355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 9)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 30 страниц)

2

Радж пачуў тупат ног і крэкт бамбукавых жардзін на перакідным мосціку, потым жорсткае жваканне падэшваў па пяску. Нехта бег.

– Радж! Радж, ты спіш яшчэ? – дзверы моцна затузаліся, ажно задрыжалі сцены. – Бяда, Радж!

Пазнаў голас Гугі.

– Пачакай, адшчаплю! А то яшчэ будынак растрасеш, – гаварыў быццам спакойна, але Гугава трывога перадалася ўжо і яму. Адчыніў – і, уражаны, адступіў, даючы ўвайсці: выгляд у хлопца быў спалоханы, уся яго хударлявая доўгая постаць яшчэ больш выцягнулася, ажно згорбілася.

– Бяда, Радж! Джэйн, мабыць, нежывая!

– Гавары, ды не загаворвайся… Такая вясёлая заўсёды была, жвавая.

– Плавае абы-як, жыватом дагары. Я думаў, яна забаўляецца гэтак, а яна… не дыхае! Дэльфіны выштурхоўваюць яе з вады, а ўсё роўна не дыхае!

– А мо гэта Бобі, а не Джэйн? – Радж прыпусціўся да перакіднога мосціка.

– Сюды! Яны ў дэманстрацыйным басейне… Я добра пазнаў – Джэйн! У Бобі жоўтая драпіна на верхняй сківіцы…

Пасярод басейна амаль насупраць вышкі з пляцоўкамі вада была неспакойная. Дэльфіны вірылі, нібы паказвалі нумар – «марская зорка».

– Там толькі дэльфінкі – Ева, Дора, Бэла… І Джэйн… – шаптаў, схіліўшыся да вады і пільна ўглядаючыся ў дэльфінаў, Гуга. – Джэйн пасярэдзіне…

І праўда, то адна, то другая дэльфінка паднырвала галавою пад Джэйн, падбівала яе рострумам угору. Але штуршкі былі ўжо вялыя, нібы маці і цёткі страцілі надзею ажывіць дзіцяня. Нежывое цела Джэйн прыпадымалася і варочалася абы-як. Адплывалі па чарзе ўбок, шумна-гаротна выдыхалі паветра. З правага адростка-закавулка басейна, у які ўвесь час падавалася помпай свежая вада, з крэйсерскай хуткасцю выскачыў Дзік. Вада за хваставым плаўніком бурліла – так энергічна круціў ім. Прамчаў паўз самы бераг басейна, ажно хваляй абдало хлопцам штаны, нібы хацеў адгарадзіць свой гарэм ад цікаўных. Раджу здалося, што цёмнае, без зрэнкі, вока самца злосна бліснула. І яшчэ раз прамчаў, ужо назад, і стаіўся справа, каля паўночнай сценкі. Радж быў упэўнены, што ён не спускае з іх позірку.

Затое прыплыў да іх Бобі, паклаў галаву падбародкам на цэментавы бераг басейна. Разявіў ружовы, у шараватыя плямы, як у Мансуравага сабакі, рот, паволі выштурхоўваў з рота языком ваду. Праскрыпеў тоненька, жаласліва, потым затрэнькаў дыхалам, задрыжала плеўка-перапонка, што яе прыкрывала: понк-пэнк-пынк-пінк, р-рыў-рын-н, нібы хто правёў кіпцем па зубцах металічнай расчоскі.

– Што, Бобі? Ты маленькі бэбі, а не Бобі… Што ты хочаш сказаць, на што паскардзіцца? – прысеў Радж, пагладзіў яго па гладкай, нібы паліраванай, галаве, патузаў у бакі за рострум. – Бяда ў вас, малышок, бяда… Што тут здарылася, бэбі? Чаму ты не раскажаш?

Бобі паплыў да дэльфінак, закруціўся каля іх, падаючы скрыпучыя гукі.

О, каб мог Бобі ці другі дэльфін расказаць, што тут адбылося!

Радж устаў. На душы было цяжка: дэльфінят усе любілі, як родных дзяцей.

– Радж, павер, я ні ў чым не вінаваты! – Гуга гаварыў гэта, і ажно губы дрыжалі.– Учора я пакідаў іх жывых і здаровых, ніякіх падазрэнняў не было.

– Ніхто цябе не вінаваціць, супакойся.

– Ага! Ты не ведаеш Судзіра! Ён цяпер з'есць мяне… Ён жа пачынаў з маленькімі нейкі нумар рыхтаваць.

– Вечарам усе добра елі?

– Па-рознаму, як заўсёды. Хто больш удзельнічаў у прадстаўленнях, той нахапаўся за дзень. Астатніх дакармліваў… Джэйн, здаецца, мала ела. Усё плавала паціху, не нырала… Але я падумаў, што і ёй перапала, не галодная.

– Судзір быў вечарам? Праводзіў рэпетыцыю?

– Не.

– Да Крафта ты не бегаў? Трэба хутчэй яму далажыць.

– Не было яшчэ яго.

Было восем гадзін раніцы. А палове дзевятай прыходзіць містэр Крафт, а палове дзесятай – Судзір. Рабочы дзень у Гугі пачынаецца ў восем гадзін, бо яму трэба і рыбу рыхтаваць – Судзір дэльфінам не кідае па цэлай, калі заахвочвае пасля выканання нумару. У астатніх супрацоўнікаў пачатак работы ў дзевяць.

У адзінаццаць пачынаецца першае прадстаўленне, у чатырнаццаць – другое. У сераду, суботу і нядзелю – па тры прадстаўленні, апошняе – у шаснаццаць. Пасля кожнага прадстаўлення Судзір разыгрывае «латарэю», уручае некаторым гледачам пластмасавых дэльфінчыкаў, прыклееных да скрыначак-падставак. Тыя дні, калі няма трэцяга прадстаўлення, Судзір займае гэтыя гадзіны на рэпетыцыі і іншыя заняткі з дэльфінамі.

Стаялі з Гугам на мосціку, кожны думаў пра сваё. Пад імі некалькі разоў праплыў, магутна працуючы хвастом, Дзік.

– Гуга-а! – пачулася з заліва. Прыплыў на адрамантаваным яліку, прывёз рыбу з порта загадчык гаспадаркі Абрахамс.

Гуга сарваўся з месца, пабег туды.

– Скажы яму пра Джэйн! – крыкнуў наўздагон Радж. – Трэба ж хутчэй вылоўліваць, а то і так дэльфіны хвалююцца.

А самому палезла ў галаву чорт ведае што. Мо Джэйн атруцілі? Пачалі з Джэйн – як папярэджанне, а потым і да астатніх дабяруцца. Мо прыклалі руку тыя з «WW» ці «WV»? Але ж выпадак з гарпуном быў больш за месяц назад, калі б і захацелі падпужаць яшчэ раз, то зрабілі б адразу, не цягнулі б столькі. А з сённяшнім абстрэлам таксама не звяжаш. Абстрэл быў хоць на некалькі гадзін, ды пазней, чым пачалося ўсё з Джэйн. Вартаўнік гаварыў, што ўсю ноч дэльфіны непакоіліся. А Гуга заўважыў, што Джэйн была як сама не свая яшчэ звечара.

У дэльфінарыі толькі афаліны, іншых прадстаўнікоў сямейства дэльфінаў не трымалі. Малыя дэльфіняты былі па семдзесят – восемдзесят кілаграмаў, самкі – па сто семдзесят – дзвесце. Дзік – усе трыста. Раджу аднаму няма чаго і лезці ў басейн, не справішся з імі. Выпадкаў нападу на чалавека не было. Але хто дасць гарантыю, што такога не можа быць?

Пайшоў да сябе ў камору раздзецца, каб быць гатовым. За гэты час падышлі містэр Крафт і вартаўнік Малу, потым Абрахамс. Малу знарок, мабыць, чакаў Крафта ў вартоўні, каб першым паведаміць пра такую падзею, нібы спяшаўся апраўдацца.

Радж выйшаў да іх, пачуўшы войканне і стогны Крафта. Усе стаялі на беразе басейна каля вышкі, глядзелі на дэльфінаў, і ніхто пакуль што не прапаноўваў, што рабіць.

– Пяцьсот долараў! Пяцьсот долараў з кішэні – фюць! – трагічным голасам шаптаў Крафт.

– Добра, што не Ева ці Дора… Або Дзік… Не пяццю сотнямі пахла б, – гаварыў Малу тое, што і ўсе ведалі.

– О, тады б адразу дзве тысячы выкрэслівай! Ды дзе дзве?! Дэльфіны ж абучаныя ўжо, не сырэц. Паспрабуй дзе дастаць такіх! – бедаваў Крафт.

– А таму праспяваем: «Богу слава!» За тое, што яшчэ не самае горшае абрушыў на галаву, – набожна заўважыў Абрахамс. Па вечарах ён ходзіць маліцца ў нейкую малітоўню, нават лічаць яго там праваю рукою прасвітара. – Пайду хіба сетку вазьму.

Радж як стаяў, адразу боўтнуў у ваду. Думаў, адбярэ Джэйн у дэльфінак, прыбуксіруе бліжэй да берага, каб лацвей было падчапіць сеткаю. Але пачалося нечаканае: толькі Ева, маці, засталася каля Джэйн, астатнія дэльфінкі ўзбуджана закружылі вакол Раджа, даўжэй застаючыся з таго боку, дзе была Джэйн і куды плыў Радж. Як тарпеда прымчаў з паўночнага кутка Дзік, самкі пачціва расступіліся перад ім, каб не замінаць Мансуру. Магутна развярнуўшыся, ажно ўздыбіліся хвалі, заплёскалі ў берагі, Дзік пагрозліва, але з меншай скорасцю рынуўся на Раджа. Рострум трымаў пад вадою так, нібы зрыхтаваўся для тарана. Радж прытармазіў, адвярнуў убок… Хіба ведаеш, што ў Дзікавай галаве? Дэльфіны ўдарамі рострумаў па жабрах забіваюць магутных шматметровых акул – акіянскіх тыграў. Дзік пляснуў хвастом каля твару Раджа, вадою ажно забіла дых, і павярнуў каля твару Радж закашляўся, адплыў яшчэ далей.

– Дзе Гуга? Няхай бы рыбаю паманіў іх у рукаў… Гуга! – закрычаў містэр Крафт.

– Узяць якую бамбучыну добрую, паадганяць іх – і ўсё, – параіў вартаўнік.

– Ты не Малу, а малы, – усё яшчэ кашляючы, сказаў яму з вады Радж. – Нельга з дэльфінамі груба, гэта народ горды.

Але калі падбег Гуга, то Крафт загадаў яму прынесці бамбучыну і рыбу.

– Судзір будзе біцца. Ён не дазваляе карміць дэльфінаў перад прадстаўленнем, – патаптаўся на месцы Гуга, сшалушваючы з рук рыбіну луску.

– Скажаш: я загадаў. Я – чуў?! Джэральд Крафт! А не нейкі там Судзір! – з паказным гневам прамовіў містэр Джэры.

Гугу нібы ветрам здзьмула.

3

– Радж, да Крафта! – паклікаў Абрахамс.

Радж зразумеў, што містэр Джэры праводзіць нейкае сваё следства і што перад гэтым была ўжо ледзь не сварка. У куточку стаяў заплаканы Гуга. У Крафта і Судзіра расчырванела-ўзбуджаныя твары. Хлопец памацваў свежы сіняк пад вокам. У другім кутку кабінета быў Малу.

– Я невінаваты, містэр Крафт! Невінаваты!.. – усхліпваў хлапчына. – Не звальняйце мяне! Рыба была не гнілая, хай Абрахамс скажа… Дый не ядуць дэльфіны прытухлую!.. Не магла Джэйн атруціцца рыбаю!

– Радж, ты сядай пакуль што, – паказаў яму Крафт на крэсла, але Радж садзіцца не хацеў, усе стаялі.– А вам, містэр Судзір, дазвольце аб'явіць вымову. Распускаць рукі – дзікунства, выбачайце… Вы маглі яму брэйк… зламаць, значыць, сківіцу, – потым Крафт яшчэ больш змякчыў тон: – Гэта проста непрыстойна. Калі вам хочацца наракаць на работу Гугі, вы скажыце мне. Толькі я маю права караць, я гаспадар тут, а не вы!

Радж глядзеў на Судзіра. У дрэсіроўшчыка быў чарнявы, ажно сіні, худы твар. На шчоках правалы, рот саркастычна і пагардліва ўсміхаецца – адным кутком.

– Гуга, ён цябе выцяў? За што? – спытаў Радж, паглядваючы то на хлопца, то на Судзіра.

Гуга прыкусіў губу, адвярнуўся да акна. Яно сядзела глыбока, нібы ў нішы, а сцены кабінета тут, у паддашку, навісалі ўсярэдзіну.

– Як звычайна – ні за што, – адказаў за яго Радж. – Дык чаму ты не ўпіўся яму кіпцямі ў морду, калі не падолееш у бойцы? Чаму так папусціўся? Ты ж ужо дарослы… Ды ў рэшце рэшт і містэру Крафту можна паскардзіцца.

Радж падышоў да хлопца, цярнуў яму далонямі пад вачыма. І зразумеў, што не трэба было гэтага рабіць. Ад такога шкадавання Гуга яшчэ горш разгорніўся.

– Не плач. Больш ён цябе не зачэпіць. А зачэпіць, то будзе мець справу са мною. Гэта я пры ўсіх гавару.

Судзір скрывіўся яшчэ больш пагардліва. Павярнуўся ісці, але кінуў цераз плячо, нібы ўсім рабіў вялікую ласку:

– Я адмяняю ранішняе прадстаўленне.

– Як адмяняю?! – Крафт ажно асіп. – Як адмяняю, калі ўжо білеты прадаюць?!

– А вы гарантуеце, што ўсё пройдзе добра, не сарвецца? Што дэльфіны будуць слухацца? – голас Судзіра быў ледзяны да сухасці.– Мне здаецца, містэр Крафт, у вашых жа інтарэсах адмяніць адно прадстаўленне, чым… Бо калі што якое, па ўсім Раі пойдзе погаласка: «У дэльфінарыі няма чаго глядзець, адна халтура. Не ідзіце, толькі грошы выкінеце!» Падлічыце, якія могуць быць у вас страты, вы чалавек адукаваны… – і грукнуў за сабою дзвярыма так, што затрэслася ўся будыніна.

– Шалёны… Ці бачыце? Ён жа мэд! – пахітаў галавою Крафт і пайшоў за стол у сваё крэсла. Расхліснуў больш каўнер белай кашулі, глянуў на вялікія крылы вентылятара, што ледзь варушыліся пад столлю і не давалі ніякага ветру. Відаць было, што Крафту ўеўся ў пячонкі Судзір, але нічога не паробіш. Не падабаецца нос, але ж не памяняешся ім з другім чалавекам.

– Малу… Ты можаш ісці. Скажаш па дарозе касірцы, хай павесіць паперу: прадстаўлення ў 11.00 не будзе па тэхнічных прычынах. Адміністрацыя просіць прабачэння. Прададзеныя білеты сапраўдныя на 14.00. І прадае няхай толькі са штампам «14.00». І ты, Гуга, ідзі займайся спакойна сваёю справаю… Ды ўмыйся, а то мяне нудзіць на цябе глядзець. Пятнаццаць гадоў, а ты ўсё яшчэ такі маленькі…

Голас у Крафта быў стомлены, але Раджу не здавалася, як тыя разы пры размовах, што Крафт не толькі крыху няправільна будуе фразы, але яшчэ і разыгрывае ролю беднага і ашуканага ўсімі прастачка.

– Дружа Абрахамс… Табе такое заданне. Прывязеш урача з прыватнай клінікі Энтані Рэстана. Патолагаанатама. Рэжа тых, хто памёр. Хай паглядзіць нашу Джэйн… – Містэр Джэры гаварыў ціха, нібы на пахаванні, і Радж яшчэ раз падзівіўся: не падобны чалавек на самога сябе.

Калі і за Абрахамсам зачыніліся дзверы, Крафт сказаў Раджу:

– Што ты думаеш пра ўсё гэта? Ты ведаеш, што я маю на ўвазе.

– Здагадваюся. Я ўжо думаў… Здаецца, што – не. Разумееце? Ніякага дачынення да гібелі Джэйн «трыяда чайна» не мае.

– І я такой думкі. Пры іх жорсткасці і хуткасці на расправу ды такая далікатная помста. Але на ўсякі выпадак хай паглядзіць урач. Цікава, што ён скажа…

«Гаварыць яму ці не пра начны абстрэл?» – падумаў Радж на адыход. І сам сабе пакруціў галавою: не скажа. Невядома, што захоча зрабіць Крафт. Мо проста надумае звольніць, каб пазбавіцца ад небяспечнага работніка, які ўжо другі раз трапляе ў такія справы.

Раздзел сёмы1

Янга абмацалі, абшукалі, штурхнулі ў машыну. Заціснуты паміж двума дарослымі, Янг не бачыў, па якіх вуліцах машына імчыць, куды зварочвае. Ехалі даўгавата – гэта адно і адчуў. І яшчэ дзівіўся: чаму чалавека з баулам не пасадзілі з ім – машына ж была вялікая, сямімесны фургон.

У паліцэйскім участку Янга ўвапхнулі ў велікаваты пакой, з лязгатам зачынілі дзверы.

Перш за ўсё пачуў рэзкі смурод. Пакой быў дзіўны, акенца адно, пад самаю столлю, у кратах. На столі ледзь блішчыць лямпачка ў драцяной сетцы. Святла яна дае мала, на падлозе амаль цёмна. Хацеў прыхіліцца да сцяны – адхапіў плячо: так балюча кальнула. Сцены былі патынкаваны так, што густа тырчалі саскішыпы, нібы луска акулы. Афарбаваны яны былі ў брудна-сінюю фарбу і паглыналі ўсё святло, якое падала на іх. Калі вочы трохі прызвычаіліся, Янг разгледзеў, што няма ў пакоі ні лавак, ні табурэтак, у кутках пад акенцам ляжаць нейкія валацугі ў лахманах. Адзін з іх прыпадняў кудлатую галаву і зноў улёгся, падклаўшы пад вуха локаць.

Янг баяўся падыходзіць да іх, апусціўся на кукішкі каля дзвярэй. Добра сесці гідзіўся – такая брудная, у нейкіх усохлых падцёках і пляўках была цэментная падлога.

Цярпеў гэтак з гадзіну. У галаве ўспыхвалі абрыўкі думак: «Папаўся… У турму кінулі… А што ж цяпер будзе? А як жа Радж? Ен жа нічога не ведае, дзе я, што са мною… А Пуол – гад… Гад з гадаў! Апошнія грошы выдурыў ды яшчэ паліцыі падсунуў…»

Потым заскрыгатаў ключ у дзвярах, усунуўся да паловы тулава паліцэйскі, агледзеўся па баках. «Цябе!» – тузануў за плячо.

Прывёў у нейкі пакой ці кабінет. Пад акном за сталом хтосьці сядзеў. Янг не паспеў прыгледзецца, як паліцэйскі казырнуў і бокам, як краб, выйшаў.

Янг зноў паглядзеў за стол. Дык гэта ж сядзіць той афіцэр-паліцэйскі, што вылез на вуліцы з машыны, пазвоньваючы наручнікамі. Высокі, з буйнымі рысамі твару, з вялікім гарбатым носам. Сёння ён у штацкім і без галаўнога ўбору. Глядзеў афіцэр на Янга і па-бацькоўску ўсміхаўся. Янг не паддаўся на гэтую ліслівую ўсмешку, адвёў вочы.

Справа ад уваходу быў яшчэ адзін стол, намнога даўжэйшы, і сядзелі за ім двое: адзін – той піжон з вусікамі, што ішоў па вуліцы за Янгам і пакручваў бліскучую палку, другі – дзябёлы і мажны, як перакормлены, еўрапеец, у шаравата-блакітным мундзіры. Каля яго на стале ляжала фуражка з надпісам па аколышку «Interpol». А злева, каля глухой сцяны, сядзеў за маленькім сталом каля машынкі яшчэ адзін паліцэйскі.

– Як цябе зваць, хлопча? – ласкава звярнуўся афіцэр і нават усміхнуўся.

– Янг. Янг Сінх.

– Вельмі прыемна. Класічнае імя для хіндзі. Лепш і не прыдумаеш. Скажы, калі ласка, чытаць-пісаць ты ўмееш?

– Умею.

– У-о-о?! – здзівіўся афіцэр. – Малайчына. Тады бяры ручку і распішыся на гэтай вось паперы.

– Як гэта? – падышоў Янг да стала начальніка-афіцэра.

– Ну – напішы сваё імя і прозвішча. Гэтым самым ты дасі клятву, што будзеш гаварыць толькі праўду, чыстую праўду. Калі схлусіш, пасадзім у турму.

Янг паволі накрэмзаў сваё імя і прозвішча. Рука дрыжала, аўтаручка не слухалася. Напісаў і адступіў далей ад стала. Вельмі ж ужо салодкім і клейкім быў позірк афіцэра, ажно не адляпіцца.

– Дык, кажаш, як цябе зваць? – яшчэ раз перапытаў афіцэр. – У мяне сын такога ўзросту, як ты. Дарэчы, ён ніколі не хлусіць.

– Янг Сінх. Дванаццаць гадоў скора. «Трэт-тэ-тэ-тэ» – застукаў на машынцы той, што сядзеў злева, за малым столікам.

– Дзе ты жывеш?

– Нідзе.

– Як гэта нідзе? Не ў паветры ж ты вісіш.

І ўвесь час, пакуль ішла размова з афіцэрам, стракатала машынка. Янг расказаў пра Біргус і пра тое, як выперлі іх адтуль амерыканцы (пры гэтых словах усе, хто прысутнічаў у пакоі, пераглянуліся паміж сабою і нават пакрахталі, паварочаліся). Як завезлі іх на Горны, як трапілі потым на Галоўны на храмавае свята, як памёр бацька, як адцураліся Янга землякі…

– Дык, кажаш, маці памерла і бацька памёр? Ай-яй-яй, бедны хлопчык…

– Маці не памерла, яе дрэвам забіла, – удакладніў Янг.

– Ай-яй-яй… – нібы не чуў афіцэр, адчыніў шуфляду стала, перагроб паперы і знайшоў там цукерку. – Вазьмі, калі ласка. Вазьмі, вазьмі, не бойся! І больш нікога ў цябе з блізкіх сваякоў няма?

– Есць брат Радж. Ён на Раі працуе ў дэльфінарыі. Паліцэйскі злева і гэта выстукаў на машынцы.

А тыя два, што сядзелі справа за доўгім сталом, нават і брывом не павялі – быццам вырабілі іх з каменя. Лёс Янга іх ніколечкі не кранаў.

– Даўно ты ведаеш таго чалавека?

Янг у непаразуменні паглядзеў на афіцэра. – … таго, з кім цябе разам арыштавалі?

– Я яго зусім не ведаю.

– Ты хочаш сказаць, што першы раз падышоў да яго?

– Ага.

– Што ты павінен быў яму сказаць?

– Што ў гатэлі «Санта-Клара» месцаў няма. Што яму трэба ў «Ганконг», апартамент сорак першы… Але я ўсё не паспеў яму сказаць, ён пачаў крычаць на мяне.

Афіцэр хуценька сунуў руку пад стол. Адразу ж за спінаю Янга рыпнулі дзверы, хтосьці заглянуў.

– Засаду ў нумар сорак першы «Ганконга». Усіх упускаць, нікога не выпускаць!

– Стоп, стоп! – магутным басам сказаў той, каля якога ляжала шапка з надпісам «Interpol». І далей ужо загаварыў па-англійску. Афіцэр выслухаў яго і згадзіўся:

– Правільна. Вазьміце дакументы таго… Зразумела? І зарэгіструйце спачатку ў парцье. Быццам прыехаў той, каму было забраніравана месца. А парцье прыгразіце, каб не прагаварыўся. І самі ў засаду!

Дзверы за спінаю Янга ціха рыпнулі.

– Працягнем нашу размову. Дык чаго, як ты думаеш, той чалавек лаяўся на цябе? Ты ўсё правільна яму сказаў, як цябе вучылі?

– Не ведаю. Здаецца, правільна, толькі не ўсё. Але я забыў паглядзець, у якой руцэ ў яго быў баул. Можна было падыходзіць і гаварыць толькі тады, калі ён будзе каля дома № 15 і возьме баул у левую руку.

– Зразумела. Пароль не мог спрацаваць, бо быў недакладны. Пасля таго, як ты яму сказаў пра «Ганконг», што ты павінен быў рабіць?

– Нічога. Адысці ад яго. Мне павінны былі за гэта даць грошы.

– Вось як? Хто, цікава?

– Пуол.

– Гэта ён цябе і падсылаў?

– Ага.

– Дзе жыве? Хуценька адрас!

– Не ведаю.

– Хто ён такі?

– Мы з ім з аднае вёскі, з Біргуса. Я не думаў, што і ён тут ужо, на Галоўным… – І Янг расказаў, як пераняў яго Пуол у порце, як навучыў, што сказаць чалавеку з ружовай касынкай на шыі, паабяцаў за гэта заплаціць, а сам, наадварот, адабраў грошы.

– Ах, нягоднік!.. І вер пасля гэтага землякам… А ты малайчына. Ты ўсё праўдзіва расказаў?

– Ага. – Янг гаварыў шчыра: яму зусім не хацелася выгароджваць Пуола.

– Апошняе пытанне. У што адзеты Пуол?

– У што? Ну – кашуля белая, штаны шэрыя.

– Дарагі мой! Гэта не прыкметы. Так ходзяць тысячы людзей у Свійттаўне. Успомні, мо ёсць што на твары асаблівага, на галаве, на руках?

– Не, нічога такога. Туфлі новыя купіў – хваліўся. Мазалі, мабыць, нацёр – накульгвае.

– Колер туфляў?

– Таксама, здаецца, шэрыя.

– М-да-а… – расчаравана працягнуў афіцэр. Запстрыкаў пальцамі левай рукі па стале, а правую зноў схаваў пад стол. За спінаю Янга зноў рыпнулі дзверы. – У камеру яго! Хаця не, патрымай крыху ў прыёмнай, мо яшчэ спатрэбіцца.

Янга ўзялі за плячо, вывелі ў пярэдні пакой. Паліцэйскі старанна зачыніў падвойныя дзверы ў кабінет, але і адны, і другія крыху адхіліліся.

– Сядай! – паказаў Янгу на крэсла каля сцяны, а сам усеўся за стол, напусціў на сябе важнасць: вельмі, мабыць, хацелася быць падобным на начальніка.

У кабінеце размаўлялі бурна, часам пераходзілі на англійскую мову. Янг напружыў слых – ах, як кепска, што англійская мова такая цяжкая, так марудна паддаецца яму!

– Мы яго вялі з самага Ганконга! Разам з ім плыў і наш агент! З рук у рукі, можна сказаць, перадавалі… А вы ўмяшаліся і на фінішы ўсё абарвалі. Як цяпер выявіць працяг ланцуга? Да каго ехаў гэты з ружовай касынкай?

– У сорак першым нумары засада.

– Толку з гэтай засады! Туды і выпадковыя людзі могуць завітаць, скажам, пакаёўка, афіцыянт… – грукатаў голас таго, што сядзеў каля фуражкі «Interpol». – Тэлефон у гэтым сорак першым ёсць?

У кабінеце трохі памаўчалі, мабыць, ці сам афіцэр, ці той паліцэйскі, што сядзеў за машынкай, глядзелі ў даведнік.

– Ёсць, – урэшце пачуўся голас афіцэра.

– Ну вось, перш чым сустрэцца з «касынкай», яму пазвоняць у нумар. Ці ёсць ён… А калі ёсць, то ці той гэта, хто трэба, і размова будзе з паролем.

– …мы падслухаем, пра што яны размаўляюць. Усе нумары падслухоўваюцца!

– Вашы там будуць сядзець, пазвоніць тэлефон. Падымаць трубку ці не? Калі падымаць, то што гаварыць? Калі пачуюць, што неехта падазроны зняў, то і гаварыць не будуць.

– А мы выпатрашым гэтага, з касынкай. Запэўніваю, мы сумеем узяць у яго ўсё, што трэба… Па-другое, выпусцім малога… – далей пайшла англійская мова, афіцэр ёю валодаў, відаць, таксама някепска.

– Вы так думаеце? А каму ён трэба, тым больш пасля таго, як засыпаўся? Хлапчука выкарысталі выпадкова і аднаразова. Мог на яго месцы быць і не зямляк гэтага… як яго… Пуола, а іншы хлапчук. Пуол падсунуў замест сябе гэтага малога толькі таму, што ўбачыў падазроных асоб… што за «касынкай» сочаць.

– З гэтых падазроных мог быць і ваш вусаценькі малады чалавек.

– Я папрашу!.. – узвысіўся трэці голас, тонкі.

– Можаце не прасіць! – пацвярдзеў голас афіцэра. – Я разумею: тыя двое нашых, што разыгрывалі парачку, учынілі нязграбны маскарад. Але ж і вы, даруйце, не далей адышлі. Ва ўсіх танных кіно такіх сышчыкаў-нязграбнікаў паказваюць. Маіх вачэй у порце было больш, чым вы думаеце… І яшчэ… Адкуль мы, па-вашаму, ведаем пра гэтага з ружовай касынкай? То-та ж! Не такія мы прасцячкі, як вам здаецца.

Выглянуў з дзвярэй той паліцэйскі, што сядзеў за машынкай.

– У камеру! – махнуў на Янга і зноў знік. – Падымайся! Прыліп… – падняўся той, з-за стала.

«Усё-такі ў турму?! А я ж усё праўдзіва расказаў!» – ногі Янга не хацелі слухацца.

У калідоры сустрэліся двое вартавых, вялі на допыт чалавека з ружовай касынкай на шыі. Адзін вартавы быў скаваны з арыштаваным агульным наручнікам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю