Текст книги "Грот афаліны"
Автор книги: Павел Мисько
Жанр:
Детские приключения
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 30 страниц)
…Абрыдла гэтая дошка-вясло… Але Радж стараўся грэбці роўна і мерна, з нейкай нават зацятасцю. Рай набліжаўся, відаць было ўжо не толькі зарыва, але і асобныя агні. Сям-там свяціліся яшчэ вокны ў гатэлях і пансіянатах. Самыя цёмныя кварталы былі ў сёмым і восьмым сектарах. А вунь тое сузор'е агнёў – «Кракен», начны клуб. Каб гэта было не так позна, а гадзін у дванаццаць ночы, то ўбачыў бы над ім рознакаляровыя сполахі. А так ужо вакханалія агнёў і падсветак атухла, сціх музычны шал, прадстаўленне даўно закончылася. Не дрыгаюць ножкамі стандартныя, нібы вытачаныя на адным станку, амаль голыя гёрлз… Раджу не даводзілася яшчэ там бываць, чуў толькі краем вуха, як адзін турыст-амерыканец расказваў другому, аблізваючыся, і ўсё паўтараў: «Фэнтэсцік! Фэнтэсцік! Мудрэй, чым некалі ў Гаване!», а другі слухаў, развесіўшы вушы, і ледзь сліну не пускаў.
Куды лепш кіраваць лодку? Калі агінаць востраў справа, плысці праз раён порта, будзе намнога бліжэй да дэльфінарыя. Калі ж уздоўж усіх пляжаў наўкол вострава – намнога даўжэй. А мо зусім пакуль што туды не плысці? Дабрацца б толькі да берага, прыхаваць дзе-небудзь гумоўку – і далей пешкі… А можа, і не хаваць тут, а спусціць паветра, узваліць на плечы і тэпаць сабе памаленьку?
…Тады, як вынырнуў, задыхаючыся і кашляючы, заціскаючы рану, апынуўся трохі правей, бліжэй да «Сэльюта». Выплыў, выкарабкаўся, раскірэчана шлэпаючы ластамі, на бераг. З правай рукі не выпускаў ні штока, ні чужога гарпуна, ні маскі. Упаў быў спачатку на калені, сеў на яшчэ цёплы пясок, такі ваблівы і ласкавы, каб добра выкашляцца, але тут жа падхапіўся: «Ды што гэта я? Так і кроўю можна сысці…»
Кроў, і праўда, лілася моцна, струменіла між пальцаў, як ні заціскаў рану далонню. Уся рука ад кісці да локця размалявалася пацёкамі крыві, кроплі часценька зрываліся з локця, траплялі на бок і на левую нагу. Пабег, як змог, шлэпаючы ластамі, да скал, дзе прыхаваны ялік. Адсюль, з берага, дабірацца да шлюпкі было цяжэй – рукі занятыя, на нагах ласты. Пазбіваў калені, спрабуючы лезці на скалу ў ластах. Пазрываў іх з ног і, забыўшыся на рану, ускараскаўся наверх, заглянуў у цясніну. Яліка не было!
Разгубіўся спачатку і не заўважыў, што ў прыбоі варушыцца кончык нейлонавай вяроўкі. А як заўважыў, зляцеў уніз, грукаючы балонамі аб скалу, ухапіўся за яе аберуч. Пацягнуў з усяе моцы, і ялік праступіў трохі з вады. Фібралітавае дно было праломлена ў двух месцах, дзіркі – дзвюма далонямі не прыкрыеш.
Пакінуў усё, як было, – на дне. Паволі зняў акваланг.
Замыў кроў на шыі, на руках, на баку і назе, але гарачыя пырскі тут жа зноў залілі плячо і руку. У вадзе ад удару стралы болю амаль не пачуў, толькі спалохаўся, а цяпер рана балела страшэнна, кружылася галава і было моташна. Зноў заціснуў рану далонню, паднёс праваю рукою да вачэй гарпун. Падобны на самаробку, нідзе няма фабрычнага кляйма. Толькі каля абрыўка лескі выціснуты на жалезе нейкія касыя рыскі, нібы хто вычаканіў адну каля адной некалькі «птушак». Яны былі падобныя не то на дзве англійскія літары дабл ю – «WW», не то на дабл ю і ві – «WV». У вачах расплывалася…
Зашчаміў у камянях пад вадою і шток, і гарпун, прытапіў ласты, прываліўшы глыбаю вапняку, пачапіў акваланг рамянямі на правую руку – занадта дарагая штука, каб пакідаць, – і выбраўся з каменнага гнязда.
Ён то брыў знясілена, то трухаў подбежкам, абліваючыся крывёю і чамусьці задыхаючыся, да гатэля «Сэльют» – самага бліжэйшага пункта, дзе яму маглі аказаць дапамогу. Дзесьці справа на лужку чуваць былі ўдары па шары – гулялі ў гольф. З усіх акон і дзвярэй вадаспадамі вывяргалася музыка. На балконах-галерэях, што апаясвалі кожны паверх, людзей было як насыпана. Вечар быў ціхі і ясны, неба на захадзе іграла ружовымі і барвова-ліловымі фарбамі, брыжы лёгкіх хмарак зіхцелі агнём. Турысты любаваліся захадам, дыхалі пасвяжэлым паветрам і чакалі-спадзяваліся, што сонца, хаваючыся ў ваду, раптам пашле апошні развітальны зялёны прамень. Хто ўбачыць такі цуд, будзе шчаслівы да канца дзён сваіх.
