355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Павел Мисько » Грот афаліны » Текст книги (страница 25)
Грот афаліны
  • Текст добавлен: 24 марта 2017, 14:00

Текст книги "Грот афаліны"


Автор книги: Павел Мисько



сообщить о нарушении

Текущая страница: 25 (всего у книги 30 страниц)

4

Пакуль зрабілі з тых васьмі выратоўчых кругоў і дзвюх дошак штосьці падобнае на плыт, прайшло нямала часу. Складанасць была ў тым, каб умудрыцца ўсё звязаць, адмотваючы адзін канец ліня і не рэжучы яго на кавалкі: такога на астравах Вясёлага архіпелага не купіш, трэба спецыяльна заказваць у Малайзіі ці нават у Ганконгу. І трэба было ўмудрыцца, каб пайшло на звязку не больш дваццаці метраў. Астатняя, большая частка ліня паслужыць за выратоўчы канец. Прывяжуць яго, скажам, да пояса Амары, і Даял будзе сядзець на плыце, травіць патрохі, адпускаць – страхаваць хлопца. І будзе прыслухоўвацца, каб не прапусціць ні малейшага сігналу, патузвання. Тры рыўкі – тэрміновы пад'ём наверх. Падымаць трэба будзе хлопца з прыпынкамі-перадышкамі, каб не схапіў кесонку. Інструктаваў Радж Даяла і ўсё-такі баяўся, каб не нарабілася бяды яшчэ больш, Амара ж будзе спускацца пад ваду першы раз (тое, што ныраў у дзяцінстве ў лагуне Біргуса, – не ў лік). Быў момант, яшчэ як плыт вязалі, што Радж хацеў аб'явіць: «Сядзі, хлопча, і не рыпайся… Адзін палезу». Але зразумеў, што Амара моцна пакрыўдзіцца. Нашто ж тады было агарод гарадзіць, клікаць яго з сабою? Нашто было валачы ў горы столькі лішніх рэчаў, рыштунку, траціць грошы на насільшчыкаў? Мог бы Радж сам абплаваць усё возера, і плыт не спатрэбіўся б…

І вось па возеры марудна сунецца плыт. На ім сядзяць тры чалавекі, Радж і Амара ў камбінезонах і аквалангах, Даял – так. Грабуць і рукамі, і нагамі ў ластах, кіруюць у бок астраўка. Натача і Абдула глядзяць, каб быць упоравень з імі, карабкаюцца і па беразе ў бок паўднёвай стромы. То Натача, то ён не вытрымліваюць, галёкаюць зверху плытнікам, куды плысці, у які бок забіраць, каб трапіць акурат на тое месца, дзе ўсплыў і кружыўся Янгаў акваланг.

А потым яны садзяцца на самым беражку кручы, спускаюць уніз ногі і не зводзяць вачэй з плыта. Што там робіцца? Во – панадзявалі ўжо маскі, пабралі ў рукі цяжкія ліхтары і штокі, кінуліся спінамі ў ваду… Во – дзядзька Даял, растапырыўшы ногі на дошках, перабірае ў руках лінь, папускае яго ўсё больш і больш. Урэшце становіцца на калені, потым садзіцца, а лінь трымае, хоць ён увесь разматаўся… Во – напінаецца ўжо лінь, а плыт пачынае плысці то ўправа, то ўлева, то закружваецца на месцы вакол сябе і вакол нейкага лапіка вады. Нібы гіганцкі паплавок велізарнай, як на кіта, вуды. А раптам і праўда возьмецца якая пачвара, і плыт-паплавок заходзіць, заскача, як вар'ят, а потым коса сігане пад ваду?

«Як гэта сігане? – жахаецца Натача. – Там жа не прыманка… Не чарвяк… Там жа Амара прывязаны!» – дзяўчынка ажно галавою матае, каб адчапіцца ад страшнай уявы.

І зноў глядзяць на плыт-паплавок, зліўшыся са скалой, скамянеўшы. Глядзяць і чакаюць цуда. З вады павінны вынырнуць утрох, а не ўдвух. З імі і Янг будзе, жывы і здаровы, нават разрагочацца на ўсё возера: «Ха-ха… вось і я! Ну й жарцік я з вамі разыграў!..»

Ніяк нельга было ўявіць хлопца мёртвым.

А плыт апісвае ўсё шырэйшыя кругі. А сонца пячэ ў патыліцы ўсё больш няшчадна, і ў Натачы і Абдулы баляць галовы, стукае ў скронях. Час паўзе так марудна, што хочацца закрычаць не сваім голасам, каб штосьці перапыніць ці прыспешыць, узарваць невыносную цішыню. Натача суе ў рот пальцы, з усёй сілы цісне зубамі на костачкі…

«Ну што-о, ну як там?» – хочацца крычаць і Абдуле. А каму крыкнеш? Лопаюцца толькі мо сотнямі адразу бурбалкі вакол плыта. Часам бурбалак не відаць, узрываюцца недзе якраз пад плытам.

І раптам убачылі, што Даял усхапіўся на ногі, заперабіраў рукамі лінь, закідаў яго сабе пад ногі петлямі. Радж і Амара, значыць, пайшлі на пад'ём…

І зноў час нібы застыў на месцы, сонца замёрла над самаю галавою, не хоча саступіць убок ні кроку. Бязлітаснае сонца, забойца-сонца… Натача і Абдула ўсхопліваюцца на ногі, і хлапец тут жа хістаецца і ледзь не падае, Натача яго падхоплівае. Глядзяць на Даяла, пытаюць у Даяла, пытаюць у возера – нема, без голасу: «Ну што-о там? Што-о?!»

І раптам разам з бурбалкамі каля плыта з'явіліся чорныя мячыкі галоў, бліснула шкло масак. Радж і Амара ўсплылі адначасова, Даял памог ім ускараскацца на плыт.

Без Янга ўсплылі!.. Паселі на краёчак, унурыўшы галовы, і… маўчаць!

Натача разрыдалася. Абдула падтрымаў яе за плечы, пасадзіў на зямлю. І ў яго цяклі па шчоках слёзы, і ён не мог нічога з імі парабіць, хоць стараўся стрымлівацца.

Маўчаць хлопцы на плыце. Вось адзін, а потым другі марудна сцягваюць маскі і зноў сядзяць угнуўшыся. Даял становіцца на калені і просіць Раджа падняць нагу, адшпільвае ў яго адзін ласт. Грабе Даял ластам, паволі кіруе да берага – туды, адкуль і адплывалі на пошукі.

Натача і Абдула нічога не крычаць ім, не пытаюць, падтрымліваюць адзін аднаго і прабіраюцца верхам, брыдуць туды ж. Там, скрыжаваўшы рукі на грудзях, стаіць як укопаны другі насільшчык, Мамада. Стаіць і ні кропелькі, мабыць, не перажывае: чужое гора як бы і не гора. Яго нанялі не плакаць, нанялі на цэлы дзень, і ён цярпліва адрабляе час.

Выйшлі Амара і Радж на бераг, пахістаўшыся на камянях, пакоўзаўшыся ластамі. Радж адразу зняў і другі ласт, выбраў вялікі камень і прысеў. Даял паглядаў то на Раджа, то на Амару, чакаў далейшых распараджэнняў. А яны нічога не гаварылі, Амара адкінуў некалькі камянёў, расчысціў пляцоўку і ўлёгся ніцма на цёплы пясок. На нагах у Амары былі два ласты, каля Раджа ляжаў адзін. Затое на плыце былі два… Два, а не адзін!

– А той лішні – чый? – схапіла яго Натача, падбегла да Раджа. Упала на калені, пачала вадзіць пальцамі па рубчыках, рэбрах ласта. А пальцы дрыжаць, дрыжаць!..

– Янгаў… ласт… – вымучыў Радж. – Засеў у расколіне пад вадою… А самога засмактала, мабыць, пад зямлю… Там такая вярцеліца, вада бушуе…

Абдула адвязаў ад запасных балонаў Тота, узяў на рукі, бо той усё рваўся, станавіўся на дыбкі. Падышоў да Натачы, прысеў на кукішкі і таксама памацаў ласт.

– Вы з Янгавым аквалангам, як вылавілі з вады, нічога не рабілі? – уздыхнуўшы, спытаў Радж.

– Не, – за дваіх адказала Натача, выціраючы слёзы.

– Рэмень паясны нармальна расшпілены. Значыць, сам, свядома расшпіліў пад вадою. А мо і несвядома… І ласт акуратна адшпілены… Янг быў п'яны!.. Глыбіннае ап'яненне – ёсць такая каварная штуковіна.

– Пра гэтае возера ў нас розныя легенды ходзяць… Страшныя! – Даял патаптаўся і таксама сеў на камень. – Быццам на дне жыве дракон вогненны. Часам як дыхне – дым і пара валяць! Усё з'ядае дракон, што ні трапіць жывое ў возеры, і раве: «Ма-ал-а-а!» Таму і рыбы тут амаль няма, і людзі не хочуць сяліцца, баяцца нават хадзіць сюды.

– Тут было так… – азваўся ўрэшце і Мамада. – Кідалі рыбакі бутэлькі пад кручу… Так налівалі вады і затыкалі, каб бутэлька нібыта танула, нібыта плавала. А праз тыдзень вылоўлівалі… во-о там, каля Горнага, – не азіраючыся, Мамада паказаў за спіну. – І нават на захад туды, каля Зубоў Дракона… Як цячэнне цягне.

– Радж… Міленькі, родненькі… Сёння трэба шукаць, не чакаць тыдзень! У моры шукаць, каля берага… Мо і Янга туды вынесе. Там, мабыць, рэчка падземная.

– Будзем, Натача, будзем…

– Але ж чалавек – не бутэлька, – сказаў Амара, не падымаючы галавы.

– Будзем шукаць… Хоць надзеі ніякай… – хрыпата перахапіла горла Раджа.

– Дык што – плыт развязваць? – спытаў Даял. Радж кіўнуў.

У самы раз было б перакусіць, сонца даўно з паўдня. Натача ведала, што ні Радж, ні Амара нават не аграшыліся, крошкі зранку ў роце не было. І раніцаю паплылі не снедаючы. Але на прапанову пакруцілі галовамі. Насільшчыкі маўчалі, бо ніхто з імі, наймаючы, пра харчы не гаварыў. І Натача пакарміла са сваіх запасаў толькі Абдулу і Тота.

5

– Вунь яны… Зубы Дракона… – кіўнуў Мамада ўправа, нават рукою паказаў.– Старыя расказваюць… Рыбакі раз паспрабавалі закінуць сеткі ў возера. Дык Дракон так разгневаўся, так пляваўся камянямі ўпопускі – ледзь ногі вынеслі. А потым не было чым шпурляць, дык зубы выплюнуў.

Унізе, нібы на першым паверсе берага, панаваў каменны хаос, а ўправа, куды тыцнуў рукою насільшчык, вастракутных і тупых глыб-скал было наварочана кучамі.

З вады таксама тырчала некалькі вострых, як кіпарысы, зазубрын-шпянёў. Чорныя, высозныя… Паміж імі было накідана і малых, нібы пакрышаных. У закавулках, лабірынтах і прамоінах паміж імі мора ўзбівала белыя кактэйлі.

– Мы з Янгам не тут спускаліся… Туды, бліжэй да лагера, – сказаў Амара.

Пасля пераходу, карабкання па камянях усе дыхалі як загнаныя. Грузу пабольшала, давялося несці яшчэ і Янгаў акваланг, яго запасныя балоны.

– Прыйдзем і туды… Правільней, яны падыдуць. Вы патрохі пераносьце і пераносьце рэчы па беразе, – звярнуўся Радж да насільшчыкаў.– А мы – морам.

Пад вадою праплывём, а вы зверху глядзіце, прыбой глядзіце… – і згроб жменяй кроплі з ілба. Хацелі з Амараю сэканоміць час, не скідалі гідракасцюмаў, але, відаць, дарэмна: запарыліся зусім. Струменьчыкі поту казытліва цурчалі па жалабку на спіне, па нагах. Хацелася хутчэй залезці ў марскую прахалоду, але было і небяспечна – у такім стане можна і прастудзіцца.

Памянялі ў аквалангах балоны на запасныя і пакарабкаліся з імі ўніз. А насільшчыкі і Натача з Абдулою злазілі павольней, падавалі адзін аднаму рукі, спускалі рэчы. Пакуль папераносілі ўсё на больш-менш роўны лапік і зрабілі першы прывал, бачылі, як усплывалі Радж і Амара, а потым зніклі пад вадою надоўга.

І тады панеслі рэчы на новае месца, бліжэй да лагера, адкуль ледзь чутна даносілася чахканне рухавіка.

6

Радж і Амара плылі зігзагамі, то забіраючы далей у мора, то паварочваючы да берага. І чым больш набліжаліся да лагера, тым чысцейшым рабіўся бераг, меншала камянёў і тым больш крута дыбіўся на водступе другі, гарысты бераг.

Бераг пад вадою таксама быў круты, падводная сцяна была, як рознакаляровая палітра: на каралах жылі, гарэлі, падрыгвалі шчупальцамі-пялёсткамі тысячы чырвоных і ружовых кветачак – жывых паліпаў, нібы прыцярушаных белай маніёкавай мукой. Дзівосны падводны пейзаж захапляў Амару, ён забываў, чаго знаходзіцца пад вадою, куды плыве. Усё відаць і без ліхтароў, і ён раз-пораз спыняўся, заміраў у дзіцячым здзіўленні: ружовы кусцік з галінкамі аказаўся жывым! Плыве, сам не ведаючы куды… А які агромністы амар сядзіць на сцяне, якія клюшні! А марскія грабеньчыкі, падобныя на двухстворкавыя кашалькі, выяўляецца, могуць рухацца, а не толькі ляжаць! Ледзь набліжаецца да іх марская зорка, пстрыкаюць убок, уздымаючы воблачка муты. І як яны чуюць, гэтыя зоркі?! «Далей! Уперад!» – махае яму Радж, і яны зноў плывуць, аглядаючы дно і асабліва ўважліва ўсе выемкі на дне і ў беразе, зараснікі каралаў.

Амара міжволі ўвесь час забіраў управа, у адкрытае мора, губляў бераг-арыенцір, і Радж памяняўся з ім месцамі, трымаў яго злева і раз-пораз прыціскаў бліжэй да берага. Падводны компас быў толькі ў Раджа. Але хутка і сам Радж павярнуў на глыбейшае, бо ўбачыў жалезны строп, які цягнуўся з дна, мабыць, ад якара, на паверхню. Што гэта такое? І толькі ўсплыўшы, убачылі папераджальны буёк з бочак. Значыць, яны даплылі да забароненай зоны?.. А дзе ж сетка? Ніякай сеткі паміж буйкамі не нацягнута, дэльфінаў тут трымаць не могуць.

«Куды цяпер?» – прыціснуўся Амара шклом маскі да Раджавай, спытаў вачыма. Радж паказаў рукою: «Бліжэй да берага!» Ён і не думаў мінаць забароненую зону.

Трымаліся каля самага берагавога абрыву. Глыбіня ўсё большала, абрысы дна ўнізе растушоўваліся ў фіялетавым змроку. Сцяна пайшла вельмі няроўная, з вырвінамі і расколінамі, кожны сантыметр яе зарос каляровымі караламі, губкамі, актыніямі, вустрыцамі. З нары выглянула доўгая і тоўстая, у плямках мурэна. Усунулася назад у нару, загарадзіла ўваход, разявіўшы зубасты рот. Амара не вытрываў, даў ёй шток, каб цапнула, але тая спалохалася, адступіла глыбей. Радж паказаў яму кулак, і Амара пусціўся даганяць яго.

Даплыў і бачыць: Радж штосьці ўважліва разглядае ў чорных зарасніках мадрапораў на сцяне. «Глядзі…» – паказвае. Зверху, з паверхні цягнуліся ўніз тры правады, два таўсцейшыя, у чорнай гуме, трэці танчэйшы, звіты ў дзве столкі. Радж пачапаў іх штокам – нацягнуты туга. Паказаў Амары ўніз і першы кульнуўся туды галавою, баўтануў ластамі.

Апускаліся, а насустрач усплывалі, а мо толькі так здавалася, паралізаваныя рыбы – каторая бокам, сутаргава кратаючы хвастом, каторая дагары брушкам. Пад берагам чамусьці не цямнела, а святлела, і гэта інтрыгавала, насцярожвала. Вось ужо тое, што святлелася, набыло абрысы няроўна прыплясканай аркі, уваходу ў грот.

Нейкая няўтульнасць, трывога завалодала хлопцамі. Захацелася азірацца ва ўсе бакі. Мазгі нібы прасвідроўваюцца гэтай трывогай, у галовах забіў пульсуючы, распіраючы боль. У вушах зазвінела і закалола. Кожны думаў, што гэта яму толькі баліць, нічога не гаварыў другому. І вось убачылі заслону, сатканую з безліч зіхоткіх паветраных пухіркоў. Нібы сотні кулямётаў, пастаўленых на дне ў рад, няспынна страчылі ўгору ззяючымі круглымі кулямі. На лінію агню, пад чэргі трасірак трапіў вялікі аглушаны акунь – і ў момант разваліўся на кавалкі. Гэтыя кавалкі варушыліся, тузаліся ўгору-ўніз, траплялі пад новыя кулі і распадаліся на больш дробныя.

«Назад!» – затузаў Амара за плячо Раджа. Але той упарта закруціў галавою, падкурчыў нагу, каб выхапіць з ножнаў крыс. І тады Амара рвануў яго за плячо мацней, ажно развярнуў да сябе тварам, падзёўбаў Раджу пальцам па цемю: «Звар'яцеў?!» Паказаў на свае вушы, схапіўся за галаву і пакіраваў на выхад. Радж крыху праплыў за ім, а потым адстаў, вылавіў леваю рукою правады. Паплыў угору, прапускаючы правады праз кулак. Шток замінаў, і Радж засунуў яго за пояс, а крыс усё-такі выняў, трымаў у правай руцэ, збіраўся рэзнуць па правадах. Амара, азірнуўшыся, замахаў яму рукамі крыж-накрыж – «Барані божа!». Радж неахвотна выпусціў правады, неахвотна схаваў крыс. Але раптам рухі яго зрабіліся таропкімі. Ён выперадзіў Амару, на хаду паказваючы, нібы прасоўвае нітку ў іголку і вядзе пальцамі па нітцы. Амара зразумеў: хутчэй плысці да таго буйка на жалезным стропе.

І, здаецца, выплылі ўжо на лінію таго буйка, а папакруціліся, пакуль угледзелі. Вынырнулі, ухапіліся за ржавы прэнцік, адзін з двух прэнцікаў, якімі былі злучаны па тарцах бочкі. Разам сарвалі маскі, разам выпхнулі з рота загубнікі…

– Усё зразумеў? – Радж паплюхаў у твар вадою, правёў па ім, змахваючы кроплі.

– Не ўсё…

– Пячора ў іх там, пад берагам! – ледзь не крыкнуў ён.

– Ціха… І прыдумалі загародку – пухіркі. Не простыя пухіркі… Бачыў, як акунь разваліўся? У мяне галава аж расколваецца і чую дрэнна.

– І ў мяне з вушамі штосьці… Бліжэй сунься, каб не крычаць. Цяпер зразумела, чаму паліцыя дэльфінаў не знайшла. Яны ў пячоры, за пухірковай заслонай! Іх у пячоры хочуць і скарыстаць… Судзір абучаў іх ныраць з каўшамі, чэрпаць і выносіць пясок.

– Тыя, з лагера, думаюць, што ў пячоры на дне золата ёсць.

– Ух, гэта золата!.. Каб мог, сабраў бы яго – усё! З усяго свету! – і затапіў бы ў самым глыбокім месцы акіяна.

– І на гэтым, думаеш, зло знікне? – іранічна ўсміхнуўся Амара.

– Калі не ўсё, то на тры чвэрці – абавязкова.

– Той сцёк з возера трапляе ў пячору, не іначай. То няўжо і цела Янгава там?

– Я яшчэ пад вадою пра гэта падумаў, хацеў шарахнуць крысом па правадах – і туды…

– Ну але! Яны ж пад токам. Чуеш – тахкае рухавік?

– Чую, здаецца… – Радж пакруціў пальцамі ў вушах. – А мяне токам не стукнула б. Праверана: тронак – ізалятар.

– Ну і што, калі б не стукнула? А ты ведаеш, што пасля магло адбыцца? Тыя, з лагера, адразу кінуліся б шукаць пашкоджанне і застукалі б нас.

– А дэльфіны за гэты час – фіу-фюць!

– А табе нажом пад рабрыну – і фюць на дно.

– У мяне таксама ножычак неблагі. Канечне, не такі, што лязом страляе, але…

– Колькі людзей у лагеры – ты ведаеш? Не… Думаеш, яны цырымоніцца будуць з намі, калі даведаюцца, што іх махінацыі выкрыты? Сюды трэба заяўляцца з атрадам паліцыі або… Каб адразу ўсіх накрыць… І пячору гэтую абследаваць.

– Ты сказаў – «або». Што – «або»? Амара замяўся.

– Ну – добра… Я табе не гаварыў, а ты не чуў. Той гурток памятаеш? Што ў «Кракене» засядаў?

– Ну…

– Дык гурток гуртком, а… Ёсць яшчэ ў падпольнай арганізацыі атрад баевікоў. Абучаныя як след, узброеныя… Іх будуць ствараць усё больш і больш, прытым – у строгай тайне. Сам мог здагадацца, што аднымі лекцыямі і гутаркамі султана не пераможаш.

– Лічу, што гэтае «або» ты не гаварыў. Каб распатрашыць лагер, хопіць і паліцыі.

– Дадумаўся: нажом па правадах! У пячору ўсё роўна ж не палез бы адразу, ліхтароў з сабою не бралі. А там жа цемра!

З берага пачуўся кароткі ўскрык чайкі. Павярнулі туды галовы… Па калена ў вадзе стаялі Даял і Мамада. Абдула і Натача залезлі аж да пояса. Усе махалі ім рукамі, клікалі да сябе.

– Штосьці здарылася… Знайшлі мо што… – Радж, не адзяваючы маскі, паплыў да гурту, шлёпаючы па вадзе маскаю. Амара за ім.

Насільшчыкі былі амаль на лініі буйкоў, да лагера заставалася метраў сто пяцьдзесят – дзвесце. Блізка! Таму Радж і Амара, каб не маячыць у гідракасцюмах, палеглі жыватамі ў прыбоі.

– Во, глядзіце! – Натача ўпала перад Раджам на калені, працягнула да яго далонь, ледзь не ў нос, і тут жа – Амары: – Жывы ён, жывы-ы-ы… – яна прыціснула далонь з тым, што паказвала, да губ.

Радж схапіў яе за руку, з сілаю адвёў уніз.

– Ды пакажы-ы ты-ы… чортава…

Але Натача выхапіла леваю рукою з правае нейкую анучку, затрэсла ёю.

– І во! – затузала падолак спаднічкі.– З маёй сукенкі гэта! Такая самая матэрыя… Во тут вылавіла, у прыбоі!

– Ага! Праўда! – памагаў Натачы, то прысядаў, то ўсхопліваўся на ногі і Абдула. Тота матляўся ў яго пад рукою і павіскваў.

– Ці мала ў прыбоі смецця.

– Якое смецце?! Глядзі-і… як згорнуты кавалачак… і звязаны… А як звязаны? Тры пятлі, як кветачка… Зусім нядаўна Янг вучыў мяне вязаць такія банцікі! – Твар у Натачы пылаў, губы дрыжалі.

Радж асцярожна ўзяў двума пальцамі шматок, паклаў сабе на далонь. Торкаў пальцамі ў вільготны згортачак, спрабаваў кіпцем падчапіць петлі, каб разабрацца, як завязана тоненькая нітка. Але яны былі мокрыя і зліпаліся… Хмыкнуў недаверліва, хацеў ужо кінуць за спіну, у мора.

Натача схапіла згортачак, парвала нітку, разгарнула шматок, вытрасшы з яго крыху зелля.

– Чаго б тады гэтаму кавалачку быць тут? Нашто каму рабіць такія згортачкі і вязаць Янгавымі вузламі? – гарачылася Натача. – Ён ніяк не мог падаць пра сябе вестачкі! Не напішаш, не вынесеш, не пашлеш… Што было пад рукамі, з таго і рабіў. Вадзе даверыў, а яна вынесла… Маю блузку парваў. Ён ведаў, што мы яго будзем і тут шукаць, і зрабіў, каб толькі нам было зразумела… Ну і Янг, які ён разумны, які хітры! Ён жывы-ы-ы!..

– Калі ўсё так, як ты гаворыш… – пачаў нешта гаварыць Амара, але паглядзеў на Раджа. Той заплюшчыў вочы. – Ты што? Табе кепска?!

– Нічога, нічога… – адказаў Радж, не расплюшчваючы вачэй, падыхаўшы. – Заціскае штосьці там… Ператаміўся сёння.

– Калі ўсё так, Натача… – Амара павярнуўся да яе. – То ў твае рукі трапіў адзін шанц з тысячы. А мо і яшчэ меншы, – ён узяў у Натачы кавалачак, разгладзіў на далоні.

– З тысячы? Ён жа не мог тысячу такіх кавалачкаў з блузкі нарваць, – не зразумела Натача.

– Я не ў тым сэнсе… Каб застацца жывому, у яго не было шанцаў. А выжыў! Каб трапіў табе ў рукі гэты шматок… Няхай ён хоць дзесятак ці два іх пусціў… Але таксама шанцаў амаль не было. Цуд, дый годзе!

– Дай сюды! – выхапіла Натача анучку. – Во пляма рудая з краёчку, бачыце? Уся пляма на зорку падобная… Брацік улупіў у плечы каракаціцаю, а яна чарніла выпусціла… На спіне пляма была… Чаго вы сядзіце? Шукаць трэба!.. Ратаваць Янга трэба! – Натача зноў расплакалася.

– Бабу… – падаў занепакоена голас Даял. Дасюль насільшчыкі сядзелі моўчкі, нібы анямелі ад усяго пачутага. – Бабу, я так рады… Я віншую вас. Я веру дзяўчынцы, што брат ваш жывы. Але вы на нас не разлічвайце, калі пойдзеце ў лагер. Мы не падраджаліся на гэта. Мы толькі рэчы несці згаджаліся. А тут… з лагерам гэтым… справа нячыстая.

– Мы не можам вам усяго гаварыць пра лагер, што ведаем. Але «нячыстая» – не тое слова. Слаба сказана! – Радж адшпіліў ласты, сеў па-турэцку. – Там пячора ў іх пад берагам. Калі Янг жывы, то ён у пячоры… Выхад з яе пад вадою на глыбіні чатырох, а то і пяці метраў. А загароджаны хітрамудра, па-навуковаму. Сядзіць Янг у цемры…

– А мо і не ў цемры – правады забыў? – узлакоціўся Амара, а потым таксама сеў.– То калі там светла, маглі і выявіць Янга, злавіць… Але каб схапілі, то ці змог бы ён пускаць такія цыдулкі? Калі ў пячоры і там вада – то змог бы… А калі дзе пад замком сядзіць, на беразе ўжо?

– Пад замком седзячы цыдулак не пусціш – факт, – згадзіўся Радж. – У пячоры ён – гэта таксама факт… А ўдвух нам у лагер таксама нельга совацца. А калі ўсё-такі ўчатырох, га? – паглядзеў просьбітна на Даяла.

– Радж-бабу, мы цябе вельмі запаважалі, але ты нас адпусці! Дзеці ў мяне… – узмаліўся Даял.

– А я жаніцца збіраюся, нявеста чакае! – паспешліва дадаў Мамада.

– Не будзем спяшацца, Радж, – разважліва сказаў Амара. – Галоўнае – ён жывы. А то паспяшаешся рэзаць рогі і адхопіш заадно вушы. Выявяць яны там Янга, то непаздаровіцца яму. У самую ж таямніцу іхнюю пранік!

Ад гэтых слоў Натача зноў захліпала.

.– Ух, такія прыгоды ў Янга! Каб мы там разам былі, тако-ога б натварылі! – забліскаў вачыма Абдула.

– Сціхні, ваяка, – скрывілася Натача. – Сыча ў лесе спужаўся, а яшчэ хоча…

Абдула шморгнуў носам, яму стала трохі непамысна. Але прарэзалася і ўпартасць:

– Я пайшоў бы зараз у лагер і запатрабаваў: «Давайце нам Янга!»

– На бананавым лісце, пад соевым соусам… – дадаў Амара насмешліва.

– Радж-бабу, не раздумвай доўга, пусці нас дадому… – запрасіўся Даял. – Мы і платы ўсяе не будзем сыскваць, а як за паўдня. Усё ж так добра скончылася, і хлопец жывы.

Нічога не сказаў Радж, расшморгнуў на грудзях «маланку», стаў скручваць падол рубашкі трубкаю. Калі трубка дайшла да грудзей, скрыжаваў рукі, ухапіўся за рубашку – сцягнуў цераз галаву.

– Раздзявайся і ты… – кінуў Амары. – Хэпі энда1919
  Шчаслівы канец (англ.).


[Закрыть]
няма, але на сёння хопіць.

«Так добра скончылася… Добра скончылася… Хлопец жывы», – таўклося ў Раджавай галаве. І не толькі Радж паўтараў гэтыя словы на розныя лады.

Нічога яшчэ не скончылася. Не пачыналася нават. Як пускаў Янг гэтыя пісьмы-крыптаграмы, то быў яшчэ жывы. А што цяпер з ім? Дзве трэці дня прайшло, а нічагусенькі не зрабілі, каб выбавіць Янга.

– Разбірайце манаткі… – махнуў Радж на рэчы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю