355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 24)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 24 (всего у книги 30 страниц)

Зняў трубку і адразу пачуў, як яна ажыла, загула – якраз гэтак, як у Крафтавым тэлефоне. Здымаў неяк, выціраючы пыл. Але Крафтава гула, і ўсё, а тут…

– Хэлоў? Майкл каля апарата! – зычна сказала трубка па-англійску. – Што за чорт… Ф-фу-у… Ф-фу-у-у! – падзьмулі ў трубку. – Барахліць нешта… Нікога ж там не павінна быць.

Шчоўк… Ціў, ціў ціў, ціў.

Янг забыўся, што трэба дыхаць. Асцярожна паклаў трубку на месца і гэтак жа асцярожна-стрымана выдыхнуў.

Дазабаўляўся!.. Цяпер могуць і сярод ночы прымчацца сюды… «Мала тады не будзе…» Паволі насадзіў вечка скрынкі на месца, пстрыкнуў зашчапкай. «Як гэтая скрынка стаяла? Здаецца, во так…» Каб не пазналі, што нехта чапаў апарат.

І не хацеў, а яшчэ больш ускладніў сваё становішча. Той дзяжурны каля тэлефона (а мо сам галоўны начальнік лагера, бо толькі ў начальнікаў тэлефоны) раскажа раніцаю ўсім, як сам сабою зазваніў тэлефон з пячоры. Чэрці з пекла ці дэльфіны пазванілі, толькі сказаць нічога не змаглі. А нехта з лагернікаў скажа, што не такая ўжо і тайна іх пячора, калі можна ў яе забрацца і званіць адтуль…

Часу на роздум не было. «Ты дзе, Бобі?» – пасвістаў дэльфіняці. Трэба хуценька праверыць, куды вядзе гумавы чорны провад. Мо ўдасца яшчэ сёння ўцячы адсюль.

Бобі падплыў да берага пляцоўкі, высунуў галаву, разявіў рот. Крыху бліжэй падплылі і ўсе дэльфіны, але збіліся ў кучу на левым баку асветленага вадзянога прагалу, а туды, дзе лезлі пад ваду правады, не набліжаліся.

– Сюды давай, сюды… – прысеў на кукішкі, падманьваў Бобі рукою. – І ты, Дзік! Да мяне! – пакрычаў і важаку. Але ні Бобі, ні Дзік, ні Бэла, Дора, Ева не падплывалі. Усе трывожна пасвіствалі, насцярожана паглядвалі на Янга. – Ну і бог з вамі! – Янг зрабіў некалькі глыбокіх удыхаў і выдыхаў, потым узяў у левую руку тоўсты провад, удыхнуў добра напаследак і нырнуў.

Прапускаў провад праз кулак, а праваю гроб і гроб, памагаў і ластам. А потым пачаў перабіраць провад абедзвюма рукамі, падцягвацца. Драпнуў плячамі аб камень… Ага, значыць, заглыблення больш няма, провад ідзе пад скалу. Там выхад, там! Расплюшчыў быў раз вочы – чарната, праз колькі метраў яшчэ раз. Убачыў уперадзе нейкае белае зарыва, учуў шыпенне ці цурчанне. Некалькі разоў стукнуліся аб Янга здохлыя ці аглушаныя (плавалі абы-як) рыбіны. Глыбока у вушах чуў балючае паколванне, ажно гарачым шыбала ў галаву. І тут штосьці вялізнае і імклівае наляцела на яго збоку, хвастом выбіла ці зубамі вырвала з рук провад. З перапуду Янг выдыхнуў амаль усё паветра, а гэта было небяспечна: усплываць далёка, і вельмі цяжка будзе адолець жаданне ўдыхнуць. А страшыдла, развярнуўшыся, бесцырымонна таўханула яго пад грудзі, а потым Янг адчуў, што левая лытка апынулася ў зубастай пашчы. «Дэльфін?!» Янга валаклі і штурхалі адначасова, некалькі разоў зачапіў галавою і плячом за скалістую навісь, і тады дэльфін трохі апускаўся глыбей, але сківіц не расчапляў, нагі не пускаў…

Вынырнулі разам на асветленым лапіку вады каля пляцоўкі з лямпачкай. Дэльфін толькі раз фукнуў паветрам і памчаў у левы бок. А Янг дыхаў і дыхаў, як загнаны. Дзік (а гэта быў ён!) штосьці сярдзіта свістаў і скрыпеў, самкі закружыліся каля яго ў нецярплівым карагодзе, хаваючыся ў цемры і зноў выплываючы.

– Зараза… Каб цябе чэрці валачылі…– ледзь не плакаў Янг. Выбраўся зноў на пляцоўку пад лямпачкай. – Памог, называецца!

Паганяўся трохі за крабамі, лавіў і са злосці шпурляўся імі, цаляў у Дзіка. І чаго дэльфіны так панічна баяцца выхаду з пячоры? Самі баяцца і яго не пускаюць. «А я без вас сюды прыплыву, цішком, вы і ведаць не будзеце… Усё роўна разведаю што трэба!» Папаўся на мелкім і лангуст, адламалася клюшня, і Янг механічна сунуў яе ў рот, паціснуў зубамі, высмактаў мяса. Адарваў і «шыйку»… Смак не вельмі, але цярпець можна. І ўжо знарок хадзіў па пляцоўцы, лавіў не толькі лангустаў, але і крабаў. Голад – не цётка.

Зразумеў канчаткова: уцячы адсюль будзе нялёгка і няпроста. А як падаць пра сябе вестку на волю? Каб трапіла ў рукі Раджу ці Натачы, або Абдуле… Каб ведалі, што жывы, ведалі, дзе знаходзіцца… «На чарпалцы-саўку надрапаць каменьчыкам пісьмо, даць у зубы Бобі або Дзіку – хай плыве… – і сам пасміхнуўся са свае наіўнасці.– Куды паплыве, да каго? Як уталкуеш дэльфіну, дзе Рай, хто такі Радж? Так бывае толькі ў фантастычных кніжках, а не ў жыцці. Ды як адсюль выбрацца дэльфіну, калі ён баіцца нават блізка падплываць да выхаду… Бутэльку з запіскай… Ці некалькі бутэлек… Адсюль жа павінен быць нейкі сток вады. І ў час адліву вада адыходзіць, паніжаецца…» Але і гэты спосаб высмеяў. Ну, дзе возьмеш бутэльку, паперу, чым напішаш? І да каго хутчэй яна трапіць? Толькі сябе выявіш, пачнуць шукаць… А то яшчэ і не так бывае, Радж у газеце чытаў, што нядаўна вылавілі бутэльку, якую ў мінулым стагоддзі кінулі маракі, церпячы караблекрушэнне. Больш за сто гадоў праплавала, а нікому не трапіла ў рукі!

От каб што-небудзь такое прыдумаць… Якое нікому нічога не гаворыць, а толькі Раджу, Натачы ці Абдуле… А што?

Пачаў здзіраць з сябе мокрае адзенне, каб павыкручваць штаны, рубашку. Злазіў у ваду, і зноў пачало калаціць ад холаду.

Круціў штаны – намацаў у кішэні складанчык з абламаным лязом. Узрадаваўся, быццам трапіла ў рукі немаведама якая зброя. Натачын зломак… І як ён трапіў у кішэню? Выкруціў штаны, зноў сунуў ножык у кішэню… А ногі якія «прыгожыя»! Да самага паху ў кровападцёках, драпінах, сіняках.

Рубашка прыстала – ледзьве садраў. І толькі садраўшы, заўважыў, што знялася з рубашкай і тая «блузка», што адарвала Натача ад сваёй сукенкі, і майка. А ён ужо і забыўся пра гэтую «блузку»!

Раз'яднаў адзежыны, выкруціў кожную паасобку. І зноў дзівіўся, разглядваючы сябе. Кровападцёкі былі на ўсім целе, на руках. А правы рукаў рубашкі быў крыху адарваны, з падолка вырваны і целяпаўся кліночак. Пачапаў яго, месцячы да дзіркі, прыгладзіў.

І раптам прыйшла простая думка. Ён падзярэ на кавалачкі рубашку, пусціць іх у ваду. Можа, колькі штук выплыве, мо каторы трапіць на вока Раджу. Брат абавязкова ж будзе шукаць яго, жывога ці мёртвага, і не толькі ў возеры, а і ў моры каля берага. Ён павінен здагадацца пра гэтую пячору, пра сцёк з возера ў мора.

«Не, лепш блузку парву… Яна больш яркая, лягчэй лапік заўважыць… І матэрыя больш арыгінальная, а такіх рубашак – тысячы. Натача пазнае лапік са сваёй сукенкі, калі Радж не здагадаецца…»

Прайшоўся ўправа, за правады, вобмацкам назбіраў ашмоцця водарасцяў пры беразе. Напрыбівала з волі, а мо і ў пячоры растуць, на выхадзе? Паробіць маленькія «лялькі», у кожную загорне і кавалачак водарасці. Будуць больш плывучымі… Навыцягвае з падолка і нітачак, паперавязвае згортачкі, каб не раскручваліся. Па-свойму паперавязвае, з трохпялёсткавымі банцікамі.

Плывіце ў белы свет, нясіце вестку на волю!

3

Мо з гадзіну ці больш падрамаў, накрыўшыся рагожай і прыхінуўшыся плечуком да сцяны. Балелі ад халоднага каменя сцегнякі, ныў хрыбетнік. Рагожа была сырая, аддавала цвіллю. Невядома, ці памагала яна сагравацца – мо адбірала цяпло, прасыхаючы ад цела. Трэба было забраць яе адсюль, можна скарыстаць калі не на бок, то пад бок – усё-такі не голы і слізкі камень. А крабы, пачуўшы цішыню, зусім сталі нахабнымі: поўзалі па нагах, спрабавалі ўскараскацца вышэй. І даводзілася іх адпуджваць ці адбрыкваць нагамі, глушыць ластам.

Крабавы пляж…

Янг чыркаў па выступе скалы лязом складанчыка, вастрыў, правяраў жала на пазногці. Выявіў, што ў яго не проста кавалак рагожы, а мяшок, на дне нават засталася крыха бруднага, у муле, друзу. Вывернуў на левы бок, а потым спусціўся да вады, выпаласкаў і выкруціў. Можна перавярнуць дном угору, прарэзаць дзіркі для галавы і рук – і калі ласка, уздзявай на сябе.

Калі глядзець з Крабавага пляжа, то ўправа ад яго чарнее яшчэ адзін грот. Вялікі ён ці малы? Злучаецца з Храмам ці не? Янг адчуваў, што не супакоіцца, пакуль не абследуе яго. Спачатку пачне без дэльфінаў, а пад канец мо і яны асмеляцца, падплывуць.

Пакінуў рагожу на пляжы, зайшоў за правады, начапіў ласт і рынуўся грудзямі на ваду, узняўшы вялікую хвалю. Рабіў тры-чатыры грабкі і падымаў правую руку ўперад і ўгору, адстаўляў управа – ці тут сцяна? Зноў гроб, зноў мацаў… Ласт, хоць і адзін, прыбаўляў хуткасці. Пераканаўся ў гэтым па гузаках: некалькі разоў моцна стукаўся лбом. Сцяна паволі заварочвала ў левы бок, урэшце закончылася тупым кутам, пачыналася сцяна злева. Відаць, гэты грот самы меншы з усіх абследаваных. Дзіўная пячора, не трыліснік ужо, а чатырохліснік. Штосьці накшталт ліста чынары, ці інакш платана, долькі-лопасці абвостраныя. Выхад, куды вядуць правады, уяўляецца як чаранок ліста.

Праз дваццаць шэсць грабкоў абмацалася пляцоўка, ці парог. Патрымаўся трохі за беражок, адпачыў. Зноў плыў і падлічваў грабкі – пляцоўка цягнецца да сорак першага грабка, потым зноў уздыбліваецца сцяна. Не паспеў яе памацаць пару разоў, як яна знікла з-пад рукі. Ага, паварот… Рог скалы востры, як нос у «Нептуна». Падаўся ўперад і адразу абмацаў сцяну-ўцекача. Азірнуўся назад – лямпачкі не відаць, паглядзеў угору і ясна ўбачыў дзве вялікія зоркі. Не, больш! Пяць… сем… Значыць, трапіў зноў у Храм?

Можна вобмацкам вярнуцца, абследаваць выяўленую пляцоўку.

Мацаў сцяну цяпер ужо леваю рукою, падграбаў праваю. Пачуў каля сябе стрыманае «Пфу-ух-х…». Бобі падплыў, яго выдых больш высокі па тону.

– Ну што, палахлівец, засумаваў без мяне? – Янг завярнуў за той востры рог і неўзабаве ўхапіўся за пачатак пляцоўкі. Узлазіў на яе з такой жа перасцярогаю, як і на тую, дзе першы раз спаў. Уставаў асцярожна – галавою не стукнуўся, выставіў рукі ўперад, не зачапіў ні за што. Так ступіў два крокі, тры… Наткнуўся на сцяну, хоць і не вельмі крутую. Пайшоў, мацаючы нагамі, уздоўж яе, выставіўшы перад сабою адну левую, а праваю скрабучы па сцяне. Сцяна няроўная, дый пад нагамі таксама то пагорачкі, то западзіны. Не даследаваў да канца, перад чарговым выступам асцярожна павярнуўся да вады. Нешырокая, аказваецца, гэтая пляцоўка, але значна лепшая за тую, дзе спаў. І лямпачка добра відаць, нават лапік сцяны каля яе. Вадаспаду амаль не чуваць.

Тут і паселіцца, швэндаць больш не будзе. Адсюль і да Крабавага пляжа не больш як пяцьдзесят метраў. Добра туды плысці – проста на лямпачку. А адтуль? От каб і тут што блішчала…

Засталося толькі сплаваць па той рагожны мяшок, і на сёння будзе ўсё. І так ногі, рукі не слухаюцца. Адпачываць трэба, набірацца сілы. Праўда, адкуль тая сіла возьмецца, невядома: есці ж няма чаго.

Апусціўся на кукішкі, потым лёг на жывот, каб нагамі ўніз спаўзці ў ваду. Але пачуў, як нецярпліва заскрыпеў, затрынкаў дыхалам Бобі. Янг сеў, у вадзе ўжо, працягнуў да малыша руку.

– Прабачэння просіш? Я не сярдую, дурненькі.

Бобі штосьці трымаў у зубах, соўгаў яму ў рукі… Маска ад акваланга! З гарачкі Янг ледзь не ўпусціў яе. «Ну й Бобі! Гэта ж трэба…» А рукі ўжо ліхаманкава абмацвалі яе. Раменьчык цэлы… Гума цэлая… У шкле, здаецца, трэшчына… Нават дзве, яны падобныя разам на літару ві: «V». Будуць асколкі трымацца пад ціскам ці не? Прапусцяць ці не прапусцяць трэшчыны ваду? Тут жа надзеў маску, ссунуўся да Бобі.

Здаецца, нармальна… Эх, каб яшчэ ды што-небудзь было відаць! Не здымаючы маскі, пасвістаў Бобі і паплыў проста на агонь лямпачкі. Пра адпачынак забыўся адразу.

Малыш праплыў побач, потым ззаду. Урэшце зусім адстаў, бо дэльфіны трывожна засвісталі.

Не выбіраўся на Крабавы пляж, а пасунуўся паўз бераг, чапляючыся рукамі, да тоўстага провада. Аддыхаўся добра, правентыліраваў лёгкія. Злавіў некалькі «лялек», што парабіў з Натачынае сукенкі, сунуў за пазуху. І нырнуў, хутка перабіраючы провад абедзвюма рукамі.

На гэты раз спускаўся больш упэўнена. Хутка ўперадзе вада нібы затуманілася, потым і добра пасвятлела. Вось ужо гэтая прасветліна набыла форму шырокага і няроўнага зверху полага, ці заслоны. Провад лёг на дно і пашыўся пад ніз гэтага полага, і Янг пусціў яго з рук. Шыпіць полаг. Вада праз трэшчыны шкла амаль не прасочвалася ў маску, добра было відаць ужо, што полаг складаецца нібы з тысячаў шнуркоў пацерак, расцягнутых ад нізу да столі. Пухіркі-пацеркі не большыя, чым зярняты маісу, і свецяцца белым, як тыя лямпы, што бачыў у калідоры гатэля.

У галаве ўжо звінела, паколвала ў вушах, пад грудзі падварочвалася млоснасць… Яшчэ падсунуўся на крок бліжэй, яшчэ… Пухіркі ўздымаюцца не проста з дна, там штосьці пакладзена металічнае, падобнае на цацачнае, з нізенькімі борцікамі і вельмі доўгае, на ўсю шырыню полага карытца.

Здалося, што вада тут значна цяплейшая, нібы на самай паверхні мора. І гэта насцярожыла больш, чым нясцерпны звон у галаве і колкі боль у вушах. Але спяшаўся, як і раней, мітусліва намацаў за пазухаю «лялькі». Хацеў голаю рукою прапхнуць іх на той бок гарачых пухіркоў, але зноў жа спахапіўся. Сагнуўся як мага на левы бок і пачаў боўтаць нагою, стараючыся ластам праштурхнуць згортачкі на той бок заслоны. «Лялькі» не слухаліся, скакалі ўгору-ўніз, як камары, «таўклі кашу». Некалькі разоў ласт кранаўся пухірковага полага, і нагу нібы тачылі мурашкі. Паспеў заўважыць, што самы беражок ласта скручваўся і раставаў ад пухіркоў, як ад агню, кавалачкі адвальваліся і ападалі на дно.

Ад болю ў вушах ужо хацелася крычаць немым крыкам. Убачыў, як шкло ў масцы знутры раптам укрылі чырвоныя крывяныя падцёкі. У нейкім адчайным першабытным жаху загроб рукамі, замалаціў нагамі (забыў і пра пуцяводны провад!)… Наверх, хутчэй назад, да паветра!

І выплыў наверх, але раней, чым трэба, бо стукаўся, абдзіраўся аб няроўную каменную навісь столі, укрытую ракушкамі. Ледзь не ў агоніі драў кіпцямі столь, змагаўся з жаданнем выдыхнуць, каб не разарваліся грудзі. Паветра! Калі будзе тое паветра?!

Ледзь не трацячы прытомнасць, успоўз крыху на Крабавы пляж, ірвануў маску. Ляжаў ніцма.

Пад шчакою і носам расплывалася цёплая лужынка крыві. Паволі, як макрыца, поўз крывяны струменьчык і з правага вуха…

Раздзел чацвёрты1

Радж бег да Амары. Калі на каго натыкаўся ўпрыцемку, мармытаў: «Прабачце!» – і яшчэ больш прыспешваў сам сябе.

Швейцар у дзвярах «Лятучай рыбы» не пазнаў яго і хацеў заступіць дарогу – «Няма месцаў!». Але Радж так глянуў на яго, так грабянуў-адхіліў з дарогі, што той ажно папярхнуўся і разгублена заазіраўся, шукаючы каго на дапамогу.

– Аніль, падмяні мяне на маіх століках! – крыкнуў некаму Амара ў другой частцы залы і паспяшаўся насустрач. Яго таксама ўразіў Раджаў твар. – Што здарылася? – адразу пацягнуў Раджа да службовага століка, паказаўшы буфетчыку два пальцы. – Расказвай…

Радж сядзеў некаторы час, заціснуўшы галаву далонямі, цяжка дыхаў.

– Ведаеш… Ён ашукаў мяне! Вакол пальца абвёў! А Натача прыбягае… Прапаў, не выплыў!

– Хто ашукаў? Хто прапаў? Гавары толкам! – Амара сеў побач з Раджам, супакойліва, як малога, пагладзіў па плячы.

– Янг… Хто ж яшчэ! Праклятае возера… І трэба ж было вам на яго ўзбіцца!

Рука Амары каўзанула з пляча. Абодва моўчкі няўцямна глядзелі на бакалы з півам, што прынёс і паставіў ім буфетчык. Абодва пагорбіліся, нібы і на плечы Амары лёг неймаверны цяжар бяды. Але не ўсё было зразумела, і ён, вымучваючы словы, распытваў больш, пакуль не ўявіў усё, што адбылося.

– Што рабіць, Бессмяротны? Нікога больш у мяне не засталося… – Радж угнуў галаву, з усёй моцы заціскаючы рот, скрыгочучы зубамі, каб не застагнаць. – Жыць не хочацца…

– Перш за ўсё – вазьмі сябе ў рукі. Нягледзячы ні на што, трэба жыць. Трэба! Цяпер кожны сумленны чалавек на ўліку. Мы ўжо не належым толькі сабе, не можам самі распараджацца сваім жыццём.

– Гэта – у будучым. Ты мне скажы – цяпер што рабіць?!

– Пайсці і пастарацца хоць крыху адпачыць. Раніцы трэба дачакацца… І будзем шукаць… Аднаго не магу зразумець: чаго ён з акваланга вылузаўся?

– Магло быць глыбіннае ап'яненне… Я ж яму нічога пра гэтае ап'яненне не гаварыў… Толькі пра элементарную тэхніку бяспекі… Хіба я мог падумаць, што ён будзе апускацца на такую глыбіню? Адзін, без усякай страхоўкі!.. Я і то яшчэ ні разу на такую глыбіню не спускаўся.

– Ідзі, дружа, дадому. Паспі, калі зможаш… Цяжкі будзе заўтра дзень. Я да цябе прыйду, як толькі развіднее. А ноччу нічога не зробіш, нічым яму не паможаш.

«Паможаш…» Хоць бы цела знайсці… Хоць бы цела…» – роспачліва думаў Радж.

Піва нават не крануў. Пайшоў ад стала моўчкі, не развітаўшыся.

2

Натача кончыла лупіць доўгі, як пакалак, крывы клубень ямса. Парэзала на кружочкі, каб абсмажыць. І тут вярнуўся Радж.

– А я і забыўся табе сказаць… Макароны ж ёсць вараныя. Еш.

– Гэта я на раніцу падсмажу, з сабою возьмем. – У Натачы горна дрыжалі губы.

– У Крафта яшчэ агонь гарыць – забягу. Мо дасць «Нептуна» на заўтра, – сказаў Радж ціха, як прыбіты, і выйшаў.

– Ага, схадзі,– як гаспадыня, згадзілася Натача. Падымаўся Радж па скрыпучай лесвіцы цяжка, па-старэчы.

Для прыліку пастукаў, але дзверы адчыніў, не чакаючы адказу.

За сталом Крафта сядзеў, уткнуўшыся ў паперы, Судзір.

– А дзе… містэр Крафт? – спытаў здзіўлена.

– Быў ды сплыў…– неахвотна падняў галаву Судзір. Выгляд незадаволены: перашкодзілі.– Праўда, заўтра яшчэ зможаш яго пабачыць – будзе тут з натарыусам. І ў Англію паедзе.

– У госці? У водпуск? – усё не мог ачомацца ад такое неспадзяванкі Радж.

– Многа пытанняў задаеш. Гавары, што ты хацеў…

– Я хацеў… З гаспадаром мне трэба было б пагаварыць.

– Слухаю цябе, – Судзір паглядзеў на ручны гадзіннік.

– Дык ты… дык вы…

– Можаш гаварыць «ты», як і раней. Я не пакрыўджуся. Праўда, былі ў нас сутычкі па рабоце… Але дзе іх не бывае? Служба ёсць служба. А хто старое ўспомніць, таму вока вон.

– Дык што – у цябе цяпер трэба прасіцца… прасіць?!

– Ага. Ніхто не ведае, хто ў каго будзе на памінках. Заўтра апошнія паперы на куплю-продаж падпісваем.

Радж памаўчаў, збіраючыся з духам і з думкамі.

– Гора ў мяне… Янг утапіўся… на Горным… Шукаць трэба ехаць.

– О, богі… Калі ж гэта магло здарыцца? Я ж учора яго бачыў.

– То – учора, а гэта – сёння. «Нептуна» буду прасіць… І каб самога з работы адпусціў.

– Мне з табою трэба пра многае пагаварыць. Але пакуль што і ў цябе клопаты, і ў мяне. На днях абавязкова пагаворым.

– Дык я пра «Нептуна»…

– Возьмеш. Я табе абавязаны, можна сказаць, жыццём… Думаю, што потым усе страты ад прастою нагоніш. Так?

– Так, містэр Судзір.

– Ну, нашто так афіцыйна? Я хацеў бы, каб адносіны паміж намі засталіся сяброўскія. Бывай! – крыху прыўзняў над сталом забінтаваную правую руку.

– Дабранач! Дзякую.

«От як… Праглынуў Крафта – і не папярхнуўся. І дзе ён грошай столькі на гэта ўзяў? Зарплата ў яго была толькі напалавіну большая за маю…»

Чырвоныя губы выдадуць таго, хто жаваў бетэль. І сляпому відаць: сам Судзір прыклаў руку да разарэння Крафта. Іначай не гаварыў бы пра гэта з такім спакоем і задавальненнем. Нават вестка пра гібель Янга не вывела яго з гэтага настрою. А хлапчук жа шчыра любіў дэльфінаў, ахвотна, нават празмерна памагаў Судзіру ў рабоце.

Цесна думкам у Раджавай галаве.

Аддаў тапчан Натачы, а сам, узяўшы трохі чаго пад бок, уладкаваўся на лаўцы на дварэ. За цэленькую ноч нават і на волас не замгнуў. Хворае ўяўленне малявала жахлівыя карціны, і ўсё – пра тое, як гінуў, тапіўся Янг. «Я… Толькі я вінаваты ў гібелі брата… Не дапільнаваў, не дагаварыў таго, што павінен быў гаварыць. А трэба было ўсю ўвагу яму аддаць – і за сябе, і за бацьку, і за маці…»

І быў такі цяжкі момант, так аблягло сэрца болем і пакутамі, што хацеў ужо пакончыць з сабою. Ды застагнала, пачала ўскрыкваць у сне Натача, і гэта крыху ацвярэзіла.

Прайшоў у камору, памацаў Натачын лоб. Ён быў гарачы, аж палаў, і Радж узяў ручнік, схадзіў у душ, намачыў. Выйшаўшы, паслухаў яшчэ, як непакояцца, плюхаюць у басейне запалоненыя дэльфіны.

Ручнік крыху памог, хоць і невялікая была ад яго прахалода. Натача задыхала раўней, толькі ўсхліпвала часам тоненька не прачынаючыся. «Бедная дзяўчынка… Наперажывалася… Нічога не сказала – мо на яе вачах загінуў Янг?»

Рэштку ночы прыслухоўваўся, як Натача дыхае. І тое, што не застаўся сам-насам са сваімі думкамі і перажываннямі, а давялося клапаціцца пра другога чалавека, уратавала яго.

Пераканаўшыся, што заснуць не ўдасца, пад раніцу зарадзіў паветрам тры камплекты балонаў, падрыхтаваў два аквалангі і два касцюмы – сабе і Амары, бо рост яго ведаў.

Гэтыя тры камплекты балонаў ды той запасны, што недзе на Горным – чатыры. Павінна хапіць надоўга.

3

Раніцаю Натача ўстала амаль здароваю, гарачкі не было. Пакуль Радж з Амараю рыхтаваліся ў паход, выносілі ўсё, што трэба, на бераг заліва, пакуль спускалі тэльферам да вады «Нептун», прымацоўвалі да кармы матор, Натача збегала ў булачную – ажно ў цэнтр горада. Іх трое, Абдула – чацвёрты, Тота – пяты. Кампанія назбіралася вялікая, і трэба будзе прабыць на Горным мо цэлы дзень. «Гора горам, а чалавеку ўсё роўна трэба падсілкоўвацца», – разважала яна па-даросламу.

Калі плылі да Горнага, Радж усё пытаў абы-што ў Натачы – абы не маўчаць, не заставацца сам-насам з думкамі пра Янга. Спачатку пра ялік спытаў: «Дзе пакінулі?», потым: «А дзе Абдула будзе чакаць?» Памаўчаў, паўзіраўся ў панараму Кампонга, і зноў: «Не гаварыў Янг – добра ён зараджаў балоны, поўнасцю? Які быў ціск на манометры?» Натача адказвала, але коратка і быццам неахвотна: настрой быў прыгнечаны.

Дамоўленасці, дзе будуць прыставаць да Горнага, не было, і Амара скіраваў лявей Кампонга, а потым забраў яшчэ больш у мора, каб абысці папераджальныя буйкі на паласатых бочках каля лагера. Здалёк буйкі здаваліся нейкімі казяўкамі, што паснулі на вадзе.

– Гэта і ёсць той лагер? – пакрычаў Радж.

– Ага-а! – крыкнуў і Амара.

– А дзе ты прычаліш? Там яшчэ ёсць паселішчы?

– Няма! На чысты бераг высадзімся!

– Разварочвайся назад!

– А што такое?

– А то-ое! Я ўжо раз прыставаў да пустога берага, з ялікам. На Раі! Дык мне – во-о! – паказаў Радж на шрам-месячык пад левай сківіцай. – А ялік праламалі і ўтапілі. Давай да прычала!

Амара зрабіў круг у бок адкрытага мора, пакіраваў да Кампонга. Але не вытрываў, усё-такі пракрычаў Раджу:

– Параўна-аў! Там жа кантрабандысты былі ці піраты!

– Тут таксама… Яшчэ невядома хто!.. А калі што з «Нептуном» здарыцца, Судзір у турме згноіць!

Паддаў усім трывогі Радж. Ён і раней адчуваў, што з гэтым лагерам не ўсё проста, а падслуханая размова Піта з Судзірам і зусім насцярожыла. Вельмі ж настырна лез Судзір у кампаньёны да Піта і вельмі ж адбрыкваўся ад гэтага Піт! Можа, лагернікі і навукаю займаюцца, хто ведае. А калі тая навука толькі камуфляж, як і Судзір падазраваў? Мо яны самыя сапраўдныя драпежнікі, здольныя не толькі на выкраданне дэльфінаў. У такіх людзей нічога святога за душою няма.

Спачатку ўбачылі Абдулу – сядзеў на прычале, а потым і ялік. Ушчыльную да яліка падплысці не змаглі, ён быў густа абстаўлены лодкамі. Выбралі месца, дзе больш свабодна каля масткоў, уклініліся і закінулі кармавы ланцуг за прычальны прэнцік, прыкаваны да дошак уздоўж усяго прычала. Замкнулі на замок старанна.

– Ты чаго тут? – першая выскачыла на дошкі Натача.

Абдула, мабыць, скарчанеў седзячы, бо ўставаў няўклюдна, крэкчучы і трымаючыся леваю рукою за сярэдзіну. Правая была засунута за пазуху.

– Я ж табе сказала: заставацца каля акваланга і балонаў! Там начаваць!

– Я іх замаскіраваў у кустах… – сказаў Абдула, падыходзячы і здароўкаючыся з усімі. І адразу перайшоў на плаксівы голас: – Ага, табе добранька! Кінула-рынула ўсё і пабегла! А я адзін на голых камянях… У дзікім лесе, сярод звяроў.

– Пугача спужаўся ці сыча… А там мо хто пакраў і акваланг і балоны.

– А я Тота прывязаў да акваланга.

– От знайшоў вартаўніка! Сканаў недзе там з перапуду… – Натача правяла позіркам па твару Абдулы, па руках. – Праўда што – дасталося табе… Руку чаго трымаеш так? Ану, пакажы!

– Ціха, я сам! – Абдула пачаў памагаць леваю, выбаўляючы правую з проразі манішкі.– Во… Як калодка выпухла… Зламаў, мабыць, са скалы падаючы, як у Кампонг ноччу прабіраўся.

– Дык ты цёмначы адтуль уцякаў, не выбыў да раніцы?! Ну й ну, добра, што шыю не скруціў…– у голасе Натачы прабілася крыху павагі.– Хіба ты бачыш, як кот, ноччу?

Натача абмацала яго руку асцярожна, але ўсё роўна на пухліне засталіся белыя ямкі ад пальцаў. Абдула разяўляў рот ад болю і толькі ахкаў.

Павяла яго да Раджа, які гутарыў з незнаёмым чалавекам, стоячы каля кучы выгружаных рэчаў. Крыху воддаль ад прычалаў пад дрэвамі рыбакі чынілі сеткі, і незнаёмы, гаворачы з Раджам, увесь час паварочваўся да іх і нават рукою паказваў ці падзываў кагосьці яшчэ.

Радж таксама абмацаў Абдулаву руку, асцярожна паварочаў кісць у бакі.

– Пакуль жаніцца – загаіцца. Мо якая дзе трэшчынка і ёсць, а хутчэй за ўсё звязкі парваў ці расцягнуў. Добра было б да якое дошчачкі прыбінтаваць, прывязаць, каб даць руцэ поўны спакой.

– Бабу1818
  Бабу – пашанотны дадатак да імя індыйца, накшталт «пан».


[Закрыть]
, я ведаю такія кусты… Прыкладзеш лісцікаў – і пухліна спадзе, і рана хутка зажыве, – сказаў незнаёмец. – Будзем ісці ў горы, то я пакажу.

– Добра, Даял, добра. Кліч таго другога… Як яго – Мамада? І разбірайце рэчы.

Абдула не збіраўся шукаць дошчачку, буркнуў: «І так зажыве як на сабаку…» – і зноў схаваў руку за пазуху.

Хапала грузу ўсім: два аквалангі, тры камплекты балонаў, два гідракасцюмы, восем выратоўчых кругоў, цвёрдых, залітых пенапластам, дзве дошкі, два металічныя штокі, ласты, маскі, торба з харчам, бухта нейлонавага ліня даўжынёю метраў сто, два цяжкія падводныя ліхтары ў воданепранікальных боксах. І… насілкі для пераноскі дэльфінаў: дзве бамбукавыя жэрдкі, злучаныя кавалкам парусіны. Ніхто не пытаўся, для чаго яны. Насільшчыкам было нецікава, а дзеці здагадваліся. У насілках меркавалі несці назад Янга. Калі знойдуць цела…

Прыхаваны Абдулою акваланг і балоны папашукалі б, каб не Тота. Абдула не мог уцяміць, куды завалок іх ноччу і закідаў ламаччам і лісцем. Але ўчулі тоненькае і хрыплае, як на апошнім дыханні, скуголенне сабачкі і пайшлі на голас. Убачылі яго і жахнуліся: Тота так наблытаў і накруціў за ноч павадок, што аброжак ледзь не задушыў за шыю. У многіх месцах павадок быў пагрызены, пажаваны.

– Бедненькі…– Натача разблытвала і пяшчотна лашчыла Тота. У сабачкі знайшлося яшчэ сілы, каб лізнуць яе ў нос. – Ты храбрэйшы за некаторых баязліўцаў.

– Знайшлі вартаўніка… Каб хто тут быў, то не прайшоў бы міма, павярнуў бы на скуголенне, – дадаў Амара.

Абдула моршчыўся і адварочваў твар, каб не бачылі вачэй.

Радж перш за ўсё абследаваў Янгаў акваланг. Ён быў без ніякіх пашкоджанняў, нават рэзервовае паветра было. Запасныя балоны таксама запраўлены як след – 150 атмасфер ціску.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю