355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 12)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 30 страниц)

Частка другая
Калі плачуць дэльфіны…
Раздзел першы1

– Я ёсць італьяно… Ты мяне разумееш? Ты мяне заві сіньёра Тэрэза. Добра? Або донна Тэрэза.

Італьянка не магла памаўчаць і хвіліны. Сыпала і сыпала словамі і ўсё дабівалася ўвагі ад Янга: «Ты мяне разумееш?»

– Ты ніколі не быў у Рома? Не? О, повэра бамбіно, беднае дзіця… Гэта лепшы горад у свеце! Якія там палаццо! Такіх прыгожых дамоў ты не ўбачыш больш нідзе! Ну, чаму ты ўсё маўчыш? Ты такі малінконіко, сумны… Трэба быць оццімісто! У вас тут такая прырода, такі акіян!

Сіньёра Тэрэза на кожным кроку ўсклікала «Ой!» ды «Ой!» – усё з нечага дзівілася. Янг у думках так і празваў яе: «мадам Ой».

– Ой, мамма мія! Дзе ў вас поўдзень? Там?! Ой, дык у вас сонца не туды ідзе! Не злева направа, а справа налева! І яно ў вас… Ну але, трошкі на поўнач, не над самаю галавою!

Янг ішоў уперадзе сіньёры Тэрэзы, нёс на руках яе Тота, чорнага смешнага і калматага сабачку. З-пад доўгіх кудлаў Тота выглядвалі рахманыя і вясёлыя вочкі. За пярэднія лапаткі і грудзі сабачка быў адмыслова забэрсаны раменьчыкам.

Калі Тота адпачыў, Янг накруціў канец раменьчыка на кулак і пусціў сабачку на дол. Пабег Тота, старанна целяпаючы ружовым язычком, дыхаў цяжка: душна! Кожны рог дома, кожны слуп ці пальму ён абнюхваў, задзіраў ножку. Мадам Ой папераджальна ўзнімала палец: не перашкаджай, а то будзе нервовы.

Янг ведаў толькі такіх сабак, якія вадзіліся на Біргусе, і тых валацуг, што бачыў каля храма. А такое дзіва, як Тота, бачыў упершыню. Дый жанчыны такой не бачыў: сукенка белая, празрыстая, плечы зусім голыя, на галаве велізарны белы капялюш, а над капелюшом нібы яшчэ адзін капялюш, толькі ў два разы большы – японскі парасон ад сонца. Парасон сіньёра трымала ў левай руцэ, а ў правай пусты калматы мяшок і вялізную сумку, падобную на кашалёк. А паколькі ў італьянкі не было трэцяй рукі, каб весці Тота, дык яна і наняла Янга адразу, як выйшла з гатэля «Белая архідэя» пагуляць, пазнаёміцца са Свійттаўнам. Янг якраз тады спяшаўся з Абдулою ў порт, сябар абяцаў павучыць яго камерцыі – гандлёвай справе.

«Вызвалішся – прыходзь туды!» – пракрычаў на развітанне Абдула і падміргнуў Янгу: маўляў, не губляйся, ад гэтай цётачкі можна дабіцца неблагога прыварку.

– Янг, чаго ты маўчыш? – перапыніла донна Тэрэза яго ўспаміны. – У цябе ёсць мама?

– Няма.

– Мадонна мія… А падрэ, папа?

– Таксама няма… – уздыхнуў Янг. «Малахольная нейкая… Чаго яна лезе ў душу? Хоча, каб я разроўся на ўсю вуліцу?»

– Ой, ой!.. Я адразу адчула інтуіто, што ў цябе штосьці не так. Бэль бамбіно – прыгожы хлопчык, і такая трагедыя. Дык што, ты так і жывеш адзін?

– Так і жыву. Брат у мяне ёсць, на Раі працуе.

– О, Рай! Вечарам я таксама еду на Рай. Цэлы месяц пабуду ў Раі!

Заходзілі ў чарговы магазін, і сіньёра Тэрэза шырока расплюшчанымі вачыма разглядвала чорныя драўляныя маскі з вышчаранымі зубамі і лупатымі вачыма, прымервала пацеркі: «Караллё! Караллё!», капелюшы з пальмавага лісця. Розных пацерак, у тым ліку з чорнага карала, яна ўжо купіла некалькі. Соўгала ў сумку і бамбукавыя сурвэткі, бліскучыя ракавіны, тырчалі з сумкі і дзве маскі. Прадавец, бачачы, што яна не купіць у яго пацерак, пасунуў да яе цацачны чаравічак. Ціскануў штосьці ў ім, і з чаравічка порстка вытыркнуўся чорцік, дзіка, нібы ў яго балеў ад смеху жывот, зарагатаў, чаравічак задрыгаў, засоўгаўся па прылаўку.

– Мадонна мія! Дзіяволо! Бяру. Колькі каштуе?

Плаціла сіньёра Тэрэза не таргуючыся, і яе, вядома ж, абдурвалі, беручы ўдвайне, а то і ўтрайне. Хутка сумка яе напоўнілася ўсякай непатрэбшчынай.

Дайшлі да базару, і донна Тэрэза стала, нібы аслупянеўшы. Столькі радоў гандлярак! І каля кожнай горы ўсялякай садавіны і дзівосных, нябачаных раней пладоў. Грэйпфруты – як дзіцячыя галовы, гронкі бананаў – як удвух панесці…

– Туцці-фруцці! Туцці-фруцці! – шаптала і ажно дрыжала. Раптам сарвалася з месца: – Коко! Коко! Які вялізазны! Янг, давай пап'ём соку з гэтага какоса, я чула, што гэта вельмі смачна!

Яна выбрала два самыя буйныя і спелыя какосы, падала прадаўцу, каб ускрыў. Але той сказаў, што ў такіх ужо не будзе соку, а цвёрдае ядро, і выбраў сам, спрытна ссек макаўкі, падаў.

А далей пайшло-паехала. Італьянка навальвалася на бананы, сырыя і смажаныя, прыплюшчвала ад смакаты вочы: «Грандзіёзо!» Частавала і Янга: «Прэміё! Прэміё!» Пару какосаў і фунтаў чатыры бананаў запхнула ў мяшок і дала яго несці Янгу. Каштавала яна і папайю, рамбутан, мангіс, дуку, зноў пхала сёе-тое ў мяшок, і той разбухаў і разбухаў. «Табе не цяжка, міленькі?» – пытала кожны раз і тут жа забывалася пра гэта. Спакусіў яе адзін прадавец і дурыянам. Донна Тэрэза, хоць і зморшчыла ад паху нос, адважна грызянула белую мякаць крышаня, смактанула костачку. І застыгла з гідліваю грымасаю, разявіўшы рот і як мага зажмурыўшыся. Сплюнула пад ногі, пачала кіпцямі драпаць язык, выціраць і яго і пальцы хусцінкай, потым шпурнула хусцінку ад сябе. «Ой, коко! Коко!» Янг дагадаўся, прынёс рассечаны малады какос, каб папаласкала ў роце. Вакол іх ужо стаяў рогат: «Сіньёра, трэба з'есці ўвесь плод, тады адчуеце сапраўдны смак!» – «У мяне смачнейшы, купіце яшчэ і ў мяне!» Назбіралася хлапчукоў, гладзілі Тота па галаве, патузвалі за хвосцік. А той хлопец, што даў ёй пакаштаваць дурыяна, разрэзаў яго на кавалкі і са смакам, з найвялікшай асалодай выскрэбваў іх нажом, запіхваў у рот, нібы рабіў жывую рэкламу фантастычнаму плоду.

– Гэта здзек над чалавекам! Нават мой Тота не будзе есці такое паскудства! Гэта маліна з часнаком, перцам і клапамі!

Чым мацней яна абуралася, тым больш рагаталі. Пад гэты рогат яны і адыходзілі.

Не прайшлі і палавіны базару, як у мяшок ужо нельга было нічога ўбіць, а сама сіньёра так накаштавалася ўсякіх «туцці-фруцці», што ёй зусім стала кепска. Аддала Янгу і сумку.

– Аванці, Янг! Уперад! У гатэль! – і часценька зацокала абцасамі.

2

– Ну во… Пока а пока77
  Мала-памалу (італ.).


[Закрыть]
і прыйшоў! – пачуў Янг за спінаю голас сіньёры Тэрэзы і ўздрыгнуў. Замлеў ужо, стоячы на санцапёку каля дзвярэй гатэля, а Тота лёг на бок і працягнуў усе чатыры лапы, нібы збіраўся здыхаць. Усярэдзіну, у вестыбюль зайсці з сабакам ён не асмельваўся. – Які ты браво, маладзец! Хадзі ж скоранька! – голас у сіньёры быў ужо весялейшы.

Зайшоў у вестыбюль і адразу працягнуў мадам Ой і сабачы павадок, і сумку, і мяшок.

– О, не, не! У нумар, калі ласка! Я цябе вельмі прашу!

А калі зайшлі ў нумар, дабавіла:

– Грацые, мілы! Вялікі дзякуй! Але ты не пакідай мяне. Мне так сумна адной, я ў вас адчуваю сябе сіратою, як і ты. Я прападу без цябе! І Тота прападзе! Ты толькі паглядзі, як ён сумуе, плача… А к шасці гадзінам мы павінны быць у порце, а палове сёмай цеплаход адпраўляецца на Рай. Я табе ўжо за ўсё разам заплачу. Слухай, а мо ты са мною і на Рай паедзеш? І мне, і Тота так трэба блізкая душа!

– У мяне няма грошай на білет, – адказаў Янг, ледзь прыхаваўшы радасць: няўжо так проста яму ўдасца трапіць на Рай? Ужо нават сёння?!

– Грацые а дзіё! Слава богу, я яшчэ маю чым заплаціць за прыемнасць. А ты для мяне робіш толькі адны прыемнасці. Пабудзеш маім пажам.

Што такое паж, Янг не разумеў, але лёг на канапу з задавальненнем, Тота прымасціўся побач. Трохі драмалі, трохі наглядалі за сіньёрай Тэрэзай. А тая хадзіла па пакоі, па спальні напалову раздзетая, не саромеючыся Янга, рыхтавалася прымаць ванну. Плюхалася ў ванне доўга, потым выйшла, наматаўшы на галаву ручнік як чалму. Халацік яе быў вельмі кароценькі, нібы не на яе пашыты. Яна грацыёзна падсела да тэлефона, закінула нагу на нагу, заказала ў нумар абед.

Амаль усё, што прывезлі, яна скарміла Янгу – «Ты такі магро… худы!» – і Тота, а сама выпіла ўсяго пару малюсенькіх чарачак віна.

Сіньёра прысела ў спальні да туалетнага століка і трумо, узялася прыхарошвацца, а Янг ляжаў у пакоі на канапе, забаўляўся з Тота і думаў, што мо і няблага пабыць гэтым самым… як яго… пажам?

Потым ён хадзіў клікаць таксі для сіньёры, бо на звычайнай трохколавай маторнай калясцы з тэнтам, механізаваным рыкшы, усе чамаданы, баулы, валізы, каробкі і сумкі донны Тэрэзы завезці ў порт было немагчыма.

У порце, пакуль шафёр таксі памагаў мадам Ой управіцца з рэчамі і аформіць праезд для Янга, сам Янг у апошні раз прагульваў па прычале сабаку і адчайна круціў галавою ва ўсе бакі: Абдулы нідзе не было відаць! Паклікаў да сябе хлапчука-латочніка, трохі ўжо знаёмага, папытаў, ці ведае ён Абдулу.

– А хто яго не ведае! – адказаў той і прысеў пагладзіць дзіўнага сабаку.

Янг папрасіў перадаць Абдуле, што ён перабіраецца сёння на Рай.

– Зразумеў? Хай шукае мяне ў дэльфінарыі, у брата.

Хлапчук кіўнуў, патузаў Тота за калматае вуха і знік у натоўпе.

Цеплаход быў невялікі. Адразу, як зойдзеш на борт з трапа, можна або спускацца ў насавы ці ў кармавы салоны, або падымацца на палубу – на пярэднюю ці заднюю пляцоўку. На абедзвюх пляцоўках стаялі рашотчатыя лаўкі, многія пасажыры-турысты аблюбавалі сабе месца там. Адзін сівы і худы еўрапеец стаяў на носе цеплахода, як арол, удыхаў свежы вецер з такім смакам – ажно ноздры раздзімаліся. Усе адзеты былі проста, па-дарожнаму, і цяжка было адрозніць мільянера ад немільянера.

Цеплаход зароў, загрукаў маторам адразу, як толькі ўсцягнулі трап. Ад прычала ён адпаўзаў памалу і задам, начадзіўшы чорнага дыму. На рэйдзе развярнуўся і ўзяў курс на Рай.

Сіньёра Тэрэза сядзела каля сваіх рэчаў у кармавым салоне і ўсё пералічвала іх, нават пальцы загінала, усё не магла праверыць, колькі ў яе было і колькі засталося месц: адзінаццаць ці трынаццаць? Янг, узяўшы Тота на рукі, разгульваў па цеплаходзе. З кармавога салона перабраўся быў у насавы, потым вылез на пярэднюю пляцоўку. Там біў у твар пругкі вецер, і трэба было добра зажмурвацца, каб не высякала слёзы. Звесіўшы за поручні галаву, бачыў, як узвіхурваўся дугою пеністы вус, лізаў шчаку цеплахода. Стрэчныя хвалі разбіваліся аб нос, узляталі вышэй поручняў. За кармою кружылі чайкі, садзіліся на шырокі бурунны след, хапалі аглушаных рыб.

Пастаяў і каля капітанскай рубкі, разглядаючы праз шырокую шыбу, як дзядзька ў марской фуражцы, але без кіцеля, толькі ў белай кашулі з кароткімі рукавамі пакручвае рулявое кола – штурвал. Як хацелася Янгу быць на яго месцы, пакруціць гэты штурвал! Адчуць самому, як махіна цеплахода слухаецца цябе: «Лева руля! Права руля!» Ці хоць бы пастаяць побач з капітанам, паглядзець праз гэтую шыбу ўперад, і то быў бы шчаслівы. Мабыць, вельмі пацешны быў у яго выгляд, бо дзядзька-капітан нават спачувальна падміргнуў яму і ўсміхнуўся. А мо не яму, а Тота? Бо ў Тота быў пацешны выгляд, язык высунуўся мо на пядзю, матляўся, як кепска прывязаны.

Янг хацеў ужо і сам усміхнуцца добраму дзядзьку-капітану, але ўбачыў штосьці дзіўнае: у рубку зайшоў яшчэ адзін дзядзька, маладзейшы, кітаец. Капітан сказаў штосьці да яго не азіраючыся: мо думаў, хто свой – памочнік ці машыніст. Як раптам капітан уздрыгнуў, твар яго сшарэў і выцягнуўся. Хуценька, як укалоўшыся, зірнуў на свой бок, пад руку, і зноў погляд уперад. Губы капітана ўжо дрыжалі, лоб укрылі кроплі поту – як пярліны. «Што з ім? Мо кепска стала…» – Янг таксама кінуў вочы туды, на правы бок капітана. Там быў прыцемак, і Янг падаўся бліжэй да шкла. Убачыў: кітаец пароў капітану ў бок рэвальверам з нейкай трубкай-насадкай – мо глушыльнікам? Кітаец трымаў рэвальвер у левай руцэ, а праваю рашуча і моцна абрываў нейкія правады і антэны…

У Янга ад страху прыкарэлі да палубы ногі. Бачыў: капітан круціць галавою на нейкае патрабаванне кітайца. Ціха шпокнуў стрэл, потым другі – па радыёперадатчыку. Курортнікі нічога не пачулі. Янг паспеў яшчэ заўважыць: кітаец не дае капітану ўпасці, падштурхоўвае да штурвала, каб круціў туды, куды трэба было бандыту.

У гэты час хутка ўстаў з лаўкі малады чалавек, наблізіўся да Янга, схапіў яго за локаць і павёў перад сабою да кармавога салона, таўхануў па сходцах уніз. Падаючы, Янг моцна выцяўся. Але тут жа ўсхапіўся на ногі, азірнуўся. Той, што гэтак пусціў яго па сходцах, замест пальца прыклаў да губ дула пісталета – «Цс-с-с!» У гэты час адчыніліся дзверы з машыннага аддзялення, паказаўся машыніст ці памочнік капітана, ірвануў дзверы рубкі: «Адхіляемся ад курса! Што здарылася?» Насустрач яму з рубкі бахнулі два стрэлы, памочнік схапіўся за жывот і звіўся пад ногі маладому бандыту. Той адразу адштурхнуў забітага ад сябе і стаў пры дзвярах машыннага аддзялення, каб больш ніхто не выйшаў.

Янг далучыўся да сіньёры і атарапела глядзеў, што будзе далей. У салоне ўжо сутаргава ўсхліпвалі-енчылі ад страху. «Мадонна мія! Мадонна мія! Такая траджыко мортэ! І нас… могуць… мортэ…» – шаптала сіньёра Тэрэза.

Тым часам у дзвярах машыннага аддзялення паказалася яшчэ адна галава – матроса, і бандыт, што тырчаў пры дзвярах, трэснуў яму рукаяткай пісталета па галаве, і той асеў, знік з вачэй. Тады бандыт стаў спіхваць уніз, у тыя дзверы і забітага. А ў салоне ў гэты час чуліся ўсхліпванні жанчын. З адной зрабілася істэрыка. Скрозь сутаргавыя ўсхліпванні і рыданні яна ўскрыквала: «Мамачка мая! Дзетачкі мае!» Мужчыны спрабавалі абурацца ўголас, маўляў, будуць скардзіцца, хай толькі цеплаход… Аднак варта было грабежніку, што стаяў пры дзвярах, пагрозліва варухнуць пісталетам, каб усе тут жа змоўклі.

– Сядзець і не варушыцца! Рэчаў не чапаць. Страляю без папярэджання! – і тут жа стрэльнуў па сумцы адной дамы, якая паспрабавала пасунуць яе бліжэй да сябе: – Я ж сказаў – не варушыцца!

З капітанскай будкі выйшаў першы бандыт, падаўся ў насавы салон, дзе пачалася нейкая заварушка, пракрычаў амаль тыя ж пагрозы: «Не ўставаць! Не варушыцца! Прыстрэлю на месцы!»

У акно салона было відаць Янгу, як растае на гарызонце востраў Галоўны, як маячаць сям-там рыбацкія маторныя і парусныя баркасы і джонкі. Рыбакі займаліся сваёй справай, і ніводзін не падазраваў, што робіцца на цеплаходзе.

«Куды мы плывём? Куды загадалі трымаць курс? Ці надоўга хопіць сілы ў параненага капітана?» – даймаў сябе думкамі Янг.

«Адвязуць далей убок, абрабуюць і патопяць… Падарвуць разам з караблём! А тут і шляхоў марскіх няма, ніхто не будзе шукаць…» – шапталіся ў салоне.

А цеплаход усё плыў і плыў у бок Блакітнага вострава, і нават самых высокіх дрэў Галоўнага ўжо не было відаць – расталі ў дымцы.

Адкуль узяўся чорны катэр з кулямётам на носе, Янг не заўважыў. Глянуў у ілюмінатар тады, як іншыя пасажыры заўзята закруцілі галовамі, сочачы за манеўрамі катэра. А той зрабіў адзін круг вакол цеплахода, нібы браў яго ў пятлю, зрабіў другі. Людзі, што стаялі каля кулямёта на катэры і ўздоўж бартоў, мелі ў руках зброю, махалі гэтай зброяй капітану, каб застопарыў ход. І скора цеплаход стаў, паволі загайдаўся на хвалях. Чорны катэр тут жа падплыў да правага борта, з катэра паляцелі на цеплаход вяроўкі з чатырохлапымі крукамі на канцах. Піраты падцягнулі і прышвартавалі свой катэр ушчыльную, папералазілі на цеплаход спрытна, як каты. Кожны трымаў у руках плёнчаты мяшок і зброю – пісталет ці аўтамат, усе імгненна рассыпаліся па салонах і палубах. Піраты не ўсе былі з выгляду кітайцамі, былі і падобныя на малайцаў.

У маленькай мітусні, калі была адцягнута ўвага таго, што стаяў пры дзвярах машыннага аддзялення, донна Тэрэза паспела сарваць з пальца адну жуковіну з брыльянтам, укінуць яе ў кашалёк, а кашалёк сунуць пад Тота ў згіб Янгавага локця.

І тут зноў прагучаў стрэл – пальнуў той, што стаяў каля машыннага аддзялення. Адна жанчына, што пачала загадзя здымаць з вуха залатую завушніцу, войкнула і схапілася за руку – з-пад пальцаў забруілася кроў.

– Сядзець смірна! Не варушыцца, пакуль не дойдзе да вас чарга! – пракрычаў вартавы.

Піраты завіхаліся спрытна. У каго не здымаўся пярсцёнак, здзіралі сілком ледзь не са скураю. У аднае цёткі так ірванулі завушніцу, што пацякла па шыі кроў. У мяшкі ляцелі пярсцёнкі, кулоны, калье, крыжыкі з ланцужкамі, браслеты, жамчужныя пацеркі, грошы. Выварочваліся сумкі, нават некаторыя чамаданы, баулы і каробкі, але ў «анучах» доўга не корпаліся, саміх «ануч» не забіралі. І без іх мяшкі напаўняліся хутка. Янг з жахам чакаў набліжэння піратаў, кашалёк ажно пёк у руку.

– Ікск-'юз мі! Міль пардон, мадам! – ад пачцівасці і далікатнасці піратаў беглі па спіне мурашкі.

Янг бачыў толькі вочы, вочы, вочы… Вырачаныя, поўныя страху вочы пасажыраў. Нават усхліпаў больш не чулася, а нейкае паўзадушанае «гмг… гумг…» – баяліся разявіць рот. У многіх былі залатыя зубы ці каронкі – каб хоць не вырвалі!

Сіньёра Тэрэза паздымала з сябе ўпрыгожанні хутка, за што заслужыла здзеклівую падзяку-паклон: «Мерсі баку! Сэнк'ю вэры мач!» Янга пірат сагнаў з месца, думаў што-небудзь схавана пад ім. А пад сабаку паглядзець не здагадаўся!

Яшчэ мінут праз дзесяць патрашыць скончылі, і адусюль пачуліся выкрыкі піратаў: «Усё! Закругляйцеся, чарапахі! Адчальваем!» Потым тупат ног, скрыгат адчэпліваемых крукоў… Густы роў матора чорнага катэра…

Хтосьці запознена закрычаў-залямантаваў:

– Радыё! Хутчэй па радыё перадаць, паліцыю выклікаць!

– Разбіта ўокі-токі, прастрэлена! – адказаў яму другі голас.

З машыннага аддзялення вылез перапалоханы матрос з засохлымі пацёкамі крыві на лбе. Адчыніў капітанскую рубку… Капітана каля штурвала ўжо не было, абсунуўся ўніз.

– Урача трэба! Ці няма сярод вас урача?! – крычаў матрос, вывалакваючы з рубкі цела капітана. «Урача! Урача!» – паўтарылі яго просьбу многія галасы, нават наверсе, на пярэдняй пляцоўцы.

Урач знайшлася – жанчына. Яна хутка спускалася па сходцах з пярэдняй палубы, а за ёю тупацеў тоўсценькі чалавечак, мабыць, муж: «Элен, не трэба! Не хадзі, якая табе справа да ўсяго гэтага? Мо яны яшчэ вернуцца!» Але ўрач ішла ў кармавы салон за матросам, куды той увалок капітана і паклаў на лаўку. Потым жанчына-ўрач, кінуўшы сумку на рукі таўсцяку, моўчкі вытрэсвала на свае далоні духі ці адэкалон, мыла імі рукі. «Раздзеньце яго!» Перад ёю расступіліся, прапускаючы да капітана, і зноў саступіліся людзі. Паглядзець, што яна будзе рабіць параненаму, Янг не змог. Каб хоць сабакі не было на руках!

Матрос выбраўся з натоўпу, стаў да штурвала. Цеплаход набраў хуткасць, лёг на патрэбны курс.

– Янг! Дзе ты, Янг? – спуджана крычала сіньёра Тэрэза, і яму давялося выйсці з-за людзей. – Сядай, міленькі, во сюды! І не хадзі нікуды, а то я звар'яцею! – прыўзняла за шкірку Тота, дастала з-пад яго кашалёк: – Мае дзіямантэ… брылянтэ… залатыя рэчы… Каб крыха, то гэтыя бандзіто зрабілі б мяне жабрачкаю. Вы ўратавалі мяне ад разарэння! – і яна пацалавала Тота ў нос, а Янга ў шчаку… – Нават не верыцца, што ўратаваліся ад смерці…– і яна са спазненнем заплакала-зарыдала.

3

– Ты ж, глядзі, прыходзь назад! Праведай брата, перадай яму маё прывітанне – і вяртайся. Колькі брату гадоў – усяго дваццаць? Як шкада, а мне за трыццаць… Толькі ты пра гэта нікому не гавары, добра? Запомні нумар апартамента – трыста семнаццаць… Гатэль «Марская лілія»… На вось табе на марожанае… – сіньёра Тэрэза дала яму тры долары. – Потым я з табою разлічуся лепш… О, я цябе не пакрыўджу! Я табе зраблю такі падарунак – ты не сніў такога! – мадам Ой спакушала, яна не вельмі верыла, што Янг вернецца да яе. – А рыведэрчы, міленькі!

Першыя, самім заробленыя грошы… Янг адчуў сябе зусім дарослым і самастойным.

Пакуль бег у дэльфінарый, марожанае купляў два разы. Ніколі ў жыцці яго не каштаваў – смаката!

Каго ні пытаў, усе ведалі, як прайсці да дэльфінарыя, усе правільна яму паказвалі. Але дайшоў да варот і ўбачыў, што яны звязаны ланцугом, вісіць замок.

Пастаяў, паглядзеў з сумам праз рашотку на тое, што было на тэрыторыі дэльфінарыя. А бачыў толькі гушчыню кустоў і дрэў – парк. Скрозь лістоту трохі праглядвала круглымі бакамі нейкая не вельмі высокая будыніна з акенцамі-ілюмінатарамі.

І ў гэты час зарыпелі дзверы прахадной, адтуль выйшаў чалавек са стрэльбай за плячыма, яшчэ не вельмі стары.

– Ты каго тут выглядаеш? Зачынена даўно ўсё… Прыходзь раніцаю, – сказаў чалавек.

– Брат тут недзе… Казаў – шукай мяне ў дэльфінарыі… Радж.

– Ах, Ра-адж?! Так бы і сказаў… Няма яго, у горад пайшоў. Ты можаш зайсці, пачакаць, калі хочаш. – Чалавек зайшоў у прахадную, пачаў адмыкаць знадворныя дзверы. – Ну, чаго пераступаеш з нагі на нагу? Баішся мяне?

– Я не баюся, – Янг зайшоў, і чалавек зноў прымкнуў дзверы.

– Я вартаўніком тут… Хочаш – ідзі са мною, я абход тэрыторыі пачынаю рабіць. Заадно і раскажу, што ведаю… Малу мяне зваць, дзядзька Малу. Радж у нас фігу-ура… Во! – паказаў ён вялікі палец. – Не тое што некаторыя… От я, скажам, хто? Просты вартаўнік. А Радж мяне за чалавека лічыць, не так, як некаторыя. Таму і я яго люблю… Ты надоўга да Раджа? Назусім?! А як ты сюды дабраўся? Адзін ці з бацькам?

Давялося збольшага расказаць Малу ўсю сваю гісторыю.

– Ай-яй… А Радж мне нічога ж не гаварыў. Бачу толькі – сумны, вельмі сумны, перажывае ўсё. А не гаворыць!

Хадзілі спачатку па зялёнай зоне, па алеях. То тут, то там трапляліся паўліны – расхаджвалі па дарожках ці лужайках, цягнучы даўжэзныя хвасты, спрабавалі ўзляцець на дрэва. Адзін распусціў хвост – і Янг застыў на месцы. Такога хараства зроду не бачыў.

– Райскія птушкі… Райскія на востраве Рай… – зашаптаў у захапленні.

– Не-е, райскія не такія. У тых пер'е ўсімі колерамі вясёлкі пераліваецца, а найбольш пёрак ружова-аранжава-залацістых. Райскія дзікаватыя, у гушчар шыюцца. Мо пашанцуе, то ўбачыш.

Падышлі да той паўкруглай будыніны, што заўважыў з-за варот. Смешныя, па сценах круглыя вокны, як ілюмінатары на караблі. Заглянуў у адно зблізку і ахнуў: у будынку было наліта да самага верху вады. І чаго там толькі не плавала! І рыбы ўсякіх колераў і памераў, невялікія чарапахі, поўзалі лангусты, пад каменем скурчыўся спрут.

– А чарапахі цінаю зараслі! Водарасці на сабе цягаюць, маскіроўку! – не вытрываў Янг.

– У нас і вялікая чарапаха ёсць, слановая называецца, – сказаў Малу. – Кажуць, ёй сто гадоў.

Бабулька-чарапаха жыла ў загончыку пад фікусам. Упоравень з зямлёю там была ўкапана і ванначка з вадою. Чарапаха сядзела зараз над ванначкай, шырока расставіўшы ногі, і стагнала. Каля яе слязлівых вачэй круціліся мухі. «Бедная!» – пашкадаваў яе Янг.

Цікава, ці такія прыплывалі на іх Біргус адкладваць яйкі? Не раз з другімі хлапчукамі і Натачаю хадзілі з кошыкамі збіраць іх. Месцы кладак лёгка можна было знайсці па няўклюднай маскіроўцы, па слядах, якія пакідаюць чарапахі, зноў карабкаючыся ў мора. Хлопцы ніколі не выграбалі кладкі дашчэнту, бралі толькі па пятнаццаць – дваццаць яек. А іх у кожнай, гаварылі, бывае да сотні штук. Астатнія загрэбвалі пяском, чарцілі крыж – знак, што тут ужо нельга браць. Якія багатыя яечні пяклі ў тыя дні маткі! І самі елі ад пуза, і нават свінням скормлівалі… Калі наставаў час вылуплівацца чарапашанятам, на бераг выходзілі і малыя і старыя, дзяжурылі амаль каля кожнага гнязда, адганялі фрэгатаў, кайраў, чаек, не давалі хапаць малых. Зялёныя, падобныя на жабак, яны выгрэбваліся з-пад пяску і – дай бог ногі! – як мага спяшаліся да прыбою. Нібы самі разумелі, што іх паратунак у вадзе…

– Вось і дайшлі,– перарваў яго ўспаміны Малу. Янгу ўздыхнулася: радзіма, мілая радзіма, ніколі

ўжо не ўдасца яе пабачыць!

– Во, глядзі!.. Гэта трыбуны, чалавек дзвесце пяцьдзесят – трыста змяшчаецца… А гэта сам басейн… А во і дэльфіны плывуць, убачылі нас…

Янг не верыў сваім вачам: во гэтыя шэра-сінія сыценькія целы і ёсць самыя сапраўдныя дэльфіны?! І гэтак блізка?!

– Дзюбы павысоўвалі з вады, разглядаюць нас! Ха-ха, на борцік галовы кладуць! А яны выскачыць не могуць? – прысеў каля бетоннага бар'ера Янг, працягнуў пад чырвона-жоўтыя парэнчы руку, каб дастаць да дэльфіна.

– Яны толькі вунь на той памост выскокваюць, пад вышкай. Гэта ўваходзіць у праграму прадстаўлення. Загадае Судзір, пакажа рукою – выскокваюць, кладуцца, як дровы.

– А яны не кусаюцца? Столькі зубоў вострых, і ўсе аднолькавыя, жавальных няма.

– Не кусаюцца, можаш пачапаць за рострум, пагладзіць.

– У іх дзюбы таксама скураю абцягнуты, не голыя! А цела якое гладзенькае, як шліфаванае! І халоднае, а не цёплае! А Радж казаў – цеплакроўныя жывёліны.

– Цёплыя. Але дамацайся паспрабуй да цяпла, на іх тлушчу, як на свінні.

– Вой, і маленькі ёсць! Во, во, смяецца нам! Як дзіця скрозь сон смяецца. А з вачэй вада цурчыць… Можа, ён гэтак плача?

– Ніхто не ведае, калі яны смяюцца, калі плачуць. А гэтага малога Бобі зваць. Была яшчэ малышка, Джэйн, – загінула. Адыдзем, а то яшчэ заўважыць Судзір, звягі не абярэшся. Не любіць ён, калі хто пабочны забаўляецца з дэльфінамі. Тут ён яшчэ сёння… Во, чуеш? Гамана ў «рэзідэнцыі».

Абыходзілі паўз трыбуны басейн, а Янг разглядаў дом на тым беразе. Дзіўны дом, ёсць толькі тарцовая сцяна, а бакавых амаль няма, стромыя скаты страхі пад ружовым шыферам пачынаюцца зусім нізка ад зямлі. На скатах страхі на другім паверсе тырчаць, як сабачыя будкі, вокны.

– Вунь там Радж жыве, збоку, дзе сярэднія дзверы, – паказаў Малу. – Там такая камора-склад, у каморы ён і жыве. – Памаўчаў і дадаў: – Судзір нешта доўга сёння тут…

І толькі паспеў ён гэта прагаварыць, як расчыніліся дзверы пад вышкаю. Да ніжняга памоста, на які выскокваюць дэльфіны, выйшаў еўрапеец у сіняватай шапцы з доўгім казырком, следам – Судзір. Ён быў на галаву ніжэйшы за белага, смуглясты і кашчавы.

Штосьці ўздрыгнула ў грудзях Янга. У высокім мажным чалавеку ён пазнаў Піта. Таго самага Піта, што лазіў з напарнікам на возеры Горнага вострава, шукаў золата.

– Ты чаго сцяўся? Судзір не бачыў, як ты гладзіў дэльфінаў, не бойся.

– Я… так… А куды ў горад пайшоў Радж? Малу не паспеў нічога сказаць, бо ў гэты час яго голасна аклікнуў Судзір:

– Гэй, ты! Выпусці містэра Уілсана.

Малу не спадабалася гэта «Гэй, ты!», як быццам у яго не было імя. Уздыхнуў.

– Янг, ты гэта… Можаш пачакаць Раджа тут, а не, дык хадзі са мною. Чаем пачастую… Ты піў калі-небудзь сапраўдны чай? – гаварыў гэта і чакаў, пакуль містэр Піт Уілсан перадыбае сваімі доўгімі хадулямі мосцік.

– Радж не казаў, куды пойдзе? – нанава папытаў Янг, а на прапанову вартаўніка нічога не сказаў.

– Недзе ў рэстаране ці ў бары твой Радж. Да яго зямляк заходзіў. З земляком пайшлі.

– А хто… зямляк? Не называлі яго?

– Чаму ж не… Знаёміў мяне: Пуол ці як яго…

– Пуо-о-ол?! Сюды дапяў ужо? – Янга нібы па галаве чым стукнулі.

Ён кінуўся цераз кусты да плота. Пакарабкаўся на яго спрытна, як малпа. Міг – і быў ужо на тым баку.

Нешта крычаў наўздагон Малу, але Янгу было не да яго.

Пуол. Паскуднік і гад, ён жа не проста так перабраўся сюды. Штосьці ўжо надумаў, Янг нутром адчуў, што над братам навісла небяспека. Якая? Ды якая ні была, а Раджа трэба папярэдзіць. Толькі куды спачатку кінуцца?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю