Текст книги "Грот афаліны"
Автор книги: Павел Мисько
Жанр:
Детские приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 29 (всего у книги 30 страниц)
Мо ніхто з лагернікаў так не чакаў з'яўлення Судзіра, як Янг. Ад хвалявання і думак доўга не мог заснуць, а потым не то спаў, не то галюцыніраваў наяву. Часам кідала то ў пот, то ў дрыжыкі, апаноўвала млявасць. Балелі вочы, торгала, калола вуха.
Калі ўрэшце задрамаў, то сасніў натоўп людзей. Шуміць натоўп, перакатваецца па ім гул, людзі напіраюць адзін на аднаго, ірвуцца хутчэй да храма. Быццам гэта той самы храм на Галоўным, куды яны прыйшлі пакланіцца Вішну. У натоўпе таўкуцца, топчуць адзін аднаму ногі бацька, Ганеш і дзед Амос. Не бацька нясе кавадзі, а ён, Янг, хоць самы малы і слабейшы. Сагнуўся Янг пад цяжарам у тры пагібелі, рама муляе плечы, шыю нібы хто скручвае, як той курыцы. «Ідзі! Ды хутчэй жа ты, не марудзь!» – падштурхоўвае Янга ў спіну Ганеш. «Ідзі, ідзі! Заснуў?» – Амос і бацька таксама падпіхаюць яго, шчыпаюць ад злосці: «З-за цябе можам спазніцца! Усю літасць Вішну параздае!» А вось ужо здаецца, што Янг на базары разам з сіньёрай Тэрэзай. Снуюць між бясконцых радоў, якіх нарабілі са сваімі таварамі прадаўцы. На голай зямлі, на цыноўках, на подсцілках, на лаўках, табурэтках, на століках, на прылаўках, узбітыя на шасты, развешаныя на галінах і вераўчаках, вісяць і ляжаць дары лесу, поля, агародаў, плантацый, мора. «Туцці-фруцці! – няспынна паўтарае сіньёра. – Туцці-фруцці!» – І ўсё грабе да сябе, валіць на спіну Янгу, на плечы, чапляе на шыю, на пояс, ставіць на галаву – «Нясі ў гатэль!» І раптам ужо не італьянка, а бацька суе яму на рукі пярэстую свінку: «Гэта наша, бяры! Нясі ў гатэль! У апартамент сіньёры! Яна будзе табе за маці!»
Ад такое навіны Янг клыпае вачыма і прачынаецца, сэрца бунтоўна грукае, пульс балюча б'е ў хворае вуха. Янгу ўжо страшна засынаць зноў, каб не ўбачылася якая непатрэбшчына. Дрымота сама знаходзіць яго, злеплівае павекі, падсоўвае новыя кашмары. Быццам хтосьці балюча сціскае Янга за ногі і суе галавою ўперад у пухірковую заслону, каб адчыкрыжыла галаву… Скрабуць лапкамі і клюшнямі крабы, амары, лангусты, ідуць на яго ў наступ… У шуме Янг нават адрознівае асобныя крыкі крабаў: «Янг ужо здох! Здох і лапкі выцягнуў! Сюды ўсе, сюды! Вялікая спажыва будзе! Не параўнаеш з рыбаю!»
Калі ж пачуў на самай справе жывыя галасы людзей, уздыхнуў з палёгкаю: дзякуй Вішну, скончыліся пакуты-кашмары. «Я – жывы, і новы дзень настаў… Што прынясе новы дзень?»
Слоў людзей яшчэ не разабраць, галасы задыханыя, зрываюцца. Людзі толькі што павымалі загубнікі з рота. Янг цікуе з-за бруствера і лічыць чорныя, ледзь прыкметныя галовы тых, што вынырнулі з-пад вады: раз… два… тры… Трое ўсіх? Не, вунь і чацвёрты, вылазіць на пляж са скруткам чорнага гуміраванага дроту і лямпачкай на канцы. Галасы некаторых здаюцца знаёмымі, адзін дык нават і вельмі…
«Судзір!.. Вунь той, самы меншы… Апошнім на пляж вылазіць. А самы большы – «стары», учора быў на плыце. І Піт, ён учора тырчаў з камбарына… Запрасілі-такі Судзіра, не абышліся без яго…»
Вось ужо ўсе топчуцца на пляжы, шлэпаюць ластамі. Ад чорных, нібы паліраваных касцюмаў адблісквае лямпачка. Той, што з дротам, адразу прыступіў да работы, пачаў забіваць у сцяну крук.
Янг пачаў супакойвацца, штосьці адлягло ад сэрца. Быццам убачаная рэальная небяспека – Судзір – перастала быць небяспекай. З гэтага моманту Янг цалкам ператварыўся ў зрок і слых. Не ўсё дачуваў з таго, што гаварылася, не ўсё разбіраў з пачутага, не ўсё разумеў. Гаварылі, як і тыя дні, па-англійску, штосьці загружалі на плыт, а штосьці – з плыта на пляж. Янг паспрабаваў падстаўляць свае словы замест недачутых, каб улавіць сэнс. І штосьці атрымлівалася, хоць мо і не зусім тое, што гаварылася.
Голас Судзіра:
– Ну й… (страхоцце) у вас тут!.. І людзям, не толькі дэльфінам. А дэльфіны… (пячор не любяць).
Піт:
– На жаль, так… (Лепшых умоў) ім стварыць не можам. Каб былі добрыя ўмовы… (то і без дэльфінаў абышліся б).
– І як вы іх сюды… (заперлі)? – зноў Судзір. – Давалі… (на сон ці наркоз)?
Піт:
– Прафесійны сакрэт. «Стары»:
– Я чытаў: дэльфіны наркозу… (не вытрымліваюць). Не прачынаюцца… А ў дадзеным выпадку маглі ўтапіцца.
Піт:
– Слухайце ўводныя дадзеныя… Сюды… (дэльфіны падплываць) не любяць. Яны і на адлегласці… (адчуваюць ультрагук; пухірковую заслону). Займайцеся з імі з плыта, плыт можна… (адагнаць далей адсюль; загнаць у Храмавы грот)… на месца работы. З пераноснай лямпачкай.
Судзір:
– Як выглядае слон, навобмацак не пазнаеш. А я хачу не толькі памацаць золата… (але і пабачыць). Каб ведаць, ці варта займацца.
Піт:
– Пераканаецеся, пачакайце… (Разам з намі нырнеце, самі зачэрпнеце). Разам прамыем, паглядзіце.
Судзір:
– Пясок? Самародкі? «Стары»:
– Пясок у асноўным… Самародачак быў адзін – з напарстак.
– Не будзем губляць часу, – Судзір першы ступіў да плыта.
Пакуль дачакаліся карэты «хуткай дапамогі», паліцэйскі ўжо канаў. Насілкі з пацярпеўшым неслі і санітары, і Радж хапаўся – да самай прахадной (ключ, каб адамкнуць вароты і ўпусціць карэту на тэрыторыю, не знайшлі). Астатнія ішлі следам. Абрахамс не пераставаў паціху бедаваць: «А што ж цяпер будзе? Каму ж я служыць буду, што з работай будзе? У мяне ж сям'я…» Ніхто яму нічога не адказваў.
Не хацеў думаць пра сваю будучыню і Радж. Адно ведаў: настаў час рашучага павароту ў яго жыцці.
Гарбаносы афіцэр і з кабінета званіў, а дайшлі да прахадной, то і з будкі. Выклікаў дадатковы нарад паліцыі для аховы дэльфінарыя. Ставіў задачу: усіх падазроных затрымліваць, нікога не адпускаць да асобага распараджэння. Званіў і на Галоўны, размову вёў незразумелую, шыфраваную.
І нерваваўся, па ім было відаць, чаму позніцца група, што пайшла па Судзіра? Але перш чым з'явілася група, прыйшоў стомлены Амара. Яго адразу схапілі за локці. Радж ледзьве ўгаварыў афіцэра, што чалавек не мае да Судзіра ніякіх адносін, што збіраліся з ім зноў дабірацца да Горнага, шукаць брата (давялося коратка выкласці гісторыю Янга).
– А я думаў, што гэта паліцэйскія падрыхтаваліся выехаць у лагер, – з нейкім расчараваннем прагаварыў Амара, калі ад яго адсталі. І Раджу давялося тлумачыць яму паціху, што здарылася за той час, пакуль ён быў у рэстаране і дома. І з гэтага моманту з твару Амары не сыходзілі здзіўленне і трывога.
І вось прычакалі другую групу. Прыйшла без Судзіра.
– Ну што? Адправілі пад варту? – звярнуўся афіцэр да начальніка паліцыі Рая.
– Не было ўжо. Ні дома, ні ў каханкі… Вобыск таксама нічога не даў.
– А каханку затрымалі? Хто яна?
– Адправілі пад замок. Касірка з дэльфінарыя… – начальнік паліцыі гаварыў стомлена, быццам разгрузіў да гэтага баржу.
– Не пыталі нічога? – не адставаў афіцэр.
– Трохі пытаў. Але, відаць, не шмат ведае. А мо і прыкідваецца. Сказала толькі, што кожны дзень Судзір указваў ёй, якія нумары білетаў затрымліваць і прадаваць толькі па паролю. Пра наркотыкі не здагадвалася.
– Я ведаю, дзе Судзір, – усклікнуў Радж. – Хутчэй трэба на Горны да тых, што пакралі дэльфінаў.
Абрахамса пакінулі ў дэльфінарыі. Хацеў афіцэр і Абдулу не браць, але той нечакана заліўся такімі слязьмі, што Раджу давялося ўпрошваць, каб узяў. Афіцэр адмяніў распараджэнне і аддаў новы загад: па прыбыцці на месца з катэра не сыходзіць, пад нагамі не блытацца, каб не трапіць пад кулю.
На плыце – знаёмая, учарашняя карціна. Толькі ўчора сядзелі каля чарпалак двое, а цяпер трое, і плыт сёння бліжэй да выхаду з храма – далей не пусціў провад з лямпачкай (манцёр, зрабіўшы сваю справу, адразу боўтнуўся з пляжа і знік пад вадою). Трэці з тых, што прыселі на кукішкі, Судзір. Ён маску здзёр, паклаў каля сябе на дошкі, а Піт і «стары» толькі пасунулі на лоб. Грэбліся ў чарпалках даўгавата – то моўчкі, то перагаворваючыся, як мармычучы. І хоць зусім блізка былі ад Янга, разоў у чатыры бліжэй, чым тады, як былі на Крабавым пляжы, слоў не разбіраў… Вось нешта пачалі паказваць адзін аднаму, потым Судзіру. Потым кружылі і прамывалі ў рэшатах, адбіралі, прасейвалі і зноў прамывалі, разглядалі. Акрамя чарпалак і рэшатаў сёння былі ў іх і вёдры, і карыты.
І Піт, і «стары» ўвесь час пакручваліся так, што можна было бачыць толькі іхнія зацягнутыя ў бліскучыя касцюмы спіны і патыліцы, зрэдку – тарбаватыя, абціснутыя шлемамі шчокі. У Судзіра касцюм без шлема, дрэсіроўшчык сядзеў тварам да Янга, і калі нешта знаходзілася, уставаў, працягваючы далоні да лямпачкі. Ніводзін мускул не ўздрыгваў на яго твары, усхваляванасці сваёй не паказваў.
– Ну – добра, пераканалі…– канчаткова ўстаў Судзір. – Толькі прашу плыт аддаць у поўнае маё распараджэнне. І каб пабочных каля мяне не было.
– Як – пабочных? Што вы хочаце гэтым сказаць? – разам насцярожана сказалі Піт і «стары».
– Вы не так мяне зразумелі. Калі я працую з дэльфінамі, больш нікога каля мяне не бывае. А то ў дэльфінаў рассейваецца ўвага, яны нервуюцца, не слухаюць загадаў і гэтак далей.
– Вунь што… То мы можам каля вадаспаду папрацаваць. Салют! – падняў руку Піт.
– Просьба невялічкая… Рыбу забылі там… – Судзір махнуў у бок пляжа. – Не ў службу, а ў дружбу – дастаўце сюды, га? – голас яго быў амаль сяброўскі.– Чарпалкі пакіньце тут, астатняе… – Судзір матлянуў рукою, нібы згроб з плыта ўсё начынне. – Анучку пакіньце… Няхай дэльфіны панюхаюць, чым яно пахне.
– Судзір, дэльфіны – не сабакі… І золата не пахне, – зазначыў Піт.
– Пахне, сябры, пахне.
«Стары» прывалок на плыт празрысты мяшок з рыбаю, а некаторыя рэчы былі часткова перапраўлены на пляж, а часткова ўзяты «старым» і Пітам з сабою. Судзір перастаў трымацца за кій з лямпачкай, які быў прымацаваны да краю плыта і ад тузаніны хістаўся і нахіляўся, і сеў, звесіўшы ласты ў ваду. Лямпачка апынулася ззаду ў яго, і твар Судзіра быў у паўзмроку.
Сядзеў даўгавата, нібы прыкідваў, што рабіць, з чаго пачынаць. А мо яму не хацелася ўвогуле распачынаць, мо расчараваўся ва ўсім? Адхіліўся назад, вобмацкам узяў мяшок з рыбаю, падцягнуў і паклаў побач. Потым паволі нагнуўся да чарпалкі, узяў там штосьці, загорнутае ў анучку, паволі разгарнуў. Мо залаты пясок? Было яго там мала, бо ўглядаўся ў яго здалёк і зблізку, нібы нюхаў, ці пахне, торкаў у анучку і разглядаў тое, што прыліпла да пальца, паварочваючыся да лямпачкі так, што Янгу быў відаць увесь яго твар. Не было ўжо на твары спакою, ён перасмыкаўся, а вочы ліхаманкава блішчалі. Браў наліплае з пальца на язык, дробненька цаляў зубамі, потым асцярожна пасплёўваў крупінкі назад у анучку. Завязаў крыж-накрыж, паклаў з левага боку. А справа, не гледзячы, узяў з мяшка рыбіну, вочы ў гэты час шнарылі па вадзе, намацвалі ледзь прыкметныя спіны з плаўнікамі. Дэльфіны марудна праплывалі то далей, то бліжэй, стрымана фукалі паветрам, часам высоўвалі галовы і застывалі на месцы, разглядваючы Судзіра, нібы пазнаючы яго ці прынюхваючыся.
Судзір паплюхаў рыбінаю ў вадзе, паклікаў нараспеў: «Бо-обі-і!.. Бо-обі-і-і…» І дурны малыш спакусіўся, мабыць, выгаладаўся, падплыў і разявіў рот. Не зусім блізка, метры за два ці паўтара. Чакаў пачастунку, а сам падаваў такія гукі, нібы чалавек мармытаў скрозь зубы, потым звонка запэнкаў перапонкаю. Судзір не кінуў яму рыбу, а падцягнуў правую нагу, зняў з лыткі штосьці кантовае, нібы калок. Пстрык – адкінулася вострае лязо, зрабіўся нож-кінжал. Адрэзаў кавалачак рыбы, кінуў Бобі ў рот.
– Смачна? Давай бліжэй, калі яшчэ хочаш… А тыя няхай аблізваюцца… – гаварыў Судзір, і Бобі падсунуўся зусім блізка. Можна было, нагнуўшыся, пачапаць за рострум, але Судзір не дакрануўся, укінуў малышу ў рот другі кавалачак. – Ну во-о, чаўкай гучней. І матку заві… До-ора-а, До-о-ора-а… Ну – заві!
Янг расцёр локаць, прылёг на другі бок, бо самлеў цікуючы. Ён адчуваў пякучую рэўнасць да Судзіра, зусім не хацеў успамінаць, што Бобі ведаў Судзіра намнога раней, чым яго. «У-у, здраднік…» – рука Янга сама шукала вакол, каб што намацаць, папусціць у Бобі. Янг гатовы быў пайсці на гэта, выдаць сябе, абы адагнаць Бобі ад дрэсіроўшчыка.
– А гэта ты нюхаў? – Судзір апусціў з плыта левую руку з анучкаю, завязанай вузельчыкам, таксама паплюхаў.– Ну – што ты чуеш? Ці нічога не чуеш? Ніякіх эмоцый у цябе золата не выклікае? А ты нюхай, нюхай… До-ора-а, До-ора, До-ора! – зноў паклікаў ён, а правая рука таксама апусцілася ў ваду з рыбінаю, запляскала. Падплыла блізка і Дора, таксама разявіла рот, здаецца, нават штосьці праскрыпела ці прамармытала, Судзір і ёй кінуў кавалачак рыбы, і Дора на момант знікла пад вадою. Дзік з Бэлаю і Еваю тоўпіліся зводдалек, нібы раіліся, што рабіць. Зрэдку Дзік моцна пляскаў хвастом, нібы кулаком прыстукваў, пацвярджаў сваё рашэнне: не рабіць і кроку насустрач Судзіру!
А дрэсіроўшчык перастаў мачыць анучу з золатам, кінуў яе на сярэдзіну плыта, парэзаў на кавалкі яшчэ адну рыбіну, папаласкаў нож і зноў схаваў яго ў ножны на лытцы. Саскаўзнуў у ваду без маскі, злавіў рукою Дору за спінны плаўнік і паплыў побач, пагладжваючы яе па спіне, па лабаціне, час ад часу частаваў яе кавалачкам рыбы, дастаючы недзе з-за пояса. Вярнуўся да плыта, сцягнуў з яго чарпалку і сунуў ручкаю ў зубы Доры – так, як рабіў у дэльфінарыі. Праплылі побач вакол плыта, Судзір увесь час лашчыў яе, пагладжваў, потым забраў чарпалку і зноў пачаставаў рыбаю. Ускінуў чарпалку на плыт, узлез сам.
– А цяпер, даражэнькая, больш складанае заданне зробім. Ты рабіла ўжо такое, трэба толькі ўспомніць… – гаварыў, а сам чапляў на грудзі электраліхтар, надзяваў маску, а Дора і Бобі цікавалі непадалёк, фыркалі, задраўшы насы з вады. – Да мяне! – у тоне Судзіра пачуўся загад, ён і жэстам паказаў, што значыць гэтая каманда. Калі Дора падплыла бліжэй, кінуў кавалачак рыбы. Бобі таксама падплыў, але Судзір нічога яму не даў, і той незадаволена праскрыпеў, свіснуў.
Узяўшы чарпалку, на гэты раз Судзір споўз з плыта неяк нязграбна, нават балонамі грукнуў аб крайнюю дошку. Падплыў да Доры, даў ручку чарпалкі ёй у зубы, трохі падправіў, каб выраз акуратна прылёг да шыі.– Са мною! Аб! – ухапіў загубнік у рот і нырнуў, гнетучы і Дору леваю рукою пад ваду. Крыху падумаўшы, і Бобі нырнуў. А Дзік і Ева, Бэла прыплылі на тое месца, пакружылі, але праз якую мінуту зноў пакіравалі ў цямнейшы куток.
Здалося, што Судзіра з Дораю і Бобі не было доўга, як толькі паветра ў дэльфінаў хапіла. Першы выскачыў, адфыркнуўся Бобі. Дзік і астатнія самкі павярнулі да яго, нібы карцела ім распытаць: «Ну як там? Чаго ён прыстае да вас?» Але вынырнулі Дора і Судзір. У Доры ў зубах бокам вісела чарпалка, пяску ў ёй не было ні жмені. Але Судзір паляпаў яе па спіне, павярнуў і давёў да самага плыта, забраў і ўскінуў на дошкі чарпалку, а дэльфінку ўзнагародзіў кавалачкам рыбы. На гэты раз узбіраўся на плыт зусім няўклюдна, здавалася, бездапаможна дрыгаў у вадзе нагамі. А ўзлез, то зноў звесіў ласты, знерухомеў у одуме.
За час, пакуль Судзір займаўся з Бобі і Дораю, Піт і «стары» двойчы вынеслі на пляж па вядру пяску, ссыпалі яго там у кучку і адплылі па новую порцыю. Янг усё гэта адзначаў, паварочваючы галаву і ў той бок, падлічваючы іх рэйсы. Судзір не бачыў гэтага, але ў галаве таксама, мусіць, падлічваў, што за гэты час можна было зрабіць самому і колькі ўвогуле спатрэбіцца часу, каб чаму-небудзь навучыць дэльфінаў.
– Дора, рэпэтэ, – Судзір узяў чарпалку, зноў ссунуўся ў ваду.
Палез бліжэй да вады і Янг. Не мог трываць, бачачы, што мяшок з рыбаю амаль не крануты, а дэльфіны плаваюць галодныя.
Мора пачынала разгульвацца, на грэбнях хваль ускіпалі белыя грывы. Катэр ляцеў на максімальнай хуткасці, часам урэзваючыся носам так, што пырскі ўзляталі вышэй галоў. Але ніхто не хаваўся ад гэтых пырскаў, толькі жмурыліся ды напружана ўглядаліся ўперад. На носе каля правага борта стаялі па двое – Радж і Амара, афіцэр са Свійттаўна і начальнік паліцыі з Рая, моцна трымаліся за парэнчы.
– Я думаю, што трэба было б высадзіцца каля лагера і абкружыць яго з усіх бакоў,– гаварыў начальнік паліцыі.
– А з боку мора як абкружыш? Высаджвацца толькі з мора! І штурмам… У першую чаргу захапіць іх плаўсродкі. А па беразе яны далёка не ўцякуць, – запярэчыў афіцэр.
– Вунь домік на колах іхні, з антэнамі. Там у іх, мабыць, радыёстанцыя… Яго таксама трэба ў першую чаргу захапіць, каб перарваць сувязь са светам, – сказаў Амара.
– Правільна, малады чалавек. Колькі іх там усіх? – у голасе афіцэра была цвёрдасць.
– Думаем, што не больш за дзесятак… Па нашых назіраннях, – разам сказалі Радж і Амара. – З правага боку, вунь, бачыце палаткі? Дзве, чатырохмесныя.
– Зараз частка людзей можа быць у пячоры пад вадою, – дадаў Радж.
– Распарадзіцеся там, у кубрыку, каму куды трэба будзе бегчы, і камандуйце «У ружжо!», – сказаў афіцэр тонам, які не пакідаў сумнення: ён ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва аперацыяй і толькі ён. Павярнуўся да рулявога, які выглядаў з-пад доўгай прыўзнятай фрамугі з пырскамі на шкле. – Бачыш іх глісер пры беразе? Прытрыся шчыльненька, каб можна было пераскочыць на яго. І поўны ўперад!
– Слухаюся, пан афіцэр!
…Дзік стаў на хвост, матлянуў галавою так, што чарпалка праляцела ў паветры, са звонам бразнулася ў сцяну зусім блізка ад Янга і плёхнула ў ваду. «Ай, малайчына!.. Другая ўжо, адну Дора ўтапіла…» – паспеў падумаць Янг. І тут Дзік даў нырца. Нырнуў з ім і Судзір, не выпускаючы з левай рукі абруча з провада, накінутага на галаву дэльфіна. Судзір, пэўна, круціў гэты абруч, усё тужэй сціскаючы пятлю. Провад урэзваўся ў цела, душыў дэльфіна. Дзік, мабыць, думаў, што, ірвучыся ўперад, зможа пазбавіцца ад пятлі і Судзіра, думаў, што чалавек-драпежнік, які сумеў падкрасціся да яго разам з Дорай і нечакана накінуць пятлю, не вытрывае доўга. Людзі ж не могуць быць доўга пад вадою, спаборнічаць у гэтым з дэльфінамі. А тое забыў Дзік, што чалавек хітры, што ён узброіўся аквалангам і сам хоча ўзяць яго зморам. І ўжо, наадварот, у дэльфіна не хопіць духу, бо трэба супернічаць не з чалавекам, а з тэхнікай. Судзір і прытапіць можа, і калі павее холадам смерці з прадоння, калі ад удушша забліскаюць вогненныя кругі ў вачах, на ўсё пойдзеш – абы вынырнуць, абы ўхапіць паветра. І крыўдна зрабілася Янгу, што Дзік зробіцца рахманы і пакорлівы, што будзе як той раб-катаржнік паслухмяна ныраць з чарпалкаю, паслухмяна выносіць Судзіру на плыт залатаносную пароду.
«Дык вось якія ў Судзіра сакрэтныя прыёмы дрэсіроўкі!.. Вось чаму не хацеў, каб хто бачыў яго ў гэты час… А хіба ж можна спакойна глядзець, як дэльфіна топяць і душаць?!»
«Не здагадваецца Дзік даць задні ход… Мо дэльфіны не ўмеюць плаваць задам наперад? Мог бы гэтак пятлю садраць, вылузацца…»
«Кат! Вылюдак!.. Сволач! – праклінаў Янг Судзіра. – Гэтак і загубіць можна чалавека!» Шаптаў «чалавека», а думаў пра Дзіка.
Урэшце дрэсіроўшчык і Дзік вынырнулі. Дэльфін шумна, як не са стогнам выдыхнуў – Янг добра пачуў. Відаць было, што абодва змораныя дашчэнту. Аднак Судзір усё яшчэ трымаўся рукою за пятлю, круціў, падтужваў. Павёў Дзіка да плыта, а падвёўшы, узяў з дошак апошнюю, трэцюю чарпалку, націснуў ручкаю на зубы Дзіка сілком. Мабыць, таму добра забалела, бо не вытрываў, расшчапіў рот… Тр-р-р… – ручка пералічыла зубы дэльфіну. Судзір выштурхнуў з рота загубнік: «Аб!» – і зноў ухапіў загубнік у рот, штурхануў Дзіка зверху, прымушаючы нырнуць. Дэльфін, аднак, паўтарыў свой Мансур, уздыбліваючыся на хвост і вытручваючыся – ажно Судзіра прыпадняў з вады. Але ўжо тае сілы, з якою шпурнуў папярэднюю чарпалку, не было. Проста выпхнуў ручку з рота, і чарпалка, падаючы, трэснула Судзіра па галаве, каўзанулася і знікла пад вадою.
Судзір раз'юшыўся. Ухапіўся за пятлю праваю рукою, а леваю – за спінны плаўнік. Рвануў пятлю з Дзіка і пачаў сцёбаць ёю па галаве, па вачах, па роструме… Дзік неяк узвізгнуў, крутнуўся верацяном, збаўляючыся ад мучыцеля, затым скокнуў угору, шумна пляснуўся ўсёй тушай. Дэльфіны, якія тоўпіліся ў цёмным закуце храма, раптам прапалі з вачэй, зніклі пад вадою.
Судзір, кашляючы, узабраўся на плыт. Сеў на краёчак, цяжка дыхаючы. Потым сарваў з сябе маску, зняў ласты, зняў акваланг, яшчэ пасядзеў, угнуўшыся, абапіраючыся рукамі абапал і неяк ненатуральна тапырачы локці. І раптам штосьці надумаў ці на штосьці рашыўся. Згроб плёнчаты мяшок з трыма рыбінамі ў ваду (Янг, скормліваючы рыбу, зрабіў на гэты раз хітрэй: і пакінуў крыху ў мяшку, і паклаў яго так, быццам гэта ён сам перакуліўся, а рыба пападала ў ваду). Рашуча ўстаў – стомы як і не было. Провад з лямпачкай, які злучаў плыт з пляжам, за час валтузні моцна правіс, сярэдзіна яго апала ў ваду. Паддаючыся цяжару проваду, плыт яшчэ больш выплыў з Храма. Судзір, устаўшы, пачаў паволі цягнуць провад на сябе, паскараючы ход плыта. Сярэдзіна проваду час ад часу пляскала па вадзе, але ў руках дрэсіроўшчыка рабілася ўсё больш і больш петляў-віткоў.
Янг перавярнуўся ў логаве, узлёг на бруствер, каб лепш было сачыць за Судзірам і пляжам. І пачуў, што да парога пападплывалі дэльфіны, фукаюць унізе пры самым беразе, жаласліва скрыпяць, нібы жаляцца, а хтосьці з іх коратка і трывожна пасвіствае – падае сігнал трывогі, небяспекі. Не ўтрымаўся, споўз да вады.
– Ну – чаго вы? – прашаптаў ласкава. – Нічога больш не магу для вас зрабіць. Зусім нічым не магу памагчы… – Янгу зрабілася горна, зноў стала шкада сябе і дэльфінаў: усіх чакае марная гібель.
«Птр-рын-н… Тэнк-тк-тк-ткрыі…» – Бобі ўссунуўся падбародкам на бераг, выставіў дзюбу. Амаль не відаць малыша, лямпачка з матком проваду недзе за жыватом Судзіра, сюды ніяк не свеціць. Янг працягнуў у бок дэльфіняці руку – палашчыць, пагладзіць, павадзіць за нос. Але рука на штосьці натыкнулася, Бобі трымаў нешта ў зубах. Узяў тую рэч – і ледзь не выпусціў: такога цяжару ў той штуковіне не чакаў. Як жалеза якое, і халоднае, як жалеза. «Дзівак малы… Што ён дастаў, прывалок?» – падумаў, лезучы назад у свой акоп.
Сядзеў і абмацваў Бобіну знаходку. Не гладкая яна і таўстажылая, нагадвае галінку з ледзь памечанымі лісточкамі ці пупышкамі. Сям-там штосьці прыкарэла, нібы ўплавілася – мо пясчынкі ці кавалкі магмы. Мацаў-мацаў гузакі, і прыдумалася другое параўнанне: дракончык-сяміножка, а не галінка. І галоўка ёсць, і ножкі – дарма што на адным баку чатыры, а на другім тры, і хвосцік скрывіўся ўбок загагулінкай. Пастукаў цацкаю аб камень і не пачуў ніякага звонкага гуку. Удары былі нейкія вязкія, глухія. Сунуў за пояс – няхай пабудзе там, мо ўдасца падабрацца да лямпачкі, тады і разгледзіць добра.
Судзір тым часам прычальваў да пляжа. Вось бочка плыта шкрэбнулася аб бераг, дрэсіроўшчык зыбнуўся. Дайшоў да сцяны з убітым калком-кручком, павесіў скрутак з лямпачкаю. Ад дзвюх лямпачак на пляжы стала відней. Судзір вярнуўся да плыта, забраў з яго на бераг электраліхтар, акваланг, ласты і маску і стаў, рукі ў бокі, чакаць Піта і «старога». Яны таксама якраз вынырнулі – цікава, каторы ўжо раз? – і рабілі апошнія ўзмахі ластамі. Судзір нагнуўся, адною рукою прыняў з рук Піта вядро, другую падаў, каб памагчы выбрацца на сушу. Паставіў вядро, а як Піт стаў расшпільваць рамяні, зайшоў яму ззаду ўзяць акваланг.
– Ну як – слухаліся трохі? – спытаў Піт, яшчэ не паварочваючыся да яго, тузануў маску ўгору, стомлена пацёр далонямі твар.
– Усяк было… – адказаў Судзір. Паклаў акваланг, імгненна выпрастаўся. У руцэ бліснуў нож – Судзір з сілаю саўгануў ім Піту пад лапатку і тут жа вырваў, адскочыў. «А-ай!..» – неяк па-дзіцячы ўсклікнуў вялізны Піт, выгінаючыся, і заваліўся на бок.
Судзір крутнуўся да «старога», які ў гэты час ставіў на бераг вядро. Імгненна выставіў яму ў твар нож, свіснула белай маланкай лязо, і аквалангіст, схапіўшыся аберуч за горла, асеў у ваду. У два скачкі Судзір апынуўся каля яго, вылавіў за плячо, падцягнуў крыху на бераг і яшчэ раз ударыў нажом – ужо спераду» У грудзі. Не пускаючы, узвалок вышэй на бераг, адвязаў цела ад акваланга. Далей рухі Судзіра зрабіліся яшчэ больш паспешлівыя: расшморгнуў на грудзях «старога» «маланку», выбраў з кучы пароды камянёў, не забыўся агледзець іх, пастукаць адзін аб адзін і сунуў за пазуху забітаму. Зноў тромкнуў замком, але не да канца, не дазволілі камяні, скаціў цела ў ваду. Сагнуўшыся, рачком тупацеў уздоўж пляжа, «старога» валачыў па вадзе – туды, дзе была цемра, куды не даставала святло лямпачак, і ўжо там моцна штурхануў ад берага.
З целам Піта зрабіў тое ж самае.
Прысеў каля вады на кукішкі, памыў ад крыві рукі, падабраў на беразе і памыў нож. Спакойна склаў яго, засунуў у ножны на лытцы і пайшоў да тэлефона. Зняў трубку.
– Ало? Прышліце электрыка. Дрэнна ён провад падключыў… Замыканне, мабыць, было, лямпачка перагарэла… Што? Ды памаленьку… Ды тут усе… Павыносілі дабра, сядзім, перагрэбваемся, а цемнавата: прывыклі да дзвюх лямпачак.
«Няпраўда!.. Не слухайце!.. Гэта забойца!..» – хацеў крыкнуць Янг на ўсю пячору, але жах адняў мову.
Улятаючы ў зону, агароджаную буйкамі, убачылі: у ваду заходзіць аквалангіст. Яшчэ прыпыніўся, зайшоўшы да калень, паўзіраўся ў іх бок. Але катэр не выклікаў у яго падазрэння – пагрузіўся з галавою. Матор выключылі і тут жа пачулі, як чахкае, грукоча рухавік з левага боку пры плоце. Катэр уссунуўся на бераг упрыцірку да лагернага глісера. Адразу на яго скокнуў з борта адзін паліцэйскі, астатнія хто за ім, хто прабягаў на нос катэра і адтуль скакалі проста на пясок. Начальнік паліцыі Рая пабег са сваёй групай да палатак, афіцэр са сваёй – да вагончыка.
Радж і Амара сышлі апошнімі. Хацеў і Абдула следам скочыць, але яго паклікаў рулявы, паказаў месца побач з сабою ў рубцы.
Палаткі аказаліся не роўныя – адна чатырохмесная, другая двухмесная. Нікога ў іх паліцэйскія не выявілі, але перавярнулі ўсё дагары дном. Прабеглі яшчэ па тэрыторыі, заглянулі за кучу скрынак і бочак, за рухавік-электрастанцыю – і там нікога. Адзін застаўся каля рухавіка, другі пайшоў на катэр, трэці – да варот за палаткамі.
– Я тут пабуду, – павярнуў Амара да скрынак.
Начальнік паліцыі следам за Раджам палез на ўсходцы, што збоку вялі ў вагончык. З маленькай прыхожай відаць трое дзвярэй. Направа – у лабараторыю, проста – у кладоўку, налева – у аператарскую. Радж адчыніў левыя дзверы, адкуль даносіліся галасы, начальнік паліцыі – правыя.
Акенца было адно, злева. Направа пры глухой сцяне ўзвышалася панель з прыборамі, падобнымі на манометры са стрэлкамі, мігалі чырвоныя лямпачкі. Ніз панелі быў скошаны, як вечка школьнай парты, на ёй таксама былі нейкія пераключальнікі і кнопкі, стаяў нізенькі мікрафон. Крэсла каля панелі было пустое, аператар стаяў каля глухой тарцовай сцяны з рукамі на патыліцы, а паліцэйскі лапаў яго, абмацваў.
– Што здарылася? Гэта самавольства, я скардзіцца буду ўладам! – гразіўся аператар, спрабуючы павярнуцца тварам да ўсіх, але яго штурхаў паліцэйскі ў спіну, прымушаў глядзець у сцяну.
– Можаце… Можаце скардзіцца… – гарбаносы афіцэр сеў на крэсла каля мікрафона, а на другое, каля невялічкага століка побач з панеллю, паказаў другому паліцэйскаму, падаў яму папку з паперамі. Той расклаў усё і замёр, чакаючы, што будзе дыктаваць афіцэр. Яшчэ адзін паліцэйскі стаяў каля дзвярэй, дзе і Радж спыніўся, але ім давялося адступіцца ўбок – зайшоў нейкі акулярык у белым халаце, за ім начальнік паліцыі. Акулярыка паставілі каля той жа сцяны, што і аператара, толькі ў другім кутку, таксама абшукалі.
– І ўсе? – здзівіўся афіцэр, паварочваючыся разам з крэслам да народу.
– Больш нікога не знайшлі,– сказаў начальнік паліцыі.
– Толькі што мы бачылі – пад ваду пайшоў аквалангіст. Ён у пячору? – нібы між іншым спытаў у аператара афіцэр.
– Якую пячору? Мо рыбы захацеў на вячэру настраляць, – адказаў той.
– Не раім корчыць дурня. Мы ведаем больш, чым вам здаецца. Дзе астатнія? Таксама ў пячоры?
– У пячоры… – буркнуў аператар. – Фауну вывучаюць.
– Ага… Ваша імя?
– Майкл Стоўн.
– А вашага вучонага прыяцеля?
– Джордж Стоўн.
– Уга – браты? Нешта не падобныя.
– А мы ад розных мацярок.
– Дык вось, браты-разбойнікі, расказвайце, чым на самай справе вы тут займаецеся. Толькі хуценька і не цямніць. Дарэчы, Судзір таксама ў пячоры? З дэльфінамі?
– У пячоры. І больш я вам нічога не скажу.
– Ну-ну, цвёрдакаменны2525
Стоўн – камень (англ.). Афіцэр абыгрывае яго прозвішча.
[Закрыть]… Не забывай, што вы ў нашых руках, а не мы ў вашых. Гавары! – крыкнуў так, што Раджу ажно заклала вушы. – Колькі золата ўжо намылі?
У Майкла паніклі плечы.
– Пра золата ў Піта пытайце. І ў Джорджа, ён у лабараторыі працуе. А мая справа – во… – адвярнуўся на момант, кіўнуў на пульт кіравання.
Судзір зацягнуў аквалангі забітых на правы канец пляжа за выступ, дзе пачыналася цемра. Потым хуценька высыпаў з аднаго вядра пароду ў кучу, набраў вады – плюх на тое месца, дзе ляжаў Піт. Калі вада скацілася, падышоў туды, нагнуўся паглядзець, ці не відаць чаго падазронага. Нагнуўшыся, штосьці падняў, паглядзеў, зноў нагнуўся, папаласкаў у маленькай лужынцы, паперакідаў з рукі ў руку, як гарачы вугельчык, нават, здалося Янгу, падзьмуў сабе на рукі. Выняў нож, адпстрыкнуў асноўнае лязо, скрабануў ім знаходку – і ўкінуў «вугалёк» на дно ножнаў, а зверху засунуў нож, задаволена ляпнуў сябе па лытцы. Азірнуўся ва ўсе бакі, паглядзеў на кучу пароды і ўжо ступіў да яе, хацеў пагрэбціся. Але ўспомніў пра лямпачкі. Падышоў да сцяны, выкруціў адну – тую, што была ў сабраным петлямі провадзе, шпурнуў яе далей ад пляжа. Янг пачуў, як лопнула-дзынкнула яна, стукнуўшыся недзе ў цемры аб скалу.
А тут і электрык вынырнуў непадалёк ад выхаду. Галава яго загайдалася, як паплавок, падалася да пляжа. Вылазіў электрык спаважна, нетаропка. Разагнуўся, выбраўшыся. Шлэп, шлэп ластамі.
– Ну, што тут у вас? Я ж рабіў усё як трэба.
– Вось… – паказаў Судзір на скрутак на сцяне. – Некалькі мінут пагарэла, а потым – блісь, і няма. Я выкінуў… І паленым запахла, ізаляцыя, мабыць, пачынала гарэць.
Электрык павярнуў да сцяны, Судзір за ім – амаль ушчыльную.
– Не ве-е-ерце, дзя-ядзечка!!! – закрычаў Янг такім высокім голасам, што сарваўся. – Ён забіць вас хоча!
Электрык у непаразуменні павярнуўся на голас.
І тут жа Судзір ударыў – не ззаду, як меркаваў спачатку, а ў грудзі. Яшчэ і адштурхнуў электрыка ад сябе, і той загрымеў балонам, падаючы. Дрэсіроўшчык застаўся стаяць, трымаючы настаўлены нож. Гэтак і ў бок Янга павярнуўся, застыў на прысагнутых нагах. Круць-верць галавою ў бакі… Нічога не прыкмеціў падазронага, што прымусіла б адразу страляць лязом ці кідацца з нажом у руках. І выпрастаўся, расслаблена пайшоў да вады, прысеў папаласкаць нож.
Нечалавечая вытрымка. І спакой… А мо была толькі вытрымка? Адступіў ад вады і, не разгінаючыся, не гледзячы на лытку, цаляў нажом у ножны і не адразу папаў, трохі замарудзіў. Вочы Судзіра ўжо свідравалі цемру каля Янга. Пайшоў да электраліхтара, уключыў яго, скіраваў святло ў Янгаў бок – і нічога не ўбачыў. Паставіў ліхтар, пачаў адзяваць свой акваланг. Зашпіліў старанна рамяні, пачапіў на грудзі ліхтар. Успомніў пра ласты – абуў і зашпіліў іх. Пераступіў на плыт, зашлэпаў да яго краю, узяў загубнік у рот і кінуўся бокам у ваду.