты мне павінен… Узяў пазыку пад будучы ўраджай і не вярнуў. Яму выпісвайце палову, дваццаць пяць долараў. А дваццаць пяць – мне! – указваў крамнік. – А гэтаму дваццаці хопіць – астатнія мне… Гэты таксама вінаваты… І гэты!

У руцэ Лі Суня быў ужо добры жмак чэкаў. Долары былі лепш за ўсё: ні есці не просяць, ні месца многа не займаюць.

Мансураў бацька з братам неслі на самаробных насілках Мансура, у яго была закручана галава. Мансур з усёй моцы прыціскаў да сябе сабаку, і атрымлівалася, што ў мужчын была двайная ноша.

Ужо на катэры абдымкі Мансура паслабіліся, і сабака выкаўзнуўся з рук. Рослы матрос, які спяшаўся ў рубку да штурвала, спатыкнуўся на сабаку, той енкнуў, адскочыў, трапіў пад ногі яшчэ аднаму. Другі хуценька схапіў сабаку за шкірку і шпурнуў за борт. Мансураў бацька не паспеў ні злавіць яго, ні прыхаваць дзе-небудзь.

Катэр зароў, загрукаў маторам, шпарка пайшоў да выхаду з лагуны. У пеністых валах, што вусамі разыходзіліся за кармою, доўга яшчэ гойдалася сабачая галава. Сабака плыў услед, з апошніх сіл малаціў лапамі па вадзе.

«А дзе наша свінка?!» – раптам спахапіўся Янг. Зусім не мог успомніць, калі яна вылузалася ад іх, калі згубілі яе.

А далей быў правал-забыццё. Можа, спаў, а можа, быў без прытомнасці…

Раздзел другі1

Радж, выкаўзнуўшыся з хаты, замёр на хвіліну каля сходцаў, прыслухаўся. І – пайшоў. Паходка была лёгкая, спружыністая. Цела свайго, наструненага ад насцярожанасці, не адчуваў: абвастрыліся ўсе пачуцці. Сцежка была спярэшчана цёмна-светлымі плямамі і палосамі, месяц мільгаў, бег паміж лісця і галін навыперадкі.

Верашчалі цыкады, ускрыквала нейкая начная птушка.

Ішоў ён не да берага, дзе ў маленькай затоцы каля мыса знахара Япа былі павыцягваны за лінію прыліву і прывязаны рыбацкія чоўны – каторыя з балансірамі, каторыя без іх. Некаторыя сяльчане здымалі, адвязвалі балансіры, заносілі дамоў. Так было больш спакойна: чоўна ніхто не возьме. Ішоў Радж да цэнтра вострава, дзе быў выкапаны ў лагчыне адзіны калодзеж. Хацелася ў апошні раз напіцца з яго вады – сваёй, роднай. Гэтую ваду нельга было забыць – заўсёды цеплаватую, з ляснымі прэлымі пахамі. Часам была яна трошкі салёная і гаркаватая, калі чарпнеш неасцярожна, глыбакавата. З-пад іх вострава-атола падступала, прасочвалася ў калодзеж цяжэйшая марская вада. Няхай сабе даўно ўжо на востраве Рай карыстаўся Радж салодкай артэзіянскай вадой (Рай – востраў вулканічнага паходжання, і можна было капаць глыбока), няхай сабе піў-каштаваў шмат чаго экзатычнага, прывезенага з-за свету для турыстаў, але вада з вострава Біргус ніколі не забывалася.

І ўсяму гэтаму прыйдзе канец. Амерыканцы пабудуюць на востраве ваенную базу – і марскую, і авіяцыйную разам, як на тым вядомым усяму свету востраве Дзіега-Гарсія, што таксама тут, у Індыйскім акіяне. На іх Біргусе будзе ўсё спляжана, выкарчавана, зараўнавана. Мо якраз праз гэты калодзеж пройдзе ўзлётная паласа для цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў.

Чаму нікому на архіпелагу гэта не баліць? Чаму плачуць па востраве адны біргусаўцы? О, пракляты народ, які яшчэ не стаў нацыяй… Абшчыны, групоўкі, групачкі – па паходжанню, па плямёнах і родах, па рэлігіі, па мясцовасці, па сваяцкіх адносінах… Тамілы, сінгалы, яванцы, кітайцы, сунданцы, мадурцы, негрыты, патомкі партугальцаў і арабаў, галандцаў і англічан… Што з таго, што нібыта архіпелаг Вясёлы атрымаў незалежнасць ад брытанскай кароны? Кожны востраў адасоблены, з канца ў канец архіпелага сотні кіламетраў. Што робіцца на суседнім востраве, людзям ужо нецікава, а ў свеце – тым больш. Цывілізацыя зачапіла толькі Галоўны, Горны і Рай, на іх і электрычнасць ёсць, радыёпрыёмнікі. На астатніх знайсці хоць які транзістар – дзіва дзіўнае, выявіць адукаванага чалавека – яшчэ большая рэдкасць. Гэта шчасце, што на Біргусе жыў грамацей, былы матрос Дуку – летась памёр. У яго ўсе дзеці біргусаўцаў вучыліся чытаць і пісаць. Па-англійску, вядома. Гэта Дуку і вызначыў, што ў Раджа незвычайныя здольнасці да вучобы, да чужых моў. Гэта Дуку і ўгаварыў бацьку аддаць Раджа ў прыватную школу на Горным, каб падрыхтаваць для паступлення ў коледж. Пакуль Радж вучыўся ў той школе, то бацька яшчэ неяк выкручваўся, вышукваў сродкі. А пра коледж нельга было і марыць, коледж быў толькі на Галоўным. Дзе возьмеш грошай, каб і за вучобу плаціць, і кватэру наймаць?

Радж піў ваду доўга, смакаваў, а думкі, цяжкія і пакутлівыя, уявы-малюнкі дзяцінства перапаўнялі галаву… Чамусьці вада сёння здалася больш горкаю і салёнаю. Можа, гэта дамешваліся ўжо да яе Раджавы слёзы?

Лінуў рэшткі вады паўкругам вакол сябе, павесіў конаўку на калок. Ну, вось і ўсё… Бывай, Біргус, назаўсёды… Хаця не, трошкі яшчэ пабудзе, пасядзіць на лавачцы з бамбукавых палак, палюбуецца зялёнымі агеньчыкамі светлякоў. Мо прыціхне боль у сэрцы, перастане падціскаць за грудзінаю.

На гэтай лавачцы заўсёды адпачывалі жанчыны, перад тым як узваліць на сябе груз, несці ваду дахаты. Сюды і моладзь прыходзіла гуляць, асабліва закаханыя. Шмат гадоў, пакаленне за пакаленнем…

«Ну – усё… Уставай, Радж!» – загадаў сабе. І ўстаў, рэзка павярнуўся да гушчару. Пойдзе напрасткі, арыентуючыся па месяцу. Туды, на бераг лагуны, да лагера амерыканцаў. Што там зараз робіцца? Куды яны падзелі забітых Япа і Рату?

З-за апошніх кустоў выходзіў асцярожна, раз-пораз заміраючы, напружваючы слых і зрок.

Храпуць амерыканцы ў палатках, не чуваць і крокаў вартавога.

Бясшумна, як цень, махнуўся Радж да прыкрытых брызентам скрыняў. Зайшоў ад вады, каб нельга было заўважыць яго з боку палатак. Убачыў: да крайняй скрыні прыхілена гумавая лодка. Вясельцаў не відаць ні каля лодкі, ні за лодкаю. Радж пакалупаў нагою пясок – няма і ў пяску. «Ну – нічога, знойдзем заменнік… Яны ў нас Біргус адабралі, радзіму. Калі я лодку «пазычу» – дробязь для іх…»

Крадучыся, дайшоў да той мясціны, дзе звечара стаяў вартавы і дзе адбылася трагедыя. Трупаў бома і Раты не відаць, нават крывавыя плямы прысыпаны, засталіся толькі сляды босых ног. А-а, вось ён, вартавы… Сядзіць, успёршыся рукамі на аўтамат, угнуў галаву на грудзі. Не той, пэўна, якому пырнуў крысам пад бок… І гэтага ваяку можна было б прырэзаць, забраць аўтамат… А потым падпаліць усё… Раджа ажно затрэсла, ледзьве стрымаўся. Што тады будзе з сяльчанамі? Могуць расправіцца з усімі, і ніякага суда на прышэльцаў не знойдзеш.

Пайшоў асцярожна назад, потым – уздоўж прыбою.

Хто шукае, той знаходзіць: вунь гайдаецца ў хвалях нейкі абломак дошкі. Можна яе скарыстаць замест вясла. А во і бляшанка – ваду будзе добра выліваць…

Зняў з сябе белую тэніску, каб не так свяціла ў цемры, паволі адштурхнуўся ад берага…

2

Жыхары Біргуса, дый не толькі біргусаўцы, называлі морам усё, што было між астравамі архіпелага ці паблізу астравоў. Уся астатняя прастора, якую нават у думках было цяжка ахапіць, называлася акіянам. Нават не Індыйскім – проста акіянам, і ўсё. Дзесьці на ўсход, больш за тры тысячы кіламетраў, Суматра і Ява, гэта ўжо Інданезія – самыя блізкія суседзі. А на поўнач і на захад, дзе Індыя і Шры Ланка, яшчэ больш гэтых тысяч кіламетраў – вада, вада, вада… А які ж вялікі ўвесь свет, канца-краю няма!.. Якія вялікія мацерыкі ёсць, а яшчэ большыя – акіяны! І гэта ж трэба, каб свет клінам сышоўся на іх Біргусе, каб якраз на яго ўпала прагавітае вока янкі. Хіба Радж не чытае газет? Чытае. І мясцовую «Фрыдом», «Свабоду» – горкі смех з гэтай свабоды, і тыя, што забываюць турысты – англійскія, амерыканскія, французскія, нямецкія, аўстралійскія. Была ў адной газеце карта-схема, увесь свет пакрылі амерыканцы сваімі базамі, на ўсе мацерыкі і акіяны іх лапы працягнуліся. Бліжэй за ўсё да Біргуса, да ўсяго архіпелага – база на востраве Дзіега-Гарсія ў архіпелагу Чагас.

Думкі Раджа ішлі па крузе: то пра Біргус і Рай, пра ўвесь архіпелаг Вясёлы, то пра сваю работу, пра дэльфінарый…

Нязручны ўломак дошкі, кастравы, не возьмешся па-людску, не грабанеш як след. А лодка залішне шырокая, трэба схіляцца то да аднаго борта, каб дастаць да вады, то да другога.

Усё часцей перакідваў дошку ў левую руку, каб выраўняць ход лодкі, плысці праменька на ўсход, на зарыва Рая. На месцы грабкоў успыхваюць мірыяды бела-фасфарычных іскрынак. Серабрыстыя сляды завіхрэнняў не адразу блякнуць, а яшчэ доўга свецяцца на вадзе, нібы пратупала велізарная казачная жывёліна. Доўгі і шырокі фантастычны след застаецца і за кармою лодкі. Ведаў Радж, што гэта ўспыхваюць і свецяцца малюпасенькія рачкі і ўсялякія іншыя істоты мікраскапічных памераў. І ўсё ж яму хацелася верыць у штосьці казачнае.

Вечнае хараство вечнага мора-акіяна…

А пад вадою ноччу Радж яшчэ не быў – толькі перад самым змярканнем, і то таму, што прыпазніўся вярнуцца на бераг.

Было гэта тады, калі яго падводная прагулка ледзь не скончылася трагічна. Во, пад леваю сківіцаю яшчэ і сёння пабольвае шрам-месячык…

Яшчэ пад уладай брытанскай кароны Рай забудоўваўся па адзіным агульным плане. Згодна з гэтым планам, востраў цалкам павінен быў ператварыцца ў месца адпачынку – заморскі рай з вечным летам. У ім і свае таўстасумы, англійскія, і з усяго свету маглі б, хто хацеў, скінуць ці нагуляць тлушч, спаражніць тоўстыя кашалькі, пазабаўляцца і пацешыць грэшнае цела.

Горад на востраве ў плане нагадваў няправільнае прыплюшчанае з поўначы на поўдзень кола з васьмю спіцамі. Вобад – кальцавая пешаходная дарога ўздоўж пляжаў. Рынг-стрыт, авеню, «брадвей», шпацырштрасэ – як толькі не называлі тую дарогу! Спіцы – радыяльныя вуліцы, якія дзялілі востраў-горад на восем сектараў і сыходзіліся на авальнай плошчы. Шэсць паўночных найбольш сонечных сектараў былі аддадзены турыстам, індустрыі адпачынку. Паўз рынг-стрыт стаялі ў зеляніне гатэлі, пансіянаты, санаторыі, глыбей да цэнтра – усялякія начныя клубы, дансінгі, казіно, рэстараны, бары, кафэ. Самыя малыя і кароткія, нібы сплюшчаныя пад цяжарам астатніх шасці сектараў, былі сёмы і восьмы – паўднёвыя. Тут былі порт з прычаламі і гаспадарчымі пабудовамі і квартал жылых дамоў. Дэльфінарый займаў куток паміж першым і восьмым сектарамі, урэзваўся трохі і ў мора. На ўсім востраве не было ніводнай машыны, якая капціла б паветра, раскатвалі толькі веласіпедысты і рыкшы, ціхія электрамабілі.

Містэр Джэральд Крафт, уладальнік дэльфінарыя, не раз клікаў Раджа ў свой кабінет, давяральна саджаў у мяккае крэсла перад сталом, сам прымошчваўся на другім. Гаварыў і раз-пораз кашачым рухам працягваў да пляча Раджа сваю пухлую руку, дакранаўся, нават пагладжваў:

– Радж Сінх, я цябе люблю, як сына… Ты ёсць зэ райт мэн ін зэ райт плэйс – патрэбны чалавек на патрэбным месцы. Ты не мэдмэн, як Судзір, не вар'ят. У таго толькі адны мэкінэйшн у галаве, Судзіру галоўнае – мэйк мані… Грошы, адны грошы!

Радж разяўляў рот, хацеў уставіць у хуткі паток Крафтавых слоў хоць некалькі сваіх. Што і ён, Радж, не можа за адну і тую ж плату займацца яшчэ і абследаваннем акваторыі вострава. Хопіць і таго, што містэр Джэры ператварыў яго ў затычку для кожнае дзіркі, замест таго каб узяць на работу яшчэ чалавека ці двух.

– За гэта я табе асобна заплачу – о'кэй? Але нам трэба добра ведаць, што робіцца вакол вострава пад вадою. Я хацеў бы павысіць плату за падводныя прагулкі. Хацеў бы мець два маршруты: цяперашні, лёгкі, застанецца само сабою. Другі зробім больш складаны – таму і грошы большыя. Рэкламу б далі шыкоўна:

«Цуды падводнага грота!

З аквалангам – у казку!

З абдымкаў васьмінога – на волю!

Ці гладзіў ты акулу?»

І яшчэ многа чаго можна было б прыдумаць…

– Прыдумаць-то можна, але…

– О, ты мяне разумееш! Грот трэба! Знайдзі хоць маленькі гроцік! І чым глыбей, глыбей… Каб быў і маленькі жах, лёгкае казытанне нерваў. О, на страху можна добра зарабіць!

– А вы ведаеце, што запас паветра ў аквалангу абмежаваны? Дый небяспечна глыбока: і акулы, і… Кесонку можна схапіць.

– Вот із кезонка?

– Хвароба такая… Ад рэзкага перападу ціску – з высокага на нізкі. Кроў можа ўскіпець у жылах, пухіры паветра закупораць сасуды ў мазгах – і гууд бай, май фрэнд! Сустрэнемся на тым свеце…

– О, не трэба гууд бай. Гэта будзе страшна, гэта падарве ўвесь наш бізнес! А гроцік трэба… – і скрушліва ўздыхнуў, развёў рукі: – Мэйк мані, май фрэнд… – выгляд у Крафта быў жаласлівы, хацеў і Раджа расчуліць.

Давялося шукаць калі не грот, то хоць «гроцік». Радж ужо добра абследаваў два ўсходнія і два паўночныя сектары, ведаў, што робіцца пад вадою каля пляжаў. Каралавых скал хапала, не было толькі на даступнай глыбіні грота.

Усё не мог выбрацца абследаваць мора каля заходніх сектараў. Да іх трэба было ісці ды ісці, валачы на сабе дваццацікілаграмовы акваланг, паўтаракілаграмовы пояс грузілаў. Праз порт ці праз цэнтр горада было б намнога бліжэй, але ж не пойдзеш у пласцікавых тэпцях і плаўках ці гідракасцюме ды яшчэ з такім грузам.

Дык вось – у той дзень турысты трапіліся старыя, найбольш сямейныя пары з тых, што ўжо дажываюць свой век, але перад смерцю рашылі пабачыць свету, трохі распусціць нажытыя капіталы. З такімі турыстамі Раджу было і лягчэй, і цяжэй. Лягчэй, бо яны лодку не зыбаюць, сядзяць чынна і смірна, учаперыўшыся за барты «Нептуна», не перавешваюцца то туды, то сюды, не соўгаюць рукі ў мора, а толькі талопяць вочы пад ногі, у акрылавае дно, разглядваюць, што робіцца пад вадою, слухаюць Раджа і па-дзіцячы войкаюць і ахкаюць: «А гэта што? А тое што такое?» Ну, а цяжэй, што трэба пры пасадцы прыціскаць борт шчыльна да масткоў прычала, прывязваць і нос, і карму, каб хаця якая бабуля не звалілася ў ваду. Абавязкова трэба падрабязна вучыць, як карыстацца выратоўчымі жылетамі і кругамі, і адно гэта ўжо наганяла на іх страху, прымушала аберуч хапацца за борт. А грэбці даводзілася так ужо плаўна ды асцярожна – шклянку вады на галаве можна трымаць.

Адплываў ад берага, агінаў купальшчыкаў, здаецца, усё было ў норме, а потым знекуль наляцеў свежы вецер. Адной буржуйцы ў шортах з худымі сцёгнамі і свінячымі клыкамі11
  Сярод турыстаў вельмі цэняцца такія клыкі, асабліва з двайным завітком. Адшліфаваныя, пазалочаныя, яны каштуюць вялікія грошы, скарыстоўваюцца модніцамі замест бранзалетаў.


[Закрыть]
на руках зрабілася млосна. Вядома ж, пад вадою былі і дзівы, і прыгажосць. Але хіба атрымаеш эстэтычную асалоду, калі хтосьці па суседству гыкае, нібы яму вырываюць вантробы, і раз-пораз звешвае галаву за борт, каб аблегчыцца? Цярпелі бабусю толькі таму, што долары ўсё роўна былі заплочаны за марскую прагулку і трэба было мець ад грошай хоць якую аддачу. Ды ўрэшце нервы пэнкнулі, усе запатрабавалі ад Раджа вяртацца назад. І Радж высаджваў усіх спакваля, кожнаму, хоць жанчына, хоць мужчына, працягваў з масткоў руку – абаперціся, раз за разам паўтараў:

– Лэдзі энд джэнтльмены! Хто хоча зрабіць падводную прагулку з аквалангам і ў масцы, праходзьце да касы, аплочвайце і запісвайцеся.

Ахвотнікаў на той раз не знайшлося – ну й добра.

Далажыў містэру – так і так, вызваліўся раней, зможа пацікавіцца заходнімі сектарамі. Ці нельга ўзяць «Нептуна»? Можна было б хутчэй агледзець акваторыю на захадзе, а потым ужо «падазроныя» мясціны даследаваць пад вадою дэталёва.

Не дазволіў містэр Джэры, спужаўся. Надта ж дарагая рэч «Нептун», зроблены гэты вялізны шлюп па спецзаказу ў самой Англіі. А раптам наскочыць на прыхаваную скалу і празрыстае акрылавае дно «Нептуна» трэсне, расколецца? Хто тады аплоціць страты, выдаткі? А калі не разаб'ецца, то могуць сцібрыць ці загоніць ветрам у адкрыты акіян, пакуль Радж будзе ныраць і плаваць пад вадою. Дазволіў толькі ўзяць ялік, невялічкую шлюпку. Той самы ялік, у якім штодзённа ездзілі ў порт па рыбу для дэльфінаў і які так прасмярдзеў гэтаю рыбаю, што Раджу давялося доўга адціраць яго пяском, шараваць вехцем, абліваць з вядра, каб і самому не прасмярдзець. Аднак містэр Джэры і тут пашкадаваў, не пусціў Гугу, асістэнта дрэсіроўшчыка Судзіра, паехаць з Раджам, пабыць за вартаўніка. У Судзіра і Гугі было яшчэ вячэрняе прадстаўленне ў дэльфінарыі… Містэр Джэры падспешыў тады Раджа:

– Давай, давай! Хутчэй!.. Тайм із мані. Час – грошы!

У такіх рэчах, як падрыхтоўка да падводнага плавання, ніякай паспешлівасці не можа быць. І хоць многа часу адабраў ялік, Радж усё праверыў дасканала: які ціск у балонах – трэба 150 атмасфер, ці працуе ўключальнік падачы рэзервовага паветра, ці спраўны дыхальны аўтамат і рэдуктар. Падумаў, ці адзяваць гідракасцюм – і пашкадаваў часу на гэта. Прышпіліў на левую руку глыбінямер, на правую – магнітны компас, на правую лытку двума раменьчыкамі ножны, сунуў у іх крыс. Пад вадою кінжал лепш мець на назе, а не на поясе, дзе і грузілы, і паясны рэмень акваланга. Што яшчэ? Возьме шток-піку, гэта нібы павялічаная ў два разы копія стралы падводнага ружжа, толькі без зазубрын на канцы. І шток, і нож – ад акул.

Каб Радж толькі сам быў гаспадаром каморы, дзе захоўваюцца аквалангі і ўвесь неабходны рыштунак, дзе стаіць у кутку электрычны кампрэсар, каб не меў ключа ад дзвярэй яшчэ і Судзір, то можна было б так і не правяраць. Ва ўсякім разе, за свой асабісты акваланг Радж быў спакойны больш за ўсё. А так хіба ведаеш, што цябе чакае, які сюрпрыз? Судзір часам карыстаецца і гідракасцюмамі з каморы, і аквалангамі, а вернецца з мора, кіне-рыне ўсё – прыбірайце за ім, услугоўвайце.

Столькі пыхі ў гэтага Судзіра, столькі мух у носе! Такім ужо маэстра-панком сябе трымае, нібы ён адзін на ўсім свеце ведае, як абыходзіцца з дэльфінамі. А Радж перакананы, што гэта не так. Чаго ж бы Судзір так хаваўся са сваімі дрэсіроўкамі-рэпетыцыямі? Барані бог, каб хто падняўся на вышку ці прысеў дзе на трыбунах, панаглядаў за яго прыёмамі і метадамі. Ні Раджу, ні Гугу не давялося ні разу гэтага зрабіць. Судзір крычаў і лаяўся брыдкімі словамі, пагражаў звольніцца з работы. Містэр Крафт у такіх выпадках ажно трапятаў: толькі не гэта, толькі не гэта!

Умеў Судзір набіць сабе цану…

…Ялік плыў тады за папераджальнымі буйкамі. Сонца стаяла над захадам, грэла ласкава, не пякло. Ахвотнікаў купацца ў такі час было многа, прыбярэжжа ажно кішэла. Радж абмінуў адну лодку з матросамі выратоўчай службы, другую. Сумавалі тыя, вудзілі рыбу. Прывітаўся з імі, узняўшы руку ў салюце: усе даўнія знаёмыя. Потым яго самога абагнаў глісер на падводных крылах. Прамчаў яшчэ морысцей, амаль каля самых рыфаў, павярнуў на крутым віражы, зрабіў круг вакол Раджа, на другім вітку наблізіўся ўшчыльную і застопарыў, асеў у ваду. Ялік гайданула на ўзнятай хвалі.

– Ты куды? – грубавата кінуў яму арабскага выгляду чалавек з густымі чорнымі вусамі – здаецца, не было такога ў выратоўчай службе.

– А вы куды? – гэтак жа грубавата перапытаў Радж.

– Мы на рабоце!

– У мяне таксама рабочы дзень не скончыўся. Вусаты зірнуў на сваю руку з гадзіннікам.

– Я раіў бы табе, хлопча, плаваць паблізу дэльфінарыя. («Ведае мяне?!» – непрыемна здзівіла Раджа). Тут прыватныя пляжы. Можаш наскочыць на непрыемнасць. – І глісер раўнуў маторам, панёсся вакол Рая на паўночны захад – супраць гадзіннікавай стрэлкі.

А Радж павярнуў ялік да берага, там заходзілі ў ваду дзве велізарныя скалы з ракушачніку. Ускінуў нейлонавы канацік на выступ скалы, прывязаў. Хутка прасунуў рукі ў рамяні акваланга, зашпіліў паясны рэмень, спаласнуў маску вадою, насунуў на вочы і нос. Загубнік у рот, шток у правую руку – кулець спінаю ўніз з кармы…

Праплыў трохі ад берага, спыніўся на трохметровай глыбіні. Трэба агледзецца, прадзьмуць вушы. Мяккае, рассеянае святло нібы разліта ўсюды. Іграюць сонечныя блікі на паверхні, скачуць па пяску «зайчыкі». Усё нібы павялічанае, набліжанае, у каторы раз дзівіцца гэтаму Радж, а звыкнуцца не можа. Ах, мора-акіян, мора-акіян!..

Міма маскі ўніз праплывае ўсякае жывое драбноцце. Значыць, ён сам усплывае наверх – малавата начапіў грузіл… З шумам вырываюцца з пялёсткавага клапана пухіры паветра. Зіхоткія, нібы з жывой ртуці, яны імкліва ляцяць угору і большаюць, большаюць, каб тут жа разбіцца аб паверхню на тысячы дробненькіх. Працягнуў рукі нахільна ўніз, запрацаваў ластамі – глыбей і глыбей, проста ў чараду пярэстых, жоўта-сініх рыб-матылёў, што пырхаюць і кружацца, танцуюць вакол зарослых чырвонымі і фіялетавымі губкамі, жоўтымі, ружовымі і белымі караламі скал. Рыбы расплываюцца трохі лянотна, трохі пужліва, каб тут жа зноў цікаўна павярнуцца назад, паглядзець – а хто ж гэта патрывожыў? Ці трэба ратавацца, шыцца ў зараснікі? Глыбіня больш сямі метраў, цела ўраўнаважылася, нібы трапіў у бязважкасць, але павялічыўся ціск на грудную клетку, дыхаць стала намнога цяжэй. Не дае забыцца, дзе знаходзішся, і холад. Колер вады набывае ўжо сінявата-зялёнае адценне, накладвае свой адбітак на ўсё. Во калонія каралавых паліпаў – як пухнатая падушка ці шапачка грыба.

Густа тырчаць сотні жывых, ужо фіялетавых у рассеяным святле, а не чырвоных кветачак. Не ўтрываў, пагладзіў жывую шчотку, і паліпы, нібы па іх правялі прасам, паўцягвалі ў ячэйкі маленькія цельцы, каб тут жа зноў павысоўваць іх, затрымцець.

Глыбей не будзе спускацца… Зірнуў на компас і павярнуў уздоўж берага. Праплыве вось так на паўночны захад метраў сто, потым паварот на сто восемдзесят градусаў – і яшчэ раз, ужо бліжэй да берага. І хопіць на сёння.

Якое скопішча скал, якія вычварныя формы! І нейкія грыбы, і калоны з наростамі, і спічастыя, падобныя на храмы, збудаванні.

Радж паварочваў то ўправа, то ўлева, то забіраў угору, каб тут жа зноў апусціцца ніжэй. На компас паглядваць не забываў.

Скалы парадзелі, нібы хто накідаў іх уроссып, сталі трапляцца палянкі. Павярнуў бліжэй да берага, праплыў пад нейкім аркападобным збудаваннем, нават зрабіў круг вакол яго. Усё гэта добра, усё цікава, але ж містэру Крафту падавай грот.

Вунь яшчэ нейкі лабірынт скал, глыбіня за дзесяць метраў. Тут намнога цямней – заблудзіцца можна. А колькі ўсякіх рыб! І пярэстых, і паласатых, і ў кропачкі, з вялізнымі фальшывымі вачыма, намаляванымі на хвасце. Азірнуўся туды-сюды – ці не падкрадваецца адкуль акула? Можна было б і тую арку, і гэты хаос рыфаў і скал уключыць у новы маршрут, але ж… Але ж грота няма! А што там, лявей, бліжэй да берага? Нейкія пласты, наплывы прыступкамі, казыркамі, некаторыя з іх прымхліва парэзаны каньёнамі, цямнеюць вырвінамі.

Заглянуў пад адзін казырок, дзе вада больш цямнела. Позірк не ўпёрся ў дно ці ў сцяну, скляпенне чым далей павышалася, забірала ўлева. Расхіліў водарасці… Няўжо знайшоў?! Вочы трохі прызвычаіліся да прыцемку, і ён убачыў на столі і сценах цэлыя калоніі актыній, каралаў, там і сям цямнелі скопішчы мідзій ці вустрыц. Марудна варушылі шматлікімі ножкамі і вусікамі лангусты… Зачапіў незнарок балонам за выступ скалы, скрыгатнуў, і ўроссып кінуліся чырвоныя рыбы-салдаты. Некаторыя – пад Раджа, да выхаду, некаторыя глыбей, дзе штосьці святлела з левага боку. Мо другі выхад? Паплыў асцярожна ўглыб, заўважыўшы, як пусціўся наўцёкі ад яго аграмадны каменны акунь… Так і ёсць, гэта – другі выхад, нават шырэйшы за той, праз які заплыў. Рыбы тут плаваюць смешна, нібы стоячы на хвастах, усе стараюцца трымацца спінамі да светлага, да выхаду.

Штосьці падобнае на грот знайшлося… Але ж тут амаль зусім цёмна, трэба плаваць з электрычнымі ліхтарамі, каб разгледзець усё ўсярэдзіне. Ці захоча містэр Крафт набыць некалькі падводных ліхтароў? Гэта ж не простыя электрычныя ліхтары і, мабыць, каштуюць нямала.

А што гэта за жалезная штуковіна выглядае з-пад лісцяў ламінарый? Радж паторкаў штокам яе, пачуў жалезны скрыгат… Быццам бочка літраў на пяцьдзесят, толькі сплюшчаная з бакоў, донцы авальныя, а не круглыя. Адхіліў лісце больш… З аднаго канца не донца, а надзета моцная накрыўка з гумаваю пракладкаю пад беражком. Вечка трымаецца на заціскачках, яны падобныя на тыя, якія бываюць у каністрах з бензінам. Да боку прыгнуты паўабручык ручкі. Пэўна, такая ручка ёсць і з ніжняга боку. Хацеў ужо брацца за ручку, каб скрануць кантэйнер з месца – цяжкі ці не? Бразгоча што-небудзь у ім ці насыпана-наліта чаго? Але падсвядома адхапіў руку, нібы апёкся. Патузаў штокам лісце, прыкрыў знаходку, як і была.

Бр-р, ці гэта холад даймае, ці падступае да сэрца страх? Падалося, што хтосьці сочыць за ім, патыліцу нібы хто свідруе з глыбіні грота… Не ўцерпеў, азірнуўся – не, нікога. Паплыў з грота зусім. Зрабіў круг: паглядзеў на ўваход з боку мора: кантэйнера адтуль не ўбачыў.

Што рабіць са знаходкай? Што можа быць у кантэйнеры?

«А калі ў ім крадзенае, нарабаванае ці кантрабанда якая, наркотыкі? Мо трэба хутчэй паліцыі заявіць?»

Радж вынырнуў на паверхню, агледзеўся. Прыкмеціць трэба на ўсякі выпадак арыенціры… Ага, канчаецца фасад гатэля «Сэльют», тры пальмы тырчаць сярод спусцістых галін казуарынаў, за імі найтклаб «Кракен». А дзе ж тыя скалы з ялікам? Ого, далекавата заплыў… А сонца? Зусім нізка сонца…

«Што рабіць? Што прыдумаць? А мо забыць пра ўсё? Быццам нічога не бачыў, нічога не ведаю? Далей ад граху…»

І адчуў, што проста так пакінуць сваю незвычайную знаходку не зможа. Нырнуў зноў, заглыбіўся… Праплыў спачатку ў бок яліка, мо знойдзецца па дарозе другі грот. Але злавіў сябе на тым, што нічога не заўважае пад вадою, усё стала нецікавым. У галаве адно – таямнічы кантэйнер.

Павярнуў да грота…

«Хоць патузаю добра, калі нельга заглянуць у кантэйнер». Раджа і цягнула да грота, і трывожыла адчуванне невядомай небяспекі.

Як паблякла ўсё пад вадою, сшарэла!.. Праменні сонца ўжо амаль не прабіваюцца ў глыбіню, а слізгацяць і адбіваюцца ад вады. Хутка зусім сцямнее, а ён так далёка ад дэльфінарыя…

Абагнуў апошнюю скалу каля грота і… ледзь паспеў падагнуць ногі, затармазіць, моцна запрацаваўшы ластамі. Двое незнаёмцаў у чорных гідракасцюмах са шлемамі з жоўтымі аквалангамі падымалі за ручкі той самы кантэйнер. Адзін трымаў свабоднаю рукою вялізны электраліхтар, другі – падводнае ружжо. Незнаёмцы ўжо моцна працавалі ластамі, каб набраць хуткасць. І тут адзін азірнуўся і зрэагаваў на Раджа імгненна: ускінуў ружжо, цёўкнуў гарпун, рассякаючы ваду. Радж ускінуў рукі, куляючыся на спіну, але закрыцца не паспеў: страла дзёўбнула пад левую сківіцу. Цэліў, гад, у шыю, але ўдар прыйшоўся трохі нахільна. Радж з гарачкі моцна тузануў гарпун. Вырваў лёгка, але выпаў з рота і загубнік. Захапіў, удыхнуў знячэўку вады… Задыхаючыся, кінуўся ўгору, да паверхні – каб не ўтапіцца і не прывабіць акул. Кроў яны чуюць за мілю…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю