355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 11)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 30 страниц)

Толькі ў самую спякоту плошча пусцее, а так на ёй заўсёды людна. Людзі шпацыруюць наўкол фантана. Рэдкія закаханыя парачкі падоўгу сядзяць на гранітным беражку, забаўляюцца з вадою: то палошчуць рукі, то затыкаюць якое сопла, апырскваючы адно аднаго. У вадзе сям-там прасвечваюцца манеты, іх вызбірваюць, б'ючыся за кожную, позна ноччу хлапчукі, а сентыментальныя турысты зноў накідваюць. Ёсць там і зелле, у адным месцы распласталіся на вадзе нейкія круглыя лісты, плаваюць пярэстыя рыбы-папугаі.

Асабліва бурныя людскія прылівы, калі вывальваюцца на вуліцу гледачы з недалёкага кінатэатра або валяць патокам на начное шоу ў «Кракен». Чамусьці многім яшчэ хочацца зрабіць хоць адзін круг па плошчы, патаўчыся ў натоўпе, заглянуць у лавачкі з сувенірамі ці ў бары-забягалаўкі. А яшчэ тут і базарчык, і чорны рынак, на якім адбываюцца маланкавыя здзелкі на кантрабандныя тавары. У вірлівым натоўпе і шматмоўнай гамане робіцца гэта непрыкметна, а для грошай законы не пісаны. Ва ўсякім разе, паліцэйскія, што сяды-тады паяўляюцца тут, не заўважаюць ці не хочуць заўважаць нічога процізаконнага.

Радж, калі вяртаўся з заняткаў у містэра Ромеша, дзе браў урокі каратэ, таксама ішоў да фантана. Ад той прыватнай школы каратэ, якую адкрыў Ромеш у адным з падвалаў дома сёмага сектара, да плошчы было ўсяго якіх метраў дзвесце. І Радж прысаджваўся на борцік фантана. Прыемна было пасядзець, слухаючы лагодны плюскат і шыпенне вады, адчуваць, як стома пакідае развярэджаныя і натруджаныя суставы, сціхае боль у мышцах. Даваў містэр Ромеш нагрузку максімальную, кімано штораз даводзілася вывешваць на прасушку ад поту, а то і замываць.

Сядзеў расслаблена, забаўляўся з вадою і ў думках перабіраў Ромешавы павучанні. Каб добра служыць свайму народу, трэба быць фізічна дасканалым. Толькі такі чалавек можа і за сябе пастаяць, і другому памагчы, і народу карысць прынесці. Ромеш ледзь не маліўся на фізічную дасканаласць чалавека і бачыў у каратэ і паратунак, і зброю ў барацьбе за лепшую будучыню народа. Смешны і наіўны Ромеш: як быццам неба можна пратыкнуць кулаком! Ды прыёмамі каратэ могуць дасканала валодаць і ворагі народа, усялякія крывасмокі і прыгнятальнікі.

Адно добра: дзякуючы гуртку пазнаёміўся з некалькімі неблагімі хлопцамі-грузчыкамі з порта, электрыкамі з гатэляў, музыкамі з рэстаранных аркестраў, афіцыянтамі, матросамі з выратавальнай службы. Просты, свойскі народ.

Погляд Раджа слізгаціць па тварах. Механічна адзначае, хто мясцовы ці, ва ўсякім разе, з тропікаў, а хто прыехаў здалёк. У мясцовых скура цёмна-рудая, часам нават карычневата-сіняя, адны кітайцы жоўтыя.

Прайшлі двое пад ручку, адзін з іх таўстун з бліскучым кійком. Вуха Раджа ўлавіла:

– Тут такое казіно-райяль! Лепшае, чым у Манака, – у захапленні ўзмахваў кійком таўстун.

– А я ў рулетку не адважваюся. Жабраком можна астацца.

– Хэ, у карты таксама можна прагуляць.

Калі праходзілі дзяўчаты, погляд Раджа на іх затрымліваўся даўжэй. Прыкідваў, мог бы ў якую закахацца ці не. Яму хацелася ўжо кагосьці кахаць – узрост такі. Дваццаць гадоў ужо!.. «А я і ўяўлення не маю, што такое каханне…» – уздыхалася яму.

Ужо можна было і папіць, і ён паклікаў хлапчука з каляскаю. Развозіў той у шкляным чане, падобным на акварыум, какосавы сок з долькамі апельсінаў, мандарынаў, ананасаў, драбкамі лёду.

– Чарпні разок.

Піў, а сам усё прыглядваўся да людзей. І здалася яму адна постаць знаёмай. Нават не постаць, а хада чалавека. Аддаў хуценька хлапчуку конаўку, кінуў пяціцэнтавік і бегма за тым маладым чалавекам. Ён ведаў хаду гэтага чалавека з дзяцінства: роўненька ідзе, нібы гляк з вадою на галаве трымае. Ён ці не ён? Ён ці не…

– Амара!

– Радж?! – азірнуўся малады чалавек. Абняліся, утварыўшы сярод людзей нерухомы астравок. Пасыпаліся звычайныя ў такіх выпадках пытанні: «Ну – дзе ты? Што парабляеш? Як тут апынуўся?» Больш, вядома, пытаў Радж, бо ў самога Раджа амаль нічога не змянілася.

– Ты як знік з Біргуса, дык больш і не ведаеш нічога, што там нарабілася? – у гэтым пытанні Амары Радж пачуў прыхаваны боль і спачуванне. Адмоўна пакруціў галавою, упіваючыся вачыма ў вочы сябра, а сэрца ўжо балюча заныла. – То мне многа што ёсць расказаць… Чаго мы тут стаім? Давай сюды, у «Лятучую рыбу», – паказаў Амара на бар-рэстаран, на франтоне якога скакалі рознакаляровыя неонавыя рыбы з плаўнікамі-веерамі.– Мне да работы яшчэ гадзіна, пасядзім, пасмокчам кактэйлю.

– А дзе ты працуеш?

– Ды тут жа, у «Лятучай рыбе». Па начах… Сёння чацвёртая ноч будзе. Пасудамыйнікам… Я папрашу буфетчыка, дасць напавер.

– Не, даражэнькі. Плачу я, наяўнымі. Ты яшчэ абжывайся.

– Ну добра, толькі наступны раз – я. Пайшлі абняўшыся.

Усе месцы за столікамі былі занятыя. Амара арганізаваў два месцы за службовым столікам, сам і кактэйлі прынёс з саломінкамі.

…Радж слухаў яго расказ пра ўсё, што натварылася на востраве, і плакаў, як мага прыціскаючы далоні да твару, каб не так вырываліся прыдушаныя рыданні.

– А дзе… пахавалі маці? – знайшоў нарэшце сілу спытаць.

– Не ведаю… Нас жа, жывых, загналі на катэры і павезлі… А там, на Біргусе, бульдозеры ўсё спляжылі. Скрэперы раўнаваць будуць, экскаватары капаць катлаваны пад усякія сховішчы… Няма месца для магілы на Біргусе!

Амара яшчэ расказаў, як шукалі прыстанішча на Горным – спачатку ў балоце, потым, з Янгам, у гарах. І нічога не знайшлі, не было месца біргусаўцам і там, і ўсе пачалі разбрыдацца хто куды.

– А бацька дзе? Янг? На Горным засталіся?

– Я ад'язджаў сюды, то былі на Горным… Ка-хы-ы… Не хацеў табе яшчэ і гэта гаварыць, але скажу. У цябе ж і з бацькам нелады: памуціўся ў розуме… Як убачыў тады, што з маці натварылася, дык і…

Шклянка прыглушана пэнкнула ў руцэ Раджа, па стале расцяклося пітво…

– Прабач, дружа… Не пра такое я хацеў бы гаварыць табе. Але ж… Я ад'язджаў, то бацьку трымалі пад замком… Дзед Амос і Ганеш апекавалі яго, на адной вадзе трымалі. Пост яму рабілі, ачышчэнне. Я чуў, што хацелі, каб на храмавае свята на Галоўным кавадзі нёс з дарамі Вішну.

– Дык ужо ж прайшло гэта свята! Дзе яны зараз, не ведаеш?

– Не. Нікога з біргусаўцаў пасля не бачыў… Кроў на стале… Парэзаўся?

Радж пасмактаў далонь, сплюнуў пад столік.

– Глыбока? Пасядзі… Я зараз пашукаю чаго для перавязкі. І прыбяру тут.

Радж ужо не чуў Амару. Ганяў па ружовай лужыне на стале празрыстыя асколкі. Увушшу звінела… То хацелася сарвацца з месца і некуды бегчы, крушыць-ламаць усё на сваім шляху, то схапіцца за крыс, пусціць яго ў ход. Але на каго падымаць руку? Супраць каго канкрэтна? Канкрэтныя віноўнікі былі там, на Біргусе. «Бедны Янг, колькі яму давялося перажыць за гэтыя дні! Дзе яны цяпер, як жыць будуць?» – гарачлівыя думкі цясніліся ў галаве.

Калі вярнуўся Амара і пачаў забінтоўваць яму далонь, Радж папрасіў і яго напытваць работу для аднаго добрага хлопца.

2

«Усё… Ходу адсюль! Чым надалей! І больш не пападацца…»

Нідзе ні душы, на вуліцы амаль поўны змрок. Дзве-тры лямпачкі высвечваліся сям-там на слупах жоўтымі плямамі. У іх трапяталі кажаны, лавілі начных тлустых матылькоў. Варожа і страхотліва чарнеў цераз вуліцу нейкі сквер. Там, мусіць, была і сажалка. На фоне неба веерныя пальмы здаваліся ўтыканыя шаблямі. На Біргусе Янг не ведаў ніякіх начных страхаў, мог ісці ў лес у любы час ночы. А тут, у самым галоўным горадзе султаната, на Галоўным востраве, яму было страшна.

Павярнуў направа – там, па яго меркаванні, павінен быць порт. І ў тую ж хвіліну пачуў са скверыка прыглушанае: «Э-эй!» Цераз нізенькі плоцік перамахнула невысокая фігурка, кінулася да Янга цераз вуліцу.

– Хай цябе… Я ўжо думаў, які бандыт. – Янг спалохана сплюнуў пад ногі Абдуле.

– А што ў цябе можна забраць? Голы як рыба. Затое ў мяне… На во, еш… Халера, папера размокла… – Абдула дастаў з-за пазухі нейкія цёмныя камячкі з прыліплымі рэшткамі папяровай сурвэткі. Адзін кавалачак упаў пад ногі, і Абдула падняў яго, нібыта дзьмухнуў для прыліку, кінуў сабе ў рот. – Чаго глядзіш? Еш! Гэта з «Трыдакны». Твая порцыя чучы. Мяса, вымачанае ў соусе, падсмажанае на цурачках. Смаката!

Янг падставіў абедзве далоні, потым умесціў усё на левай далоні, адзін кавалачак укінуў у рот. Хлынула сліна, у жываце зарэзала. Толькі цяпер ён адчуў страшэнны голад. Смачнае было мяса, пякучае ад перцу, трохі кіславатае ад соусу. Праглынуў, амаль не жуючы, адзін кавалачак, другі, і схамянуўся: Абдула праводзіў вачыма кожны кавалак. Далей ужо еў так: адзін кавалак кідаў у рот сабе, другі – Абдуле.

– Ты не глытай, як акула. Жуй доўга-доўга, а потым смакчы, як цукерку, і зноў жуй, – павучаў Абдула. Але вучыцца есці так, як Абдула, не было ўжо на чым, мяса скончылася.

– Ты звечара і сядзеў у скверыку?

– Ну! Я цябе чакаў, чакаў у «Трыдакне», бачу ў акно – пайшоў ты на Партовую. «Што такое?» – думаю. Мы ж дамовіліся паабедаць. Я яшчэ не сустракаў чалавека, які б ад гэтага адмовіўся. Я хуценька праглынуў сваё і з тваёй талеркі соус вылізаў. Ага… А тут бачу: нейкія тыпы адарваліся ад акна і на вуліцу, за табою. Я тваё мяса ў паперку загарнуў і таксама выскачыў. Прайшоў трохі і бачу: цябе цап-царап, гоп у машыну, фыр-р-р… Ну, куды ж, думаю, калі не ў паліцыю? І бягом следам.

– І ўсю ноч сядзеў?! – не перастае дзівіцца Янг.

– Я і ляжаў, не толькі сядзеў. Задрамаў быў і спужаўся: а раптам цябе ў гэты час выпусцілі?

– А калі б мяне ўвогуле не выпусцілі – колькі б ты сядзеў?

– Гэтую ноч да канца і яшчэ дзень. Я так рашыў. Я ўсё за вокнамі сачыў, якія свецяцца, хацеў угадаць, у якім ты. Прыкідваў, ці можна залезці, каб выручыць цябе.

– Але, залезеш! Там жа краты на ўсіх вокнах, а знутры пры дзвярах вартавы з пісталетам.

– Во як… А я чакаю і чакаю… Не можа такога быць, думаю, каб дзяцей доўга трымалі… невінаватых. А ты ж бяскрыўдны, як чарапаха. На табе ездзіць можна! Цябе хто захоча, той і абдурыць!

– Не вельмі…– сказаў Янг і пакашляў. Праўду кажа сябар, чыстую праўду. Не прыстасаваны ён да гарадскога жыцця зусім.

– Слухай, а куды гэта мы разагналіся? Я жыву не ў тым баку! – спахапіўся Абдула. – Давай во сюды… – звярнуў у нейкую папярэчную вуліцу. – У мяне ж, я табе казаў, тапчан – во які! – зрабіў тры вялікія крокі.– А ўшырыню – во! – развёў рукі.

Жытло Абдулы было блізка ад праспекта. Зайшлі ў вестыбюль высознага дома, падаліся ў закутак каля лесвіцы. Янг убачыў, што схованка пад першым маршам лесвіцы адгароджана ад вестыбюля сценкаю, устаўлены дзверцы, у іх можна зайсці сагнуўшыся. У верхняй частцы дзвярэй чатырохкутная дзірка – як пацуку пралезці. Стукалі доўга і за ручку тузалі – ніхто не адчыняў.

– Дрыхне, наркаман няшчасны… – уздыхнуў Абдула.

Узяў у кутку мятлу, выламаў цурачку і прасунуў у шчыліну паміж дзвярыма і вушаком, хоць таго вушака і звання не было, падчапіў кручок. Ён упаў, бразнуўшы аб дзверы.

Адчынілі, у твар дыхнула цяжкае, сырое паветра. Абдула працягнуў руку недзе ўправа, пстрыкнуў выключальнікам. Янг убачыў каморку, зробленую некалі для таго. каб хаваць мётлы і вёдры прыбіральшчыцам. Канапа стаяла злева, дзе навісала лесвіца. Побач з канапаю можна было нават стаяць, на гэтым месцы спаў, падкінуўшы цыноўку, худы, як шкілет, стары.

– Завальвайся… – паказаў Абдула на тапчан. – Ага, а ты ўсё зрабіў на дварэ, што трэба? Бо ў нас тут ніякіх туалетаў няма.

Янг на гэта нічога не сказаў.

– А чаму ён спіць доле, а не на тапчане? Вы маглі б і ўдвух памесціцца.

– Маглі б. Але там ён лепш упадабаў: няма куды падаць. Ты лёг? Выключаю… – Абдула ўзяў дзверы на кручок, а тады ўжо выключыў святло. Прабраўся да Янга навобмацак.

– Шкада… Стары ён усё-такі.

– Ды які ён стары? Трыццаць пяць – сорак гадоў. Гэта ён з-за наркотыкаў стаў, як дзед. Усе свае грошы пускае на гераін. Не дзядзька мяне, а я яго ўтрымліваю. Шкада – хворы, няшчасны чалавек… І тапчана шкада, нічога больш у нас няма. Тут хоць над галавою не капае… А так хочацца збегчы куды вочы глядзяць!

– Ты пра мяне ўсё ведаеш, а я пра цябе – не. Дзе твае бацькі падзеліся?

– Бацька рыбаком быў, загінуў у шторм. Нечакана тады шторм наляцеў, многа лодак не вярнулася. А маці ўмудрылася другі раз замуж выйсці, за нейкага гандляра. З'ехала ажно ў Інданезію.

– Ты хто па веры? – пацікавіўся Янг.

– І сам не ведаю. Мо мусульманін? Памятаю, што некалі дзядзька, пакуль не апусціўся, цягаў мяне ў мячэць. Тут, у Свійттаўне, і мячэці ёсць, і буддзійскія храмы, і цэрквы ўсякія.

– Мне ўсё роўна, якое ты веры. Я буду дружыць з табою ўсё жыццё!

– І я з табою, Янг… – Абдула абняў яго. – Я табе братам буду. Нас цяпер трое братоў – ты, я і Радж. От бы пабываць на Раі, з Раджам пазнаёміцца, у дэльфінарый заглянуць! Дэльфіна зблізку паглядзець, пагладзіць.

– Пабываеш! Я думаю перабірацца да Раджа, а калі-небудзь і ты перабярэшся. Я таксама яшчэ не бачыў зблізку дэльфінаў. Радж казаў, яны амаль ручныя, свойскія. А што пад вадою робіцца – як у чароўнай казцы! Я нічога так не хацеў бы, як паплаваць пад вадою. З аквалангам!

– Няма дзіцячых аквалангаў, не разганяйся.

– А не ўсё роўна, дзіцячы ці дарослы? Маску падагнаць можна, а балоны… Нам жа менш трэба паветра, чым даросламу, на тых самых балонах можна і даўжэй прабыць пад вадою, і заплысці глыбей. А ты ведаеш, як я плаваю? Адку-уль! Я лепш за ўсіх малых на Біргусе плаваў і пад вадою магу больш прабыць не дыхаючы.

– Не хваліся вельмі.

– Хочаш – на заклад? Я цябе абганю ўраз.

– Я слаба плаваю, не было калі бегаць на мора.

– А яшчэ ведаеш, пра што я мару? Пабываць з аквалангам на возеры… Ёсць на Горным возера, мы там з Амараю былі, хацелі зямлю знайсці, каб біргусаўцам пасяліцца. І мы такое там бачылі! Толькі ты дай слова, што нікому ні гу-гу!

– Каб мяне акула зжэрла! – пакляўся Абдула.

– Золата ў тым возеры ёсць. Там двое англічан ці амерыканцаў, аднаго Штам зваць, лазілі… Усе рэчачкі і ручаі перапаролі, зямлю настармачылі. Усё прамывалі пароду ў бляшаных рэшатах – кружаць, кружаць, кружаць. Потым тое, што зверху, лягчэйшае, выкідваюць, асадак глядзяць. Так золата шукаюць – Амара казаў.

– Вось гэта штука-а! – Абдула ажно сеў.

– Яны і з дна возера чэрпалі пясок, гравій, глядзелі. Каб нічога не знаходзілі, то столькі б не пароліся… Залаты пясок і самародкі вельмі цяжкія, яны на дно асядаюць. Тыя двое без акваланга плавалі, толькі з маскаю і трубкаю. А вось каб з аквалангам нырнуць!.. Мы пайшлі адтуль з Амараю, а тыя засталіся лазіць.

Абдула часта задыхаў.

– Вось бы нам знайсці па самародку! Абмянялі б на грошы… За золата многа грошай даюць.

– Золата – самыя лепшыя грошы. А што б ты зрабіў з самародкам, каб знайшлі?

– За золата можна знайсці ўрача, бальніцу, дзе наркаманаў вылечваюць. Дзядзьку б на ногі паставіць, тады б я ад яго паехаў… А так – не магу пакінуць старога… І яшчэ: я паступіў бы вучыцца ў коледж.

– І я! Перш за ўсё – вучыцца… Каб потым і на капітана вывучыцца, па ўсіх морах і акіянах плаваць. Увесь свет аб'ехаць! Можна плысці на захад, марак Дуку расказваў, а вярнуцца з усходу… Усё плысці і плысці, і прыплывеш з усходу.

– Я чуў пра гэта. Але не верыцца.

– Праўда-праўда, бо зямля круглая. От глядзі… Дай сюды галаву… От так: паплывём ад левага вока…

– Не выпары, капітан дальняга плавання.

– …ад левага вока паплылі…– Янг заперабіраў пальцамі па галаве Абдулы. – Кругом, кругом… Над адным вухам, над другім… А во ўжо і правае вока, і во – зноў левае. Прыплылі! З другога боку… Зразумеў?

– Ага… Мы будзем сёння спаць ці не?

– А мне і не хочацца. Чаго ты чухаешся, як свіння?

– Ды клапы, мабыць, папрачыналіся, палезлі.

– А што гэта такое? Маскіты?

– Не ве-едаеш клапоў?! Шчаслівы чалавек… Насякомыя такія, рыжыя, пляскаценькія, смярдзючыя. У шчылінах жывуць… А кусачыя – страх!

– Не было на Біргусе клапоў. Хіба што амерыканцы завязуць… Ой, і мяне куснуў! Давай пабяжым дзе-небудзь у сквер, на свежае паветра. На траўку ляжам… А то тут задыхнёмся ўтрох.

– Нічога, нічога… Ты яшчэ не ведаеш, не спазнаў добра, што такое не мець даху над галавою.

Чухаючыся, палеглі. Янг, змораны ўсімі прыгодамі, пачаў драмаць, як Абдула таўхануў пад бок:

– Чуеш? Мы ўсё-такі пабываем на возеры. Паклянёмся давай!

– Клянуся!

– І я клянуся!

3

Пуол бадзяўся як беспрытульны. Супярэчлівыя пачуцці раздзіралі душу. Страх, як туман, ахутваў з галавы да ног. З-за прыступаў гэтага страху адмаўлялася варыць галава. Думкі ліхаманкава пераскоквалі з аднаго на другое. Што рабіць, куды кінуцца? Як перабрацца на Рай без цэнта ў кішэні?

Палавіна дня мінула, засталося яшчэ два з палавінаю дні, якія далі яму для выканання задання. А ён яшчэ і на прасянае зернетка не прыдумаў, як выканаць тое заданне, знайсці таямнічага «R.S.». «Буду Раджа шукаць на Раі… Усё-такі таварыш, сябравалі быццам бы некалі. Ён таксама ў дэльфінарыі працуе, усіх там ведае. Мо падкажа…»

Ноч дабыў Пуол у знаёмым скверыку на знаёмай лаўцы, нават валацугу спароў таго самага. Галодны, нявыспаны, з закарэлымі са сну вачыма пацёгся на базар – там лягчэй што-небудзь раздабыць. Ішоў і сяды-тады, выпрацоўвалася ўжо звычка, азіраўся. Часам здавалася (а мо проста ў страха вочы вялікія?), што нейкія падазроныя асобы віжуюць за ім.

Яму пашанцавала: натрапіў на былога старасту Ганеша і дзеда Амоса. Ганеш, мабыць, зусім аслеп, бо Амос трымаў яго пад локаць, падказваў, як ступаць, куды паварочваць. На паясах у аднаго і ў другога віселі доўгенькія бляшанкі-кансервы, у іх брынчалі медзякі.

– О, землякі, каго я бачу! Здаровыя былі! – першы зачапіў іх Пуол, і прывітанне яго было зусім непачцівым для іх узросту. Для блізіру пачаў распытваць пра здароўе, пра жыццё-быццё на Галоўным. Папытаў, ці не чулі, як там бацька з маткай на Горным пажываюць.

Амос ахвотна адказваў, увесь час звяртаючыся да Ганеша: «Ты чуеш, хто гэта з намі гаворыць? Сын Джывы… Такі гарадскі стаў, такія туфлі абуў…» – «А-а, той рыштанюга, што бацьку абакраў… Ведаю, ведаю…» – адказваў Ганеш.

– Стары! Калі хочаш ведаць, я нічога не краў. Пазычыў проста. Разбагацею – у два разы больш аддам. А ў цябе што тут звініць? – Пуол перавярнуў бляшанку Ганеша сабе ў жменю, тут жа хуценька і Амосаву. – І ў вас пазычаю, аддам з працэнтамі. О, ды ў вас тут крыха нейкая… Вы больш жаласліва прасіце… Ну – за мною не прападзе. Адзью, дзядулі! Шліце тэлеграмы на Горны з прывітаннем ад мяне! – і нават не азірнуўся, знік у натоўпе. Старыя патапталіся, пакруціліся ашаломлена: хто сказаў, што злодзей не страшны таму, у каго кішэні пустыя?

«Цяпер у порт… Паабедаю ў «Трыдакне» і сёння ж паспрабую перабрацца на Рай. Авось удасца… Эх, мала дзяды нажабравалі…» – пашкадаваў Пуол.

І ўсё ж настрой яго палепшаў. Ішоў і нават падчэкваўся на пальчыках. Але галава была забіта думкамі, і, пераходзячы вуліцу, сутыкнуўся з рыкшаю. «Глядзець трэба, чмут!» – гыркнуў на худога, жылістага мужчыну. Той не змоўчаў, таксама аблаяў яго, падняў аглабелькі-раму каляскі з пажылою японкаю і з месца набраў разгон.

Ішоў Пуол і пляваўся. Сутычка здалася нядобраю прыкметаю.

Ён памятаў Чжанавы словы, што абедаць у «Трыдакне» трэба ў правым кутку. Мабыць, першым кутку, а не дальшым, бо дальшы быў недзе за буфетнаю стойкаю.

Сеў спінаю ў самы куток. За гэтым столікам ужо сядзелі змрочны барадаты індус у чалме і стары з галавою, усыпанай белаю шчэццю ад барады да макаўкі. Барада старога дробненька дрыжала, нібы ніяк не мог пацэліць зубам у гарошыну. Ні адзін, ні другі не выклікалі ў Пуола падазрэнняў. Стараўся чакаць заказу спакойна, а сам украдкаю азіраў залу, абмацваў позіркам усіх, хто жаваў, сядзеў, хто піў ля буфетнай стойкі. Час ад часу пакручваў галавою, нібы яго душыў каўнер.

Барадач у чалме і шчаціністы стары пайшлі. На іх месца ад буфета адразу прыйшлі два спацелыя здаравякі ў касцюмах, з бутэлькамі піва і шклянкамі ў руках, хоць можна было знайсці свабодныя месцы і за іншымі столікамі. Селі на крэслы ўпрытык да Пуола – справа і злева, пацмокалі крыху піва са шклянак. Адзін падаўся галавою бліжэй да Пуолавай талеркі.

– Пуол? Не ўскоквай, паводзь сябе спакойна і проста. Мы з паліцыі…– прашаптаў ён.

– Даядай, даядай – мы пачакаем, – сказаў другі.– Піва сербанеш? Добра смагу наталяе ў гарачыню… Не хочаш? Ну, як хочаш. Зірні цяпер пад стол…

Пуол трохі падаўся ад стала, схіліў галаву. Правы мужчына паказаў яму наручнікі і паціху, каб не звякаць, схаваў іх у кішэню. Пуол механічна кінуў у рот камячок ямсавай кашы-пюрэ. Мяккі, жаваць не трэба, а ён прыліп у горле – ні туды, ні сюды, ажно гыкнулася, пацягнула на ваніты.

– Пойдзеш адсюль спакойненька, гуляючы. Ты ж не хочаш, каб цябе бралі ў наручнікі? У цябе дастаткова віны для гэтага… Але ты спакойненька ўстанеш і пойдзеш. На плошчы звернеш на Партовую, за рогам стаіць «Таёта». Адчыняеш заднія дзверцы і садзішся… Паводзь сябе прыстойна, салідна, бо ад кулі не ўцячэш, – паляпаў па вытырклай кішэні першы.

Пуол спакойненька выйшаў з «Трыдакны». У двух кроках ззаду, таксама гуляючы і мармычучы нейкую песню, ішлі тыя двое. Зрабіў усё дакладна, сеў у машыну на задняе сядзенне. Тыя двое тут жа селі справа і злева ад яго, адначасова ляснулі дзверцамі.

У паліцэйскім участку ён трапіў да насатага афіцэра. Пасадзілі перад сталом.

– Закурвай… – пасунуў афіцэр Пуолу цыгарэты.

Пуол працягнуў да пачка руку, але пальцы не слухаліся, цыгарэту ўпусціў, давялося падымаць яе з долу.

– Мне дакладвалі: ты вёў сябе спакойна, – афіцэр пстрыкнуў запальнічкай, паднёс прыкурыць. – Гэта плюс табе… Уся твая эпапея з чалавекам у ружовай касынцы і Янгам нам вядомая. Ты абвінавачваешся ў тым, што ўступіў у злачынную сувязь з падпольнай бандай-трыядай, якая займаецца наркотыкамі.

Аднаго гэтага дастаткова, каб згнаіць цябе ў турме. Але свой лёс ты можаш аблегчыць, вядома… Чыстасардэчна раскажы, хто табе даручаў ісці на сувязь з тым чалавекам, да якога ты падаслаў Янга. Дзе ён жыве, якія прыкметы?

– Яны мяне з-заб'юць!.. – Пуол не вытрымаў, затросся ад плачу. – Яны т-такога мне ніколі не даруюць!

– А яны і ведаць не будуць, што ты нам штосьці расказаў. Мы ж цябе публічна не арыштоўвалі, у наручніках не вялі…– голас у афіцэра мяккі, нават бацькоўскі.

– Ага! Вы не ведаеце «Белай змяі»… У іх усюды вочы і вушы, усюды свае людзі…

– Нават тут? – крыва ўсміхнуўся афіцэр, пастукаў пальцам у свой стол.

– Чжан усё ведае. Нават пра тое, што вы сачылі за мною да самай кватэры. Яны ўжо прыкрылі гэтую кватэру – і канцы ў ваду.

– Чжан – гэта хто? Імя сапраўднае ці выдуманае?

– Не ведаю. Ён кітаец, зараз паранены ў нагу, з кватэры не выходзіць.

– Адрас!

– Не ведаю. Абодва разы мне завязвалі вочы, нават ноччу. Доўга вадзілі, марочылі – управа, улева, угору, уніз…

– А калі мы іголачак пад кіпці загонім табе? Не многа, па адной на кожны пальчык. Во-о такенькіх! – развёў афіцэр пальцы сантыметраў на дзесяць. – Гавары праўду! – прыкрыкнуў.

– Я і т-так… праўду… – Пуол скрыгатнуў зубамі, стрымліваючы дрыготкі плач. – Я яшчэ нічога не ведаю! Мяне нікуды не дапускаюць! Заданне выпрабавальнае давалі…

– Грошай хочаш зарабіць? Ты можаш някепска і ў нас зарабляць, калі часам трохі што раскажаш. Нас цікавяць яўкі, тэлефоны, кватэры членаў трыяды, адрасы падпольных лабараторый па перапрацоўцы опіуму, хто агенты па забеспячэнню сыравінай, месца захоўвання яе, агенты па збыту… Дзе іх марская база, якім транспартам валодаюць, што маюць на ўзбраенні… Пра тое, што ты нас інфармуеш, ніхто, акрамя мяне, ведаць не будзе. Адсюль мы цябе вывезем тайком, каб ніхто не бачыў, што ты быў у нас… Падпішы во гэтую паперку, вось тут во… Укажам табе тайнік, захочаш што напісаць – кінеш туды. А яшчэ лепш – пазвоніш па тэлефоне 11-00-22. Запомніў? Любому, хто здыме трубку, скажаш усё, што хацеў сказаць… Клічка твая будзе… Ну, скажам, Кантужаны… І мы на гэты раз памілуем цябе, не будзем прыцягваць да судовай адказнасці. Праз тайнік атрымаеш першы аванс – пасля першага званка-паведамлення.

Пуол заціснуў далоні між каленяў, угнута ківаўся, нібы збіраўся ўпасці пад стол, прыхавацца ад позірку афіцэра, ад яго слоў.

– Ну?!! – грозна прыкрыкнуў афіцэр, і Пуол уздрыгнуў, разагнуўся.

– З т-такой умовай… – рашыў патаргавацца Пуол. – Вы мяне зараз т-тайком завезяце на Рай, у вас ёсць на чым. Мне трэба заданне выканаць для Чжана, а то мне не будуць верыць.

– Гэта для нас дробязь. Якое заданне – не пытаю. Потым, калі захочаш, раскажаш, – афіцэр схіліўся над сталом, яшчэ бліжэй пасунуў да яго паперку для подпісу.

Пуол дрыжачаю рукою ўзяў ручку… «А хай бы ж папытаў, якое заданне! Хай бы ж!.. Мне ж чалавека трэба забіць… Можа, самому сказаць? Мо яны што прыдумаюць, каб як адкруціцца ад гэтага? Але што яны могуць прыдумаць? І для «Белай змяі» ніякага апраўдання не існуе. Не зраблю – самому смерць…»

Быў момант, калі ўставаў з крэсла, хацеў заенчыць: «Мама-мамачка! Нашто ты мяне нарадзіла на свет?!»


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю