355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 5)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 30 страниц)

– Ты ўжо спіш? Ой, як у цябе тут прыгожа! От каб і мне такі домік! – шчабятала яна. – Навошта людзі робяць вялікія хаты? Абы залезці можна было, ад дажджу схавацца. А не захацелася на гэтым месцы жыць, устаў, перабег з хаткаю на спіне на другое месца. Так і падарожнічаць можна – з хатаю на спіне!

– Ноччу добра. А паспрабаваў удзень залезці, ледзь не сасмажыўся.

– Дзіва што! – Натача пабомкала пальцамі па бляшаным аднаскатным даху, які быў зроблены з расплюшчаных бідонаў.– Сонца як напячэ… Слухай, цябе таксама бяруць на Галоўны востраў.

– Куды-ы-ы? Хто бя-рэ-э?!

У Янгавым голасе было столькі здзіўлення, што Натача спалохана заціснула сабе рот.

– Ой, а я ж думала, што ты ўсё ведаеш! – яна таропка пачала ўставаць, каб уцячы, але Янг высунуўся і спрытна цапнуў яе за руку.

– Ану – лезь сюды! І расказвай… Усё, што ведаеш!

Ахкаючы ад цікавасці і павіскваючы, Натача залезла ў будку.

– Ты ведаеш, што хутка наша храмавае свята?

– Ну… – адказаў Янг. Сапраўды, штосьці пра гэта чуў. Кожны год бывае.

– Бацьку твайго павязуць на Галоўны. Ён кавадзі панясе з ахвярамі Вішну! Ён цяпер самы блізкі да бога чалавек, і яго Вішну паслухаецца. Вішну павінен нам усім памагчы, усім біргусаўцам!

– А калі з суседняй вёскі большую ахвяру Вішну занясуць? Дык бог іх паслухаецца, ім паможа, а не нам? – наіўна пытаў Янг.

– Не, Вішну і нас пашкадуе, ён добры і ўсемагутны! – горача шаптала Натача. І так блізенька ад Янгавага твару, што ён чуў яе гарачае дыханне, а кучаравыя пушыстыя коскі Натачы не-не дый казыталі яму нос. – Раздзявайся! – раптам сказала Натача, хоць Янг і так быў у адных трусіках. І яна расціснула кулак, паказала, што прынесла. У цвёрдым, бы картон, лісце фікуса з заломанымі ражкамі ляжала нейкая шаравата-жоўтая смала. – Дзед Амос мазь зрабіў. Давай я табе памажу, дзе пакусана. Хутчэй зажыве.

– Бацьку трэба было б змазаць. У яго ўсё цела пабіла на язвы.

– Нельга бацьку лячыць, дзед казаў. Чым больш пакут ён прыме, тым больш ачысціцца яго душа, бліжэй будзе да бога. Лажыся! – загадала Натача і нават таўханула ў плечы.

Янг разлёгся з кутка ў куток спінаю ўгору – якраз хапіла выцягнуцца. Натача падыхала на мазь, яшчэ больш разаграваючы, пачала мачаць у яе пёрца і вадзіць яму па карку, па спіне, па руках – лёгенька, далікатна, пахукваючы на болькі.

«Каб жа паслухаў Вішну! – думаў Янг. – Калі паслухае, то варта для гэтага і папакутаваць. Затое ўсім вяскоўцам будзе палёгка, пачне шанцаваць з работай, знойдуць дзе і за што свае хаты будаваць. А мо і на бацьку зверне Вішну ўвагу? Усё ж такі кавадзі панясе… Божа, зрабі так, каб стаў ён нармальным чалавекам, каб яго розум прасвятліўся!»

– А ты сябе мазала? Давай я цябе… – паварухнуўся Янг.

– Мазала! Ляжы спакойна… Во, бачыш, на руках – падсыхаць болькі пачалі… Тут трошкі мазі асталося, прыхавай на другі раз. Ну – я пабегла! А то яшчэ ўбачаць нас разам! – Натача ўсхапілася на ногі – бум галавою ў дах! Ледзь не звярнула яго набок.

Амаль усю ноч ліў дождж. Перыў, не сціхаючы, гром, жахалі сліпучыя маланкі. Дваром імчалі патокі вады, выносячы смецце і нечыстоты. Янг сядзеў па костачкі ў вадзе – будан падтапіла – і, жахаючыся і молячыся, слухаў навальніцу, слухаў, як стогне, енчыць і скардзіцца камусьці бацька.

3

Заснуў мо на досвітку, прыхінуўшыся ў куток, і толькі намучыўся, а не выспаўся. Потым перабраўся пад хляўчук, дзе быў замкнуты бацька. Янг паспеў заснуць пад дзвярыма зноў, як разбудзіў яго Амара.

– Здароў, валадар зямлі і неба! – дзіўна прывітаўся ён.

– Бессмяротны22
  Амара – бессмяротны (сінгал.).


[Закрыть]
ты?.. Знайшоў валадара!

– А што? Уся зямля пад табою, неба – над табою. Хто ўсё гэта зможа ў нас адняць? Ніхто. Пакуль будзем жывы – ніхто.

– Пада мною зямлі на крок – дый тая чужая. Востраў аднялі, хату разбурылі… Ні мамы, ні таты… – Янгу балюча скрывіла твар, яшчэ хвіліна – і расплакаўся б.

– Дзень, пачаты са слёз, не прыносіць удачы, як кажа дзед Амос. На вось, падсілкуйся. Ды пойдзем… – Амара працягнуў яму два вараныя плады пандануса. На плячы ў Амары вісела белая плёнчатая торбачка, відаць, не пустая, бо ніз яе важка адцягваўся, распіраў торбачку ў бакі.

– Куды… пойдзем? – нават крыху спалохаўся Янг. Выцер вочы, пачаў выгрызаць, высмоктваць мучністую мякаць з цвёрдых валокнаў-жыл, якімі былі пранізаны плады.

– Мы павінны з табою ўзяць на сябе тое, ад чаго адмовіліся дарослыя. Калі старэйшыя саступаюць з дарогі, наперад павінны выходзіць мы.

– Яшчэ сонца нізка, а ўжо напякло табе галаву.

– Не бойся, я не загаворваюся. Нам трэба агледзець горы. А мо і праўда знойдзем там вольную зямлю? Усё, што выявім, убачым, раскажам людзям.

– Выявіш, разяўляй рот… Як на балоце, у манграх… У цябе нічога больш няма з яды? Можа, бацьку падсунем, пакуль няма дзеда Амоса? – Янг паглядзеў на Амараву торбачку.

Цікава, як ён адносіцца да зняволення бацькі? Амара ж больш асвечаны, умее чытаць і пісаць, а не такі цёмны, як дзед Амос. З Раджам дружыць, а Радж чаго толькі не пабачыў, чаго толькі не ведае. Кожны дзень з усякімі буржуямі сустракаецца, з усяго свету з'язджаюцца тыя буржуі на Рай. А Радж з імі і па-французску, і па-англійску, і ўсяк.

– Увогуле… я трохі прыпасся… – паляпаў Амара па торбе, збянтэжана пакашляў.– Ды раптам мы зашкодзім? Пакармі згаладалага – адразу памерці можа.

Янг моўчкі злізаў слёзы з губ, выцер шчокі. Паглядзеў на дзверы хлеўчука, нібы развітваўся навекі.

– Я гатовы…

Пайшлі не ў той бок, дзе канчаліся хібаркі беднаты і пачыналася звалка, а значна лявей, на паўднёвы захад, угору па схіле. Тут былі прывілеяваныя кварталы, беласнежныя катэджы сярод плантацый бананаў, ананасаў, какосаў і арэкавых пальмаў. То там, то сям на плеценых з дроту агароджах, на платах, на варотах віселі шыльдачкі «PRIVATE».

– І тут прайвіт, прайвіт… – чытаў гэтыя надпісы Амара і сціскаў зубы. – І тут не суйся, даўно ўсё стала прыватнай уласнасцю.

Урэшце прыгарад скончыўся. Круцізна схілу рэзка ўзрасла. Зямля была ўжо скалістая, зрэзаная ярамі і равамі, зарослымі лесам. Некаторыя дрэвы – пахутакавы – былі падобныя на гіганцкіх мнаганожак з пачварнымі доўгімі лапамі, ствалы іх амаль ляжалі, разаслаўшы кроны па камянях. Зрэдку трапляліся на тэрасах вузенькія лапікі палёў, былі і закінутыя ўчасткі, зарослыя калючымі кустамі і пустазеллем. Пяршыла ў горле ад дыму – сям-там высякалі і выпальвалі лес, каб расчысціць хоць маленькі ўчастак, нанасіць туды зямлі. Мужчыны, што займаліся гэтым, лазілі па круцізне, як малпы, былі амаль голыя, з невялікімі павязкамі на бёдрах. Цёмныя целы блішчалі ад копаці, гразі і поту. Ламачча гарэла слаба, больш дымела, было яшчэ сырое ад начнога дажджу. Амара спрабаваў загаварыць то з адным, то з другім.

– А што – тыя кінутыя ўчасткі, на тэрасах, нічые ўжо?

– Можаш лічыць – нічые. Там што-небудзь зможа расці толькі гадоў праз пяць. А то і ніколі, палівай не палівай.

У голасе мужчын былі стома і роспач, і хлопцы зразумелі: людзі нічога добрага ад свае працы не чакаюць.

Усё часцей трапляліся велізарныя наплывы чорна-бурай лавы – наздраватыя, замшэлыя. Нібы нейкі волат, а мо сам бог Вішну замясіў недзе там, угары, цеста, а яно так бурна падыходзіла і пухкацела, што распаўзлося ва ўсе бакі.

Караскаліся, падавалі адзін аднаму рукі ці кавалкі ліян і ўрэшце апынуліся нібы на пласкагор'і. Разгледзеліся па баках – і скрозь гушчэчу зеляніны ўбачылі ўнізе ваду. Не раўніна тут была, а западзіна з возерам. А сапраўдная гара тырчала яшчэ далей за возерам. Самая макаўка яе была не зялёная, а бура-сіняя, зацягнутая пялёнкай смугі ці дыму. У адным месцы сярод зараснікаў бялеў, пеніўся вадаспадзік. Але да яго, мабыць, было далёка, бо шуму вады не чулі.

– На тую гару на палезем, мы ж не вар'яты… – нейкім абыякавым голасам сказаў Амара. Адчувалася, што ён страціў ужо ўсякую надзею штосьці адшукаць.

– То давай хоць возера абыдзем, спусцімся да вады, – прапанаваў Янг.

– Кальдэра называецца… На месцы гэтага возера было калісьці жэрла вулкана, – сказаў Амара. – Дзіўна, праўда? Не на самай макаўцы гары, а збоку.

– Не выдумляй, – не паверыў Янг. – Я на малюнку бачыў вулкан, там з верхавіны гары дым, агонь і камяні ляцяць.

– Быў, кажу, вулкан, але патух. Мо сотні, мо тысячы гадоў назад. А цяпер у кратэры вада і лес.

– А можа быць вывяржэнне зноў?

– Можа. А калі – ніхто не ведае… Спусцімся ніжэй!

Янг лез за Амараю, стараўся паўтараць усе яго рухі, хоць часам цяжка было дацягнуцца да тых галін ці да тых выступаў, якімі той карыстаўся.

– Вада!.. Халодная… І чыстая, а здавалася спачатку, што чорная.

Хлопцы завіслі, трымаючыся адною рукою за галіны, а другою зачэрпваючы ваду, і пілі, смакталі, ніяк не маглі напіцца. Смачная вада, толькі, здаецца, трохі нечым прыпахвае, нібы сапсутым яйкам. Янг паспеў вымерхацца за гэтую гадзіну, і самы раз было б зноў падсілкавацца. Але Амара нават не заікаўся пра яду.

– Пайшлі, пайшлі далей…

Лёгка Амары падганяць – «Пайшлі…». Каб Янг меў такі рост і столькі сілы, то і ён бы гэтак спрытна скакаў, карабкаўся, лез, прадзіраўся, завісаў на руках, разгойдваўся, каб сігануць з выступу на выступ.

Потым метраў сто ішлі берагам возера, паўз самую ваду вяла вузкая водмель з шэра-бурага гравію, галькі, лапікаў вулканічнага сіняватага попелу, укамянелага ад даўнасці, а над галавою завісалі камяністыя глыбы. Чулі ўжо шум вады, але гэта быў не той вадаспадзік, што бачылі здалёк сярод скал і зеляніны. І ручай быў меншы, і вада тут скакала з каменя на камень, як па прыступках. Каля вусця і берагі ручая, і бераг возера, нават водмель былі ўзрыты, перакапаны. Кучы пяску, гравію былі раскоўзаныя, стоптаныя чалавечымі нагамі, сляды былі і ад босых ног, і ад грубых чаравікаў ці ботаў.

– Нехта рыўся, як свіння, – нібы сам сабе сказаў Амара. Штосьці яму не падабалася, штосьці трывожыла. Ён азірнуўся па баках, але што-небудзь убачыць далей па беразе і наўкол было немагчыма з-за скал, кустоў і дрэў.– Што ён тут шукаў? – Амара прысеў, павадзіў рукою па пяску, пагробся ў ім.

Янг таксама памацаў, пацёр пясок, паўглядаўся ў крупінкі і каменьчыкі.

– Мо якія самацветы каштоўныя, – сказаў ён.

– Давай трошкі падымемся ўгору. – Амара амаль на карачках пакарабкаўся па вадзе, па камянях, Янг за ім. Хутка яны вымаклі з ног да галавы. Калі такім чынам узняліся на пласкагор'е, то ўбачылі, што ручай тут больш спакойны і шырокі. Скрозь па беразе пясок настаўбураны пагоркамі, нават у вадзе, можна пазнаць было, камяні ссунуты са сваіх месц. Прайшлі яшчэ трохі да месца, дзе ручай падзяляўся скалою на два. Прайшлі цераз першы ручай, абагнулі скалу, пабрылі ўніз левым берагам шырэйшай пратокі, які ўсё далей забіраў управа. Сляды невядомых шукальнікаў ці даследчыкаў заўважаліся і тут: то ў вадзе на мелкім, то на самым беразе шарэлі купкі гравію і пяску, каменьчыкаў, нібы хто падзяліў зачэрпнутае з дна драбноцце па велічыні. Сляды і тут былі дваякія – ад грубага чаравіка ці бота і ад босых ног. Значыць, шукальнік быў не адзін?

З-за невялікага павароту ўдарыў у вушы шум вадаспаду. Перад самым вадаспадам цячэнне ў ручая было бурнае і імклівае, хлопцы не рашыліся заходзіць у плынь, каб не збіла і не пакаціла па камянях уніз. Пайшлі і далей левым берагам. Скалы тут ледзь не заходзілі ў возера, а вадаспад застаўся крыху ззаду і справа. На самым абрыве прыселі, зачараваныя прыгажосцю.

Адсюль можна было агледзець добрую палову возера. Там, дзе паверхню асвятляла сонца, вада здавалася пяшчотна-блакітнай, крыху зелянкавай, а там, дзе быў цень, – цёмна-зялёнай і фіялетавай. Дальнюю частку возера прыхоўваў падобны на здвоеную пышную ляпёшку зарослы кустамі астравок. Унізе, пад хлопцамі, раскінулася бухтачка, амаль усю яе ахутваў цень. Бухту акаймоўваў нізкі, густа засыпаны камянямі бераг. Бела-сівыя космы вадаспаду (адтуль несла на хлопцаў халодную імжу) абрушваліся на гэты прыродны брук, губляліся сярод камянёў, пакідаючы на іх баках і лысінах камякі беласнежнай пены-шумавіння. І скрозь паўз бухту, дзе толькі можна было ўчарпнуць у ручаях ці на беразе, былі насыпаны пагоркі і горбікі, многія камяні былі зрушаны з месца.

Янг хацеў ужо шукаць спуск уніз і першым скаціцца на бераг бухтачкі, як Амара цапнуў яго за плячо: «Хавайся!»

Амаль з-за такога ж выступу скал справа ад бухтачкі плыў пад паверхняй вады чалавек у чорным гідракасцюме з жоўтай палосаю на баку. Рукамі не гроб, рукі былі чымсьці занятыя, перабіраў толькі нагамі з ластамі. Вось над вадою паказалася палавіна бліскучага чорнага шара – галавы плыўца, вытыркнула і трубка. З трубкі свіснуў фантанчык вады… Плывец павярнуў да берага, галаву падняў з вады больш, але твару нельга разгледзець – закрыты быў шклом маскі. Вось ужо дастаў ён нагамі дно, выпрастаўся, цяжкі свой груз узяў пад адну руку, выгнуўшыся ў другі бок, каб ураўнаважыць цяжар. Трымаў пад рукою, нібы ўрэзак з нейкага бака з пачарпнутым недзе на дне пяском. Мабыць, у днечку металічнага бака былі напрабіваны дзірачкі, бо знізу шматлікімі струменямі цякла вада. Невядомы сарваў маску і трубку, паклаў на сваё металічнае рэшата, узяўся за яго ўжо аберуч, прыціскаючы да жывата.

– Шт! – пакрычаў заклапочана ў бакі.– Піт! Той, каго клікалі, не адгукваўся, яго нідзе не было відаць.

– А што! Я так і думаў: не адзін чалавек тут калупаўся, – зашаптаў Амара. – І не адзін дзень.

Незнаёмы выдыбаў на бераг, паставіў сваё рэшата, садраў з ног ласты і стомлена прысеў на камень.

– Што будзем рабіць? Мо спусцімся папытаем, чаго яны тут шукаюць? – прапанаваў Янг.

– Цс-с-с… Глядзі! – кіўком паказаў Амара ўлева. З-пад навісі скал, ужо з іхняга боку, выплыў на невялікай гумавай лодцы, падграбаючы шырокаю і кароткаю лапатачкай, яшчэ адзін незнаёмы. Быў ён у паласатых, нібы амерыканскі сцяг, трусах і пляжнай белай шапачцы з празрыста-сінім доўгім казырком. Мо ён плыў ад таго ручая, дзе толькі што мацалі пясок і хлопцы? Як яны не заўважылі гэтага лодачніка, а ён – іх?

Лодка насунулася днішчам на бераг. Лодачнік вынес бардовае пластмасавае вядро з пяском і мелкае, але доўгае пластмасавае карытца з выламаным з аднаго вузкага боку бортам. Паставілі карытца крыху нахільна, насыпалі на яго пясок, палівалі вадою. Тапталіся на кукішках, мацалі і, мабыць, нічога добрага не вымылі, не знайшлі, бо той, у шапачцы, раптам са злосцю шпурнуў вядро. А той, што ў гідракасцюме, нешта сказаў, і яны заспрачаліся, паказваючы ў розныя бакі і нават на востраў.

– Пра што яны? – прашаптаў Янг.

– А ты хіба не разумееш па-англійску?

– Слаба. Дуку-матрос трохі вучыў, але…

– І я – слаба. Штосьці пра золата гавораць.

– Ама-а-ара?! – выдыхнуў узрушана Янг. – Яны шукаюць золата? А што, калі нам паспрабаваць? Раптам ды пашанцуе!

– Не спадзявайся. Ніколі ніхто ні на Біргусе, ні тут не гаварыў, што на Горным ёсць золата. Каб хто знайшоў яго, ведаеш, што тут пачалося б? Канец свету.

– Але ж яны не так сабе шукаюць! – горача запярэчыў Янг.

– Шукаюць! Мо якія дурні турысты. Думаюць, калі ад'ехаць на тысячы кіламетраў, трапіць на які востраў у акіяне, дык можна цэлыя кішэні самародкаў ці залатога пяску нагрэбці. Пайшлі адсюль!

4

Абыход возера заняў яшчэ з гадзіну. Пакуль лазілі, карабкаліся, выявілі з заходняга боку яшчэ два ручаі, якія ўпадалі ў возера.

– Хіба яно бяздоннае? – здзівіўся Янг. – У яго вунь колькі льецца, а з яго – ні струменьчыка.

– Высыхае… – сказаў Амара, але тут жа дадаў: – Не, не можа столькі высахнуць. Куды ж дзяецца вада? Во, па камянях можна пазнаць – не мяняецца ўзровень.

– Вунь тое месца, дзе мы падыходзілі. І тут нідзе не булькоча ручай, не выцякае з возера.

– Яно хоць і ў былым кратэры, але намнога вышэй узроўню акіяна. Каб прарвалася вада цераз гэтыя скалы – во зашугала б!

– А мо… А калі яно пад зямлёю цячэ ў акіян? Можа быць такое?

– Можа. Вулкан, землетрасенне чаго хочаш могуць нарабіць. Але калі б вада правальвалася, то яна кружылася б, вір быў бы. От дурні, трэба было лепш прыглядацца да паверхні.

Янг спусціўся па камянях да самай вады, нарваў жменю лісця, шпурнуў на ваду. Лісце распырхнулася, упала мо за якія два метры ад берага. Упала і ляжыць сабе спакойна, нікуды яго не нясе, не круціць.

– Другі раз не будзем абыходзіць – ну яго! – уздыхнуў Амара. – Нам трэба яшчэ паўднёвы схіл гары разведаць – да самага мора. Калі і тут нічога не знойдзем… – Амара не дагаварыў, роспачна махнуў рукою.

Паўднёвы схіл здаўся не такім доўгім, і быў ён намнога круцейшы, чым усходні, які вёў да горада. Нагрувашчванне скал, трэснутых і разарваных наплываў лавы было больш дзікае і маладаступнае. Тут дрэў і кустоў было менш, дый тыя вельмі ж скарэжаныя і скурчаныя. Нідзе не заўважылі нават маленькай, хоць трохі роўнай лапінкі, каб можна было зачапіцца, нацягаць туды зямлі і разбіць хоць невялічкі агарод. Скалы скончыліся раптоўна абрывам, далей унізе распасціраўся пясчаны бераг, да белага прыбою было метраў семдзесят. Сям-там на пяску былі параскіданы адзіночныя камяні і скалы, раслі калючыя кусты-малачаі, тырчалі мяцёлкі султанскай травы, сядзелі кактусы. Ладны кавалак пясчанага пляжу каля вады быў адгароджаны шчыльным дашчаным плотам, па версе яго ў тры рады наснавана калючага дроту. Зверху хлопцам было відаць, што робіцца за агароджай: з усходняга боку пляцоўкі стаялі дзве палаткі з падаткнутымі бакавінамі, каб прадзімала ветрам. З заходняга далятала густое і частае чахканне. Там стаяў на чатырох колах рухавік, крыху падобны на той, што бачыў Янг на пантоне ў лагуне іх Біргуса. Пасярод, бліжэй да плота і да хлопцаў, узвышаўся аўтамабільны прычэп-вагончык з высокімі і нізкімі антэнамі наверсе. Амаль па прамой лініі за ім блізка каля вады ляжалі нейкія скрынкі і паласатыя бочкі з палівам, а ўжо зусім на вадзе пры беразе віднеўся катэр ці глісер.

