Текст книги "Грот афаліны"
Автор книги: Павел Мисько
Жанр:
Детские приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 30 страниц)
Калі на чалавека з ружовай касынкай і Янга накіравалі з усіх бакоў зброю, Пуол замёр на месцы. У кроках дваццаці спераду бачыў дзверы пад'езда з прыступкамі. Пакуль ішоў да іх, ледзь стрымліваўся, каб не кінуцца бягом. Паспеў яшчэ ўбачыць, як на «касынку» надзявалі наручнікі. Шмыгнуў у пад'езд, прабег дом наскрозь міма лесвіцы, тузануў дзверы, што вялі на двор. Яны не паддаліся. Тады ён штурхнуў іх з усёй сілы – ні з месца. Затахкала сэрца, у голаў шыбнула гарачыня… «Вось і папаўся… Сам ускочыў у пастку!» Ламануў назад, у тры скачкі адолеў пралёт лесвіцы. На першай пляцоўцы было зусім невялікае і вузкае, як байніца, акенца. Біць, выломваць не стаў – усё роўна не пралезе. Інстынкт самазахавання пагнаў яго вышэй па лесвіцы. Успомнілася з кіно, што паспеў паглядзець на Галоўным, як гэтак ратаваўся ад пагоні «агент №…». З апошняй пляцоўкі да квадратнага люка ў столі строма стаяла лесвіца. Апынуўся наверсе хутка, як кот, таўхануў у шчыт люка рукамі і галавою… Паддаўся!
Бег упрыцемку пад нізка навіслай страхой, ледзь не стукаўся галавою ў кроквы. Са страшным лопатам узляталі і ўцякалі галубы, ліпла да твару павуціна. Бег на святло, што струменілася з бакоў, з левага і правага скатаў страхі, дзе ў нішах былі акенцы. «Гэта – на вуліцу, гэта – на двор…» – сарыентаваўся і нырнуў у правую, раму вырваў адразу.
Бег па страсе, грукочучы бляхаю, коўзаючыся, пераскокваў на чарапічныя і шыферныя стрэхі, а канца дамам, канца вуліцы, здавалася, не будзе ніколі. Ужо відаць былі мачты цеплаходаў у порце (бег не ўперад, а назад), урэшце ўбачыў праз акенца вяроўкі з бялізнаю.
Калі лазяць вешаць бялізну, значыць, павінен быць ход на лесвіцу, уніз.
Перад тым як выскачыць на двор, аббіў трохі з сябе пыл, галубіны памёт, абабраў павуціну. Дваром перайшоў на суседнюю вуліцу і пакрочыў ужо спакваля ў той бок, куды яму было трэба.
«Ай ды я! Малайчына…» – Пуол быў задаволены сабою. Чым не супермэн з кіно? Падабалася яму такое жыццё, з рызыкай і небяспекай. Ішоў дадому пасвістваючы, па баках і назад не азіраўся.
А таго не ведаў, што на кожнага разумнага знаходзіцца яшчэ разумнейшы.
Чым бліжэй падыходзіў да сваёй канспіратыўнай кватэры, тым больш адчуваў, як гэты падвышаны настрой і самаздаволенасць выходзяць з яго, нібы дух з праколатай шыны. Яшчэ і яшчэ раз перабраў у думках, што гаварыў Янгу, што той мог расказаць паліцыі. «А ён раскажа, усё раскажа, нават не сумнявайся!.. Злосць у яго на мяне… Пра гатэль «Ганконг» скажа, пра апартамент сорак адзін». Пуол адчуваў, што гэты адрас – самае важнае, што было даверана яму асабіста. Яму, а не Янгу, нейкаму блазнюку. «А я перадаверыў тайну, аддаў яе ў рукі паліцыі…– Пуола пачало кідаць то ў пот, то ў холад. – Лепш, каб я сам папаўся… Называецца, уратаваўся… Ад каго? Ад паліцыі – так, а ад Чжана? Каб сам папаўся, то я ім нічога б не сказаў. Выкруціўся б або сказаў, што выпадкова апынуўся каля чалавека з ружовай касынкай. Ці мала хто ходзіць па вуліцы? У цэнтры людзі як мурашкі мітусяцца. Гэтак любога можна схапіць, да любога прыдрацца… Але я і не падышоў бы да яго, хіба я дурны, вачэй у мяне няма? Незнаёмец жа не ўзяў баул у левую руку!.. А мо быў яшчэ адзін чалавек у ружовай касынцы?! – Пуол ажно прыпыніўся ад гэтай думкі, яму зноў стала горача. – Мо я не заўважыў другога, пераблытаў?»
Ліхаманкава перабраў у думках тое, што было ў порце. Усё, здаецца, ішло як трэба. Аціраўся сярод гандляроў-латочнікаў, нават прыцэньваўся, выдаваў сябе за капрызлівага пакупніка. Адзін дарослы кітаец-латочнік як не нахрапам лез, соўгаў пад нос пацеркі – «Каралі для вашай кралі! Чорны карал! Чорны карал!» Не вытрываў, ажно сыкнуў, каб не вязаўся. А той, з ружоваю касынкаю, таксама пабадзяўся крыху па крыклівым базарчыку. І проста выпадкова кінулася Пуолу ў вочы, што вельмі ж ужо аднолькава атрымліваецца і ў гэтага, з баулам, і ў вусаценькага піжона з бліскучай палкай. Стане адзін, каб прыгледзецца да якога тавару, прыцаніцца, нават у рукі ўзяць, а каля суседняга гандляра ці праз аднаго прыпыніцца і піжон, таксама нібыта штосьці глядзіць, круціць у руках, а сам так і цікуе за «касынкай».
