Текст книги "Грот афаліны"
Автор книги: Павел Мисько
Жанр:
Детские приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 23 (всего у книги 30 страниц)
– А што – хіба няма Янга? – перапытаў Абрахамс. – Яліка таксама няма. Мо ўзяў ды ад'ехаўся рыбы палавіць… Ах, ах, а ўжо ж скора вячэрні ўлоў рыбакі на Рай прывязуць, трэба было б з'ездзіць на прыстань.
– Па рыбу не спяшайцеся. Не да яды дэльфінам пакуль што… Хай асвойваюцца, – сказаў Радж.
І Радж, і Абрахамс стаялі над вялікім басейнам паблізу ніжняга памоста і глядзелі на ваду. Дэльфіны цеснаю кучкаю – толькі ці ўсе? – стаялі ў загібе з паўднёвага боку, каля плаціны. Час ад часу спаважна, таксама не адрываючыся адзін ад аднаго, паўз самыя трыбуны пераплывалі на паўночны бок. Ні свістаў, ні скрыпу не было чуваць, калі і перагаворваліся, то на ультрагукавых хвалях, каб людзі не чулі іх і, не дай бог, раптам не зразумелі размоў. Не адзін праклён, мабыць, пасылаюць яны чалавеку, мо нават складаюць планы помсты за ўсё зло, якое прычынілі ім сёння людзі. Так думалася Раджу.
– Пачакаем трохі, мо хутка вернецца, – сказаў Радж пра Янга і пайшоў у каморку.
Дзверы пакінуў насцеж. За дзень назбіралася столькі гарачага духу, што хоць копру сушы. Удыхаеш паветра, і здаецца, што яно апякае ўсё знутры. Прыпаў да слоіка з прэснаю вадою, але яна была такая сцепленая і нясмачная, што зрабілася млосна.
«Сукін кот… Грошы так і ляжаць, па прадукты не хадзіў», – Радж падняў са століка пяць долараў, якія пакінуў раніцаю Янгу, сунуў у кішэню.
Патаптаўся трохі, не ведаючы, што рабіць, і выйшаў на двор, усеўся на лаўку пад кустамі. Сядзеў, то ўгнуўшыся і падпёршы рукою шчаку, нервова падрыгваючы нагою, то адкідваўся на спінку, утаропваў позірк у неба. Цясноцце ў грудзях усё большала, сэрца смактаў трывожны боль. «Дзе ён мог дзецца? Хво-о-рань-кі… Цікава, вуды на месцы ці не?» – устаў, вярнуўся ў камору, кінуў вокам на сцяну над кампрэсарам, дзе яны звычайна віселі. На месцы! Прабег вачыма па аквалангах – няма аднаго. «Не можа быць!..» – пачаў яшчэ раз аглядацца. Выявіў, што не хапала не толькі акваланга, але і камплекта балонаў. «Вось яно што-о-о… А мо Судзір узяў, да сябе завалок? Свайго не прынёс, а ўзяў два. Папытаць трэба ў Судзіра!» – выскачыў імкліва, але дзверы зачыніў і прымкнуў.
У Крафта недзе Судзір. Адразу, як паздымалі дэльфінаў з катэраў, з мяккіх паралонавых падсцілак, пусцілі ў басейн, зачыніўся Судзір з Крафтам у яго кабінеце. Не ўдвух, павёў Судзір з сабою яшчэ і аднаго з лаўцоў. Больш за гадзіну сядзяць, а малы катэр чакае таго лаўца, гойдаецца на прыбоі каля ўваходу ў заліў. Цяжкая, мабыць, у іх размова, прыперлі Крафта з аплатай да сцяны…
Ужо нагу паставіў на прыступку лесвіцы – і раздумаў. Не, да Судзіра пойдзе ў апошнюю чаргу. Калі ён не браў акваланга і запасных балонаў, то ашалее. Дый не трэба, каб і Крафт дачасна ведаў, што з каморы прападаюць аквалангі. Пайшоў за плаціну, пабрыў каля самай вады, прыглядаючыся да пяску, і нічога не заўважыў падазронага. Гэтак і на мысе Кіпцюра – ні слядочка, быў ужо прыліў і ўсё злізаў.
Вярнуўся назад да каморы. Пастаяў, патаптаўся – пайшоў шукаць цётку-дворнічыху. Пэўна ж, хадзіла па парку, выходзіла да заліва, а раптам што бачыла?
Не, нічога не бачыла цётка. Нават пакрыўдзілася за пытанне.
– Толькі што Абрахамс лаяў за лодку, дакладную збіраецца падаваць Крафту! А вы яшчэ і пра хлопчыка!
Дурны зразумее: паміж прапажай яліка і прапажай балонаў, акваланга ёсць прамая сувязь. Янг узяў і тое і другое, кудысьці накіраваўся. А куды? Чаму дасюль не вярнуўся? Дзень канчаецца, можна і наплавацца, і рыбы налавіць… «Рыбы! Вуды ж на месцы… Ну, я ж яму пакажу рыбу, пакажу плаванне! Дарослых не пускаю адных плаваць, абавязкова суправаджаю ды яшчэ і штокамі ўзбройваю. А тут… І я добры дурань… Трэба было ўсё расказаць пра падводнае плаванне. Асабліва тэхніку бяспекі ўдзяўбці ў галаву… Ён яшчэ не ведае, чым пагражае глыбіня чалавеку. Ап'яненне глыбіннае можа быць пасля шасцідзесяці метраў. Няўжо Янг лазіў на глыбіню? А мо выбраўся за рыфы, згубіў вёслы і ў адкрытае мора пагнала?»
А зрокавая памяць узнавіла малюнак: выпучваецца зубасты акулін рот… Крыважэрны хапок – і на баку дэльфіна зеўрае крывавая вырвіна – дзвюма далонямі не закрыць. Бр-р, страшна такое ўбачыць нават у сне. І не дай бог апынуцца сярод гэтых людаедаў у вадзе!
«Пачакаю яшчэ… Ён жа галодны, павінен прымчацца… Але ж і ўсыплю, ох і ўсыплю!»
Прымусіў сябе сесці на тую самую лаўку, хоць зусім не сядзелася. Хацелася сарвацца з месца і некуды бегчы. А куды?
Прайшлі міма лаўкі, вярталіся ад Крафта Судзір з тым лаўцом. Абодва зірнулі на Раджа, але нічога не сказалі. Не зачапіў і Радж Судзіра пытаннем – хай ІДУЦЬ.
Вырашыў прыняць душ. Лягчэй будзе целу, палягчэе мо і на душы. Дый час хутчэй пройдзе: проста сядзець і чакаць было невыносна.
Стаяў пад вялымі, зусім не было напору, струменьчыкамі доўга…
Выціраўся ў прыхожай, дзе стаялі шафачкі, яшчэ даўжэй. Пачуў, што Судзір не развітаўся з госцем, там нават чаркі звіняць. Няйначай п'юць барыш, добра злупілі скуру з Крафта. «Віншую… Трымайся цяпер…» – «І цябе віншую… Цяпер – Горны?» – «Не абзываюцца пакуль што. Ды нідзе не дзенуцца…» Гамана прыглушаная, часам можна разабраць толькі асобныя словы. Віно ці каньяк патрохі развязвала языкі, загаварылі мацней. Ужо і фразы некаторыя можна разабраць. Судзір:
– Гэта лёгка было зрабіць. Як і з тым… Я ж на месцы… А нашто?
Лавец:
– Закон ёсць закон. Судзір:
– Я пераканаў тады… Шэф перадаў, што згодзен пачакаць. Ён нам яшчэ спатрэбіцца… Асабліва цяпер.
Лавец:
– Ну – глядзі. Сам ведаеш… што на карту пастаўлена. Потым позна будзе раскайвацца!
Судзір:
– У любы момант паспею. Ен не даносчык, у паліцыю не бегаў. І ў бальніцу тады не хадзіў… У рабоце старанны… Патэнцыяльны дрэсіроўшчык.
Скрыпнулі і прыстукнулі ў Судзіра дзверы. Галасы зусім паглушэлі. І Радж зразумеў акустычны фокус: чуваць толькі тады, калі адчынены дзверы ў персанальную Судзіраву душавую.
Пра каго зараз гаварыў, каго меў на ўвазе Судзір? Зноў нейкія падазроныя размовы, невядомыя планы.
У Судзіра зашумела, заплюхала вада. Ці сам ён, ці госць зайшоў папаласкацца.
«У горад трэба… Купіць чаго, хоць макаронаў якіх… Крыху алею яшчэ ёсць…» – думаў, замыкаючы камору.
Каля прахадной чуваць гамана. Цётка-вартаўніца ўпарта і павышаным голасам паўтарае:
– Ніякага Абдулы я не бачыла! І Янга няма… З самага ранку я тут – няма, не бачыла!
– Санта Марыя! Ды яму ж няма больш куды хадзіць! Гэта Янгаў друг, аміко… І сабачка з ім чорны быў, кучаравы такі…
– Ні кучаравага, ні праставалосага не бачыла. А на тэрыторыю не пушчу, мадама. Усё!
Раджу таксама давялося выслухаць іх размову і пацвердзіць, што хлапчукоў сапраўды няма. Сам хацеў бы ведаць, дзе яны бадзяюцца.
– Гэта жахліва! У яго сэрца няма – марыць Тота голадам цэлы дзень… Вы не брат Янга? Такі падо-о-об-ны… Скажу вам кампліменто: вы вельмі прыемны малады чалавек… Будзьце ласкавы, з'явіцца Абдула – пашліце яго хутчэй у гатэль. І скажыце гэтаму разбойніку, што ў мяне пачынаецца нервовае знясіленне ад яго фокусаў… Я ўжо не магу распараджацца сваім часам, усё яго чакаю! Я не адпачываю, а толькі перажываю і хвалююся! Гэта не проста коміко, гэта партыджано… Скінуў з плечыкаў маю самую лепшую сукенку – паўмільёна лір заплаціла! А свае транты павесіў у шафу! Адны транты, адзін бруд, у смеццеправод трэба было выкінуць. Я ж яму новае ўсё купіла! А ён…
Не было калі слухаць гаваркую італьянку. Радж паабяцаў усё зрабіць так, як сіньёра просіць, і адкланяўся.
Амаль гадзіна прайшла, пакуль вярнуўся назад. Пра трэніроўку каратыстаў так і не ўспомніў, а сёння ж трэба было ісці да містэра Ромеша ў падвал.
Італьянкі каля прахадной не было. Паглядзеў запытальна на вартаўніцу. Тая зразумела пагляд:
– Не было, не з'яўляліся яшчэ.
«А чаго яны пойдуць цераз вароты?.. Яны з мора падплывуць». Радж усё яшчэ спадзяваўся, што прыгода хлапчукоў скончыцца добра. Ён і ўявіць не мог, дзе зараз яны знаходзяцца і чаго магло нарабіцца.
Ён і макаронаў наварыў, і астыць яны паспелі. Зноў падагрэў і еў адзін, а яны раслі ў роце, засядалі ў горле. Сонца ўжо села, імкліва насунулася цемра. Уключыў святло, і ў расчыненыя дзверы хлынулі малыя і вялікія таўстабрухія матылі. Напружана прыслухоўваўся да гукаў на моры, на алеях дэльфінарыя. І ўрэшце пачуў жаночыя галасы, нават усхліпванне. Заскрыпелі бамбукавыя маснічыны на мосціку.
– Во тут… Вунь дзверы адчыненыя… – вылучыўся голас вартаўніцы.
Радж выскачыў на двор, але цёткі ўжо не ўбачыў – пайшла назад да прахадной. У паласу святла ўступіла кучаравая чарняўка – заплаканая, знябожаная, у нейкай абарванай зверху, нібы абгрызенай спаднічцы.
– Натача?! – пазнаў Радж. Схапіў за руку, імкліва пацягнуў у камору. – Як ты тут апынулася?
Натача ўгнулася, затуліўшы твар рукамі, затрэслася ў плачы.
Раздзел трэціШтуршкі былі не грубыя, але моцныя, працяглыя – больш пад грудзі і жывот, часам даставалася па барадзе і па носе – ледзь не спускалі юшку. Гэта тады, калі глыбока зарываўся тварам і мог зноў удыхнуць вады. Янг яшчэ не апрытомнеў добра, але ўжо чуў, як горла адпусціла спазма-сутарга, як дзікі, з ірвотаю кашаль драў кіпцюрамі горла і бронхі. Калі ж змог успрымаць крыху больш, адчуў боль у грудзях, у жываце, у чэрапе. Немым болем нылі суставы, тупа торгалі мышцы на руках і нагах, шчымлівы сверб перабіраў скуру. Паміж лыткай і костачкай на левай назе пякло, як агнём – скура там, мабыць, была злузана.
«Пху-ух-х!.. Ф-фуш-х-х… Ху-ф-ф…» – здаецца, пачуў скрозь шум дзіўныя і вельмі знаёмыя гукі. Заматаў, затрос галавою, каб вылілася з вушэй вада, і з правага вуха сцёк цёплы струменьчык. «Пфу-ух!» – пачуў ужо больш выразна. Паспрабаваў сам варухнуць рукамі і нагамі, каб трымацца на вадзе. Так, ён быў на вадзе, а не пад вадою… На ва-дзе! Прытым вада здалася больш цёплаю, чым у возеры, на глыбіні. Але гэтага цяпла было так мала для яго збалелага, змучанага цела!
Стуліў губы, заціснуў нос, паспрабаваў прадзьмуць вушы, робячы глытальныя рухі. Цяжкія выдыхі і справа, і злева, чуў і свіст, і скрып, і нейкае бляянне ці мармытанне. «Дэльфіны?! – прабілася скрозь боль і каламуту ў галаве. – Са мною дэльфіны?!» Махнуў некалькі разоў сажонкамі да бліжэйшага «Хуф-фх!», і далонь каўзанула па гладкім, як адпаліраваным, халодным целе. Правёў далоняй, намацаў спінны плаўнік. Па велічыні яго пазнаў: не дарослы дэльфін папаўся яму, а малыш. І не ўцякаў ён ад Янга, а мацней запрацаваў хвастом, як толькі адчуў, што ўзяліся за плаўнік. Можна было крыху падгрэбаць леваю рукою, памагаць дэльфіняці, але ў Янга было яшчэ так мала сілы!
Куды ж вязе яго малыш? Дзе Янг апынуўся? На тым свеце, напэўна. Успомнілася, як тапіўся, як паміраў на дне возера, як засмоктвала яго вадзяная віхура… Так, толькі на тым свеце можа быць такая пракаветная цемра, без адзінай зорачкі над галавою. Але ж чаму тады ён усё адчувае, як жывы? Янгу баліць, як жывому, а на тым свеце павінна быць толькі лёгкасць і насалода для душы і цела, поўная нірвана. Праўда – толькі для праведнікаў, для тых, хто ніколі ніякага граху не дапусціў. А якія грахі за дванаццаць гадоў жыцця займеў ён, што Вішну разгневаўся і шпурнуў яго ў пекла, у цемру?
Вада здаецца не чорнай, яна, як разведзенае малако, сям-там нават прабягаюць нейкія іскрынкі ці кропкі… Значыць, і на тым свеце мора ёсць і дэльфіны?!
«А дзе ж людзі? Іх жа сотні памірае, тысячы… Чаму я адзін тут? Можа, гэта яшчэ толькі дарога ў пекла, на той свет…» Над галавою ўбачыў невялічкую светлую пляму, яна ўвесь час пашыралася, а потым рэзнула святлом па вачах. Прасветліна ў вышыні была не круглая, а нібы скрыўленая і худзенькая васьмёрка. Дэльфіня замерла на месцы, перастала працаваць хвастом, а дарослыя дэльфіны павольна і спаважна, зрэдку пасвістваючы, закружыліся вакол Янга. Нібы давалі магчымасць удосталь налюбавацца святлом, што прабівалася зверху. І Янг глядзеў на здвоеную светлую плямку як на незвычайны цуд і заўважыў ужо, што яна блакітная і на гэтым блакіце відаць нават некалькі агністых іскрынак. «Неба?! І зоркі?! На светлым небе – зоркі? Там яшчэ дзень, а так не бывае, каб удзень – зоркі! Толькі на тым свеце такія фокусы бываюць…» Потым Янгу здалося, што на той светлай пляме нібы штосьці мітусіцца, лётае, здаецца, нават учуў мышыны піск. «Няўжо кажаны?!» А як высока да іх! Тая светлая дзіра здалася праломам у купале высознага храма-палаца. Нейкая пачварная сіла разламала, разарвала зямлю, стварыла гэтае скляпенне, спічасты грот.
Так, гэта пячора, грот, заліты вадою. Янга ўсмактала на дне возера ў шчыліну, правальваўся туды з прыгодамі, засядаў, і яго не вельмі далікатна хтосьці цягнуў за нагу, ратаваў. Хто кінуўся яму на помач у вадзяны хаос і цясноцце, хто мог учуць яго апошні, перадсмяротны крык? Радж неяк гаварыў, што дэльфіны страшна баяцца вузкіх шчылін, ніколі не лезуць у іх, каб не засесці. Гэтая боязь у іх з роду ў род перадаецца, з пакалення ў пакаленне. Але ж нехта з іх адважыўся на подзвіг, перамог страх.
Дэльфіны размясціліся наўкол Янга на самым светлым месцы. Відаць, як павыстаўлялі з вады морды, паразяўлялі раты, можна прыкмеціць нават вострыя калочкі зубоў. Колькі ж дэльфінаў? Тры, чатыры… Малыш – пяты… Усміхаюцца, нібы ў загадкі гуляюць: угадай, хто перад табою? Адзін вытыркнуўся з вады настолькі, што паказаліся тры белыя драпіны на баку.
– Ева-а-а! – крыкнуў Янг хрыпла і радасна, пазнаючы. Пад скляпеннем прагуло рэха, мітусліва запырхалі мышы. – А гэта Дзік! Ты гэта, ты!!! Не круці галавою… – Янг падплыў да яго. – Во, і зуб той, што не ў шарэнзе, і чатыры пенчукі справа… Ты, жулік, ты! А малыш – Бобі! Нашы дэльфіны-ы! Ура-а-а!!!
Раскатамі загрымела рэха, зверху нават штосьці адарвалася і плюхнула ў ваду. Янг пакінуў Дзіка, павярнуў да Бобі. А той ужо і сам плыў насустрач. Пацерліся шчокамі, Янг нават пацалаваў яго. Наўкол кружыліся і з палёгкаю ўздыхалі дэльфіны. Нібы і ім было дасюль жудасна адным у гэтым падзямеллі. Хто іх сюды загнаў, запраторыў? «Іх схавалі тут… Значыць, недзе павінен быць выхад у бок мора… І нечым загарадзілі той выхад, каб не паўцякалі. Самі дэльфіны не могуць разгарадзіцца. А калі я ім памагу?»
Ён ледзь знаходзіў сілы, каб трымацца на вадзе. Варта было саскаўзнуць руцэ з Бобі, і мог бы ўтапіцца. Сілы, каб абаперціся на дэльфіня, ужо не сабраў бы.
«Нідзе не дзенецца той выхад… Калі ёсць ён…»
Адпачыць бы, абсохнуць… Здранцвеў дарэшты, дзеравянеюць рукі і ногі. Хочацца стагнаць і плакаць – не хапае духу трываць пакуты.
Пакіраваў Бобі за рострум уздоўж сцяны, сяды-тады спрабаваў перабіваць нагамі. Плылі марудна, вельмі марудна ў глыб грота, у цемру ад светлай плямы.
Вочы, пабыўшы трохі на святлейшым, не хацелі нічога бачыць, слязіліся ад напругі. «Стой, Бобі, стой… Я руку памяняю…» Пералез на правы бок дэльфіняці, узяўся за плаўнік леваю рукою, а праваю вёў па слізкім камені, па мокрай скале, мацаў. Вось ужо і востры кут, тупік… Заплюхала ў ваду з невялічкіх выемак нейкая жыўнасць – мо крабы, мо яшчэ што. Павярнуў Бобі назад, паўз другую сцяну, процілеглую…
Уперадзе, куды вобмацкам прасоўваліся, мінуўшы светлую пляму, чуўся той глухі, нудны і роўны шум. Грот меў падоўжаную, з вострым тупіком форму. А ў гэты бок сцены разыходзяцца ўсё больш і больш. «Бобічак, не тузайся, не вырывайся… Пацярпі, мілы…»
Раптам правая рука правалілася ў пустату, і з-за павароту ў вушы ўдарыў шум і роў вадаспаду. Нагою абмацалася пад вадою прыступка, хоць і коўзкая, у нарасцях. Паспрабаваў стаць на яе абедзвюма нагамі і… пляснуўся дагары. Забоўтаўся, паварочваючыся на жывот, кіруючы да скалы. На падводную прыступку стаў каленьмі, учапіўся, як мог, рукамі – успоўз вышэй. Распаўзаліся ў бакі, часам траплялі пад руку большыя і меншыя крабы, плюхалі ў ваду. Зрабіў колькі няўклюдных крокаў на карачках – і стукнуўся галавою ў скалу. Сілы пакінулі зусім, рукі і ногі падкасіліся.
Так і заснуў тварам на выцягнутых руках, а мо і прытомнасць страціў.
Ногі гайдаліся, варушыліся, а штосьці важкае сядзела на назе, дзе канчалася калашына, і грызла, драпала за ранку вышэй костачкі. Яшчэ добра не ачомаўшыся, цярнуў другою нагою па той калашыне – спіхнулася штосьці кастрава-колкае, бясформеннае, як востравугольная камянюка. Ад агіды і страху ўздрыгнуў: краб, каб ён здох…
Колькі ён праспаў? У галаве ясна і не вельмі баліць, дый увесь пачуваўся мацнейшым. Асцярожна, паволі разгінаючыся, паспрабаваў устаць. Не, выступу няма, памахаў угары рукою – пуста. Павярнуўся тварам да скалы, абмацаў яе рукамі. Крута дыбіцца халодны мокры камень, ніводнай зачэпкі. Сеў зноў, абхапіў сябе за плечукі рукамі, пацёр, памасіраваў, паціскаў. Чуў пад далонямі, што рубашка на плячах хоць і сырая, але ад цела высахла, не цячэ з яе. Але гэтага так мала! А як бы хацелася адзецца ў сухое, сагрэцца! Праўда, тут і сухое ўраз адсырэе: паветра густое ад вільгаці, зверху цаляюць па галаве важкія кроплі. Эх, каб на сонейка хутчэй выбрацца, на волю! Якое гэта шчасце – мець сонца над галавою!
Прыпомніў, як даплыў з Бобі да гэтага выступу з пляцоўкай, як узлазіў на яе. Цяпер ён сядзіць спінаю да таго выступу, аб які стукнуўся. Значыць, калі ўстаць і павярнуцца да яго тварам, а потым паціху, учаперыўшыся, схіліцца ўправа, то можна зазірнуць у грот-храм з дзіркаю ў купале, адтуль ён плыў, там крыху святлей. Янг і прарабіў усё гэта вельмі асцярожна, прывучаў ужо сябе да асцярожнасці і абачлівасці, прывучаў арыентавацца ў цемры. Схіліўся – і нічога не ўбачыў: чарната, толькі сям-там плямамі шарэе вада, часам па ёй прабягаюць ледзь заўважныя фасфарычныя палоскі. Мусіць, ноч ужо, глыбокая ноч. Ен жа не ведае, колькі праспаў.
А мо і не трэба сачыць за часам? Якое гэта мае значэнне, калі цёмна ды цёмна!
«Ты дзе, Бобі? Плыві сюды!» – прасвістаў умоўны сігнал. І падумаў, што не пачуе яго малыш. Шуміць безупынку вадаспад, хоць І не так звонка, як раней: прыліў глушыць, вада паднялася ў пячоры.
Але прайшло мо якія хвіліны дзве, як каля Янгавых ног пачуліся «Пху-уф…» і кароткі скрып. Схіліўся да вады і намацаў мордачку Бобі. Той даўся палашчыць і тут жа ссунуўся ў ваду, знік з-пад рукі.
– Ты куды, дурненькі? – не вытрываў і пачаў свістаць зноў.
Прапаў Бобі, як І не было. «Пакрыўдзіўся… Рыбкі не даю… А дзе ж яе ўзяць, тую рыбку? Можа, і ёсць у гэтай пячоры рыба, то хай сам ловіць… І я дзякуй сказаў бы, каб хто рыбкаю пачаставаў, ды яшчэ смажанаю…» – у Янга набегла поўны рот сліны, заныла ў жываце. Толькі цяпер адчуў страшэнны голад.
Зноў пачуў «Ф-фу-ух!» блізка каля сябе і нейкае ласкавае, нібы кашэчае мармытанне. Нагнуўся ў той бок, працягнуў руку. І адразу намацаў галаву дэльфіна. Малая галава, Бобі, значыць… «Ну й хуліган малы…» Правёў рукою да рострума, хацеў ухапіць за верхнюю сківіцу, павадзіць у бакі. А рука намацала штосьці цвёрдае, шырокае.
– Што ў цябе? Давай, давай… Ну, пускай жа! – Янг і другою рукою патузаў.– Ласт?! Дальбог, ласт… Ну й Бобі, ну й малыш! Каб ты ведаў, які ты малайчына! – пяшчотна пагладзіў яго, павадзіў за нос. – А другі дзе? Можа, і другі знойдзеш? Шукай, братка, шукай!
Мармытнуў штосьці Бобі, а зразумеў ці не? Мабыць, не, бо не ссоўваўся ў ваду, ляжаў і чмыхаў дыхалам, песціўся пад Янгавай рукою. Янг папхнуў яго ў рострум, ссоўваючы: «Плыві, плыві! Шукай!»
Не бачыў, паплыў ці не паплыў. Здалося толькі, што ўздыхі і ўсплёскі наўкол пачасціліся. Многа ўздыхаў! Падплылі сюды, мабыць, усе дэльфіны.
– Ласт другі шукайце! Маску шукайце! Ну, што ж вы?
Ніхто не паплыў, загаду не разумелі. Услухоўваўся скрозь шум вадаспаду і, здаецца, чуў іхнія ўздыхі і ціхае паплюхванне.
Янг добра абмацаў ласт. Раменьчыка не было, адарваўся разам з вушкам. Але гняздо для нагі было цэлае. Ён адразу сунуў туды правы ступак, «абуўся». Не хочацца зноў лезці ў ваду, а трэба. Мог бы яшчэ пацярпець, не піць, але рашыў наліць страўнік вадою – не так будзе балець. Пасвістаў: «Ты дзе, Бобі?» Намацаў рукамі дэльфіна. Бобі!.. Слабак гэты Бобі, от каб Дзік слухаўся. «Сюды, сюды…» – адварочваў яго галаву бліжэй да скалы, управа. Локаць перакінуў, звесіў на той бок Бобі і далоняй ціскаў на левы бок, кіраваў. Два арыенціры – скала справа і шум вадаспада. Калі паплыве назад, будзе таксама імі кіравацца. Іначай не знойдзеш тую пляцовачку, дзе адпачываў. Малая яна і няроўная, спадзістая, але што рабіў бы без яе? Можа, дзе і лепшая ёсць, але паспрабуй знайдзі ў гэткай цемры!
Сцяна пад праваю рукою падавалася на Янга. Гэты пячорны завулак таксама звужваўся, як і той храмападобны. Шум і плёскат памацнелі, у твар паляцелі пырскі. Ззаду пачуліся кароткія трывожныя свісты, мабыць, дэльфіны плылі за ім і Бобі. Пачуўшы сігналы, Бобі адразу крутнуўся пад рукою, як верацяно, вырваўся і сам засвістаў трывожна. І ў гэты момант Янг каленьмі намацаў камяні, нагрувашчаныя абломкі, зачапіліся за іх рукі. «Дуралобы… Баяцца лезці сюды… А як жа мяне ратавалі і не баяліся? Нешта ж зацьміла ім розум, змусіла кінуцца на дапамогу чалавеку».
Асцярожна падняўся і ледзь астояўся: у ногі білі буруны-вадавароты. Працягнуў рукі ўперад, у невядомасць, і халодная вада хлынула па руках да плячэй. Напаўняў далоні і піў, піў, ледзь не лопаўся ад вады, а ўсё піў. І думаў: што рабіць далей?
Можна прабрацца назад на сваю пляцоўку і драмаць, чакаць раніцы. Але ці зменіцца што раніцаю? Толькі ў Храме была хоць нейкая крыха святла, але там няма ніякага выхаду. І тут, у Вадаспадным гроце, няма. Правільней, шчыліна ёсць, але вядзе яна ў возера. Пра тое, каб выбрацца праз гэты лаз, нельга і думаць. Проста загадка, як сюды ён трапіў і не захлынуўся насмерць.
Значыць – шукаць, шукаць, шукаць… Пакуль ёсць крыха сілы, пакуль не скалеў зусім – шукаць!
Па таму ж прынцыпу – правая рука павінна ўвесь час абмацваць сцяну. Трымацца толькі правай сцяны, і ў рэшце рэшт прыйдзеш на тое ж самае месца. «А калі не на тое, то ў Храм, а з Храма я ўжо ведаю, як дабрацца да той пляцоўкі… Калі нічога лепшага па дарозе не абмацаю… ці выхаду не знайду».
Асцярожна, хістаючыся пад ударамі патокаў, павярнуўся спінаю да вадаспаду. «Ты дзе, Бобі?» – Янг ужо смялей рынуўся грудзямі на ваду. «Плыві сюды!» – пасвістваў і адплываў ад вадаспаду ўсё далей. Нарэшце ўлавіў, што вада каля яго закалыхалася па-новаму, не так, як ад вадаспаду, здаецца, пачуў і ўздыхі дэльфінаў, тонкае «кр-рын-н, пр-рын-н…» каля твару. Выкінуў руку ўперад і намацаў малыша, учапіўся за спінны плаўнік. «Управа, Бобі!» – павярнуў крыху яго за рострум. І той зразумеў, паплыў правей. Янг запрацаваў адным ластам, памагаючы яму. Але праз якія метры два Бобі рэзка звярнуў улева. «Ты што…» – не паспеў спытаць, як стукнуўся галавою і правым плячом аб слізкі і востры выступ.
Так, забывацца тут нельга. І больш давяраць Бобі. Малыш нібы канчаткова зразумеў, што ад яго патрабуецца. А каменная сцяна то падавалася ўправа, і даводзілася заплываць у кожны выгін, то раптам вытыркала, і зноў трэба было плысці лішнія метры. «Эх, каб быў ліхтар!»
Яшчэ колькі прагібаў і выступаў… І раптам здалося, што вада заружавела, нават задралася чагосьці ўгору, як вадаспад. Ціхі вадаспад, бясшумны. Гэтая хмара ружовасці справа чымсьці перарэзвалася, нібы хтосьці правёў ломаную лінію паміж ёю і чарнатою. Кантраст паміж чорным і ружовым з кожным ударам ласта павялічваўся, вада ўперадзе ўжо не свяцілася знутры – ад яе адляталі водбліскі. Вочы, пакуль падплываў, прывыкалі да большага святла, хоць трэба было моцна жмурыцца, каб не так рэзала. Што там? Ад нецярплівасці грабянуў колькі разоў праваю рукою, думаў ужо, што там выхад і адтуль падсвечвае вечаровае (ці мо ранішняе ўжо?) сонца. І раптам крыкнуў ад болю ў вачах, выпусціў з-пад рукі Бобі, прыціснуў да вачэй далонь. Інстынктыўна павярнуў назад – небяспека! Але Бобі не адплываў, не ўцякаў, паблізу мірна пыхкалі астатнія дэльфіны. І Янг, зажмурыўшыся як мага, зноў павярнуў да святла…
На няроўнай каменнай сцяне гарэла электрычная лямпачка. Гумавы чорны провад вытыркаўся каля сцяны з вады і лез угору да лямпачкі, як ліяна. Ззяла лямпачка, як дзіўны, казачны плод, ад яе разляталіся ў бакі мірыяды танюсенькіх і балючых промнікаў-іголак. Яна асвятляла шырокую пляцоўку. І вісела гэтая лямпачка, аказваецца, на процілеглай сцяне новага, трэцяга грота-адгалінавання.
«Чаму бачыў яе з Храма і з Вадаспаднага?
Як павернуты ўваходы ў іх да гэтага, трэцяга грота?» – думаў Янг, падплыўшы да асветленай пляцоўкі і ўхапіўшыся за бераг адною рукою. Другою прыкрываў вочы, пакінуўшы тоненькую шчылінку паміж пальцаў. Разгледзеў спачатку штосьці нагрувашчанае і прыкрытае рагожай – управа ад лямпачкі. Потым рашыў агледзець усю пляцоўку па парадку. «Няўжо тут людзі бываюць?! Можа, і цяпер яны ёсць, але прыхаваліся?» Паварочваў галаву як мага далей управа і ўлева, каб убачыць, што робіцца за межамі пляцоўкі, і не мог нічога разгледзець – чарната. Невядома было, ці далёка ўправа цягнецца пляцоўка і закутак-цясніна, у які не заплываў, не абмацваў. Улева ад тоўстага гумавага провада таксама ўгадваўся зацемнены прогіб. Столь над пляцоўкай праглядвалася, яна была невысокая, скошаная да цэнтра пячоры.
Асцярожна, на каленях і руках успоўз на пляцоўку, асцярожна ўстаў, слухаючы, як ільецца з адзення вада і шаргацяць клюшнямі, разбягаючыся, крабы. Некаторыя – боўць, боўць – скідваліся ў ваду, некаторыя затойваліся ў выемках, выстаўляючы вочы-перыскопікі. Янг няўклюдна шлэпаў ластам, і калені дрыжалі ад хвалявання. Даклыпаў да прыкрытай кучы, тузануў рагожу. Адразу пачуўся металічны бразгат, са звонам ссунулася пад ногі такая самая чарпалка, як і тыя, што насілі ў зубах дэльфіны ў дэльфінарыі. Усіх чарпалак у сцірце Янг налічыў дзесяць. Падняў тую, што ўпала, для нечага пастукаў пазногцем аб днішча. Не з жалеза зроблена, не вельмі цяжкая, а на заднім борціку – паўкруглы выраз.
Ланцуг замкнуўся… Тыя золаташукальнікі на возеры, доўгі Піт з кампаньёнам маюць дачыненне і да пячоры. Дэльфінаў Судзір таксама не так сабе навучаў: не басейн меркаваў чысціць, а каб маглі чэрпаць на дне мора ці тут, у пячоры, пароду, выносіць наверх. Усё рабілася па адным плане! Кампанія Піта атруціла і Малу, і дэльфінаў пакрала, запраторыла сюды. Злачынцы, самыя сапраўдныя злачынцы!.. Лагер на беразе мора, абгароджаны дошкамі, што колісь разглядаў з Амараю, таксама іхні. Можа, стаіць якраз над уваходам у пячору.
«А той балван-афіцэр уваліўся да Крафта: «Мы ўсё агледзелі ў лагеры Піта… Няма ў іх дэльфінаў, няма загародак у моры». Сказаў бы лепш, што і не спрабаваў шукаць… У самае гняздо іхняе трапіў… Ух, каб толькі выбрацца! Накрылі б тут усіх, як вераб'ёў начоўкамі…» Хацеў ужо боўтнуцца з пляцоўкі ў ваду, плысці як мага далей адсюль, каб дзе схавацца. Але развага ўзяла верх: «Зараз жа тут нікога няма. Бо наверсе глыбокая ноч. Спяць у лагеры ўсе». Толькі ў такі час Янг і можа плаваць беспакарана. А ўдзень – хавацца. Толькі дзе? Калі яны з'явяцца тут з электрычнымі ліхтарамі, то знойдуць ураз. Пад вадою ж доўга не выседзіш. «А чаму і не? Засвеціць, а я нырну… Адвядзе ўбок – вынырну… Не, лепш адразу шукаць выхад адсюль… Куды вядзе гэты провад?»
Янг павёў вачыма ад самага крука, убітага ў расколіну ў сцяне, на якім вісеў канец провада з лямпачкай, і да нізу. Провад і праўда знікаў пад вадою, а не лез каля паверхні ў прогіб, у цемру. Пастаяў каля провада ўгнуўшыся, спрабаваў нават пацягнуць за яго. Провад амаль не паддаваўся. Янг сеў зноў.
Выхад з пячоры пад вадою, туды провад вядзе. Нават у іх лагуне на Біргусе былі невялікія гроцікі сярод рыфаў. Зверху нічога не ўбачыш, а нырнеш і… «Цікава, ці глыбока размешчаны выхад з пячоры? І колькі трэба плысці пад вадою, каб выбрацца ў мора? І трэба ж будзе яшчэ час, каб падняцца на паверхню… О, каб на ўсё пайшло мінуты дзве-тры! Можна было б нырнуць адразу. Але ж там яшчэ павінна быць загародка ці сетка ад дэльфінаў. Калі ўдасца яе хутка ліквідаваць, то і дэльфіны змогуць выбрацца. Учапіцца за Дзіка і… Разы ў тры-чатыры хутчэй будзе…»
Ліхтар! Чорт ведае што аддаў бы за ліхтар! Без яго як без рук. А каб быў яшчэ і акваланг, то і зусім добра было б. Застаўся акваланг недзе ў возеры, а балоны запасныя каля возера.
«Што там цяпер Натача парабляе, Абдула? Перапужаў я іх сваім знікненнем… Рашылі, што загінуў… І я на іх месцы так бы падумаў…»
Крабы, убачыўшы, што іх больш ніхто не пужае, асмялелі, палезлі з вады на бераг, павыпаўзалі з ямак. Пад лямпачкай іх сабралася ўжо многа, нібы грэліся на сонцы.
«А што я рабіў бы на месцы Натачы? – прыкідваў Янг. – Аднаму некаму трэба дабірацца на Рай, сказаць пра ўсё Раджу. Бедны Радж!.. Бедная Натача!.. Як ёй перажыць усё гэта, як расказаць Раджу?» – Неяк само падумалася, што дабірацца да Раджа будзе Натача. Яна больш смелая і рашучая і плавае добра.
Правей ад Янгавых ног і правей ад провада, які ішоў пад ваду, штосьці белаватае паволі пагойдвалася каля берага, часам не ў лад з вадою, часам зацямнялася, прападала. Там чулася шаршэнне крабавых клюшняў, нейкі скрыгат. Але гэта не дэльфіны скрыпелі, дэльфіны паволі курсіравалі на мяжы поўнага змроку і паўзмроку, ціснуліся больш да ўваходаў у Храм і Вадаспадны грот. Янг ленаваўся ўставаць і глядзець, над чым піруюць крабы. Ён адчуваў млявую асалоду ад нерухомасці.
«Якія ногі!.. Костачкі паабіваны, аблузаны… А колькі драпін і сінякоў!..» – Падцягнуў калашыну на той назе, дзе ўсё яшчэ адчуваў сляды зубоў. Вось яны, знакі… Пракусаў не было, відаць толькі два рады плямак-сінякоў, нават скура злузана на тых месцах. «Жалезная хватка… Па шырыні радоў – не малышова работа. Хутчэй Дзіка… А мо Евы ці Бэлы. Ева – маці Джэйн. А каторая маці Бобі? Здаецца, Дора… Першы мог і Бобі кінуцца ў тую расколіну, а маці за ім, Бобі ратаваць… і мяне заадно…» – Янгу хацелася думаць, што было якраз так. Пахукаў, падзьмуў на сінякі, нават слінаю прамыў – і ўстаў. Падышоў да таго, што бялела каля берага. Гэта была рыбіна, нават велікаватая, пядзі на дзве. На ёй процьма крабаў – і большых, і меншых. Замест хваста ў рыбы рабрынкі-нітачкі, у баках павыгрызаны ямкі. «А чаго тут дохне рыба? Мо вада якая застойная, атрутная?»
Вочы прывыклі да паўцемры, і калі Янг адвёў позірк управа, за прогіб сцяны, заўважыў унізе штосьці кантовае і высакаватае, нібы скрыначку. Адразу ступіў туды.
Так, гэта была скрыначка. Металічная, цяжкая… Падняў, каб паднесці бліжэй да святла, а яна нечакана тузанулася з рук, ледзь не ўпусціў. Заўважыў, што да скрыначкі вядзе скручаны ў дзве столкі дрот. Вылазіў той дрот таксама з-пад вады – крокі на тры глыбей у цемру ад таго, тоўстага. Янг асцярожна паставіў скрыначку на месца. Сэрца трывожна бухала. «Не буду чапаць, ну яе…» А цікавасці не мог асіліць, рукі ўжо намацалі зашчапку. Адшчапіў, пацягнуў за яе – адшчоўкнулася накрыўка, завісла на завесках. Рукі намацалі ўкладзеную ўздоўж скрынкі на рычагі тэлефонную трубку. «Тэлефон?! З лагера сюды звоняць, а адсюль у лагер… Дзіўны тэлефон… Як па ім звоняць, калі няма дыска круціць і кнопак няма?»