355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 21)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 21 (всего у книги 30 страниц)

2

Пра яду забыліся. Кожнае вядро каменнага друзу і гравію, галькі перагрэбалі ўтраіх. Янг не спяшаўся пад ваду. Некаторыя падазроныя галушачкі таўклі камянямі на плітах-кавадлах.

Нідзе не бліскала ніводнай металічнай іскрынкі.

– Амара казаў, што самародкі золата зверху не блішчаць. Правярайце кожны галышок, а я – паплыў! – Янг зноў браў вядро, клаў у яго камень-грузіла і шлэпаў асцярожна ў ваду.

Круг пошукаў штораз пашыраў, зачэрпваў грунт з рознай глыбіні. Заплывы рабіліся ўсё даўжэйшыя. Чым далей ад берага, тым менш было гравію і галькі, усё большалі камяні-наплывы, часцей трапляліся трэшчыны, запоўненыя амаль даверху мулам. Вада мутнаю не была, але бачылася ўсё горш, чым у моры. Не было і той расліннасці, каляровых каралаў і губак, актыній, мала было і рыб. А самае галоўнае – тут было халадней, чым у моры.

Нагроб чарговае вядро, выбавіў на бераг. Аддаў Абдуле і Натачы, а сам сядзеў на сонцы, думаў. Не хацелася прызнавацца нават сабе, што ўся іх задумка з гэтым возерам і пошукамі золата – авантура. Хоць бы распыталі ў каго ці пачыталі дзе – як шукаецца гэтае золата, як «мыецца». Кажуць жа, яшчэ ёсць «залаты пясок» – а што гэта такое, на што ён падобны? Ці блішчаць пясчынкі-крупінкі? А калі і блішчыць штосьці, то ці ўсё тое золата, што блішчыць? Як пазнаць-упэўніцца, чым вызначыць? Бачыў жа золата ў выглядзе гатовых ювелірных вырабаў, упрыгожанняў… Хоць бы ў той жа донны Тэрэзы. Агнём гараць яе пярсцёнкі, завушніцы, кулоны, браслеты. Кожны дзень яна мяняла іх ці камбінавала па-новаму, асабліва калі збіралася на танцы.

Чаму той Піт з кампаньёнам, перш чым залазіць у возера, перагрэбваў пясок і гальку ў ручаях? Ці не таму, што там ужо сама вада папрацавала нямала, прамываючы і пясок і гравій, асаджаючы на дно самае цяжкае – метал?

Значыць, трэба і ручаі праверыць, не толькі глыбокую частку возера. Піт не дурны, калі гробся ў іх.

– Чэрці, ці ёсць у вас што жэрці? – не вытрываў Янг. – Не палезу больш, пакуль не накорміце добра.

Абдула шугануў рэшткі з тазіка ў возера, уздыхнуў.

– Гэта можна. Есці і я заўсёды гатовы.

– Янг, табе трэба добра падсілкавацца, – сказала Натача і пайшла пад навісь скалы, дзе ляжала торбачка. – Бывала, як накупаешся, папамокнеш у вадзе – і д'ябла з рагамі, здаецца, з'еў бы!

– Самы цярплівы – гэта я. У цябе торба вунь дзе, а мой скрутак пад майкаю, ужо мазоль нацёр на пупе, – і Абдула дастаў з-за пазухі свой пакунак. – Вось… прывітанне ад донны Тэрэзы.

У пакунку былі дзве надрэзаныя булачкі, з надрэзаў спакусліва тырчалі смажаныя лустачкі акулінага мяса.

А Натача дастала з торбы каструльку з пшанянай кашай, добра запраўленай какосавым алеем і смажанай цыбуляй, падсмажаныя кружочкі маньёкі, пяць бананаў, вузельчык, жменек на дзве, тоўчанага шпана, запалкі, нож-складанчык з адламаным дзюблем.

– З круп кашу заўтра зварым, а гэтую зараз разагрэем. Абдула, дровы трэба! – распарадзілася яна.

– У-у, я і так з'еў бы, – завёў Абдула, але Янг сказаў: «Схадзі, схадзі, я пацярплю…» – і той палез на кручу.

Калі Абдула адышоў настолькі, што пачуць іх не мог, Янг сказаў:

– Ты ведаеш, якое золата ў самародках на выгляд? Не… І я не ўяўляю. І Абдула… Дык вось, можа стацца, і не знойдзем нічога.

– Ну й што? Згарыць яно няхай! – рэзка адказала Натача.

– А я думаў, насміхацца будзеш.

– Янг, тут так цудоўна, таямніча… Пабудаваць бы хатку каля вады… Або вунь на тым востраве.

– Ага… Здорава!

– …і ўдваіх жыць… Я і ён, і нікога наўкол, адны птушкі спяваюць.

– А хто… ён?

– Адзін казачны прынц… на цябе падобны. Янг пачуў, як шчокі пачалі гарэць.

– Прынцы не жывуць у такой пустэчы. Ім сталіцы падавай, палацы, раскошу.

– А мой прынц не будзе каралеўскай крыві.

Янг паглядзеў на яе, і Натача не вытрымала, апусціла вочы і таксама пачырванела. Гэта і Янга збянтэжыла, і ён адвярнуў галаву ўбок. Але бачыў Натачу, хоць і не глядзеў на яе. Якая прыгожая яна, як пасуе да твару яе светла-ружовая, у жоўтыя і блакітныя кветкі сукенка! Шнурок завязаны трыма пялёсткамі…

– З чаго толькі пражывеш тут? Рыбы і то людскай няма. Каб можна было з рыбы тут жыць, людзі даўно б пасяліліся. Дый аднаму ці ўдваіх – здзічэць можна… Чалавеку людзі трэба.

– І ўсё роўна! Возера – гэта ты здорава прыдумаў. Такая прыгода ў нас… Я ніколі яшчэ такога не перажывала.

– Уляціць табе ад бацькі: кінула работу, прыгод захацелася.

– Я запіску пакінула, што праз суткі вярнуся і ўсё-ўсё ім раскажу.

– А яшчэ што напісала?

– Праўду напісала… Што ідзём з табою абследаваць возера. Толькі пра золата – ні слова!

– Ну і правільна… – пракашляўся Янг. – А я забыў… Раджу запіску… Эх, каб можна было разрывацца на дзве палавіны! Каб і тут пабыць, палазіць і паглядзець, як дэльфінаў ловяць.

– Не гаруй, будзеш жыць – пабачыш, – разважліва, нібы яе маці Прэма, сказала Натача.

– Абдуле нічога не гавары… пра сумненні нашы. Хай пакуль што верыць у золата.

З кустоў загукаў, забыўшыся, Абдула, і Янг пагразіў яму кулаком.

Калі ўрэшце сяк-так трохі пагрэлі, трохі прыпалілі кашу і сабраліся есці, выявілася, што лыжак няма, не ўзялі.

– Па-кітайску будзем, палачкамі. А можна і проста пяцярнёй… – Абдула першы запусціў пальцы ў каструлю – і задзьмуў на іх, замармытаў. Мабыць, апёк. – А лепш не палачкамі, а якія лапатачкі выстругаць. – Але ён не стаў рабіць ні палачак, ні лапатачак, зноў запусціў у каструлю пальцы.

А Янг ачысціў ад кары дзве палачкі, падаў Натачы, абстругаў і сабе. Сяк-так прыстасаваўшыся, похапкам елі. Пасля кашы Натача на закуску выдзеліла па банану. А потым большасцю галасоў было вырашана, што Янгу гэтага мала: ён жа мокне ў вадзе. Хай з'есць булачку. Патарокаўшыся, Янг згадзіўся, але мясам падзяліўся з Тота.

– Лыжкі што – ерунда. А от ліхтар падводны забылі, глыбінямер забылі – гэта кепска. – І, нечакана нават для сябе, Янг аб'явіў: – Паграбіцеся яшчэ ў ручаях, а я сплаваю на паўднёвы бок возера. У аквалангу паветра мінут на трыццаць, хопіць на адно глыбокае пагружэнне. З запаснымі балонамі заўтра буду лазіць… тут кругом… А вы ў ручаях. Добра праверце тыя месцы, дзе Піт з напарнікам лазілі… І вось што: давай і тваю майку, наверсе і ў трусіках перабудзеш, а там – холадна… – паказаў Янг на возера.

Абдула, як звычайна, працягнуў: «У-у-у…», але майку зняў.

– Паможа табе гэтая майка як кашаль хваробе. Яна ж усё роўна намочыцца! – здзівілася Натача.

– Зробім гідракасцюм «мокрага тыпу». Вада, што будзе пад адзеннем, нагрэецца ад цела, а свежая будзе марудна паступаць. Яго майка, мая рубашка – двайная праслойка атрымаецца.

Натача імклівымі рухамі разбэрсала шнуроўку, скінула з сябе сукенку, засталася ў сарочцы.

– На, трайную рабі. А ніз у штаны ўбярэш.

– Сукенку не буду надзяваць.

– Ну й дурань. Унь малайцы амаль усе ў спаднічках-саронгах ходзяць. Надзявай! – Натача зноў працягнула сукенку да Янга.

– Я не малаец.

Натача ўпілася зубамі каля пояса сукенкі – тр-р-р.

А потым яшчэ і рукамі рванула – доўга, на ўвесь размах. Сукенка перарвалася папалам.

– Во, блузка атрымалася і спадніца. Надзень блузку як кашулю, – падала яму верхнюю частку сукенкі.

– Дурная… Такую сукенку парвала. Правільна Абдула казаў: не трэба звязвацца з дзяўчынкамі,– выцягнуў шнурок з блузкі, кінуў Натачы.

– Ты на мяне тако-ое пляву-узгаў? – Натача кінулася да Абдулы зноў. Той не стаў куляцца на спіну, а паскакаў па камянях, як казёл. Натача не даганяла.

Янг адзеўся так: спачатку Абдулаву майку, потым Натачыну «блузку», потым сваю рубашку. Натача і Абдула падалі акваланг яму на спіну.

– Доўга не будзь… – гаварыла Натача, нібы маці адпускала пагуляць неслуха сына. Далікатна-ласкава распраўляла складкі рубашкі пад плечавымі рамянямі, памагла зашпіліць паясны, пяшчотна зірнула яму ў вочы і сарамліва патупілася. – Можа, і нам падысці па беразе да паўднёвага боку? На ўсякі выпадак… – падняла яна вочы.

– Па беразе туды цяжка. Па вадзе прасцей… Я па версе паплыву, без загубніка. І хутчэй будзе, і паветра сэканомлю. Ну – не сумуйце! – сунуў ногі ў яшчэ мокрыя з сярэдзіны ласты і тут жа, аж цмокнулі, сарваў іх. Вымыў, паплюхаўшы, пясчынкі з ластаў і зноў «абуўся», зашпіліў раменьчыкі. Забрыў у возера да пояса, памахаў рукою – і рынуўся грудзямі на ваду.

– Трэба было яму вядро ўзяць, – сказаў Абдула. – Зачэрпнуў бы з самага глыбокага месца – а раптам… Мы тазік кружылі, каб самыя цяжкія часцінкі на дно аселі. А ўяві сабе, што гэтае возера таксама тазік і яго трасуць землетрасенні. Былі ж тут землетрасенні, і не раз! От і паскочваліся на самае глыбокае самыя цяжкія часцінкі.

Натача слухала яго і нічога не гаварыла.

3

Янг плыў проста на востраў. Думаў, не больш за сто метраў, а пачаў плысці ды плысці, то адчуў: памыліўся. На вадзе адлегласць скрадваецца амаль у два разы. Аднак вяртацца не хацеў. Перадыхне на востраве, абгледзіць яго… А тады можна і стромы паўднёвы бераг абмацаць, абследаваць. Той раз, калі абыходзілі возера з Амараю, каля вады не змаглі прайсці, карабкаліся зверху, па кручах. Помніць толькі, што зазірнуў з абрыву ўніз і зжахнуўся: «Ух ты… Каб плюхнуўся адсюль…»

Крык птушак на востраве рабіўся ўсё больш прарэзлівы, іх кружылася ўжо над востравам цэлая хмара.

Вылазіць на востраў не стаў, азірнуўся на пакінутых сяброў. Памахаў Натачы, яна стаяла каля вады і глядзела ў яго бок, Абдулы ж не было відаць. Лёг жыватом на гарачы камень, паляжаў, адпачываючы. Скідваць ласты не захацелася, а з імі не вельмі паходзіш па гэтых глыбах, што спякліся, сплавіліся ў адну. Як ні дзіўна, былі тут і густыя кусты, знайшлі за што ўчапіцца каранямі. «Тут, мабыць, гнёздаў, гнёздаў… І яйкі могуць быць…» – але гэтая думка не спакусіла яго. Ляжаў, услухоўваўся ў крыкі птушак і, акрамя гэтых крыкаў, нічога не чуў. Адпачыўшы, паплыў улева вакол вострава на паўднёвы бок яго. Аднак зразу вытыркацца не стаў, стаіўся пад навіссю галін, панаглядаў. Не, нічога падазронага, нават птушкі менш пачалі крычаць… Як прыгожа адсюль, з вострава, глядзіцца паўднёвы стромісты бераг возера! Ён нібы слоены пірог, а самы брыж упрыгожаны зелянінай. Слаі-пласты і шэрыя, і жоўтыя, і рудыя, трохі настармачаныя і пахіленыя набок. Ліўні ці вятры нарабілі ў іх нішаў і нор, і каля гэтых схованак кружацца вастракрылыя, падобныя на вялікіх стрыжоў птушкі.

Янг перавёў позірк на вадзяную гладзь, дзе ярка, толькі дагары нагамі, адлюстроўвалася ўся гэтая круча. Святла тут было больш, чым дзе на востраве, сонца з паўночнага захаду біла промнямі ў гэты бераг-строму, рассыпаючы наўкол залацістыя, святочныя водсветы.

Ціхі ветрык ніяк не калыхаў вады, не сыпаў на яе рабаціння. Але калі паглядзець проста на кручу, а адтуль апусціць пагляд на ваду, можна ў адным месцы заўважыць нейкія няпоўныя кругі-завіткі з агульным цэнтрам. Па гэтых завітках-кругах павольна рухаліся птушыныя пёрцы, лісце. Яшчэ не скеміў, што гэта можа азначаць, а ўжо не вытрываў, паплыў на самы паўднёвы бок вострава, спудзіўшы і тут птушак. У адным месцы на мелкаводдзі ўбачыў патрушчаныя на друз камяні. Пагробся трохі ў іх, паперасыпаў з далоні на далонь, пільна ўглядаючыся. Нічога цікавага…

Паспрабаваў у ластах, расхіляючы гушчэчу зарасніку, выбрацца на бераг. Але падняўся мо метраў на два і адмовіўся: тут і босаму, без акваланга, нялёгка ўзбірацца. З заваяванай маленькай вышыні зноў паглядзеў на тое месца, дзе кружылася вада.

«Ці не там і ёсць той сцёк, праз які вада прападае з возера? Амара ж казаў: калі вада правальваецца, абавязкова кружыцца на тым месцы, можа нават прагнуцца, як лейка… А тут і кружыцца, і прагнулася, здаецца…»

Золата было начыста забыта. У галаву палезла другое: а ці нельга агледзець, абмацаць той сцёк? Што там – яма-калодзеж ці шчыліна ў скалах? Знікае вада, а куды? Недзе там, за кручаю, мора… Дык што – падземная рэчка туды вядзе?

«Пагляджу… Я ж і хацеў пад гэтым берагам дно агледзець, дык заадно і сцёк пагляджу…»

Ніякай трывогі, ніякага сумнення ў тым, што пагружэнне ў гэтай частцы возера можа быць небяспечным, не адчуваў. Але здагадваўся, што глыбіня возера тут павінна быць намнога большая.

Злез да вады, пашукаў камень-грузіла велічынёю з галаву. «Каб хуценька апусціцца, час не марнаваць…»

…Спуск ішоў імкліва, пад нейкі аднастайны гул. Янг не паспяваў глытальнымі рухамі выраўніваць ціск у вушах, і некалькі разоў балюча кальнула ў перапонкі. Дыхаць рабілася ўсё цяжэй, вада ціснула на грудзі з такою сілаю, што на кожны ўдых даводзілася траціць вялікае намаганне. Хацелася не на ўсе лёгкія ўдыхаць, а патрошкі і чым найчасцей, каб хутчэй забяспечыць сябе паветрам. Густым і цягучым паветрам… Але помнілася Раджава папярэджанне, што бывае з аквалангістамі, калі дыханне збіваецца на такі рытм.

Таямнічая халодная цемра насоўвалася імкліва, і не вытрываў больш, выпусціў камень з рук. Здалося, што пачуў яго стук аб дно. «Ага, блізка ўжо… Цяпер і без каменя можна пагружацца…» Праплыў трохі ў напрамку кручы, хоць ногі і рукі не вельмі слухаліся, дзеравянелі ад холаду. Увагнуў галаву на грудзі, кінуў уніз рукі, запрацаваў ластамі. Цемра згусцела ўжо так, што дно хутчэй угадалася, чым убачылася. Амаль у той жа момант пальцы драпнулі па дне, адчулі ліпкасць мулу і глею.

Густы і раўнамерны гуд, злавесны клёкат чуліся тут мацней, з-за яго не ўлавіць было булькатання пухіроў выдыхаемага паветра, сіпення і свісту лёгачнага аўтамата. Што там можа так раўці? Хіба які матор працуе ці механізм? Тады, на Біргусе, калі ныралі з Мансурам, пад вадою быў такі грукат, што вушы закладвала. Потым гахнула-бабахнула, і беднага Мансура давялося несці на руках дадому. Можа, і цяпер тут рыхтуецца які выбух?

Слізі і мулу на камянях амаль не было. Дно ўсё апускалася і апускалася, роў вады рабіўся нясцерпны. Янг ужо хапаўся за камяні не для таго, каб падцягнуцца ўперад, а каб стрымацца. Нейкая неадольная сіла адрывала яго, разварочвала і так, і сяк, нават нагамі ўперад. І раптам рукі сарваліся з камянёў, Янга закружыла і панесла па крузе. Супраціўляўся бязлітаснай пачварнай сіле як мага, гроб рукамі і ластамі – чым далей ад гэтага рова, ад гэтага дзікага месца! Наверх! Туды, дзе шарэе вада, дзе павінны быць паветра і сонца! Гарачае, жывое сонца…

На гэты раз Янг гроб даўжэй, над галавою ўжо добра пасвятлела. Яго насіла кругамі, а ён усё гроб і гроб, штурхаўся ластамі. Варта было крыху спыніцца, параўняць ціск у вушах і дыханне, як зноў засмоктвала ў глыбіню. Кругі звужаліся, хуткасць вярчэння ўзрастала, мацнеў роў. Янг ужо здагадаўся, што гэта раве вада, правальваючыся пад зямлю, зразумеў, што і яго можа засмактаць туды. На мяжы жаху і вар'яцтва зрабіў яшчэ адзін адчайны рывок угору і адчуў, як левую лытку паласнуў дзікі боль, нагу падкурчыла сутарга… Збілася і дыханне, яно стала бязладным. Янг ужо задыхаўся без паветра. Можа, з асноўнага балона ўсё выдыхаў? Кінуў руку за карак, намацаў вентыль рэзервовага, крутануў з апошняе сілы.

«Легчы на дно, выраўняць дыханне…» – скрозь роў вады пачуў Раджаў наказ.

Бязладнае, некіруемае кулянне… Глухі звон балонаў, Янга ўдарыла аб скалы, прыціснула да шчыліны дагары. Ляжаў упоперак шчыліны, а яго трэсла, душыла, смактала дзікая сіла. Думаў толькі адно: «Не выпусціць загубніка… Удыхаць – працяжна, выдыхаць – працяжна… Ра-а-аз – два-а-а-а… Ра-а-аз – два-а-а-а… Удыхаць – доўга, выдыхаць – доўга… А колькі там яшчэ паветра, ці хопіць, каб адолець гэты вір? – Янг стагнаў ад болю і дыхаў, дыхаў.– Калі ж тая сутарга адпусціць?»

І вось адчуў ужо, што ўдушша мінае, паветра стала хапаць, дыханне выраўнялася. Дацягнуцца б цяпер да лыткі, пашчыпаць яе здранцвелымі ад холаду пальцамі… І дацягнуўся неяк, памяў, пашчыпаў, не чуючы гэтых шчыпкоў. Боль у лытцы стаў цішэць, расцякацца, але нага не слухалася, шалёны паток яе трос, біў, трапаў, мяў, шпурляў, і былі моманты, калі здавалася: вось-вось яна адарвецца і знікне ў прорве. І ўсё ж у нейкі міг Янгу ўдалося яе падкурчыць, а за ёю і правую, уперціся пяткамі ластаў у край расколіны, адштурхнуць цела крыху ў бок ад асноўнага патоку. Буйства вады, д'ябальскі масаж адчувалі цяпер толькі ногі, ласты трэсліся і тузаліся, іх клала вадою то так, то гэтак… Зрабіў намаганне, перавярнуўся на жывот… Упірацца нагамі зрабілася горш, затое можна было хапацца рукамі. На адных руках і падцягваўся, адсоўваўся ад ненасытнага жэрла – здавалася, поўз вельмі доўга, вельмі далёка. Потым адштурхнуўся з усёй моцы ад дна, заперабіраў нагамі, але зразу адчуў, што адпоўз мала. Яго зноў панесла па крузе, пацягнула ўніз, хоць і супраціўляўся, махаў рукамі і нагамі. А потым перастаў супраціўляцца, зрабілася прыемна ад таго, што даў рукам і нагам спакой, што плыве па крузе. У нейкім трызненні ўявілася, што гэта бура ці смерч, які дзесьці яшчэ зусім блізка раве і вые, узняў яго над зямлёю, і ён лунае ў густым паветры, а рукі, простыя чалавечыя рукі служаць за крылы.

І зноў працяглы ўдар аб дно над расколінай, яго крыху паварочала так і сяк, нібы паток сам прымяркоўваў, як лепш умасціць яго, распарадзіцца Янгавым целам. Здавалася, што Янга груба раздзяваюць, здзіраючы жыўцом не толькі адзенне, але і скуру, тузаюць за ласты. Нават зрабілася смешна ад гэтых марных намаганняў вадзяной віхуры. «Пачакай, не рві… Расшпілю зараз…» – дацягнуўся да правай, здаравейшай нагі, адшпіліў раменьчык. Дзікая сіла ў момант сарвала ласт, а прорва з задаволеным ровам глынула яго. Другі ласт не адшпіляў, Янг проста забыўся, што ў яго дзве нагі… Яму ўбачыліся нейкія ўспышкі-сполахі, нібы водбліскі далёкай навальніцы. Здалося, што яго завуць – адтуль, з расколіны-жэрла, з пракаветнай цемры. Пісклявы галасок працінаў усе гукі: «Ну ідзі ж за мною… Ідзі-і-і!» Янгу зрабілася смешна: гэта ж голас таго ласта, што адшпіліў! А раней жа ніколі ён не падаваў гуку, мо хіба саромеўся? «Я зараз… Пачакай, акваланг толькі скіну – замінае… К чорту яго!» Намацаў паясны рэмень, адшпіліў… Апошні раз удыхнуў на ўсе лёгкія і вырваў загубнік з рота. Вадзяная віхура памагла сарваць акваланг з плячэй, і Янг напаследак нават з агідаю адштурхнуў яго ад сябе. Не супраціўляўся ўжо, калі яго пачало разварочваць, усмоктваць у шчыліну, наравіўся толькі, каб менш засядаць і стукацца аб вострыя вуглы галавою, плячамі, менш чапляцца адзеннем, а калі гэта здаралася, то аддзіраў сябе, праштурхоўваўся з п'яным утрапеннем. «Іду-у! Я ўжо іду-у-у!» – крычала ўся яго істота. І калі засеў у вузкім месцы, заклакаваў сабою жэрла, затузаўся, нібы ў перадсмяротнай агоніі, разам з выдыхам крыкнуў проста ў ваду. Крык быў поўны дзікага жаху, бо свядомасць на міг праяснілася, уцямілася – «У пастцы!». Сутаргава затузаўся і ўніз і ўгору, супраць патоку, а лёгкія ўжо крычаць-енчаць – «Паветра-а!».

Топячыся, трацячы прытомнасць, пачуў яшчэ, што нейчыя зубастыя, як у кракадзіла, шчэлепы абхапілі хворую нагу вышэй костачкі, тузанулі бязлітасна, нібы ўпраўлялі вывіх…

4

Натача і Абдула, прывязаўшы Тота да дрэўца, шукалі золата. Не на беразе возера, а ў ручаі, высока, яшчэ перад вадаспадам. І трэба ж было такому здарыцца! Кружылі сёмы тазік – каменьчыкі, галька, гравій, пясок. Збіралі, разглядаючы, зверху большыя камяні, адкідвалі, ссыпалі, грэбліся. Зачэрпвалі ваду і зноў кружылі, перамацвалі асадак. Знайшлася чачавіцінка-гарошына, трошкі пляскатая, у ноздрачкі, з ямкай на баку. Па звычцы паклалі на камень, трэснулі другім зверху. І во дзіва, яна не рассыпалася, а спляскалася. Свежыя драпіны ад каменя зырка-вогненна бліснулі. Яшчэ не верачы сам сабе, Абдула па інерцыі гахнуў другі раз, з усёй моцы, а трэцяга ўдару не зрабіў: рука завісла з каменем каля вуха.

– А дзе… тое? – ледзь прагаварыў, бо ў роце раптам стала суха. – Золата дзе?!

Камень-кавадла быў пусты.

– А во! Прыліпла… – Натача ўзяла з яго рукі камень, адкалупіла жоўта-аранжавы струпок. – Золата! Чэснае слова – золата!

Пакруціла ў пальцах, абгледзела з усіх бакоў, цісканула нават клыкамі: паддаецца на зуб, мяккае! Метал, значыць.

– Дай сюды! – ледзь не вырваў той струпок-аладачку Абдула. І ён абгледзеў струпок з усіх бакоў, і ён пацапаў яго зубамі. – Ух ты-ы… – усхапіўся на ногі, закруціў галавою ў бакі.

– Супакойся, – астудзіла яго Натача, сама з каленяў не ўставала. – Колькі ўжо часу прайшло? Нешта Янга доўга няма.

– З гадзіну… А мо і больш. Зірнула Натача на сонца.

– Больш! А ён жа казаў, што паветра ў аквалангу на паўгадзіны! Я-янг!!!

Ускочылі на ногі, крыкнулі разам.

Рэха адбілася ад паўднёвага берага, прыляцела назад: «…а-а-ах!» Нібы хтосьці пацвяліўся і змоўк.

Ледзь голаў не скручваючы, хапаючыся за выступы, за галіны кустоў, Натача зляцела па строме на нізкі бераг, да вады.

– Я-янг! – Прабегла туды-сюды і зноў: – Я-янг! Адгукніся-я-я!

– Схаваўся недзе, пажартаваць хоча… – спусціўся ўніз і Абдула. – Я сам люблю такія штукі. Пачакаем крыху.

– Пачакаем? А акваланг дзе? Калі б хацеў пажартаваць, не цягаў бы з сабою такі цяжар.

– І на востраве ніякага руху… Птушкі спакойныя.

– Пабеглі на той бок возера! Шукаць трэба! – гарачылася Натача.

– Давай тазікаў тры перабяром, прамыем, і калі не прыйдзе за гэты час, то пойдзем шукаць. – Абдула стараўся быць спакойным. Не верылася, што з Янгам можа што-небудзь здарыцца. Чалавек жа і без акваланга добра плавае, і з аквалангам навучаны.

– Золата жоўтае, а сэрца ад яго чарнее. Хапуга! Бляшкі даражэй табе за чалавека! – кінула гнеўна Натача і пабегла паўз ваду па нізкім беразе ўлева.

Але доўга тут не набяжыш, водмель хутка скончылася, і трэба было лезці наверх.

Абдула прабіраўся за ёю назіркам, не раз гукаў: «Пачакай, не пры на скрут галавы!» А потым і гукаць перастаў. Натача скакала цераз ямы, агінала скалы, паднырвала пад кусты, спускалася ў равы, чапляючыся за галіны і карані – спрытна, лёгка, як малпа.

Калі ўзабраліся на самую кручу паўднёвага берага, былі мокрыя ад поту, мурзатыя. Трымаючыся за кусты, звіслі над абрывам, абшнарылі вачыма і востраў, і ваду да самай кручы. Нідзе нікога!

– Я-я-янг!!! – загалёкалі ўдваіх, без усякай асцярогі.

З вострава з крыкамі ўзнялася хмарка белых птушак, а з-пад ног, з-пад абрыву яшчэ большая хмарка чорных. Але нават рэха не пачулі тут.

– А што там жаўцее на вадзе? – паказаў Абдула ледзь не пад самы бераг.

Жоўтая, нібы здвоеная пляма паволі апісвала па вадзе круг.

– Акваланг! – выдыхнула са страхам Натача. – А дзе ж сам?

Абдула не паспеў нічога сказаць, Натача адступіла ад кручы на некалькі крокаў і рванула з месца, разганяючыся. На самым беражку адштурхнулася нагамі і, апісваючы вялікую дугу, паляцела ўніз. Рукі трымала перад галавою клінам, увайшла ў ваду амаль праменька, нават пырскаў было мала – шчабоўк! Не бачыў Абдула такога прыгожага скачка нават у хлопцаў, а не тое што ў дзяўчынак. Звесіўся, шукаючы яе вачыма на вадзе… Колькі тут вышыні – пятнаццаць метраў, дваццаць? Ад аднаго позірку дух займае!

Натача вынырнула не скора, мабыць, трохі аглушылася ад удару аб ваду. Страсянула галавою, фыркнула – і паплыла сажонкамі, як хлапчук, да жоўтай плямы.

Так, гэта быў акваланг. Натача рванула яго ўгору з сілаю, мо думала, што пад ім завіс Янг. Бліснулі сонечна балоны, зноў пляснуліся на ваду.

– Няма-а-а!.. – крыкнула з адчаем. Паклала рукі на балоны, моцна забарабаніла нагамі, кіруючы да берага.

– Туды!.. Туды!.. Тут не выберашся! – крычаў ёй зверху Абдула, паказваючы на ўсходні бераг. Потым кінуўся туды і сам: каля самай вады, у прыбоі была палоска пяску, на якую можна было выбрацца.

Падхапіў акваланг за рэмень, падаў і Натачы руку. А сам ужо абмацваў вачыма вентылі.

– Каторы з іх ад рэзервовай падачы паветра?

– Во гэты… – Натача хуценька пакруціла вентыль. – Ён адкручаны! – спалохана ўсклікнула яна.

Зразумелі: у Янга не хапіла на пад'ём паветра. Але чаму тады ён адшпіліў акваланг? Знарок, каб падаць ім нейкі сігнал? Пазначыць месца гібелі?

Зразумелі: дзе золата, там і бяда.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю