Текст книги "Грот афаліны"
Автор книги: Павел Мисько
Жанр:
Детские приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 15 (всего у книги 30 страниц)
– Праграма паказу закончылася. Па маіх назіраннях, прыкладна і ў той жа час актыўна паводзілі сябе многія гледачы. Тром лепшым зараз будуць уручаны сувеніры… – Судзір узяў з сярэдняй пляцоўкі празрыстую шматкантовую скрыначку-круцёлку, пакруціў яе, адсунуў вечка. Дастаў скручаную трубачкай паперку.
– Трэці рад дванаццатае месца! – выкрыкнуў ён, разгарнуўшы паперку. Потым дастаў яшчэ дзве паперкі: – Сёмы рад чацвёртае! Дванаццаты – дзесятае!
Калі ўсе, хто сядзеў пад названымі нумарамі, абышлі басейн, мінулі мосцік, Судзір уручыў ім сувеніры – пластмасавых дэльфінчыкаў на падстаўках.
– Жадаем усім прыемнага адпачынку на Раі! Будзем рады яшчэ раз сустрэцца з вамі! – гэтыя словы ён паўтарыў па-англійску і па-французску.
Усе пачалі ўставаць і выбірацца з-за лавак, а дэльфіны працягвалі вірыць каля ніжняга памоста, чакалі пачастунку. То адзін, то другі самахоць выскоквалі на пляцоўку, паварушвалі хвастамі, разяўлялі раты. Ускочыў і Бобі, і Янг не вытрымаў, падбег да тазіка, узяў рыбу і даў дэльфіняці. З задаволенаю мордаю малыш з'ехаў у ваду, нейкі час яго было не відаць, потым зноў уссунуўся, разявіў рот. Паглядваў Янгу ў вочы хітранька, скрыпеў і хрукаў, паварушваў плаўнікамі. «Ах ты, дуралей малы!» – Янг прысеў каля яго, пачухаў пад плаўнікамі, пагладзіў па галаве, патузаў у бакі за дзюбу-рострум. Бобі задаволена рыпеў, спрабаваў сціснуць зубамі за руку.
Заняўся Бобі і не бачыў, як Судзір запрасіў да сябе ў пакой Гугу. Пачуў толькі глухі ўдар і ўскрык хлопца, затым – другі. Гуга вываліўся з дзвярэй спінаю, дзверы з ляскам стукнуліся аб сцяну. Уставаў хлопец паволі, скурчыўшыся і прыціскаючы далоні да жывата. Паплёўся цераз мосцік, задыхаючыся ад болю і слёз.
– Гуга! Гуга! – двойчы паклікаў Янг, усхапіўшыся з кукішак. Але хлопец нават не азірнуўся – пакіраваў у алею.
– А ты хто такі? Зайдзі-тка да мяне! – Судзір стаяў у дзвярах, яшчэ ў гідракасцюме, не міргаючы таропіў на яго вочы. – Пагаво-о-орым… – апошняе слова сказаў з прыціскам.
Янг зрабіў толькі два крокі, паспеў прачытаць над дзвярыма незразумелыя словы: «Ex aqua omnia»1111
Усё з вады (лац.).
[Закрыть], і тут пачуўся голас Раджа:
– Янг, ты дзе? Давай сюды, я ўжо вызваліўся… Адарваў ногі ад зямлі, пабег на братаў голас. На Судзіра нават не азірнуўся.
Раздзел чацвёртыКалі Янг сказаў Раджу, чым закончылася прадстаўленне, той кінуўся да Судзіравых дзвярэй, даваў у іх кулаком, тузаў за ручку – не адчыніў. «Садыст! Кат!» – крыкнуў Судзіру Радж і вярнуўся ў сваю камору.
Да другога прадстаўлення заставалася якое паўгадзіны. Ніхто не ведаў, ці будзе яно, хоць білеты распрадалі поўнасцю. Судзір з «рэзідэнцыі» не выходзіў.
Шукалі Гугу і Абрахамс, і Янг, аббегалі ўсю тэрыторыю дэльфінарыя – няма! Алі, бліскаючы белымі, ажно блакітнымі зубамі, сказаў, што цераз прахадную не праходзіў. Гуга не мыш, Алі заўважыў бы. На гэта Янг толькі ўсміхнуўся: трэба яму тая прахадная. У любым месцы можна пералезці цераз плот.
– Ах, бедны хлапчук… Ах, няшчасны… Сышоў, назусім сышоў. Ды хто гэта можа вытрымаць здзекі гэтай маўмыры! – Абрахамс азіраўся, баяўся, каб Судзір не падслухаў.
Прыйшлі зноў да дома, пад дзверы «рэзідэнцыі».
– Пан Судзір! Містэр Судзір, містэр Крафт кліча! – не ведаў, як лепш пазваць фанабэрыстага дрэсіроўшчыка Абрахамс. Пабразгатаў нават у дзверы, спачатку паціху, а потым і мацней. – Хуценька, а то Крафт гневаюцца!
– Пайшоў к чорту! – вылаяўся Судзір. Але праз якую хвіліну ўсё-такі адшчапіў дзверы. Быў ён без гідракасцюма, з мокрымі, абы-як наліплымі валасамі, на бёдрах наматаны калахматы ручнік.
– Мяне – няма! Ясна вам? Захварэў! – грукнуў дзвярыма, ажно жаласліва адазваўся звон на сярэдняй пляцоўцы вышкі. Янг у гэты час лазіў па трыбунах сярод лавак, шукаў прыгожыя «фанцікі» ад цукерак і кідаў вокам цераз басейн на Абрахамса і на дзверы.
Абрахамс уздыхнуў – на ўсе грудзі, развёў рукі, роспачна ляпнуў імі па сцёгнах. Паглядзеў на Янга.
– Хлопчык, не ў службу, а ў дружбу – павыбірай паперкі ці яшчэ мо якое смецце з-пад лавак. Вунь там урна. Калі ўбачыў, што Янг паслухаўся, забегаў сярод лавак хутчэй, пакрычаў яшчэ: – А рыбу ты зможаш падрыхтаваць дэльфінам? Хаця тут і навукі вялікай не трэба. Прыбяжыш сюды, то я пакажу, дзе што і як.
– Вось-вось! – адкінуліся дзверы «рэзідэнцыі». – У вас з'явіўся новы дрэсіроўшчык, з ім і майце справу! – Судзір стаяў, сагнуўшыся на адзін бок, і трымаў у руцэ бутэльку. – Ён на ўсе рукі майстар! І Гугу, і мяне заменіць! – зноў бухнуў дзвярыма, зачыніўся.
Абрахамс, божкаючы, трушком пусціўся наўкола дома да другога тарца. Палезе дакладваць містэру Крафту.
У Янга быў вясёлы настрой. Ну – ці не смех? Грозны і незаменны Судзір капрызіць, як раздуранае дзіця. Вельмі ж яму хочацца, каб упрошвалі, умольвалі. Вядома, Янг нашкодзіў Судзіру ў час прадстаўлення, нават вельмі. Але каб з-за такое драбязы адбіваць пячонку Гугу?!
«Крычыць, што я і Гугу замяню, і яго… А што? І замяню! Мне б трошкі падвучыцца самому, з дэльфінамі пазаймацца… І я не задзіраў бы гэтак носа, як ён…» – Янг у гэты момант шчыра верыў, што такое можа быць.
– Дзе… дзе ён, гэты душагуб? – з'явіўся з-за дома задыханы містэр Крафт. – Ён мяне пусціць з торбамі па свеце! Ён за ўсе мае пакуты, за ўсё добрае… інфарктам узнагародзіць! – Аднак у дзверы «рэзідэнцыі» пастукаў пачціва: – Містэр Судзір! Нам трэба пагаварыць.
Падышоў Абрахамс са спалоханым выразам на твары, паказаўся Радж, выціраючы пакуллем рукі. Янг таксама падаўся да іх з Тота на руках.
– Містэр Судзір! Кіньце смактаць віскі: у нас яшчэ сёння два прадстаўленні… Вам хлопчык паможа!
Янг падышоў якраз тады, калі «рэзідэнцыя» адчынілася. Стаяў Судзір у белых штанах, у тэнісцы з эмблемаю дэльфінарыя. Мокрыя валасы гладка залізаны назад. Янг ступіў бліжэй да брата.
Строгі быў і суровы Судзір, быццам і не ён некалькі хвілін назад меў такі растрапаны выгляд, не яго згінала набок бутэлька. Відаць, нешта задумаў, бо ў руках трымаў такія кольцы, якія кідаў дэльфінам у час прадстаўлення. Не глядзеў ні на кога, вылучыў толькі позіркам Янга, кіўнуў на басейн і веерам шпурнуў туды кольцы: «Апорт!» – паказаў рукою на ваду. Янг маланкава сунуў Тота ў рукі Раджу.
– Стой! – крыкнуў Радж. – Ты сабака, каб паноску ў рукі прыносіць!
Але Янг толькі пяткамі мільгануў, боўтнуў у басейн. Вось яно, жоўтае кольца, ужо і руку да яго працягнуў. Ды раптам яно падскочыла, як жывое, і… аказалася надзетым на рострум дэльфіна. Не было калі разглядваць, каторы дэльфін быў такі спрытны, ірвануў на сажонках да наступнага, ружовага. Паспеў схапіць! Астатнія пахапалі дэльфіны, хоць ім ніхто не камандаваў падбіраць.
– Будзем далей гэты нумар так і рабіць: чалавек спаборнічае з дэльфінам – хто хутчэй. – Судзір гаварыў цвёрда, мабыць, рашыўся на гэта канчаткова.
– Я згодны! – Янг адчуваў сябе на сёмым небе ад шчасця. Каб не лічыў, што трэба ў гэты момант выглядаць самавіта, то прайшоўся б на руках, як Абдула.
– Ну, вось і добра! О'кэй, сынкі! Рыхтуйцеся, праз пятнаццаць мінут будзем запускаць людзей, – Крафт з палёгкай выцер лоб і тоўстую шыю насоўкаю.
– Так-то яно так, – умяшаўся Радж, – ды не зусім гэтак. Гуга не займаўся з дэльфінамі ў басейне. Калі Янгу спраўляць усе абавязкі Гугі ды яшчэ ў прадстаўленні ўдзельнічаць, то можна і ногі працягнуць. А зарплату ж містэр Крафт не прыбавіць?
– Ноў, ноў! Хай містэр Судзір даплочвае. Янг робіць палёгку яму, а не дэльфінарыю.
– Чаму ж не дэльфінарыю? – стрымана, але коса бліснуў вачыма Судзір. – Мы можам і зусім новыя нумары прыдумаць, не толькі старыя ўдасканальваць. «Выратаванне дэльфінамі хлопчыка!», «Верхам на дэльфіне!», «Дэльфіны і дзеці!». Можна шыкарную рэкламу прыдумаць, народ валам паваліць. Думаю, што і вам выгада немалая будзе.
– Пабачым, пабачым… – мармытнуў Крафт і пайшоў.
– Дзядзька… Містэр Крафт! – не вытрываў Янг. – А вы дасце мне такую тэніску, як у Раджа, – з эмблемаю дэльфінарыя? – у Янга ажно сэрца замерла: што ён адкажа?
– Тэніску? Ну, тэніску, калі не вернецца Гуга, давядзецца даць. – Крафт азірнуўся, і нешта падобнае на ўсмешку кранула яго губы.
– Тады я згодны на ўсё-ё-о! – Янг задраў рукі і патрос імі.
– Дурань! Малакасос! – сплюнуў сярдзіта Радж. Павярнуўся ісці да сябе ў камору і спыніўся: – Ідзі паскідай адзенне, трэба перамыць, ды хай сохне. У трусіках будзеш выступаць… А ты, паважаны новаспечаны містэр, – звярнуўся да Судзіра, – будзеш адносіцца да яго як мага далікатна. Кранеш хоць пальцам – непаздаровіцца.
«Няхай лае, як хоча… Затое з Раджам буду! У дэльфінарыі буду працаваць!» – Янг стаяў, ачмурэлы ад шчасця, і толькі носам шморгаў. У гэты час ён зусім забыў, што яго шчасце ўзрасло на няшчасці другога.
Пра гэта напомніў Радж, пазрываўшы з яго адзенне ў душы ды яшчэ шлёпнуўшы па тым месцы, адкуль ногі растуць. Янгу не забалела, яму хацелася смяяцца і дурачыцца. Ах, Радж! Не можа зразумець, колькі перажылося Янгу за ўсе дні пасля выгнання, колькі наскавыталася і наплакалася яго душа ад гора і адзіноты. І вось цяпер, калі ўсё гэтак цудоўна складваецца, раптам зноў трэба перажываць з-за таго, што ты – не па сваёй волі! – займаеш месца другога.
– Пад вечар сходзім у порт. Гуга жыве на лодцы, у плывучым пасёлку… Знойдзем!.. Пагаворым, што ён думае далей рабіць. А цяпер – бяжы! – Радж яшчэ раз намерыўся шлёпнуць, але Янг выскачыў як падсмалены.
І закруціўся, як сабака за сваім хвастом. Судзір адразу захацеў уключыць яго ў праграму прадстаўлення замест сябе. Парэпеціравалі транспарціроўку лодкі з Янгам – гэта далося зусім лёгка, потым – заплыў на двух дэльфінах, правільней – дэльфінках, Еве і Доры. Не зусім атрымлівалася, не было такое сінхроннасці, як тады, калі плыў, абапіраючыся на іх, Судзір. Але нічога, усё прыйдзе з часам! А не атрымаецца на двух, то навучыцца сядлаць аднаго і плысці.
Судзір так і не надзяваў гідракасцюма на час прадстаўлення, стаяў на ніжнім памосце ў белых штанах і тэнісцы і толькі каманды падаваў. Задаволены быў Судзір Янгам, толькі выгляду не паказваў… А ў канцы дзённага прадстаўлення, калі мокры і ўзбуджаны Янг яшчэ спіхваў з ніжняга памоста гарэзу Бобі, а той усё ўссоўваўся і ўссоўваўся, падстаўляў жывот і плаўнікі, каб гладзілі і чухалі, ад гледачоў аддзяліліся дзве жанчыны, пайшлі да перакіднога мосціка. Адна, маленькая кітаянка, у штанах з шырокімі калашынамі, несла пышны букет кветак, другая высокая, у шыракаполым капелюшы і белай сукенцы – папяровы пакуначак у руцэ. Судзір пайшоў ім насустрач, на мосцік, прыняў букет, пацалаваў кітаянцы ручку, выняў з букета блакітны канверт і пацалаваў яго. Потым памахаў пісьмом услед кітаянцы і схаваўся ў «рэзідэнцыі». А жанчына ў шыракаполым капелюшы яшчэ здалёк пачала гаварыць, працягваючы рукі ў напрамку Янга: «Повэра бамбіно, повэра бамбіно… Я не ведала, што ты такі маэстра!» А падышла бліжэй, сказала:
– Грандзіёзо, мілы… – і пагладзіла мокрую Янгаву галаву.
Донна Тэрэза! І яна была на прадстаўленні… А ён жа зусім забыў пра яе існаванне! Забыў і пра Тота, які, пачуўшы голас сіньёры, пачаў скавытаць і енчыць, ірвацца з прывязі (Янг прывязаў яго да лаўкі насупраць уваходу ў Раджаву камору).
– Ой, вы зусім забылі пра абед! Прыходзьце з Тота скоранька! А пакуль што вось вам падмацунак, – сунула пакет яму ў рукі.– Бутэрбродзікі, каўбаска… Ды не баўцеся вельмі, а то ў мяне яшчэ сёння запланавана адно мерапрыемства.
– Мы вечарам і абед, і вячэру з'ямо, бо зараз не паспеем. Ды не турбуйцеся вы, сабачка не галодны.
– Міраколо! Гэта проста жахліва! У Тота можа сапсавацца страўнік… Ты ўжо, міленькі, пакармі яго, добра? Ну – чао! Я люблю вас абодвух… Ой – я пабегла! – сіньёра памахала ім пальчыкамі.
Янг тузануў за ручку дзвярэй.
– Што далей рабіць, містэр?..
Судзір ляжаў на канапе, закінуўшы нагу на нагу і разглядваючы паперку, схамянуўся, схаваў яе ў блакітны канверт, а канверт сунуў пад магнітафон на стале.
– Што?.. Перш за ўсё стукаць, перад тым як заходзіш. А яшчэ лепш зусім не заходзіць і не соваць нікуды носа, калі цябе не просяць. Зразумеў?
– Умгу.
– А ўвогуле я табою сёння задаволены… Хоць ты мне і шмат папсаваў крыві… Думаю, мы з табою паладзім, так? – Янг на гэта паціснуў плячыма, і Судзір працягваў: – Ты думаеш, чаму ў нас канфлікты з Гугам былі? Непрыдатны ён для гэтай справы, не любіць яе. У цябе ўсё гарыць у руках, а ў яго – як мокрае гарыць. Ёсць розніца? Ты адпачні з паўгадзінкі, і паспрабуем яшчэ пакатацца на дэльфінах… Ну і… усё спачатку пачнецца, усё спачатку! Такая карусель.
Янг асцярожліва прытуліў за сабою дзверы.
«Задаволены…» Вядома ж, будзе задаволены! Што стаяць на памосце ў сухім і чыстым, толькі каманды падаваць, а што прэць у гідракасцюме, лазіць у ваду, боўтацца для людской пацехі з дэльфінамі… Ёсць розніца! Крафт праўду казаў: вялікую палёгку Янг робіць для Судзіра.
Ішлі з Раджам у раён порта. Праз цэнтр, знаёмаю дарогаю. Радж знарок прапанаваў гэтакі маршрут, хоць па набярэжнай было б хутчэй. Хацеў па дарозе зайсці ў якую лавачку купіць Янгу новыя штаны – адзначыць яго першы рабочы дзень. Старыя былі ўжо добрага слова не вартыя: пачаў Радж выкручваць пасля мыцця – разлезліся на клочча. Аказваецца, ліпелі, свіціліся ўжо. Так і не надзяваў больш. Ішоў у трусіках.
Ногі Янга блыталіся, сабачка ледзь не вывальваўся з рук. Нарабіўся, аказваецца, у першы дзень па завязку. Дый не выспаўся ў мінулую ноч з-за навальніцы.
– Радж, а што такое маэстра?
– Вопытны спецыяліст, майстра, талент у поўным сэнсе слова. А што?
– Нічога… – Янг пасміхнуўся сам сабе. Ну, да майстра яму расці ды расці, можа ўсяго жыцця не хапіць.
Ды як сумясціць тое, што яму хочацца быць капітанам далёкага плавання з сённяшнім жаданнем? Што лепш? Цяжка разабрацца, калі табе няпоўныя дванаццаць. А так не бывае, каб сумяшчаць адно і другое.
Не хацелася ў гэты час Янгу думаць, дзе ён возьме грошы на школу, потым на коледж, потым каб вывучыцца на капітана.
Штаны купілі на плошчы, нават з пласцікавым раменьчыкам. Янг тут жа надзеў іх і стаў амаль як паніч. Радж смехам націснуў вялікім пальцам яму на нос – угору, нібы гэтак задзёрся ён ад радасці. Янг расчулена пацёрся яму аб грудзі лбом.
Шукаць Гугу давялося доўга, блудзіць у лодачным пасёлку, распытваць. Лодкі стаялі пры беразе на прыколе радамі, многа было іх прывязана і да крайняга, усходняга мола. Некаторыя трымаліся на якары самастойна ці былі прышвартованы да іншых лодак, але ўсе ціснуліся як мага глыбей у завадзь між бетонным молам і пірсам-набярэжнай, у зацішак. Гэта мала ратавала, начная бура пазрывала ў многіх будках-надбудовах стрэхі, злажыла сцены, і лодачны гарадок выглядаў так, нібы тут пагаспадарыў які драпежны звер-велікан. Сям-там чуваць былі стук малаткоў, скрыгат пілак. Людзі зноў ладзілі прытулак… Радж і Янг перабіраліся з лодкі на лодку па мастках-дошках або па бартах, пашыраных дошкамі, якія выглядалі як кладкі. Хапаючыся рукамі за хісткія сцены і стрэхі, пераступалі з борта на борт, а лодкі вагаліся і прасядалі, паміж бартамі плёскалася вада.
Урэшце знайшлі Гугу, ён таксама рамантаваў сваю страху. Твар хлопца быў хваравіта скрыўлены, бялкі вачэй зжоўклі. Гаварыў з імі і квола ўсміхаўся, скардзіўся на боль у правым баку – мабыць, Судзір пашкодзіў печань. Трэба было б схадзіць да ўрача, але дзе ўзяць грошы на візіт, а потым і на лякарства? Мо сціхне боль, перастане… І пакуль гаварыў з Раджам і Янгам, малыя браты яго і сёстры, хто крыху адзеты, хто зусім голы, лезлі яму на рукі, на калені, і ён толькі мякка адхіляў іх ці, скрывіўшыся ад болю, ссаджваў, але не праганяў.
– Няма чым і пачаставаць вас… даруйце… – паглядзеў журботна ў вочы Раджу, потым Янгу.
– Радж… – пачаў Янг, і той зразумеў, што трэба ўсё-такі гаварыць галоўнае, дзеля чаго прыйшлі.
– Вазьміце, вось… – Радж дастаў з кішэні пакецік цукатаў, аддаў малым. – Гуга, а ты папраўляйся і прыходзь назад. А пакуль што Янг цябе заменіць.
– Я не вярнуся… Прыйду толькі па разлік – і ўсё.
– Ты прабач… Я вінаваты, гэта з-за мяне папала табе… – язык не слухаўся Янга: гэтак гадка сябе ён яшчэ ніколі не адчуваў.
– Пры чым тут ты! Я даўно збіраўся пайсці ад Судзіра. І трэба было ісці, пакуль не скалечыў… Ну, а гэта была апошняя кропля.
– А як жа ты будзеш жыць? – уздыхнуў Радж.
– Не загіну. От ачуняю трохі, буду ў порт хадзіць з бацькам. А калі і здохну, то гэта нават лепш, чым працаваць у Судзіра.
– Я свайго слова назад не бяру: калі напытаю дзе работу, адразу ж паведамлю табе. Ну – трымайся! – Патрэслі яму руку, нават паляпалі па плячах. Гуга ўгнуўся, каб прыхаваць слёзы.
– Дзякую вам… Вы – як браты мне. Развіталіся, таго не ведаючы, што яшчэ раз, ужо цёмначы, давядзецца прабірацца на гэтую лодку. Несці добрую вестку: пабачылі ў «Лятучай рыбе» Амару, і той сказаў, што яго бяруць ужо афіцыянтам, а месца пасудамыйніка ён замовіў для Гугі: Амара таксама памятаў колішнюю просьбу Раджа.
Добра, што нехта прайшоў пад акном з транзістарам, а то Янг праспаў бы да паўдня. Падхапіўся скоранька, сунуў пад паху Тота – і да дзвярэй. Снедання не было калі чакаць. «Я-я-янг, гэта ты-ы?» – млява мармытнула спрасонку донна Тэрэза і перавярнулася на другі бок.
Сёння ў Янга першы поўны працоўны дзень, трэба спяшацца.
Але як ні спяшаўся, прыйшоў да прахадной акурат тады, як і містэр Крафт. Зусім не фанабэрлівы гэты містэр Крафт: першы паздароўкаўся, нібы бацька, паклаў на плячо Янга руку, прапусціў перад сабою ў прахадную. На пачцівы паклон Малу таксама кіўнуў.
– Ключы! – коратка кінуў ён Малу, і той замітусіўся, забразгатаў сваімі ключамі, адмыкаючы невялікую вісячую шафачку, дзе пад шклом былі развешаны ключы. – Будзеш гэтаму хлопцу замест Гугі выдаваць ключы… – пакуль Крафт гаварыў, Малу ўмудрыўся па-сяброўску падміргнуць Янгу. – Вось гэты – ад уваходных дзвярэй, гэты – ад майго кабінета… – паказваў тым часам Крафт. – Да майго прыходу ключы павінны зноў вісець на месцы. – Там работа невялікая. Абрахамс мог бы табе ўсё расказаць і паказаць, але скажу лепш я. Маленькую прыборку зробіш… Танцуючы зробіш замест фіззарадкі. Хадзем, я раскажу, што можна перастаўляць, праціраць, а чаго нельга чапаць… Шах-мах – і ты свабодны, займайся сваёй справай.
Яны ішлі па алеі, дзе яшчэ трымаўся пад пальмамі і кустамі туман, а Крафт не пераставаў гаварыць:
– І свабодны… У душы будзеш таксама прыбіраць, мыць. Абрахамс скажа – як і чым мыць, дэзінфіцыраваць. І свабодны… На трыбунах прыбярэш пасля прадстаўленняў – і свабодны… Абрахамс вучыў, як рыбу рыхтаваць? Ну во… І свабодны.
«Ага… – думаў Янг з горкай усмешкай, – і ляжы-адпачывай. А яшчэ ж рэпетыцыі, прадстаўленні… І свабодны, і адпачывай! Улез у кабалу… У колькі ж гэта мне трэба будзе ўставаць, у колькі прыбягаць, каб да яго прыходу ўсё зрабіць і павесіць на месца ключы? А калі ж вучыцца з маскай плаваць, з аквалангам? Яшчэ гэты сабака зваліўся на маю галаву…»
Па рыплівай і зыбкай лесвіцы (прыступкі ажно стагналі пад цяжарам Крафта) містэр узбіраўся першым. Соп і гаварыў:
– У нас яшчэ ёсць малы басейн – з рыбамі і чарапахамі. Калі б ты згадзіўся часам і там паплаваць, было б проста о'кэй! На буксіры ў чарапахі, а? Публіцы падабаюцца незвычайныя штучкі.
– А Гуга там плаваў?
– Не. Мне здаецца, Гуга нават плаваць не ўмеў. Ні разу яго ў вадзе не бачыў.– Крафт адамкнуў уваходныя дзверы, таўхануў іх. – Ну вось, бачыш – міні-калідорчык, два разы мокраю анучаю махнеш – і добра, – памахаў перад сабою рукою, нібы паказваў, як прыбіраць. – А вось у кабінеце… – ступіў два крокі, сунуў другі ключ у другія дзверы, пацягнуў іх на сябе. – А вось у кабінеце…
На падлозе каля дзвярэй ляжаў блакітны канверт, такі самы, які бачыў Янг у Судзіра. На ім былі напісаны друкаванымі літарамі два словы: «Джэральду Крафту». Містэр з крэктам сагнуўся, падняў канверт, пакруціў у пальцах. Паштовага штэмпеля на канверце не было. Янг абышоў Крафта і ўбачыў, што твар яго ўстрывожаны, а рука з канвертам дробненька дрыжыць.
– Ага, дык пра што я гаварыў? – схамянуўся містэр Крафт. Руку з канвертам апусціў уніз.
– Пра кабінет. А толькі я хачу сказаць адразу, што ў малым басейне я плаваць не буду. Дый Радж не дазволіць. – Янг вырашыў схавацца за брата. Дай гэтаму містэру палец, дык ён і руку адкусіць.
– Ну – мы пра гэта яшчэ будзем гаварыць. І з Раджам пагаворым… Праціраць тут будзеш падлогу, стол, крэслы, табурэт, лямпу, тэлефон, вентылятар настольны, сейф, падаконнікі… На стале нічога не перастаўляй, месцамі не мяняй. Сметніцу можаш выносіць не кожны дзень, усе паперкі з яе абавязкова спальваць. Чытаць нічога не трэба, нічога цябе не павінна цікавіць.
– Я такі канверт учора ў Судзіра бачыў. Яму нейкая кітаянка разам з кветкамі паднесла, – нечакана для сябе сказаў Янг. Тота вырываўся з рук, скуголіў, яму хацелася пабегаць.
– Такі ці гэты самы? Якія надпісы былі на ім?
– Не заўважыў.
– Такія канверты можна купіць на кожным рагу, у кожнай гасцініцы. І на кожным які-небудзь заклік. Тут: «Наркотыкам – бой! Уратуем нацыю ад «белай смерці»!» Во-ось… Сёння можаш тут не прыбірацца, а заўтра – папрашу. Усё, што спатрэбіцца для гэтага, пытай у Абрахамса. Ну – я цябе не затрымліваю… – містэр Крафт зноў утаропіўся ў канверт.
Янг вышмыгнуў за дзверы. Па парэнчы лесвіцы з'ехаў, сеўшы бачком, і адразу пусціў Тота пагуляць.
Пачуў, што каля «рэзідэнцыі» Судзіра гамана. Пазнаў галасы Раджа і Судзіра, пакіраваў туды.
– Ты магнітафона не браў? – голас Судзіра быў злосны.
– Калі-і?! Навошта-а?! Учора з Янгам я пайшоў раней за цябе. Ты яшчэ збіраўся з аквалангам на глыбіню лезці… І не забывай, я цябе хутчэй магу абвінаваціць у чым хочаш: гэта ты маеш ключ ад маёй каморы, а не я ад тваёй, – гаварыў Радж, таксама ўжо раздражнёна.
– Не заходзь! Сляды затопчаш… – Судзір растапырыўся ў дзвярах, загарадзіў рукою ўваход. Каля ног у яго стаяў чорны «дыпламат», з якім звычайна прыходзіў на работу.
Радж усё-такі заглянуў у «рэзідэнцыю» паўзверх Судзіравай рукі. Янг таксама сунуў галаву ў дзверы – ніжэй ягонай рукі. І праўда, усярэдзіне было ўсё настармачана, дэльфінчыкі параскіданы абы-як.
– І хто тут што шукаў? Хацелася б мне ведаць… І няўжо ты не чуў ніякага шуму? – пацікавіўся Судзір.
– Я спаў,– адрэзаў Радж. – А што яшчэ прапала?
– Не ведаю. Дэльфінчыкі, здаецца, усе… Магнітафон на стале стаяў, навідавоку – няма. Добра, што «дыпламат» не пакідаў нанач. Я да цябе занясу яго, хай у каморы пабудзе пакуль што… І хадзем да Крафта, трэба званіць у паліцыю… І хай прадстаўленне адмяняе. – Судзір лапнуў пяцярнёю Янга за твар і груба адштурхнуў. Янг чуць не цапнуў зубамі за палец, далонь Судзіра смярдзела нейкім лякарствам.
Янг першы даскочыў да дзвярэй Крафта, не стукаючы, націснуў на ручку…
Містэр, барвовы, наліты крывёю, сядзеў у адзіным мяккім крэсле перад сваім сталом. Галава закінута на спінку, рот крыху разяўлены. На каленях ляжаў надарваны блакітны канверт, а пад апушчанай да падлогі, нібы нежывой рукой – невялічкая паперка. На іх тупат і грукат не зварухнуўся.
Радж першы апынуўся каля містэра Крафта, патузаў за плячо, расшпіліў больш кашулю, узяўся за пульс.
– А-а, ты гэта, Радж… – расплюшчыў дрыжачыя павекі Крафт. Яны былі чырвоныя, вадзяніста-набраклыя. – Там… Там… – злёгку варухнулася правая рука на падлакотніку, указальны палец ківаў кудысьці на стол. Крафт зноў прыкрыў павекі, задыхаў перарывіста, са стогнам.
Судзір зайшоў за Крафтаў стол, адчыніў правую шуфляду, забразгатаў нечым металічным і шкляным. Вось ужо рукі Судзіра над сталом, у іх сабраны шпрыц з іголкаю. Узяў у шуфлядзе нейкую ампулу, адламаў галоўку і набраў з яе шпрыцам лякарства. Рабіў усё ўпэўнена, нібы доктар. Тузануў з разеткі электрычны шнур ад лямпы.
– На, перацісні яму руку вышэй локця… Моцна! – скамандаваў Раджу. – І лепш левую… На падлакотнік яе палажы!
Вена на згібе локця ніжэй перавязкі ўзбухла, як вяроўка. Судзір паднёс да яе наўкос іголку шпрыца. Яшчэ мо і не кальнуў, а ўжо ў шпрыц пырснула з вены кроў. Янг хуценька адвёў вочы: стала нядобра. Позірк упаў на тую паперку, што ляжала каля крэсла злева. Падняў…
Штосьці надрукавана на машынцы, па-англійску. І тут Радж перастаў трымаць шнур, разматаў яго, забраў у Янга паперку.
Чытаў сам сабе, мыляў бязгучна губамі.
– Выкуп патрабуюць… – сказаў голасна. – Дваццаць тысяч долараў. Грошы прывезці не пазней тыдня з дня атрымання папярэджання. Подпіс: «Уайт вайпэ»… «Белая змяя».
– Ум-м… – містэр Крафт зноў расплюшчыў вочы. – Я ж ім плаціў ужо… сёлета… дзесяць тысяч… Толькі забыў, які подпіс быў у першай паперцы. Дзве дабл ю ці дабл ю і ві.
Ніхто нічога яму не гаварыў на гэта. Судзір бразгатаў, разбіраючы над шуфлядаю шпрыц, і быццам не чуў. Урэшце моцна стукнуў далоняй па шуфлядзе, заганяючы яе на месца.
– Я ж ім плаці-іў… Людзі, што ж гэта робіцца?! – з болем стагнаў Крафт.
– Трыяда? – адным словам спытаў Судзір. – Яна жартаў не любіць. Лепш іх не цвяліць.
– А скулу ім у бок! Дзе я вазьму такія грошы? – Крафт трохі зварухнуўся, паглядзеў на Судзіра, нібы той мог падказаць.
– Дзе – гэта вам думаць. Мы ж не ў курсе вашых фінансавых спраў.
– Містэр Судзір, не заходзьце больш у тую майстэрню па сувеніры… І скажыце ім, хай больш не робяць. Трэба эканоміць.
– Наадварот, будзем уручаць не па тры, а па пяць на кожнае прадстаўленне. Я сказаў, каб павялічылі выпуск. А пачнём эканоміць на цэнтах, згубім долары.
– Ум-м-м… – містэр Крафт заплюшчыў вочы.
– І ў мяне бяда. Хтосьці пагаспадарыў ноччу, абакраў. Магнітафон прапаў са стужкаю рабочаю, усе шмуткі перавернуты. Мо адна шайка-лейка дзейнічае?
Званіць трэба ў паліцыю! – хуценька прагаварыў Судзір.
Містэр Крафт мычаў, не расплюшчваючы вачэй.
Янгу здалося, што ў голасе Судзіра няма ўжо ніякай трывогі.
«А мо Судзір і падкінуў гэтае пісьмо? І сам у сябе ўкраў магнітафон, каб адвесці падазрэнне?» – Янг паглядзеў на Раджа: ці гэтак думае і ён? Але па твару брата нічога нельга было пазнаць, і Янг сам спужаўся сваёй думкі. Дык што ж тады атрымліваецца? Хто ж такі пасля гэтага будзе Судзір?
– Пісьмо прыйшло не па пошце. Падсунулі пад дзверы сёння ноччу… – сказаў Крафт бясколерным голасам. – Ніхто з вас нічога не заўважыў падазронага?..
«Не!» – пакруцілі галовамі.
– Дзверы ў калідор адамкнулі, не ўзломвалі. Карысталіся, мабыць, адмычкамі. У вартаўніка і пытаць няварта, нікому ён ключоў не даваў. Акрамя Гугі і мяне, нікому не меў права, а цяпер будзе Янгу даваць… Містэр Судзір, а што за пісьмо вам падалі ўчора з букетам? – нечакана спытаў Крафт.
Судзір паласнуў па Янгу ненавісным позіркам.
– Мала якія запіскі могуць перадаваць жанчыны мужчынам! Ці наадварот… Нават балбатлівы індык не расказвае сваіх інтымных сакрэтаў індычцы, – суха сказаў ён.
– Ага, ну але… Прабачце… Пазваніце паліцыі самі, мяне яшчэ ногі кепска трымаюць. А пра запіску ад «Белай змяі» не гаварыце, а то могуць і не прыехаць. Я ведаю іх – палахлівец на палахліўцу… О, каб гэта было ў старой добрай Англіі! Можна было б увесь Скотланд-Ярд на ногі падняць.
Судзір зайшоў за стол, пераставіў зручней тэлефон. А пакуль перастаўляў і набіраў нумар, гаварыў:
– За поспех сённяшніх прадстаўленняў я не ручаюся. Дэльфіны прывыклі да музычнага суправаджэння… Мо варта адмяніць хоць ранішняе, а правесці рэпетыцыю лішні раз?
– Адмяняць будзем толькі тады, калі, не дай бог, не будзе ніводнага жывога дэльфіна. Я ж не магу здымаць капялюш, жабраваць каля варот… Містэр Судзір, вам давядзецца самому сказаць пару фраз пра дэльфінаў. Што – не мне вас вучыць.
Янг першы шмыгнуў з кабінета. Трэба было тэрмінова рыхтаваць рыбу. Дзе той маруда Абрахамс ходзіць, ці хоць падвёз свежую?