«Справа нячыстая… Сочаць… А мяне ж папярэджвалі, каб глядзеў пільна…» – цюкнула яму тады. Дык хіба мог пасля гэтага сам лезці на ражон?
Трэба ўжо зварочваць у завулачак, што вядзе ў лабірынт дамоў таго двара, дзе яго кватэра. Азірнуўся… Здаецца, нічога падазронага, ідуць людзі, як ішлі,– каму куды трэба. Ніхто не вылуплівае вочы на яго.
Пакой сустрэў затхла-прытарнымі пахамі, нібы дзесьці гніла копра. Пастаяў каля трумо, паўглядаўся ў свой твар… Трывога на ім і разгубленасць… Унізе на століку безліч усялякіх флакончыкаў, цюбікаў, баначак з крэмамі, пудрамі, духамі, мазямі. Хацелася змахнуць іх, каб ажно асколкі зазвінелі… Паглядзеў на ложак з балдахінам. Да высокіх спінак быў прычэплены шнурок, на якім соўгалася заслона з матэрыі ў грубыя плямы-ўзоры. Не пакой для мужчыны, а дамскі будуар. Ці не для любоўных спатканняў скарыстоўваў Чжан гэтую кватэру? Тузануў са злосці заслону ўбок, ажно тропнуў шнурок, і заваліўся ў пасцель адзеты.
Трэба засяродзіцца, трэба прадумаць, што з усяго гэтага можа атрымацца? Што пагражае яму асабіста?
І чым больш ляжаў, тым больш халадзела пад сэрцам. Як паглядзіць на ўсё, што здарылася, Чжан? У яго ж доўгія рукі, шмат памагатых, шмат вачэй… А мо ўсё-такі ўдасца ўцячы? Свійттаўн вялікі, востраў і архіпелаг яшчэ большыя – трасцу знойдуць. Балазе, ёсць у кішэні долары – «аванс», які трэба яшчэ адпрацоўваць. Так сказаў пасыльны, калі перадаваў разам з грашыма першае заданне. Заданне, якое ён не выканаў!
Не вытрываў, падхапіўся. К чорту пакуты і роздумы! У яго ж ёсць пяцьдзесят долараў, нават больш, калі палічыць з Янгавымі. З імі можна някепска правесці вечар ці ноч. Ніхто яму не ўкажа, як бавіць вольны час, як траціць грошы. Ён сам сабе галава!.. І ён ведае, дзе тая Рэкрыэйшн-стрыт, вуліца забаў і ўцех.
У нейкіх кабачках проста каля стойкі, не прысаджваючыся, не закусваючы, піў джын, піў амерыканскае віскі з содавай. Чокаўся з нейкім падазроным азызлым гулякам, частаваў яго. І, мабыць, той гуляка завёў яго ў нейкае падвальнае памяшканне. З яго ўзялі апошнія сорак долараў, замест іх далі цыгарэту. Адну-адненькую за сорак долараў!
– Не шкадуй грошай, не яны нас нажывалі, а мы іх… Скурыш – трапіш у нірвану… Зведаеш шчасце і асалоду, якія толькі могуць прысніцца… – нашэптваў той сабутэльнік.
І Пуол не шкадаваў, яму ўжо было мора па калена. Узяўшыся пад рукі, ступілі яшчэ колькі прыступак ніжэй, адхінулі цёмную, захапаную рукамі заслону. У нос ударыла кісляцінай і едкім дымам. Трапілі ў доўгую залу з нізкай столлю і заплеснелымі, у разводах куткамі. Паўз сцены не вельмі густа ляжалі цыноўкі, некаторыя ў плямах і прапаленыя. Амаль на кожнай сядзелі, ківаючыся, заплюшчыўшы вочы, напалову раздзетыя людзі, некаторыя драпалі, раздзіралі сябе кіпцямі, нібы хацелі і скуру здзерці. Хто-ніхто ляжаў то скурчыўшыся, то раскінуўшы рукі і ногі ў самых неверагодных позах. Твары скрыўленыя ў ідыёцкіх грымасах-усмешках.
– Во… Во якраз свабодныя падсцілкі… Сядайма, пакурым… – сабутэльнік пасадзіў Пуола беражліва, як дзіця, даў прыкурыць і сам прыкурыў.
Пуол яшчэ і звычайных цыгарэт не прывык курыць. Купіў, праўда, адну каробку, цмокаў для форсу і саліднасці, хоць рабілася млосна і кружылася галава. А тут з прагнасці цмокаў і цмокаў, пакуль і прытомнасць не страціў.
А мо гэта не была страта прытомнасці? Нейкія сны-галюцынацыі, трызненне. Ён нібы плаваў у ружовым тумане, не чуючы цела. Здавалася, што кожная клетачка арганізма растварылася ў мляўкай слодычы. Ён нібы наглядаў збоку за сваім целам, а яно развальвалася на часткі, і кожная частка вырастала да жахлівых памераў і лопалася, як ракеты феерверка на дзень каранацыі султана. Потым здалося, што гэта гараць-успыхваюць асігнацыі – долары, франкі, фунты стэрлінгаў, дзінары. Пякучыя іскры падаюць на галаву Пуола і зноў узрываюцца. Нейкія выбухі гучаць справа і злева, ад іх ажно галава матляецца, ледзь не зрываецца з плячэй. Хтосьці б'е не шкадуючы – па адной мордзе, па другой, аж коле ў мазгах, здаецца, пэнкае на часткі галава…
Лыпнуў вачыма, цяжка прыходзячы да памяці. Але яшчэ нічога не цяміў, і той чалавек, што стаяў, сагнуўшыся, над ім, здаваўся прывіднай, расплывістай плямай. «Дзе я? Што са мною?» – здаецца, прамармытаў, сабраў сілы, але Пуола схапілі загрудкі, сцепанулі так, што ледзь не адарвалася галава. Яго пасадзілі, зноў ударылі па шчоках, і званы ў галаве загудзелі нясцерпна, паплылі каляровыя колы ў вачах.
Ах, лепш было б не ачуньваць… Той незнаёмы не біў больш, а ў галаве ўсё роўна бухала молатам, калола ў патыліцы і ў скронях, вочы як не вылазілі з арбіт, у страўнік быццам залілі свінец, язык распух, ледзь варочаўся ў смярдзючай жыжцы-сліне. Абхапіў аберуч галаву. Страшэнная млявасць і боль панавалі ва ўсім целе…
Аб зубы стукнуў нейкі посуд… Учуў пах вады і схапіў бляшанку аберуч, піў цёплую, жалезістую на смак ваду, хацелася піць бясконца, пакуль не лопне. У галаве крыху пасвятлела… А вочы яшчэ бачылі як праз маскітную сетку, і Пуол не пазнаваў чалавека, што тармасіў яго, а цяпер паіў вадою, хоць і здаваўся знаёмым яго твар.
Бляшанку адабралі, бразнулі пад ногі, Пуола паднялі пад локці. З падвала вывелі сілком, і пад сцяною на тратуары яго дзіка, да жоўтай немачы рвала. Калі трохі адпусціла і змог разагнуцца, ногі ажно падгіналіся ад слабасці.
Вялі яго доўга, блытана. Час ад часу праважаты ўстрэсваў яго за каршэнь, каб ачуньваў хутчэй. Потым завязалі вочы і зноў вялі. Зразумеў: да Чжана, на расправу… Знекуль яшчэ ўзялося крыху сілы, ірвануў з вачэй павязку і кінуўся ўцякаць.
Дагналі, секанулі рабром далоні па шыі, і Пуол упаў без прытомнасці. Калі ачуняў, яго зноў устрасянулі, адабралі вялікі нож-складанец, завязалі вочы.
Перад Чжанам Пуола кінулі, як мяшок рыззя ці якую падлу. Ляжаў, і не хацелася ўставаць. Асвятленне ў пакоі было слабае, гарэў толькі ў кутку чырвоны начнік, і Пуол падумаў, што гэта добра, не будуць бачыць, які ў яго спакутаваны твар. Пачуў пагрозліва-расцягнутае:
– Ну-у-у?..
І тады падхапіўся на калені, папоўз да пакладзенай на крэсла, у ружовых бінтах Чжанавай нагі.
– Я ні ў чым не вінаваты… Я хацеў як лепш! Чжан таўхануў мыліцай, яе гумавым набалдашнікам Пуолу ў плячо – «Сядзі там!». А той, што неадступна стаяў за яго спінаю, тузануў назад за другое плячо.
– Расказвай… – голас у Чжана быў такі, што спадзявацца на літасць было нельга.
Расказваў, збіваўся, зноў пачынаў спачатку, не забыў пахваліць сябе за хітрасць: раскусіў паліцэйскіх агентаў! І гэтак абдурыў!
– Так, гэта ўсё цудоўна… Чалавек дайшоў куды трэба… Толькі не той, што з ружовай касынкай.
Пуол пачуў гэта, і яму зноў зрабілася кепска да млоснасці.
– Цудо-оўна, што ты праявіў знаходлівасць і абачлівасць. І цудоўна, што паслалі цябе пусціць сышчыкаў па лжывым следзе. А для сапраўднай справы ты не падыходзіш: даверыў старонняму чалавеку пароль, даверыў сакрэты. Уяві, чым магло б усё скончыцца, каб і напраўду ішло так, як разыгралася? Ты быццам бы ўратаваў сябе для далейшай справы, а па сутнасці – прадаў гэтую справу, дрыжучы за сваю скуру. Што заслугоўвае такі чалавек?
– Смерць! – коратка кінуў з-за спіны Пуола той чалавек, які прывёў яго сюды і зараз стаяў як ахоўнік.
Пуол з жудасцю азірнуўся на яго. На гэты раз твар яго здаўся яшчэ больш знаёмым. І голас знаёмы! Дзесьці трапляўся гэты чалавек на дарозе. Але дзе?
– Перадаручыўшы сваю справу стрэчнаму-папярэчнаму, ты пачаў выкідваць фокусы, чагосьці лазіў па стрэхах, па вышках, бегаў па лесвіцах… – як абвінаваўца, што выносіць прысуд, чаканіў Чжан.
– Я замятаў сляды… Магчыма, маглі і за мною сачыць.
– Сачылі. Ты прывёў «хвост» да самай кватэры, раскрыў яўку.
– Не можа гэтага быць! – затрымцеў Пуол усім целам, з вачэй сыпанулі слёзы. – Дайце… вады!
Ахоўнік дайшоў да акна, наліў там шклянку вады, паднёс. Пуол выпіў яе прагна – цякло па барадзе, па шыі. Паставіў шклянку на столік.
– Так яно і ёсць, – сказаў ахоўнік. – Я сачыў і за табою, і за тым, хто сочыць за табою ад самага порта.
– Не можа гэтага быць! Не можа быць! Я азіраўся!..
– Можа. «Каралі для вашай кралі! Чорны карал!» Памятаеш?
Пуол зарыдаў.
– Што заслугоўвае чалавек, які прыводзіць «хвост», правальвае канспіратыўную кватэру? – чаканіў Чжан.
– Ад такога чалавека пазбаўляюцца, – адгукнуўся з-за плячэй кітаец-латочнік.
– Ты і сябе асабіста выкрыў, там ужо ведаюць твае прыкметы.
– Яны мяне не могуць ведаць! – Пуол ажно віскнуў.
– Янг ведае, твой зямляк, а ты аддаў яго паліцыі. Ён і вылажыць ім усё. Дык вось, ты для нас ужо не толькі непатрэбны, а нават шкодны. Ад такіх людзей пазбаўляюцца.
– Іх забіваюць, – удакладніў латочнік.
– Для нас гэта лёгка зрабіць – як харкнуць і расцерці.– Пры гэтых словах Чжана латочнік ухапіў Пуола пяцярнёю за валасы, тузануў назад, ад чаго шыя выпучылася. Кітаец падняў крыс, паказытаў горла вострым лязом.
Пуол завыў немым крыкам…
Ён ужо адчуваў сябе напалавіну мёртвым. Яго можна было і не забіваць, проста выкінуць пад плот, то і здох бы там. Нават доўга плакаць-скуголіць не хапала сілы.
– Дык дзе, кажаш, ты яго знайшоў? – спытаў Чжан латочніка.
– На Рэкрыэйшн-стрыт, у падвале, з наркаманамі. Надумаў схавацца ад нас.
– Запомні, малады чалавек, як першы запавет. Вінаватыя перад «Белаю змяёю» нідзе не схаваюцца і заўсёды нясуць пакаранне. Мы не з тых, што даруем… Як ты, у падвалы дапёр… Шырока ступаеш, казяўка, глядзі – штаны лопнуць! Наркотыкамі лепш гандляваць, чым спажываць іх.
– Кгы-кгыкм… – папераджальна кашлянуў латочнік.
– Дык вось, Пуол. Дар за дар… Ты выратаваў мяне, я цяпер уратоўваю цябе. І квіты. Надалей цябе ўжо нішто не ўратуе і ніхто. Буда даруе да трох разоў. А мы не багі, мы не даруем ні разу. Пачнём зноў з нуля… Пакладзі ключы на столік! Пра тую кватэру забудзь – яна выпарылася, высахла. Жыві дзе хочаш. Часам заходзь у «Трыдакну» абедаць, займай столік у правым кутку. Калі ты спатрэбішся, там цябе знойдуць… І можаш заслужыць наш давер, калі выканаеш адну невялічкую справу. У туфлю вытыркнуў цвік, ён замінае нармальна ступаць, хадзіць. У такіх выпадках што робяць з цвіком?
– Вырываюць… Забіваюць… – прамармытаў Пуол, нічога не разумеючы.
– Лепш другое. Ну, а цяпер растлумач яму, што да чаго… – Чжан сказаў гэта і стомлена адкінуўся на падушкі.
Латочнік выйшаў з пакоя ў калідор і тут жа вярнуўся. Разаслаў на століку белую тэніску, яна таксама здалася ружаватай у святле начніка. Амаль на ўсе грудзі тэніскі была адбіта эмблема дэльфінарыя: пяць сініх хваль, аранжавы абруч-сонца з промнямі-пырскамі, а праз гэты абруч скача сіні дэльфін. Такая тэніска, як у Раджа!
Латочнік адвярнуў падолак тэніскі і крываватым пальцам тыцнуў у дзве вышытыя на рубцы сінія літары: «R.S.».
– Тэрмін – пяць дзён.
– Тры! – паправіў Чжан.
Янга паклікалі на допыт другі раз. І, мабыць, крыху раней, чым трэба, усунулі яго ў кабінет да афіцэра. Бо каля дзвярэй навыцяжку стаялі два паліцэйскія, і каб што-небудзь бачыць, ён адступіў у бок доўгага стала, за якім быў толькі адзін чалавек – той, што з фуражкай «Interpol». А перад сталом афіцэра, закінуўшы нагу на нагу, сядзеў чалавек у ружовай касынцы.
– Дык што – выяўляецца, заняты нумар сорак першы? – спытаў афіцэр паліцэйскіх каля дзвярэй.
– Так точна! – прыстукнуў левы абцасамі.– Гэты нумар – здвоены люкс. Там ужо тры дні засядаюць прадстаўнікі «Ганконг энд Шанхай бэнкінг карпарэйшн», вядуць перагаворы з прадстаўнікамі нашага «Нэшнл бэнк» на прадмет куплі яго з усімі бэбахамі!
– Ну – гэта цябе не датычыць, – адрэзаў афіцэр.
– Так точна! – выцягнуўся паліцэйскі.
– Дакументы містэра… містэра… – замяўся афіцэр, прышчоўкнуў пальцамі, і чалавек у касынцы нібы зрабіў спробу ўстаць:
– Говард Хаякава, прадстаўнік канцэрна «Міцубісі». Японскія мікра– і малалітражкі – лепшыя ў свеце.
– Давайце пашпарт і іншыя дакументы Хаякавы, – працягнуў афіцэр над сталом руку.
Правы паліцэйскі зрабіў некалькі крокаў наперад, дастаў з-за пазухі дакументы і падаў яму, адступіў назад, не паварочваючыся.
– Хаякава-сан, а чым растлумачыць ваш маскарад? Не будзеце ж вы сцвярджаць, што ўсё гэта адзенне – ваша? – у голасе афіцэра прыбавілася пачцівасці.
– Так, маё. З учарашняй ночы. Калі дазволіце, я паўтару свае паказанні.
– Дазваляю. Коратка, – кіўнуў афіцэр, крыху разгублена гартаючы маленькую кніжачку, мо пашпарт.
– Дык от. Позна вечарам… Не, хутчэй глыбокай ноччу я ўжо спаў… Да мяне ў каюту пастукаўся сусед, чалавек спартыўнага выгляду… у гэтым вось касцюме… З баулам у руцэ. Ён адразу прапанаваў мне памяняцца адзеннем, памяняць баул на чамадан-«дыпламат». І ў дадатак да ўсяго – памяняцца каютамі. Прапанаваў зрабіць гэта не за так, даваў трыста долараў. Я прыкінуў розніцу ў кошце нашых касцюмаў, баула і «дыпламата» і згадзіўся за чатырыста. Ну, а за абмен каютамі я запатрабаваў яшчэ сто долараў. Але размова на тым не скончылася, незнаёмы папрасіў, каб я ў новым аблачэнні, абавязкова з касынкай на шыі, завязанай па-мексіканску, прайшоўся па Партовай вуліцы Свійттаўна. А тады ўжо ісці, куды мне захочацца ці куды трэба. Я павысіў цану да шасцісот долараў.
– Танна вы цэніце сваё жыццё, Хаякава-сан, – падціснуў губы афіцэр.
– Што гэта значыць? – выпрастаўся ў крэсле і нават зняў нагу з нагі Хаякава.
– А тое… Вас падстаўляў замест сябе член банды «трыяда чайна». Калі ўлічыць, што на архіпелагу Вясёлым некалькі кітайскіх трыяд і ўсе яны ваююць паміж сабою, то… За ваша жыццё я не даў бы нават порцыі бетэлевай жвачкі.
Хаякава асеў, нібы паменшаў ростам.
– Дзякую… Дзякую, што мяне арыштавалі. Вы не выпускайце мяне пакуль што… Я вялікага гардэробу з сабою не браў, камандзіроўка кароткая – толькі падпісаць кантракт на продаж аўтамабіляў… Я дам долары, купіце мне прыстойны касцюм. За паслугу будуць камісійныя – я не пашкадую.
– З гэтым мы дапаможам. У пакоі вам дадуць паперы, вы апішаце адзенне, у якім вы ехалі да той ночы з пераадзяваннем. І апішаце ўсе магчымыя прыкметы чалавека, які так лёгка даў вам зарабіць шэсцьсот долараў…– у голасе афіцэра нават прабілася шчырая зайздрасць. – Толькі яшчэ адна маленькая фармальнасць, вочная стаўка… Вы раней ніколі не бачылі гэтага хлопчыка? Янг, падыдзі сюды бліжэй.
Янг зайшоў наперад паліцэйскіх.
– Яго – не. А падобных на яго – тысячы.
– І ніякага паролю, значыць, вы не ведаеце?
– Клянуся чым хочаце! Я думаў, што ён зарабіць хоча, пагэтаму і просіць паднесці.
– Янг, а ты калі-небудзь сустракаў гэтага містэра?
– Не. Я ўжо вам казаў, як было.
– Усім ісці. А ў вас просім прабачэння… – афіцэр казырнуў чалавеку ў касынцы і падаў дакументы. – Янг застанецца. І паклічце, калі ласка, «парачку».
Пакуль людзі выходзілі і заходзілі новыя, афіцэр і той, з «Interpola», іранічна і здзекліва паглядвалі адзін на аднаго. І абодва былі задаволены: кожны лічыў, што ўцёр нос другому. Прадстаўнік «Interpola» пракашляўся.
– Нда-а… Вазьмі іх голымі рукамі.
– А вы думалі, усё проста. Прыехаў, убачыў, перамог… Паверце, мы таксама не спім у шапку. Толькі вынікаў – кот наплакаў.
У гэты час зайшлі агенты, што ігралі закаханую парачку, – Янг пазнаў іх. Афіцэр не даў ім доўга раздумваць.
– Якія прыкметы таго хлопца, што падгаворваў Янга на сустрэчу з «ружовай касынкай»?
Адзін агент, той, што іграў дзеўку, выскаліўся.
– Ён во так во робіць… Мы з акна бачылі…– і неяк смешна адставіў ніжнюю губу, выпнуў уперад бараду і павёў ёю ў бакі, нібы яго душыў цесны каўнер.
Янг ажно засмяяўся: здорава! Вельмі падобна! І як ён мог забыць пра такую прыкмету!
– Ёсць такая звычка ў Пуола? – спытаў афіцэр.
– Ага… – шморгнуў носам Янг. – І ён яшчэ крыху заікаецца, калі ўзлуецца ці расхвалюецца… І ляўша ён.
– Ну во, бачыш. А казаў, што ў яго няма ніякіх асаблівых прыкмет. Трэба быць назіральным: у жыцці ўсё спатрэбіцца. – І афіцэр махнуў на яго рукою з такім вывертам, нібы выкідваў за шкірку. Адразу заклапочана ўгнуўся над паперамі.
Янга вывелі з кабінета, а яшчэ праз якую хвіліну ён апынуўся на тратуары.
Раздзел восьмыАбрахамс вярнуўся з клінікі Энтані Рэстана і сказаў, што ўрач зможа прыйсці толькі вечарам. Чаго яму так ужо ляцець да мёртвага, калі ў прыёмнай чакаюць жывыя пацыенты? Тым больш што аддаў богу душу нават не чалавек, а…
Параіўшыся з Раджам, Абрахамс пайшоў з рыдлёўкаю на мыс Кіпцюра, які трохі прыкрываў ад марскіх хваляў уваход у заліў і рукаў-канал. Там і вырашылі пахаваць Джэйн пад пальмаю, непадалёк ад эстакады, па якой электратэльферам да вады спускалі «Нептуна».
Пачаў капаць магілу Абрахамс, потым прыйшоў на дапамогу і Радж. А пакуль стары не вылазіў з ямы, Радж сядзеў побач з гурбай сырога пяску і слухаў, як той філасофствуе.
– От, скажы, жывёліну бог стварыў. Разумная, мазгі нават большыя, кажуць, як у чалавека. А сказаць нічога не можа! І рук няма, каб пальцам на што ці на каго паказаць. Не могуць дэльфіны дастасавацца да нашага жыцця.
– А мы да іхняга – можам? – падаваў рэплікі Радж. – Таксама не… Вы паглядзіце, як ім добра ў вадзе, як яны плаваюць, як усё ў іх прыстасавана да вады. Толькі што жабраў няма, дыхаюць, як людзі.
Радж лез у яму, Абрахамс сядаў на яго месца.
– Гэта праўда. Куды бог на якое месца прызначыў цябе, там і сядзі, не рыпайся. І ў людзей гэтак… – Абрахамс расціраў калені – занылі ад таго, што пабыў у сырой халоднай яме, – і моршчыўся.
– А як жа тады вытлумачыць, што людзі змагаюцца за лепшую долю? Не чакаюць ласкі ад гаспадароў-работадаўцаў, а дамагаюцца ад іх і зарплаты лепшай, і лепшых умоў працы. Забастоўкі робяць, калі што не так.
– Гэта іх нячысты, злы дух падбівае на непакору.
– От бы радаваліся крывасмокі, каб вас пачулі. Вы ўсе іх дзеянні гатовы зараней апраўдаць: маўляў, ад бога гэта, цярпіце, людцы, пакорліва, інакш гэта і супраць бога бунт.
– З гаспадаром можна і палюбоўна дамовіцца. Розум, як і набедраная павязка, у кожнага свой.
У Абрахамса ў галаве адклаліся догмы раз і назаўсёды.
– Абрахамс, Абрахамс… А калі багацей і слухаць вас не захоча, адразу паліцыю выкліча? Дык мо гэтыя заводчыкі, капіталісты, уладальнікі гатэляў, усякія мільянеры – і ёсць злыя духі? Бо яны ж самі вымушаюць людзей баставаць, не даюць людзям добра жыць, зарабляць.
– Цярпі – і трапіш у царства нябеснае. Бо ўсё – ад бога.
– Значыць, што ёсць багацеі, мільянеры і ёсць беспрацоўныя, жабракі,– віна бога? Адзін пануе-балюе, на яго працуюць сотні – так і павінна быць? Адзін есць, а другі толькі слінкі каўтае?
– Ага, так было і будзе. Без волі бога нават валасок з галавы не ўпадзе.
– Во… – скубнуў Радж пяцярнёй сябе за валасы. – Калі ласка, штук пяць валасоў вырваў. Дык гэта я іх вырваў ці бог?
– Бог падбіў цябе на гэта – ускубнуць.
– Бог зрабіў так, каб супраць яго бунтавалі?
– Ну, не бог, то злы дух.
– Акрамя святых кніг вы што-небудзь чытаеце? Што на свеце робіцца – ведаеце хоць крыху?
– Уся мудрасць у святым пісанні. У хрысціян – у Бібліі, у мусульман – у Каране, у індусаў – у кнізе Вед. Дык нашто больш што-небудзь чытаць? Затое я радыё слухаю, часам такія пропаведзі цікавыя перадаюць…
– Ну, а пра сацыялістычныя краіны вы чулі? Там няма ўжо багацеяў-эксплуататараў, народ сам сабе гаспадар. Бог захацеў, каб так было? Вы ж гаворыце, што ўсё – ад бога.
– А-а… Там адны бязбожнікі жывуць.
– Не думаю, што адны бязбожнікі. А калі б нават і так, то можна, відаць, і без бога шмат чаго дасягнуць?
– Гм, кхы… Дай лепш я пакапаю, а ты пасядзі ў цяньку. Напякло табе галаву.
– Не бойцеся за маю галаву.
– Думаю, ніжэй узроўню вады не трэба капаць.
– Не трэба… Прыгожае месца выбралі для Джэйн – пад пальмаю… – Радж абапёрся рукамі на берагі, адштурхнуўся нагамі і спрытна выкінуў іх наверх. – Дык вось, пане Абрахамс, тлумачыць усё, і добрае, і агіднае, што робіцца ў свеце, воляю бога нельга. Вы ж ведаеце, я з Біргуса… Дык от: няма ўжо Біргуса… Правільней, Біргус-то застаўся, але там ужо гаспадараць амерыканцы, востраў прадалі ім. Амерыканцам трэба толькі востраў, толькі зямля для базы. А людзі, што на востраве, замінаюць, іх і выкінулі, як тухлую рыбу.
Да іх падышоў Гуга. Пастаяў, паўздыхаў – «Бедная Джэйн…», пайшоў зноў.
Дакапалі магілу, пайшлі па Джэйн, якая ляжала пад страхой у цяні, прыкрытая рагожай. Пагрузілі на насілкі, перанеслі на мыс не адкрываючы.
Вечарам прыйшоў урач. Прысутнічалі пры ўскрыцці Абрахамс і Крафт, Радж падышоў крыху пазней, нават гідракасцюма не здымаў пасля падводнай прагулкі. Урач паласаваў, разрэзваў, разглядваў, тут жа рабіў заўвагі, дзівіўся, што ў дэльфінаў усё, як у людзей. Выявілася, што Джэйн памерла ад вялікага ўнутранага кровазліцця ў вобласці шыі. Хутчэй за ўсё быў нанесены ўдар тупым прадметам. Ніякіх прыкмет атручвання выяўлена не было.
Урач памыў рукі, атрымаў наяўнымі, хуценька падхапіў сваю сумку і пайшоў. Час – грошы, а ён і так забавіўся тут.
Абрахамс застаўся адзін засыпаць магілу. Крафт і Радж ішлі з мыса разам, маўчалі.
– Кажы сваю думку: хто мог ударыць? – урэшце абазваўся Крафт.
– Гуга не мог, ён любіць дэльфінаў. Судзір?.. Цяжка сказаць. Думаю, што не.
– А самі дэльфіны не могуць?
– Ну што вы! Хіба мо незнарок як.
– Хоць бы незнарок.
– Мо падлезла якраз. Дарослыя скачуць цераз бар'ер, праз кольцы. Дзік трыста кіло важыць, уяўляеце, які можа быць удар? Ды яшчэ сканцэнтраваны на рострум.
Некалькі дзён Радж быў у напружанні. Чакаў якога падвоху ад кожнага турыста, асабліва ад ахвотнікаў падводных прагулак. З крысам не расставаўся ніколі. Гарпун са знакам трыяды схаваў на паліцу за рознае барахло.
Калі трыбуны галоўнай арэны запаўняліся гледачамі, Радж неўпрыкмет абмацваў позіркам кожнага наведвальніка, нават жанчын і падлеткаў. Але рабіць гэта перад кожным прадстаўленнем не ўдавалася, вольных хвілін было мала.
У некаторыя свабодныя вечары гадзіну-другую займаўся з Гуга. Дарослы хлопец, а прыйшоў у дэльфінарый, не ўмеючы ні чытаць, ні пісаць. А грошы лічыць умеў – да ста… Быў ад прыроды кемлівы, хоць і затурканы, усю навуку схопліваў на ляту. Хваліў яго Радж за поспехі, падарыў нават яму шарыкавую ручку, і Гуга квола ўсміхаўся. Выгляд у Гугі быў нездаровы, як сонны, пад вачыма сінелі падковы. Варта было што моцна сказаць знячэўку, як ён увесь скаланаўся. Ад рэзкага нечаканага стуку ледзь не траціў прытомнасць.
– Не сплю я, Радж, амаль ніяк… Ужо больш за месяц, і з кожнай ноччу ўсё горш і горш. Ляжыш, вочы заплюшчаныя, а ў галаве абы-што круціцца, і думкі ўсякія, думкі… Замучуся да раніцы ад думак. Устаеш, а галава як распухлая, цяжкая – на плячах не ўтрымаць, ажно ў бакі водзіць… Кармлю дэльфінаў і баюся: вось-вось нырну ў басейн…
– У цябе нервовае знясіленне. Ты б піў нанач якія парашкі для сну. – Радж падліваў яму ў шклянку чаю, падсоўваў бліжэй цукар і галеты і, хоць той аднекваўся, прымушаў піць і есці яшчэ.
– Парашкі… На парашкі грошы трэба. Усё, што атрымліваю ў Крафта, маме аддаю. Нас шасцёра ў маці… Было сямёра, але адзін брацік утапіўся. Мо з годзік яму было.
– Як гэта… з годзік – і ўтапіўся? Ён жа не хадзіў купацца ў такім узросце?
– Якое купацца… Ён яшчэ і хадзіць не ўмеў, ножкі тоненькія, крывыя… Мы ў джонцы жывём каля сёмага сектара, бліжэй да прыстані. Там цэлы пасёлак такі на вадзе, ты ж мо бачыў… Маці пакінула малога на двух старэйшых. Тры годзікі аднаму, другому – чатыры… Ну, а сама адскочыла на прыстань рыбы купіць. Ранічкаю гэта было… Прыходзіць, а малы вісіць за бортам галоўкаю ў вадзе… за ножку прывязаны… Вываліўся… Дык тыя двое, значыць, спяць, а малы вісіць за бортам, утапіўшыся… У нас яшчэ двое паміж тымі трыма і мною, я самы старэйшы. А тых двух якраз не было: паперлі ў горад ці на прыстань пажабраваць ці перапрадаць што. Камерсанты!
– То як вы там, на лодцы, васьмёра размяшчаецеся? Там жа, мабыць, і сядзець цесна, а не толькі ляжаць.
– Палавіна лодкі са страхою. Бацькі з малымі ўнізе, а мы ўтрох у гамаках вісім. Не сон, а…
– Ты не хадзі кожны раз дадому, можаш і тут, са мною, калі паначаваць. Зробім другія нары.
– Не ведаю, Радж, што рабіць. Ты мне – як брат. Але ж і табе ўвесь час надакучаць не хочацца. Мо я табе непрыемны, а буду мазоліць вочы.
– Перастань!
– Я ведаю, як гэта цяжка, калі не можаш пераварваць якога чалавека… Я ўбачу Судзіра, а ў мяне ўжо пухіры чырвоныя робяцца на скуры… Чэснае слова! Ажно трасе і калоціць… Каб дзе знайсці якую работу, я пайшоў бы адсюль. З-за аднаго Судзіра пайшоў бы! Хоць цябе мне і шкада… Люблю я цябе.
– Я буду распытваць сям-там у горадзе. Авось што і трапіцца.
– Ты ўжо канчаеш гэтае каратэ ці толькі пачаў заняткі?
– На сярэдзіне праграмы. Яшчэ з месяц буду хадзіць. А ўвогуле вучыцца каратэ можна ўсё жыццё… Скажы, якую б ты хацеў работу?
– Любую, Радж! Абы самому не здохнуць і што-небудзь маці даваць.
– А бацька ў цябе ёсць?
– Ёсць. Грузчык у порце. Але ў яго такая работа – узахапкі. Бывае, што і па некалькі дзён нічога не прыносіць. У Свійттаўне бачыў краны ў порце?
– Ну.
– Кажуць, тут будуць адзін такі ўстанаўліваць. А паставяць, то ўжо ніякага заробку не будзе… Скажы, а джыу-джыцу – гэта тое самае, што каратэ?
– Амаль што.
– Радж, ты не заядайся з Судзірам. Ён вельмі небяспечны чалавек, ведае прыёмы джыу-джыцу. І ён мяса есць… Кожны дзень есць мяса – уяўляеш? Ён вельмі здаровы, не глядзі, што такі худы.
– Пра мяса адкуль ведаеш?
– Сам бачыў. Раніцаю перад прадстаўленнем вымае такую каробачку, як з-пад цукерак, пластмасавую… А там кавалачкі сырога мяса, пасоленыя, з прыправамі, з часнаком. Коўць, коўць! Не жуючы… Ад яго часнаком за мілю нясе. Я й не ведаў бы, што там, у каробачцы. Але раз… Ён жа прымушае, каб і ў яго «рэзідэнцыі» ўборку рабіў… Праціраў стол і спіхнуў тую каробачку. А яна бэнц – і раскрылася на падлозе. Гляджу – мяса… А Судзір пачуў стук каробкі, заскочыў, пранізаў мяне вачыма, як шыламі: «Што ўпала?» Я паказаў на каробку з мясам, а ён выдыхнуў з палёгкаю: «А я думаў…» – і пахапаў са стала дэльфінчыкаў-сувеніраў, пакідаў у свой «дыпламат», замкнуў.
– Я чуў, што некаторыя мышанят у кітайскіх аптэках бяруць, жыўцом глытаюць.
– Бр-р… Радж, а якое мяса на смак? Я яшчэ ніколі не каштаваў.
– Калі-небудзь я запрашу цябе ў шыкоўны рэстаран. Пасядзім, як панкі якія, мяса будзем есці, віно піць…
– Ой, Радж! Кажы казкі, мо хто і паверыць.
– Вер. Будзе такое.
Там, дзе ўсе радыяльныя вуліцы горада сходзяцца, утварылася крыху сплюшчаная плошча з фантанам пасярэдзіне. Фантан так сабе, нічога асаблівага, забаўныя толькі чацвёра пухленькіх бронзавых дзетак пасярэдзіне. Адзін забраўся на дэльфіна, яшчэ двое лезуць, спіхваючы наезніка, чацвёрты корміць дэльфіна рыбкаю. З соплаў, якія ўстаноўлены скрозь па борце фантана і ўтвараюць круг, з шыпеннем вывяргаецца вада. Струмені ўзмываюць угору і абрушваюцца на хлапчукоў і дэльфіна – з усіх бакоў падаюць усярэдзіну. Часам напор вады меншы, струмені не дастаюць да фігур, і бронзавыя хлапчукі нібы лысеюць, абсыхаючы, выразна відаць на іх белыя пісягі і пацёкі солі (вада ў фантане марская), нібы хто гэтых бяскрыўдных анёлкаў размаляваў бяліламі.