Усе глядзелі толькі на захад, толькі ў акіян, ахалі і млелі ад асалоды. Ніхто і вокам не кінуў на Раджа. А яму здавалася, што ўсе будуць глядзець толькі на яго – голага і ў крыві!
Нарабіў пярэпалаху ў гатэлі… Дзяўчына-парцье выбегла з-за стойкі, ад спалоху сунула палец у рот: думала, што гэта нехта з пастаяльцаў. Кінулася да тэлефона, набірала нумар урача і некалькі разоў блыталася…
…Радж перастаў грэбці. Што гэта засціць, якая сцяна? Чаму зніклі ўсе агні на беразе? Лодка па інерцыі яшчэ праплыла трохі і мякка тыцнулася ў цёмны высокі борт. Нейкае судна… Наставіў рукі, каб больш не біла хвалямі аб борт. Чыё яно? Чаму без агнёў? Чырвонага – справа, зялёнага – злева… Хоць тут і не ляжаць водныя шляхі, але ж правіла ёсць правіла, ці мала хто можа наткнуцца… Стаіць на якары, нечага ці некага чакае. Тыя, што прывялі судна ў гэтую зону, не натыкнуліся на рыф ці скалу, добра ведалі, што робіцца ў гэтым месцы пад вадою.
– Ты чуў? Здаецца, штосьці плюхнула… – даляцеў раптам ціхі басавіты голас з катэра. Але не над галавою Раджа – з таго борта.
– Хвалі… Вецер пасвяжэў, світаць, мабыць, пачынае.
– Ага… Д'ябал ім у пячонку! Будзем выгружаць, а то не паспеем вярнуцца.
– Сабакі!.. Лішнія паўтары гадзіны з-за іх пратырчалі.
З таго боку судна чуецца магутны ўсплёск – штосьці кінулі цяжкае. Пад гэты шум Радж моцна адштурхнуўся ад борта далонямі, а потым асцярожна пагроб рукамі – каб не плюхаць і менш былі відаць фасфарычныя сляды. Яшчэ адзін цяжкі ўсплёск пачуўся за суднам, і Радж узяў у рукі дошку. Грабок, другі, трэці… Чым далей, тым хутчэй!.. «Кантрабандысты… І той раз пад вадою або яны былі, або іх хаўруснікі… Добра, што скінуў сёння белую тэніску…»
Борт судна аддаліўся, паніжэў, яго ўжо амаль не відаць было на фоне пляжу, затое дружна высыпалі, як усплылі, агні «Кракена».
Ці не можна зноў паварочваць да берага? Хай іх людзі не ведаюць, гэтых паразітаў…
Нечакана дошка чапляецца за гумавае вуха, у якое ўстаўляецца вясельца, вырываецца з натруджаных пальцаў і звонка ўдараецца аб бляшанку-вадалейку.
– Пэроул?! – адразу аклікнулі з катэра.
Ніякага паролю кантрабандыстаў Радж не ведаў і ведаць не хацеў. Запрацаваў з усёй сілы дошкаю, каб адплысці як мага далей ад гэтых піратаў.
На судне бліснулі ўспышкі, заляскатаў аўтамат. Кулі веерам зацёўкалі па вадзе, дзве ці тры трапілі ў лодку. Пфхху-у… Пху-у… – ірвануліся струмені паветра з прабоін, нібы вынырнулі побач, стомлена дыхнулі дэльфіны.
Радж каўзануў за борт уніз галавою…
Раздзел трэціГрубая рука тузанула Янга за плячо, потым жорсткія пальцы пакруцілі за вуха. Хлопчык яшчэ добра не ачнуўся, але пачаў ужо ўспрымаць гукі: па сходнях тупалі босыя ногі, сходні прагіналіся і плёхалі па вадзе, гула, дрыжала жалезная палуба, звінеў ад удараў борт катэра. Ён дыхаў гарачынёю, апальваў, нібы пабываў у агні… Сонца неміласэрна смаліла ў галаву, у скронях бухала кроў. Янг расплюшчыў вочы, але ўбачыў над сабою не бацьку, а шырокі і потны твар матроса з рыжымі бакенбардамі.
– Ну, ачухаўся? Вымятайся адсюль хутчэй… І бацьку забірай… Твой бацька што… таго? – матрос пакруціў пальцам каля скроні.
Янг сеў, ашаломлена закруціў галавою. Ён з цяжкасцю ўцяміў, дзе ён, што з імі нарабілася. Яны толькі ўдвух на палубе катэра. Бацька аберуч уплёўся за радыёмачту, ашчаперыў яе і нагамі, нібы сіліўся выдраць з «коранем».
– Мая пальма… Мая пальма… – мармытаў ён, пяшчотна ўсміхаючыся. – Я забяру яе з сабою, пачакайце… Яна яшчэ маладая. Яна прымецца на новым месцы… Пальмачка мая!
Два матросы разгублена паглядвалі на гэтае дзівацтва, а потым сілаю рашчапілі яго рукі. І тады бацька прарэзліва і дзіка, нібы яго колюць у сэрца, закрычаў, задрыгаў нагамі, хапаўся імі, як крукамі, за тросы расчалкі.
– Татачка! – кінуўся да яго Янг. – Не трэба! Супакойся, татачка! – спрабаваў абдымаць, лашчыць, а бацька няўцямна варочаў вачыма, сына не пазнаваў і не слухаў.
Матросы павалаклі бацьку па трапе, босыя ногі яго грукалі костачкамі па кожнай прыбітай папярэчцы, абдзіраліся да крыві. Скаціўся за імі і Янг… Матросы кінулі бацьку на пясок – і бягом на катэр, усцяглі за сабою сходні. А той рыжы, што заставаўся на катэры, разгайдаў забыты Янгаў клунак і шпурнуў на бераг. Ад рыўка клунак трохі развязаўся, і некаторыя рэчы, не даляцеўшы да сухога, пападалі ў ваду, іх пачаў валачыць сюды-туды, гайдаць прыбой. Янг не кінуўся ратаваць рэчы. Ён варочаў у гэты час бацьку, выціраў ад пяску твар, крычаў, як глухому. І не мог даклікацца, бацькавы вочы заставаліся няўцямныя, дыхаў ён цяжка. Янг душыўся ад слёз і роспачы: што рабіць?
– На… Палажы яму на галаву… Мо палягчэе… – пачуў Янг голас Мансуравага бацькі. Той трымаў нейкую падабраную ў прыбоі адзежыну, з яе цурчала вада. Аддаў – і пайшоў да гурту сяльчан пад дрэвы.
Янг трохі працёр бацьку твар, потым прыклаў да лба. Бацька задыхаў раўней, заплюшчыў вочы.
Янг азірнуўся па баках: катэр ужо адышоў далекавата, грукат матора ледзь далятаў. Выгнаннікі з Біргуса сядзелі пад пальмамі панурыя, угнутыя ад гора. Ніхто не ведаў, што рабіць, куды падацца… Ніхто іх тут не сустракаў, ніхто не чакаў. Ад блізкага драўлянага прычала ішлі рыбакі, яны толькі што выгружалі з баркасаў і чоўнаў сеткі і рыбу. Падыходзілі і спрачаліся, ці варта падыходзіць, ці трэба памагаць навічкам. «Гэта не мусульмане. Хай гэтым прышэльцам іхні Вішну памагае, а не мы…» – «Нам самім няма работы, а цяпер яшчэ і гэтыя…» – «Што вам – шкада якой рыбіны?» – «На ўсіх не наловішся, і так сеткі пустыя».
Рыбацкія лодкі з трохкутнымі рознакаляровымі ветразямі стаялі і каля драўлянага прычала, і ляжалі выцягнутыя насамі на пясчаны бераг. Шмат іх яшчэ і падплывала, уся прастора шырокага праліва паміж астравамі была спярэшчана імі, і гэтыя лодкі былі падобныя на жукоў-вадамерак, што неяк дахітрыліся трымаць над сабою яшчэ і па лісточку-ветразю. За ножкі жукоў лёгка можна было прыняць папярэчкі, якія тырчалі з лодак справа і злева ці ў адзін бок – з балансірамі, бамбукавымі стваламі. Янг заўважыў, што сярод паруснікаў імкліва рэжуць ваду вялікія маторныя вельботы, кіруюць сюды – мабыць, таксама з Біргуса.
Рыбакі, падышоўшы, пастаялі каля біргусаўцаў – стрыманыя, з каменнымі тварамі. Размаўлялі скупа, холадна: «Вам бы на Галоўны прасіцца. Там гарады ёсць, заводы. Там работу лягчэй знайсці». – «Дзе вы тут дзенецеся? Тут і зямлі свабоднай няма…» – «Іх жа сілком вывезлі… Хіба не бачыце? Няма іхняй віны», – чуўся спагадлівы адзінокі голас. Павярнуліся рыбакі, пайшлі. Толькі адзін паклаў каля ног старой жанчыны тоўстага, ажно круглага, тунца кілаграмы на два. Пайшлі зноў да лодак, дзе ўсё яшчэ мітусіліся жанчыны і дзеці, сабакі і птушкі.
З разгону ўссунуліся на пясок вельботы, з іх таксама пачалі зганяць біргусаўцаў, скідваць іх жабрацкія пажыткі. Янг убачыў нарэшце Туна і Натачу. Прыехалі! Тун нёс напакаваны нечым мяшок, а Натача – меншую сястрычку і чорны, палакіраваны жбан-урну з прахам продкаў. Такая пасудзіна павінна быць і ў Янгавым клунку. Усе хінду з іх вёскі не хавалі памёршых у зямлю, а спальвалі, гэтым займаўся бома на сваім мысе, каля вады. Янг вылавіў з вады клунак – ці не вытраслася урна-жбан? Гэта было б жахліва – згубіць сямейную святыню. Тады ў чалавека ўвогуле абрываюцца ўсе карані, якія злучалі яго з жыццём продкаў, з той зямлёю, што ўзгадавала іх саміх. Ёсць урна, слава ўсемагутнаму Вішну!
– Ну, куды вы надумалі? – Натача аддала маці сястрычку, падышла да Янга, апусцілася каленямі ў пясок. – Мой бацька гаворыць, што трэба ўсім гуртам ісці да правіцеля вострава. Так яму чыноўнік той сказаў, на Біргусе. І чым хутчэй, тым лепш, бо сёння і з іншых вёсак прывязуць людзей.
– Не ведаю… Нічога я не ведаю… Бацька… – кіўком паказаў Янг, і буйныя слёзы пасыпаліся з яго вачэй. А так не хацелася распускацца перад гэтай дзяўчынкай! Здушаныя ўсхліпы распіралі яму грудзі, спазмы перахоплівалі горла. І Натача, зусім як маці, пагладзіла яго па галаве, хацела нават і нос выцерці, але Янг не даўся. Многа сабе дазваляе! Няхай ідзе сваім сястрычкам выцірае. Чарнапузыя ўсе, кучаравыя – негрыты, па маці пайшлі. А бацька іх, Амат, – хінду, як і ўсе біргусаўцы.
– Бяры бацьку пад другую руку, пойдзем, – у голасе Натачы было больш рашучасці, чым у Янга, чым у іншых дарослых аднасяльчан.
– Чакай… – Янг хуценька прывязаў за плечы клунак. – Татка, уставай! Тата, пайшлі! – затузаў ён бацьку.
– Дзядзечка Ханг, ну – дзядзечка Ханг! – Натача і Янгавага бацьку ласкава гладзіла па галаве, па шчоках. І той паслухаўся, устаў на дрыжачыя ногі.
– Можа, ты мая дачушка?! Толькі ж я не помню, калі ты нарадзілася, калі вырасла… Янг, ты бачыш, якая ў цябе сястра? – бацька пачаў радасна азірацца. – А дзе ж маці? Хай бы ж і яна палюбавалася. Янг, пакліч маці!
– Яна скора будзе! Яна прыйдзе… – Янг адвярнуўся, да крыві пракусіў губу, каб зноў не расплакацца.
Ужо ўсе паўставалі, хто быў прыладкаваўся пад дрэвамі. Ужо было за кім ісці. Натачын бацька забраў сабе на рукі большую дзяўчынку, склікаў людзей.
– Хутчэй да правіцеля вострава! Ён дапаможа, уратуе нас! – з надзеяй гаманілі біргусаўцы.
Доўга давялося блукаць па распаленых ад гарачыні вуліцах Кампонга, пакуль дабраліся да рэзідэнцыі правіцеля. Не было ў каго добра распытаць дарогу, пазачыняліся ўсе крамкі і магазінчыкі, кавярні і латочкі – гарачыня! Драмалі ў цяні пальмаў на сваіх трохколавых калясках веларыкшы – беча. Усё жывое пахавалася ад сонца ў цень, чакала спаду спёкі і парнай духаты. Толькі вечарам пачне зноў ажываць горад. Давялося і бежанцам пазашывацца пад кусты і дрэвы ў невялічкім скверыку перад домам правіцеля і чакаць вечара. Бо на іх стукат выйшаў толькі ахоўнік з карабінам і сказаў, каб не барабанілі дарэмна, інакш ён ужыве зброю. Да шасці гадзін вечара нікога не будзе пэўна. А ці будзе ў шэсць і пазней – таксама невядома. «Чакайце!»
Ахоўнік сказаў праўду: не дачакаліся правіцеля вострава і пасля шасці. Людзі, што праходзілі міма іх табара, тлумачылі, што звычайна па вечарах правіцель ездзіць на Рай павесяліцца: там жа процьма ўсякіх рэстаранаў і бараў, розных вясёлых устаноў.
Прайшоў марна і наступны дзень. Частка бежанцаў рассеялася – плюнулі на ўсё, пачалі шукаць сваю долю самі. Пайшла куды вочы глядзяць і сям'я Мансура, згубілася ў Кампонгу. Але замест тых, што не вытрывалі, з'явіліся новыя няшчасныя, з іншых вёсак Біргуса. Янг не мог нікуды адысціся нават пажабраваць, баяўся пакінуць бацьку аднаго, каб не ўлез у якую бяду: стары зрабіўся бездапаможны горш за дзіця, нічога не цяміў.
Харчаваліся тым, што прыносіла Натача з базару. Чэк, які даў чыноўнік па ўказцы Лі Суня, Натачын бацька Амат абмяняў у горадзе на грошы. Аддаваў іх Янгу і прасіў, каб эканоміў, бо невядома яшчэ, калі дачакаюцца правіцеля, невядома, дзе давядзецца прытуліць галаву. Ды трэба ж будзе паказаць Янгавага бацьку ўрачу. А хто захоча глядзець хворага без грошай?
Дачакаліся правіцеля толькі на трэці дзень. Ён прыняў дэлегацыю старэйшых мужчын. Янгу ніхто не расказваў усе падрабязнасці гаворкі ў правіцеля. Але хлопец сам многае зразумеў: людзі, не тоячыся ад дзяцей, спрачаліся, куды лепш падацца на пасяленне – у горы ці на паўночнае ўзбярэжжа Горнага, у джунглі. Горы ўсіх пужалі: не жылі на іх. Можа, лепш падацца ў джунглі, расчысціць месца бліжэй да вады, да акіяна?
Назаўтра збірацца ў дарогу пачалі на золку. Чыноўнік-мусульманін, па выгляду малаец, перапісаў усіх, хто заставаўся яшчэ каля дома правіцеля, і сеў на ішака: «За мною!» Ніякага інструменту ці рэчаў праваднік-каморнік з сабою не вёз. Але так і не злез усю дарогу, не падвёз нават малога дзіцяці.
Адразу за горадам пайшлі злева і справа какосавыя і чайныя плантацыі, трапляліся сям-там вёсачкі з хацінамі на палях і моцныя дамы фермераў і плантатараў з бліскучымі таблічкамі на брамах – «PRIVATE». Потым дарога скацілася ніжэй, стала гразкаю. Сырыя, змрочныя джунглі здушылі яе з бакоў, хутка дарога ператварылася ў сцежку. Як непадобны быў гэты лес на іхні, біргусаўскі! Не пазнаць, якія дрэвы растуць, усе закрыты чужым лісцем, абвіты ліянамі і ратангавымі пальмамі – як пачварнымі жгутамі-змеямі. Дый самі дрэвы, прыдушаныя паўзучымі раслінамі, выглядалі страшыдламі, скалечанымі ў небывалым пабоішчы. Адусюль звісалі гнуткія гірлянды, спляталіся ў непралазны гушчар. Ратангі невядома дзе пачыналіся, мо за дзесяткі ці сотні метраў уперадзе, збоку ці ззаду, але абавязкова далазілі яшчэ і сюды, нібы знарок перагароджвалі людзям шлях. Прытарны, нейкі тлусты пах кветак ліян і архідэй, гніення гумусу кружыў галовы, даўка забіваў дых. Раямі звінелі маскіты, з галін падалі на галовы, за каўнер агідныя шэра-зялёныя п'яўкі, адразу ж прысмоктваліся да цела. Людзі бесперастанку агрэбваліся ад п'явак, адмахваліся ад маскітаў. Пакусаныя твары і рукі, ногі, адкрытыя часткі цела параспухалі і нясцерпна свярбелі, няспынна крывянілі ўкусы п'явак. Зусім знікла сцежка праз кіламетраў дзесяць ад Кампонга.
Праваднік спыніў ішака.
– Пройдзеце яшчэ з кіламетр – і будзе ручай, прэсная вада. Управа – бераг акіяна, да яго таксама з кіламетр. Увесь гэты куток – ваш. Тут землі султаната, дзяржаўныя. Карчуйце, расчышчайце, сяліцеся. Хто колькі зможа акультурыць зямлі – уся і будзе яго. Першыя тры гады ніякіх падаткаў у казну плаціць не будзеце… – і хлістануў ішака дубчыкам, бягом пагнаў назад. Тросся і хапаўся то адною, то другою рукою за карак, здзіраў п'явак.
Калі дарогаю нараканні на лёс, плач жанчын і дзяцей былі яшчэ слабыя, людзі на штосьці спадзяваліся, то цяпер пачулася суцэльнае жаночае галашэнне. На пагібель іх сюды прывялі! Хіба можна жыць у гэтых гнілых нетрах? А як жа лагодна было на іх Біргусе! Якое там паветра, які белы пясочак на беразе! Як добра пальмы раслі! Які ўраджай давалі – па тры разы на год!
– Ма-ама, п'яўкі!!! А-а-а-а!.. – не сціхаў дзіцячы лямант.
– Ціха! Мы яшчэ не бачылі ні ручая, ні берага мора! – стараўся ўсіх перакрычаць Амат, Натачын бацька. – Трэба яшчэ пацярпець гадзіну-другую. Я схаджу разведаю, як і што, а вы раскладвайце агонь, дыму пабольш рабіце… Каб маскітаў разагнаць! – ён выцягнуў з мяшка сякерку. – Хто яшчэ са мною?
Згадзіліся многія, але Амат выбраў Амару, у яго быў на поясе крыс, як і ў Раджа. Янг такімі вачыма глядзеў на Амару, на Натачу, што дзяўчынка пачала прасіць бацьку:
– І Янга вазьмі! Ён добра па дрэвах лазіць… Ён… плавае лепш за ўсіх нас! – і зашаптала гучна Янгу: – І сам прасіся, язык праглынуў? А я пагляджу твайго бацьку, не турбуйся.
Жанчыны і ўсе, хто заставаўся на месцы, пачалі вырываць і вытоптваць траву, абломваць над галовамі вецце, каб не так зручна было нападаць п'яўкам. Іншыя збіралі сушэйшае ламачча, каб раздзьмухаць агонь.
Птушкі, што былі прыціхлі ад людскіх галасоў, зноў пачалі пераклікацца ў кронах дрэў. Адна рагатала, аж заходзілася, нібы здзекавалася з абдураных людзей, якіх кінулі ў джунглі на з'ядзенне п'яўкам і маскітам.
Першы прабіраўся дзядзька Амат, спрытна махаў сякеркаю, цярэбячы дарогу. Сям-там пакідаў і зарубкі на дрэвах, каб лягчэй было знайсці дарогу назад. Ліяны былі і з круглымі сцябламі, і з кантовымі, грані часам былі вострыя, з шыпамі і калючкамі-кручкамі. Петлі са сцяблоў не заўсёды паддаваліся з аднаго ўдару, спружынілі і гушкаліся, даводзілася падлазіць пад іх, паднырваць, адхіляць з дарогі. З некаторых перасечаных сцяблоў струменілі то белы сок, то вада, з некаторых вылазілі бледныя мурашы ці тэрміты. А раз на нос Янгу ўпаў каўтляк сіняватага жабурыння надрэўнай жабы.
Да ручая выйшлі неўпрыкметку, бо ён не журчаў, не булькаў. Проста раптам убачылі, што лужыны зліліся ў адну і, здаецца, пачысцелі. Але цячэння амаль нельга было згледзець, каламута і гніль, узнятая нагамі, так і заставаліся каля слядоў. З асалодаю папаласкалі рукі, грудзі, твары ад ліпкага поту і павуціны і пабраліся далей. Усё больш і гусцей трапляліся нейкія вадзяныя расліны з круглымі лістамі. Буялі папаратнікі, падобныя на пальмы, і пальмы ніпа з даўжэзнымі, нібы парэзанымі лістамі.
Потым усё-такі пазналі, куды вядзе плынь, і мацалі дол кіямі, каб не трапіць на глыбокае ці ў якую багну. Пачаліся мангравыя зараснікі, яны ўсё гусцелі і гусцелі, пакуль каля самага мора не ператварыліся ў суцэльныя. Часам пад вадою нага натыкалася на вострыя пікі парасткаў – гэта пападалі з дрэўцаў-кустоў з гатовымі карэньчыкамі і сцябельцам, прагна ўхапіліся расці насенныя зародкі. У Янга ўжо не хапала сілы выцягваць з твані і мулу ногі, спатыкаўся на кожным кроку, кульгаў, але перадышкі не прасіў.
Каб канчаткова не ўпасці ў твань, Янг ухапіўся за сцяблы, завіс грудзьмі на кусце. Усё! Сілы больш ні кропелькі… Хай ідуць яны куды хочуць, а ён і з месца не скранецца. І голасу не будзе падаваць ім, каб не турбаваць, не зрываць Ім паходу… І раптам Янг заўважыў на сцяблах бела-солевыя адзнакі і міжволі прымераў да сябе: ого, даходзяць да шыі! А калі ногі больш угрузнуць, то і да вачэй… Гэта ж акіянскі прыліў папакідаў меткі! Няўжо Амат і Амара не бачаць іх, не разумеюць, што можа здарыцца, калі вада пачне прыбываць?!
– Гэ-э-эй!.. – пракрычаў хрыпла. – Сто-ойце! «А-я-яй, ужо і вада назад павярнула, пухне, расце…»
Янг пабег, бултыхаючыся, спатыкаючыся, падаючы. З каранёў градам сыпаліся ў ваду мангравыя крабы і скакуны. Калі ўжо той акіян пакажацца, калі скончацца гэтыя праклятыя мангры?
– Ну чаго цябе дрэнчыць? – Амат прысеў на выгнуты, нібы пятля ў гушкалцы, корань. Твар і шыя ў крыві ад раздушаных камароў. Дзядзьку таксама ўжо не трымалі ногі.
– Прыліў!.. Глядзіце!.. – паказаў Янг на белыя адмеціны на сцяблах і пад ногі, на плынь. Спатыкнуўся і плюхнуўся жыватом, абадраўшы бок.
Натачын бацька пакасіў вокам на пісягі на сцяблах і пачаў лаяцца:
– Сволачы! Злыя духі, а не людзі! Хіба ж можна жыць у такім месцы?! Ды тут жа нідзе ніякага груду няма! Дзе тут з лодкай прыткнешся? Дзе хату будаваць?!
– Там таксама скрозь глей і мул, няма тупкага берага, – вярнуўся да іх Амара, махнуўшы ў бок мора рукой. Паспеў хлопец прайсці ўперад метраў на трыццаць.
– Знарок на пагібель нас сюды паслалі… Нікому мы не трэба! О, Вішну, о, усемагутны! Ці бачыш ты, як здзекуюцца над тваімі дзецьмі?! – падымаў Амат угору кашчавыя рукі, а па шчоках цяклі кроплі поту ці слёз.
– Так нам, дурням, і трэба, – плюнуў Амара. – Не трэба было паддавацца янкі, не трэба было пакідаць Біргус! Гэтыя амерыканцы гатовы ўвесь свет праглынуць, толькі папусціся.
Янг пачуў амаль тое самае, што гаварыў брат Радж. Значыць, Амара і Радж – заадно?! О, каб усе біргусаўцы былі такія, як Радж і Амара!
– А што мы маглі зрабіць голымі рукамі? У іх і права, і сіла, і зброя… – роспачна ўздыхаў Натачын бацька.
– Што? Многа чаго… Шкада, што Раджа няма з намі… Султан не меншы вораг, чым гэтыя янкі!
Дзядзька Амат спуджана азірнуўся, ён забыў, што знаходзіцца не на вуліцы Кампонга, а ў бязлюдных зарасніках. Потым кінуў насцярожаны позірк на Янга – а мо ад яго трэба хавацца? Мо ён прабалбочацца пра такія размовы? І сказаў:
– Не будзь дурною чарапахаю, не лезь напралом. Тая як упрэцца ў дрэва, дык пнецца, лезе, пакуль не здохне.
– Ён свой хлопец, – паклаў Амара руку на Янгава плячо. – У яго ў самога вялікі рахунак і да янкі, і да султана.
Янг захапіўся рыбкамі-скакунамі, яны ўжо асмеліліся і зноў пачалі караскацца з вады, моцна сціскаючы плаўнікамі сцяблы і карані, нібы прысмоктваючыся. Але варта было рэзка ўзмахнуць рукою, як рыбкі гэпалі ў ваду, імгненна знаходзілі пад вадою якую апору, выстаўлялі над паверхняй лупатыя цікаўныя вочкі: «Хто гэта палохае?»
Янгу ўдалося схапіць дзвюх рыбак.
Там, дзе павінен быў быць акіян, штосьці працягла і цяжка плюхнула, нібы абваліўся падмыты бераг. Усе натапырылі вушы.
– Пайшлі хутчэй, вада прыбывае! – устаў Амат.
– Дзядзька, а кракадзілы тут вядуцца? – спытаў Янг, напалоханы цяжкім плюханнем ззаду.
– Не павінна быць: і востраў не вельмі вялікі, і рэчка малая, – замест яго адказаў Амара. – Ідзі пасярэдзіне, калі так баішся, – і пусціў Янга ісці другім.
Ці прыліў падганяў, ці той уяўны кракадзіл – вярталіся шпарчэй. Хацелася быць як мага далей ад гіблага месца.
Каля агню знайшлі менш за дзесятак чалавек, і то сядзелі адны сем'і Амата, Амары і Янгаў бацька. Сядзелі, пазалазіўшы ў дым і пазахутваўшыся, хто як мог.
Янг падпёк на вугалях прынесеных скакуноў, адну рыбку даў бацьку, другую схрумстаў сам. Гэта была адзіная ежа, якою сёння аграшыліся. Але хіба гэта харч? Толькі горш есці захацелася, развярэджаны жывот ныў і бурчаў.
І хоць стаяла самая спякота, а лес дарэшты запоўніўся ўдушлівымі пахамі, туманнай парнасцю, рушылі назад. Далей, далей, чым далей адсюль! Здавалася, калі яны яшчэ трохі памарудзяць, то разам з гэтымі выпарэннямі напаўзе на іх нейкая пошасць, і не будзе ўжо ад яе ніякага ратунку. Янгаў бацька кволіўся і не то скуголіў, не то плакаў, як маленькі. Янг і суцяшаў яго, і прылашчваў, угаворваў пацярпець яшчэ трошкі. Спыніліся адпачыць толькі праз якую гадзіну. І то, можа, яшчэ паўзлі б, каб не выявілі, што тыя, хто ўцёк раней, не дачакаўшыся вынікаў разведкі, таксама ляжаць упокат у цяні дрэў, спяць як забітыя. Тут было ўжо суха, і лес выглядаў не так змрочна і дзіка. Пападалі ледзь не без прытомнасці і яны.
Праз гадзіны дзве, калі людзі пачалі ачуньваць і патрохі варушыцца, Натачын бацька паспрабаваў паразважаць уголас, ці варта заўтра лазіць у горы, каб паглядзець, якое там месца. І да самага Кампонга пра гэта гаварылі, дзе рабілі яшчэ адзін прывал. Жанчыны апантана навальваліся на яго, ім трэба было на кімсьці спагнаць злосць. А хіба Амат ва ўсім вінаваты? Дакрычаліся да таго, што нікуды яны з Кампонга не пойдуць. Калі мужчынам хочацца, хай бадзяюцца. Але ж няхай не забываюць і пра сем'і, пра тое, што трэба карміць дзяцей.
З'явіўся аднекуль п'яны Пуол. Насміхаўся і здзекаваўся над сваімі землякамі. Як ні вязаўся, ніхто не хацеў з ім размаўляць. Урэшце Амара надаваў яму кухталёў, турнуў ад людзей.
– Т-ты яшчэ мяне п-папомніш! Кроўю табе адрыгаецца! – п'яна гразіўся ён і, выпінаючы бараду, пакручваў галавою, нібы хацеў вывінціць яе з каўняра.
Хтосьці параіў: калі будаваць якую хібару, то лягчэй за ўсё гэта рабіць на ўскраінах Кампонга. Там хутчэй можна і гатовы куток наняць. На сметніках і звалках можна назбіраць якіх картонных каробак, фанерных скрынак на сцены, нарасплюшчваць пустых бочак, навымяркоўваць з цэлафанавых мяшкоў кавалкаў плёнкі на страху. Паступова ўвязваліся ў гаворку ўсе мужчыны, толькі Янгаў бацька моўчкі хістаўся ў бакі, шчасліва ўсміхаўся, потым паспрабаваў нешта плесці з галінак і пальмавых лісцяў, узбіваў гэтыя нязграбныя пляцёнкі-капялюшыкі на галаву і ўсміхаўся яшчэ больш шчасліва. Зрабіў чалавек дах над галавою!
– Ён ужо не чуе нас… Ён з Вішну размаўляе… Ён божы чалавек, хіба вы не бачыце?! – зашапталі жанчыны, кідаючы на Ханга загадкавыя позіркі. Потым зашапталіся так, што Янг нічога не мог разабраць. Жанчыны і мужчын паклікалі. Першымі – дзеда Амоса і старасту Ганеша. Ва ўсіх быў змоўніцкі выгляд.
Усё больш таемнымі і глухімі здаваліся шэпты. Але павекі Янга, як на тое ліха, цяжэлі і цяжэлі – хоць распоркі ўстаўляй. І ён не заўважыў, як зноў заснуў.
Прачнуўся ад таго, што Натача далікатна заціскала яму нос, патузвала за вуха.
– Соня, устава-ай… Праспіш усё на свеце! Сяльчане былі ўжо на нагах, прыладкоўвалі за плячыма клункі, дзяцей. На Янга і асабліва на яго бацьку паглядвалі з пашанаю, з бляскам надзеі ў вачах. Такі бляск Янг не раз бачыў, калі вяскоўцы маліліся Вішну, размаўлялі з самім Вішну… Янгаў клунак таксама хтосьці узваліў на плечы. – «Нічога, нічога, вы – адпачывайце…» Бацьку нечым пачаставалі, ён жаваў, злізваў з далоні крошачкі і быў вельмі задаволены жыццём. Нічога не разумеў Янг: што магло перамяніцца? Чаму раптам такая ўвага і павага? Усе гэтыя дні кожны быў заняты сабою, думаў у першую чаргу пра сябе і сваю сям'ю, толькі адна Натача, дзякуй ёй, дапамагала. Дык што ж здарылася? Што праспаў Янг – вельмі важнае і для яго, і для бацькі? Спрабаваў распытаць у Натачы, але яна адмоўчвалася або загадкава азіралася па баках і падцінала губы. Хіба ёй забаранілі да часу гаварыць пра гэта?
Апеквацца над Янгавым бацькам стаў дзед Амос, худы, як ссохлая цыкада. За памочніка ў яго быў дзядзька Амат.
Калі ўрэшце сяк-так рассяліліся ў хібарах на ўскраінах (за грошы беднякі гатовы былі памеркавацца, даць куточак і бежанцам), для Ханга дзед Амос наняў хляўчук без акон. А Янга да бацькі не пусцілі, як ні прасіўся, як ні ўгаворваў. На дзверы хлеўчука пачапілі замок і Янга адганялі, каб чаго не перадаў бацьку. Раз у дзень дзядзька Амат прыносіў Хангу ваду і больш нічога не даваў. Бацька спачатку енчыў і выў – неяк жудасна, па-звярынаму, прасіў есці і плакаў. На трэці дзень ужо толькі стагнаў і не ўставаў з кучы лісця, нагрэбенага ў кутку хлеўчука. Янг падглядваў за ім у шчыліны, і сэрца аблівалася крывёю. Раз падкраўся, каб падсунуць пад дзверы пару бананаў, купленых на базары. Знекуль вынырнуў дзед Амос, спалохана паштурхаў Янга ад дзвярэй, вярнуўся і сеў пад сцяною вартаваць.
– За што вы яго пасадзілі ў турму? За што здзекуецеся?! Што ён вам кепскага зрабіў? Яго лячыць трэба, доктару паказаць! А вы… а вы… – слезы душылі Янга.
– Ён павінен усе гэтыя дні пасціць шчырым постам, – сказаў дзед Амос і пачухаў худую грудзіну. – Ты не згубіў тых грошай, што па чэку выдалі?
– Ёсць яшчэ трохі…
– Беражы. Хутка вельмі спатрэбяцца.
Так ні на адно пытанне і не адказаў.
Янг і без таго ашчаджаў грошы. За ўсе дні патраціў толькі два долары і трыццаць пяць цэнтаў. Янг памятаў, што грошы патрэбны будуць, каб паказаць бацьку ўрачу. Толькі калі гэта здарыцца? Нашто пасадзілі пад варту хворага бацьку? Каб жылі на Біргусе і каб быў жывы бома, то ўсё лячэнне магло б абысціся значна танней: занеслі б чараўніку дзвюх курэй, і ён выгнаў бы з бацькі злога духа. Бо бацька стаў не святым чалавекам, не божым, а наадварот – у яго ўсяліўся злы дух і муціць розум. Цікава, ці ёсць у Кампонгу бома? Ці можа ўрач замяніць яго?
І што сяльчане вырашылі зрабіць з бацькам, для чаго прымушаюць яго галадаць? Янг вырашыў нікуды далёка не адыходзіць ад хлеўчука, нанач залазіў у нейкі куратнік. Добра, што гаспадаровы куры не хацелі начаваць там, а кожны вечар узляталі, кудахкаючы, на панданус. А будка хвацкая, так утульна ў ёй – каб яшчэ на пядзю даўжэй, то можна было б і ногі выпрастаць. І курамі амаль не пахне, увесь дол Янг заслаў сухім лісцем, на сцены прыляпіў каляровыя здымкі мора, зялёных астравоў і ружовых палацаў – павырываў з нейкага часопіса, знойдзенага на звалцы.
Сама таго не хочучы, выдала таямніцу Натача. Неяк прыцемкам забегла ў двор, укленчыла каля будкі. У руцэ за спінаю штосьці трымала.