Текст книги "Грот афаліны"
Автор книги: Павел Мисько
Жанр:
Детские приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 27 (всего у книги 30 страниц)
Спачатку спаў без сноў. Потым сны, мабыць, былі, нават кашмарныя, бо колькі разоў прахопліваўся ад жаху, але супакойваўся і зноў засынаў.
Потым прачнуўся канчаткова. Недзе чуваць была невыразная, з вялікімі паўзамі размова… Скляпенне пячоры не губляецца ў пракаветнай цемры, а шарэе, можна разгледзець навіслыя глыбы, няправільныя, нібы зламаныя аркі. Недзе імкліва праносіцца, слізгае сліпучае святло, бо нават яго водбліскі на камянях столі балючыя для вачэй. Звярыны інстынкт асцярогі прымусіў Янга не ўсхоплівацца адразу, не вытыркацца. Ён прыкінуў, дзе можа быць тая моцная крыніца святла, перавярнуўся на жывот і пластом папоўз да бруствера. Потым лёг на бок, задраў, закасаў рагожны падол, прыкрыў ім твар і вочы, каб не так рэзала святло. Нават праз мярэжу валокнаў глядзець было балюча.
Плыта ў Храмавым гроце не было. Каля ўваходу ў яго плавала штосьці доўгае і тоўстае, разы ў тры-чатыры даўжэйшае за Дзіка. Ні носа, ні хваста не відаць, яны занураны ў ваду. Спіна шэра-срабрыстая, ледзь узвышаецца над вадою. Затое надбудова – у паўроста чалавека. Яна размешчана пасярэдзіне, дзе ў дэльфінаў спінны плаўнік. У гэтай надбудове-кабіне Янг налічыў пяць вокнаў-ілюмінатараў, размешчаных у адну лінію. Шостае акенца крыху відаць спераду, над гэтым акенцам рухалася туды-сюды круглая фара, і гэта з яе святло рэзала, нізала прастору, скакала па скляпенні, слізгала па вадзе. Зверху кабіны-рубкі былі два люкі, і ў гэтых люках відаць былі да пояса два чалавекі – у звычайным адзенні, не ў гідракасцюмах. Фара ўрэшце тухне, супраць яе зыркасці і сліпучасці акенцы, здаецца, ледзь тлеюць. Янг паступова разбірае на баку плывучага цела чырвоны надпіс: PERRY CUBMARINE. «Кабмарын, кабмарын… Падводная лодка! – здагадаўся Янг. – Але хіба бываюць такія малыя падводныя лодкі?!» Ён адкідвае з твару рагожу, глядзіць ужо без яе, услухоўваецца.
– Значыць, не сіфон? – Янг разабраў: гэта сказаў той, што тырчаў з першага люка і паварочваў фару.
– Не! – адказаў задні.– І мы спачатку думалі – сіфон. А потым глядзім – дзірка ў скляпенні…– і паказаў рукою ўгору міма вуха пярэдняга.
– Куды вядзе пячора – не даследавалі?
– Нікуды, вы ж самі свяцілі, бачылі. Чатыры затокі, гэтая самая большая.
– Лічы – грот, а не пячора.
– Не кіем дык палкаю. А глыбока тут… У гэтай – футаў сто восемдзесят, у тых – па трыццаць – пяцьдзесят.
– Гэта тут вы чэрпалі пробы?
– І тут, і там, дзе вадаспад. А дзве затокі яшчэ не даследавалі.
– А варта займацца?
– Думаю, што варта. Нават калі не ўдасца эксперымент з дэльфінамі, то будзем самі. Аквалангаў толькі больш трэба, у нас усяго тры.
– Выдаткі, выдаткі… І на дэльфінаў дарэмна раскашэліліся.
– Шэф! Мы на іх ні долара не патрацілі.
– Растлумач, калі ласка.
– Правялі адну аперацыю, бамбанулі дэльфінарый на Раі.
– Хвост завяз?
– Чыста! Прыязджала паліцыя, мы ім акваторыю лагера паказалі – глядзіце, шукайце. А пра пячору ніхто не ведае.
– Ну і што?
– Вы пра што?
– Пра дэльфінаў. Ёсць ад іх карысць, кармёжку хоць апраўдваюць?
– Яшчэ ні разу іх не кармілі. Тут хапае ім і рыбы, і крабаў, і лангустаў, а каля выхаду – і малюскаў. Самі харч здабываюць.
– Та-а-ак… Не падабаецца мне справа з дэльфінамі. Можаце паставіць пад пагрозу ўсю справу.
– Шэф, усё будзе о'кэй. Праўда, без дрэсіроўшчыка капрызяць. Ён з імі займаўся на Раі, вучыў чэрпаць пароду на дне, выносіць наверх. Па маім заданні… Поспехі былі ўжо.
– Та-а-ак… І тут хвост завяз, яшчэ і дрэсіроўшчыка ўблыталі. Улічыце, Піт: калі што здарыцца, адказваеце галавою.
– Шэф, усё будзе о'кэй, вось пабачыце. Дазвольце толькі яго ўзяць у долю, каб ён і тут з дэльфінамі займаўся.
– Ты думаеш, пра што гаворыш?
– Думаю, а як жа.
– Думаеш, толькі не галавою. А як нічога не дасць забаўка, з дэльфінамі? Усе карты адкрылі… гэтаму твайму дрэсіроўшчыку.
– Гэта не мой, а дэльфінячы… І я думаю ўсё-такі галавою. Калі нічога не атрымаецца з дэльфінамі, Судзір адсюль не выйдзе жывы.
– Гэта хто такі – Судзір?
– Той самы дрэсіроўшчык. А зараз ён ужо і гаспадар дэльфінарыя, Крафт збанкрутаваў. Такія апошнія весткі.
Ад такое навіны Янг ажно ўстаў, забыўшыся на ўсё. Але спахапіўся і зноў прыліп да скалы – добра, што не зірнулі ў яго бок.
– Та-а-ак… Ну што ж – пад тваю адказнасць.
– Дык на які працэнт згаджацца?
– Лічы сам. Я фінансую ўсю справу, мае пяцьдзесят пяць працэнтаў здабычы. Твае дзесяць, рэшта – для астатніх. Чым больш набярэш людзей, тым менш прыпадзе на вас. Вось са сваіх сарака пяці працэнтаў можаце і кінуць яму костку.
– На голую костку ён не згодзіцца. А не запрасіць – занадта многа ён ведае, пра многае здагадваецца. Нас цяпер шэсць з вамі, з ім будзе сем. Калі толькі нам з ім дзяліцца, а вы ўбаку, гэта будзе несправядліва, шэф. Я ж клапачуся пра агульныя інтарэсы, пра вашы даходы. Але чаму мы адны павінны ўзяць на сябе Судзіра? Да вас пацячэ рака, да нас нейкія струменьчыкі, дый тыя трэба дзяліць. Шэф, уступіце тры працэнты са сваёй долі!
– Ні долара, Піт, я ж сказаў. Мне не эксперыменты трэба, а работа, работа… І ўлічы: мае выдаткі з кожным годам растуць, а даходы… А даходы пакуль што не. Вось – давялося гэтую ламачыну купіць.
– Чаму ламачына? Добрая яшчэ пасудзіна.
– Пазаўчарашні дзень. Праз пятыя рукі дастаў… Ездзіў сам у Вест-Палм-Біч2222
Горад у штаце Фларыда (ЗША).
[Закрыть], сустракаўся з шэфам «Перы кабмарын компані», таргаваў новую кабмарын. Не дакупіцца! Цяперашнія малюткі за гэтую і запас ходу маюць у некалькі разоў большы, і глыбіню пагружэння большую, і магутнасць акумулятараў, і хуткасць. У маёй каля 15–20 вузлоў2323
Вузел – адна міля ў гадзіну, 1852 метры.
[Закрыть], а ў новых – трыццаць. Транспартаваць іх можна на палубе іншых суднаў, у дэсантным караблі-доку. У нашу малютку толькі два чалавекі могуць забрацца, а ў тыя – па тры. І люк у тых ёсць спадыспаду, можна проста на грунт выходзіць у аквалангах.
– А як вы гэтую «ламачыну» даставілі сюды? Столькі тысяч кіламетраў.
– Ваенныя памаглі, да самага Біргуса прытарабанілі. Ну, а ў межах архіпелага сваім ходам хаджу. Абяцалі ваенныя трохі мадэрнізаваць нашу малютку: рухавік дызельны паставяць, генератар току, лопасці вінта заменяць.
– Не за так жа, не за добрае слова?
– Вядома ж! «Ты мне, я – табе». Будзем дзяліцца з імі сабранаю інфармацыяй. Шкада, пячора гэтая малая… А то можна было б і за яе патаргавацца з імі, уступіць потым.
– Яны і такую з радасцю схопяць. Тут пры жаданні можна добрую схованку зрабіць: і на атамную зброю, і на хімічную, і на бактэрыялагічную.
– Хопіць пра гэта. І кажаны могуць падслухаць. «Кажаны… – пасміхнуўся ў гэты час Янг. – А я?
А тыя двое, што на плыце былі? Ці ад іх яны не хаваюцца? Капошацца нечага на пляжы, і плыт там прычалены…» PERRY CUBMARINE, не нагружаючыся і не разварочваючыся, паціху пасунулася па вадзе ў бок крабавага пляжу.
«Добрая пасудзінка… – уздыхнуў Янг, зайздросцячы. – От каб мець такую падводную лодачку. Я б тады… Тады б я…» – а прыдумаць, што ён рабіў бы на ёй, так і не мог. Занадта многа было жаданняў. Перш за ўсё, канечне, выплыў бы на ёй адсюль. Мабыць, лодцы тыя пухіркі зусім не страшныя. У яе корпус сталёвы ці з такога металу, што вытрымлівае пад вадою вар'яцкі ціск. Што ёй нейкія там бурбалкі! Але, паразважаўшы, прыйшоў Янг да другое думкі. Не палезе лодка ў тыя пухіркі – нашто рызыкаваць такою дарагою рэччу? Аператар з лагера адключае заслону. Гэтак і для аквалангістаў робіць. Знімуць у пячоры тэлефонную трубку, а з лагера – «Хэлоў? Майкл каля апарата!» А яны яму: «Праз мінуту адключай, ідзем на выхад». А мо скарыстоўваюць які пароль? Не, наўрад ці… Аператар і так ведае іх голас, ведае, хто ў пячоры ў дадзены момант знаходзіцца.
«От каб забраўся ў лодку – і шморг з ёю… Ага, забярэшся, а як выбрацца? Цапнуць за шкірку і выкінуць у моры акулам… Можа, на лодку? Прыгнуцца за тою рубкаю-будкаю, сесці верхам… Калі і не адключаць пухірковую заслону, дык корпус абароніць…» Хацеў ужо спускацца да вады і стрымаўся: «Дурань… А ты ведаеш, з якою хуткасцю яны паплывуць па гэтым праходзе? Мо яшчэ марудней, чым я сам. Захлынешся як бач, не хопіць духу. Ды яны і ўбачаць цераз акенца, як я сяджу, знарок прытармозяць, каб захлынуўся, адна маска нічога не паможа. Гэта каб акваланг сцібрыць…» Але зноў падумаў, падумаў і рашыў, што і акваланг не паможа. «Залезеш з аквалангам на лодку, а тыя ўбачаць, дадуць задні ход. Ураз зловяць!»
«Ай жа султан Муту! Нічога не ведае, што ў яго ў султанаце робіцца… Адно толькі ведае – астравы разбазарваць…» Упершыню Янг думаў па-дзяржаўнаму, шырока і стала.
Тыя, што тырчалі з люкаў кабмарына, пра нешта напаўголаса перамаўляліся з тымі двума, што кешкаліся на пляжы. Разабраць, пра што яны гавораць, было цяжка.
У Янгавай галаве нарадзіўся дзёрзкі план: а што, калі падплысці паціху пад вадою да плыта, учапіцца там пад дошкамі? Ніхто не здагаецца пра такую сховань, а пачуеш усё чыста. Але зноў спрацаваў інстынкт перасцярогі: «А ці ўсё ты абдумаў, каб лезці ў зубы дракону? А што, калі пад плытам не будзе за што ўчапіцца? Або самлеюць рукі, сарвешся, плюхнеш, выявіш сябе? Чым тады ўсё скончыцца?»
Аднекуль з цёмных закуткаў павылазілі дэльфіны. Прымушаў іх хавацца ад тых людзей таксама інстынкт. Фукнуў, падплыўшы, Бобі, захрукаў па-парасячы, потым захныкаў, як дзіця, якое хоча, каб з ім пагулялі. І Янгу захацелася пагладзіць яго, патузаць у бакі за рострум, але… Што будзе, калі ўздумаецца каму паласнуць у гэты бок пражэктарам?
У кабмарыне ляснулі вечкі люкаў. Яшчэ праз некалькі мінут пачала асядаць, хавацца пад ваду рубка з акенцамі – ніжэй, ніжэй… Вось ужо ледзь прасвечваюцца скрозь ваду вочы-ілюмінатары. Яшчэ імгненне – і ўсё знікла ў чарнаце.
Адзін з тых, што засталіся на Крабавым пляжы, зняў трубку тэлефона:
– Хэлоў? Майкл, выключы сваю машынерыю, а то з аднаго шэфа зробіш двух.
Раздзел шосты– Містэр Сінх, я запрасіў вас вось чаму… Ага, дарэчы: як з'ездзілі? З «Нептунам» усё ў парадку?
Судзір сядзеў за сталом Крафта просценька, як убіты ў зямлю доўбняю кол. Ніводзін мускул не зварухнуўся на твары, пакуль гаварыў, ні разу не скокнулі ўгору бровы, здаецца, нават не расцінаў вузкіх губ. Радж быў здзіўлены такім тонам: толькі што, учора, разыгрываў з сябе дэмакрата, і раптам такі афіцыйны тон і «вы». Радж таксама рашыў гаварыць на «вы».
– З «Нептунам» нармальна. А чаму вы… чаму вы не спытаеце, што з Янгам?
– Спытаю, чаму ж не: што з Янгам? Знайшлі цела?
– Не знайшлі… Я хацеў бы, каб і на заўтра мяне адпусцілі. За свой кошт.
– Сённяшні дзень таксама за ваш кошт, вылічым з зарплаты. А на заўтра пусціць не магу – трэба працаваць. І так мы нясём кожны дзень велізарныя страты… («Знаёмая песенька… Крафт ныў гэтак жа сама…» – падумаў Радж)… Дарэчы, я і запрасіў вас так позна толькі таму, што адклад не ідзе ў лад. Я думаю, што для новай групы дэльфінаў трэба і новы дрэсіроўшчык, сам я не змагу імі займацца. За справу возьмецеся вы… Шкада, што загінуў Янг, ён быў бы ў вас добрым асістэнтам… Дый у рэкламе можна было б закруціць: «На арэне браты Радж і Янг Сінхі з дрэсіраванымі дэльфінамі!» Гучыць?
– Баюся, што не спраўлюся. Я ніколі не займаўся дрэсурай.
– Я яшчэ не ўсё сказаў. Вы будзеце атрымліваць маю былую стаўку, я нават не прыму пад увагу перыяд вучнёўства… Я нават надбаўлю дваццаць долараў, калі вы зможаце за месяц навучыць дэльфінаў, падрыхтаваць праграму.
– Вы сваю праграму рыхтавалі амаль тры месяцы, і ў вас ужо быў вопыт дрэсіроўшчыка.
– Вы забываеце, што ў мяне не было з кім раіцца, не было настаўніка. А ў вас ёсць – я.
– А хто будзе вадзіць на падводныя прагулкі, рыхтаваць увесь рыштунак?
– Няхай гэта вас не турбуе. Возьмем новага чалавека, нават не аднаго. Трэба ставіць усё на шырокую нагу. У нас не было дасюль падводнага палявання – і гэты від пацехі прадаставім, хай забаўляюцца. Цяпер пра асістэнта… Самі не падбірайце, я вам дам чалавека.
– Вы так пра ўсё гаворыце, быццам я ўжо згадзіўся.
– А вам нічога не астаецца рабіць. Такая работа нідзе не валяецца – гэта па-першае. А па-другое, не згодзіцеся дрэсіроўшчыкам, я вас і ад падводных прагулак зволю, і ад надводных. Ідзіце на ўсе чатыры бакі… Дзівак, ды хто іншы ў ногі ўпаў бы, каб падзякаваць, што даю такую работу, павышаю зарплату.
– Я ні перад кім яшчэ не падаў і не збіраюся падаць.
– Вы чалавек з гонарам, я ведаю. Калі хочаце, я паважаю такіх. І не люблю слімакоў і мядуз… Каб я мог, то пакідаў бы жыць толькі моцных, валявых асоб, а ўсіх слабакоў і вырадкаў тапіў бы з каменем на шыі. Мы павінны за бліжэйшыя пяцьдзесят гадоў вывесці і выхаваць такую расу людзей, каб у нашай дзяржаве былі толькі моцныя асобы.
– Хто гэта – мы?
– Мы – гэта таксама моцныя асобы.
– Штосьці я чуў такое: Еўропа… Гітлер… Расавая тэорыя. Другая сусветная вайна… Пяцьдзесят мільёнаў загінуўшых…
– Цябе палохаюць гэтыя лічбы? А мяне – не. От ты жыў на Біргусе… («А-а, не хапіла духу, пачаў «тыкацца»)… Мабыць, і агародзік быў у бацькі, і расло нешта на градках… Я таксама мару купіць бунгала2424
Бунгала – загарадны дом, віла.
[Закрыть]… Дык вось, калі густа насеяна, дык там жа не расліны вырастаюць, а… Крывыя бляклыя нітачкі, якія не могуць даць ніякай карысці, не могуць нават пакінуць пасля сябе патомства… А каб і пакідалі, то каму патрэбна, скажы, такое хілабокае патомства? Таму добры агароднік выполвае з град пустазелле, потым прарэджвае пасевы, відавую праполку робіць… Чаму б і з людзьмі такое не рабіць?
– Прабачце, у мяне яшчэ шмат работы… – Радж непакойліва зірнуў на запясце левай рукі, нібы там у яго быў гадзіннік.
– Значыць, так: лічы, што мы дамовіліся.
– Містэр Судзір, я прашу вас, дайце мне і на заўтра вольны дзень.
– Вось ты гаворыш, што ў цябе яшчэ многа работы. Улічы, работы будзе з кожным днём прыбаўляцца. Я думаю ператварыць дэльфінарый у марынарыум, а то і мэрынлэнд. Будзе пабудаваны падводны тэатр з усякай марскою жыўнасцю. Нават русалак туды запусцім… Пару дзяўчат голенькіх, прыгожанькіх… Яны будуць цэлае падводнае шоу разыгрываць, пацяшаць. У Японіі штосьці падобнае ёсць, у Іоміуры. Але чаму павінна быць толькі ў Японіі, а не ў нас? Што мы – горшыя?
«Гэтаму крывасмоку Крафт і ў падноскі не варты…»
«Не шукай у змяі ногі», – правільна ў народзе гавораць. Судзір не проста чалавеканенавіснік, гэта – фашыст. І не маскіруецца нават, адкрыта прапаведуе свае ідэі, не хаваецца. А каго яму баяцца? Султан камуністаў у падполле загнаў, на Судзіраў не звяртае ўвагі. А ўся небяспека – ад такіх вось! Яны і султану потым пад бок дадуць, захопяць уладу…»
– Містэр Судзір, я падумаў і рашыў згадзіцца, – сказаў уголас. – Толькі дайце мне права падабраць сабе асістэнта па густу. Мне з ім працаваць, а не вам, поўны кантакт павінен быць. Калі за тры дні не знайду хлопца, які задавальняў бы мяне, тады прыму любога, каго прызначыце.
– Во, гэта ўжо дзелавая размова. Тры дні даю – падбірай. А я гэтыя тры дні буду думаць, як нам лепш арганізаваць работу.
– Заўтра я ў дэльфінарыі не буду, дазволіце вы гэта мне ці не дазволіце. У мяне ўжо нікога не засталося на свеце, я павінен выканаць свой абавязак перад братам да канца.
– Шкада, што не слухаешся. Мяне таксама не будзе цэлы дзень, і хацелася б, каб хоць адна разумная галава заставалася на месцы. Гэты Абрахамс пад старасць апошнія глузды згубіў, пакідаць на яго аднаго дэльфінарыум рызыкоўна.
– Дарэмна вы на яго так. Ён вельмі стараецца на рабоце, усё выконвае сумленна.
– Залішне нават стараецца, суе нос куды не трэба. З сённяшняга дня павінна быць так: сумленна выконвай толькі свае абавязкі, а я іх распішу для кожнага, астатняе не павінна цябе цікавіць… А ўсё Крафт вінаваты, гуляў тут з вамі ў лібералізм, параспускаў… Карацей: «Нептуна» больш не дам. Падрыхтуй мне на заўтра акваланг, касцюм, запраў балоны, пастаў пад вышку каля дзвярэй. Я хутка буду ісці, забяру.
«Ліха з табою…» – падумаў Радж, пакідаючы кабінет.
Пастаяў крыху на пляцоўцы, падыхаў свежым брызам. Меў такое адчуванне, што ў кабінеце не паветра было, а нейкая атрута, чад.
«Чым яму насаліў Абрахамс? Куды ён соваў свой нос? Трэба пры выпадку распытаць старога…»
Недзе з порта па-бычынаму, але стрымана, быццам баяўся разбудзіць каго, падаў голас цеплаход – мо хацеў швартавацца ці, наадварот, адчальваў з Рая. Пілікалі і верашчалі цыкады, у зялёнай зоне дэльфінарыя спалохана і плаксіва ўскрыквалі паўліны, чуваць быў лопат крылаў. «Ці не на перамену пагоды?» – падумалася Раджу з трывогаю. Няхай бы пастаяла добрая пагода яшчэ колькі дзён, бо сапсуецца – у мора не выйдзеш, зносіны з іншымі астравамі амаль спыняцца.
Паволі, прыкідваючы, што трэба зрабіць у першую чаргу, ступаў па скрыпучых прыступках. Зробіць спачатку тое, што загадвае Судзір, трэба пакуль што гадзіць яму, як ліхой скуле. Потым трэба ўпарадкаваць астатнія аквалангі, балоны і касцюмы. Амара не памог з імі разабрацца, ледзь прычалілі ў заліўчыку, скокнуў на бераг. Ён пазніўся на работу, не меў часу нават прыняць душ. Паспеў крыкнуць, што раніцаю прыбяжыць зноў. Другія суткі без сну – як ён вытрывае? Абдула таксама – сабачку пад паху і дзёру. Ну, гэты мог бы і не спяшацца, мог памагчы. Але мармытаў штосьці: «Донна… Сіньёра… Донна…» Прагаладаўся, мабыць, як звер, таму і спяшаўся. Не хацелася Раджу кепска думаць пра Янгавага сябра, але тое-сёе ў паводзінах хлапчука не падабалася. Было ў ім нямала ад гарадскога шпанюка. Так і давялося самому разгружаць «Нептун», заганяць яго тэльферам у гараж, самому ўсё пераносіць у камору. А тут і змрок нахапіўся.
«Куды ён зноў намерыўся пусціцца з аквалангам?» – падумаў пра Судзіра.
Радж адчуваў сябе страшэнна знясіленым, і не так фізічна, мускульна, як нервова. І як толькі ўбачыў, што Судзір пакінуў кабінет, прыйшоў у «рэзідэнцыю» прыхаваць да раніцы рыштунак, вырашыў не прыводзіць у парадак астатняе, а прыняць душ, пераадзецца і схадзіць у горад. Там перакусіць і загляне ў паліцэйскі ўчастак. Раскажа пра падводную пячору. Хай зацікавяцца лагернікамі не адкладваючы, каб не змаглі тыя замесці сляды. Пэўна ж, захочуць паліцэйскія самі пераканацца, заплысці ў пячору. Значыць, трэба будзе падрыхтаваць і ім пару аквалангаў. Але гэта ўжо зробіць, прыйшоўшы з горада. Галоўная задача – угаварыць паліцэйскіх паслаць у лагер узброены атрад.
Заўтра ж! Ён сам іх будзе суправаджаць, сам усе пакажа і раскажа, што ведае… «Толькі от каб Янг вытрываў там яшчэ суткі – калі жывы, вядома… У тыя анучкі, што Натача паказвала, цяжка паверыць. Але… чаго толькі не бывае на свеце!»
З-за шуму і плёскату вады не пачуў, калі Судзір пакінуў «рэзідэнцыю». Але калі выйшаў сам, то з лаўкі, з-пад магноліі, абазваўся Алі:
– Здароў, Радж. Пасядзі трохі, размова ёсць. – Калі Радж прысеў побач, адразу працягваў: – Прымі маё спачуванне – такое ў цябе гора… Мне толькі сёння Абрахамс сказаў, і трэба ж такому здарыцца! А такі хлапчына быў, я яго адразу ўпадабаў.
– Дзякую за спачуванне… Але можа так стацца, што ён жывы. Ты зараз у мяне пра гэта не распытвай, потым усё раскажу. І сам нікому не гавары, што можа быць такі паварот. Наплялося столькі – у галаве не ўкладваецца.
– Што – і цябе звальняе? – выпрастаўся, нібы хацеў устаць, Алі.
– Ты пра Судзіра? Не, мяне пакідае, у дрэсіроўшчыкі пераводзіць. Я іншыя справы маю на ўвазе.
– А мяне звальняе. І Абрахамса, і тых цётак-прыбіральшчыц. Сказаў, каб шукалі работу, тыдзень даў на гэта. Усіх сваіх будзе набіраць, і толькі мужчын. Круціліся тут сёння нейкія падазроныя тыпы, размаўляў з імі Судзір. Здаецца, я ўжо бачыў некаторых у твар… Мо з той кампаніі, што лавілі дэльфінаў? А пад вечар англічанін быў, Піт. Праўда, завінуўся і адразу назад.
– Не думай, што мне вельмі хочацца з ім працаваць, нават дрэсіроўшчыкам. Але згадзіўся пакуль што… А для прагулак на «Нептуне» і падводных прагулак таксама будзе сваіх хаўруснікаў набіраць. Хваліўся сваімі планамі толькі што. Хоча мудрэй зрабіць, чым у Японіі. Там ёсць у Іоміуры, пад Токіо, падводны тэатр. Дзеўкі голыя пад вадою плаваюць, усякія штукі вырабляюць, а на іх дзівяцца праз шкло.
– Божа, божа… Быў дэльфінарыум, а хочуць яго ў прытон з распуснымі дзеўкамі ператварыць.
– Не ведаеш, чаго ён на Абрахамса ўз'еўся? Казаў, што стары совае нос куды не трэба.
– А-а, гэта… Жаліўся Абрахамс… Зняважыў яго Судзір, ледзь не пабіў. А з-за чаго? Убачыў стары, што «рэзідэнцыя» не замкнёна, рашыў прыборку зрабіць, парадак навесці, хоць не яго гэта справа. А Судзір наляцеў, як тыгр: «Вон! Каб і нагі тваёй тут не было!» Можа, і не вызверыўся б так. Убачыў, што Абрахамс круціць у руках прыз, дэльфінчык той на падстаўцы. «Прадайце адзін, – кажа. – Яны вельмі мне падабаюцца, хачу ўнучцы на дзень нараджэння падарыць. Дзесяць долараў дам». А Судзір яго ў каршэнь, у каршэнь і вытаўхаў за дзверы. Гэта цацка мо і долара не каштуе, толькі і вартасці, што ў продажу няма, па заказу Судзіра недзе робяцца.
– У людзей прафсаюзы ёсць, памагаюць адстойваць свае правы перад капіталістамі, у час забастовак памагаюць пратрымацца. А ў нас… нікому не паскардзішся. Што гаспадар хоча, тое і робіць, б'е і плакаць не дае.
– Радж, а чаму б і ў нас на востраве не арганізаваць прафсаюз? Адзін на ўвесь Рай, каб у яго ўсе работнікі абслугі ўваходзілі… От каб забастоўку абслуга зрабіла, што б тады было? Брудам па вушы зараслі б, з голаду падохлі б усе гэтыя мільянеры, што гатэлі пазапаўнялі.
– Мы з табою пра гэта яшчэ пагаворым. А зараз прабач мне, хачу ў горад злётаць. – Радж пайшоў у камору пераадзявацца.
– Ты толькі не затрымлівайся. А я пакуль што буду думаць.
– Думай. Нам усім пра многае трэба думаць.