Даўгавата наглядалі хлопцы, пакуль дачакаліся хоць якога руху за плотам. З адной палаткі выйшаў рабочы, пакіраваў да рухавіка. Пастаяў там, панаглядаў за прыборамі і зноў вярнуўся ў палатку. Толькі добра прыгледзеўшыся, хлопцы заўважылі, што ад рухавіка да вагончыка з антэнамі і ад яго да берага быццам бы паўзуць не то шлангі, не то правады-кабелі.

І яшчэ адно ўразіла: на моры гайдаліся раскінутыя вялікім паўкругам гіганцкія паплаўкі – бела-чырвоныя паласатыя бочкі. Яны былі злучаны рамамі папарна, і з сярэдзіны кожнай пары тырчаў угору шпень з шыльдай. Што было напісана на тых шыльдах, можна было прачытаць хіба толькі ў бінокль.

Хлопцы спусціліся ўніз, насцярожана пайшлі паўз плот. З усходняга боку, дзе Кампонг, выявілі на плоце бляшаную шыльду з надпісам. Тэкст быў ахоплены справа і злева чырвонымі клічнікамі – адзін кропкаю ўгору, другі – кропкаю ўніз. Амара доўга ўчытваўся, каб зразумець, і Янг нецярпліва падспешваў: «Ну – што? Пра што тут?»

– Нейкая навуковая экспедыцыя па вывучэнню акіяна. Амерыканская, здаецца… Забаронена набліжацца, асабліва па моры, бліжэй чым на дзвесце метраў.

– Каб Радж быў, ён бы ўсё чыста пераклаў! – прашаптаў Янг.

– А што табе не зразумела? – быццам зазлаваў Амара, адцягваючы Янга ад плота. – Пайшлі, пакуль нас не злапалі… Там зусім з вострава прагналі, тут – забароненыя зоны. Быццам не ў сваёй краіне жывём, а…

Амара крочыў паласою прыліву – хутка, размашыста. Янгу давялося ісці подбежкам, ажно ў левым баку закалола. Збіраўся ўжо захныкаць, ды Амара спахапіўся:

– Разагнаўся я… Есці хочаш?

Пра гэта можна было і не пытаць! Каторыя ўжо суткі ўпрогаладзь.

Сышлі да самай вады, паселі на гарачы, як жар, камень. Янг не вытрываў, паплюхаў на камень вадою і сеў другі раз, на мокрае. Паспускалі натруджаныя, паколаныя ногі ў ваду, у ласкавы прыбой. Часам вада біла ў камень і не вельмі ласкава, абдавала з галавою. Але хлопцы не краталіся з месца, было прыемна.

Сілкаваліся варанай маніёкай, кожны думаў пра сваё. Ажывілі іх трохі дэльфіны – пара іх плыла ўздоўж берага па гэты бок рыфаў, раз-пораз плаўна і грацыёзна выскоквалі з вады, апісвалі ў паветры то малыя, то вялікія дугі, амаль без пырскаў знікалі пад вадою.

– Вось каму добра жывецца – пазайздросціць можна, – сказаў Янг, любуючыся.

– Што – Радж табе пра гэта казаў? – пасміхнуўся іранічна Амара. – Ці самі дэльфіны?

– А кажуць, што яны ўмеюць гаварыць, толькі не па-нашаму. От каб навучыцца разумець іх!

– Дэльфіна?!. Тут і чалавека цяжка зразумець… Нават таго, хто на адной мове з табою гаворыць. Што за цаца? Чым дыхае? Пуол гэты… Хто б мог падумаць, што ў яго праявіцца такое? А мы з Раджам адзін час нават хаўрусавалі з ім.

Дэльфіны вярнуліся, праплылі ўжо намнога бліжэй да берага, нават былі спыніліся, нібы прыслухаліся да нечага. Потым паціху аддаліліся, апісваючы паўкола вакол бочак-буйкоў.

Штосьці іх трывожыла.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю